Марына Сакалова. Пра метадалогію вывучэння гісторыі грамадскіх рухаў ХIХ ст.
Пры апісанні грамадскіх рухаў гістарычная навука назапашвае пэўную колькасць паняццяў і катэгорый, змест якіх павінны быць вызначаны агульнапрынятым спосабам. У айчыннай гістарыяграфіі гэтая працэдура ажыццяўляецца, галоўным чынам, праз пералік феноменаў, якія, па меркаванні розных аўтараў, маюць да іх дачыненне. Безумоўна, такім чынам забяспечваецца эмпірычная рэферэнтнасць паняццяў. Але ў кожным выпадку эмпірычныя веды апісваюць толькі пэўны аспект існавання аб’екта, даюць толькі адну прадметную праекцыю. Такім чынам, запас канкрэтна–гістарычных ведаў расце, але прырост надзейных ведаў аб узаемaсувязі дэталяў за гэтым ростам не паспявае. Як адзначаў нямецкі сацыёлаг Норберт Эліас (1897—1990), крыніцавая база, надзейнасць спасылак — гэта безумоўны доказ навуковасці і каштоўнасці гістарычнай працы. Аднак гістарычныя крыніцы — гэта фрагменты, якія даследчык інтэрпрэтуе ў адпаведнасці са сваімі мэтамі, каштоўнасцямі і ідэаламі[1]. Адсутнасць жа тэарэтычна распрацаванай і верыфікаванай сістэмы каардынат запускае той заганны круг, пра які гаварыў яшчэ Леапольд Ранке: „Гісторыю заўсёды перапісваюць нанова… Кожны час і яго асноўны кірунак прысвойваюць сабе і пераносяць на яе свае думкі. Адпаведна раздаюць хвалу і ганьбу. Усё гэта так і пляцецца далей, пакуль зусім не перастаюць разумець сам прадмет. Тады не дапаможа нічога, акрамя вяртання да першапачатковага паведамлення. Але сталі б мы ўвогуле вывучаць гэтае паведамленне без імпульса ад сучаснасці?“[2]
Адным са спосабаў вырашэння гэтай праблемы ў дачыненні да вывучэння грамадскіх рухаў XIX ст. можа стаць міждысцыплінарны падыход да гісторыі фармавання катэгарыяльнага апарату і канцэптуалізацыі аб’екта.
Як вядома, паняцце „сацыяльны рух“ было ўпершыню выкарыстана ў канцы XVIII ст. Анры Сен–Сімонам (1760—1825) для характарыстыкі рухаў сацыяльнага пратэсту, якія пачалі фармавацца ў той час. У XIX— пачатку XX ст. склаліся асноўныя напрамкі ў вывучэнні грамадскіх рухаў. Прускі грамадскі дзеяч і тэарэтык Л. фон Штайн (1815—1890) аб’яднаў паняцце грамадскіх рухаў з ідэяй сацыяльных рэформ па ініцыятыве дзяржавы. Карл Маркс (1815—1883) аналізаваў грамадскія рухі з пункту гледжання класавай тэорыі. У далейшым у артадаксальным марксізме атрымала перавагу канцэпцыя рэвалюцыйнай партыі, якая кіравала рабочым рухам. Даследчыкі канцэнтравалі ўвагу на паступовым пашырэнні сацыялістычнага і камуністычнага рухаў як суб’ектаў сацыялістычнай рэвалюцыі. Іншым грамадскім рухам не надавалася самастойнага значэння, яны разглядаліся або як ніжэйшая фаза рэвалюцыйнага працэсу, або як перашкоды на шляху да рэвалюцыі. Пры гэтым вылучаліся тры асноўныя віды класавай барацьбы: эканамічная (за непасрэднае штодзённае паляпшэнне жыццёвых умоў працоўных), палітычная (за пашырэнне правоў і свабод працоўных, за ўдзел у дзяржаўных справах) і тэарэтычная/ідэалагічная (за развіццё рэвалюцыйнага вучэння, вызваленне працоўных ад класава чужых поглядаў і замацаванне ў іх асяроддзі сацыялістычнага кругагляду), і падкрэслівалася, што ўсялякая сапраўдная класавая барацьба ёсць барацьба палітычная[3]. Такім чынам, акцэнт на класавай барацьбе фактычна выціскаў грамадскія рухі як асобны аб’ект гістарычнага даследавання. Класавая ж сутнасць любой партыі і руху вызначалася не толькі і не столькі іх праграмамі, а тым, інтарэсы якога класа яна „аб’ектыўна“ выяўляла. Паколькі крыніца класавай барацьбы — у супрацьлегласці інтарэсаў сацыяльна–эканамічных класаў, якая даходзіць да антаганізмаў, то перш за ўсё трэба выкрыць гэтыя інтарэсы і зразумець іх характар. Такім чынам аналіз на аснове „класавых інтарэсаў“ ператвараўся ў „герменеўтыку падазронасці“[4].
Іншую пазіцыю займаў Макс Вэбэр (1864—1920), які лічыў, што эканамічныя класы дакладна не акрэслены і не адлюстроўваюць высокай ступені агульнасці інтарэсаў. Кожны клас складаецца са шматлікіх статусных груп, якія ерархічна размешчаны ў адпаведнасці з адноснымі рынкавымі перавагамі. Так, М. Вэбэр элімінаваў сацыяльны аспект паняцця класаў і, тым самым, адкрыў дзверы для сацыялогіі, канцэптуальна заснаванай на „бязмежным размежаванні інтарэсаў“[5]. Важным для вывучэння грамадскіх рухаў стала вызначэнне Вэбэрам розніцы паміж мэтарацыянальнымі паводзінамі і масавым дзеяннем. Масавае дзеянне ён разглядаў як падобныя паводзіны многіх людзей у падобных абставінах і не лічыў яго грамадскім рухам. „У тых выпадках, калі на паводзіны асобных людзей уплывае той факт, што і іншыя ўдзельнікі пэўнай сітуацыі паводзяць сябе пэўным чынам, мы будзем гаварыць аб „паводзінах, абумоўленых масавасцю“[6]. Асновай жа сацыяльнага дзеяння М. Вэбэр лічыў такія паводзіны, калі „асобны індывід мяркуе, што ён можа разлічваць на сумесна прыняты праз супольнае аб’яднанне характар дзеянняў іншага ці іншых і што ў яго інтарэсах поўнасцю арыентаваць на гэта свае дзеянні“[7]. Такім чынам, было паказана, што сацыяльны рух, перш за ўсё, звязаны з грамадскімі аб’яднаннямі, а сацыяльнае дзеянне абумоўлена інтарэсамі шматлікіх статусных груп, якія існуюць ў межах эканамічных класаў.
Добра вядома, што ў айчыннай гістарыяграфіі доўгі час панаваў артадаксальны марксісцкі падыход. Прыватызацыя гісторыі грамадскіх рухаў марксістамі пачалася ў канцы XIX ст., калі былі апублікаваны працы У. Леніна (1870—1924), якія на доўгі час вызначылі метадалагічныя падыходы да аналізу грамадскіх рухаў у Расійскай імперыі, і ў тым ліку ў Беларусі[8]. Ацэнка грамадскіх рухаў і плыняў давалася тут у адпаведнасці з тым, наколькі яны адлюстроўвалі інтарэсы класаў як носьбітаў „аб’ектыўнага гістарычнага працэсу“. А для таго каб паказаць пераемнасць сацыял–дэмакратаў і папярэдняга вызваленчага руху, погляды грамадскіх дзеячаў часта скажаліся і мадэрнізаваліся.
У ходзе культурнай рэвалюцыі 30–х г. марксізм з пажаданай і карыснай вернасці агульным прынцыпам — сацыяльна–эканамічны фактар, класавы аналіз, роля нізоў — ператварыўся ў прымусова–абавязковую схему і канон. У такіх умовах заставаліся, па сутнасці, дзве галоўныя магчымасці: выкарыстоўваць свае веды для ўдакладнення зададзеных прынцыпаў у выбранай сферы ці пакідаць марксізм для агульных уводзінаў, каб далей выкладаць гісторыю ў духу старога добрага пазітывізму, звяртаючыся для страхоўкі да патрэбных агаворак і тэрміналогіі[9]. А ў працах па гісторыі грамадскіх рухаў спалучаліся два падыходы: артадаксальны марксісцкі класавы аналіз і апісанне рухаў у тэрмінах гісторыка–эмпірычных абстракцый[10]. Так, створаная ў Маскве ў 1961 г. спецыяльная „Група па гісторыі грамадскага руху ў парэформавай Расіі“ планавала вывучаць рэвалюцыйна–дэмакратычны рух, рабочы рух, інтэрнацыянальныя сувязі рэвалюцыянераў, другую рэвалюцыйную сітуацыю, дэмакратычную журналістыку. На паседжаннях групы ні разу не абмяркоўваліся пытанні аб сутнасці грамадскіх рухаў, іх адрозненні ад палітычных і варыянты тыпалогіі рухаў[11].
У выніку ў савецкай гістарыяграфіі пад паняцце „грамадскі рух“ падводзілася і дзейнасць палітычных партый, і класавая барацьба. У некаторых працах грамадскі рух нават вызначаўся як „сістэма палітычных партый, якія з’яўляліся вышэйшай арганізацыйнай формай класавых рухаў, што адлюстроўвалі найбольш істотныя эканамічныя, палітычныя і культурныя памкненні“ асноўных слаёў грамадства[12]. У той жа час уводзілася паняцце „вызваленчага руху“, пад якім разумеўся ўсялякі рух, накіраваны на вызваленне народа ад прыгону, самадзяржаўя, нацыянальнага прыгнёту і г.д.[13] А тэрмін „грамадскі рух“ выкарыстоўваўся як агульная назва для вызваленчага руху і грамадскай думкі[14].
З канца 80–х г. у савецкай і айчыннай сацыялогіі сталі складвацца новыя падыходы да вывучэння грамадскіх рухаў, ішло засваенне немарксісцкіх тэорый калектыўных паводзінаў. Гэта ў пэўнай ступені паўплывала на гістарычныя працы і прывяло, перш за ўсё, да пашырэння аб’ёму паняцця „грамадскі рух“[15]. Аднак у пераважнай большасці прац па гісторыі грамадскіх рухаў да гэтага часу не існуе дакладных перыядызацый, параметры класіфікацый нават не вылучаны з паняццевых і катэгарыяльных комплексаў. „Непамерны“ набор расплывістых па сэнсе азначэнняў прыводзіць да няпэўнасці і неадназначнасці класіфікацый, памылак тыпалогій нават добра вывучаных феноменаў. У выніку назіраецца страта інтарэсу да гісторыі грамадскіх рухаў і, разам з тым, ілюзія вывучанасці прадмета.
Аднак такая ілюзія знікае, калі адысці ад простага сінтэзу фактычных дадзеных і арганізацыі іх у храналагічным парадку з мінімальнымі абагульненнямі і „стабілізаваць“ аб’ект даследавання з дапамогай тэарэтычнага інструментарыя (дэфініцыйных схем, крытэрыяў класіфікацый), распрацаваных, у прыватнасці, сучаснай сацыялогіяй. І перш за ўсё ў гэтым кантэксце карысна звярнуцца да агульнапрынятага ў сацыялогіі ўяўлення аб грамадскім руху, які вызначаецца як такая форма масавых паводзінаў, калі людзі імкнуцца да ажыццяўлення ці блакавання тых ці іншых сацыяльных зменаў ці да ўдзелу ў вырашэнні грамадска значных праблем. У якасці асноўных характарыстык руху можна вылучаць адсутнасць фіксаванага членства ўдзельнікаў і дакладнага вызначэння функцый і апарату функцыянераў. Акрамя таго, дыфузныя па геаграфічнай прыкмеце і разнародныя па сацыяльным складзе грамадскія рухі характарызуюцца даволі свабодным унутраным рэжымам узаемадзеяння. Менавіта гэтым і адсутнасцю прэтэнзій на дзяржаўную ўладу яны адрозніваюцца ад палітычных партый. З другога боку, для грамадскага руху ўсё ж характэрны некаторы мінімальны ўзровень арганізаванасці і планавання, паколькі гэта — сумеснае імкненне людзей да рэалізацыі агульных мэтаў. Таму ад грамадскага руху трэба адрозніваць масавыя з’явы — простую суму падобных учынкаў, калі людзі паводзяць сябе аднолькава ў падобных сітуацыях[16].
У працэсе вывучэння гісторыі грамадскіх рухаў так ці іначай вылучаюцца іх агульныя і розныя прыкметы і сувязі, і гісторык, усвядомлена ці не, пераходзіць да этапу класіфікацыі (сістэматызацыі і групавання феноменаў). Пры класіфікацыі грамадскіх рухаў у гістарыяграфіі пераважае стадыяльны падыход, накіраваны на выяўленне асноўных этапаў іх развіцця. Аднак дыяхронная сістэматызацыя не дае магчымасці ранжыраваць некаторыя сутнасныя прыкметы рухаў, якія проста знікаюць пры такой класіфікацыі. Групаванне рухаў, падобных па тых ці іншых прыкметах, і аддзяленне груп адна ад адной не толькі ўпарадкоўвае і замацоўвае ўжо здабытыя навуковыя матэрыялы, але і з’яўляецца адным са шляхоў далейшага пазнання сутнасці гэтых рухаў. Справа ў тым, што задача класіфікацыі заключаецца не столькі ва ўпарадкаванні з’яў, колькі ў выпрацоўцы наменклатуры, у тэрмінах якой можна было б адэкватна апісваць масу эмпірычных феноменаў і праводзіць параўнальны аналіз рухаў. Вось чаму вылучэнне адзінак для аналізу на аснове дакладных класіфікацый і тыпалогій, усталяванне адносінаў паміж шматлікімі і вельмі разнастайнымі грамадскімі рухамі, якія існавалі ў мінулым і існуюць цяпер, з’яўляецца адной з важных метадалагічных праблем гісторыі грамадскіх рухаў. Наменклатура класіфікацыйных схем засноўваецца на сацыяльных паняццях базавага ўзроўню, якія выяўляюцца на аснове дзвюх логік: 1) арыстоцелеўскі прынцып неабходных і дастатковых умоў для членства ў катэгорыі; 2) „натуральная катэгарызацыя“ на аснове прынцыпу сямейнага падабенства.
У першым выпадку класіфікацыя як працэдура з’яўляецца прыватным выпадкам лагічнай аперацыі дзялення аб’ёму паняццяў, якая заключаецца ў дзяленні родавага паняцця некаторай сукупнасці прадметаў на віды, класы і тыпы на аснове іх агульных прыкмет з утварэннем пэўнай сістэмы класаў. Прыкмета класіфікацыі (асновы дзялення) лічыцца дакладнай і змястоўна яснай, калі выконваюцца наступныя правілы: дзяленне павінна быць суразмерным (аб’ём дзялімага паняцця павінен быць роўны суме аб’ёмаў дзялення); на кожным этапе дзялення павінна выкарыстоўвацца адна і тая ж аснова (нейкая сукупнасць істотных прыкмет); члены дзялення павінны выключаць адно аднаго (не павінны перасякацца, быць часткай другога). Іншымі словамі, класіфікацыя патрабуе лагічнай яснасці, строгай дакладнасці і семантычнай адназначнасці прыкмет. Без гэтага яна ператвараецца ў свядомую ці несвядомую фальсіфікацыю. Самай простай разнавіднасцю класіфікацыі з’яўляецца дыхатамія, калі аб’ём паняцця падзяляюць на дзве ўзаемавыключныя часткі, якія ў суме вычэрпваюць аб’ём дзялімага паняцця. Але калі не захоўваецца правіла дзялення аб’ёму паняцця, прывабная ідэя дыхатаміі прыводзіць да памылак у ідэнтыфікацыі тыпаў.
У адпаведнасці з прынцыпам натуральнай катэгарызацыі вакол „добрых прыкладаў“ ці „прататыпаў“ ядра катэгорыі аб’ядноўваецца маса перыферыйных членаў, так што няма ніводнай уласцівасці, якую падзяляюць усе члены катэгорыі. Класіфікацыі пры гэтым абапіраюцца не столькі на аналіз уласцівасцяў, колькі на агульнае ўяўленне пра аб’ект, на яго вобраз. Пры гэтым базавым узроўнем лічыцца такі, паняцці якога маюць максімальны аб’ём, сумяшчальны з эканамічным кадаваннем і рэпрэзентацыяй інфармацыі. Такімі эканамічныі формамі з’яўляюцца ментальныя (візуальныя) вобразы, якія мелі значныя перавагі ў параўнанні з грувасткімі апісаннямі прыкмет[17]. Трэба адзначыць, што менавіта ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам пабудавана большасць класіфікацый грамадскіх рухаў у працах айчынных гісторыкаў. У якасці „ядра“ натуральнай катэгарызацыі паўстаюць часцей за ўсё гісторыка–эмпірычныя абстракцыі (канцэпты). З аднаго боку, карыстанне такім тыпам катэгорый дазваляе пазбегнуць экстрапаляцыі сучасных даследчыку ведаў і каштоўнасцяў у мінулае. Аднак, калі канцэпты выкарыстоўваюцца ў класіфікацыях замест аналітычных тэрмінаў, адбываецца памнажэнне класіфікацыйных катэгорый, ускладняецца вылучэнне базавых паняццяў. У выніку класіфікацыйныя і тыпалагічныя схемы пазбаўляюцца аналітычнай каштоўнасці, бо ператвараюцца ў просты пералік феноменаў, якія маюць тое ці іншае дачыненне да грамадскага руху.
Характэрным у гэтым кантэксце з’яўляецца варыянт класіфікацыі рухаў, прапанаваны У.І. Леніным у працы „Ад якой спадчыны мы адмаўляемся“. „Адна справа — гэта змешваць разам розныя погляды; іншая справа — абагульняць і падводзіць пад адну катэгорыю пісьменнікаў, якія, нягледзячы на розніцу па многіх пытаннях, салідарны па тых асноўных і галоўных пунктах, супраць якіх паўсталі „вучні“. Для „вучня“ важна зусім не тое, каб паказаць, напрыклад, непрыдатнасць поглядаў, што адрозніваюць якога–небудзь сп. Юзава ад іншых народнікаў: для яго важна абвергнуць погляды, агульныя і для сп. Юзава і для сп. Міхайлоўскага і ўсіх народнікаў увогуле, г.зн. іх адносіны да капіталістычнай эвалюцыі Расіі, іх абмеркаванне пытанняў эканамічных і публіцыстычных з пункту гледжання дробнага вытворцы, іх неразуменне сацыяльнага (гістарычнага) матэрыялізму. Гэтыя рысы складаюць агульны набытак цэлай плыні грамадскай думкі, якая адыграла буйную гістарычную ролю. У гэтай шырокай плыні ёсць правыя і левыя флангі, ёсць людзі, якія апускаліся да нацыяналізму і антысемітызму і ёсць людзі, невінаватыя ў гэтым; ёсць людзі, якія са знявагай адносіліся да многіх запаветаў „спадчыны“, і ёсць людзі, якія імкнуліся захоўваць гэтыя запаветы… Але паколькі мы выступаем супраць асноўных поглядаў, агульных для ўсіх гэтых адценняў, то з якой жа рады нам гаварыць аб прыватных адрозненнях агульнай плыні?… Агульнасць поглядаў на рускі капіталізм, на сялянскую „абшчыну“, на ўсёмагутнасць так званага „грамадства“ ў пісьменнікаў не ва ўсім салідарных адзначалася не раз у нашай літаратуры“[18]. Тут у якасці „ядра візуалізацыі“ выступае ўяўленне аб „добрым прыкладзе“ народніцтва, і вызначэнне розных напрамкаў робіцца не на аснове дакладных прыкмет, а на пэўным ментальным вобразе аб’екта.
Другі прыклад такой візуалізацыі знаходзім у мемуарах С.І. Міцкевіча, дзе ён апісвае склад удзельнікаў IX Пірагоўскага з’езда (1904 г.): „Лібераламі б проста іх … было б няслушна назваць: яны — разначынцы, з’яўляліся ідэолагамі не буржуазіі ў вузкім сэнсе гэтага слова, а „народа“, г. зн. працоўных і дробнабуржуазных элементаў. Але проста дэмакратамі было б таксама няправільна іх назваць, бо ў гэтае паняцце ўваходзіць элемент рэвалюцыйнасці, чаго ў іх не было“[19]. Відавочна, што пры такой „натуральнай“ класіфікацыі парушаецца патрабаванне адзінства асновы, што прыводзіць да пэўнай блытаніны: атрымоўваецца, што разначынцы не могуць быць лібераламі, а дэмакраты не могуць быць рэфарматарамі.
Практыка візуалізацыі семантычных катэгорый, характэрная для ленінскіх прац, была засвоена савецкімім гісторыкамі[20]. Нават да гэтага часу, абагульняючы эмпірычны матэрыял, гісторыкі часта не ўлічваюць спецыфіку працэдур класіфікацыі і тыпалогіі і, разам з тым, рэдка звяртаюцца да класіфікацыйных схем, распрацаваных сацыёлагамі. Між тым, выкарыстанне такіх схем можа спрыяць аналітычнай дакладнасці гістарычных абагульненняў. Так, у залежнасці ад значнасці сацыяльных змен, якія імкнуцца рэалізаваць удзельнікі, грамадскія рухі можна класіфікаваць як рэвалюцыйныя (стварэнне абсалютна новага сацыяльнага парадку) і рэфармісцкія (вырашэнне спецыфічных праблем у рамках дадзенай сацыяльнай структуры)[21]. Прадуктыўнай для гістарычнага даследавання можа быць таксама класіфікацыя грамадскіх рухаў на аснове так званых „вузлоў мабілізацыі“ — кампактных сектараў грамадскай актыўнасці, якія вызначаюцца праблематыкай калектыўных дзеянняў і ўцягненнем пэўных сацыяльных груп: рабочы, нацыянальны, этнічны, жаночы, культурны і інш.[22] Нельга не ўзгадаць таксама класіфікацыі грамадскіх рухаў на аснове іх інтэлектуальна–ідэалагічнага зместу (сацыялістычны, ліберальны, кансерватыўны)[23].
Паколькі для грамадскіх рухаў характэрна некаторая арганізаванасць, правамернай можа лічыцца класіфікацыя, якая ўлічвае формы аб’яднання ўдзельнікаў рухаў: сацыяльны круг, нефармальная група, мэтавая група, арганізацыя[24]. Такая класіфікацыя дапамагае выявіць канфігурацыі ўсіх, а не толькі найбольш уплывовых і развітых грамадскіх рухаў у пэўны адрэзак часу, што вельмі важна для гісторыка, які імкнецца найбольш дакладна рэканструяваць мінулую рэчаіснасць.
На аснове шэрагу прынцыпаў могуць складацца і тыпалагічныя схемы. Адну з першых тыпалогій грамадскіх рухаў — паводле значнасці зменаў і ўзроўняў, на якіх праходзяць гэтыя змены — прапанавалі амерыканскія сацыёлагі Д.Аберле і М.Коэн. Так, яны вылучылі альтэрнатыўны рух (індывідуальныя частковыя змены, накіраваныя на выпраўленне індывідуальных недахопаў; прыклад — гурткі самаразвіцця); рэфармісцкі (частковыя змены на сацыяльным узроўні, мэта якіх — выправіць пэўныя праявы „сацыяльнай несправядлівасці“; прыклад — рух за раўнапраўе жанчын); збавіцельны рух (індывідуальныя татальныя змены, прыклад — рэлігійныя рухі) і трансфармацыйныя (татальныя змены на сацыяльным узроўні, мэта якіх — фундаментальная трансфармацыя сацыяльнага парадку; прыклад — кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.[25]).
Трэба адзначыць, што ў адрозненне ад сацыялогіі, дзе класіфікацыйныя абагульненні з’яўляюцца канцавой мэтай даследавання, для вывучэння гісторыі такія схемы выконваюць перш за ўсё эўрыстычную функцыю[26]. Менавіта класіфікацыйныя схемы „дысцыплінуюць“ практыку гісторыка, дазваляюць выйсці за рамкі простага эмпірычнага апісання і пераадолець абмежаванні традыцыйнага гістарызму, стварыць глебу для параўнальнага аналізу грамадскіх рухаў.
Метадалагічная значнасць праблем стварэння катэгарыяльнага апарату і класіфікацыі для вывучэння грамадскіх рухаў ставіць новыя задачы і перад гістарыёграфамі. Традыцыйна яны абагульняюць вынікі эмпірычных даследаванняў і аналізуюць інстытуцыянальныя фактары развіцця гістарычнай навукі. Аднак для адэкватнага гістарыяграфічнага аналізу грамадскіх рухаў трэба вывучаць, як былі атрыманы прадметныя праекцыі і якім чынам ажыццяўлялася аднясенне гэтых праекцый да аб’екта. Верыфікацыя такіх працэдур на аснове міждысцыплінарных падыходаў дае магчымасць забяспечыць не толькі эмпірычную рэферэнтнасць, але і аналітычную дакладнасць гістарычнага даследавання.
[1] Элиас Н. Введение: социология и история // Элиас Н. Придворное общество. Москва, 2002. С. 48.
[2] Ranke L. Tagebuchlblätter, 1831—1849 // Das politische Gespräch und andere Schriften zur Wissenshaftslehre. Halle, 1925. S.52.
[3] Энгельс Ф. Добавление к предисловию к „Крестьянской войне в Германии“ // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2–е изд. Т. 18. С. 499; Ленин В. Что делать? // ПСС. Т. 6. С. 25.
[4] Дмитриев А. „Академический марксизм“ 1920—30–х годов и история Академии: случай А.Н. Шебунина // Новое литературное обозрение. 2002. №54. С. 128.
[5] Чилкот Р. Теории сравнительной политологии. Москва, 2001. С. 163, 427.
[6] Вебер М. О некоторых категориях понимающей социологии // Яго ж. Избранные произведения. Москва, 1990. С. 524.
[7] Тамсама, с. 522.
[8] „Што такое сябры народа і як яны ваююць супраць сацыял–дэмакратаў“ (1894), „Ад якой спадчыны мы адмаўлемся?“ (1897), „Папятны напрамак у рускай сацыял–дэмакратыі“ (1899), „Пачатак дэманстрацый“ (1901), „Што рабіць“ (1902) і інш.
[9] Копосов Н.Е. Советская историография, марксизм и тоталитаризм // Одиссей–1992. Москва, 1994. С. 86.
[10] Гістарычна–эмпірычныя абстракцыі ў змястоўным плане з’яўляюцца пераходнымі паміж семантыкай моўных адзінак, з аднаго боку, і зместам філасофскіх і навуковых катэгорый — з другога. Ад навуковых тэрмінаў (аналітычных катэгорый) канцэпты адрозніваюцца сваёй рэальнай дынамічнай сувяззю з жыццём. Іншымі словамі, пры дапамозе гісторыка–эмпірычных абстракцый людзі адлюстроўваюць сацыяльнае асяроддзе ў сваёй паўсядзеннай дзейнасці. Ад моўных значэнняў канцэпты адрозніваюцца большай складанасцю і зместавым багаццем, пры гэтым моўная семантыка разумеецца часам як базавая частка канцэпта, яго апорны змест (Арутюнова Н. Введение //Логический анализ языка. Ментальные действия. Москва. 1993. С.3; Лооне Э. Современная философия истории. Таллинн. 1980. С. 97).
[11] Общественное движение в пореформенной России. Москва, 1965. С. 366—369.
[12] Общественное движение на польских землях. Москва, 1988. С.187
[13] Вандалковская М. История изучения русского революционного движения середины 19 в. 1890—1917. Москва, 1982. С.3.
[14] В.И. Ленин и история классов и политических партий в России. Москва, 1970. С. 106, 108.
[15] Гл., напрыклад, Вернигоров В.И. Политические партии и общественные движения в России и Беларуси: вторая половина XIX — первая треть XX века. Минск, 2001; Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. Гродна. 2001; Дзядзюля П. Культурна–асветніцкая дзейнасць грамадскіх рухаў і аб’яднанняў на пачатку 20 ст.// Труды БТУ. Сер.5. Политология, философия, история, филология. 2002. Вып.10. С. 1—16; Сяменчык М. Сялянскія арганізацыі беларусі ў Лютаўскай рэвалюцыі // Тамсама, с. 9—13; Бондаренко К.М. Консервативно–монархическая оппозиция в Беларуси в 1907—1917 г. // Веснік МДУ ім. Куляшова. 2001. №1; Сяменчык М. Маніфестацыі як форма грамадска–палітычнага жыцця на Беларусі ў рэвалюцыі 1917 г. // Веснік БДПУ. 2001. №1 і інш.
[16] Бауман З. Мыслить социологически. Москва, 1996; Вятр Е. Социология политических отношений. Москва, 1979, Зборовский Г. Социология. Москва, 1995; Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии. Москва, 1969; Желтов В., Шпак Л. Социально–политическое взаимодействие: прошлое и современность (социологические этюды). Кемерово, 1999.
[17] Копосов Н.Е. Основные исторические понятия и термины базового уровня: к семантике социальных категорий // Журнал социологии и социальной антропологии. 1998. Том 1. Вып.4. С.67.
[18] Ленин В.И. От какого наследства мы отказываемся // Избранные произведения. Москва, 1973. Т.1 С.75.
[19] Мицкевич С.И. Революционная Москва. Москва, 1940. С.188—189.
[20] Степанский А. Либеральная интеллигенция в общественном движении // Исторические записки. Т. 109. Москва, 1983. С.65; Общественное движение в пореформенной России. Москва, 1965; Общественное движение в России. Москва, 1986; Общественные движения в пореформенной России. Москва, 1965; Общественно–политические движения в России конца ХVIII — ХIХ в. Москва, 1975; Бич М. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904. Минск, 1983; Лосинский Н. Революционно–народническое движение в Белоруссии. Минск, 1983; Самбук С. Революционные народники Белоруссии 70–х — нач. 80–х годов ХIХ в. Минск, 1972 и др.
[21] Smelser N. Theory of Collective Behaviour. London, 1962.
[22] Ядов В. Социологические исследования: методология, программа, методы. Москва, 1987.
[23] Соколова М. Общественные объединения и движения в Беларуси в конце ХVIII — начале ХХ века: проблемы становления гражданского общества. Минск, 2002.
[24] Щепаньский С. Элементарные понятия социологии. С. 211, 214; Вятр Е. Социология, С. 45—48
[25] Aberle D., Cohen A. The Functional Prerequisites of Society // Ethics. 1950 N.15(20).
[26] Сердюк Т. Категория „типическое“ в историческом познании. Автореф. дис. канд. филос. наук / Алтайский гос. унив. Кемерово, 2001. С. 9.