Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego (Ігар Клімаў)
Fałowski, Adam. Język ruskiego przekładu Katechizmu jezuickiego z 1585 roku. Kraków: Universitas, 2003. (Studia Ruthenica Cracoviensia, 2). 196 s.
Вядомы кракаўскі славіст, які даследуе гісторыю ўсходнеславянскіх моў, Адам Фалоўскі рупліва апрацаваў мову і пераклад аднаго з ранніх беларускіх старадрукаў — каталіцкага катэхізіса, выдадзенага ў 1585 г. у Вільні паводле лацінскага катэхізіса Пятра Канізія. У манаграфіі змешчаны фотатыпічныя публікацыі віленскага старадруку і яго лацінскага арыгінала, узятага з аднаго з ранніх кракаўскіх выданняў (1570 г.)[1].
Да з’яўлення манаграфіі А. Фалоўскага Віленскі катэхізіс заставаўся малавывучаным. У навуцы яму была прысвечана фактычна толькі адна праца (калі не ўлічваць дробных згадак у каталогах ці даведачных працах) — мовазнаўчы артыкул Я. Карскага[2]. Аднак у ім мова помніка мусова апісвалася фрагментарна (15), паколькі даследчыку быў дасяжны адзіны вядомы на той час паасобнік (былой Публічнай бібліятэкі — цяпер Расійскай нацыянальнай — у Санкт–Пецярбургу), да таго ж моцна дэфектны (у ім ацалела ўсяго 11 аркушаў з 52). Толькі нядаўна ва універсітэцкай бібліятэцы Упсалы ў Швецыі былі знойдзены яшчэ два паасобнікі, на шчасце, з поўным тэкстам, якія і паслужылі крыніцай выдання А. Фалоўскага.
Манаграфія налічвае 3 раздзелы. У 1–м раздзеле (11—27) аўтар разглядае ўмовы і акалічнасці, што паспрыялі з’яўленню твора ў друку, у 2–м (29—90) дэталёва аналізуе мову помніка, у 3–м (91—99) ацэньвае тэхніку перакладу катэхізіса. Завяршае даследчую працу падвядзенне вынікаў і індэкс каментаваных слоў і выразаў помніка. Напрыканцы выдання змешчаны фотарэпрадукцыі старабеларускага катэхізіса (111—163) і яго лацінскага арыгінала (167—196).
На пачатку сваёй манаграфіі А. Фалоўскі падае абагульненыя звесткі пра раннія ўсходнеславянскія катэхізісы, што пабачылі свет у XVI ст. Да ліку такіх твораў належаць, апроч Віленскага катэхізіса 1585 г., Нясвіжскі катэхізіс 1562 г., неадшуканы катэхізіс Стафана Зізанія 1595 г., рукапісаны катэхізіс 1600 г., цяпер ужо страчаны, але вядомы паводле публікацыі 1890 г.
Выхад у свет Віленскага катэхізіса абавязаны захадам езуіта Антоніа Пасевіна (1533—1611), папскага легата ў Рэчы Паспалітай, выдатнага пісьменніка і тэолага. Менавіта ён на мяжы 1570—80–х г. распрацаваў шырокую выдавецкую праграму, накіраваную на прапаганду сярод праваслаўных ідэй каталіцызму і царкоўнай уніі. Выдавецкі план Пасевіна залучаў каля 15 разнастайных твораў на розных мовах (17—19). Яны мусілі, з аднаго боку, даводзіць заганнасць праваслаўнай царквы, наяўнасць хібаў у яе дагматыцы і абрадах, а з другога — паказваць перавагу каталіцтва і вяршэнства папы. З іх было надрукавана (у Вільні) толькі некалькі невялікіх выданняў на лацінскай мове і адзінае выданне на старабеларускай — Віленскі катэхізіс[3].
У Пасевіна не было ўласнай друкарні, а сам ён славянскай мовы не ведаў і знайсці супрацоўнікаў, якія здолелі б перакласці складаныя тэалагічныя творы на старабеларускую ці царкоўнаславянскую мову, не змог. Пад час вандроўкі з пасольствам у Маскву ў 1581—82 г. яму дапамагала некалькі славянскіх перакладчыкаў: харват Стафан Дрэнацкі, беларусы Андрэй Палонскі і Васіль Замаскі, прычым апошні пад час вучэння ў Віленскай езуіцкай семінарыі з праваслаўя перайшоў у каталіцызм (15, 22—24). Тым не менш пераклад Віленскага катэхізіса, як мяркуе А. Фалоўскі, быў выкананы, хутчэй за ўсё, не імі. Сам Пасевіна ў 1585 г. згадваў, што ў езуіцкай семінарыі ў Браневе (у Варміі, на мяжы з Прусіяй) быў здзейснены „руські“ пераклад катэхізіса Канізія (25). Сапраўды, патрэбу ў катэхізічным творы мелі перш за ўсё езуіцкія вучэльні, якія сіламі сваіх выкладчыкаў ці вучняў маглі ажыццявіць такую працу. Так, у Віленскай езуіцкай акадэміі, заснаванай у 1570 г., вучылі на „руськай“ мове тлумачэнню Св. Пісання і катэхізіса (16).
Старабеларускі пераклад катэхізіса быў надрукаваны, хутчэй за ўсё, у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, якая раней належала кн. Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротку (26). На той час у горадзе выдавала кнігі кірыліцай толькі друкарня Мамонічаў, і менавіта іх кірылічныя літары былі выкарыстаны езуіцкімі друкарамі. Яны не ведалі кірылічнага пісьма і „руськай“ мовы, таму набор катэхізіса быў зроблены неахайна, з вялікай колькасцю памылак і пропускаў, няправільных пераносаў і немагчымай арфаграфіяй[4].
У 2–м раздзеле А. Фалоўскі дэталёва разглядае графіку і фанетыку, флексіі і слоўнік помніка. Даследчык паказвае, што ў арфаграфіі Віленскага катэхізіса, як і ў іншых помніках старабеларускага пісьменства (асабліва рэлігійных жанраў), спалучаюцца паўднёва–, заходне– і ўсходнеславянскія рысы (29—39), пры відавочнай перавазе апошніх. Ён канстатуе, што марфалогіі катэхізіса ўласціва спалучэнне царкоўнаславянскіх і беларускіх з’яваў (57—58). Пры гэтым флексіі Віленскага катэхізіса амаль поўнасцю супадаюць з выданнямі Скарыны (58). Грунтоўна і рознабакова кракаўскім славістам была вывучана лексіка перакладу. Асаблівую яго ўвагу прыцягнулі паланізмы і лацінізмы помніка, а таксама калькаваныя на лацінскі ці польскі ўзор рэлігійныя тэрміны. Вынікі свайго даследавання вучоны падаў у выглядзе каментаванага слоўніка (59—85). А. Фалоўскі таксама параўнаў лексічныя адзінкі Віленскага катэхізіса са слоўнікам Скарыны і прыйшоў да высновы, што пераважная іх частка (больш чым 910 з 1380 слоў) з’яўляецца агульнай (85), а з астатніх 42 словы блізкія паміж сабой ў структурных адносінах (86—87). Ён адзначае, што перакладчыкі Віленскага катэхізіса шырока выкарыстоўвалі сінанімію, імкнучыся да максімальнай зразумеласці твора (88—90).
Пераклад катэхізіса вучоны ацэньвае ў 3–й частцы не вельмі высока: ён знайшоў шмат памылак і пропускаў (91—99). Аналіз памылак паказаў, што перакладчыкі ў асноўным правільна інтэрпрэтавалі лацінскі тэкст, але сутыкаліся з вялізнымі цяжкасцямі пры перадачы яго на той мове, на якую перакладалі (91). На думку даследчыка, гэта тлумачыцца тым, што пераклад выконваўся на дастаткова штучную літаратурна–пісьмовую мову.
Даследуючы помнік, А. Фалоўскі зрабіў выснову, што мова Віленскага катэхізіса блізкая да мовы выданняў Скарыны. Падабенства да рысаў Скарынавых выданняў ён знаходзіць на марфалагічным і лексічным узроўні. Падводзячы высновы сваёй працы, А. Фалоўскі спрабуе высветліць, якой жа трэба прызнаць мову Віленскага катэхізіса — беларускай ці царкоўнаславянскай (101—102). Абапіраючыся на статыстычны крытэр, выкарыстаны ў беларускім мовазнаўстве А. Жураўскім у дачыненні да мовы выданняў Скарыны, кракаўскі славіст таксама вызначыў шэраг дыферэнцыйных з’яваў, паказальных для характарыстыкі мовы Віленскага катэхізіса. Суадносіны царкоўнаславянскіх і беларускіх рэфлексаў у яго мове атрымаліся вельмі падобныя да дадзеных Жураўскага, сабраных на матэрыяле Скарыны. Таму кракаўскі даследчык мусіў канстатаваць перавагу царкоўнаславяншчыны ў мове Віленскага катэхізіса. Гэта дало яму падставы сцвярджаць, што гэтая мова тоесная мове выданняў Скарыны (102). Як мяркуе даследчык, арыентацыя на мову Скарыны была, верагодна, свядомым выбарам езуіцкіх перакладчыкаў. Яны абралі варыянт мовы, аптымальны ва ўмовах таго часу для каталіцкай прапаганды, адрасаванай усходнім славянам як Рэчы Паспалітай, так і Масковіі. Аднак недасканалы пераклад, відаць, не дазволіў рэалізаваць у прапагандзе тых мэтаў, якія былі закладзены Пасевіна.
Праца А. Фалоўскага ўводзіць у шырокі навуковы ўжытак каштоўную крыніцу беларускай мовы, рэлігійнай літаратуры і старабеларускага друкарства 2–й паловы XVI ст. Даследчык даў грунтоўны і цэласны аналіз мовы і перакладу гэтага помніка, узбагаціўшы беларусістыку і славістыку цікавымі высновамі, зробленымі на рупліва апрацаваным матэрыяле. Манаграфія кракаўскага вучонага стварае добры падмурак для далейшых пошукаў і даследаванняў у галіне старабеларускага пісьменства.
Мінск
Ігар Клімаў
[1] Гэты твор Канізія быў перакладзены Якубам Вуйкам на польскую мову (Кракаў, 1570), але ніводнага яго паасобніка не захавалася.
[2] Карский Е. Ф. Два памятника старого западнорусского наречия: 1) Лютеранский катехизис 1562 года и 2) Католический катехизис 1585 года // ЖМПН. 1893. (Ч. 288) № 8. С. 406—430 (перавыданне: Карский Е. Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. Москва, 1962. С. 188—207).
[3] Цікава, што ў арганізацыі езуіцкіх вучэльняў на землях Цэнтральнай Еўропы Пасевіна меў большы поспех. З 1582 г. ён удзельнічаў у стварэнні папскіх семінарый у Маравіі (Аламоўц), Варміі (Бранева, на мяжы з Прусіяй), Літве (Вільня), Інфлянтах (Рыга), Эстляндыі (Дэрпт), Венгрыі (Калашвар). Відавочна, што ўсе гэтыя вучэльні паўсталі ў землях, ахопленых пратэстанцкімі ідэямі.
[4] Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне XVII века // Книга: Исследования и материалы. 1959. Т. 1. С. 167—223, гл. с. 181.