Гусева, Александра А. Издания кирилловского шрифта второй половины XVI в. (Ігар Клімаў)
ГУСЕВА, АЛЕКСАНДРА А. Издания кирилловского шрифта второй половины XVI века: Сводный каталог; В 2–х кн./ Под общ. ред. Л. И. Сазоновой. Москва: Индрик, 2003. Кн 1: 648 с.; ил. Кн. 2: 708 с.; ил.
Гэты добра ілюстраваны двухтамовік вялікага фармату, складзены загадчыцай аддзела старадрукаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (раней — імя У. Леніна) А. А. Гусевай, уяўляе сабой каталог старадрукаў. У такіх каталогах з рознай ступенню дэталізацыі апісваецца назва, змест, выгляд і паходжанне кнігі, а таксама яе цяперашняе знаходжанне. Паводле ахопу матэрыялу каталогі апісваюць альбо ўсю кніжную прадукцыю за пэўны часу (звычайна ад пачатку друкавання да XIX ст.), альбо склад тых ці іншых кнігасховішчаў (царкоўных, дзяржаўных, публічных, прыватных), дзе зберагаюцца старадрукі, альбо даробак асобнай друкарні ці некалькіх друкарань пэўнага рэгіёну. Такія апісанні служаць нібы лоцыямі ў кніжным моры старадаўняй пары; без іх магчымасці пошукаў гісторыкаў і філолагаў былі б істотна абмежаваныя. Але каталог старадрукаў ужо сам па сабе з’яўляецца даследчай працай, паколькі акрэслівае рэпертуар і змест друкаванай прадукцыі пэўнай эпохі і/ці рэгіёну, дае яе дакладнае бібліяграфічнае апісанне і, па магчымасці, рэгіструе ацалелыя асобнікі. Гэты матэрыял дапамагае даследчыкам вывучаць не толькі кнігадрукарскую справу, але і культуру, літаратуру ці грамадства пэўнай эпохі альбо краіны, робіць крыніцазнаўчы пошук больш лёгкім і сістэматызаваным.
Каталогі кірылічных старадрукаў пачалі з’яўляцца з пачаткам XIX ст., а ў 2–й палове XIX — на пачатку XX ст. існавала ўжо шмат каталогаў, складзеных пераважна расійскімі даследчыкамі. Менавіта ў межах Расійскай імперыі захавалася найбольшая колькасць кірылічных выданняў у свеце, а расійскія манархі (а ўслед за імі і некаторыя вышэйшыя чыноўнікі і багатыя купцы) паводле еўрапейскай моды збіралі на працягу некалькіх пакаленняў розныя старажытнасці. Каштоўным сховішчам такіх збораў стала Імператарская публічная бібліятэка (у савецкі час яна мела назву Публічная бібліятэка імя Салтыкова–Шчадрына, цяпер называецца Расійская нацыянальная бібліятэка). Апісанні, выкананыя з уласцівай для навукі XIX ст. грунтоўнасцю, акуратнасцю і ўважлівасцю, і дагэтуль не страцілі сваёй вартасці. Яны каштоўныя таксама і тым, што часам змяшчаюць звесткі пра кнігі, якія цяпер страчаныя, але яшчэ існавалі ў XIX ст. ці ў 1–й палове XX ст.
Аднак сацыяльныя і палітычныя катаклізмы 1–й паловы XX ст. (войны і рэвалюцыі) пераразмеркавалі кніжныя фонды ў Еўропе. У Савецкім Саюзе ў часы барацьбы з царквой (1920—30–я г. і на пачатку 1960–х г.) у дзяржаўныя бібліятэкі была перавезена вялікая колькасць старадрукаў; некаторую частку кірылічных кніг вывезлі з пасляваеннай Нямеччыны ў якасці рэпарацыі. Так узніклі буйныя кнігасховішчы, дзе ў адным месцы канцэнтраваліся кніжныя багацці ці не за ўсю гісторыю кірылічнага друку. Самым буйным у свеце сховішчам кірылічных старадрукаў стала Расійская дзяржаўная бібліятэка. Гэта стварыла добрую магчымасць для вывучэння кірылічнай кнігі ў сукупнасці і дэталях, нават паводле кожнага паасобніка.
Праца сп. Гусевай — частка амбітнага праекта па стварэнні Зводнага каталога кірылічных (і глагалічных) старадрукаў, які апісаў бы ўсе, у т. л. і страчаныя кірылічныя кнігі да XVIII ст. Гэтая задума ўзнікла яшчэ ў 1960–х г. у двух вядомых кнігазнаўцаў — расійскага Я. Неміроўскага і англійскага Дж. Сіманса. Пасля распрацаванай у 1970—80–я г. методыкі і публікацыі некалькіх папярэдніх і прыватных прац гэты праект пачаў рэалізоўвацца. З 1996 г. у Бадэн–Бадэне (Нямеччына) Я. Неміроўскі пачаў выдаваць Зводны каталог кірылічных старадрукаў канца XV — 1–й паловы XVI ст. Гэты каталог выходзіць (у серыі Bibliotheca bibliographica Aureliana) выпускамі, прысвечанымі асобным друкарням ці выдаўцам (пакуль выйшла шэсць выпускаў, сярод якіх два апісваюць усе выданні Скарыны). Працягам гэтай серыі і з’яўляецца праца сп. Гусевай, якая апісвае выданні ў храналагічным парадку іх выхаду ў свет (з 1551 да 1600 г.).
Бібліяграфічнае апісанне ў каталогу вядзецца паводле вялікай колькасці параметраў, што робіць яго, напэўна, самым дэталізаваным і падрабязным кірылічным каталогам свету. Назва кнігі падаецца пад імем яе аўтара ці пад уніфікаваным загалоўкам, пасля чаго прыводзіцца загаловак першакрыніцы, потым указваецца дата выхаду ў свет, аркушавая формула (колькасць аркушаў і сшыткаў), фармат, памер шрыфту. Дадаткова паведамляюцца мова асноўнага тэксту і мова іншых тэкстаў выдання, звесткі пра перакладчыка(ў) і звесткі з гісторыі выдання (першая і наступныя публікацыі). Асаблівая ўвага аддадзена раскрыццю зместу выдання: у каталогу падаецца пааркушавы ці пастаронкавы інціпітарум усіх частак выдання, часта ў суправаджэнні неабходных тлумачэнняў гістарычна–культурнага характару. Падрабязна апісваюцца такія паказчыкі старадрукаванай кнігі, як сігнатуры, нумарацыя, калантытулы, кустоды, параметры набору і друку, арнамент і ілюстрацыі. У каталогу прыводзяцца звесткі пра наклад кожнага выдання, адзначаюцца паасобнікі асаблівай каштоўнасці (карэктурныя, з рукапісанымі прадмовамі, з аўтографамі гістарычных асоб і да т. п.), указваюцца факсімільныя выданні кнігі, падаецца літаратура, дзе згадваецца дадзенае выданне, і нарэшце пералічваецца колькасць ацалелых паасобнікаў з указаннем кнігасховішчаў і месцаў іх знаходжання.
Пераважная большасць (162) выданняў была апісана даследчыцай de visu, і толькі рэшта — паводле факсімільных выданняў, фотакопій ці звестак іншых бібліяграфій (I, 15). У самы апошні момант падрыхтоўкі каталога да друку даследчыца даведалася пра яшчэ адно выданне, да таго невядомае. Гэта недатаваны буквар з друкарні Мамонічаў (I, 21—22), падобныя буквары з тымсамым загалоўкам і зместам Мамонічы выпускалі пазней.
Каталог сп. Гусевай з прычыны свайго аб’ёму падзелены на два тамы (мяжа прыпадае на 1582 г., у абодвух тамах апісана прыкладна роўная колькасць выданняў: у т. I — 88, у т. II — 87) і мае адзіную нумарацыю старонак (усяго іх у каталогу 1356). У I томе змешчаны толькі адзін дадатковы тэкст — уводзіны (I, 8—22), дзе выкладаюцца прынцыпы і метады апісання выданняў, а таксама розныя статыстычныя звесткі наконт жанраў, аўтарства, складу, захавання апісаных кніг, тады як II том залучае шмат дадаткаў: 1) пералік фрагментаў кірылічнага тэксту ў выданнях лацінкай (іх даследчыца налічыла ўсяго 4, гл.: II, 1203); 2) ксілаграфічны друк (г. зв. Абагар — сербскі малітоўнік–амулет, ад якога захавалася толькі дзве цэльнагравіраваныя з абодвух бакоў дошкі з тэкстам, гл.: II, 1203—1204); 3) спіс не знойдзеных выданняў (іх вядома 39), пра якія ёсць згадкі ў розных крыніцах або іх бачылі яшчэ ў XIX ст. ці нават да II сусветнай вайны (II, 1204—1208); 4) спіс памылковых ці недакладных звестак пра тыя ці іншыя выданні (II, 1208—1217); 5) табліца месцаў, дзе адбываўся друк кірылічных выданняў (іх выяўлена 27), у т. л. неадшуканых, з указаннем колькасці ацалелых паасобнікаў (II, 1271), 6) зводная табліца элементаў выдавецка–рэдактарскага афармлення (г. зн. дадатковых тэкстаў: тытульных лістоў, прадмоў, дэдыкацый, вершаў, зместаў, малітваў тых, хто працаваў над выданнем, пасляслоўяў, выходных звестак і інш.), пры гэтым для кожнага выдання (за выключэннем дэфектных ананімных і адналістовых) указана, на якіх лістах гэтыя тэксты знаходзяцца (II, 1272—1282). У якасці дадатку змешчаны і вялікі артыкул рэдактара ўсяго каталога Л. Сазонавай „Кнігі кірылічнага друку ў другой палове XVI стагоддзя паміж Масквой і Рымам“ (II, 1242—1270), у якім разглядаюцца выданні і іх прадмовы, дэдыкацыі, вершы ў кантэксце літаратуры таго часу. Каталог завяршае цэлая серыя паказчыкаў: храналагічны, геаграфічны, іканаграфічны, паказчык загалоўкаў выданняў, спіс іх сучаснага месцазнаходжання, паказчык імёнаў, спіс скарачэнняў і цытаванай літаратуры. Адны гэтыя дадаткі робяць каталог сп. Гусевай надзвычай цікавай і каштоўнай крыніцай, карыснай для любога даследчыка пісьменства і літаратуры XVI ст. Дадзеныя адной толькі Зводнай табліцы дадатковых тэкстаў могуць паслужыць падмуркам для некалькіх манаграфій.
Дарэчы, у каталогу як у ніводным з ранейшых аддадзена значная ўвага дадатковым тэкстам апісаных выданняў. Усе такія тэксты, дасяжныя даследчыцы, цалкам апублікаваныя факсімільна ці ў наборным выглядзе (калі яны маюць дробны шрыфт ці паасобнік быў складальніцы недасяжны), што робіць каталог каштоўнай крыніцай для любога даследчыка літаратуры і мовы. Праўда, сп. Гусева імкнулася змясціць публікацыю дадатковых тэкстаў у склад бібліяграфічнага апісання, таму здымкі старадрукаў, устаўленыя ў сам каталог, перамяжаюцца з тэкстам апісанняў і чамусьці не маюць нумарацыі старонак. Гэта ўскладняе карыстанне каталогам і складае галоўную яго нязручнасць. У практычных мэтах лепш было б вынесці альбом з такімі публікацыямі ў канец выдання, у якасці II тома.
За перыяд, разгледжаны ў каталогу, у свет выйшла больш за дзве сотні кірылічных кніг (цяпер адшукана толькі 175 выданняў), надрукаваных на Балканах (у Румыніі — 41, у Сербіі — 4) і Венецыі (22) з Рымам (4), на землях Беларусі (69) і Ўкраіны (35), а таксама ў Масковіі (25) і Нямеччыне (10). Як бачна, аб’ёмы кнігавыдання былі няроўныя ад рэгіёну. Каталог сведчыць, што ў гэты час у свеце існавалі два асноўныя цэнтры кірылічнага кнігадруку: ВКЛ і Балканы. Траціна ўсіх апісаных у каталогу друкаў (64 кнігі) выйшла толькі ў адной Вільні, а ўсяго на Беларусі і Ўкраіне з’явілася 104 выданні — амаль палова з апісаных у каталогу (I, 9). Цікава, што ўсе яны пабачылі свет у заходніх землях Беларусі (Вільня, Заблудаў, Нясвіж, друкарня Цяпінскага) і Ўкраіны (Астрог, Львоў). Таму артыкул сп. Сазонавай з большым правам можна было б назваць „паміж Беларуссю і Балканамі“.
2–я палова XVI ст. у Цэнтральнай Еўропе — час культурнага ўздыму і вострай рэлігійнай барацьбы, і тагачаснае грамадства патрабавала друкаванай кнігі. Друкі станавіліся важным сродкам распаўсюджання новых ідэй і новых літаратурных жанраў. Разам з тым у сферы традыцыйных тэкстаў яны пачалі канкураваць з рукапісанай кнігай. Каталог добра адлюстроўвае апошнюю тэндэнцыю, якая праявілася ва ўсім рэгіёне. Пераважная частка кірылічных кніг, выдадзеная ў 2–й палове XVI ст. — гэта царкоўна–рэлігійныя, а таксама навучальныя (буквары і граматыкі) тэксты (I, 10). Так, усе маскоўскія, балканскія, італьянскія і нямецкія выданні гэтага часу — амаль выключна рэлігійныя тэксты: кнігі для набажэнства альбо публікацыі Св. Пісьма ці катэхізісы. Усе яны прызначаліся для духавенства ці рэлігійнай прапаганды. Толькі ў Цюбінгене пратэстанты выпусцілі ў 1561 г. двойчы азбуку і буквар, у 1564 г. азбуку глаголіцай, кірыліцай і лацінкай, а ў Венецыі ў 1597 г. былі выдадзены буквар і азбука. Аднак на Беларусі і Ўкраіне з 1580–х г. актывізавалася першая тэндэнцыя: жанравы рэпертуар кірылічных выданняў зрабіўся нашмат больш разнастайны. Апрача царкоўна–рэлігійных і катэхізічных твораў на Беларусі і Ўкраіне ў гэты час выдаваліся:
а) экзэгетычныя творы: у Вільні: „Дыялог“ Генадзя Скалярыса (1585), „Аб крыжовым знаку“ Максіма Грэка (1585/95), „Маргарыт“ Іаана Залатавуснага (1588), „Пандэкты“ Нікана Чарнагорца (каля 1592) — усё Мамонічы; „Казанне Св. Кірылы, патрыярха ерусалімскага“ ў перакладзе Стафана Зізанія (1596), „Кніга аб веры“ (1596) — Брацкая друк.; у Астрогу: „Кніга пра посніцтва“ Васіля Вялікага (1594), „Маргарыт“ Іаана Залатавуснага (1595);
б) палемічныя творы: „Ключ царства нябеснага“ Герасіма Сматрыцкага (1587), „Пра адзіную ісцінную праваслаўную веру“ Васіля Суражскага (1588), „Апакрысіс“ Хрыстафора Філалета (1597) — астрожская друк., „Унія“ (1595), „Справядлівае апісанне Берасцейскага сабору“ (1597) і „Антырызіс“ (1599) Іпата Пацея, а таксама яго пераклад памфлета Пятра Скаргі „Апісанне сабору Берасцейскага“ (1597) — Мамонічы ў Вільні;
в) царкоўна–рэлігійныя пасланні і граматы: грамата караля Жыгімонта III патрыярху Ераміі II (Вільня: Мамонічы, 1589), пасланні патрыярха Ераміі II (1583, 1584), зборнік розных лістоў і пасланняў „Кніжыца ў дзесяці раздзелах“ (1598), „Водпіс на ліст Іпата Пацея“ (1598) — астрожская друк.; пасланні патрыярха Ераміі II (1591) і патрыярха Мялета Пігаса (1593) — львоўская Брацкая друк.;
г) навучальная і філалагічная літаратура: апрача буквароў і азбук выходзілі граматыкі: граматыка Псеўда–Дамаскіна (Вільня: Мамонічы, 1586), граматыка Лаўрэна Зізанія (Вільня: Брацкая друк., 1596), азбука са слоўнікам братоў Зізаніяў (Вільня: Брацкая друк., 1596), падручнік па логіцы „Дыялектыка“ Ёгана Спангенберга (Вільня: Мамонічы, каля 1586), славяна–грэцкая граматыка (Львоў: Брацкая друк., 1591), канкарданц да Новага Запавету „Кніжка, збор рэчаў найпатрэбных“ (Астрог: Іван Фёдараў, 1580);
д) вершы: „Храналогія“ Андрэя Рымшы (Астрог: Іван Фёдараў, 1581), „Прасфоніма“ (Львоў: Брацкая друк., 1591);
е) юрыдычныя кодэксы: „Трыбунал“ (1586), „Статут ВКЛ“ (1588, 1592/3, 1594/5) — Мамонічы ў Вільні.
Такая жанрава–тэматычная разнастайнасць беларускіх і ўкраінскіх старадрукаў сведчыць аб значным культурным патэнцыяле рэгіёну і актыўных працэсах у яго грамадскім жыцці, аб складзе чытацкай аўдыторыі і росце яе духоўных запатрабаванняў з 1580–х г. Увогуле, 2–я палова XVI ст. атрымліваецца надзвычай важнай эпохай для беларускай культуры. За выключэннем выданняў Францішка Скарыны, што з’явіліся на пачатку XVI ст., кірылічны друк Беларусі і Літвы, а таксама Ўкраіны распачаўся менавіта ў той час. Гэта абумоўлівае значную цікавасць і актуальнасць працы сп. Гусевай для беларускіх даследчыкаў.
Геаграфія з’яўлення кірылічнай кнігі ў цэлым залежыць ад арэалаў выкарыстання кірыліцы. Кірыліца ў XVI ст. ужывалася пераважна ў праваслаўных асяродках. Таму большасць кніг, апісаных у каталогу, выходзіла на царкоўнаславянскай мове (133), але некаторая іх частка з’явілася на старабеларускай (20) і румынскай (11) мовах. Толькі ў некаторых раёнах Далмацыі кірыліца выкарыстоўвалася і каталікамі, для іх выдаваліся кнігі ў Венецыі і Рыме на харвацкай мове. Да кірыліцы звярталіся і пратэстанты, што ў мэтах рэлігійнай прапаганды выпускалі кірыліцай кнігі — на харвацкай мове ў Цюбінгене і старабеларускай мове ў Нясвіжы ды ў друкарні Цяпінскага. Такім чынам, кірылічную кнігу выдавалі таксама на Захадзе, але гэта былі тэксты на харвацкай мове (11).
Заўваг патрабуюць кваліфікацыі мовы старадрукаў, дадзеныя ў каталогу. Звычайна ранейшыя складальнікі абыходзіліся без гэтага параметра, аднак сп. Гусева, імкнучыся да максімальнай поўніцы свайго бібліяграфічнага апісання, адважна вырашыла падаваць яго для кожнага выдання. У гэтай працы яна карысталася парадамі прафесійных лінгвістаў, пераважна маскоўскіх (I, 11). Такую спробу даследчыцы трэба ўсяляк вітаць, аднак яе нельга прызнаць удалай. Некаторыя кваліфікацыі выклікаюць пытанне ці з’яўляюцца проста памылковымі і трапілі, відаць, па недаглядзе.
Чамусьці выданне Цяпінскага, дзе тэкст надрукаваны на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах, не пазначана як дыглота (хоць іншыя выданні такога кшталту адзначаны, гл.: I, 11). Больш за тое, мова гэтага выдання чамусьці кваліфікаваная як „царкоўнаславянская гібрыдная“ (I, 569), хоць яго царкоўнаславянская частка адлюстроўвае тэкст маскоўскага паходжання, толькі набраны з улікам нормаў старабеларускай арфаграфіі. Гібрыднай царкоўнаславянскай мовай таксама акрэсленая мова граматы караля Жыгімонта III, дадзеная патрыярху Ераміі II (Вільня: Мамонічы, 1589) і „Апакрысіса“ Хрыстафора Філалета (Астрог, 1597/9). Гэтыя творы напісаныя тыпова старабеларускай мовай, нагэтулькі тыповай, што яе прыклады нават прыводзяцца ў хрэстаматыях па гісторыі беларускай ці ўкраінскай мовы. У іншых выпадках да гібрыднай царкоўнаславянскай мовы у каталогу аднесены беларускія выданні, у складзе якіх знаходзяцца тэксты або толькі на царкоўнаславянскай мове, або разам з тэкстамі на старабеларускай мове; тытульныя лісты, прадмовы і пасляслоўі такіх выданняў аформленыя на старабеларускай мове. Гэта: „Дыялог Генадзя Скалярыса“ (Вільня: Мамонічы, 1585), „Катэхізіс“ (Вільня: Мамонічы, 1585), які раней лічыўся перакладам катэхізіса Пятра Канізія (так — і ў каталогу), але ён не можа ўзыходзіць да Канізія, „Граматыка“ Лаўрэна Зізанія (Вільня: Брацкая друк., 1596), „Навука да чытання і разумення пісьма славенскага“ Лаўрэна Зізанія (Вільня: Брацкая друк., 1596), дзе змешчаны яго царкоўнаславянска–старабеларускі слоўнік „Лексіс“ і кароткі катэхізіс Стафана Зізанія. Таксама наўрад ці апраўдана называць гібрыднай царкоўнаславянскую мову кнігі Васіля Суражскага „Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры“ (Астрог, каля 1588 г.), граматы патрыярха Ераміі II, дадзенай мітрапаліту Міхалу Рагозу (Львоў: Брацкая друк., 1591), вершаванай „Прасфанімы“ (Львоў: Брацкая друк., 1591), перакладу (і прадмовы) „Маргарыта“ Іаана Залатавуснага (Астрог, 1595), зборнік пасланняў „Кніжыца ў дзесяці раздзелах“ (Астрог, 1598). Мова ніводнага з гэтых выданняў спецыяльна не даследавалася, а асобныя запазычанні ці марфалагічныя варыянты і тым больш арфаграфічныя непаслядоўнасці яшчэ не азначаюць гібрыдызацыі.
З’яўленне тэрміна „гібрыдная царкоўнаславянская мова“ ў каталогу абавязана поглядам некаторых расійскіх лінгвістаў, што кансультавалі сп. Гусеву па моўных пытаннях. Такі тэрмін не агульнапрыняты, а яго дачыненне да беларускіх і ўкраінскіх выданняў XVI ст. спрэчнае, таму варта было б яго пазбегнуць. Пра гібрыдную мову звычайна гавораць у дачыненні да тэкстаў больш позняга часу — 2–й паловы XVII — XVIII ст., калі царкоўнаславянская мова зазнала моцны ўплыў з боку польскай і старабеларускай моў. Але нават тады гэта адбылося толькі ў некаторых жанрах, арыентаваных на простых вернікаў (казанні, жыцці, малітвы, духоўныя вершы). Дарэчы, гэтую мову ў тыя часы называлі славенароскай
Парадамі расійскіх лінгвістаў народжаны і іншы тэрмін каталога — „канцылярская мова ВКЛ“, якой акрэслена мова „Трыбунала“ і „Статута ВКЛ“. Хоць такі тэрмін у пэўных адносінах карэктны, аднак на фоне іншага тэрміна „простая мова“ (таксама ў некаторых адносінах карэктнага), якім кваліфікавана агульная літаратурна–пісьмовая мова беларусаў і ўкраінцаў, ён стварае ў чытача хібнае ўражанне, быццам гэта дзве розныя мовы. Нажаль, менавіта такіх поглядаў трымаюцца асобныя маскоўскія лінгвісты, для якіх мова Беларусі і Ўкраіны XVI ст. — заўжды нейкая недалугая макаранічная, гібрыдная ці „простая мова“, існаванне якой часам наогул не прызнаецца.
Можна адзначыць таксама некаторыя хібы ў афармленні спіса бібліяграфіі, напрыклад, недакладна зацытавана кніга: Лабынцев Ю. Православная Академия Ходкевичей и её издания, Минск, 1996 (прамінута слова Ходкевичей), не ўсе артыкулы ў спісе маюць указанні старонак. Пры бібліяграфічным апісанні не заўжды абраныя самыя ўдалыя уніфікаваныя назвы выданняў. Так, кніга, вядомая ў навуковым свеце як Казанне Кірылы, патрыярха ерусалімскага (№ 95), падаецца пад назвай Зборнік павучэнняў.
Аднак гэтыя дробныя недахопы аніяк не памяншаюць значэння той велізарнай працы, што была зроблена адным чалавекам для сістэматызацыі і дэталёвага апісання кірылічнай кнігі 2–й паловы XVI ст. Гэтая манументальная праца стане карысным дапаможнікам для ўсіх даследчыкаў славянскай кнігі і культуры, для гісторыкаў і мовазнаўцаў.
Мінск
Ігар Клімаў