Новы нумар


Томас Бон. Муляр Дзяніс Булахаў у сацыялістычным Мінску: накід праекта жыцця савецкага чалавека


* Thomas M. Bohn: „Bau auf…” Der Maurer Denis Bulachow. In: Sozialistische Helden. Eine Kulturgeschichte von Propagandafiguren in Osteuropa und in der DDR. Hrsg. v. Silke Satjukow u. Rainer Gries. Berlin 2002, S. 60-70.

Спадчына Дзяніса Рыгоравіча Булахава захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску. Гэта некалькі фотаздымкаў, пара пасведчанняў і грамат, а таксама мулярская кельма. Калі паглыбіцца ў беларускую пасляваенную публіцыстыку, то выяўляецца, што Дзяніс Рыгоравіч у 50-60-я г. належаў да найвядомейшых у Мінску асобаў. Але ў крыніцах не знойдзеш ані слова пра прыватнае жыццё гэтага чалавека. Таму ў рэтраспектыве муляр Булахаў паўстае толькі як прапагандысцкая фігура[1]. Мы сутыкаемся са створаным агітацыйным аддзелам камуністычнай партыі ідалам, які з’явіўся на сцэне ў працэсе ініцыяванай Хрушчовым рэактывацыі ды інструменталізацыі міфа гераізму. Сфармаваць грамадства герояў — вось да якой мэты імкнуліся ўлады ў Крамлі. А канчатковым крокам на гэтым шляху ў Беларусі лагічна стала абвяшчэнне Мінска горадам-героем. Так што Дзяніс Булахаў не быў змагаром-адзіночкай. У адрозненне ад Стаханава, чыё імя атрымаў інсцэніраваны ў 30-я г. рух перадавікоў, ён нават не вылучыўся нейкім надзвычайным учынкам. У лакальным кантэксце ім карысталіся проста як асабліва выбітным прыкладам. Якія канкрэтна функцыі мусіла выконваць гэтая фігура? На чым быў заснаваны modus vivendi партыі і жыхароў буйнога савецкага горада пасля Другой сусветнай вайны? Чаму ў Рэспубліцы Беларусь імя Дзяніса Рыгоравіча Булахава забылася гэтак жа, як і тытул горада-героя, нададзены беларускай сталіцы?

І. Біяграфія Дзяніса Булахава


Расповед пра гісторыю жыцця нашага героя шмат часу не зойме. Дзяніс Рыгоравіч Булахаў нарадзіўся 6 снежня 1905 г. у вёсцы Вольгаўка (рус. Ольговка) Омскай вобласці ў Сібіры[2]. Яму не было наканавана скончыць больш за два класы школы. Замест гэтага ён стаў вучыцца на шаўца. Пра тое, як ён перажыў смутны час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, звестак не захавалася. Каб падтрымаць легенду, хапіла, ва ўсялякім выпадку, згадаць для сучаснікаў, што ён належаў да пакалення, якое сфармавалася пад уплывам вясковай гароты ды сацыялістычнага энтузіязму і знайшло літаратурнае ўвасабленне ў героі Паўла Карчагіна з рамана Мікалая Астроўскага „Як гартавалася сталь”. Адпаведна з гэтай інтэрпрэтацыяй Дзяніс Булахаў зрабіў свой унёсак у пабудову сацыялізму, калі ў 1931-34 г. у якасці камсамольскага дэлегата ад роднага калгаса ўдзельнічаўу будаўніцтве металургічнага камбіната ў Кузнецку. Праўда, для яго, у адрозненне ад тагачаснага ідэальнага тыпу „савецкага чалавека”, прыход у горад не спрычыніўся да ўздыму па сацыяльнай лесвіцы. Але гэты этап жыцця пасля стаў падмуркам для стварэння ягонага німба муляра. Што да яго дзеянняў пад час Другой сусветнай вайны, то рэпутацыя Дзяніса Булахава лічыцца бездакорнай: у шэрагах Чырвонай Арміі ён, паводле звестак, удзельнічаў у вызваленні Сталінграда і Мінска, больш за тое, нават дайшоў да Берліна.

Чаму ён пасля дэмабілізацыі вырашыў не вяртацца да сябе на радзіму, у Сібір, а замест таго перасяліўся ў Мінск, няясна. Можа, хацеў пазбегнуць працоўнай павіннасці ў калгасе? Шукаў у горадзе лепшых умоваў працы і жыцця? Ці яму проста падабалася жыццё ў еўрапейскай частцы Савецкага Саюза? Заднім чыслом, зразумела, тут жа спаслаліся на альтруістычны матыў: ён нібыта захацеў папрацаваць на адраджэнні горада, які бачыў салдатам у руінах. Няма сумневу, што Упраўленне па адбудове горада Мінска з радасцю прымала кожнага кваліфікаванага рабочага, хаця з прычыны замацавання рабочых за працоўнымі месцамі, уласна кажучы, трэба было б атрымаць загад на марш, прычым у выпадку вялікай колькасці людзей — з уласным подпісам Сталіна. Як бы там ні было, мінскае ўпраўленне па адбудове горада магло няшмат прапанаваць сваім супрацоўнікам. Прыбыўшы ў 1946 г. на сталае жыхарства ў беларускую сталіцу, Булахаў разам з сям’ёю спачатку мусіў мірыцца з жыццём у часовых прыстанках, у палатках, зямлянках ды сутарэннях[3].

Калі напрыканцы 1947 г. цягам абмену дэлегацыямі будаўнікоў дайшло да абвяшчэння „сацыялістычнага спаборніцтва” паміж Мінскам і Сталінградам, якое доўжылася потым больш за дзесяць гадоў, непрыкметна надышоў час муляра Булахава, на той момант ужо прынятага ў камуністычную партыю Беларусі[4]. Ён стаў вядомы як супернік у індывідуальным спаборніцтве свайго сталінградскага калегі Мікалая Акімавіча Грачова і трапіў на ролю ўзорнага працаўніка, якому з цягам часу прыпісвалі ўсе важныя ініцыятывы ў будаўнічай галіне. З нагоды 30-годдзя БССР ён атрымаў у студзені 1949 г. ордэн Леніна, найвышэйшую ўзнагароду Савецкага Саюза. У 1950-1963 г. ён побач са сваёй прафесійнай дзейнасцю адзначыўся таксама ў якасці дэпутата Мінскага гарадскога савета. У 1950-я г. рэгулярна выступаў з матэрыяламі ў афіцыйнай урадавай штодзённай газеце „Советская Белоруссия”[5]. І вось нарэшце 10 жніўня 1958 г. надышоў ключавы момант: Булахава ўзнагародзілі Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы[6]. Але на гэтым заслугі Дзяніса Рыгоравіча яшчэ далёка не скончаныя. У 1961 г. ён як брыгадзір будтрэста № 4 Галоўмінскбуда перадаў свой досвед шырокай публіцы ў брашуры „Строим город”[7]. У 1965 г. ён урэшце скончыў сваю працоўную дзейнасць. Яго другі раз ушанавалі ордэнам Леніна і надалі прывілеяваны статус персанальнага пенсіянера. Калі горад Мінск у 1967 г. з нагоды 900-годдзя свайго заснавання ды 50-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі ўвёў тытул ганаровага грамадзяніна, Дзяніс Булахаў быў у ліку першых яго ўладальнікаў поруч з афіцэрамі Аляксеем Бурдэйным з Масквы ды Мікалаем Колычавым з Куйбышава, якія адзначыліся пры вызваленні беларускай сталіцы ад нямецкіх акупантаў[8]. Але рэшту свайго жыцця Дзяніс Булахаў правёў не ў шыкоўных па савецкіх мерках апартаментах на раскошнай вуліцы ў цэнтры, а ў новай кватэры на вуліцы Сяргея Прытыцкага, каля другога транспартнага кальца ў заходняй частцы горада. Ён памёр дзесьці ў 80-я г. Яго брыгада, паводле звестак, пабудавала жылыя дамы насупраць чыгуначнага вакзала, спраектаваныя як брама горада, Галоўны ўніверсальны магазін і Палац [культуры] прафсаюзаў, а таксама яшчэ 43 будынкі, у тым ліку 7 школ, 3 дзіцячыя садкі і 18 жылых дамоў.

ІІ. Будаўніцтва сацыялістычнага горада

Першая частка біяграфіі, г. зн. непарыўная повязь Булахава як рэальнага чалавека са сталінскай сістэмай, нас цікавіць менш, чым другая, якую назавем стварэннем пад маркай дэсталінізацыі культу асобы будаўніка Дзяніса Рыгоравіча. Дзеля гэтага неабходнаяшчэ раз звярнуццада вырашальных момантаў яго жыцця ды змясціць гэтыя падзеі ў гістарычны кантэкст.

1. Дапамога з Сібіры. Дзяніс Рыгоравіч паўстае перад намі як высокі мужчына, „тыповы” сібірак. Твар заслужанага чалавека на ілюстрацыі 1 з моцнымі скуламі, шырокім носам, кусцістымі бровамі, строгім позіркам, высокім ілбом і вузкімі вуснамі выражае рашучасць і энергію[9]. У кантэксце русіфікацыі, якая пачалася ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны і адбілася ў прызначэнні этнічных рускіх на кіраўнічыя пасады ды манапольным становішчы рускай мовы ў школах, нікога не магло здзівіць, што героем быў абраны менавіта сібірак Булахаў. Яго асоба найлепшым чынам увасабляла дапамогу ў адбудове, якую рускі народ, чыя сіла ўсяляк усхвалялася, аказваў беларускай сталіцы ў матэрыяльным аспекце. Аўтаматычна ўзнікае пытанне: ці ж гэты чалавек у адзіночку нанава будаваў горад Мінск, забяспечваў яго жыхароў кватэрамі? Гэтыя поспехі ні ў якім разе нельга лічыць справай адно толькі жанчын, што працавалі на разборы руін, або набраных у сельскай мясцовасці дапаможных рабочых. Ачышчэнне ад развалін, рамонт манументальных будынкаў і будаўніцтва жылых дамоў, фабрык ды заводаў вялося ў непасрэдна пасляваенны час не столькі сіламі насельніцтва, якое выходзіла на нядзельнікі, колькі за кошт выкарыстання працы ваеннапалонных ды зняволеных. Насамрэч у 1949г., калі культ Сталіна дасягнуў свайго апагею, Булахаў атрымаў ордэн Леніна, а апошнія рэгулярныя ваеннапалонныя пакінулі краіну, цэнтр горада яшчэ быў адноўлены недастаткова, каб на галоўнай плошчы да 70-годдзя савецкага „правадыра” магло адбыцца ўрачыстае адкрыццё помніка.

2. Сацыялістычнае спаборніцтва са Сталінградам. Узвышэнне Булахава да героя было прадвызначана ордэнам Леніна, але не было непазбежным, зважаючы на вялікую колькасць рабочых-будаўнікоў у Мінску: лічба занятых у будаўнічай галіне вырасла з 22 000 у 1950 г. да 33 800 у 1960 і да 63 900 у 1970 г. Булахаў падыходзіў да выканання грамадскай функцыі дзякуючы сваёй прафесіі муляра. Такі персанаж найлепш увасабляў метафару пра „пабудову сацыялізму”. Рэканструкцыю цэнтра і будаўніцтва фабрык, заводаў ды жылых дамоў цяпер можна было прадставіць літаральна працай рук аднаго чалавека. Але Дзяніса Рыгоравіча вылучыў на пярэдні план не адзін пэўны гераічны ўчынак, а, хутчэй, палітыка малых крокаў. Булахава ўзнесла прапагандысцкая хваля, выкліканая сацыялістычным спаборніцтвам са Сталінградам, у якім ён удзельнічаў. Фактычна гарадское планаванне і будаўніцтва ў Мінску ў 40-я г. знаходзіліся ў крызісе з-за недахопу кадраў, дэфіцыту сыравіны і матэрыялаў ды, не ў апошнюю чаргу, з-за карпаратыўнага інтарэсу наменклатуры. Будавалі, асабліва што да жылля, толькі невялікую частку таго, што патрабавалася. У гэтай сітуацыі партыя зноў дала імпульс стаханаўскаму руху і заклікала вучыцца ў горада-героя Сталінграда. На падставе ўзаемных паездак дэлегацый распачаўся абмен досведам. Заключэнне індывідуальных альбо калектыўных дамоваў і прыняцце аднабаковых абавязкаў, якія праз публікацыі ў штодзённых газетах рабіліся грамадскай справай, мусілі прывесці да падвышэння нормаў і, такім чынам, выканання ды перавыканання гаспадарчых планаў. Сапраўднай мэтай было, зразумела, павялічыць эфектыўнасць працы, прымяняючы матэрыяльныя ды ідэалагічныя стымулы, а таксама ўславіць патэнцыял новых тэхналогій. У звязку з гэтым варта згадаць, што метад працы „пяцёркай”, стварэнне якога прыпісваюць маскоўскаму муляру Фядосу Шаўлюгіну, першапачаткова быў уведзены ў Мінску не Булахавым, як тое зноў і зноў сцвярджалі пазней, а — згодна з тагачаснымі публікацыямі — яго калегам Анфілам Кандрацьевічам Філіпавым[10]. У адрозненне ад „тройкі”, калі муляру дапамагалі толькі два чалавекі, у пяцёрцы дапаможныя работы выконвалі адразу чатыры чалавекі, так што гэты метад дазваляў не толькі перавыканаць, паводле звестак, вытворчы план у два з паловай разы, але і больш інтэнсіўна выкарыстоўваць на будаўніцтве працу жанчын. Тэорыя сацыяльнай філасофіі марксізму-ленінізму патрабавала сфармаваць зацікаўлены ва ўсеагульным дабрабыце клас кваліфікаваных рабочых і, адпаведна, распрацаваць этас групы, арыентаваны на пэўныя ўзоры. Але позірк на рэальны стан рэчаў на будоўлі сведчыць: дапаможныя рабочыя якраз мусілі туліцца ў часовых прыстанішчах ды ўбогіх інтэрнатах, чаму яны і карысталіся кожнай магчымасцю змяніць месца працы — да 1956 г. зрабіць так без дазволу працадаўцы значыла парушыць закон. У Савецкім Саюзе будаўнічая галіна да апошняга заставалася трамплінам для маладых вяскоўцаў без кваліфікацыі, які дазваляў тым ці іншым чынам асталявацца ў горадзе, не маючы афіцыйнага дазволу на пражыванне тут.

3. Пералом у будаўніцтве. Падобна іранічнаму жарту гісторыі, у той момант, калі ішло ўзвышэнне муляра Дзяніса Булахава да героя, пад дэвізам „Танней, хутчэй, лепш” ужо абазначыўся вялікі пералом у будаўнічай справе. Пасля таго як з канца 40-х г. усё больш выразнай рабілася неабходнасць эканоміць, Хрушчоў звёў рахункі са сталінскімі архітэктарамі, распачаўшы ў 1954 г. на Усесаюзнай нарадзе будаўнікоў у Маскве кампанію супраць дэкаратыўнай „празмернасці” („архитектурных излишеств”). Адмовіўшы архітэктуры ў прэтэнзіях, ён адначасова зрабіў сумнеўным існаванне прафесійнай групы, якая дагэтуль займала месца на верхніх прыступках савецкай сацыяльнай структуры, карыстаючыся адпаведным прэстыжам ды прывілеямі. А вось працаўнікам на месцах, наадварот, спачатку бадай не было на што скардзіцца: у 1956 г., калі на ХХ з’ездзе партыі распачалася дэсталінізацыя, майстры кшталту Дзяніса Булахава былі яшчэ раз ушанаваныя ўключэннем у каляндар савецкіх святаў„Дня будаўніка” 12 жніўня[11]. Хаця праграма жыллёвага будаўніцтва 1957 г. азначала канчатковую пераарыентацыю будаўнічай галіны на курс, што вёў праз стандартызаваныя тыпавыя праекты ды прамысловы выраб канструктыўных элементаў да панэльных будынкаў, аднак партрэтныя здымкі ўштодзённых газетах гэтага перыядуяшчэ паказвалі будаўнікоў у традыцыйным антуражы: на фоне цаглянай сцяны, што расце ўвышыню, з кельмай у руцэ[12]. Зробленая беларускім мастаком Сямёнам Пятровічам Герусам у 1958 г. літаграфія „Будаўнік Мінска” (іл. 2), наадварот, наглядна адлюстроўвае ідэі прапаганды, хаця з улікам факта, што выкарыстанне новых метадаў не магло пачацца на раніцу наступнага дня, яна яшчэ апераджае свой час[13]. Па рысах твару адназначна відаць, што Булахаў паслужыў прататыпам „стваральніка” беларускай сталіцы — бо слова будаўнік мае і такое значэнне; гэтая здагадка падмацоўваецца, зразумела, яшчэ і тым, што якраз у 1958 г. Дзяніс Рыгоравіч атрымаў званне Героя. Падобны да партызана „Вялікай Айчыннай вайны”, увекавечаны ён на літаграфіі — не баючыся ані ветру, ані непагадзі, у ватоўцы, рукавіцах, шапцы-вушанцы, з шалікам на шыі. У іканаграфічным плане ён паўстае перад гледачом франтальна, у позе чалавека, што пераможна аглядае дзялянку, прычым яго рашучасць дадаткова акцэнтаваная тым, як ён прыціскае страховачны ланцуг. Перспектыва пабудаваная так, што глядач мусіць глядзець на яго знізу ўверх і заўважае над выпнутай грудной клеткай, падкрэсленай страховачным поясам, які нагадвае патронную стужку, брыгаду, што караскаецца па рыштаванні. У гэты момант замацоўваецца аптычнае ўражанне, што і кіраўнік брыгады не можа стаяць на цвёрдай зямлі, хаця — ці якраз таму што — мастак свядома не паказаў, дзе стаіць пратаганіст. Дзякуючы кантрасту чорнага і белага прыродныя фарбы пераходзяць адна ў адну, контуры знікаюць, і ўвесь задні план патыхае сталлю — тым рэчывам, з якога зробленыя героі. Робіцца ясна: „стваральнік Мінска” больш не арудуе кельмай ды цэглай, а мае справу з кранамі ды зборнымі элементамі. Ён як прарок падымаецца над аблокамі і глядзіць у прышласць, што адкрываецца пакуль толькі ягонай сіле прадбачання, — у прышласць, якую суровыя кліматычныя ўмовы здольныя засціць адно блізарукім ды маладушным. Адваротным бокам медаля было тое, што Дзянісам Рыгоравічам Булахавым скарысталіся ў інтарэсах справы, а гэта было несумяшчальна з рамяством, якім ён валодаў.

4. Трагічны герой. На мяжы 50 і 60-х г. даміноўнай ідэяй у савецкім горадабудаўніцтве стаў мікрараён — забяспечаны ўсімі неабходнымі жыллёва-камунальнымі ды сацыяльнымі паслугамі комплекс пяціпавярховых шматкватэрных жылых дамоў з плоскім дахам, першапачаткова разлічаны на 15-20 тыс. чалавек. У Мінску першы мікрараён, рэпрэзентатыўны праект будаўніцтва 60-х г., паўстаў на ўсходняй ускраіне горада. Так зародкавая каморка сацыялістычнага горада перамясцілася з яго цэнтра на перыферыю. Як напамін пра спаборніцтва гарадоў на этапе адбудовы вуліцу, што вяла да мікрараёна, назвалі ў гонар горада-героя Сталінграда (з 1961 г. Валгаград)[14].З гэтагачасу малюнак будаўнічай пляцоўкі, а роўным чынам і рабочага-будаўніка ў СМІ стаў мяняцца ў напрамку, прадвызначаным мастаком Герусам. Цяпер попытам карыстаўся ўжо не муляр, які цагліна за цаглінай выкладвае сцяну дома, а кран, што дастаўляе гатовыя элементы ў патрэбнае месца на дзялянцы новабудоўлі. У гэтым кантэксце апублікаваны ў 1961 г. „тэстамент” Дзяніса Булахава, які з’явіўся адначасова з новай праграмай КПСС, што абвяшчала пераход ад сацыялізму да камунізму, чытаецца як трагедыя[15]. У брашуры „Строим город”, пэўна напісанай за Булахава, малюецца стылізаваны вобраз прасякнутага духам калектывізму і гатоўнасцю працаваць чалавека, які ў інтарэсах усеагульнага дабрабыту прывучае сябе да таго, што сацыялістычнае спаборніцтва ды выкананне планавых заданняў робіцца яго асабістай справай. Гэта „справаздача” напісана мовай простага, „рускага” чалавека. Асноўная тэма — праца брыгады канчатковай прадукцыі мінскага будтрэста № 4, адметная рыса якой у тым, што яна адказвае за будаўніцтва дома ад катлавана і да даху. Падрабязна апісаныя аўра сацыялістычнага горада, калектыў як мікракосм савецкага грамадства і прафесійны этас брыгадзіра.

Па-першае, услаўляецца Мінск як радзіма. Тут трэба сказаць пра адмысловую форму патрыятызму, які жывіцца не традыцыямі, а эстэтыкай „новага жыцця”, бо пасля гібелі гістарычнага „капіталістычнага” горада ў Другой сусветнай вайне, маўляў, вырас новы горад, адметны сваёй прыгажосцю. Ён выступае як адміністратыўны, культурны і прамысловы цэнтр, прапануе сваім жыхарам усе магчымыя даброты, на якіх заснаваны мадэрнісцкія прынцыпы планіроўкі гарадоў (святло, паветра, зеляніна)[16]. Па-другое, працоўныя дасягненні брыгады Булахава з дваццаці двух чалавек тлумачацца імпульсам камуністычнай маралі. Вырашальны для поспеху, маўляў, не выключны стан, г. зн. прывілеяваныя ўмовы для выдатных працаўнікоў, а пачуццё адказнасці ды карпаратыўны дух звычайных людзей. Сюды належыць, паводле брашуры, інтэграцыя ў калектыў яго слабейшых сяброў, уключна з супольным пераадоленнем такіх дрэнных звычак, як курэнне ды п’янства, дзейны прынцып крытыкі ды самакрытыкі, выпрабаванне новых метадаў і ашчаднае стаўленне да матэрыялаў. Вось жа, маўляў, каб здзейсніць пераўтварэнне „старога” чалавека ў „новага”, дастаткова толькі мацаваць самадысцыпліну і бачыць сэнс працы ў карысці калектыву. Па-трэцяе, брыгадыр мусіць вылучацца любоўю да сваёй прафесіі ды ўдасканаленнем свайго майстэрства. Але рэалізавацца ён, маўляў, можа толькі тады, калі ў дадатак сур’ёзна ставіцца да сваёй прасякнутай патрыярхальным духам ролі выхавацеля і настаўніка ды перадае свае здольнасці і перакананні наступнаму пакаленню. Кола абмаляванай сістэмы ўзаемасувязяў замыкаецца, нарэшце, зваротам да жыллёвага пытання: каб зрабіць рэальнасцю яго развязанне, абяцанае ў праграме партыі, неабходныя „подзвігі ў працоўнай галіне”. Сама гэтая фармулёўка ўжо сведчыла, што размова ідзе пра справу, якая вымагае не надчалавека, а шараговага працаўніка. Асабісты трагізм у лёсе Булахава і яго калег мы бачым тут у тым, што былыя героі мусілі ахвяраваць сабою, мяняць ідэнтычнасць, робячыся з муляраў мантажнікамі.

5. Водгулле легенды. Хаця пасля ўкаранення буйнапанэльнага будавання муляры больш не былі патрэбныя ў якасці персанажаў прапаганды, а жыхары мікрараёнаў зноў і зноў скардзіліся на халтуру ў будоўлі, легенда пра героя далёка перажыла выхад Дзяніса Рыгоравіча Булахава на пенсію. Пра яго часам успаміналі, калі трэба было згадаць намаганні насельніцтва Мінска па адбудове горада пасля вайны. Ён быў таксама чаканым прамоўцам на паседжаннях партыйнага актыву будаўнічай галіны і папулярным сведкам падзей на ўроках краязнаўства ў школах свайго горада. Пры гэтым да яго ставіліся не толькі як да ўзору, але таксама — і перадусім — як да заснавальніка новага горада і новай традыцыі[17]. Яго слава пачала блякнуць, толькі калі міф сацыялістычнага горада страціў сваю інтэграцыйную сілу і быў заменены міфам горада-героя.

ІІІ. Чалавек-герой і горад-герой

Каб знайсці адказ на пастаўленыя ў пачатку пытанні пра сэнс міфа гераізму, на апошнім вітку трэба яшчэ раз паглядзець пад іншым вуглом на тую аснову, на якой быў намаляваны вобраз персанажа прапаганды Дзяніса Рыгоравіча Булахава[18]. Адносна таго, як узнікла званне героя, зазначым, што абазначэнне „Герой Працы” было ўведзена ў 1927 г., а ў 1938 г. пашырана да „Герой Сацыялістычнай Працы”. Тытул „Герой Савецкага Саюза” быў адмыслова створаны ў 1934 г. для лётчыкаў, якія ратавалі ўдзельнікаў экспедыцыі затанулага ў Паўночным Ледавітым акіяне „Чалюскіна”. Міф лётчыкаў і стаханаўскі рух прывялі да ўзнікнення культу герояў. Дыскурс, які свядома фармавалі бальшавікі, разгортваўся вакол адданай барацьбы за сацыялізм, якую вядзе „вялікая сям’я” са Сталіным-бацькам і Радзімай-маці. У гэтым комплексе героі адказвалі за здзяйсненне надзвычайных рэчаў і, такім чынам, выконвалі ролю піянераў і прыкладаў. Пры гэтым з назоўнікам герой і прыметнікам гераічны звязвалася ўяўленне пра актыўнасць і гатоўнасць да працоўных здзяйсненняў. Ад герояў-лётчыкаў ды герояў працы 30-х г. было недалёка да герояў вайны 40-х г., большая частка якіх зазнала пашану і павагу толькі пасля смерці. У час вайны культ герояў узбагаціўся двума аспектамі. Па-першае, колькасць герояў імкліва ўзрасла ў дваццаць разоў: з 626 да прыкладна 12 500 чалавек. Па-другое, ідэя гераізму канкрэтызавалася з наданнем Сталінграду ў 1943 г. звання „горад-герой”. Быць героем азначала цяпер самаахвярна служыць радзіме і няўмольна супраціўляцца вонкаваму ворагу. У пасляваенны час флюгер павярнуўся яшчэ раз. Калі пры Хрушчове пачалі прапагандаваць пераадоленне культу асобы ды пабудову камунізму, званне героя страціла сваё значэнне эксклюзіўнасці. Празмерная шчодрасць у раздачы ўзнагарод вяла намінальна да фармавання грамадства герояў. З аднаго боку, значэнне подзвіга асобнага чалавека цягам масавай гераізацыі зніжалася да штодзённай справы. 3 другога — кожны камуніст атрымліваў магчымасць выканаць абавязак героя.

У звязку з гэтым адбылася ідэалагічная метамарфоза Мінска — ад „сацыялістычнага горада” да „горада-героя”. Гэтую з’яву можна зразумець толькі на фоне трохступеньчатага працэсу сацыяльных пераўтварэнняў, які Савецкі Саюз перажыў цягам індустрыялізацыі ды ўрбанізацыі за 74 гады сваёй гісторыі. Калі сталінізм інтэрпрэтаваць як зрух да эканамічнай мадэрнізацыі, то ў канцы 20-х г. савецкае грамадства зазнала мабілізацыю, у канцы 30-х — атамізацыю, a ў канцы 50-х — кансалідацыю. У якасці асобных этапаў вылучаюцца нівеляванне насельніцтва (нацыяналізацыя прамысловасці, калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ліквідацыя класавых ворагаў), змена эліт (пралетарызацыя выхадцаў з вёскі, падвышэнне статусу кваліфікаваных работнікаў і спецыялістаў, партыйныя чысткі) і замацаванне новых ерархій (наменклатура, рабочыя дынастыі, інтэлігенцыя як класавая сіла). Узаемазвязана з гэтым працэсам адбывалася імклівая ўрбанізацыя, на якую мусілі рэагаваць распрацоўшчыкі планаў сацыяльнай палітыкі. У канцы 20-х г. дыскурс у горадабудаўніцтве адштурхоўваўся ад утапічных праектаў жыцця, у сярэдзіне 40-х — ад забеспячэння базавых патрэбаў, а з 60-х г. — ад самаразвіцця індывідуальных уласцівасцяў. Арыенцірам у будаўніцтве жылля быў спачатку дом камуны, потым „камуналка” і, нарэшце, мікрараён. У той час як для грамадства ў цэлым Другая сусветная вайна стала каталізатарам, для кожнага асобнага індывіда яна ўяўляла сабою пераломны момант, калі нанава паўстала пытанне пра прыналежнасць чалавека да пэўнага лагера. У 20-30-я г. ідэнтычнасць вызначалася сацыяльным паходжаннем, у 50-60-я — паводзінамі на вайне. Адпаведна ў плоскасці сябар — вораг у 30-я г. супрацьстаялі „стаханавец” і „кулак”, а ў 50-я — „партызан” і „калабарант”. Абапіраючыся на гэтую перадумову, Хрушчоў і Брэжнеў здолелі ў перыяды дэсталінізацыі і ўзнікнення неасталінізму забяспечыць грамадскі кансенсус у шырокіх масах насельніцтва, адказваючы сваёй сацыяльнай палітыкай на імкненне да годнага жылля ды спажывання і абуджаючы ў сваёй прапагандзе антыфашысцкія і пацыфісцкія настроі.

Таму не дзіва, што Мінск у гэты перыяд быў пасля Сталінграда (Валгаграда), Ленінграда, Кіева, Адэсы, Севастопаля, Масквы, Брэсцкай крэпасці, Керчы ды Наварасійска абвешчаны дзясятым горадам — Героем Савецкага Саюза. Праўда, з-за супярэчнасцяў паміж Крамлём і свядомай „партызанскай фракцыяй” узнагароджанне адбылася толькі 26 чэрвеня 1974 г. з нагоды 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі. Высокі гонар быў абгрунатаваны ва ўказе Вярхоўнага Савета СССР тым, што сталіца Беларусі мае „заслугі перад Радзімай” у барацьбе з нацызмам і адыграла адмысловую ролю ў развіцці партызанскага руху, так што можна казаць пра яе мужнасць і гераізм, нягледзячы на тры гады пад акупацыяй. З боку кампартыі БССР паслядоўна рабілася прывязка да савецкага патрыятызму, каб скарыстацца суцэльным канонам каштоўнасцяў гераічнага міфа. У такой інтэрпрэтацыі паміж „подзвігам у баі” і „подзвігам на працоўным фронце” існавала ўзаемная залежнасць. Паводле яе, выкананне і перавыкананне пяцігадовых планаў было тоесным далейшым перамогам у барацьбе за камунізм[19].

IV. Падсумаванне

Гераічны міф і мемарыяльныя рытуалы служылі ў Савецкім Саюзе, каб настройваць насельніцтва на ўспрыманне афіцыйнага канона нормаў і каштоўнасцяў. Камуністычная партыя намагалася здабыць сабе легітымацыю праз фетышызацыю тэхнічнага прагрэсу і давесці эфектыўнасць цэнтралізаванай планавай эканомікі, стымулюючы працоўныя дасягненні. Аднак стабільнасць палітычнай сістэмы ў паслясталінскую эпоху грунтавалася, па сутнасці, на тым, наколькі забяспечваліся рост узроўню жыцця і магчымасці індывідуальнай самарэалізацыі. Гарантыя наяўнасці працоўных месцаў і стабільнасць цэнаў стваралі перадумовы для дасягнення кансэнсусу ў масах. Узнагароды і прывілеі фіксавалі розніцу ў статусе і спрыялі дыферэнцыяцыі ўнутры сацыяльнай структуры. Улады патрабавалі канфармізму, адказам грамадства была арыентацыя на спажыванне. У гэтым кантэксце „герой” увасобіў у той ці іншай форме даступны ўсім „савецкім людзям” праект жыцця, які не толькі служыў падтрымцы сацыялізму, але і дазваляў атрымаць ад гэтага ладу карысць.

Вось жа, паміж культам герояў 30 і 50-х г. была сутнасная розніца, абумоўленая стратай утопіі. Прапаганда прыменшыла „надчалавека” да нармальных памераў. Ад Булахава зусім не вымагалі такіх выбітных дасягненняў, як у свой час ад Стаханава, які яшчэ цалкам адпавядаў тыпу апантанага працаўніка. Дзяніс жа Рыгоравіч быў, дый у 60-я г. заставаўся героем лакальнага маштабу. З аднаго боку, ён рэпрэзентаваў прафесійную групу рабочых-будаўнікоў, і яго, адпаведна, усхвалялі як рацыяналізатара ды механізатара. Ручная праца выйшла з моды ў народнай гаспадарцы. З другога боку, ён выступаў носьбітам надзей масы насельніцтва, якое пакутавала ад нястачы жылля, і ў гэтым плане ён мусіў выпраменьваць энтузіязм і гатоўнасць задаволіцца малым. Адначасова ён увасабляў традыцыі „новага Мінска”. За згасанне зоркі Дзяніса Рыгоравіча ў 70-80-я г. адказныя, перадусім, тры фактары. Па-першае, пераход ад этапу адбудовы да буйнога індустрыяльнага горада быў звязаны са зменай пакаленняў і зменамі ў ідэнтычнасці. Па-другое, у эпоху серыйнай вытворчасці тып муляра больш не быў запатрабаваны. Па-трэцяе, інфляцыя, якая закранула званне героя ў час дэсталінізацыі, і перавод ідэі гераізму ў матэрыяльную плоскасць прывялі да зніжэння аўтарытэту выдатных асобаў. Нарэшце, калі Савецкі Саюз пад ціскам звонку распаўся, пачаўся пошук нацыянальнай ідэалогіі праз зварот да традыцый дарэвалюцыйнага часу і адбылося прыняцце стратэгіі жыцця і выжывання, арыентаванай на заходні дабрабыт. Хаця ў Мінску абышлося без скідання старых ідалаў, камуністычныя сімвалы і помнікі адклаліся ў калектыўнай памяці як рэлікты са старадаўніх часоў і схаваліся пад напластаваннямі іншага досведу. Адзін з гэтых новых міфаў кажа пра высакаякасную працу, пра якую сведчаць дамы, пабудаваныя ваеннапалоннымі, а не тыя будынкі, што ўзводзілі будаўнікі кшталту Дзяніса Булахава.

Пераклад Сяргея Паўлавіцкага


[1] У рускай мове зваротак складаецца з імя ды імя па бацьку, у той час як прозвішча ідэнтыфікуе індывіда нейтральным чынам, таму далей мы будзем казаць „Дзяніс Рыгоравіч”, калі размова ідзе пра персанаж прапаганды, і „Булахаў”, калі маем на ўвазе рэальную асобу.
[2] Гл.: Минск — город-герой. Справочник. Минск, 1976. С. 257; Почетные граждане города Минска. Минск, 1980. С. 5-6.
[3] Thomas M. Bohn: Minsk — Musterstadt des Sozialismus. Stadtplanungund Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln — Weimar —Wien, 2008.
[4] Гл.: Социалистическое соревнование строителей Сталинграда и Минска / под ред. П. И. Котоводова. Минск, 1950.
[5] Напр., у наступным допісе Дзяніс Булахаў браў абавязак павысіць вытворчасць сваёй працы: Советская Белоруссия. 5.09.1950. № 179. С. 1.Разам з тым ён рабіў прапановы па эканоміі: Булахов Д. Комплексное снижение стоимости строительных работ // Советская Белоруссия. 6.06.1952. № 133. С. 2.
[6] Гл.: Михинов Н. Ветеран стройки // Советская Белоруссия. 16.08.1958. № 191. С. 1.
[7] Гл.: Булахов Д. Г. Строим город. Минск, 1961.
[8] Гл.: Аркадьев Б. Города почетный гражданин // Вечерний Минск.1.11.1967. № 1.С. 2.
[9] Гл. іл. 1. Узята з “Почетные граждане” (Гл. спас. 2.) С. 5.
[10] Параўн. разыходжанне ў гэтым пункце сведчанняў у: Социалистическое соревнование (гл. спас. 4). С. 33-34, 42-43; Астрейко А. И., Павлович В. Ю. Гордое имя — строитель. О делах и людях ордена Ленина стройтреста № 5 города Минска. Минск, 1975. С. 34-35.
[11] Гл.: Праздник советских строителей // Советская Белоруссия. 12.08.1956. № 187. С. 1, 2.
[12] Параўн. здымак Дзяніса Булахава // Советская Белоруссия. 22.10.1957. № 250. С. 1.
[13] Узята з: Беларуская станковая графіка. Мінск, 1978. С. 87.
[14] Гл.: Мы расскажем о Минске. 2-e, перераб. и доп. изд. Минск, 1966.С. 88-96.
[15] Булахов Д. Строим город (гл. спас. 7).
[16] Параўн. у гэтым сэнсе таксама: Булахов Д. Прекрасный родной Минск // Советская Белоруссия. 3.07.1959. № 154. С. 3; ён жа: Утро над Минском // Советская Белоруссия. 26.05.1964. № 121. С. 2.
[17] Параўн.: Харкевич А. Человек и его город // Советская Белоруссия. 11.01.1973. №9. С. 2.
[18] Гл.: Günther H. Der sozialistische Übermensch. M. Gor’kij und dersowjetische Heldenmythos. Stuttgart — Weimar, 1993. S. 155-197;Arnold S. R. Stalingrad im sowjetischen Gedächtnis. Kriegserinnerung und Geschichtsbild im totalitären Staat. Bochum, 1998. S. 7-13; Yurovsky V. Ein Vergleich des Heldenkults in der Sowjetunion der dreißiger und sechziger Jahre // Forum für osteuropäische Ideen- und Zeitgeschichte 5 (2001, 1).S. 155-181.
[19] Гл.: Подвиг народа бессмертен. О праздновании 30-летия освобождения Советской Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков. Минск, 1975.

Наверх

Tags: , ,