БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Андрэй Антонаў. Аляксандр Ружанцоў: Накіды да біяграфіі


Даследуючы літоўска-беларускія культурныя сувязі XX ст., нельга абысці ўвагаю аднаго з ключавых удзельнікаў гэтых кантактаў — беларускага паэта, літоўскага афіцэра і бібліёграфа Аляксандра Ружанцова (1893-1966), вядомага таксама пад літаратурным псеўданімам Алесь Смаленец.

Як аб’ект даследавання Аляксандр Ружанцоў прыцягвае ўвагу не толькі біяграфіяй са складаным сюжэтам (афіцэр армій трох краін, на працягу жыцця змяніў тры грамадзянствы, у выніку сусветных войнаў двойчы свядома прымаў статус эмігранта). Маштабы войнаўу XX ст. напладзілі не так і мала складана закручаных сюжэтаў з біяграфій маленькіх людзей. Але паэт Смаленец заслугоўвае дакументальна абгрунтаванага жыццяпісу не толькі па гэтай прычыне.

Якой бы малой па сваім аб’ёме не была паэтычная спадчына Аляксандра Ружанцова, яго вершы вылучаюцца з усяго корпуса тэкстаў беларускай літаратуры хіба тым, што ні да таго, ні пасля ніхто не здолеў так злавіць інтанацыю і пераканаўча перадаць жах акопнай вайны. Той жах перманентнай латарэі, галоўны прыз у якой — гэта магчымасць згуляць яшчэ раз. Той жах, укладзены ў просты, як у калыханкі, рытм і акантаваны немудрагелістымі рыфмамі, узрушваечытачаі сёння. На жаль, сэнс слова экзістэнцыялізм беларускія літаратуразнаўцы даведаліся толькі тады, калі вершы паэта былі надзейна пахаваныя ў падшыўках міжваенных віленскіх перыёдыкаў.

На маю думку, асоба і лёс Аляксандра Ружанцова цікавыя яшчэ і чаму, што ён адзін з самых актыўных удзельнікаў беларуска-літоўскага міжкультурнага дыялогу ў першай палове XX ст. Да таго ж, ён ці не адзіны беларус, які ў міжваеннай Літве здолеў заняць прыкметнае месца ў гуманітарнай сферы[1] і пры гэтым не спрабаваў займацца мімікрыяй і схаваць сваё нелітоўскае паходжанне.

Апрача ўсяго, для беларускага чытача біяграфія Аляксандра Ружанцова — гэта яшчэ добрая (і рэдкая) нагода дакрануцца да гісторыі паўсядзённага жыцця міжваеннай Літвы, пра рэаліі якога ён звычайна мае даволі прыблізныя ўяўленні.

Аляксандр Ружанцоў быў персонай нон-грата на старонках выдадзеных у Савецкай Беларусі кніг практычна на працягу ўсяго перыяду існавання БССР. Да пачатку Другой сусветнай вайны яго асоба — афіцэр Асобнага Беларускага Батальёна літоўскага войска — была непрымальнай для цэнзараў. А тая акалічнасць, што ў энд шпілі Другой сусветнай вайны ён разам з сям’ёй выехаў у Нямеччыну, была дастатковай прычынай для таго, каб яго імя цалкам выкрасліць з навуковага звароту і пасля вайны.

Стаўленне да прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў БССР было рэзка адмоўным і ў разуменні чыноўнікаў непарыўна звязвалася са здрадай радзіме, учынкам з вельмі моцнай адмоўнай афарбоўкай. Сёння, у часы панавання татальных і ўсёабдымных базаў звестак, гучыць неверагодна, але за 150 км ад Мінска, у Савецкай Літве, асоба Аляксандра Ружанцова ў цэнзараў ад пачатку 60-х г. асаблівых эмоцый не выклікала.Аў1971г.уМалойЛітоўскайЭнцыклапедыінават з’явіўся артыкул (сціслая біяграфія з бібліяграфічнай даведкай), прысвечаны яму[2]. Крыху пазней, у 1980 г., у перыёдыку Віленскага ўніверсітэта „Knygotyra», які спецыялізуецца на праблемах бібліяграфіі і кнігазнаўства, быў апублікаваны артыкул патрыярха літоўскай гісторыі кнігі і бібліяграфіі Ляваса Уладзіміроваса (1912-1999) „Шляхамі і ілжэшляхамі жыцця і бібліяграфіі»[3], у якім, нягледзячы на вялікую частотнасць такіх характэрных для таго часу рытарычных фігур, як „класавыя забабоны», „варожая для Радзімы дзейнасць», „лёсавызначальная памылка» і г. д., літоўскія чытачы змаглі пазнаёміцца з біяграфіяй і асноўнымі працамі (у першую чаргу па гісторыі кнігі і бібліяграфіі) Аляксандра Ружанцова.

Аднак тая частковая „рэабілітаванасць» Аляксандра Ружанцова ў Літоўскай ССР не прапусціла яго імя на старонкі апублікаванай у 1988 г. Альмай Лапінскене і Адамам Мальдзісам манаграфіі, прысвечанай беларуска-літоўскім літаратурным сувязям — „Перазовы сяброўскіх галасоў»[4], якая ў наступным годзе выйшла ў перакладзе на літоўскую мову пад менш рамантычнай назвай „Літоўска-беларускія літаратурныя сувязі»[5].

Аўтары грунтоўнага, актуальнага і сёння даследавання не палічылі патрэбным раскрываць яго псеўданім Алесь Смаленец, а цікавасць да яго ўладальніка, на іх думку, можа быць выклікана хіба толькі тым, што, „паводле М. Гарэцкага, ён перакладаў з беларускай мовы на літоўскую і наадварот»[6]. I гэта пры тым, што Аляксандр Ружанцоў быў вельмі актыўным аўтарам часопіса „Крывіч», якому аўтары кнігі прысвяцілі шмат увагі і далі самую высокую ацэнку[7].

Наогул, ствараецца ўражанне, што ў аўтараў манаграфіі „не склаліся» адносіны з Ружанцовым. Яны пазбягаюць называць яго імя, нават у тых выпадках, калі на старонках кнігі вымушаны ўзгадваць яго публікацыі[8]. Калі прыняць пад увагу, што гэты чалавек адным з першых стаў пісаць на тэму беларуска-літоўскіх літаратурных і культурных сувязяў[9], то такая пагарда з боку наступнікаў не выглядае апраўданай.

Відавочны „дысбаланс» у ступені рэабілітаванасці імя Аляксандра Ружанцова ўдзвюх суседніх савецкіх рэспубліках тлумачыцца не столькі слабейшым цэнзурным прыгнётам у Літоўскай ССР, колькі збегам цэлага шэрагу гістарычных абставінаў[10].

Справа нават не ў тым, што саветызацыя Літвы пачалася пазней і ўлады былі вымушаныя ўжываць мякчэйшыя методыкі ідэалагічнага ціску. Ужо пасля смерці Сталіна імёны многіх дзеячаў літоўскай эміграцыі перасталі быць табу для савецкага друку. У першую чаргу гэта звязана з тым, што пасля Другой сусветнай вайны Літву пакінулі не толькі прыхільнікі рэжыму прэзідэнта Антанаса Смятоны, дзеячы правага палітычнага крыла ці сімпатыкі Трэцяга Райху, але і многія прадстаўнікі левай інтэлігенцыі.

Прычым шлях эміграцыі абралі не толькі дзеячы, якія стаялі ля вытокаў літоўскай сацыял-дэмакратыі (напрыклад, браты Міколас і Вацловас Біржышкі, Сцяпонас Кайрыс), не толькі некаторыя сябры „Таварыства па вывучэнні культуры народаў СССР», што дзейнічала ў Коўне пад шчыльным патранажам і пры дапамозе савецкага пасольства (гучыць анекдатычна), але і прадстаўнікі літоўскага савецкага істэблішменту: літаратар, навуковец і палітычны дзеяч Міколас Крэве-Міцкявічус, які ў 1939 г. быў міністрам замежных спраў у марыянеткавым прасавецкім урадзе (г. зв. народны ўрад), а пазней узначальваў Акадэмію навук ЛССР. Гэтак сама шлях эміграцыі на Захад абраў колішні намеснік старшыні Вярхоўнага Савета, празаік Людас Давіденас[11] і іншыя, менш прыкметныя, з пазіцыі нашага часу, асобы.

Таму ніводнае гістарычнае даследаванне на ідэалагічна слушную тэматыку, якой была ў савецкія часы тэма „культурных літоўска-савецкіх кантактаў» ці „ўстанаўленне савецкай улад ы ў Літве», не магл о абысціся без узгад кі імёнаў такіх дзеячаў літоўскай культуры, як Вінцас Крэве-Міцкявічус[12] ці браты Міколас[13] і Вацловас[14] Біржышкі[15].

Для літоўскага цэнзара Aleksandras Ružancovas — усяго толькі гісторык кнігі і бібліёграф, які мала цікавіўся палітыкай і не заўважаны ў якой-небудзь выразна антысавецкай дзейнасці. Тое, што ён быў афіцэрам літоўскай арміі, прыцягвала мала ўвагі, бо ў перыяд 1919-1940 г. на афіцэрскіх пасадах зараблялі сабе нажыццё тысячы людзей. У якім канкрэтна батальёне ён служыў, цікавіла мала каго.

Але ў БССР на яго персону глядзелі з іншага ракурсу. У першую чаргу ён быў афіцэрам Асобнага Беларускага Батальёна і нястомным хранікёрам гэтай баявой адзінкі. І гэты аспект біяграфіі рупіў больш, чым невялікі паводле свайго аб’ёму наробак у галіне беларускай бібліяграфіі ці невялікі па аб’ёме корпус паэтычных тэкстаў.

Вяртанне Аляксандра Ружанцова-паэта ў беларускі кантэкст адбылося толькі ў 1989 г. дзякуючы публікацыі Алеся Бяляцкага ў зборніку „Тутэйшыя»[16], дзе беларускі чытач упершыню пасля доўгіх гадоў ігнаравання і забыцця змог пазнаёміцца з творамі аднаго з найцікавейшых беларускіх паэтаў 20-х г. мінулага стагоддзя, а таксама з яго жыццяпісам. Пазней гэтым даследчыкам былі падрыхтаваныя для публікацыі нізка вершаў[17], а таксама праца А. Ружанцова „Беларускія войскі ў Літве 1918-1920″[18]. Пры ўсёй значнасці гэтых публікацый трэба заўважыць, што зроблены яны звычайна без пазначэння крыніц паходжання тэкстаў, а біяграфія іх аўтара поўная недакладнасцяў і фантазій, якія застаюцца на сумленні публікатара. Нават у такім грунтоўным выданні, як біябібліяграфічны слоўнік „Беларускія пісьменнікі»[19], жыццяпіс і бібліяграфія нашага героя падаюцца з нехарактэрнай для гэтага даведніка схематычнасцю і шэрагам недакладнасцяў. Больш за тое, укладальнік бібліяграфіі проста праігнараваў звесткі, пададзеныя ў „Слоўніку беларускіх псеўданімаўі крыптанімаў Янкі Саламевіча[20].

Асобна варта ўзгадаць біяграфічны нарыс, напісаны Вітаўтам Тумашам, прысвечаны 60-годдзю Аляксандра Ружанцова, апублікаваны ў „Запісах» Беларускага інстытута навукі і мастацтва[21]. Сярод згаданых публікацый ён вылучаецца прадказальным „беларусацэнтрызмам». Балазе, што ўсе вядомыя нам літоўскія крыніцы хаця і падкрэслівалі факт нелітоўскага паходжання Аляксандра Ружанцова, а таксама ўзгадвалі пра яго супрацоўніцтва з беларускімі палітычнымі і грамадска-культурнымі арганізацыямі, што дзейнічалі ў міжваеннай Літве, па зразумелых прычынах не звярталі асаблівай увагі на гэтыя аспекты яго біяграфіі і творчай спадчыны.

Выглядае, што наспела неабходнасць падсумаваць і абагульніць біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі, назапашаныя за мінулыя гады, а таксама апублікаваць шэраг невядомых дагэтуль тэкстаў Аляксандра Ружанцова.

У гэтай працы я зраблю спробу па магчымасці паслядоўна выкласці жыццяпіс Аляксандра Ружанцова, падрыхтаваны на базе звестах, якія ўдалося сабраць па публікацыях у літоўскім, заходнебеларускім перыядычным друку і ў эмігранцкіх выданнях, што выходзілі ў ЗША пасля Другой сусветнай вайны. Таксама былі праведзены росшукі ў архівах Літвы — як у добра вывучаных беларускімі даследчыкамі (аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы і аддзел рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса), так і ў зборах, якія не ўвайшлі ў навуковы зварот беларускіх гісторыкаў. У першую чаргу гэта тычыцца архіва Цэнтра вывучэння эміграцыі (Išeivijos studijų centras) пры Ковенскім універсітэце імя Вітаўта Вялікага, які спецыялізуецца на зборы і парадкаванні як прыватных архіваў дзеячаў літоўскай эміграцыі, так і архіваў літоўскіх арганізацый на чужыне.

Карыстаючыся нагодай, хачу выказаць падзяку за дапамогу Арсеню Сяргеевічу Лісу, без чыёй ініцыятывы гэтая праца не магла быць пачатая, а таксама Томашу Блашчаку, без чыёй дапамогі гэты тэкст не мог быць закончаны.

***

Аляксандр Ружанцоў нарадзіўся 12 жніўня 1893 г. у горадзе Вязьма (Смаленская губерня) у шляхецкай сям’і, радавод якой Ружанцову падабалася выводзіць ад смаленскай шляхты часоў ВКЛ, ад літоўскага шляхціча Ружанца, які ў неакрэсленым мінулым нібыта трапіў на захад Расіі разам з войскамі ВКЛ. У 1911 г. ён скончыў гарадскую гімназію Вязьмы. Пра першыя гады свайго жыцця сам Ружанцоў пакінуў вельмі фрагментарныя ўзгадкі. Нягледзячы на тое, што ў розных архівах Літоўскай Рэспублікі захавалася не так і мала яго эпісталярыю, а аб’ём яго творчай спадчыны куды большы, чым падаецца ў энцыклапедычным даведніку „Беларускія пісьменнікі», усё ж складваецца ўражанне, што Аляксандр Ружанцоў пра гады сваёй маладосці не быў схільны (а мо і не лічыў патрэбным) распавядаць ані шырокай публіцы, ані сваім карэспандэнтам. Пра школьныя гады і пра атмасферу, што панавала ў Вяземскай гарадской гімназіі, можам даведацца хіба толькі з артыкула Ружанцова „Паленне кніг», які быў апублікаваны ў часопісе „Крывіч», дзе ён распавядаў пра страчаныя беларускія рэаліі на ўсходняй Смаленшчыне: «У паветавым горадзе на Смаленшчыне маёй роднай, на плацу, сярод дробных крам стаяла каплічка. На ганку яе сядзела старая недарэка Паланея; у яе куплялі свечкі, абразкі і прасвіркі. У белай каплічцы ў старасветнай труне, узнесенай на катафалку пад вялізарным крыжам, ляжаў Хрыстос, бытцам нябошчык. Быў ён кудзебна выразаны з дрэва і памаляваны алейнай фарбай, але дужа натуральна і зручна. Гэта ляжаў дзіцё-Хрыстос. Памятаю, хлопчыкам маленькім быў я і да гімназіі шэсць дзён на тыдзень мусіў бегаць. Цудоўна памагаў нам Хрыстосік, ратаваў ва ўсіх прыгодах і збаўцай быў ад „двоек» і „адзінак», на што не сварыліся нашыя настаўнікі, палова якіх мела за сабой 25-30 гадоў педагагічнай службы. Асабліва памагаў той, салодкай памяці, Хрыстос хлопцам, прыехаўшым з двароў ды вёсак, на захад ад гораду ляжачых. З малых лет цяжка давалася ім навука. Цяжка было пачынаць „какаць» пасля „якання» дома. Ось гэтае „як» і было страшным, бо настаўнік з маскоўскай мовы крычэў на ўсю клясу і лаяў хлопца „хахлом», „мазніцаю», „квачом» і іншымі словамі з невялічкага запасу „беларускіх» выразаў, якія змяшчала яго вялікая, прачаджаная гарэлкай галава…»[22]. Наколькі праўдзівая гэтая замалёўка? Нашы ўспаміны і наша мінулае належаць толькі нам, і мы вольныя маляваць іх менавіта такімі, якімі малюем.

Пасля заканчэння гімназіі Аляксандр Ружанцоў паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, дзе вучыўся на працягу 6 семестраў 1911-1914 г[23]. Яго біёграф Лявас Уладзіміровас пісаў, што зацікаўленне гісторыяй ВКЛ пачалося ў юнака ў глыбокай расійскай правінцыі з лекцый прафесара М. Любаўскага. У студэнцкія гады Аляксандр Ружанцоў пачаў цікавіцца і бібліяграфіяй, якая пазней стала для яго і прафесіяй, і захапленнем.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны быў прызваны ў войска і да вучобы ва ўніверсітэце, хутчэй за ўсё, больш не вяртаўся. У анкеце, запоўненай Аляксандрам Ружанцовым у 1940 г., пры ўступленні ў Беларускі настаўніцкі саюз ён указаў на ўсё тыя ж шэсць семестраў маскоўскага ўніверсітэта.

У 1914 г. скончыў Аляксееўскую вайсковую школу, як афіцэр удзельнічаў у імперыялістычнай вайне, дзе на расійска-нямецкім фронце быў паранены. У 1918 г. быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, „дзе яму быў даручаны ажно полк, які змагаўся на беларускіх і літоўскіх землях»[24], аднак у 1919 г. перайшоў на літоўскі бок і ўзначаліў беларускі батальён. Даволі круты зігзаг кар’еры, нават для такога феерычнага перыяду гісторыі Еўропы, як першыя гады пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, калі лёсы людзей больш нагадвалі старонкі авантурнага рамана, чым жыццяпісы.

Аднак пра ўсё па-парадку. Аляксандр Ружанцоў трапляе ў Вільню напрыканцы 1918 г. разам з бальшавіцкімі войскамі ў рангу намесніка камандзіра 7-га пяхотнага палка Літоўскай дывізіі. 4 лютага 1919 г., пасля ўрачыстага мітынгу на Лукішскім пляцы, пад гукі „Інтэрнацыянала», 7-ы пяхотны полк выступіў з горада і па маршруце Вільня — Лендварова — Новыя Трокі — Высокі Двор — Стаклішкі — Езна мусіў дайсці да Коўна, дзе спадзяваўся атрымаць падмацаванне з боку спартакаўцаў Ковенскага гарнізона і малазямельных сялян Сувалкіі, ну а потым… Потым меўся быць актыўны ўдзел палка ў сусветнай рэвалюцыі. Паводле планаў камандавання Чырвонай Арміі Коўна мусіла быць узятае 15 лютага 1919 г.

Аднак чым далей полк, складзены з беларускіх сялян, расійскіх казакоў і літоўскіх камуністаў, прасоўваўся на захад, тым менш радасна яго сустракала мясцовае насельніцтва. Непадалёк ад мястэчка Езна[25] завязаліся жорсткія баі з рэгулярнымі часткамі літоўскага войска, у выніку якіх бальшавікі неслі вялікія страты. Байцы Чырвонай Арміі былі больш схільныя мітынгаваць, чым весці асэнсаваныя баі з нечакана моцным і добра арганізаваным праціўнікам.

Пры ўсіх магчымых непаразуменнях паміж бальшавікамі і Аляксандрам Ружанцовым цяжка даць веры тлумачэнню, што расійскі афіцэр нібыта ў адзін прыгожы дзень разумее, што можа стаць беларускім афіцэрам літоўскага войска і пераходзіць на бок ворага. „Раптоўную» беларускасць адзін з першых савецкіх біёграфаў Аляксандра Ружанцова Лявас Уладзіміровас спрабаваўрастлумачыць так: перайшоўшы на бок літоўскага войска, Ружанцоў, «разумеючы, што будучы расійцам па нацыянальнасці і маючы расійскае прозвішча, наўрад ці здолее застацца ў літоўскім войску, стварыў легенду, маўляў, ён паходзіць з „беларусаў», а магчыма, ад нейкага казачнага літоўскага шляхціча, які прыйшоў на Смаленскую зямлю разам з суправаджэннем вялікага князя, якое заваявала яе»[26]. На вялікі жаль, аўтар не пазначыў, ці гэта яго ўласная інтэрпрэтацыя падзей, ці пераказ размоў з Аляксандрам Ружанцовым, і да якой ступені гэты пераказ вольны.

Нават калі не ўздымаць пытання наконт праўдзівасці аповеду Ляваса Уладзіміроваса, то трэба адзначыць, што агучаная ім версія мае больш хібаў, чым здаецца на першы погляд.

Найперш трэба адзначыць той факт, што Літоўская Рэспубліка ў 1918-1939 г. актыўна прэтэндавала на землі колішніх Віленскай і Гарадзенскай губерняў, якія паводле свайго этнічнага складу блізка не былі маналітным літоўскім рэгіёнам. І будаўнікі новай краіны вельмі добра гэта разумелі. Улады толькі што створанай Літоўскай Рэспублікі ўсімі магчымымі сродкамі імкнуліся далучыць да ідэі дзяржаўнага будаўніцтва Літвы прадстаўнікоўусіх народаў краю. I расійцы не былі выключэннем. Адзін з ідэолагаў літоўскага адраджэння Міколас Біржышка ў рэдакцыйным артыкуле выдаванай ім у Вільні па-расійску газеты „Литва» так тлумачыў чытачам мэты свайго выдання: „…мы — літоўцы, якія імкнуцца растлумачыць шматмоўнаму насельніцтву сваёй шматграннай радзімы свае памкненні і асновы грамадска-дзяржаўнага будаўніцтва Літвы, як з мэтай палегчыць гэтае будаўніцтва шляхам прыбірання магчымых сумневаў і недасведчанасці ў тых ці іншых колах наконт літоўскай працы, — так і з мэтай далучэння больш шырокіх колаў літоўскага грамадства да агульналітоўскай працы»[27].

Не трэба таксама забывацца і на тое, што ў 1919 г. у літоўскім войску справаводства вялося па-расійску, літоўская дзяржава паслугоўвалася даваенным расійскім крымінальным кодэксам, а абсалютная большасць афіцэраў літоўскага войска скончыла расійскія вайсковыя навучальныя ўстановы і літоўскую мову ведала ўлепшым выпадку на побытавым узроўні.

Апрача таго, літоўскае войска на той момант фармавалася па добраахвотным прынцыпе, і вярбоўшчыкі (прынамсі ў 1919 г.) не звярталі ўвагі на этнічнае паходжанне таго ці іншага жаўнера, ну а тым больш афіцэра. Рыторыка прэсы і афіцыёзу Літоўскай Рэспублікі на працягу амаль усяго міжваеннага перыяду была больш антыпольскай / антышляхецкай, чым антырасійскай / антысавецкай. Гэта было звязана i з нявырашаным польска-літоўскім канфліктам за Віленшчыну, рэалізацыяй зямельнай рэформыі, у выніку якой пацярпелі пераважна буйныя землеўладальнікі польскага паходжання, а таксама тым, што толькі Савецкая Расія (а пазней СССР) была адзінай дзяржавай у рэгіёне, якая безумоўна падтрымлівала прэтэнзіі Літвы на Вільню.

Важны таксама і той аспект, што Коўна (зрэшты і астатняя Літва) практычна монаэтнічным і моналінгвістычным, такім, якім ведаюць яго сённяшнія беларускія турысты, стала толькі пасля Другой сусветнай вайны — пасля рэпатрыяцыі літоўскіх немцаў і палякаў, а таксама татальнага знішчэння мясцовай яўрэйскай грамады.

Toe самае можна давесці і шляхам доказаў „ад адваротнага». Зусім не цяжка паверыць у тое, што Аляксандр Ружанцоў па нейкіх прычынах у шалёным 1919 г. вырашыў стаць беларусам. Тады ўзнікае пытанне, чаму ён заставаўся верны свайму выбару да канца жыцця? Калі ўжо трымацца беларускасці (у тым выпадку, калі яна была менавіта свядомым аблічаным выбарам) не было ніякага практычнага сэнсу? Пасля таго як было ліквідавана міністэрства беларускіх спраў, а Коўна пакінулі Варонка, Ластоўскі, урад БНР афіцыйна склаў з сябе паўнамоцтвы і перспектывы беларусаў у Літве перасталі здавацца прывабнымі самым адчайным аптымістам, Ружанцову лёгка было „спусціць на тармазах» тую „прыдуманую» беларускасць. Але ён гэтага не зрабіў.

Калі ўжо казаць пра дывідэнды, атрыманыя ў сувязі са зменай нацыянальнасці, то зусім незразумела, што магло перашкодзіць Аляксандру Ружанцову паводле кан’юнктурных меркаванняў адразу запісацца ў літоўцы? У 1919 г. для таго, каб зрабіць гэта, зусім не абавязкова было валодаць літоўскай мовай, нарадзіцца ў Літве ці мець хоць бы каліва балцкай крыві. Дастаткова было адной дэкларацыі і жадання працаваць на карысць Літоўскай Рэспублікі[28].

Насуперак агульнапрынятай сярод літоўскіх і беларускіх даследчыкаў біяграфіі Аляксандра Ружанцова думцы, знаёмства з Літвою для Ружанцова пачалося куды раней, чым у 1919 г. У адным з лістоў да свайго сябра, літоўскага энцыклапедыста і выдаўца Бронюса Квікліса (Bronius Kviklys, 1913-1990), Ружанцоў, дзякуючы за дасланую карту Літвы, крыху распавёў пра свае першыя візіты ў Літву і Беларусь: «Зноў пабываў у Літве. Пачаў ад чыгункі, якой у 1906-08 г. ездзіў у сучасную Латвію да дзядзькі і цётак. Пазней, напрыканцы 1914 г., зноў перакінуўся ў А-1, едучы ў свой полк, які быў у Ліепае. І адтуль у пачатку 1915 г. у мілым Коўна апынуліся, у лютым месяцы. У Дзукіі маршыравалі і ваявалі. Знайшоў і фальварак Голну Вольмеру каля Біржынінкай[29], дзе мяне падстрэлілі тыя „дзярманцы». У Горадні давялося паляжаць у шпіталі, а пазней у штабе арміі паслужыць. Адтуль зноў у полк ужо летам 1915-га і разам з іншымі з Літвы на Усход [рушыць]. У Обеляй[30] пагрузілі полк у вагоны, павезлі ў Рыгу, на адпачынак. Але ў Крастпілісе рэзка павярнулі ў бок Мінтаўі. На станцыі Даудзевас[31] высадзілі, побач чуліся стрэлы. Адсюль немцаў пагналі назад за Нёман, знайшоў свае вёскі Шыланы[32], Дварголе, Юоставічы[33]. І зноў адціснулі нас у Латвію… А пазней, каля Дзвінску паміж азёраў давялося ў пазыцыйнай вайне да канца 1916 г. прабыць… У часы Незалежнасці вярнуўся ў Вільню як вораг, але пасля бітвы каля Езна хутка ўцёк у Коўна»[34].

Выглядае на тое, што Аляксандр Ружанцоў, былы афіцэр расійскага войска ў 1919 г., усё ж меў больш-менш рэальнае ўяўленне як пра Літву, так і пра Беларусь. Веды яго паходзілі не толькі з падручнікаў геаграфіі ці гісторыі, але і з уласнага досведу. Таму добраахвотна пераходзячы на бок Літоўскай Рэспублікі, ён кіраваўся не столькі эмацыйным парывам, колькі гэта быў прадуманы крок з мінімальным (наколькі гэта было магчыма ў тыя шалёныя часы) аблікам магчымых наступстваў.

У 1919 г. пасля бітвы пад Езна (мястэчка за 50 км на поўдзень ад Коўна), якая адбылася 9-13 лютага, Аляксандр Ружанцоў перайшоў на бок Літоўскай Рэспублікі. У сваіх успамінах „З паходных нататак чырвонага камадзіра»[35], якія былі апублікаваныя ў вайсковым тыднёвіку „Karys», ён зусім не закранае тых прычын і матываў, што падштурхнулі яго на гэты даволі адказны і рызыкоўны крок. Мемуарыст закранае тэму настрояў сярод байцоў Чырвонай Арміі хіба толькі ў адным эпізодзе, апісваючы візіт афіцэраў-бальшавікоў да аграніста мясцовага касцёла: „Нарэшце чырвоныя камандзіры папрасілі арганіста сыграць што-небудзь для іх. І пачалі лунаць моцныя гукі марсельезы, а потым, раптам абарваўшы матыў, арганіст сыграў пахавальны марш Шапэна. Як пабітыя пайшлі камандзіры ад арганіста. Сумнае прадчуванне нейкага блізкага няшчасця — непазбежнага, якое нельга спыніць — абняло іх душы»[36].

Увага з боку публікатараў да падзей лютага 1919 г. тлумачыцца тым, што менавіта бітва пад Езнасам стала першай значнай перамогай літоўскага войска, а мемуарныя нататкі Ружанцова да пэўнай ступені адлюстроўвалі настроі ў стане суперніка.

Нягледзячы на тое, што Аляксандр Ружанцоў ад вясны 1919 г. фактычна выконваў абавязкі афіцэра і нават разам з беларускай асобнай ротай удзельнічаў у баях супраць палякаў, тым не менш, у лік афіцэраў літоўскага войска ён быў залічаны толькі праз паўгода пасля пераходу на літоўскі бок, загадам па войску ад 30 верасня 1919 г.[37]. Аднак запозненае прызнанне de jure Міністэрствам абароны Літоўскай Рэспублікі фактычнага стану рэчаў не было ў тыя гады нейкай незвычайнай практыкай. Напрыклад, загадам № 47 ад 11 сакавіка 1919 г. было дазволена ад 27 лютага пачаць фармаваць пры беларускім стале рэгістрацыі ў Коўне роты ахвотнікаў[38].

Характэрныя для пасляваенных літоўскіх біяграфій сцвярджэнні, што наш герой «змяніў сваё прозвішча, каб яно набыло больш „беларускае» гучанне — Ружанец»[39], не адпавядаюць рэальнасці. Ва ўсіх літоўскіх афіцыйных дакументах 1920-30-х г. ён фігуруе як Ružancovas, што адпавядала тагачаснай практыцы літоўскіх уладаў дадаваць да нелітоўскіх імёнаў і прозвішчаў канчаткі -ас / -іс / -ус, каб носьбітам літоўскай мовы было лягчэй змяняць іх па склонах. Гэта не сведчыць пра нейкае татальнае жаданне ціхім прымусам літуанізаваць насельніцтва, бо ў 20-я г. XX ст. у Літве існавала і адваротная практыка пры перакладзе на славянскія адкідаць канчаткі назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду ў літоўскіх імёнах уласных. Напрыклад, патрыярх літоўскага адраджэння Basanavičius станавіўся Басановічам, і гэтая метамарфоза праходзіла без асаблівых эмоцый з боку шырокай публікі.

Пра ўяўную змену прозвішча Ружанцовым (праўда, гаворка вядзецца ўжо пра 1940-я г.) мы можам прачытаць у мемуарах Стасіса Раштыкіса[40] „Падзеі і людзі»: „Былы загадчык вайсковай бібліятэкі маёр Аляксандр Ружанцоў ужо ў эміграцыі змяніў сваё прозвішча на Ружанец»[41]. Аднак усе гэтыя размовы выкліканы хіба непаразуменнем. У сваім прыватным ліставанні маёр літоўскага войска ў подпісе даволі часта выкарыстоўваў апрача свайго прозвішча прыдомак Ружанец, што магло збіць з толку яго біёграфаў.

Тэму гіпатэтычнай замены прозвішча цалкам закрывае дакумент з трохі няскладнай назвай „Звесткі пра грамадзян, прынятых у грамадзянства Літвы ад 25 траўня 1928 г. да 23 верасня 1931 г.», які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы[42]. У гэтым дакуменце зафіксавана, штомаёрлітоўскага войска, бібліятэкар Аляксандр Ружанцоў (Aleksandras Ružancovas) 1893 года нараджэння, беларус па нацыянальнасці, прыняў разам з жонкай Наталляй і дачкой Верай 28 траўня 1929 г. літоўскае грамадзянства.

Не ўдаючыся ў развагі, чаму Аляксандр Ружанцоў амаль дзесяць гадоў цягнуў з прыняццем грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, проста адзначым, што да 1929 г. Ружанцоў не змяняў ні ўякі бок сваё прозвішча, больш за тое, зрабіць гэта чалавеку без грамадзянства (а менавіта ў такім статусе ён правёў свае першыя дзесяць гадоў у Літве) нават тэарэтычна было няпроста.

У 1919-1921 г. Аляксандр Ружанцоў служыў у рэгулярнай арміі, камандзірам Асобнага Беларускага Батальёна. У1919 г. быў узнагароджаны ордэнам Пагоні. На гэтыя гады прыпадае пачатак і яго выдавецкай дзейнасці. Ён быў рэдактарам выданняў беларускага батальёна. Спачатку — „Браславской стенной газеты», якая была сапраўды рэгулярнай насценгазетай мястэчка Браслаў, дзе ў пачатку 1919-1920 г. несла службу беларуская частка. Некалькі нумароў гэтага выдання захоўваюцца ў рукапісным аддзеле Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы[43].

Той факт, што літоўскае войска на працягу прыкметнага адрэзку часу кантралявала Браслаў, не знайшоў сабе месца ў гістарычнай памяці беларускага народа. Праўда, у „Літоўскай энцыклапедыі» мы знойдзем некалькі радкоў, прысвечаных гісторыі раённага цэнтра Рэспублікі Беларусь: „Пасля таго як 19.03.1920 г. прайшла конніца Гая, якая пераследавала польскія часткі, Браслаў занялі беларускія часткі. Была заснавана беларуская вайсковая камендатура, высілкамі афіцэраў абуджана ў народзе беларуская нацыянальная свядомасць, арганізавана некалькі беларускіх спектакляў і вечарын. Дзейнасць скончылася пасля 07.10″[44]. На пачатку 1920 г. у Аляксандра Ружанцова з’явілася магчымасць тыражаваць на шапірографе. Першым беларускім перыёдыкам у літоўскім войску быў двухтыднёвік „Варта Бацькаўшчыны», першыя 15 нумароў якога з’явіліся на працягу студзеня — чэрвеня 1920 г. У тым самым 1920 г. пры ўдзеле Ружанцова было выдадзена яшчэ 7 брашур, у асноўным вайсковых дапаможнікаў. Выдавецкая дзейнасць беларускага батальёна была падсумавана самім А. Ружанцовым у артыкуле „Беларускія кнігі і газеты ў незалежнай частцы Літвы за 1919-1921 г.», апублікаваным у бібліяграфічным часопісе „Knygos»[45].

Выданні Асобнага Беларускага Батальёна заўважыла і афіцыйная літоўская вайсковая прэса. І рэакцыя на іх не заўсёды была прыязнай. У аглядзе вайсковага друку ў тыднёвіку „Karys» ад 22.07.1920 г. аглядальнік закідваў наступныя прэтэнзіі да памножанай на капіявальным апараце газеты: «Гэтая газетка раіць беларусам быць з літоўцамі ў сяброўскіх дачыненнях; аднак яе пазіцыі па пытанні межаў Літоўскай дзяржавы няясныя і па гэтым пытанні ў „Варце» можна напаткаць дзівосы: напр. у № 10 Вільня лічыцца такім жа беларускім местам, як Менск, Смаленск, Магілёў і г. д., а пра тое, што Вільня была і ёсць сталіцай Літвы, не гаворыцца ні паўслова. У адным з вершаў жаляцца, што беларусаў не толькі ў Польшчы, але і ў Літве крыўдзяць („…І ў Літве яму месца няма», № 10). Наогул, найбольшы клопат „Варты Бацькаўшчыны» — Незалежная Беларусь, а справы Літоўскай дзяржавы мала кранаюцца, і на яе глядзяць скрозь пальцы».

Актыўная беларуская дзейнасць камандзіра беларускага батальёна была заўважана не толькі з боку калег па журналісцкім цэху. Дачакаўся ён увагі і ад літоўскіх вайсковых уладаў. У лістападзе 1920 г. ён быў арыштаваны паводле пастановы армейскага суда. З загаду па Асобным Беларускім Батальёне ад 20.11.1920 г. можна даведацца, у чым менавіта абвінавачваўся Александр Ружанцоў: «З’яўляючыся камандзірам беларускай роты, „выпускал лично газету „Варта Баукова» и „Стенная Белорусская газета», вёў агітацыю супраць Камандуючага Літоўскім войскам, і наогул супраць Літоўскай Рэспублікі <…> Не прымаў мераў супраць жаўнераў у даверанай яму частцы, ведаючы, што жаўнеры перапраўляюць за мяжу літаратуру і прадукты <…> Дазваляў прыязджаць у Браслаў бальшавіцкім камісарам і прывозіць бальшавіцкую літаратуру»[46].

Сам Ружанцоўулісцедасвайго біёграфа Бронюса Квікліса ўспамінаў: «Трэба ўжо і папоўніць вельмі сухую біяграфію з Л[ітоўскай] Э[нцыклапедыі]. Жыццё было больш трагічным, і ўжо ў 1920 г., калі выйшаў пасля 49 сутак у „санаторыі» пры гал.[оўным] штабе, дзе стаяла будка і каля яе ахоўнік, стаўся больш асцярожным у дзейнасці на карысць беларусаў»[47]. Узгадка пра арышт ёсць у адным з лістоў Аляксандра Ружанцова да М. Чыжунаса: «У 1920 г. прасядзеў пад арыштам 7 тыдняў, чакаючы вялікай палітычнай справы за здраду радзіме (Літве), жаданне адарваць яе землі і далучыць да Беларусі (якой тады яшчэ не было), але ўсё скончылася шчасліва, „доносчики» прайгралі»[48].

Нягледзячы на ўласнае прызнанне пра асцярожнасць, і пасля 7-тыднёвага зняволення Ружанцоў усё ж працягваў працаваць над выданнямі Асобнага Беларускага Батальёна, хаця ў 1921 г., апрача перыёдыкаў „Беларус-вайсковы» (01.07.1921-25.11.1921) і „Светазар» (1921-1922) не было выдадзена ніводнай брашуры для беларусаў — жаўнераў літоўскага войска[49].

На старонках гэтых перыёдыкаў, памножаных на шапірографе, мы ўпершыню напаткаем самы вядомы псеўданім А. Ружанцова — Алесь Смаленец. Некаторыя падрабязнасці працы рэдакцыйнага калектыву можам знайсці ў юбілейным нумары часопіса „Karys» ад 22 траўня 1922 г. у артыкуле «„Karys» для беларусаў»: „Газету ўвесь час рэдагаваў маёр Ружанцоў (Алесь Смаленец), рэдакцыя знаходзілася ў бібліятэцы аддзела вайсковай навукі <…> Прыкамандзіраваны да бібліятэкі жаўнер Лявіцкі разам з рэдактарам друкаваў газету. Працы было шмат, некаторыя нумары маюць па 20-28 с., а трэба было друкаваць 5075 асобнікаў»[50].

Няўважлівае прачытанне і, магчыма, моцнае жаданне выдаць жаданае за сапраўднае прывялі да таго, што ў публікацыях 1990-х г. Ружанцова часта называюць консулам БНР у Коўне (часам з эпітэтам „неафіцыйны»). Гэты тэзіс — вынік няўважлівага прачытання сказа з артыкула Вітаўта Тумаша: „Пазней доўгія гады бяз ніякога дарэння з боку Ураду БНР, і бяз афіцыяльнага прызнання ўладамі Летувы, ён практычна спаўняў функцыю беларускага консуля ў Коўні, заступаючы перад уладамі справы й патрэбы здэмабілізаваных жаўнераў беларускіх аддзелаў»[51]. У гэтай цытаце, як бачым, няма ніводнага слова пра спецыфічную консульскую дзейнасць (афармленне, выдача і абмен дакументаў, візаў і да т. п.). „Беларускі консуль» у дадзеным выпадку — метафара, якая падкрэслівае станоўчыя асабістыя якасці гэтага чалавека, а не ягоныя амбіцыі і жаданне заняць тую ці іншую пасаду.

У літоўскіх архівах захаваліся сведчанні таго, што Аляксандр Ружанцоў рупіўся лёсам аднапалчан. У большасці выпадкаў гэта рэкамендацыі і лісты да калег з просьбаю дапамагчы з працаўладакаваннем таго ці іншага дэмабілізаванага жаўнера-беларуса. Але падобная дапамога з ягонага боку распаўсюджвалася не толькі на землякоў. Напрыклад, Арэяс Віткаўскас у караценькім успаміне пра нашага героя апавядае пра намаганні, якія прыклаў Ружанцоў для таго, каб гэты афіцэр атрымаў заслужаную ўзнагароду[52].

Памылковасць азначэння „консул БНР» у дачыненні да Ружанцова становіцца яшчэ больш відавочнай, калі прымем пад увагу, што яго стаўленне да дзейнасці ўрада БНР у выгнанні не было адназначна станоўчым, як вынікае з узгаданага вышэй артыкула В. Тумаша. Нельга адкідаць верагоднасць таго, што фармулёўка „Асабліва блізкі яму быў В. Ластоўскі» падказана самім юбілярам, але яна наўрад ці адпавядае рэальнаму стану рэчаў.

Так, сапраўды, пераглядаючы гадавікі выдаванага спачатку Вацлавам Ластоўскім, а пазней Дуж-Душэўскім часопіса „Крывіч», знойдзем на яго старонках не адзін дзясятак рэцэнзій, кароткіх паведамленняў, падпісаных псеўданімам ці крыптанімам А. Ружанцова.

Але падобна, што сам Ружанцоў больш чым скептычна ставіўся да мэтадаў дзейнасці ўрада БНР і мала верыў у паспяховасць тактыкі, абранай Вацлавам Ластоўскім і яго ковенскімі паплечнікамі. У адным са сваіх лістоў да Юркі Віцьбіча, які захоўваецца ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Ружанцоў для ілюстрацыі тагачаснага становішча ў беларускай грамадзе ў Коўна прыводзіць дзве быццам бы ананімныя байкі, якія яму нібыта „давялося чытаць ў Каўнасе ў 1921-1926 г., калі тамака рэзыдаваў экзыльны ўрад БНР».

Відавочна, Ружанцоў схітраваў, калі напісаў свайму карэспандэнту, не назваўшы аўтара гэтых радкоў. У лісце да Бронюса Квікліса ад 12.01.1960 г. ён ясна ўказвае, што аўтарства байкі „Дыплёматы» належыць менавіта яму: „…памятаю, што ці не ў 1922 годзе напісаўу Коўна пра беларускіх дыпляматаў»[53] і працытаваў вершаваную сатыру „Дыплёматы», якую ў сваім лісце да Ю. Віцьбіча падпісаў псеўданімам Жук і Жаба.

Аўтарства сваё ён таксама ўскосна пацвердзіў, запаўняючы анкету пры ўступленні ў Беларускі інстытут навукі і мастацтва: „Я маю свае сатырычныя вершы на ўрад і некаторых урадоўцаў БНР з 1921-26 гадоў. Магчыма, што гэтая сатыра станецца перашкодай для прыйма мяне ў лік сяброў Інстытуту. Але лічу сваім абавязкам чэсна прызнацца да аўтарства сатыраў».

Яшчэ адным аргументам на карысць аўтарства Ружанцова служыць тое, што вершы ён цытуе па памяці праз сорак гадоў пасля іх з’яўлення. Таксама звяртае на сябе ўвагу дакладнае датаванне абодвух тэкстаў. Калі ўлічыць, што ў 1960 г. у яго не было магчымасці пераправерыць ці ўдакладніць гэтую інфармацыю (на той момант ён быў хіба адзіным сведкам беларускага жыцця ў Коўне пачатку 20-х г.), то ўпэўненае датаванне сведчыць толькі пра тое, што інфармант сама менш добра ведаў пра акалічнасці стварэння гэтых твораў.

Гэтыя вершаваныя рэфлексіі даволі красамоўна апісваюць настроі нашага героя тых гадоў. Праз іх няцяжка прасачыць вельмі скептычнае стаўленне Аляксандра Ружанцова да беларускай палітычнай актыўнасці ў Коўне, якая ў 1922-1923 г. страціла хоць нейкі практычны змест і ператварылася ў выкананне пустых і бессэнсоўных рытуалаў. Да ўдзельнікаў тых нікому не патрэбных спектакляў аўтар выказвае бязмежную пагарду. Тое, што ён іх цытуе па памяці праз сорак гадоў, сведчыць, што яны не вынік імпульсіўнага раздражнення, а плён грунтоўнай пазіцыі. Таму гэтыя вершаваныя фельетоны (не зважаючы на іх нязначную мастацкую вартасць) варта прывесці цалкам.

Дыплёматы

Байка

Знаў Бог, што не даў свінні рог!

Бо свет тады-б загінуць мог…

Ось нейкім дыплёматам,

Сваім умом слабым а пыхаю багатым,

Чацьвёрты год Бог не дае зямлі[54]

Сумуючы аб кінутай краіне,

Сядзяць яны і пыжацца ў чужыне

Адзін перад другім.

I кожны зь іх мяркуе,

Што цёмны іх народ, парваўшы путы сам,

Па шыям накладзе панам,

А дыплёматам сукіным сынам

Цяплюсенькія мейсцы прыгатуе…

Коўня / Каунас, 1922                             Жук і Жаба

Угодкі

У БНР-скім Ватыкану на пятыя угодкі

Зыйшлісяўсе БНРскія давоткі.

Паседжанне адчыніў сам Папеж Вацлаў,

Спачатку трохі сам брахаў,

Пасля кардыналы прамаўлялі

І друг дружку выслаўлялі:

„Ось каб мыўладузахапілі

Адразу іначэй бы зрабілі:

Мужыкі б зямлю дасталі

Работнікі б заводы атрымалі,

Зажылі-бусе мірна і ціха,

Яку раю» (каб васліха…).

Радаваліся, біліў далоні,

Весяліліся, як стаялыя коні.

Замест Інтэрнацыяналу прапеялі

Да яго падобныя „Ад веку мы спалі»…

Доўга цягнуліся прамовы,

Знаёмыя чуліся дурныя словы,

Вярэшчэлі прамоўцы „далоў! далоў!»…

Слухаўя, слухаў і пайшоў дамоў.

Коўня / Каўнас 25 марца 1923 г.                         Жук і Жаба

Сістэма вобразаў, якую ў байцы „Дыплёматы» выбудаваў аўтар, вызначаецца строгай замкнутасцю і стабільнасцю. Беларуская грамада Коўна паказана ў выглядзе закаснелай ерархічнай структуры, якая адпавядае касцельнай. Папеж Вацлаў (у якім лёгка пазнаецца Вацлаў Ластоўскі), ягоныя бліжэйшыя паплечнікі кардыналы, што маюць прынамсі тэарэтычныя шанцы заняць месца Папы Рымскага. У трэцюю катэгорыю ўвайшлі пабожныя жанчыны — дэвоткі, якія паводле базавых прынцыпаў арганізацыі гэтай структуры не маюць шанцаў трапіць на вышэйшую ерархічную прыступку і ад якіх мала што залежыць.

Аўтар, каб паказаць сваё стаўленне да падзеі, ужывае стылістычна зніжаную лексіку (брахаў, дурныя) і ясна дае зразумець, што ўдзельнічае ў гэтым мерапрыемстве выключна як скептычны назіральнік.

У тым самым 1923-м Аляксандр Ружанцоў у менш рэзкай форме паўтарыў тую ж думку і ў рэцэнзіі на кніжку перакладаў твораў Ганса Хрысціяна Андэрсэна, якая выйшла ў перакладах Вацлава Ластоўскага накладам Міністэрства беларускіх спраў: „Даўно трэба было гэта зрабіць, бо адна такая кніга можа быць даражэйшай за ўсе груды палітычных адозваў і брашур, якія ў большасці сваёй складзены непісьменна і нікому непатрэбныя»[55].

Найбольш яснасці ў пытанні ўзаемадачынняў Аляксандра Ружанцова і беларускай палітычнай эліты ў Коўне маглі б унесці ўспаміны самога Ружанцова пра ковенскі перыяд жыцця Вацлава Ластоўскага. Успаміны гэтыя, бязумоўна, былі напісаныя, нават калі ставіцца да іх анонсу на старон ках часопіса „Запісы»[56] як да прадстаўлення задуманага, але яшчэ не напісанага тэксту. У архіве Бронюса Квікліса ёсць канкрэтныя спасылкі на тое, што гэтыя мемуары разам з шэрагам іншых матэрыялаў былі адасланыя А. Ружанцовым карэспандэнту.

Але мы так і не знайшлі гэтых мемуараў. Няма ўзгадак пра іх і ў грунтоўным даследаванні Лявона Юрэвіча „Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі» (Нью-Ёрк, 1999).

Ад 1920 г. Аляксандр Ружанцоў пачаў актыўна публікавацца на старонках ковенскага перыядычнага друку, як у расійскім („Вольная Литва»), так і ў літоўскім, у першую чаргу ў афіцыйным выданні літоўскай арміі тыднёвіку „Karys» („Вайсковы»). На старонках гэтага выдання на працягу 1921-1923 г. ён актыўна выступаў з артыкуламі па беларускай праблематыцы, рэцэнзіямі на выданні Міністэрства беларускіх спраў. Публіцыстычная дзейнасць нашага героя на старонках тыднёвіка „Karys» гэтага перыяду, нягледзячы на тое, што тыя караценькія замалёўкі з натуры мала адпавядаюць сучаснаму разуменню пра высокую журналістыку, заслугоўвае ўвагі, у першую чаргу таму, што тыя нешматслоўныя допісы значна дапаўняюць карціну паўсядзённага жыцця беларусаў у Коўне, пра якое беларускаму чытачу вядома не так і шмат, а таму з’яўляюцца неацэннай крыніцай па гісторыі беларускага рухуў Літве.

У 1920-я г. цэнтрам культур нага жыцця Заходняй Беларусі была Вільня. Хаця Літоўская Рэспубліка знаходзілася ў стане вайны з Польшчай і не падтрымлівала афіцыйных кантактаў з марыянеткавай Сярэдняй Літвой, Ружанцоў спрабаваў супрацоўнічаць з віленскімі выдаўцамі, у першую чаргу з Максімам Гарэцкім. На старонках выдаваных ім „Беларускіх ведамасцяў» (1921-1922) упершыню даволі шырокае кола чытачоў змагло пазнаёміцца з паэтычнай творчасцю Ружанцова. Відавочна, што шэраг перакладных матэрыялаў з літоўскага друку (найперш з тыднёвіка „Karys») таксама быў зроблены Аляксандрам Ружанцовым. Аднак пасля таго як Максім Гарэцкі ў 1923 г. выехаўу БССР, кантакты Ружанцова з Вільняй, хутчэй за ўсё, абарваліся.

Аляксандр Ружанцоў таксама, відаць, падтрымліваў кантакты з латгальскімі беларусамі. Так, у сваёй рэцэнзіі на зборнік вершаў гуртка маладых беларускіх паэтаў у Латвіі „Першы крок» ён згадвае пра сустрэчу з Канстанцінам Езавітавым: „Бачыў яго [Езавітава] ў 1925 г. барадатага, змарнелага ў Рыжскай турме»[57]. Але апрача гэтага нярадаснага эпізоду намі не выяўлена ніякіх іншых сведчанняў тых кантактаў. Хаця звяртае на сябе ўвагу і той факт, што Езавітаў не толькі актыўна супрацоўнічаў з шэрагам літоўскіх выданняў, але і публікаваўся толькі на старонках тых перыёдыкаў, аўтарам ці супрацоўнікам якіх быў Ружанцоў.

3 артыкуламі на гістарычную тэматыку А. Ружанцоў выступаў у выдаванай Язэпам Варонкам на расійскай мове газеце „Вольная Литва» (1921-1922). Як ваенны гісторык Ружанцоў актыўна ўдзельнічаў у выданні спецыялізаванага перыёдыка „Musų Žininas» (1921-1939). Тут ён апублікаваў цэлы шэраг прац па ваеннай гісторыі Літвы і Беларусі, а таксама рэгулярна рэцэнзаваў новыя кнігі, што выходзілі як у Коўне, так і ў Менску.

У Літве імя Аляксандра Ружанцова ў першую чаргу звязваецца з бібліятэчнай і бібліяграфічнай дзейнасцю. І яго напрацоўкі ў гэтай галіне не зазналі пераацэнкі.

Першай яго працай на кнігазнаўчую тэматыку была бібліяграфія беларускіх кніг, выдадзеных у Літве ў 1919-1922 г. Але ў сувязі з тым, што ў першыя гады жыцця Літоўскай Рэспублікі бібліяграфія беларускіх выданняў была далёка не самай надзённай справай, апублікавалі яе ў часопісе „Knygos»[58] толькі ў 1924 г. Ужо пасля таго, як Аляксандр Ружанцоў назаўсёды замацаваў за сабою месца „бацькі літоўскай бібліяграфіі», падрыхтаваўшы і выдаўшы першы спецыялізаваны бібліяграфічны даведнік на літоўскай мове „Lietuvos Karo bibliografija» („Літоўская вайсковая бібліяграфія»)[59], які атрымаў станоўчыя водгукі ў друку.

У гісторыю бібліятэкарскай справы А. Ружанцоў увайшоў як арганізатар і кіраўнік першай спецыялізаванай бібліятэкі ў Літве. У 1921 г. ён узначаліў Цэнтральную вайсковую бібліятэку ў Коўне, дзе выявіў значны талент бібліятэкара. Быў наладжаны абмен кнігамі і часопісамі з многімі вайсковымі бібліятэкамі Еўропы. Яго высілкамі фонд бібліятэкі вырас да 40 000 тамоў спецыяльнай вайсковай літаратуры. Асноўная праца — падрыхтоўка даведачнага апарату. Словазлучэнне „Цэнтральная вайсковая бібліятэка» сёння гучыць вельмі салідна. Уяўленне ўжо малюе вялікія кнігазборы, схаваныя ў прахалодных сховішчах, цэлыя пакоі, застаўленыя шафамі з каталожнымі карткамі.

Хоць Цэнтральная вайсковая бібліятэка лічылася найлепшай у сталічным горадзе Коўна, мела адзін з найбагацейшых кнігазбораў і па колькасці чытачоў саступала толькі бібліятэцы Ковенскага ўніверсітэта, але статыстычныя звесткі, якія падаваліся ў штогадовых справаздачах гэтай установы, мала ўразяць загадчыка першай-лепшай сучаснай раённай бібліятэкі. Напрыклад, у 1928 г. фондамі гэтай установы карысталася ўсяго 314 чытачоў, а ў загадчыка бібліятэкі быў толькі адзін падначалены[60].

На пасадзе загадчыка А. Ружанцоў працаваў да 1940 г., спалучаючы сваю працу з пасадай брандмайстра. Ад 1923 г. мы можам пабачыць яго сярод супрацоўнікаў часопіса „Gaisrininkas» („Пажарнік»), які рэдагаваў вядомы беларускі дзеяч Дамінік Сямашка. Ён выкладаў таксама курс прыкладной бібліяграфіі на бібліяграфічных курсах пры Ковенскім універсітэце[61]. У Літоўскім нацыянальным вайсковым музеі (Karo Muziejus) ён дапамог арганізаваць аддзел беларускіх вайсковых частак і працаваў у гэтым аддзеле.

У Коўне Аляксандр Ружанцоў таксама актыўна далучыўся да адраджэння кніжных знакаў (экслібрысаў). Сам азартны калекцыянер, уладальнік вялікага збору экслібрысаў вайсковых бібліятэк Еўропы[62], ён не толькі стаў ініцыятарам стварэння экслібрысаў для бібліятэкі Галоўнага штаба Літоўскай арміі, якія пазней увайшлі ў залаты фонд кніжнага знака Літвы[63], але і апублікаваў у перыядычным друку шэраг нарысаў па гісторыі кніжнага знака ў Літве, якія не страцілі сваёй навуковай вартасці і сёння[64].

Таксама ўдзельнічаў у працы грамадкай арганізацыі — таварыства „XXVII аматараў кнігі», якая сваёй мэтай ставіла „культываваць мастацкую кнігу і выхоўваць любоў да яе ў Літве»[65]. Назва гэтай арганізацыі звязана з колькасцю яе сяброў-заснавальнікаў — 27. І хаця Ружанцоў не ўваходзіў у элітнае кола 27 кнігалюбаў, ён актыўна публікаваўся на старонках неперыядычнага альманаха гэтага таварыства[66].

Ад 1928 г. пачаў рэдагаваць выдаваны Вацлавасам Біржышкам часопіс „Bibliografijos žinios» („Бібліяграфічныя весткі») і гэтую працу працягваў да 1943 г. За 15 гадоў ён склаў і апрацаваў бібліяграфію 13 300 назваў кніг і іншых выданняў. Ён справядліва лічыўся адным з вядучых экспертаў у галіне бібліяграфічных апісанняў і класіфікацыі ў Літве.

Сцверджанне Святланы Сачанкі, што Аляксандр Ружанцоў „займаўся ўкладаннем бібліяграфіі ВКЛ»[67], не адпавядае рэчаіснасці. На бібліяграфічным фронце кола інтарэсаў Ружанцова было куды шырэйшым. Ён падрыхтаваў бібліяграфічныя даведнікі, якія і сёння не страцілі актуальнасці. Таксама ён быў укладальнікам бібліяграфічных паказальнікаў зместу для многіх перыядычных выданняў, якія выходзілі ў Коўне.

Адначасова А. Ружанцоў як аўтар супрацоўнічаў з такімі перыядычнымі выданнямі, што выходзілі ў незалежнай Літве, як „Karo Archivas», „Kardas», „Policija», „Savivaldybė», „Skautų Aidas», „Trimitas», „Lietuva», „Lietuvos Žinios».

У творчай спадчыне Аляксандра Ружанцова міжваеннага перыяду заўважае месца займаюць працы па гісторыі Коўна XIX ст. Вывучэнне гэтай тэмы пачалося ў 1927 г., пасля таго як ковенскі бурмістр Ё. Вілейшыс дазволіў даследчыкам карыстацца фондамі гарадскога архіва і змяшчаць у друку гістарычныя матэрыялы. Усяго Ружанцоў апублікаваў больш за 30 артыкулаў у перыядычным друку і 2 кнігі („Коўна у паўстаннях 1831 і 1863-1864 гадоў» і „Пажары ў Коўна 1812 г.»), прысвечаныя гісторыі Коўна. Падрабязней бібліяграфію Ружанцова на тэму гісторыі Коўна XIX ст. раскрывае Рута Павілёнітэ ў працы „Коўна XIX ст. у працах Аляксандра Ружанцова»[68].

Даследуючы архівы Ковенскай мэрыі, Ружанцоў не выкарыстоўваў нейкіх адмысловых метадаў. Частка яго артыкулаў — гэта простая публікацыя гістарычных крыніц на мове арыгіналу, а каментаванне пакідалася чытачу. Сённяшні чытач не знойдзе там шырокіх абагульненняў ці глыбокай рэфлексіі, і ў прынцыпе яны створаны для папулярызацыі гістарычных ведаў. Напісаны яны аскетычным стылем, але багата праілюстраваныя статыстычнымі табліцамі. Ружанцоў не ставіў сабе за мэту выканаць грунтоўную манаграфію пра жыццё Коўна XIX ст. Аб’ектамі яго архіўных пошукаўбылі наступныя тэмы: „Коўнаўчасы вайны 1812 г.», „Антырасійскія паўстанні 1831 і 1863-1864 г.», „Гісторыя пажарнай справы» і жыццё ковенскай яўрэйскай грамады.

Гэтыя працы, не вельмі высока ацэненыя сучаснікамі, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, пра што сведчыць факт перавыдання некаторых з іх у нашы дні[69]. Актуальнасць гэтых даследаванняў у першую чаргу звязана з тым, што, нягледзячы на ўяўную простасць, у іх падаецца канкрэтны матэрыял пра рэаліі штодзённага жыцця жыхароў Коўна ў ХІХ ст., якога не было ў пазнейшых, больш грунтоўных гістарыяграфічных працах. Менавіта гэтая фактура з цікавостак і назіранняў, безліч гістарычных дэталяў дазваляюць чытачу стварыць праўдзівую карціну жыцця места ў ХІХ ст.

Пасля таго як Літоўская Рэспубліка атрымала ў падарунак ад Савецкага Саюза Вільню, Аляксандр Ружанцоў разам з сям’ёю ўслед за Галоўным штабам Літоўскага войска, пры бібліятэцы якога ён працаваў, пераехаў у Вільню і пасяліўся па адрасе: вул. Св. Піліпа, 1 (цяпер Šermukšnių).

Але выраз force majer у 1938-1941 г. занадта часта знаходзіў сабе красамоўныя ілюстрацыі на землях Усходняй Еўропы. Пасля таго як у 1940 г. Літва была акупаваная Савецкім Саюзам, літоўскае войска было перафармавана ў 29-ы тэрытарыяльны корпус. Адбыліся і адпаведныя арганізацыйныя змены ў штабе войска, у выніку якіх Аляксандр Ружанцоў быў звольнены ў запас. Сітуацыя для заслужанага і немаладога чалавека была вельмі крытычнай. 20 гадоў службы на карысць літоўскай дзяржавы не прынеслі яму вялікіх фінансавых дывідэндаў. Выпраўляючыся ва ўзросце не такім і паважным на пенсію, ён не меў ані нерухомасці, ані значных ашчаджэнняў. А яшчэ была сям’я…

Хоць для савецкіх жаўнераў і афіцэраў Вільня выглядала горадам заможным і сытым, але гэта толькі ў параўнанні з паўгалоднымі савецкімі гарадамі. У новай сталіцы Літвы панавала беспрацоўе, якое асабліва балюча біла па інтэлігенцыі. У сваім лісце да сябра і калегі Юозаса Рымантаса Алесь Смаленец не лічыў патрэбным хаваць рэальны стан рэчаў: „Становічша маё сумнавасценькае. Ад 1.XI выхожу ў запас <…> Відаць, задоўга працаваў у сваёй установе, праца занадта спецыфічная, дык цяпер і не падыходжу, няма мне падыходзячага месца, дзе мог бы скарыстаць свае веды.

Сёння быў у праф. Вцл. Брж., даведаўся, што тыдзень таму яшчэ былі вольныя два месцы: намесніка загадчыка катэдры ў Вільні і Коўні. Зараз яны занятыя. Чакаць смерці калегаў не годны, і наогул несур’ёзны занятак. Дзе-небудзь у іншым месцы трэба знайсці службу»[70].

Што праўда, гэтым разам нашаму герою пашанцавала. У тыя самыя дні, калі ён у роспачы пісаў пра сваё незайздроснае становішча, у новай літоўскай сталіцы пачала арганізоўвацца Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук Літоўскай ССР, куды яго прынялі на працу і прызначылі загадчыкам бібліяграфічнага аддзела. Але перыяд спакойнай і плённай працы цягнуўся для Ружанцова нядоўга. Не прайшло і году, як улада ў горадзе ў чарговы раз змянілася.

У часы Другой сусветнай вайны, з прыходам нямецкай улады ў Вільню, разам з іншымі „іншародцамі», што працавалі ў бібліятэцы Акадэміі навук, Ружанцоў быў звольнены са сваёй пасады. Тут мы мусім зноўзрабіць адступленне пра памяць і яе хібы. Калі Ружанцоў у 1944 г. у лісце да Юозаса Рымантаса тлумачыць сваё звальненне канфліктам паміж ім і тагачасным прэзідэнтам Акадэміі навук Літвы[71], то праз два дзясяткі гадоў, вяртаючыся да падзей часоў вайны, у лісце да Бронюса Квінкліса — фактам свайго нелітоўскага паходжання. Якая з названых ім прычын найбліжэйшая да праўды? Але як бы там ні было — наш герой вымушаны быў шукаць сабе іншых крыніц для існавання.

Пад час Другой сусветнай вайны Аляксандр Ружанцоў зарабляў хлеб свой надзённы пажарным інспектарам. У вольны час збіраў і сістэматызаваў бібліяграфічны матэрыял для часопіса „Bibliografijos Žinios», друкаваў на старонках літоўскіх выданняў зацемкі з жыцця віленскіх беларусаў, а таксама займаўся сваімі прыватнымі праектамі, напрыклад на правах рукапісу выдаваў бібліятэчку „Успамінаў беларускіх афіцэраў Літоўскага войска». У аддзеле рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца першы сшытак гэтай серыі, датаваны 1944 г.: „Успаміны з жыцця 1 Беларускага поўка ў Горадні (Gardinas) палкоўніка Літоўскага войска Лаўрэнцьева». Гэтыя мемуары былі апублікаваны ў 1923 г. у часопісе „Musų Žinynas»[72]. Ці працягваў ён гэтую серыю публікацый і якія аўтары мусілі быць апублікаваны ў ёй — невядома.

30 траўня 1943 г. маёр Ружанцоў прачытаў на паседжанні гэтага таварыства рэферат „Беларускія вайсковыя аддзелы ў XVIII-XIX ст.». Старонкі тагачаснага перыядычнага друку данеслі да нас не толькі вестку пра падзею, але і рэакцыю слухачоў. У віленскай газеце „Беларускі Голас» адзін са слухачоў таго рэферата, схаваны пад псеўданімам Vajenny, пісаў: „Няма ведама, ці які колечы рэфэрат выклікаў такое вялікае захапленне ў слухачоў, як гэты <…> Азіраючыся па будучым гісторыку беларускага войска мусім прызнаць, што можа ім быць толькі спадар май. Ружанцоў. Ня трэба аб гэтым доўга думаць, гэта прыходзе адразу ўдум кажнаму, хто знае спадара Ал. Ружанцова. Ніхто як ён ня любіць гэтае галіны веды і ён да гэтага задання найлепей прыгатаваўся. Дык нацыянальная павіннасць вымагае, каб спад. Ружанцоў гэтую важную справу ўзяўся і будзе вялікім нацыянальным грэхам, калі ён гэтага ня зробіць»[73].

Калі „вялікі нацыяльны грэх» і здарыўся, то прынамсі ён меў шэраг змякчальных абставінаў. Згодна з зацемкай, апублікаванай у тым жа „Беларускім Голасе» ад 30 верасня 1943 г., Аляксандр Ружанцоў на паседжаннях Беларускага навуковага таварыства мусіў прачытаць наступныя паведамленні: „Беларускія вайсковыя аддзелы Літоўскага войска», „Вайсковыя часопісы ў беларускіх вайсковых аддзелах», „Беларуская справа ва ўспамінах беларусаў і чужынцаў». На жаль, „Беларускі Голас» не паведаміў, ці адбыліся запланаваныя чытанні. Але як вынікае з ліста Аляксандра Ружанцова да свайго сябра Юозаса Рымантаса ад 19 лютага 1944 г., чытанні дакладаў праходзілі прынамсі да сярэдзіны лютага таго года: „Беларускае Навуковае Таварыства працуе добра, кожную нядзелю чытаюцца даклады, цікава чытаў праф. Ад. Станкевіч пра літуанізмы ў беларускай мове»[74].

Пра настроі і заняткі А. Ружанцова ў час Другой сусветнай вайны можна даведацца з яго лістоў, што захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі, якія вызначаюцца больш інтымным характарам, чым уся астатняя знойдзеная намі карэспандэнцыя. «Працую пажарным і ў супрацьпаветранай ахове, калі быў бы зноў патрэбны ў бібліятэцы (той самай), пайшоў бы з ахвотай, няма чаго тут хаваць. З маіх лістоў 1941-1944 гадоў напэўна і заўважылі, што жадання парваць са сваёй асноўнай прафесіяй і не парваў бы, калі б не падзеі force major лета 1941 г. <…>

Наогул жыццё бяжыць хутка. Пасля працоўнага дня прыемна дома пачытаць (атрымліваю 17 часопісаў і газет мясцовых і іншых — берлінскія, рыжскія, талінскія, менскія), часам і напісаць у якую газету, часцей за ўсё ў N.[aujoji] Lietuva» альбо берлінскую „Раніцу». Удалося намовіць „Bieł.[aruski] Hołas» змяшчаць зацемкі з літоўскага культурнага жыцця, а „N.[aujoji] Lietuva» пра беларускае жыццё ўжо піша і яшчэ будзе пісаць, бо Рэдакцыя падзяляе гэтую думку. Дык даводзіцца зноў быць маленькім мастком паміж 2 народамі…»[75].

Аляксандр Ружанцоў, відавочна, разумеў: тое, што ён пазбегнуў арышту ў 1940-1941 г. — гэта толькі шчаслівая выпадковасць. У невялічкай рэцэнзіі на мемуары былога камандзіра Асобнага Беларускага Батальёна палкоўніка А. Успенскага, што друкавала летам 1943 г. літоўскага газета „Ateitis», ён пералічыў усіх арыштаваных колішніх саслужыўцаў: «Аўтар даўжэйшы час прасядзеў у турме. Яго служба ў бел. нацыянальных аддзелах Літоўскага войска бальшавікамі лічылася „белогвардейской», успаміналі бальшавікі і прамовы св. п. протоерэя І. Норчынскага і адв. У. Боева, апошні, а таксама інж. К. Дуж-Душэўскі сядзелі ў тэй самай турме. З арыштаваных бальшавікамі ахвіцэраў б. бел. аддзелаў Дубле быў разстраляны НКВД-амі каля Чэрвеня. Арматаў уцёк у Нямеччыну, але яго жонка згінула ў турме»[76]. Спадзявацца на тое, што былога маёра Літоўскага войска другім разам мінуе ліхая доля, было б проста недаравальна наіўна.

Таму наступны лёсавызначальны крок Аляксандра Ружанцова быў цалкам прадказальным. Аднак сям’я Ружанцовых пакінула Вільню і перабралася ў Берлін не раней за сакавік 1944 г. У аб’ёмных і вельмі падрабязных успамінах Стасіса Раштыкіса так падаецца кар’ера Ружанцова ў часы Другой сусветнай вайны: „У часы нямецкай акупацыі ён служыў у нямецкай пажарнай ахвове (Major der Fruerschutzpolicei, Ostland, Litauen). У 1945 г. ён быў пераведзены ў Берлін, у штаб Беларускай краёвай абароны, і 10 студзеня быў павышаны да звання Oberstleutnant. <…> Пра гэта ён мне сам пісаў»[77].

Пасля заканчэння вайны сям’я Ружанцовых знайшла сабе прытулак у лагеры для перамешчаных асобаў (displaced persons, DP) у баварскім мястэчку Мэммінгэн, які знаходзіўся ў амерыканскай зоне акупацыі. У гэтым лагеры Аляксандр Ружанцоўзаняў пасаду начальніка супрацьпажарнай бяспекі, якая дала сродкі (вельмі сціплыя) на працяг бібліяграфічнай працы. Не адкладаючы ў далёкую шуфляду ён здолеў пачаць ажыццяўляць свой даўні праект, рэалізацыя якога ў часы існавання Літоўскай Рэспублікі з-за браку фінансавання не магла адбыцца[78]. Ён арганізаваў„Літоўскую бібліяграфічную службу», арганізацыю, у задачы якой уваходзілі збор, апрацоўка і распаўсюджванне інфармацыі пра літоўскую выдавецкую дзейнасць у замежжы. Тут ён пачаў выдаваць бібліяграфічны часопіс „Knygų Lentyna» („Кніжная Паліца»), якім рупіўся да самай смерці. За гучнай шыльдай, праўда, не стаяла якой-небудзь сур’ёзнай арганізацыі з вялікім штатам супрацоўнікаў, ды і бюджэт яе быў хутчэй сімвалічны. Як успамінаўяго сябраі паплечнік Бронюс Квінкліс, «праца была непараўнальна цяжэйшая, чым у Літве: часта даводзілася змяняць „працоўнае месца», з аднаго кута пакоя UNRA ці IRO перабірацца ў іншы, а адтуль „бегчы» на склад у сутарэннях, які быў выдзелены пажарным (Ружанцоў кіраваў камандай пажарных лагера, якая складалася з мужчын розных нацый). Аднак працаваў, не спыняючыся. Было сабрана мноства самых першых выданняў лагераў DP»[79].

У Злучаныя Штаты Амерыкі А. Ружанцоў пераехаў у 1949 г. Праз 10 гадоў ён не без самаіроніі ўзгадваў той дзень: «Раннім ранкам наш параход увайшоў у Нью-йоркскі порт. Першае слова, якое было пачута з берага, было, вядома, „goddamn», першыя людзі, якіх пабачылі — грузчыкі з цялежкамі. Адразу пажадаў сабе, каб Усявышні дазволіў і мне штурхаць такую цялежку… І давялося яе 8 гадоў запар штурхаць у краме»[80].

Аляксандр Ружанцоў амаль бязвыездна апошнія гады свайго жыцця правёў у мястэчку Дэнвіл, што ў штаце Ілінойс. Атрымаўшы пенсію, тым не менш працягваў працаваць, і натуральна, як і бальшыня эмігрантаў з пасляваеннай Еўропы, працаваў зусім не па спецыяльнасці. Бацька літоўскай бібліяграфіі знайшоў сябе ў Новым Cвеце ў якасці падсобнага рабочага ў супермаркеце. Працягваў выдаваць часопіс „Knygų Lentyna» і рупіцца справамі Літоўскай бібліяграфічнай службы, якую ён сам і ўзначальваў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання гэтак званай бостанскай Літоўскай Энцыклапедыі, якая рыхтавалася сіламі літоўскай эміграцыі. Аднак стасункі паміж калектывам гэтага выдання і Ружанцовым былі даволі напружаныя. Так, у архіве Бронюса Квінкліса захаваўся ліст А. Ружанцова ад 7.10.1954 г. з пазнакай „Службовы, не публікаваць», адрасаваны адначасова Вітаўту Тумашу, рэдактару „Літоўскай Энцыклапедыі» Чапенасу і Бронюсу Квінклісу, дзе ён фактычна адмаўляецца ад удзелу ў гэтым выданні: «Сп. Квінкліс перадаў мне лістом вашую прапанову пра супрацоўніцтва ў працы над V томам ЛЭ, у якім будуць словы Беларусь, беларусы, беларуская літаратура і г. д.

Ня буду паўтараць шматлікія прычыны, з-за якіх я прыпыніў сваё супрацоўніцтва з ЛЭ, гэта адбылося па прычыне нязгоды з гал. рэдактарам <…> В[а]цл[авам]. Біржыжкам. Для мяне інж. М. Абрамчык з’яўляецца Прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі, г. зн. асобай гэтак жа паважанай як і Я.[го] Э.[кселенцыя] Стасіс Лазарайціс[81], прадстаўнік Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі, і шэф дыпламатыі. Таму супрацоўніцтва ў беларускіх справах лічу немагчымым, тым больш, што не маю пад рукою патрэбных кніг, ні адпаведных бібліятэк і не магу вырваццца з гэтага далёкага ад вялікіх бібліятэк закутка, хоць і на кароткі час.

Таму вяртаюся да сваёй старой прапановы: звяртацца да беларусаў напрасткі. Праўда, нашы стасункі ў гэты час можна ахарактарызаваць прымаўкамі абодвух народаў: „Mušk gudą, kaip šunį rudą» [бі беларуса, як рудога сабаку] і „Малая куча, але ж ванюча». Як бачыце, могуць адказаць і беларусы. З фальклору выкідаць словы не выпадае, таму за народную кемлівасць выбачаюся. Але для навукі і навукоўцаў мае ў першую чаргу рупіць навука, а не палітыка».

Праўда, у працы рэдакцыі ён удзельнічаў адно як кансультант, таму звесткі, якія вандруюць з аднаго беларускага тэксту ў другі, нібыта А. Ружанцоў быў аўтарам шэрагу артыкулаў той энцыклапедыі,—не адпавядаюць рэчаіснасці.

Стасункі паміж беларускімі і літоўскімі эміграцыйнымі коламі ў першыя пасляваенныя гады нельга і блізка назваць сяброўскімі, тым не менш Аляксандр Ружанцоў не выракся сваёй ролі пасярэдніка паміж нашымі народамі. Але ў палітычнай дзейнасці (як літоўскай, так і беларускай) не прымаў удзелу.

Нягледзячы натое, што найбольш прадуктыўныя гадзіны рабочага дня А. Ружанцоў быў вымушаны выдаткоўваць на здабыццё сродкаў на існаванне, наробак на бібліяграфічным фронце ўражвае: апрача ўзгаданай вышэй „кніжнай паліцы», якая цалкам рабілася яго сіламі, ён склаў аналітычныя пазакальнікі да шэрагу літоўскіх эміграцыйных перыёдыкаў, апрацаваў шэраг зборніка ў тэматычнай бібліяграфіі („Maironiana», „Lituanica Canadiana», 1949-1959; „Lituanica Australiana», 1950-1959). Як бібліёграф ён супрацоўнічаў і з беларускімі выдавецтвамі. Ім быў падрыхтаваны аналітычны паказнік беларускіх выданняў мюнхенскага Інстытута вывучэння СССР. Ён жа апублікаваў паказнікі да часопіса „Веда», рэдагаванага Янкам Станкевічам, а таксама да выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва („Запісы», „Конадні»).

У 1958 г. пасля 10 гадоў працы „хлопчыкам» у адным з супермаркетаў Аляксандр Ружанцоў у чарговы раз выйшаў на пенсію і нарэшце змог цалкам аддацца любімай працы.

Нягледзячы на тое, што бібліяграфія літоўскай эміграцыі зрабілася для Аляксандра Ружанцова ці не асноўным клопатам, нельга сказаць, што ў апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цікавіцца беларускімі справамі і ўдзельнічаць у іх. У першую чаргу гэта рэдагаванне беларускіх артыкулаў першых тамоў найгрунтоўнейшага выдання „Lietuvių enciklopedija»[82]. Сваімі сіламі і на свае сродкі рыхтаваў і рассылаў інфармацыйны бюлетэнь „Iš gudų (baltarusių) kultūrinio gyvenymo. Trumpos žinutės laisvojo pasaulio lietuvių spaudai» („З культурнага жыцця беларусаў. Кароткія паведамленні для літоўскага друку ў Вольным Свеце»).

Ужо пасля вайны Ружанцоў пачаў перакладаць на літоўскую мову творы беларускіх пісьменнікаў. Аднак гэтая праца, відавочна, не насіла рэгулярнага характару. Як з прычыны недахопу часу, так і таму, што ступень зацікаўленасці літоўскага чытача здабыткамі беларускай літаратуры ніколі не была асабліва высокай. Ім была перакладзена адна з легендаў Вацлава Ластоўскага „Бяздоннае багацце» і „Францішак Скарына» Юркі Віцьбіча. У неперыядычным выданні „Iš gudų kultūrinio gyvenimo» (1963, № 3), адзіным аўтарам (а таксама і выдаўцом) якога быў Ружанцоў, апублікаваны пераклад верша Янкі Купалы „А хто там ідзе…. На вялікі жаль, нам пакуль вядомы толькі гэты нумар бюлетэня, прысвечаны 45-годдзю абвяшчэння БНР. Цалкам магчыма, што ў папярэдніх нумарах гэтага выдання А. Ружанцоў таксама змяшчаў свае пераклады з беларускай літаратуры. Але гэта толькі адна з нашых версій.

Памёр Аляксандр Ружанцоў 23 ліпеня 1966 г. у адной з бальніц Дэнвіла.

Такія вось атрымаліся накіды да біяграфіі беларускага афіцэра, паэта і бібліёграфа Аляксандра Ружанцова. Яе рысы даволі тыповыя для жыццяпісу гуманітарыяў, што асноўным вектарам сваёй дзейнасці абіралі ўзвядзенне мастоў паміж народамі. Праца, якую суправаджае недавер, неразуменне з лёгкім адценнем рэўнасці з абодвух бакоў, памножанае на нежаданне паглядзець на сябе і свой плён збоку, чужымі вачыма.

Падводзячы вынікі сваіх росшукаў, мушу адзначыць тыя пункты, якія па шэрагу прычын пакінуў без увагі або проста не змог асвятліць.

а) У першую чаргу мушу адзначыць, што мне так і не ўдалося выявіць месцазнаходжанне асабістага архіва Аляксандра Ружанцова, дзе маглі б захавацца як невядомыя сёння дакументы па гісторыі беларуска-літоўскіх культурніцкіх кантактаў, так і, магчыма, невядомыя паэтычныя творы. Адным з верагодных яго месцаў трэба разглядаць чыкагскі Музей літоўскай культуры Стасіса Бальзякаса (Balzekas Museum of Lithuanian Culture), бо менавіта ў гэтую арганізацыю былі перададзены на захоўванне бібліяграфічныя зборы Ружанцова. Шэраг дакументаў, якія датычаць нашага героя, захоўваюцца ў Lithuanian World Archivies, але пазнаёміцца з гэтымі зборамі ў мяне няма ніякай магчымасці, прынамсі на сённяшні дзень.

б) На вялікі жаль, я не здолеў пазнаёміцца са зборамі Вайсковага музея ў Коўне (Karo muziejus). У гэтай арганізацыіпавінна захоўвацца нямала матэрыялаў, звязаных з гісторыяй беларускіх вайсковых адзінак у Літоўскай Рэспубліцы.

в) Верагодна, нямала інфармацыі можна знайсці ў архівах устаноў і арганізацый, з якімі супрацоўнічаў А. Ружанцоў уміжваенны перыяд.

Гэта ўсё падказкі будучым даследчыкам беларуска-літоўскіх і літоўска-беларускіх культурных кантактаў першай паловы XX ст. Вядома, калі такія людзі з’явяцца і ў іх будуць матывы працягваць росшукі па любой з закранутых праблем.


[1] Відаць, усё ж самым паспяховым беларусам у міжваеннай Літве быў Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891-1959). Паводле яго праектаў у 30-я г.мінулага стагоддзя былі ўзведзены паштовыя будынкі ў Шаўлях, Зарасай, Нідзе, Расейнах, радыёстанцыі ў Клайпедзе і Коўне, шэраг прамысловых аб’ектаў, а таксама мноства індывідуальных дамоў у Коўне і іншых гарадах Літвы. Дарэчы, выглядае сімптаматычным тое, што багатая творчая спадчына архітэктара Дуж-Душэўскага сёння практычна невядомая ў Беларусі.
[2] Mažoji Lietuviškoji Tarybinė Enciklopedija. T. III. Vilnius, 1971, p. 141.
[3] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. Р. 27-35.
[4] Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мінск, 1988.245 с.
[5] Lapinskienė A., Maldzis A. Lietuvių-baltarusių literatūriniai ryšiai. Vilnius,1989. Р. 285.
[6] Тамсама. Р. 96.
[7] Тамсама. Р. 88-89.
[8] Тамсама. Р. 95.
[9] Гл. напрыклад: А. См-ц. «„Хрэст на Свабоду» Цёткі па-літоўску» // Крывіч. 1923. № 5. С. 55, ці надрукаванае ў тым жа нумары паведамленне „Беларуская адозва па-літоўску».
[10] Калі і існаваў усесаюзны спіс табуяваных імёнаў, то ў залежнасці ад шматлікіх абставінаў ён мог у розных савецкіх рэспубліках адрознівацца. Напрыклад, у ЛССР стараліся не ўзгадваць у станоўчым кантэксце імя патрыярха літоўскай сацыял-дэмакратыі Сцяпонаса Кайрыса (1879-1964) з-за ягонай выразнай антысавецкай пазіцыі. Але ў БССР ён не трапляў пад табу па той прычыне, што ягонай першай жонкай была класік беларускай літаратуры Алаіза Пашкевіч.
[11] Liudas Dovydėnas (1906-2000) — літаратар, палітычны дзеяч. Актыўна супрацоўнічаў з савецкай уладай. Намеснік старшыні Народнага Сойму, намеснік старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета ЛССР(1940-1941). У1944 г. выехаў на Захад.
[12] Vincas Krėvė-Mickevičius (1882-1954) — класік літоўскай літаратуры, палітычны дзеяч. Займаў пасаду міністра замежных спраў у марыянеткавым прасавецкім урадзе, потым некаторы час прэм’ер-міністр. Старшыня Акадэміі навук Літоўскай ССР. У1944 г. выехаў на Захад.
[13] Mykolas Biržiška (1882-1962) — літаратуразнаўца, грамадскі і палітычны дзеяч. Сігнатар акта аб незалежнасці Літвы. Удзельнікбеларускай акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. У 1939-44 г. — рэктар Віленскага ўніверсітэта. Ад 1944 г. — у эміграцыі.
[14] Vaclovas Biržiška (1884-1956) — культуролаг, бібліёграф, палітычны дзеяч.
[15] Noreikienė S. Lietuvių draugija TSRS tautų kultūrai pažinti. Vilnius, 1978.Р. 19.
[16] „І сталі попелам душы пажары…» Тутэйшыя. Мінск, 1989. С. 202-206.
[17] Бяляцкі А. Аляксандр Ружанцоў — Алесь Смаленец // Шляхам гадоў.1993. С. 43-47.
[18] Спадчына. 1993. № 4. С. 3-32.
[19] Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. Т. 5. Мінск, 1995. С. 168-169.
[20] Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. Мінск,1983. С. 112.
[21] Тумаш В. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. 1954. № 1 (5). Vol. III.С. 41-43.
[22] Смаленец А. Да стацці В-ста „Аб паленні кніг на Беларусі» // Крывіч.1924. № 2 (8). С. 32.
[23] Цэнтральны дзяржаўны архіў Літоўскай Рэспублікі. Ф.1091 в. 1, спр. 3,арк. 16
[24] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. С. 27.
[25] Цяпер мястэчка Jieznas (Езнас) Прэнскага раёна.
[26] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. С. 27.
[27] М. Б-ка. 1 марта 1921 г. //Литва. 1.03.1921.
[28] Калі прыклад з братамі Іваноўскімі здаецца надта знаёмым, гл., напрыклад, біяграфію ўраджэнца беларускага мястэчка Чарэя Оскара Мілаша (1877-1939) — французкага паэта і драматурга, літоўскага дыпламата etc.
[29] Верагодна, маецца на ўвазе вёска Biržininkai, якая цяпер уваходзіць усклад Клайпедскага раёна.
[30] Мястэчка Obeliai. Знаходзіцца на паўночным усходзе Літвы непадалёк ад мяжы з Латвіяй.
[31] Чыгуначная станцыя на тэрыторыі сучаснай Латвіі.
[32] Šilėnai — вёска і чыгуначная станцыя ў Шаўляйскім раёне.
[33] Juostaviečiai — вёска ў Біржайскім раёне Літвы на памежжы з Латвіяй.
[34] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 4, спр. 6707-628, с. 23.
[35] Jeznas S. 1919 m. Vasario 9-11 d. Iš raudonojo kamanderiaus žygių užrašų// Karys. 19.02.1922-30.03.1922.
[36] Jeznas S. // Karys. 23.03.1922.
[37] Lietuvos Kariuomenės Karininkai. T. 1. Vilnius, 2001. Р. 149.
[38] Ружанцоў А. Беларускія войскі ў Літве 1918-1920 // Спадчына. 1993.№ 4. С. 24.
[39] Денене Л. Александр Ружанцов в литовской культуре // Вильнюс.1996. № 2. С. 122.
[40] Стасіс Раштыкіс (Stasys Raštikis) — 1896-1985 літоўскі грамадскі і ваенны дзеяч, міністр абароны Літоўскай Рэспублікі.
[41] Raštikis S. Įvykiai ir žmonės. T. 3. Čikaga, 1972. Р. 169.
[42] Lietuvos Valstybės Centrinis Archyvas. Ф. 1367, воп. 9, спр. 19, с. 467.
[43] Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Ф. 21, спр. 828.
[44] Lietuviška enciklopedija. T. IV. Kaunas, 1936. Р. 63.
[45] Smaleniec А. Gudų knygos ir laikraščiai Lietuvos nepriklausomoj dalyjeišėję 1919-1921 // Knygos. 1922. № 1. С. 93-96.
[46] Шупа С. Водар аўтэнтыкі // Спадчына. 1993. № 4. С. 35.
[47] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-4, спр. 6707-628, арк. 67.
[48] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-7, спр. 6750-1932, арк. 2.
[49] Smaleniec А. Gudų knygos ir laikraščiai Lietuvos nepriklausomoj dalyjeišėję 1919-1921 // Knygos. 1922. № 1. С. 93-96.
[50] A. K-tis. „Karys» gudams // Karys. 22.05.1929.
[51] Тумаш В. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. 1954. № 1 (5). Vol.III. С. 42.
[52] Vitkauskas А. Bibliografas Aleksandras Ružancovas // Karys. 1979. Р. 288.
[53] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-7, спр. 6750-1932, арк. 6.
[54] У варыянце, дасланым Чыжунасу: „Jaki ūžo hod Boh nia daje ziamli…» / Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-7, спр. 6750-1932, арк. 6.
[55] Ružan. Ганс-Хрыстыян Андэрсен // Karys. 1923.1-7 жніўня.
[56] Тумаш В. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. 1954. № 1 (5). Vol. III. С. 41-43.
[57] Смаленец А. Першы крок // Покліч. 1.10.1926. С. 31.
[58] Smaleniec А. Gudų knygos ir laikraščiai Lietuvos nepriklausomoj dalyje 1919-1921 // Knygos. 1924. № 1. С. 94-95.
[59] Ružancovas А. Lietuvos karo bibliografija, 1917-1922. Kaunas. 1923.89 p.
[60] Ružancovas А. Centrinė kariuomenės biblioteka 1928 metais // Musų Žinynas. 1929. № 49. Р. 51-256.
[61] Raguotienė G. Knygotyros dėstymas Lietuvos Valstybės universitetuose ir Vaclovo Biržiškos vaidmuo // Knygotyra. 2000. № 36. Р. 31.
[62] Аддзел рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі. Ф. 15, спр. 317, арк. 1.
[63] Lietuvos Kariuomenės bibliotekos ir ekslibrisai. Vilnius-Pakruojus, 1991.Р. 4-5.
[64] Kisarauskas V. Lietuvių ekslibrisas. Vilnius, 1991. Р. 241.
[65] XXVII Knygos Mėgėjų Leidiniai. Kaunas, 1938.
[66] XXVII Knygos Mėgėjų Metraštis. Т. 1-2. Kaunas, 1933-1937.
[67] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2001. С. 129.
[68] Kaunas XIX-ame amžiuje A. Ružancovo darbuose / Kauno Istorijos Metraštis. Т. 1. Kaunas, 1998. Р. 256-257.
[69] Ružancovas А. Kaunas 1831 ir 1863-1864 metų sukilimuose / Kauno Istorijos Metraštis. Т. 3. Kaunas, 2002. Р. 301-330.
[70] ЛНБ. Ф. 47, спр. 2112, арк. 3.
[71] ЛНБ. Ф. 47, спр. 2112, арк. 5.
[72] Musų Žinynas. Т. V. (1923) № 15. Р. 485-486.
[73] Bielaruski Hołas. 02.07.1943.
[74] ЛНБ. Ф. 47, спр. 2112, арк. 11.
[75] Тамсама.
[76] Bieіaruski Нołas. 06.08.1943.
[77] Raštikis S. Įvykai ir žmonės. T. III. Čikaga, 1972. С. 169.
[78] Vladimirovas L. Gyvenimo ir bibliografijos keliais ir klystkeliais // Knygotyra 8.1980. С. 32.
[79] Kviklys B. Bibliografui A. Ružaniec-Ružancovui 70 metų // Knygų Lentyna.1963. № 2 (131). С. 35-36.
[80] Архіў Цэнтра вывучэння эміграцыі. Ф. 1, воп. 1-4, спр. 6704-525, с. 17.
[81] Стасіс Лазарайціс (Stasys Lozoraitis) (1898-1983) — літоўскі грамадскі і палітычны дзеяч, дыпламат. У 1934-1938 г. — міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. Ад 1940 г. — шэф літоўскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія засталіся ў замежжы.
[82] Lietuvių enciklopedija. T. 1-37. Boston, 1953-1963.

Наверх

Тэгі: ,