БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ПЕРШАЯ БЕЛАРУСКА-НЯМЕЦКАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ ГІСТОРЫКАЎ

«Беларусь — нацыя без гісторыі?» — такі правакацыйны тытул мела міжнародная канфэрэнцыя па гісторыі й актуальных праблемах разьвіцьця Беларусі, што праходзіла 17-19 сакавіка 1995 г. у будынку Ўсходняй Акадэміі ў Кёнігштайн-Таўнус, недалёка ад Франкфурта-на-Майне. Яе арганізавалі Інстытут ўсходнеэўрапейскай гісторыі Цюбінгенскага ўнівэрсытэту i Сэмінар усходнеэўрапейскай гісторыі Франкфурцкага ўнівэрсытэту, а таксама катэдры паліталёгіі i сучаснай гісторыі Мангэймскага ўнівэрсытэту. Ініцыятарам канфэрэнцыі быў прафэсар Цюбінгенскага ўнівэрсытэту Дзітрых Бэйраў, які запрасіў на гэтую сустрэчу практычна ўсіх сваіх суайчыньнікаў, зацікаўленых у вывучэньні гісторыі Беларусі. Сярод ix былі Моніка Банькоўская (Швайцарыя), Герман Бідэр (Аўстрыя), Андрэас Капэлер (Нямеччына), які адным зь першых пачаў займацца праблемамі нацыянальных узаемадачыненяў у былым СССР, ды інш.

Як буйнейшы нямецкі спэцыяліст у галіне славяназнаўства, прафэсар Бэйраў i кіраваў навуковымі дыскусіямі. Ён ca шкадаваньнем адзначыў, што апошняя нямецкая кніга пра Беларусь зьявілася ў Бэрліне ў 1943 г. (Engelhardt F. Weissruthenien. Volk und Land). Цяпер цікаўнасьць да Беларусі зноў узрастае. Пра гэта сьведчыць, у прыватнасьці, актыўны ўдзел у канфэрэнцыі маладых нямецкіх дасьледчыкаў — Астрыд Зам (Мангэйм), Райнэра Лінднэра (Цюбінген) i Дыяны Зыбэрт (Кёльн).

Беларускія гісторыкі мелі магчымасьць акрэсьліць асноўныя контуры мінуўшчыны Беларусі, паведаміць самыя важныя факты, выказаць уласныя погляды. Даклад Ігара Чаквіна (Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру АНБ) быў прысьвечаны этнагенэзу беларусаў, Павал Лойка (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт) прысьвяціў свой рэфэрат месцу ВКЛ у гісторыі Беларусі, Захар Шыбека (Беларускі навукова-асьветны цэнтар імя Скарыны) — асаблівасьцям урбанізацыі й інтэлектуалізацыі беларусаў па выніках перапісу 1897 г., Алег Бухавец (Інстытут гісторыі АНБ) — магчымасьцям выкарыстаньня сялянскіх пэтыцыяў да Дзяржаўнай Думы як крыніцы для дасьледаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці ў масавай народнай сьвядомасьці беларусаў, Віталь Скалабан (Беларуская Энцыкляпэдыя) — праблеме паўстаньня беларускай дзяржаўнасьці, Мікола Іваноў (Беларуская рэдакцыя радыё Свабода) — стаўленьню камуністаў да беларускай дзяржаўнасьці, Павал Церашковіч (Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт) — палітычным працэсам у БССР 1921-1941 г., i інш.

Гаспадароў найбольш цікавіў цяперашні стан маладой беларускай дзяржавы. Адчувалася жаданьне перасьцерагчы беларускіх калегаў ад захапленьня нацыяналізмам. Прафэсар Бэйраў час ад часу пытаўся, гісторыю чаго мы пішам: народа ці тэрыторыі? На яго погляд, гісторыя Беларусі складаецца зь мінулага ня толькі беларусаў, але i ўсіх іншых этнасаў, што жывуць на беларускіх землях. I гэтаму няма як пярэчыць. На жаль, дзеля грунтоўнага абмеркаваньня гэтай праблемы забракла часу. Аўтар гэтых радкоў акцэптаваў тэзу прафэсара Бэйраў. Трэба адмовіцца ад монаэтнічнага падыходу да гісторыі Беларусі i беларускага адраджэньня. З набыцьцём уласнай дзяржаўнасьці беларускі народ (нацыя) прыпадабняецца да іншых сучасных нацыяў, утварэньняў таксама інтэгральных i шматэтнічных. Гэта дазваляе пісаць гісторыю беларускага народу безадносна ад таго, ці меў ён сваю дзяржаву (дзяржаўную тэрыторыю), ці не.

Прафэсара Бэйраў цікавіла беларуская шляхта. Ён адзначыў, што нацыянальнае адраджэньне Чэхіі, напрыклад, пачалося зь пераходу зьнямечаных землеўладальнікаў на пазыцыі рэгіяналізму. Заўвага істотная для разуменьня беларускай гісторыі. Сярод спалянізаваных землеўладальнікаў Беларусі вяртаньне да этнічных каранёў пачыналася гэтаксама. Гэта было ў першай палове XIX ст. пад уплывам нямецкага рамантызму. Аднак працэс перапыняўся паўстаньнямі 1831 i асабліва 1863 г. Ніхто так не нашкодзіў нацыянальнай кансалідацыі Беларусі, як расейскі цар Аляксандар ды Мураўёў-Вешальнік. Сваёй дэмагагічнай палітыкай яны настройвалі праваслаўнае сялянства супраць каталіцкага панства. У асобе спалянізаваных землеўладальнікаў так i засталася не скарыстанай найважнейшая крыніца інтэлектуалізацыі беларускага народу. Таму гэтак цяжка адбываўся працэс яго самасцьвярджэньня i ў элітарнай культуры, i ў палітыцы. Аднак цяперашнія гісторыкі ня маюць рацыі, калі штучна адрываюць вярхі грамадзтва ад беларускага народу.

Ясная рэч, на адной канфэрэнцыі мы не маглі закрануць усіх актуальных праблемаў беларускай гісторыі. З боку немцаў рэфэратаў не было. Тым ня менш, яны плянуюць выдаць беларускі зборнік сваіх артыкулаў i ўключыць у яго лепшыя даклады калегаў зь Беларусі.

Захар Шыбека (Менск)

Тэгі: