Michaluk, Dorota. Białoruska Republika Ludowa 1918-1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010 (Анастасія Ільіна)
MICHALUK, DOROTA. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010. 600 s.
Кніга „Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці” даследчыцы Дароты Міхалюк выйшла ў 2010 г. у польскім навуковым выдавецтве Універсітэта Мікалая Кaперніка (Торунь). Гэтая праца для звычайнага беларускага чытача, зрэшты, як і для абазнаных навукоўцаў, вельмі важная і знакавая. Пагодзімся, што беларуская гістарычная навука доўга чакала грунтоўнай, шматбаковай апрацоўкі гэтай тэмы. Хоць сёння ў Беларусі ніхто не рашыўся на такую агромністую працу (выключэнне — выданне архіваў БНР[1]), прабел у нашай гістарыяграфіі нарэшце запоўнены. Адказ на пытанне, чаму беларускія гісторыкі нават пасля развалу Савецкага Саюза пазбягалі шчыльнага дакранання да гэтай тэмы, доўга шукаць не трэба. Відавочна, што ў сучаснай Беларусі тэма ў навуковых колах застаецца ў пэўнай ступені забароненай і кан’юнктурна нявыгаднай. Без сумневу, сёння аб’ектыўна напісаную працу па гісторыі БНР у Беларусі ніводнаму гісторыку абараніць не ўдасца. Таму выданне гэтай кнігі, нават па-за межамі Беларусі, трэба вітаць, тым больш што аўтарка ажыццявіла сваё даследаванне на вельмі высокім прафесійным узроўні.
Праца Дароты Міхалюк — гэта дысертацыя на атрыманне навуковай прафесарскай ступені, таму з метадалагічнага пункту гледжання падрыхтавана бездакорна.
Кніга складаецца з сямі раздзелаў: „Беларусь і яе насельніцтва ў ХІХ і на пачатку ХХ ст.”, „Дзейнасць палітычных груповак на беларускіх тэрыторыях перад Першай сусветнай вайной”, „Ад Вялікага Княства
Літоўскага да Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларуская дзяржаўная ідэя ў 1914–1917 г.”, „Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэпцыя межаў і сімволіка дзяржавы”, „Тры ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі і іх дзейнасць у перыяд ад сакавіка да кастрычніка 1918 г.”, „У чаканні мірнай канферэнцыі. Дзейнасць урада Антона Луцкевіча ў Беларусі”, „Урад Антона Луцкевіча на міжнароднай арэне”, змешчаны таксама 10 картаў і 33 фотаздымкі.
Аўтарка выкарыстала матэрыялы з Архіва новых актаў у Варшаве, Архіва канцылярыі прэзідэнта ў Пра зе, Цэнтральнага вайсковага архіва (Варшава), Дзяржаўнага архіва ў Любліне, Беларускай бібліятэкі і му зея Францішка Скарыны ў Лондане, Інстытута Юзэфа Пілсудскага (Лондан), Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва ў Вільні, Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук (Вільня), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Расійскага вайсковага архіва ў Маскве, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва вышэйшых органаў улады і ўпраў лення Украіны (Кіеў), а таксама дакументальныя крыніцы, публікацыі, успаміны, прэсу разгляданага перыяду і больш як 200 навуковых распрацовак таго часу.
Найбольш наватарская частка працы прысвечана канцэпцыям межаў БНР (пакуль што названая праблема так грунтоўна не разглядалася). Даследчыца звяртае ўвагу чытача на непадрыхтаванасць беларускай дэлегацыі да перамоваў з прадстаўнікамі УНР наконт межаў паміж дзвюма дзяржавамі. Так, рэпрэзентанты ўрада БНР Аляксандр Цвікевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, прадстаўнікі беларускага асяродку ва Украіне І. Курыловіч, Язэп Фарботка, Лявон Леўшчанка, Іван Краскоўскі не мелі прынятай агульнай канцэпцыі ўсталявання межаў, „пратаколы паседжанняў указваюць на тое, што яе сябры да двухбаковай размовы селі без папярэдняй дыскусіі з кансультантамі і без распрацаванай агульнай пазіцыі”, разлічваючы на тое, што межы на гэтай частцы кантынента ўсталююць на мірнай канферэнцыі на Захадзе. Невядома да чаго магла б прывесці такая наіўнасць і халатнасць беларускіх рэпрэзентантаў, калі б не ўмяшальніцтва ў перамовы прафесара Мітрафана Доўнара-Запольскага, які ў пройгрышнай для беларускага боку сітуацыі праз асабістае знаёмства з нямецкім паслом у Кіеве дамагаўся спынення беларуска-ўкраінскіх перамоваў. Відавочна, слабасць беларускага боку была і ў тым, што, у адрозненне ад украінцаў, беларусы не мелі навуковага асяродку (напрыклад, Кіеўскі ўніверсітэт), таму не было не толькі пляцоўкі для папярэдняй дыскусіі, але і навуковых кадраў, якія маглі б заняцца распрацоўкай гэтага складанага пытання. Усе аргументы беларусаў заканчваліся спасылкамі на этнічную карту Яўхіма Карскага (1903), іншых статыстычных дадзеных і літаратуры яны проста не мелі. Зразумела, што праблемы і дыскусіі ў прадстаўнікоў БНР паўставалі не толькі з паўднёвай мяжой дзяржавы.
Кнігу можна ўвогуле ахарактарызаваць як энцыклапедычную працу па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны раздзел багаты на гістарычныя факты, аналіз, увядзенне ў навуковы зварот новых крыніц. Апрача таго, даследаванне смела можа дапоўніць і ўзбагаціць гісторыю беларускіх дыпламатычных стасункаў. Раз дзел „Урад Антона Луцкевіча на міжнароднай арэне” па казвае, як фармавалася беларуская дыпламатыя, як урад БНР падзяляўся на розныя групоўкі, як знешнія фак тары ўплывалі на прызнанне ці не прызнанне не за лежнасці і самастойнасці БНР. Маг-чыма, менавіта рэаліі і вынікі Парыжскай мірнай канферэнцыі і паказваюць стан спеласці беларускай дыпла матыі і дзяржаўнасці, а дакладней, дэман струюць яе сла быя бакі. З дасягненняў беларускай знешняй палітыкі аўтарка называе прыхільнасць да беларускага нацыянальнага руху і да стварэння беларускай дзяржаўнасці чэшскага прэзідэнта Тамаша Масарыка. Прэм’ер БНР Антон Луцкевіч 17 красавіка 1919 г. быў у яго з візітам, нават дайшло да дамоўленасці пра абмен ды пламатычнымі прадстаўніцтвамі БНР у Празе і Чэхіі ў Горадні. Праўда, з-за змены палітычнай сітуацыі да гэтага не дайшло. Таксама за вялікае дасягненне беларускія палітыкі лічылі згоду нямецкага МЗС на выдачу пашпартоў БНР, гэта было патлумачана як прызнанне беларускай дзяржавы нямецкім бокам. Да дасягненняў можна далучыць і прызнанне дэ факта ўрадам Фінляндыі ў снежні 1919 г. урада БНР. Мяркую, што Фінляндыя пайшла на гэты крок не толькі з-за нейкай эканамічнай выгады, але і з разумення становішча Беларусі, а дакладней — становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі і змагаліся за самавызначэнне. Фінляндыя, маючы ўласны досвед знаходжання ў Расійскай імперыі на правах аўтаноміі, хутчэй магла зразумець нацыянальныя рухі, якія паўставалі на тэрыторыях былой Расійскай імперыі. Калі гаварыць пра іншыя краіны, ад якіх залежаў вынік Парыжскай мірнай канферэнцыі, то для іх Беларусь ці не існавала, ці існавала як частка нейкага іншага палітычнага ўтварэння. Так, Дарота Міхалюк канстатуе, што Францыя бездыскусійна лічыла Беларусь часткай Расіі, хоць, магчыма, Беларусь магла атрымаць права аўтаноміі. У сваю чаргу беларускія палітыкі да планаў далучэння беларускіх земляў да Расіі, нават калі перамогу атрымаюць белыя, ставіліся даволі скептычна, бо ўрад А. Калчака спачатку не прызнаваў нацыянальных правоў беларусаў. Таксама беларусы не знайшлі паразумення з літоўцамі і не змаглі выступіць адзіным фронтам пад час перамоваў. Так, прадстаўнік Вялікай беларускай рады ў Тарыбе (рэпрэзентацыйны орган беларусаў на канферэнцыі) Дамінік Сямашка, без згоды і ведама А. Луцкевіча, даводзіў, што беларусы чакаюць утварэння літоўскай дзяржавы і падтрымаюць барацьбу за яе незалежнасць. Аднак не ўспамінаў пра тое, што беларускі бок згодны падтрымаць утварэнне Літвы толькі пры той умове, што ў яе склад увойдуць усе беларускія землі, а гэта значыць і Міншчына, і ўсходняя Беларусь, а не толькі тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны, якія літоўцы называлі часткай сваіх этнічных земляў. У сваю чаргу літоўцы лічылі, што беларусы не з’яўляюцца народам, а іх дзяржаўныя амбіцыі не павінны брацца пад увагу заходнімі дзяржавамі. Моцным ударам для беларускай дэлегацыі быў той факт, што Раман Скірмунт, які меў досвед міжнародных перамоваў і мусіў быць сябрам беларускай дэлегацыі, так і не патрапіў у Парыж, бо не хацеў ехаць праз Берлін і абмежаваўся перамовамі з Ю. Пілсудскім у Варшаве. На сустрэчы з польскім лідарам 19 ліпеня 1919 г. Р. Скірмунт дамагаўся стварэння беларускага ўрада ў форме краёвага прадстаўніцтва, але ідэя не знайшла падтрымкі ў Пілсудскага. Гэта быў далёка не адзіны удар, які атрымалі беларускія рэпрэзентанты пад час перамоваў у Парыжы. Так, аўтарка прыводзіць даволі цікавы гістарычны факт, які дагэтуль не быў уключаны ў навуковы зварот: адбыўся дыпламатычны казус ці, хутчэй, правакацыя, інспіраваная польскім бокам. Антон Луцкевіч быў запрошаны на сустрэчу з прэм’ерам Польшчы Падарэўскім. Сустрэчу арганізоўваў граф Міхаіл Тышкевіч, сярод іншых пытанняў мусіла абмяркоўвацца магчымасць стварэння беларускага войска. Калі А. Луцкевіч прыехаў у Варшаву 1 верасня 1919 г. і прыйшоў у Каралеўскі Замак, дзе мясцілася рэзідэнцыя прэм’ера, то высветлілася, што прэм’ер не быў папярэджаны пра візіт Луцкевіча і за дзень да гэтага выехаў у Парыж. Тлумачэння сітуацыі А. Луцкевіч не знайшоў і ў польскім Міністэрстве замежных спраў, больш за тое, пашпарт грамадзяніна БНР А. Луцкевіча МЗС Польшчы не прызнала, у выніку стварыліся перашкоды для вяртання беларускага прэм’ера ў Парыж.
Трэба адзначыць, што Англія, у адрозненне ад Францыі, была за ўтварэнне незалежных ад Расіі дэмакратычных балтыйскіх дзяржаваў, у гэтым яна бачыла найперш эканамічныя выгады для сябе — кантроль над значнай часткай гандлю. Таксама Вялікабрытанія засцерагалася, што Савецкая Расія і Нямеччына могуць дамовіцца. Яшчэ да свайго няўдалага выезду ў Варшаву А. Луцкевіч прадставіў некалькі рэфератаў на канферэнцыі, у якіх звяртаў увагу на тое, што калі Беларусь і ўвойдзе ў палітычны саюз з нейкай дзяржавай, то толькі пры захаванні роўных палітычных правоў са сваім саюзнікам, гэта значыць на ўмовах федэрацыі, што такі палітычны саюз можа дыктавацца эканамічнай выгадай для краіны, напрыклад, магчымасцю выкарыстання балтыйскіх партоў. Сярод партнёраў у першую чаргу бачыліся Літва і Латвія, якія мелі доступ да Балтыкі. Разглядаўся і саюз з Украінай, каб мець доступ да Чорнага мора. Праект федэрацыі з Украінай горача падтрымліваў А. Цвікевіч, які пад час сваіх палітычных візітаў ва Украіну наладзіў шматлікія кантакты ў палітычных колах. Магчымасць федэрацыі з Расіяй разглядалася толькі пры ўмове ўсталявання там дэмакратычнай палітычнай сістэмы. Трэба адзначыць: беларускую дэлегацыю аслабіла і тое, што, акрамя ваенных калізій, пад час мірнай канферэнцыі стварыўся іншы ўрад БНР на чале з В. Ластоўскім.
Спыняючыся на міжнароднай палітыцы, неабходна яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што прадстаўнікі ўрадаў БНР мелі не толькі розныя палітычныя погляды, але і рознае бачанне знешніх палітычных адносінаў. Як адзначае аўтарка, А. Цвікевіч быў за кантакты і саюз з Украінай, К. Езавітаў — за супрацу з Латвіяй і Эстоніяй, А. Смоліч і Б. Тарашкевіч схіляліся ў бок Польшчы, П. Бадунова — за супрацоўніцтва з савецкай Расіяй, Антон Луцкевіч быў прыхільнікам федэрацыі ў шырокім сэнсе ва Усходняй Еўропе, з цяжкасцю развітваўся з ідэяй беларуска-літоўскага саюзу і вымушаны быў схіліцца да супрацы з Польшчай, у сваю чаргу эсэраўскі ўрад Ластоўскага жорстка адмежаваўся ад прапольскіх тэндэнцый.
Даследчыца аналізуе і праблему фармавання войска БНР, дакладней, складанасці і перашкоды ў першую чаргу з боку Польшчы, з якімі сутыкаліся беларускія дзеячы, спрабуючы вырашыць гэтую праблему. Варта адзначыць, што названая праблематыка ў асноўным раскрываецца са спасылкамі на папярэднія даследаванні гэтай тэмы Алегам Латышонкам.
Аўтарка разглядае тэму бежанства ў Беларусі пад час Першай сусветнай вайны, звяртаючы ўвагу на тое, што калі б не было бежанства, то ідэя стварэння незалежнай дзяржавы БНР знайшла б больш прыхільнікаў. Мне падаецца, што польскія гісторыкі, а дакладней беларускія гісторыкі ў Польшчы, звяртаюць больш увагі на праблему бежанства, чым іх калегі ў Беларусі. Магчыма, гэта звязана з тым, што бежанства закранула Беласточчыну і Гарадзеншчыну, таму тут яшчэ спрацоўвае фактар калектыўнай гістарычнай памяці. А для беларускіх гісторыкаў, асабліва з усходняй Беларусі, гэтая тэма, магчыма, застаецца калі не чужой, то малавядомай.
Не абмінула даследчыца і праблему паланізацыі. Для прыкладу падаецца той факт, што да восені 1919 г. са 150 беларускіх пачатковых школ на Гарадзеншчыне і Віленшчыне, якія функцыянавалі ў часы нямецкай акупацыі, дзейных засталося толькі 20. Таксама польскія ўлады закрылі беларускія гімназіі ў Будславе і Горадні, а ў Слуцку і Вільні абмежавалі іх дзейнасць. З-за браку фінансавання перасталі працаваць беларускія настаўніцкія семінарыі ў Нясвіжы і Барысаве.
Хацелася б, каб кніга Дароты Міхалюк як найхутчэй была перакладзена на беларускую мову і каб як мага больш беларускіх чытачоў мелі магчымасць з ёю пазнаёміцца.
Варшава
Анастасія Ільіна
[1] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / рэд. С. Шупа. Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага, 1998. Т. 1–2.