Алена Маркава. Школьная аснова выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў БССР
Пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці ў падручніках 20-х г. XX ст.
*The work was supported by the grant SVV-2010-261705 „Patterns of Culture and Minority Social Practice in Modern Central European History”.
Падручнікі як крыніца гістарычнага даследавання часта недаацэньваюцца. Аднак яны з’яўляюцца каштоўным і ўнікальным матэрыялам, які характарызуе свой час. Аналізаваныя падручнікі адлюстроўваюць працэс фармавання новай нацыянальнай ідэнтычнасці, які адбываўся ў 20-я г. XX ст. у адносна нядаўна ўзніклай на палітычнай карце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Беларусь 20-х г., як адна з сацыялістычных рэспублік Савецкага Саюза, часта звязваецца з уяўленнем засілля паноўнай ідэалагічнай партыйнай цэнзуры, адназначнасцю партыйных установак і палітычных рэпрэсій, немагчымасцю суіснавання розных мадэляў нацыянальнай ідэнтычнасці і альтэрнатыўных уяўленняў пра этнагенэзіс, культуру і гістарычнае мінулае Беларусі. Перыяд беларусізацыі 20-х г. пераконвае нас у адваротным. Як сведчаць матэрыялы, гаворка ідзе пра перыяд несфармаваных грамадскіх структур, няпоўнага сацыяльнага складу насельніцтва з пераважнай доляй сялянства і нешматлікай нацыянальнай інтэлігенцыяй, нестабільнымі палітычнымі межамі з неадпаведнай ім этнічнай тэрыторыяй. На працягу дадзенага перыяду фармавалася сістэма нацыянальнай адукацыі і праходзіла інтэнсіўная ўнутрыпалітычная барацьба за шляхі наступнага культурнага, эканамічнага і палітычнага развіцця дзяржавы. Адначасова гэты перыяд характарызуецца няўстойлівасцю семантычных структур і наяўнасцю альтэрнатыўных падыходаў да разумення нацыянальнай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці. Даследаванне падручнікаў як каштоўных крыніц, што адлюстроўваюць тагачасныя тэндэнцыі разумення гістарычнага мінулага, нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускасці як такой у яе шырокім разуменні дапаможа нам у гэтым разабрацца.
Галоўная ўвага будзе аддавацца камплекту падручнікаў па праграмах для сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў на 1927/28 навучальны год. Акрамя архіўных матэрыялаў ф. 42 Наркамасветы БССР і ф. 701 Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) БССР Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь будуць разглядацца метадычныя дапаможнікі, школьныя планы, праграмы выкладання і непасрэдна самі падручнікі, прызначаныя для сярэдніх школ, педагагічных тэхнікумаў і ВНУ (а менавіта праграма Педагагічнага факультэта БДУ)[1]. У гістарычнай частцы школьнай праграмы наша ўвага будзе засяроджана ў першую чаргу на перыядзе Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Для аналізу мы выбралі асноўныя і найбольш характэрныя падручнікі па гісторыі („Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, „Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця” У. Ігнатоўскага; „Гісторыя Беларусі” У. Пічэты; „Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории” У. Ігнатоўскага, А. Смоліча), геаграфіі („Кароткі курс геаграфіі Беларусі”, „Геаграфія Беларусі” А. Смоліча; „Географія Эўропы” М. Азбукіна) і беларускай літаратуры („Выпісы з беларускае літаратуры XIX і XX ст.” У. Дзяржынскага; „Гісторыя беларускае літаратуры” М. Гарэцкага; „Выпісы з беларускай літэратуры” М. Гарэцкага, У. Дзяржынскага, П. Каравая) як адных з асноўных элементаў, што закладаюць падмурак новай ідэнтычнасці для школьнікаў старэйшых класаў або студэнтаў ВНУ[2]. Менш рэлевантныя падручнікі, такія, як, напрыклад, граматыка беларускай мовы, тэксты для хатняга чытання і да т. п., а таксама падручнікі для малодшых класаў з аналізу былі выключаны[3]. Мы не разглядалі таксама і пад ручнікі па грамадазнаўстве, якія ўтрымліваюць матэрыял па грамадска-эканамічнай праблематыцы ў яе гістарычным кантэксце. Яўная мэта гэтага, здавалася б, рэлевантнага для дадзенага даследавання прадмета і яго падручнікаў — „прылучыць яго [вучня] да ідэалаў пралетарыяту і яго барацьбы за камунізм”[4] у сярэдняй школе або „прывіць студэнтам правільны і марксысцкі-вытрыманы сьветапогляд і прывучаць іх да актыўнай і сьвядомай грамадзкай дзейнасьці”[5] у тэхнікуме або ВНУ, што дае нам права выключыць гэтыя падручнікі з аналізаванага матэрыялу, бо яны не ўтрымліваюць ніякіх элементаў, якія можна было б аднесці да элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці.
Фармаванне сістэмы нацыянальнай адукацыі, а таксама адначасовае стварэнне новых падручнікаў, якія павінны былі ідэалагічна сфармаваць і прапанаваць новую ідэнтычнасць грамадзянам нядаўна ўзніклай БССР, было цесна звязана з правядзеннем нацыянальнай палітыкі беларусізацыі. Афіцыйны пачатак яе на дзяржаўным узроўні часцей за ўсё звязваецца з пастановай „Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі”, прынятай 15 ліпеня 1924 г. 2-й сесіяй Цэнтральнага выканаўчага камітэта Саветаў БССР, якая мела юрыдычную сілу закону[6]. Паводле раздзела II „Аб мерапрыемствах у галіне народнай асьветы БССР” пастановы, беларуская мова ўводзілася ва ўсе сферы адукацыйнай сістэмы і адначасова з’яўлялася абавязковым прадметам выкладання. Пачынаючы з 1924/25 навучальнага года прадметы па гісторыі і геаграфіі Беларусі, а таксама па беларускай літаратуры ўводзіліся ў праграму ўсіх рабфакаў ВНУ і тэхнікумаў у якасці абавязковых. Глыбейшае вывучэнне беларускай культуры, гісторыі, эканомікі, мовы, традыцый і побыту насельніцтва планавалася праводзіць на адмыслова створаных з гэтай мэтай кафедрах ВНУ. Уступныя іспыты па беларускай мове з гэтага моманту таксама былі абавязковымі, што значна падвышала сацыяльны статус мовы, якая на той час была амаль цалкам выцеснена з публічнай сферы камунікацыі.
Агульнае станаўленне сістэмы нацыянальнай адукацыі было звязана з шматлікімі цяжкасцямі. Яно праходзіла на фоне гаспадарчай разрухі, голаду і эпідэмій, якія дасталіся ў „спадчыну” ад польскай і нямецкай акупацый, што скончыліся ў ліпені 1920 г., і грамадзянскай вайны. У выніку ваенных дзеянняў былі панесены велізарныя страты, разбурана прамысловасць і сельская гаспадарка. Большасць школьных памяшканняў была знішчана, не хапала падручнікаў, паперы і элементарных школьных пры лад. Фармаванне нацыянальнай сіс тэмы адукацыі пачалося з 1920 г. У 1921 г. Народны камісарыят асветы БССР (НКА БССР), заснаваны 17 ліпеня 1920 г., распрацаваў „Асноўныя прынцыпы ар га-нізацыі працоўнай сямігадовай школы”[7], паводле якіх сямігадовая школа забяспечвала агульную адукацыю. У адпаведнасці з гэтым дакументам выкладанне ўсіх прадметаў павінна было весціся на роднай мове вучняў[8]. 16 лютага 1922 г. прынялі новую адукацыйную сістэму, у асно ве якой была сямігадовая агульнаадукацыйная працоўная і політэхнічная школа, прызначаная для дзя цей ад 8 да 15 гадоў. Школа рыхтавала іх для магчымага наступнага па ступлення ў сярэднюю спецыяль ную навучальную ўстанову (тэхнікум) ці далей у ВНУ[9]. Сямігадовая школа складалася з I канцэнтра (1–4-ы класы, дзеці ад 8 да 12 гадоў) і II канцэнтра (5–7-ы класы, дзеці ад 12 да 15 гадоў). Адначасова існавалі школы I канцэнтра, II канцэнтра або сямігадовыя школы I–II канцэнтра [10].
Складанасць сітуацыі, аднак, не вычэрпвалася недахопам фінансавання і адсутнасцю матэрыяльных сродкаў. Існавала вострая неабходнасць у кваліфікаваных педагагічных кадрах і непасрэдна ў саміх падручніках, па якіх можна было весці навучанне. Згодна з пастановай Савецкага народнага камісарыята РСФСР (Саўнаркам РСФСР) ад 12 траўня 1921 г., усе працаўнікі асветы — выхадцы з Беларусі, адкамандзіроўваліся для працы ў НКА БССР[11]. Аднак толькі частка з іх валодала беларускай мовай. Таму, напрыклад, у адозве да культурных працаўнікоў, настаўнікаў, якія былі ўраджэнцамі Беларусі, але ў выніку грамадзянскай вайны апынуліся за межамі БССР, падкрэслівалася: „Не саромцеся тыя, хто не зусім добра ўладае беларускай мовай. Тут сярод беларускага сялянства вы ўспомніце гэтую мову вашых дзіцячых гадоў і вывучэце яе, калі ў вас будзе да гэтага жаданьне”[12]. Часта школьныя настаўнікі наогул не мелі спецыяльнай педагагічнай адукацыі. Дадзеныя на 1925/26 навуч. год сведчаць, што ў 55% настаўнікаў сямігадовых школ і 66,6% настаўнікаў чатырохгадовых школ не было спецыяльнай педагагічнай адукацыі, а ў 11% настаўнікаў сямігадовых школ і 34,7% настаўнікаў чатырохгадовых школ не было агульнай сярэдняй адукацыі наогул[13]. Для падрыхтоўкі новых настаўнікаў ствараліся падрыхтоўчыя курсы з рознай працягласцю навучання. Аднымі з такіх курсаў былі, напрыклад, двухгадовыя Вышэйшыя курсы беларусазнаўства і іншыя[14]. Падрыхтоўку педагогаў забяспечвала таксама адчыненае ў кастрычніку 1921 г. Грамадска-педагагічнае аддзяленне факультэта грамадскіх навук БДУ і іншыя ўстановы.
Праблема агульнага недахопу падручнікаў і метадычных дапаможнікаў мела некалькі складнікаў. Па-першае, праяўлялася амаль што поўная за малым выключэннем адсутнасць падручнікаў, традыцыю якіх можна было працягнуць, а па-другое, друкарняў было вельмі мала, да таго ж яны былі вельмі дрэнна абсталяваныя і перагружаныя друкам улётак, агітацыйнай літаратуры, газет і г. д. Выпуску беларускіх падручнікаў і іншай беларускай літаратуры спадарожнічаў канфлікт, які разгарэўся паміж Паліграфічным аддзелам Савета народнай гаспадаркі БССР і Беларускім аддзелам Наркамасветы. Канфлікт суправаджаўся шэрагам узаемных скаргаў у вышэйшыя інстанцыі і саркастычнымі заўвагамі, пра што сведчыць шырокая падборка іх заархіваванай карэспандэнцыі[15]. Галоўную ролю ў гэтым канфлікце адыграў дырэктар Паліграфічнага аддзялення нейкі тав. Стронгін, які неаднаразова заяўляў, што „беларускіх кніжак ніхто ня хоча чытаць і дзеля гэтага іх няма ніякой карысьці друкаваць”[16]. Менавіта гэтым Наркамасветы пасля тлумачыў няздольнасць друкарні забяспечыць наяўнасць беларускіх шрыфтоў, своечасова выканаць карэктуры і набор тэксту. Да таго ж друкарня неаднаразова затрымлівала тэрміны выхаду беларускіх кніг і падручнікаў (напрыклад, падручнік па матэматыцы друкаваўся амаль год з часу канца польскай акупацыі і ўсё яшчэ не быў гатовы, выпуск беларускай граматыкі Б. Тарашкевіча і падручніка па беларускай мове Я. Лёсіка быў спынены Паліграфічным аддзелам без тлумачэння прычын і г. д.)[17]. Канфлікт, распачаты ў верасні 1920 г., працягваўся амаль год, і ў ліпені наступнага года быў скончаны загадчыкам Беларускага аддзела Наркамасветы. Ён афіцыйна заявіў: „Далей лічу лішнім весці барацьбу з паліграфаддзелам, які па пытанні беларускіх выданняў не прызнае ніякіх рашэнняў і пастановаў”[18]. У гэтай сувязі Наркамасветы звярнуўся да замежных выдавецтваў, і ўжо ў жніўні 1921 г. прадстаўнік НКА З.Жылуновіч выехаў у Нямеччыну, дзе на вылучаныя Саўнаркамам БССР сродкі ў памеры 20 млн. царскіх рублёў было надрукавана дзесяць найменняў беларускіх кніг і падручнікаў агульнай колькасцю 138 500 асобнікаў, адпраўленых пасля з Берліна ў Менск[19]. Сярод гэтых падручнікаў быў і „Лемантар” С. Некрашэвіча — адзін з першых беларускіх буквароў, надрукаваны ў Берліне ў 1922 г. Адначасова ЦВК БССР была выдзелена сума ў памеры 5 млн. рублёў для прэмій аўтарам самых лепшых падручнікаў на беларускай мове[20]. У 1922 г. было адчынена Беларускае кааператыўна-выдавецкае таварыства „Адраджэньне” (з 1924 г. пераназванае ў „Савецкую Беларусь”), якое таксама забяспечвала школьны сектар падручнікамі[21]. Аднак востры недахоп падручнікаў працягваўся аж да 1926 г., нават тады забеспячэнне падручнікамі II канцэнтра сярэдняй школы складала толькі 40%.
Асабліва вялікім попытам карысталіся падручнікі па грамадазнаўстве [22].
Друк падручнікаў на беларускай мове запускаў своеасаблівую ланцуговую рэакцыю ў асобных школах, якія павінны былі паступова пераходзіць на беларускую мову выкладання. Так, напрыклад, з чарговай справаздачы НКА па правядзенні мерапрыемстваў нацыянальнай палітыкі ў 1924/25 навуч. годзе мы даведваемся, што „вялікую ролю ў гэтым пытанні [пераводзе школ на беларускую мову] адыгралі падручнікі. Былі дасланыя буквары ў колькасці 30 экз. на школу на беларускай мове. Прысланыя буквары адразу вызначылі мову, на якой будзе працаваць школа. Настаўнікі, якія азнаёміліся з беларускай мовай на летніх кароткатэрміновых педагагічных курсах тэарэтычна і якія часткова ведалі гутарковую беларускую мову практычна, адразу прыстасаваліся да новых падручнікаў. Пасля вельмі і вельмі хутка яны зразумелі, што навучыць грамаце на матчынай мове значна лягчэй, чым на рускай. Насельніцтва, якое атрымала бясплатна для сваіх дзяцей буквары і даведалася, што чытанкі напісаны на той мове, на якой яны размаўляюць, ахвотна пасылае сваіх дзяцей у школы”[23].
Да якой ступені палітыка беларусізацыі 20-х г. адлюстроўвалася ў школьных падручніках і якую ідэн тычнасць або нацыянальную самасвядомасць пра па ноў ва ла яна беларускай нацыі, якая толькі фарма валася? Пе рад тым як непасрэдна пачаць аналіз, неаб ходна пры няць да ўвагі некаторыя зыходныя перадумовы даследавання. Варта памятаць, што падручнікі ўяўля юць сабой спрошчаную апрацоўку матэрыялу (геа гра фічнага, гістарычнага або якога-небудзь іншага). Аўтар падручніка павінен скараціць вялікі аб’ём інфармацыі і дастасаваць да выбару фактаў вызначаныя крытэрыі адбору. Адначасова падручнікі — гэта крыніцы нарматыўнага характару, г. зн. яны змяшчаюць той матэрыял, з якім неабходна азнаёміцца тэарэтычна, таму да іх неабходна падыходзіць таксама, як і да іншых крыніц нарматыўнага характару. Варта таксама ўлічыць, што на працягу даследаванага перыяду часу школьныя падручнікі не былі абавязковымі. Спіс падручнікаў у вучэбных праграмах таго часу меў рэкамендацыйны ха рактар. З-за недахопу вучэбнага і метадычнага матэрыялу ў гэтым спісе часта фігуравалі навуковыя даследаванні, кнігі або зборнікі, якія не прызначаліся для выкладання непасрэдна, але ўтрымлівалі фактычную інфармацыю і статыстычныя дадзеныя (напрыклад: „Адноўленая Беларусь” Я. А. Пятровіча [24] або статыстычная справаздача Саўнаркама БССР 1927 г. „Белорусская Советская Социалистическая Республика”[25] і інш.). Яны рэкамендаваліся як для навучання, так і ў якасці дадатковага ілюстрацыйнага матэрыялу. Пры гэтым настаўнік мог пакінуць за сабой права выбару вучэбнага матэрыялу, які залежаў ад шэрагу фактараў: наяўнасці або адсутнасці падручніка на дадзены момант або яго зместу. Такім чынам, выбар фактаў з саміх падручнікаў набываў адносны характар, г. зн. мы не можам паставіць непасрэдны знак роўнасці паміж тым, што пісалася ў падручніках, і тым, што выкладалася на самай справе, або тым, што ведалі вучні (студэнты). Пры разглядзе падручнікаў па гісторыі мы таксама павінны памятаць пра існаванне вызначанага кансэнсусу таго часу ў ацэнцы гістарычнага мінулага. Дадзены кансэнсус быў не выпадковы, а зыходзіў з падборкі фактаў і адзнак мінулага, характэрных для таго перыяду часу (напрыклад, падкрэслівалася значэнне гарадскога самакіравання ранняга Новага часу, Рэфармацыі, негвалтоўнага характару далучэння беларускіх земляў да Вялікага Княства Літоўскага, барацьбы з Масковіяй і інш.). У агульнай карціне нацыянальнай гісторыі, якая паўстае на старонках падручнікаў таго часу, народ разглядаецца як адвечная катэгорыя, уласцівая прымардыялістычнаму падыходу гісторыі XIX ст.
Адзін з самых характэрных прыкладаў падручнікаў перыяду беларусізацыі 20-х г. XX ст. — „Геаграфія Беларусі” A. Смоліча, пра які ў 1926 г. у газеце „Звязда” пісалася як пра „лепшы падручнік, напісаны для вучняў нашай беларускай школы”[26]. Іншы падручнік А. Смоліча „Кароткі курс геаграфіі Беларусі” (1925) — скарочаная і дапрацаваная версія вышэйзгаданага падручніка. У „Геаграфіі” А. Смоліча Беларусь упершыню апісвалася як самастойная дзяржава. Акрамя аб’ектыўнай неабходнасці стварэння падручніка геаграфіі для „нацыянальнага руху, шырокай ракой разьліўшагося па Беларусі”, сам аўтар у прадмове тлумачыць напісанне свайго падручніка наступным чынам: «Масы беларусаў, прайшоўшых расейскія ды іншыя школы, яшчэ і дагэтуль глядзяць на родны край вачамі казённых вучэбнікаў. Беларуская маладзёж даведавалася ў школе толькі аб тым, што яе Бацькаўшчына — гэта нейкае адно балота; самае важнае ў ёй — гэта хвароба „каўтун”, а па-за гэтым больш няма нічога цікаўнага»[27]. „Вось-жа, калі-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе, ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі-б у іх хоць крыху паболь шала замілаваньня да свае роднае шматпакут нае стараны, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай велічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыню і дзеля будучыні гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы”[28], — піша Смоліч. Апісаны ў падручніку матэрыял разглядаецца ў ракурсе створанай аўтарам своеасаблівай канцэпцыі „нацыянальнага прастору”, які чырвонай ніткай злучае ўвесь выкладзены матэрыял і абапіраецца на беларускія этнічныя межы (Брэст — Беласток — Вільня — Смаленск — Бранск — Чарнігаў). Такі падыход, выклад і абмежаванне беларускай тэрыторыі на падставе этнічных, а не палітычных межаў БССР 1920 г., якія ўключаюць толькі пятую частку гэтай этнічнай тэрыторыі, абгрунтоўваецца аўтарам наступным чынам: „Такі палітычны падзел Беларусі не апіраецца ні на якія географічныя асновы. Межы новых дзяржаваў праведзены па жывому целу Беларусі, дзелячы краіны, якія найцясьней зьвязаны між сабою і прыроднымі і экономічнымі і культурна-гістарыч нымі варункамі, ня кажучы ўжо аб тым, што ўсе яны наймацней зьвязаны з боку этнографічнага, бо ўва ўсіх пяцёх кавалках, на якія парэзана Беларуская зямля, жывець адзін і той самы Беларускі Народ”[29]. „Дзеля такое штучнасьці сучаснага палітычнага падзелу Беларусі мы ня будзем браць яго пад увагу ў дальнейшым выкладзе” [30], — падагульняе аўтар.
Карта 1. Этнічныя межы Беларусі. Карта з падручніка геаграфіі А. Смоліча.
Агульны выклад матэрыялу ў „Геаграфіі Беларусі” А. Смоліча засноўваецца на ўнутранай цэласнасці, супольнасці беларускай тэрыторыі і адначасова на яе проціпастаўленні суседнім тэрыторыям, і найперш Маскоўшчыне. Гэтае проціпастаўленне (адасабленне) прысутнічае ў кожным раздзеле. Калі ў геаграфічнай частцы апісання гаворка ідзе аб прыродных, кліматычных, эканамічных і іншых адрозненнях, то ў гістарычнай частцы падручніка аўтар разглядае адрозненні, змешчаныя ў культурна-гістарычнай і этнічнай плоскасцях, якія нас будуць цікавіць у першую чаргу.
Тэма беларусаў як асобнай нацыі, разгляданая ў падручніку Смоліча, таксама засноўваецца на прынцыпе ўнутранай гамагеннасці беларускага насельніцтва і проціпастаўленні яго суседнім землям. У раздзеле, пры свечаным гутарковай мове беларусаў, Смоліч прыводзіць вельмі эмацыйную развагу, якую мы лічым неабходным працытаваць цалкам: „Ня ўсе яшчэ беларусы зразумелі, хто яны, і дзеля гэтага шмат хто, можа, і не прызнаецца, што ён беларус. Неграматны, цёмны чалавек не прызнаецца таму, што ён ня ведае, ніхто яго не навучыў; але ёсць шмат і добра вучаных беларусаў, якія прызнаюць сябе палякамі або маскоўцамі. Гэта таму, што іхнія дзяды і прадзеды, а можа й яны самі, здрадзілі свайму народу, выракліся роднае мовы і самога імя беларускага…. Ведама, гэта толькі з’ява пераходнага часу. Сьведамасьць беларуская гэтак расьце, што за некалькі гадоў вернуцца да народу беларускага ўсе яго збаламучаныя сыны”[31]. Гэты заклік вельмі характэрны для ўсяго перыяду беларусізацыі. Такія развагі знікнуць разам з яе затуханнем у 1929 г. як вельмі непажаданыя ў адносінах да камуністычнага інтэрнацыяналізму і савецкай ідэн тычнасці, якая адлюстроўвае класавую барацьбу і аддае вядучую ролю інтэрнацыянальных зносін рускай мове, у дачыненні да якой Смоліч выразна вызначае сваю пазіцыю.
Падобны падыход да матэрыялу можна знайсці і ў падручніку па геаграфіі М. Азбукіна „Географія Эўропы”, прызначанага для вучняў старэйшых класаў і студэнтаў. У адрозненне ад папярэдняга тэксту тут цалкам адсутнічае элемент эмацыйнасці, так характэрны для Смоліча. Аднак пазіцыі аўтараў падобныя, і ў раздзеле, прысвечаным беларускаму краю, для яго больш падрабязнага апісання Азбукін спасылаецца на „Геаграфію” Смоліча. Нягледзячы на канстатацыю таго факта, што „ў сучасны момант землі, залюдненыя беларусамі, падзелены паміж пяцьма дзяржавамі [далей ідзе пе ралік канкрэтных абласцей, што адносцца да розных дзяржаў. — A. M.]… Незалежнай Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікай з’яўляецца толькі сярэдняя частка залюдненых беларусамі зямель (113 000 кв. клм. і 4 200 000 насельн.)”[32], — у сваім тэксце аўтар аперуе шырэйшай этнічнай тэрыторыяй, межы якой ужо прыводзіліся ў папярэднім падручніку.
Як уяўлялі сабе Беларусь аўтары кніг па гісторыі, рэкамендаваных для адукацыйных праграм? У. Ігнатоўскі, аўтар „Кароткага нарыса гісторыі Беларусі” і „Гісторыі Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця” — пад-ручнікаў, якія атрымалі ў метадычным дапаможніку для настаўнікаў сярэдняй школы 1927 г. ганаровую зорачку „самых неабходных” падручнікаў[33] — адзначае, што „сучасная Савецкая Беларусь ня ўключае ў свой склад усёй этнографічнай Беларусі”, і праводзіць мяжу беларускай тэрыторыі зыходзячы з шырэйшых этнаграфічных і эканамічных паказчыкаў (нягледзячы на тое, што 4-е выданне „Кароткага нарыса” 1926 г. уключа-ла ў сябе і звесткі пра першае ўзбуйненне БССР)[34]. Аўтар разглядае гістарычныя падзеі, якія адбываліся на этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі, памерам амаль 300 тыс. км кв і насельніцтвам 10 млн. жыхароў. Такі падыход Ігнатоўскага ў прынцыпе аналагічны пазіцыі У. Пічэты, аўтара „Гісторыі Беларусі” (1924). Гэтая кніга таксама рэкамендавалася і выкарыстоўвалася ў якасці падручніка для школ, тэхнікумаў і ВНУ ў 20-я г. мінулага стагоддзя. У сваёй „Гісторыі” да беларускіх земляў Пічэта адносіць полацкія, віцебскія, смаленскія і менскія землі. Пад Літвой гісторык разумее сённяшнюю тэрыторыю заходняй Беларусі (Брэстчына, Гродзеншчына) і Віленшчыну, што вынікае з агульнага кантэксту яго даследавання. Такі падыход, дзе Беларусь разглядаецца найперш у яе этнічна-эканамічных межах, што выходзяць за рамкі ўсталяваных на той момант палітычных межаў БССР, характэрны і для рэкамендаванага для навучання гісторыка-эканамічнага даследавання „Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории” (1926), напісанага Ігнатоўскім у суаўтарстве са Смолічам. Акрамя таго, розніца паміж Беларуссю ў яе этнаграфічных рамках і палітычнай адукацыяй БССР улічваецца і ў школьных планах выкладання геаграфіі БССР, калі ў пагадзінных заданнях вучням або студэнтам прапаноўваецца апісаць склад насельніцтва „этнаграфічнай Беларусі і БССР” і намаляваць у якасці хатняга задання адпаведныя карты[35].
Неад’емная частка геаграфічнага апісання асобных рэгіёнаў у „Геаграфіі” А. Смоліча — апісанне іх гісторыі. Да галоўных беларускіх культурна-гістарычных цэнтраў Смоліч адносіць Полацк і Вільню. У Полацку, які з’яўляецца, па меркаванні аўтара, своеасаблівым сімвалічным цэнтрам усёй беларускай гісторыі, знаходзяцца вытокі працэсу „стварэньня незалежнае вялікае дзяржавы”[36]. Полацк, які ляжыць на старажытным рачным шляху з варагаў у грэкі, перажыў за ўсю сваю гіс то -рыю нямала ліхіх часоў, але самымі цяжкімі былі маскоў скія напады. Аўтар згадвае масавыя пакаранні смер цю яўрэяў Іванам Жахлівым у 1563 г. і забойствы мана хаў-базыльянаў пад час візіту ў Полацк Пятра I. Куль турнаму заняпаду горада ў XIX ст. у значнай ступені спры яла закрыццё рускімі ўладамі езуіцкай Полацкай Акадэміі ў 1820 г., уся маёмасць якой (бібліятэка, рэдкія рукапісы, выдавецтва, фізічны кабінет і г. д.) была вывезена ў Маскву і Пецярбург. „Пасьля разгрому Акадэміі Полацк зрабіўся самым звычайным ціхім і нязначным паветавым местам, якім і застаецца дагэтуль”[37], — канстатуе Смоліч. „Места гордае Рагнеды, якая не хацела разуць ногі кіеўскаму князю, места Усяслава Чарадзея, найслаўнейшага з князёў беларускіх, места вялікае багамоліцы і кніжніцы сьв. Еўфрасіньні ды слаўнага вучонага Францішка Скарыны — заснула на доўгія вякі…. Як заціх і памёр Полацк, так заціхла і памёрла жыцьцё на ўсей Беларусі. Калі-ж яно адродзіцца і Беларусь стане на свае ногі, пэўне, зусім іначай будзе выглядаць і Полацк”[38].
Полацкаму княству перыяду IX–XIII ст. адводзіцца значная ўвага і ў гістарычнай працы Ігнатоўскага. Яго росквіт звязваецца з кіраваннем Усяслава Чарадзея (1044–1101), якому аўтар прысвячае самастойны раздзел. У „Гісторыі Беларусі” Пічэты, акрамя Полацкага (і Турава-Пінскага) княстваў, значная ўвага адначасова аддаецца Смаленскаму княству, якое Пічэта лічыць цэнтрам беларускага культурнага і эканамічнага развіцця XI–XIII ст. Вельмі незвычайны для гістарычных кніг таго часу самастойны раздзел, прысвечаны сярэднявечным інтэлектуалам XI–XIII ст., такім, як, напрыклад, Клімент Смаляціч, Аўраам Смаленскі, Кірыла Тураўскі і інш. Такая глеба для інтэлектуальнага развіцця была падрыхтавана культурнымі і гандлёвымі адносінамі з Захадам, што служыў крыніцай „свежае крытычнае думкі, якая гэтак выразна выступае ў дзейнасці галоўных вучоных прадстаўнікоў беларускае асьветы”[39]. У. Пічэта лічыць, што ў адрозненне ад уплыву Візантыі, які датычыў найперш вярхоў інтэлектуальнай эліты, якая мела доступ да багаслоўскай літаратуры візантыйскага паходжання, адносіны з Захадам „мелі надта выдатны ўплыў на характар і звычаі смальнян, на развіццё культуры навогул”[40]. Пасля прывядзення шматлікіх прыкладаў (параўнанні збораў законаў і г. д.[41]), у заключнай частцы раздзела аўтар выказвае сваё сімвалічнае ўяўленне, звязанае з воссю Усход — Захад, сцвярджаючы, што „для смальнян Захад з’яўляецца сімвалам культуры і асветы. Усход жа — сімвал гвалту і барбарства”[42].
Тэматыка Вялікага Княства Літоўскага бясспрэчна займае адно з галоўных месцаў у гістарычных даследаваннях перыяду беларусізацыі. І аўтары разгляданых падручнікаў таксама аддаюць ВКЛ вялікую ўвагу. Як У. Ігнатоўскі, так і У. Пічэта падкрэсліваюць літоўска-беларускі характар княства. Пічэта лічыць, што працэс аб’яднання беларускіх і літоўскіх земляў не насіў характару заваёвы, паколькі літоўскія вялікія князі абмяжоўваліся „толькі павярховым прызнаннем сваёй улады”, а „ва ўнутраным кіраўніцтве далучаныя землі захоўвалі сваю самастойнасць”[43]. Па меркаванні Пічэты, „Літоўска-Беларуская дзяржава выяўляла сабой федэрацыю краін, звязаных з цэнтрам вельмі нетрывалымі вузламі”[44]. Адначасова гісторык гаворыць пра тое, што этнічныя літоўцы ў княстве былі меншасцю, „распыленай у моры беларускага народа”[45], што дае яму падставу называць гэтае дзяржаўнае фармаванне „Літоўска-Беларускай дзяржавай”. У раздзеле, прысвечаным культуры таго часу, У. Пічэта падкрэслівае, што „Літоўскае Вялікае княства ў культурных адносінах з’яўлялася беларускім”[46]. Аўтар абгрунтоўвае сваё сцверджанне тым, што толькі беларуская мова мела статус дзяржаўнай, паколькі на ёй пісаліся „гаспадарскія лісты, граматы, соймавыя ўхвалы”[47], што беларуская мова „ўжывалася ў гаспадарскай канцылярыі і ў судаўніцтве” і на беларускай жа пісаліся „беларускія летапісы, хронікі, жыцці святых, свецкія белетрыстычныя творы”[48]. Беларуская культура дамінавала ва ўсіх грамадскіх пластах ВКЛ. Ля вытокаў беларускага Рэнесансу XVI ст. знаходзіліся, па меркаванні гісторыка, інтэнсіўныя гандлёвыя кантакты з заходняй Еўропай, якія прывялі да ўзнікнення грамадскага пласта (багатыя гараджане, землеўладальнікі і г. д.), здольнага ўспрымаць новыя культурныя ўплывы. Таксама, як і заходнееўрапейскі Рэнесанс, „беларускі нацыянальна-культурны рух меў індывідуалістычны характар”[49]. Гэтыя індывідуалістычныя тэндэнцыі знайшлі сваё адлюстраванне як у літоўска-беларус кім за-канадаўстве (напр., да галоўных палажэнняў Статута 1529 г. адносілася „абарона правоў шляхетнае асобы і індывідуальная адказнасць за праступленні”[50]), так і ў пашырэнні Рэфармацыі, узнікненні беларускай літаратурнай мовы, літаратуры і „фармаваньні новай беларускай інтэлігенцыі”[51]. Важным паказчыкам узроўню беларускага культурнага развіцця таго часу было таксама кнігадрукаванне, пашырэнне якога зрабіла даступным перакладзенае на нацыянальную мову Святое Пісанне і іншую рэлігійную літаратуру.
Погляд У. Ігнатоўскага на дадзеную праблематыку падобны. Пра ВКЛ аўтар гаворыць як пра дзяржаву Літоўска-Беларускую, „гаспадарства з літоўскаю ўладаю і полацкаю культурна-экономічнаю асноваю”[52].
У новую дзяржаву, створаную „больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны”[53], далучаныя полацкія землі прынеслі свой больш высокі культурны ўзровень, мову і грамадскія структуры. У якасці прыкладу Ігнатоўскі прыводзіць напісанае на беларускай мове заканадаўства, кнігадрукаванне і г. д., прычым дадае, што беларуская мова «была ў той час ня „мужыцкай” мовай нашага часу, а мовай культурнай і дзяржаўнай»[54]. Пры гэтым у агульнай дзяржаве „абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасьць”[55]. Аўтар падкрэслівае, што новае кіраванне літоўскіх князёў не парушала ўсталяванага на далучаных імі беларускіх землях грамадска-прававога парадку, традыцый і законаў, а наадварот, забяспечвала на ўзроўні закону іх недатыкальнасць. „Ня тое мы будзем бачыць на ўсходзе”, — характарызуе Ігнатоўскі падобны працэс узнікнення Маскоўскага княства. „Маскоўскае самаўладзтва сваёй цяжкаю рукою” будзе „паступова і няўхільна” касаваць „асабісты твар, свае старажытныя звычаі і традыцыі” кожнай воласці, вымушанай увайсці ў склад гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Тут будуць пастаянна расці „моцнае самаўладзтва маскоўскіх гаспадароў, каторае потым дасьць цьвёрды грунт для бязупыннай сваволі”[56]. Такім чынам, тут зноў паўтараецца пазіцыя Пічэты, але пададзеная ў больш выразнай форме, а менавіта: вялікакняскае дзяржаўнае ўтварэнне, якое мае характар „федэрацыі краін”, супрацьпастаўляецца маскоўскай „цэнтралістычнай дзяржаве з абсалютнаю ўладаю манарха”[57]. Такая ж інтэрпрэтацыя разам з вылучэннем перавагі беларускай культуры адлюстравана і ў кароткім даследаванні „Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории”[58]. Адначасова з гэтым у падручніках неаднаразова гаво рыцца пра інтэграцыю літоўскага насельніцтва ў беларускае асяроддзе ў новай дзяржаве. Прычым беларускі і літоўскі элементы, нягледзячы на значнае адрозненне, не супрацьпастаўляюцца так выразна, як гэта робіцца аўтарамі падручнікаў у дачыненні да элемента рускага. Тут відавочная прысутнасць больш высокай пагрозы русіфікацыі, а ў гэтай сувязі прысутнічае і большае проціпастаўленне ў дачыненні да Масковіі.
У „Кароткім нарысе” У. Ігнатоўскі неаднаразова падкрэслівае, што характар кіравання літоўска-беларускага дзяржаўнага дзеяча той пары значна адрозніваецца ад кіравання гаспадара Вялікага Княства Маскоўскага, „дзе ў гэты час вырастала і ўзмацнялася тое самаўладзтва, якое ня прымала на сябе аніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў гаспадарства”[59]. Аналізуючы і параўноўваючы законы абедзвюх дзяржаў, аўтар прыходзіць да высновы, што ў літоўска-беларускім зборы законаў старажытныя славянскія традыцыі захаваліся лепш, чым у зборы маскоўскіх законаў. Адначасова беларускі збор законаў старэйшы і не нясе на сабе такога моцнага адбітку мангольскай традыцыі, якая так „значна зацямняе старарускую традыцыю старажытнай Рускай Праўды”[60].
Пэўныя фрагменты з 1-га і 3-га Статутаў ВКЛ прыводзяцца ў якасці тэкстаў для чытання ў „Выпісах з беларускай літэратуры” У. Дзяржынскага (1926), — падручніку беларускай літаратуры для вучняў старэйшых класаў і студэнтаў, як „багацейшая крыніца нашага слоўнага матэрыялу, вельмі каштоўная ў літаратурным значэньні”, а таксама як „паказ вялікай гібкасьці, багацьця й наогул культурнасьці нашае старой літаратурнай мовы”[61]. Адначасова ў падручніку прыводзяцца ўрыўкі прадмовы да Статута падканцлера ВКЛ Льва Сапегі, „тыповага прадстаўніка беларускае інтэлігенцыі з вялікіх паноў Залатой пары беларускае культуры”, а таксама фраг менты беларускай рэлігійнай літаратуры Ф. Скарыны, В. Цяпінскага і інш. У іншым падручніку таго жа прадмета — у „Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкага (1921), які змяшчае гістарычны кантэкст тэкстаў, прыведзеных у „Выпісах”, таксама аддаецца вялікая ўвага перыяду Вялікага Княства, толькі ў літаратурных і моўных адносінах. М. Гарэцкі таксама, як Пічэта і Ігнатоўскі, гаворыць пра негвалтоўны характар зліцця беларускіх і літоўскіх земляў і перавагу ў ВКЛ беларускага культурнага і моўнага элементаў. Кажучы пра паноўнае становішча беларускай мовы, прызнанай афіцыйнай мовай дзяржаўнага справаводства яшчэ пад час кіравання Альгерда Гедымінавіча (1345–1377), аўтар спасылаецца на Статут ВКЛ. На яго думку, гэта „тая несакрушная скаліна, той духоўны памятнік, які найлепей сьведчыць аб славе і магутнасьці нашае мовы”[62].
У адрозненне ад Пічэты, які аналізаваў войны паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам коратка і фактаграфічна, Ігнатоўскі ў „Кароткім нарысе” вялікую ўвагу аддае сумніўнай легітымнасці правоў, часта прад’яўляных маскоўскімі князямі на беларускія землі, якія лічылі, што „ўсе землі рускіх славян ёсьць яго [Ігнатоўскі тут прыводзіць прыклад Івана ІІІ. — А. М.] вотчына”[63]. Так аўтар апісвае, напрыклад, уварванне Івана III Маскоўскага, які распачаў у 1492 г. вайну за «сваю беларускую „вотчыну”, якой ніколі ня бачыў ні ён, ні яго бацькі»[64]. Барацьба за неіснуючую „вотчыну” маскоўскіх кня зёў працягваецца амаль 150 гадоў, і „Бацькаўшчына наша руйнуецца, палі зарастаюць лесам, прасякаюць крывёю”. На завяршэнне раздзела Ігнатоўскі піша: «Дорага каштавала беларускаму працоўнаму народу імперыялістычная думка маскоўскіх гаспадароў, што Беларусь ёсьць іх „вотчына”»[65].
Неабходна адзначыць, што, у адрозненне ад сучасных даследчыкаў, аўтары аналізаваных намі падручнікаў звужаюць адносіны з Масквой да адносін Вялікае Княства Літоўскае (г. зн. беларуска-літоўская дзяржава) — Масква, пра Польшчу таго перыяду не згадваюць. Хоць Ігнатоўскі і Пічэта і аддаюць пэўную ўвагу адносінам з Польшчай як з суседняй дзяржавай, тым не менш яны не выходзяць за вузкія ўнутрыпалітычныя рамкі уніі 1385 г. і шэрагу зноў заключаных уній на працягу XV ст. Па меркаванні Ігнатоўскага, першая унія 1385 г. „была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці”[66], а наступныя уніі гісторыкі разглядаюць з пункту гледжання ўнутраных палітычных і нацыянальных спрэчак на фоне нявысветленых прэтэнзій і неадназначнага прававога і гаспадарчага ўладкавання двух дзяржаўных утварэнняў. Толькі пасля 1569 г., г. зн. пасля заключэння Люблінскай уніі, у Рэчы Паспалітай Літва і Беларусь, па меркаванні гісторыкаў, страцяць сваю культурную і палітычную незалежнасць, а ў гістарычнай інтэрпрэтацыі мінулага, уключаючы яе адлюстраванне ў падручніках беларускай літаратуры і геаграфіі, Польшча ўжо не будзе выконваць нейтральнай ролі, а разам з Масквой будзе тым другім элементам, па стаўленні да якога будзе праводзіць актыўнае размежаванне беларуская гісторыя. Да гэтага моманту, г. зн. на працягу XV–XIV ст., у знешнепалітычных адносінах з Масквой або з Ордэнам нямецкіх рыцараў ВКЛ фігуруе выключна як літоўска-беларуская дзяржава. Такім чынам, вага беларуска-літоўскага элемента настолькі вялікая, што польскі складнік у гэтых адносінах знікае.
Вялікая ўвага ў гістарычнай інтэрпрэтацыі аналізаванага перыяду аддаецца іншым народам, а менавіта немцам, прадстаўленым Ордэнам нямецкіх рыцараў. Ігнатоўскі і Пічэта разглядаюць барацьбу або перамір’е з Ордэнам пачынаючы з полацкага перыяду. Абодва гісторыкі сыходзяцца ў меркаванні, што барацьба з нямецкімі рыцарамі стала прычынай кансалідацыі літоўскіх плямёнаў і наступнага неаднаразовага далучэння беларускіх земляў да Вялікага Княства, у якіх Гедымін (1316–1341) „бачыў новую сілу дзеля барацьбы з тэўтона-лівонскімі рыцарамі”[67]. Апісваючы бітву пад Грунвальдам у 1410 г., Пічэта гаворыць пра „перамогу літоўска-беларускага войска”, а таксама пра тое, что „беларускія палкі, асабліва смальняне, былі прычынай удачы гэтай бітвы”[68]. Ігнатоўскі згадвае пра ўдзел у бітве „літоўска-беларускага гаспадара Вітаўта, разам з польскім каралём Ягайлам” і „добра вядомага чэскага рыцара Жыжкі, будучага нацыянальнага правадыра і дзеяча часу гусыцкіх войн”, тым не менш пры апісанні самой бітвы прытрымліваецца згаданай рыторыкі беларуска-літоўскай дзяржавы. А пасля гэтай перамогі, як адзначае Ігнатоўскі, „пачынаецца відны пералом у бесьперарыўным змаганьні Літоўска-Беларускага гаспадарства з нямецкімі ордэнамі”[69].
Апісанне Віленшчыны і Вільні — „культурнага і эко-номічнага цэнтра ўсяе Беларусі й Літвы, сталіцы вялікіх князёў літоўска-беларускіх, найбольшага места на ўсім прасторы Беларусі”[70] — пачынаецца ў падручніку Смоліча з этнічнага пытання. Перавагу беларускага насельніцтва на Віленшчыне Смоліч тлумачыць працэсам беларускай каланізацыі, якая ішла з усходніх беларускіх земляў (Смоліч спасылаецца тут на выданне „Staroźytna Polska” Баліньскага і Ліпіньскага) у часы ВКЛ і асабліва ў XVI–XVII ст. Потым на працягу гэтага перыяду часу этнічныя літоўцы пераймалі беларускую мову і культурныя традыцыі як даміноўныя: „У рэзультаце абодвых успомненых процэсаў беларускае насяленьне акружыла Вільню, зрабіла яе беларускім местам і пашырылася значна далей на захад”[71]. Больш ранні перыяд гісторыі Вільні Смоліч таксама звязвае з беларускім элементам і гаворыць у гэтай сувязі пра тое, што ў 1128 г. жыхары Вільні прынялі за свайго князя аднаго з беларускіх полацкіх князёў Расціслава (унука Усяслава Чарадзея).
Гэта дазваляе нам лічыць, што Вільня ад самага пачатку была беларускім местам. Пасьля, калі вялікія князі літоўскія перанесьлі сюды сваю сталіцу і абкружылі сябе беларускім баярствам, Вільня перахавала свой беларускі характар. Ліцьвіны займалі толькі паўночную частку гораду, каля Замкавай гары, каторая і звалася Літоўская палавіца. Беларуская палавіца займала паўднёвую частку Вільні, пад Вострую Браму”[72], — піша Смоліч і дадае: „…усе культурныя і тэхнічныя сілы йшлі ў Вільню найбольш з Беларусі, і Вільня, дзеля таго, мела характар чыста-беларускага места”[73]. Аб’ём гістарычнай часткі падручніка па геаграфіі не дазваляе падрабязна апісаць працэс гістарычнага развіцця, і таму аўтар спыняецца толькі на найважнейшых яго момантах пачынаючы з Сярэднявечча і заканчваючы цяперашнім часам. У сувязі з беларускім нацыянальным рухам Смоліч згадвае Віленскі ўніверсітэт, дзе „выгадаваліся шырокія кадры краёвае інтэлігенцыі, якая кінула першыя іскры беларускага адраджэньня”. Аднак універсітэцкая традыцыя была ў 1832 г. перапынена рускімі ўладамі. А потым і Каталіцкая духоўная акадэмія — былы тэалагічны факультэт універсітэта — перанесена ў 1849 г. у Пецярбург. Пад час кіравання Мікалая I большасць школ у Беларусі зачынілі, а самыя лепшыя з іх разам з маёмасцю таксама перанеслі ў Масковію. «У будынках універсітэту і іншых школ паадчыняліся расейскія сярэднія школы. У палацах вяльможаў, у каталіцкіх манастырох расейскі урад зрабіў вастрогі, казармы. З эўропэйскага культурнага цэнтру, якому дзіваваліся чужаземцы, маскоўцы стараліся зрабіць звычайны „губэрнскі горад”, поўны казармаў і чыноўнікаў»[74]. Пачынаючы з XVII ст. насельніцтва Вільні да значнай ступені паланізавалася: „Патомкі беларусаў і ліцьвіноў часта ўжо не разумеюць роднае мовы і шчыра лічуць сябе палякамі. Гэткім парадкам з беларускае Вільні сталася Вільня польска- маскоўскаю [вылучана Смолічам. — А. М.]”[75]. Аднак з нарастальнай хваляй нацыянальнага адраджэння літоўцы і беларусы паступова адваёўвалі свае пазіцыі ў палякаў, масквічы ж былі толькі „наносным элемэнтам і з выхадам расейскіх войскаў з Вільні счэзлі”[76]. Цэнтрам гэтага беларускага руху была Вільня — горад, у якім друкаваліся першыя беларускія кнігі і газеты, адчынены першы беларускі тэатр, узніклі навуковыя таварыствы і беларускія школы. Адначасова Смоліч падкрэслівае значэнне Вільні як цэнтра культуры і адукацыі літоўцаў і яўрэяў, што складалі амаль палову яго насельніцтва. У сувязі з Вільняй згадвае аўтар і пра самы знакаміты абраз Вастрабрамскай Божай маці, пакланіцца якому ішлі паломнікі з ўсёй Беларусі.
Трэцім важным беларускім цэнтрам А. Смоліч лічыць Менск, як сталіцу БССР і як вялікі культурны і гандлёва-эканамічны цэнтр рэспублікі. Нягледзячы на спусташальную вайну са шведамі, Менск XVII–XVIII ст. мог пахваліцца актыўнай культурнай дзейнасцю каталіцкіх кляштараў, школ і друкарняў, якія дзейнічалі пры іх, адначасова была развіта „культурная і нацыянальная дзейнасць праваслаўных брацтваў”[77]. Самы вялікі заняпад, перажываны горадам, які карыстаўся калісьці магдэбургскім правам, Смоліч звязвае з далучэннем Менска ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772–1773 г. да Расіі, пасля чаго „менскі гандаль стаў чэзнуць”. Адначасова прыйшло да заняпаду і культурнае жыццё горада, замест якога запанавала „казённая прасьвета і самадурства губэрнатараў. У гэтым часе было зьнішчана шмат памятак старое архітэктуры; улада расейская старалася зраўнаваць з зямлёю ўсе, што толькі прыпамінала аб мінуўшчыне Менску, аб яго самабытнасьці, не шкадуючы нават і праваслаўных цэркваў”[78].
Разам з такімі сімвалічнымі цэнтрамі беларускай гісторыі, як Полацк, Вільня і іншыя гарады, вялікую ўвагу ў тэксце „Геаграфіі Беларусі” А. Смоліч аддае і ключавым асобам беларускай гісторыі. Гэта згаданы вышэй Усяслаў Чарадзей, св. Еўфрасіння, Францыск Скарына, беларускія роды Радзівілаў, Алелькавічаў і інш. Можна сцвярджаць, што ўсе аўтары аналізаваных намі падручнікаў сыходзяцца ў іх пераліку і ацэнцы.
У „Географіі Эўропы” М. Азбукін пераймае канцэпцыю Беларуска-Літоўскай дзяржавы Пічэты і Ігнатоўскага. Насельніцтва заходнебеларускага рэгіёна (Вільня — Беласток) аўтар лічыць больш культурным і свядомым „дзякуючы блізкасьці да Заходняй Эўропы… Тут раней за ўсё разьвілася беларуская культура, тут-жа распачалося і беларускае адраджэньне”[79]. Азбукін, як і Ігнатоўскі, лічыць Вільню месцам „нацыянальнай і рэлігійнай сьвятыні”, у якім знаходзіцца не толькі згаданы вышэй абраз Вастрабрамскай Божай маці, ушанаваны праваслаўнымі і каталікамі, але і цэнтр беларускага культурнага руху. Важным з’яўляецца яго абгрунтаванне Менска як сталіцы Беларусі: „Лежачы ў асяродку Беларускай зямлі, Менск натуральна зрабіўся галоўным асяродкам беларускага нацыянальнага руху і найважнейшым культурным цэнтрам Беларусі. Вільня магла быць сталіцай толькі аб’яднанай Літоўска-Беларускай дзяржавы; Менск — чыста беларуская сталіца, найболей прасякнёная беларускім духам”[80].
Важнае месца ва ўсіх аналізаваных намі падручніках займае пытанне этнагенезу беларусаў. У „Кароткім нарысе гісторыі Беларусі” У. Ігнатоўскі, як адзін з першых беларускіх гісторыкаў (першае выданне „Нарыса” датуецца 1919 г.), называе беларускі тып „прадстаўніком самага чыстага этнографічнага тыпу ўсходняславянскага рускага племя”[81]. Гэтае сцверджанне засноўваецца на этна графічных працах А. Кіркора, П. Бяссонова, І. Насовіча, Е. Раманава і на археалагічных даследаваннях та-го часу[82]. Украінцы і велікарусы не маглі захаваць свой „старажытны этнографічны тып”, бо шмат стагоддзяў пражылі пад „турка-мангольскім панаваньнем” і яго этнаграфічным уплывам, у той час як „турка-мангольская лявіна да іх [беларусаў] не дакацілася” і „этнографічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса не было. Калі і прызнаць этнографічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты ўплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны — такія-ж арыйцы, як і беларусы, а палякі — славяне, толькі заходняй галіны”[83]. У „Гісторыі Беларусі” У. Пічэта выказваецца па гэтай праблеме не так выразна і разглядае яе ў шырэйшым кантэксце. Ён лічыць, што толькі паўночна-заходняя група славян (крывічы, радзімічы, дрыгавічы) прыняла ўдзел у фармаванні ядра беларускага этнасу. Паўднёвая ж і паўднёва-ўсходняя галіны славян далі пачатак рускаму і ўкраінскаму народам[84]. У працах абодвух гісторыкаў можна бачыць розныя акцэнты, па-рознаму расстаўленыя імі ў адной і той жа праблематыцы, але яднае іх адрозненне беларускага этнасу ад украінскага і рускага. Сёння цікавасць уяўляе той факт, што такая канцэпцыя прысутнічае нават у падручніку „Гісторыя беларускае літаратуры” М. Гарэцкага, дзе аўтар піша, што плямёны — родапачынальнікі беларускага народа не адрозніваліся адзін ад аднаго мовай, рэлігійнымі і прававымі ўяўленнямі, але „але ўсім тым надта розьніліся ад пляменьняў, з якіх утварыліся маскоўскі і ўкраінскі народы”[85].
У „Геаграфіі Беларусі” Смоліч таксама пераймае канцэпцыю пра беларусаў — прадстаўнікаў самага чыстага славянскага тыпу. Усходнія маскоўскія суседзі, або народ велікарускі „вырас на фінскім грунце, паўстаў ад зьмяшаньня… з манголамі-фінамі”[86]. Гісторыя ж беларусаў не ведала такіх шырокіх уварванняў неславянскіх плямёнаў, паколькі непраходныя гушчары лясоў і балоты служылі перашкодай на шляху качэўнікаў і „беларус ня мае ў сабе тюркскае (гэтаксама мангольскае) крыві, якая налажыла гэткі моцны знак на тып украінца”[87]. Частковае змешванне беларускіх плямёнаў з балтамі адбывалася на захадзе беларускіх земляў, аднак балтыйскія плямёны славянам блізкія. Фізіягнамічны і фізічны тып беларуса ў гэтай сувязі супрацьпастаўляецца Смолічам тыпу рускаму (маскоўскаму). Адрозненне выяўляецца як у фізічным абліччы беларуса (больш далікатным), так асабліва ў рысах яго твару, „тонкіх і мяккіх, як у праўдзівага эўропэйца і славяніна”[88]. Такі ж падыход да пытання этнагенезу характэрны і для М. Азбукіна[89].
Як Азбукін, так і Смоліч сыходзяцца на тым меркаванні, што беларускія народныя звычаі і традыцыі захаваліся ў найбольшай чысціні. Беларуская міфалогія надзвычай багатая, а „беларуская народная лірыка не мае роўных сабе сярод славянскіх лірык”[90].
Апісанне беларускага нацыянальнага касцюма Смоліч завяршае канстатаваннем несуцяшальнай сітуацыі: „Беларуская нацыянальная вопратка мае ў сабе шмат прыгожага; няма каму, аднак, у нас на вёсцы яе належна цаніць. Места і салдатчына прышчапляюць вёсцы грубы смак да меставых модаў; да гэтага яшчэ далучаецца дзешавізна фабрычных тканін, раўнуючы іх да самадзелкавых і дзякуючы ўсім гэтым прычынам нацыянальная вопратка шмат дзе пачала гінуць… Інтэлігенцыя вясковая ў нас, на жаль, саўсім нядбае аб нацыянальнай вопратцы і навет, наадварот, паглядае часта на яе звысока, сама стараючыся пераймаць панскія моды і панскія звычаі. Ўсё-ж шмат дзе вопратка гэтая дажыла да нашага часу ў поўнай чыстаце і цяпер, калі настроі беларускага грамадзянства значна зьмяніліся ў нацыянальным кірунку, пэўна, не загіне”[91].
У „Геаграфіі Беларусі” апісваецца і нацыянальны характар беларусаў (гасціннасць, трываласць у працы, талерантнасць, міралюбівасць і інш.), які часта быў, па меркаванні Смоліча, чыннікам залежнага становішча беларусаў у гісторыі. Варта адзначыць, што характар беларуса ізноў жа найлепш выяўляецца на фоне яго супастаўлення з прыведзенымі ў тэксце характарамі суседніх народаў: „Беларус ня мае ў характары тае рызыкі, адкрытае і грубае прастаты, характэрнае для маскоўца; ня мае, йзноў-жа, лёгкадумнасьці, сьвецкасьці і самахвальства, якімі гэтак часта вызначаюцца палякі. І ад украінца, з якім беларус мае наагул шмат супольнага, адзначаецца ўсё-ж ён сваім шчырэйшым сэрцам, ды можа, крыху большаю рухавасьцяю”[92]. У цэлым для гэтага этнаграфічнага раздзела характэрна класічная пазіцыя большасці цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх нацыянальных рухаў, паводле якой самыя выразныя і чыстыя нацыянальныя рысы захаваліся найперш у вясковым асяроддзі. Менавіта таму „характарызуючы беларускую нацыянальнасьць, мы будзем гаварыць перад усім аб сялянстве”[93], — заключае Смоліч. На чале беларускай (г. зн. найперш сельскай) сям’і стаіць гаспадар, аднак яго ўлада абмежаваная і рашэнні прымаюцца калектыўна. У беларускай сям’і „саўсім няма тога дэспотызму, які пануе ў маскоўскай сялянскай сям’і ды наогуле на ўсходзе”[94]. Жанчыны з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі сям’і і нават маюць уласныя фінансавыя сродкі, атрыманыя ад продажу сваіх прадуктаў[95]. Для большай нагляднасці параўнання Азбукін дадае: „У сям’і вялікарус адзначаецца дэспотызмам: бацька з’яўляецца поўным гаспадаром сям’і; муж — гаспадаром і ўласьнікам жонкі”[96].
На прыкладзе беларускай сельскай сям’і дэманструюцца і прававыя асаблівасці беларускай традыцыйнай формы землеўладання. Яна аднолькавая амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі акрамя самых усходніх яе абласцей і заключаецца ў падворнай форме землеўладання. Зямля належыць адной сям’і і ёю ж апрацоўваецца, чым прынцыпова адрозніваецца ад рускай абшчыны або калектыўнай формы землеўладання. Гэтае пытанне асабліва шырока разглядаецца ў „Белоруссии” Ігнатоўскага і Смоліча і ў „Гісторыі Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця”. Абшчына, што існавала ў самых усходніх абласцях беларускіх земляў, „навязаная [расійскім] законам, не з’яўляецца выраженнем выпрацаванага вякамі погляду мясцовых сялян на іх зямельна-прававыя адносіны” і таму нават на працягу 40 гадоў яна не змагла ўкараніцца ў прававой свядомасці жыхароў гэтых абласцей. Абшчына разыходзіцца „з паняццямі мясцовых сялян аб правільным землекарыстанні” (якім з’яўляецца падворная форма), ім чужая думка пра гвалтоўнае адыманне зямлі ад аднаго селяніна для перадачы яе іншаму, пра гвалтоўнае раўнаванне зямельных уладанняў, калектыўную ўласнасць і кругавую паруку[97].
Агульны стан сельскай гаспадаркі ў Бе ларусі лепшы і больш прагрэсіўны, чым у Масковіі. Гэта датычыцца як апрацоўкі зямлі (у Расіі ўсё яшчэ можна сустрэць „лядавы спосаб ральніцтва”, у той час як у Беларусі шырокае распаўсюджванне атрымала „трохпалёўка, сістэма плодазьмену” і г. д.) [98], так і канкрэтных прыкладаў з галіны: «Часта на Беларусі сеюць лубін, які можна лічыць найлепшым „зялёным гноем”, і наагул угнойваюць зямлю лепш, як на Маскоўшчыне». Тое ж самае тычыцца і сельскагаспадарчага інвентара[99].
У „Геаграфіі Беларусі” ёсць раздзелы, прысвечаныя этнічным меншасцям (традыцыйна яўрэйскаму насельніцтву) і эміграцыі насельніцтва. Апісваючы эміграцыю ў Амерыку, Смоліч разважае пра тое, што вяртанне беларускіх сялян з Амерыкі з заробленымі там грашыма прынесла б для Беларусі яшчэ больш карысці, калі б адначасова яны прывозілі з сабой і „амерыканскае культурнае і грамадзкае ўзгадаваньне, ды каб іхняя туга па Бацькаўшчыне перарабілася ў нацыянальную сьведамасьць; здаецца, гэтага ўжо чакаць ня доўга засталося”[100].
Мы гаварылі пра элементы нацыянальнай ідэнтычнасці, якія прысутнічаюць у падручніках. Аднак існуе нешта, што ў канструкцыі прапанаванай ідэнтычнасці адсутнічае, а менавіта асацыяванне (або ўвязванне) беларускай ідэнтычнасці з ідэнтычнасцю рэлігійнай ці, іншымі словамі, аб’яднанне беларусаў на аснове канфесіі. Ужо Смоліч заяўляе, што няма неабходнасці падзяляць беларусаў па прыкмеце прыналежнасці да каталіцкай або праваслаўнай веры, таму што „якой-бы веры ні дзяржаўся беларус, ён усё роўна беларусам астаецца”[101]. Прынцыпова такое ж меркаванне выказвае ў „Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкі, гаворачы, што нягледзячы на канфесійны падзел беларусаў, „на варце беларускай адзінасьці стаяла жывая народная мова”[102]. Такая пазіцыя мае сваё абгрунтаванне, паколькі часта на працягу хваляў паланізацыі і русіфікацыі прыналежнасць да каталіцкай канфесіі выклікала ў насельніцтва польскую самаідэнтыфікацыю, гэтак жа, як і на падставе прыналежнасці да каталіцкай царквы польскія ўлады ідэнтыфікавалі беларускае насельніцтва як польскае; тое ж самае ў пэўнай ступені адносіцца і да праваслаўнай царквы і рускай самаідэнтыфікацыі. Але традыцыйна верацярпімасць — адна з самых характэрных рысаў беларуса: „Часта можна заўважыць, што беларускі селянін ходзіць па чарзе і ў царкву і ў касьцёл з аднакавай набожнасьцяю, ня гледзячы на забароны і дакоры духавенства, а найлепшым яго дарадчыкам у справах практычных звычайна ёсьць вясковы крамнік-жыд”[103].
Падручнікі па геаграфіі і гісторыі звязаныя адзін з адным — аўтары дапаўняюць матэрыял узаемнымі спасылкамі. Напрыклад, фрагменты гістарычнага апісання асобных абласцей у падручніках па геаграфіі дапоўнены з даследаванняў Ігнатоўскага і Пічэты, а ў падручніку па беларускай літаратуры У. Дзяржынскага цэлыя раздзелы, якія адносяцца да апісваных перыядаў развіцця літаратуры, перанятыя з „Гісторыі Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця” У. Ігнатоўскага[104].
Які ж лёс быў наканаваны гэтым падручнікам, што так адкрыта супярэчылі ўяўленням пра адвечную садружнасць савецкіх народаў, якія разам крочаць да сацыялістычнага будучыні? Усе разгледжаныя ў дадзеным ар тыкуле падручнікі разам з геаграфічнымі кар тамі з 1930/31 навуч. года будуць зняты з усіх вучэбных праграм, а з 1937 г. у адпаведнасці з загадам № 33 „Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кніга гандлю” ад 3 чэрвеня 1937 г. Галоўнага ўпраўлення ў спра вах літаратуры і выдавецтваў БССР Наркамата асветы (Галоўлітбела) будуць падлягаць знішчэнню[105]. Іншыя падручнікі будуць цалкам перапрацаваныя (усяго з выкладання было знята 11 з 54 падручнікаў для сярэдніх школ, 18 падручнікаў было перапісана нанова, а астатнія грунтоўна перапрацаваныя), бо па меркаванні партыйнага кіраўніцтва, якое да таго моманту ўжо выразна кантралявала і вызначала змест адукацыйнага працэсу, матэрыял дадзеных падручнікаў быў занадта насычаны беларускімі нацыянальнымі элементамі і слаба адлюстроўваў прыналежнасць Беларусі да ўсесаюзнага дзяржаўнага ўтварэння — СССР[106]. Той перыяд таксама характарызуецца распачатым з 1929 г. згортваннем палітыкі беларусізацыі і ганеннем на нацдэмаў, да якіх быў прылічаны і шэраг аўтараў разгледжаных намі падручнікаў[107].
Агульны погляд на разгляданы матэрыял дае падставу заключыць, што ў аснове яго выкладу знаходзіцца цэнтральная ідэя аб унутраным адзінстве і яркай культурнай самабытнасці беларускага народа, а таксама яго доўгім самастойным гістарычным развіцці. Усе аўтары разглядаюць полацкі, і найперш беларуска-літоўскі гістарычныя перыяды ў якасці „залатых” перыядаў беларускай гісторыі, якія залучалі ў свой кантэкст грамадска-прававую сістэму, росквіт культуры і г. д. Адначасова яны сыходзяцца ў меркаванні, што перыяд Вялікага Княства меў, па сутнасці, беларускі характар. У пытанні этнагенезу гэтак жа, як і на асобных гістарычных прыкладах, падкрэсліваецца ўнутранае адзінства (агульнага паходжання, мовы, этнаграфічных элементаў і г. д.) беларускага племя або народа і яго набліжанасць да заходнееўрапейскіх тэндэнцый, якія знайшлі сваё адлюстраванне, напрыклад, у існаванні ў гарадах магдэбургскага права, цэхаў, Рэфармацыі, кнігадрукаванні і інш. Гэтыя характэрныя моманты свядома супрацьпастаўляюцца ці параўноўваюцца з іншай, усходняй маскоўскай, традыцыяй. Адначасова падкрэсліваецца доўгае самастойнае і ад Масквы незалежнае гістарычнае развіццё беларускіх земляў і іх адрозненне (культурнае, прававое, моўнае, этнаграфічнае і інш.) ад усходніх абласцей Масковіі.
Як можна заўважыць з аналізаваных падручнікаў, важным складнікам фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці 20-х г. з’яўляецца проціпастаўленне іншым, у дадзеным выпадку найперш рускім, персаніфікаваным у выглядзе маскоўцаў. На падставе прыведзенага кантрасту з гэтым блізкім народам беларускі чытач павінен усвядоміць выключнасць і ўнікальнасць беларускай культуры, мовы, традыцый і г. д., г. зн. элементаў, якія скла даюць паняцце беларускі народ, усвядоміць самастойнасць адзінай зямельнай і нацыянальнай прасторы, уласнай мовы, культуры і гістарычнага мінулага. Мэта дадзеных падручнікаў — пашырэнне светапогляду беларускага чытача, паколькі для разумення таго, што значыць быць беларусам, ён павінен бачыць і ўсведамляць сваё адрозненне ад іншых, разумець, як наша культура адрозніваецца ад культуры іншых, г. зн. у аснове ствараемай нацыянальнай ідэнтычнасці знаходзіцца проціпастаўленне тым іншым. Калі ж мы пяройдзем з гэтай антрапалагічнай плоскасці канструявання нацыянальнай ідэнтычнасці ў плоскасць палітычную, то ўбачым, што яна фактычна падрывала асновы савецкага агульнапартыйнага цэнтралізму, які дапускаў культурнае развіццё нацыянальных ускраін толькі пры ўмове сфармуляванай у траўні 1925 г. Сталіным кіраўнічай канцэпцыі развіцця нацыянальных культур, паводле якой „пралетарская па сваім змесце, нацыянальная па форме, — вось тая агульначалавечая культура, да якой ідзе сацыялізм”[108]. Гэты лозунг, ключавы для ўсяго наступнага развіцця, азначаў па сваёй сутнасці ўніфікацыю асобных нацыянальных культур пры захаванні іх уяўнага вонкавага адрознення. Зніжаючы значэнне нацыянальнага аспекта культуры да ўзроўню простай формы (абалонкі), потым яго можна рэдукаваць на ўзровень фікцыі, а ўсталёўваючы прынцып адзінага зместу ўсіх нацыянальных культур, можна падрыхтаваць глебу для іх інтэграцыі і наступнай уніфікацыі на аснове саветызацыі. У гэтым кантэксце форма магла інтэрпрэтавацца ў якасці толькі неістотнай фіктыўнай плоскасці, на фоне якой галоўная ўвага аддаецца пралетарскаму зместу. Пры такім адзіным змесце і пралетарскай начынцы ўсіх нацыянальных культур, адрозных адна ад адной толькі малаважным нацыянальным налётам, адкрываецца магчымасць для іх наступнага аб’яднання на савецкай аснове ў адзіным механізме сацыялістычнай дзяржавы. У БССР такая рыторыка прагучала ўжо ў 1928 г. у выказанай В. Кнорыным крытыцы нацыянальнага падыходу ў навуцы і літаратуры і яго наступным закліку крытыкаваць спробы працягвання „ў нашу навуковую, публіцыстычную і мастацкую літаратуру поглядаў, якія разглядаюць нацыю як адзінае цэлае, якія ня бачаць клясавае барацьбы ў мінулым Беларусі і недаацэньваюць клясавае барацьбы зараз”[109].
Неабходна адзначыць, што партыйная падтрымка палітыкі нацыянальнага развіцця, абвешчаная на XII з’ездзе РКП (б) у 1923 г., была абумоўлена спецыфічным разуменнем характару і сутнасці нацыянальнай культуры. Нацыянальная культура рэдукавалася на форму, малаважны спецыфічны момант адзінага ва ўсіх існуючых культурах зместу, які адлюстроўвае класавую барацьбу і яе пралетарскую сутнасць. Далей гэтая форма была ў значнай ступені абмежавана на моўны фактар, хоць, як мы маглі пераканацца, такая партыйная канцэпцыя магла інтэрпрэтавацца і разумецца інакш, асабліва ў асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі. Тым не менш важна тое, што партыйнае кіраўніцтва мела ідэалагічны аргумент аб уяўнай, хутчэй ілюзорнай, самабытнасці нацыянальнай культуры, а гэтае ж самае дэклараванне падтрымкі развіцця нацыянальных культур давала напрамак для іх будучай савецкай асіміляцыі і інтэграцыі на савецкай аснове. Формула „пралетарскага зместу” і пазней будзе даваць падставу для замены хвалі „растучай нацыянальнай сьвядомасці”, з якой звязвалі гэтулькі надзей стваральнікі разгледжаных намі падручнікаў, на свядомасць класавую, а адначасова падставу для выключэння непажаданых элементаў, якія адлюстроўвалі нацыянальную самабытнасць і самастойнае гістарычнае развіццё, што так яскрава і выразна выявіліся на працягу 20-х г. XX ст.
[1] Програмы выкладаньня на 1927–28 год. Пэдагогічны факультэт, соцыяльна-гістарычнае аддзяленьне. Менск, 1927; Аб грамадазнаўстве і праграмах грамадазнаўства для другога канцэнтру сямёхгодкі // Асьвета. 1927. № 1. С. 30–43; Аб „Пэдагагічным тэхнікуме ўдому” // Асьвета. 1927. № 1. С. 73–110; Аб парадку здачы залікаў у сувязі з вывучэньнем курсу „Пэдтэхнікуму ўдому” // Асьвета. 1927. № 2. С. 91–105; Дэталізаваныя праграмы I–IV г. г. навучаньня сямёхгадовай працоўнай школы. Другое выданьне, выпраўленае. Менск, 1927; Летнія курсы па перападрыхтоўцы вясковага настаўніцтва // Асьвета. 1927. № 3. С. 90–99; Праект праграм грамадазнаўства для пэдагогічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 3. С. 99–121; Праект праграм прыродазнаўчага цыклю для пэдагагічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 4. С. 106–138; Праграмы і мэтадычны дапаможнік для настаўніка аднакамплектавай школы. Менск, 1927; Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 21–137.
[2] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Выд. 4-е, пераробленнае. Менск, 1926; Ігнатоўскі У. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця. Выд. 3-е, стэрэотыпнае. Менск, 1928; Пічэта У. І. Гісторыя Беларусі. Мінск, 2005; Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия. Территория, население, экономика. Важнейшие моменты истории. Экономический очерк Советской Белоруссии и ее округов. Минск, 1926; Смоліч А. Кароткі курс геаграфіі Беларусі. Менск, 1925; Смоліч А. А. Геаграфія Беларусі. Мінск, 1993; Азбукін М. Географія Эўропы. Масква — Ленінград, 1924; Дзяржынскі У. Выпісы з беларускае літаратуры XIX і XX ст. Менск, 1926; Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. 2-е (папраўленае). Вільня, 1921; Гарэцкі М., Дзяржынскі У., Каравай П. Выпісы з беларускай літэратуры. Ч.1. Вусная народная творчасць. Старадаўняе пісьменства. Менск, 1926.
[3] Некаторыя з названых у артыкуле падручнікаў (у тым ліку і сённяшнія іх перавыданні) датуюцца 1921–1926 г. Падруч-ні кі з праграмы 1927/28 навуч. года маглі быць на друкава-ны раней, але яны выкарыстоўваліся ў працэсе выкладання. Некаторыя падручнікі неаднаразова перавыдаваліся без іх перапрацоўкі аўтарамі (Смоліч, Ігнатоўскі). Таму ў спісе рэкамендаваных на 1927/28 навуч. год падручнікаў можна знайсці падручнікі больш ранняга года выдання, напр.: Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 1921, і інш.
[4] Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 30.
[5] Праект праграм грамадазнаўства для пэдагогічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 3. С. 99.
[6] Практычнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ч. I. Беларусізацыя. Менск, 1928. С. 136–142; Коршук У. К., Платонаў Р. П., Раманоўскі И. Ф., Фалей Я. С. Беларусізацыя. 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы. Мінск, 2001. С. 129–135; О практических мероприятиях общего характера по проведению национальной политики по линии Народного Комиссариата просвещения Белоруссии. Минск, 1924; Зборнік чынных законаў БССР за 1921–1924 гады. Менск, 1927. С. 91–93.
[7] Асноўныя прынцыпы арганізацыі працоўнай сямігадовай школы. СРРБ НКА. Менск, 1921. С. 7.
[8] Тамсама. С. 7.
[9] В Народном Комиссариате просвещения // Вестник Народного Комиссариата Просвещения С. С. Р. Б. 1922. № 1. С. 26.
[10] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 42, воп. 1, спр. 926, арк. 1. Пазней гэтая схема была апублікавана ў першым нумары „Асьветы”, заснаванай у 1923 г. (з 1930 г. — „Камуністычнае выхаваньне”).
[11] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 85, арк. 52; ф. 42, воп. 1, спр. 65, арк. 156.
[12] Адозва ЦВК Беларусі да культурных працаўнікоў, ураджэнцаў Беларусі // Практычнае вырашэньне нацыянальнага пытаньня ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Ч. I. Беларусізацыя. Менск, 1928. С. 133–136.
[13] Новик Е. К. Формирование кадров народного образования в Белоруссии (1917–1941 гг.). Минск, 1981. С. 62.
[14] Два гады нацыянальнай работы ў БССР. Збор прамоў, артыкулаў і рэзалюцый па нацыянальным пытаньні. Менск, 1929. С. 18.
[15] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 129, арк. 14; ф. 42, воп. 1, спр. 63, арк. 1, 7–7адв., 14–17адв., 23–28; ф. 42, воп. 1, спр. 65, арк. 15–15адв., 19–20адв.
[16] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 65, арк. 19.
[17] Тамсама. Арк. 19адв.
[18] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 63, арк. 7.
[19] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 318, арк. 112.
[20] Сянькевіч Г. Р., Трухан А. В., Ціток З. М. Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917–1941). Мінск, 1993. С. 101.
[21] НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 318, арк. 112.
[22] Дадзеныя па НАРБ. Ф. 42, воп. 1, спр. 275, арк. 165.
[23] НАРБ. Ф. 701, воп. 1, спр. 4, арк. 21–22.
[24] Пятровіч Я. А. Адноўленая Беларусь. Менск, 1925.
[25] Белорусская Советская Социалистическая Республика. Минск, 1927.
[26] Звязда. 1926. 8 красавіка.
[27] Смоліч А. А. Геаграфія… С. IV.
[28] Тамсама.
[29] Тамсама. С. 7.
[30] Тамсама.
[31] Тамсама. С. 124.
[32] Азбукін М. Географія… С. 263.
[33] Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 36.
[34] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 7–8.
[35] Новыя праграмы для II канцэнтру сямёхгадовай працоўнай школы // Асьвета. 1927. № 5–6. С. 42–43; Праект праграм прыродазнаўчага цыклю для пэдагагічных тэхнікумаў БССР // Асьвета. 1927. № 4. С. 122; Дэталізаваныя праграмы I–IV г. г. навучаньня сямёхгадовай працоўнай школы. 2-е выд., выпр. Менск, 1927. С. 9–10, 41–42.
[36] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 207.
[37] Тамсама. С. 211.
[38] Тамсама. С. 212.
[39] Тамсама. С. 100.
[40] Тамсама. С. 101.
[41]Пічэта згадвае, напрыклад, пра існаванне ў Смаленскім княстве цэркваў неправаслаўных канфесій і релігійную талерантнасць насельніцтва, чужаземцы карысталіся ў Смаленску вялікім аўтарытэтам і г. д.
[42] Пічэта У. І. Гісторыя… С. 101.
[43] Тамсама. С. 113.
[44] Тамсама. С. 114.
[45] Тамсама.
[46] Тамсама. С. 153–154.
[47] Тамсама. С. 153.
[48] Тамсама. С. 154.
[49] Тамсама. С. 169.
[50] Тамсама. С. 152.
[51] Тамсама. С. 169.
[52] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 62.
[53] Тамсама. С. 81.
[54] Тамсама. С. 100.
[55] Тамсама. С. 81.
[56]Тамсама. С. 82.
[57] Тамсама. С. 83.
[58] Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия… С. 28.
[59] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 98.
[60] Тамсама. С. 99.
[61] Гарэцкі М., Дзяржынскі У., Каравай П. Выпісы… С. 251, 255–258.
[62] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае… С. 38.
[63] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 94.
[64] Тамсама.
[65] Тамсама. С. 95–96.
[66] Тамсама. С. 90.
[67] Пічэта У. І. Гісторыя… С. 109.
[68] Тамсама. С. 121.
[69] Ігнатоўскі У. М. Кароткі нарыс… С. 85–86.
[70] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 221.
[71] Тамсама. С. 220.
[72] Тамсама. С. 222.
[73] Тамсама. С. 223.
[74] Тамсама.
[75] Тамсама.
[76] Тамсама. С. 224. Але аўтар не называе канкрэтны час, калі рускія войскі пакінулі Вільню.
[77] Тамсама. С. 240.
[78] Тамсама.
[79] Азбукін М. Географія… С. 279.
[80] Тамсама. С. 283.
[81] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс… С. 10.
[82] Тамсама. С. 9.
[83] Тамсама. С. 10.
[84] Пічэта У. І. Гісторыя… С. 33, 35, 40.
[85] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае… С. 3.
[86] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 126.
[87] Тамсама. С. 127.
[88] Тамсама.
[89] Азбукін М. Географія… С. 241, 261.
[90] Тамсама. С. 261.
[91] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 129.
[92] Тамсама. С. 134–135.
[93] Тамсама. С. 124.
[94] Тамсама. С. 138.
[95] Тамсама.
[96] Азбукін М. Географія… С. 291.
[97] Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия… С. 16–17; Ігнатоўскі У. Гісторыя Беларусі… С.112.
[98] Азбукін М. Географія… С. 264–265, 290–291 або: Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия… С. 14.
[99] Тамсама. С. 265.
[100] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 185.
[101] Тамсама. С. 139.
[102] Гарэцкі М. Гісторыя беларускае… С. 57.
[103] Смоліч А. А. Геаграфія… С. 136.
[104] Дзяржынскі У. Выпісы… С. 30–31, 67–70, 93–98.
[105] Лукашук А. 421˚ паводле Галоўліту // Спадчына. 1996. № 3. С. 71–91.
[106] Адначасова ў падручніках аддавалася недастаткова ўвагі класавай барацьбе і перамозе сацыялізму над капіталізмам, гл.: Платун А. Культстроительство в БССР за 40 лет // Просвещение национальностей. 1931. № 1. С. 18.
[107] Самая поўная „энцыклапедыя” таго часу, якая змяшчае тэарэтычнае абгрунтаванне непрымальнасці навуковай дзейнасці нацдэмаў, — гэта калектыўная праца пад рэд. С. Я. Вальфсона «„Навука” на службе нацдэмаўскай контрарэволюцыі». Менск, 1931.
[108] Сталин И. В. О политических задачах Университета народов Востока. Речь на собрании студентов КУТВ 18 мая 1925 г. // Сталин И. В. Сочинения. Т. 7. Москва, 1952. С. 133–152.
[109] Кнорын В. Аб рашаючых „дробязях” у вялікім пытаньні. Да пытаньня аб палітыцы беларусізацыі // Асьвета. 1927. № 4. С. 3.
Наверх