БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Да 90–годдзя прафесара Юліюша Бардаха (Марцэлі Косман)

Юліюш Бардах — славуты польскі вучоны, даследнік праўнай, гістарычнай і палітычнай культуры, прызнаны аўтарытэт у колах як юрыстаў, так і гісторыкаў — нарадзіўся ў Адэсе 3 лістапада 1914 г. Больш за 20 гадоў таму, пад час ганаровай урачыстасці, прысвечанай 70–годдзю Майстра ды 50–годдзю яго творчасці, у запоўненай цераз край зале Рэктара Брудзіньскага ў Казіміравым палацы Варшаўскага універсітэта, юбіляр выказаўся са сваёй знакамітай вытанчанасцю: „У навуковым асяроддзі пануе перакананне, быццам павага і ўшанаванні з’яўляюцца не столькі вынікам творчага даробку і працоўнага ўнёску, колькі дасягненнем сталага веку. Замацаваліся дзве круглыя даты: шасцідзесяці– і сямідзесяцігоддзе. Пазнейшыя, беручы пад увагу сярэднюю працягласць жыцця — прывілей абраных“.

Гэты выступ, пад назвай „Пазіраючы назад“, апублікавала „Polityka“ ў нумары ад 22 лістапада 1986 г., з годнай сапраўднага эпікурэйца максімай у падзагалоўку: Не жывем, каб есці, а каб есці добра. У сінтэтычным разборы ўласных дасягненняў (на ўсіх этапах пасляваеннай рэчаіснасці, з прызнаннем як яе ценяў, так і магчымасцяў пазітыўнага ўплыву) юбіляр канстатаваў: „Пазіраючы назад, я ўсведамляю, што дзейнічаў на празмерна шырокім даследчым фронце, што выклікала ня­ўхіль­нае распыленне намаганняў і змяншала іх эфект. Перадусім, аднак, кіраваўся ўласнай цікаўнасцю, а яна падлягала змяненням. Падагульняючы, засведчу: на лініі паміж двума супрацьлеглымі тыпамі быў — і застаюся — бліжэй да мадэлі  homo ludens, чым да homo faber“.

Выказаць гэткія словы мог толькі буйны творца, сапраўдны знаўца жыцця з вялікай да яго прагай. Іх прамоўца мае шмат­лікіх сяброў, вучняў — у сваёй краіне ды па–за межамі, і не толькі ў навуковых колах. Глыбокае прызнанне прынесла яму як дзейнасць даследніка, так і праца арганізатара, а яшчэ — зычлівасць да людзей у цяжкіх сітуацыях, якіх хапала ў мінулым польскім шасцідзесяцігоддзі. Лёс даў адсвяткаваць Юліюшу Бардаху і тыя пазнейшыя юбілеі: спачатку васьмідзесятую гадавіну, пасля — дзевяностагоддзе. Для аўтара гэтых радкоў сапраўдным гонарам стаў удзел (таксама праз Tabula Gratu­la­toria — каля 150 імёнаў!) у памятнай кнізе З гісторыі праўнай культуры. Штудыі, прысвечаныя прафесару Юліюшу Бардаху ў дзевяностагоддзе ад нараджэння[1]. Кніга была перададзена юбіляру ў зале Сената той самай дырэктарскай сядзібы Almae Matris Varsoviensis 20 снежня 2004 г., з удзелам Яго Магніфіцэнцыі Пятра Вэньгленьскага, дэкана факультэта права і ад­міністравання Марка Вансовіча і дырэктара роднага Інстытута гісторыі дзяржавы і права Анджэя Закшэўскага (натхняльнік кнігі ў гонар свайго настаўніка заняў сціплае месца ў глыбіні залы). Ад імя шматлікіх прысутных — прадстаўнікоў навуковых таварыстваў, гасцей з усіх акадэмічных асяродкаў краіны — слова ўзялі Генрык Самсановіч ды Станіслаў Плаза. Тыя, хто не трапіў на ўрачыстасць, выказвалі зычэнні праз дэпешы. Герой імпрэзы выступіў надзвычай сцісла, пасля чаго з чаркай віна прымаў віншаванні калегаў ды сяброў.

Выданне на шэсцьсот старонак змяшчае поўную біблія­графію за 1936—2004 г. (564 пазіцыі, разам з выкладзеным зместам збораў), якой папярэднічае нарыс М. Вaнсовіча Праўная культура ў даробку прафесара Юліюша Бардаха. Сярод удзель­нікаў юбілейнай сустрэчы значную частку склалі гісторыкі — пераважна з гэтай навукай ідэнтыфікуюць сябе сабраныя даследнікі дзяржаўнага ладу. Пра інтарэсы самога ж Юлію­ша Бардаха найлепш сведчыць яго творчая спадчына ды характар юбілейнай кнігі. Выданне складаецца з чатырох частак: 1) Стан права — спосаб стварэння і ўспрыняцце; 2) Праў­ная думка, дактрыны, ідэі, навучанне праву; 3) Функцыянаванне права ў практыцы; 4) Ацэнкі, стаўленне да права. Над усім, аднак, уладарыць дух Кліо: аўтары разглядаюць справы ад старажытнасці да XX ст., пачэснае ж месца займаюць па­дзеі Вялікага Княства Літоўскага ды найноўшая гісторыя Літвы (14 артыкулаў з 37). Па–за межамі ўзятай структуры месцяцца разважанні Ганны Роснар Даследаванні праўнай культуры. Спроба выяўлення праблематыкі. Ім у пэўным сэнсе прыпадае функцыя падвядзення вынікаў не творчасці юбіляра, вядома, а метадалогіі даследавання палітычнай (гістарычнай) і праўнай культуры. Важнае месца тут занялі ўжо класічныя працы Станіслава Эстрайхэра і Юзафа Сяменьскага, прысвечаныя XVI ст. (абедзве змешчаны ў зборным выданні 1932 г.). Пачэсную ролю аўтарка адводзіць і матэрыялам XI Усеагульнага з’езду польскіх гісторыкаў у Торуні (1974), прысвечаным палітычнай культуры (акцэнтуецца праграмны выступ Стэфана Кеневіча), разважанням Януша Тазбіра (1976), доследу Эдварда Апаліньскага — каб урэшце звярнуцца да артыкула Вацлава Урушчака (1980) пра палітычную і праўную культуру польскага парламентарызму перыяду Адраджэння. Увесь тэкст — хоць наўпрост і не згадваецца — прасякнуты думкамі, вядомымі з прац Майстра.

Гэта не першая з памятных кніг, прысвечаных юбіляру. Апрача спецыяльных нумароў перыёдыка „Czasopismo Praw­no–Historyczne“, выяўленнем пашаны да вялікага гуманіста сталі зборнікі Права — парламент — людзі. Штудыі, прысвечаныя Прафесару Юліюшу Бардаху ў шасцідзесяцігоддзе творчай працы (Warszawa, 1996) ды Symbolae historico–iuridicae Lodzienses Julio Bardach dedicatae (Łódź, 1997). Юнацкія гады Майстра звязаны з Вільняй, дзе ён вывучаў права ва універсітэце Стэфана Баторыя, а перад атрыманнем дыплома ў верасні 1935 г. дэбютаваў на VI Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў (удзелам у дыскусіі Траціна ў старадаўнім літоў­скім праве). У гэтым жа горадзе Юліюш Бардах напісаў ды апублікаваў на старонках такіх выданняў, як „Ateneum Wi­leńskiе“ і „Wiadomości Studium Prawa Litewskiego USB“ некалькі рэцэнзіяў, а таксама амаль 100–старонкавы трактат Адопцыя ў літоўскім праве XV і XVI ст. (апублікавана ў 1938 г.), які стаў падставай доктарскай дысертацыі, абароненай у Ягелонскім універсітэце ажно ў 1948 г., пасля ваеннага перапынку. Юліюш Бардах — прафесар Варшаўскага універсітэта (з 1950 г.), сябра аўтарытэтных айчынных навуковых пляцовак, у тым ліку Польскай Акадэміі Навук (з 1983 г.), доктар honoris causa польскіх і замежных навучальных устаноў, аднак найбольшае задавальненне, бясспрэчна, яму дае прызнанасць ва універсітэце юнацтва.

Хоць дыяпазон інтарэсаў Майстра сапраўды велізарны — ад ранняга Сярэднявечча да сучаснасці (і гэта не дзяжурныя тэксты, а наступныя рэдакцыі папярэдніх публікацый, звычайна дапрацаваныя, пашыраныя і паглыбленыя), асаблівае месца ў яго 70–гадовым даробку займае гістарычная і этнічная Літва, перадусім XV—XVIII ст. Пра гэта сведчаць фундаментальныя зборы, публікаваныя ў палітычнай сітуацыі, калі польская літуаністыка яшчэ мусіла заставацца калі не ў „падполлі“, то, прынамсі, ва ўкрыцці (я пісаў пра гэта ў нарысе Віленскія даследнікі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на ростанях (па 1945 г.), змешчаным у зборніку Апошнія грамадзяне ВКЛ, Lublin, 2005). Тагачасныя падмуркі будаваліся з адносна някідкіх для цэнзуры доследаў, публікаваных у часо­пісах ды памятных кнігах. Сапраўднай падзеяй стала выданне асобнага тома даследаванняў Юліюша Бардаха Штудыі з дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVIII ст. (Białystok — Warszawa, 1970), адзначанага больш чым дзесяткам рэцэнзентаў, у тым ліку найвыдатнейшым на тыя часы знаўцам тэмы Генрыкам Лаўмяньскім. Памяці гэтага навукоўца, трагічна загінулага ў 1984 г., прафесар пры­свяціў чарговы фундаментальны збор Пра даўнюю і нядаўнюю Літву (Poznań, 1988), дзе закранаюцца, згодна з назвай, яшчэ і XIX — пачатак XX ст. Выданне таксама было адзначана шматлікімі водгукамі, гэтым разам збольшага суайчыннікаў.

Уражвае бібліяграфія прац юбіляра, якая налічвае 564 па­зі­цыі. Сярод іх — шматтомавая Гісторыя дзяржавы і права Поль­шчы (прафесар выступае ў ролях галоўнага рэдактара і аў­тара значнай часткі тэкстаў, датычных перыяду да падзелаў Рэ­чы Паспалітай); яе шмат разоў перавыдадзеная аднатомавая вер­­сія (напісаная сумесна з Багуславам Лесьнадорскім і Міхалам Петшакам); аднатомавая сінтэза Гісторыя польскага сойму (зноў рэдагаванне і тэкст, прысвечаны перыяду да 1795 г.); манаграфія Вацлаў Мацяёўскі і яго сучаснікі (Warszawa, 1971). Сюды ж уваходзяць зборы: Літоўскія статуты і рымскае права (Warszawa, 1999); Themis і Klio, або права і гісторыя (War­szawa, 2001); ці найноўшае У аб’ектыве навукі і ў люстэрку памяці (пра навукоўцаў, пісьменнікаў, палітыкаў XIX і XX ст.) (апублікавана ў дзевяностую гадавіну). Што да дыдактыкі, то цяжка не згадаць і шматкроць перавыдадзены, смелы для свайго часу (1954) падручнік Гісторыя Польшчы па 1466 г. (сумесна з А. Гейштарам, Г. Лаўмяньскім, Э. Малечыньскай), які давялося абараняць ад тагачаснай навуковай моладзі, што „мысліла правільна“ — марксісцкай.

Гэта сведчыць пра непазбыўную жыццёвасць Юліюша Бардаха, які здолеў пакінуць у людской памяці ўдзячныя ўспаміны з перыяду, вымагалага і духоўнага гарту, і пасярэдніцкага таленту. Прафесара высока цэняць як на Захадзе, так і на Ўсходзе, асабліва ў Вільні, Кіеве і Мінску (тут ён уваходзіць у склад рэдакцыйнай рады „Беларускага Гістарычнага Аглядy“, стараннямі рэдакцыі якога ў 2002 г. па–беларуску выйшаў томік выбраных прац Майстра Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Чакаем чарговых збораў, спадзевы на якія даюць шматлікія штудыі Юбіляра, размешчаныя ў часо­пісах і калектыўных працах.

Марцэлі Косман

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] Z dziejów kultury prawnej. Studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesięciolecie urodzin. Warszawa, Liber, 2004.

Тэгі: ,