БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Studia z dziejów Europy Wschodniej. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi Arturowi Kijasowi w 70 rocznicę urodzin. Poznań, 2010 (Марцэлі Косман)

Studia z dziejow Europy Wschodniej. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi ARTUROWI KIJASOWI w 70 rocznicę urodzin / Pod redakcją GRZEGORZA BŁASZCZYKA i PIOTRA KRASZEWSKIEGO. Poznań: Wydawnictwo Poznań skiego Towa rzys twa Przyjacioł Nauk, 2010. 507 s.

Артур Кіяс замыкае спіс вучняў вялікага польскага медыявіста Генрыка Лаўмяньскага (1896–1984), звязанага з Віленскім універсітэтам, а з 1945 г. і да канца жыцця — з Познаньскім універсітэтам, якія атрымалі прафесарскія тытулы (апрача яго, такімі вучнямі, у храналагічнай паслядоўнасці, былі Ежы Ахманьскі, Марцэлі Косман, Станіслаў Александровіч і Марыя Барбара Тапольская). Усе яны, ідучы даваеннымі сцежкамі Майстра, зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Літвы і Беларусі. Аўтарамі каштоўных доктарскіх дысертацый былі наступныя пяць вучняў Лаўмяньскага, сярод якіх двое займаліся падзеямі на тым самым абшары ў канцы Сярэднявечча — пачатку Новага часу.

Артур Кіяс пачаў займацца гісторыяй у 1965 г. з напісання магістарскай працы пад назвай „Справа Антонія Тызенгаўза ў свядомасці шляхецкіх мемуарыстаў”. Ступень доктара навук ён атрымаў у 1971 г. на аснове дысертацыі „Уласная гаспадарка феадала на Вялікай Русі ў XIV–XVI ст.”, а доктара габілітаванага — у 1983 г., абараніўшы дысертацыю пад назвай „Маянтковая сістэма ў Маскоўскай дзяржаве ў XV — першай палове XVI ст.”. Экстраардынарным прафесарам А. Кіяс зрабіўся ў 1994 г., ардынарным — у 2005 г. на падставе багатага навуковага даробку, які ўключае ў сябе больш як 200 публікацый, у тым ліку шэсць манаграфій — гэта, апрача вышэйпералічаных, „Палякі ў Казахстане”, „Палякі ў Расіі з XVII ст. да 1917 г. Біяграфічны слоўнік”, „Пецярбург — паштоўкі з гісторыі горада”, а таксама „Палякі ў Харкаўскім універсітэце ў 1805–1917 г.”. Тэматыка яго прац ахоплівае перш за ўсё часы ад Сярэднявечча да сучаснасці, а з тэрытарыяльнага пункту гледжання першае месца ў іх займае Усходняя Еўропа — Расійская імперыя і Беларусь, Украіна, Літва. Пра спадчыну даследчыка красамоўна гаворыць пералік яго публікацый за 1969–2010 г., які адкрывае кнігу. Ён налічвае 203 пазіцыі, але гэтая лічба падвоілася б, калі б асобна былі ўлічаны энцыклапедычныя артыкулы (а іх было шмат), залічаныя пад адным нумарам: напрыклад, 24 артыкулы пад № 16 (у 5-м томе фундаментальнага „Слоўніка славянскіх старажытнасцяў”), 28 артыкулаў пад № 27 (6-ы том таго ж слоўніка) ці 190 артыкулаў у „Лексіконе сусветнай гісторыі” (№ 118).

У напісанні зборніка ўдзельнічалі 32 аўтары, а амаль усе змешчаныя ў ім працы датычаць усходніх суседзяў Польшчы. Том адкрывае гістарыяграфічны тэкст, прысвечаны дыскусіі пра феадалізм у даўнейшай Маскоўскай дзяржаве і Вялікім Княстве Літоўскім. Чарговыя аўтары пішуць пра Наўгародскую феадальную рэспубліку ў XII ст. як „твор мастацтва”, легенду пра рымскае паходжанне ліцвінаў („Падарожжа Палямона і яго сыноў па Літве”), генеалогію ўвекавечанага ў „Патопе” Генрыка Сянкевіча роду Білевічаў, кнігі „Літоўскай метрыкі” як крыніцу па эканамічнай дзейнаскі каралевы Боны на Беларусі. Эпоху Рэчы Паспалітай замыкаюць тры тэксты, прысвечаныя дыпламатыі ў польска-расійскіх узаемаадносінах у часы Аляксея Міхайлавіча, а таксама ваеннай і эканамічнай разведцы на паўднёвым усходзе ў часы Станіслава Аўгуста.

Наступныя аўтары даследуюць XIX ст. — артыкулы асвятляюць культуратворчую ролю Вільні і Крамянца пасля заняпаду Рэчы Паспалітай, гісторыю палякаў у Баку, выдавецкія справы, праблемы верацярпімасці ў Санкт-Пецярбургу, працэсы эміграцыі з заходніх губерняў Расійскай імперыі ў Каралеўства Польскае пасля 1864 г., а таксама развіццё сістэмы адукацыі з XIV да канца XX ст. („Паміж Усходам і Захадам. Этапы раз-віцця асветы на Беларусі ў канфесійным і нацыянальным кантэкстах да 1991 г.”). Аўтар (Лешак Заштаўт) вылучае на працягу шасці стагоддзяў шэраг этапаў, пачынаючы з часоў канкурэнцыі паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай і Расіяй) аж да сучаснай эпохі. Зразумела, што ў рамках артыкула ён здолеў закрануць толькі асобныя пытанні і выкарыстаць толькі частку даступнай літаратуры. Сама ж тэма вымагае напісання грунтоўнай манаграфіі. Гэта дазволіла б паглыбіць праведзены аналіз, а таксама праверыць высновы наконт XVI ст. (роля Рэфармацыі) і далей, аж да цяперашняга часу. Працытуем адну з фінальных заўваг, якая адносіцца да нядаўняй мінуўшчыны і падтрымана думкай іншага даследчыка (Р. Радзіка): „Прыняцце расійскіх асабовых узораў і пашырэнне на Беларусі расійскай тоеснасці ў спалучэнні з даўняй гістарычнай традыцыяй усходняга хрысціянства, непрыхільнага ці адкрыта варожага да заходнееўрапейскай традыцыі, прывялі да таго, што беларуская тоеснасць — нягледзячы на фармальнае здабыццё незалежнасці ў 1991 годзе — па-ранейшаму знаходзіцца на перыферыі як палітычнага, так і культурнага поля” (192).

Цытаваны даследчык разважае над тым, у якім кірунку пойдуць перамены ў беларускай асвеце. Свае аптымістычныя надзеі ён асцярожна звязвае з нацыянальным адраджэннем, якое надыдзе пасля здабыцця дзяржаўнасці (беларусізацыя прозвішчаў, назваў адміністрацыйных пасад, рост ролі нацыянальнай мовы ў СМІ і літаратуры, а таксама яе дамінаванне ў адукацыі). Свае высновы ён завяршае пытаннем: „Ці паспрыяе гэта крышталізацыі і ўзмацненню беларускай нацыянальнай самасвядомасці так, як гэта адбылося ва Украіне? Пакуль што гэтае пытанне даводзіцца пакінуць без адказу”.

Палову аб’ёму кнігі займае XX стагоддзе.

Артыкулы, якія грунтуюцца на архіўных матэрыялах, прысвечаны пецярбургскаму перыяду ў біяграфіі знакамітага класічнага філолага Тадэвуша Зяліньскага, віленскаму аддзяленню Расійскага Імператарскага таварыства рыбагадоўлі і рыбалоўства, паасобным палітычным фігурам і падзеям. Апошнія даследаванні прысвечаны найноўшай гісторыі. Да іх належаць цікавыя развагі Анджэя Хвальбы наконт унутры- і знешнепалітычнай праграмы Міхаіла Гарбачова, яе ўвасаблення на практыцы і думкі, якая склалася пра гэтага палітыка ў былым СССР і за яго межамі. Сінтэтычны характар, грунтоўна падмацаваны статыстычнымі дадзенымі, мае даследаванне Уладзіміра Банусяка пра польска-расійскія эканамічныя ўзаемаадносіны ў 1992–2009 г. Анджэй Банусяк — таксама пры дапамозе грунтоўнай дакументальнай базы, пазычанай у інтэрнэце, — характарызуе сучасныя польскія асяродкі ў Расіі. Марэк Фігура, спыняючыся над палітычнымі дылемамі Кіева ў 2004–2010 г. („Украіна паміж Усходам і Захадам”), так завяршае свае развагі гістарычна-паліталагічнага характару: „У сярэдзіне 2010 г. можна <…> чакаць далейшага паглыблення ўкраінска-расійскага супрацоўніцтва, якое пацягне за сабой павелічэнне прысутнасці расійскага капіталу ва Украіне, аднак тое, як у канчатковым выніку складуцца ўзаемаадносіны паміж Украінай і Расіяй, надалей застаецца адкрытым пытаннем. На форму ж гэтых узаемаадносін можа аказаць свой уплыў і Еўрапейскі Саюз, які не павінен праяўляць абыякавасці да таго, што адбываецца ў яго найбліжэйшых суседзяў” (392).

Прэзентацыю каштоўнага зборніка, прысвечанага заслужанаму даследчыку гісторыі ўсходніх суседзяў Польшчы ў мінулым тысячагоддзі, завяршу высновай пра значэнне падобных памятных кніг для гістарыяграфіі. Значная іх частка дзякуючы ўдзелу ў іх напісанні знаўцаў мінуўшчыны займае трывалае месца ў навуковай літаратуры, асабліва калі такія выданні маюць профільны характар і ўносяць шмат новага з пункту гледжання як аналізу, так і сінтэзу. Зборнік „Даследаванні па гісторыі Усходняй Еўропы” несумненна належыць да такіх выданняў. Ён з’яўляецца пераканальным сведчаннем даследчай актыўнасці Познані і іншых польскіх навуковых цэнтраў гэтага профілю.

Познань

Марцэлі Косман

Тэгі: , ,