Луцкевіч, Антон. Выбраныя творы (Сяргей Дубавец)
ЛУЦКЕВІЧ, АНТОН. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры i мастацтва / Антон Луцкевіч; уклад., прадм., камэнт., індэкс імёнаў, пер. з польск. i ням. А. Сідарэвіча. Мінск: Кнігазбор, 2006. — 460 с.
Анатоль Сідарэвіч выдаў другую з трох запланаваных ім кніг Антона Луцкевіча — „Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры i мастацтва». Перад тым выйшаў зборнік „Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы»[1]. Чакае выдання трэцяя кніга — „Пад чырвоным штандарам» („Барацьба за вызваленьне»). Такім чынам спадчына А. Луцкевіча будзе набліжана да сучаснасці. Пра паўнавартасную актуалізацыю гэтых твораў i асобы ix аўтара казаць пакуль яшчэ рана. На тое ёсць прычыны найперш аб’ектыўныя — неспрыяльная для гуманістыкі сітуацыя ў краіне, a таксама суб’ектыўныя — якім чынам трактуюцца сёння постаць i даробак А. Луцкевіча.
Калі ўявіць сабе нейкую ідэальную кнігу, на вокладцы якой будзе стаяць імя аўтара — Антон Луцкевіч, дык у назве такой кнігі павінна быць слова „ключ» — ключ да беларускай ідэі, да дактрыны беларускае дзяржаўнасці і культуры, да Беларусі. Беларусь, выведзеная ў тэкстах А. Луцкевіча на ўзровень дзяржавы i нацыі, ніякай іншай дзяржаўнай i кулыурнай дактрыны не мела i не магла мець, а таму будавалася ў розных сваіх іпастасях (БНР, БССР, РБ) альбо паводле А. Луцкевіча, альбо насуперак яму.
Сёння недавершанасць беларускага нацыянальнага дому стварае парадаксальную сітуацыю: у адрозненне ад суседзяў, мы не маем шмат якіх найважнейшых культурных з’яваў у сваім ужытку, але маем магчымасць гэтыя з’явы адкрываць праз дзесяцігоддзі. Многія з нашых галоўных кніг яшчэ толькі трэба будзе выдаць i прачытаць. Укладальнік Анатоль Сідарэвіч у прадмове піша: „Калі б такі збор нік Луцкевіча, як гэты, выйшаў гадоў пяцьдзясят таму… сам факт яго існаваньня ня даў бы беларускім крытыкам i літаратуразнаўцам 1950-1990-х гг. магчымасьці адкрываць амэрыкі i вынаходзіць ровары…» (с. 3). Бо да ix гэта зрабіў А. Луцкевіч.
Для актуалізацыі класікі, зразумела, самае першае — гэта яе перавыданне. Але гэтага недастаткова. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі перавыданне лягала на паліцу, i актуалізацыі пры тым не адбывалася. Цяжка аспрэчыць прыказку „ўсяму свой час». Патрабуецца пэўная сутворчасць таго, хто публікуе i інтэрпрэтуе забытага аўтара ў новым часе.
Гэтаксама i пасля выдання двух зборнікаў А. Луцкевіча актуалізуюцца не яго творы i постаць, але самі пытанні актуалізацыі.
Напрыклад, ці варта гэтыя кнігі называць „выбранымі творамі», калі з прадмовы вынікае, што гэта — тое, што ўкладальніку ўдалося дастаць. Нараканні А. Сідарэвіча на тое, што ён не здолеў атрымаць некаторыя тэксты А. Луцкевіча з віленскіх сховішчаў, не выглядаюць пераканаўча. „Зусім зразумела, што дазволіць сабе такую раскошу мы ня можам» (4). Але гэта якраз i незразумела. У віленскіх бібліятэках i архівах стала працуюць навукоўцы i літаратары з Менску, i вінаватая тут не „раскоша», a адсутнасць карпаратыўнае повязі ў цэху гуманітарыяў. Да таго ж i наведанне Вільні пры ўсіх сумарных выдатках не з’яўляецца раскошай, існуюць стыпендыі, практыкуецца падтрымка такіх паездак з боку літоўскага МЗС.
Другое пытанне — пра пэўную тэндэнцыйнасць, з якой А. Сідарэвіч, вядомы дзяяч сучаснай сацыялдэмакратыі, падкрэслівае, што A. Луцкевіч — марксіст i сацыял-дэмакрат: „Такім чынам, Луцкевіч падыходзіць да літаратуры як сацыял-дэмакрат, бо вядома, што з гледзішча сацыял-дэмакрата агульналюдзкія ідэалы свабоды, роўнасьці i братэрства, вызваленьня працы ў сваей сутнасьці зьяўляюцца выяўленьнем гуманізму» (7).
Наўрад ці акцэнт укладальніка на марксізме паспрыяе актуалізацыі твораў А. Луцкевіча. Пры тым, што самі гэтыя творы каштоўныя й карысныя зусім не сваім сацыялістычным падыходам i поглядам.
Антон Луцкевіч сапраўды лічыў сябе сацыялістам, але ў літаратуразнаўчых тэкстах ніколі не пісаў, што гэты твор добры, бо сацыял-дэмакратычны, а гэты дрэнны, бо не марксісцкі. Што да ідэалаў свабоды, роўнасці i братэрства, дык раней за сацыялістычныя яны сталі ідэаламі масонства, i мы ведаем, што A. Луцкевіч быў масонам[2].
Нарэшце, трэцяе i самае істотнае пытанне актуалізацыі — ці правамерна дзяліць Луцкевіча на палітыка, ідэолага i літаратара? Ці не ў адзінстве гэтых амплуа сам феномен беларускай ідэі й літаратуры? Скажам, тэкст Луцкевіча „Два цэнтры» (ён неаднойчы перадрукоўваўся ў наш час) — гэта літаратура ці нешта іншае? Чаго там болей — прагматыкі ці „сілы ілюзіі»? ЦІ гэты тэкст менш культуралагічны, чым, да прыкладу, „Эвалюцыя краёвай культуры», якая патрапіла ў зборнік? I ці ўвогуле магчыма правесці рысу паміж Луцкевічам-літаратарам i Луцкевічам-палітыкам?
Купалу мы таксама называем ідэолагам беларускага адраджэння, цытуючы пры гэтым не публіцыстычныя выступы паэта, а ягоныя вершы. Гэты сінкрэтызм быў абсалютна ўласцівы для адраджэнцаў першай паловы мінулага стагоддзя. Яго можна лічыць праяваю недаразвітасці, а можна — спецыфікай беларускага шляху. Пазней прагрэсам лічыўся строгі падзел на жанры, тэмы i стылі. Але сёння мы зноў выходзім да сінкрэтызму, калі магчымыя паліталагічныя раманы, дакументальныя фэнтэзі ды іншыя эклектычныя паводле ўчорашніх мерак спалучэнні.
Зразумела, што такія пытанні толькі і маглі паўстаць дзякуючы новай кнізе, дзякуючы працы такога аўтарытэтнага, дасведчанага i ўважлівага да першакрыніц даследчыка, якім ёсць Анатоль Сідарэвіч. Трэба спадзявацца, што новая кніга стане моцным штуршком да актуалізацыі ключавой постаці беларушчыны — Антона Луцкевіча i ягоных твораў.
Вільня
Сяргей Дубавец
[1] Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск: Беларуси кнігазбор, 2003. 288 с.
[2] Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII — пачатак XX ст. / Уклад, i нав. рэд. А. Смалянчук. Вільня, 2005. С.164, 166f.