БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Вячаслаў Афанасьеў. Кандыд (да біяграфіі Міхаіла Зялёнкі)


Калі мы ўважліва прачытаем лісты Тараса Шаўчэнкі, якія ён паслаў з Новапятроўскага ўмацавання (Мангышлак. — В.А.) у Арэнбург, то амаль у кожным з іх заўважым сардэчныя, кранальныя прывітанні і пацалункі „бацьку прэфекту». З пэўных меркаванняў гнаны кабзар не назваў імя гэтага чалавека. І мы, верагодна, ніколі б не даведаліся пра яго, калі б у 1899 г. у часопісе „Киевская старина» не з’явіліся б мемуары Ф. М. Лазарэўскага пад назвай „З успамінаў пра Шаўчэнку», дзе, у прыватнасці, ён піша: „У маю адсутнасць Шаўчэнка зблізіўся з палякамі, якіх пад час мікалаеўскага царавання была цэлая калонія. Бліжэй за ўсіх, відаць што, ён быў да Залескага, Серакоўскага, Турно, Зялёнкі і Аркадзя Венгжыгоўскага. Апошні з іх служыў у Памежнай камісіі; чалавек незвычайна вёрткі і пранырлівы, ён першы дазнаваўся аб прыбыцці новых сасланых палякаў і адразу ж уводзіў іх у свой гурток. Міхаіл Зялёнка, дамініканскі манах, які быў у 30-я г. прэфектам гімназіі ў Літве, сасланы ў Арэнбург у 1834 г. і стаў там капеланам Арэнбургскага кадэцкага корпуса. Палякі не пераставалі зваць яго прэфектам. Менавіта гэтыя два верхаводы, Венгжыгоўскі і Зялёнка, напаўнялі цэнтр польскага насельніцтва ў краі найлепшымі прадстаўнікамі з сасланых у 30-я г. палякаў»[1].

Ілюстрацыяй да прыведзеных звестак можа служыць малюнак Аляксея Чарнышова „Шаўчэнка сярод сяброў у Арэнбургу», зроблены ў момант адной з сустрэч. Тут злева направа мы бачым: Браніслава Залескага, Юльяна Кавальскага, Аляксандра Чарнышова (брата мастака), Тамаша Вернера, Яўстафія Серадніцкага, Людвіка Турно, Аляксандра Попеля, Станіслава Дамарацкага, Людвіка Ліпскага, Тараса Шаўчэнку і Бальтазара Калясінскага[2]. Праўда, сярод іх мы не бачым Міхаіла Зялёнкі. Відаць, у гэты момант яго не было ў казарме. Аднак пра яго ў Арэнбургскім архіве захавалася справа пад назвай „Аб прысланні на жыхарства ў Арэнбург прэфекта былой Гарадзенскай гімназіі ксяндза Зялёнкі і аб прызначэнні яго каталіцкім святаром у Арэнбургскі корпус», якая ахоплівае дваццацісямігадовы перыяд знаходжання яго ў стэпавым краі[3].

3 яе вынікае, што Міхаіл Зялёнка нарадзіўся ў 1797 г. і паходзіць з дваран Віленскай губерні Троцкага ўезда. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Ковенскім і Мярэцкім павятовых вучылішчах, а ў 18 гадоў, г.зн. у 1815 г., прыняў абет манаства ў Тапорцкім манастыры дамініканскага ордэна. Скончыўшы ў дамініканцаў вышэйшы семінарскі курс са ступенню доктара багаслоўя, Міхаіл Зялёнка потым прайшоў яшчэ поўны курс на этыка-філалагічным факультэце Віленскага універсітэта і восенню 1819 г. быў прызначаны настаўнікам польскага красамоўства і лацінскай мовы ў Нясвіжскае павятовае вучылішча, дзе заставаўся да восені 1825 г., выкладаючы гісторыю і лацінскую мову. Варта адзначыць, што ў 1823 г. ён быў пасвечаны ў святары, прыняўшы ў манастве імя Кандыд.

У канцы 1825 г. Міхаіл Зялёнка быў пераведзены ў Гарадзенскую дамініканскую гімназію, дзе спачатку ў званні старшага настаўніка тры гады выкладаў красамоўства, логіку і лацінскую мову, а потым больш за пяць гадоў кіраваў гэтай навучальнай установай на пасадзе наглядчыка[4]. Неабходна зазначыць, што яго імя значыцца і сярод заснавальнікаў публічнай бібліятэкі ў Горадні, паседжанне якіх прайшло З верасня 1830 г.

Рэвалюцыйныя падзеі 1830-1832 г. закранулі і Міхаіла Зялёнку. Пасля разгрому паўстання яго абвінавачвалі ў тым, што ён, святар, заступіўся за сваіх вучняў, якія апынуліся пад следствам па палітычных справах. Яго выслалі з родных мясцін у далёкі Арэнбургскі край, а гімназію зачынілі. Пра гэта сведчыць яго асабовая справа, дзе Гарадзенская гімназія значыцца „былой»[5].

Выбіты са звыклага ладу жыцця, Міхаіл Зялёнка не згубіўся, а знайшоў у сабе дастаткова сілаў і энергіі, каб паклапаціцца пра іншых сасланых — таварышаў па барацьбе, а таксама беднякоў, якім была неабходна яго дапамога і суцяшэнне. Сам жа ён жыў на той час прыватнымі ўрокамі і выпадковымі заробкамі. Праз два гады яму была дадзена магчымасць пераехаць бліжэй да родных мясцін, але ён „не выказаў згоды», інакш кажучы — адмовіўся. Знаходзячыся афіцыйна не пры справе, ён адчуваў, што неабходны людзям, адарваным ад айчыны, і не мог з імі развітацца.

Толькі праз некалькі гадоў, у 1839 г., дзякуючы хадайніцтву кіраўніка Арэнбургскага краю В. А. Пяроўскага, Міхаіл Зялёнка быў прызначаны святаром рымска-каталіцкага веравызнання пры асобным Арэнбургскім корпусе. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у Арэнбургу пачалося і паспяхова закончылася будаўніцтва касцёла[7]. Праз дзесяткі гадоў газета „Арэнбургскі лісток» (1889.16 красавіка. —В.А.) змясціла на сваіх старонках апісанне гэтага аб’екта: „Будынак касцёла — каменны, чатырохкутны, прадаўгаваты і даволі высокі, з жалезным двухсхільным дахам. Алтарная частка будынка паўкруглая, з такім самым дахам. Вокны вузкія і высокія. Верх будынка звонку ўпрыгожаны толькі званіцай, пабудаванай над яго пярэдняй часткай, нізкай і чатырохвугольнай з паўплоскім трохсхільным дахам. Крыжы на будынку два, з якіх адзін над алтаром, а другі — над званіцай»[8].

Варта сказаць, што арэнбургскі пісьменнік і краязнаўца Леанід Бальшакоў у канцы 60-х г. мінулага стагоддзя распачаў пошукі гэтага касцёла і знайшоў яго рэшткі, якія цяпер служаць сценамі арэнбургскай абутковай фабрыкі[9]. Менавіта з таго часу, як М. Зялёнка стаў святаром, кола яго дзейнасці значна пашырылася, бо войскі Арэнбургскага корпуса былі размешчаны на вялізнай прасторы: ад Волгі і Камы да берагоў Сыр-Дар’і і ад мяжы Сібіры амаль да мяжы Персіі. Верны самому сабе, Міхаіл Зялёнка паўсюдна стараўся зрабіць людзям дабро, не звяртаючы ўвагі на іх веравызнанне. Раніцай і ўвечары дзверы яго сціплага жытла былі адчынены для кожнага, хто толькі хацеў звярнуцца да яго па дапамогу або абарону. Зранку да вечара, у любое надвор’е, хадзіў ён па горадзе, клапоцячыся пра іншых, з’яўляючыся туды, куды прыводзіў яго абавязак і чалавекалюбства, туды, дзе мог быць карысны бліжняму.

У сваіх успамінах ваенны інжынер, генерал-лейтэнант І. Ф. Бларамберг згадвае наступны цікавы выпадак: „Мае афіцэры Генеральнага штаба наладзілі ў Арэнбургу прыемнае новаўвядзенне — аматарскі тэатр на карысць бедных….. Каталіцкі святар (Міхаіл Зялёнка. — В.А.), які ведаў усіх беднякоў горада (вылучана аўтарам), з задавальненнем узяў на сябе адказнасць размеркавання сярод іх грошай… За сем гадоў сярод небагатых жыхароў горада было размеркавана 20 тысяч рублёў асігнацыямі»[10].

A вось яшчэ адно цікавае сведчанне: „Асабліва вялікую дабрачынную дзейнасць праявіў Зялёнка, хоць і пад чужым сцягам, пад час кіравання краем В. А. Обручава». Далей у нататцы ідзе гаворка пра тое, што жонкі галоўных начальнікаў у правінцыі надзвычай любяць браць на сябе, хоць і не маюць ніякага ўяўлення аб справе, ролю апякунак бедных таго краю, якім кіруе муж. Але жонка генерала Обручава, клікалі яе Мацільда Пятроўна, занадта высока была пастаўлена, каб лазіць па брудных хацінках і ўпэўнівацца ў беднасці прасіцеля, яе нервы не вытрымлівалі выгляду розных пакут, пад якія пераважна падпадае бедны люд. Яна не магла асабіста здзяйсняць усіх выдач і збіраць грошы, не ведала, як весці рахунак і інш. „Для такіх умоў, — завяршае сваю нататку ананімны аўтар, — такой асобай у Арэнбургу толькі і мог быць адзін Зялёнка, які карыстаўся ўжо і раней рэпутацыяй усеагульнага дабрадзея, і таму выбар генеральшы, вядома ж, спыніўся на ім; яна і ўзяла яго сакратаром па справах бедных»[11].

На той час ён даўно ўжо быў для многіх польскіх выгнаннікаў „духоўным бацькам». Губернатары — спачатку Пяроўскі, а потым і Обручаў — у афіцыйных даносах сведчылі, што Зялёнка „займеў давер і прыхільнасць палякаў, карыстаецца там усеагульным добрым меркаваннем». Аднак, характарызуючы яго як „сціплага», „надзейнага» і „ні ў чым нядобранамераным не заўважанага», начальнікі глядзелі на ксяндза з асцярогай. Вядомы наступны выпадак: „Аднойчы Арэнбургскаму губернатару В. А. Обручаву данеслі, што ў мясцовым касцёле па вечарах відаць агонь, і што там збіраюцца на таемныя сходы сасланыя палякі. Атрымаўшы гэты данос, В. А. Обручаў у суправаджэнні плац-маёра Халецкага і паліцмайстра палкоўніка Дэмасціка з’явіўся нечакана вечарам да касцёла і, заўважыўшы там святло, тут жа запатрабаваў ксяндза Зялёнку і загадаў яму адчыніць касцёл. Калі ўвайшлі ўсярэдзіну, то ў ім нікога не знайшлі і В. А. Обручаву давялося прасіць прабачэння ў ксяндза Зялёнкі за залішнюю паспешлівасць: няцяжка было ўпэўніцца ў тым, што святло ў касцёле было ад промняў сонца на захадзе, якое свяціла якраз у рознакаляровыя шкельцы вокнаў алтара»[12].

Разумны, адукаваны і незвычайна энергічны Міхаіл Зялёнка не толькі хацеў, але і ўмеў рабіць дабро, ніколі не адмаўляючыся ні ад якіх паслуг. Так, у Арэнбургу ён заснаваў мясцовы заалагічны музей і з любоўю клапаціўся пра папаўненне і захаванне яго. На працягу некаторага часу ён бязвыплатна кіраваў скасаваным потым вучылішчам земляробства і лесаводства ў Арэнбургу. Ён прыняў дзейсны ўдзел пры заснаванні прыватнага таварыства наведвання бедных, нарэшце, яго ж разумнаму клопату абавязана было сваім існаваннем і першае ў Арэнбургу вучылішча для навучання шыццю і рукадзеллю бедных дзяўчат.

Асабліва выразна выявілася яго філантрапічная дзейнасць у 1848 г., пад час халернай эпідэміі, калі ён у ліку нямногіх царкоўных пастыраў праявіў сапраўдны гераізм у служэнні бліжнім. У 1851 г. за ўзорнае стараннае выкананне абавязкаў па званні корпуснага святара, а таксама за нястомную дабрачынную дзейнасць Міхаілу Зялёнку ўселітасцівейша падараваны нагрудны крыж[13].

Нястомная дзейнасць Міхаіла Фадзеевіча падтачыла ўрэшце яго сілы. Пад час адной са сваіх далёкіх паездак ён прастудзіўся і, вяртаючыся ў Арэнбург, памёр ад запалення лёгкіх 31 кастрычніка 1860 г. Пахаванне Міхаіла Зялёнкі, якое прыцягнула ўвагу шматлікіх яго прыхільнікаў, адбылося ў агароджы мясцовага касцёла, пабудаванага яго ж намаганнямі, а ў падпісцы на помнік бескарысліваму працаўніку прынялі ўдзел асобы ўсіх веравызнанняў.

Мінск

Вячаслаў Афанасьеў


[1] Киевская старина. 1899. Кн. 2. Февр. С. 151-167.
[2] Хинкулов Л. Шевченко. Москва, 1966. С. 224-225.
[3] ГАОО. Ф. 6, оп. 5, ед. хр. 10732.
[4] Русский биографический словарь. Петроград, 1916. С. 337—338.
[5] ЦДГАў Гродне. Ф.1, воп. 3, спр. 853, арк. 6-9.
[6] ГАОО. Ф. 6, оп. 5, ед. хр. 10 732.
[7] Русский биографический словарь. С. 337—338.
[8] Оренбургский листок. 1889. 16 апр.
[9] Большаков Л. Главы из жизни. Оренбург: Южно-Уральскоекнижное издательство, 1974. С. 61—62.
[10] Бларамберг И. Воспоминания. Москва, 1978. С. 266-267.
[11] Труды Оренбургской ученой архивной комиссии. Вып. 28.Оренбург, 1913.
[12] Тамсама.
[13] Оренбургские губернские ведомости. 1860. № 50.

Наверх

Тэгі: ,