Эдвард Гэлет Кар. Прычыннасць у гiсторыi*
* Carr, Edward H., Causation in History // What is History? Pinguin Books 1990, 87-108.
Калi малако кiпяцiць у патэльнi, яно выбяжыць. Я не ведаю i зусiм не хачу ведаць, чаму так адбываецца. Калi б нехта стаў патрабаваць адказу, я мог бы спiсаць гэта на ўласцiвасць малака выбягаць. Дастаткова справядлiва, але гэта нiчога не тлумачыць. Вiдавочна, такi адказ сведчыць, што я не прыродазнавец. Гэтаксама нехта можа казаць i нават пiсаць пра падзеi мiнулага без нiякага жадання даведацца, чаму яны адбылiся. Нехта пагодзiцца са сцверджаннем, што II сусветная вайна пачалася з прычыны таго, што Гiтлер хацеў вайны. Гэта дастаткова справядлiва, але не тлумачыць нiчога. Тады той нехта не мае нiякага права называць сябе даследчыкам гiсторыi або гiсторыкам. Вывучэнне гiсторыi ёсць вывучэннем прычынаў. Гiсторык пастаянна задае сабе пытанне «Чаму?», i пакуль ёсць надзея знайсцi адказ, ён не можа супакоiцца. Вялiкi гiсторык — цi я б сказаў шырэй, вялiкi мысляр -гэта чалавек, якi задае пытанне «Чаму?» у дачыненнi да новых рэчаў, або да старых рэчаў у новых кантэкстах.
Герадот, бацька гiсторыi, пачынаючы сваю працу, вызначыў мэту: захаваць памяць пра справы грэкаў i варвараў, «i асаблiва, найперш, паказаць прычыны iх барацьбы». Герадот меў паслядоўнiкаў у старажытным свеце: нават Фукiдзiда абвiнавачвалi ў адсутнасцi яснай канцэпцыi прычыннасцi[1]. Але калi ў XVIII ст. пачалi закладвацца асновы сучаснай гiстарыяграфii, Мантэск’ё ў сваёй працы «Considerations on the Causes of Greatness of the Romans and of their Rise and Decline» («Меркаваннi аб прычынах велiчы рымлянаў i iх уздыму i заняпаду») прыняў за аснову, што «iснуюць агульныя прычыны, маральныя цi фiзiчныя, якiя дзейнiчаюць у любой манархii на этапах станаўлення, умацавання i заняпаду», i «усё, што адбываецца, ёсць вынiкам гэтых прычынаў». Праз некалькi гадоў у «Esprit des lois» ён развiў i абагулiў гэтую iдэю. Было б абсурдам дапускаць, што «сляпы лёс вядзе да ўсяго, што мы бачым у свеце». Людзьмi «не кiруюць выключна iх фантазii», iх паводзiны падпарадкоўваюцца пэўным законам i прынцыпам, якiя вынiкаюць з «самой прыроды рэчаў»[2]. Потым цягам амаль 200 гадоў гiсторыкi i фiлосафы гiсторыi актыўна спрабавалi ўпарадкаваць мiнулы досвед чалавецтва, адшукваючы прычыны гiстарычных падзей i законы, што кiруюць iмi. Прычыны i законы часам асэнсоўвалi ў механiчных, часам у бiялагiчных паняццях, а часам трактавалi як метафiзiчныя, эканамiчныя, або псiхалагiчныя. Але агульнапрынятай была дактрына, што гiсторыя складаецца з падзей, злучаных строгай прычынна-вынiковай сувяззю. «Калi ў вас няма чаго сказаць, апрача таго, што адзiн варвар перамог другога, то што нам з таго? — пiсаў Вальтэр у артыкуле пра гiсторыю для Энцыклапедыi. У апошнiя гады карцiна крыху змянiлася. Сёння мы больш не гаворым пра гiстарычныя «законы». Нават слова «прычына» выйшла з моды: часткова дзякуючы пэўнай фiласофскай неакрэсленасцi, кранаць якую няма патрэбы, а часткова дзякуючы яго меркаванай сувязi з дэтэрмiнiзмам. Да апошняга я i пераходжу. Такiм чынам, некаторыя гавораць не пра «прычыну» у гiсторыi, а пра «тлумачэнне» цi «iнтэрпрэтацыю», або пра «логiку сiтуацыi» цi «унутраную логiку падзей» (гэта iдзе ад Дысея), адмаўляючыся ад прычыннага падыходу (чаму адбылося?) на карысць функцыянальнага (як адбылося?), хоць гэта, здаецца, непазбежна цягне за сабой пытанне «як здарылася, што гэта адбылося», i, такiм чынам, вяртае нас да пытання «Чаму?». Iншыя вылучаюць розныя вiды прычыны — механiчныя, бiялагiчныя, псiхалагiчныя i г. д. — i лiчаць гiстарычную прычыну катэгорыяй самастойнай. Хоць некаторыя з гэтых адрозненняў у пэўнай ступенi выяўляюцца, можа ўсё ж больш плённа было б у гэтым сэнсе падкрэслiць агульнае для ўсiх вiдаў прычыны, а не тое, што iх раздзяляе. Што да мяне, то я пагадзiўся б выкарыстоўваць слова «прычына» ў агульнапрынятым сэнсе i не зважаць на гэтыя тонкасцi.
Давайце пачнем з пытання, што на практыцы робiць гiсторык, калi сутыкаецца з патрэбай вызначыць прычыны падзеяў. Першае ў падыходзе гiсторыка да праблемы прычыны, гэта тое, што ён, як правiла, вызначае некалькi прычын адной падзеi. Эканамiст Маршал некалi пiсаў, што «людзей трэба перасцерагаць усiмi магчымымi сродкамi ад улiку толькi нейкай адной прычыны … без увагi да iншых, вынiкi якiх наступаюць разам з ёй»[3]. Той, хто здае iспыт i адказвае на пытанне «Чаму ў Расii ў 1917 г. адбылася рэвалюцыя?», i назаве толькi адну прычыну, мае шанец быць залiчаным толькi да трэцяга разраду. Гiсторык мае справу з мноствам прычынаў. Калi б яго папрасiлi пералiчыць прычыны бальшавiцкай рэвалюцыi, ён мог бы назваць вайсковыя паразы Расii, калапс эканомiкi, якая не вытрымала цяжару вайны, эфектыўную прапаганду бальшавiкоў, няўдачы царскага ўраду ў вырашэннi аграрнай праблемы, канцэнтрацыю на фабрыках у Пецярбурзе збяднелага i прыгнечанага пралетарыяту, а таксама факт, што Ленiн цвёрда ведаў, чаго хоча, у адрозненне ад апанентаў — карацей, рэдкае спалучэнне эканамiчных, палiтычных, iдэалагiчных i асабовых прычынаў, доўга- i кароткатэрмiновых.
А гэта адразу падводзiць нас да другой асаблiвасцi падыходу гiсторыка. Той, хто, адказваючы на нашае пытанне, задаволiцца пералiкам дзесятка прычынаў расiйскай рэвалюцыi i спынiцца на гэтым, можа быць аднесены да другога разраду, але не да першага. «Добра iнфармаваны, але без творчага ўяўлення» — такi будзе вердыкт экзаменатараў. Сапраўдны гiсторык, гледзячы на складзены iм спiс прычынаў, адчуе прафесiйны абавязак яго ўпарадкаваць, устанавiць нейкую ерархiю, якая адлюструе iх узаемадачыненнi, а можа i вырашыць, якую прычыну цi катэгорыю прычынаў трэба разглядаць «апошнiм сродкам» або «апошняй кропляй», як асноўную, прычыну прычынаў. Гэта яго iнтэрпрэтацыя ягонай тэмы. Гiсторыка ведаюць па прычынах, якiя ён абвяшчае. Гiбон тлумачыў дэградацыю i падзенне Рымскай iмперыi трыумфам варварства i рэлiгiяй. У Ангельшчыне гiсторыкi-вiгi ў ХIХ ст. тлумачылi ўздым брытанскай улады i працвiтанне развiццём палiтычных iнстытутаў, якiя ўвасабляюць прынцыпы канстытуцыйнай свабоды. Гiбон i ангельскiя гiсторыкi ХIХ ст. сёння выглядаюць старамодна, бо яны iгнаруюць эканамiчныя прычыны, якiя сучасныя гiсторыкi выставiлi наперад. Кожны гiстарычны аргумент кружляе вакол пытання прыярытэту прычынаў.
Анры Пуанкарэ заўважыў, што навука развiваецца адначасова i «да разнастайнага i складанага», i «да цэлага i простага», i што гэты дуалiстычны i вiдавочна супярэчлiвы працэс з’яўляецца неабходнай умовай ведаў[4]. Гэта аднолькава справядлiва i для гiсторыi. Гiсторык, пашыраючы i паглыбляючы свае даследаваннi, пастаянна акумулюе больш i больш адказаў на пытанне «Чаму?» Памнажэнне ў апошнiя гады накiрункаў эканамiчнай, сацыяльнай, культурнай i прававой гiсторыi — не кажучы ўжо пра свежыя погляды на праблемы палiтычнай гiсторыi, а таксама новыя метады псiхалогii i статыстыкi -неверагодна павялiчыла колькасць i ўзровень нашых адказаў. Назiранне Бэртрана Расэла, што «кожнае дасягненне ў навуцы аддаляе нас ад прымiтыўнай аднастайнасцi першых даследаванняў i вядзе да большай дыферэнцыяцыi папярэдняга i наступнага, да пастаяннага пашырэння кола мiнулага, якое прымаецца за адпаведнае»[5], дакладна характарызуе сiтуацыю. Але ў ахвяру свайму iмкненню зразумець мiнулае гiсторык адначасова вымушаны, як вучоны, спрашчаць множнасць сваiх адказаў, каб падпарадкаваць iх адзiн аднаму, унесцi нейкi парадак i цэласнасць у хаос здарэнняў i хаос асобных прычынаў. «Адзiн Бог, адзiн Закон, адзiн Элемент i адна аддаленая Боская Падзея» або патрабаванне Генры Адамса «якога-небудзь вялiкага абагульнення, што пакладзе канец нечыйму гучнаму дамаганню адукацыi»[6], гучыць сёння як старамодны жарт. Але факт, што гiсторык мусiць працаваць i праз спрашчэнне, i праз памнажэнне прычынаў. Гiсторыя як навука развiваецца шляхам гэтага дуалiстычнага i вiдавочна супярэчлiвага працэсу.
Тут я мушу без асаблiвага жадання спынiцца, каб разабрацца з двума пахамi чырвоных селядцоў, якiя скрозь цягнуцца за намi — адзiн пад этыкеткай «Дэтэрмiнiзм у гiсторыi, або Шкоднасць Гегеля», другi — «Выпадковасць у гiсторыi, або Нос Клеапатры». Спачатку некалькi слоў пра тое, як яны трапiлi сюды. Прафесар Карл Попэр у 1930-я гады напiсаў у Вене вялiкую кнiгу пра новы погляд у навуцы (нядаўна перакладзена на ангельскую мову пад назвай «The Logic of Scientific Enquiry («Логiка навуковага даследавання»), у час вайны надрукаваў па-ангельску дзве кнiгi больш папулярнага характару: The Open Society and its Enemies («Адкрытае грамадства i ягоныя ворагi») i The Poverty of Historicism («Убоства гiстарыцызму»)[7]. Яны пiсалiся пад моцным эмацыйным уздзеяннем адмоўнай рэакцыi на Гегеля, якога разам з Платонам трактавалi як духоўнага папярэднiка нацызму, а таксама на павярхоўны марксiзм, што ствараў iнтэлектуальны клiмат брытанскiх левых у 1930-я гады. Асноўнымi мiшэнямi былi быццам бы дэтэрмiнiсцкiя фiласофii гiсторыi Гегеля i Маркса, аб’яднаныя пад зняважлiвай назвай «гiстарыцызм»[8]. У 1954 г. сэр Iсая Бэрлiн надрукаваў сваё эсэ «Гiстарычная непазбежнасць». Магчыма ён завяршыў атаку на Платона, дзякуючы рэшткам некаторай павагi да гэтага старажытнага слупа оксфардскага iстэблiшмэнту[9], i дадаў да абвiнавачання аргумент, якога не было ў Попэра, што «гiстарыцызм» Гегеля i Маркса выклiкае пярэчаннi, бо, тлумачачы людскiя ўчынкi прычыннасцю, ён пастулюе адмаўленне свабоднай волi чалавека, арыентуе гiсторыкаў на ўхiленне ад абавязку агалошваць маральны прысуд гiстарычным Карлам Вялiкiм, Напалеонам i Сталiным. Iнакш мала што зменiцца. Але сэр Iсая Бэрлiн — заслужана папулярны i шырока чытаны аўтар. На працягу апошнiх пяцi-шасцi гадоў амаль кожны ў гэтай краiне i Злучаных Штатах, хто пiсаў артыкул пра гiсторыю або сур’ёзны агляд гiстарычных даследаванняў, паказваў доўгi нос i Гегелю, i Марксу, i дэтэрмiнiзму, i пальцам тыкаў на абсурднасць недаацэнкi ролi выпадковага ў гiсторыi. Можа быць несправядлiва ўскладаць вiну на сэра Iсаю за яго вучняў. Нават калi ён гаворыць глупства, ён заслугоўвае даравання, бо гаворыць гэта захапляльна i прывабна. Паслядоўнiкi паўтараюць глупства, i ў iх гэта не атрымлiваецца прыцягальна. У кожным разе, ва ўсiм гэтым няма нiчога новага. Чарльз Кiнгзлi, не самы выбiтны сярод нашых прафесараў каралеўскiх кафедраў Новай гiсторыi, якi, верагодна, нiколi не чытаў Гегеля i не чуў пра Маркса, прымаючы пасаду ў 1860 г., казаў у сваёй лекцыi пра ўласцiвую чалавеку «таямнiчую сiлу парушэння законаў свайго быцця» як доказ таго, што ў гiсторыi не можа iснаваць нiякiх «непазбежных наступстваў»[10]. Але, на шчасце, мы забылi Кiнгзлi. Менавiта прафесар Попэр i сэр Iсая Бэрлiн памiж сабой зноў надалi гэтай здохлай кабыле нейкае падабенства жыцця. Патрабуецца пэўнае цярпенне, каб разбрацца ў гэтай блытанiне.
Давайце спачатку возьмем дэтэрмiнiзм, якi я вызначу (спадзяюся без супярэчнасцяў) як веру, што ўсё, што адбываецца, мае прычыну цi прычыны, i нiчога не можа змянiцца, пакуль што-небудзь не зменiцца ў прычыне цi прычынах[11]. Дэтэрмiнiзм — праблема не гiсторыi, а паводзiнаў чалавека. Чалавек, чые дзеяннi не маюць прычыны, а значыць недэтэрмiнаваныя, такая ж абстракцыя, як i iндывiд па-за грамадствам. Сцверджанне прафесара Попэра, што «усё магчыма ў справах чалавека»[12], або бессэнсоўнае, або фальшывае. Нiхто ў звычайным жыццi не верыць i не можа верыць гэтаму. Аксiёма, што ўсё мае сваю прычыну, ёсць умовай нашай магчымасцi зразумець, што адбываецца вакол нас[13]. Жах раманаў Кафкi палягае на факце, што ўсё, што адбываецца, не мае нiякай вiдавочнай прычыны, або наогул нiякай прычыны, якую б можна было вызначыць: гэта вядзе да татальнай дэзiнтэграцыi чалавечай асобы, якая засноўваецца на дапушчэннi, што падзеi маюць прычыны, i што адпаведная колькасць гэтых прычынаў можа быць выяўленая, што чалавек можа ў свядомасцi сканструяваць мадэль мiнулага i сучаснага настолькi адэкватную, каб кiравацца ёй у дзеяннях. Штодзённае жыццё было б немагчымае без прызнання, што паводзiны чалавека абумоўлены прычынамi, якiя ў прынцыпе можна вызначыць. Некалi людзi лiчылi багахульствам цiкавасць да прычынаў прыродных з’яў, бо iмi вiдавочна кiруе боская воля. Пярэчанне сэра Iсаi Бэрлiна нашаму тлумачэнню, чаму людзi дзейнiчалi так, як дзейнiчалi, на той падставе, што гэтымi дзеяннямi кiруе воля чалавека, належыць да таго ж парадку iдэй, i, вiдаць, азначае, што сацыяльныя навукi знаходзяцца сёння на той самай стадыi развiцця, на якой знаходзiлiся прыродазнаўчыя навукi, калi супраць iх гучалi падобныя аргументы.
Давайце паглядзiм, як мы вырашаем гэтую праблему ў штодзённым жыццi. Калi вы ходзiце па сваiх штодзённых справах, вы звычайна сустракаеце Смiта. Вы вiтаеце яго прыемнай, але фармальнай рэплiкай пра надвор’е, або пра стан каледжа цi ўнiверсiтэцкiя справы. Ён адказвае вам такой самай прыемнай i фармальнай рэплiкай пра надвор’е цi пра справы. Цяпер уявiм, што аднойчы Смiт замест звычайнага адказу на вашую рэплiку раптам узарвецца знiшчальнай крытыкай вашага знешняга выгляду або характару. Хiба вы, пацiснуўшы плячыма, спiшаце гэта на рахунак пераканаўчай дэманстрацыi свабоды волi Смiта i таго факта, што ўсё магчыма ў справах людскiх? Падазраю, што не. Наадварот, вы напэўна скажаце што-небудзь накшталт: «Бедны Смiт! Вы ж ведаеце, канешне, што ягоны бацька памёр у вар’ятнi,» або «Бедны Смiт! Пэўна ў яго абвастрылiся праблемы з жонкай!» Iнакш кажучы, вы паспрабуеце патлумачыць прычыну вiдавочна беспрычынных паводзiнаў Смiта з цвёрдым перакананнем, што нейкая прычына ўсё ж павiнна быць. Робячы так, вы, баюся, наклiчаце на сябе гнеў сэра Iсаi Бэрлiна, якi з горыччу паскардзiцца, што, прычынна тлумачачы паводзiны Смiта, вы праглынулi дэтэрмiнiсцкае дапушчэнне Гегеля i Маркса i ўхiляецеся ад абавязку абвясцiць Смiта хамам. Але ў штодзённым жыццi нiхто не прытрымлiваецца такога погляду i не думае, што на карту пастаўлены або дэтэрмiнiзм, або маральная адказнасць. Лагiчная дылема пра свабодную волю i дэтэрмiнiзм у рэальным жыццi не ўзнiкае. Не бывае так, што некаторыя дзеяннi чалавека свабодныя, а iншыя — дэтэрмiнаваныя. На самай справе, дзеяннi чалавека i свабодныя, i дэтэрмiнаваныя, у залежнасцi ад пункту гледжання. На практыцы ўсё iначай. Паводзiны Смiта мелi прычыну або шэраг прычынаў; але паколькi iх выклiкаў не нейкi знешнi прымус, а прымус ягонай уласнай асобы, ён нясе маральную адказнасць. Бо ёсць умова грамадскага жыцця, што нармальны дарослы чалавек нясе маральную адказнасць за сябе. Цi ўскладаць на яго адказнасць у гэтым канкрэтным выпадку — справа вашага практычнага меркавання. Але, калi вы ўскладаеце адказнасць, то гэта не значыць, што вы лiчыце, што гэтае дзеянне не мела нiякай прычыны: прычыны i маральная адказнасць — розныя катэгорыi. Я ўпэўнены, нiкому, хто займаецца даследаваннем прычынаў злачынства, не прыйдзе ў галаву, што гэта прымушае яго адмаўляць маральную адказнасць злачынца.
Цяпер давайце паглядзiм на гiсторыка. Як просты чалавек, ён думае, што дзеяннi чалавека маюць прычыны, якiя ў прынцыпе можна выявiць. Гiсторыя, як i штодзённае жыццё, была б немагчымая без такога дапушчэння. Менавiта даследаванне гэтых прычынаў i ёсць спецыяльнай функцыяй гiсторыка. Можна падумаць, што гэта дае яму асаблiвую зацiкаўленасць у дэтэрмiнаваным выяўленнi чалавечых паводзiнаў: але ён не адвяргае свабодную волю — за выняткам нелагiчнай гiпотэзы аб беспрычыннасцi свядомых деянняў. Гэтаксама яго не хвалюе праблема непазбежнасцi. Гiсторыкi, як i ўсе людзi, часам захапляюцца рыторыкай i гавораць пра выпадак як «непазбежны», калi яны маюць на ўвазе толькi спалучэнне фактараў, якое стварае ўражанне, што яно было надзвычай моцнае. Нядаўна я аналiзаваў сваю гiсторыю, шукаючы грахоў, i не змог даць сабе яснай карцiны: у адным месцы я пiсаў, што пасля рэвалюцыi 1917 г. канфлiкт памiж бальшавiкамi i праваслаўнай царквой быў «непазбежны». Несумненна, мудрэй было б сказаць «вельмi верагодны». Але цi можна мне дараваць недакладны адценак? На практыцы, пакуль падзеi не адбылiся, гiсторыкi не дапускаюць, што яны непазбежныя. Яны часта абмяркоўваюць альтэрнатыўныя дзеяннi персанажаў сюжэта, дапускаючы, што выбар быў адкрыты. У той самы час яны працягваюць досыць слушна тлумачыць, чаму быў рэалiзаваны той выбар, а не iншы. У гiсторыi няма нiчога непазбежнага па-за фармальным сэнсам. Для таго, каб падзея адбылася iначай, iншымi павiнны былi б быць папярэднiя прычыны. Як гiсторык, я абсалютна гатовы абыходзiцца без «непазбежнага». Так, жыццё без гэтага слова будзе шэрым, але давайце пакiнем гэтае слова паэтам i метафiзiкам.
Такой бясплённай i бессэнсоўнай аказваецца гэтая заклапочанасць непазбежнасцю I апантанасць, з якой яна навязваецца ў апошнiя гады, што я думаю, мы павiнны шукаць матывы, якiя хаваюцца за гэтым. Галоўнай крынiцай з’яўляецца школа, якую б я назваў школай «магло б быць» — школай думкi цi, хутчэй, школай эмоцый. Яна тычыцца амаль выключна сучаснай гiсторыi. Нядаўна тут, у Кембрыджы, я бачыў аб’яву нейкага таварыства пра лекцыю пад назвай «Цi была расiйская рэвалюцыя непазбежнай?» Я ўпэўнены, што яна задумлялася як сур’ёзная лекцыя. Але калi б вы ўбачылi аб’яву пра лекцыю «Цi былi войны ружаў непазбежнымi?», вы б адразу падумалi, што тут хаваецца нейкi жарт. Гiсторык пiша пра нарманскае заваяванне, або пра амерыканскую вайну за незалежнасць як пра тое, што адбылося, тое, што фактычна абавязкова павiнна было адбыцца,жадаючы проста растлумачыць, што адбылося i чаму; i нiхто не абвiнавацiць яго ў дэтэрмiнiзме i адмове абмеркаваць альтэрнатыўную магчымасць, што Вiльгельм Заваёўнiк цi амерыканскiя паўстанцы маглi б пацярпець паразу. Аднак, калi я пiшу пра расiйскую рэвалюцыю 1917 г. дакладна такiм чынам (адзiны правiльны шлях для гiсторыка), я аказваюся пад агнём апанентаў за паказ таго, што адбылося, як таго, што мусiла адбыцца, i не аналiзую ўсяго iншага, што магло б адбыцца. Дапусцiм, кажуць, калi б Сталыпiну хапiла часу завяршыць аграрную рэформу, або калi б Расiя не ўступiла ў вайну, магчыма рэвалюцыя не адбылася б, цi дапусцiм, што ўрад Керанскага дасягнуў бы поспеху, i што рэвалюцыю ўзначалiлi б меншавiкi цi сацыял-рэвалюцыянеры, а не бальшавiкi. Гэтыя дапушчэннi тэарэтычна памылковыя: заўсёды можна пагуляць у гульню гiстарычных «магло б быць». Але гэта не мае нiчога агульнага з дэтэрмiнiзмам, бо дэтэрмiнiст толькi адкажа наступнае: каб гэтыя падзеi адбылiся, трэба, каб i прычыны былi iншыя. I гэта не мае нiчога агульнага з гiсторыяй. Справа ў тым, што сёння нiхто ўсур’ёз не хоча пераглядаць вынiкi нарманскага заваявання цi амерыканскай незалежнасцi, або апантана пратэставаць супраць тых падзей, i нiхто не пярэчыць, калi гiсторык трактуе iх як закрытую старонку. Але многiя людзi, якiя пацярпелi непасрэдна цi ўскосна ад вынiкаў бальшавiцкай перамогi цi яшчэ баяцца яе аддаленых наступстваў, хочуць выказаць сваю нязгоду. Калi яны чытаюць гiсторыю, пратэст набывае форму поўнай свабоды ўяўлення ўсяго, што толькi магло б здарыцца, i раздражнення гiсторыкам, якi працягвае спакойна сваю работу па тлумачэннi, што адбылося i чаму iхныя жаданнi-мары засталiся нерэалiзаваныя. Няшчасце найноўшай гiсторыi ў тым, што людзi помняць час, калi ўсе магчымасцi былi яшчэ адкрытыя, i з цяжкасцю прымаюць стаўленне гiсторыка, для якога яны ўжо закрытыя fait accompli. Гэта чыста эмацыйная i негiстарычная рэакцыя. Але менавiта яна больш за ўсё жывiла нядаўнюю кампанiю супраць падманлiвай дактрыны «гiстарычнай непазбежнасцi». Давайце пазбавiмся гэтых чырвоных селядцоў раз i назаўсёды.
Наступнай сыходнай пазiцыяй атакi з’яўляецца знакамiтая праблема носа Клеапатры. Гэтая тэорыя палягае на тым, што гiсторыя ўвогуле ёсць непрадбачаны збег акалiчнасцяў, серыя падзей, якiя ёсць вынiкам выпадковых супадзенняў, i вызначаюцца толькi самымi выпадковымi прычынамi. Сыход бiтвы пры Акцыi быў вынiкам прычынаў не таго кшталту, якiя звычайна прыводзяць гiсторыкi, але сляпога захаплення Антонiя Клеапатрай. Калi прыступ падагры утрымаў Баязэта ад паходу ў Цэнтральную Эўропу, Гiбон заўважыў, што хвароба «аднаго адзiнага чалавека, можа спынiць або аддалiць пакуты народаў»[14]. Калi кароль Грэцыi Аляксандр памёр восенню 1920 г. ад укусу ўлюбёнай малпы, гэты выпадак пацягнуў за сабой цэлую чараду падзей, пра якiя сэр Уiнстан Чэрчыль казаў, што «чвэрць мiльёна людзей памерла ад гэтага ўкусу малпы»[15]. Цi возьмем, зноў жа, заўвагу Троцкага з нагоды прастуды, якую ён падхапiў пад час палявання на качак, у вынiку чаго не змог актыўна дзейнiчаць у крытычны момант сваёй сваркi з Зiноўевым, Каменевым i Сталiным увосень 1923 г.: «Можна прадбачыць рэвалюцыю i вайну, але немагчыма прадказаць наступствы восеньскага палявання на дзiкiх качак»[16]. Першае, што тут трэба высветлiць, гэта тое, што такое пытанне не мае нiчога агульнага з сутнасцю дэтэрмiнiзму. Захапленне Антонiя Клеапатрай, прыступ падагры ў Баязэта або прастуда Троцкага былi настолькi ж прычынна абумоўленыя, наколькi i ўсё, што адбываецца. Меркаванне, што захапленне Антонiя ня мела прычыны, надта няветлiвае ў дачыненнi да прыгажосцi Клеапатры. Сувязь памiж жаночай прыгажосцю i закаханасцю мужчыны — адна з найбольш вiдавочных прычынна-вынiковых сувязяў, якiя можна назiраць i сёння. Гэтыя так званыя выпадковасцi ў гiсторыi прадстаўляюць сувязь прычыны i наступства, якая пераходзiць у паслядоўнасць, якую гiсторык зацiкаўлены даследаваць у першую чаргу. Б’юры досыць справядлiва гаворыць пра «калiзiю двух незалежных прычынных ланцугоў»[17]. Сэр Iсая Бэрлiн, якi адкрывае свой нарыс «Historical Inevitability» («Гiстарычная непазбежнасць») ухвальным цытаваннем артыкула Бэрнарда Бэрэнсана «The Accidental View of History» («Гiсторыя з пункту гледжання выпадковасцi»), адзiн з тых, хто змешвае выпадковасць у гэтым сэнсе з адсутнасцю прычыннай дэтэрмiнаванасцi. Але, i без гэтага змешвання, мы сутыкаемся з сапраўднай праблемай. Як можна адшукаць у гiсторыi ясную прычынна-вынiковую сувязь, як нам знайсцi якое-небудзь значэнне ў гiсторыi, калi нашую сувязь у любы момант можа разбурыць або змянiць якая-небудзь iншая, з нашага пункту погляду малавартаясувязь?
Тут мы можам на хвiлiну спынiцца, каб адзначыць паходжанне нядаўна распаўсюджанай увагi да ролi выпадку ў гiсторыi. Здаецца, Палiбiй быў першым гiсторыкам, хто больш-менш сiстэматычна займаўся гэтай праблемай. Хутка сарваў маску з прычыны Гiбон. «Грэкi, — заўважыў ён, — пасля таго, як iхная краiна стала правiнцыяй, прыпiсвалi трыумф Рыму не яго вартасцям, а лёсу iх рэспублiкi»[18]. Тацыт, таксама гiсторык перыяду заняпаду краiны, быў наступным старажытным гiсторыкам, хто ўволю наразважаўся пра выпадак. З нарастаннем настрояў няўпэўненасцi i перасцеражэнняў, якiя з’явiлiся ў бягучым стагоддзi i пасля 1914 г. былi ўжо зусiм вiдавочныя, пачынаюць цвердзiць пра значнасць выпадку ў гiсторыi i брытанскiя гiсторыкi. Першым гэтую тэзу пасля доўгага перапынку агучыў, здаецца, Б’юры. У артыкуле «Darvinism in History» («Дарвiнiзм у гiсторыi») у 1909 г. ён звярнуў увагу на «элемент выпадковага супадзення», якi ў вялiкай ступенi «дапамагае дэтэрмiнаваць падзеi сацыяльнай эвалюцыi». Асобны артыкул пад назвай «Cleopatra’s Nose» («Нос Клеапатры») быў прысвечаны гэтай тэме ў 1916 г.[19]. У цытаваным ужо ўрыўку, адлюстраваўшым крах iлюзiяў у сувязi з правалам лiберальных мараў пасля I сусветнай вайны, Г.Э.Фiшэр просiць сваiх чытачоў прызнаць «гульню выпадковага i непрадбачанага» у гiсторыi[20]. Папулярнасць у гэтай краiне тэорыi гiсторыi як ланцугу выпадковасцяў супала з росквiтам у Францыi фiласофскай школы, якая прапаведавала, што экзiстэнцыя — я цытую знакамiтую «L’Etre et le neant» Сартра — не мае «нi прычыны, нi мэтазгоднасцi, нi неабходнасцi». У Нямеччыне гiсторык-ветэран Майнэке, як мы ўжо адзначылi, да канца свайго жыцця заставаўся пад уражаннем ролi выпадку ў гiсторыi. Ён папракаў Ранке за недастатковую ўвагу да выпадку, i пасля II сусветнай вайны вызначыў нацыянальныя катастрофы апошнiх сарака гадоў як серыю выпадковасцяў: амбiтнасць кайзера, абранне Гiндэнбурга прэзiдэнтам Вэймарскай рэспублiкi, апантанасць Гiтлера i г.д. Усё гэта ёсць сведчаннем банкруцтва розуму вялiкага гiсторыка пад цiскам няшчасцяў яго краiны[21]. У групе цi нацыi, што знаходзiцца на схiле, а не на вяршынi гiстарычных падзей, пераважаюць тэорыi, якiя акцэнтуюць увагу на выпадку i выпадковасцi ў гiсторыi. Такi погляд, што вынiкi даследавання — гэта абсалютная латэрэя, заўсёды будзе папулярны сярод тых, хто знаходзiцца ў трэцiм класе.
Але знайсцi вытокi веры ў гэта не азначае пазбавiцца яе, i нам трэба яшчэ разабрацца, што робiць нос Клеапатры на старонках гiсторыi. Монтэск’ё несумненна быў першым, хто паспрабаваў абаранiць законы гiсторыi ад падобных нападкаў. «Калi адна асобная прычына, як i выпадковы сыход бiтвы, разбурыла дзяржаву, — пiсаў ён у працы пра велiч i заняпад рымлянаў, — значыць, была агульная прычына таго, што заняпад гэтай дзяржавы залежаў ад адной бiтвы.» Марксiсты таксама мелi пэўныя цяжкасцi з гэтай праблемай. Маркс кранаў яе толькi аднойчы, ды i тое ў лiсце:
Сусветная гiсторыя набыла б надзвычай мiстычны характар, калi б у ёй не знайшлося месца для выпадку. Сам гэты выпадак арганiчна становiцца часткай агульнай тэндэнцыi развiцця i кампенсуецца iншымi формамi выпадку. Але паскарэнне i запавольванне залежаць ад такiх «выпадковасцяў», улучна з «выпадковым» характарам асобаў, якiя адпачатку ўзначальваюць рух[22].
Маркс, такiм чынам, прапануе тры апраўданнi выпадковасцi ў гiсторыi. Па-першае, яна не такая ўжо i значная, яна можа «паскараць» або «тармазiць», але не сутнасна, не радыкальна змяняць хаду падзей. Па-другое, адзiн выпадак кампенсуецца iншым, так што ўрэшце рэшт выпадковасць сама сябе анулюе. Па-трэцяе, выпадковасць асаблiва выяўляецца ў характары асобаў[23]. Троцкi падмацаваў тэорыю кампенсацыi i самалiквiдацыi выпадковасцi арыгiнальнай аналогiяй:
Увесь гiстарычны працэс ёсць прасейваннем гiстарычнага закону праз выпадковасць. Мовай бiялогii можна сказаць, што гiстарычны закон рэалiзуецца праз натуральны адбор выпадковасцяў[24].
Прызнаюся, што мяне гэтая тэорыя не задавальняе i не пераконвае. Роля выпадку ў гiсторыi сёння сур’ёзна перабольшваецца тымi, хто зацiкаўлены падкрэслiць яго значнасць. Аднак ён iснуе, i сказаць, што ён адно паскарае цi стрымлiвае, але не змяняе, значыць гуляць словамi. Я не схiльны таксама бачыць якую-небудзь прычыну, каб думаць, што выпадковая падзея — заўчасная смерць Ленiна ва ўзросце пяцiдзесяцi чатырох гадоў, напрыклад, — аўтаматычна кампенсавалася якiм-небудзь iншым здарэннем такiм чынам, каб аднавiць баланс гiстарычнага працэсу.
У роўнай ступенi неадэкватны погляд, што выпадак у гiсторыi — усяго толькi мера нашага няведання, адно назва таго, што нам не ўдалося зразумець[25]. Несумненна, часам так i ёсць. Нябесныя целы атрымалi назву «планеты», што значыць «вандроўнiкi», калi лiчылася, што яны вандруюць па небе хаатычна, i заканамернасць iхнага руху не разумелася. Назваць нешта няўдачай — выдатны спосаб вызвалiцца ад цяжкага i надакучлiвага абавязку даследаваць прычыны з’явы; i, калi нехта кажа мне, што гiсторыя — ланцуг выпадковасцяў, я падазраю яго ў iнтэлектуальнай ляноце i невысокiх iнтэлектуальных здольнасцях. Для сур’ёзных гiсторыкаў звычайнае сцверджанне, што нешта, уважанае выпадковым да цяперашняга часу, зусiм не ёсць такiм, але рацыянальна тлумачыцца i выдатна ўпiсваецца ў шырэйшы кантэкст падзей. Але i гэтым не вычэрпваецца наша праблема. Выпадак — гэта не проста нешта, што нам не ўдалося зразумець. Вырашэнне праблемы выпадковасцi ў гiсторыi, я думаю, трэба шукаць у зусiм iншым парадку iдэй.
Раней мы бачылi, што гiсторыя пачынаецца з адбору i ўпарадкавання фактаў гiсторыкамi, якiя робяць гэтыя факты гiстарычнымi. Не ўсе факты гiстарычныя. Але рознiца памiж гiстарычнымi i негiстарычнымi фактамi не абсалютная i не пастаянная; усялякi факт можа, так бы мовiць, дасягнуць статусу гiстарычнага, калi вызначаны яго дарэчнасць i значнасць. Цяпер мы бачым, што ў нечым падобны да гэтага i падыход гiсторыка да прычынаў. Стаўленне гiсторыка да сваiх прычынаў мае таксама дваiсты i ўзаемны характар, як i стаўленне гiсторыка да ягоных фактаў. Прычыны абумоўлiваюць ягоную iнтэрпрэтацыю гiстарычнага працэсу, а яго iнтэрпрэтацыя абумоўлiвае адбор i ўпарадкаванне прычынаў. Ерархiя прычынаў, адносная значнасць той цi iншай прычыны або шэрагу прычынаў, ёсць сутнасцю ягонай iнтэрпрэтацыi. I гэта дае ключ да вырашэння праблемы выпадковасцi ў гiсторыi. Форма носа Клеапатры, прыступ падагры Баязэта, укус малпы, што забiў караля Аляксандра, смерць Ленiна — гэта былi выпадковасцi, якiя змянiлi курс гiсторыi. Дарэмна замоўчваць iх або рабiць выгляд, быццам яны так цi iнакш не мелi наступстваў. З iншага боку, паколькi гэтыя здарэннi былi выпадковымi, яны не ўплываюць нi на якое рацыянальнае тлумачэнне гiсторыi або на ерархiю значнасцi прычынаў. Прафесар Попэр i прафесар Бэрлiн — я звяртаюся да iх яшчэ раз як да найбольш яркiх i шырока чытаных прадстаўнiкоў гэтай школы — лiчаць, што спроба гiсторыка знайсцi сутнаснае ў гiстарычным працэсе i зрабiць з яго высновы роўнацэнная спробе звесцi «ўвесь вопыт» да парадку сiметрыi, i што прысутнасць выпадковасцi ў гiсторыi асуджае любую такую спробу на няўдачу. Але нiякi нармальны гiсторык не прэтэндуе зрабiць што-небудзь такое фантастычнае, як ахапiць «увесь вопыт»; ён не можа ахапiць больш, чым нязначную частку фактаў нават з выбранага сектару цi аспекту гiсторыi. Свет гiсторыка, як i свет навукоўца, не ёсць фотаздымкам рэальнага свету, а рабочая мадэль, якая дае магчымасць больш-менш эфектыўна зразумець i авалодаць iм. Гiсторык здабывае сутнасць з вопыту мiнулага, або з такога аб’ёму вопыту мiнулага, якi даступны для яго, i частка якога, на яго думку, падлягае рацыянальнаму тлумачэнню i iнтэрпрэтацыi. З гэтага апошняга ён робiць высновы, якiя могуць паслужыць iнструкцыяй да дзеяння. Нядаўна адзiн папулярны аўтар, гаворачы пра дасягненнi навукi, прыводзiць прыклад працэсу чалавечага розуму, якi з кучы вядомых «фактаў» адбiрае фрагменты i камбiнацыi, адкiдаючы непатрэбныя, пакуль яны не складуцца ў лагiчную i рацыянальную сiстэму «ведаў»[26]. З пэўнымi агаворкамi, напрыклад, пра небяспеку празмернага суб’ектывiзму, я б прыняў такую карцiну механiзму разумовай працы гiсторыка.
Гэтая працэдура можа азадачыць i шакаваць фiлосафаў i нават некаторых гiсторыкаў. Але яна дакладна вядомая простым людзям з практыкi iх штодзённага жыцця. Дазвольце праiлюстраваць. Джоўнз вяртаўся на машыне з вечарыны, дзе ён выпiў крыху больш звычайнага. Тармазы, як высветлiлася, былi няспраўныя. На цёмным павароце, дзе бачнасць, зразумела, кепская, Джоўнз збiвае i забiвае Робiнсана, якi пераходзiў дарогу, каб купiць цыгарэты ў краме на рагу. Пасля высвятлення на месцы здарэння, мы сустракаемся — скажам, у мясцовым аддзяленнi палiцыi, каб разабрацца з прычынамi таго, што адбылося. Калi справа была ў напаўатручаным стане кiроўцы, у такiм выпадку магчыма крымiнальная адказнасць. Калi вiной усяму няспраўныя тармазы, — нараканнi можна выказваць у адрас гаража, дзе ўсяго тыдзень таму рамантавалi машыну. Цi прычына ў цёмным павароце? У гэтым выпадку можна папрасiць дарожную адмiнiстрацыю звярнуць увагу на iнцыдэнт. Пакуль мы абмяркоўваем гэтыя практычныя пытаннi, два джэнтэльмэны — не буду спрабаваць назваць iх — урываюцца ў пакой i пачынаюць вельмi хутка i ўпэўнена казаць нам, што калi б Робiнсан не выбег за цыгарэтамi ў той вечар, яму не давялося б пераходзiць праз дарогу i ён застаўся б жыць. Такiм чынам, прычынай смерцi Робiнсана было ягонае жаданне папалiць, i што ўсялякае расследаванне без улiку гэтай прычыны — марнаванне часу, а ўсялякiя высновы з яго — пустыя i бессэнсоўныя. Дык што нам рабiць? Як толькi нам ўдаецца спынiць краснамоўства джэнтэльмэнаў, мы мякка, але рашуча скiроўваем iх да дзвярэй, перадаем швейцару, папрасiўшы нi пад якiм выглядам не прапускаць зноў, i працягваем расследаванне. Але што адказаць тым, што перабiлi нас? Канешне, Робiнсан загiнуў таму, што палiў. Усё, што кажуць прыхiльнiкi выпадку i выпадковасцi ў гiсторыi, абсалютна праўдзiва i абсалютна лагiчна. Усё гэта мае выгляд бязлiтаснай логiкi, якую мы сустракаем у «Алiсе ў краiне цудаў» i ў «За люстэркам». Але, не менш за iншых захапляючыся класiчнымi ўзорамi оксфардскай навукi, я ўсё ж захоўваю ўласны спосаб логiкi.
Гiсторыя, такiм чынам, ёсць працэс адбору з пункту гледжання гiстарычнай значнасцi. Яшчэ раз карыстаючыся выказваннем Талькота Парсанса, скажам, што гiсторыя — «сiстэма адбору» не толькi пазнавальных, але i прычынных арыентацый на рэчаiснасць. Гэтаксама, як з неакрэсленага акiяну фактаў гiсторык выбiрае тыя, якiя маюць значнасць для ягонай мэты, так i з множнасцi прычынна-вынiковых сувязяў ён бярэ тыя i толькi тыя, якiя маюць гiстарычную значнасць, а ўзровень гiстарычнай значнасцi вымяраецца ягонай здольнасцю змясцiць iх у кантэкст рацыянальнага тлумачэння i iнтэрпрэтацыi. iншыя прычынна-вынiковыя сувязi павiнны быць адкiнуты як выпадковыя не таму, што сувязь памiж прычынай i наступствам iншая, а таму, што сама сувязь не да месца. Гiсторык нiчога не можа зрабiць з ёй; яна не падлягае рацыянальнай iнтэрпрэтацыi i не мае значэння нi для мiнулага, нi для сённяшняга. Гэта праўда, што нос Клеапатры, падагра Баязэта, укус Аляксандра малпай, смерць Ленiна цi паленне Робiнсана мелi наступствы. Але няма сэнсу рабiць агульныя высновы, што генералы прайграюць бiтвы праз сваё захапленне прыгожымi каралевамi, войны пачынаюцца праз тое, што каралi трымаюць малпаў, што людзi гiнуць на дарогах таму, што паляць. Калi, з iншага боку, вы скажаце простаму чалавеку, што Робiнсан загiнуў таму, што кiроўца аўтамабiля быў п’яны, цi не спрацавалi тармазы, цi на дарозе было цёмна, ён прыме гэта за цалкам разумнае i рацыянальнае тлумачэнне; калi ён захоча адабраць галоўнае, то можа нават сказаць, што менавiта гэта, а не жаданне Робiнсана набыць цыгарэты, было «сапраўднай» прычынай ягонай смерцi. Падобным чынам, калi вы скажаце студэнту гiсторыi, што прычынай барацьбы ў Савецкiм Саюзе ў 1920-я гады былi дыскусii пра тэмпы iндустрыялiзацыi, лепшыя сродкi прымусiць сялян вырошчваць хлеб i кармiць гарады, нават асабiстыя амбiцыi лiдэраў-супернiкаў, ён адчуе, што гэта рацыянальныя i гiстарычна значныя тлумачэннi, у сэнсе , што iх можна прымянiць да iншых гiстарычных сiтуацыяў, i што гэта «сапраўдныя» прычыны таго, што адбылося ў тым сэнсе, у якiм не можа выступаць выпадак заўчаснай смерцi Ленiна. Яму можна нават, калi ён памяркуе над гэтымi рэчамi, нагадаць пра шматкроць цытаванае i шматкроць няправiльна зразуметае выказванне Гегеля ва ўступе да «Philosophy of Right» («Фiласофii права»), што «што разумнае, тое рэальнае, i што рэальнае, тое разумнае».
Давайце на хвiлiнку вернемся да прычынаў смерцi Робiнсана. Мы без цяжкасцяў прызнаем, што некаторыя прычыны былi рацыянальныя i «рэальныя», а iншыя былi iрацыянальныя i выпадковыя. Але па якiм крытэрыi мы адрознiваем? Да катэгорыi прычыны звычайна звяртаюцца з нейкай мэтай. Вучоныя могуць часам паразважаць, або думаць, што разважаюць, дзеля пацехi. Але ўвогуле чалавек разважае да вынiку. i калi мы прызналi нейкiя тлумачэннi рацыянальнымi, а iншыя тлумачэннi нерацыянальнымi, мы, мяркую, падзяляем тлумачэннi на тыя, што прыводзяць да якога-небудзь вынiку, i на тлумачэннi, якiя не прыводзяць да яго. У разгляданым выпадку быў сэнс думаць, што больш строгае стаўленне да нецвярозых кiроўцаў, больш пiльны кантроль за станам тармазоў, паляпшэнне стану дарог можа прывесцi да змяншэння колькасцi транспартных здарэнняў. Але зусiм няма падстаў лiчыць, што колькасць аўтакатастрофаў можна зменшыць забаронаю палiць цыгарэты. Гэта i быў крытэрый, па якiм мы ажыццявiлi падзел. Тое ж з нашым стаўленнем да прычынаў у гiсторыi. Тут мы гэтаксама вылучаем рацыянальныя i выпадковыя прычыны. Першыя, паколькi iх патэнцыяльна можна прымянiць да iншых краiн, iншых перыядаў i iншых умоў, вядуць да плённых абагульненняў, яны могуць стаць урокамi; яны прыводзяць у вынiку да пашырэння i паглыблення нашага разумення[27]. Выпадковыя прычыны нельга абагулiць; i, паколькi яны ў поўным сэнсе слова унiкальныя, яны не даюць урокаў i не прыводзяць нi да якiх высноў. Але тут я мушу закрануць iншы момант. Дакладна такое разуменне вынiку дае ключ нашай трактоўцы прычыннасцi ў гiсторыi; i яно абавязкова ўлучае меркаваннi пра вартасцi. Iнтэрпрэтацыя ў гiсторыi заўсёды пераплятаецца з ацэначнымi меркаваннямi, а прычыннасць пераплятаецца з iнтэрпрэтацыяй. Па словах Майнэке — вялiкага Mайнэке, Mайнэкe 1920-х гадоў, «пошук прычыннасцi ў гiсторыi немагчымы без улiку вартасцяў… за пошукам прычыннасцi заўсёды стаiць, непасрэдна або ўскосна, пошук вартасцяў»[28]. Гэта нагадвае тое, што я казаў раней пра падвойную i ўзаемную функцыю гiсторыi — развiваць нашае разуменне мiнулага ў святле сённяшняга i сённяшняга ў святле мiнулага. Усё астатняе, накшталт захаплення Антонiя носам Клеапатры, не можа служыць гэтай падвойнай мэце, i з пункту гледжання гiсторыка яно мёртвае i бессэнсоўнае.
Тут мне час прызнацца, што я разыграў вас, хоць, паколькi гэта вам не замiнала, а мне дало магчымасць у шэрагу выпадкаў скарацiць i спрасцiць тое, пра што казаў, вы напэўна даруеце мне, прыняўшы гэта за зручны спосаб быць сцiслым. Да гэтай пары я паслядоўна ўжываў умоўны выраз «мiнулае i сённяшняе». Але, як мы ўсе ведаем, сённяшняе ёсць нiшто iншае, як абстрактнае iснаванне ўяўнай лiнii падзелу памiж мiнулым i будучым. Гаворачы пра сённяшняе, я моўчкi ўносiў у аргументацыю iншае часавае вымярэнне. Мяркую, было б лёгка паказаць, што, паколькi мiнулае i будучае ёсць часткамi аднаго i таго ж часавага перыяду, цiкаўнасць да мiнулага i цiкаўнасць да будучага ўзаемазвязаныя. Лiнiя падзелу памiж дагiстарычнымi i гiстарычнымi часамi руйнуецца, калi людзi перастаюць жыць толькi ў цяперашнiм, калi ў iх з’яўляецца свядомы iнтарэс i да свайго мiнулага, i да сваёй будучынi. Гiсторыя пачынаецца з трансляцыi традыцыi. А традыцыя азначае перанос звычак i ўрокаў мiнулага ў будучыню. Дакументы мiнулага зберагаюць дзеля будучых пакаленняў. «Гiстарычнае мысленне», — пiша галандскi вучоны Гейзiнга, — «заўсёды тэлеалагiчнае»[29]. Сэр Чарльз Сноў напiсаў нядаўна пра Разэрфорда (Rutherford), што той «як усе вучоныя … заўсёды, амаль не думаючы, што гэта значыць, насiў будучыню ў сваiх касцях»[30]. Па-мойму, добрыя гiсторыкi, незалежна ад таго, думаюць яны пра гэта цi не, носяць будучыню ў сваiх касцях.
З ангельскай пераклала Iрэна Ганецкая
[1] Cornford, F. M., Thucydides Mythistoricus, passim.
[2] De l’esprit des lois, Уступ і разд. 1.
[3] Memorials of Alfred Marshall, Ed. A. C. Pigou, 1925, 428.
[4] Poincare, H., La Science et l’hypothese, 1902, 202-203.
[5] Russell, В., Mysticism and Logic, 1918, 188.
[6] The Education of Henry Adams, Boston 1928, 224.
[7] “The Poverty of Historicism” упершыню выйшла кнігай у 1957 г., але яна складаецца з артыкулаў, апублікаваных паміж 1944 і 1945 гадамі.
[8] Я пазбягаў слова ”гістарыцызм”, за выняткам аднаго-двух выпадкаў, дзе не патрабавалася дакладнасць, пакуль шырокачытаныя працы прафecapa Попэра па гэтай тэме не пазбавілі тэрмін дакладнага значэння. Упартае настойванне на дэфініцыі паняццяў — педантызм. Кожны павінен ведаць, пра што ён гаворыць, а прафесар Попэр выкарыстоўвае “гістарыцызм” як пастку для любога меркавання пра гісторыю, якое яму не падабаецца, улучна з тымі, якія, здаецца, гучаць, і тымі, якія, думаю, ніводзін сур’ёзны аўтар сёння не падтрымае. Як ён сам прызнае (The Poverty of Historicism, 3), ён прыдумляе ”гістарыцыскія” аргументы, якія не выкарыстоўваліся ніводным вядомым „гістарыцыстам”. У ягоных працах гістарыцызм ахапляе і дактрыны, што ператвараюць гісторыю ў навуку, і дактрыны, якія рашуча розняць іх. У „Open Society” Гегель, які пазбягаў прароцтваў, называецца вярхоўным жрацом гістарыцызму; ва ўводзінах да „The Poverty of Historicism” гістарыцызм паказваецца як „падыход да грамадскіх навук, які лічыць гістарычнае прадказанне сваей галоунай мэтай”. Да гэтага часу „гістарыцызм” звычайна прымалі за ангельскую версію нямецкага „гістарызму”, цяпер прафесар Попэр раздзяляе ”гістарыцызм” і ”гістарызм”, уносячы, такім чынам, яшчэ больш блытаніцы ва ўжо і так заблытанае паняцце. У кнізе M.C.d’Arcy The Scene of History: Secular and Sacred (1959), 11 слова ”гістарыцызм” выкарыстоўваецца як ”ідентьгчнае філасофіі гісторыім”.
[9] Атака на Платона як першага фашыста пачалася, аднак, з серыі радыёперадачаў супрацоўнікаў Оксфардскага Універсітэту, R.H.Crossman, Plato Today (1937).
[10] Kingsley, С, The Limits of Exact Science as to Applied to History, 1860, 22.
[11] ”Дэтэрмінізм… азначае… што, факты ёсць такімі, якімі яны ёсць. Што ні адбываецца, адбываецца прадвызначана, і не можа быць інакш. Дапускаць, што нешта магло б адбыцца, азначае толькі, што яно б адбылося, калі б факты былі іншыя” (Alexander, S.W., Essays Presented to Ernst Cassirer, 1936, 18).
[12] Popper, K.R., The Open Society (2-е выданне, 1952), II, 197.
[13] ”Закон прычыннасці не ёсць нашым абавязкам перад светам”, але ”ёсць для нас пэўна самым зручным метадам адаптацыі да свету” (Rueff, J., From the Phisical to the Social Sciences, Baltimore 1929, 52). Сам прафесар Попэр (Logic of Scientific Enquiry, 248) называе веру ў прычыннасць ”метафізічнай гіпастатызацыяй добрасцверджанага метадалагічнага правіла”.
[14] Decline and Fall of the Roman Empire, LXIV.
[15] Churchill, W., The Word Crisis: The Aftermath, 1929, 386.
[16] Trotsky, L., My Life (engl. trans. 1930), 425.
[17] Аргумент К’юры на гэты конт гл.: The idea of Progress, 1920, 304-305.
[18] Decline and Fall of the Roman Empire, XXXVIII. Цікава адзначыць, што грзкі, пасля таго, як былі заваяваныя рымлянамі, таксама захапіліся гульнямі у гістарычныя ”магло б быць” — улюбёнае суцяшэнне пераможаных: калі б Аляксандр Вялікі не памёр малады, казалі яны адзін аднаму, ”ён заваявау бы Захад, і Рым быў бы падпарадкаваны грзцкім каралям” (Fritz, К. von, The Theory of the Mixed Constitution in Antiquity, New York 1954, 395).
[19] Абодва артыкулы перадрукаваныя у кн.: Bury, J. B., Selected Essays (1930); каментары Колінгвуда адносна поглядаў Б’юры гл.: The Idea of History, 148-50.
[20] Гэты ўрывак гл. вышэй. Цытаванне Тойнбі выказвання Фішэра у ”А Study of History”, V, 313, сведчыць пра поўнае неразуменне: ён расцэньвае яго як прадукт ”сучаснай заходняй веры ва ўсемагутнасць выпадку”, якая „спараджае” неўмяшанне. Тэарэтыкі неўмяшання вераць не ў выпадах, а ў нябачную руку, якая ажьщцяўляе дабрадзейны лад шматстайных чалавечых паводзінаў; а заўвага Фішэра была прадуктам не неўмяшальніцкага лібералізму, а яго краху ў 1920-х і 1930-х гадах.
[21] Адпаведныя ўрыўкі цытуе Старк ва ўводзінах да кнігі Meinecke, F., Machiavellism, XXXV-XXXVI.
[22] Marx К., Engels, F, Works, XXVI, 108.
[23] Талстой у „Вайне і міры”, зпілог І, ставіць знак роўнасці паміж „выпадковасцю” і „геніяльнасцю” як тэрмінамі, што выяўляюць няздольнасць чалавека зразумець першасныя прычыны.
[24] Trotsky, L., My Life, 1930, 422.
[25] Гэтую пазіцыю заняў Талстой: ”Мы вымушаныя зноў скаціцца да фаталізму як тлумачэння ірацыянальных падзей, гэта значыць падзей, рацыянальнасць якіх мы не разумеем” („Вайна і мір”, кн. IX, разд І).
[26] Paul, L., The annihilation of Man, 1944, 77.
[27] Прафесар Попэр у нейкі момант сутыкаецца з гэтай праблемай, але ніяк не бачыць яе. Прыняўшы «множнасць інтэрпрэтацый, якія па сутнасці на тым самым ўзроуні і дапушчальнасці, і ўмоунасці» (і што яны дакладна тое і азначаюць), ен дадае ў дужках, што „некаторыя з іх можна адрозніць па эфектыўнасці — аднаму з момантаў некаторай значнасці” (The Poverty of Historicism, 151). Гэта не адзін з момантаў некаторай значнасці: гэта той момант, які даказвае, што „гістарыцызм” (у пэўных значэннях гэтага слова) усё ж не такі ўбогі.
[28] Kausalitäten und Werte in der Geschichte, 1928, перакл. у: F.Stern (Ed.), Varieties of History, 1957, 268, 273.
[29] Huizinga, J., перакл. у: Varieties of History, 293.
[30] The Baldwin Age, Ed. John Raymond, 1960, 246.