Новы нумар


Брэменская канферэнцыя па калектыўнай памяці (Вячаслаў Швед)

14—16 кастрычніка 2005 г. у Брэменскім універсітэце прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя „Гістарычная палітыка і калектыўная памяць у публічных дыскурсах у Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе“. Арганізаваў яе Інстытут Усходняй Еўропы гэтага універсітэта, а фінансаваў Фонд Форда. У канферэнцыі ўдзельнічалі вучоныя з Нямеччыны, Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, ЗША.

На пачатку выступілі арганізатары канферэнцыі Штэфан Гарштэцкі, Здзіслаў Краснадэмбскі, Рудзігер Рытэр з дакладам „Міф замест навуковага даследавання і калектыўная памяць у публічных дыскурсах“. Іх выступ задаў тон і напрамак усёй далейшай працы форума.

Першая секцыя канферэнцыі была прысвечана праблеме „Гістарычная палітыка пасля 1989 г. паміж пераадольваннем былога і пачаткам новага”. З дакладамі выступілі Штэфан Гарштэцкі (Брэмен; „Калектыўная памяць у Польшчы, Беларусі і Літве: да постмадэрнісцкага шанавання памяці?“), Мыкола Рабчук (Кіеў; „Перагляд таталітарнай спадчыны ў посткаланіяльнай краіне: з вопыту Ўкраіны пасля 1991 г.“), Павал Махцэвіч (Варшава; „Інстытут Нацыянальнай Памяці: польская мадэль пагаднення з таталітарным былым“), Арвідас Анушаўскас (Вільня; „Літоўскі рэсурсны цэнтр даследавання генацыду і супраціўлення“).

На другой секцыі абмяркоўвалася праблема „Канфлікты паміж месцамі памяці і фундаментальнымі міфамі: Цэнтральна–Ўсходняя Еўропа і яе адносіны да Расійскай Федэрацыі“. Выступілі Вільфрыд Ільге (Ляйпцыг; „Казакі–украінцы і/ці расійскае шанаванне памяці“), Дарус Сталюнас (Вільня; „Студзеньскае паўстанне 1863/1864 г. і яго вынікі як месцы памяці ў польскіх і літоўскіх дыскурсах“), Рудзігер Рытэр (Брэмен; „Рознае выкарыстанне гісторыі: Вялікае Княства Літоўскае ў палітычнай канцэпцыі беларускай «афіцыйнай» і «апазіцыйнай» гістарыяграфіі“), Гвіда Гаўсман (Кёльн; „Бітва пад Палтавай у расійскай і ўкраінскай памяці“).

Трэцяя секцыя была прысвечана праблеме „Другая сусветная вайна як вызначальная падзея калектыўнай памяці“. На ёй з дакладамі выступілі Рудзігер Рытэр („Агульнае ці асобнае шанаванне памяці? Аналіз культуры ўшанавання рухаў супраціву ў Польшчы, Беларусі і Літве“), Яўген Мірановіч (Беласток; „Беларускі рух супраціву ў перыяд Другой сусветнай вайны“), Марэк Ян Хадакевіч (Вашынгтон; „Перарваны ланцуг памяці: Усходняя памежная паласа, 1939—1947 г.“), Арунас Бубніс (Вільня; „Даследаванні Халакосту ў Літве“),  Штэфан Гарштэцкі („Даследаванні Халакосту  і яўрэйская спадчына ў параўнальным аглядзе“), Уладыслаў Грыневіч (Кіеў; „Расколатая памяць. Другая сусветная вайна ў гістарычнай свядомасці ўкраінскага грамадства“).

Чацвёртая секцыя называлася „Горад як месца памяці: агульная ці падзеленая карта ментальнасці?“. Асаблівасцю гэтай секцыі было тое, што абмяркоўвалі праблемы прадстаўнікі розных памежных гарадоў, якія ўдзельнічалі ў сумесным праекце (ён вёўся Інстытутам Усходняй Еўропы Брэменскага універсітэта). Са сваімі рэфератамі пазнаёмілі Станіслаў Стэмпень (Пшэмысль), Эльге Рындзевічутэ (Вільня), Вікторыя Серада (Львоў) і Вячаслаў Швед (Беларусь). Яны разгледзелі такія сюжэты, як спецыфіка гістарычнага развіцця памежных гарадоў, носьбіты гістарычнай памяці (насельніцтва гарадоў па этнасах),  гістарычная памяць у назвах вуліц, помніках гісторыі і культуры, мультыкультура і інтэрнацыяналізацыя памяці.

Агулам на канферэнцыі прагучала 19 рэфератаў. Іх абмяркоўвалі амаль усе ўдзельнікі. Гэта быў сапраўдны абмен думкамі вучоных розных краін. Матэрыялы канферэнцыі рыхтуюцца да выдання асобным томам на ангельскай мове ў 2006 г.

Горадня

Вячаслаў Швед

Tags: