Новы нумар


Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820 (Тамара Джумантаева)

Kadulska, Irena. Akademia Połocka. Ośrodek kultury na Kresach 1812—1820. Gdańsk, 2004. 312 s.

Полацкая езуіцкая акадэмія адыграла ў свой час ролю буйнога культурнага цэнтра на еўрапейскай прасторы. Яна была асяродкам высокага мастацтва і адукацыі. Але па прычынах геапалітычнага становішча Полацка даследаванню яе дзейнасці прысвечана не шмат прац. Сярод сучасных беларускіх гісторыкаў ролю езуітаў у арганізацыі адукацыі і асветы даследавала Тамара Блінова[1]. У яе манаграфіі поруч з аналізам педагагічнай дзейнасці Ордэна закранаюцца пытанні арганізацыі і асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі і музея Полацкай акадэміі.

Манаграфія Ірэны Кадульскай вылучаецца з шэрагу апублікаваных апошнім часам у Польшчы выданняў, прысвечаных праблеме дзейнасці езуітаў, перадусім вузка акрэсленым прадметам даследавання і велізарным аб’ёмам выкарыстанага дакументальнага матэрыялу. Аўтар разглядае дзейнасць акадэміі як спецыфічную культурную праграму ў Полацку, рэалізаваную на польскай мове. Пры гэтым падкрэсліваецца важная акалічнасць — акадэмія дзейнічала як цэнтр унутры структуры горада.

Праца даследчыцы заснавана ў асноўным на матэрыялах, якія захоўваюцца ў архівах, бібліятэках і музеях Рыма, Варшавы, Кракава, Вільні, Санкт–Пецярбурга, Мінска і Полацка. Гістарыяграфіі пытання прысвечаны ўступ да манаграфіі. Далей кампазіцыйна праца падзелена на пяць раздзелаў. Першы прысвечаны кароткай гісторыі Полацка і езуіцкай акадэміі. У аснову апісання Полацка часоў акадэміі пакладзены артыкул аб горадзе, што быў надрукаваны ў 1818 г. у адным з нумароў „Miesięcznik Połocki“, які з’яўляўся штомесячным акадэмічным часопісам і адлюстроўваў навуковую, літаратурную і ўвогуле культурную дзейнасць вышэйшай навучальнай установы на працягу 1818—1820 г. Даследчыца часта звяртаецца да яго артыкулаў пры апісанні бібліятэчнага збору, музейных калекцый, лекцый і выступленняў вучняў. Яна неаднаразова падкрэслівала тую вялікую ролю, што адыграў „Miesięcznik Połocki“, але свядома не прысвяціла яму асобнага раздзела.

У другім  раздзеле манаграфіі пададзена даследаванне пра дзейнасць вельмі значнай акадэмічнай адзінкі — бібліятэкі. Статут Полацкай Акадэміі дэклараваў прынцып даступнасці бібліятэкі для ўсіх ахвотных. Багатыя зборы ўтрымлівалі вялікую колькасць рукапісных і друкаваных кніг на розных мовах, але асаблівую ўвагу даследчыца прысвяціла асобнікам на польскай мове. Вядома, што акадэмічная бібліятэка падзялялася на галоўную і польскую, а тыя ў сваю чаргу дзяліліся на студэнцкую, клерыкальную і  бібліятэку акадэмічнай канцылярыі. Ірэна Кадульска выкарыстала шмат дакументаў з падрабязным пералікам рэдкіх асобнікаў і каштоўных калекцый, а таксама падлічыла колькасць кніг, вывезеных з Полацка пасля ліквідацыі Ордэна ў1820 г.

Згодна з архітэктурным планам, які збярогся, і вопісамі даследчыца паспрабавала рэканструяваць аздабленне і агульны выгляд не толькі бібліятэчных залаў, але і друкарні з усім магчымым абсталяваннем. Даследаванню дзейнасці друкарні полацкіх езуітаў прысвечаны трэці раздзел манаграфіі. Ірэна Кадульска падкрэсліла асаблівае становішча і адметную ролю, якую адыграла полацкая езуіцкая друкарня як адзіны выдавецкі цэнтр у той час, калі Ордэн быў забаронены.  Яна была заснавана ў 1787 г., мела свой асабісты Цэнзурны камітэт і дзейнічала да 1820 г. уключна. Выдаваліся школьныя і акадэмічныя падручнікі, слоўнікі, рэлігійная літаратура, гістарычныя працы, мастацкая літаратура на розных мовах. Даследчыца згадвае наяўнасць у друкарні шрыфтоў, якімі можна было карыстацца для выдання кніг на польскай, лацінскай, нямецкай, французскай, італьянскай, латышскай, рускай, старажытнаяўрэйскай і грэцкай мовах. Вельмі каштоўны дадатак да раздзела — складзеныя І.Кадульскай спісы кніг акадэмічнай друкарні, дзе згадваюцца наступныя дадзеныя: імя аўтара, назва кнігі, колькасць тамоў, год і месца выдання, а таксама фармат і кошт. Дарэчы, наклад мог вагацца ад 2 да 5 тыс., а цана аднаго асобніка — ад 10 капеек да 16 рублёў (напрыклад, „Энеіда“ Вяргілія выйшла накладам 3046 ас., „Жыцці святых“ Пятра Скаргі каштавалі 16 руб.).

Сярод надрукаваных у Полацку кніг было шмат драматургічных твораў, якія выкарыстоўваліся па прамым прызначэнні, імі карысталіся для тэатральных пастановак. Тэатру і ўвогуле тэатралізацыі прысвечаны чацвёрты раздзел манаграфіі. Відавочна, што гэтая тэма асабліва блізкая аўтару. Ірэна Кадульска прысвяціла шмат работ даследаванню польскай драматургіі і, у першую чаргу, езуіцкім тэатрам[2]. Пра акадэмічны і інтэрнацкі тэатры, драматургаў, тэатралізаваныя святы і ўрачыстасці, пра рэпертуары і дэкарацыі, студэнцкія дэкламацыі, канцэрты і ілюмінацыі полацкіх езуітаў даследчыца сабрала цікавы і змястоўны матэрыял, які ўражвае і не пакідае чытача абыякавым. Тым больш што Ірэна Кадульска менавіта ў гэтым раздзеле выкарыстала шмат яскравых ілюстрацый і цытат на польскай мове.

Самымі каштоўнымі сярод драматургічных твораў аўтар палічыла драмы Н.Мусніцкага, у якіх знайшлі сваё ўвасабленне жанры высокай класічнай трагедыі і дыдактычных павучальных камедый. У камедыі „Muzeum Fizyczne“ Мусніцкі на сцэне паказаў каштоўнасць акадэмічнага музея для распаўсюджвання ведаў. Езуіцкаму музею і мастацкай галерэі прысвечаны апошні, пяты, раздзел манаграфіі. Музей (у сэнсе не толькі калекцый, але і спецыяльна для яго пабудаванага ў 1787 г. трохпавярховага корпуса) быў заснаваны генералам Ордэна езуітаў таленавітым матэматыкам і мастаком Габрыэлем Груберам. Архіўныя дакументы і вопісы дазволілі ўявіць досыць поўную карціну аздаблення музейных залаў, склад музейных калекцый і тую вялікую ролю, якую музей адыграў у справе навучання студэнтаў, выхавання ў іх мастацкага густу і знаёмства шырокага кола наведвальнікаў (у першую чаргу жыхароў Полацка і ганаровых гасцей акадэміі) з найкаштоўнейшымі дасягненнямі чалавецтва ў сферы культуры і навукі. Трэба дадаць, што існаванне акадэмічнага музея стала стымулам да вывучэння, збірання і сістэматызацыі матэрыялаў, якія ілюстравалі гісторыю і культуру Полаччыны.

У невялікім заключэнні да манаграфіі Ірэна Кадульска яшчэ раз падкрэсліла ролю Полацкай акадэміі як культурнага цэнтра ўсходняй ускраіны былой Рэчы Паспалітай, дзе пасля 1820 г. „лацінска–польскую цывілізацыю пачала выціскаць руская традыцыя і цывілізатарская экспансія Расійскай імперыі“.

Полацк

Тамара Джумантаева


[1] Блинова Т. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. Гродно, 2002. 427 с.
[2] Гл., напрыклад: Kadulska I. Teatr jezuicki XVIII i XIX wieku w Polsce. Gdańsk, 1997; яна ж, Komedia w polskim teatrze jezuickim XVIII wieku. Wrocław, 1993; яна ж, „Zabawki teatralne“ Nikodema Muśnickiego SI // Dramat i teatr postanisławowski. T.1. Wrocław, 1992.

Tags: , ,