Новы нумар


Марцэлі Косман. Славіст, медыявіст, полігісторык: да 90-годдзя Герарда Лябуды


Трыццаць гадоў таму вядомы познаньскі гісторык пісаў[1]: „Прафесар Герард Лябуда належыць да вядучых прадстаўнікоў квітнеючай у нас са стагоддзе медыявістыкі — той галіны гістарыяграфіі, якая, у змаганні з недахопам крыніц па Сярэднявеччы, асабліва ранейшым, далёка пайшла ва ўдасканальванні метадаў іх найбольш поўнага і дакладнага выкарыстання. Працягваючы адметныя крыніцазнаўчыя традыцыі айчыннай медыявістыкі, Лябуда дасягнуў вяршыні і ў другім метадалагічным падыходзе — суцэльным засваенні навуковай літаратуры, якую збірае з непараўнальным эўрыстычным майстэрствам, каб адшукваць там рашэнні, нярэдка забытыя, і праясняць такім чынам праблематыку. Пры гэтым адметнасць абранага ім метаду дазваляе змагацца з гістарыяграфічнымі легендамі і памылковымі поглядамі, падвяргаць іх знішчальнай крытыцы і, у выніку, выдаляць з поля аўтарытэтных ведаў меркаванні, не вартыя там заставацца. Толькі такім падрыхтаваным падмуркам аўтар імкнецца забяспечыць найбольш адэкватны вобраз мінулага, на ім узводзіць уласныя канструкцыі…“[2].

Далей Генрык Лаўмяньскі адзначае, што інтарэсы Лябуды сягаюць далёка за межы медыявістыкі і ў значнай ступені датычаць найноўшай гісторыі. Навуковыя даследаванні пры гэтым не перашкаджаюць дыдактычнай і арганізацыйнай працы — наадварот, усе тры віды дзейнасці крочаць поруч. Ужо ў 1976 г. публікацыйны даробак прафесара ўключаў 1059 пазіцый; у 1986 г. ён павялічыўся на 353 пункты; у 1996 — яшчэ на 308; чарговая сотня дадалася за апошняе, дзевятае, дзесяцігоддзе (in statu nascendi, а таму няпоўнае).

Першы вялікі юбілей прафесара адбыўся ў 1976 г. і быў ушанаваны 800–старонкавай памятнай кнігай[3]. Наступным гадавінам прысвячалі спецыяльныя выданні ўстановы, з якімі Герард Лябуда быў звязаны на працягу гадоў: Познаньскае таварыства сяброў навук (ПТСН), Курніцкая бібліятэка ПАН, Навуковае таварыства ў Торуні[4], Заходні інстытут[5], Вышэйшая школа кіравання і банкаў (ВШКБ) у Познані. Апрача таго, родны універсітэт Адама Міцкевіча (УАМ) парупіўся пра юбілейнае шанаванне Майстра друкаваннем яго выбраных і класічных твораў: 70–годдзю прысвечана дапоўненае перавыданне тады ўжо надзвычай рэдкага твора пра станаўленне польскай дзяржавы, якім у свой час быў закладзены пачатак новаму пасляваеннаму этапу даследаванняў дадзенай тэмы[6].

Усяго трыма гадамі пасля названай кнігі выйшлі — таксама выданнем познаньскай Акадэмічнай кнігарні Яна Яхоўскага — аналітычныя штудыі пра „першую славянскую дзяржаву“, крыніцай для якіх стала адзіная згадка ў хроніцы пра франкскага купца Самона (пам. каля 658). Той паўстаў супраць свайго ўладара, удзельнічаў у вайне славян з аварамі (623 г.); пасля перамогі быў абвешчаны ўладаром федэрацыі плямёнаў пратадзяржаўнага тыпу — куды ўвайшлі чэшскія, мараўскія, карынцкія і іншыя славянскія землі. Аб’яднанне, аднак, не выявіла трываласці і распалася пасля смерці Самона[7]. Аўтар, працягваючы разгляд станаўлення польскай дзяржавы, асцярожна вызначае героя даследавання як уладара „гіпатэтычнага“ дзяржаўнага арганізма эфемернага кшталту. Ён акрэслівае неабходнасць вывучэння пачаткаў трывалых дзяржаўнасцяў у славян[8] (праз некалькі дзесяцігоддзяў шматбаковае развязанне гэтай задачы здзейсніў іншы познаньскі гісторык[9]) адначасова са з’яўленнем твора вядомага чэшскага навукоўца[10]. Штудыі пра дзяржаву Самона, як і ранейшае даследаванне пра вытокі пястаўскай манархіі, — узор дасканалай медыявістычнай працы: на падставе рэшткаў крыніц аўтар з талентам сапраўднага дэтэктыва разгадвае таямніцы ранняга Сярэднявечча.

Завяршэнне восьмага дзесяцігоддзя Герарда Лябуды было ўшанавана выданнем вялікага тома гутарак пра польска–нямецкае мінулае. Туды, апрача новых тэкстаў, увайшлі і даўнія штудыі пяцідзесяцігадовай даўніны, прысвечаныя формам антаганізму паміж дзвюма нацыямі на працягу тысячагоддзя. Машынапіс 1946 г. значна апярэдзіў у высновах свой час і мусіў доўга чакаць спрыяльных умоваў для публікацыі[11]. Большасць ранейшых тэкстаў аўтар „асвяжыў“, забяспечыўшы іх пасляслоўем ці каментарамі.

Доўга чакаў друку (гэтым разам па волі аўтара: у 1973 г. першая версія кнігі магла быць скарыстана прапагандыстамі ў канфлікце паміж дзяржавай і касцёлам) аналітычны твор пра развіццё легенды кракаўскага біскупа св. Станіслава. Лябуда грунтоўна прааналізаваў корпус нешматлікіх крыніц, вызваліў іх ад налёту апрацовак мінулых стагоддзяў, выказаў сваё стаўленне да легендаў абодвух памазанцаў — чорнай караля і белай яго антаганіста[12].

У 2004 г. у Познаньскім выдавецтве выйшлі два творы ў аднолькавым афармленні: Szkice historyczne XI wieku Т. Вайцяхоўскага (пятае выданне, прысвечанае стагоддзю першадруку)[13] і доўгачаканы збор палемічных даследаванняў Лябуды[14]. Пад час прэзентацыі кнігі ў запоўненай Малой зале ўніверсітэта Майстар падараваў прысутным сапраўднае духоўнае свята, калі дзяліўся сакрэтамі амаль сямідзесяцігадовай працы над сваімі нарысамі. Згадваліся і вялікія дыскусіі, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі — напрыклад, пра славутую максіму Цыцэрона[15].

Познаньскае таварыства сяброў навук зладзіла рэпрынтавае выданне трохтомавых Fragmentów dziejów Słowiańszczyzny zachodniej (1960—1975) з грунтоўным пасляслоўем, у якім прапануецца аўтарскі погляд на тэму праз чатыры дзесяцігоддзі[16].

***

Герард Лябуда нарадзіўся 28 снежня 1916 г. у Новай Гуце (Картузаўскі павет) у сям’і свядомага гаспадара. Заўважыўшы, што інтарэсы аднаго з сыноў не звязаны з зямлёй, бацька даў Герарду магчымасць вучыцца.

Першым крокам у свет і да самастойнасці стала класічная гімназія імя караля Яна III Сабескага ў Вайгерове. Калі ў 1936 г. пасля іспытаў юнак пакідаў Вайгерова, яго кнігазбор налічваў ужо больш за шэсцьсот асобнікаў. Пераважвала, вядома, паморская тэматыка. Малады Лябуда быў і самым старанным чытачом багатай гімназійнай бібліятэкі, якая, апрача іншага, выпісвала спецыяльную гістарычную літаратуру, у тым ліку навуковую перыёдыку. Яшчэ вучнем ён распачаў адважную палеміку з вядомым навуковым аўтарытэтам пра рэлігію даўніх славян. Крытычны артыкул быў дасланы ў Кракаў пад псеўданімам і ў траўні 1935 г. з’явіўся ў навуковым тыднёвым дадатку папулярнага па ўсёй краіне „Ilustrowanego Kuriera Codziennego“[17].

Перад матурай, вясной 1936 г., Лябуду захапіла хроніка вайгероўскага канвента XVII ст. Пры парадкаванні старога манастырскага кнігазбору ён знайшоў лацінскі рукапіс, які аказаўся каштоўным дакументам першых гадоў існавання горада і кляштара. Гэта быў другі, невядомы раней, варыянт тэксту, збераганага сярод архіўных збораў у Пэльпліне. Праз чатыры дзесяцігоддзі прафесар прааналізаваў помнік у друку[18], а яшчэ пазней паспрыяў яго публікацыі[19].

Пасля атрымання матуры[20] малады Лябуда вырушыў у бліжэйшы з шасці універсітэтаў II Рэчы Паспалітай — Познаньскі, вядомы багатай бібліятэкай і бліскучай прафесурай, да складу якой тады далучыліся Казімір Тымянецкі з Кракава, Казімір Хадыніцкі з Вільні, Адам Скалкоўскі з Львова. Лябуда наладзіў з імі кантакт, але ў першую чаргу бавіў час у кнігазборы гістарычнага семінара, заняткі ж наведваў пераважна з сацыёлагамі, географамі і псіхолагамі. Да некалькіх моваў, вывучаных у гімназіі, дадалася яшчэ і шведская — засвоіў яе на III курсе, пад час стажыроўкі ва універсітэце горада Лунд. Даследаваў там раннюю гісторыю Памор’я і праблематыку скандынаўскіх вікінгаў, вывучаў нешматлікія (але багата апісаныя) крыніцы. Знаёмства з арыгіналамі прац шведскіх і дацкіх навукоўцаў значна пашырыла яго даследчы кругагляд, які ў той час фармаваўся пад уплывам познаньскага асяродку, перадусім — Юзафа Відаевіча і Лявона Кочага.

Верасень 1939 г. абрынуўся на спадзевы маладога даследніка (была знішчана частка падрыхтаваных да друку артыкулаў), але не спыніў яго навуковага росту. Зладзілася публікацыя дзвюх манаграфій: Polska i krzyżacka misja w Prusach do połowy XIII wieku (пісалася яшчэ ў першы год студэнцтва, з меркаваных 10—20 старонак праца пашырылася да 235)[21] і Magdeburg i Poznań (атрымала высокую адзнаку такога патрабавальнага рэцэнзента, як Караль Бучак[22]). Тады ж пабачылі свет і 9 грунтоўных рэцэнзій Лябуды, пераважна на працы нямецкіх аўтараў ранняга Сярэднявечча. Кансультаваў Юзафа Кісялеўскага ў напісанні ягонай шчымліва–красамоўнай Ziemia gromadzi prochy, выкрываў бязлітасную германізатарскую барацьбу з этнічнымі жыхарамі земляў, далучаных да Прусіі[23]. У выніку на пачатку II сусветнай вайны Герард Лябуда трапіў у нямецкі вышук, мусіў хавацца далёка ад родных краёў, перад ад’ездам быў шарагоўцам у Легіі Акадэміцкай. Праз гады згадваў свой побыт у Хробжы (Chrobrz) на Келеччыне, дзе парадкаваў выдатную бібліятэку і апісваў архіў, а потым працаваў рахункаводам па студзень 1945 г.[24] Удзельнічаў у супраціўным руху Арміі Краёвай, выдаваў на капіявальніку Biuletyn для Піньчаўскага павету. Апрацаваў Codex Myszkovianae ordinationis diplomaticus, машынапіс якога пасля вайны быў аддадзены на захаванне кракаўскай бібліятэцы Польскай Акадэміі Ўмельстваў (ПАЎ). Абараніў магістарскую і доктарскую дысертацыі, выкладаў у падпольным Універсітэце заходніх земляў, рыхтаваў габілітацыйную працу пра станаўленне польскай дзяржавы. Канец знаходжання ў Хробжы, вызваленне ад немцаў пакінулі жахлівыя ўспаміны, сярод якіх варварскае знішчэнне шматвяковага кнігазбору.

Пасля вяртання ў Познань апынуўся разам са сваімі нядаўнімі настаўнікамі К. Тымянецкім і А. Скалкоўскім у шчыльным асяродку перадваенных даследчыкаў, намаганнямі якіх аднаўляўся гістарычны семінар. Alma Mater Posnaniensis залучыла да сябе некалькі высланых з Вільні навукоўцаў, у тым ліку — гісторыка Генрыка Лаўмяньскага. Пасля габілітацыі быў прадэканам. Як намеснік прафесара (1950 г. — прафесар надзвычайны, 1956 г. — прафесар звычайны) узначаліў Кафедру гісторыі заходніх славян, якая ў 1952 г. была далучана да перададзенай яму Кафедры гісторыі Польшчы. З 1969 г., пасля рэарганізацыі Інстытута гісторыі, кіраваў Аддзелам агульнай і польскай гісторыі па XV ст. Быў абраны на рэктарства ў Познаньскім універсітэце (кадэнцыя 1962/3, 1964/5 г.), прызнаны ганаровым членам–карэспандэнтам ПАУ (дзейнасць якой, аднак, была спынена ўрадам у наступным, 1952 г.) і створанай пасля ПАН (1964 г.), яшчэ праз два гады стаў сапраўдным членам ПАН.

Першы раз пагроза звальнення з працы паўстала перад Г. Лябудам у 1949 г. Тады прыйшло ратаванне ў выглядзе дзяржаўнай узнагароды III ступені: прыгнятаць лаўрэата не выпадала. „Дагналі мяне толькі ў 1970 г.“[25], — адзначае ён і распавядае, як быў без згоды перамешчаны ў штат ПАН, дзе з 1953 г. кіраваў Аддзелам гісторыі Памор’я ў Познані (у складзе Інстытута гісторыі)[26].

Ад імя ПАН Герард Лябуда выступіў арганізатарам комплексных даследаванняў так званага Вялікага Памор’я, прасцертага ад тагачаснай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі да Інфлянтаў. Лабараторыі Аддзела гісторыі Памор’я знаходзіліся ў Торуні, Гданьску і нейкі час у Шчэціне. Склалася кола адмыслоўцаў, якія пачыналі яшчэ з магістарства — а дайшлі, збольшага, да прафесарскіх пасадаў. Паўсталі шматлікія манаграфіі ды фундаментальныя сінтэтычныя гісторыі Торуні, Гданьска і Шчэціна, а ў першую чаргу — шматтомавая Historia Pomorza. Spiritus movens усяго гэтага быў Герард Лябуда, які, сумесна з М. Біскупам, напісаў навацыйную працу Dzieje Zakonu Krzyżackiego w Prusach (перакладзена на нямецкую). „Гісторыяй Памор’я“, знакавым калектыўным творам, першы том якога выйшаў у 1969 г., прафесар займаўся да моманту абвяшчэння пра выхад апошняга з дзевяці грунтоўных тамоў — калі ўжо больш чым дзесяць гадоў фармальна знаходзіўся на пенсіі.

Навуковы плён юбіляра падрабязна апісаны ў бібліяграфіях ды рэцэнзіях[27]. Варта пералічыць найбольш значныя, апрача згаданых вышэй, аналітычныя працы па медыявістыцы: Źródła skandynawskie i anglosaskie do dziejów Słowiańszczyzny (Warszawa 1961); Źródła, sagi i legendy do najdawniejszych dziejów Polski (Warszawa 1961); Zaginiona kronika w Rocznikach Jana Długosza (Poznań 1983); Mieszko II król Polski 1025—1034 (Kraków 1992), а таксама яе аблегчаная, без дакументаў, версія Mieszko Drugi król Polski w czasach przełomu 1025—1034 (Poznań 1994); два сінтэтычныя накіды серыі „Dzieje narodu i państwa polskiego“ — Pierwsze państwo polskie (Kraków 1989) ды Korona i infuła. Od monarchii do poliarchii (Kraków 1996).

Акурат на восьмым дзесяцігоддзі паўсталі тэмы, звязаныя з „малой бацькаўшчынай“ — з якой Лябуда нястомна трымае шчыльную сувязь. За гэты час, апрача шматлікіх артыкулаў, з’явіліся тры кнігі: O Kaszubach, ich nazwie i ziemi zamieszkania (Gdańsk 1991), Dzieje wsi Luzino do schyłku XIX wieku (Gdańsk 1995), Kaszubi i ich dzieje (Gdańsk 1996). Таксама неабходна згадаць пра рэдагаванне такіх выданняў, як „Roczniki Historyczne“ і „Studia Źródłoznawcze“ (з I па XXVI тамы, сумесна з Аляксандрам Гейштарам i Брыгідай Кюрбіс), фундаментальнага Słownika Starożytności Słowiańskich (у якім актыўна ўдзельнічаў і ў якасці аўтара).

***

Герард Лябуда выконваў рэктарскія абавязкі на працягу 1962/3—1964/5 г. Рэктарства было надзвычайным і па сваёй праграме, і з улікам таго факта, што, апрача кароткага прадэканства у Гуманітарным факультэце (1950/1 акадэмічны год), прафесар ніколі не спрычыняўся да універсітэцкай адміністрацыйнай працы. Свае погляды на навачасны універсітэт і яго функцыі новы рэктар выявіў у інаўгурацыйнай лекцыі, прысвечанай месцу навучальнай установы ў сістэме навукі і дыдактыкі[28]. Тыповы медыявіст — гэта, у агульным разуменні, гісторык, заглыблены ў нешматлікія выпрацаваныя дакументы сярэднявечнай дыпламатыкі (у той час як даследчык сучаснай гісторыі звычайна ўспрымаецца як асоба, бліжэйшая да жыццёвых рэаліяў). У дадзеным выпадку вядзецца пра дазнанага даследчыка рэчаіснасці — не толькі полігісторыка, але і навукоўца, які цэласна падыходзіць да навукі і яе цывілізацыйнай ролі. Сярод яго ініцыятываў 1962 — 1965 г. належнае месца займаюць Рэктарская калегія УАМ ды Калегія рэктараў вышэйшых школ Познані (на інаўгурацыйным паседжанні 20 снежня 1962 г. Лябуда быў абраны першым старшынём).

Калі б Герард Лябуда быў толькі адміністратарам — ён усё роўна трапіў бы ва універсітэцкую гісторыю як вялікі дойлід. Пры ім упершыню паўстала і пачала ўвасабляцца ідэя навачаснага універсітэта, што рашуча перарос як свае будынкі 1914 г., так і сядзібы міжваеннага часу. Рэктар Лябуда стаў вядомы дзякуючы паспяховай дзейнасці, патрэба ў якой надзвычай пільна паўстала перад ягонай кадэнцыяй: універсітэцкія планы, распрацаваныя папярэднікам, былі пад пагрозай. Яшчэ раней у Познані ён выявіў майстэрства ўладжваць складаныя справы — дзякуючы як таленту дыпламата, так і цяжкім высілкам. Перадусім гэта датычыла ПТСН, галоўным сакратаром якога Лябуда стаў у час пагрозы знішчэння (1961), а пасля ў якасці прэзідэнта (1972—1975) паспрыяў дасягненню стабільнасці Таварыства. Тое ж датычыла Заходняга інстытута (віцэ–прэзідэнт, пасля прэзідэнт), перад якім, пасля першых гадоў інтэнсіўнай і эфектыўнай пасляваеннай дзейнасці, узнік прывід ліквідацыі. Анджэй Квілецкі акрэслівае час здзяйсненняў Лябуды як другі залаты перыяд у гісторыі ўстановы. Другі даследчык, згадваючы крызіс так званай сталінскай эпохі, нагадвае, як у тыя часы была скарочана значная частка супрацоўнікаў, некаторыя былі кінуты ў турму, панавалі абвінавачванні ў нацыяналізме і клерыкалізме, пахіснулася становішча першага дырэктара Зыгмунта Вайцяхоўскага, пасля ж смерці таго ў 1955 г. „рэальную пагрозу ліквідацыі Інстытута прадухілілі толькі звышчалавечыя намаганні яго членаў–заснавальнікаў на чале з Герардам Лябудам“[29].

Найвышэйшую пасаду ў ПТСН ён спалучыў са стварэннем познаньскага аддзялення ПАН (1972—1981 г.) і прэзідэнцтвам у ім. Гэта паспрыяла ўвасабленню канцэпцыі гарманічнай (можна сказаць — узорнай) супрацы ПАН з заслужанай вялікапольскай навуковай пляцоўкай. Разгарнуў маштабную дзейнасць як старшыня Рады папулярызацыі навукі (1980—1989), а таксама Рады навуковых таварыстваў (1984—1989) пры Прэзідыуме ПАН, віцэ–прэзідэнтам якой быў на працягу дзвюх кадэнцый (1984—1989).

На канец гэтага перыяду прыпадае яшчэ адна вялікая перамога — вяртанне з небыцця Польскай Акадэміі Ўмельстваў у Кракаве, дзейнасць якой некалі была перапынена на дзесяцігоддзі. Шлях да гэтай падзеі ішоў праз удзел у падрыхтоўцы радыкальных грамадскіх зменаў у краіне. Горкі жыццёвы досвед не пакінуў Майстру асаблівых нагодаў быць удзячным сістэме. У канцы 1986 г., калі апошні правадыр заняпалага ладу Войцэх Ярузэльскі прапанаваў прафесару ўдзел у Кансультацыйнай радзе пры старшыні Дзяржаўнай рады[30], Лябуда (тагачасны віцэ–прэзідэнт ПАН), разам з Аляксандрам Гейштарам (прэзідэнтам ПАН), выказаў згоду.

Яго выступы на сустрэчах у Бэльведэры адзначаліся рэфлексійнасцю. На першым пасяджэнні, 6 снежня 1986 г., Лябуда браў слова пяць разоў[31]. Закранаў прынцыповыя для нацыі рэчы, асэнсоўваў вялікія змены, архітэктарам якіх быў тагачасны правадыр дзяржавы. Дыскусіі, якія вяліся ў сядзібе, адыгрывалі значную ролю ў прыняцці рашэнняў.

У першым выступленні прафесар засяродзіўся на метадалогіі нарадаў, адзначыў небяспеку рэвалюцыйных зменаў, заклікаў да эвалюцыйных — працаёмістых, але больш трывалых, — здзяйсненняў. Звярнуў увагу на марнасць пустых абяцанняў, якія спустошваюць псіхіку людзей, што ім вераць і чакаюць, калі міфічны „нехта“ (дадамо: „яны“ з часоў рэальнага сацыялізму) пачне ўвасабляць усё гэта ў жыццё[32]. У кастpычніку 1987 г., калі вялася дыскусія пра г. зв. другі этап эканамічнай рэформы, Лябуда прысвяціў свой разгорнуты выступ ролі навукі ў дадзеным працэсе: дайшоў да задачаў, пастаўленых перад даследчыкамі мінулага, коратка закрануў далікатную праблему „белых плямаў“[33]. Прамова стала дыпламатычным адказам на ранейшыя гарачыя дыскусіі, ліццём, так мовіць, алею на бурлівыя хвалі. Калі на адной з чарговых сустрэчаў трэба было неяк суняць паважнага мецэната Уладыслава Сіла–Навіцкага і яго апанентаў, прафесар вытанчана акрэсліў іх палеміку як „доўгае інтэрмецца“, пасля якога неабходна вярнуцца да „акрэсленай абвесткай тэмы“. Ёю была даўняя эміграцыя і найноўшыя высяленцы: закранаючы балючую праблему аўтахтонаў у Варміі, Мазурах і Верхнім Шлёнску, Лябуда заўважыў: „Можа, не варта вяртацца да гісторыі — бо ў гісторыі, як кажуць філосафы, можна навучыцца толькі таму, што яе навукай ніхто не карыстаецца[34]. Таму лепш звярнуцца да досведу ўчорашняга дня“[35]. 28 студзеня 1989 г., калі праца Рады набліжалася да канца ды вымалёўвалася (хоць і пасля не было нястачы ў драматычных момантах) паразуменне з апазіцыяй і завяршэнне „круглага стала“, познаньскі гісторык выказаўся наконт больш чым двух гадоў дзейнасці:

„Карыснасць нашых дзеянняў у тым, што мы паслужылі трансмісійным пасам паміж грамадскімі думкамі ды поглядамі — і вышэйшымі коламі дзяржавы. <…> Нашы выказванні былі збольшага аналітычнымі, фактаграфічнымі, часам шматматыўнымі і даволі раздробленымі, але хапала таксама адкрыццяў і сінтэтычных дыскусій. <…> Апошнім часам робімся сведкамі ўзрастання адкрытасці і свабоды абмеркавання праблемаў, дагэтуль недапушчальных для публічнага абгаворвання. Гэта слушны кірунак дзейнасці — калі толькі грамадзянін, усвядоміўшы наяўныя праблемы (як пераадолення мінулай спадчыны, так і будучых перспектываў) захоча далучыцца да актыўнай дзейнасці. Кансультацыйная рада не можа заставацца адасобленай выспай, дзе не ўздымаюцца найбольш вострыя тэмы.“.

Прамоўца не застаўся ў коле агульных выказванняў. Асабліва блізкімі для Лябуды сталі пытанні новай канстытуцыі, нацыянальнай адукацыі і арганізацыі навукі. Так, была выразна агучана праблема фізічнага здароўя нацыі (хутчэй — яго нястачы): „Да асабліва значных для грамадства тэмаў залічваю пытанне элітарнага спорту, цяперашняга закладніка рэкордаманіі і сумнеўнага прэстыжу на міжнароднай арэне. І масавага спорту, перадусім школьнага, занядбанасць і адсутнасць якога абарочваецца шкодай для развіцця фізічнай культуры і здароўя ўсёй нацыі. Рада не можа заставацца абыякавай да выраджэння, што апаноўвае такую важную галіну калектыўнага жыцця“[36].

Калі пасля 1990 г. Ярузэльскі зрабіўся аб’ектам прапагандысцкіх нападкаў, прафесар у сваёй анкеце залічыў яго да дзесяці найбольш выдатных публічных асобаў. У сваю чаргу, былы прэзідэнт Польскай Рэспублікі захаваў удзячную памяць пра навукоўца з тых самых часоў вялікіх зменаў. На яго 85–годдзе Ярузэльскі даслаў арганізатарам урачыстасці ліст, у якім называў Лябуду вялікай постаццю польскай навукі.

Ужо на пенсіі Майстар прыступіў да рэалізацыі такой вялікай працы, як узнаўленне дзейнасці Польскай Акадэміі Ўмельстваў у Кракаве. Набліжалася саракавая гадавіна апошняга Агульнага сходу ПАЎ (21 чэрвеня 1951 г., адразу пасля таго, як Лябуда зрабіўся яе сапраўдным членам). Па ініцыятыве членаў кракаўскага аддзялення ПАН, пры падтрымцы з боку яе Прэзідыума і Агульнага сходу, 30 мая 1989 г. была склікана арганізацыйная камісія. Было выяўлена, што засталося толькі дзевяць членаў ПАЎ. Найстарэйшы, 97–гадовы Конрад Гурскі, неўзабаве таксама адышоў (7 красавіка 1990 г.), большасць ужо была не ў стане выязджаць на паседжанні — таму ў „адраджэнскім“ сходзе ў Варшаве (16 красавіка 1990 г.) удзельнічалі пяцёра членаў. Было выбрана статутнае прадстаўніцтва, якое ўзначаліў наймалодшы член ПАЎ — Герард Лябуда. Яны далучыліся да карпарацыі ўсіх кракаўскіх членаў ПАН і з таго моманту пачалі дамагацца прызнання сваіх пастановаў прэзідэнтам Польскай Рэспублікі, згодна са статутам 1927 г. На жаль, не было недахопу і ў галасах, якія спрабавалі разладзіць ці, прынамсі, ускладніць аднаўленне гэтай гістарычнай установы. Хапала іх і ў цэнтральным кіраўніцтве ПАН у Варшаве — яе віцэ–прэзідэнт, аднак, меў уласны досвед гадоў суіснавання Познаньскага аддзялення і ПТСН. 28 лістапада Лябуда наведаў Бэльведэр: прэзідэнт краіны з разуменнем паставіўся да ініцыятывы навукоўцаў і 22 лютага наступнага года прыняў адпаведнае рашэнне, якое было абвешчана 6 сакавіка 1990 г. У гістарычныя нацыянальныя ўгодкі, 3 траўня таго ж года, адбылося ўрачыстае паседжанне ПАЎ у Кракаве. Яе прэзідэнт сказаў памятную прамову, у якой абвясціў праграму працы пасля, паводле ягонага азначэння, саракагадовага каранціну[37]. Быў згаданы апошні Агульны сход у чэрвені 1951 г., які праходзіў у злавеснай атмасферы, „з прадчуваннем блізкай навальніцы — але ніхто з яго ўдзельнікаў тады нават не ўяўляў, што Акадэмію чакае шматгадовы сон. Сёння мы ведаем, у які каранцін трапілі людзі і як установа павінна была сканаць, так бы мовіць, натуральнай смерцю. З гэтым намерам, аднак, не замірыўся кракаўскі навуковы асяродак. На мяжы 1956/7 г. адбылася спроба скарыстацца тагачаснай палітычнай адлігай і абудзіць Акадэмію Ўмельстваў, але чаканні не спраўдзіліся. Кракаў мусіў задаволіцца іншай установай у выглядзе Аддзялення ПАН <…> Палітычная вясна 1989 г., якая абудзіла ў нацыі столькі спадзеваў, стварыла спрыяльны клімат і для адраджэння ПАЎ. Кракаў такі моцны і вялікі навукова–культурны цэнтр, што не можа быць проста філіялам, нават найшаноўнейшай навуковай установы. Ён патрабуе сабе ўласнага інстытута, які забяспечыў бы яму самастойнае месца на навуковай і культурнай карце краіны“.

У 1994 г. Герард Лябуда быў выбраны ганаровым прэзідэнтам ПАЎ.

Паступова ён адышоў ад працаёмістых рэдактарскіх абавязкаў, перадаў у маладзейшыя рукі „Roczniki Historyczne“ і „Studia Źrуdłoznawcze“. Гэта дазволіла яму засяродзіцца над давядзеннем да ладу фундаментальных калектыўных твораў, адметнае месца сярод якіх заняла шматтомавая Historia dyplomacji polskiej. Яе паходжанне звязана з г. зв. дэкадай Герэка і нават часамі „позняга Гамулкі“. Пачатак быў закладзены вялікай сінтэтычнай працай Polska granica zachodnia, напісанай для Познаньскага выдавецтва па грамадскай замове: з меркаванага эсэ ў некалькі аркушаў кніга пашырылася да 450 старонак, напісаных усяго за тры месяцы. Вядома, гэта толькі час фіксавання на паперы тэксту, што выношваўся аўтарам на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў. Аўтар аднак (пра гэта згадвалася вышэй) пасля двух выданняў наважыўся і на трэцюю рэдакцыю твора.

Нічога дзіўнага, што ў 1972 г. тагачасны міністр замежных спраў Стэфан Альшоўскі прапанаваў аўтару Polskich granic zachodnich пасаду галоўнага рэдактара Historii dyplomacji polskiej, якая мусіла ахапіць часы з сярэдзіны X ст. да сучаснасці. Планаваліся тры тамы: першы прысвячаўся перыяду перад падзеламі, другі — падзелам, трэці — часу ад вяртання незалежнасці. Згодна з чаканнямі, праца над першым томам — ён пераўтварыўся ў вялікія два, якімі кіравалі Мар’ян Біскуп і Збігнеў Вуйцік, — рухалася спраўна. Як і над трэцім, прысвечаным падзелам, пад кіраўніцтвам Людвіка Базылёва, — хоць тут ужо спатрэбілася пэўная дыпламатыя ў дачыненні да цэнзуры, якая стварала перашкоды, непераадольныя для сур’ёзных даследчыкаў. Часавая мяжа чацвёртага тома была перанесена з 1945 г. на пачатак II сусветнай вайны — тым не менш, усё роўна паўстала праблема асвятлення пакта Молатава–Рыбентропа і падзеяў 17 верасня 1939 г. Падзеям вайны меркавалася прысвяціць пяты том, падрыхтоўка якога прыпадала на чаканыя лепшыя часы. Галоўны рэдактар вёў далікатныя перамовы, у тым ліку з новым міністрам замежных спраў Мар’янам Ажахоўскім (не толькі членам Палітычнага бюро Польскай аб’яднанай рабочай партыі, але і дазнаным гісторыкам найноўшых часоў). Выданне гэтага надзвычай складанага тома неаднаразова адкладалася, пакуль не надышлі палітычныя змены ў краіне, а Герард Лябуда, пасля выхаду першых трох тамоў[38], не знайшоў галоўнага сурэдактара ў асобе Вальдэмара Міховіча з Лодзі. Дзякуючы іх гарманічнай супрацы, ужо ў лепшыя часы, да канца былі даведзены чацвёрты і пяты том[39], дзе (за выключэннем падзей, звязаных з „ветрам з усходу“) стала магчымым праўдзіва напісаць пра Катынь і Ялту.

Гэты знакавы твор, адзін з найзначнейшых у еўрапейскім маштабе, і цяпер знаходзіцца in statu nascendi. Працягваецца праца над апошнім томам, што мусіць ахапіць найноўшыя часы да сёння. У сувязі з адсутнасцю часавай дыстанцыі паўстаюць такія праблемы, як празмерная эмацыйнасць ацэнак і неабходнасць акрэслення ролі яшчэ дзейных персанажаў палітычнай сцэны. Адсюль затрымка — паспешлівасць у дадзенай сітуацыі была б недарэчы. У падобных выпадках замест тлумачэнняў мэтазгодна даваць храналогію падзей — што, уласна, і зрабілі абодва рэдактары ў даведзенай да канца XX ст. аднатомавай сінтэзе.

Тая, аднак, адносіцца ўжо да дзевятага дзесяцігоддзя.

***

Генрык Лаўмяньскі больш чым сорак гадоў таму вылучыў пяць галоўных тэматычных плыняў: 1) вытокі польскай дзяржавы; 2) заходнія славяне ў раннім Сярэднявеччы; 3) гісторыя польскага і „крыжацкага“ Памор’я; 4) крыніцазнаўчыя працы, 5) гісторыя польскай заходняй мяжы[40]. Па сутнасці, усё апублікаванае да 1996 г. і даследаванае Майстрам трапляе ў гэты абсяг. Тым не менш, асабліва трэба адзначыць даследаванне „малой бацькаўшчыны“: працу над вялікай, першай у Польшчы, сінтэтычнай гісторыяй Кашубшчыны (том I: час да XVI ст.).

Вось дасягненні, яшчэ не зафіксаваныя ў чарговай бібліяграфіі[41]:

Вынік 1997 г. — амаль трыццаць пунктаў, сярод якіх выдатна выдадзеная, на 455 старонак, анталогія тэкстаў з грунтоўнымі каментарамі Święty Wojciech w polskiej tradycji historiograficznej (біяграфія заступніка Гнезненскай мітраполіі). Далей — дзве кнігі[42], шэсць артыкулаў (у тым ліку два пра першага польскага пакутніка), а таксама чацвёрты, прысвечаны найноўшым часам, том Dziejów Szczecina пад галоўнай рэдакцыяй Г. Лябуды. У апошнім годзе мінулага тысячагоддзя выйшла пяць кніг і сем невялікіх распрацовак. Сярод іх — два даследаванні паморска–кашубскай тэмы[43], пераклад на нямецкую напісанага сумесна з М. Біскупам твора пра Крыжацкі ордэн у Прусіі[44] і дзве манаграфіі, прысвечаныя святым біскупам Пражскаму Войцэху ды Кракаўскаму Станіславу[45]. Плёнам першага года новага тысячагоддзя сталі 12 артыкулаў, а таксама завяршэнне працяглага калектыўнага даследавання гісторыі Памор’я, увасобленага ў васьмі тамах (агульны аб’ём 5500 старонак). Наступны год адзначыўся даследаваннямі, рэцэнзіямі і дзвюма кнігамі: Mieszko I. (Wrocław 2002) і ўжо згаданае перавыданне Fragmentów dziejów Słowiańszczyzny zachodniej. У 2003 г. пабачылі свет, апрача тузіна драбнейшых тэкстаў, навацыйныя гістарыяграфічныя штудыі, падрыхтаваныя ў межах даследніцкага плана Інстытута палітычнай гісторыі ВШКБ у Познані (Rozwój metod dziejopisarskich od starożytności do wspуіczesności. Cz. 1: do schyłku XIX w.). Сярод публікацый 2004 г. назавем ужо згаданыя Szkice historyczne z X i XI wieku, разгорнуты (больш за сто старонак) агляд 10–томавай гісторыі Польшчы і новай „кракаўскай“ сінтэзы Ягелонскага універсітэта[46] ды другое выданне кнігі пра св. Войцэха (хоць прайшло няпоўныя чатыры гады пасля першага выдання, аўтар „асвяжыў“ палеміку найноўшымі поглядамі і значна пашырыў бібліяграфічную частку).

Праца рухаецца наперад: як кажа прафесар, друкарская машынка — яго галоўны цяперашні суразмоўца. На першым плане, сярод іншых: сінтэтычная гісторыя Кашубшчыны; працяг Rozwoju metod dziejopisarskich; вонкава драбнейшыя — але таксама неадкладныя і працаёмістыя — тэмы, што паўстаюць па ходзе працы. Дом гісторыка з’яўляецца вялікай бібліятэкай, майстэрняй для тытанічнай працы. Не дзіва, што Томаш Агатоўскі, пад час гутаркі з Лябудам пра напісаныя кнігі (5 ліпеня 2001 г.), быў зачараваны надзвычайнымі памерамі ды якасцю кнігазбору і яго месцам у лёсе гаспадара, які з 1945 г. сістэматычна аднаўляе і пашырае свае запасы. Некалькімі гадамі раней перадаў частку кніг у Вайгерова. Апрача большасці вузкаспецыяльных назваў, тут ёсць Dzienniki Мячыслава Ф. Ракоўскага, творы Марыі Дамброўскай, Зоф’і Налкоўскай, паэзія Галіны Пасьвятоўскай.

Прафесар каментуе: „Рэч у тым, што калі б не меў у запасе шмат кніг, калі б не меў гэтага кнігазбору, мусіў бы няспынна хадзіць у бібліятэку, у тым ліку ва універсітэцкую. І там бы праца іншым разам доўжылася тыдзень, два тыдні. А я мушу спраўдзіць пытанне неадкладна! Таму лічу за лепшае купіць кнігу, мець яе — тады ашчаджаю шмат часу і без клопатаў здзяйсняю тое, што запланаваў“[47].

Сярод збераганых матэрыялаў адметнае месца займае ліст з Ватыкана ад 22 студзеня 2001 г., у якім Ян Павал II дзякаваў за дасланыя праз кашубскага земляка, Гнезненскага мітрапаліта, кнігі[48].

Арцыбіскуп Генрык Мушыньскі, таксама родам з Кашубшчыны, ушанаваў земляка лістом з Гнезна ад 3 снежня 2001 г., з нагоды святкавання яго 85–годдзя, якое ў будынку Вышэйшай школы кіравання і банкаў у Познані сабрала гісторыкаў усёй краіны. Ён падкрэсліў значнасць урачыстасці, у сувязі з чым звярнуў увагу на „доўгі тэрмін ціхай, сумленнай, плённай ды руплівай навуковай і дыдактычнай працы <…> неаспрэчнага аўтарытэта і выхавальніка некалькіх пакаленняў гісторыкаў“, што, „як вядомы знаўца гісторыі пачаткаў польскай дзяржаўнасці — непадзельна звязанай з гісторыяй касцёла на нашых землях — здабыў сабе <…> адметнае месца сярод навуковых даследчыкаў нашай мінуўшчыны“. Не забыўся і пра заслугі юбіляра перад Гнезненскай мітраполіяй — перадусім шматгадовыя штудыі, прысвечаныя яе апекуну. Фотакопія віншавальнага ліста змешчана ва ўступе да апошняй памятнай кнігі Aere Perennius, у тлумачэнні ўводных словаў — „Exegi monumentum“ Гарацыя[49].

У Інстытуце палітычнай гісторыі ВШКБ Герард Лябуда з 2000 г. Там у якасці штатнага звычайнага прафесара ён ажыццяўляе праграму даследаванняў па гісторыі ды метадалогіі гісторыі гістарыяграфіі і яе ролі ў палітычных навуках.

Майстар ушанаваны дзяржаўнымі ўзнагародамі (1949, 1951, 1971) і адзнакамі: Рыцарскі Крыж, Вялікі Крыж Ордэна Polonia Restituta (1996), Штандар Працы I Ступені (1976). У Нью–Ёрку ён атрымаў прэстыжную ўзнагароду імя Южыкоўскага (1983). Шырокім рэхам прагучалі чарговыя юбілеі, аднаўленне доктарства ў родным універсітэце (1996) і медаль Palmae Universitatis Studiorum Posnaniensis (2000). З’яўляецца — апрача абедзвюх айчынных Акадэмій — членам замежных[50] і айчынных навуковых таварыстваў у галоўных асяродках заходніх і паўночных земляў (Торунь, Гданьск, Шчэцін), якія таксама прэзентавалі яму доктарства honoris causa. Паслядоўнасць прызнання супала з размяшчэннем гэтых гарадоў па цячэнні дзвюх вялікіх рэк — Віслы і Одры: пачаў Гданьск (1985), пасля Торунь (1993), Кракаў (1995), Варшава (1997), Вроцлаў (1999) і Шчэцін (2003).

Шчэцінскі універсітэт паўставаў за рэктарствам Герарда Лябуды, які не забываецца апекавацца маладым навуковым асяродкам Вялікага Памор’я. Адметнай стала перадача 24 сакавіка 2003 г. у рукі Майстру дыплома ганаровага доктара і прыняцце яго тым самым у асяродак універсітэта, які вырас пры значным удзеле Almae Matris Posnaniensis. У сардэчнай атмасферы вучні, шмат хто ўжо з прафесарскімі званнямі, згадвалі яго заслугі. Ініцыятар імпрэзы казаў пра выгоды „пазнейшага нараджэння“, у сувязі з чым прамовіў:

„Такой ласкі не зведаў Герард Лябуда. Яго найпекныя студэнцкія гады былі жорстка перарваны нямецкім нападам на Польшчу <…> Прафесар падзяліў трагічны лёс свайго пакалення і пакалення сваіх вучняў, якіх выбух вайны і акупацыі прымусіў да роспачнай і гераічнай барацьбы за захаванне навуковых варштатаў і чалавечай годнасці. Калі перад вайной ён выяўляў надзвычайную навуковую спеласць, то акупацыйная ноч паставіла яго перад выключнымі выклікамі лёсу <…> Акупацыйныя перажыванні ўзмацнілі яго пазітывісцкія погляды — у якіх этас працы, абавязку і палітычнага рэалізму, большы за паўстанніцкія памкненні і схільнасць да даніны крыві, вызначаў ерархію задачаў у перыяд акупацыі і пасля“[51].

Асабліва „пасля“ — гэта значыць пад час складанага, але поўнага магчымасцяў для аднаўлення і пашырэння польскай навукі шасцідзесяцігоддзя пасля заканчэння вайны. Герард Лябуда, як прызнаўся ў адным з інтэрв’ю, не злаваўся на гісторыю.

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] Пасля II сусветнай вайны познаньскі гістарычны асяродак вызначаўся трыма выдатнымі медыявістамі: Казімежам Тымянецкім (1887—1968), Генрыкам Лаўмяньскім (1898—1984), які прыехаў з Вільні ў 1945 г., і Герардам Лябудам (нар. 1916). У Познані мясцілася і рэдакцыя фундаментальнага Słownika Starożytności Słowiańskich, які ствараўся ў лабараторыі Інстытута cлавяназнаўства Польскай Акадэміі Навук (ПАН).
[2] Łowmiański H. Gerard Labuda // Nauka Polska. Nr 1. 1975. S. 58.
[3] Ars Historica. Prace z dziejów powszechnych i Polski. Poznań, 1976.
[4] Zapiski Historyczne. T. LII. 1987. Zeszyt 4 (плён паўстагоддзя навуковай працы); T. LXI. 1996. Zeszyt 4.
[5] Заходні Інстытут 70–годдзю свайго былога дырэктара прысвяціў падвойны сшытак Przeglądu Zachodniego: Nr 5/6. 1986. S. 390.
[6] Labuda G. Studia nad początkami państwa polskiego. T. I—II. Poznań, 1987—1988 (першадрук у адным томе: Poznań, 1946).
[7] У энцыклапедычным артыкуле, напісаным больш чым праз 30 гадоў, аўтар падае ў двукоссі азначэнне „кароль“ і нагадвае, што Самон трымаўся паганскага жыцця, меў, відаць, 12 жонак і 37 дзяцей. Асноўнай і, пэўна, адзінай крыніцай з’яўляецца датаваная тымі часамі Хроніка Фрэдэгара. Гл.: Labuda G. Samo (Samon) kupiec frankoński z okręgu Sens // Słownik Starożytności Słowiańskich. T. 5. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1975. У заключэнні аўтар сцвярджае, што ўжыванае азначэнне „першая славянская дзяржава“ мае выключна канвенцыйны характар — паколькі, верагодна, ужо раней на славянскіх землях існавалі аналагічныя дзяржаўныя ўтварэнні тыпу ваеннай дэмакратыі.
[8] Labuda G. Pierwsze państwo słowiańskie — państwo Samona. Poznań, 1949. Прадмова аўтара: s. V—VII.
[9] Вядзецца, вядома, пра фундаментальны твор Г. Лаўмяньскага: Łowmiański H. Początki Polski. Z dziejów Słowian w I tysiącleciu n.e. T. I—VI. Сz. 1—2. Warszawa, 1963 — 1984). Яго „анэксам“ з’яўляецца даследаванне: Religia Słowian i jej upadek (w. VI—XII). Warszawa, 1979.
[10] Dvornik Fr. The making of Central and Eastern Europe. London, 1949.
[11] Labuda G. Polsko–niemieckie rozmowy o przeszłości. Zbiór rozpraw i artykułów. Poznań: Instytut Historii UAM, 1996. S. 553.
[12] Labuda G. Św. Stanisław biskup krakowski, patron Polski. Śladami zabójstwa — męczeństwa — kanonizacji. Poznań, 2000.
[13] Wojciechowski T. Szkice historyczne jedynastego wieku. Poznań, 2004. Рэпрынт першадруку, з уступам Г. Лябуды O piątym wydaniu Tadeusza Wojciechowskiego „Szkiców historycznych“ słów kilka (S. 7—11).
[14] Labuda G. Szkice historyczne X—XI wieku. Z dziejów organizacji Kościoła w Polsce we wczesnym średniowieczu. Poznań, 2004.
[15] Гл.: Labuda G. Historia magistra vitae? // Gdańskie Zeszyty Humanistyczne. R. XXVI. Nr 30. S. 7—18; Labuda G. O pewnej zapomnianej niezapomnianej dyskusji (Maksyma Cycerona „Historia magistra vitae“ przed trybunałem historyków // Historyka. T. XVIII. 1988. S. 3—22.
[16] Labuda G. Fragmenty dziejów Słowiańszczyzny zachodniej. Poznań, 2002. S. 965; ibidem. Posłowie. S. 913—938.
[17] Gerla H. Na marginesie „Wierzeс religijnych naszych praojców Słowian“ (Stefana Noska) // Kurier Literacko–Naukowy. Nr 18 ад 6.V.1935. S. XII—XIII.
[18] Labuda G. Kronika franciszkanów wejherowskich — zapoznany zabytek historiografii klasztornej z połowy XVII wieku // Studia Polonistyczne. T. V. 1977. S. 49—65.
[19] O. Grzegorza Gdańskiego Kronika klasztoru Franciszkanów Ściślejszej Obserwancji w Wejherowie w latach 1633—1676. Wejherowo, 1996.
[20] Гімназійныя часы Герарда Лябуды не абмежаваліся знаёмствам толькі з літаратурай — свядомыя педагогі ладзілі вучням і шматлікія падарожжы ў гістарычныя мясціны: Вільню, Валынь, Крамянец, Збараж…
[21] Выйшла ў серыі „Annales Missiologicae“: R. IX. 1937. S. 201—435. Напісана ў адказ на прапанову Лявона Кочага, у 1943 г. стала фармальнай падставай магістарскай ступені ў канспірацыйных універсітэцкіх умовах.
[22] Magdeburg i Poznań (Założenie arcybiskupstwa magdeburskiego i biskupstwa poznańskiego na tle wschodniej polityki misyjnej Ottona Wielkiego) // Roczniki Historyczne. R. XIV. 1938. Zeszyt 2. S. 185—238 (рэцэнзію Караля Бучка гл. у: Kwartalnik Historyczny. R. LIII. 1939. Nr 1. S. 81—84). Гэтае даследаванне стала падставай доктарскай ступені, таксама ў падпольным Універсітэце заходніх земляў.
[23] Kisielewski J. Ziemia gromadzi prochy. Poznań, 1939; гл. таксама: Labuda G. Jak powstawaіa książka Józefa Kisielewskiego „Ziemia gromadzi prochy“ // Zapiski kaszubskie, morskie i pomorskie. Wybór pism. Gdańsk, 2000. S. 425—440.
[24] Labuda G. Tygodnik konspiracyjny Armii Krajowej Ziemi Pińczowskiej // Kubin J. Powstańcze reportaże z Żoliborza ze wspomnieniami K. Dunin–Wąsowicza i G. Labudy. Warszawa, 2004. S. 8.
[25] Гэта было звязана з удзелам яго сыноў у студэнцкіх хваляваннях 1968 г. Яшчэ пазней, пад час ваеннага становішча, калі сыны былі пазбаўлены волі, улады раілі Лябуду згадзіцца на высокую пасаду ў Патрыятычным руху нацыянальнага адраджэння, прапануючы ўзамен „абаліцыю“. Лябуда не прыняў прапановы.
[26] Займаў гэтую пасаду на працягу 33 гадоў, да самага выхаду на пенсію ў канцы 1986 г.
[27] Гл.: Kronika Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu za lata akademickie 1962/63—1964/65 za rektoratu prof. dra Gerarda Labudy. Poznań, 1967; Kosman M. Historyk i organizator życia naukowego. W 60–lecie urodzin i w 40–lecie pracy naukowej profesora Gerarda Labudy // Kronika Wielkopolski. 1976. Nr ѕ. S. 97—104; Kwilecki A. Instytut Zachodni w pięćdziesięcioleciu 1944—1994. Sprawy i ludzie // Przegląd Zachodni. 1994. Nr 3. S. 1—26; Gerard Labuda — Doctor Honoris Causa Uniwersytetu Szczecińskiego. Szczecin, 2003.
[28] Labuda G. Rola i zadania uniwersytetu w nowoczesnej organizacji nauki. Poznań, 1962. Апублікавана, распачынае дзейную і сёння серыю УАМ „Wykłady inauguracyjne“.
[29] Olszewski H. Między nauką a polityką: Instytut Zachodni w latach 1944—2004 // Przegląd Zachodni. R. LX. 2004. Nr 2(311). S. 16.
[30] Гл. пра гэта: Kosman M. Z rozważań nad kulturą polityczną w Polsce. Część druga. Poznań, 2001. S. 69—84; idem. Wojciech Jaruzelski wobec wyzwań swoich czasów. O kulturze politycznej w Polsce przełomu tysiącleci. Poznań, 2003; Kwiatkowski S. Przy półokrągłom stole z g enerałem Wojciechem Jaruzelskim. Tyczyn, 2003.
[31] Rada Konsultacyjna przy Przewodniczącym Rady Państwa 1986—1987 (далей: RK I). Warszawa, 1988. S. 31—33.
[32] RK I. S. 32.
[33] RK I. S. 387.
[34] Тая самая тэма была закранута больш чым дзесяццю гадамі пазней — калі ўжо Польшча „здабыла незалежнасць“, як абвяшчаюць прадстаўнікі новага палітычнага „класа“, — у вобразным апісанні шматлікіх прыхільнікаў Кліа ў ролі настаўнікаў пры адсутнасці слухачоў (класы з пустымі лавамі): Janusz Tazbir. Silva rerum historicarum. Warszawa, 2002. S. 341 nn.
[35] RK II. S. 161.
[36] RK II. S. 455.
[37] Labuda G. Polska Akademia Umiejętności po czterdziestoletniej kwarantannie — program pracy // Nauka Polska. 1990. Nr 3—4. S. 33—48.
[38] Historia dyplomacji polskiej (połowa X— XX w.). Naczelna redakcja G. Labudy. T. I: połowa X w. — 1572. Pod red. M. Biskupa. Warszawa, 1980. (Wyd. 2: 1982); T. II: 1572—1795. Pod red. Z. Wójcika. Warszawa, 1982; T. III: 1795—1918. Pod red. L. Bazylowa. Warszawa, 1982.
[39] Historia dyplomacji polskiej (połowa X— XX w.). Naczelna redakcja G. Labudy i W. Michowicza. T. IV: 1918—1939. Pod red. P. Јossowskiego. Warszawa, 1995; T. V: 1939—1945. Pod red. W. Michowicza. Warszawa, 1999.
[40] Гл.: сп. 2.
[41] Бібліяграфія публікацый да 1996 г.: сп. 3, 4.
[42] Nauka, nauczanie, upowszechnianie nauki. Warszawa, 1998. S. 239; Słowiańszczyzna starożytna i wczesnośredniowieczna. Antologia tekstów źródłowych. Poznań, 1999. S. 275.
[43] Zapiski kaszubskie, pomorskie i morskie. Wybór pism. Gdańsk, 2000. S. 503; Kaszubi i ich dzieje. Wyd. 2. Gdańsk, 2000. S. 325.
[44] Die Geschichte des Deutschen Ordens in Preussen. Wirtschaft — Gesellschaft — Staat — Ideologie. Warszawa, 2000. S. 15—290.
[45] Święty Wojciech. Biskup Mкczennik, Patron Polski, Czech i Węgier. Wrocław, 2000. S. 337; Święty Stanisіaw — Biskup Krakowski, Patron Polski. Poznań, 2000. S. 181.
[46] Labuda G. Zadania i cele poznawcze syntezy historii Polski od prawieku do współczesności // Forum Naukowe Wyższej Szkoły Zarządzania i Bankowości w Poznaniu. Prace Historyczno–Politologiczne Instytutu Historii Politycznej. R. IX. Nr 4 (19). 2004. S. 9—109.
[47] Wśród ksiąg. S. 349.
[48] Ibidem. S. 356 n.
[49] Aere perennius. Profesorowi Gerardowi Labudzie dnia 28 XII 2001 roku w hołdzie. Poznań, 2001. S. 358. Гл.: Kosman M. Profesorowi Gerardowi Labudzie w 65–lecie pracy naukowej // Forum Naukowe WSZiB w Poznaniu. Prace Historyczno–Politologiczne. R. VII. 2003. Nr 2(15). S. 255—273; ibidem: O historii i współczesności. Z profesorem Gerardem Labudą rozmawia Jan Zaіubski. S. 276 — 291. Гл. таксама: Stępiński W. Twardszy niż ze spiżu // Przegląd Uniwersytecki. Szczecin, 2002. Nr 4—6 (117—119). S. 32 nn.
[50] Societe Europeenne de Culture we Francji (1961), Historische Kommission у Берліне (1981), New York Acadeny of Science (1993).
[51] Stępiński W. Wniosek promotorski w sprawie nadania Gerardowi Labudzie godności doktora honoris causa Uniwersytetu Szczecińskiego // Gerard Labuda — Doctor honoris causa Uniwersytetu Szczecińskiego. Szczecin, 2003. S. 12.

Наверх

Tags: , ,