Новы нумар


Пра месца палякаў у навачаснай гісторыі Беларусі (Станіслаў Рудовіч)


* Смалянчук, Аляксандр Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. / Пад рэд. С.Куль-Сяльверставай. Гродна: ГрДУ, 2001. 322 с.

Перапісам 1897 г. на тэрыторыі пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі (Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай) было зафіксавана 424,2 тыс. чалавек (5% насельніцтва рэгіёна), якія лічылі сваёй роднай мовай польскую. На тэрыторыі, прыкладна адпаведнай сучаснай Рэспубліцы Беларусь, жылі 156,5 тыс. (2,4%) польскамоўных насельнікаў. Але гэта — мінімальныя лічбы, якія акрэсліваюць самае ўстойлівае „нацыянальнае ядро” мясцовай польскай супольнасці. Рэальна польская прысутнасць на беларускіх землях была прыкметна большай, бо пад польскім асіміляцыйным уплывам у той або іншай ступені знаходзілася вялікая частка беларускамоўных каталікоў, з-за чаго ў максімальным выражэнні колькасць „польскага элемента” на Беларусі магла дасягаць 838,9 тыс. чалавек (13% насельніцтва). На тэрыторыі ўсяго Беларуска-Літоўс кага краю (пяць беларускіх губерняў плюс Ковенская) у канцы ХIХ ст. жылі, паводле моўнага крытэрыю, 563,8 тыс. палякаў (5,6% насельніцтва), а з улікам канфесійнай прыналежнасці — да 1612,3 тыс. (16,3%). Калі ўзяць пад увагу, што палякам належала ў Беларусі і Літве больш за палову прыватнай зямельнай уласнасці, прыгадаць высокі працэнт сярод іх дваранства і немалы па тагачасных мерках узровень пісьменнасці, — становіцца відавочным: без вывучэння ролі палякаў у сацыяльна-эканамічных, палітычных, этнанацыянальных, культурных працэсах навуковыя веды пра гісторыю Беларусі не могуць быць поўнымі.

Між тым, да пачатку 1990-х г. айчыннымі гісторыкамі гэтая тэматыка спецыяльна амаль не распрацоўвала ся. Прыярытэт яе „адкрыцця” ў беларускай гістарыяграфіі належыць Аляксандру Смаленчуку, які рупліва і плённа займаецца ёю больш за дзесятак гадоў. Рэцэнзаваная кніга — важкае падсумаванне, спроба сінтэзу ўсіх папярэдніх напрацовак. „Вызначэнне месца палякаў у беларускай гісторыі ХIХ — пачатку ХХ ст.”, — так сфармулявана аўтарам ключавая праблема даследавання. Праўда, як і ў выдадзенай годам раней манаграфіі[1], асноўная ўвага засяроджваецца на гісторыі польскага грамадска-палітыч нага руху, г.зн. цэнтральным аб’ектам даследавання застаецца эліта палякаў Беларусі і Літвы. Але храналагічныя рамкі ў новай кнізе істотна пашыраны, прычым фактычна манаграфія ахоплівае не толькі абазначаныя ў назве 1864—1917 г., але і першую палову ХIХ ст. Апрача таго, закранаючы праблему „радаводу” (этнагенэзу) „літоўскіх палякаў”, аўтар робіць экскурс і ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага. Тэматычны абсяг працы таксама шырэй заяўленага: уласна польскія сюжэты разглядаюцца ў цеснай узаемасувязі з літоўскімі і асабліва беларускімі, пры гэтым А.Смалянчук уводзіць ва ўжытак выключна цікавыя і важныя факты з гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

Уражвае колькасць, разнастайнасць, а таксама „геаграфія” крыніц, на якіх грунтуецца даследаванне. Гэта — каля 150 адзінак захавання з архівасховішчаў Мінска, Горадні, Вільні, Варшавы, Кракава, Любліна, Вроцлава, Масквы і Санкт-Пецярбурга, больш за 70 гадавых камплектаў газет, каля 90 дакументальных публікацый. Бібліяграфія навуковых прац, выкарыстаных аўтарам, налічвае каля 200 пазіцый. Нават чыста фармальная сістэматызацыя такога багатага матэрыялу патрабуе пэўных намаганняў. Вырашаючы гэтую задачу, аўтар аддаў поўную перавагу храналагіч наму прынцыпу, што ў цэлым сябе апраўдала, хоць у другім раздзеле манаграфіі, магчыма, больш эканомным быў бы тэматычна-храналагічны падыход. Не выглядае бясспрэчнай і перыядызацыя гісторыі польскага руху паміж рэвалюцыямі 1905—1907 і 1917 г. паводле выбарчых кампаній у Дзяржаўную думу Расіі. Як канстатуе сам аўтар (с.198), прынцыповай розніцы ў працы польскіх дэпутатаў у III і ў першыя гады IV Думы не назіралася, не змянілася з выбраннем апошняй Думы і становішча польскай супольнасці на Беларусі і Літве. Відавочна, больш істотным рубяжом стаў пачатак Першай сусветнай вайны, якая сапраўды кардынальна перайначыла ўнутры- і знешнепалітычную сітуацыю ўвогуле, а для палякаў — асабліва.

Але, зразумела, галоўнае ў навуковым даследаванні — не сістэматызацыя эмпірычнага матэрыялу, а яго інтэрпрэтацыя, канцэптуальнае асэнсаванне. У гэтым плане А. Смаленчуку давялося сутыкнуцца з няпростымі праблемамі метадалагічнага характару. Каб разабрацца ў складаным і зменлівым перапляценні этнанацыянальных працэсаў на Беларусі і Літве ў эпоху, калі адбываліся інтэнсіўныя пошукі „тутэйшым” насельніцтвам сваёй нацыянальнай тоеснасці, неабходна было выпрацаваць уласнае разуменне ролі ў гэтых працэсах аб’ектыўных і суб’ектыўных чыннікаў, механізму іх узаемадзеяння, вызначыць змест і аб’ём асноўных аналітычных катэгорый, базавымі сярод якіх з’яўляюцца паняцці этнасу і нацыі. Пазіцыя А.Смаленчука досыць узважаная. Яго не спакушаюць папулярныя сёння канструктывісцкія тэорыі, якія выводзяць этнічныя і нацыянальныя супольнасці з сферы рэальнасці, абвяшчаючы іх інтэлектуальнымі канструкцыямі, феноменамі мыслення. Хоць аўтар падкрэслівае ролю ў фармаванні этнасаў і нацый фактару калектыўнай самасвядомасці, г. зн. суб’ектыўнага моманту, ён, тым не менш, лічыць патрэбным сцвердзіць, што „суб’ектыўны характар этнічнай ідэнтыфікацыі падтрымліваецца аб’ектыўнымі фактарамі, да якіх трэба аднесці мову, веравызнанне, эканамічныя сувязі, культуру, тэрыторыю ды інш.”(6).

Нельга таксама не падзяліць скепсісу аўтара адносна спадзяванняў на універсальнасць пэўных тэарэтычных мадэляў, якія нібыта могуць быць прыдатнымі для ўсіх рэгіёнаў, цывілізацыйных зон і г. д. Паказальна, што сучаснае расійскае грамадазнаўства, перажыўшы ў 90-х г. чарговую паласу „дыфузіі замежных ідэй”, пачынае ўсведамляць патрэбу не механічнага праецыравання „зверху” заходняга погляду на незаходнія арэалы і рэаліі, а выбудоўвання тэорыі „знізу”, на аснове вопыту і рэчаіснасці той часткі свету, да якой належыць уласная краіна[2].

Шляхам канкрэтна-гістарычнага аналізу ідзе ў рэцэнзаванай манаграфіі і А.Смалянчук. Дзеля мэтаў свайго даследавання ён прапануе „аперацыянальныя” (рабочыя) вызначэнні этнасу і нацыі. Прынцыповае адрозненне нацыі ад данацыянальнай этнічнай супольнасці аўтар бачыць у наяўнасці нацыянальнай свядомасці. Такім чынам, нацыя, паводле А.Смаленчука, — гэта „сацыяльная група, прасякнутая нацыянальнай свядомасцю, складовымі якой з’яўляюцца ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, адметнасці ўласнай культуры, мовы, рэлігіі і палітычнай гісторыі, уяўленне пра ўласную этнічную тэрыторыю” (7). Аўтар перакананы, што дадзеная дэфініцыя прыдатная да палякаў, літоўцаў і беларусаў канца ХIХ — пачатку ХХ ст. (142). Але ці сапраўды яна „працуе” ў дачыненні да названага перыяду, калі фактычна толькі пачыналася ўкараненне нацыянальнай свядомасці ў шырокія масы? Прынамсі, з ліку шматмільён нага беларускага насельніцтва высокім крытэрыям, якія сфармуляваў даследчык, у той час адпавядалі хіба што выдаўцы і падпісчыкі газеты „Наша Ніва”… Сітуацыю не выратоўвае аўтарская агаворка, што, „каб быць нацыяй”, дастаткова і адной (!?) з пералічаных характарыстык (7). На нашу думку, апошняе сцверджанне не вытрымлівае крытыкі. Хоць бы таму, што ў такім разе адзінай нацыяй трэба было б лічыць, напрыклад, усіх каталікоў Усходняй Еўропы, паколькі можна казаць пра ўсведамленне імі адметнасці ўласнай рэлігіі. Заўважым таксама, што спробы дэфініцый робяцца ў рамках „этнічнай” канцэпцыі нацыі. Між тым, на старонках манаграфіі пастаянна прысутнічае і т. зв. „палітычная” („грамадзянская”) нацыя (пра што — ніжэй), але які змест укладваецца аўтарам у гэтае паняцце, на жаль, выразна не патлумачана.

Лягчэй паддаецца аналізу семантыка этнанімічнай, палітанімічнай і г. д. наменклатуры. А.Смалянчук вельмі падрабязна і (што важна) у дынаміцы разглядае суадносіны паміж тэрмінамі „палякі”, „літоўскія палякі”, „беларускія палякі”, „ліцвіны”, „палона-ліцвіны”, „ліцвіна-палякі”, „ліцвіна-беларусы” і іншыя, нібы імкнучыся вычарпаць „да дна” іх сэнсавае напаўненне. Пераканаўча паказана, што на працягу ХIХ ст. пад уздзеяннем нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе (якія разгортваліся паводле „этнакультурнай” мадэлі), пераменаў у палітыцы расійскага ўрада, нарастання літоўскага і беларускага рухаў тэрмін „паляк” паступова эвалюцыянаваў ад палітычнага (грамадзянін Рэчы Паспалітай), канфесійнага (каталік), станавага (шляхціч) да этнічнага значэння. Паралельна ўсё больш выразныя этнічныя канатацыі набывалі і тэрміны „ліцвін” („літовец”), „беларус”. Але, відавочна, у перыяд, якому прысвечана кніга, гэтая эвалюцыя не закончылася, што адлюстроўвала незавершанасць працэсаў нацыяўтва рэння і звязаную з гэтым размытасць, супярэчлівасць, „шматслойнасць” нацыянальных ідэнтычнасцяў.

Стрыжнёвай лініяй, вакол якой канцэнтруецца маса сабраных у кнізе эмпірычных фактаў, выказванняў іншых даследчыкаў і ўласных разважанняў аўтара, з’яўляецца гісторыя „польскага пытання” ў Беларусі і Літве ў ХIХ— пачатку ХХ ст. Пад „польскім пытаннем” у беларускай гісторыі А.Смалянчук разумее „змаганне палітычнай і культурнай эліты гістарычнай Літвы за захаванне традыцыяў уласнага палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага і рэлігійнага ладу жыцця” (59). Канкрэтызуючы, аўтар вылучае ў гісторыі „польскага пытання” тры этапы: 1) канец XVIII — першая трэць ХIХ ст., калі пераважала змаганне за адраджэнне Рэчы Паспалітай, якая ўяўлялася мясцовай эліце федэратыўнай дзяржавай (37); 2) 1830—60-я г. — барацьба супраць палітыкі русіфікацыі, г. зн. супраць палітычнай дэпаланізацыі і культурнай асіміляцыі Беларусі (51); 3) апошняя трэць ХIХ (і пачатак ХХ?) ст. — намаганні „літоўскіх палякаў” захаваць уласныя эканамічныя і культурныя пазіцыі і паступова вярнуць страчаны палітычны ўплыў на развіццё Беларуска-Літоўскага краю” (52). У дадзеным кантэксце адзначаецца, што ўжо з першай трэці ХIХ ст. „польскае пытанне” ўключала пачаткі беларускага і літоўскага пытанняў. Апошнія ўзніклі на глебе т.зв. „ліцвінства” як адносна аўтаномнай часткі польскага (а, па-сутнасці, „рэчпаспалітаўскага”) патрыятызму. У межах „ліцвінскай культурнай традыцыі” (паняцце, уведзенае С.Куль-Сяль верставай, досыць прадуктыўнае) адбывалася беларускае (як і літоўскае) „культурнае назапашванне”: выданне беларускіх лемантароў, з`яўленне беларускамоўных твораў Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча і г.д. З другога боку, царская палітыка русіфікацыі, скіраваная найперш супраць „польскасці” ў Беларусі, паспрыяла афармленню „заходнерускай традыцыі”, у рамках якой таксама адбывалася беларускае „культурнае назапашванне”: дзейнасць І.Грыгаровіча, В.Турчыновіча, П.Шпілеўскага і інш. У суіснаванні дзвюх традыцый аўтар слушна бачыць праяву цывілізацыйнага разлому, што праходзіў праз Беларусь: „ліцвінства” мела цягу да каштоўнасцяў заходнееўрапейскай каталіцка-пратэстанц кай культуры, „заходнерусізм” быў пэўным увасабленнем усходнееўрапейскай праваслаўнай цывілізацыі (41—42). Пры такім падыходзе паводле глыбіннай сутнасці „польскае пытанне” ў гісторыі Беларусі акрэсліваецца як цывілізацыйны канфлікт, які на паверхні і выступаў у выглядзе барацьбы паміж мясцовай элітай і расійскай імперскай адміністрацыяй за альтэрнатыўныя варыянты яго вырашэння: або вяртанне Беларусі разам з Літвой у адноўленую Рэч Паспалітую (пры верагоднасці некаторай аўтаноміі ВКЛ), або поўная інкарпарацыя ў агульнаімперскі арганізм.

З-за таго, што абедзве сілы былі не ў стане хутка навязаць уласную альтэрнатыву, барацьба мела зацяжны характар. Магчыма, якраз у гэтым палягаў той „шанец” для беларусаў, пра які піша А.Смалянчук (42). Бо падобна, што абсалютная перамога аднаго з бакоў пазбаўляла беларусаў перспектывы стаць на шлях самастойнага развіцця (31, 44). (Ва ўсякім разе, дадзеная перспектыва станавілася б яшчэ больш праблематычнай.) Факт даволі позняга з’яўлення ўласна беларускай культурнай традыцыі можа сведчыць на карысць такога дапушчэння. Прычым наўрад ці нараджэнне гэтай традыцыі магчыма адназначна звязаць з якой-небудзь асобнай падзеяй. Прынамсі, на ролю пункту адліку для беларускай культурнай традыцыі, відавочна, не „цягне” выданне народніцкага гектаграфічнага часопіса „Гомон” (выйшаў, да таго ж, не па-беларуску) (45). Пецярбургскія выданні беларускіх народнікаў 1880-х г. сталі першай акрэсленай палітычнай маніфестацыяй беларускай ідэі, аднак, паводле слушнага назірання Р.Радзіка, яны „не пакінулі пасля сябе ні непасрэдных прадаўжальнікаў, ні выразных слядоў у свядомасці стваральнікаў беларускасці перадрэвалюцыйнага перыяду”[3]. Так што адлік паўнавартас най беларускай культурнай традыцыі давядзецца пачынаць з яшчэ больш позняга часу — першых дзесяцігоддзяў ХХ ст., калі з’явіліся сталая беларуская перыёдыка, кнігадрукаванне, тэатр, ажыццяўляліся спробы стварэння беларускага школьніцтва. Пры гэтым не будзем забываць, што са з’яўленнем уласна беларускай традыцыі не сышлі з гістарычнай арэны ні „заходнерусізм”, ні „ліцвінства”.

На пачатку ХХ ст. ліцвінская традыцыя знайшла сваё палітычна-ідэалагічнае ўвасабленне ў т. зв. краёвасці. Стараннае і ўсебаковае даследаванне гэтага феномену, што з’яўляецца цэнтральнай тэмай многіх публікацый А.Смаленчука, — самы значны яго даробак у беларускую гістарыяграфію. У новай кнізе гісторык палемізуе з Я.Мірановічам (4) і А.Латышонкам (108—109), якія паставілі пад сумнеў наяўнасць у краёўцаў колькі-небудзь самастойнай (адрознай ад „польскай палітыкі”) і лагічнай праграмы дзеянняў. На думку А.Смаленчука, прыхільнасць многіх краёўцаў да ідэі польска-літоўскай уніі тлумачыцца толькі тым, што ў гэтым яны бачылі адзіны магчымы шлях дасягнення „самастойнасці” Беларуска-Літоўскага краю як раўнапраў нага партнёра Польшчы (108). Відавочна, на ўзроўні дэкларацый сапраўды так выглядала. Але (як пераконваюць шматлікія факты з манаграфіі) логіка практычнай палітыкі і самаідэнтыфікацыя большасці краёўцаў з польскай культурай няўхільна штурхалі іх у фарватэр польскай нацыяналь на-палітычнай ідэі і збліжэння з яе галоўнымі выразнікамі — нацыянальнымі дэмакратамі (эндэкамі). Вядома, не ўсе адразу паддаваліся гэтай тэндэнцыі, бо, паводле красамоўнага сведчання М.Ромэра, паняцце „краёўцы” „не азначае ні партыі, ні адзінай праграмы. Можна нават сказаць, што колькі «краёўцаў», столькі розных праграмаў” (123).

І ўсё ж А.Смалянчук знаходзіць тое агульнае, што аб’ядноўвала гэты разнастайны кангламерат. На яго думку, „стрыжнем” краёвай ідэалогіі з’яўляецца „ідэя палітычнай нацыі” (105, 112—113 і інш.). Гэтую ідэю даследчык кладзе ў падмурак сваёй канцэпцыі і нават, адчуваецца, мае да яе некаторы „сантымент”. Праўда, нельга пазбыцца ўражання, што яна ўяўляла немалы клопат як для саміх краёўцаў, так і для іх гісторыка. Пэўным чынам азадачвае яна і чытача.

Як ужо скзана, аўтар канцэнтравана не фармулюе сваіх тэарэтычных уяўленняў аб палітычнай (грамадзянскай) нацыі. Таму ў прынцыповым плане застаецца адкрытым пытанне: якую ролю пры фармаванні такой супольнасці адыгрываюць культурныя, этнамоўныя фактары? Якія перспектывы акрэсліваюцца для культурных сістэм тых этнасаў, што мусяць быць пераплаўленыя ў горне палітычных (грамадзянскіх) нацый? На эмпірычным узроўні высвятляецца, што пад палітычнай нацыяй краёўцы разумелі ўсіх, хто ўсведамляў сябе „грамадзянамі Краю” (г. зн. тэрыторыі былога ВКЛ) „незалежна ад этнічнага паходжання і культурнай арыентацыі” (105). На практыцы краёўцы прызнавалі роўнасць палякаў, беларусаў і літоўцаў як карэнных жыхароў Беларусі і Літвы. Часам да гэтага пераліку далучалі латышоў. Наконт яўрэяў ужо ўзнікалі сумненні (105). Відавочна, не было яснасці адносна велікарусаў. Выглядае таксама, што і ўключэнне ўсяго беларускага праваслаўнага масіву ў склад „краёвай” нацыі не ўяўлялася аксіёмай. Ва ўсякім разе, адзін з ідэолагаў краёвасці Б.Ялавецкі прапаноўваў утварэнне Літоўскай правінцыі ў межах ВКЛ 1790 г. (114), г. зн. без вялікай часткі Віцебшчыны і Магілёўшчыны. (Як бачым, праекты краёўцаў дапускалі падзел беларускай этнічнай тэрыторыі.)

Тым не менш, людскі рэсурс, з якога меркавалі вылепіць нацыю, заставаўся даволі стракатым паводле моўных і сацыяльна-класавых характарыстык. Які чыннік павінен быў сцэментаваць у адзінае цэлае ўсе гэтыя разнародныя элементы? Лічыцца, што ў „класічных” выпадках станаўлення палітычных нацый (Англія, Францыя, ЗША) кансалідуючай сілай выступіла дзяржава і сфармаваная ў яе рамках грамадзянская супольнасць. У Беларусі і Літве эпохі краёўцаў уласнай дзяржаўнасці не існавала ўжо больш за сотню гадоў. Ад яе засталіся адны ўспаміны, ды і то, бадай, толькі ў асяроддзі шляхты. Якраз гэтыя ўспаміны („гістарычная памяць”) і мусілі стаць фундаментам „краёвай” нацыі (105)… Пытанне, амаль рытарычнае для даследчыка: ці маглі гістарычныя ўяўленні 1/20 часткі насельніц тва (няхай сабе і эліты) стаць настолькі моцным „інтэгратарам”, які б перакрыў усе культурныя і сацыяльныя падзелы? Пры фармаванні нацый Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы менавіта таму і выйшлі на першы план этнакультур ныя, моўныя фактары (якія спрыялі ўмацаванню і сацыяльна-эканамічных сувязяў унутры краіны), што тут гэтыя працэсы не маглі абаперціся на сілу дзяржавы (а часта — і ўспамінаў аб ёй)[4].

Праблеме суаднясення краёвай і этнанацыянальнай ідэй, узаемадачыненняў паміж краёвасцю і этнапалітыч нымі рухамі (польскім, беларускім, літоўскім) прысвечана шмат старонак рэцэнзаванай кнігі. І ўсё ж застаецца вялікая прастора для пытанняў і рэфлексій. З манаграфіі А.Смаленчука бачна, што краёўцы ахвотна гаварылі пра будучую „краёвую згоду” (118), „добрасуседскае суіснаванне” (118), „узаемакарыснае сужыццё” (208) розных народаў рэгіёна. Меркавалася, што такая перспектыва будзе забяспечана „развіццём дэмакратыі пасля вызвалення ад расійскага панавання” (208).

Між тым, развіццё прававой дзяржавы і грамадзянс кай супольнасці больш паспяхова адбываецца ва ўмовах адноснай этнакультурнай аднароднасці і так ці інакш утрымлівае тэндэнцыю да нівелявання культурных адрозненняў. Вядомы нямецкі філосаф Ю.Хабермас, будучы паслядоўным апанентам „этнічнай” мадэлі нацыі, тым не менш прызнае, што станаўленне заходнееўрапейскіх „палітычных” нацый (Францыя, Англія, Партугалія, Іспанія, Швецыя), пачаўшыся на шматэтнічнай аснове, урэшце прывяло да „фармавання культурнай і этнічнай гамагеннасці, дзякуючы якой з канца XVIII ст. змагла ажыццявіцца дэмакратызацыя дзяржаўнай сістэмы — хоць, вядома, цаной падаўлення і ізаляцыі нацыянальных меншасцяў”[5]. Іншы перакананы праціўнік „этнічнага” нацыяналізму, расійскі этнолаг В.Цішкоў таксама пагаджаецца, што хоць нацыя — гэта суграмадзянства, „але не проста механічнае сумяшчэнне па-за культурнай сістэмай і каштоўнасцямі жыхароў адной дзяржавы. Любая нацыя і дзяржаўнасць як сацыяльная групоўка фармуецца вакол і на аснове пэўнай культурнай сістэмы […], вакол пэўнай так званай рэферэнтнай культуры, альбо стварае гэткую на новай аснове. У брытанскай нацыі такой культурнай асновай з’яўляецца англійскі элемент культуры. У іспанскай — кастыльскі […]. У Расіі такой рэферэнтнай культурай служыць культура і мова рускіх як дамінавальнай (перш за ўсё ў дэмаграфічным аспекце) этнічнай групы”[6]. Сучасная сацыялагічная думка пераадоль вае грубае супрацьстаўленне „добрага” грамадзянскага нацыяналізму і „кепскага” этнічнага, бо ў рэальнасці абедзве мадэлі нацыі звычайна накладваюцца адна на адну. Ігнараванне культурнага кампанента нацыянальнай ідэнтычнасці, па-сутнасці, з’яўляецца падтрымкай дамінацыйнай (зусім не абавязкова ў дэмаграфічным сэнсе) культуры; выбар паміж „этнічнай” і „палітычнай” мадэлямі нацыі на справе аказваецца выбарам паміж рознымі культурнымі традыцыямі[7].

Таму перад гісторыкам краёвасці не можа не паўстаць пытанне: ці разумелі яе прыхільнікі гэтую дыялектыку? А калі разумелі, то якой з мясцовых культур адводзілі ролю „реферэнтнай”? Якія перспектывы вызначалі для астатніх? Якім чынам збіраліся ў шматкультурным краёвым саюзе здымаць этнічную напружанасць? І дзе пралягала мяжа паміж „этнічным шавінізмам” (207, 209, 210) — з аднаго боку, і „этнакультурнымі патрабаваннямі беларускага і літоўскага рухаў” (181), „нацыянальна-культурным Адраджэннем беларусаў і літоўцаў” — з другога? Цалкам усведамляючы, што феномен краёвасці не паддаецца адназначным характарыстыкам, правамерна ўсё ж зірнуць на яго і ў такім ракурсе: у якой ступені яна была ліберальна-дэмакратычнай альтэрнатывай „ваяўнічаму нацыяналізму” (119), а ў якой — праявай данацыянальнага касмапалітызму тутэйшай шляхты, яе кансерватыўным адказам на гістарычныя „выклікі” эпохі мадэрнізацыі? Які пачатак пераважваў?

Зразумела, узнікненне краёвай ідэалогіі ў многім прадвызначалася шматэтнічным характарам шасці беларуска -літоўскіх губерняў пры адсутнасці сярод этнічных груп выразнага лідэра. Але пры змяненні „фармату” падлікаў такія лідэры з’яўляюцца: на Ковеншчыне і ў паўночных паветах Віленскай губерні гэта літоўцы, на астатняй тэрыторыі — беларусы. Толькі кантактная зона — Вільня і Віленскі край — заставалася, як вобразна піша аўтар, „сапраўдным этнічным карнавалам, дзе адсутнічалі выразныя этнічныя межы, дзе ў залежнасці ад жыццёвых абставінаў маска станавілася тварам і наадварот” (211). Відавочна, атмасфера найперш гэтага рэгіёну, а не ўсёй Беларусі і Літвы, сілкавала краёвы рух.

Тым часам літоўскія палітыкі (і ў пачатку, і ў канцы ХХ ст.) спаўна скарысталі наяўнасць адносна гамагеннага літоўскага арэалу і (услед за палякамі) рашуча паставілі на этнічны фактар. У выніку, як гэта знешне ні парадаксаль на, — літоўцы сёння ўшчыльную наблізіліся да стандартаў еўрапейскіх „грамадзянскіх” нацый.

Пачынальнікі беларускага руху ішлі іншым шляхам. Дзякуючы даследаванням А.Смаленчука дакументальна вызначана іх шматгадовая прыхільнасць да краёвасці з яе ідэяй супольнай беларуска-літоўскай дзяржаўнасці. Пра гэта сведчыць цэлы шэраг новых для беларускай гістарыяграфіі сюжэтаў, распрацаваных аўтарам на падставе польскіх і літоўскіх крыніц: аб польска-літоўска-беларуска-яўрэйскіх кантактах у першыя гады ХХ ст. (120); аб масонскіх ложах у 1910—1916 г. (173-176, 228-230), у якіх бралі ўдзел браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, І Краскоўскі; аб віленскіх перыёдыках на польскай („Kurier Krajowy”, 1912—1914 г.) і рускай („Вечерняя газета”, 1912—1915 г.) мовах, якія выдаваліся беларускімі актывістамі (195—196, 206—207); аб удзеле беларусаў у арганізацыях Саюза аўтанамістаў-федэралістаў напярэдадні Першай сусветнай вайны (212—213) і інш. Працяглая арыентацыя беларускага руху на ідэю агульнакраё вай „палітычнай” нацыі ў многім тлумачылася цяжкасцямі фармавання масавай сацыяльнай базы на этнанацыяналь най аснове (прычынамі гэтага былі меншая культурна-моў ная дыстанцыя паміж беларусамі і велікарусамі, масіраваная русіфікацыя, асімілятарская роля праваслаўя і г.д.). Безумоўна, нельга не пагадзіцца з А.Смаленчуком наконт таго, што ўдзел беларускіх адраджэнцаў у краёвым руху меў нямала плюсаў: краёвасць дазваляла пашырыць грамадскае прызнанне беларускага руху, залучыць у яго частку паланізаванай і русіфікаванай эліты, наладзіць сувязі з іншымі палітычнымі сіламі краю. Але наўрад ці краёвая ідэя магла стымуляваць палітычную мабілізацыю масаў беларускамоў нага насельніцтва. Не абыякавае для беларускага гісторыка і такое пытанне: працяглая „зрошчанасць” беларускага руху з краёвасцю спрыяла выкрышталізацыі беларускай ідэнтычнасці ці, наадварот, растварала яе ў агульнакраёвай?

Так ці інакш, матэрыялы кнігі А.Смаленчука пераканаўча даводзяць, што краёвасць з яе ідэяй „палітычнай” нацыі не вытрымала экзамену на трываласць і разбілася пры першых сур’ёзных выпрабаваннях у гады сусветнай вайны. Як бы мы сёння да гэтага ні ставіліся, але новыя дзяржавы ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе ўзніклі на грунце этнанацыянальнай ідэі. Менавіта гэтая ідэя ляжала ў падмурку легітымнасці БНР, ускосным чынам таксама Беларускай ССР як бальшавіцкай алюзіі на БНР, а значыць — і сучаснай Рэспублікі Беларусь (хоць апошняя ўслед за БССР не лічыць патрэбным „памятаць” пра гэта). Цяперашнія пошукі альтэрнатывы для той мадэлі беларускай нацыі, якая гістарычна склалася і „этнічнай субстанцыяй” (Дж. Хоскінг)[8] якой з’яўляецца беларускі этнас, не вымагаюцца навуковай патрэбай і не спрыяюць умацаванню і без таго дэзарыентаванай гістарычнай свядомасці грамадства. Як не выглядае дастаткова карэктнай і экстрапаляцыя віленскіх абставін пачатку ХХ ст. на сённяшнія беларускія рэаліі[9].

…Вяртаючыся да ключавой праблемы рэцэнзаванай працы — пра месца палякаў у гісторыі Беларусі ХIХ—ХХ ст. — падкрэслім, што ў асобе А.Смаленчука, які сабраў, сістэматызаваў і грунтоўна прааналізаваў велізарны па аб’ёме і надзвычай каштоўны матэрыял, беларуская гістарыяграфія зрабіла істотны крок да яе спасціжэння. Праўда, сам аўтар пазбягае фармулявання канчатковага адказу на пытанне, пастаўленае на пачатку кнігі. Магчыма таму, што логіка развіцця навукі высвечвае новыя грані праблемы. Напрыклад, паказвае неабходнасць вывучэння не толькі дзейнасці эліты, але ўсёй супольнасці „беларускіх палякаў” у яе масавай аснове. Гэта дазволіла б асэнсаваць месца палякаў у новачаснай гісторыі Беларусі не толькі ў палітычным, але і ў сацыякультурным, цывілізацыйным аспекце.

Мінск
Станіслаў Рудовіч
[1] Смалянчук А.Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905 — 1907 г. Гародня, 2000.
[2] Гл.: Буховец О.Г. Клио на пороге ХХ века: искушение национализ мом… // Вопросы истории. 2002. №3. С.150.
[3] Радзік Р. Пецярбургскі «Гоман» як пачынальнік беларускай нацыянальнай ідэі ў ХIХ стагоддзі // Нацыянальныя пытанні: Матэр. III Міжнар. кангрэса беларусістаў. (Беларусіка=Albaruthenica. Кн.22.) Мінск, 2001. С.87.
[4] Гл.: Фрейдзон В.И. Нация до национального государства. Историко-социологический очерк Центральной Европы XVIII — начала ХХ вв. Дубна, 1999.
[5] Хабермас Ю. Гражданство и национальная идентичность // Хабермас Ю. Демократия. Разум. Нравственность. Московские лекции и интервью. Москва, 1995. С.212.
[6] Тишков В.А. Нация: теория и политическая практика // Взаимодей ствие политических и национально-этнических конфликтов (Матер. междунар. симпозиума). Ч.1. Москва, 1994. С.63—64.
[7] Коротеева В. Существуют ли общепризнанные истины о национализме? // Pro et contra. 1997. №3. С.185—203; Рабчук М. The Nowhere nation, або Ці мае Украіна гісторыю // Arche. 2001. №5. С.19—22, 41; Грыцак Я. Усходняя Еўропа як інтэлектуальная канструкцыя // Тамсама. С.171.
[8] Хоскинг Дж. Россия: народ и империя (1552—1917). Смоленск, 2001. С.13.
[9] Смалянчук А. Беларускі рух на пачатку ХХ ст. і ідэя палітычнай нацыі // Адкрытае грамадства. 2001. №2. С.12—14.

Наверх

Tags: , , ,