Frank Grelka. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42 (Лявон Баршчэўскі)
GRELKA, FRANK. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 507 S.
Праца Франка Грэлькі выконвалася ў Даследчым цэнтры Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы пры Дортмундскім універсітэце. Яна ўключае ў сябе, акрамя неабходных уводзінаў, наступныя раздзелы: „Украінскі нацыянальны рух да прыходу немцаў“, „Украінскі нацыяналізм і нацыянал–сацыялізм“, „Украінскае пытанне напярэдадні Другой сусветнай вайны“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1918 г.“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1941 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1918 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1941 г.“, а таксама „Падагульненне“. Спіс выкарыстаных крыніц уключае пад тысячу назваў.
У падмурку канцэпцыі Франка Грэлькі ляжыць, як ужо можна здагадацца з пераліку назваў раздзелаў кнігі, метад параўнання і супастаўлення. У цэлым ён зазначае пераемнасць дзеянняў нямецкіх уладаў у 1918 і 1941 г., прынамсі, што датычыць эканамічных мэтаў акупацыі і палітычных мэтаў абмежаванага спрыяння частцы нацыянальнага руху на Ўкраіне.
У раздзеле, прысвечаным украінскаму нацыянальнаму руху да першай нямецкай акупацыі, даследчык разглядае „ўкраінскае пытанне“ ў кантэксце нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі, спыняецца на характарыстыцы ўкраінскай „нацыянальнай рэвалюцыі“ (дзейнасць Цэнтральнае Рады паміж лютым і кастрычнікам 1917 г.), асвятляе тэму абмеркавання мэтаў вайны на Ўкраіне ў кайзераўскай Нямеччыне, апісвае перыяд ад заключэння т.зв. хлебнага міру да ўваходу нямецкіх войскаў, аналізуе дамінаванне ваеннага чынніка ў развязанні нямецкім бокам „украінскага пытання“ ў 1917—18 г., адсоўванне на перыферыю рэвалюцыйных ідэалаў, што ў значнай меры прапаведваліся дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху.
У наступным раздзеле Франк Грэлька разглядае гэткія пытанні, як: нацысцкая партыя і традыцыя нямецкай палітыкі ў дачыненні да Ўкраіны, правы паварот ва ўкраінскім нацыянальным руху і яго раскол, гегеманісцкія і незалежніцкія памкненні бакоў у перыяд з 1918 да 1941 г. Далей ён разглядае феномен „Карпацкае Ўкраіны“, падзеі верасня 1939 г. на Ўкраіне, дзейнасць украінскай Галоўнай камісіі ў „Генерал–губернатарстве акупаваных польскіх тэрыторыяў“.
Чарговы раздзел манаграфіі прысвечаны вяртанню ў 1918 год: разгляду антыбальшавіцкіх баявых дзеянняў, пачатку нямецкай акупацыі і стварэнню вобраза „габрэйскага бальшавізму“ як з нямецкага, гэтак і з украінскага боку. У сваю чаргу, у наступным раздзеле, ужо прысвечаным падзеям 1941 г., разглядаецца „нацыянальна–ўкраінскі план для нямецка–савецкае вайны“, паказваецца працэс эвалюцыі ад саюзу па зброі ўкраінскіх нацыяналістаў з вермахтам да абвяшчэння аднаўлення ўкраінскай дзяржаўнасці 30 чэрвеня 1941 г. Тут жа Франк Грэлька робіць выснову пра „Піраву перамогу“ ўкраінскага нацыянальнага руху ўлетку 1941 г., а таксама разважае пра „паслядоўны антысемітызм і этнічны нацыяналізм“.
Зноў вяртаючыся да падзеяў 1918 г., гісторык аналізуе працэс пераходу ад стану пратэктарату да ўсталявання нямецкага акупацыйнага рэжыму, фактычнай ліквідацыі Цэнтральнай рады, усталявання ваеннай дыктатуры ў гетманскай рэспубліцы, а з іншага боку, супраціву гетманскай і нямецкай уладзе.
У заключным асноўным раздзеле даследавання аўтар разглядае супярэчнасць ваенных мэтаў вермахта і антысавецкіх украінскіх структур у 1941 г., выяўляе незалежніцкія памкненні ўкраінцаў у ваенным камандаванні і цывільнай адміністрацыі, паказвае спосаб уліку нацыянальных чыннікаў і эканамічнага ціску ў розных рэгіёнах Украіны. Галоўную сваю выснову па выніках выкананага даследавання Ф.Грэлька фармулюе наступным чынам:
„Абедзве спробы дасягнення геапалітычных мэтаў праз вайну скончыліся для немцаў крахам Германскае імперыі як еўрапейскай звышдзяржавы і знішчэннем ваеннага патэнцыялу ажыццяўлення ўлады. Ангажаванне нямецкай вайсковай сілы на Ўкраіне пад час абедзвюх сусветных войнаў утварала заплечча для няўдалых нацыянальна–дзяржаўных памкненняў і падпадання волі ўкраінцаў пад савецкае дамінаванне. Таму тое, што вынікае з аналізу ўкраінска–нямецкіх дачыненняў, можа, бясспрэчна, зрабіцца прадметам будучай дыскусіі датычна параўнальных даследаванняў нямецка–прыбалтыйскіх, нямецка–беларускіх і нямецка–польскіх стасункаў. Калі ж браць пад увагу пастаноўку мэтаў тымі, хто падтрымлівае канкрэтна гэтае даследаванне, дык ключом для разумення паразы як украінскага нацыяналізму, так і нямецкай акупацыйнай палітыкі ў перыяд з 1915 да 1945 г. ёсць узаемная залежнасць гэтых з’яваў“.
Мінск
Лявон Баршчэўскі