Вялікі, Анатоль Ф. На раздарожжы. Беларуси і палякі ў час перасялення (Юры Вашкевіч)
ВЯЛІКІ, АНАТОЛЬ Ф. На раздарожжы. Беларусы i палякі ў час перасялення (1944-1946 г.). Мінск, 2005.-319 с.
Да выхаду манаграфіі Анатоля Вялікага беларуская гістарыяграфія не мела не толькі кніг, але нават сур’ёзных артыкулаў, цалкам прысвечаных „рэпатрыяцыі» польскага i беларускага насельніцтва перыяду Другой сусветнай вайны. Гэтая табуяваная савецкай уладай тэма чамусьці вельмі рэдка ўздымалася на форумах гісторыкаў ужо незалежнай Беларусі, хоць гутарка ідзе пра кардынальныя для абедзвюх краін змены i звязаныя з гэтым лесы сотняў тысяч людзей. (Дарэчы было б таксама паставіць пытанне, ці гэтыя страты папуляцыі ўлічваліся пры падліках ахвяраў вайны, a калі так, дык якім чынам?) Зразумела, існавалі аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджалі даследаванню гэтай праблемы. Апроч згаданай палітычнай — забароны, была яшчэ адна — адсутнасць дакументальных дадзеных, недаступнасць архіўных матэрыялаў Менавіта гэты прагал паспрабаваў запоўніць A. Вялікі сваей працай. Яна складаецца з чатырох раздзелаў, тры з якіх прысвечаны перасяленню палякаў з Беларусі i толькі ў адным, апошнім, разглядаецца працэс перамяшчэння беларускага жыхарства Польшчы. Такія прапорцыі цалкам абгрунтаваныя, улічваючы маштабы першай i другой з’явы. Сумнеў могуць выклікаць толькі словы „3 прасавецкай Польшчы…» ў назве апошняга раздзела. Як сведчыць найноўшая гісторыя, Польшча ніколі не была прасавецкай, а тым больш не была яна такой у 1944-1946 г. Люблінскі марыянеткавы ўрад (Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення — ПКНВ) прасавецкім быў, але Польшча — не. Таму больш адпаведным было б словазлучэнне „3 падсавецкай Польшчы…».
У манаграфіі даследуецца вельмі кароткі перыяд найноўшае гісторыі Беларусі, толькі два гады, але гэта быў вельмі бурлівы, трагічны i ў нечым лёсавызначальны час для соцень тысяч, a можа i мільёнаў нашых суайчыннікаў, длябудучага нашай краіны. Зусім лагічна, што кніга пачынаецца з разгляду агульных праблем, датычных савецка-польскай мяжы, міжнародных пагадненняў, тэрытарыяльнага падзелу i высвятлення самога тэрміна, якім акрэслівалася перамяшчэнне насельніцтва, выкліканае вышэйзгаданымі чыннікамі. Аўтар даволі падрабязна разглядае працэс усталявання заходняй мяжы Беларусі, скарыстоўваючы пры гэтым цікавыя архіўныя матэрыялы, што адлюстроўваюць погляды тагачасных кампартыйных функцыянераў. Не выклікае сумневу агульная выснова аўтара наконт таго, што кіраўніцтва рэспублікі не мела права самастойна вызначаць яе межы, што гэтае пытанне вырашалася ў Маскве. Тут нельга не заўважыць некаторай супярэчнасці ў пазіцыі аўтара, які адначасова згадвае пра міжнародную правасуб’ектнасць Беларусь Савецкі Саюз толькі на паперы быў федэратыўнай дзяржавай, у сапраўднасці ж гэта было суперцэнтралізаванае ўтварэнне. Таму трохі наіўна гучаць разважанні пра ігнараванне Масквой думкі органаў дзяржаўнай улады БССР, УССР i ЛітССР, a тым больш ix фармальнай згоды адносна дамовы ад 16 жніўня 1945 г. аб савецка-польскай мяжы. Адзначым таксама, што адсутнасць згадкі пра сутнасць пакта Рыбентропа — Молатава, які паклаў канец існаванню суверэннай польскай дзяржавы i пачатак Другой сусветнай вайне, уяўляецца вельмі рызыкоўным з пункту гледжання добрасумленнасці асвятлення гэтага этапу гісторыі Беларусі i Польшчы.
Пераканальнымі з’яўляюцца высновы аўтара пра сутнасць самой з’явы масавага перамяшчэння насельніцтва ў 1944-1946 г. i яе тэрміналагічнага вызначэння. Даволі часта ў гістарычнай літаратуры i публіцыстыцы скарыстоўваецца не зусім адпаведны тэрмін „рэпатрыяцыя». А. Вялікі слушна прапануе вызначаць гэты працэс тэрмінам „перасяленне». Але, на нашу думку, гэтае акрэсленне павінна ўжывацца не таму, што насельніцтва захопленай у 1939 г. Савецкім Саюзам часткі Польскай Рэспублікі было, з гледзішча саветаў, de jure (з пункту гледжання міжнароднага права de facto) уключана ў савецкае грамадзянства. Бацькаўшчынай, „патрыяй», для беларусаў Польшчы i палякаў Бела русі былі землі, дзе яны спрадвечна жылі. Краіны па абодва берагі Буга, Беларусь для адных i Польшча для другіх, былі духоўнай радзімай, але не Айчынай. Яны не вярталіся на яе, a пакідалі, менавіта таму тэрмін „рэпатрыяцыя» тут не падыходзіць.
Трагізм гэтага масавага перасялення быў не толькі ў тым, што людзі пакідалі сваю малую радзіму, айчыну продкаў. Яны страчвалі даробак свайго жыцця, выязджалі, не ведаючы свайго далейшага лёсу. Ix рашучасці ў гэтым паспрыяла сама савецкая ўлада, якая ўжо ў студзені 1945 г. пастановай ЦК ВКП(б) вызначыла праграму саветызацыі i русіфікацыі беларускіх палякаў. Аўтар слушна акцэнтуе ўвагу на аспекце, звязаным з адміністрацыйнай ліквідацыяй польскіх школ на Беларусі, бо менавіта ў ix кампартыйныя дзеячы бачылі небяспеку правядзенню сваёй „нацыянальнай палітыкі». Савецкія камуністы заўсёды падазрона ставіліся да польскіх настаўнікаў, ды i саміх палякаў. На жаль, гэтая сумная традыцыя аказалася вельмі трывалай i перакачавала ў постсавецкі час. На недавер палякі адказвалі недаверам. У кнізе дадзена вельмі добрае дакументальнае пацверджанне гэтаму. Перадусім гутарка ідзе пра тое, што большасць палякаў не верылі ў перасяленне, падазраючы падрыхтоўку да высылкі ў Сібір. Калі ў снежні 1944 г. першыя некалькі сем’яў выпраўляліся з Брэста ў Польшчу, на вакзале натоўп палякаў назіраў, у якім напрамку рушыць цягнік — на Захад ці на Ўсход. „Пераканаўшыся, што ў сапраўднасці цягнік накіраваўся ў Польшчу, палякі пачалі масава рэгістравацца на выезд». Гэты красамоўны прыклад са справаздачы райпрадстаўніцтва дае нам больш уяўлення пра рэальную сітуацыю, чым шматслоўныя разважанні ідэалагізаваных гісторыкаў.
Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны „чэкісцкаму» кантролю за перасяленнем. Не толькі ўпаўнаважаная польскага ПКНВ была агенткай НКВД, большасць прадстаўнікоў СНК БССР працавала ў органах НКГБ i НКВД. Як вынікае з цытаваных у кнізе рапартаў „рыцараў рэвалюцыі», большасць палякаў адмоўна ставіліся да савецкай улады. Таму арышты перасяленцаў былі звычайнай практыкай работы „органаў».
Натуральна, разглядаючы такую жыццёвую праблему, як масавае перасяленне, аўтар не мог абысці ўвагай пытанне прычын i матывацый, якія схілялі людзей да гэтага. У кнізе змешчаны найбольш значныя, на думку аўтара, чыннікі, якія ён пералічвае ў парадку ix важкасці: сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя, этнічныя, канфесійныя, міжнародныя, сямейныя, адзначаючы, што ўсе яны дзейнічалі як паасобку, так i сукупна. Безумоўна, большая частка палякаў выязджала ў Польшчу, спадзеючыся на лепшыя ўмовы існавання. Яны ведалі жыццё ў міжваеннай Польшчы, спазналі яго пад саветамі ў 1939 — 1941 г. i пасля вайны, таму мелі што i з чым параўноўваць. Параўнанне гэтае выпадала не на карысць СССР, з яго калгаснай галечай, празмерным падаткаабкладаннем i шматлікімі дробязнымі абмежаваннямі. Не менш балючымі былі абмежаванні ў галіне мовы i адукацыі, рэпрэсіўная антьшольская палітыка ўладаў i ix агульнае непрыязнае стаўленне да палякаў. Рзлігійны чыннік таксама адыграў сваю ролю, у некаторых выпадках вырашальную. Агрэсіўна атэістычная савецкая палітыка рэзка кантраставала з набожнасцю каталіцкага насельніцтва Заходняй Беларусі, дзе кансерватыўная „крэсовая» традыцыя была яшчэ вельмі моцнай. Сярод іншых чыннікаў, якія ўздзейнічалі на працэс перасялення палякаў з БССР, аўтар узгадвае Армію Краёву, уважаючы яе дзейнасць за антысавецкую, антыбеларускую i антыпольскую. Калі з першымі двума сцверджаннямі можна пагадзіцца, дык выснова пра антыпольскасць АК не ўяўляецца ўдалай i адпаведнай праўдзе. АК падпарадкоўвалася адзінаму на той час легальнаму польскаму ўраду ў Лондане i адпаведна дзейнічала згодна з вызначанай ім палітыкай, што зыходзіла з інтарэсаў міжваеннай польскай дзяржавы. Натуральна, да вызначанасці ўсходняй мяжы Польшчы АК супрацівілася перасяленню, разглядаючы Заходнюю Беларусь як захопленную Савецкім Саюзам частку міжваеннай Польскай Рэспублікі. Пасля ж усталявання межаў i адыходу ўсходніх зямель да СССР у інтарэсах польскіх уладаў было перасяленне як мага болынай колькасці палякаў на тэрыторыю ix краіны, чаму i спрыяла АК уласцівымі ёй армейскімі мета дамі. Усё лагічна, калі не падыходзіць да гэтага з пазіцый палітыка- i этнацэнтрызму.
Перасяленню палякаў з Усходу ў Польшчу прысвечана даволі шмат гістарычных публікацый, існуе вялікая мемуарыстыка, што асвятляе гэтыя падзеі вуснамі ix сведкаў. Кніга А. Вялікага паказвае гэты працэс у своеасаблівым ракурсе, з боку савецкіх афіцыйных дакументаў. Гэта, дарэчы, дае магчымасць высветліць некаторыя спрэчныя пытанні, між іншым, такое важнае, як колькасць перасяленцаў. Вельмі характэрнай з’яўляецца канстатацыя эвалюцыі ў стаўленні ўлад на працягу ўсёй кампаніі. Як адзначае аўтар, з восені 1944 г. да вясны 1945 г. ix адносіны да яе былі пасіўнымі i абыякавымі. Аднак масавы „сыход» польскага насельніцтва прымусіў савецкае кіраўніптва прыняць захады, скіраваныя на запаволенне ад’езду з рэспублікі. Усвядоміўшы колькасць ахвотнікаў вырвацца з „бальшавіцкага ярма» i маштаб магчымай міграцыі гаспадарлівага i працаздольнага насельніцтва (а не „нямецкіх памагатых», „дэзерціраў», „бандытаў», „нацыяналістаў» i „святароў»), саветы хутка зразумелі, якія сацыяльна-эканамічныя наступствы гэта выкліча. Таму ўсе паўнамоцтвы па пытаннях, звязаных з рэгістрацыяй, былі перададзены савецкім абласным камісіям па перасяленні, а ўпаўнаважаныя польскай дэлегацыі пазбаўляліся права ўмяшальніцтва ў ix распараджэнні i практычна пераўтвараліся ў тэхнічных работнікаў. Для змяншэння лавінападобнага працэсу рэгістрацыі ахвотных ад’ехаць у Польшчу партыйна-савецкія ўлады скарысталі адміністрацыйны рэсурс. Гэтых ахвотных было блізу паўмільёна, але выехаць змаглі толькі трохі менш за палову. Аўтар прыводзіць дадзеныя, якія грунтуюцца на архіўных матэрыялах, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Паводле выніковага пратакола аб заканчэнні перасялення паступілі заявы на выезд у Польшчу 499 648 чалавек (паводле Галоўнага прадстаўніцтва СМ БССР — 535 248). Колькасць тых, што фактычна пераехалі, склала толькі 238 782 чалавекі, ці 45,05% палякаў ад усёй колькасці зарэгістраваных. У кнізе прыводзяцца падрабязныя лічбы як ахвотных перасяліцца, так i тых, што атрымалі дазвол на выезд па асобных райпрадстаўніцтвах, а таксама па катэгорыях насельніцтва.
Калі тэма пасляваеннага перасялення палякаў з Беларусі была доўгі час закрытай для даследчыкаў, дык пытанне пераезду беларускага насельніцтва з Польшчы бадай што ніколі не ўздымалася ў беларускай гістарычнай літаратуры. Гэта надае асаблівую вартасць чацвёртаму раздзелу манаграфіі, прысвечанаму разгляданым падзеям. Цікава, што паводде пастановы беларускіх дзяржпартыйных органаў меркавалася перасяліць 200 тыс. асоб, пры тым што па падліках упаўнаважаных СНК БССР i польскіх уладаў лічба беларусаў на Беласточчыне вагалася ад 100 да 130 тыс. чалавек. На падставе архіўных дакументаў аўтар робіць выснову, што ініцыятарам гэтага фантастычнага плана быў першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка, які, як высветлілася, „абсалютна не валодаў сітуацыяй». Да таго ж, у адрозненне ад беларускіх палякаў, беларусы Польшчы асабліва не імкнуліся мяняць месца жыхарства. Жаданне пераехаць у БССР выказала меншасць з ix, а частка зусім не хацела рэгістравацца на выезд. Да канца снежня 1946 г. (заканчэння тэрміну перасялення) у Беларусь пераехала каля 28 тыс. чалавек, што складала крыху больш за 11% ад першапачаткова планаванай савецкімі ўладамі колькасці. Беларусы Польшчы з засцярогай ставіліся да савецкага ладу жыцця i ўвогуле да савецкай улады, добра ведаючы, што яна пазбаўляе сялян прыватнай уласнасці на зямлю. Як трапна заўважае A. Вялікі, „для абсалютнай большасці беларусаў Беласточчыны галоўным з’яўлялася… не дзе жыць, а як жыць» (с. 217). Таму большасць беларусаў праігнаравалі перасяленчую акцыю, i толькі нязначная ix частка пераехала ў БССР. Безумоўна, нельга не ўлічваць і палітычныя чыннікі: дзейнасць нацыяналістычнага польскага падполля, ціск з боку некаторых прадстаўнікоў мясцовых уладаў, грамадскія і канфесійныя абставіны. Не выпадкова ж у першую чаргу з’язджалі савецка-кампартыйныя дзеячы, якія адчувалі пагрозу для сябе, i найбольш збяднелыя сяляне, якім не было чаго губляць. На жаль, аўтар падрабязна не раскрывае, чаму пры прыкладна аднолькавых вонкавых чынніках уздзеяння — на польскае насельніцтва ў БССР i беларускае ў Польшчы — колькасць ахвотных пакінуць Беларусь сягала паўмільёна, а перасяленне беларусаў з Беласточчыны практычна правалілася. Падаецца, што адных агульных згадак пра „непрыняцце савецкай улады» ды „сацыяльна-эканамічныя фактары» недастаткова, каб параўнаць i патлумачыць матывацыі паводзінаў людзей.
У цэлым жа трэба адзначыць удумлівы i дапытлівы падыход аўтара да вывучэння прадмета свайго даследавання, дакладную i крытычную ацэнку архіўных дакументаў, суаднясенне ix з логікай падзей i гістарычнымі фактамі. Праўда, пры чытанні кнігі ўзнікае ўражанне, што ён быццам бы пазбягае выказваць ўласнае меркаванне, імкнучыся замяніць яго цытаваннем, часам занадта працяглым. I яшчэ адна агульная рэфлексія. Кожны раз, калі чытаеш публікацыі, што выходзяць у Беларусі, задает сабе пытанне — каго аўтар лічыць сваім? Якую ўладу? Чые інтарэсы для яго — свае? Часцей за ўсё выходзіць, што савецкія, на добры лад — беларускія савецкія, i вельмі рэдка — беларускія нацыянальныя. Пасля прачытання кнігі Анатоля Вялікага адназначнага адказу на гэтыя пытанні мы не знаходзім. Тым не менш, прыгадаем яшчэ раз, што разгледжаная кніга — першае сур’ёзнае даследаванне такога кшталту ў беларускай гістарыяграфіі, сваеасаблівы прарыў у распрацоўцы тэматыкі, якая дагэтуль практычна не вывучалася. Варта спадзявацца, што яна паслужыць стымулам для іншых гісторыкаў, якія займаюцца найноўшай гісторыяй Беларусі, i для самога аўтара ў яго далейшай працы над неразгорнутымі старонкамі беларускай мінуўшчыны.
Мінск
Юры Вашкевіч