БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Geier, Wofgang. Russische Kulturgeschichte in diplo­ma­ti­schen Reise­berichten aus vier Jahrhunderten (Уладзімір Канановіч)


GEIER, WOLFGANG. Russische Kulturgeschichte in diplo­ma­ti­schen Reiseberichten aus vier Jahrhunderten: Sigmund von Herberstein, Adam Olearius, Friedrich Christian Weber, August von Haxthausen. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2004. 208 s. (Studien der Forschungsstelle Ost­mittel­europa an der Universität Dortmund, Bd. 37)

Праца знанага нямецкага даследчыка Вольфганга Гаера з’яўляецца вынікам даследаванняў, што праводзіліся аўтарам сумесна з ягонымі студэнтамі, магістрантамі і дактарантамі на семінарскіх занятках па параўнальнай культурнай гісторыі краін і народаў Паўднёва–Ўсходняй, Усходняй і Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, а таксама на семінарах па вывучэнні вобразаў сябе і вобраза чужога ў еўрапейскай гісторыі. На занятках асаблівая ўвага аддавалася такім пытанням, як змест і форма гістарычна–грамадскага працэсу пошуку ўласнай ідэнтычнасці, гістарычная памяць і свет ўяўленняў.

В. Гаер засяроджваецца перадусім на паведамленнях і нататках еўрапейскіх аўтараў пра еўрапейскія народы і краіны. Першапачаткова аўтар меў намер засяроддзіцца на Расіі і Балгарыі, але затым, прымаючы пад ўвагу розны стан вывучанасці прадметаў, мусіў заняцца даследаваннем выключна Расіі. Для свайго даследавання В. Гаер абраў 4 нататкі нямецкіх дыпламатаў, якія ад часу іхняй публікацыі і да сённяшняга дня з’яўляюцца сур’ёзным укладам як у расіязнаўства (Russland–Kun­de, Rossica), так і ў культурную гісторыю дыпламатыі (Kultur Geschichte der Diplomatie). Працы гэтых дыпламатаў–пісьменнікаў у свой час істотна паўплывалі на стан і якасць ведаў еўрапейскай публікі пра Расію. Кожны з гэтых аўтараў вызначыў кірункі і змест расіязнаўства ў часе ўкладання ўласных нататак. Выбраныя дыпламаты прэзентуюць не толькі свой час і канкрэтны этап нямецка–расійскіх дачыненняў, але і розныя нямецкія землі: Жыгімонт Герберштайн — эрцгерцагства Аўстрыя, Адам Алеарый (Алеарыус) — Галь­штынска–Гаторп­скае герцагства, Фрыдрых Хрысціян Вэбэр — Гановерскае курфюрства і англійскую карону, а вестфальскі барон Аўгуст фон Гакстгаўзен — Прускае каралеўства.

Кніга складаецца з аўтарскай прадмовы, уводзінаў, чатырох раздзелаў, у якіх разглядаюцца падарожныя нататкі чатырох вышэйзгаданых нямецкіх дыпламатаў, кароткага „Iti­neraria Rossica“, а таксама рэгістра асобаў і паказніка выкарыстаных у даследаваннях або рэкамендаваных для вывучэння і разгляду крыніц і літаратуры.

У прадмове В. Гаер сціпла згадвае гісторыю ўзнікнення сваёй кнігі, мэты і задачы працы, у тым ліку і першапачатковыя, ад якіх ён, як ужо згадвалася вышэй, вымушаны быў урэшце адмовіцца. Завяршаецца гэтая частка кнігі агульнай характарыстыкай дыпламатычнай дзейнасці Жыгімонта Герберштайна, Адама Алеарыя, Фрыдрыха Хрысціяна Вэбэра і Аўгуста фон Гакстгаўзэна. Прадмова ўтрымлівае таксама інфармацыю пра асаблівасці ўкладання матэрыялаў выдання, а таксама падзякі выдаўцу і жонцы за магчымасць публікацыі ды сталую падтрымку ў часе напісання і падрыхтоўкі кнігі.

Ва ўводзінах разглядаецца гісторыя нямецка–рускіх адносінаў на працягу больш чым дзесяці стагоддзяў. Асаблівая ўвага аддаецца дыпламатычным дачыненням паміж Нямеччынай і Руссю, пачынаючы ад пасольства кіеўскай князёўны Вольгі да нямецкага караля Атона I у 959 г. Аўтар адзначае, што рознабаковыя адносіны паміж Нямеччынай і Руссю спрыялі ўзнікненню шматлікіх вобразаў іншага (Bilder vom Anderen). Нямецкі даследчык падрабязна спыняецца на ўяўленнях пра Русь і Расію, што з’явіліся ў працах нямецкіх аўтараў пачынаючы ад XVI ст. і да 30–х г. ХХ ст. Гаер падае агульную характарыстыку ўсіх гэтых вобразаў Русі і рускіх, адзначаючы, што іхнім істотным элементам было ўяўленне пра асобу ўладара і ягоную палітыку.

Асноўны змест кнігі складаюць чатыры раздзелы, прысвечаныя падарожным нататкам кожнага з дыпламатаў. Кожны раздзел мае тры падраздзелы. У першым падраздзеле аўтар у шырокім еўрапейскім кантэксце разглядае ўнутрыпалітычнае развіццё і міжнароднае становішча Вялікага Княства Маскоўскага (Расійскага царства) на час, калі кожны з вышэйназваных нямецкіх дыпламатаў ажыццяўляў падарожжы на Ўсход Еўропы або ў Азію, у выніку якіх і з’явіліся Нататкі пра Масковію (Расію). Другі падраздзел прысвячаецца асаблівасцям унутры- і знешнепалітычнага развіцця канкрэтных нямецкіх земляў, з якіх паходзілі дыпламаты. Пададзены тут і бібліяграфічныя звесткі пра кожнага з чатырох дыпламатаў. Нарэшце, у трэцім падраздзеле з культурна–гістарычнага пункту гле­джання разглядаюцца падарожныя нататкі нямецкіх дыпламатаў, паказваецца значэнне прац апошніх у справе развіцця расіязнаўства. Паколькі гэтыя чатыры раздзелы складаюць асноўны змест кнігі, на іх варта спыніцца падрабязней.

В. Гаер пачынае разгляд дыпламатычных падарожных нататкаў з Жыгімонта фон Герберштайна, першага класіка ра­сія­знаўства. Аўтар дае кароткі агляд гісторыі паўстання галоўнай працы аўстрыйскага дыпламата — „Rerum Moscovi­tica­rum Commentarii“ (Нататкі пра маскоўскія справы), разглядае яе асаблівасці структуры і зместу. Ён спыняецца на асноўных элементах таго вобразу Масковіі і маскавітаў, які з’явіўся на Захадзе дзякуючы намаганням габсбургскага дыпламата. Гэтымі элементамі з’яўляліся неабмежаваная, амаль тыранічная ўлада князя (цара), прыгнечанае і рабскае становішча падданых, адданасць праваслаўнай веры і г. д.

Другі раздзел працы прысвечаны Адаму Алеарыю, дыпламату гальштайн–гаторпскага герцага Фрыдрыха III. Ён браў удзел у двух пасольствах герцага ў Расію, у 1633—1635 і ў 1635—1639 г. Вынікам дзвюх дыпламатычных місій стала багата ілюстраваная, вялікая па аб’ёме (каля 800 старонак) праца, якая прынесла ягонаму аўтару славу другога пасля Герберштайна класіка расіязнаўства. Аднак вобраз Расіі і рускіх у Алеарыя не пазбаўлены тыповых для таго часу стэрэатыпаў і забабонаў. Тыповымі якасцямі расіян называюцца бессаромнасць, п’янства, грубасць, хлуслівасць, неахайнасць і інш. Аўтар падкрэслівае рабскае становішча падданых цара, іхнюю празмерную жорсткасць у побыце, асабліва ў стаўленні да жанчын. Алеарый звяртае ўвагу чытача на тое, што маскавіты надзвычай неахайна і неэфектыўна абыходзяцца з прыродай і яе багаццямі — гэта мусіла асабліва ўразіць жыхароў акультуранага прыроднага ландшафта Гальштайн–гаторпскага герцагства. Нарэшце, у кнізе адзначаецца схільнасць рускіх да рознага роду небяспечных і гвалтоўных прадпрыемстваў і дзеянняў. Гэтая аўтарская заўвага знайшла адлюстраванне ў падзеях рускай „Смуты“ пачатку XVII ст., а таксама пазней у часе народных бунтаў Разіна і Пугачова. Ва ўсякім разе, гэта вельмі важны тэзіс з пункту гледжання культурна–гістарычнага менталітэту рускага народа.

Якасна новы ўзровень расіязнаўства ўяўляе сабой праца Фрыдрыха Хрысціяна Вэбэра — пасла гановерскага курфюрста і англійскага караля Георга I. У 1714—1719 г. ён быў акрэдытаваны на царскім двары Пятра I у Санкт–Пецярбурзе. Пасля завяршэння дыпламатычнай місіі ў Расіі Фрыдрых Хрысціян Вэбэр выдаў на працягу 20 гадоў (1721—1740) тры тамы кнігі, якая мела назву „Пераўтвораная Расія“ (Das verдnderte Russland). Па жанры праца гановерскага дыпламата нагадвае болей часопіс, які ўтрымлівае разнастайныя звесткі і паведамленні па гісторыі і сучаснасці Расіі. Хаця аўтар і робіць на старонках кнігі экскурсы ў гісторыю Русі памiж IX—XVII ст., галоўнай тэмай працы з’яўляецца пераўтвораная Расія і яе творца Пётра I. Пра юнацтва расійскага цара Вэбэр паведамляе надзвычай сціпла, але пра наступныя этапы ягонага жыцця і дзейнасці гаворыцца ў кнізе надзвычай падрабязна. Асаблівая ўвага аддаецца Вялікаму пасольству 1697—1698 г., падзеям Паўночнай вайны 1700—1721 г., працэсу над сынам Пятра I Аляксеем і г. д. Тагачасная расійская рэчаіснасць разглядаецца вельмі падрабязна і кампетэнтна: сістэма і структура дзяржаўнага кіравання, стан узброеных сілаў, у тым ліку дыслакацыя войскаў і сістэм кіравання імі, і г.д. Аўтар уважліва прасочвае і апісвае развіццё выяўленчага мастацтва, а таксама гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Не забываецца ён і пра рамёствы, фінансы, падатковую і грашовую сістэмы, ар­хітэктуру і горадабудаўніцтва — апошнія разглядаюцца перадусім на прыкладзе Weltwunder (цуда свету), як аўтар называе новую сталіцу Расіі Санкт–Пецярбург. Не застаўся па–за ўвагай гановерскага дыпламата і падрыхтоўчы перыяд перад заснаваннем у 1725 г. Расійскай Акадэміі навук. Урэшце, Вэбэр, як і іншыя дыпламаты з каталіцкіх або пратэстанцкіх краін Еўропы, не пакідае ўбаку тэму канфесійных адрозненняў паміж каталіцтвам і пратэстантызмам, з аднаго боку, і грэка–рускім праваслаўем, з другога. Праца Фрыдрыха Аўгуста Вэбэра ўпершыню пасля Жыгімонта фон Герберштайна давала цэласны вобраз Расіі. Сам Вэбэр лічыў сябе прадаўжальнікам справы слыннага аўстрыйскага дыпламата, з якога, уласна кажучы, і пачалася еўрапейская дыпламатыя ў дачыненні да Расіі, а таксама расіязнаўства Новага часу.

Наступным нямецкім аўтарам, творы якога прадвызначылі вобраз Расіі ў Еўропе, быў вестфальскі барон Аўгуст фон Гакстгаўзэн. У 1843—1844 г. ён як абазнаны эксперт у аграрных пытаннях рушыў у падарожжа ў Расію з мэтай вывучэння тамтэйшай сельскай гаспадаркі. У выніку падарожжа з’явіліся дзве працы: „Даследаванні аб унутраным стане, народным побыце і асабліва сельскіх установах Расіі“ (Studien über die inner Zustände, das Volksleben und insbe­sondere die ländlichen Einrichtungen Russlands), напісаная ў 1847—1852 г., а таксама „Сельская канстытуцыя Расіі. Яе развіццё і ўстанаўленне ў заканадаўстве 1861 г.“ (Die ländliche Verfassung Russlands. Ihre Entwicklung und ihre Festlegung in der Gesetzgebung von 1861), што з’явілася ў друку ў 1866 г. Галоўная тэма гэтых працаў — асновы і характэрныя рысы расій­скай дзяржавы. Гакстгаўзэн называе яе патрыярхальнай, у якой адлюстраваліся асаблівасці рускай сям’і, перадусім — поўная падпарадкаванасць усіх членаў бацьку. Эканамічную і сацыяльную аснову гэтага тыпу дзяржавы вестфальскі барон бачыць у сельскай арганізацыі ў выглядзе абшчыны — міра. Таму, заключае ён, ліквідацыя прыгоннага права і знішчэнне сельскай абшчыны як асно­вы расійскай дзяржаўнасці і апоры царызму будзе мець выключна адмоўныя, небяспечныя і несуцешныя наступствы для Расіі, як раней гэта ўжо здарылася з Францыяй, што істотна аслабела ў палітычным плане ў выніку сацыялістычна–камуністычнага перавароту.

Увогуле, Аўгуст фон Гакстгаўзэн разглядае ў сваіх працах розныя бакі тагачаснай расійскай рэчаіснасці і яе мінуўшчыны. Ён не абыходзіць увагай становішча рускай праваслаўнай царквы, яе арганізацыю, асаблівасці яе рытуалу, рэлігійныя святы і інш. Вестфальскі барон робіць выснову, што аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў і тым самым ліквідацыя схізмы магчымыя выключна на падставе экуменічнага парытэтнага кансэнсусу, але ніяк не унійным шляхам, як гэта ра­бі­лася на Берасцейскім саборы 1596 г. Аўтар таксама дэтальна апавядае пра ваенную магутнасць Расіі (да чаго стагоддзем раней звяртаўся Фрыдрых Хрысціян Вэбэр), пад­крэслівае маштабнасць расійскай каланізацыі ўскраін, дае досыць па­драбязны краязнаўчы агляд розных рэгіёнаў Расіі і народаў, якія іх насялялі. Звяртаючыся да ранейшай гісторыі, Гакстгаўзэн падкрэслівае, што царкоўны, сацыяльны і культурны стан Русі ў Кіеўскі перыяд ні ў чым не саступаў царкоўнаму, сацыяльнаму і культурнаму стану Польшчы, Чэхіі, Венецыі або Даніі.

Гістарычную місію Расіі і яе народа вестфальскі барон бачыў у культурным пасярэдніцтве паміж Еўропай і Азіяй. Вольф­­ганг Гаер адзначае, што Гакстгаўзэн зарэкамендаваў сябе як абаронца расійскага народа, як змагар супраць розных забабонаў і папрокаў у адрас Расіі з боку пэўных слаёў еўрапей­скай публікі. Заслуга Гакстгаўзэна палягае, на думку аўтара, яшчэ і ў тым, што ён фактычна паклаў пачатак вывучэнню менталітэту, расійскага нацыянальнага характару ў шырокім параўнальным кантэксце. Але Гакстгаўзэн не здолеў пазбегнуць пэўнай ідэалізацыі расійскага народнага побыту і асобных рысаў нацыянальнага характару рускіх.

У Itineraria Rossica Вольфган Гаер робіць высновы cвайго даследавання, а таксама вылучае новыя даследчыцкія пра­па­новы. Ён у першую чаргу прапануе параўнаць апісанне дарожных шляхоў кожнага з чатырох разгляданых у кнізе ды­пла­­­матаў з паведамленнямі пра падарожжы па Расіі іх су­­часнікаў (напрыклад, апісанне Вэбэра — з апісаннем Аляксандра Радзішчава, а паведамленне Гакстгаўзэна — з паведам­­леннем Дзюма–бацькі). На думку аўтара, было бы пажадана падрыхтаваць і выдаць поўнае каментаванае гістарычна–крытычнае выданне твораў усіх чатырох названых дыпла­матаў. Адносна Герберштайна Гаер прапануе ў будучым поўным і каментаваным выданні ягоных твораў знайсці месца для гіс­торыі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага ад сярэдзіны XIV да сярэдзіны XVI ст., паколькі ў дыпламатычнай дзейнасці Герберштайна значнае месца занялі гэтыя дзве дзяржавы (62).

Мінск

Уладзімір Канановіч

Наверх

Тэгі: , ,