Юсова, Наталія. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.) (Генадзь Сагановіч)
ЮСОВА, НАТАЛІЯ. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). Вінниця, 2005. 545 с.
У дыскусіях вакол старажытнарускай народнасці паламана нямала дзідаў, асабліва ў гістарычнай літаратуры Беларусі і Ўкраіны пасля атрымання імі дзяржаўнага суверэнітэту. Для адных яна была і ёсць неабвержным фактам, для другіх — гістарыяграфічным фантомам[1]. Кожнаму, хто браўся пісаць гісторыю Беларусі ці Ўкраіны, даводзілася вызначацца ў стаўленні да даўно ўзятага на веру (або, наадварот, адрынутага) „адзінага кораня“ ўсходніх славян. Стаўкі ад яго прызнання або адмаўлення вельмі вялікія. Невыпадкова прарасійскі прэзідэнцкі рэжым цяперашняй Беларусі дырэктыўным спосабам надаў (дакладней — вярнуў) гэтай канцэпцыі статус базавай тэорыі, ключавога элемента дзяржаўнай ідэалогіі і гістарычнай адукацыі[2]. І гэта пры тым, што этнічная супольнасць эпохі Кіеўскай Русі… спецыяльна нікім не вывучалася. У цяперашняй сітуацыі можна не сумнявацца, што кніга ўкраінскай даследчыцы будзе запатрабавана і ў Беларусі.
Праца Наталлі Юсавай, аднак, чыста гістарыяграфічная. Аўтар адразу зазначае, што не збіраецца ўцягвацца ў даўнюю спрэчку ды прыводзіць аргументы на карысць існавання або неіснавання старажытнарускай народнасці. Яна слушна лічыць, што права выказвацца па гэтай праблеме лепей пакідаць спецыялістам, якія паглыблена займаюцца эпохай Старажытнай Русі (20). Перад ёй жа іншая мэта — даследаваць генэзіс канцэпцыі старажытнарускай народнасці ў перыяд 1930–х — першай паловы 1940–х г. у кантэксце гістарыяграфічнага працэсу СССР. Праблема ўзнікнення і фармавання названай канцэпцыі яшчэ спецыяльна нікім не даследавалася, хоць пісалі пра яе многія, і ў гэтым праца Н.Юсавай сапраўды піянерская.
Ясна ўсведамляючы спецыфіку крыніцазнаўчай базы гістарыяграфічнага даследавання, якое не можа быць зведзена да аналізу апублікаваных кніг і артыкулаў, украінская даследчыца апрацавала вялізны архіўны матэрыял — адпаведныя фонды 24 архівасховішчаў Кіева, Масквы і Санкт–Пецярбурга. Сапраўды, толькі на падставе самага разнастайнага апублікаванага і рукапіснага архіўнага матэрыялу можна высветліць, як нараджаліся ідэі і гіпотэзы, якія фактары і як уплывалі на фармаванне канцэпцыі.
Пасля характарыстыкі ступені распрацаванасці праблемы і даступнай базы крыніц Н.Юсава разглядае меркаванні даследчыкаў ХIХ — першай трэці ХХ ст. наконт паходжання ўсходнеславянскіх народаў (гл. раздзел II, с.52—110). Асобна характарызуюцца пазіцыі М.Кастамарава, А.Шахматава, М.Грушэўскага, Д.Багалія, М.Яворскага, У.Пічэты, М.Любаўскага, М.Пакроўскага і А.Праснякова. Да рэвалюцыі большасць гісторыкаў асвятляла мінулае Русі з пазіцый „трыадзінарускага“ народа. Цікава, што, як вызначаецца ў кнізе, упершыню парадыгма „адзінага“ народа Русі была выказана ў украінскай гістарычнай думцы ХVII ст. Гэтае „вынаходства“ належыць праваслаўнай эліце Гетманшчыны, якая пасля 1654 г. імкнулася давесці „рускае“ паходжанне маларосаў. Падобная думка сфармулявана і ў кіеўскім „Сінапсісе“. Нагадаем, што тэзіс аб генетычна абумоўленым адзінстве „трох галін рускага народа“ — велікарусаў, украінцаў і беларусаў — у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. у Беларусі зацята адстойвалі прадстаўнікі заходнерусізму, якія абсалютызавалі значэнне канфесійнага фактару ў трактоўцы гісторыі.
Сцісла кранаючы сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі, Н.Юсава справядліва канстатуе яе тагачасную слабасць, звязаную з запозненасцю нацыянальнага развіцця беларусаў, адсутнасць значных самастойных прац, якія можна было б параўноўваць з напрацоўкамі М.Грушэўскага (66). Яна не без падставаў найбольшую ўвагу аддае У.Пічэту — як вучонаму, які істотна паўплываў на станаўленне беларускай гістарыяграфіі. Але прыведзеная характарыстыка беларускай гістарыяграфіі не зусім дакладная. Роля мімаходзь згаданага М.Доўнара–Запольскага ў распрацоўцы беларускай гістарычнай канцэпцыі тут недаацэнена, і зусім не ўлічаны яго раннія працы, друкаваныя ў Мінску. Калі Пічэта, як вызначае сама даследчыца, хоць і прызнаваў існаванне трох усходнеславянскіх моў і трох асобных нацыянальнасцяў, заўжды заставаўся на пазіцыях прыхільнікаў „трыадзінага“ „рускага“ народа (68—69), дык Доўнар–Запольскі трымаўся іншых поглядаў. Прыкладам, яшчэ ў 1888 г. ён пісаў, што „беларускі народ да канца ХIV ст. <…> жыў самастойным жыццём“, і што „ўмовы жыцця беларускага народа адрозніваліся цалкам процілеглым накірункам у параўнанні з жыццём маскоўскім“[3].
Вызначаючы пераемнасць канцэпцыі старажытнарускай народнасці і даўняй парадыгмы „адзінага рускага народа“ („трыадзінарускасці“) у складзе беларусаў, расіян і ўкраінцаў, Н.Юсава паказвае, наколькі важнымі для генэзісу канцэпцыі аказаліся многія тэарэтычныя палажэнні А.Праснякова (91—94), у прыватнасці яго тэзіс пра тое, што старажытнарускі перыяд у роўнай ступені належыць гісторыі Беларусі, Расіі і Ўкраіны — пазіцыя, якую ў 1930–я г. акцэптавала і савецкая гістарычная навука.
Навуковыя і палітычна–ідэалагічныя перадумовы ўзнікнення канцэпцыі аналізуюцца ў трэцім раздзеле працы (111—193). Тут паказана, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці адбывалася трансфармацыя „трыадзінарускай“ канцэпцыі ў накірунку прызнання таго факта, што ўсходнеславянская супольнасць эпохі Кіеўскай Русі была агульным продкам будучых хоць і роднасных, але асобных супольнасцяў — беларусаў, велікарусаў і ўкраінцаў. Пачатак гэтага працэсу Н.Юсава звязвае з выхадам кнігі М.Рубінштэйна „Нарыс гісторыі Кіеўскай Русі“ ў 1930 г., у якой упершыню выказвалася палажэнне пра Кіеўскую Русь як „супольную калыску“ ўсходнеславянскіх народаў (праўда, толькі двух — велікарусаў і ўкраінцаў) (125—137).
З метадалагічнага пункту гледжання адной з перадумоваў узнікнення канцэпцыі Н. Юсава называе фармаванне марксісцка–ленінскіх асноваў тлумачэння гістарычнага працэсу. Пытанне генэзісу феадалізму, пастаўленае ў канцы 1920–х — пачатку 1930–х г., актуалізавала і вывучэнне гісторыі Кіеўскай Русі. З іншага боку, важнай прыступкай да ўзнікнення славутай канцэпцыі стала прызнанне Кіеўскай Русі супольным перыядам гісторыі трох усходнеславянскіх народаў, на што ў другой палове 1930–х г. дало „дабро“ і савецкае партыйнае кіраўніцтва.
Як вядома, пры Сталіне парадыгма савецкай гістарыяграфіі мянялася некалькі разоў. Калі пасля разгрому школы Пакроўскага ў Маскве выявіўся паварот да велікарускага патрыятызму, аказаліся запатрабаванымі ідэі дарэвалюцыйных гісторыкаў пра „трыадзінства“ Расіі. І хоць у той час аднаўляліся традыцыйныя погляды на гісторыю ўсходніх славян, характэрныя для дарэвалюцыйных гісторыкаў, савецкая навука — у адрозненне ад расійскай імперскай гістарыяграфіі — прызнавала ўсходнеславянскія народы асобнымі этнічнымі супольнасцямі. Акцэнтаванне элементаў іх этнакультурнай агульнасці ў старажытнарускі перыяд стварала неабходныя падставы нараджэння вучэння пра старажытнарускую народнасць.
Чацвёрты раздзел кнігі (194—300) прысвечаны аналізу прычын пачатку этнагенетычных даследаванняў у савецкай навуцы перад вайною, у кантэксце якіх прасочваюцца пачатковыя формы канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Даследаванні этнагенэзу ўсходніх славян падштурхнула санкцыяваная перад вайной праца над шматтомавай „Гісторыяй СССР“. У выніку археолагі М.Артамонаў і П.Траццякоў прапанавалі лічыць, што старажытнаруская культура і дзяржаўнасць выніклі з кансалідацыі ўсходніх славян у „этнічную цэласнасць“, якую было прапанавана называць народнасцю (238). Іх канструкцыя аказалася важным грунтам для распрацоўкі канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Паўплывала на канцэпцыю і далучэнне Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны да СССР, якое, актуалізуючы пытанне паходжання беларусаў і ўкраінцаў, умацавала ідэю ўсходнеславянскага адзінства. Тэрмін уз’яднанне, слушна выкарыстаны ў адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў у 1939 г., быў перанесены і на характарыстыку падзей ХVII ст., што прывяло да ўзнікнення ідэі „ўз’яднання“ з велікарускім народам. Аўтар прыводзіць прыкрыя факты таго, як гэтыя погляды прапагандаваў У.Пічэта, чый унёсак у фармаванне канцэпцыі ў кнізе ацэньваецца як вельмі значны. У лекцыях і артыкулах ён характарызаваў восеньскія падзеі 1939 г. як уз’яднанне частак украінскага і беларускага народаў не толькі са сваім этнічным цэлым, але і „с великим братским русским народом“ (250).
Разглядаючы завяршальны этап фармавання канцэпцыі, што аднесены да 1942—1945 г. (раздзел V, с.301—383), даследчыца паказвае, як вучэнне набывала адпаведнае тэарэтычнае абгрунтаванне і напаўнялася фактурай. У гады вайны працэс распрацоўкі канцэпцыі паскорыўся пад уплывам пазанавуковых фактараў. Паказальным прыкладам палітычна–ідэалагічнага ўздзеяння на гістарыяграфію можна лічыць нарады гісторыкаў з удзелам сакратароў ЦК ВКП(б), якія праводзіліся ў Маскве ў 1943—44 г.[4]. Партыя яшчэ ў час вайны вызначыла такія падыходы да асвятлення гісторыі, пры якіх Расія выдавалася за самую прагрэсіўную дзяржаву Еўропы, што выконвала ключавую ролю ва ўсіх важных момантах гісторыі. А паколькі адсталая краіна з рэакцыйнай палітыкай не магла выконваць такой місіі, было вырашана паказваць Расію і ўсходніх славян у выключна пазітыўным святле. Апрача партыйна–дырэктыўных імпульсаў погляды на пытанні этнагенэзу тады вызначала ідэалогія панславізму. Ідэя славянскага адзінства ў адвечнай барацьбе супраць фашысцкай Нямеччыны выкарыстоўвалася савецкай уладай для патрыятычнай мабілізацыі славянскіх народаў на вайну.
Наталля Юсава асобна характарызуе ўнёсак у распрацоўку канцэпцыі такіх вядомых гісторыкаў, як А.Удальцоў, С.Юшкоў, М.Пятроўскі, Б.Грэкаў, У.Пічэта і У.Маўродзін. Прыкладам, два першыя, абапіраючыся на артыкул І.Сталіна „Марксізм і нацыянальнае пытанне“ ды глатаганічную тэорыю М.Мара, распрацавалі тэарэтычныя падставы этнагенетычных даследаванняў, увялі тэрмін народнасць у інструментарый вывучэння традыцыйнага грамадства. Грэкаў даказваў высокую ступень этнічнай кансалідаванасці ўсходніх славян у Кіеўскай Русі і нават наяўнасць у іх нацыянальнай самасвядомасці.
У цэлым цягам вайны канцэпцыя старажытнарускай народнасці ўжо ў асноўным была распрацавана, лічыць Н.Юсава. А канчатковае афармленне яна атрымала ў кнізе У.Маўродзіна „Утварэнне старажытнарускай дзяржавы“ (1945). Ленінградскі гісторык сфармуляваў асноўныя палажэнні аб прамежкавай этнасупольнасці паміж усходнеславянскімі плямёнамі і познесярэднявечнымі асобнымі народнасцямі ды назваў яе „старажытнарускай народнасцю“. Акрамя гэтага, ён акрэсліў вызначаную супольнасць „продкам“ беларусаў, расіян і ўкраінцаў, — упершыню ў савецкай гістарыяграфіі, падкрэсліваецца ў кнізе. Як тлумачыць даследчыца, погляды Маўродзіна сталі з часам класічным узорам канцэпцыі таму, што ён прызнаваў існаванне трох асобных усходнеславянскіх народаў. Праўда, названая праца Маўродзіна выйшла ў неспрыяльнай ідэалагічнай сітуацыі, і спачатку яго ідэі не атрымалі прызнання (у 1946—1947 г. кніга рэзка крытыкавалася). Не адразу ўвайшла ў абарачэнне і прапанаваная ім этнакатэгорыя. Гэта заўважна і па беларускіх выданнях. Так, у „Тезисах об основных вопросах истории БССР“, распрацаваных Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ і выдадзеных у Мінску ў 1948 г., усяляк адстойвалася гістарычнае адзінства лёсаў Беларусі, Украіны і Расіі, а адмаўленне „постоянного стремления белорусского народа к единству с русским народом“ кваліфікавалася як „наиболее антинаучная и вредная концепция“, аднак тэрмін народнасць яшчэ не выкарыстоўваўся[5].
Стаўленне да выказаных Маўродзіным ідэй змянілася пасля выхаду кнігі Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ (1950), якая апраўдала выкарыстанне этнакатэгорыі народнасць y апісанні ранніх этапаў развіцця чалавецтва. Другім фактарам легітымацыі канцэпцыі аказалася яе сугучнасць з парадыгмай „уз’яднання“, якая актыўна прапагандавалася ў сувязі з падрыхтоўкай святкавання 300–годдзя Пераяслаўскай Рады. З санкцыі партыйнага кіраўніцтва формула „найменшага зла“ выцяснялася з гістарыяграфіі ідэяй прагрэсіўнага, заканамернага „ўз’яднання“ братніх усходнеславянскіх народаў у адной расійскай дзяржаве. У сваім класічным выглядзе, піша Н.Юсава, канцэпцыя старажытнарускай народнасці была сфармулявана ў „Тезисах о 300–летии воссоединения Украины с Россией“. Так, дзякуючы збегу названых акалічнасцяў да 1954 г. канцэпцыя старажытнарускай народнасці атрымала палітычнае „дабро“, што забяспечыла ёй выбуховападобнае развіццё і ўдасканаленне, а галоўнае — статус тэорыі (17, 394).
Наданне канцэпцыі старажытнарускай народнасці статусу тэорыі і яе сакралізацыя, як ведаем, мелі далёкасяжныя наступствы. Калі ўсходнеславянскія народы паходзілі ад адзінага продка (ці „адзінага кораня“), то далучэнне Ўкраіны і Беларусі да Расіі трэба кваліфікаваць як „уз’яднанне“, а ўсялякія дзеянні, скіраваныя на дасягненне былой цэласнасці, ацэньваць толькі як справядлівыя. Такой была і ёсць ідэалагічная сутнасць гэтай канцэпцыі, што ў сярэдзіне 1950–х г. стала адным з базавых кампанентаў савецкай гістарычнай дактрыны. Дактрыны, на падставе якой ствараліся ўсе падручнікі і сінтэтычныя акадэмічныя выданні па гісторыі Беларусі літаральна да 1991 г.
Апублікаваныя ў дадатку архіўныя матэрыялы (458— 528) могуць уяўляць самастойную каштоўнасць для даследчыка. Гэта рэцэнзія В.Данілевіча на кнігу А.Праснякова „Образование великорусского государства“, фрагмент даследавання Д.Багалія, даклады С.Юшкова, лісты У.Маўродзіна ды іншых вядомых гісторыкаў, партыйныя пастановы і да т.п.
У пачатку сваёй грунтоўнай кнігі ўкраінская даследчыца задалася мэтай прайсці „паміж Сцылаю агульнага шальмавання развіцця гістарычнай навукі СССР… як такога, што адбываўся па ўказцы партыі, і Харыбдаю адмаўлення ўмяшання „крамлёўскіх вярхоў“ у гістарыяграфічны працэс наогул“ (14). На маю думку, ёй гэта ўдалося, хоць сама тэма старажытнарускай народнасці проста правакуе гісторыка заняць пазіцыю па той ці іншы бок сімвалічнай барыкады, узведзенай удзельнікамі даўняй гістарыяграфічнай баталіі. Даследаванне Н.Юсавай дазваляе рэканструяваць складаны гістарыяграфічны працэс фармавання адной з найбольш уплывовых канцэпцый айчыннай гістарыяграфіі ад яе ўзнікнення да поўнай легітымацыі, вызначыць персанальныя заслугі гісторыкаў, якія да яго спрычыніліся, а таксама ацаніць ролю палітычна–ідэалагічных фактараў ды ўявіць сам механізм узаемадзеяння структур палітычнай улады і гістарычнай навукі ў таталітарным грамадстве. Працу можна лічыць сур’ёзным унёскам у гісторыю гістарычнай навукі.
Мінск
Генадзь Сагановіч
[1] Як адно з найноўшых вяртанняў да дыскусіі гл.: Семянчук Г. Ці існавала старажытнаруская народнасць, альбо пра „калыску“ беларускага народу // Спадчына. 2003. № 6. С.9 — 21.
[2] У „новай канцэпцыі“ Я.Трашчанка, што стала сцвярджацца ў адукацыі ў апошнія гады, як аксіёма ўводзіцца не проста канцэпцыя старажытнарускай народнасці, а дарэвалюцыйная ідэя „трыадзінарускасці“. Гл.: Трещенок Я. К вопросу об общей концепции исторического образования в Республике Беларусь. Могилев, 2002; ён жа. История Беларуси. Ч. 1. Досоветский период. Могилев, 2003.
[3] Довнар–Запольский М. Белорусское прошлое // ён жа. Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909. С.333.
[4] Гл.: Стенограмма совещания по вопросам истории СССР в ЦК ВКП (б) // ВИ. 1996. № 2—3, 4, 5—6, 7, 9.
[5] Тезисы об основных вопросах истории БССР. Ч. 1. История белорусского народа до Великой Октябрьской революции // Известия АН БССР. № 3. Минск, 1948.