БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы (Аляксей Каўка)


АНТОН ЛУЦКЕВІЧ. Да гісторыі беларускага руху. Выбраныя творы. Укладанне, прадмова, каментар, анатаваны індэкс імёнаў АНАТОЛЯ СІДАРЭВІЧА. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. 287 с.

Ідэолаг, палітык–практык, нацыянальны асветнік — гэтая буйная фігура гісторыі Беларусі пасля працяглага забыцця, прапагандысцкага шальмавання як «буржуазнага нацыяналіста», нават «нацыянал–фашыста» (выкрывальных інвектыў не пералічыць) вернута ў грамадзянскае і творчае жыццё Беларусі. Узрастае ўвага да імёнаў Луцкевічаў з боку гісторыкаў, філосафаў, літаратуразнаўцаў, іншых рупліўцаў новага кірунку ў беларускай гуманістыцы — луцкевічазнаўства. Антону Луцкевічу адведзены спецыяльны раздзел у найноўшым 4–тамовым акадэмічным выданні па гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.[1] Несумненным унёскам у гэты кірунак з’яўляецца і ўступны (не ва ўсім бясспрэчны, пра што ніжэй) артыкул укла­дальніка рэцэнзаванага выдання Анатоля Сідарэвіча «Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху». У ім дэтальна разгледжана і роля Луцкевіча ў беларускім руху, і асвятленне гэтай праблемы ім самім у сваіх працах. Вышэй усялякай пахвалы вывераны каментар і анатаваны паказнік імёнаў, якія істотна дапаўняюць і ўзбагачаюць змест кнігі.

Сам збор твораў А.Луцкевіча пачынаецца артыкулам «Беларусы» («Формы национальных движений в современном мире», С.–Петербург, 1909) — напэўна, першай у легальным расійскім друку спробай канцэптуальнага асэнсавання гістарычна–этніч­най своеасаблівасці народа, характару беларускага руху ў яго палітычнай і культурна–асветніцкай праявах, такіх як дзейнасць БСГ, газет «Наша Доля», «Наша Ніва», выдавецкіх таварыстваў, моладзевых гурткоў; імкненне да змякчэння асі­міляцыйнага ціску на беларусаў казённай школы, царкоўных (праваслаўных і каталіцкіх) інстытуцый, інакш кажучы, двух фактараў, што супрацьдзейнічаюць нацыянальнаму адра­джэнню — «штучнай русіфікацыі і паланізацыі» (40). У тым жа артыкуле падаецца накід «палітычнага ідэалу» вызваленчага руху, які абумоўлены задачай нацыянальнага самавызначэння Беларусі, пачаткова ў форме «мясцовага сойму ў суадносінах з агульнарасійскім парламентам» (37).

Стрыжнёвая ідэя самавызначэння, узбагачаная практыкай наступных гадоў, развітая ў іншых працах, пададзеных у кнізе: «На дарозе да новага жыцця» (1912), «Наш шлях» (1913), «Краёвае становішча» (1914), «Эканамічная эвалюцыя» (1917), нарэшце, «Палітычныя лёзунгі беларускага руху» (1920). У апошняй з пералічаных публікацый прасочана эвалюцыя нацыянальнай палітычный думкі і практыкі ў драматычным супрацьстаянні расійска–самадзяржаўнаму, ліберальнаму (Часоваму ўраду Керанскага), а таксама бальшавіцкаму цэнтралізму, дадзены скончаны выклад незалежніцкага ідэалу, які ўвасобіўся ў абвяшчэнні БНР, што цяпер успрымаецца намі не толькі як найбуйнейшы факт, але дзейсны фактар найноўшай гісторыі Беларусі: «Акт 25 сакавіка 1918 года — гэта найбольш яркае і поўнае ўвасабленне беларускай палі­тычнай думкі, што прайшла за пятнаццаць год усе этапы развіцця. Гэта — апошняе слова беларускай ідэалогіі, штандар, пад якім ідзе беларускі народ да заваявання сапраўднай свабоды. Далейшая палітычная праца беларусаў — гэта ўжо праца па рэалізацыі незалежніцкага ідэалу. Ці здзейсніцца гэты ідэал і ў якой ступені, ці складзе Беларусь цалкам незалежную дзяржаўную адзінку або будзе звязана федэратыўным саюзам з сваімі суседзямі і ў сваёй палітычнай арыентацыі пойдзе на Ўсход або на Захад, да Балтыйскага або Чорнага мора — гэта пытанні, якія могуць быць развязаныя толькі самім жыццём, у залежнасці ад унутранай сілы беларускага народа і агульнай палітычнай кан’юктуры на Ўсходзе Еўропы» (86).

У кнізе дамінуе «ўсходні», а дакладней расійскі, фактар знешняга кантэксту самавызначальных высілкаў Беларусі. Між тым не менш адчувальны і «заходні», польскі фактар, таксама адлюстраваны ў палітычнай спадчыне аўтара. Узгадаем хоць бы яго брашуру (не ўвайшла ў дадзены зборнік), выда­дзеную па гарачых слядах «вызвольнага» паходу начальніка Польшчы Юзафа Пілсудскага на «ўсходнія крэсы» ў 1919—20 г., у якой адлюстраваны жахлівыя факты яго акупацыйнай палітыкі[2].

Закранутыя вышэй пытанні абагульнена пададзены Луцкевічам у нарысе–ўспаміне «За дваццаць гадоў» (1929), які быў напісаны ў час знаходжання за кратамі. У ім паказана панарама палітычнага (падрабязна выкладзены праграмныя ўстаноўкі і практыкі БСГ) і нацыянальна–культурнага руху ў першай чвэрці ХХ ст. (141—164). Ва ўспаміне адлюстраваны многія фігуранты вызваленчага працэсу — В.Іваноўскі, А.Бурбіс, Цётка (Э.Пашкевіч), А.Уласаў, Я.Лёсік, К.Езавітаў, В.Ластоўскі, Б.Тарашкевіч, А.Смоліч і, у прыватнасці, І.Луцкевіч як галоўны інспіратар і арганізатар многіх ключавых пачынанняў дзеячоў адраджэння. Яму, Луцкевічу–старэйшаму, згасламу ад сухотаў у няпоўныя сорак, прысвечана асобная публікацыя «Жыццё і праца Івана Луцкевіча» (1920, 87—101).

Шмат іншых фактаў, падзеяў, асобаў беларускай вызваленчай легенды адлюстравана ў нататках і артыкулах «25 марца 1918 г…» (1921), «Наша Ніва» (1926), «Роля моладзі ў пачатках адраджэнчага руху» (1927) і «Палітычны працэс Якуба Коласа…» (пра ўдзел будучага народнага паэта ў рэвалюцыйным руху беларускіх настаўнікаў у 1905—1906 г.). «Прысутнасць» Якуба Коласа ў зборніку адразу наводзіць на думку пра яшчэ адну, даволі значную і праніклівую працу Луцкевіча, прысвечаную магутнай, вяршыннай асобе беларускага творчага духу — «Янка Купала як прарок нацыянальнага адраджэння» (1932). Можна толькі шкадаваць пра адсутнасць у кнізе дадзенага артыкула. Тым больш, што ён годна замяніў бы ў зборніку асобныя, менш значныя тэксты, ніколькі не парушаючы, а наадворот узмацняючы, праясняючы агульную гістарычную канву беларускага вызваленчага руху.

У дзвюх іншых працах пададзены тэарэтычныя погляды аўтара па нацыянальным пытанні («Дэмакрацыя, пралетарыят і нацыянальнае пытанне» (1923), «Нацыянальнае пытанне і пралетарыят» (1924), у якіх выказана салідарнасць з вядомым выказваннем Ф.Энгельса (ліст да К.Каўцкага ад 7 лютага 1882 г.) пра незаменнае значэнне нацыянальных рухаў для міжнароднай лучнасці пралетарыяту, магчымай «толькі паміж незалежнымі нацыямі» (117).

У кнізе прадстаўлена галоўным чынам палітычная частка творчасці А.Луцкевіча, якая адлюстравала, у той ці іншай ступені, і іншыя гістарычна–культурныя, літаратурныя, школьна–адукацыйныя і рэлігійныя аспекты беларускага руху.

Давяршаюць выданне паказанні Луцкевіча, якія былі за­пісаныя пры яго допытах у вязніцы НКУС (кастрычнік, лістапад 1939). Па сутнасці — гэта суровая, мужная справаздача–споведзь за пройдзены шматгадовы драматычны шлях чалавека, які застаўся паслядоўны ў служэнні ідэі, радзіме і народу. Абвінавачванні ў контррэвалюцыйнасці, у супрацоўніцтве з польскай разведкай падследны, наколькі было ў яго магчымасцях, рашуча і адназначна адхіліў (237—238). Нікога пры гэтым, як адзначана ў прадмове, не абгаварыў і не «заклаў».

Грунтоўнасці ўводнага артыкула і каментарам складальні­ка кнігі належнае ўжо аддадзена. Тым не менш, некаторыя праўкі і ўдакладненні напрошваюцца самі па сабе.

Так, канферэнцыя сацыялістычных рэвалюцыйных пар­тый расійскай дзяржавы з удзелам прадстаўнікоў БСГ (І.Луцкевіча) праходзіла ў Фінляндыі не ў 1907 г. (258, спасылка 34), а на пачатку 1905 г. На ёй, паміж іншага, у сумеснай дэкларацыі Польскай сацыялістычнай партыі і БСГ абвяшчалася неабходнасць «выдзялення тэрыторыі гістарычнай Літвы (Літвы і Беларусі) разам з усімі нацыянальнасцямі, што яе насяляюць, у асобны палітычны арганізм»[3]. Ці не быў гэта першы, зафіксаваны ў друку, сігнал «самавызначэння» Беларусі?

Даволі сумніўна, на наш погляд, «набілітаванне» А.Луцкевіча ў разрад марксістаў, хай і артадаксальных (19, 21). Далёка не ўпэўнены, што з гэтым пагадзіўся б аўтар пададзеных «Твораў», а тым больш стваральнікі «Камуністычнага маніфеста» або «Дзяржавы і рэвалюцыі». Маючы на ўвазе стрыжнёвае ў марксізме рабочае, «пралетарскае» пытанне ў яго сусветна–місійнай пастаноўцы, у якой пытанню нацыянальнаму (для Луцкевіча, Луцкевічаў, іх паплечнікаў — першаснаму, вызначальнаму над усімі іншымі) адводзілася, у лепшым выпадку, роля дапаможная (Маркс, Энгельс), у горшым — вы­ключна інструментальная, тактычная (Ленін, бальшавізм), што абярнулася на практыцы звыклым валюнтарызмам і авантурызмам у нацыянальнай палітыцы. М.Гарэцкі, удумлівы аналітык не толькі літаратурнага, але ў значнай ступені ўсяго гістарычна–сацыяльнага працэсу ў Беларусі, пэўна, не вельмі памыляўся, называючы А.Луцкевіча «нацыянальным рэвалюцыянерам»[4]. Наўрад ці можна пагадзіцца з тым, што рэвалюцыйная сутнасць Луцкевічаў (палітычна–ідэалагічная «злітнасць» абодвух братоў — вядомая аксіёма) абумоўлена карэнным нацыянальна–вызваленчым інтарэсам беларускага народа, задачай аднаўлення (адраджэння) ім уласнай дэма­кратычнай дзяржавы і не мела нічога агульнага з разбуральнай, «барыкаднай» ідэало­гіяй, якая, мімікруючы пад марксізм, доўгія дзесяцігоддзі панавала над лёсам Беларусі і не яе адной. Наступствы вядомыя. Праўда, у іншым месцы (26, падрадкоўнік) і А.Сідарэвіч, нясмела, але справядліва падымае пытанне пра нацыянальную рэвалюцыю ў прымяненні да беларускага руху, нахіляючы сучасных гісторыкаў да асэнсавання дадзенай праблемы. Гэтаму, дадамо ад сябе, немалыя падставы дае найноўшы корпус крыніцазнаўчых  публікацый — «Архівы БНР» (Т. 1. Кн.1—2), тамы «Беларускай думкі», «Беларускі хрысціянскі рух ХХ стагоддзя», «Слуцкі збройны чын 1920», выпускі «Знешняя палітыка Беларусі» і г.д.

Не бачым падстаў падазраваць А.Луцкевіча ў магчымым антысемітызме з–за выкарыстання слова «жыд» у артыкулах «Аб жыдох». «Жыдоўскае пытанне ў нашым пісьменстве» і інш. (21, падрадкоўнік). Дадзены сінонім здаўна замацаваўся ў беларускай пісьмовай (гл. Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т.10. С.28—29) і гутарковай лексіцы, як і ў іншых славянскіх мовах. Ён не нясе негатыўна–ацэначнага сэнсу. Да таго ж фактычны змест названых і іншых артыкулаў аўтара (які карыстаўся дасавецкімі граматычнымі нормамі беларускай мовы) паслядоўна вытрыманы ў духу ўзаемнай сімпатыі і салідарнасці беларускага і яўрэйскага народаў у агульным вызваленчым працэсе. Варта ўзяць пад увагу і асабісты момант у біяграфіі А.Луцкевіча, які пабраўся шлюбам ў 1919 г. з яўрэйскай дзяўчынай Соф’яй Абрамовіч, выхаванкай Сарбоны, доктарам–педыятрам, якая трагічна загінула праз дзесяць гадоў. У сужэнцаў было два сыны — Юры і Лявон. Лявон Луцкевіч (памёр у 1997 г.) з годнасцю працягваў справу бацькі ў якасці аднаго з лідэраў беларускай дыяспары ў Літве. Ён быў аўтарам гістарычна–краязнаўчых нарысаў пра памятныя беларускія месціны ў Вільні[5] — гэтага старажытнага балта–славянскага горада. У ваколіцах «беларускіх Афін», на мемарыяльных могілках Росы, у пачатку 90–х гадоў ХХ ст. быў усталяваны сімвалічны помнік Антону і Івану Луцкевічам.

Увогуле творчы фармат Антона Луцкевіча даволі абсяжны, і партыйна–палітычныя крытэрыі асэнсавання даюць толькі частковае, далёка не поўнае ўяўленне пра гэтую неардынарную постаць. Як і пра нашаніўскую, вырашальную для нацыянальнага абуджэння эпоху, у якой яму давялося тварыць, адказаўшы на выклік Гісторыі да тутэйшага люду забранай краіны («А хто там ідзе?…») ясна, неабвержна: «Беларусы». Іншая справа, што хада беларуская Адвечным Шляхам пакуль не набыла патрэбнага паскарэння, хоць яе імклівае скіраванасці ўжо нікому не спыніць. У гэтай выснове і тоіцца, мабыць, асноўны аптымістычны ўрок трагічнага лёсу выбітнага Беларуса.

Вяртаючыся да кнігі, падкрэслім галоўнае — нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі ўзбагацілася відавочным гістарыяграфічным набыткам, з чым яе прыхільнікаў застаецца толькі павіншаваць.
Масква

Аляксей Каўка


[1] Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т.1. 1901—1927. Мінск, 1999. С.447—462.
[2] Луцкевіч А. Польская акупацыя Беларусі. Вільня, 1920 (рэпрынт, Менск, 1992).
[3] Przedświt. 1905. № 4—5. S. 176.
[4] Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Очерк современной белорусской литературы 1905—1928. Минск, 1928. С.354.
[5] Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Наверх

Тэгі: , , ,