БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Гужалоўскі Аляксандр. Галоўліт БССР і палітычны кантроль у 1943-1991 г.

У 19 томе БГА (2012)

У параўнанні з іншымі ўсходнееўрапейскімі  краінамі, якія ўваходзілі ў склад  СССР, у беларускай гістарыяграфіі дзейнасць Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў  БССР (Галоўлітбел, пазней – Галоўліт БССР) асветлена слаба. На працягу  двух апошніх дзесяцігоддзяў на старонках  навуковых і папулярных перыядычных  выданняў з’явіліся толькі некалькі невялікіх па аб’ёму артыкулаў, прысвечаных арганізацыі Галоўліта і цэнзурным механізмам у БССР у 1920–30-я г.[1]. Галоўным аб’ектыўным недахопам усіх гэтых прац з’яўляецца абмежаваная крыніцазнаўчая база, на якой яны грунтаваліся. Гэта цалкам зразумела: матэрыялаў даваеннага справаводства Галоўліта БССР амаль не захавалася, таму аўтарам даводзілася ўзнаўляць карціну яго работы пераважна па ўскосных крыніцах. Парадаксальна, але гісторыя палітычнай цэнзуры ў БССР другой паловы ХХ ст., нягледзячы на значна больш поўную базу першакрыніц, даследавана яшчэ менш.[2]

Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны матэрыялы аддзела  прапаганды і агітацыі ЦК КПБ (Фонд 4п), а таксама Фонду 1195 Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваюцца дакументы справаводства Галоўліта БССР. Апошні мае шмат лакун і далёка не ў поўнай меры адлюстроўвае дзейнасць цэнзурнага ведамства. Яго дакументы рэгулярна знішчаліся ў адпаведнасці з загадам пра трохгадовы тэрмін захоўвання матэрыялаў справаводства. Але большасць каштоўных дакументаў Галоўліта БССР знікла ў апошнія гады існавання БССР і асабліва ў 1990 г., калі маскоўскае кіраўніцтва загадам “Аб архівах Галоўліта” дазволіла сваім падначаленым у рэспубліках прымаць самастойныя рашэнні пра знішчэнне непатрэбных папер.

Падпарадкаванне, статус

На працягу 1943–1991 г. савецкае цэнзурнае ведамства знаходзілася ў фокусе крызісных тэндэнцый, звязаных з неабходнасцю карэнных пераўтварэнняў у краіне. Улада рэфармавала органы цэнзуры ў адпаведнасці са сваімі палітычнымі і эканамічнымі канцэпцыямі, вагаючыся паміж аб’ектыўнай патрэбай лібералізацыі грамадска-палітычнага жыцця і інстынктам самазахавання, жаданнем абараніць сябе перед небяспекай непажаданых эксцэсаў. Пры гэтым палітычная аспекты рэструктурызацыі органаў цэнзуры набывалі прыярытэтнае значэнне.

Ад дня заснавання 3 студзеня 1923 г. да 26 сакавіка 1946 г. Галоўлітбел (пазней – Галоўліт БССР) знаходзіўся ў складзе Наркамасветы БССР. Пасля пераўтварэння ў 1946 г. Савета Народных Камісараў у Савет Міністраў БССР статус цэнзурнага ведамства быў павышаны і да сакавіка 1953 г. яно падпарадкоўвалася непасрэдна Савету Міністраў. Агульнасаюзнага органа цэнзуры да 1953 г. не было. Каардынацыю дзейнасці Галоўлітаў саюзных рэспублік па-ранейшаму ажыццяўляў упаўнаважаны СНК СССР па ахове ваенных тайн у друку, які, як правіла, узначальваў Галоўліт РСФСР.

Ад пачатку пільнасць  цэнзараў быў павінен узмацніць  шэраг заканадаўчых актаў. 9 чэрвеня  1947 г. Прэідыўм Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ “Аб адказнасці за разгалашэнне дзяржаўных тайн і за страту дакументаў, што змяшчаюць дзяржаўную тайну”, які прадугледжваў тэрміны пакарання ад 5 да 20 гадоў. Тады ж Савет Міністраў СССР дапоўніў яго пастановай “Аб усталяванні пераліку звестак, якія ўтвараюць дзяржаўную тайну, разглашэнне якіх караецца па законе”.[3]

6 сакавіка 1953 г. ЦК КПСС, Савет Міністраў СССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР на сумесным паседжанні ўхвалілі мерапрыемствы па рэарганізацыі партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва. Тагачасная тэндэнцыя на ўзбуйненне прывяла да аб’яднання Міністэрства дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў СССР ў адзіную структуру – МУС СССР, кіраўніком якога быў прызначаны Л. П. Берыя. 15 сакавіка 1953 г. у склад МВД перадалі Ўпраўленне ўпаўнаважанага Савета Міністраў СССР па ахове ваенных і дзяржаўных тайн у друку разам з рэспубліканскімі Галоўлітамі. Яно стала Галоўным упраўленнем №11.

Пасля ліпеньскага (1953) Пленума  ЦК КПСС, на якім было прынята рашэнне  пра ўзмацненне партыйнага кантролю за работай дзяржапарата, у сілавых  структурах пачаліся новыя арганізацыйныя змены. 8 кастрычніка таго ж года цэнзурнае ведамства Галоўліт ізноў  набыў самастойны статус, аддадзены  пад непасрэднае падпарадкаванне  Савету Міністраў СССР. Але гэтае  падпарадкаванне мела фармальны  характар і абмяжоўвалася пераважна  фінансавымі пытаннямі. Фактычна кіраваў  Галоўлітам аддзел прапаганды ЦК КПСС. У гэты час савецкая цэнзура канчаткова арганізацыйна сфармавалася ў цэнтралізаванае  саюзна-рэспубліканскае ведамства. У саюзных і аўтаномных рэспубліках  меліся Галоўліты пры саветах  міністраў гэтых рэспублік. З 4 лістапада  1953 г. структурнай часткай агульнасаюзнага цэнзурнага ведамства стала Дзяржаўнае ўпраўленне па ахове ваенных і дзяржаўных тайн у друку пры Савеце Міністраў БССР.

Працэс дэсталінізацыі, які  пачаўся ў СССР пасля ХХ з’езда КПСС, паспрыяў лібералізацыі сацыяльна-палітычнага  і культурнага жыцця ў краіне. Заўважна палагоднела цэнзура, якая ўпершыню з часоў НЭПа стала дазваляць, хай сабе і вельмі абмежвана, але  крытычнае асвятленне рэчаіснасці. У той жа час ліберальныя настроі, якія рэзка ўзмацніліся ў савецкім грамадстве пасля знакамітага даклада М. С. Хрушчова на ХХ з’ездзе, а таксама венгерскае паўстанне 1956 г. кансалідавалі пазіцыі партыйных артадоксаў у ідэалагічнай сферы. Была створана ідэалагічная камісія ЦК КПСС на чале з М. А. Суславым, пастановы якой лічыліся роўнымі пастановам ЦК. На працягу шасці гадоў існавання гэта камісія кіравала савецкай цэнзурай. 3 красавіка 1957 г. была прынята пастанова ЦК КПСС “Аб рабоце Галоўліта”, якая абавязвала цэнзараў палепшыць работу, заклікала павысіць ролю Галоўліта ў грамадскім жыцці краіны. Разам з тым, з кампетэнцыі Галоўліта на непрацяглы час быў выведены палітыка-ідэалагічны кантроль. У тым жа годзе ў Маскве адбылася Усесаюзная нарада работнікаў цэнзуры, дзе патрабаванні партыі атрымалі падрабязнае тлумачэнне.[4]

24 лютага 1958 г. Савет Міністраў СССР зацвердзіў новае “Палажэнне аб Галоўліце”, дзе, у прыватнасці, казалася пра сумеснае вырашэнне (Галоўлітам з аднаго боку і зацікаўленымі міністэрствамі, ведамствамі, а таксама арганізацыямі – з другога) лёсу матэрыялаў, што выклікалі падазронасць у цэнзараў. У той жа час у палажэнні замацоўвалася сфармаваная на той час сістэма папярэдняга і наступнага кантролю. Акрэсліваліся сферы дзейнасці цэнзуры, куды акрамя ўжо звыклых для яе друкаванай прадукцыі, ТАСС, радыё, відовішчаў, выяўленчай і фотапрадукцыі было далучана тэлебачанне. Галоўліт па-ранейшаму адказваў за змест бібліятэчных і музейных фондаў і экпазіцый. Асобны пункт палажэння быў прысвечаны кантролю за зместам карэспандэнцыі, якая адпраўлялася за межы СССР і прыходзіла з-за мяжы, у тым ліку прыватнага характару. 13 верасня 1958 г. ЦК КПСС прыняў пастанову “Аб мерах захавання дзяржаўнай тайны”. У наступным годзе пастановай Савета Міністраў СССР быў зацверджаны “Пералік звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну”.[5]

Саюзныя партыйныя і ўрадавыя дакументы былі прадубляваны ў БССР. 12 снежня 1959 г. ЦК КПБ прыняў пастанову “Аб фактах разгалашэння дзяржаўных тайн у друку”, дзе канстатавалася, што ў некаторых арганізацыях і ўстановах рэспубліцы парушаецца рэжым сакрэтнасці, закрытыя звесткі праслізгваюць у друк. Да найбольш злосных парушальнікаў рэжыму сакрэтнасці былі аднесены рэдакцыі газет “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Мінская праўда”, “Чырвоная змена”, “Знамя юности», а таксама Дзяржкамітэт па радыё і тэлебачанню і БелТА [6].[6] Стан захоўвання ў БССР дзяржаўнай і ваеннай тайны правярала каміссія, якая прыбыла ў 1960 г. з Масквы на чале з начальнікам Галоўліта СССР П. К. Раманавым. Па выніках праверкі 23 ліпеня таго ж года выйшла Пастанова ЦК КПБ “Аб упарадкаванні выдавецкай дзейнасці ў рэспубліцы”, якая пазбавіла ўстановы і арганізацыі права друкаваць дробнатыражную прадукцыю за выключэннем выданняў з грыфам “Для службовага карыстання” (у 1966 г. гэта права ім было вернута).[7] 29 верасня 1962 г. бюро ЦК КПБ прымае новую пастанову “Аб парушэнні правіл выпуску адкрытых твораў друку”, дзе казалася пра выяўленыя Галоўлітам БССР найгрубейшыя парушэнні рэжыму сакрэтнасці на паліграфічных прадпрыемствах і выдавецтвах.[8]

Змены ў палітычным клімаце  грамадства і ў суадносінах ва ўладных структурах падчас хрушчоўскай  “адлігі” прывялі да пэўных абмежванняў  у кампетэнцыі цэнзурнага ведамства  і, адпаведна, да змены яго статусу [9].[9] 10 жніўня 1963 г. быў утвораны саюзна-рэспубліканскі Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў СССР па друку, у склад якога ўключылі Галоўнае ўпраўленне па ахове ваенных і дзяржаўных тайн у друку. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 21 верасня 1963 г. быў створаны рэспубліканскі камітэт па друку, у склад якога таксама ўвайшло Дзяржаўнае ўпраўленне па ахове ваенных і дзяржаўных тайн у друку. Падпарадкаванне Галоўліта Дзяржкамдруку і вывядзенне з яго непасрэднага падпарадкавання абллітаў азначала зніжэнне яго статусу. На непрацяглы час Галоўліт згубіў рычагі кіравання і моц. Зменшыўся яго аўтарытэт, пагоршылася матэрыяльнае становішча. У адпаведнасці з тагачаснымі інструкцыямі, Галоўліт быў павінен галоўным чынам забяспечываць абарону дзяржаўных і ваенных тайн. Ідэалагічныя патрабаванні да зместу інфармацыі ў іх не былі дакладна акрэслены.

Кіраўніцтва Галоўліта СССР не магло пагадзіцца з падобнай сітуацыяй. Неўзабаве на адрас найвышэйшых  партыйных органаў былі накіраваны “сігналы з месцаў” – лісты  кіраўнікоў рэспубліканскіх і абласных упраўленняў цэнзуры, у якіх адзначаліся  факты абыякавага стаўлення Дзяржкамдруку  да цэнзурных абавязкаў, што ва ўмовах ідэалагічнай барацьбы было, канешне, недапушчальна. Адміністрацыйныя амбіцыі  Галоўліта супалі са зменай у кастрычніку  1964 г. кіраўніцтва краіны і, адпаведна, палітычнага курсу. У сувязі з нанова ўзніклай неабходнасцю ўзмацнення ідэалагічнага кантролю за грамадскім жыццём, 18 жніўня 1966 г. Галоўліт вярнулі ў непасрэднае падпарадкаванне Савету Міністраў СССР. У БССР падобнае перападпарадкаванне адбылося 21 лістапада 1966 г. Гэта быў адзін з першых крокаў да пераходу ў эпоху “застою”, які падзяліў савецкую інтэлегенцыю на шматлікую “групу падтрымкі” і купку дысідэнтаў. У статусе саюзна-рэспубліканскага міністэрства савецкае цэнзурнае ведамства, у назве якога ў 1966 г. знікла слова “ваенных” [тайн], праіснавала да 1991 г.

28 снежня 1966 г. Савет Міністраў БССР зацвердзіў новае “Палажэнне аб Галоўліце БССР”. У рэчышчы разгорнутай ў сярэдзіне 1960-х гг кампаніі “вяртання да ленінскага стылю кіравання” яно адраджала калегію, якая дзейнічала пры Галоўлітбеле на грамадскі пачатках на працягу ліберальных 1920-х г., каб дэманстраваць адкрыты, дэмакратычны характар савецкай цэнзуры. Пра імітацыйны характар гэтага захаду сведчаць задачы, што ставіліся перад новай калегіяй (падбор кадраў, праверка выканання найважнейшых загадаў, інструкцый, заслухоўванне справаздач аддзелаў), а таксама яе склад (начальнік Галоўліта, яго намеснікі і старэйшыя цэнзары).[10]

Пастановай ЦК КПБ і  Савета Міністраў БССР “Аб мерах  па далейшаму ўдасканаленню сістэмы  захавання дзяржаўных сакрэтаў”  ад 24 студзеня 1977 г. на Галоўліт БССР было ўскладзена метадычнае кіраванне экспертнымі камісіямі міністэрстваў, ведамстваў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў па пытаннях публікацыі матэрыялаў у адкрытым друку.[11] Гэтая пастанова стала вынікам шматлікіх скаргаў, якімі цэнзурнае ведамства літаральна завальвала ЦК на працягу 1975–1977 г. Абурэнне кіраўніцтва Галоўліта БССР выклікалі шматлікія спробы з боку адміністрацый міністэрстваў, ведамстваў, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў самастойна выдаваць навуковую, тэхнічную і іншую літаратуру пад відам метадычных дапаможнікаў і рэфератыўных аглядаў у абыход дзяржаўных выдавецтваў. Толькі за перыяд 1975–1977 г. у БССР было выяўлена і забаронена цэнзурай 348 такіх выданняў, прычым 17 з іх спрабавалі надрукаваць увогуле без візы Галоўліта [12].[12]

1 сакавіка 1983 г. у складзе Галоўліта БССР быў утвораны метадычны савет, куды вайшлі кіраўнічыя работнікі цэнтральнага апарату. Асноўнымі задачамі гэтага дарадчага органа сталі ўсебаковы ўлік меркаванняў, абгрунтаванне найбольш складаных з пункту гледжання практычнага ўжытку патрабаванняў “Пераліку звестак, забароненых да публікавання ў адкрытым друку, перададзеных па радыё і тэлебачанню” і іншых дакументаў Галоўліта СССР. З 1988 г. на паседжаннях метадычнага савета двойчы ў месяц абмяркоўваліся ўсе апошнія цэнзарскія праўкі.

Абвешчаную М. С. Гарбачовым палітыку перабудовы ідэалагічнае кіраўніцтва  рэспублікі і Галоўліт БССР зразумелі  па-свойму. У снежні 1985 г. па ўзгадненні з ЦК кіраўнікі рэспубліканскага цэнзурнага ведамства правялі найбуйнейшую за ўвесь перыяд свайго існавання інструкцыйна-ідэалагічную акцыю. На нараду-семінар, прысвечаную ўзмацненню ідэалагічнай пільнасці, было запрошана каля 500 чалавек – рэдактары ўсіх газет, часопісаў, выдавецтваў, БелТА, Дзяржтэлерадыё, Дзяржкіно, а таксама асобы, адказныя за друк у міністэрствах і ведамствах.[13] Тым не менш, у другой палове 1980-х г. рэзка павысіўся ўзровень крытычных адносін да цэнзуры, дзейнасць якой ва ўмовах камандна-адміністрацыйнага рэжыму заўсёды знаходзілася на вастрыні дзяржаўнай ідэалогіі. Галоўліт трапіў у прыцэл вострай крытыкі з боку не толькі СМІ, але і шырокай грамадскасці.

Пасля абвяшчэння на студзеньскім (1987 г.) пленуме ЦК КПСС палітыкі галоснасці СМІ атрымалі больш свабоды, змяніліся галоўныя рэдактары шэрагу газет і часопісаў, пачалі публікавацца забароненыя раней літаратурныя творы, дэманстравацца фільмы “з паліц”. 4 верасня 1986 г. Галоўліт СССР выдаў загад № 29с, у якім цэнзарам было дадзена ўказанне сканцэнтраваць увагу на пытаннях, звязаных з аховай дзяржаўных і ваенных тайн у друку, і інфармаваць партыйныя органы толькі пра сур’ёзныя парушэнні ў ідэалагічнай сферы. У 1987 г. пачаўся перагляд зместу спецсховаў бібліятэк. У 1988 г. у СССР было спынена глушэнне замежных радыёстанцый. Пачалі скасоўваць цэнзарскія пункты ў выдавецкіх установах і СМІ. У БССР першым з іх 30 верасня 1988 г. знік цэнзарскі пункт у мінскай друкарні “Чырвоная зорка”.[14]

У сувязі з прыняццем у  жніўні 1990 г. Закона СССР “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, на Галоўліт былі ўскладзены абавязкі па распрацоўцы нарматыўных і метадычных дакументаў у галіне аховы дзяржаўных тайн, кансультаванне па гэтых пытаннях працаўнікоў газет, часопісаў, выдавецтваў, радыё і тэлебачання. 19 верасня 1991 г. Галоўнае ўпраўленне па ахове дзяржаўных тайн у друку і іншых сродках масавай інфармацыі было перапарадкавана Савету Міністраў ужо незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Прызначэнне, кампетэнцыю  і напрамкі работы савецкай цэнзуры  вызначаў палітычны характар яе дзейнасці. Непасрэдны кантроль за яе работай  ажыццяўлялі найвышэйшыя партыйныя  органы, а агульнае кіраванне выдавецкай дзейнасцю, а таксама працай электронных  СМІ ў пасляваеннай БССР – сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі. Усе планы  рэдакцыйна-выдавецкіх устаноў зацвярджаліся  ў аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. Яго супрацоўнікі давалі дазвол на выданне агітацыйных плакатаў. Як і ў даваенны перыяд, асноўную ўвагу ЦК КП(б)Б надаваў выданню  класікаў марксізму-ленінізму, у тым  ліку – на беларускай мове. Калі ж  даводзілася працаваць з гістарычнай  літаратурай, рукапісамі, якія закраналі  пытанні мінулага рэспублікі, цэнзары  імкнуліся падзяліцца адказнасцю і  звярталіся па падтрымку да найвышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Пра блізкасць  адносінаў ЦК і Галоўліта сведчыць той факт, што начальнік апошняга, а таксама яго намеснік і начальнікі аддзелаў уваходзілі ў наменклатуру ЦК па аддзеле агітацыі і прапаганды. З іншага боку, на кіроўныя пасады Галоўліта  рэкрутаваліся асобы, правераныя на партыйнай альбо камсамольскай  рабоце.

З Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі (Камітэтам дзяржаўнай бяспекі) БССР у Галоўліта існавалі партнёрскія  адносіны. Абедзьве структуры абменьваліся інфармацыяй, парадамі, дапамагалі адна адной, як гэта было, напрыклад, пры  распрацоўцы сакрэтнага дакумента  пад назвай “Аб парадку захавання, бібліяграфавання і выдачы чытачам  выданняў абмежаванага распаўсюджвання”. Але паміж палітычнай цэнзурай і  палітычнай паліцыяй было дакладнае  размежаванне абавязкаў: калі цэнзура  сачыла за афіцыйнымі інфармацыйнымі каналамі, палітычная паліцыя –  за падпольнымі. Напрыклад, на паседжанні бюро ЦК КПБ 16 жніўня 1971 г. канстатавалася, што ў апошні час у шэрагу гарадоў БССР (Мінску, Віцебску, Гродне, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Нясвіжы, Іванаве) былі выпадкі нелегальнага распаўсюду антысавецкай і іншай палітычнай літаратуры, дзе крытыкаваўся вопыт сацыялістычнага будаўніцтва ў СССР. Размова ішла пра выкрыты КДБ БССР “самвыдат” і “тамвыдат”, які распаўсюджваўся сярод навуковых і творчых працаўнікоў, вучнёўскай моладзі, а таксама вернікаў.[15]

Наступствам любой цэнзарскай забароны ці нават увагі цэнзараў магла стаць перадача тэксту ў  КДБ і прыцягненне аўтара да крымінальнай адказнасці па артыкулах Крымінальнага  кодэкса БССР № 67 “Антысавецкая  агітацыя і прапаганда” і № 186 ч. 1 “Распаўсюд заведама ілжывых выдумак, якія зневажаюць савецкі лад”. Разам  па гэтых артыкулах з 1956 па 1987 г. у СССР было асуджана 8 145 чалавек. Сярод іх – беларускі праваабаронец М. І. Кукабака, які за адкрыты ліст англійскаму пісьменніку А. Мантэгю, напісаны ў 1969 г. (дасланы аўтарам у “Комсомольскую правду”, ліст, натуральна, апынуўся ў КДБ) атрымаў 6 гадоў зняволення ў спецыяльным псіхіятрычным шпіталі па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці. Усяго за напісанне непадцэнзурных тэкстаў і распаўсюд самвыдатаўскай літаратуры М. І. Кукабака правёў у месцах пакарання 17 гадоў.

Беларускія савецкія пісьменнікі  адчувалі рэгулярную ўвагу з боку не толькі цэнзараў, але “літаратуразнаўцаў у цывільным”. Да В. Быкава быў прыстаўлены  палкоўнік КДБ, які вёў з ім выхаваўчыя размовы. У 1982 г. з кватэры Ул. Караткевіча невядомыя скралі чарнавікі трэццяй і чацьвёртай кніг рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Прыклады можна працягваць.

Структура, кадры

Пасля акупацыі тэрыторыі  БССР у 1941 г. беларускае цэнзурнае ведамства часова спыніла сваю дейнасць. У чэрвені 1943 г. у адпаведнасці з рашэннем ЦК КП(б)Б яго работа была адноўлена ў Маскве. На пачатку 1944 г. Галоўліт БССР пераехаў г. Новабеліца Гомельскай вобласці, а ў ліпені таго ж года вярнуўся ў Мінск, заняўшы памяшканні ў доме № 5 (з 1964 г. – № 10) па вуліцы Урыцкага (цяпер – Гарадскі Вал). Першапачаткова беларускае цэнзурнае ведамства не падзялялася на аддзелы. І толькі ў 1947 г. быў арганізаваны аддзел папярэдняй цэнзуры, на які быў ускладзены нагляд за ўсёй друкаванай прадукцыяй, што выдаваліся ў рэспубліцы, а таксама за беларускім радыё і БЕЛТА. Крыху пазней з’явіліся аддзел наступнай цэнзуры, а таксама аддзел кантролю за бібліятэкамі і мастацтвам.

У 1944–1945 г. была таксама адноўлена работа ўпраўленняў па справах літаратуры і выдавецтваў (з 1954 г. – упраўленняў па ахове ваенных і дзяржаўных тайн у друку) пры абласных выканаўчых камітэтах – так званых “абллітаў”. Перад імі стаяла задача цэнзуравання падрыхтаваных да друку матэрыялаў, экспазіцый музеяў, выстаў, кніжных фондаў бібліятэк, а таксама кнігарняў у межах сваіх абласцей. Аблліты рэгулярна атрымлівалі з Мінска пералікі звестак, якія складалі дзяржаўную тайну. Былі сакрэтныя звесткі і мясцовага значэння. Апроч таго, аблліты кантралявалі ўсю выдавецкую дзейнасць у абласцях шляхам рэгістрацыі паліграфічнай і памнажальнай тэхнікі (нават друкавальных машынак) у дзяржаўных установах і прыватных асобаў.

Адной з галоўных арганізацыйных праблем, з якой у пасляваенны  час сутыкнулася цэнзурнае ведамства, было кадравае забеспячэнне. Першапачаткова ў штаце Галоўліта БССР у Маскве працаваў адзін чалавек – яго  начальнік Ф. І. Дадзіёмава,[16][] якая кантралявала прадукцыю Дзяржвыдата БССР, а таксама газету “Советская Белоруссия”. Падчас знаходжання ў Новабеліцы колькасць цэнзараў павялічылася да чатырох. А да канца 1945 г. цэнзары меліся ўжо ва ўсіх абласных і большасці раённых цэнтраў. У цэнтральным апараце ў Мінску і абласцях працавалі 22 штатныя цэнзары, з якіх толькі 7 мелі вышэйшую адукацыю і – 4 вопыт цэнзарскай работы. У раёнах 175 цэнзараў выконвалі свае абавязкі па сумяшчальніцтве. Пераважна гэта былі загадчыкі ідэалагічных аддзелаў райкамаў партыі, загадчыкі метадкабінетамі, бібліятэкамі альбо лектары райкамаў партыі.

У тагачасных справаздачах кіраўніцтва Галоўліта БССР адлюстраваны шматлікія скаргі на маленькія заробкі  персаналу (600–700 рублёў у месяц), вялікую  загрузку і дрэнныя ўмовы працы, у выніку чаго цэнзарамі працавалі  пераважна малаадукаваныя жанчыны, студэнты-вячэрнікі і інваліды. Напрыклад, Мінскі абкам КП(б)Б накіраваў  на пасаду цэнзара аблліта чалавека, які пры запаўненні асабістага аркуша ў аддзеле кадраў і напісанні  аўтабіяграфіі зрабіў каля 150 памылак. Ф. І. Дадзіёмава не хавала ад маскоўскага  начальства сапраўднай сітуацыі, адзначаючы, што найбольш працаздольныя, таленавітыя  беларускія журналісты і філолагі аддаюць  перавагу творчай працы перад  перспектывамі работы ў якасці цэнзара. У яе дакладах мы таксама знаходзім  апісанне цяжкіх матэрыяльных умоў працы  сваіх падначаленых: “Гродзенскі  аблліт змяшчаецца ў невялікім, не падрыхтаванам да зімы пакоі. Няма падвойных шыбаў. З-за абмежаванай колькасці дроваў памяшканне слаба ацяпляецца. Працаўнікі сядзяць у паліто і галошах… Апарат аблліта неўкамплектаваны”.[17]

Усё гэта прыводзіла да цякучасці  кадраў. Напрыклад, на працягу першага  пасляваеннага года былі звольнены  два намеснікі начальніка Галоўліта  БССР. Але найвялікшая цякучасць  назіралася на раённым узроўні. Так, на працягу 1947 г. са 175 раённых цэнзараў змяніліся 77. Прычым у некаторых раёнах гэта адбывалася па некалькі разоў (у Нараўлянскім раёне – 4 разы!). Работнікі райлітаў выконвалі цэнзарскія абавязкі па сумяшчальніцтве, у вольны ад асноўнай працы час, што зніжала якасць іх працы. Кіраваць імі з Мінску было цяжка. А калі асноўным месцам працы райліта быў райкам партыі, то загадам Галоўліта ён не падпарадкоўваўся ўвогуле. У выніку найбольш разгалашэнняў дзяржаўнай і ваеннай тайны назіралася менавіта ў раённым друку.[18]

Умацаванню кадравага  складу цэнзуры павінна было паспрыяць  павялічэнне колькасці пасад  Галоўліта, якія ўваходзілі ў наменклатуру ЦК КП(б)Б. З 1947 г. акрамя пасады начальніка наменклатурнымі лічыліся пасады яго намесніка, а таксама начальнікаў дванаццаці абллітаў. Пазней да іх далучылі пасады начальнікаў аддзелаў. Для цэнзараў рэгулярна праводзіліся заняткі па павышэнні кваліфікацыі, на якіх вывучаліся дырэктыўныя дакументы маскоўскага кіраўніцтва, спісы звестак, забароненых для публікацыі, разглядаліся спецыфічныя задачы. Акрамя таго, быў наладжаны палітычны лекторый, дзе можна было “з першых рук” – ад партыйных і савецкіх работнікаў, дыпламатаў, дзеячоў культуры – атрымаць інфармацыю пра сітуацыю ў краіне і за мяжой. Рэгулярныя заняткі праводзіліся і ў абллітах. Асаблівая ўвага надавалася заходнім абласцям БССР, а таксама тым раёнам, дзе дыслакаваліся ваенныя часці і меліся буйныя прамысловыя аб’екты. У 1944, 1945 і 1948 г. праводзіліся рэспубліканскія нарады цэнзараў. Але поўнага даверу кіраўніцтва да абллітаў з-за невысокага адукацыйнага ўзроўню правінцыйных цэнзараў не было, пра што сведчыць практыка адсылкі ў Мінск на паралельнае цэнзураванне найбольш важных матэрыялаў.

З пачаткам кампаніі барацьбы з касмапалітызмам у СССР, якая набыла антысеміцкія формы, работу Галоўліта  БССР праверыла камісія ЦК КП(б)Б, куды акрамя супрацоўнікаў аддзела  прапаганды і агітацыі ЦК увайшоў  і ваенны цэнзар Беларускай вайсковай  акругі. Па выніках работы гэтай  камісіі 5 кастрычніка 1948 г. была прынята пастанова бюро ЦК КП(б)Б, дзе адзначалася адсутнасць належнага кантролю за захаваннем дзяржаўнай і ваеннай тайны ў БССР. За 1947 і непоўны 1948 г. беларускія цэнзары прапусцілі больш за 250 забароненых для публікацыі звестак, у тым ліку – аб’ём звышпланавага выпуску цэменту ў Ваўкавыску, наяўнасць авіярэмонтных майстэрняў у Мінску і да т.п. Дапускаліся і палітычныя памылкі. Напрыклад, у “Блакноце агітатара” (№ 22) за 1947 г. Барысаўскі шклозавод імя Ф. Э. Дзяржынскага быў названы свёй даваеннай назвай – імя віцэ-прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук Т. Ф. Домбаля, расстралянага ў 1936 г. як “вораг народа”.

Камісія адзначыла таксама  слабое веданне беларускай мовы і  літаратуры. Так, цэнзар мінскага аблліта  Блюмкіна дазволіла да друку лозунг: “Умацуем магутнасць Савецкага Саюза  –  надзейнага аплоту міра і небяспекі!“ (выдзелена – А.Г.). А ў спісе беларускіх аўтараў, усе творы якіх забаронены, значыўся Тарас Гушча (адзін з псеўданімаў Я. Коласа). Галоўнай прычынай гэтых недахопаў была названа кадравая палітыка Ф. І. Дадзіёмавай, якая “… не праяўляла належнага клопату пра падрыхтоўку і вылучэнне цэнзарскага складу з карэннага беларускага насельніцтва”.[19]Ф. І. Дадзіёмаву таксама вінавацілі ў непатызме: яна ўладкавала да сябе на працу сваю пляменніцу, сяброўку і іншых блізкіх людзей. Камісія правяла падлікі: з 95 чалавек, якія працавалі ў той час у сістэме Галоўліта БССР, беларусаў было 42, яўрэяў – 29, рускіх – 19, іншых нацыянальнасцяў – 5. Па выніках пастановы бюро ЦК КП(б)Б у Галоўліце была наладжана кадравая чыстка. 21 кастрычніка Ф. І. Дадзіёмава паведамляла партыйнаму кіраўніцтву рэспублікі пра звольненне з працы свайго намесніка па кадрах, начальніка аддзела папярэдняй цэнзуры, начальнікаў Мінскага, Гомельскага і Палескага абллітаў, двух цэнзараў цэнтральнага апарату з фармулёўкамі “дрэнная агульнаадукацыйная і палітычная падрыхтоўка”, “мае спагнанні”, “нерашучая”, “марудлівы”. Адначасова яна прасіла прыслаць на працу 4 – 5 камуністаў.[20]

Неўзабаве, паводле загада начальніка Галоўліта СССР К. К. Амельчанкі, “з мэтай паляпшэння кадравага складу цэнзараў” на ўсіх паверхах галоўлітаўскай піраміды пачалі працаваць атэстацыйныя камісіі. З дайшоўшых да нас пратаколаў іх паседжанняў можна меркаваць  пра ідэалагічныя і інтэлектуальныя  патрабаванні да цэнзараў, а таксама  пра рэальны адукацыйны ўзровень атэстуемых. Акрамя таго, гэтыя пратаколы  сведчаць пра асаблівую ўвагу  членаў камісій да работнікаў з неславянскімі  прозвішчамі. Не прайшоў атэстацыю  “па палітычных матывах” начальнік  гомельскага аблліта І. М. Бельцэр, а таксама некалькі шараговых цэнзараў.[21] Новыя кадры ў цэнзуру рэкрутаваліся з выпускнікоў журфака, філфака і гістфака БДУ.

У маі 1950 г. Галоўліт БССР правярала яшчэ адна накіраваная партыйным кіраўніцтвам рэспублікі камісія,. Вынікі яе працы былі несуцяшальныя. За прайшоўшы пасля праверкі 1948 г. час колькасць звестак сакрэтнага характару, пропушчаных цэнзарамі ў друку, павялічылася. Анатаванне адабранай з касцёльных бібліятэк літаратуры Галоўліт давяраў ксяндзам. У бібліятэцы АН БССР чытачам выдавалі кнігі А. Р. Чарвякова, М. М. Галадзеда, Д. Ф. Прышчэпава. Парушаючы рэжым сакрэтнасці, кіраўнікі Галоўліта давалі цэнзарам ўказанні па тэлефоне. У апараце не былі зжытыя сямейнасць, звады, адсутнічалі крытыка і самакрытыка, бракавала зладжанасці ў рабоце кіраўніцтва. Агульная ацэнка камісіі гучала як прысуд Ф. І. Дадзіёмавай: “Галоўліт БССР працуе вельмі нездавальняльна”.[22] 1 сакавіка 1951 г. цэнзурнае ведамства ўзначаліў журналіст-франтавік з вопытам апаратнай работы Л. В. Садоўскі,[23] які пачаў умацоўваць кіраванне органамі цэнзуры і рупіцца пра кадравае папаўненне пераважна членамі партыі і па рэкамендацыях партыйных і камсамольскіх органаў.

Зняцце кантролю з шэрагу друкаваных выданняў у другой палове 1950-х г. абумовіла скарачэнне штатаў у цэнзурным ведамстве. У 1955 г. была спрошчана структура цэнтральнага апарату Галоўліта БССР. Замест трох аддзелаў у ім засталося два – аддзел папярэдняга кантролю і аддзел наступнага кантролю, да якога далучылі скасаваны аддзел кантролю за бібліятэкамі і мастацтвам. У 1959 г. начальнік Галоўліта на напрацяглы час пазбавіўся аднаго намесніка і службовага аўтамабіля. Цэнзары Галоўліта зніклі з рэдакцый рэспубліканскіх газет, якіх апошнія дагэтуль былі павінны ўтрымліваць за ўласны кошт. У тым жа 1955 г. рашэннем ЦК скасавалі пасады раённых упаўнаважаных Галоўліта і цэнзараў-сумяшчальнікаў. Кантроль за захаваннем ваеннай і дзяржаўнай тайны ў раённых і шматтыражных газетах быў ускладзены на іх рэдактараў.

Скарачэнне штатаў цэнзуры  ў БССР, акрамя ідэалагічных змен у  грамадстве, было выклікана і зменамі  ў адміністрыцыйна-тэрытарыяльным уладкаванні рэспублікі. На працягу 1954–1960 г. колькасць абласцей, а разам з імі – і абллітаў скарацілася з 12 да 6. У пазасталых аблітах таксама ішлі скарачэнні. У выіку ў штатах упраўлення засталіся (акрамя тэхнічнага персаналу) начальнік, старшы цэнзар і два цэнзары папярэдняга кантролю і кантролю за бібліятэкамі. Але ў цэлым структура органаў цэнзуры ў непрацяглы перыяд “адлігі”, нягледзячы на змены і скарачэнні штатаў, захоўвала арганізацыйную будову папярэдняга часу.

Адсутнасць дакладна вызначаных правіл ідэалагічнай гульні ў гады “адлігі” правакавала з’яўленне  ў цэнзурным ведамстве шматлікіх  канфліктых сітуацый, калі жаданне  грамадскіх пераўтварэнняў адных сутыкалася з імкненнем іншых спыніць  любыя праявы лібералізму. Напрыклад, за дазвол надрукаваць матэрыялы  незарэгістраванага Таварыства вынаходнікаў Гомельшчыны ў снежні 1957 г. начальнік гомельскага аблліта І. П. Царык пазбавіўся не толькі пасады, але членства ў партыі.[24] Нервовую атмасферу ў Галоўліце БССР, а таксама спецыфіку тагачаснай цэнзарскай працы перадае наступны ўрывак з пратакола вытворчай нарады 31 жніўня 1958 г.:

“ – начальнік аддзела папярэдняй цэнзуры Захарава: Перад цэнзурай цяпер стаяць вялікія задачы, але ў нас несур’ёзна ставяцца да даручанай справы і па-гэтаму склалася вельмі трывожнае становішча. За апошні час было дапушчана некалькі парушэнняў…

– цэнзар Крукоўская: Я вінаватая, але я засталася адна на чатыры газеты. Сабралася шмат народу, лямант, і мне не далі добра падумаць. Я вінаватая. Так, мабыць я не ўмею работаць, але я хачу працаваць і не хачу сядзець у хаце. Работа гэта для мяне – духоўная патрэба.

– цэнзар Хоміч: Што тычыцца парушэння, якое я здзейсніла. Мне вельмі цяжка, я работала на палову стаўкі дадаткова, бо муж не работаў даўгі час. Самае страшнае – гэта тое, што я паверыла дзяжурнаму, але я павінна была быць прынцыповай і не павінна была яму верыць. За пяць лет працы я дапусціла першае парушэнне.

– цэнзар Кузьмінава: Я не буду апраўдвацца – вінаватая. Гэта тлумачыцца тым, што я не разабралася ў матэрыяле і ў выніку дапусціла парушэнне. Наша работа такая, што патрабуе ўвесь час увагі. Увесь час трэба быць напружаным.

– начальнік Галоўліта Садоўскі: За сем лет работы ў цэнзуры мяне ўпершыню выклікаюць у ЦК разам з цэнзарам. Я лічу гэта надзвычайным здарэннем. Добра, што гэта абышлося простым тлумачэннем. А калі б пытанне было пастаўлена на абмеркаванне бюро ЦК?”[25]

Да 1965 г. штатны расклад цэнзурнага ведамства набыў аптымальны з пункту гледжання партыйнага кіраўніцтва выгляд. У цэнтральным апараце Галоўліта ў Мінску працавалі 28 чалавек – начальнік,[26] яго намеснік, начальнік аддзела, 5 старшых цэнзараў, 16 цэнзараў, начальнік спецчасткі, сакратар, галоўбух, прыбіральшчыца-кур’ер. Яшчэ 30 чалавек працавалі ў пяці абллітах (у Мінскай вобласці аблліта не было) – па 6 штатных адзінак у кожнай вобласці (начальнік, старшы цэнзар, два цэнзары, упаўнаважаны ўпраўлення, прыбіральшчыца-кур’ер). Усяго – 58 чалавек.[27]

У наступнае “застойнае”  дваццацігоддзе беларуская савецкая цэнзура  не зазнала сур’ёзных кадравых пераўтварэнняў. Стабілізаваліся таксама ідэалагічныя і арганізацыйна-тэхнічныя патрабаванні да цэнзарскай працы. Вернасць старым ідэалагічным традыцыям засведчыла святкаванне 50-годдзя ўтварэння ў  СССР органаў цэнзуры, якое адбылося 6 чэрвеня 1972 г. На урачыстым сходзе ў Мінску цэнзараў, перайменаваных да таго часу ў “рэдактараў”, узнагароджвалі ганаровымі граматамі, перадавікі сацыялістычнага спаборніцтва атрымалі грашовыя прэміі, а намеснік начальніка Галоўліта БССР Н. К. Захарава стала заслужаным работнікам культуры БССР.[28]

Палітыка галоснасці, абвешчаная М. С. Гарбачовым, кардынальныя сацыяльна-эканамічныя  і палітычныя змены, якія пачаліся ў  савецкім грамадстве, значна ўскладнілі работу цэнзараў. Ва ўмовах, калі сотні  тысяч савецкіх грамадзян пачалі выязджаць за мяжу, калі ўзнікла  магчымасць свабодна слухаць “варожыя галасы”, з’явіўся кааператыўны рух, кожны дзень нараджаў пытанні, на якія не было адказаў. Ці дазваляць  друкаванне інфармацыі пра кантракты  мясцовых прадпрыемстваў з замежнымі  фірмамі?.. Ці з’яўляюцца адкрытымі  звесткі пра экспартныя і імпартныя  цэны ў параўнанні з унутранымі цэнамі ў СССР?.. Ці можна адносіць да побытавай  тэхнікі персанальныя ЭВМ?..

Адказаць на гэтыя і  падобныя пытанні павінна была пастанова  ЦК КПСС ад 27 ліпеня 1987 г. “Пытанні Галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайн у друку пры Савеце Міністраў СССР”, вытрыманая ў духу палітыкі галоснасці. Ад гэтага часу пачаўся бесперапынны працэс перагляду нарматыўных дакументаў Галоўліта ў бок спрашчэння і абмежавання цэнзарскага кантролю. 7 жніўня 1987 г. начальнік Галоўліта БССР А. А. Маркевіч дакладаў свайму маскоўскаму кіраўніцтву пра скарачэнне дакументазвароту, а таксама часу праходжання матэрыялаў цераз цэнзурны кантроль, пра абсталяванне цэнзарскага пункта ў Дзяржтэлерадыё БССР маніторам і радыёпрыстасаваннем для прагляду і праслухоўвання перадач на стадыі іх мантажа. Разам з тым ён скардзіўся на тое, што некаторыя аўтары і рэдактары зразумелі галоснасць як адмену цэнзуры, патрабаваў пашырэння паўнамоцтваў цэнзараў і паляпшэння матэрыяльна-тэхнічных умоў іх працы (дадатковых працоўных і хатніх плошчаў, пуцёвак, другога службовага аўтамабіля, прымацавання ўсіх цэнзараў да стала замоваў ЦК і 4-га Упраўлення Мінздрава БССР).[29]

Але вецер дзьмуў ужо зусім  у іншы бок. 10 чэрвеня 1988 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову, якая, паводле новай Генеральнай схемы ўпраўлення народнай гаспадаркай БССР, патрабавала скараціць колькасць супрацоўнікаў апарата Галоўліта больш чым на 40%. Новы начальнік Галоўліта БССР А. С. Лазоўская[30] адразу ж пачала змаганне за захаванне старога штатнага раскладу. Яна тлумачыла найвышэйшаму рэспубліканскаму кіраўніцтву, што падначаленае ёй ведамства – гэта не ўпраўленчая структура. Яго нешмалікімі сіламі кантралявалася ўся друкаваная прадукцыя, што выдавалася ў той час у БССР і прыходзіла з-за мяжы, у тым ліку – 10 выдавецтваў, 25 газет, 35 часопісаў, 36 арганізацый з правам выдавецкай дзейнасці, 65 паліграфпрадпрыемстваў, 710 участкаў памнажальнай тэхнікі, 107 бібліятэк, 19 кнігарняў, 28 музеяў і выстаў. Толькі цэнзары аддзела папярэдняга кантролю штогод праглядалі больш за 650 тыс. кніжных старонак, каля 100 тыс. метраў кінаплёнкі, 10 тыс. адзінак друкаваных матэрыялаў, якія адпраўляліся па пошце за мяжу. Акрамя таго, цэнзарамі праводзілася “тлумачальная і экспертная праца”. Але найбольш важкім аргументам для Савета Міністраў БССР было тое, што кадравыя пытанні ў саюзна-рэспубліканскіх структурах вырашаліся цэнтралізавана ў Маскве. У выніку на непрацяглы час Галоўліт БССР захаваў свае пазіцыі, страціўшы толькі некалькі асобаў пенсійнага ўзросту. Паводле пададзенай ніжэй схемы, у Галоўліце БССР у 1988 г. працавалі 53 чалавекі.[31]

У снежні 1990 г., пасля рэарганізавання Галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайн у друку ў Галоўнае ўпраўленне па ахове дзяржаўных тайн у друку і іншых сродках масавай інфармацыі пры Савеце Міністраў БССР (ГУАТ БССР), новае ведамства набыла наступную структуру. У склад першага аддзела ўвайшлі пададдзел папярэдніх кансультацый, кансультацыйныя пункты ў Доме друку і БЕЛТА, групы праверкі твораў друку пасля іх выхаду ў свет. У склад другога – кансультацыйныя пункты на радыё і тэлебачанні, пункты праверцы матэрыялаў, што вывозяцца за мяжу. Меліся таксама спецчастка, агульная канцылярыя, даведачная служба, бухгалтэрыя, вытворча-рэдактарскі аддзел.

Механізмы цэнзуры

Работа Галоўліта БССР рэгламентавалася загадамі, інструкцыямі і тлумачэннямі, якія пад грыфам “сакрэтна” дасылаліся з Масквы: “Інструкцыя  цэнзару”, “Правілы вытворчасці і  друкавання твораў”, “Абавязковыя правілы  для раённага друку і радыёвяшчання”, “Інструкцыя па забеспячэнні захоўвання дзяржаўнай тайны ва ўстановах і на прадпрыемствах СССР”, “Інструкцыя для выканаўца-работніка Галоўліта” і інш. Найбольш запатрабаваным цэнзарскім кіроўым дакументам быў “Пералік звестак, якія складаюць дзяржаўную і ваенную тайну” – том аб’ёмам каля 500 старонак. Паводле яго, тайнай былі ахутаны літаральна ўсе бакі жыцця дзяржавы: абарона, прамысловасць, навука, фінансы, транспарт, сельская заспадарка, культура. Найбольш важны і адначасова складаны для ўжывання быў раздзел “Пераліку…” пад назвай “Розныя звесткі”. Туды ўвайшлі небяспечныя з ідэйна-палітычнай пункту гледжання матэрыялы, у тым ліку тыя, што ганьбілі савецкі грамадскі лад, прапагандавалі нацыяналізм, культывавалі гвалт і парнаграфію. Сваеасаблівым дадаткам да гэтага раздзела быў “чорны спіс” аўтараў, творы якіх ні ў якім разе не маглі быць надрукаваны альбо выдадзены чытачам бібліятэк.

Усе забароны, змешчаныя  ў “Пераліку…” падзяляліся на безумоўныя і ўмоўныя. Першыя (напрыклад, склад вайсковых фармаванняў, спосабы  падробкі грашовых знакаў і інш.) было забаронена даваць у адкрытым друку  ўвогуле. Другія (такія, як міжнародная  інфармацыя, побыт ваенаслужачых, масавыя  захворванні і інш.) друкаваць  было дазволена толькі пры наяўнасці  пісьмовага дазволу адпаведнага  міністэрства альбо ведамства. Некаторыя  з іх цэнзуравалі аўтарскія матэрыялы  больш жорстка за галоўлітаўскіх цэнзараў, асабліва калі трэба было ратаваць ідэалагічную чысціню ці карпаратыўную  годнасць. Так, напрыклад, было з мемуарамі  пра Вялікую Айчынную вайну, якія абавязкова рецэнзаваліся ў Інстытуце  гісторыі партыі ЦК КПБ. Пасля ўводу  ў 1979 г. савецкіх войск у Аўганістан для публікацыі матэрыялаў на гэту тэму быў патрэбны дазвол Міністэрства абароны. Для асвятлення наступстваў аварыі 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС – дазвол Дзяржкамітэта па выкарыстанні атамнай энергіі. У любым выпадку атрыманне дазволу было непростай справай, якая патрабавала ад журналістаў шмат энэргіі і часу, што часта вымушала аўтара адмовіцца ад публікацыі ўвогуле. Усе дазволы міністэрстваў і ведамстваў перадаваліся ў Галоўліт, дзе захоўваліся ў спецыяльнай даведачнай службе.

Але на першым месцы па важнасці знаходзіўся дакумент пад назвай “Адзіныя правілы выдання адкрытых твораў друку”, які вызначаў агульны  механізм работы цэнзуры ў СССР, у тым ліку – парадак праходжання  рукапісаў цераз рэдакцыйна-выдавецкія установы, паліграфпрадпрыемствы і  Галоўліт. Тут агаворваліся асаблівасці  выканання цэнтральнымі, абласнымі  і раённымі (там, дзе не было цэнзараў Галоўліта) друкарнямі замоваў ваенных  устаноў, арганізацый, якія не мелі права займацца выдавецкай дзейнасцю, а таксама прыватных асобаў.

Працэдура папярэдняга кантролю, якой цэнзурнае ведамства надавала асноўнае значэнне, выглядала наступным  чынам. Цэнзару прадстаўляліся падпісаныя рэдактарам выдавецтва альбо дырэктарам друкарні адрэдагаваныя адбіткі  старонак, дзе цэнзар не меў права  што-небудзь выкрэсліваць альбо  ўносіць праўкі. Свае заўвагі да вёрсткі ён пісьмова афармляў на спецыяльным  бланку “Умяшальніцтва”, у якім пазначаліся  выдавецкая ўстанова, дакладны цэнзуруемы тэкст, пункт “Пераліку…”, пад які  гэты тэкст падпадаў. Пасля выпраўлення  тэксту ў адпаведнасці з цэнзарскімі  заўвагамі рэдактар альбо дырэктар друкарні прадстаўляў новыя адбіткі  старонак. Потым цэнзар падпісваў (ставіў дату, літар і дазваляльны нумар) да друку часопіс, газету ці кнігу, якія затым накіроўваліся ў друкарню. Там вырабляліся спачатку кантрольныя  экзэмпляры, якія рассылаліся па спісе (у тым ліку – у Галоўліт, дзе  адбываўся наступны кантроль), пасля  чаго друкаваўся ўвесь тыраж. Умяшальніцтвы  папярэдняй цэнзуры ўвесь час  абмяркоўваліся на занятках у Галоўліце  БССР. У абагульненым выглядзе яны  накіроўваліся ў Галоўліт СССР у  Маскву, рэспубліканскаму партыйнаму кіраўніцтву і ў Дзяржкамдрук БССР. Калі маскоўскае краўніцтва выкарыстоўвала зводкі ўмяшальніцтваў для цэнзарскай вучобы, то дзве апошнія структуры  з іх дапамогай праводзілі прафілактычную работу, “выхоўвалі” рэдактараў.

Наступны кантроль чытаў  усе абласныя і раённыя газеты ў дзень іх атрымання і толькі зрэдку пакідаў на наступны дзень. Сігнальныя асобнікі часопісаў таксама правяраліся  цэнзарам у дзень іх атрымання. Кнігі  – на працягу аднаго-трох дзён да дазволу іх выхаду ў свет. У рэспубліканскіх  газетах цалкам чыталіся першыя тры  паласы, чацьвёртая – выбарачна. З  абласных і раённых газет кожная пятая правяралася цалкам, астатнія чатыры уважліва праглядаліся. Часопісы, брашуры і кнігі таксама чыталіся выбарачна. Акрамя таго, цэнзар наступнага кантролю праслухоўваў раз на дзесяць  дней усе перадачы рэспубліканскага радыёкамітэта і раз на два  тыдні праглядаў праграмы яго перадач.

Калі наступная цэнзура  дазваляла твор да друку, то яго два  экзэмпляры праштампоўваліся (“выпуск  у свет дазваляецца”), адзін з  іх вяртаўся паліграфпрадпрыемству, другі  заставаўся ў Галоўліце. За ідэнтычнасць надрукаванага тэкста яго варыянту, дазволенага цэнзурай персанальную адказнасць неслі дырэктар друкарні і галоўны рэдактар выдавецкай установы. Калі наступная цэнзура друк забараняла, то разасланыя па спісе ў бібліятэкі, кніжную палату і г.д. творы друку  адзываліся. І тады вырашалася: ці прыбіраць і перадрукоўваць асобныя старонкі, ці знішчыць увесь наклад. Падчас вырабу зацьверджаных папярэдняй цэнзурай палітычных плакатаў правяраць тыраж паштучна былі павінны паліграфпрадпрыемствы разам з замоўцам.[32]

Загадам Упаўнаважанага Савета Міністраў СССР па ахове ваенных  і дзяржаўных тайн у друку ад 25 сакавіка 1950 г. уводзіліся тыпавыя формы цэнзарскага справаводства – данясенні аб забароненых выданнях і гатовых накладах, данясенні аб надрукаваных творах, зводкі выкрэсленняў папярэдняга кантролю, карткі наступнага кантролю, справаздачы абласных і раёных цэнзараў, справаздачы аб праверках бібліятэк, музеяў, букіністычных кнігарняў. У 1976 г. да іх дадаліся дзённікі і рабочыя сшыткі цэнзара. Усе яны мелі сакрэтны характар.

На працягу першых пяці гадоў працы (1943–1948 г.) цэнзары Галоўліта БССР зрабілі 2383 выкрэсленні, з якіх 1808 – у адпаведнасці з “Пералікам…”, 458 – ідэалагічнага характару, неабгрунтаваных – 117. Абсалютная большасць умяшальніцтваў была зроблена ў рэспубліканскія і абласныя газеты, а таксама ў кніжна-часопісную прадукцыю.[33] Аб’ёмы працы цэнзараў увесь час павялічваліся адпаведна павелічэнню інфармацыйных плыняў. Так, ужо ў наступным 1949 г. Галоўліт БССР зрабіў 1394 выкрэсленні, з якіх 1246 – у адпаведнасці з “Пералікам…”, 73 – ідэалагічнага характару, неабгрунтаваных – 75.

У гэтай статыстыцы звяртае  на сябе ўвагу вялікая колькасць  неабгрунтаваных цэнзарскіх умяшальніцтваў. Тлумачылася гэта тым, што ў атмасферы  татальнага недаверу, страху і рэпрэсій цэнзары перастрахоўваліся, ведаючы, што пакаранне за неабгрунтаванае  ўмяшальніцтва лагоднейшае за пропуск  у друк сакрэтных звестак альбо, крый Божа, ідэалагічна нявытрыманай думкі. Згадкі пра падобную перастрахоўку  мы рэгулярна сустракаем у справаздачах і загадах кіраўніцтва Галоўліта. Напрыклад, у справаздачы за 1947 г. Ф. І. Дадзіёмава ў якасці адмоўнага прыводзіць прыклад работы цэнзара Бабруйскага аблліта Плоткіна, які ў артыкуле “Калектыву рабочых і служачых 12 дыстанцыі чыгункі ўручаны пераходзячы Чырвоны сцяг” прыбраў інфармацыю пра колькасць нарыхтаваных шпал.[34] А ў 1955 г. цэнзар пінскага аблліта Швяцова зняла артыкул пра расліны афрыканскага, азіяцкага і амерыканскага паходжання, што меліся на станцыі юннатаў, патлумачыўшы свае рашэнне тым, што гэта – інфармацыя міжнароднага характару і не можа быць надрукавана без узгаднення з МЗС.[35]

З сярэдзіны 1954 г. пачалося некаторае спрашчэнне цэнзурных працэдур. Ад папярэдняй цэнзуры былі вызвалены выданні міністэрстваў, ведамстваў, акадэмій навук і ВНУ, а таксама ўся дробнатыражная прадукцыя (афішы, праграмы, абвесткі, улёткі, квіткі). Для выяўленчай прадукцыі папярэдні цэнзурны прагляд захоўваўся.[36] Складовай часткай дзяржаўнай палітыкі лібералізацыі, распачатай ХХ з’ездам КПСС, было прынятае Галоўлітам СССР ў ліпені 1956 г. рашэнне ўвогуле зняць з цэнзурнага кантролю шэраг відаў друкаванай прадукцыі. Галоўліт усклаў на дырэктараў і галоўных рэдактараў выдавецтваў поўную адказнасць за друкаванне твораў класікаў марксізму-ленінізму, рускай, савецкай і замежнай літаратуры, музыкі, мастацтва, а таксама навукі і тэхнікі. Акрамя таго, ад цэнзурнага кантролю вызвалялася перакладная і дзіцячая літаратура, падручнікі, слоўнікі, кніжныя летапісы, рэфератыўныя акадэмічныя часопісы. У жніўні–катрычніку 1956 г. гэты спіс павялічыўся за кошт дакладаў і артыкулаў тагачаснага партыйнага і савецкага кіраўніцтва, пастаноў Вярхоўных Саветаў, ведамасных выданняў, карт, нот, афіш, каталогаў, часопісаў мод, настольных гульняў, раскладаў руху транспарту.[37] У 1958 г. колькасць умяшальніцтваў Галоўліта БССР у паліграфічную прадукцыю, выдадзеную ў рэспубліцы, зменшылася да 867. У 1959 г. назіралася далейшае скарачэнне – 522 умяшальніцтвы, а ў 1960 г. – ужо 374.[38]

Але ужо на пачатку 1980-х  г. пераважыла агульная тэндэнцыя павелічэння цэнзарскіх умяшальніцтваў, якія дасягнулі ў 1985 г. лічбы 457. Гэта тэндэнцыя захоўвалася і ў першыя гады перабудовы. Напрыклад, у 1986 г. Галоўлітам БССР было ўжо зроблена 587 умяшальніцтваў.[39]

У 1987 г., калі М. С. Гарбачовым была абвешчана палітыка галоснасці, гэта лічба павялічылася амаль удвая, дасягнуўшы 1175 (агульныя палажэнні – 84, узброеныя сілы і абарона краіны – 303, картаграфія, гравіметрыя, геадэзія і гідраграфія – 6, гідраметэаралогія і кантроль прыроднага асяроддзя – 1, адкрыцці, вынаходніцтвы, навукова-даследчыя работы – 13, прамысловасць – 435, карысныя выкапні – 6, транспарт – 39, сувязь – 7, аграпрамысловы комплекс – 11, фінансы – 9, знешняя палітыка і знешні гандаль – 22, медыка-санітарныя пытанні – 22, розныя звесткі – 198, іншыя абмежаванні – 19).[40] І толькі з 1988 г. колькасць умяшальніцтваў рэзка пайшла на спад, што было па-беларуску спозненай рэакцыяй на новую палітыку галоснасці.

Дадатковага клопату цэнзурнаму ведамству надавалі ўчасткі памнажальнай тэхнікі, якія пачалі стварацца з  сярэдзіны 1970-х г. у міністэрствах, ведамствах, арганізацыях і на прадпрыемствах БССР для друкавання ўнутранай службовай дакументацыі. У 1982 г. такіх участкаў у рэспубліцы было 1916. Усе яны, як і паліграфічныя прадпрыемствы, павінны былі кантралявацца Галоўлітам. Але ў сувязі з іх вялікай колькасцю тэхнічна ажыццяўляць падобны кантроль эфектыўна было немагчыма, нават з прыцягненнем сіл міліцыі. Напрыклад, у першай палове 1982 г. Галоўліт БССР правёў у розных гарадах рэспублікі 160 кантрольных праверак участкаў памнажальнай тэхнікі. Вынікі былі несуцяшальныя. Парушэнні інструкцыі, якая дазваляла памнажаць толькі службовую дакументацыю, назіраліся паўсюль. Памнажалі людзі тое, што ва ўмовах ідэалагічнага дыктату немагчыма было набыць у кнігарнях: ад царкоўных каляндароў да эротыкі.[41]

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе  цэнзары Галоўліта БССР штогод прачытвалі каля 5 тыс. улікова-выдавецкіх аркушаў. Сярэднестатыстычны цэнзар на працягу  працоўнага дня павінен быў прачытаць 150–180 старонак машынапісу. У 1987 г. нормы дзённай выпрацоўкі цэнзара ва ўлікова-выдавецкіх аркушах выглядалі ужо наступным чынам. На папярэднім кантролі: 10 – для цэнзара кніжна-часопіснай групы, 7 – для цэнзара газетнай групы, 12 – для цэнзара групы, што працавала ў Дзяржтэлерадыё, 8 – для цэнзара участка на БелТА. На наступным кантролі нормы выпрацоўкі для цэнзараў, якія чыталі вёрстку, супадалі з нормамі папярэдняга кантролю. А для тых, хто чытаў ужо падпісаныя да друку выданні, дзённыя нормы былі павялічаны да 50 аркушаў.[42]

Умовы штодзённай працы цэнзараў былі далёкія ад ідэальных. У справаздачы  за 1947 г. мы чытаем: “… у мінскай друкарні імя Сталіна выдаецца за ноч у сярэднім па тры газеты, але працуючыя там адначасова два палітрэдактары вымушаны знаходзіцца ў друкарні сістэматычна суткамі. У большасці выпадкаў з дзевяці гадзін вечара да трох гадзін начы палосы яшчэ не гатовы. А потым пачынаецца спешка. Усе рэдакцыі адначасова нясуць свае палосы. Аналагічнае становішча ў друкарнях шэрагу абласцей. У выніку зніжаецца якасць працы палітрэдактараў”. Два цэнзары, прыкамандзіраваныя да Дзяржаўнага выдавецтва БССР, таксама былі вымушаны працаваць у аўральным рэжыме.[43]

Найбольш напружанае жыццё  было ў “газетчыкаў”, што тлумачылася аператыўным характарам іх працы. Начальнік газетнага аддзела Галоўліта БССР В. С. Сярова згадвала: “Ідзеш дахаты ў 11–12 часоў вечара, а ў галаве адна думка: ці можна было пакідаць дадзеныя пра вытворчасць на “Інтэграле”… Там жа ўсё ішло ў абсалютных лічбах. Можа трэба было даць у працэнтах? Не, можна пакінуць так. Таму што з тэксту не бачна, за які перыяд выраблена гэта прадукцыя…І ўсё ж заўтра зранку трэба ўважліва з гэтым разабрацца”.[44]

Але, нягледзячы на звышпільнасць, праверкі і пераправеркі, ідэалагічныя памылкі ў друк ўсё ж праслізгвалі. Ужо на працягу 1944–1946 г. наступны кантроль “з-за грубых палітычных памылак, скажэнняў, а таксама памылак друку” мусіў 19 разоў адбіраць цэлыя наклады друкаванай прадукцыі альбо яго часткі (у тым ліку 14-тысячны наклад газеты “Звязда” у 1944 г., 20-тысячны – газеты “Чырвоная змена” у 1946 г., 10-тысячны – газеты “Віцебскі рабочы” у 1945 г. і інш.).[45]

Цэнзурны кантроль гістарычнай веды

Галоўліт сфармаваў новыя  адносіны паміж гісторыкам і дзяржавай (партыяй). Ад першага патрабавалася  ілюстраванне эмпірычным матэрыялам кананічных партыйных дагматаў і тэкстаў. Гісторык стаў службоўцам, на якога ўскладаліся  абавязкі ў адносінах да свайго сюзерэна – дзяржавы (партыі). У якасці прадстаўніка сюзерэна выступаў Галоўліт, які кантраляваў  выкананне гісторыкамі службовай  функцыі: шукаў парушэнне класавага  падыходу, памылкі ў асвятленні нацыянальных зносін, у атэістычнай прапагандзе  і інш. Гэта стварала атмасферу сацыяльнай пасіўнасці навуковай супольнасці, змяншала яе духоўны патэнцыял, творчую  актыўнасць. Галоўліт быў адным з  органаў, што адыгралі важную ролю ў  справе ідэалагізацыі, палітызацыі  і адзяржаўлівання гістарычнай навукі ў БССР. Цэнзурная практыка Галоўліта (якая, вядома ж, была не адзінай умовай палітызацыі гістарыяграфіі) спрыяла стварэнню новых міфаў у масавай гістарычнай свядомасці беларускага грамадства, фармавала новае пачуццё Радзімы, новае самаадчуванне беларусаў у гістарычнай прасторы, іх савецкую ідэнтычнасць.

Сімвалічна, што першы  загад з Масквы, які атрымала начальнік  Галоўліта БССР Ф. І. Дадзіёмава ў  студзені 1944 г. у Новабеліцы перад меркаваным наступам савецкіх войскаў, тычыўся інфармацыі рэтраспектыўнага характару. Ён забараняў згадваць у друку і радыётрансляцыях лакалізацыю старой (да 1939 г.) савецка-польскай мяжы.[46]

Адным з першых гістарычных  тэкстаў, які пацярпеў ад умяшальніцтва  цэнзараў Галоўліта БССР, стаў артыкул  дацэнта БДУ М. Д. Мельцэра “Да  гісторыі сялянскага руху на тэрыторыі  Беларусі перад сялянскай рэформай 1861 г.”, ухвалены рэдакцыйнай калегіяй “Вучоных запісак БДУ” у 1948 г. Гранкі нумара былі вернуты Дзяржвыдату з-за таго, што ў гэтым артыкуле, на думку цэнзуры, ідэалізаваліся адносіны імператара Мікалая І да прыгоннага сялянства.[47]

У цэнзараў Галоўліта БССР не выклікалі ніякага піетэту  імёны мэтраў беларускай гістарычнай  навукі – члена-карэспандэнта АН СССР М. М. Нікольскага і акадэміка  АН БССР У. М. Перцава. Напрыклад, у 1951 г. у разгар барацьбы ў СССР з касмапалітызмам і нізкапаклонствам перад Захадам з артыкула М. М. Нікольскага “Роля савецкіх вучоных у развіцці навукі аб старажытным Усходзе”, падрыхтаванага для часопіса “Большэвік Беларусі” было знята: “На працягу амаль цэлага стагоддзя, якое прайшло з часу першых адкрыццяў у Месапатаміі да пачатку другой сусветнай вайны, заходнееўрапейскія, а потым амерыканскія арыенталісты правялі вельмі вялікую працу. Бясспрэчнымі дасягненнямі заходняй арыенталістыкі з’яўляюцца такія дасягненні, як дэшыфроўка старажытнаўсходніх сістэм пісьма і г.д…”. Тады ж з рукапісу манаграфіі “Гісторыя Прусіі”, напісанай У. М. Перцавым, як “няслушная” была выкрэслена фраза: “…рыцары Тэўтонскага ордэна, захапіўшыя Паўднёва-Усходняе ўзбярэжжа Балтыйскага мора, не ўнеслі туды здаровых пачаткаў сваёй цывілізацыі”. Гэта значыць, казаць у прынцыпе пра “здаровыя пачаткі” нямецкай культуры было нельга.[48] Іншыя працы абодвух гісторыкаў, нават пасля іх смерці, таксама выдаваліся з пэўнымі купюрамі, а манаграфія У. М. Перцава пра Прусію з-за ідэалагічных перашкодаў так і не была выдадзена.[49]

У 1962 г. увагу начальніка Галоўліта БССР А. А. Маркевіча прыцягнуў рукапіс, які належаў пяру прафесара гістарычнага факультэта БДУ Г. М. Ліўшыца. Па прапанове Міністэрства адукацыі рэспублікі гісторык падрыхтаваў рукапіс кнігі “Паходжанне і сутнасць іўдзейскіх і хрысціянскіх рэлігійных святаў”, якая па задуме замоўцаў павінна была выкарыстоўвацца ў працэсе атэістычнага выхавання насельніцтва. Менавіта гэтага, меркаваў А. А. Маркевіч, у вядомага антыказнаўцы і арыенталіста якраз не атрымалася: “…аб рэакцыйнай сутнасці рэлігійных святаў і абрадаў, аб тым, як шкодзіць іх святкаванне, аўтар кажа мімаходзь, бяздоказна, неканкрэтна. Толькі ў канцы кнігі на паўтара старонках аб гэтым выказаны некаторыя агульныя заўвагі. Кніга мае апісальны характар, у ёй няма вострага публіцыстычнага слова”. Галоўліт вярнуў тэкст Міністэрству адукацыі на дапрацоўку, пасля чаго ён набыў больш ваяўнічы, агрэсіўны характар і ўжо тады пабачыў свет.[50]

З манаграфіі А. А. Волка і  А. І. Раковіча “Кнігавыдавецкая справа ў Беларусі: гістарычны нарыс” (БДУ, 1977) была выкінута думка пра тое, што дасягненні выдавецкай справы ў  БССР у 1930-я г. былі б большыя, калі б не культ Сталіна і не беспадстаўныя рэпрэсіі супраць пісьменнікаў і навуковых работнікаў.[51] У 1981 г. выдавецтву “Навука і тэхніка” Галоўліт выказаў шэраг заўваг па рукапісе Г. Я. Галенчанкі “Нарысы духоўнай культуры Беларусі другой паловы ХVІ – першай паловы ХVІІ стагоддзя”.[52] Падчас кантролю кнігі прафесара В. А. Круталевіча “У саюзе роўных і сувярэнных” (“Навука і тэхніка”, 1982) увага цэнзараў засяродзілася на главе “Станаўленне савецкай федэрацыі. БССР – адна з заснавальніц Саюза ССР”. Фактычны матэрыял у ёй тлумачыўся такім чынам, што вынікала выснова пра тое, што нібыта былі распараджэнні партыйных і дзяржаўных органаў РСФСР па тэрыятарыяльных пытаннях Беларусі без узгаднення іх з урадам БССР. Акрамя таго, рабіліся памылковыя тлумачэнні асобных рашэнняў ЦК РКП(б). У прыватнасці, утварэнне Беларускай ССР уяўлялася як штучнае канструяванне “буфернай дзяржавы” для агараджэння РСФСР ад капіталістычнага свету. У брашуры “Творчасцю распрыгоненых народаў” таго ж аўтара, якая выйшла ў серыі бібліятэкі газеты “Голас Радзімы” (1982 г.), памылкова сцвярджалася, што форма савецкай аўтаноміі нібыта “ставіць раней прыгнечаныя нацыі Расіі ў няроўнае становішча з рускай нацыяй”.[53]

Выданні Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ былі вызвалены  ад галоўлітаўскай цэнзуры. Але працы  гісторыкаў партыі, падрыхтаваныя да друку ў іншых выдавецтвах  і перыядычных выданнях, падлягалі  абавязковаму кантролю. 11 сакавіка 1975 г. намеснік начальніка Галоўліта Н. К. Захарава дакладала загадчыку аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ С. Я. Паўлаву, што з артыкула аспіранта БДУ А. А. Тозіка “Дзейнасць КПБ па ідэйна-палітычнаму выхаванню камуністаў ва ўмовах падполля” (“Веснік БДУ”, 1974, Серыя ІІІ, № 1.) быў зняты абзац, дзе давалася суб’ектыўная ацэнка дзейнасці партыйнай арганізацыі рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар сцвярджаў, што частка камуністаў, асабліва маладых, была маральна неўстойлівая для суворай барацьбы ў падполлі. У першыя месяцы акупацыі многія з іх перабраліся ў савецкі тыл. Асобныя камуністы паверылі гітлераўскай прапагандзе і зарэгістраваліся ў органах акупацыйнай улады. Толькі невялікая частка падпольных партарганізацый з ліку створаных у ліпені–жніўні 1941 г. разгарнула сваю дзейнасць ва ўмовах акупацыі.[54]

26 снежня 1978 г. А. А. Маркевіч паведамляў сакратару ЦК КПБ А. Т. Кузьміну, што Галоўліт зрабіў умяшальніцтвы ў кнігу М. С. Сташкевіча “На абароне ідэй Кастрычніка: з гісторыі ідэйна-палітычнай барацьбы ў Беларусі ў гады грамадзянскай вайны (1919–1920 г.)”, дзе давалася некрытычная ацэнка беларускіх нацыяналістаў А. Луцкевіча, Я. Лёсіка, А. Гаруна, В. Ластоўскага. Акрамя таго, у артыкуле М. С. Сташкевіча і І. І. Коўкеля “У полымі рэвалюцыі”, надрукаваным у часопісу “Нёман” (1978. № 10) правіліся месцы, дзе барацьба беларускага народа супроць інтэрвентаў была паказана як з’ява, адасобленая ад барацьбы брацкіх савецкіх рэспублік.[55]

На працягу ўсяго пасляваеннага  часу цэнзура пільна сачыла за інтэрпрэтацыяй гісторыкамі падзей ІІ сусветнай  вайны. А. М. Некрыч згадваў, што ў  1964 г. рукапіс яго знакамітай кнігі “1941. 22 чэрвеня” прайшоў пяць цэнзурных фільтраў: Галоўліт СССР, Міністэрства абароны СССР, КДБ СССР, МЗС СССР і, нарэшце, аддзел навукі ЦК КПСС.[56] У 1950 г. Галоўліт вярнуў у Дзяржвыдат для перапрацоўкі манаграфію намесніка дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР І. С. Краўчанкі “Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.[57] У 1959 г. з другога выпуску “Зборніка навуковых прац” АН БССР знялі артыкул, прысвечаны органам савецкай улады на акупаванай тэрыторыі Беларусі, за тое, што падпольныя партыйныя органы атаясамліваліся ў ім з надзвычайнымі органамі савецкай улады.[58] 16 верасня таго ж года начальнік Галоўліта БССР Л. В. Садоўскі накіраваў абллітам загад, які забараняў ім самастойна даваць дазвол на друк любых матэрыялаў па гісторыі мінскага падполля.[59]

Праз сіта савецкай цэнзуры  праходзілі далёка не ўсе матэрыялы  палявых этнаграфічных даследаванняў. Прыкладам гэтаму можа служыць зняцце ў 1958 г. з першага тома “Прац Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору АН БССР” тэкставых і лічбавых дадзеных, якія няправільна адлюстроўвалі побыт беларускіх калгаснікаў у пасляваенны час (“сяляне нібыта ўдарыліся ў містыку, моладзь распуснічае”).[60]

Зонай павышанай увагі  цэнзараў былі працы па гісторыі літаратуры, шчыльна знітаваныя з гісторыяй  усяго соцыюму. На старонкі твораў літаратуразнаўцаў  час ад часу траплялі факты, постаці, ацэнкі беларускай гісторыі, на ўзроўні  падсвядомасці табуяваныя ў тагачасных беларускіх гісторыкаў. У 1947 г. шэраг “палітычна шкодных фармулёвак” быў зняты з артыкула В. Таўлая, дасланага рэдакцыяй часопіса “Полымя”. У прыватнасці, “аўтар ідэалізаваў ролю нацдэмаўскай арганізацыі “Беларуская грамада” ў Заходняй Беларусі”.[61]

Не менш шкодныя думкі  ў 1975 г. выказаў выкладчык БДУ С. Н. Чубакоў у сваёй манаграфіі “Слова і зброя. Да праблемы антываеннай традыцыі ў рускай класічнай літаратуры”, дзе сцвярджалася, што бесперапынныя войны пераўтварылі рускіх у ваенную нацыю, а тэрыторыя Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны была арэнай барацьбы Расіі с Захадам.[62]

У 1978 г. выдавецтву БДУ вярнулі гранкі хрэстаматыі “Беларуская літаратура ХІХ – пачатку ХХ ст.”, укладзенай С. Х. і В. С. Александровіч. Гэтае рашэнне Галоўліта было выклікана тым, што ў працы “…адсутнічала ацэнка дзейнасці эсэра А. Гаруна, перабольшвалася роля рэдактара “Нашай нівы” А. Уласава і нацыяналіста В. Ластоўскага”.[63]

У 1983 г. з-за непажаданых экскурсаў у мінуўшчыну пад цэнзарскія нажніцы трапіла інтэр’вью А. Адамовіча, што рыхтавалася да друку ў кнізе А. Шабаліна “Дыялогі аб маралі”. У наступным годзе па тых жа прычынах цэнзар затрымаў артыкул А. Мальдзіса “У Англіі пра Беларусь”, уключаны рэдакцыяй выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў зборнік “Далягляды”.[64]

Гістарычнай экспертызе падлягалі  і школьныя падручнікі па літаратуры. У 1949 г. была забаронена да друку казка “Палешукі і палевікі” з падручніка “Родная літаратура” для 7-га класа “як скажаючая гістарычную праўду”.[65]

Жорткаму цэнзураванню падлягала  ўся мемуарная літаратура. Напрыклад, успаміны артысткі і педагога П. Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця” з’явіліся ў  1959 г. у сёмым нумары часопіса “Полымя” без наступнага абзаца: “У Жорнаўцы добра ведаюць князя Мікалая. Насуперак жонцы ён загадаў пабудаваць новыя дамы для сваіх парабкаў. Ніколі нічым не крыўдзіў мужыкоў, сябраваў з імі, нярэдка заходзіў у іх хаты на размову і на келіх гарэлкі. І сам ён нічым не адрозніваўся ад мужыкоў. Размаўляў толькі па-беларуску, апранаўся ў даматканую вопратку, а ўзімку – у кажух, на нагах – простыя боты альбо валёнкі, выязджаў заўсёды ў санях. Суседзяў-папоў не любіў і з імі не сябраваў”.[66] Гэта абзац быў зняты, таму што цэнзар угледзеў у ім “ідэалізацыю князя Радзівіла”, “лакіроўку гістарычнай рэчаіснасці”.[67] У 1976 г. выдавецтва “Беларусь” пагадзілася з патрабаваннем цэнзуры зняць главу “Курс на суцэльную калектывізацыю” з кнігі М. Ф. Губскага “Незабыўнае”, дзе сцвярджалася, што найбольш эфектыўнымі метадамі пры арганізацыі калгасаў на Міншчыне былі метады прымусу і пагрозы раскулачвання і ссылкі.[68]

Галоўліт БССР усталяваў  жорсткі ідэалагічны кантроль за асноўнымі каналамі распаўсюджвання  гістарычнай веды – бібліятэкамі і музеямі. Спецыяльна выдзеленыя для  гэтай працы цэнзары перыядычна правяралі змест бібліятэчных сховішчаў  з мэтай выдалення ў спецсховы  альбо знішчэння непажаданых  кніг і гістарычных першакрыніц. Напрыклад, неўзабаве пасля ўзнаўлення ў 1955 г. па ініцыятве М. С. Хрушчова адносін паміж СССР і Югаславіяй цэнзура загадала выдаліць з бібліятэк брашуру археолага В. Р. Тарасенкі “Паходжанне хрысціянства” (Мінск, 1952), у якой І. Броз Тыта быў названы “верным сынам каталіцкай царквы”. Цэнзары “прымалі” кожную новую стацыянарную музейную экспазіцыю і часовую выставу, а таксама прыбіралі з кніг водгукаў музеяў “палітычна шкодныя” запісы наведвальнікаў.

У другой палове 1980-х г. у БССР пачаўся перагляд падзей і канцэпцый далёкай і блізкай гісторыі – Вялікага княства Літоўскага, Кастрычніцкай рэвалюцыі, НЭПа, індустрыялізацыі, калектывізацыі, рэпрэсій. Адпаведна змяніліся сутнасць і характар претэнзій Галоўліта БССР да гісторыкаў. Напрыклад, у 1987 г. у чацьвёртым томе акадэмічнага выдання “Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР”, падрыхтаванага выдавецтвам “Навука і тэхніка” не былі дазволены да друку толькі звесткі пра аб’ёмы фінансавання вытворчасці вылічальнай тэхнікі. Тады ж з брашуры Г. У. Карзенкі і В. В. Сафонавай “Навукова-арганізацыйнае развіццё АН БССР” прыбралі звесткі пра выкананне навукоўцамі работ абароннага характару.[69]

Такім чынам, ва ўмовах суворых  цэнзурных абмежаванняў у 1943– 1991 г. беларускія савецкія гісторыкі маглі абіраць паміж адкрытым ці схаваным супрацівам (як гэта рабіў, напрыклад, М. І. Ермаловіч, вырабляючы самвыдатаўскія версіі ўласных гістарычных твораў), маўчаннем, унутранай эміграцыяй (як гэта рабілі, напрыклад, прыватныя калекцыянеры, некаторыя з якіх валодалі ўнікальнымі ведамі па гісторыі матэрыяльнай культуры) або сэрвілізмам, прынамсі, самацэнзурай (чым займалася абсалютная большасць тагачасных дзейных гісторыкаў). У рэальным жыцці ўсе гэтыя тры лініі паводзінаў аб’ядноўваліся, спляталіся ў разнастайныя, няверагодныя камбінацыі. Вялікі тэрор 1930-х г. значна спрасціў працу Галоўліта БССР у разглядаемы час. Пасля знішчэння ліберальнага, рэлігійнага, а потым і ўнутрыпартыйнага апазіцыйнага гістарычнага тэксту перад цэнзарамі галоўным чынам стаяла задача падпраўлення кананічнай партыйнай інтэрпрэтацыі мінуўшчыны.

Разам з прыгожым пісьменствам, журналістыкай, іншымі гуманітарнымі  навукамі, гісторыя стала адной з  галоўных ахвяр сістэмы савецкай палітычнай цэнзуры. Яна сфармавала ў беларускіх гісторыкаў цэнзурную  ментальнасць (самацэнзуру), якая выключала  з поля іх зроку цэлыя пласты нацыянальнай і сусветнай культуры. Першапачаткова пад прымусам, а потым ужо агрэсіўна-дабраахвотна прадстаўнікі беларускага савецкага  гістарычнага цэха стваралі ўтапічную  прастору, закрытую ад навакольнага свету  і ад саміх сябе. Галасы іншадумцаў ізноў былі пачуты грамадствам толькі ў другой палове 1980-х г.


[1] Герасiмаў В. М. Гiсторыя цэнзуры друку на Беларусi: стагоддзе за стагоддзем // Матэрыялы першых кнiгазнаўчых чытанняў (Мiнск, 15 верасня 1998 г.). Мінск, 2000. С. 23–34; Гужалоўскі А. А. Палітычны кантроль радыёвяшчання ў БССР // Абажур. 2009. № 3. С. 18–23; Яго ж. Чысткі фондаў бібліятэк БССР у 1919–1941 г. // Здабыткі. Дакументальныя помнікі на Беларусі / НББ; скл. Л. Г. Кірухіна, К. В. Суша. Мінск, 2009. С. 245–267; Яго ж. Палітычны кантроль перыядычнага друку ў БССР у 1920–30-я гады // Абажур. 2010. № 5 (87). С. 29–33; 2011. № 2 (89). С. 17–23; Яго ж. Чырвоны аловак, або пад пільным вокам // Літаратура і мастацтва. 2010. № 50. 17 снежня. С. 11.; 2011. № 2. 14 студзеня. С. 11.; 2011. № 8. 25 лютага. С. 11; Яго ж. Палітычны кантроль выдавецкай дзейнасці ў БССР у 1920–1930-я г. // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршак (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск, 2010. С. 29–37; Матох В. БССР у 1920-я г.: усталяванне татальнай цэнзуры і ідэалагічнага кантролю // Arche. 2009. № 1–2. С. 249–273; Яго ж. Дзейнасць Галоўліта БССР у 1920-я гады // Беларускі гістарычны часопіс. 2008. № 6. С. 13–20; Яго ж. Цензура в БССР // Абажур. 2007. № 7–8 (62–63). С. 44–47; Осинская С. А. Цензура на страже советской власти в Беларуси // 90 лет истории белорусской государственности. Тезисы докладов научно-теоретической конференции. Минск. 23 дек. 2008 г. / редкол.: А. Н. Алпеев [и др.]. Минск, 2009. С. 108–116; Протько Т. С. Система политической цензуры в Белоруссии 20-х – 30-х годов // На подступах к спецхрану (Труды межрегиональной научно-практической конференции «Свобода научной информации и охрана государственной тайны: прошлое, настоящее, будущее», 24–26 сентября 1991 г. / редкол.: Л. Я. Боркин [и др.]. Спб., 1995. С. 55–64; Пурышева Н. М. Становление и деятельность органов литературной цензуры в БССР в 1920-х г. // Куляшоўскія чытанні: Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай  канферэнцыі, 26–27 красавіка 2007 г. Магілёў, 2007. С. 222–224; Сумко А. В. Дзейнасць Галоўнага ўпраўлення па справах выдавецтваў БССР (1922–1941 г.) // Вестник Полоцкого государственного университета: научно-теоретическій ежемесячный журнал. Серия А, Гуманитарные науки. 2005. № 1. С. 67–71; Яе ж. Источники по истории советской цензуры в БССР 1920–1930-х г. в архивах Беларуси // Архiвы i справаводства. 2004. № 4. С. 99–102.
[2] Крывашэй Зм. Будні “літаратурных работнікаў”. Пастаноўка цэнзарскай працы ў пасляваеннай беларускай правінцыі (на прыкладе Пінскай вобласці. 1951–1953 г.) // Arche. 2011. № 10 (109). С. 86–96; Ракашевич В. К. Главлит БССР (1923–1991) // Беларускi археаграфiчны штогоднiк. Вып. 1. Мінск, 2000. С. 178–189.
[3] Горяева Т. М. Политическая цензура в СССР. 1917–1991. Москва, 2002. С. 295.
[4] Тамсама. С. 312.
[5] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 72, арк. 24–30.
[6] НАРБ, ф. 4п, воп. 81, спр. 1454, арк. 55.
[7] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 89, арк. 2.
[8] НАРБ, ф. 4п, воп. 81, спр. 1693, арк. 18.
[9] Паводле меркаванняў расійскіх гісторыкаў, М. С. Хрушчоў увогуле планаваў скасаваць палітычную цэнзуру і даручыў загадчыку аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС Л. Ф. Іллічову падрыхтаваць адпаведны дакумент.
[10] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 86, арк. 1.
[11] Тамсама, спр. 123, арк. 1.
[12] НАРБ, ф. 4п, воп. 119, спр. 2, арк. 14–15.
[13] Тамсама, ф. 1195, воп. 1, спр. 167, арк. 10.
[14] Тамсама, спр. 190, арк. 10.
[15] НАРБ, ф. 4п, воп. 81, спр. 2358, арк. 98.
[16] Дадзіёмава Феня Ісакаўна (1906–1991) – нарадзілася ў мястэчку Ветка Гомельскага павета, адукацыя – вышэйшая, член КПСС з 1930 г. З сям’і шаўца-адзіночкі. У 1937 г. скончыла Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. У другой палове 1930-х г. працавала намеснікам начальніка Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. У 1941–1943 г. – інструктарам райкама партыі ў г. Чкалаўск. У 1943–1951 г. узначальвала Галоўліт БССР. Пасля сыходу з Галоўліта займала розныя пасады ў выдавецтве “Народная асвета” у Мінску. З 1956 г. – на пенсіі.
[17] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 14, арк. 4.
[18] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 231, арк. 234–237.
[19] НАРБ, воп. 81, спр. 86, арк. 19–21.
[20] НАРБ, воп. 47, спр. 164, арк. 407.
[21] Тамсама, спр. 21, арк. 2.
[22] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 289, арк. 37–48.
[23] Садоўскі Леанід Васільевіч (1912–1980) – нарадзіўся ў в. Арлея Полацкага павета, адукацыя сярэдняя, член КПСС з 1932 г. З сям’і шаўца-адзіночкі. У 1931 г. скончыў школу калгаснай моладзі на станцыі Лоўша Сіроцінскага раёна, у тым жа годе – курсы працаўнікоў друку пры ЦК КП(б)Б, у 1936 – два курсы (завочна) Мінскага інстытута журналістыкі. У 1930-я г. працаваў у лепельскай раённай газеце “Калгасная праўда”, у 1938–1940 г. – карэспандэнт газеты “Праўда” па БССР, у 1940–1941 г. – сакратар Лапскага (Беластоцкая вобласць) райкама КП(б)Б. У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай арміі ў якасці палітработніка і рэдактара газеты. З 1946 па 1948 г. – у апараце ЦК КП(б)Б. У 1948 – 1951 г. – намеснік старшыні Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў. З 1951 г. па 1962 г. узначальваў Галоўліт БССР.
[24] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 38, арк. 5.
[25] НАРБ, воп. 2, спр. 88, арк. 28–29.
[26] Маркевіч Аляксандр Антонавіч (1923–1992) – нарадзіўся ў Полацку, адукацыя вышэйшая, член КПСС з 1944 г. З сям’і рабочых. Скончыў сярэднюю школу ў Полацку, у 1948 г. – Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, у 1953 г. – журфак БДУ (завочна). У 1940–1941 г. працаваў культработнікам на цагляным заводзе. У 1942–1945 г. служыў у Савецкай арміі на камандных пасадах. У выніку цяжкага ранення ампуціравана нага. У 1948–1950 г. працаваў інструктарам аддзела прапаганды ЦК ЛКСМБ, у 1950–1955 г. – намеснікам рэдактара газеты “Сталінская моладзь”, у 1955–1962 г. – рэдактарам газеты “Чырвоная змена”. З 1962 па 1988 г. узначальваў Галоўліт БССР.
[27] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 80, арк. 2.
[28] Тамсама, ф. 4п, воп. 81, спр. 2409, арк. 13.
[29] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 182, арк. 13–16.
[30] Лазоўская Анна Сцяпанаўна – нарадзілася ў 1934 г. у в. Гарошкі Мінскага раёна, адукацыя вышэйшая, член КПСС з 1963 г. З сям’і сялян. У 1959 г. скончыла журфак БДУ, у 1967 – Мінскую вышэйшую партыйную школу. Пасля заканчэння БДУ працавала рэдактарам лунінецкай раённай газеты “Авангард”, з 1961 па 1970 г. – рэдактарам Віцебскай студыі тэлебачання, у 1970–1972 г. – загадчыкам сектара друку Віцебскага абкама КПБ, з 1972 па 1988 г. – у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ (інструктар, загадчык сектара, намеснік загадчыка аддзела). У 1988–1991 г. узначальвала Галоўліт БССР.
[31] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 191, арк. 4–5.
[32] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 59, арк. 43–66.
[33] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 231, арк. 241.
[34] НАРБ, ф. 4п, воп. 47, спр. 231, арк. 242.
[35] Тамсама, ф. 1195, воп. 2, спр. 55, арк. 33.
[36] Тамсама, воп. 1, спр. 36, арк. 7–8.
[37] Тамсама, спр. 32, арк. 14.
[38] Тамсама, ф. 1195, воп. 2, спр. 89, арк. 2.
[39] Тамсама, воп. 1, спр. 182, арк. 7.
[40] Тамсама, спр. 194, арк. 7–10.
[41] Тамсама, спр. 144, арк. 3–5.
[42] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 186, арк. 4.
[43] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 84, арк. 84.
[44] Силантьев Б. А. 20 лет в Главлите // 7 дней. 2003. 11 янв., 8 февр.
[45] НАРБ, ф. 4п, воп. 47, спр. 84, арк. 80–83.
[46] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 2, арк. 1.
[47] Тамсама, спр. 14, арк. 47.
[48] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 231, арк. 247–248.
[49] Вытокі гістарычнай навукі ў БДУ: Зб. Навук. Артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гіст. фак. БДУ / Пад рэд. А. А. Яноўскага. Мінск, 2005. С. 5.
[50] НАРБ, ф. 4п, воп. 47, спр. 516, арк. 75.
[51] Тамсама, ф. 1195, воп. 1, спр. 123, арк. 6.
[52] Тамсама, спр. 182, арк. 5.
[53] Тамсама.
[54] НАРБ, ф. 4п, воп. 47, спр. 641, арк. 20.
[55] Тамсама, ф. 1195, воп. 1, спр. 123, арк. 4.
[56] Некрич А. Отрешись от страха // Нева. 1995. № 6. С. 139–160.
[57] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 27, арк. 28.
[58] Тамсама, спр. 81, арк. 13–14.
[59] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 78, арк. 48.
[60] Тамсама, спр. 75, арк. 13.
[61] Тамсама, спр. 14, арк. 47.
[62] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 647, арк. 103.
[63] Тамсама, ф. 1195, воп. 1, спр. 123, арк. 8.
[64] Тамсама, спр. 182, арк. 5.
[65] Тамсама, ф. 1195, воп. 1, спр. 182, арк. 5.
[66] Аўтар апісвае тут сваё настаўніцтва ў беларускай школе, адкрытай у 1917 г. у в. Жорнаўка дзеячом беларускага культурнага руху і мецэнаткай Марыяй Магдаленай Радзівіл, жонкай вайскоўца і філантропа Вацлава Мікалая Радзівіла.
[67] НАРБ, ф. 1195, воп. 2, спр. 78, арк. 56.
[68] Тамсама, ф. 4п, воп. 47, спр. 647, арк. 103.
[69] НАРБ, ф. 1195, воп. 1, спр. 194, арк. 14.

Наверх

Тэгі: ,