БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Павел Лойка (12.07.1958 – 22.10.2010) (Васіль Варонін)

22 кастрычніка 2010 г. пайшоў з жыцця Павел Алегавіч Лойка.

Не стала чалавека, які пакінуў па сабе не толькі багатую гістарыяграфічную спадчыну, але і самую добрую памяць у сэрцах многіх і многіх людзей. Гэтая смерць успрымаецца з асаблівым болем і трагізмам яшчэ і таму, што Павел Алегавіч пакінуў гэты свет у росквіце творчых сіл, поўны планаў і ідэй.

Сын вядомага вучонага-філолага, пісьменніка Алега Антонавіча Лойкі, Павел Алегавіч быў узгадаваны ў атмасферы і на лепшых узорах беларускай гуманістыкі. Ён шчыра любіў людзей і вельмі многім дапамог. Цудоўна валодаў словам і меў талент суразмоўніка: умеў гаварыць і, што не менш важна, слухаць. Лагодны ў адносінах з людзьмі, ён, тым не менш, заўсёды меў сваю пазіцыю і ўмеў яе адстойваць. Павел Алегавіч быў шчодра адораны артыстычнымі здольнасцямі, але справай яго жыцця стала гісторыя.

Павел Лойка нарадзіўся 12 ліпеня 1958 г. у Слоніме. У 1980 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дыпломны праект выканаў пад кіраўніцтвам В. Цяпловай. Паступленне ў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, дзе ў той час існавала моцная школа гісторыкаў-аграрнікаў, у многім прадвызначыла яго цікавасць да гісторыі сялянства і сельскай гаспадаркі — цікавасць, якая не згасала ў яго ніколі. Тэма кандыдацкай дысертацыі (“Феадальная рэнта ў прыватнаўласніцкіх памесцях Беларусі ў другой палове XVI—XVIII ст.”) была парэкамендавана В. Мялешкам, які і стаў яго навуковым кіраўніком. У 1984 г. П. Лойка паспяхова абараніў дысертацыю, якая выйшла ў 1991 г. у выглядзе манаграфіі (“Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII ст.”). Фармулёўка тэмы дысертацыі гучыць цалкам традыцыйна для таго часу, але ўжо па назве манаграфіі можна зразумець, што аўтара цікавіла не толькі рэнта, але і сялянства як сацыяльны пласт. Менавіта сялянства пастаўлена ў загалоўку кнігі на першае месца, і гэта не выпадкова. Сапраўды, кніга напоўнена людзьмі. Так праявілася правіла, якога гісторык цвёрда прытрымліваўся ўсё жыццё: у любых працэсах і з’явах ён бачыў і імкнуўся паказаць людзей. Той жа рысай вылучаюцца і яго супольныя з В. Мялешкам публікацыі, прысвечаныя Крычаўскаму сялянскаму паўстанню і асобе яго правадыра — Васіля Вашчылы. Так непрыкметна і, можа, не да канца ўсвядомлена ў нашай гістарычнай навуцы таксама адбываўся той антрапалагічны паварот, які стаў адным з магістральных кірункаў развіцця еўрапейскай і амерыканскай гістарыяграфіі 2-й паловы XX ст.

Бурлівая мяжа 80 і 90-х гадоў XX ст. стала пераломным часам у развіцці айчыннай гістарычнай навукі, і П. Лойка быў сярод тых, хто ўвасабляў яе новы твар. Адначасова са зменай падыходаў і ацэнак змянялася і тэматыка даследаванняў многіх вучоных. Сярод прыярытэтаў даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага з’явілася палітычная гісторыя гэтай дзяржавы. Да ліку найважнейшых публікацый, дзе ёй было адведзена адпаведнае месца, належыць артыкул В. Мялешкі, З. Капыскага і П. Лойкі “Беларусь у канцы XV — сярэдзіне XVI ст.” у зборніку “Скарына і яго эпоха” (1990). З гэтага часу Павел Алегавіч аддаваў усё большае месца ў сваіх працах тэматыцы палітычнай гісторыі, гісторыі ўладных структур і гісторыі шляхты — саслоўя, якое гэтую ўладу ўвасабляла. Яго манаграфія “Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI — першай трэці XVII ст.” (2002) застаецца ці не адзінай у нас, прысвечанай гэтай важнай тэме.

Павел Лойка быў не толькі прызнаным вучоным-даследчыкам, але і нястомным папулярызатарам айчыннай гісторыі. Доўгі час яго выступленні былі вельмі запатрабаванымі ў прэсе, на радыё, тэлебачанні. Шырокая эрудыцыя, уменне прэзентаваць матэрыял, чалавечае абаянне, патрыятычны настрой — усё гэта прыцягвала ўвагу, прымушала слухаць і верыць. Ён належаў да ліку сапраўды папулярных гісторыкаў, якіх у наш час вельмі мала.

Павел Алегавіч быў сярод тых, каму на пачатку 1990-х было даручана ствараць новыя школьныя падручнікі і пра грамы па айчыннай гісторыі. За вельмі ка рот-кі час ён здолеў падрыхтаваць рукапіс, які быў, ба дай, найлеп шым з усёй гэтай серыі (Гісторыя Белару сі: Вучэбны дапаможнік для 7 класа сярэдняй школы. Мінск, 1993). З таго часу выкладанне айчыннай гісторыі і педагагічная праца рабіліся ўсё больш важным кірункам дзейнасці даследчыка. У 1994 г. ён перайшоў на працу на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ўзначаліў зноў створаную кафедру гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў. Студэнты атрымалі магчымасць наведваць заняткі такіх вядомых спецыялістаў, як Г. Галенчанка, В. Голубеў, У. Емяльянчык, Г. Сагановіч, што пачалі супрацоўнічаць з кафедрай. І, зразумела, заняткі самога Паўла Алегавіча, выдатнага лектара. Яго аўтарытэт сярод выкладчыкаў і студэнтаў быў непахісным.

Выкладчыцкая дзейнасць П. Лойкі суправаджалася стварэннем шэрагу навучальных дапаможнікаў і іншых навукова-метадычных выданняў як для студэнтаў, так і для школьнікаў. Тым не менш, ён працягваў актыўна працаваць і ў навуковай галіне. Да ліку найбольш прыкметных публікацый, падрыхтаваных вучоным у гэты перыяд, належаць раздзелы ў акадэмічных абагульняльных выданнях: 1-м томе трохтамовай “Гісторыі сялянства Беларусі” (1997) і 2-м томе шасцітамовай “Гісторыі Беларусі” (2008). Гэтыя раздзелы тэматычна вельмі розныя. У першым выпадку зроблена пэўнае падсумаванне ранейшых прац аўтара па сялянскай праблематыцы. У другім — акрэслены погляд гісторыка на пытанні, якія ён распрацоўваў цягам пазнейшага часу: органы ўлады і кіравання Вялікага Княства Літоўскага, склад і дзейнасць прадстаўнічых інстытутаў шляхты (сойм), унутраная палітыка вялікіх князёў літоўскіх. Аднак у абодвух выпадках выразна заяўлена аўтарская пазіцыя, відаць пазнавальны аўтарскі стыль.

Апошнія гады жыцця былі нялёгкімі для Паўла Алегавіча. Уласныя хваробы, смерць бацькі і іншае не зламілі яго, хоць і паскорылі заўчасны сыход. Нам жа, шматлікім калегам, вучням, проста сябрам засталася яго вя лі кая навуковая спадчына і памяць — памяць пра выдатнага гісторыка і светлага чалавека.

Васіль Варонін

Тэгі: