БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

In memoriam

Вітаўтас Раўдзялюнас
(2.II.1930—4.V.2002)

З cупольнасцi гісторыкаў старажытнага літоўскага права раней часу адышоў Вітаўтас Раўдзялюнас — адзін з найлепшых яго даследчыкаў, выдавец і знаўца крыніцаў Вялікага Княства Літоўскага, таленавіты педагог і літоўскі патрыёт. Аптыміст, заўсёды поўны сілаў, памёр раптоўна, не рэалізаваўшы ўсіх сваіх планаў і намераў. Не стала выбітнага прадстаўніка літоўскай гістарычнай навукі другой паловы ХХ стагоддзя — эрудыта, адданага не толькі навуцы, але і сваім вучням.

Вітаўтас Раўдзялюнас прыйшоў на свет 2 лютага 1930 г. у вёсцы Падаляй, воласці Жасляй, у павеце Кайшадорай. Быў адным з сямі дзяцей у сялянскай сям’і. Бацькі мелі каля 45 га зямлі, у тым ліку каля 30 га лесу. У 1946 г. бацька і брат былі зняволеныя савецкай уладай, а ў 1948 г. ужо ўсю сям’ю вывезлі ў Сібір, у Краснаярскі край. У высылцы будучы даследчык працаваў дрывасекам і пастухом, там жа атрымаў атэстат сталасці. Потым пераехаў у Іркуцк, дзе скончыў тэхнікум фізічнай культуры. Працаваў настаўнікам, трэнерам, актыўна займаўся спортам — стаў нават чэмпіёнам Казахстану ў кіданні дзіды. У 1959 г. апублікаваў рэцэнзію да слоўніка спартовых тэрмінаў.

Вывучаць права Вітаўтас Раўдзялюнас пачаў яшчэ ў Казахстанскім універсітэце і працягнуў гэта ў Віленскім універсітэце пасля вяртання з высылкі ў 1958 г. Пасля заканчэння універсітэта ён некалькі гадоў не меў магчымасці займацца навукай і быў вымушаны працаваць у розных інстытуцыях на дапаможных пасадах, пакуль у 1969 г. не быў рэабілітаваны. У 1971 г. Вітаўтас Раўдзялюнас стаў супрацоўнікам Інстытута філасофіі, права і сацыялогіі Літвы, у якім працаваў да самай смерці. З 1991 г. таксама пачаў выкладаць гісторыю літоўскага права на кафедры гісторыі Літвы гістарычнага факультэта Віленскага педагагічнага універсітэта.

Яшчэ ў маладыя гады (1947—1948) друкаваўся ў прэсе і як студэнт Віленскага універсітэта актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх, літоўскіх рэспубліканскіх, а таксама агульнасаюзных канферэнцыях. Ужо ў той перыяд, часам галадаючы, пачаў выязджаць да бібліятэк і архіваў усяго Саюзу ў пошуках экзэмпляраў Літоўскіх Статутаў.

Багаты і разнастайны навуковы скарб Вітаўтаса Раўдзялюнаса цяпер складана ацаніць. Не здолеў, хоць мерыўся, пакінуць сінтэзы. Яго найвялікшым навуковым захапленнем быў Літоўскі Статут, і ў гэтым накірунку ён зрабіў вельмі шмат, хацеў яшчэ болей — аднак не хапіла часу…

Даследчык знайшоў і апублікаваў шмат звестак пра вялікую колькасць копіяў I і II Статутаў, пра выданні і папраўкі III Статута ВКЛ, а таксама пра іх прававую тэрміналогію. З найважнейшых публікацый можна пералічыць: Pirmieji Lietuvos Statuto leidimai, Rusų knygos spausdinimo pradžia ir Lietuva, Vilnius, 1966, p. 119–159; Pirmojo (1529) Lietuvos Statuto lotyniškieji nuorašai, Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980, p. 42—57; Antrojo (1566) Lietuvos Statuto nuorašai, Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981, p. 6—30.

З польскімі даследчыкамі Вітаўтаса Раўдзялюнаса звязвалі вельмі цёплыя адносіны, ён заўсёды апякаўся імі ў Вільні. Шматразова працаваў (нярэдка за свой кошт) у польскіх архівах і бібліятэках. Выдатна арыентаваўся і цаніў польскую гістарыяграфію, меў найлепшы яе збор ў Літве, які складаўся галоўным чынам (але не толькі) з выданняў па гісторыі права. Асабліва быў захоплены гісторыкамі кракаўскага асяродка, якіх заўсёды ставіў сваім вучням за прыклад. Высока цаніў прафесара Юліюша Бардаха, прафесара Анджэя Рахубу, прафесара Генрыха Віснэра, прафесара Гжэгажа Блашчыка, прафесара Тадэвуша Васілеўскага. Зрэшты, разам з Генрыхам Віснэрам апублікаваў некалькі артыкулаў (Trzeci Statut Litewski, Mówią wieki, 1984, nr 3, p. 1—3; Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego 1581—1648, Kwartalnik Historyczny, 1986, t. 83, nr 4, s. 947—968).

Вітаўтас Раўдзялюнас як ніхто іншы быў падрыхтаваны да выдання Першага Літоўскага Статута, аднак не атрымаў магчымасці рэалізаваць гэтай справы. Па розных (суб’ектыўных) прычынах не стаў ні кіраўніком, ні нават ўдзельнікам даследчыцкай групы, сабранай для падрыхтоўкі акадэмічнага выдання гэтага славутага помніка права. Гэта было недарэчнасцю не толькі для Вітаўтаса Раўдзялюнаса і для згаданай групы, але і ўвогуле для даследавання Статутаў Літоўскіх. Больш шчыльна заняўся „Крыніцамі II Статута (1566)“ і ў 1976 г. гэтую тэму абраў для доктарскай дысертацыі, якую з–за розных прычынаў так ніколі і не напісаў. Аднак вынікам гэтай працы стаў пераклад на літоўскую мову таго Статута і шмат грунтоўных публікацыяў.

Вітаўтас Раўдзялюнас шмат зрабіў у галiне гісторыі права ў шырокiм сэнсе. З найважнейшых навуковых даследаванняў трэба адзначыць, між іншым, працы пра Літоўскі Статут ва ўкраінскім праве, пра выкарыстанне рымскага права ў ВКЛ, пра становішча караімаў, татараў, а таксама пра смяротныя пакаранні і рэлігійную талерантнасць (Ukrainos 1743 m. kodekso „Teisės“ originalas, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1974, Nr. 4; Romėnų teisės recepcija Lietuvoje, Socialistinė teisė, 1974, nr. 3, p. 45—51; Priesaika kaip įrodymas senojoje Lietuvos teisėje (XVI—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1974, nr. 1, p.52—56, а таксама ў суаўтарстве з Рамуальдам Фірковічам: Teisinė karaimų padėtis Lietuvoje (XIV—XVIII a.) Socialistinė teisė, 1975, Nr. 4, p. 48—53; Įstatymų leidyba feodalinėje Lietuvoje (iki 1569 m. Liublino unijos), Socialistinė teisė, 1975, nr. 2, p. 51–56; Seimų nutarimai — II Lietuvos Statuto šaltinis, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1976, Nr. 3; Tortūros Lietuvos teismuose. (Jų panaikinimo 200 m. sukaktį minint), Socialistinė teisė, 1977, nr. 1, p. 44—50; Mirties bausmė senovės Lietuvoje, Pozicija, 1997, Nr. 2, p. 8—9.

Апублікаваў каштоўныя, малавядомыя звесткі па гісторыі даўняга Віленскага універсітэта, сярод якіх даследаванні пра навуковыя ступені знаўцаў права, пра знакамітых выкладчыкаў права, пра універсітэцкі суд, студэнцкія пакаранні: Teisės mokslų laipsniai senajame Vilniaus universitete, Socialistinė teisė, 1978, nr. 2, p. 48—53; Senojo Vilniaus universiteto teismas: Iš teisės istorijos, Socialistinė teisė, 1978, nr. 4, p. 44—48; Įžymieji senojo Vilniaus universiteto teisininkai, Socialistinė teisė, 1979, nr. 3, p. 32—37.

Сярод даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага Вітаўтас Раўдзялюнас вядомы перш за ўсё як выбітны выдавец крыніц. Так, ён быў ініцыятарам стварэння серыі „Помнікі літоўскага права“, у межах якой разам з Альгердасам Балюлісам, а таксама з Рамуальдам Фірковічам апублікаваў два фундаментальныя, агульнавядомыя цяпер выданні: судовую кнігу Біржанскага двара і пастановы Галоўнага Літоўскага Трыбунала (Biržų dvaro teismo knygos (1620—1745), parengė V. Raudeliūnas ir R. Firkovičius, Vilnius, 1982. 475 p.; Lietuvos Vyriausiojo Tribunolo sprendimai (1583—1655), parengė V. Raudeliūnas ir A. Baliulis, Vilnius, 1988. 670 p). У сувязі з гэтымі працамі Вітаўтас Раўдзялюнас заняўся таксама сялянскім судом, і ў выніку гэтага даследавання з’явіліся вельмі цікавыя артыкулы, сярод якіх: Biržų dvaro teismas (XVII—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1977, nr. 4, p. 44—49. Варта дадаць, што ён таксама быў інцыятарам і суаўтарам яшчэ аднаго каштоўнага выдання „Studia prawa z historii prawa litewskiego“ (Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980; Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981).

Вітаўтас Раўдзялюнас патрабавальна ставіўся не толькі да сябе, але і да іншых. Быў уважлівым аўтарам часам дастаткова вострых рэцэнзій, большасць якіх па сутнасці з’яўляюцца сапраўднымі грунтоўнымі артыкуламі. Для прыкладу варта ўзгадаць рэцэнзію да выдання дыярыуша канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла, „Memoriale rerum gestarum in Polonia…“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1972, Vilnius, 1973, p. 210—213), часопіса „Studia Źródłoznawcze“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1973, Vilnius, 1974, p. 208—213), Метрыкі ВКЛ (Antrasis Lietuvos Metrikos tomas, Lietuvos aukštųjų mokyklų mokslo darbai, Istorija, 1997, t. 36, p. 280—298).

Вітаўтас Раўдзялюнас знайшоў і сабраў вялікую колькасць каштоўнага матэрыялу, з якога, аднак, апублікаваў не вельмі шмат: перадусім (калі помніць іншыя пазіцыі) гэта рукапіс Людвіка Юцэвіча (L. Jucevičius, Mokyti žemaičiai, parengė Meilė Lukšienė, Vytautas Raudeliūnas, Vilnius, 1975), а таксама лісты славутага літоўскага гісторыка Сімонаса Даўкантаса.

Вітаўтас Раўдзялюнас меў разнастайныя навуковыя інтарэсы і заслугоўваў таго, каб лічыцца літоўскім полігісторыкам. Ён займаўся гістарыяграфіяй, асаблівую ўвагу аддаваў гістарычнай бібліяграфіі, цікавіўся таксама найбольш вядомымі гісторыкамі права. Апублікаваў шмат цікавых артыкулаў і рэцэнзій. Энцыклапедычныя ж артыкулы (усяго каля 300) дзякуючы выключна сур’ёзнаму падыходу аўтара, як правіла, заўсёды былі кароткімі манаграфіямі. Увогуле Вітаўтас Раўдзялюнас аднолькава адказна і ўважліва ставіўся як да навуковых і энцыклапедычных артыкулаў, так і да папулярных публікацый.

Адкуль браліся яго незвычайна шырокія веды? З пастаяннай, руплівай працы ў бібліятэках і архівах: літоўскіх, польскіх, расійскіх і іншых. Ведаў вельмі шмат, аднак вельмі мала — у параўнанні з велізарнымі ведамі — апублікаваў. І адной з прычын гэтага была пачатая ў 1991 г. выкладчыцкая дзейнасць у Віленскім педагагічным універсітэце. Для сваіх вучняў Вітаўтас Раўдзялюнас не шкадаваў ні сілаў, ні часу. Разам з імі праводзіў над кнігамі, выданнямі крыніцаў і слоўнікамі цэлыя дні і нават апекаваўся імі нефармальна (у прыватным жыцці).

Былы сасланы, палымяны літоўскі патрыёт, аднойчы быў кандыдатам у Сойм. Актыўна (погляды меў хутчэй правыя) удзельнічаў у грамадскім жыцці, што было падставай для запрашэння яго да ўдзелу ў якасці суддзі ў працэсе Міжнароднага Віленскага Трыбунала над камунізмам. Вынікам гэтай цяжкай і інтэнсіўнай працы стала выданне вялізнага тома судовых матэрыялаў: „Tarptautinio Vilniaus visuomeninio tribunolo nuosprendis“.

Не стала найвыбітнага навукоўца, аднаго са старэйшых гісторыкаў літоўскага права. Засталася няскончаная праца, нявыдадзеная судовая кніга загорскага двара, таксама арыгінальны тэкст і пераклад II Літоўскага Статута. Засталася унікальная бібліятэка і багаты архіў. Выданне незавершаных прац, іх працяг, захаванне бібліятэкі і ўпарадкаванне архіва — гэта абавязак яго сям’і, вучняў і супрацоўнікаў. Толькі з часам стане магчымым ацаніць унёсак Вітаўтаса Раўдзялюнаса ў развіццё гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага. І першым крокам у гэтым кірунку можа быць памятная кніга з удзелам польскіх, беларускіх і іншых гісторыкаў.

Айвас Рагаўскас

Тэгі: ,