Васіль Варонін. Рака Бярэзіна як мяжа паміж „Руссю» і „Літвой»
(да гісторыі геаграфічных уяўленняў ва Ўсходняй Еўропе)
Сярод праблем гістарычнай геаграфіі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага i іншых зямель (далей — ВКЛ) пытанне аб геаграфічных межах дзвюх найбуйнейшых яго складовых частак — Літвы i Русі — займае, бадай, найважнейшае месца. На праблеме адмыслова спыняліся такія прызнаныя спецыялісты ў галіне гісторыі ВКЛ, як М. Любаўскі[1], А. Халецкі[2], Е. Ахманьскі[3], В. Насевіч i M. Спірыдонаў[4]. Важнасць пытання не абмяжоўваецца адным толькі геаграфічным аспектам. Яго вырашэнне звязана таксама з гісторыяй міжнародных адносінаў i знешняй палітыкай (асабліва што датычыцца змагання ВКЛ з Масквой за „рускія землі»), канфесійнай, этнічнай гісторыяй, гісторыяй права. У сувязі з гэтым азначанае пытанне так ці інакш закраналі многія даследчыкі. Артыкул не ставіць сваёй мэтай разгляд i вырашэнне ўсёй гэтай складанай і, трэба прызнаць, заблытанай праблемы. Ён прысвечаны толькі аднаму са шматлікіх яе аспектаў. У шэрагу гістарычных крыніц у якасці мяжы паміж Руссю i Літвой выступав рака Бярэзіна (правы прыток Дняпра[5]). Да апошняга часу гэты факт спецыяльна не разглядаўся i, адпаведна, здавальняльнага тлумачэння не атрымаў. Неабходнай умовай вырашэння праблемы з’яўляецца як мага больш поўны збор i сістэматызацыя фактычнага матэрыялу. Таму ад самага пачатку — ad fontes.
Перш за ўсё трэба зазначыць, што Бярэзіна, досыць буйная рака, даволі часта фігуруе ў разнастайных гістарычных крыніцах як арыенцір пры апісанні рознага кшталту падзей i здарэнняў, межаў i г.д. Аднак мы будзем улічваць толькі тыя факты, дзе рака выразна i бясспрэчна выступае ў якасці мяжы паміж тэрыторыямі пад назвай „Русь» i „Літва».
Самая ранняя з шэрагу гэтых крыніц — хроніка Яна Длугаша. У геаграфічнай яе частцы, так званай Хараграфіі, пры апісанні Дняпра i яго прытокаў наўпрост адзначана: „рака Бярэзіна аддзяляе Літву ад зямель Русі» („fluvius Brzezina Lithwaniam a tenis Russie dividit»)[6]. У аўтографе хронікі цытаваны фрагмент дапісаны на палях почыркам, сучасным почырку Длугаша[7].
Праўда, згодна з меркаваннем Е. Ахманьскага, у дадзеным выпадку Длугаш мог мець на ўвазе не дняпроўскую, а нёманскую Бярэзіну, прыняўшы адну аднайменную раку за другую. Ён звярнуў увагу на тое, што, пералічваючы прытокі Дняпра, храніст згадаў i апісаў Бярэзіну двойчы, прычым па-рознаму, i гэта можа быць ацэнена як доказ яго недастатковай дасведчанасці[8]. Прыведзеная Е. Ахманьскім аргументация не выглядае, аднак, такой пераканаўчай[9].
Даследаванні паказалі, што Хараграфія спачатку пісалася як асобны твор i толькі недзе на апошнім этапе была далучана Длугашам да яго манументальнай хронікі[10]. Яна перапісана рукой аднаго перапісчыка i на паперы, якая адрозніваецца ад паперы асноўнай часткі хронікі[11]. Устаўка пра Бярэзіну, зробленая ў адзін час ca стварэннем аўтографа твора, напісана не непасрэдна Длугашам, а адным з капіістаў яго хронікі. Такіх выпадкаў у аўтографе нямала[12], таму цяжка меркаваць, загадаў зрабіць гэтую дапіску сам Длугаш (у аўтографе, дарэчы, сустракаюцца i яго ўласнаручныя прыпіскі) ці гэта была ініцыятыва некага іншага. Аднак, згодна з назіраннямі В. Сэмковіч-Зарэмбінай, прыпіскі на палях хронікі рабіліся ў прамежку паміж 1470 i 1478 г.[13] У любым выпалку, падаецца малаверагодным, каб ix уносілі пасля смерці Длугаша (1480). Дадзеная частка Хараграфіі не была канчаткова дапісана і адрэдагавана. Яна ўтрымлівае нямала пропускаў слоў i цэлых выразаў; некаторыя звесткі i фразы не ўзгоднены паміж сабой i стылістычна, i сэнсава. Тыя асобныя хібы, на якія слушназвярнуў увагу Е. Ахманьскі, могуць быць вытлумачаны не столькі блытанымі геаграфічнымі ўяўленнямі Длугаша, колькі незавершанасцю яго працы[14].
Паводле меркавання Ст. Александровіча, Ян Длугаш мог атрымліваць геаграфічныя звесткі пра ВКЛ ад дзвюх груп інфарматараў. Гэта былі, па-першае, выхадцы з тамтэйшых зямель, якія служылі пры каралеўскім двары i вучыліся ў кракаўскім універсітэце, а па-другое — палякі, якія падоўгу жылі ў спадчынным уладанні Ягелонаў[15].
Другая вядомая нам згадка пра Бярэзіну храналагічна вельмі блізкая да першай. Пад 1481/1482 (6990) годам, распавядаючы пра вядомую змову ўдзельных князёў супраць Казіміра Ягелончыка, рускі летапісец занатаваў: „бысть мятежь въ Литовской земле: восхотеша вотчичи, Олшанскои, да Оленковичь, да князь Федоръ Белскои по Березыню реку отсести на великого князя Литовской земли…»[16]. Як вынікае з крыніцы, князі хацелі адарваць ад ВКЛ („Літоўскай зямлі» летапісу) усе яго „рускія землі» і далучыць ix да ўладанняў Івана III. Звестка пра Бярэзіну трапіла да рускага летапісца, хутчэй за ўсё, з атачэння князя Фёдара Бельскага — адзінага са змоўшчыкаў, якому ўдалося выратавацца ўцёкамі ў Маскву.
3 прыведзеных фактаў відаць, што ўяўленне пра Бярэзіну як пра мяжу паміж „Руссю» i „Літвой» у другой палове XV ст. было распаўсюджана ў ВКЛ, адкуль пра яго i даведаліся ў суседніх Польшчы i Маскоўскай Русі. Адметна таксама, што ўжо адна з самых першых згадак пра Бярэзіну як пра мяжу аказалася шчыльна звязанай з узаемаадносінамі паміж ВКЛ i яго ўсходняй суседкай. Акурат у гэты час (на мяжы 70-80-х гг. XV ст.) вялікі князь маскоўскі Іван III адкрыта выказаў прэтэнзіі на ўсю Русь i прыняў адпаведны тытул — „государь всея Руси». Хоцьспецыялісты i разыходзяцца ў дакладным датаванні гэтай надзвычай важнай палітычнай заявы маскоўскага манарха, але не прынцыпова. С. Каштанаў лічыць яе непасрэдным вынікам падпарадкавання Ноўгарада[17], падобна У. Кучкін адносіць пачатак выкарыстання Іванам III новага тытула ў актах, датычных Паўночнай Русі, да 1479 г., а ва ўсіх астатніх — да 1485 г.[18], A. Зімін — да чэрвеня 1485 г.[19], В. Пэльц — да ліпеня 1482 г.[20] Як бы там ні было, але ў сваім лісце, пасланым з Рыгі 11 сакавіка 1478 г., інфлянцкія немцы даносілі вялікаму магістру Тэўтонскага ордэна, што Іван III прад’явіў Казіміру Ягелончыку прэтэнзіі на „землі: Полацкую, Смаленскую, Віцебскую i ўсе іншыя рускія землі, якія належаць да Вялікага Княства Літоўскага» („lannde Ploszkow, Smalentszke, Vitenbecke etc. unnd alle andere Reussche lande, dy under dem groszforstenthum zcu Littouwen seyn gesessen»)[21]. Дата паслання не пакідае сумненняў у тым, што абвяшчэнне вялікім князем маскоўскім гэтых прэтэнзій было звязана з канчатковым падпарадкаваннем ім Вялікага Ноўгарада — пра гэтую падзею, дарэчы, таксама ідзе гаворка ў лісце.
Наступны блок звестак пра пагранічную ролю Бярэзіны звязаны якраз з пачаткам (ці, хутчэй, аднаўленнем) адкрытага ваеннага супрацьстаяння Масквы i Вільні на пераломе XV i XVI ст.
Варта адзначыць, што згадкі пра Бярэзіну ў сувязі з пачаткам вайны 1500-1503 гг. сустракаюцца ў крыніцах (пераважна ў летапісах i хроніках) даволі часта. Паколькі прасочваецца ix узаемная залежнасць, паспрабуем аднавіць ix „генеалогію», каб у далейшым не прыводзіць увесь пералік твораў, a аддаваць перавагу крыніцы, якая ўтрымлівае першасную інфармацыю.
Пад памылковым 1499 г. звестка чытаецца ў кампілятыўным помніку XVII ст. — Густынскім летапісе. У якасці крыніц інфармацыі яго аўтар наўпрост назваў творы Аляксандра Гваньіні i Марціна Бельскага[22]. Паведамленне сапраўды чытаецца ў „Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А. Гваньіні[23]. У першым (1551), другім (1554) i трэцім (1564) выданнях хронікі М. Бельскага (1495-1575) адпаведных згадак пра Бярэзіну няма. Мы знаходзім ix толькі ў чацвёртым выданні, якое прызнаецца супольным творам бацькі i сына Марціна i Яўхіма Бельскіх[24] i выйшла ў свет у 1597 г.[25] У сваю чаргу, рыхтуючы гэтае апошняе выданне, Я. Бельскі (каля 1550-1599) запазычыў інфармацыю з хронікі М. Сгрыйкоўскага, якая пабачыла свет у 1582 г.[26] Зрэшты, звестка А. Гваньіні таксама ўзыходзіць да хронікі Сгрыйкоўскага — ці непасрэдна, ці праз чацвёртае выданне хронікі M. Бельскага[27]. Няма ніякіх сумненняў і ў тым, што менавіта на хроніку M. Сгрыйкоўскага абапіраўся ў адпаведнай частцы сваёй працы аўтар „Хронікі Літоўскай i Жамойцкай»[28]. Увогуле, шырокае выкарыстанне аўтарам „Хронікі Літоўскай i Жамойцкай» твора M. Стрыйкоўскага — даказаны факт[29]. Яго надзвычай яскрава ілюструе i наш фрагмент беларуска-літоўскага летапісу, які з’яўляецца амаль што даслоўным перакладам паралельнага ўрыўка хронікі М. Сгрыйкоўскага. Аднак паведамленне Сгрыйкоўскага таксама не арыгінальнае. Яно запазычана ці з хронікі Бернарда Вапоўскага[30], ці з хронікі Марціна Кромера[31]. Абодва творы М. Сгрыйкоўскі вельмі добра ведаў i неаднакроць на ix спасылаўся. Нельга не заўважыць таксама тэкставых супадзенняў хронікі Марціна Кромера i каментара Сганіслава Гурскага да „Актаў Таміцкага»[32]. Напэўна, Кромер запазычыў матэрыялы для свайго апублікаванага ўпершыню ў 1555 г. твора з рукапісных нататак свайго старэйшага сучасніка — Гурскага. Ведаў Кромер i хроніку Вапоўскага[33].
Такім чынам, найважнейшыя першакрыніцы для нас — хроніка Вапоўскага, каментар Гурскага i (у меншай ступені) хроніка Кромера. Адразу трэба падкрэсліць, што ўсе трое былі людзьмі надзвычай добра інфармаванымі ў дзяржаўных, у тым ліку знешнепалітычных справах, мелі доступ да дыпламатычнай перапіскі i міжнародных дагавораў, якія зберагаліся ў дзяржаўных архівах. Дастаткова сказаць, што Б. Вапоўскі (каля 1470-1535) быў сакратаром Жыгімонта I Сгарога, М. Кромер (каля 1512-1589) — сакратаром Жыгімонта II Аўгуста, а Ст. Гурскі (каля 1497-1572) — сакратаром каралевы Боны, фактычным складальнікам i рэдактарам фундаментальнага збору дакументаў першай паловы XVI ст., вядомага пад назвай „Акты Таміцкага» („Actą Tomiciana»).Галоўным аб’ектам серыі войн, якія вялі паміж сабой на працягу апошняга дзесяцігоддзя XV i першых сарака гадоў XVI ст. Масква i Вільня, сталі, як вядома, „рускія» землі ВКЛ. Вайну 1500-1503 гг. вялікі князь маскоўскі Іван III распачаў менавіта пад сцягам барацьбы за вяртанне пад сваю ўладу „ўсёй Русі». У сувязі з пачаткам гэтай вайны Б. Вапоўскі занатаваў у сваей хроніцы пад 1500 годам, што Іван III пачаў вайну з ВКЛ, „абвяшчаючы, што рака Бярэзіна … з’яўляецца мяжой маскавіцкай дзяржавы» („asserens Beresinam amnem … imperil Moscovitani esse terminum»)[34]. Яшчэ больш выразна на гэты конт выказаўся Ст. Гурскі. Паводле яго слоў, пачынаючы вайну са сваім зяцем, вялікім князем літоўскім Аляксандрам, Іван III „выдумаў [сабе] панаванне над усёй Русею аж да ракі Бярэзіны — як яму хацелася бачыць, паводле колішняга дзедаўскага i прадзедаўскага права» („Russie totius dominatum flumine tenus Beresina, avito quondam et proavito, ut videri volebat, jure fingebat»)[35]. Такім чынам, Б. Вапоўскі i асабліва Ст. Гурскі непарыўна звязвалі „з’яўленне» гэтай новай уяўнай мяжы з прэтэнзіямі Івана III на ўсе рускія землі, якія ён абгрунтоўваў вядомай вотчынна-дынастычнай тэорыяй.
Пад 1506 г. Бернард Вапоўскі занатаваў, што калі кароль Аляксандр незадоўга да смерці загадаў скласці тэстамент, гэтым дакументам ён перадаваў усе свае скарбы малодшаму брату Жыгімонту i быццам бы „прызначыў яго пераемнікам у найвялізнейшым Літоўскім княстве па гэты i па той бок Барысфена» („eum in amplissimo Lituanie ducatu citra et ultra Boristenem successorem designavit»)[36]. Нягледзячы на тое, што такіх дэталяў у тэстаменце Аляксандра на самай справе няма[37], яго інтэрпрэтацыя Вапоўскім надзвычай паказальная i сімптаматычная. Сваім цытаваным выказваннем храніст, відавочна, хацеў падкрэсліць, што Аляксандр перадаўЖыгімонту як уласна Літву, так i рускія землі ВКЛ, мяжой паміж якімі быў Барысфен, г. зн. Бярэзіна. Справа ў тым, што насуперак болынасці еўрапейскіх географаў эпохі Адраджэння Б. Вапоўскі лічыў, быццам Барысфен антычных аўтараў — гэта не Днепр, a Бярэзіна[38]. Той самай думкі прытрымліваўся, дарэчы, i яго сучаснік, славуты дыпламат i падарожнік С. Герберштэйн[39].
Новы блок звестак пра памежную ролю Бярэзіны звязаны з чарговай вайной паміж суседнімі дзяржавамі, якая выбухнула ў 1512 г. Наўгародскі летапісец занатаваў, што восенню таго ж 1512 г. Васіль III хадзіў пад Смаленск „в Литовскую землю», a сваіх ваявод паслаў пад Полацк, Віцебск, Оршу, Мсціслаў, Крычаў i пад многія іншыя гарады, да Кіева паслаў заставу, ваяваў восень i зіму, але ніводнага горада не ўзяў, „хотя на другии годъ пойти со всемъ воевати техъ городовъ по реку Березыню»[40]. (У дужках зазначым, што ў Маскве „Літоўскай зямлёй» вельмі часта называл! ўсю дзяржаўную тэрыторыю заходняга суседа.) 3 прыведзенага фрагмента відаць, што паход, здзейснены Васілём III у 1512 г. на Смаленск, Полацк, Віцебск і іншыя гарады, i запланаваная ім на 1513 г. выправа да Бярэзіны былі шчыльна звязаны з яго планамі авалодання „ўсёй Руссю» — Васіль III падкрэслена названы ў летапісе „вялікім князем усёй Русі».
Відаць, вялікі князь маскоўскі шырока абвясціў свае планы заваявання зямель ВКЛ да Бярэзіны. Прынамсі, пра ix было добра вядома пры двары Жыгімонта I. Так, Ёст Людвік Дэцый заўважыў, што пасля ўзяцця летам 1514 г. Смаленска Васіль III загадаў сваёй арміі прасоўвацца да Бярэзіны, дзе стаяла лагерам каралеўскае войска[41], — гэта значыць, ураён Барысава. Toe самае адзначыў Ст. Гурскі: „Маскавіты, як было загадана, прыйшоўшы да ракі Бярэзіны, прывялі сваё войска пад каралеўскі лагер» („Mości, ut jussum erat, ad fluvium Beresinam pervenientes, exercitum suum sub castra regia admoverunt»)[42]. Пра згаданыя падзеі 1514 г. Б. Вапоўскі запісаў наўпрост: Васіль III „паслаў усё войска для спусташэння ў Літву, аж да ракі Бярэзіны, [і] даводзіў, што яна з’яўляецца мяжой яго дзяржавы з паўднёвага боку» („Inde omnem exercitum ad depopulandam Lithuaniam misit, ad Beresinam usque amnem, quern Imperil sui terminum a meridie esse astraebat»)[43]. Цалкам верагодна, дарэчы, што выбар ваколіц Барысава для каралеўскага ваеннага лагера, які павінен быў абараняць усходнія межы ВКЛ, прынамсі часткова быў абумоўлены веданнем таго, што войскі Васіля III будуць накіроўвацца менавіта да Бярэзіны, на якой i стаіць горад.
Пераможная рэляцыя з нагоды Аршанскай бітвы, накіраваная Жыгімонтам I папу рымскаму Льву X з-пад Барысава 18 верасня 1514 г., зноў утрымлівае прамыя ўказанні на спецыфічную ролю Бярэзіны. Пры выкладанні перадгісторыі бітвы Жыгімонт I гаворыць пра намер вялікага князя маскоўскага ўзяць Смаленск, i што „ўсю Чырвоную Русь свайго схізматыцкага абрада, якая знаходзіцца пад маім панаваннем, ён можа ў мяне адабраць» („totam Rubeam Russiam sui scismatici ritus, que ditionis mee est, mini eripere posset»). У тым самым лісце Жыгімонт сцвярджаў: узяўшы Смаленск, Васіль III быў перакананы ў тым, што лёгка зможа заваяваць i іншыя ўладанні Ягелона, „і таму загадаў свайму войску ісці супраць мяне аж да ракі Бярэзіны» („Progredi itaque adversus me suum exercitum usque ad fluvium Beresinam mandavit»)[44]. Складальнік ліста з каралеўскай канцылярыі, відавочна, лічыў усю вобласць на ўсход ад Бярэзіны разам ca Смаленскам Чырвонай Русею. У сувязі з гэтым цікава адзначыць, што менавіта за гэтымі землямі праз не такі ўжо доўгі час — менш як праз стагоддзе — замацуецца назва „Белая Русь»[45].
Увогуле, у Польшчы напрыканцы XV i на пачатку XVI ст. было пашырана перакананне, паводле якога Русь падзялялася на дзве часткі — Белую i Чырвоную. Менавіта гэта сцвярджаў у сваіх нататках з 1494 г. выкладчык Кракаўскага універсітэта Ян з Глагова: „Russia dividitur in Albam et Rubeam»[46]. (Тут да месца будзе згадаць той факт, што з 1490 г. Ян з Глагова апекаваўся князем Янушам Галыііанскім — студэнтам Кракаўскага універсітэта[47].) Аўтар (ці аўтары) прынамсі двух дакументаў, складзеных у 1504 г. у каралеўскай канцылярыі ў Кракаве, адназначна звязваў Белую Русь з уладаннямі вялікага князя маскоўскага[48]. У такім выпадку, як вынікае з цытаванага ліста 1514 г., Чырвоная Русь размяшчалася ў межах ВКЛ на захад ад маскоўскай мяжы i даходзіла, магчыма, да Бярэзіны — мяжы з „Літвой».
Пра тое, што планы Васіля III наконт заваявання зямель да Бярэзіны былі добра вядомы не толькі ў ВКЛ, але ўжо таксама i за яго межамі, сведчаць i іншыя матэрыялы. Напрыклад, у „адпісцы» маскоўскага пасла ў Прусію Івана Харламава, пасланай з Мемеля i дастаўленай у Маскву 27 лістапада 1519 г., сярод іншага, адзначалася: „А вилновцы, государь, купцы, которые въ неметцкихъ городкехъ, и те сказываютъ, что твои государские воеводы Литовскую землю воевали, а ходили по Березыню…»[49]. У дадзеным выпадку варта яшчэ раз звярнуць увагу на шлях распаўсюджання навін — праз гандляроў.
Тэма Бярэзіны прагучала на мірных перамовах у Маскве 9 верасня 1522 г., калі маскоўскія баяры, гаворачы пра размежаванне зямель, i ў першую чаргу пра аддзяленне Смаленшчыны, прапанавалі „рубежъ учинити Смоленску Пречистаа на Взрубе, а за рекою бы за Днепромъ рубежъ учинити Березыня далняя за Клементиемъ святымъ»[50].
У далейшым азначаная тэма стала амаль што традыныйнай на перагаворах у Маскве, прысвечаных заключэнню чарговага перамір’я з ВКЛ. Так, 22 студзеня 1549 г. маскоўскія баяры зноў заявілі паслам суседняй дзяржавы: „а ведомо, панове, и вамъ гораздо, что предки государя нашего все теми городы владели, да и Киевомъ и Волынью, и Полтескомъ, и Витебскомъ, и всеми городы русскими, а рубежъ былъ темъ городомъ съ Литовской землею по Березыню»[51]. Праз два дні дзеля заключэння мірнага пагаднення яны, аднак, адмовіліся ад гэтых сваіх прэтэнзій[52]. У дадзеным выпадку кідаецца ў вочы, што баяры ўжо спасылаліся на пагранічную функцию Бярэзіны, указваючы пры гэтым на тое, пгго прадстаўнікам ВКЛ гэтая акалічнасць i без таго выдатна вядомая. I гэта было, відаць, сапраўды так. Прынамсі, на перагаворах у Маскве, колькі ix ні было, паслы ВКЛ ні разу не аспрэчыл! ролю Бярэзіны як мяжы, якая аддзяляе гістарычную „Русь» ад „Літвы».
Сутыкненне ВКЛ (пазней Рэчы Паспалітай) з Масквой у Інфлянцкай вайне прынесла чарговую хвалю дыпламатычных спрэчак, пад час якіх неаднаразова згадвалася Бярэзіна. Напрыклад, у „извещении», дадзеным Іванам Жахлівым сваім баярам для перагавораў з паслом ВКЛ Юрыем Хадкевічам 11 снежня 1563 г., зноў былі выказаны тэрытарыяльныя прэтэнзіі на „Русь», i сярод іншага: „от смоленского рубежа по Березыню, и Киева со всеми городы, что из старины к нему было…». Аднак у выніку буйных ваенных перамог апетыты Масквы раслі, i сярод гарадоў, якіх дамагаўся Іван Жахлівы, пералічаных тады ж, былі згаданы ўжо i Лагойск, i Менск, i Слуцк, i Капыль, i Кобрын, i Бярэсце, i нават Коўна[53]. Гэта было новае слова новастворанага царства, i гэтае слова каранным чынам мяняла ранейшы погляд кіраўнікоў яго знешняй палітыкі на сферу ўплываў ix дзяржавы, у тым ліку i на заходнюю мяжу Русі. Аднак, нягледзячы на гэта, роля Бярэзіны не была канчаткова забыта. У далейшым яна неаднаразова згадвалася на перагаворах у Маскве, у тым ліку 13 снежня 1563 г.[54], 9 чэрвеня 1566 г.[55] i г.д. Добра ведалі пра гэты факт i ў шырокіх колах грамадства. У прыватнасці, пра намер Івана Жахлівага прасунуць свае межы на захад да Бярэзіны ідзе гаворка ў „Апісанні Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні[56].
Пытанне ўздымалася на міждзяржаўных перагаворах i пасля заканчэння Інфлянцкай вайны. Так, у 1591 г. прадстаўнікі маскоўскага двара, як i раней, патрабавалі, каб цяпер ужо кароль Жыгімонт III Ваза цару Фёдару Іванавічу „поступился искони вечные вотчины государя нашего прородителей: Киева и Волыни и Подолья и Полотцка и Витепска и смоленскихъ пригородовъ по Березыню»[57]. Як бачым, адзін з ключевых элементаў вотчынна-дынастычнай тэорыі маскоўскіх Рурыкавічаў — прэтэнзіі на „ўсю Русь» — пратрываў да апошняга прадстаўніка гэтай дынастыі.
Здавалася б, з выгасаннем роду Рурыкавічаў на маскоўскім троне гэтыя прэтэнзіі страчвалі ўсялякую сілу i сэнс. Раманавы з-за свайго паходжання ўжо не маглі заяўляць, што ўсе „рускія» землі, у тым ліку i ў Рэчы Паспалітай, павінны належаць ім. Аднак на практыцы атрымалася па-іншаму. Расійскія манархі не адмовіліся ад сваіх старых прэтэнзій i не перасталі згадваць пра тое, што Бярэзіна павінна стаць заходняй мяжой ix дзяржавы.
Пытанне зноў паўстала ўжо ў першыя гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг., калі шалі схіліліся на бок першай. Артыкул 19 расійскіх прапаноў аб заключэнні „вечнага спакою i міру» з Рэччу Паспалітай, пададзеных 30 студзеня 1657 г. паслом А. Лапухіным, сцвярджаў, што „царь его милость не хочеть болши уступить, толко по Березу реку»[58].
Цікава, што ўлады Рэчы Паспалітай у тую пераменлівую эпоху таксама вырашылі пусціць у гульню гэтую карту. 7 сакавіка 1672 г. казацкі гетман Дзям’ян Мнагагрэшны адказваў маскоўскаму паслу Аляксандру Панееву: „Да и королевское де величество имъ, войску запорожскому, если бъ подъ его королевскою рукою быть похотели, будетъ радъ, и ныне призываетъ и поступаетца имъ прямой своей королевского величества вотчины малоросииского краю и по Слуцкъ городъ да по Березу реку со всеми городами и землями и волностми, толко бъ слыли его королевские»[59].
Складальнікі гарадской хронікі Магілёва, распавядаючы пра мільённыя даўгі, якія набраў урад Рэчы Паспалітай пад час Паўночнай вайны 1700-1721 гг. у расійскіх цывільных i вайсковых улад, заўважылі: „Тых мільёнаў i цяпер Масква ўпамінаецца ў палякаў на соймах, а праз тое i соймы часта не даходзяць, i таму даўно ўжо носіцца рэха, што Масква па Бярэзіну хоча ад’ехаць Рускага краю» („Tych millionow у dopiero Moskwa się upomina u polakow po seymach, a przez со у seymy często nie dochodzą, у stąd iuż dawno echo nosi się, że po Berezyn Moskwa chce odiechac Ruskiego kraiu»)[60]. Паводле назіранняў М. Улашчыка, гэты фрагмент хронікі быў напісаны паміж 1709 i 1747 гг.[61]
Некалькі разоў — праўда, не вельмі выразна — Бярэзіна выступае як мяжа ў геаграфічных працах В. Тацішчава[62]. 3 ix тым не менш можна зразумець, што славуты расійскі вучоны звязваў яе ўзнікненне з часамі Огаражытнай Русі.
У літаратуры рабіліся спробы — праўда, без дэталёвага вывучэння фактычнага матэрыялу — даць адказ на пытанне пра час узнікнення бярэзінскай мяжы. Э. Зайкоўскі выказаў гіпотэзу, згодна з якой гістарычныя вобласці Беларусі (Белая Русь, Літва, Палессе, Панізоўе, Падляшша) бяруць свой пачатак яшчэ ад археалагічных культур жалезнага веку. 3 указанай эпохай ён звязаў i складванне мяжы па Бярэзіне: у пачатку нашай эры прыблізна па гэтай рацэ праходзіла ўсходняя мяжа культуры штрыхаванай керамікі[63]. Такое датаванне падаецца занадта раннім. Калі мяжа існавала ўжо ў жалезным веку, незразумела, чаму яна зусім не прасочваецца ў старажытнарускія часы.
Больш стрыманы ў сваіх высновах Ян Якубоўскі. Абапіраючыся на летапісны матэрыял, ён выказаў асцярожнае дапушчэнне, паводле якога Бярэзіна аддзяляла землі, падкантрольныя Свідрыгайлу, ад уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча ў эпоху ix ваеннага супрацьстаяння ў 30-я гг. XV ст.[64] Праўда, Я. Якубоўскі наўпрост не атаясамліваў гэты тэрытарыяльны падзел з падзелам згаданых зямель на „Русь» i „Літву».
Ежы Ахманьскі хоць рашуча i не выказаўся адносна бярэзінскай мяжы, аднак, відаць, быў схільны лічыць часамяе ўзнікнення эпоху вялікага князя Міндоўга, усходняй мяжой уладанняў якога, на думку даследчыка, яна магла з’яўляцца[65].
Па-за ўвагай гісторыкаў чамусьці засталося надзвычай цікавае i важнае для праблемы паведамленне М. Сгрыйкоўскага. Яно было запазычана (фактычна даслоўна перакладзена, прычым з недакладнасцямі i нават памылкамі) аўтарам „Хронікі Літоўскай i Жамойцкай»[66]. Сгрыйкоўскі, распавядаючы пра падзел вялікім князем літоўскім Гедымінам сваіх уладанняў паміж сынамі, запісаў наступнае. Гедымін быццам бы надаў „Альгерду Крэва замак, дзяржава якога распасціралася аж да Бярэзіны ракі, ідучы на ўсход сонца; a што меў Альгерд мяжу з князем рускім віцебскім, ажаніўся з яго адзінай дачкой, імя якой было Ульяна, за якой таксама ўзяў у пасагу ўсё Віцебскае княства, якое ў той час распасціралася ад Бярэзіны ракі аж да Вугры ракі ў Маскве…, а так Альгерд у той час ад Крэва i Віцебска аж да Вугры на княствах удзельных i венаваных шырока панаваў» („Olgerdowi Krewo zamek, ktorego się państwo sciagało aż do Berezyny rzeki ku wschodu słońca idąc. A iż miał Olgerd granicę z kniaziem Ruskim Witebskim, pojął u niego córkę iedynaczkę imieniem Ulianę, po ktorey też wziął w possagu wszystko xięstwo Witebskie, które się w ten czas ściągało od Berezyny rzeki aż do Juhry rzeki w Moskwi… A tak Olgerd w ten czas od Krewa у Witebska aż do Juhri na xięstwach udzielnych i wianowanych szeroko panował»)[67].
Гэты сюжэт аб вылучэнні Гедымінам удзелаў сваім сынам добра вядомы па беларуска-літоўскім летапісанні i запазычаны, безумоўна, з „Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Аднак ніводны з вядомых на сённяшні дзень летапісных зводаў, за выключэннем „Хронікі Літоўскай i Жамойцкай», не мае такіх падрабязнасцяў — у тым ліку i пра Бярэзіну. Таму найбольш верагодным аўтарам гэтай пашыранай версіі апавядання пра Гедымінавых сыноўтрэба лічыць, відаць, самога М. Стрыйкоўскага. Увогуле, у ёй надзвычай яскрава прасочваецца тэндэнцыя рабіць межамі княстваў рэкі. У якасці такіх межаў, апрача Бярэзіны i Вугры, выступаюць таксама Днепр i Случ[68]. Пра гістарычнасць гэтых звестак Сгрыйкоўскага гаварыць не даводзіцца. Ніколі ўсходняя мяжа крэўскага ўдзелу Альгерда не даходзіла аж да дняпроўскай Бярэзіны, гэтаксама як ніколі межамі Віцебскага княства не былі Бярэзіна i Вугра. Удзельнік Інфлянцкай вайны, гісторык М. Сгрыйкоўскі выдатна ведаў аб прэтэнзіях Івана IV i яго папярэднікаў на маскоўскім троне на землі ВКЛ да Бярэзіны. Як i ў шэрагу іншых выпадкаў, ён паспрабаваў даць факту свае тлумачэнне i высветліць паходжанне гэтых прэтэнзій. Аднак ён зрабіў гэта, як неаднойчы здаралася, абапіраючыся не на гістарычныя звесткі, а на сваю багатую фантазію.
Такім чынам, наўрад ці вытокі ўяўленняў пра бярэзінскую мяжу сягаюць жалезнага веку ці нават старажытнарускіх часоў. Мы не знаходзім ніякіх фактычных пацверджанняу гэтаму ў крыніцах. Ніводная з ix не называе Бярэзіну хоць якой-небудзь мяжой — i тым больш мяжой паміж „Руссю» i „Літвой». Адначасова ёсць важкія доказы таго, што Бярэзіна не лічылася такой нават напрыканцы XIV ст. Сваім вядомым прывілеем ад 28 красавіка 1387 г. кароль польскі Ўладзіслаў II Ягайла надаваў брату Скіргайлу сярод шматлікіх іншых уладанняў „також на рускои стороне город Менескъ литовьского жь княженья весь…»[69]. Падзел на „Русь» i „Літву» па Бярэзіне не знайшоў ніякага адлюстравання i ў такім маштабным гістарычна-геаграфічным помніку, як „Спіс рускіх гарадоў далёкіх i блізкіх». I гэта пры тым, што даследчыкі аднадушна прызнаюць шырокую геаграфічную эрудыцыю яго аўтара, які напісаў свой твор у апошняй чвэрці XIV ст. у адным з рускіх гарадоў. На гэтую ацэнку не ўплываюць некаторыя разыходжанні ў часе i месцы стварэння „Спіса»: ці гэта 1387-1392 гг. i купецкае асяроддзе Вялікага Ноўгарада[70], ці 1394-1396 гг. i канцылярыя мітрапаліта Кіеўскага i ўсёй Русі Кіпрыяна[71], ці 80-90-я гг. XIV ст. i Смаленск[72], ці 1375-1381 гг.[73] i г. д.
Гісторыкі ўжо дастаткова даўно звярнулі ўвагу на аповесць беларуска-літоўскіх летапісаў пра вайну Жыгімонта Кейстутавіча са Свідрыгайлам 1432-1436 гг. як на крыніцу гістарычна-геаграфічных звестак. Для нашай тэмы асаблівую цікавасць уяўляюць два яе фрагменты. Паводле першага, пад час паходу 1433 г. войскі Свідрыгайлы, спаліўшы Менск, накіраваліся „во свою землю Рускую. И пришли к Борисову». У 1435 г. ужо Жыгімонт накіраваў войска пад камандаваннем свайго сына Міхаіла „на Русь. И, пришедь, князь Михаило станеть на Рши»[74]. Названыя факты далі падставы меркаваць, што Русь у ВКЛ пачыналася недзе ў раёне Оршы i Барысава[75], — гэта значыць, вельмі блізка да лініі Бярэзіны. Апрача таго, яны знаходзяць пацверджанне ў спісе гарадоў, на якія пашыралася ўлада Свідрыгайлы ў часы яго змагання з Жыгімонтам[76] — сапраўды, у гэтым спісе няма ніводнага горада, які б ляжаў на захад ад Бярэзіны. Такім чынам, выказаная Я. Якубоўскім гіпотэза як быццам пацвярджаецца.
Цяжка сабе ўявіць природную мяжу больш зручную, чым рака. I сапраўды, у гісторыі рэкі часта станавіліся межамі: дзяржаўнымі i адміністрацыйнымі, рэальнымі i ўяўнымі. Гэта характэрна i для Ўсходняй Еўропы, у тым ліку для ВКЛ з яго густой рачной сеткай: Вісла (Белая Вада), па якой быццам бы правёў мяжу з Польшчай вялікі князь літоўскі Ягайла[77], Вугра, па якой размежавалі свае землі Вітаўт i Васіль I[78], спачатку Святая[79], a пазней Нявяжа[80], якія аддзялялі Жамойць ад Літвы, i г. д. Бярэзіна, якая дзеліць „Літву» i „Русь», выдатна ўпісваецца ў гэты шэраг.
Бярэзіна, аднак, не была мяжой рассялення розных этнасаў. Няма ніякіх надзейных указанняў i на тое, што яна калі-небудзь з’яўлялася граніцай дзяржаўных уладанняў — ні ў эпоху ВКЛ, ні раней. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што Бярэзіна як мяжа выступала выключна ў міждзяржаўных стасунках паміж Вялікім Княствам Літоўскім — Рэччу Паспалітай i Маскоўскай Руссю — Расіяй. Нават згадка ў хроніцы Длугаша не супярэчыць гэтаму, бо з’явілася, відаць, у 1478 г. ці яшчэ пазней, калі Іван III адкрыта заявіў пра свае прэтэнзіі на „рускія» землі ВКЛ i ўвогуле на „ўсю Русь». Асабліва часта Бярэзіна як мяжа паміж „Руссю» i „Літвой» з’яўляецца ў крыніцах пад час абвастрэння канфліктаў ВКЛ з Масквой. У самім жа ВКЛ у якасці такой мяжы яна ніколі не фігуравала. Яна не была тут нават адміністрацыйнай грашцай. Толькі паводле адміністрацыйнай рэформы 1565-1566 гг. па Бярэзіне прайшоў даволі вялікі ўчастак усходняй мяжы Менскага ваяводства[81], але ніякіх доказаў старажытнасці такога падзелу няма[82] — наадварот, мяркуючы па ўсім, гэта была новая мяжа[83]. Такім чынам, Бярэзіна не была ніэтнічнай, ні дзяржаўна-адміністрацыйнай граніцай. Яна была мяжой, якая аддзяляла гістарычныя вобласці „Русь» i „Літва»[84] — прычым мяжой уяўнай, а не рэальнай.
Складана дакладна вызначыць, калі ўзнікла гэтае ўяўленне, але падаецца малаверагодным, каб яно з’явілася нашмат раней за першыя прамыя ўказанні ў пісьмовых крыніцах. Падобна, аднак, што ў 30-я гг. XV ст. яно ўжо існавала. Адначасова неабходна падкрэсліць, што ў ВКЛ гэта быў не адзіны такі падзел. М. Спірыдонаў i B. Насевіч на дзесятках дакументальных прыкладаў паказалі, што ў XVI ст. „Руссю» ў ВКЛ называлі частку сучаснай Цэнтральнай i Ўсходняй Беларусі, у тым ліку раён Мінска i нават мясцовасці на захад ад яго[85] — гэта значыць, землі далёка на захад ад Бярэзіны. Паводле ix меркавання, лінію граніцы, якая аддзяляе „Літву» ад „Русі» ў межах ВКЛ, дакладна вызначыць наўрад ці магчыма: з часам яна прыкметна мянялася. Пры гэтым, аднак, прасочваецца даволі выразная тэндэнцыя яе прасоўвання на ўсход[86].
Не выключана, што такіх падзелаў было яшчэ больш. Аднак ужо цяпер зразумела, што межы „Русі», як i „Літвы», не былі стабільнымі і „плавалі», залежачы ад эпохі, асобы аўтара i нават віду крыніцы. Вельмі цікава i адметна, што арэал „Русі» ў цэнтры i на ўсходзе Беларусі лакалізуецца на падставе амаль што выключна актавага матэрыялу. Гэта вельмі выразна прасочваецца, у прыватнасці, у працы М. Спірыдонава i В. Насевіча. А вось Бярэзіна як мяжа фігуруе практычна толькі ў дыпламатычнай дакументацыі i ў апавядальных крыніцах (летапісах i хроніках).
Уяўленне пра Бярэзіну як пра мяжу было распаўсюджана, відаць, не настолькі шырока. Напрыклад, у суседняй Польшчы пра яго ведал! нават не ўсе знаўцы геаграфіі Ўсходняй Еўропы таго часу. Пра яго пісаў Длугаш, але нічога не ведаў Мацей Мяхоўскі (каля 1457-1523) — i гэта нягледзячы на тое, што ў сваім славутым трактаце ён апісаў „Еўрапейскую Сарматыю», Русь i Літву досыць падрабязна[87]. Toe самае можна сказаць i пра „Польшчу» Марціна Кромера[88].
Уяўленне пра Бярэзіну як пра мяжу ўзнікла, хутчэй за ўсё, у інтэлектуальных колах ВКЛ, звязаных з мясцовай вышэйшай знаццю. Прынамсі дзве самыя раннія звесткі пра яе паходзяць менавіта адтуль. Цяжка ўказаць яго крыніцу, але яно магло абапірацца на нейкія гістарычныя паданні ці факты. Аднак ні адны, ні другія нам, на жаль, невядомыя.
Урэшце, прыходзіць на памяць даўняя гістарыяграфічная спрэчка пра „ўласна Літоўскую зямлю» ці „Літву ў сціслым сэнсе». Прывілеі, якія вялікія князі літоўскія выдалі, як лічыцца, менавіта для яе, павінны былі распаўсюджвацца на тэрыторыю з дастаткова выразна акрэсленымі межамі, i ў першую чаргу межамі з Руссю. Калі граніцы „Lithuania ргорrіа» на поўначы i поўдні былі досыць дакладна маркіраваны так званымі „землямі прыслухаючымі», дык на ўсходзе мы такой выразнай мяжы не ведаем. Цалкам магчыма, што Бярэзіна першапачаткова i выступала ў якасці такой мяжы.
[1] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута.Москва, 1892. С. 1-15.
[2] Halecki O. Litwa, Ruś i Żmódź jako części składowe Wielkiego Księstwa Litewskiego // Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział Historyczno-Filozoficzny. 1916. T. 59. S. 214-254.
[3] Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku. Poznań, 1981.
[4] Насевіч В., Спірыдонаў M. „Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // 3 глыбі вякоў. Наш край: Гістарычна-культуралагічнызборнік. Вып. 1. Мінск, 1996. С. 4-27.
[5] На Беларусі працякае яшчэ правы прыток Немана з такой назвай, ана суседняй Смаленшчыне — дробны правы прыток Дняпра Малая Бярэзіна.
[6] Dlugossius Joannes. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liberprimus et liber secundus / Red. J. Dąbrowski. Varsaviae, 1964. P. 86.
[7] Ibid.
[8] Ochmański J. Op. cit. S. 71.
[9] Длугаш сапраўды назваў сярод прытокаў Дняпра дзве Бярэзіны. Аднакпры ўважлівым разглядзе высвятляецца, што другую Бярэзіну ён змясціў у пераліку правых, паўднёвых прытокаў Прыпяці i правых прытокаў Дняпра, якія ўпадаюць у яго ніжэй за Кіеў. Гэга, у прыватнасці, Выжва, Люта, Беразніца (Беражанка), Орша (Ірша) i іншыя. Насамрэч сярод ix ёсць не толькі прытокі Дняпра i Прыпяці, але i прытокі ix прытокаў: напрыклад, Беражанка ўпадае ў Гарынь, a Ірша ў Цецераў. Адносна ж сваёй другой дняпроўскай Бярэзіны Длугаш адзначыў, што яе вытокі знаходзяцца недалёка ад мястэчка Убарць. Аднак Убарць — гэта таксама адзін з правых прытокаў Прыпяці. Дакладна ідэнтыфікаваць гэтую другую Бярэзіну Длугаша складана, але гэта, відаць, адзін з правых прытокаў Прыпяці ці яшчэ больш дробная рэчка на поўдзень ад яе. Пераблытаць рэкі „бацька польскай геаграфіі» не мог яшчэ i таму, што ведаў i нёманскую Бярэзіну. Праўда, ён назваў яе прытокам Віліі, а не непасрэдна Немана (Dlugossius J. Op. cit. P. 85).
[10] Semkowicz-Zarembina W. Powstanie i dzieje autografu Aimalium Jana Długosza // Polska Akademia Umiejętności. Rozprawy Wydzału Historyczno-Filozoficznego. 1952. Seria II. T. 72. S. 47-48, 55, 57. Існуе, праўда, ііншы погляд на гэтую праблему: Strzelecka В. Jan Długosz [w:] Dziewięć wieków geografii polskiej. Praca zbiorowa pod redakcją Bolesława Olszewicza. Warszawa, 1967. S. 12.
[11] Semkowicz-Zarembina W. Op. cit. S. 12, 47-48, 55.
[12] Ibid. S. 16.
[13] Ibid. S. 56.
[14] Alexandrowicz St. Ziemie Wielkiego Księstwa Litewskiego w „Chorografii»Jana Długosza // Studia z dziejów geografii i kartografii / Pod. red. J. Babicza. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1973. S. 310-311.
[15] Ibid. S. 316-317.
[16] Софийская вторая летопись // ПСРЛ. Т. 6. С.-Петербург, 1853.С. 233.
[17] Каштанов С. М. Социально-политическая история России концаXV — первой половины XVI в. Москва, 1967. С. 123.
[18] Кучкин В. А. О времени написания Буслаевской псалтири // Древнерусское искусство. Рукописная книга / Под ред. О. И. Подобедоваи Г. В. Попова. Москва, 1972. С. 223-224.
[19] Зимин А. А. Россия на рубеже XV—XVI столетий. Очерки социально-политической истории. Москва, 1982. С. 64.
[20] Peltz W. Suwerenność państwa w praktyce i doktrynie politycznej RusiMoskiewskiej (XIV-XVI w.) Zielona Góra, 1994. S. 17.
[21] Codex Epistolaris Saeculi Decimi Quinti. Т. 3. Cracoviae, 1894. Nr 263.P. 289.
[22] Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 2. С.-Петербург, 1843. С 362; гл.таксама найноўшае выданне: Latopis Hustyński / Opracowanie, przekładi komentarze H. Suszko. Wrocław, 2003. S. 223.
[23] Gwagnin A. Kronika Sarmacyey Europskiey. Kraków, 1611. Kronika W. X. Litewskiego. S. 66.
[24] Barycz H. Bielski Joachim // Polski Słownik Biograficzny. T. 2. Kraków,1936. S. 63.
[25] Bielski M. Kronika Polska … nowo przez Joachima Bielskiego … wydana.Kraków, 1597. S. 489.
[26] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi.Królewiec, 1582. S. 679.
[27] Дыскусійнае пытанне аб суадносінах гістарычных твораў М. Стрыйкоўскага i A. Гваньіні не мае вырашальнага значэння для даследаванайпраблемы i таму ў артикуле не разглядаецца.
[28] Гл.: ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 99.
[29] Улащик H. H. „Литовская и Жмоитская кроника» и ее отношение к хроникам Быховца и М. Стрыйковского // Славяне и Русь. Москва,1968. С. 358-360.
[30] Wapowski В. Kroniki… część ostatnia, czasy podługoszowskie obejmująca. Kraków, 1874. P. 39.
[31] Cromer M. De origine et rebus gestis Polonorum libri XXX. Basileae,1568. P. 437-438.
[32] Vide: Gorski St. Commentarius rerum gestaram a Sigismundo primo regePolonie, magno duce Lithuaniae // Acta Tomiciana (AT). T. 1. Posnaniae,1852. Nr VIII. P. 18.
[33] Vide: Cromer M. Op. cit. P. 436, 438.
[34] Wapowski B. Op. cit. P. 39.
[35] Gorski St. Commentarius rerum gestaram a Sigismundo primo rege Polonie, magno duce Шшапіае // AT. T. 1. Nr VIII. P. 18.
[36] Wapowski B. Op. cit. P. 68-69.
[37] Тэстамент Аляксандра гл.: AT. Т. 1. Supplementum. Nr 6. P. 20-21; Baliński M. Historia miasta Wilna. T. 2. Wilna, 1836. S. 204-210.
[38] Wapowski B. Op. cit. P. 39. На гзгую асаблівасць геаграфічных поглядаўБ. Вапоўскага звярнуў увагу ўжо М. Кромер. Гл.: Kromer M. Polska,czyli O położeniu, ludności, obyczajach, urzędach publicznych KrólewstwaPolskiego księgi dwie. Olsztyn, 1984. S. 36.
[39] Герберштейн С. Записки о Московии. Москва, 1988. С. 186, 240.
[40] Новгородская четвёртая летопись // ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Москва, 2000.С. 538.
[41] Decjusz J. L. Księga o czasach króla Zygmunta. Warszawa, 1960. S. 79.
[42] [Gorski St.] De rebus anno MDXIV gestis commentarius // AT. T. 3. Posnaniae, 1853. P.4.
[43] Wapowski B. Op. cit. P. 117.
[44] AT. T. 3. Nr 232. P. 182.
[45] Больш падрабязна пра гэта гл.: Белы А. Хроніка Белай Русі. Нарысадной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000. С. 137, 142, 143-152, 154-168,188.
[46] Bujak Fг. Wykład geografii Jana z Głogowy z г. 1494 [w:] Ejusdem. Studjageograficzno-historyczne. Kraków, 1925. S. 75.
[47] Zwiercan M. Jan z Głogowa // Polski Słownik Biograficzny. T. 10. Zesz. 3.Wrocław — Warszawa — Kraków, 1963. S. 451.
[48] Akta Aleksandra króla polskiego, wielkiego księcia litewskiego i t.d.(1501-1506) / Wyd. Fг. Papee. Kraków, 1927. Nr 270, 271. S. 443, 444,448. Гл. таксама: Белы А. Назв. праца. С. 119.
[49] Сборник Русского исторического общества. Т. 53. С.-Петербург, 1887.С. 182.
[50] Тамсама. Т. 35. С.-Петербург, 1882. С. 633, 634.
[51] Тамсама. Т. 59. С.-Петербург, 1887. С. 274.
[52] Тамсама. С. 276.
[53] Тамсама. Т. 71. С.-Петербург, 1892. С 260.
[54] Тамсама. С. 272.
[55] Тамсама. С. 362.
[56] Gwagninus A. Sarmatiae Europae descriptio. Cracoviae, 1578. Magni Ducatus Lithvaniae … descriptio. Fol. 4.
[57] Цыт. паводле: Савва В. И. Московские цари и византийские василевсы.К вопросу о влиянии Византии на образование идеи царской властимосковских государей. Харьков, 1901. С. 345.
[58] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 8.С.-Петербург, 1873. С. 399.
[59] Тамсама. Т. 9. С.-Петербург, 1877. С. 668.
[60] Могилёвская хроника Т. Сурты и Ю. Трубницкого // ПСРЛ. Т. 35.Москва, 1980. С. 257.
[61] Тамсама. Предисловие. С. 16.
[62] Татищев В. Н. Избранные труды по географии России. Москва, 1950.С. 111, 145.
[63] Зайкоўскі Э. М. Арэалы культур жалезнага веку i гістарычныя вобласціБеларусі // Насельніцтва Беларусі i сумежных тэрыторый у эпохужалеза. Тэзісы дакладаў канферэнцыі, прысвечанай 80-годдзю з днянараджэння А. Р. Мітрафанава. Менск, 1992. С. 52-53.
[64] Jakubowski J. Studya nad stosunkami narodowościowemi na Litwie przed Unią Lubelską. Warszawa, 1912. S. 24.
[65] Ochmański J. Op. cit. S. 73.
[66] ПСРЛ. T. 32. C. 41.
[67] Stryjkowski M. Op. cit. S. 407-408.
[68] Ibid.
[69] Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. / Сост. А. Л. Хорошкевич.Вып. 1. Москва, 1977. № 10. С. 51.
[70] Тихомиров M. H. Список русских городов дальних и ближних //Исторические записки. Т. 40. Москва, 1952. С. 218-219.
[71] Наумов Е. П. К истории летописного „Списка русских городовдальних и ближних» // Летописи и хроники, 1973 г. Москва, 1974.С. 156-157.
[72] Подосинов А. В. О принципах построения и месте создания „Спискарусских городов дальних и ближних» // Восточная Европа в древностии средневековье. Сборник статей. Москва, 1978. С. 40, 45-46.
[73] Янин В. Л. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII—XV веков.Москва, 1998. С. 67.
[74] ПСРЛ. Т. 35. С. 34-35, 57-58, 76-77, 107, 142-143, 189-190 i інш.
[75] Kamieniecki W. Ograniczenia wyznaniowe w prawodawstwie litewskimw XV i XVI wieku // Przegląd Historyczny. 1911. T. 13. S. 276. Да падобных высноў — праўда, грунтуючыся на актавым матэрыяле —прыйшоў М. Любаўскі. На яго думку, „Русею» ў ВКЛ называлі воласці,размешчаныя па Сярэднім Дняпры i яго прытоках: Сажы, Бярэзіне iніжняй Прыпяці. Гл. ЛюбавсКїй М. К. Цыт. праца. С. 6, 12.
[76] Гл.: Коцебу А. Свитригайло, великий князь литовский. С.-Петербург,1835. Прибавление. С. 10-12, 8-9.
[77] Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. С 144.
[78] Stryjkowski M. Op. cit. S. 407-408, 516, 518.
[79] Dlugossius J. Op. cit. P. 85.
[80] Русская историческая библиотека (далей — РИБ). Т. 30. Ст. 100, 199,254.
[81] РИБ. Т. 30. Юрьев, 1914. Ст. 894.
[82] Пар.: Ochmański J. Op. cit. S. 72
[83] Для параўнання гл.: Любавский M. К. Цыт. праца. Дадатак „Политическая карта Литовско-Русского государства конца XV и начала XVI века».
[84] Пар.: Насевіч В., Спірыдонаў M. Цьгт. праца. С. 14.
[85] Тамсама. С. 20-21.
[86] Тамсама. С. 13.
[87] Меховский М. Трактат о двух Сарматиях / Введение, перевод икомментарий С.А. Аннинского. Москва — Ленинград, 1936. С. 94—112,172-188.
[88] Vide: Kromer M. Polska… S. 15-100.