Joannis Vislicensis Bellum Pratenum = Ян Вісліцкі. Пруская вайна (Алесь Жлутка)
JOANNIS V1SLICENSIS BELLUM PRUTENUM = ЯН ВІСЛІЦКІ. Пруская вайна: На лацінскай i беларускай мовах / Укладанне, пераклад, каментары ЖАННЫ КАРОТКАЙ-НЕКРАШЭВІЧ.Мінск: Прапілеі, 2005. — 234 с.
Багаты свет лацінскай пісьмовасці Беларусі яшчэ i сёння застаецца неспазнаным краем, аддзеленым ад сучаснасці адмысловай заслонаю, бар’ерам мовы. За гэтай заслонаю схаваныя сапраўдныя скарбы: сотні старадрукаў i манускрыптаў — гістарычных, філасофскіх, літаратурных, музычных. Толькі нязначная ix частка засталася ў краі, большасць віхурамі часу развеена па свеце, апынулася ў замежных бібліятэках i архівах пераважна суседніх краінаў або загінула. 3 таго ж, што захавалася, рэальна даступныя сёння толькі адзінкавыя лацінамоўныя помнікі — тыя, што перакладзеныя на беларускую, або на іншыя сучасныя мовы i выдадзеныя друкам. Дзякуючы гэтым, на жаль нешматлікім публікацыям, былі данесеныя да грамадскасці перш за ўсё літаратурныя, а таксама некаторыя гістарычныя i філасофскія творы, аднак (за рэдкім выключэннем) фрагментарна. Больш за ўсё пашчасціла лацінамоўнай паэзіі. Тым не менш i яна перакладалася мала, i звычайна на расійскую мову. Даследчыкі, не маючы пад рукою арыгінала ці верыфікаванага перадруку лацінскага тэксту, змушаныя дагэтуль карыстацца толькі тымі, часам далекаватымі ад арыгінала перакладамі. А гэга іншым разам вядзе да прыкрых памылак i ўсталявання хібных стэрэатыпаў. Таму зразумела, што выданне перакладу лацінскага твора ўжо само па сабе ёсць важкім унёскам у культуру, але для навукоўцаў япгаэ большую вартасць мае адэкватнае ўзнаўленне арыгінала i яго максімальная асветленасць у публікацыі. I такое выданне заўсёды адкрыццё i адметная падзея ў навуковым жыцці.
Публікацыю поўнага збору ўсіх вядомых твораў Яна Вісліцкага, падрыхтаваную Жаннай Кароткай-Некрашэвіч, з поўным правам можна паставіць у адзін шэраг з такімі вызначальнымі падзеямі, як дзвюхмоўныя лацінска-беларускія выданні біяграфічных дакументаў Францішка Скарыны i славутай паэмы Міколы Гусоўскага „Песня пра зубра», якія фактычна вывелі з нябыту дзве найвялікшыя постаці нашай мінуўшчыны. Упершыню пад адною вокладкаю ў кнізе падаецца не толькі беларускі пераклад паралельна з лацінскім тэкстам зборніка Яна Вісліцкага, але i факсімільнае ўзнаўленне яго кракаўскага першадруку 1516 г. Гэта адкрывае шырокія магчымасці для ўсебаковага вывучэння тэксту помніка, яго структуры, мастацкіх асаблівасцяў, зместу i ўплеценых у яго гістарычных рэаліяў.
Выданне забяспечанае грунтоўнай прадмоваю, дзе творчасць Яна Вісліцкага асэнсоўваецца ў кантэксце лацінамоўнай рэнесансавай пісьмовасці Беларусі i ацэньваецца яе асвятленне ў гісторыі літаратуры, разглядаюцца біяграфічныя звесткі пра паэта, разбіраецца структура яго паэтычнага зборніка, нарэшце даецца аналіз самой творчасці. Важна адзначыць, што дзякуючы працам шэрагу літаратуразнаўцаў — А. Мальдзіса, В. Дарашкевіча, У. Мархеля, У. Кароткага, С. Кавалёва — быў пераадолены доўгатрывалы стэрэатып пра чужароднасць іншамоўнай літаратуры ў культурным жыцці Беларусь Развіваючы ix ідэі, аўтарка цалкам слушна робіць выснову не толькі пра арганічную прыналежнасць літаратурных твораў, напісаных беларусамі на іншых мовах, да нацыянальнага літаратурнага працэсу, але i пра ix наватарскую ролю ў гэтым працэсе.
У аглядзе даследаванняў ХІХ-ХХ ст., прысвечаных творчасці Яна Вісліцкага, абгрунтавана даводзіцца, што недаацэнка яго паэзіі ў ранейшых працах польскіх літаратуразнаўцаў вынікала перш за ўсё з неглыбокага пранікнення ў мастацкі свет „Прускай вайны», неадэкватнага разумення спецыфікі рэнесансавай свядомасці i творчай задумы аўтара „Прускай вайны», які імкнуўся не да дакладнай перадачы гістарычных падзеяў, а да ўслаўлення Грунвальдскай бітвы i яе пераможцаў. Тым не менш, менавіта даследаванні польскіх навукоўцаў XIX ст. С Віткоўскага, Б. Кручкевіча, М. Язяніцкага пралілі найбольш святла на біяграфію паэта, якая пасля была часткова ўдакладненая ў працах В. Дарашкевіча. Высветлілася, — i гэта агаворваецца ў прадмове, — што лёс Яна Вісліцкага быў цесна звязаны з Кракаўскім універсітэтам — Alma mater для многіх беларусаў таго часу (згадайма хаця б Францішка Скарыну ці Міколу Гусоўскага). У гэтым універсітэце, дзе, паводле В. Дарашкевіча, Ян Вісліцкі ў 1506 г. здабыў ступень бакалаўра, a затым у 1510 г. — магістра, ён як magister-extraneus у 1510-1512 г. чытаў разнастайныя гуманістычныя курсы паводле Арыстотэля, Эўкліда, Цыцэрона, Альбэрта Вялікага. Зыходзячы з дакументаваных падзеяў кракаўскага перыяду жыцця, перадусім — часу набыцця ступені бакалаўра, даследчыца робіць дапушчэнне пра час нараджэння гуманіста паміж 1485 i 1490 г. На падставе выяўленага Я. Смэрэкам яшчэ ў 1932 г. верша Леанарда Кокса з 1518 г., у якім Ян Вісліцкі ўзгадваецца як жывы, а таксама зыходзячы з аналізу твораў, якія могуць належаць яго пяру ў знойдзеным другім асобніку кракаўскага зборніка, яна абвяргае пануючае дагэтуль меркаванне пра 1516 г. як апошнюю дакументаваную мяжу жыцця паэта i пераносіць дату яго смерці на час пасля 1520 г.
Да апошняга часу лічылася, што творы Яна Вісліцкага захаваліся толькі ў адзіным асобніку ў Ягелонскай бібліятэцы Кракаўскага універсітэта. Безумоўнай заслугай Ж. Кароткай-Некрашэвіч ёсць выяўленне ў бібліятэцы Асалінскіх ва Ўроцлаве i ўвядзенне ў навуковы ўжытак другога асобніка гэтага зборніка, у якім перад тытульным аркушам падшыта некалькі невялікіх твораў, адсутных у паасобніку з Ягелонскай бібліятэкі. Аналізуючы структуру зборніка, яна прыходзіць да думкі, пгго новадкрытыя творы належаць пяру Вісліцкага i з’яўляюцца неад’емнай часткай гэтай структуры. Думаецца, што далейшае вывучэнне i параўнанне абодвух асобнікаў, даследаванне паперы, вадзяных знакаў, асаблівасцяў друку ды іншага прынясе дадатковыя пацвярджэнні на карысць гэтага, цалкам верагоднага меркавання.
На падставе паслядоўнага літаратуразнаўчага аналізу паэмы „Пруская вайна» i параўнання яе з антычнымі першаўзорамі аўтарка трапна вызначае галоўны ідэйна-тэматычны стрыжань твора. Гэта славачутка, вылучаная ў зачыне твора, услаўленне дынастыі Ягайлавічаў, пачынальнік якой здабыў перамогу ў векапомнай Грунвальдскай бітве, а новы прадстаўнік, сучаснік паэта Жыгімонт — у бітве пад Оршаю. У прадмове разбіраюцца таксама i іншыя, меншыя творы Яна Вісліцкага, якія ўвайшлі ў кракаўскі зборнік. Для гісторыкаў будзе цікавым яшчэ аналіз „Оды да караля Жыгімонта», прысвечанай Аршанскай бітве, празаічнай прадмовы i верша „Боскаму Жыгімонту», дзе асвятляюцца пераможныя дзеянні Жыгімонта ў Прусіі ў 1519-1521 г.
Вядома, наколькі складана перадаць у вершаваным перакладзе ўсё хараство арыгінала, асабліва на ўзроўні вобразнай структуры i гукапісу. Яшчэ цяжэй дасягнуць больш-менш адэкватнага ўзнаўлення пры перакладзе са старажытных моваў, дзе пранікненне ў дух твора патрабуе аналізу шэрагу розных значэнняў слова, звароту да шматлікіх лекочных дапаможнікаў, каб знайсці належны адпаведнік, а затым паспрабаваць інтэграваць яго ў вершаваны радок, не парушыўшы пры гэтым памер i захаваўшы мастацкі вобраз, створаны ў арыгінале, а пры гэтым яшчэ i адэкватнымі сродкамі перадаць яго мілагучнасць.
Перакладчыцы ўдалося ўзнавіць без стратаў арыгінальны памер не толькі паэмы, але i іншых вершаў кракаўскага зборніка. Захаванае i патрабаванне эквілінеарнасці — аднолькавай колькасці радкоў у арыгінале i перакладзе. Што да ўзнаўлення вобразнай структуры, то перадаць яе адэкватна, захоўваючы пры гэтым памер арыгінала і нормы мовыадрасата з цяжкасцю ўдаецца толькі адзінкам — майстрам перакладу. Тым не менш беларускі тэкст у многіхмесцах выдатна перадае не толькі рытм, сэнс i логіку арыгінала, але i яго складаныя i насычаныя вобразы. Пераклад часам дэманструе выдатныя моўныя знаходкі як у плане семантычный адпаведнасці, гэтак i ў плане мілагучнасці.
I ўсё ж некаторыя лексічныя адпаведнікі, прапанаваныя аўтаркай, выклікаюць пытанні. Так, падаецца не зусім адпаведным лацінскім Litui i Lithuani пераклад літоўцы. Думаецца, што болыы блізкімі i паводле гучання i паводле значэння былі б беларускія варыянты літвы і літвіны. Першы з ix ужываўся Мацеем Сгрыйкоўскім, у тым ліку і пры перакладзе адпаведнай лацінскай формы. Другі фігураваў як саманазоў грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага i ў пісьмовых крыніцах стала суадносіўся з лацінскім Lithuani. Азначэнне літоўцы, відаць, пазнейшага паходжання i больш пашыраным было ў Маскоўскай дзяржаве ў адносінах да жыхароў ВКЛ. Апрача таго, у наш час яно асацыюецца толькі з жыхарамі сённяшняй Літвы, што не адпавядае сэнсу, у якім ужываў яго Ян Вісліцкі i яго сучаснікі. Магчыма, што на выбар перакладчыцай менавіта такой формы паўплывала прынятая ёю тэза пра „першапачатковы ваенны захоп літоўскімі (балцкімі, паводле яе разумення. — А. Ж.) князямі беларускіх земляў» (59). Тэза, нягледзячы на выказаны даследчыцай аптымізм, яшчэ далека не даведзеная. Прынамсі, у творах Яна Вісліцкага, як i ў іншых пісьмовых крыніцах, пра падобны захоп нічога не паведамляецца.
На належным узроўні выкананая транскрыпцыя лацінскага тэксту i каментары да яго. Выклікае сумненне толькі транскрыбаванне лацінскага i перад наступнай галоснай як j, якое не ўжываецца ў арыгінале. Больш за тое, сучасныя правілы выдання лацінскіх тэкстаў рэкамендуюць устрымлівацца ад выкарыстання гэтай літары i асабліва ў тых выпадках, калі яна не прадстаўленая ў самой крыніцы. Добра было б таксама даць беларускі пераклад маргіналіяў.
Паэтычнае ўзнаўленне „Прускай вайны», выкананае Жаннай Кароткай-Некрашэвіч, ускрывае праблему, якая пры павелічэнні колькасці тэкстаў, перш за ўсё перакладных, дзе фігуруюць антычныя персанажы, больш ці меншвядомыя, можа стаць надзвычай сур’ёзнай. Гэта пытанне адэкватнай перадачы лацінскіх i старагрэцкіх уласных назваў i тэрмінаў на беларускую мову. Сёння, на бяду ці на шчасце, колькасць памянёных тэкстаў на нашай мове, у параўнанні з суседзямі, нязначная. I гэтае становіпгча дае спрыяльную магчымасць выпрацаваць больш паслядоўныя правілы такой перадачы. Адсутнасць у беларускай моўнай практыцы аднастайнай сістэмы напісання антычных запазычанняў выявілася i ў перакладзе „Прускай вайны». Часам адно i тое ж уласнае імя ў ім перадаецца па-рознаму. Напр.: Ксанф i Ксант — лац. Xanthus, Вяргілій i Вергілій — лац. Vergilius.
Неўнармаванасць перадачы гучання лацінскіх t, d neрад галоснымі i, e, у выўляецца ў перакладзе ў тым, што адзін i той жа гук у аднолькавай пазіцыі можа або змякчацца, або захоўвацца цвёрдым: герундый (44), Адысея (70), але Авідзій (35), Клаўдзіян (36) — лац. genindium, Odyssea, Ovidius, Claudianus; Стэнтар, Тэгеец, Тэрпсіхора (222), але Арыстоцель (22) — лац. Stentor, Tegeaeus, Terpsichore, Aristoteles.
Складанасці ўзнікаюць i пры перадачы грэцкага Ө (лац. th), які гучаў i гучыць сёння ў новагрэцкай мове прыкладна як англійскае th у слове thin, a граматыкамі апісваўся як зубны прыдыховы гук. Знак для перадачы гэтага адмысловага гуку быў у старым кірылічным алфавіце, а пасля скасавання гэтага знака ён няслушна стаў пазначацца літарай ф. Вынік гэтага маем у напісаннях тыпу Фівы, Афіны, унесеных у беларускія слоўнікі, мабыць, не без уплыву расійскага вымаўлення, хоць, калі быць паслядоўнымі, мы павінны былі б пісаць Тэбы, Атэны — лац. Thebae, Athenae. Гл. таксама ў перакладзе: Бырысфен (216), але Тэспіяды (223) — лац. Borysthenes, Thespiades.
У тэксце „Прускай вайны» шмат лацінізаваных грэцкіх тапонімаў i антрапонімаў. Традыцыйнае лацінскае вымаўленне ў адрозненне ад класічнага замяняе гучанне к [к] перад галоснымі i, ε, η, υ у гэтых запазычаннях з грэцкай на [ц]. У перакладзе, можа, больш адпаведным было б падаваць не лацінскае, а ўзнаўляць першапачатковае грэцкае вымаў ленне: не цымбры, цымярыйцы, цынтыец, Цыра (224), Фацыда (223), a кімбры, кімэрыйцы, кішпый, Kipa, Факіда.
Яшчэ адна цяжкасць паўстае пры перадачы лацінскіх ненаціскных о, е, калі па-беларуску ў гэтай пазіцыі паводле сённяшніх арфаграфічных правілаў павінна было б дейнічаць аканнеяканне. Так у перакладзе побач з больш частаю формаю Вергілій (36 ды інш.) сустракаем i варыянт Вяргілій (35), а таксама Непт, Пелід (220), але Няптун (116); Длос (217), Мінос (219), але Стнтар (222). Магчыма, часткова вырашыць праблему можна было б, паслядоўна перадаючы лацінскае е беларускім э, не змякчаючы папярэдняга зычнага (апрача пазіцыі пасля зычных l i g), напр. Вэргілій, Нэпот, Пэлід, пар. у перакладзе Карнэлій (222).
Цяжкасці з перадачай антычных онімаў і тэрмінаў па-беларуску, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі, патрабуюць прыняцця, хаця б канвентуальна, нейкіх агульных прынцыпаў такой перадачы i паслядоўнага ix ужывання.
Выказаныя разважанні i сумненні, якія ўзніклі пры чытанні кнігі, сведчаць адно пра высокую вартасць яе падрыхтоўкі. Безумоўна, дзякуючы працы Жанны Кароткай-Некрашэвіч навуковая грамадскасць i паспаліты чытач атрымалі цудоўны твор нашай старой літаратуры пра выдатную падзею мінуўшчыны — Грунвальдскую бітву, забяспечаны якасным навуковым апаратам. Шкада толькі, што кніга выдадзеная мізэрным як для такога твора накладам — 200 паасобнікаў, i ўжо ад моманту свайго з’яўлення сталася бібліяграфічным рарытэтам.
Мінск
Алесь Жлутка