Новы нумар


Уладзімір Бажанаў. Палітыка ў навучальным інтэр’еры


*Ровдо, Владимир В. Сравнительная политология: в 3 ч. Ч. 3: Политическая система Республики Беларусь. Вильнюс: ЕГУ, 2009. 352 с.

Стан палітычнай навукі ў Беларусі павінен нас вельмі турбаваць. З’явіўшыся на пачатку 1990-х г., яна прадэманстравала публіцы пакуль невялікую колькасць  і значных прац. Палітычная навука ў нас у асноўным не выходзіць за рамкі навучальнай літаратуры. Выдаўцы ў лепшым выпадку прапаноўваюць аўтарам выправіць надпіс „навуковая манаграфія” на „навучальны дапаможнік”, запэўніваючы, што толькі ў гэтым выпадку яна бу дзе купляцца, г. зн. акупляцца ў той або іншай меры. З асаблівым жаданнем бяруць да выдання падручнікі з грыфам Міністэрства адукацыі, бо ў гэтым выпадку ўзрастае верагоднасць іх набыцця навучальнымі ўстановамі. Але без навукі падручнікі паўтараюць стандартны набор паняццяў „времен очаковских и покоренья Крыма”. Ад студэнтаў у галіне палітыкі патрабуюць ведання безаблічнага і статычнага набору банальных ісцін, пры чытанні якіх „не вспыхнет мысли в целы сутки хоть невзначай, хоть наобум”. Няма паліталагічнай прадукцыі, якая падштурхоўвала б да роздуму, была б карыснай для дапытлівага маладога розуму. У нас няма добрых падручнікаў, у нас ёсць навучальная літаратура. Можа быць, хтосьці палічыць такую маю характарыстыку нашай паліталогіі зневажальнай, аднак працуючы ў гэтай галіне больш за 15 гадоў, я іншага пакуль не бачу.

Беларуская палітычная сістэма застаецца terra incognita. Калі ў Расіі, не кажучы ўжо пра Захад, шматлікія аўтары літаральна „па костачках” перабіраюць палітычную гісторыю і сучасную расійскую палітыку, то мы літаральна на пальцах пералічым значныя працы пра палітычнае жыццё ў сваёй краіне.

Пісаць і апісваць палітычную сістэму сучаснай Беларусі вельмі няпроста. Тым больш што на ствол сучаснай Канстытуцыі крок за крокам прышчапляюцца добра вядомыя элементы савецкай палітычнай сістэмы, а таксама выкліканыя часам некаторыя мадэрнізацыйныя элементы. У выніку перад намі „зараснікі” парасткаў, праз якія не так проста даць навукова абгрунтаваны аналіз палітычнай сістэмы краіны. Таму навучальны дапаможнік Уладзіміра Роўды „Параўнальная паліталогія”, трэці том якога прысвечаны палітычнай сістэме сучаснай Беларусі, заслугоўвае законнай увагі.

Кніга чытаецца з цікавасцю. Захопліваюць логіка выкладу, насычанасць навуковымі тэорыямі, адсутнасць звыклых штампаў і катэгарычнасці меркаванняў. Выяўлены і выкарыстаны каля 200 найменняў крыніц і літаратуры, у тым ліку больш як 120 беларускіх аўтараў. Сярод замежных такія прызнаныя тэарэтыкі палітычнай навукі, як Макс Вэбер, Марыс Дзювержэ, Габрыэль Алмонд, Джавані Сарторы, Самуэль Хангцінгтан, Джон Паўэл, Збігнеў Бжазінскі і інш. Шырокае кола беларускіх палітычных даследчыкаў і публіцыстаў склалі такія вядомыя асобы, як Валерый Карбалевіч, Віктар Чарноў, Віталь Сіліцкі, Алег Манаеў, Міхаіл Пліско, Аляксандр Екадумаў і інш. Выкарыстаны працы, прамовы, інтэрв’ю і артыкулы палітычных дзеячаў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Станіслава Шушкевіча, Вячаслава Кебіча. Гэтым дасягнута высокая рэпрэзентатыўнасць навучальнага дапаможніка, які ўдала злучыў у сабе высокі ўзровень навуковага даследавання і дакладнасць навучальна-метадычнага выкладу матэрыялу. Па кожнай пазначанай праблеме аўтар дапаможніка прапануе пэўны спектр неадназначных ацэнак і разумення, у той жа час аналізуючы іх, спрачаючыся з імі, што прымушае сачыць за думкай аўтара, патрабуе ўдумлівага чытання кнігі. Гэта выгодна адрознівае дадзены дапаможнік ад іншай паліталагічнай навучальнай літаратуры ў Беларусі. Такую кнігу карысна было б пачытаць цяперашнім палітыкам, дзяржаўным чыноўнікам краіны.

Звернемся да некаторых пазіцый, выкладзеных Уладзімірам Роўдам. Ужо ў прадмове аўтар абяцае прытрымлівацца „свабоды ад ацэначных меркаванняў” і не звязваць сябе голай крытыкай улады і ідэалагізатарскім падыходам. Імкненне навукоўца да аб’ектыўнасці цалкам зразумелае. Але ў сучаснай паліталогіі як гуманітарнай навуцы не можа быць абыякавага падыходу да аб’ектаў, якія вывучаюцца. Гэтымі аб’ектамі ў выніку заўсёды будуць людзі (у адрозненне ад прыродазнаўчых навук з іх неадушаўлёнымі аб’ектамі). Арыстоцель ацэначна дзяліў дзяржавы на „правільныя” і „няправільныя” па форме праўлення. Сапраўды, М. Вэбер зводзіў паняцце дзяржавы да выключнага права на прымус. Але сёння ў навуковы зварот уваходзіць паняцце smart power („разумная сіла”)[1], гэта значыць здольнасць дасягаць вызначаных мэтаў прыцягненнем на свой бок без усялякага прымусу.

Палітолагі прызнаюць, што ў палітычнай тэорыі немагчыма выключыць уплыў светапогляду, ідэалогіі, палітычнай і жыццёвай пазіцыі даследчыка. Аб’ектыўна і бесстаронне можна працаваць, паўтараю, у прыродазнаўчых навуках. А там, дзе навука закранае жыццёвыя асновы чалавека, яго надзённыя інтарэсы, зрабіць гэта практычна немагчыма, „ступень маральнай абыякавасці, магчымая ў прыродазнаўчых навуках, недапушчальная ў палітычнай тэорыі”[2]. Амерыканскі прафесар паліталогіі Эндру Хейвуд лічыць, што „ўсё гэта накладвае самы рэзкі адбітак на тое, як мы ўспрымаем палітыку і навакольны свет увогуле”[3]. Аднак карысней прызнаць гэтую тэндэнцыйнасць, чым ствараць уяўную прэтэнзію на палітычную нейтральнасць, калі яе нельга пазбегнуць. Палітыка звязаная з ацэнкамі магчымасцяў і каштоўнасцяў. Таму палітычная тэорыя „ўтрымлівае перавагі, выбар, пачуццё маральнага імператыву, веру ў тое, што адзін зыход лепшы за іншы”, што трэба лічыць правільным і жаданым[4]. Дарэчы, адзін з сучасных метадалагічных падыходаў, створаны Дж. Роўлзам, так і завецца — „Тэорыя справядлівасці”.

Трэба ўсё ж сказаць, што Уладзімір Роўда досыць выразна вызначае ў кнізе сваю пазіцыю, у тым ліку і ацэначную, ужо пачынаючы з cюжета фотаздымка на вокладцы дапаможніка.

Але, на мой погляд, неяк нядбайна напісана тэма „Акружэнне палітычнай сістэмы”. Вельмі беглы гістарычны агляд з супярэчлівымі палажэннямі. Заяўлена, што „ва ўмовах расійскага панавання не спынялася барацьба за свабоду Беларусі”, але далей гаворыцца, што і да паўстання 1863 г. і пад час самога паўстання барацьба ішла за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Гісторыя не зафіксавала агульнанацыянальнага паўстання беларусаў супраць царызму.

Недапушчальная нядбайнасць у наступным абзацы: „Няўдачы Расіі ў Першай сусветнай вайне выклікалі рэвалюцыю 1917 г., якая пахавала царскую імперыю”. Па-першае, у 1917 г. былі дзве рэвалюцыі — буржуазна-дэмакратычная і сацыялістычная. З царскай імперыяй пакончыла першая — Лютаўская буржуазна-дэмакратычная. Далей нічога не гаворыцца пра стан беларускіх земляў пасля Кастрычніцкага ўзброенага перавароту (па тэрміналогіі У. Леніна), а неяк раптам гаворыцца пра абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Прычым не сказана, якія палітычныя сілы ажыццявілі гэты важны гістарычны акт. Атрымліваецца, па логіцы тэксту, што гэта зрабілі ледзь не акупацыйныя нямецкія ўлады. У лю бым падручніку для ВНУ гэтыя падзеі распісаны амаль па днях і хроніцы падзей, і У. Роўду трэба было гэта выкарыстаць, каб не ствараць абрывы ў гістарычных падзеях таго часу. Або сцвердзіць жаданую новую трактоўку, але тады з абгрунтаваннем яе.

Гісторыя павінна падавацца так, як яна адбывалася. Неабходна імкнуцца да максімальнай дакладнасці, толькі ў трактоўцы падзей дапускаючы аўтарскую інтэрпрэтацыю. Таму прыкра, што аўтар дазваляе сабе пісаць, што ў Смаленску была абвешчана „Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка”, г. зн. БССР, хоць на самай справе абвешчана была „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь”, г. зн. ССРБ. Назва БССР з’явілася пасля другога абвяшчэння Савецкай Беларусі ў 1920 г. І, вядома ж, нікуды не вартая фраза „Калі б не было БНР, то не было б і БССР”, бо ўмоўны лад у навуцы лічыцца непрымальным — ні аспрэчыць, ні пацвердзіць такую тэзу немагчыма.

Надта катэгарычна ў навучальным дапаможніку са спасылкай на сучаснага беларускага даследчыка З. Шыбеку сцвярджаецца, што „для большасці жыхароў краіны беларускасць заставалася этнаграфічным дзівам і мела глыбінны, натуральны сэнс толькі для вузкага кола беларусаў, пераважна інтэлектуалаў” (12). Па-першае, адкуль інтэлектуалы сілкаваліся беларускасцю? Хіба не назіраючы жыццё пераважна сялянскага насельніцтва Беларусі? Па-другое, хто захоўваў і аднаўляў беларускія традыцыі, песні, фальклор з глыбіні стагоддзяў — самі інтэлектуалы?

Нельга пагадзіцца з меркаваннем аўтара, падмацаваным вялізнай цытатай з таго ж З. Шыбекі, што „эканамічны і сацыяльны прагрэс не суправаджаўся развіццём нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры”. Як бы бальшавікі ні імкнуліся, змяніць цэлы народ ім было не пад сілу, тым больш ніякая „абалонка” не можа захаваць нешта, калі гэтае „нешта” адсутнічае. У. Роўда захапіўся выкрывальным тонам і страціў пачуццё навуковай праўдзівасці і, калі хочаце, пачуццё элементарнага такту ў дачыненні да свайго народа. Што ж тады, скажыце, рабіць з беларускай літаратурай савецкага часу (П. Панчанка, В. Быкаў, І. Шамякін і шматлікія іншыя), беларускім балетам, жывапісам, скульптурай, тэатрам… Не, перад намі відавочны перабор адмоўных і бяздоказных тэзісаў, што, на мой погляд, непрымальна для навучальнага дапаможніка.

Часам з шэрагу сцверджанняў цяжка зразумець, пра што ідзе размова. Так, аўтар піша: „Абсалютна іншая канцэпцыя паходжання беларускай дзяржаўнасці існавала ў савецкія гады” (13). Аднак на папярэдніх старонках няма выкладу канцэпцыі, якая існавала да „іншай”. Там ёсць крытыка ўплыву бальшавікоў на фармаванне дзяржавы і беларускай нацыі, але няма канцэптуальнага падыходу, які існаваў да бальшавікоў. І калі сказана, што савецкая канцэпцыя паходжання беларускай дзяржаўнасці пры А. Лукашэнку „вярнула сабе статус афіцыйнай тэорыі”, то лагічна выказаць гэтую „савецкую канцэпцыю”. Аднак яе няма. Адсылаць яе на „яскравае адлюстраванне” ў адным з выступленняў прэзідэнта А. Лукашэнкі абсалютна неправамерна, бо ён яе не ствараў. Ды і ў выступленні А. Лукашэнкі няма і намёку на канцэпцыю і нават афіцыйную тэорыю. Тут пададзены нейкі набор асобных меркаванняў, сцверджанняў без аргументацыі і доказаў. Наўрад ці можна гэтую эклектыку ўзводзіць у разрад канцэпцыі або афіцыйнай тэорыі. Гэта, хутчэй, погляды А. Лукашэнкі на некаторыя старонкі беларускай дзяржаўнасці, якія з тым або іншым разуменнем узнаўляюцца афіцыйнымі ідэолагамі

Такія ж надуманыя каментары з боку У. Роўды гэтага выступлення кіраўніка дзяржавы. А. Лукашэнка ў прыведзенай цытаце кажа, што „нікому, нават самаму заўзятаму нацыяналісту, не прыйдзе ў галаву сцвярджаць, што Вялікае Княства Літоўскае было самастойнай беларускай дзяржавай са сваёй беларускай дзяржаўнай ідэалогіяй”. У. Роўда ж у сваім каментары папракае А. Лукашэнку ў тым, што той „дарма крытыкуе прыхільнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння за тое, што яны нібыта спрабуюць атаясамліваць ВКЛ і не згаданае ў дакладзе Полацкае княства з беларускай нацыянальнай дзяржавай”. Але вярніцеся да цытаты з выступлення А. Лукашэнкі і пры самым уважлівым прачытанні вы не знойдзеце там згаданага сэнсу. Тым больш самавольна дадаваць у цытату і Полацкае княства ў адзіным сэнсавым кантэксце з ВКЛ. Далей проста абсурд. У. Роўда сцвярджае, што ідэя нацыі-дзяржавы нараджаецца як афіцыйны міф у гады Вялікай Айчыннай вайны. Але ў прыведзенай цытаце А. Лукашэнка сцвярджае: „Мы прызнаём, што менавіта з утварэння ў складзе Савецкага Саюза Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі… пачынаецца наша дзяржаўнасць”. Правільна гэта ці не — іншае пытанне. Але і тут спадар Роўда „сам прыдумаў — сам аспрэчвае”.

Проста ашаламляюць аўтаматычныя змешванні паняццяў без бачнай іх ідэнтычнасці або спробы абгрунтавання такога аўтарскага самаўпраўства. Адразу пасля цытаты А. Лукашэнкі У. Роўда робіць, як ён лічыць, „важнае тэрміналагічнае ўдакладненне: тое, што прэзідэнт Беларусі называе ідэалогіяй беларускай дзяржаўнасці, у палітычнай навуцы называецца дзяржаўным (бюракратычным) нацыяналізмам (bureaucratic nationalism)” (14). Па-першае, у перадачы тэрмінаў трэба быць абсалютна дакладным, бо ў цытаце выкарыстаны тэрміны „ідэалогія незалежнай дзяржаўнасці”, „беларуская ідэалогія”, „ідэалогія беларускай дзяржаўнасці”. У. Роўда ж адвольна выбірае адзін з іх, не тлумачачы, чаму. Сакрат раіў аднаму з сваіх суразмоўцаў „дамовіцца, як менавіта мы вызначаем, пра што мы раімся, каб не выходзіла, што я разумею адно, ты ж — іншае, і потым, зайшоўшы занадта далёка ў гутарцы, мы не здаліся б самі сабе смешнымі”[5]. Па-другое, трэба высветліць, дзе пазіцыі А. Лукашэнкі супадаюць з паняццем „дзяржаўнага нацыяналізму” А. Шміта, на аўтарытэт якога спасылаецца У. Роўда. І, па-трэцяе, калі гэта адно і тое ж, то ў чым сэнс параўнання? У тым, што А. Лукашэнка на практыцы развіў тое, наконт чаго тэарэтычна выказаў здагадку А. Шміт? Рэбус-загадка!

Лукашэнка сапраўды ў дадзеным выказванні адмаўляе ролю БНР, але не ў цэлым, а ў тым, цытую, што яна „не змагла пакінуць нам у спадчыну ідэалогію беларускай дзяржаўнасці” (12). Крыху направа, крыху налева: глядзіш — і можна спрасціць аб’ект аналізу для сваёй зручнасці, але на шкоду ісціне. На жаль, гэта нярэдка можна назіраць у нашай навуковай літаратуры: ігнараванне ўсяго сэнсу пазіцыі апанента, звядзенне яе да зручных для маніпулявання паняццяў, апеляцыя да аўтарытэтаў без аргументацыі і г. д.

Шматабяцальная заява У. Роўды пра тое, што „абсалютна іншая канцэпцыя беларускай дзяржаўнасці існавала ў савецкія гады”, пацвярджаецца не працамі, адпаведна, савецкіх аўтараў, а вышэйпаказанай невялікай цытатай з аднаго выступлення А. Лукашэнкі. Наколькі мне вядома, канцэпцыі распрацоўваюцца вучонымі, а палітыкі могуць іх выкарыстаць у сваіх праграмах, фармуляванні афіцыйнай пазіцыі і г. д. Але не больш. Можа быць, У. Роўда зыходзіць з аналогіі „Канцэптуальных заўваг Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, якія ствараюцца як афіцыйныя дакументы па яго выказваннях пад час паездак па краіне?

У гэтым раздзеле супярэчнасці грувасцяцца адна на адной. Зусім не згодзен з ужываннем мімаходзь такога выразу, як „псеўдасуверэнны характар Савецкай Беларусі”, бо ў рамках адзінай дзяржавы СССР, куды ўваходзіла Беларусь, найвышэйшай уладай была ўлада найвышэйшых дзяржаўных органаў краіны СССР. Значыць, і суверэнітэтам, зыходзячы з сутнасці гэтага паняцця, не валодала ні адна савецкая рэспубліка, у тым ліку і БССР. Гэта прапісныя ісціны паняцця суверэнітэту, у тым ліку ў федэрацыі, якой быў Савецкі Саюз. І ў дадзеным выпадку не было сэнсу аспрэчваць тэзіс А. Лукашэнкі „пра савецкі час як пра найлепшы перыяд у гісторыі беларускага насельніцтва”, бо, па прызнанні самога У. Роўды, „саюзны цэнтр… садзейнічаў хуткай індустрыялізацыі і ўрбанізацыі Беларусі, развіццю адукацыі і навукі”, ды і настальгія значнай часткі насельніцтва Беларусі па савецкіх часах застаецца дагэтуль досыць высокай. Вось і скажыце гэтым людзям, што яны памыляюцца! Не, тут, на мой погляд, аўтар спяшаецца абсалютызаваць сваю ацэнку савецкага перыяду ў жыцці Беларусі, не заўважаючы яе адназначнасці, а значыць і навуковай неабгрунтаванасці.

З адным довадам у дадзеным выкладзе можна пагадзіцца: афіцыйная дактрына незалежнай беларускай дзяржавы сканцэнтравана на ўладным полі прэзідэнта.

Няма неабходнасці далей разбіраць гэты раздзел, бо ён сфармаваны галоўным чынам на безумоўным прыняцці антысавецкіх пазіцый і адзнак З. Шыбекі, якія замянілі скрупулёзны навуковы аналіз вельмі няпростага працэсу фармавання беларускай дзяржаўнасці. Дзеля ісціны неабходна бачыць усё поле, а не тое, што падабаецца. А для гэтага трэба было пашырыць бібліяграфію праблемы, асабліва яе беларускую частку.

Больш роўным і аналітычным атрымаўся другі параграф гэтага раздзела „Геапалітычнае становішча Рэспублікі Беларусь”. Тут пададзены розныя пункты гледжання. Аргументавана сцвярджаецца аб’ектыўная неабходнасць для Беларусі выхаду з „фатальнай” прарасійскай арыентацыі. Да месца выкарыстаны тэарэтычныя падыходы і назіранні К. Дойча, Р. Давідоніса, С. Хьюзмэна. Такі ж і трэці параграф „Эканамічнае развіццё Беларусі”.

У навучальным дапаможніку пададзена рэальная карціна эканамічнай трансфармацыі краіны, складвання сацыяльнай скіраванасці эканомікі. Перыядызацыя эканамічнага развіцця да 2000 г. і пасля дазваляе разабрацца з механізмамі пераадолення сацыяльна-эканамічнага крызісу. У. Роўда звяртае ўвагу на тое, што беларуская эканоміка ў адрозненне ад эканомікі суседзяў развівалася пры панаванні ролі дзяржавы і значных расійскіх фінансавых і энергетычных датацыях. Іншым важным фактарам было тое, што ўрад праводзіў палітыку шырокага пераразмеркавання рэсурсаў у мэтах падтрымання вытворчасці нават на неэфектыўных і стабільна стратных прадпрыемствах і прымушаў кіраўнікоў прадпрыемстваў падвышаць заробак (47).

У другім перыядзе эканамічны рост стаў стабільным, але, як адзначае У. Роўда, ужо за кошт крыху іншых фактараў: падвышэння спрыяльнай для Беларусі знешнеэканамічнай кан’юнктуры, падвышэння попыту на ўнутраным рынку, паляпшэння працы прадпрыемстваў пад уплывам частковай лібералізацыі эканамічнай палітыкі. Робіцца выснова, што Беларусь павольна, але рухаецца да постіндустрыяльнага грамадства. Такі ўсебаковы аналіз эканомікі краіны не характэрны для навучальнай літаратуры, якая выдаецца ў Беларусі, і студэнты пазбаўлены ведання рэальных, вельмі неадназначных працэсаў. Гэты дапаможнік у дадзеным выпадку вельмі адрозніваецца ад іншых. Чытаецца лёгка, з цікавасцю.

Наступны матэрыял дапаможніка прысвечаны паліталагічным аспектам Беларусі. Навацыямі тут у параўнанні з беларускімі падручнікамі з’яўляюцца тэмы, прысвечаныя аналізу палітычнага рэжыму Рэспублікі Беларусь і груп інтарэсаў. Побач з імі аўтар палічыў неабходным разгледзець палітычную сістэму краіны, яе палітычную культуру і сацыялізацыю, а таксама выбары, партыі і партыйныя сістэмы. Вядома, тут магчымыя варыянты, але выбраная ў дадзеным выпадку структура аптымальна ўтрымлівае істотныя паліталагічныя фактары, якія дазваляюць раскрыць прынцыповыя і асаблівыя рысы палітычнага ладу ў Беларусі.

Гэтую частку навучальнага дапаможніка сапраўды можна назваць творчай, навукова аналітычнай. Прадмет аналізу пададзены шматбакова, з апорай адначасова на фундаментальныя тэорыі палітычнай навукі і канкрэтую факталогію, дынаміку палітычных працэсаў у Беларусі. На жаль, беларуская навучальная літаратура ў падобным матэрыяле не выходзіць за рамкі стандартных цытат з вядомых паліталагічных прац, не спрабуючы іх тлумачыць у сувязі з сучасным палітычным становішчам. І часцей за ўсё тэорыя існуе сама па сабе, а рэальнае палітычнае жыццё само па сабе. Чытаць гэта цяжка, і студэнты нярэдка скардзяцца, што нават пры старанні мала што могуць зразумець, а таксама растлумачыць палітыку з дапамогай гэтых падручнікаў.

Не перабольшваючы дасягненняў аўтара, павінен адзначыць, што дапаможнік падрыхтаваны нестандартна, грунтоўна абапіраецца на шматлікія паліталагічныя даследаванні, адыходзіць ад дэкларатыўных канстатаванняў і пазіцый, лагічна разгортваецца, запрашаючы чытача да пошукаў няпростых ісцін, прымушаючы іх саміх думаць, „варушыць мазгамі”. У нас склалася стэрэатыпнае стаўленне да падручнікаў як да набору „ісцін, якія сцвердзіліся ў навуцы”. Навучальны дапаможнік У. Роўды відавочна аспрэчвае гэтую кансерватыўную памылку. Падручнік не вайсковы статут, які трэба проста вывучыць, бо ён не патрабуе адмысловага разумення. Але калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, маладых людзей, трэба натрэніраваць іх мысленне, запусціць на многія гады матор спазнання, нястомнае жаданне да яго пастаяннага пашырэння, паглыблення, абнаўлення. Тады, магчыма, і з’явяцца гэтак неабходныя нам „платоны и быстрые разумом невтоны”, здольныя напаўняць наша сучаснае жыццё энергіяй руху наперад, а не пракручваннем руціны мінулых дзён. А для гэтага патрэбна не столькі „ўстаялая навука”, колькі „разважлівая”.

Беларуская Канстытуцыя і палітычна-дзяржаўная практыка задаюць няпростую задачу па класіфікацыі асноўных складнікаў палітычнага свету ў Беларусі. Збіраючы наяўныя погляды на характар палітычнага рэжыму Рэспублікі Беларусь, У. Роўда паказвае вельмі супярэчлівую карціну. Тут і аўтакратыя з элементамі дэмакратыі, і „нешта сярэдняе паміж дыктатурай і дэмакратыяй”, і таталітарызм, і неакамуністычная дыктатура, і дэмагагічная, фасадная дэмакратыя, выбарная дыктатура. Даволі цікавы набор: гэта, у асноўным, рэфрэн двух слоў — дыктатура і дэмакратыя, якія не спалучаны, але суіснуюць нейкім чынам побач у рэальным палітычным жыцці краіны. У. Роўда не каментуе гэты шэраг, але відавочна хоча выбраць гэтыя два антыподы.

На жаль, далей аўтар крыху заблытвае карціну, раўназначна выкарыстаючы паняцці „палітычны рэжым” і „палітычная сістэма”.

Потым У. Роўда спрабуе высветліць характар палі-тычнага рэжыму ў Беларусі праз супастаўленне з буйнымі заходнімі тэорыямі. Пазначыўшы зводны набор з 10 прынцыпаў ліберальнай дэмакратыі, запазычаных у Р. Даля, К. Шмітэра, О’Доннелала і Лейпхарта (чаму толькі ў іх?), аўтар, не абцяжарваючы сябе ніякім аналізам, адназначна рэзюмуе, што „ні адна з вышэйназваных характарыстак ліберальнай дэмакратыі не прысутнічае ў Беларусі”. Не такая відавочная адсутнасць, на мой погляд, у Беларусі такіх прынцыпаў, як, напрыклад, „індывіды таксама валодаюць фундаментальнымі свабодамі веравызнання, выяўлення меркаванняў, абмеркавання, слова, друку, сходаў, дэманстрацый і падачы петыцый (правы і свабоды)”; „грамадзяне з’яўляюцца палітычна роўнымі перад законам, нягледзячы на іх няроўнасць у валоданні палітычнымі рэсурсамі (прававая роўнасць)” (68). Ніякіх сур’ёзных аргументаў або довадаў на карысць сваёй высновы У. Роўда не прыводзіць, дэкларуючы адназначна сваю пазіцыю. І далей цалкам нечаканая фраза: „Тым самым завяршылася ператварэнне беларускага папулісцкага рэжыму ў чыстую аўтакратыю” (69), якая выклікае шмат пытанняў: як праходзіў гэты „працэс”, калі ў краіне склаўся папулісцкі рэжым (даць яго характарыстыку) і якім чынам, у які перыяд ён ператварыўся ў аўтакратыю (даць адпаведную характарыстыку). Потым зноў нечаканы пасаж пра тое, што „дэлегатыўная дэмакратыя ў нашай краіне памерла ў момант свайго нараджэння”. Калі яна была ў Беларусі? Я ўжо заблытаўся, які ж рэжым улады быў у Беларусі? Не растлумачыўшы гэтыя лабірынты разваг, У. Роўда ўводзіць новыя варыянты азначэння палітычнага рэжыму ў Беларусі: спаборніцка-аўта рытарны, геге манісцкі, электаральны, аўтарытарны, радыкальная версія індустрыяльнага аўтарытарызму, кланава-манапалістычны, султанісцкі і г. д. Атрым-ліваецца, што палітычны рэжым у Беларусі ўвабраў у сябе ўсе варыянты і прыкметы, распрацаваныя ў паліталагічнай літаратуры, прычым толькі недэмакратычных рэжымаў. Несумненна, што ў свеце няма чыстых па класіфікацыі палітычных рэжымаў. Але з таго і складаецца праца тэарэтыка, каб на фундамен тальным тэарэтычным грунце разабрацца з пэўнай характарыстыкай асобнай краіны, у дадзеным выпадку Бе ларусі, знайсці своеасаблівасць яе палітычнай асобы, а не паказваць яе ў якасці монстра-касмапаліта, „увасаблення зла”.

На палітычнай сістэме Беларусі вельмі моцна адбіваецца фактар А. Лукашэнкі. Таму не зусім зразумелы разгляд у тэме „Палітычны рэжым Рэспублікі Беларусь” паасобных падтэм „Асноўныя падыходы да разумення беларускага рэжыму” і затым „Рысы палітыч нага рэжыму А. Лукашэнкі”. Няма „палітычнага рэ жыму” А. Лукашэнкі. Гэтая тэрміналогія характэрна для публіцыстыкі, а не для навукі. Палітычны рэжым складаецца з аб’ектыўных дадзеных. Сярод фактараў уплыву, несумненна, ёсць і суб’ектыўны. Аднак прысвойваць імя асобнага, хай нават і вельмі ўплывовага палітычна-дзяржаўнага персанажа цэлай краіне або яе палітычнаму рэжыму — гэта не больш як журналісцкая „моцная” алегорыя. Таму „рэжым А. Лукашэнкі” для характарыстыкі формы дзяржаўнага кіравання, на мой погляд, прынцыпова непрымальны для навучальнага дапаможніка. У тэксце ж атрымалася, што і „палітычны рэжым”, і „рэжым А. Лукашэнкі” сталі сінонімамі, адным і тым жа. Тады ўжо і жыхароў краіны можна называць „лукашэнкаўцамі”?

У той жа час характарызуючы ролю А. Лукашэнкі як прэзідэнта краіны, трэба быць дакументальна дакладным. Я неаднаразова сустракаў меркаванне, што А. Лукашэнка кіруе „ўсім” у Беларусі. І часта ўсялякія яго дзеянні разглядаюцца як узурпацыя, сваявольнасць. Вядома, усяго гэтага хапае з лішкам. Аднак трэба ясна разумець, што шматлікія падобныя яго дзеянні абумоўлены Канстытуцыяй. Прамалінейнае сцвярджэнне, як гэта зроблена ў дапаможніку, што „прэзідэнт з’яўляецца толькі кіраўніком дзяржавы, але фактычна ён узурпаваў ролю кіраўніка ўрада”, лёгка аспрэчыць спасылкамі на тэкст Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Па арт. 79 Прэзідэнт не толькі кіраўнік дзяржавы, але яшчэ ён з’яўляецца „гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, „увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады”[6]. У параўнанні з рэдакцыяй Канстытуцыі 1994 г., дзе сапраўды ў арт. 95 коратка фіксавалася, што „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады”[7], функцыі Прэзідэнта па Канстытуцыі рэдакцыі 1996 г. сталі сапраўды ўсёабдымнымі. Дыяпазон яго канстытуцыйных паўнамоцтваў настолькі шырокі, што практычна не паддаецца ніякаму кантролю. У гэтых адносінах ён значна пераўзыходзіць сваіх калег па прэзідэнцтве, напрыклад, Расіі, ЗША і Казахстана[8]. Калі, па словах самога прэзідэнта, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь рэдакцыі 1994 г. дала яму сапраўды „царскія паўнамоцтвы”, то Канстытуцыя рэдакцыі 1996 г., мабыць, ужо „суперцарскія паўнамоцтвы”.

Навошта прэзідэнту „ўзурпаваць ролю кіраўніка ўрада”, калі ён і па Канстытуцыі непадзельна пануе над ім? Артыкул 84 дазваляе яму: старшыняваць на паседжаннях урада; адмяняць акты ўрада; вызначаць структуру ўрада; прызначаць на пасаду і вызваляць ад пасады намеснікаў прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў урада; прымаць рашэнне аб адстаўцы ўрада або яго членаў. І толькі кандыдатуру прэм’ер-міністра прэзідэнт абавязаны ўзгадняць з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прытым па Канстытуцыі прэм’ер-міністра ён прызначае „са згоды Палаты прадстаўнікоў”, але на практыцы ён знаёміць парламент з ужо прызначаным прэм’ер-міністрам. У апошнім акце ёсць элемент „узурпацыі”.

Важна зазначыць, што ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 106 беларускай Канстытуцыі „Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад Парламентам Рэспублікі Беларусь”[9].

І калі „падсправаздачнасць” урада прэзідэнту, як мы адзначылі вышэй, дакладна і ясна выражана ў Канстытуцыі, то адказнасць перад парламентам такім жа чынам не прапісана. Як бачыце, нічога „ўзурпаваць” не трэба. Прынятая на Рэспубліканскім рэферэндуме ў 1996 г. новая рэдакцыя Канстытуцыі вывела „ўзурпацыю” на канстытуцыйны ўзровень. Як далей слушна адзначае У. Роўда, указы прэзідэнта маюць большую юрыдычную сілу, чым акты Нацыянальнага сходу, прэзідэнт кантралюе не толькі выканаўчую і заканадаўчую галіны ўлады, а таксама і судовую; прэзідэнцкая вертыкаль замяніла сабой сістэму мясцовага кіравання і г. д. Але зноў-такі зазначу, што ўсё гэта замацавана ў Канстытуцыі краіны.

Трэба заўважыць, што практычна нідзе ў свеце ўрад не з’яўляецца самастойным органам улады, усюды ён знаходзіцца пад патранажам або парламента, або кіраўніка дзяржавы, або абодвух інстытутаў адначасова. Менавіта на гэтым крытэрыі будуецца навуковая класіфікацыі формаў дзяржаўнага кіравання: адпаведна парламенцкая, прэзідэнцкая, змешаная рэспублікі і парламенцкая, абсалютная і дуалістычная манархіі. Таму прынцыпова няслушна пісаць, што „на самай справе, у парушэнне Асноўнага Закона, сапраўдным кіраўніком выканаўчай улады ў Беларусі з’яўляецца прэзідэнт”. Чаму? А таму, што запісаныя ў Канстытуцыі функцыі прэзідэнта рэальна ўтрымліваюць поўны набор функцый кіраўніка выканаўчай улады. У Канстытуцыі ёсць артыкулы, якія недапушчальна супярэчаць адзін аднаму: з аднаго боку, прэзідэнт выведзены з галін улады, а з іншай — на дзя-ляецца паўнамоцтвамі кіраўніка выканаўчай улады. Парадокс у тым, што, выведзены з галін улады, прэзідэнт робіцца нібыта ўладна „нічыйным”, бо арт. 6 Канстытуцыі РБ абвяшчае наяўнасць трох галін улады: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Уладнага статусу ў прэ зідэнта няма. І тады ён яго атрымлівае праз поўнае па наванне над урадам, узмоцненае адсутнасцю канкрэтнага механізма палітычнай адказнасці ўрада перад парламентам і інш.

Уладзімір Роўда піша, што Палата прадстаўнікоў яшчэ ні разу не набралася мужнасці прагаласаваць вотум недаверу ўраду (139). Па-першае, вотум недаверу не толькі акт мужнасці (у дадзеных умовах), але ў большай ступені акт развязання ўрадавага крызісу. Таму было б мэтазгодна сказаць, калі ў Беларусі ўрад заслугоўваў гэтага, але парламент прамаўчаў. Па-другое, ці дае Канстытуцыя РБ парламенту такую магчымасць? Адгорнем Канстытуцыю РБ і звернем увагу на арт. 94: „Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы Ураду, выражэнні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне Прэм’ер-міністра.

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць датэрмінова спынены на падставе рашэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі”, а таксама ч. 5 арт. 97, якая прадугледжвае вотум недаверу ўраду пры паўторным адхіленні Палатай прадстаўнікоў праграмы дзейнасці Урада, і ч. 6, якая прадугледжвае разгляд Палатай прадстаўнікоў праграмы ўрада „па ініцыятыве Прэм’ер-міністра”. Такім чынам, Канстытуцыя ўтрымлівае магчымасці для адстаўкі ўрада па вердыкце парламента. Ці ёсць у Канстытуцыі механізм такога дзеяння? Па-першае, звернем увагу, што ў адпаведнасці з ч. 3 гэтага ж артыкула „рашэнні па гэтых пытаннях прымае Прэзідэнт”. Значыць, парламент мае толькі права выказаць сваё стаўленне да ўрада (ухваленне / неўхваленне), а пытанне пра яго адстаўку знаходзіцца ў кампетэнцыі толькі прэзідэнта. Па-другое, прэрагатыва выпраўлення ўрада ў адстаўку ў Канстытуцыі замацавана выключна за прэзідэнтам (ч. 7 арт. 84). Ч. 25 гэтага ж артыкула дазваляе прэзідэнту адмяняць акты ўрада, і таму ў выпадку ініцыятывы прэм’ер-міністра перад Палатай прадстаўнікоў з нагоды даверу ўраду прэзідэнт мае права, у выпадку неабходнасці, дэзавуяваць гэтую ініцыятыву. А яшчэ трэба ўлічыць, што вылучэнне перад парламентам кандыдатуры на пост прэм’ер-міністра краіны замацавана выключна за прэзідэнтам і нязгода з гэтым меркаваннем можа прывесці парламент толькі да адстаўкі. Гэта дазваляе прэзідэнту кантраляваць усе сітуацыі ва ўрадзе. Старшынёй Канстытуцыйнага суда заўсёды (пасля У. Ціхіні) абіраецца член Канстытуцыйнага суда з ліку той яго паловы, якая прызначаецца прэзідэнтам. Значыць, і тут прэзідэнт кантралюе сітуацыю, калі раптам паўстане пытанне аб датэрміновым роспуску ўрада „ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі”.

Такім чынам, Канстытуцыя РБ распрацавана так, што нават фармальна замацаваныя паўнамоцтвы галін улады лёгка перакрываюцца паўнамоцтвамі прэзідэнта і ў разгляданым выпадку парламент не ў стане, нават калі набярэцца адвагі, адправіць урад у адстаўку або нават выказаць яму вотум недаверу. Іншая справа, з чым я згодзен, што парламент як прадстаўнічы і заканадаўчы орган улады валодае велізарнымі магчымасцямі разгарнуць палітычнае поле ў свой бок, але для гэтага туды павінны быць абраны іншыя людзі, з іншай палітычнай адказнасцю перад сваімі выбарцамі.

Шматлікія даследчыкі і публіцысты ў даволі вялікім дыяпазоне выказваюцца пра чыннікі стабільнасці беларускага рэжыму і яго перспектывы. Не думаю, што такі раздзел патрэбны ў дапаможніку. Перад намі ж навучальны дапаможнік, а не кіраўніцтва для дзейсных палітыкаў. У назве параграфа фігуруе паняцце „беларускі рэжым”, а тэкст пачынаецца са слоў „Выжыванне лукашэнкаўскага рэжыму”. Пры любых акалічнасцях палітыка — гэта поле ўзаемадзеяння. І, вядома, цяперашні рэжым у краіне можа быць растлумачаны толькі тым, як дзейнічаюць абодва бакі (або некалькі бакоў). У. Роўда падкрэслівае, што А. Лукашэнка ўдала манеўруе, А. Лукашэнка ўмее прыцягнуць на свой бок вялікую колькасць простых людзей. Аднак важкімі падставамі яго поспехаў называюцца таксама такія фактары, як нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці жыхароў Беларусі, неразвітасць грамадзянскай супольнасці. Шэраг навукоўцаў дадаюць да гэтага перавагу „падданніцкай” культуры, адсутнасць у характары беларусаў энергічнасці, духу супраціву[10]. У. Роўда цалкам мае рацыю, калі рашуча падкрэслівае: „Найбольш сур’ёзнай праблемай лукашэнкаўскага аўтарытарызму (я настойваю, што рэжым не „лукашэнкаўскі”, а беларускі. — У. Б.), якая з кожным днём абвастраецца, з’яўляецца супярэчнасць паміж адносна эканамічна і сацыяльна развітым грамадствам і самай прымітыўнай у Еўропе палітычнай сістэмай, заснаванай на персаналісцкай дыктатуры” (115).

Працэс фармавання сучаснай суверэннай Беларусі адбываўся не так энергічна, як у нашых суседзяў. Ён прыняў павольны характар. Гэта так. Аднак наўрад ці правільна гэтак безаблічна і нязначна гаварыць пра прыняцце Вярхоўным Саветам XII склікання Дэкларацыі аб незалежнасці БССР. Па-першае, дакумент трэба называць так, як ён афіцыйна названы, г. зн. не Дэкларацыя аб суверэнітэце. Такой назвы ён не мог мець, бо прымаўся яшчэ ў рамках тагачаснага СССР. Па-другое, пры ўсёй непаслядоўнасці беларускага кіраўніцтва па ажыццяўленні Дэкларацыі, усё ж аб’ектыўна на вышэйшым дзяржаўным узроўні быў пазначаны намер ісці да суверэнітэту. Менавіта прыняцце Дэкларацыі з’явілася фенаменальным прарывам супраціўлення камуністычнай большасці ў Вярхоўным Савеце і кіраўніцтва краіны, якія без рашучай і энергічнай пазіцыі групы дэпутатаў ад БНФ і іх прыхільнікаў самастойна наўрад ці здольныя былі на такі радыкальны крок. Дэкларацыя вызначыла шляхі размежавання Беларусі з СССР і на гэтай аснове працэс зрушыўся з мёртвай кропкі і ўжо ў 1991–94 г. прыняў павольны, але незваротны характар. Гэта дакумент вялікага гістарычнага значэння на шляху стварэння сучаснай суверэннай Беларусі, і яму трэба аддаць адпаведныя павагу і сімвалічнасць. У нас вельмі мала такіх сімвалаў: апазіцыя адпрэчвае адны, улада — іншыя, і ў выніку нам няма чаго паважаць і шанаваць. Адсутнасць гістарычнай памяці прыводзіць да праблем самасвядомасці і шанавання каштоўнасцяў сваёй дзяржаўнасці, асабліва ў моладзі.

Спрэчным, на мой погляд, з’яўляецца пытанне аб ролі ў палітычна-дзяржаўным жыцці краіны ў гады яе суверэнізацыі В. Кебіча, які ўзначальваў урад. Ён быў вельмі нядрэнным гаспадарнікам, але палітык з яго не атрымаўся. Гэта ў спакойны час урад можа руцінна пракручваць дзяржаўныя справы. Але ва ўмовах крызісу першай паловы 1990-х г., калі ад прэм’ер-міністра патрабавалася здольнасць зразумець палітычны момант, артыкуляваць прарыўныя кірункі выхаду з крызісу, сканцэнтраваць на ім менавіта палітычную волю, ён працягваў руцінна весці справы, безнадзейна разводзіць рукамі пад час сваіх даволі частых справаздач перад Вярхоўным Саветам. Ён нават не змог годна скарыстацца тым, што Вярхоўны Савет двойчы сур’ёзна пашыраў яго паўнамоцтвы, якія ў шмат разоў пераўзыходзілі яго першапачатковыя прэм’ерскія паўнамоцтвы. У адным з інтэрв’ю ў тыя гады ён прызнаваўся, што не ведае, куды ісці, а ў мемуарах з сумневам ацаніў сваю здольнасць паспяхова кіраваць краінай, калі б яго абралі ў 1994 г. прэзідэнтам Беларусі. Калі б ён хоць у нейкай меры кантраляваў Вярхоўны Савет, як сцвярджае У. Роўда, то Вярхоўны Савет не паставіў бы на парадак дня сваёй сесіі ў студзені 1994 г. пытанне аб зняцці яго разам з С. Шушкевічам з пасады. Якая ж прэм’ерская дыктатура магла пры гэтым скласціся ў 1994 г. у Беларусі? Дыктатар хутчэй бы разагнаў парламент, чым дазволіў яму ставіць такое пытанне для свайго негатыўнага рашэння. Я думаю, што пры ўсёй значнасці ў тыя гады Вярхоўнага Савета ў нас былі ўсе прыкметы парламенцкай рэспублікі. Урад і асабіста прэм’ер-міністр былі пад яго пільным кантролем, які для В. Кебіча быў святы і непарушны.

Цяжка, на мой погляд, адназначна пагадзіцца з тым, што „Канстытуцыя 1994 г. уводзіла інстытут амаль класічнай прэзідэнцкай рэспублікі” (129). Па-першае, прыслоўе амаль трэба растлумачваць. Па-другое, Кан стытуцыя надзяляла Вярхоўны Савет такімі паўнамоцтвамі, якія аб’ектыўна ўваходзілі ў супярэчнасці з паўнамоцтвамі прэзідэнта ў першую чаргу як кіраўніка дзяржавы. Вярхоўны Савет акрамя прадстаўнічых і заканадаўчых функцый надзяляўся такімі выключнымі паўнамоцтвамі: прымаць і змяняць Канстытуцыю; даваць тлумачэнне Канстытуцыі і законаў; вызначаць асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; абіраць на пасаду Генеральнага пракурора, Старшыню Кантрольнай палаты; ствараць следчыя, рэвізійныя і іншыя часовыя камісіі; ажыццяўляць кантроль за выкананнем законаў; вызваліць прэзідэнта ад пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыі або здзяйснення ім злачынства; заслухаць любога члена Кабінета Міністраў па пытаннях выканання законаў; даваць згоду прэзідэнту на прызначэнне і вызваленне з пасады прэм’ер-міністра, яго намеснікаў, міністраў замежных спраў, абароны, фінансаў, унутраных спраў, старшыні КДБ; па прапанове прэзідэнта абіраць на пасаду Старшыню Канстытуцыйнага суда, Старшыню Вярхоўнага суда, Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка; штогод заслухоўваць даклады прэзідэнта аб становішчы дзяржавы; прапанаваць прэзідэнту інфармаваць Вярхоўны Савет аб рэалізацыі ўнутранай і знешняй палітыкі; заслухоўваць прэзідэнта аб Праграме дзейнасці Кабінета Міністраў. Пры такім аб’ёме паўнамоцтваў Вярхоўны Савет не мог справіцца з іх рэалізацыяй, якасна весці заканатворчую дзейнасць. Але галоўная праблема была ў тым, што па змесце і сваім аб’ёме гэтыя функцыі Вярхоўнага Савета аб’ектыўна выводзілі яго на ролю кіраўніка дзяржавы, бо ўтрымлівалі ў сабе патэнцыйны канфлікт паміж прэзідэнтам і парламентам, што і адбылося адразу ж пасля абрання прэзідэнта ў ліпені 1994 г. На жаль, Канстытуцыя РБ 1994 г. уяўляла сабой эклектычны набор юрыдычных нормаў, спісаных з канстытуцый вядучых краін свету, але мала ўзгодненых з традыцыямі, гістарычнымі асаблівасцямі дзяржаўнасці Беларусі[11]. Абыякавае, руціннае абмеркаванне і прыняцце дэпутатамі Вярхоўнага Савета Канстытуцыі прывялі не да збалансавання паўнамоцтваў галін улады, а фактычна да надання Вярхоўнаму Савету нароўні з прэзідэнтам статусу кіраўніка дзяржавы. Рана або позна, як і прадказвалі некаторыя аналітыкі, гэта павінна было прывесці да палітычнага канфлікту. Таму і тэкст Канстытуцыі выканаў усё ж тут сваю негатыўную ролю. Гэта здарылася б пры любым прэзідэнце. Іншая справа, што А. Лукашэнка ўнёс сюды вастрыню і бескампраміснасць для суаднясення толькі сябе са статусам кіраўніка дзяржавы і дамогся гэтага праз канстытуцыйны крызіс 1995–96 г. Выразныя рысы прэзідэнцкай або парламенцкай рэспублікі ў Канстытуцыі РБ 1994 г. адсутнічалі. Дакладней, як выказвалі такую здагадку некаторыя аналітыкі, Вярхоўны Савет ствараў Канстытуцыю пад сваё вяршэнства ў краіне. А інстытут прэзідэнцтва ўводзіўся без асаблівай стараннасці адпрацоўкі яго функцыянавання, бо панавала ўпэўненасць, што прэзідэнтам стане В. Кебіч, паслухмяны, без найменшых уладных амбіцый, разгублены ад праблем, якія на яго зваліліся, які аддана глядзіць у вочы парламенту. Але не! Джын, выпушчаны з бутэлькі, выйшаў з-пад кантролю парламента, чым пазбавіў парламент наіўных мар аб захаванні свайго панавання над краінай і ў тым ліку над прэзідэнтам. Так у палітычнай гісторыі бывала нярэдка. Парламент апынуўся няздатным да палітычнай барацьбы і стаў губляць пазіцыю за пазіцыяй, так і не рашыўшыся звярнуцца за падтрымкай да сваіх выбарцаў, беларускага народа.

Думаю, што аўтар дазваляе сабе залішнюю размашыстасць, ставячы на адзін узровень рэжым улады Гітлера і рэжым улады Лукашэнкі. Справа ў тым, што персаналісцкія рэжымы ў большасці выпадкаў у навуковай літаратуры адносяць да таталітарных палітычных сістэм[12]. Але цалкам відавочна, што рэжым Гітлера панаваў над краінай. У Беларусі ж, як піша сам У. Роўда, А. Лукашэнка не дамогся нават поўнай ла-яльнасці з боку чынавенства, не мае падтрымкі з боку шырокага кіроўнага класа, які абапіраецца на ўладу і ўласнасць (117). Па-другое, Адольф Гітлер напоўніў свой рэжым поўнай прыхільнасцю да мэтаў нацыі, расісцкімі поглядамі, планамі сусветнага панавання. Нічога падобнага Аляксандр Лукашэнка не спараджаў. Параўнанне моцнае, але кантрастаў занадта шмат, каб адносіць абодвух лідараў да аднаго палітычнага рэжыму. Можна гаварыць пра падобныя элементы. І тут я прапанаваў бы наступныя: цэнтральная праблема тако га віду арганізацыі ўлады — гэта пастаянная і безварыянтная барацьба за захаванне сябе ва ўладзе, гэта культ асобы, гэта выбудоўванне ўлады і кіравання, выходзячы за межы Канстытуцыі, гэта напружаныя адносіны з суседнімі краінамі. Наўрад ці трэба было ў гэтым выпадку выбудоўваць амаль увесь параграф „Змены канстытуцыйных правілаў прыняцця палітычных рашэнняў” навучальнага дапаможніка на суцэльных паралелях Лукашэнкі і Гітлера.

У дапаможніку, падрыхтаваным У. Роўдам, шмат ін-шых недакладнасцяў, слаба аргументаваных або, на мой погляд, памылковых пазіцый. Можна на іх таксама спыніцца, але, па-першае, прынцыпова зразумела, што навука прысутнічае толькі тады, калі аналіз вядзецца на максімальна блізкай да праблемы базе крыніц, і спадару Роўду трэба быць у гэтых адносінах больш педантычным; па-другое, фармат дадзенага артыкула не дазваляе падаць больш аб’ёмны аналіз. І, па-трэцяе, нягледзячы на крытычны аналіз, мы канстатуем, што кніга У. Роўды ўяўляе сабой салідную працу. Яна значна адыходзіць ад стандартнага набору банальных ісцін, якімі грашыць наша навучальная літаратура. Дапаможнік цікава чытаць. У ім шмат у якіх выпадках зроблена ўдалая спроба злучыць фундаментальную палітычную навуку з рэальнай палітычнай практыкай. Мяркую, што, рухаючыся ў гэтым кірунку, аўтар яшчэ парадуе нас глыбокімі, навукова выверанымі і вельмі карыснымі для маладых розумаў палітычнымі аналізамі. Прынамсі, такі патэнцыял аўтара закладзены ў дадзеным навучальным дапаможніку.


[1] Столетов О. В. Тренды трансформации властных отношений в мировой политике: smart power? // Полис. 2009. № 4. С. 173–178, 173.
2 Коббан А. Закат политической теории // Политическая теория в XX в.: сб. ст.; под ред. А. Павлова. Москва, 2008. С. 219–236, с. 233.
3 Хейвуд Э. Политология: Учебник для студентов вузов / пер. с англ.; под ред. Г. Г. Водолазова, В. Ю. Бельского. Москва, 2005. С. 21.
4 Политическая теория в XX в. С. 71.
5 Платон. Диалоги. Пер. с древнегреч.; сост, ред. и авт. вступит. статьи А. Ф. Лосева; авт. примеч. А. А. Тахо-Годи. Москва, 1986. С. 67.
6 Конституция Республики Беларусь 1994 г. (с изменениями и дополнениями). Принята на республиканском референдуме 24 ноября 1996 г. Минск, 1997.
7 Конституция Республики Беларусь. Принята на ХІІІ сессии Верховного Совета Республики Беларусь двенадцатого созыва 15 марта 1994 г. Минск, 1994.
8 Гл.: Конституция Российской Федерации. Официальный текст с историко-правовым комментарием. Москва, 2003; Конституция Соединенных Штатов Америки. Vienna, USIA Regional Program Office, б/д; http: //www. constcoucil. kz/rus/norpb/constrk
9 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі). Прынята на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г. Мінск, 2006. С. 60.
10 Гл.: Мельников А. П. Национальный менталитет белорусов. Минск, 2005; Современные глобальные трансформации и проблемы исторического самоопределения восточнославянских народов / Ч. С. Кирвель [и др.]; под ред. д-ра философ. наук, проф. Ч. С. Кирвеля. 3-е изд., перераб. и доп. Минск, 2010.
11 Гл.: Курьянович А. В. Конституция независимой Беларуси: разработка, проекты, принятие: монография / А. В. Курьянович. Минск, 2010.
12 Гл.: Политический режим как властный порядок // Политология: учебник / А. Ю. Мельвиль [и др.]. Москва, 2005.

Наверх

Tags: ,