БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Мiраслаў Фiлiповiч. Мiхаiл Чарняўскi i яго канцэпцыя гiсторыi Русi i Расii

I. Бiяграфiя

Мiхаiл Чарняўскi нарадзiўся ў 1922 г. у Гарбiне, у сям’i эмiгрантаў з Расii. Вучыўся ў ангельскамоўных школах у Кiтаi, пасля пераехаў з сям’ёй у Злучаныя Штаты i пачаў вучыцца ў Калiфарнiйскiм унiверсiтэце. Спачатку заняўся сучаснай гiсторыяй: ягоная магiстарская праца прысвечаная вобразу ЗША ў Савецкiм Саюзе ў 1936-46 г.[1]. Сярод прафесароў у Бёрклi тады быў i эмiгрант з Нямеччыны Эрнэст Кантаровiч, гiсторык Сярэднявечча, якi спецыялiзаваўся ў даследаваннi гiсторыi iдэi. Чарняўскi ўвайшоў у кантакт з iм i стаў з часам адным з найблiжэйшых вучняў i прыяцеляў Кантаровiча.

Наогул навуковы ўплыў нямецкага эмiгранта на Чарняўскага вымагае асобнага, паглыбленага разгляду. Хоць Кантаровiч быў гiсторыкам Нямеччыны i не выходзiў па-за абшары колiшняга Заходняга Цэзарства, а ягоны вучань заняўся iншай тэрыторыяй — Расiяй, падабенства iнструментарыяў часта ўражвае. Асаблiва, калi ўзяць пад увагу тып даследаваных крынiцаў, спосаб дасягнення высноў, i найперш галоўную сферу iнтарэсаў, — гiсторыю iдэi.

Памiж Кантаровiчам i Чарняўскiм iснавала рознiца палiтычная. Першы са зброяй у руках ваяваў супраць рэвалюцыi ў Нямеччыне пасля I сусветнай вайны, другога ведалi ў Амерыцы як энтузiяста рэвалюцыi i прыхiльнiка Савецкага Саюзу. Трэба, аднак, адразу заўважыць, што хоць палiтычныя сымпатыi Чарняўскага былi на баку камунiстаў, гэта не паўплывала на яго метад: у ягоных працах цяжка знайсцi марксiсцкi падыход або цытаты з так званых класiкаў[2]. У палiтычным плане вучоныя зблiзiлiся ў амерыканскiх умовах пералому 40-х i 50-х гадоў. Кантаровiча тады абвiнавачвалi ў лявiзне, i ён, адмовiўшыся прысягаць на лаяльнасць, мусiў пакiнуць працу ў Калiфарнiйскiм унiверсiтэце (т.зв. Berkеley Oath Controversy, або Loyalty Oath Controversy, 1949-51)[3]. У 1951 г. Кантаровiч пераехаў у Прынстанскi iнстытут вышэйшых курсаў. Тады ж Чарняўскi, адзiн з тых, хто найбольш актыўна пратэставаў супраць самога прынцыпу прысягi лаяльнасцi, атрымаў дактарат у Бёрклi[4] i ўслед за настаўнiкам паехаў у Прынстан, застаючыся яго асiстэнтам.

Пазней Чарняўскi працаваў у некалькiх салiдных амерыканскiх унiверсiтэтах, — у Веслеянскiм, Чыкагскiм, дзе супрацоўнiчаў з вядомым знаўцам расiйскай гiсторыi Леапольдам Гаймсанам, у Рочэстэрскiм, Дзяржаўным унiверсiтэце Нью Ёрка ў Олбэнi, нарэшце з 1969 г. ён быў прафесарам-асiстэнтам (у iгара Шаўчэнкi) Калумбiйскага ўнiверсiтэту ў Нью Ёрку. У 1972 г. прыняў тытулаваную i вядомую ў Амерыцы катэдру, стаўшы прафесарам гiсторыi Пiтсбургскага ўнiверсiтэту. З гэтага часу лiчыўся адным з вядучых у ЗША спецыялiстаў па гiсторыi Расii. Яго навуковыя пазiцыi вызначальна ўмацаваў выхад манаграфii «Tsar and people. Studies in Russian myths»[5] i некалькi сур’ёзных артыкулаў[6]. У 1970 г. у Нью Ёрку, у папулярным выдавецтве Random House пад ягонай рэдакцыяй выйшаў зборнiк «The Struсture of Russian History. Interpretive Essays», у якiм былi сабраныя вартасныя тэксты вядучых спецыялiстаў па гiсторыi Русi i Расii.

«Чарняўскi — гэта не толькi вялiкi вучоны, чалавек незвычайных ведаў i велiзарных здольнасцяў, але таксама гiстарычны мысляр першай вялiчынi. Нечувана прывабны чалавек, ён выпраменьваў жыццёвую сiлу, гумар i цяпло. Чарняўскi цiкавiцца ўсiмi аспектамi сучаснай культуры, вельмi зычлiва ставiцца як да студэнтаў, так i калегаў, мае шмат сяброў на абодвух кантынентах. У многiх рэчах падобны да касмапалiтычнага еўрапейскага iнтэлектуала пачатку ХХ ст.»[7]. Характарыстыка Кантара ў пэўным сэнсе нагадвае панегiрык. Ён пэўна ж перабольшыў, калi ўзяўся ставiць працы Чарняўскага вышэй, чым Кантаровiча[8]. Можна зразумець, чаму не дадаў, як цяжка Чарняўскаму было доўга ўжывацца ў адным унiверсiтэце, як мала ён пiсаў, i што ўрэшце ягоная зацiкаўленасць усiмi аспектамi сучаснай культуры палягала, мiж iншага, i на паленнi марыхуаны[9].

Больш узважаныя, хоць таксама з iстотнымi прагаламi, пасмяротныя ўспамiны Iгара Шаўчэнкi. Варта працытаваць прынамсi адзiн сказ: «Быў блiскучым настаўнiкам, а дзякуючы сваiм семiнарам у Калумбii меў большы ўплыў на фармаванне новага пакалення даследчыкаў гiсторыi Расii, чым хто iншы з яго сучаснiкаў»[10].

Неспадзяваная смерць гiсторыка, якi застрэлiўся ў сваiм доме ў Пiтзбургу 12 лiпеня 1973 г., выклiкала сапраўдны шок у асяроддзi амерыканскiх славiстаў. Прычыны гэтага драматычнага кроку акутаныя таямнiцай, а прыяцелi, добра ведаўшыя Чарняўскага, каментавалi гэта неахвотна[11]. У прыватных размовах вельмi стрымана гаварылася пра матывы асабiстага.

Магчыма, мела значэнне i нарастаўшае раздражненне, якое вынiкала са змены стаўлення да савецкай рэчаiснасцi. Праўда, Чарняўскага характарызавалi як касмапалiта, але ён глыбока захапляўся Расiяй. Быў таксама вялiкiм энтузiястам расiйскай рэвалюцыi i закрываў вочы на характар савецкай сiстэмы[12]. Пад час чарговых вiзiтаў у СССР, асаблiва на мяжы 60-х i 70-х гадоў, пабачыў там рэалii, адрозныя ад яго iдэалiзаваных уяўленняў. Да таго ж, сына габрайскiх эмiгрантаў мусiў адштурхоўваць ад камунiстычнай Расii мацнеўшы там антысемiтызм[13].

Незалежна ад акалiчнасцяў, падштурхнуўшых да самазабойства, апошняе наступiла ў момант, калi навуковыя пазiцыi Чарняўскага былi ўжо вельмi высокiя, а сам ён знаходзiўся ў росквiце творчых сiлаў.

II. Навуковы даробак

Чарняўскi напiсаў параўнальна нямнога: адрэдагаваў тры кнiжкi, з-пад яго пяра выйшла адна манаграфiя, 11 артыкулаў i столькi ж рэцэнзiяў[14]. Хоць лiчыўся спецыялiстам даўняй гiсторыi Русi i Расii, не выпадае абмiнаць некалькi ягоных даследаванняў па найноўшай гiсторыi[15].

Зрэшты, пасля ўнiклiвага чытання яго манаграфii «Tsar and people. Studies in Russian myths»[16], цяжка дакладна вызначыць эпоху, у якой спецыялiзаваўся гэты гiсторык. У сваiм тэксце пра набажных князёў ён гаворыць як пра старарускiх святых, так i пра Пятра Сталыпiна. Магчыма, менавiта гэтая рыска пiсання Чарняўскага спрычынiлася да меркавання, выказанага пра яго манаграфiю Джэймсам Бiлiнгтонам: «[праца] сапраўды стымулюючая i навуковая, але да пэўнай ступенi i гiстарычна змазана»[17].

У згаданай манаграфii Чарняўскага прасочваецца гiсторыя i роля некалькiх ключавых расiйскiх мiфаў, сярод якiх — праблема святасцi князёў, развiццё канцэпцыi цара, святой Русi, нарэшце расiйскай душы i расiйскага Бога. Гэтую вобласць iнтарэсаў Чарняўскi выявiў намнога раней, выдаўшы ў 1958 г. «Holy Russia. A Study in the history of an idea»[18]. Да той жа сферы творчасцi гiсторыка можна залiчыць адну з галоўных публiкацый гiсторыка — артыкул «Khan or basileus. An aspect of Russian medieval political theory»[19].

Важныя, надзвычай правакацыйныя i насычаныя палемiкай з ранейшай гiстарыяграфiяй даследаваннi, прысвечаныя Iвану Жахлiваму i стараверам[20]. Зрэшты, як Iван Жахлiвы, так i стараверы часта з’яўляюцца i на старонках «Tsar and people». У працах Чарняўскага часта спатыкаюцца заўвагi сiнтэтычныя. Гэта характэрна найперш для вялiкай размовы з Норманам Кантарам i пасмертна апублiкаванага даследавання пра нацыянальную свядомасць i палiтычную культуру раннесярэднявечнай Расii[21].

Асаблiва вартыя 11 рэцэнзiяў Чарняўскага, многiя з якiх прысвечаныя самым iстотным працам па гiсторыi Русi i Расii, апублiкаваным у ХХ ст. Сярод iншых вучоны рэцэнзаваў кнiгi Г.Пашкевiча[22], Г.Роджэра[23], Г.Фядотава[24], Д.Бiлiнгтона[25]. У гэтых рэцэнзiях многа момантаў, важных для рэканструкцыi поглядаў Чарняўскага. Ягоны спосаб пiсання пра Русь i Расiю адрознiвае яго працы ад большасцi твораў не толькi амерыканскiх, але i еўрапейскiх i расiйскiх гiсторыкаў. Вучоны выкарыстоўваў метады, тыповыя для Эрнэста Кантаровiча i ягонага асяроддзя. Найперш ён выйшаў па-за межы аналiзу пiсьмовых звестак[26] i ў сваiх даследаваннях раз-пораз спасылаўся на iканаграфiю, архiтэктуру, манеты, дасягненнi археалогii i г.д. Можна сказаць, што пры дастаткова бедных крынiцах па гiсторыi Русi ў цэлым Чарняўскi стараўся браць пад увагу ўсе iх тыпы.

Творчасць Чарняўскага яшчэ пры ягоным жыццi, як i ён сам, выклiкала шмат спрэчак. Праўда, яму не адмаўлялi ў эфектыўнасцi i эрудыцыi, але рабiлi закiды адносна яго iнструментарыя, гаворачы, што ягоны метад менш салiдны, чым у Кантаровiча, што ён падганяе крынiцы так, каб даказваць свае захапляльныя тэзы i канструкцыi[27]. Праз больш чым 20 гадоў пасля смерцi вучонага жыва ўспамiнаюць амерыканскiя даследчыкi гiсторыi Расii. З польскамоўных прац Чарняўскага цытуюць, палемiзуючы з iм, хоць бы Б.Успенскi i В.Жываў[28]. Але для нас i сама постаць, i навуковы даробак Чарняўскага ў цэлым застаюцца невядомымi[29].

III. Погляды Чарняўскага на ключавыя аспекты гiсторыi Русi i Расii

1. Контраверсii вакол нарманскай тэорыi

Няма патрэбы даказваць значэнне гэтай праблемы ў расiйскай i датычнай Расii гiстарыяграфii. Чарняўскi цiкава вымаляваў уласны пункт погляду. Усю спрэчку вакол ролi нарманаў разглядаў як тыповую для народу памежжа i насычаную анахранiчнымi палiтычнымi аспектамi. Пiсаў, што нiхто ня можа аспрэчыць прысутнасць нарманаў на Русi або нарманскае паходжанне дынастыi. Адгадка тоiцца хутчэй у новачаснай, невядомай для людзей Сярэднявечча iдэi, згодна з якой усталяванне чужой улады мусiць сведчыць пра ўласную слабасць. У ХI ст. слова «чужаземец», калi наогул iснавала, мела iншае значэнне. Неабходна ўгледзецца ў тое, якую ролю гралi стэпавыя людзi ў гiсторыi Русi i ўсяго ўсходу Еўропы. Пры даследаваннi, прыкладам, тагачасных звычаяў пахавання на землях Русi (тут Чарняўскi шмат чаго браў з дасягненняў савецкай археалогii), выяўляецца цiкавая рэч: нарманскiя пахаваннi рабiлiся па ўзору пахаванняў азiяцкiх качэўнiкаў. Згодна з Чарняўскiм, Русь развiвалася не паводле паўночнай [нарманскай — М.Ф.] мадэлi, а найперш пад моцным уплывам суседняй культуры i гаспадаркi стэпавiкоў. Так i гандаль (а за iм i шырэйшыя кантакты з Канстанцiнопалем) прыйшоў са стэпаў Азii, жыхары якой ужо мелi палiтычныя дачыненнi з Вiзантыяй[30].

Суседствам стэпаў можна таксама вытлумачыць дзiўную дыспрапорцыю памiж развiтасцю матэрыяльнай культуры Русi i ўбоствам яе культуры духоўнай. Гэтая праблема захапляла многiх гiсторыкаў[31]. Чарняўскi пайшоў за вядомай тэзай Рамана Якабсана[32], i ў цэлым прымаючы яе, сцвердзiў, што яна не да канца пераканаўчая. Бо чым вытлумачыць характэрную непрыхiльнасць да развiцця лакальнай духоўнай культуры наогул? Калi адкiнуць развагi пра прыродны антыiнтэлектуалiзм русiнаў, адказ можна знайсцi ў блiзкасцi стэпу. Чарняўскi сцвярджаў, што слабое развiццё духоўнай культуры Кiеўскай Русi было абумоўлена пачуццём пагрозы з боку стэпу i патрэбай iнвеставаць больш сродкаў i проста энергii на абарону ад стэпу. Адсюль гiганцкiя ўмацаваннi як важная рыса Кiева. Абароннасць ёсць першай функцыяй вялiкага горада Русi. На развiццё iнтэлектуальнай культуры ўжо не ставала сiлаў i сродкаў[33].

2. Суздальская Русь i праблема раманскага стылю на Русi

Калi вылучэнне з гiсторыi Кiеўскай Русi ХII ст. суздальскага перыяду, або Суздальскай Русi ў цэлым як пераемнiка знiшчанага Кiева не з’яўляецца нечым арыгiнальным у працах Чарняўскага, дык трактаванне культуры Суздальскай Русi як спецыфiчнай культуры раманскай вельмi цiкавае i контраверсiйнае. Спасылаючыся на мiфалагiчныя матывы ў мастацтве кафедральных сабораў паўночна-усходняй Русi, а таксама заўважаючы (за Дз.Лiхачовым), што большая частка помнiкаў пiсьменства таго часу выйшла з-пад пяра свецкiх людзей, а не духавенства, Чарняўскi характарызуе тагачасную культуру Суздальскай Русi як культуру раманскую. Пiша, што манастырскiя школы, праўда, на унiверсiтэты не замянялiся, але выразна вiдаць пэўная секулярызацыя культуры, выяўленая ў прысутнасцi нецаркоўных матываў[34].

Такая iнтэрпрэтацыя вяла да выдзялення суздальскага перыяду не як часткi гiсторыi Кiеўскай Русi, але як цалкам асобнага (праўда, кароткага) перыяду ўсёй гiсторыi Расii.

3. Манголы

Гэта наступная праблема, з якой сутыкаецца гiсторык, ахапляючы гiсторыю Расii сiнтэтычна. Чарняўскi пiсаў пра гэта часта. У адным з апошнiх выступаў ён звярнуўся да высноў французска-амерыканскага медыевiста М.Рублёва (Roubleva), пагадзiўшыся з яго сцвярджэннямi, што на першым этапе збор данiны для татараў забяспечыў Маскве поспех у перайманнi першынства на Русi[35]. Але, як падкрэслiў Чарняўскi, найважнейшым укладам манголаў у гiсторыю Русi i Расii быў iх уплыў у сферы палiтычнай тэорыi, уплыў на вiзiю ўладара, — спачатку вялiкага князя маскоўскага, а потым расiйскага цара. Калi ў Русi Кiеўскай прыймаўся вiзантыйскi iдэал уладара, дык у перыяд татарскай няволi i пасля яе гэтая канцэпцыя моцна змянiлася.

Каб прааналiзаваць сутнасцi тых пераменаў, Чарняўскi выкарыстаў многiя тыпы крынiц, прычым паказаў, якую ролю могуць мець манеты ў даследаваннях па тэорыi ўлады[36]. З ягоных высноў вынiкала, што хан успрымаўся на Русi як законны ўладар (гэта даводзiцца многiмi аргументамi), а маскоўскiя князi занялi потым ягонае месца хутчэй як пераемнiкi, а не як вызвольнiкi Русi ад татарскага ярма.

Iншая заўвага фундаментальнага значэння прагучала ў палемiцы Чарняўскага з пашыранымi ў гiстарыяграфii поглядамi, што быццам манголы накiнулi Русi варварства[37]. Гiсторык дыстанцыяваўся ад гаворак пра варварства. Ён пайшоў настолькi далёка, што сцвердзiў, вiдаць з мэтай правакацыi, быццам «для паўночна-усходняй Русi волжскi Сарай або Казань рэпрэзентавалi «цывiлiзацыю» гэтаксама, а можа нават болей, чым Рыга цi Кракаў»[38].

Аналiзуючы ўплыў татараў на маскоўскую i расiйскую тэорыю ўлады, Чарняўскi пiсаў: «Калi з праваслаўным i набажным уладаром звязаны вобраз базiлеўса, дык выява хана захавалася ў канцэпцыi расiйскага манарха як заваявальнiка Русi i яе люду, самадзержцы, якi нi перад кiм не адказвае. Калi базiлеўс гэта святы, добры, найцiшэйшы (тишайший, у арыгiнале the most gentle — М.Ф.) цар, духоўна злучаны са сваёй паствай, дык хан сiмвалiзаваў абсалютысцкую, секулярызаваную дзяржаву, у якой няма лучнасцi памiж манархам i падданымi. Цяжка гаварыць пра сiнтэз гэтых дзвюх канцэпцыяў. Яны iснавалi асобна, ствараючы стан пэўнай напругi, якую так драматычна выяўляў першы расiйскi цар Iван IV, удзень забiваючы, а ноч праводзячы ў малiтвах»[39].

4. Iван Жахлiвы

Чарняўскi мог бы заняць трывалае месца ў гiстарыяграфii, прысвечанай Расii, дзякуючы ўжо толькi канцэпцыям асобы i панавання Iвана IV[40]. Падставовай была тэза, што Iван Жахлiвы з’яўляўся тыповым для эпохi рэнесансу ўладаром. Нават калi браць пад увагу паталагiчныя асаблiвасцi цара[41], яго мянушка не з’яўлялася ў тыя часы нечым асаблiвым. Яна была «узбуджальным лекам». Такую ж мянушку меў папа Юлiй II, што, як адзначаў Чарняўскi, «не быў злым папам, але выклiкаў страх»[42].

Чарняўскi згаджаўся, што не цяжка вызначыць усе аспекты, у якiх Расiя ХVI ст. адрознiвалася як ад паўночнай, так i ад паўднёвай Еўропы. Але, як ён лiчыць, iснавала i многа падабенстваў, на якiя пераважна не звярталася ўвага: у Маскве не чужымi былi iтальянскiя архiтэктары, нямецкiя рамеснiкi i лекары. У сведчаннях заходнiх падарожнiкаў надзiва мала заўваг адносна строяў, звычаяў i манераў тагачасных жыхароў Масквы, а гэта можа азначаць, што яны прынцыпова не рознiлiся ад iншых краiн, i былi падобныя да вугорскiх цi польскiх. Што праўда, «маскалёў» характарызавалi як народ варвараў i п’янiцаў, але ў тыя часы дурныя звычкi прыпiсвалi i iншым народам, а расiяне з iх алкагалiзмам не былi прынамсi найгоршымi цi наймацней крытыкаванымi сярод народаў тагачаснай Еўропы.

Адносна самога двору Жахлiвага ў гiстарыяграфii пераважна лiчаць, што ён быў прымiтыўны, i ў лепшым разе «далёкi ад вабнасцi i лёгкасцi двароў заходнееўрапейскiх»[43]. Чытач Чарняўскага са здзiўленнем даведаецца, што яшчэ да Iвана Жахлiвага мiтрапалiт Усяе Русi Данiл кляймiў франтаў, заўважаных сярод маскоўскага баярства. Ягоны гнеў выклiкала тое, што мужчыны ўжывалi памаду да вуснаў, ценi для павек, парфуму, бiжутэрыю i iнш. Мала таго, усё гэта мусiла спакушаць не жанчыну, а iншых мужчын. Чарняўскi сцвярджаў, што ў асяроддзi баяраў гомасэксуалiзм стаў правiлам добрага тону[44].

Лютасць i незразумеласць у паводзiнах Жахлiвага гiсторык выводзiў з недасканалай канцэпцыi ўладара[45]. Цар лiчыўся святым i падобным да Хрыста. Жаданне, каб адмовiўся ад часткi ўлады, было блюзнерскiм i ерэтычным. У святле гэтай канцэпцыi дзяржава мусiла забяспечваць падданым збавенне, а супрацiў уладам рабiўся супрацiвам гэтаму Боскаму целу. Чарняўскi прывёў тут аргументацыю як цара Жахлiвага, так i князя Курбскага, выкарыстаную ў iх славутай перапiсцы.

Постаць Iвана Жахлiвага, сама па сабе дзiўная, стварыла Чарняўскаму выдатную нагоду выставiць яшчэ адну контраверсiйную тэзу: Маскве ХVI ст. не быў чужы Рэнесанс. Аргументам на карысць гэтага лiчыўся не толькi ўладар, якi, на думку гiсторыка, як ужо адзначана, не рознiўся ў сваiм панаваннi ад iншых тагачасных катаў. Прынамсi некаторыя з учынкаў Жахлiвага прыводзяцца як довад прымянення рэнесансавай канцэпцыi палiтыкi[46]. Масква Iвана IV мела рэнесансавыя рысы яшчэ ў тым сэнсе, што там квiтнела мяшчанства, што — на думку Чарняўскага — там не было вялiкiх праяваў ксенафобii. Гiсторык проста пiсаў: «Не шмат знаходзiм адрозненняў, калi iдзе пра строй цi манеры расiянаў i жыхароў Захаду. Першым не чужымi былi нават такiя характэрныя для Рэнесансу рэчы, як сiфiлiс i гомасэксуалiзм»[47].

5. Пётр I i вестэрнiзацыя Расii

Ключавой i самай цiкавай праблематыкай гiсторыi Расii для Чарняўскага былi рэформы Пятра I i расiйская рэакцыя на iх[48]. Дапускаючы, што Масква часоў Iвана Жахлiвага асаблiва не адставала ад астатняй Еўропы, Чарняўскi аднак згаджаўся, што баярства, сярод якога апынуўся Пётр I на пачатку свайго панавання, было iншае, чым тое з ХVI ст. Тып франта знiк, баяры былi тоўстыя, барадатыя, брудныя. Расiйскаму грамадству стала ўласцiвай ксенафобiя. Нешта адбылося памiж другой паловай ХVI ст. i цараваннем Пятра. Чарняўскi збiраўся даследаваць акалiчнасцi гэтых зменаў, цi нават разрыву. Але дачасная смерць сарвала запланаваную працу. Тым не менш, ён здолеў у некалькiх працах выказаць цiкавыя заўвагi адносна як вестэрнiзацыi, так i антывестэрнiзацыi, якая праводзiлася пры Пятру I. Гiсторык шчыльна звязваў iх з расколам царквы, у вынiку якога з’явiлася секта старавераў. На думку Чарняўскага, гэта была рэлiгiйная праява рэакцыi нiжэйшых сацыяльных слаёў Расii на ўсталяванне новачаснай свецкай дзяржавы. У такой перспектыве не здзiўляе гвалтоўная рэакцыя Пятра, якi пераследаваў старавераў з жорсткасцю, нехарактэрнай для яго як вызнаўцы рэлiгiйнай талеранцыi. Стараверы, як сцвярджаў Чарняўскi, пераследавалiся не па рэлiгiйных матывах. Прычынай рэпрэсiяў было непрызнанне iмi кантролю дзяржавы над царквой i дэкляраванне, што цар Пётр i ўся дынастыя — антыхрысты. Стараверы прымалi пакутнiцкую смерць, працiвячыся таму, што Чарняўскi акрэслiў «новай рэлiгiяй свецкай дзяржавы». У такiм кантэксце ўся вестэрнiзацыя можа ўяўляцца пошукам новых формаў, адпавядаўшых новай рэлiгii. Паколькi на Захадзе працэс фармавання новачасных дзяржаў быў ужо скончаны, узоры бралi адтуль. Свецкая дзяржава не давала сялянам практычна нiякiх перспектыў, таму яе адмаўлялi, а разам з ёй адмаўлялi i вестэрнiзацыю, i царкоўныя рэформы. Ажно да рэвалюцыi 1917 г. стараверы i iншыя секты складалi блiзу 20 працэнтаў расiйскага сялянства.

Самым Пятром Чарняўскi не захапляўся i характарызаваў яго крытычна. Цiкава выглядае параўнанне яго з Iванам Жахлiвым: «Iван, хоць хворы, быў незвычайна таленавiтым i несумненна найлепш адукаваным чалавекам тагачаснай Расii, тады як Пётр быў хамам i маньяком. Яго манеры былi да такой ступенi прасцяцкiя, што ў гэта цяжка паверыць: Пётр змог бы ўвесцi ў няёмкае становiшча Iвана Жахлiвага»[49].

IV. Заключныя заўвагi

Прапанаваны вышэй агляд не ахапляе ўсiх iдэй Чарняўскага. Варта дадаць хоць бы такiя ключавыя рэчы, як яго развагi аб канцэпцыi ўлады або iдэi Святой Русi. Але нават тое, што стараўся паказаць, дазваляе скласцi ўяўленне пра Чарняўскага як гiсторыка старой Русi i Расii. Ён паўставаў супраць традыцыйных iнтэрпрэтацый i схемаў, дзякуючы чаму ягоныя працы часта правакацыйныя, часам можа аж занадта. Незалежна ад таго, наколькi доўгатрывалыя высновы Чарняўскага, яго трэба лiчыць адным з самых арыгiнальных гiсторыкаў, якiя займалiся Руссю i Расiяй на Захадзе. Чарняўскi выпадаў са сфармаваных раней школаў, не паддаваўся агульным стэрэатыпам. Ягоныя працы, у нас маладаступныя, мусяць прыйсцi да гiсторыкаў i студэнтаў. Здаецца, дзякуючы прывабнасцi формы, яны зацiкавяць i шырэйшыя колы чытачоў.

Пераклад з польскай


[1] The History of Soviet opinion of the United States 1936-1946, as expressed in Russians newspapers, journals, books and other sources, Berkeley 1947.
[2] Напрыклад, у адзінай манаграфіі Чарняўскага ні Маркс, ні Ленін не з’яуляюцца ніводнага разу. Уся праца сваім інструментарыем наследуе метады Кантаровіча, чыя кніга ”The king’s two bodies” цытуецца часта: Tsar and people. Studies in Russian Myths, New York 1970, 5,28,33,44,64,83,84,88,103,105,177. He скажу, праўда, наколькі і ці наогул выявіліся яго прасавецкія сымпатыі ў ніколі не выдаванай магістарскай працы.
[3] Зрэшты, гэтая праблема у Каліфарнійскім універсітэце была шырэйшай і датычыла не толькі Кантаровіча. Гл.: Malkiel Y., Ernst H. Kantorowicz // On four modern humanists. Hofmaimstahl, Gundolf, Curtius, Kantorowicz, ed. A.R. Evans, Jr., Princeton 1970, 209-211.
[4] The concept of prince in medieval Russia 1300-1500, Berkeley 1952.
[5] Yale 1961, 2 выд. New York 1970.
[6] Між іншага: Holly Russia. A study in the history of an idea // American Historical Review, 63, 1958, 617-637; Khan or Basileus. An aspect of Russian Medieval Political Theory // Journal of the History of Ideas, 20, 1959, 459-476 (перадрук у: The Structure of Russian History, ed. M. Cherniavsky, New York 1970, 65-79); The old believers and the new religion // Slavic Review, 25, 1966. Nr. 1, 1-39 (перадрук у: The Structure of Russian History, 140-188); Ivan the Terrible as a Renaissance Prince // Slavic Review, 27, 1968, Nr.2, 195-211.
[7] Цыт. па: Perspectives on the European Past. Conversations with historians, ed. Norman F. Cantor, New York 1971, 276. Гэтая публікацыя змяшчае размовы з вядучымі спецыялістамі па гісторыi Еўропы і асобных еўрапейскіх краін. Па Расіі у 1 томе ёсць матэрыял Чарняўскага, а пра Расію пасля Пятра І у 2 томе гаворыць іншы вучань Кантаровіча Марк Рэф (Raeff).
[8]”Ch. is a disciple of the great German medieval historian Ernst Kantorowicz’s somewhat schematic history of ideas approach to place intellectual history within the context of functional social change” Op.cit., 276.
[9] 3 размоў з амерыканскімі прыяцелямі і калегамі Чарняўскага.
[10] Slavic Review. American Quarterly of Soviet and East European Study, 33, Nr.4, 865.

[11] Шаўчэнка пра гэта напісаў: «Для таго, хто ўсё бачыў знутры, тыя дваццаць два гады паміж 1951 і 1973 былі часам росту і поспеху. Лепей устрымацца ад высвятлення акалічнасцяў, пры якіх Чарняўскі ўчыніў самагубства» // Slavic Review, 33, 1974, Nr.4, 866.
[12] Гэта трохі заўважна з яго палемікі з брытанскімі гісторыкамі адносна нямецкага нападу на СССР у часе II сусветнай вайны. Гл. яго: Corporal Hitler, General Winter and the Russian peasant // Yale Review, 51, 1962, Nr.4, 547-558.
[13] Гаварыў пра гэта прыяцелям і калегам. Падаю па інфармацыі праф. Яраслава Пэленскага і,праф. Ігара Шаўчзнкі.
[14] Бібліяграфію ягоных працаў склаў Чарльз Гальперын. Гл.: Russian History, 2, 1975, Иг. 1, 1-2.
[15] Гл. спасылку 10, а таксама: Prologue to Revolution. Notes of A. Iakhontov on the Secret Meetings of the Council of Ministers, 1915, tr. and ed. M.Cherniavsky, Englewood Cliffs 1967.
[16] New Heaven 1961, 2 ed., New York 1970.
[17] Billington, J., The icon and the axe. An interpretive history of Russian Culture, New York 1970, 611.
[18] American Historical Review, 63, 1958, Nr.3, 617-637. Пазней гэты сюжэт атрымаў далейшае развіцце ў .”Tsar and people”.
[19] Journal of the History of Ideas, 20, 1959, 459-476. Перадрук у: The Structure of Russian History, 65-79.
[20] Сярод іншых: Ivan the Terrible as a Renaissance prince // Slavic Review, 27, 1968, 195-211; The old believer Structure of Russian History, 140-188.
[21] Russia to 1700 // Perspectives on the European past. Conversations with historians, 1, New York 1971, 275-298; Russia // National consciousness, history and political culture in early-modern Europe, ed. O. Ranum, Baltimore 1975, 118-143.
[22] Cherniavsky, M., [рэц. на: Paszkiewicz, Н., The Origins of Russia] // Political Science Quarterly, 70, 1955, Nr.2, 298-300.
[23] Cherniavsky, M., |рэц. на: Rogger, H., National consciousness in XVIIIth Cent. Russia ] // American Historical Review, 64, 1961, Nr.4, 1041-1042.
[24] Cherniavsky, M., [рэц. на: Fedotov, G., The Russian Religious Mind] // Speculum, 42, 1967, Nr.4, 733-736.
[25] Cherniavsky, M., [рэц. на: Billington, J., The icon and the axe] // Political Science Quarterly, 82, 1967, I, 88-93.
[26] Гэта зусім не значыць, што ён пазбягаў выкарыстоўваць пісьмовыя крыніцы. Наадварот, практычна на кожнай старонцы ягоных прац поуна спасылак і цытатаў з хронік, лістоў, казань, а нават вершаў.
[27] Такія меркаванні пачуў у размовах з калегамі Чарняўскага, спецыялістамі па гісторыі Расіі, ужо праз 20 гадоў пасля яго смерці.
[28] Uspienski, B.A., Żywów, W., Car і Bog. Semiotyczne aspekty sakralizacji monarchy w Rosji, tłum. H. Paprocki, Warszawa 1992, 120-121.
[29] Чарняўскага можна спаткаць у бібліяграфіях, але нават найлепшыя польскія спецыялісты па гісторыі Расіі кваліфікуіоць яго такім чынам, які не сведчыць пра веданне прац вучонага. Напрыклад, Э.Вуйцік змясціў яго у раздзеле бібліяграфіі па гісторыі… сацыяльна-гаспадарчай: Wojcik, Z., Dzieje Rosji 1533-1801, Warszawa 1971, 350.
[30] Гл.: Russia to 1700 // Perspectives on the European past, 282-284.
[31] Яго краналі, сярод іншых, Д.Абаленскі, Г.Флароўскі і Фядотаў. Гл.: The Structure of Russian history, 3-28, 126-137.
[32] На думку вучонага, вытокі праблемы палягалі на тым, што храсціянства прымалася на мове славянскай, а не грэцкай. Гэта адрозала Русь ад каранёў антычнай думкі і культуры. Падобныя ідэі у Г.Фядотава: The Russian Religious Mind. Шырэй праблему агаворвае Г.Флароўскі: The problem of old Russian culture // The Structure of Russian History, 126-137.
[33] Perspectives on the European past, 284. Гэтаксама цікавая думка Чарняўскага, што, прыймаючы ад Візантыі хрысціянства, Русь пераняла адтуль і многія прадузятасці. Прыкладам, стаўленне да заходняга хрысціянства пасля яго расколу ў сярздзіне XI ст. Згодна з Чарняўскім, русіны глядзелі на рымскіх хрысціян не толькі як на ерэтыкаў, але як на некага намнога горшага, чым няхрышчаныя славяне (ibidem, 286). Такая пазіцыя дыяметральна працілеглая поглядам Д. Абаленскага, які падкрэсліў, што да татарскага наезду Русь усведамляла прыналежнасць да аднаго хрысціянскага свету, адзінства з Візантыяй і Захадам. Гл.: Knowles, M.D., Obolensky, D., Historia Koscioła, II, tl.R.Turzyńiski, Warszawa 1988, 243; Obolensky, D., Russia’s Byzantine Heritage // The Structure of Russian History, 17-19. Пар.: Podskalsky G., Ekumeniczna otwartość metropolity Joanna II z Kijowa (1076/77-1089) // Chrystus zwyciężył. Wokół Chrztu Rusi Kijowskiej, red.J.S.Gajek MIC, W. Hryniewicz ОМІ, Warszawa 1989, 55-64. Падскальскі гаворыць пра пэўную зкуменічную адкрытасць Кіеўскай Русі, адрозніваючы гэтую супольнасць ад пазнейшай Русі Маскоўскай.
[34] Perspectives on the European past, 287. Лаяльна зауважым, што сам Чарняўскі тут не выйшау за агульныя развагі. Пісаў: „Узбагачэнне гэтай канцзпцыі рускай раманскасці немагчымае з прычыны недахопу доказаў» (ibidem, 287).
[35] Гл.: Perspectives on the European past, 288-289; пар.: Roublev, M., The Mongol tribute according to the wills and agreements of the Russian princes // The structure of Russian history, 29-64.
[36] Рэзюмуем адну з развагаў Чарняўскага: на Захадзе на манеты змяшчалі імя і выяву ўладара. На Русі пасля мангольскага заваявання сітуацыя была спецыфічная. Уладаром быў хан, спачатку паганец, потым мусульманін. Ягоны партрэт менавіта з гэтых прычынаў не мог быць на манеце. Знайшлі кампраміс: на адным боку бачылася імя вялікага князя, на другім — імя хана разам з арабскім надпісам, стасаваным да уладароў: «каб жыў вечна». Манеты Івана III пасля 1480 г. адлюстравалі фармальнае вызваленне Русі. Але праблема у тым, што з аднаго боку манеты бачым выяву вялікага князя маскоускага, а на другім — той самы арабскі надпіс, толькі што з дапісаным імем Івана. Як адзначаў Чарняўскі: „Маем справу не столькі з вызваленнем Русі, колькі са зменай дынастыі, з падбоем, у выніку якога ўлада пераходзіць з рук ранейшага ўладара ў рукі новага законнага цара, вялікага князя маскоўскага». Гл.: Khan and Basileus: an aspect of Russian mediaeval theory // The Structure of Russian History, 73; nap.: Perspectives on the European past, 289.
[37] Напрыклад, славутае сцверджанне Ключэўскага, што мат і катаванні у расійскую культуру ўнеслі манголы.
[38] Perspectives on the European past, 289. Пар. з трохі лагоднейшаіі версіяй гэтай тэзы, на гэты раз з палемікай са сцвярджэннямі аб спецыфічна азіяцкім варварстве: Khan or Basileus, 74.
[39] Цыт. па.: Khan or Basileus, 74.
[40] Пісаў пра яго ў сваіх працах, у тым ліку ў: Tsar and people, 49-53, 55-61 і інш.; Khan or Basileus, 67,72-74 і інш; Ivan the Terrible and the iconography of the Kremlin Cathedral of Archangel Michael // Russian History, 2, 1975, Nr. 1,3-28. Падставовае значэнне мае даследаванне Чарняўскага: Ivan the Terrible as Renaissance prince // Slavic Review, 27, 1968, Nr.2, 195-211.
[41] Чарняўскі спасылаўся на вынікі аналізу шкілету цара, з якога відаць, што Іван Жахлівы моцна пакутаваў ад хваробы пазваночніка, якая з гадамі прагрэсавала. Гл.: Ivan the Terrible as a Renaissance prince, 195.
[42] Ibidem, 196.
[43] Гл. хоць бы: Serczyk W.A., Iwan IV Grozny, Wrocław 1986, 6.
[44] Чарняўскі падсумаваў гэта наступным чынам: „Замест традыцыйнага рускага баярына, патлатага і цяжкага, тапорнага і прымітыўнага, бачым ‘mignon’ Генрыха III часоў росквіту французскага рэнесансу». Гл.: Ivan the Terrible as Renaissance Prince, 197. Аднак ён не дадаў, што царкоўную казань або духоуны ліст цяжка лічьщь найлепшай крыніцай для пазнання звычаяу зпохі. Тым не менш, разрыў з традыцыйным, асабліва на Захадзе, поглядам, быццам Масква характарызавалася нейкім суцэльным варварствам, стаў яго заслугай.
[45] Гл. вышэй: Манголы.
[46] Пар.: Perspectives on the European past, 292-293; Ivan the Terrible as Renaissance prince, 201-202 і інш.
[47] Perspectives, 294.
[48]Гл.: Perspectives, 295-298. Пар.: The Old Believers and the New Religion // Slavic Review, 25, 1966, Nr.l, 1-39.
[49] Perspectives, 297.

Наверх

Тэгі: ,