Ігар Лялькоў. Да пытання аб пранямецкіх і антысавецкіх настроях у БССР перад II сусветнай вайной
Адной з найбольш пашыраных тэзаў, створаных беларускай гістарыяграфіяй савецкіх часоў, можна лічыць сцвярджэнне пра „ўсенародную барацьбу ў Беларусі супраць нямецка–фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны“. Аднак у яе праўдзівасці лёгка засумнявацца — дастаткова звярнуцца да агульнадаступных лічбаў.
Па звестках перапісу насельніцтва 1939 г. у Беларусі на пачатак Другой сусветнай вайны жыло 8912,2 тыс. чалавек[1]. Паколькі мне засталіся недаступнымі звесткі пра ўзроставую структуру насельніцтва ў той перыяд, думаю, што будзе дастаткова карэктна зыходзіць з дадзеных перапісу 1959 г., калі дзеці ў веку да 16 гадоў складалі 31,3%. Такім чынам, умоўна можна лічыць, што на пачатак нямецка–савецкай вайны 1941—45 г. колькасць дарослага насельніцтва ў БССР складала каля 6 млн. 122,7 тыс. чалавек (пры гэтых падліках ігнаруецца як натуральны прырост насельніцтва ў 1940—1941 г., які мусіў гэтую лічбу павялічыць, так і верагодна большая рэальная доля дзяцей у 1941 г. у параўнанні з 1959 г.[2], якая яе мусіла зменшыць). Па самых аптымістычных падліках, у 1941—1942 г. у савецкіх партызанскіх адзінках у Беларусі, уключна са спецгрупамі НКГБ—НКВД і Галоўразведуправы Чырвонай Арміі, налічвалася каля 97 тыс. чалавек[3]. Беларускі штаб партызанскага руху ў 1944 г. лічыў, што колькасць партызанаў да канца 1941 г. тут складала каля 5 тыс. чал., а ў 1942 — 73 тыс.[4], аднак для далейшых разлікаў выкарыстаю ўсё ж „афіцыйна прызнаную“ лічбу. Для чыстаты падліку да партызанаў трэба дадаць яшчэ і падпольшчыкаў. Іх „афіцыйная“ колькасць за ўсю вайну вызначаецца ў 70 тыс. чалавек[5]. Калі ўлічыць, што за 1941—1944 г. у савецкім партызанскім руху прымалі ўдзел 374 тыс. чалавек[6] і прыкласці прапорцыю суадносінаў колькасці партызанаў у 1941—42 і за ўсю вайну да колькасці падпольшчыкаў, атрымаем вынік — каля 17 тыс. падпольшчыкаў для 1941—1942 г.
Гэтыя падлікі паказваюць, што з 6 млн. 122,7 тыс. чалавек дарослага насельніцтва БССР на пачатку вайны, у 1941—1942 г., больш–менш актыўны ўдзел у барацьбе з немцамі прымалі 114 тыс., то бок — каля 1,86%. Іншымі словамі, у першы перыяд нямецка–савецкай вайны менш за 2% жыхароў Беларусі выступілі актыўна на баку Саветаў (апроч, натуральна, мабілізаваных у Чырвоную Армію), а больш за 98% з іх адносна лаяльна паставіліся да немцаў. Да канца ліпеня 1944 г., як вынік кардынальных зменаў у хадзе вайны на карысць СССР і надзвычай жорсткай акупацыйнай палітыкі немцаў, гэтая прапорцыя прыкметна змянілася ў бок павелічэння падтрымкі верагодных пераможцаў, аднак маштабаў „усенароднай барацьбы“ яўна не дасягнула. Пры гэтым асабліва варта падкрэсліць, што рэальны ўдзел жыхароў Беларусі ў змаганні супраць нацыстаў і іхных хаўруснікаў быў яшчэ меншым, бо, як вядома, значную частку савецкіх партызанаў (а ў 1941—1942 г., відаць, і большую) складалі вайскоўцы Чырвонай Арміі, што патрапілі ў акружэнне або збеглі з палону, а таксама дыверсанты, закінутыя з–за лініі фронту. Адначасна, хоць колькасць беларусаў, якія актыўна супрацоўнічалі з новымі акупантамі вылічыць даволі цяжка, але заслугоўвае ўвагі той факт, што ўжо ўвесну 1944 г., калі вяртанне Савецкай улады выглядала непазбежным, на прызыўныя пункты Беларускай краёвай абароны з’явілася ад 40 да 50 тыс. жыхароў Генеральнай акругі Беларусь[7] (тэрыторыя якой складала толькі 1/3 БССРаўскай), а ў шэрагах Саюзу беларускай моладзі (дзейнічаў на той самай тэрыторыі) паводле некаторых дадзеных налічвалася да 100 тыс. юнакоў і дзяўчат[8]. Натуральна, неабходна ўлічваць часткова прымусовы характар мабілізацыі ў БКА (як зрэшты й любой іншай мабілізацыі), аднак і набор у партызанскія атрады, асабліва ў гэтак званых „партызанскіх зонах“, зусім не адрозніваўся ўзорнай добраахвотнасцю. Урэшце, пэўным індыкатарам грамадскіх настрояў у тагачаснай БССР можа служыць і факт прыняцця ў лютым 1945 г. адмысловай рэзалюцыі ЦК КПБ аб „перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў“, якіх на тэрыторыі Беларусі не было ўжо больш за паўгода[9].
Як бачым, праблема вызначэння сапраўднага стаўлення жыхарства Беларусі да супраціўных бакоў сусветнага канфлікту сярэдзіны ХХ ст. не прыдумана, і яе навуковае вырашэнне не можа быць забяспечанае без выхаду за межы савецкай гістарыяграфічнай міфалогіі. Мне здаецца, што адным з ключавых крокаў на гэтым шляху мае быць вывучэнне настрояў беларускага грамадства па гэтым пытанні да пачатку нямецка–савецкай вайны. Гэта дазволіць зразумець падставы тых ці іншых паводзінаў насельніцтва ва ўмовах нямецкай акупацыі, вызначыць наяўнасць ці адсутнасць першапачатковай арыентацыі на супрацоўніцтва з новай уладай да моманту яе непасрэднага ўсталявання і меркаваныя ўмовы гэтага супрацоўніцтва.
Цікавай крыніцавай базай для такіх доследаў ёсць дакументы, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у фондзе Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі (фонд 4). Тут можна адшукаць шматлікія інфармацыйныя лісты і справаздачы кіраўніцтва НКВД БССР на імя кіраўніцтва ЦК КПБ, у якіх пад грыфам „зусім сакрэтна“ часта адлюстроўвалася сапраўдная сітуацыя ў краіне і сапраўдныя настроі грамадства, якія рэзка кантраставалі з нястрымным аптымізмам і лозунгавым савецкім патрыятызмам тагачасных газетных артыкулаў і „адкрытых“ партыйных дакументаў. Натуральна, да гэтых, як і да ўсіх іншых, крыніцаў трэба ставіцца крытычна, але, на маю думку, па ступені адлюстравання рэальнага, а не параднага, жыцця ў даваеннай БССР і сапраўдных, а не „для начальства“, думак яе жыхароў, дакументы з былога сакрэтнага архіва Асобага сектара ЦК КПБ ёсць аднымі з найбольш каштоўных крыніцаў па гісторыі нашай краіны ў савецкі час.
З іх мы, напрыклад, можам даведацца, што 18 студзеня 1939 г. на Менскім галоўпаштамце быў затрыманы міліцыяй Пётр Ісакавіч Лебедзеў, „які сядзеў у аперацыйнай зале і складаў антысавецкія ўлёткі фашысцкага характару“[10]. Затрыманы быў 17–гадовым пісьменным беларусам (скончыў васьмігодку), які прыехаў у Менск у пошуках працы з вёскі Нізголава Сакораўскага сельсавета Бешанковіцкага раёна. Што праўда, змест улёткі паказвае, што на фармаванне асобы хлопца больш паўплывала рэлігійная літаратура, чым савецкія падручнікі, ды і стан ягонага псіхічнага здароўя выклікае пэўныя пытанні. Тым не менш рука яго выводзіла не якія іншыя, а менавіта гэткія словы (тэксты ўлётак тут і далей падаюцца ў мове арыгіналаў):
Граждане! Волей бога и силой указа всевышнего императора Европы ГИТЛЕРА сразу после переписи (відавочна, вядзецца пра перапіс насельніцтва 1939 г. — І.Л.) начинается всесветная война, огонь которой будет разить на советской земле[11].
Далейшы лёс Пятра Лебедзева, напэўна, быў незайздросны, аднак у Менску хапала ягоных больш фартунных аднадумцаў. Пра гэта сведчыць хоць бы тое, што ў тым жа студзені 1939 г. в.а. наркама ўнутраных справаў БССР Масленікаў яшчэ як мінімум два разы быў вымушаны патурбаваць першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнку паведамленнямі пра знаходкі падобных улётак у сталіцы Савецкай Беларусі. Адна з іх была знойдзеная на заводзе „Беларусь“ і ўтрымлівала зварот да рабочых:
Т.т. рабочие, поднимайте забастовку, вооружайтесь револьверами, винтовками, свергайте власть — она Вас доведет до голода, холода, до безработицы, до жабрацтва. От шпионского центра правых 1–00. Привет от г. ГИТЛЕРА[12].
Яшчэ адна ўлётка прыйшла на адрас Менскай электрастанцыі і таксама адрасавалася рабочым:
Здравствуйте, дорогие рабочие. Шлем вам привет от германского правительства. Центр шпионской организации просит всех рабочих и служащих о немедленном вооруженном восстании против самодержавия, которое ведет ваш советский народ на голод, нищету, безработицу, на жибрацтва, а вашу армию в скором будущем ваше командование поведет на пушнину, потому что Ваше командование уже продалось за деньги. Просим от всего руководства Украинского и Белорусского центра передавать всем рабочим о недовольстве, которое стало в этот момент. Если Вы рабочие и крестьяне совместно поднимитесь, вооружайтесь, убивайте своих начальников и т.д. Дороговизна вас доведет, да к тому среди крестьян проводим и об’ясняем жизнь германского народа[13].
„Па гарачых слядах“ аўтараў (ці аўтара?) гэтых улётак адшукаць не ўдалося. А пра тое, што падобныя з’явы не былі выпадковымі ў даваенным Менску, пераканаўча сведчаць і іншыя справаздачы НКВДўскіх кіраўнікоў (раю, напрыклад, звярнуць увагу на нядаўна апублікаваныя справаздачы аб настроях сталічных жыхароў у сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны[14]), і пазнейшае шчырае здзіўленне менскага гарадскога камісара ў 1944 г. Бэкера ад таго, „што 8000 жыхароў горада добраахвотна, без прынукі выйшлі на пабудову ўмацаванняў вакол горада перад наступам Чырвонай Арміі“[15].
Аднак пранямецкія ўлёткі (як і адпаведныя настроі) не былі ў той час характэрнымі толькі для сталіцы БССР. 1 красавіка 1939 г. першы сакратар Камарынскага райкама КП(б)Б Бейненсон пісаў гэткую дакладную запіску на імя Панамарэнкі і першага сакратара Палескага абкама Маркіна: „Даводжу да Вашага ведама, што сёння, 1.4.39, я атрымаў ад партарга пярвічнай партарганізацыі калгаса „Чырвоны Барацьбіт“ Асарэвіцкага сельсавета тав. Шэіна пакет, у якім ён пераслаў знойдзеную ў сельсавеце 31.3.39 адозву контррэвалюцыйнага характару (копію якой пры гэтым прыкладаю), гэтая адозва быццам бы была знойдзеная на вуліцы адным вучнем. Па атрыманні гэтага ліста мною быў выкліканы нач. РА НКВД і прапанавана тэрмінова выехаць у Асарэвіцкі сельсавет пяці чалавекам [з] райпартактыву (у тым ліку 2 працаўнікам Райкама КП(б)Б) для правядзення палітмасавай работы на 4 дні тлумачэння рашэнняў 18–га З’езду УКП(б) [і] падрыхтоўкі да сяўбы, нічога не кажучы пра гэты лісток. Пра што стаўлю Вас у вядомасць. Аб выніках праверкі паведамлю дадаткова. Арыгінал улёткі перададзены нач. РА НКВД. Прашу паведаміць аб неабходных мерапрыемствах[, якія трэба] правесці ў гэтым сельсавеце, апрача прынятых мною“[16]. Прычынаю гэтых узрушанняў быў наступны „крык душы“ на аркушы з вучнёўскага сшытку:
Таварышы! Все з вас ведаюць, в какой абстановки находится наша жизнь. Канечна, наша жизнь представляет скудную жизнь, как калхозникав, так и аднаасобникав. Нужно вот что сказать, что советское правительство мало обращает внимания на нашу плахую жизнь. Эта все отрыгнется им на ихних сердцах в будущай войне, котора неминуча, так как эта паслабляет тыл. Паэтаму таварыщы закликаем мы: в выпадку нападу на Совецки Союз со стораны капиталистых краин (Германия, Италия, Япония, Польща, Англия, Францыя и другия), то нужно им аказать помач: как силай, так и харчами и всеми вазможными срадствами, только нужно освободится от ига советскай империи (ГИТЛЕР, МУСАЛИНИ)[17].
Гэтым разам органы НКВД спрацавалі аператыўна, і ўжо праз месяц, 7 траўня 1939 г., наркам унутраных справаў БССР Цанава змог назваць Панамарэнку імёны тых, хто падрыхтаваў гэтую ўлётку: „1. АНДРАЛОВІЧ Сцяпан Рыгоравіч, 1912 г. н., ураджэнец Смалявіцкага р–на, з сялянаў, бацька яго ў мінулым служыў аканомам у памешчыка. АНДРАЛОВІЧ С.Р. у дадзены час працуе ў шавецкай арцелі і жыве ў в. Асарэвічы. 2. АГАРОДНІКАЎ Піліп Фядосавіч, ураджэнец Брагінскага р–на, па прафесіі шавец, працуе з АНДРАЛОВІЧАМ у шавецкай арцелі, жыве ў в. Асарэвічы. 3. ЯФІМЕНКА Сцяпан Іванавіч, 1892 г. н., ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, у мінулым заможны сялянін, у 1933 г. судзіўся Камарынскім Нарсудом за шкодніцтва ў калгасе, у дадзены час вартаўнік калгаса. 4. ПЕСКАВЫ Пётр Якаўлевіч, 1912 г. н., ураджэнец в. Асарэвічы, з сялянаў, быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі за крадзёж калгаснае маёмасці. Цяпер жыве ў г. Менску, працуе ў прамбудтрэсце. 5. КАНЦАВЫ Марк Філімонавіч, 1896 г. н., ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, былы кулак і царкоўны дзяк, мае двух братоў, асуджаных за к–р дзейнасць. 6. ПІНЧУК Андрэй Мінавіч, ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, з сялянаў, састаіць у калгасе“[18]. Гэтая ж дакладная запіска шэфа НКВД данесла да нас выказванні асарэвіцкіх сялянаў, у якіх адлюстраваліся іхнія перадваенныя настроі і спадзяванні. Вось, напрыклад, меркаванне Сцяпана Андраловіча: „Намі кіруюць камуністы і габрэі, і нас душаць у калгасах, але прыйдзе час, калі ў Расеі з камуністамі і габрэямі расправяцца так, як Гітлер у Нямеччыне. У бліжэйшы час абавязкова будзе вайна з Савецкім Саюзам, і Нямеччына ў гэтай вайне знішчыць Савецкі Саюз. Нам неабходна быць гатовымі на момант пачатку вайны выступіць у тыле Савецкай улады і дапамагчы Гітлеру знішчыць Савецкі Саюз“[19]. Гэтую гатоўнасць выступіць на баку Нямеччыны супраць Саветаў падзяляў і Марк Канцавы: „Нам трэба захаваць коней і назапасіць хоць бы паляўнічых стрэльбаў. Як толькі палыхне вайна, мы выступім з тылу супраць Савецкай улады і дапаможам нашым сябрам знішчыць Савецкую ўладу і адчыніць нам светлае жыццё“[20]. Адным з найбольш „палітычна пісьменных“ жыхароў Асарэвічаў быў, відаць, Сцяпан Яфіменка, які пад час кампаніі па так званых выбарах у Вярхоўны Савет БССР тлумачыў аднавяскоўцам: „Як не ўхваляйце Савецкую ўладу, яна не доўга будзе існаваць, яна будзе знішчаная Нямеччынай, як і Аўстрыя, і Чэхаславаччына. За мяжой лепш жывецца, чым у нас, і калі б Савецкая ўлада не перашкаджала, то большасць народу выехала б за мяжу. Паглядзіце, нашых кіраўнікоў партыі і ўраду ў хуткім часе разгоняць як мышэй. Цяпер усе моцныя дзяржавы непасрэдна падпарадкоўваюцца Гітлеру, і яны распрацавалі агульны план знішчэння Савецкай улады, а мы, сяляне, толькі на гэта й чакаем“[21]. Асарэвіцкая група, як мы ведаем, была выкрытая НКВД, і наўрад ці яе сябры дачакаліся прадказанага імі хуткага пачатку нямецка–савецкай вайны. Аднак, на маю думку, было б памылкай лічыць іхныя погляды і чаканні адзінкавай і выпадковай з’явай у тагачасным сялянскім дыскурсе ў Беларусі. Гвалтоўная сталінская калектывізацыя і спадарожныя ёй масавыя рэпрэсіі ў беларускай вёсцы (толькі за 1938 г. і толькі па „антысавецкіх“ справах былі асуджаныя, у асноўным на смерць, 1844 „кулакі“, 1762 калгаснікі, 640 аднаасобнікаў і 50 рабочых МТС[22]) ніяк не маглі спрычыніцца да змяншэння колькасці тых, хто чакаў прыходу немцаў як збавення.
Зафіксаваныя, незалежна адны ад другіх, як у вялікім горадзе, так і ў вёсцы, тагачасныя пранямецкія настроі натуральна, не маглі абысці і мястэчка. Гэта пацвярджаюць і архіўныя крыніцы. Так, 31 студзеня 1939 у ЦК КП(б)Б на імя Панамарэнкі паступіла спецпаведамленне ад наркама НКВД Цанавы, які даводзіў да ведама партыйнага начальніка, што „ў Лоеўскай сярэдняй школе таго ж раёна былымі камсамольцамі–вучнямі ПЛЮШЧОМ Міхаілам Іванавічам і ЗАХАРЭЎСКАЙ Наталляй Мікалаеўнай, як унутры школы, так і ў мястэчку Лоеве, распаўсюджваліся к.–р. улёткі фашысцкага зместу. Ва ўлётках усхваляліся фашысты ГІТЛЕР і ТРОЦКІ, а таксама распаўсюджваліся правакацыйныя чуткі, што быццам бы хутка будзе вайна. ПЛЮШЧ распаўсюдзіў адну, а ЗАХАРЭЎСКАЯ сем улётак“[23]. Абодва „галоўныя героі“ гэтага спецпаведамлення былі вучнямі 9 класа, мелі па 16—17 гадоў і, верагодна, складалі ўлёткі ў адпаведнасці са сваімі палітычнымі поглядамі. Цікава, што пры гэтым яны не былі самотнымі нават у сваім класе!
Падзеі, якія адбываліся ў той самай школе, праз некалькі месяцаў сталі падставай напісання дакладной запіскі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ Каралёвым першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку. У гэтым дакуменце камсамольскі дзеяч падае такую храналогію падзеяў: „4.4.1939 г. праходзіў раённы камсамольскі актыў па выніках 18 з’езду УКП(б). Пасля актыву ў школе былі выяўленыя каля вешалак напісаныя атрамантам на фотапаперы 2 фашысцкія свастыкі […] 5.4.39 г. у калідоры школы былі знойдзеныя 2 пакеты, у якіх былі запячатаныя контррэвалюцыйныя ўлёткі, напісаныя ад рукі друкаваным шрыфтам. 6.4.39 г. у скрыні для газет і лістоў былі выяўленыя 4 пакеты, адрасаваныя на імя: 1) Дырэктара школы тав. Кільчэўскага, 2) Сакратару КСМ камітэта т. Гофман, 3) Заг. навучальнай часткаю тав. Тумань і 4) Нам. сакратара КСМ камітэта т. Гараўцову. Ва ўсіх пакетах былі ўлёткі, пісаныя друкаваным шрыфтам ад рукі, контррэвалюцыйнага зместу, і на кожнай улётцы была надрукаваная фашысцкая свастыка адмыслова зробленым штампам“[24]. Змест гэтых улётак дазваляў бы кваліфікаваць акцыю іхных аўтараў і распаўсюднікаў хутчэй як хуліганскую выхадку не лепшых вучняў, калі б не яўны адбітак пэўнай палітычнай ангажаванасці гэтых падлеткаў. І сапраўды, тут быў такі, напрыклад, зварот да дырэктара школы:
Глядзі брат, кулацкі Абдула, шануй сваю шкуру, долга не будзеш уладаром школы, на цябе ўжо адточан нож і просіць міласці парануць у ключэўскую [кільчэўскую?] гадзіну, а табе, яхідны піжон, тумелеўская шкура свінцовая пуля просіць міласці прабіць лысую чарап’янку. Ачкастым дуракам, предсядацелям комсомола Гофману і Горэўцову вучні выб’юць з башкі політыку, хоць ноччу з–за вугла, хоць летам у адпачынку[25].
Быў і зварот да вучняў:
Вучні, помніце заветы народа — калі старшых кровапіўцаў меншасць, нада карыць іх большасцю, арганізоўвайце падпольныя гурткі, пішыце лістоўкі і раскідвайце іх па школе, не слухайце сваіх настаўнікаў і іхніх падхалімаў, злосных убівайце ноччу камнямі. Вучні, даставайце ржавае аружжа, рабіце самастрэлы, аб’яднайцеся ў партыю, будзьце гатовы, скора будзе вам свабода ад германскага народа, няхай жыве Гітлер[26].
Найменш хуліганская і найбольш палітычна выразная ўлётка абвяшчала:
Скора прыдзе Гітлер, таварышы настаўнікі і вучні, памагайце раскарчаваць гадаў сярод Вас. Вам будзе воля і свабода ад германского народа. Няхай жыве Гітлер[27].
Больш упэўнена пра палітычную падаплёку гэтае справы дазваляюць казаць біяграфіі аўтараў гэтых улётак, яшчэ па–хлапечы кароткія, але ўжо вельмі выразныя. Вось як яны паўстаюць у выкладзе Цанавы ў ягоным спецпаведамленні для Панамарэнкі: „1. ЯКІМЕНКА Ўладзімір Аляксандравіч, 1923 г. нараджэння, 16 чэрвеня, ураджэнец гор. Гомеля, бацька якога ў 1938 г. арыштаваны за к.–р. дзейнасць і асуджаны на 10 гадоў. 2. ЛАПКОЎСКІ Канстанцін Аляксандравіч, 1922 г. нараджэння, урадж. Рэчыцкага р–на, па паходжанні — з сям’і рэлігійнага культу [sic!]. Бацька яго ў 1937 г. арыштаваны органамі НКВД і высланы. 3. ГУНЬКА Іван Аляксеевіч, 1922 г. нараджэння, урадж. м. Лоева, з сялянаў–сераднякоў“[28]. Відаць, і гэтым хлопцам у барацьбе супраць савецкай улады, якая пазбавіла іх бацькоў, адзіным магчымым хаўруснікам уяўляўся нямецкі фюрэр…
Такім чынам, на маю думку, не будзе перабольшаннем выснова, што наконадні Другой сусветнай вайны ў БССР сапраўды існавалі ярка выражаныя пранямецкія і нават прафашысцкія настроі. Як сведчаць дакументы, яны былі пашыраныя сярод групаў насельніцтва, адрозных як па месце жыхарства (буйны горад, мястэчка, вёска), так і па веку (сталыя асарэвіцкія сяляне і юныя лоеўскія школьнікі). Не думаю, што да вытокаў гэткіх настрояў можна аднесці дзейнасць нямецкай рэзідэнтуры, або ўспрыняцце беларускім насельніцтвам ідэяў нацыянал–сацыялізму (у гэтым асабіста мяне пераконваюць вышэйпрыведзеныя тэксты ўлётак). Не здаюцца згаданыя вышэй выпадкі і падобнымі на вынікі правакацыяў НКВД. На маю думку, гэтая „пранямецкасць“ ці „прафашысцкасць“ часткі жыхароў БССР была ўсяго толькі сублімацыяй іхнай глыбокай нянавісці да тагачаснай бальшавісцкай улады, якую яны справядліва лічылі вінаватай у сваім гаротным матэрыяльным стане і адказнай за масавае прыніжэнне ды знішчэнне людзей. Як гэта ні дзіўна, але ўзнікненню менавіта такіх настрояў значна паспрыяла і савецкая прапаганда. Дакументы паказваюць, што спіс патэнцыйных „збаўцаў“ ад Саветаў цалкам адпавядае савецкаму прапагандоваму пераліку „ворагаў народа“: тут і „шпіёнскія цэнтры правых“, і „капіталістычнае атачэнне“ (прычым, зусім у духу савецкай прапаганды, праз коску пералічваюцца і Нямеччына з Італіяй, і Англія з Францыяй, і суседняя Польшча), і Леў Троцкі. Цудоўная ілюстрацыя літаральнага ўспрыняцця масамі вядомай максімы „ворагі нашых ворагаў ёсць нашымі сябрамі“!
Тэзу аб субліматыўным характары прафашысцкіх настрояў у БССР можна падцвердзіць і спасылкай на іхную распаўсюджанасць сярод такіх пластоў насельніцтва, якія амаль ня мелі іншых крыніцаў інфармацыі, апрача афіцыйнай. Характэрна, што сярод гуманітарнай інтэлігенцыі, якая была настроеная не менш па–антысавецку, чым рабочыя ці сяляне, але валодала значна шырэйшым даляглядам і ведамі, сімпатыяў да нямецкіх нацыстаў не адзначалася. Для прыкладу прывяду зафіксаваныя сексотамі НКВД у тым самым 1939 г. выказванні толькі найвыдатнейшых тагачасных беларускіх гісторыкаў:
Мікалай Міхайлавіч Нікольскі: „Бальшавізм ёсць фашызм навыварат, у СССР вучоныя не могуць адкрыта выкладаць свае погляды, і ў выпадку вайны я не жадаў бы застацца на тэрыторыі СССР“[29].
Уладзімер Мікалаевіч Перцаў: „Калі б насельніцтва былой царскай Расеі апынулася ў такім матэрыяльным становішчы, у якім знаходзяцца пры Савецкай уладзе, то рэвалюцыя адбылася б нашмат раней за сямнаццаты год. Нейкі палітычны пераварот неабходны і цяпер, бо палітыка партыі і Савецкай улады ўсё горш і горш цісне на насельніцтва. Бальшавікі як не імкнуцца падтрымаць аўтарытэт партыі, але ва ўсіх пра яе склалася самае кепскае меркаванне, нават прыродныя пралетарыі ставяцца пагардліва, і гэта цалкам натуральна, бо жыццё пры іхным кіраўніцтве ёсць самае цягаснае“[30].
Уладзімер Іванавіч Пічэта: „Я з палітыкай Савецкай улады не згодны і ніколі не згаджуся, і трываць яе (уладу) не магу. Наўкола хамы і больш нічога. Савецкі Саюз — гэта фашысцкая катавальня, а не сацыялізм. Усё тое, што пішуць у газетах — самахвальства і ідыятызм“[31].
Выказанае вышэй меркаванне пацвярджае, як мне здаецца, і той факт, што пасля жнівеньскага 1939 г. „пакта Молатава — Рыбентропа“, калі гітлераўская Нямеччына і Савецкі Саюз ператварыліся з ворагаў у хаўруснікаў, і да самага пачатку нямецка–савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. пранямецкія настроі ў БССР ідуць на спад, прынамсі дакументы з фіксацыяй такіх настрояў у гэты перыяд асабіста мною не выяўленыя.
Напрыканцы дзве высновы, якія могуць падштурхнуць даследнікаў да больш актыўнага вывучэння пастаўленай у гэтым артыкуле праблемы:
1. Выглядае на тое, што на пачатку нямецка–савецкай вайны 1941––45 г. значная частка насельніцтва Беларусі, у моц свайго варожага стаўлення да Савецкай улады, была псіхалагічна гатовая да падтрымкі новага рэжыму, усталяваннем якога суправаджаўся ўваход нямецкіх войскаў на тэрыторыю краю. Патэнцыял гэтай гатоўнасці не быў і не мог быць дастаткова выкарыстаны нямецкімі нацыстамі па прычыне кардынальных разыходжанняў іхнай ідэалогіі і мэтаў у гэтай вайне з ідэалогіяй і мэтамі беларусаў, аднак і савецкі партызанскі рух у 1941—44 г. ніколі не карыстаўся падтрымкай большасці жыхароў Беларусі.
2. Тэза аб „адвечнай савецкасці“ новачаснай беларускай нацыі ды ейнай заўсёднай прыхільнасці да сацыялістычных каштоўнасцяў, якая апошнім часам актыўна распрацоўваецца аўтарамі розных палітычных арыентацыяў, здаецца, не вытрымлівае праверкі фактамі.
[1] Кудзелька Дз., Шахоцька Л. Перапісы насельніцтва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 465.
[2] Як пішуць Дз. Кудзелька і Л. Шахоцька, „характэрнай рысай дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва [у Беларусі] з’яўляецца памяншэнне долі дзяцей“ (Тамсама).
[3] Пасэ У. Вялікая Айчынная вайна 1941—45 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.2. Мінск, 1994. С. 429.
[4] Гл.: Калинин П. Партизанская республика. 2–е изд. Минск, 1968. С. 367.
[5] Тозік А. Патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 436.
[6] Лемяшонак У. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 414.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 188.
[8] Тамсама. С. 186.
[9] Гл.: Тамсама. С. 201.
[10] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ), Ф.4, воп.21, спр.1676, арк.117.
[11] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1676, арк.116.
[12] Тамсама, арк.117.
[13] Тамсама, арк.126.
[14] Гл.: Лялькоў І. Гарачая восень 1939 году: погляд зь Менску // Спадчына. 1999. №4. С. 98-103.
[15] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 188.
[16] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1576, арк.20.
[17] Тамсама, арк.21.
[18] Тамсама, спр.1678, арк.143—144.
[19] Тамсама, арк.141.
[20] Тамсама, арк.142.
[21] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1678, арк.142—143.
[22] Процька Т. Вынішчэнне сялянства. Вёска Ўсходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў. Мінск, 1998. С. 98.
[23] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1676, арк. 143.
[24] Тамсама, спр.1596, арк.19.
[25] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1576, арк.44.
[26] Тамсама.
[27] Тамсама, спр.1678, арк.83.
[28] Тамсама, арк.84.
[29] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1689, арк.147.
[30] Тамсама, арк.233—234.
[31] Тамсама, спр.1691, арк.338.