Наталля Юсава. Легітымацыя паняцця „старажытнаруская народнасць“
У сталінскую эпоху ў гістарычнай навуцы ўзнікла канцэпцыя старажытнарускай народнасці, якая (у інварыянтах) на пачатку 1950–х г. пачала ўводзіцца ў гісторыяпісанне і ўжо з 1953—1954 г. зрабілася палітычна легітымнай і навукова прызнанай, набыла статус тэорыі. У адпаведнасці з канцэпцыяй савецкія гісторыкі пачалі трактаваць кангламерат „рускіх плямёнаў“ старажытнакіеўскага часу як адзіную народнасць, а таксама як пэўную прамежкавую этнічную супольнасць, адрозную ад папярэдніх і будучых этнічных утварэнняў усходніх славян, як агульнага продка расіян, украінцаў і беларусаў. У гэтых двух момантах і складалася асноўнае адрозненне сутнасці канцэпцыі старажытнарускай народнасці ад поглядаў традыцыйнай расійскай гістарыяграфіі. Прадстаўнікі апошняй пераважна бачылі (па–першае) ва ўсходнім славянстве перыяду Кіеўскай Русі або сукупнасць асобных плямёнаў (ці саюзаў плямёнаў), або этнапаняццева няпэўны „рускі народ“ (як правіла, шматплемянны). У абодвух выпадках (гэта — па–другое) усходнія славяне, па перакананні бальшыні дарэвалюцыйных гісторыкаў, перажывалі ў старажытнарускую эпоху адзін з першых перыядаў свайго гістарычнага развіцця — перыяд станаўлення так званага адзінага рускага народа, які ў будучыні падзяліўся на тры галіны — велікарускую, маларускую і беларускую, але нейкім чынам працягваў захоўваць сваё метафізічнае адзінства.
Згодна з абагульненай думкай савецкіх гісторыкаў, старажытнаруская народнасць сфармавалася (або толькі знаходзілася на стадыі фармавання) у працэсе зліцця ўсходнеславянскіх плямёнаў, каталізатарам чаго стала іх аб’яднанне ў адзінай старажытнарускай дзяржаве. Праз знешнія і / або ўнутраныя прычыны яна распалася (або прыпыніла сваю далейшую кансалідацыю). У выніку гэтых працэсаў на працягу пэўнага часу ўзніклі тры новыя асобныя народнасці ўсходніх славян. Канцэпцыя / тэорыя старажытнарускай народнасці з часам (прыблізна ад сярэдзіны 1950–х г.) набыла статус дамінавальнай у савецкай гістарыяграфіі па праблемах Кіеўскай Русі.
На першы погляд, злучэнне тэрмінаў старажытная і народнасць у адным тэрміналагічным выразе здаецца цалкам відавочным. Але рэальна гэтае спалучэнне мела доўгую ідэйную і тэрміналагічную генеалогію, і такая магчымасць выпала толькі пры пэўных гістарыяграфічных умовах — як вынік сугучнасці некаторых вынікаў развіцця гістарычнай навукі ў СССР 1930–х — пачатку 1950–х г. адпаведным палітычна–ідэалагічным патрабаванням камуністычнага кіраўніцтва краіны[1]. Ідэйная і гістарыяграфічная генеалогія канцэпту старажытнаруская народнасць да 1945 г. уключна даследавана аўтарам гэтых радкоў у шэрагу артыкулаў і манаграфіі[2].
У папярэдніх аўтарскіх распрацоўках было аргументавана, што найбольш выразна і разгорнута сфармуляваў і выклаў свой погляд на праблему старажытнарускай народнасці ленінградскі гісторык Уладзімір Маўродзін. Гэта было зроблена ім на старонках манаграфіі „Утварэнне старажытнарускай дзяржавы“ (1945)[3]. У ёй вучоны ўпершыню прапанаваў новы тэрмін для азначэння ўсходнеславянскай этнічнай супольнасці часоў Кіеўскай Русі — старажытнаруская народнасць[4]. Апошняе У. Маўродзін разумеў у значэнні „продка“ (ён ужываў менавіта гэтае слова — дарэчы, упершыню сярод савецкіх гісторыкаў!)[5] будучых трох народнасцяў усходніх славян. Але, нягледзячы на аўтарытэт гісторыка, праз шэраг прычын (аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару) канцэпцыя старажытнарускай народнасці ў той час не атрымала навуковага распаўсюджання і афіцыйнай палітычнай легітымацыі.
Як вядома, пасля заканчэння вайны таталітарны рэжым у СССР зноў узмацніў ідэалагічны ціск на гуманітарныя дысцыпліны, перш за ўсё — на гістарычную навуку. Нейкія там канцэптуальныя навацыі ў ёй, нават калі пэўныя даследаванні былі прысвечаны старажытным перыядам гісторыі, не асабліва віталіся, тым больш у тым выпадку, калі іх не падтрымлівалі афіцыйныя аўтарытэты. У канкрэтным выпадку новую манаграфію У. Маўродзіна негатыўна ацаніў сам лідэр савецкіх гісторыкаў — акадэмік Б. Грэкаў[6]. У той самы час ён не дапусціў вылучэння кандыдатуры У. Маўродзіна ў члены–карэспандэнты АН СССР і на атрыманне сталінскай прэміі[7]. Мяркуем[8], што акадэмік ініцыяваў публікацыю ланцужка даволі крытычных рэцэнзій на кнігу У. Маўродзіна, дзе на адрас ленінградскага вучонага прагучалі палітычныя абвінавачванні[9]. Манаграфія У. Маўродзіна, як сведчаць архіўныя матэрыялы[10], крытыкавалася з боку супрацоўнікаў агітпропа ЦК ВКП(б), а таксама „прапрацоўвалася“ на загад Ленінградскага абкама кампартыі на спецыяльным сходзе ў Навукова–даследчым інстытуце гісторыі пры Ленінградскім дзяржаўным універсітэце. У ліку памылак манаграфіі інкрымінаваўся нарманізм, што ва ўмовах ідэалагічных кампаній пасляваеннага часу прыводзіла да рэпрэсій у дачыненні да вучоных (У. Маўродзін быў звольнены з пасады дэкана гістарычнага факультэта ЛДУ[11]) і адпаведнага штучнага „забыцця“ іх творчых напрацовак. Відавочна, што камуністычныя ідэолагі на той час не ўгледзелі ў канцэпцыі У. Маўродзіна палітычнай актуальнасці, і таму яна не атрымала навуковай і палітычнай легітымнасці.
Уладзімір Маўродзін у пасляваенны час, хоць і не адмовіўся ад сваёй канцэпцыі (галоўныя яе тэзісы ён паўтарыў у публікацыях другой паловы 1940–х г.[12]), але адмовіўся ад этнакатэгорыі народнасць на карысць тэрміна народ і ад самога тэрміналагічнага словазлучэння старажытнаруская народнасць, якое ў новых працах ленінградскага гісторыка паслядоўна заменена на іншае — рускі народ[13]. Адна з галоўных прычын — акадэмік Б. Грэкаў у сваіх працах паслядоўна выкарыстоўваў словазлучэнне рускі народ[14] і тым самым паказваў прыклад усім іншым гуманітарыям. Але, па меншай меры, адзін раз акадэмік ужыў, як і ў артыкуле „Заходняя Украіна“ (1939), найменне русь у дачыненні да народа Кіеўскай Русі[15].
Прадстаўнікі ўкраінскай навуковай інтэлігенцыі таксама зрабілі свой унёсак у распрацоўку канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Так, напрыклад, галоўны распрацоўшчык тэмы „Паходжанне ўкраінскага народа“ ў Інстытуце гісторыі Ўкраіны (далей ІГУ) АН УССР К. Гуслісты ў неапублікаваных працах 1946 — 1947 г.[16] спрабаваў пры дапамозе рэферавання поглядаў аўтарытэтных даследчыкаў выкласці аргументы на карысць існавання старажытнарускай народнасці[17]. Між тым, ён далучыўся да канцэпцыі старажытнарускай народнасці[18]. Супрацоўнік акадэміі называў усходнеславянскую этнасупольнасць таго часу як „адзіны рускі або старажытнарускі шматплемянны народ“[19]. Апошні тэрмін (без слова шматплемянны) вучоны выкарыстаў яшчэ ў верасні 1946 г. у артыкуле, апублікаваным на старонках газеты „Савецкая Ўкраіна“. У ім у кантэксце асвятлення паходжання трох усходнеславянскіх народнасцяў падавалася адна з першых спробаў папулярызацыі вучэння пра старажытнарускую народнасць[20]. Тэрміналагічны выраз старажытнарускі народ К. Гуслісты заўсёды выкарыстоўваў у выступленнях на розных мерапрыемствах і ў публікацыях другой паловы 1940–х — пачатку 1950–х г.[21]. Выклад канцэпцыі старажытнарускай народнасці ў апублікаваных лекцыях (1949 і 1950 г.) К. Гуслісты падаваў паводле згаданага артыкула У. Маўродзіна „Пра складванне велікарускай народнасці і расійскай нацыі“ (1947). У названым артыкуле У. Маўродзін выкарыстоўваў словазлучэнне рускі народ, а К. Гуслісты карыстаўся адначасова і „старым“ тэрмінам У. Маўродзіна — старажытнаруская народнасць, праўда, са спецыфічнай арфаграфічнай транскрыпцыяй, і „сваім“ (гэты тэрмін упершыню ўжыў А. Удальцоў[22]) — старажытнарускі [давньоруські] народ (назіраем інварыянты арфаграфічнага афармлення слова древнерусский)[23].
Рэпрэзентантам поглядаў украінскіх археолагаў на тыя гады (другую палову 1940–х г.) можа служыць пазіцыя, якую займаў Д. Бліфельд[24]. Падзяляючы агульную скіраванасць канцэпцыі старажытнарускай народнасці, археолаг выкарыстоўваў тэрмін рускі народ[25]. Д. Бліфельд, прызнаючы Кіеўскую Русь агульным этапам гісторыі ўсходніх славян, іх калыскай, удакладняў: „…на базе этнічнага адзінства і супольнасці сацыяльна–эканамічнага жыцця выпрацавалася адзінства і высокі ўзровень культуры“[26]. Менавіта гэтая культура стала асновай „роднасных нацыянальных культур усходнеславянскіх народаў“, і ў Кіеўскай Русі „гняздзяцца карані“ іх братэрства[27].
Новая палітычная актуалізацыя даследаванняў у галіне этнагенезу ўсходніх славян адбылася ў 1949 г. (70–годдзе Сталіна), калі ўпершыню быў апублікаваны (а напісаны яшчэ ў 1929 г.) у 11–м томе твораў Сталіна артыкул „Нацыянальнае пытанне і ленінізм“[28]. Па ўсім Савецкім Саюзе, як гэта ўжо зрабілася традыцыяй, праходзілі розныя мерапрыемствы з мэтай абмеркавання і папулярызацыі сталінскай працы. Перш за ўсё яе павінны былі засвоіць і ўзяць на ўзбраенне прадстаўнікі гуманітарнай навукі, у прыватнасці гісторыкі[29]. У сувязі з актуалізацыяй разгляданай праблематыкі ў кастрычніку 1949 г. адбылося агульнае пасяджэнне навуковых супрацоўнікаў Інстытута археалогіі і ІГУ АН УССР, прысвечанае разгляду даследавання пад назвай „Этнагенезіс усходнеславянскіх народаў і паходжанне Кіеўскай дзяржавы“, падрыхтаванага выкладчыкам Палтаўскага педінстытута К. Кушнірчуком, якое амаль год ляжала ў ІГУ[30]. Аўтар падзяляў канцэпцыю старажытнарускай народнасці і, што паказальна, выкарыстоўваў для азначэння ўсходнеславянскай супольнасці паралельна чатыры найменні — русь, рускі народ, старарускі народ і нават старастаражытнарускі [стародревнерусский] народ[31]. Навуковыя супрацоўнікі абедзвюх акадэмічных устаноў пад час абмеркавання ніяк не пракаментавалі найменні, інакш кажучы, гэтыя назвы не выклікалі якога–небудзь пэўнага супраціву. К. Гуслісты, які прысутнічаў на паседжанні, у наступным годзе прапанаваў адзін з пададзеных тэрмінаў — старарускі народ. І адбылося гэта ў час абмеркавання раздзелаў 1–га тома „Гісторыі УССР“ на паседжанні аддзела гісторыі феадалізму ІГУ. Але К. Гуслісты прапанаваў замяніць згаданае тэрміналагічнае словазлучэнне на адзіны рускі народ, як гэта ўжывалася да таго часу[32].
Тэарэтычныя пытанні этнагенезу „ў святле прац Сталіна“ (сярод іншага — і пытанні этнакатэгарыяльнага апарату) былі ўзнятыя ў 1949 г. шэрагам навуковых супрацоўнікаў, у прыватнасці, С. Токаравым[33], П. Кушнерам, М. Камары і іншымі. Этнографы П. Кушнер і М. Камары ўжывалі тэрміны народ і народнасць сінанімічна. Згодна з думкай першага, народнасці ўтвараліся пачынаючы з феадальнай эпохі[34]. Абодва тэрміны М. Камары вызначаў як этнаграфічныя катэгорыі, якія папярэднічаюць нацыі[35]. У адрозненне ад П. Кушнера М. Камары лічыў, што народнасці могуць быць утвораны „шляхам аб’яднання і зліцця асобных плямёнаў на базе разлажэння першабытнага ладу і ўтварэння класавага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў“[36]. Акрэсленыя пытанні разгледзеў і У. Маўродзін, артыкул якога выйшаў ужо ў 1950 г. Ленінградскі гісторык лічыў, што слова народ (як этнічная і гістарычная катэгорыя) мае больш шырокае значэнне, чым тэрміны народнасць і нацыя. Тэрмін народ, паводле У. Маўродзіна, варта ўжываць у дачыненні да любых этапаў складвання гістарычных супольнасцяў людзей[37]. Вучоны пагаджаўся з М. Камары адносна механізму і часу ўтварэння народнасцяў, хоць адзначаў, што М. Камары не прапанаваў дакладнага азначэння гэтай этнакатэгорыі.
Этнакатэгорыю народнасць у дачыненні да адзінай супольнасці ўсходніх славян у старажытнарускую эпоху ў гэтым самым (1949) годзе ўжыў на старонках адпаведнай лекцыі свайго курса па гісторыі СССР К. Базілевіч[38]. У дачыненні да гэтай народнасці ён выкарыстоўваў найменне русь і, у прыватнасці, адзначаў, што эканамічнае і культурнае збліжэнне паміж усходнеславянскімі плямёнамі „аб’яднала іх у агульнай народнасці — русі“[39]. Гэтая „адзіная народнасць русі“, на яго думку, яшчэ толькі пачынала складвацца, але феадальная раз’яднанасць і татара–мангольскае нашэсце прывялі да таго, што яна распалася на тры асобныя народнасці — велікарускую (расійскую), украінскую і беларускую. Лекцыйны курс К. Базілевіча быў перавыдадзены і ў наступным годзе. У новым выданні паўтараліся тыя самыя тэзісы пра „народнасць русі“[40].
Інспіраваная „зверху“[41] ў траўні 1950 г. дыскусія ў звязку з глотагенічнай тэорыяй М. Мара пачала чарговую ідэалагічную кампанію, якая ахапіла гуманітарныя галіны навукі. Кірунак кампаніі задавалі апублікаваныя летам таго года ў газеце „Праўда“ сталінскія нататкі і адказы на лісты чытачоў наконт разумення названай тэорыі. У гэтым самым годзе сталінскія нататкі былі аб’яднаныя ў кнігу „Марксізм і пытанні мовазнаўства“. Контраверсійныя ў дачыненні да тэорыі М. Мара сталінскія пастулаты сталі прычынай спецыфічнай выбуховай „рэвалюцыі“ ў этнагенетыцы і актывізавалі даследаванні этнагенетычных пытанняў акадэмічнымі інстытутамі гуманітарнага профілю. У СССР разгарнуліся інтэнсіўныя дыскусіі, да якіх далучыліся шматлікія навуковыя калектывы[42].
У справаздачы ІГУ за 1950 г. зазначана, што выхад у свет кнігі „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ даў магчымасць аўтарскаму калектыву 1–га тома кароткага курса „Гісторыі СССР“ асвятліць шэраг пытанняў, якія да гэтага часу яшчэ заставаліся нявысветленымі, у прыватнасці пытання „…пра паходжанне ўкраінскай народнасці і фармавання яе ў нацыю, пытання пра гістарычную супольнасць славянскіх народаў і асабліва ўсходнеславянскіх“[43]. У справаздачы ж ІГУ за 1952 г. адзначалася, што ў раздзелах 1–га тома кароткага курса „Гісторыі УССР“, якія рыхтаваў К. Гуслісты, „на грунце геніяльных твораў тав. Сталіна «Марксізм і пытанні мовазнаўства» распрацаваны пытанні пра ўтварэнне старажытнарускай народнасці (вылучана намі. — Н. Ю.) і фармавання ўкраінскай народнасці“[44]. Сапраўды, пазначаная кніга „правадыра“ надала легітымнасці як у цэлым канцэпцыі старажытнарускай народнасці, так і непасрэдна самому тэрміну.
Яшчэ да пачатку дыскусіі наконт „марксізму ў мовазнаўстве“ выйшаў артыкул У. Маўродзіна „Асноўныя этапы этнічнага развіцця расійскага народа“[45], дзе, у прыватнасці, у чарговы раз выкладзены асноўныя рысы канцэпцыі старажытнарускай народнасці і наноў прапанаваны тэрміналагічны выраз старажытнаруская народнасць[46].
Гэты тэрмін тады ж быў падтрыманы А. Удальцовым[47]. А між тым справа з яго навуковай легітымацыяй выявілася не такой і простай, хоць другая частка словазлучэння (народнасць) у звязку з творамі Сталіна па мовазнаўстве нарэшце атрымала афіцыйную падтрымку. Сталінская думка пра няўстойлівасць мовы (а значыць, і самой этнічнай супольнасці) пэўнай народнасці, якая яшчэ не стала нацыяй („Бываюць… працэсы, калі адзіная мова народнасці, якая не стала яшчэ нацыяй праз адсутнасць неабходных эканамічных умоваў развіцця, зазнаюць крах у выніку дзяржаўнага распаду гэтай народнасці, а мясцовыя дыялекты, якія не паспелі перамалоцца ў адзінай мове, — ажываюць і даюць пачатак ўтварэнню асобных самастойных моў“[48]), дапускала існаванне этнасупольнасцяў у дакапіталістычныя перыяды развіцця, якія былі менш устойлівымі, чым нацыі, а таму, пры пэўных абставінах, маглі распасціся. Тым больш гэта тычылася тых этнічных супольнасцяў, якія яшчэ не паспелі дастаткова сфармавацца.
Канцэпцыя старажытнарускай народнасці, але без ужывання самога тэрміна, верагодна, упершыню стала фігураваць у больш шырокім навуковым ужытку ў звязку з заключным момантам вядомай дыскусіі па праблемах перыядызацыі гісторыі СССР. Абмеркаванне перыядызацыі, якое да гэтага часу адбывалася на старонках часопіса „Пытанні гісторыі“, у фінальнай сваёй частцы прайшло ў Інстытуце гісторыі АН СССР. Гэтая падзея прыпала на снежань 1950 г. У час абмеркавання асобныя элементы канцэпцыі У. Маўродзіна знайшлі, так бы мовіць, сваё месца ў дакладзе І. Смірнова[49], а таксама ў сумесным навуковым выступленні Л. Чарапніна і У. Пашуты. Даклад апошніх стаў асновай артыкула, апублікаванага на пачатку 1951 г. у тым самым часопісе[50]. Між тым, Л. Чарапнін і У. Пашута працягвалі ўжываць у дачыненні да ўсходнеславянскай этнасупольнасці старажытнарускай эпохі тэрміналагічны выраз рускі народ[51].
Лютаўскі выпуск афіцыйнага часопіса савецкай гістарычнай навукі, дзе быў надрукаваны згаданы артыкул, выйшаў, верагодней за ўсё, крыху пазней, чым адбылася канферэнцыя — дыскусія наконт даклада У. Маўродзіна „Асноўныя этапы этнічнага развіцця рускага народа“ (у аснову якога пакладзена аднайменная распрацоўка ленінградскага гісторыка[52]). На канферэнцыі нарэшце была аддадзена належная ўвага канцэпцыі старажытнарускай народнасці: яна выклікала ажыўленае абмеркаванне сярод прысутных гісторыкаў і мовазнаўцаў. Хоць прапанаваны У. Маўродзіным тэрміналагічны выраз старажытнаруская народнасць не выклікаў сярод удзельнікаў пярэчанняў (але і энтузіязму на гэты конт не назіралася), яны раскрытыкавалі складовыя аспекты канцэпцыі, у прыватнасці — ступень кансалідацыі народнасці і яе устойлівасць.
Іншым галоўным агентам легітымацыі канцэпцыі (а таксама паняцця і тэрміна) старажытнарускай народнасці стала яе змястоўная сугучнасць парадыгме „ўз’яднання“ Ўкраіны з Расіяй, якая ў сувязі з набліжэннем 300–годдзя Пераяслаўскай рады выцесніла з навуковага функцыянавання парадыгму „ўз’яднання“ і формулу „найменшага зла“[53]. Сугучнасць тут акумулюецца наступным чынам: калі ў старажытнарускую эпоху існаваў адзіны продак сучасных усходнеславянскіх народаў — старажытнаруская народнасць (хай сабе ў стадыі фармавання), то далучэнне ў 1654 г. Украіны (часткова і беларускіх земляў) да Расіі — заканамерная і справядлівая гістарычная падзея, бо народ, калісьці адзіны, зноў аб’яднаўся[54]. Зразумела, што з палітычнага пункту погляду няёмка было называць агульнага продка рускім народам, бо складвалася ўражанне, што гутарка ідзе не столькі пра агульнага продка, колькі пра продка расійскага (рускага, велікарускага) народа. Побач з тэрміналагічнымі выразамі старажытнаруская народнасць і старажытнарускі народ у пачатку 1950–х г. (уласна ў 1951 г.) савецкія гуманітарыі шукалі і іншыя тэрміны.
Спачатку ў навуковым асяродку як быццам засвоіўся тэрмін старажытнаруская народнасць. Так, 29 чэрвеня 1951 г. на паседжанні Вучонага савета Інстытута гісторыі АН СССР, якое было прысвечана гадавіне выхаду першай публікацыі Сталіна ў галіне мовазнаўства, з дакладам выступіў А. Насонаў. Даклад меў назву „Да пытання ўтварэння старажытнарускай народнасці ў святле твораў І. В. Сталіна па мовазнаўстве“[55]. Але ўжо ў снежні гэтага года вучоны–летапісазнаўца на метадалагічнай нарадзе па этнагенетычных пытаннях выступіў з дакладам „Пра некаторыя пытанні ўтварэння кіева–рускай народнасці“[56]. Іншы дакладчык — на той час ужо аўтарытэтны археолаг Б. Рыбакоў — таксама выкарыстаў падобную назву, але (і што асабліва важна!) у другой частцы паняцця выкарыстаны тэрмін народ, а не народнасць („кіева–рускі народ“)[57]. Прыведзены прыклад відавочна ілюструе і падмацоўвае думку пра тое, што не толькі тэрмін старажытнаруская, але і тэрмін народнасць працягвалі выклікаць сумненні ў даследчыкаў.
Але вось ужо ў выдадзенай у канцы таго года брашуры з тэзісамі дакладаў згаданы даклад Б. Рыбакова атрымаў іншую назву — „Да пытання пра ўтварэнне старажытнарускай народнасці“[58] (тэзісы навуковага выступлення А. Насонава не былі апублікаваныя). Верагодна, найменне ўсходнеславянскай народнасці старажытнарускай эпохі — кіева–руская — здавалася крыху „нацыяналістычным“. Да таго ж у ім не было дакладнага і да пэўнай ступені канкрэтызавальнага храналагічнага і тэрытарыяльнага маркера.
У плане ж аддзела гісторыі феадалізму ІГУ на 1952 г. гаварылася аб правядзенні дыскусіі па тэме „Да пытання пра адзіны старажытнарускі народ“[59]. Уласна кажучы, навуковыя дэбаты на гэты конт у асяродку ўкраінскіх вучоных (пераважна гісторыкаў) адбыліся яшчэ ў красавіку і чэрвені 1951 г. У час дыспутаў некаторыя навуковыя супрацоўнікі (Д. Бойка, М. Марчанка, Ф. Шаўчэнка, мовазнаўца І. Жылко) паставілі пад сумненне як само паняцце старажытнарускі народ (або старажытнаруская народнасць), так і канцэпцыю ў цэлым, прычым часам абапіраючыся на тыя самыя працы Сталіна па мовазнаўстве[60]. К. Гуслісты ў дакладзе на красавіцкай дыскусіі вёў гутарку пра сфармаваную старажытнарускую народнасць у перыяд Кіеўскай Русі[61] (у гісторыка фігуравала паняцце старажытнаруская народнасць[62]). На гэтым самым навуковым форуме гісторык — знаўца казакоў В. Галабуцкі, выкарыстоўваючы тэрміналагічны выраз старажытна–руская народнасць, разам з тым выказаў сумненне адносна яго маналітнасці[63]. Археолаг В. Даўжанок, які выступаў услед за В. Галабуцкім, наадварот, катэгарычна сцвярджаў, што ў часы Кіеўскай Русі „народнасць была ўжо маналітнай, такой, якая ўжо сфармавалася“[64]. Яна, згодна з думкай В. Даўжанка, пачала стварацца яшчэ ў сярэдзіне I тысячагоддзя н. э. — у анцкія часы, паколькі народнасць — гэта „з’ява класавага грамадства… рабаўладальніцкага або феадальнага — з’ява разлажэння першабытнаабшчыннага ладу“[65]. Археолаг, ужываючы тэрмін народнасць, у цэлым не далучаў да яго храналагічнага ўдакладнення — старажытнаруская. Побач з гэтым ён карыстаўся тэрміналагічным выразам старажытна–рускі народ[66], што сведчыць пра яшчэ нестабільнае ўжыванне і, так бы мовіць, непрыжытасць тэрміна старажытнаруская народнасць. Некаторыя іншыя ўдзельнікі дыскусіі выкарыстоўвалі тэрміналагічны выраз стараруская народнасць[67].
У тым самым 1951 г. выйшла манаграфія ўжо згаданага аўтарытэтнага этнографа П. Кушнера, дзе аргументавалася палажэнне пра тое, што за племем ідзе „новая форма этнічнай супольнасці — народнасць“[68]. Урэшце ў 1952 г. тэрмін народнасць канчаткова ўвайшоў ва ўжытак у дачыненні да азначэння этнічнай супольнасці, якая фармавалася на аснове першасных саюзаў плямёнаў. Гэтаму ўвядзенню больш за ўсіх гуманітарыяў паспрыялі мовазнаўцы. Так, у артыкуле галоўных маскоўскіх лінгвістаў–тэарэтыкаў Б. Горнунга, В. Левіна і В. Сідарава катэгарычна сцвярджалася канцэптуальная дамінанта: „Саюз роднасных плямёнаў, які ў выніку тых або іншых гістарычных умоваў паказаў сябе трывалым і даўгавечным, непазбежна ўжо праз адно — два стагоддзі ператвараецца ў народнасць“[69].
Найменне старажытнаруская народнасць у 1952 г. таксама замацавалася ў навуковым звароце. Яно падавалася без альтэрнатываў у працах такіх аўтарытэтных даследчыкаў і адначасова прадстаўнікоў афіцыйнага гісторыяпісання, як Б. Рыбакоў і Л. Чарапнін[70]. Як агульнаўжывальнае найменне фігуравала ў гадавой справаздачы ІГУ за 1952 г. У тым самым годзе для чарговага варыянта 1–га тома „Гісторыі УССР“ К. Гуслісты прапанаваў нават вылучыць асобны параграф пад назвай „Утварэнне старажытнарускай народнасці“[72].
У той жа час Л. Чарапнін рыхтаваў канчатковы варыянт сваіх раздзелаў у 1–й частцы калектыўнай працы „Нарысы гісторыі СССР“[73], якая выйшла ў 1953 г. У адрозненне ад ўкраінскага выдання Л. Чарапнін канцэнтравана выклаў канцэпцыю старажытнарускай народнасці ў адным параграфе. А сама структурная адзінка кнігі атрымала назву, падобную да той, якую прапанаваў К. Гуслісты — „Утварэнне старажытнарускай народнасці“. У параграфе расійскі вучоны, абапіраючыся на палажэнні з кнігі Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“, сцвярджаў, што названая народнасць склалася ў эпоху разлажэння першабытнага ладу і ўзнікнення класавага грамадства. Аўтар параграфа зрабіў выснову, што старажытнаруская народнасць склалася з асобных „славянскіх плямёнаў“, а потым з гэтай народнасці выспелі „…народнасці велікаруская, украінская, беларуская, гістарычная і моўная аснова якіх была адзінай“[74].
Адзін з першых гістарыёграфаў праблемы старажытнарускай народнасці маскоўскі даследчык (гісторык і часткова этнолаг), украінец з паходжання А. Казачэнка адзначаў, што абагульненне поглядаў савецкіх спецыялістаў у дачыненні да старажытнарускай народнасці, зробленае Л. Чарапніным, мела важнае значэнне для рашэння праблемы ў цэлым[75]. Па сутнасці, акадэмічнае выданне пад рэдакцыяй акадэміка Б. Грэкава нароўні з 1–м томам „Гісторыі Украінскай ССР“ (таксама апублікавана ў 1953 г.) з адпаведнымі параграфамі, напісанымі К. Гуслістым[76], легітымізавала як канцэпцыю, так і ўласна тэрмін старажытнарускай народнасць у навуковым звароце[77]. Канчатковая ж палітычная легітымацыя канцэпцыі / тэорыі і тэрміна была замацавана ў тэзісах ЦК КПСС „Аб 300–годдзі ўз’яднання Ўкраіны з Расіяй (1664—1954 г.)“[78]. Тут сцвярджалася, апроч іншага, наступнае: „Рускі, украінскі і беларускі народы паходзяць ад адзінага кораня — старажытнарускай народнасці, якая стварыла старажытнарускую дзяржаву — Кіеўскую Русь“[79]. У таталітарным грамадстве падобныя партыйныя тэзісы набывалі, як вядома, дагматычнае значэнне, а таму паняцце старажытнаруская народнасць было з тых часоў сакралізавана і палітычна легітымізавана.
Такім чынам, хоць паняцце старажытнаруская народнасць упершыню паспрабаваў увесці ў навуковы зварот у 1945 г. У. Маўродзін, распаўсюджанне і гэты тэрмін, і сама канцэпцыя атрымалі толькі на пачатку 1950–х г. Да гэтага часу вучэнне пра старажытнарускую народнасць не атрымала палітычнай санкцыі на яе навуковае пашырэнне. Гэта адбылося толькі тады, калі ў кнізе Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ была абгрунтавана магчымасць дастасавання этнакатэгорыі народнасць да ранніх фармацыйных этапаў развіцця чалавецтва. Другім галоўным фактарам легітымацыі навуковай канструкцыі стала яе сугучнасць парадыгме „ўз’яднання“ Ўкраіны з Расіяй. Гэты фактар, у прыватнасці, паспрыяў увядзенню ў склад названага паняцця тэрміна старажытнаруская, пад якім у спалучэнні з тэрмінам народнасць разумеўся агульны продак расіян, украінцаў і беларусаў.
[1] Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). Вінниця: ТОВ „Консоль“, 2005. С. 14—17.
[2] Гл.: Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР… У спісе літаратуры да манаграфіі прыведзены ўсе артыкулы аўтара па гэтай тэме, апублікаваныя на пачатак 2005 г. (Гл. с. 450—453 названай манаграфіі).
[3] Мавродин В. В. Образование древнерусского государства. Ленинград, 1945. С. 392—402.
[4] Тамсама. С. 395—402.
[5] Тамсама. С. 400.
[6] Гл., напр.: „Я всегда испытывал большое удовольствие от обмена мыслями именно с вами“: письма Б. Д. Грекова к И. И. Смирнову. (Публикация подготовлена С. А. Никоновым) // Вестник Удмуртского университета. Серия „История“. 2004. № 3. С. 258.
[7] Дворниченко А. Ю. Владимир Васильевич Мавродин. Страницы жизни и творчества. С.–Петербург: Филолог. ф–т СПбГУ, 2001. С. 11.
[8] Некаторыя развагі на гэты конт можна ўзяць з публікацый: Юсова Н. К вопросу о взаимоотношениях В. В. Мавродина и Н. Л. Рубинштейна: по поводу рецензии 1946 г. // Мавродинские чтения. 2004. Актуальные проблемы историографии и исторической науки. Мат. юбил. конф., посв. 70–летию ист. ф–та СПбГУ / Под ред. А. Ю. Дворниченко. С.–Петербург: Изд–во С.–Петерб. ун–та, 2004. С. 18—22; яна ж. Письма В. В. Мавродина и Н. Л. Рубинштейна: реконструкция фактов по поводу рецензии 1946 г. // Вестник Удмуртского государственного университета. Серия „История“. 2005. С. 95—102.
[9] Базилевич К. В. Из истории образования древнерусского государства // Большевик. 1947. № 5. С. 51—56; Покровский С. А. О начале русского государства // Вестник древней историии. 1946. № 4. С. 101—109; ён жа. Новый труд об образовании Древнерусского государства // Советское государство и право. 1946. № 5–6. С. 89—93; Рубинштейн Н. Л. Путанная книга по истории Киевской Руси // Вопросы истории. 1946. № 8—9. С. 109—114.
[10] Центральный государственный архив Санкт–Петербурга (ЦГА СПб). Ф. 7240. Оп. 14. Ед. хр. 2028. ЛГУ. Л. 4—5; Гл. таксма: Дворниченко А. Ю. Владимир Васильевич Мавродин. Страницы жизни и творчества. С. 22
[11] Дворниченко А. Ю. Владимир Васильевич Мавродин. Страницы жизни и творчества. С. 25.
[12] Мавродин В. В. Формирование русской нации. Стенограмма публичной лекции, прочитанной 7 июля 1947 г. в Ленинграде. Ленинград, 1947. С. 11—12; ён жа. К вопросу о складывании великорусской народности и русской нации // Советская этнография (СЭ). 1947. № 4. С. 88; ён ж. Основные моменты развития Русского государства до XVIII века // Вестник Ленинградского госуниверситета (Вестник ЛГУ). (1947. №3) С. 87—91; ён жа. Предпосылки возвышения Москвы // Вестник ЛГУ. 1947. № 10. С. 57—58; ён жа. Начальный этап в истории русского народа и государства // Труды юбилейной научной сессии. Секция исторических наук. Ленинград, 1948. С. 97—104; ён жа. Сталин о феодальной России // Вестник ЛГУ. 1949. № 12. С. 62—63; ён жа [Рэц.]: Б. Д. Греков. Киевская Русь. Библиотека учителя. Государственное учебно–политическое издательство Министерства просвещения РСФСР. Москва. 1949 г. // Вестник ЛГУ. 1950. № 7. С. 97—98.
[13] Юсова Н. М. Генеза концепту „давньоруська народність“ у радянській історичній науці // Український історичний журнал. 2001. №6. С. 72—74.
[14] Гл., напр.: Греков Б. Славяне. Возникновение и развитие Киевского государства / (В помощь преподавателю дивизионной школы партактива истории СССР). Москва, 1946. 60 с.; ён жа. Крестьяне на Руси с древнейших времен до ХVII века. Москва — Ленинград, 1946; ён жа. Киевская Русь. Москва, 1949.
[15] Гл.: Греков Б. Д. Крестьяне на Руси с древнейших времен до ХVII века. С. 21.
[16] Гл.: Институт архивоведения Национальной библиотеки Украины им. В. И. Вернадского (ИА НБУВ). Ф. 32. Оп. 1. Д 112; Тамсама. Д. 26.
[17] Падрабязней гл.: Юсова Н. Участь Костя Гуслистого в розробці концепції „давньоруської народності“ // Український історичний збірник–2003. / Гол. ред. В. Смолій, заст. гол. ред. Т. Чухліб. Вип. 6. Київ, 2004. С. 403—411.
[18] Дэтальна пра гэта гл.: Юсова Н. Участь Костя Гуслистого в розробці концепції „давньоруської народності“.
[19] ИА НБУВ. Ф. 32. Оп. 1. Д. 26. Л. 15.
[20] К. Гуслистий. Походження східнослов’янських народів і Київська Русь // Радянська Україна. 1946. 4 верасня. С. 2.
[21] Гл., напр.: Научный архив Института истории Украины НАН Украины (НА ИИУ НАН Украины). Ф. 1. Оп. 1. Д. 173. Л. 27; Тамсама. Д. 380. Л. 5; Гуслистий К. Г. Київська Русь. Лекція для студентів–заочників історичних ф–тів пед. і учит. ін–тів. Київ, 1949; Гуслистий К. Г. Київська Русь — колиска трьох братніх народів — російського, українського і білоруського: Стенограма лекції. Київ, 1950.
[22] Гл.: Удальцов А. Начальный период восточнославянского этногенеза // Исторический журнал. 1943. № 11—12. С. 72; Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історичній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). С. 304—314.
[23] Гл., напр.: Гуслистий К. Г. Київська Русь — колиска трьох братніх народів — російського, українського і білоруського. С.38.
[24] Научный архив Института археологии НАН Украины (НА ИА НАН Украины). Ф. 12. Оп. 2. Д. 268.
[25] Тамсама. Л. 17.
[26] Тамсама. Л. 13.
[27] Тамсама. Л. 13.
[28] Сталин И. В. Национальный вопрос и ленинизм // Сталин И. В. Сочинения. В 16 т. Т. 11: 1928 — март 1929. Москва, 1949. С. 333—355.
[29] Гл., напр.: НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 165. Л. 4. Тамсама. Д. 214—215. Л. 1, 8.
[30] Тамсама. Д. 173.
[31] Тамсама. Л. 28, 31.
[32] Тамсама. Д. 266. Л. 2.
[33] Токарев С. А. К постановке проблем этногенеза // СЭ. 1949. № 3. С. 12—36.
[34] Кушнер П. И. Учение Сталина о нации и национальной культуре // СЭ. 1949. № 4. С. 5.
[35] Каммари М. Создание и развитие И. В. Сталиным марксистской теории нации // ВИ. 1949. № 12. С. 68—69.
[36] Тамсама. С. 69.
[37] Мавродин В. В. Основные этапы этнического развития русского народа // ВИ. 1950. № 4. С. 62.
[38] Базилевич К. В. История СССР от древнейших времен до конца ХVII в. Курс лекций, прочитанных в Высшей партийной школе при ЦК ВКП(б). Москва, 1949.
[39] Тамсама. С. 102.
[40] Гл.: Базилевич К. В. История СССР от древнейших времен до конца ХVII в. Курс лекций, прочитанных в Высшей партийной школе при ЦК ВКП(б). Москва, 1950. С. 99.
[41] Гл., напр.: Мосенкіс Ю. З історії сприйняття наукової творчості академіка Ніколая Марра в Україні // Відкритий архів. Щорічник матеріалів та досліджень з історії модерної української культури / Український науковий інститут Гарвардського університету. Інститут критики. Київ, 2004. С. 389—394.
[42] Юсова Н. М. Генеза концепту „давньоруська народність“ у радянській історичній науці. С. 77—78; Мосенкіс Ю. З історії сприйняття наукової творчості академіка Ніколая Марра в Україні. С. 404.
[43] НА ИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 216. Л. 124.
[44] Тамсама. Д. 346. Л. 6.
[45] Часопіс з артыкулам быў падпісаны да друку ў траўні 1950 г., калі дыскусія на палосах газеты „Правда“ толькі пачыналася. Гл.: Алпатов В. М. История одного мифа. Марр и марризм. Москва, 1991. C. 161; Мосенкіс Ю. З історії сприйняття наукової творчості академіка Ніколая Марра в Україні. С. 389.
[46] Мавродин В. В. Основные этапы этнического развития русского народа. С. 55—70; ён жа [рэц.]: Б. Д. Греков. Киевская Русь. Библиотека учителя. Государственное учебно–политическое издательство Министерства просвещения РСФСР. Москва. 1949 г. // Вестник ЛГУ. 1950. № 7. С. 91.
[47] Гл.: Удальцов А. Д. Происхождение славян в свете новейших исследований. С. 18.
[48] Гл.: Сталін Й. Марксизм і питання мовознавства. Київ, 1950. С. 41: Сталин И. Марксизм и вопросы языкознания. Москва, 1950. С. 37.
[49] Смирнов И. И. Общие вопросы периодизации истории СССР // ВИ. 1950. № 12. С. 95.
[50] Пашуто В., Черепнин Л. О периодизации истории России эпохи феодализма // ВИ. 1951. № 2. С. 52—80.
[51] Тамсама. С. 58.
[52] В институте истории АН СССР // ВИ. 1951. № 5. С. 137—139. Гл. таксама: Юсова Н. М. Генеза концепту „давньоруська народність“ у радянській історичній науці. С. 74—77.
[53] Гл.: Юсова Н. Від розробки концепції „давньоруської народності“ до легітимізації терміна „возз’єднання“ України з Росією: друга пол. 40–х — поч. 50–х рр. ХХ ст. // Історіографічні дослідження в Україні / Відп. ред. Ю. А. Пінчук. Київ, 2004. Вип. 14. С. 426—430.
[54] Менавіта па такой логіцы развіваецца думка ў калегі К. Г. Гуслістага па аддзелу гісторыі феадалізма І. Д. Бойка, аўтара VI раздела I тома калектыўнай працы „История УССР“, у якой абгрунтоўваецца „воссоединение“ Украіны з Расіяй. Гл.: Історія Української РСР. В 2 т. Київ, 1953. Т. 1. С. 258—259.
[55] Научный архив Института российской истории РАН (НА ИРИ РАН). Ф. 1. „А“. Оп. 2. Ед. хр. 592. Л. 1.
[56] У лютым 1951 г. даклад атрымаў назву „К вопросу об образовании русской народности“. Гл.: Архив РАН. Ф. 142. Оп. 1. Ед. хр. 363. Л. 9.
[57] Тамсама. Ф. 1909. Оп. 1. Ед. хр. 155. Л. 28.
[58] Рыбаков Б. А. К вопросу об образовании древнерусской народности // Тезисы докладов и выступлений сотрудников ИИМК АН СССР, подготовленных к совещанию по методологии этногенетических исследований. Москва, 1951. С. 15—22.
[59] НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 380. Л. 5.
[60] Тамсама. Д. 294. Л. 8, 21, 39—41; Гудзенко П. П. До річниці опублікування геніальної праці Й. В. Сталіна // Вісник АН УРСР. 1951. № 7. C. 61—68.
[61] НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 294. Л. 34.
[62] Тамсама. Л. 45, 153.
[63] Тамсама. Л. 22—26.
[64] Тамсама. Л. 37.
[65] Тамсама. Л. 34—37.
[66] Тамсама. Л. 38—39.
[67] Тамсама. Л. 67.
[68] Кушнер П. И. (Кнышев). Этнические территории и этнические границы. Москва, 1951. С. 44.
[69] Горнунг Б. В., Левин В. Д., Сидоров В. Н. Проблемы образования и развития языковых семей // Вопросы языкознания. 1952. № 1. С. 50.
[70] Рыбаков Б. А. Проблема образования древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина // ВИ. 1952. № 9. С. 40—62; Черепнин Л. В. К вопросу о периодизации истории СССР периода феодализма // Известия АН СССР. Серия истории и философии. 1952. Т. IХ. № 2. С. 115—132.
[71] НА ИИУ НАН Украины. Ф. 1. Оп. 1. Д. 346. Л. 6.
[72] Тамсама. Д. 382. 14 лл.
[73] Очерки истории СССР: Период феодализма IХ—ХV вв. / Под ред. Б. Д. Грекова. Ч. I. Москва, 1953. С. 251—258.
[74] Тамсама. С. 252.
[75] Козаченко А. И. Древнерусская народность — общая этническая база русского, украинского и белорусского народов // СЭ. 1954. №2. С. 4—5.
[76] Історія Української РСР. Т. 1. С. 40—114.
[77] Гл. таксама: Рыбаков Б. А. Древние русы. (К вопросу об образовании ядра древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина) // Советская археология. 1953. № ХVII. С. 23—104; Довженок В. И. К вопросу о сложении древнерусской народности // Доклады VI научной конференции Института археологии АН УССР. Київ, 1953. С. 40—59.
[78] Гл.: Юсова Н. М., Юсов С. Л. Проблема „приєднання“ України до Росії в оцінці істориків УРСР кінця 30–х — першої половини 40–х рр. // Український історичний журнал. 2004. № 5. С. 97.
[79] Тези про 300–річчя возз’єднання України з Росією (1654—1954 рр.). Схвалені ЦК КПРС. Київ, 1954. С. 16; Тезисы о 300–летии воссоединения Украины с Россией (1654 — 1954 гг.). Москва, 1954. С. 5.