БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ГАРДЗЕЕЎ, ЮРЫ.Тапанімія старажытнай Гародні (ХІІ–ХVІІІ стст.). Гародня, 2013. 189 с. (серыя “Гарадзенская бібліятэка”)


У 22 томе БГА (2015)
Інтэнсіўнае развіццё ў апошнія дзесяцігоддзі беларускай анамастыкі ў значнай ступені дазволіла паглыбіць яе тэарэтычныя асновы, пашырыць праблематыку і фактычную базу, удакладніць прынцыпы і метады даследавання. З’явілася вялікая колькасць работ, прысвечаных рознааспектнаму вывучэнню тапонімаў асобных рэгіёнаў і асобных населеных пунктаў. Але пры ўсім багацці і разнастайнасці прац па беларускай тапаніміцы комплексныя даследаванні, у якіх раскрывалася б дынаміка тапанімічнай прасторы сучаснага беларускага горада ў яе сувязі з грамадска-палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі, культурнымі і прыродна-геаграфічнымі рэаліямі, да цяперашняга часу не атрымалі сістэмнага і шырокага навуковага асвятлення. Большасць беларускіх тапанімічных даследаванняў адлюстроўвае сінхронны стан тапанімічных сістэм. Аднак сінхранія – гэта толькі адзін зрэз, які паказвае статычны стан сучасных найменняў, іх узаемную сувязь і абумоўленасць. Сінхранія не можа адказаць, як, калі і чаму склалася тая ці іншая сістэма або асобныя яе звёны, якія змяненні ўласныя назвы перажылі ў сваім развіцці. Для высвятлення ці хаця б гіпатэтычнага вызначэння агульнай тапанімічнай карціны той ці іншай этнічнай супольнасці або пэўнага населенага пункта неабходна глыбіннае асэнсаванне матэрыялу, што складае задачу гістарычнай тапанімікі. Назіранні над матэрыялам гістарычных дакументаў дазваляюць тапанімісту рабіць вывады пра тыповасць пэўных мадэляў у тую ці іншую эпоху, пра іх сувязь з гістарычнымі абставінамі. Пры гэтым абавязковая ўмова пры вывучэнні тапаніміі – выкарыстанне звестак розных навук (гісторыі, геаграфіі, мовазнаўства, этнаграфіі, археалогіі, этналогіі і інш.), што абумоўлена міждысцыплінарным характарам уласных геаграфічных назваў. У сувязі з гэтым манаграфія Юрыя Гардзеева “Тапанімія старажытнай Гародні (XII–XVIII стст.)” надзвычай актуальная, у ёй упершыню ў Беларусі прасочваецца гісторыя ўзнікнення, развіцця і трансфармацыі тапанімічнай сістэмы Гародні на вялікім храналагічным адрэзку – ад перыяду Сярэднявечча да Новага часу. Кніга структуравана ў адпаведнасці з задумай аўтара максімальна поўна ахапіць уласныя назвы ўсіх асноўных аб’ектаў, што ўтвараюць унутрыгарадскую прастору Гародні. У сувязі з гэтым у асобныя раздзелы вылучаны праблемы паходжання назвы Гродна, найменняў гарадскіх водных аб’ектаў, значная ўвага аддаецца пытанням узнікнення і эвалюцыі назваў гарадскіх вуліц, кварталаў, плошчаў, рынкаў, культавых аб’ектаў, якія выступаюць неад’емнай часткай анамастычнай прасторы горада, разглядаюцца таксама назвы зямельных надзелаў і агародаў, іншых дробных фізіка-геаграфічных аб’ектаў. Значнае месца адведзена аналізу ўрбанонімаў як лінгвістычных адзінак і гісторыка-культурных помнікаў.

Правільная тэарэтычная арыентацыя, прадуманая сістэма метадычных прыёмаў, прыцягненне да аналізу масавага фактычнага матэрыялу дазволілі аўтару забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць вывадаў. Метадалогія даследавання базуецца на гісторыка-генетычным метадзе, у аснове якога ляжыць выяўленне, збор і сістэматызацыя крыніц з далейшым правядзеннем аналізу. З дапамогай параўнальна-гістарычнага метаду раскрываюцца заканамернасці фармавання, функцыянавання і развіцця ўрбананімічнай сістэмы горада, выяўляюцца адметныя рысы гарадской тапанімікі, праводзіцца тыпалогія і сістэматызацыя ўласных найменняў паводле іх сутнасна-змястоўнай прыроды. Выкарыстанне стратыграфічнага метаду дазваляе раскрыць паходжанне ўласных імёнаў унутрыгарадскіх аб’ектаў, паказаць іх паслядоўнае развіццё ў часе і прасторы.

Абгрунтаванасць і верагоднасць асноўных вынікаў даследавання забяспечаны ўсебаковым аналізам фактычнага матэрыялу, сабранага аўтарам з розных крыніц. Вучоны шырока выкарыстоўвае сярэднявечныя летапісы і ордэнскія хронікі XII–XIV ст., што дазваляе выявіць пачатковыя, найбольш старажытныя формы гарадскіх тапонімаў. Вялікую каштоўнасць уяўляюць помнікі справавой пісьменнасці: запісы актавых кніг магістрата і судовых устаноў Гарадзенскага павета XVI–XVIII ст., а таксама Літоўскай метрыкі, гарадскія інвентары ці рэвізіі, перапісы насельніцтва, падатковыя тарыфы. Выбраныя аўтарам крыніцы змяшчаюць вялікі тапанімічны матэрыял, дакладна датаваны і тэрытарыяльна лакалізаваны. Акрамя таго, справавыя дакументы, асабліва пагадненні, заключаныя паміж прыватнымі асобамі, адлюстроўваюць найбольш аб’ектыўныя формы назваў. Як слушна заўважае Юры Гардзееў, уносячы ў кнігі акты куплі і продажу нерухомай маёмасці, пісары былі абавязаны як мага дакладней вызначаць канкрэтную прывязку гарадской сядзібы ў прасторы. Гравюры і легенды картаграфічных крыніц таксама змяшчаюць важныя звесткі.

У манаграфіі закранаецца праблема паходжання назвы горада Гродна. Гэтая праблема неаднаразова станавілася аб’ектам даследавання мовазнаўцаў (К. Буга, П. Вэкслер, А. Жураўскі, В. Лемцюгова, М. Ціхаміраў), географаў (В. Жучкевіч), археолагаў (Г. Штыхаў, П. Лысенка). Аўтар манаграфіі ўпершыню паспрабаваў сістэматызаваць розныя версіі ў святле дзвюх актуальных канцэпцый – балцкай і славянскай. На канкрэтным гістарычным матэрыяле ён прасачыў дынаміку назвы ад часоў першага яе ўпамінання ў пачатку XII ст. да канца XVIII ст. З апорай на звесткі старажытнарускіх летапісаў, Метрык ВКЛ, радзівілаўскай архіўнай спадчыны Юры Гардзееў разгледзеў асноўныя этапы трансфармацыі тапоніма ад першапачатковай формы Городенъ да Городно, а затым і да сучаснай – Гродна. Аналіз крыніц дазволіў вучонаму зрабіць важную выснову, што ўжо ў XIII ст. спрадвечная назва Городенъ зазнала змены, выкліканыя ў першую чаргу моўнымі працэсамі той пары. Менавіта ў гэты перыяд фіксуецца поўнагалосная форма Городно. Няпоўнагалосны варыянт (Гродно) – вынік, як слушна адзначае аўтар кнігі, уплыву лацінскамоўных і польскамоўных крыніц XIV–XV ст. Разам з тым цяжка пагадзіцца з меркаваннем, што рэдукаваны ъ (некаторыя даследчыкі ўвогуле выказваюць меркаванне, што ў гэтай гістарычнай назве пачаткова на канцы быў рэдукаваны верхняй зоны ўтварэння (ь) – Городень), мог пераўтварыцца ў поўны галосны о.

Вялікую цікавасць выклікаюць прыведзеныя ў кнізе ўжыванні наймення горада ў рускім справаводстве XVII–XVIII ст., а таксама ў сярэднявечных скандынаўскіх геаграфічных помніках (здагадкі) і ордэнскіх хроніках. Абраныя Юрыем Гардзеевым метадалагічныя падыходы даследавання дазваляюць атрымаць поўнае, цэласнае ўяўленне пра змены, што адбываліся з назвай горада на працягу сямісот гадоў.

Назвы рэк звычайна ў сваіх асновах змяшчаюць архаічныя элементы, якія з вялікай цяжкасцю паддаюцца расшыфроўцы з пазіцый сучаснасці. Рака Нёман, што адыгрывала першаступенную ролю ў жыцці Гродна, не выключэнне. Раскрыццё этымалогіі яе назвы адбывалася ў рэчышчы дыскусій прыхільнікаў балцкай (А. Качубінскі), фіна-ўгорскай (Т. Лер-Сплавінскі), балта-фінскай (В. Жучкевіч), славянскіх (Я. Карскі, К. Машыньскі) і нават кельцкай (А. Шахматаў) гіпотэз. У кнізе прыводзяцца цікавыя факты навуковай палемікі адносна паходжання назвы Нёман. Сам аўтар схіляецца да думкі, што раскрыццё пытання этымалогіі наймення Нёман можа знаходзіцца ў карэляцыі з рэканструкцыяй эвалюцыі этнічных працэсаў. І гэта бясспрэчна. Супастаўленне лінгвістычнага і археалагічнага матэрыялу дазваляе лічыць больш праўдападобным балцкае або фіна-ўгорскае паходжанне гідроніма. Для многіх чытачоў сапраўдным адкрыццём могуць стаць факты, якія сведчаць, што ў старажытныя часы рака мела іншыя назвы. У антычныя часы для ракі выкарыстоўвалася грэцкая назва Chronon (Chronos), у нямецкамоўных сярэднявечных крыніцах – Memel, Memere і яго шматлікія дэрываты. На старонках манаграфіі прыводзяцца спробы высветліць этымалогію антычнай назвы Хрон, зробленыя Адамам Нарушэвічам, Паўлам Шафарыкам, Любарам Нідэрле. Аўтару ўдалося паказаць паступовы пераход ад антычных геаграфічных уяўленняў да картаграфічнай навукі новага часу, што адлюстравалася на суіснаванні розных найменняў ракі. Вялікую цікавасць чытача могуць выклікаць прыведзеныя ў кнізе ілюстрацыі, якія дэманструюць ужыванне назваў ракі ў розных картаграфічных крыніцах: на карце 1540 г., карце Анджэя Пагробкі 1570 г., на Радзівілаўскай карце 1613 г., на карце Каспра Хенебергера 1625 г. Разгляд асноўных картаграфічных крыніц дазволіў даследчыку прасачыць працэс іменавання Нёмана ў XV–XVIII ст. і вылучыць найбольш распаўсюджаныя гідранімічныя ўтварэнні, а таксама паказаць дынаміку выпрацоўкі сучаснай формы назвы.

Абсалютна слушнай падаецца версія аўтара манаграфіі адносна ўтварэння першапачатковай назвы прытока Нёмана – Гарадніца – ад асновы айконіма і прадуктыўнага старажытнаславянскага тапанімічнага фарманта -іц(а).

У манаграфіі значнае месца адведзена даследаванню этапаў развіцця гарадзенскай урбананіміі. Праца даследчыка па высвятленні эвалюцыі ўрбананімічнай сістэмы ў вялікай ступені была ўскладнена адсутнасцю пісьмовых крыніц ранняга перыяду. Разам з тым аўтар зрабіў спробу развіць ідэі сваіх папярэднікаў, зыходзячы з сучаснага ўзроўню ведаў правесці своеасаблівую рэканструкцыю планіровачнай сеткі горада XIII–XV ст. і вызначыць асноўныя спосабы намінацыі ўнутрыгарадскіх аб’ектаў. Галоўным аб’ектам даследавання сталі гадонімы (найменні лінейных аб’ектаў). Гэта катэгорыя ўласных імёнаў даволі часта зазнае змены, асабліва назвы вуліц, што абумоўлена іх вялікай залежнасцю ад палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі.

Дэталёвае вывучэнне пісьмовых крыніц XVI ст., у якіх зафіксавана комплексная інфармацыя пра гарадскі тапанімікон, дазволіла аўтару кнігі выявіць асаблівасці і заканамернасці станаўлення і развіцця ўрбананімічнай сістэмы. На гістарычным матэрыяле ў манаграфіі паказаны ўплыў “померы волок городенскихъ” на фармаванне назваў гарадскіх вуліц. Паказальна, што некаторыя назвы вуліц мелі ў той час апісальны характар, а гэта сведчыць пра жывую з’яву, пачатковы этап намінацыі лінейных аб’ектаў і незавершанасць намінацыйнага працэсу: ulica Wielka do mostku na Podole, ulica z boku Rynku Niemieckiego do ulicy Wileńskiej. Пачынаючы з XVI ст. засведчаны факты з’яўлення паралельных найменняў вуліц (ulica Płutnicka, на улицы Подолу, ulica Wielka Podolska), што дазваляе паглыбіць аналіз эвалюцыі гарадзенскай урбананіміі. Больш за тое, даследаванне магістрацкіх кніг і звестак з магнацкіх архіўных збораў дало магчымасць прасачыць працэс узнікнення новых гаданімічных утварэнняў і працэс паступовай выпрацоўкі сталай аднаслоўнай мадэлі найменавання.

Корпус шматлікіх крыніц XVIII ст., які ўключае актавыя кнігі магістрата, спісы ўладальнікаў сядзіб, тарыфы падымнага падатку, а таксама картаграфічны матэрыял, быў выкарыстаны аўтарам з мэтай падрабязнага апісання ўрбананімікону канкрэтнага храналагічнага зрэзу і выяўлення тыпалагічных асаблівасцей рэгіянальнай урбананімічнай сістэмы. Улік семантыкі і ўнутранай формы ўрбанонімаў дазволіў правесці семантычную класіфікацыю гадонімаў і агаронімаў і выявіць некалькі асноўных тыпаў найменняў: адайканімічныя гадонімы (назвы вуліц ад найменняў розных населеных пунктаў – вуліцы Kuźnicka, Nowodorska, Hornicka), адантрапанімічныя ўрбанонімы (намінацыі паводле імёнаў і прозвішчаў уладальнікаў нерухомай маёмасці – ulica Kalucińska, ulica która idzie mimo dom Jana Choynowskiego do wody), пасесіўныя гадонімы (назвы, звязаныя з імёнамі ўладальнікаў гарадскіх сядзіб – ulica Partykularna Plebańska zwana z ulicy Wileńskiej), этнатапонімы (Жидовская улица), гадонімы, утвораныя ад эклезіёнімаў (ulica od Niemna do cerkwi Czesnego Chrzesca), ландшафтныя гадонімы (ulica nad rowem Horodnicy), гідранімічныя гадонімы (uliczka od Niemna idąc do miasta) і інш. Праведзеная ў манаграфіі класіфікацыя дазваляе глыбей зразумець прынцыпы намінацыі ўнутрыгарадскіх абектаў і адкрывае новыя магчымасці для правядзення тыпалагічных даследаванняў на дыяхранічным зрэзе (параўнанне ўрбананімічных сістэм іншых старажытных гарадоў) і сінхранічным зрэзе (параўнанне старажытнага і сучаснага ўрбананімікону асобных гарадоў).

Даследаванне ўнутрыгарадской прасторы Гродна было б няпоўным без вывучэння назваў культавых збудаванняў (эклезіёнімаў), назваў гарадскіх кварталаў (харонімаў), назваў зямельных надзелаў (аграонімаў), межавых знакаў, уласных імёнаў будынкаў (айкадамонімаў), назваў дарог (драмонімаў), назваў узвышшаў (урбанааронімаў), назваў устаноў (эргонімаў), назваў месцаў пахавання (некронімаў), якія ў старажытныя часы выступалі асноўнымі, а часта і адзінымі адрасна-ідэнтыфікацыйнымі адзінкамі гарадской прасторы. Юры Гардзееў прыводзіць вялікую колькасць пазнавальных гістарычных фактаў і прыкладаў назваў згаданых аб’ектаў. Чытачу будзе цікава даведацца, што адна з найстаражытнейшых святынь горада – Фарны касцёл – напачатку не меў уласнай назвы. Слова фарны абазначала ‘парафіяльны’, з цягам часу агульная назва трансфармавалася ў імя ўласнае. Даследчык не толькі тлумачыць паходжанне кожнай назвы культавага прызначэння (царква Прачыстай Багародзіцы, касцёл св. Тройцы, касцёл Святога Духа, царква “Черного Хреста”, Васкрасенская царква, царква святых Барыса і Глеба на Каложы, царква св. Мікалая, касцёл Адшукання Святога Крыжа, кляштар бернардзінцаў), але і прасочвае ўсе змены ў назвах, падмацоўваючы прыкладамі з пісьмовых крыніц. Матэрыял кнігі дазваляе зразумець, што эклезіёнімы як састаўная частка ўрбананімнай лексікі маюць свае структурныя асаблівасці, свае прынцыпы намінацыі, аналіз якіх дазваляе лепш зразумець ментальнасць і светапогляд тагачасных жыхароў горада. На прыкладзе харонімаў аўтар паказвае працэс анімізацыі апелятыўнай лексікі і паступовы пераход агульных слоў, геаграфічных тэрмінаў у разрад уласных імёнаў. Вельмі паказальны ланцужок трансфармацый назвы падол: на подоли Чесного Креста (1564) – на Подоли, на Подоле (1564), Podoł (1668). Назвы гарадскіх месцаў пахавання, сабраныя ў кнізе з розных крыніц, – не толькі каштоўная крыніца маладаследаванай катэгорыі онімаў, але і крыніца прасторавай лакалізацыі старажытных могілак.

У кнізе закранаецца раней нікім не даследаваны клас анімічнай прасторы – юрыдыкі беларускіх гарадоў. Інвентары, падатковыя тарыфы і спісы ўладальнікаў сядзіб змяшчаюць багатую інфармацыю пра ўладальнікаў пасэсій. Мяркую, што ў сучасных даследчыкаў рэгіянальнай мікратапаніміі могуць выклікаць цікавасць шматлікія назвы агародаў, якія расшукаў аўтар выдання ў валочнай памеры 1560–1561 г. Матэрыял пра назвы аб’ектаў грамадскага прызначэння (корчмы і іншыя месцы баўлення часу і адпачынку) не толькі дазваляе рэканструяваць намінатыўнае аблічча старажытнага горада, але і адлюстроўвае лад жыцця яго насельніцтва.

Сёння перад беларускімі анамастамі стаіць надзвычай важная і надзённая праблема стандартызацыі розных катэгорый уласных імёнаў, у тым ліку і назваў унутрыгарадскіх аб’ектаў. Пры распрацоўцы крытэрыяў стандартызацыі нельга ігнараваць гістарычны матэрыял. Нягледзячы на тое, што працэс урбананімізацыі, па словах аўтара манаграфіі, працякаў стыхійна, вызначаўся адсутнасцю тапанімічнай кадыфікацыі, у той час існаваў пэўны канон, распаўсюджаны ў паўсядзённым побыце і замацаваны ў пісьмовых крыніцах. Перыяд XVI–XVIII ст. цікавы яшчэ і тым, што ў гэты час ішла выпрацоўка наменклатурнай тэрміналогіі, або так званых тэрмінаў-індыкатараў, геаграфічных апелятываў, якія характарызавалі гарадскую прастору. Паказальна, што станаўленне тэрміналагічнай базы праходзіла ў дзвюх моўных сістэмах: беларускамоўнай і польскамоўнай. Так, у кнізе прыводзяцца традыцыйныя польскамоўныя тэрміны, што ўжываліся адносна аб’ектаў нерухомасці (plac, dom, grunt, kamianica, mur) і старабеларускія паняцці (дом, двор, агарод).

Унутрыгарадскія найменні разнастайныя не толькі па часе ўзнікнення, моўнай прыналежнасці, лексічнай аснове, але і па структуры. У манаграфіі Юрыя Гардзеева выдзелены асноўныя структурныя тыпы гарадскіх урбанонімаў, адзначана іх прадуктыўнасць, апісаны структурна-граматычныя мадэлі, адлюстраваны іх змены на розных храналагічных зрэзах. На прыкладзе назвы вуліцы Калюцінскай вельмі яскрава ілюструецца з’ява марфалагічнай трансфармацыі гадонімаў. Аднак нельга пагадзіцца з выказваннем аўтара, што “кожная з назваў мела адрозны корань (ваганне c – cz – ż: Kaluci – Kaluczy- / Kałucz – Kałuży- / Kałuża – Kalecz-), што сведчыць аб парушэнні першаснай матывіроўкі імя” (122). Гаворка ідзе ўсё-такі пра розныя формы адной назвы, з адным коранем. Прычыну змен галосных у корані варта было б звязаць з фанетыка-арфаграфічным вар’іраваннем, характэрным для тапаніміі XVI–XVIII ст.

Не раскрытым застаўся параграф кнігі, прысвечаны псіхалагічнаму ўспрыманню анімічнай прасторы. На гэтую праблему неабходна было б паглядзець з пазіцый кагнітывістыкі, што, зразумела, можа стаць тэмай асобнага даследавання. Хацелася б убачыць больш падрабязнае апісанне сацыялінгвістычнай сітуацыі тагачаснага горада і прааналізаваць, па магчымасці, уплыў на фармаванне і функцыянаванне ўрбанонімаў не толькі сродкаў афіцыйнага камунікавання – старабеларускай і польскай моў, але і ідышу, і іўрыту, а таксама нямецкай, італьянскай і французскай моў, якія гучалі ў тагачаснай Гародні. Упэўнены, што гэтая тэма яшчэ зацікавіць мовазнаўцаў і будзе раскрыта больш падрабязна.

Значна спрашчае ўспрыманне матэрыялу слоўнік тапанімічных тэрмінаў, змешчаны ў пачатку кнігі. Аднак спрэчным, на нашу думку, з’яўляецца азначэнне айконіма як тыпу ўрбаноніма. Айконім у класічным разуменні – гэта ўласная назва населенага пункта, тып тапоніма. Няпоўным, на наш погляд, падаецца і азначэнне тэрміна гідраайконім. Не зусім удалы і выраз тапанімічных назваў (39), паколькі слова тапанімічны ў сваім значэнні ўжо змяшчае слова назва.

Лагічным завяршэннем кнігі стаў аналіз урбананіміі як своеасаблівай знакавай сістэмы, у якой закадаваны звесткі пра ўнутрыгарадскі аб’ект і змешчана памяць культуры горада. Юрый Гардзееў сваім даследаваннем пацвердзіў, што тапонімы належаць да аднаго з галоўных захавальнікаў разнастайнай інфармацыі аб асваенні гарадской прасторы, рэльефе мясцовасці, этнаканфесійнай і прафесійнай структуры горада, антрапагенным уздзеянні на яго прастору. Кожны тапонім – своеасаблівы помнік гісторыка-культунай спадчыны, каштоўны матэрыял, які паказвае на працэс узаемадзеяння прасторы і соцыуму, а таксама моўнай плыні і гарадской культуры. Прыемна адзначыць, што даследчыку ўдалося разгадаць семантычны код сацыякультурнай прасторы горада, паказаць шырокую карціну ўнутрыгарадской рэчаіснасці і каштоўнасных уяўленняў соцыуму.

Выхад кнігі ў свет можна расцэньваць як знакавую падзею для беларускай анамастыкі. Упершыню выяўлены, сабраны і сістэматызаваны ўнікальны гістарычны ўрбананімікон, які не толькі адкрыў новыя старонкі гісторыі старажытнай Гародні, але і ў вялікай ступені ўзбагаціў нацыянальны тапанімічны фонд. Даследаванне Юрыя Гардзеева можа паслужыць узорам для далейшага вывучэння тапанімічнай прасторы іншых старажытных беларускіх паселішчаў, а таксама можа быць выкарыстана ў самых розных сферах: у краязнаўчай практыцы, пры распрацоўцы турыстычных маршрутаў, у вучэбным працэсе ВНУ і школ, пры складанні гістарычных карт і атласаў.

Мінск

Ігар Капылоў

Наверх

Тэгі: , ,