БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

«Dzieje, kultura i język Litwy» (Генадзь Семянчук)

Міжнародная літуаністычная канферэнцыя „Dzieje, kultura i język Litwy“

У 1998 г. адзначыла сваё 50–годдзе кафедра літоўскай філалогіі Познаньскага універсітэта імя Адама Міцкевіча (Польшча). Заснаваў яе ў 1948 г. прафесар Ян Атрэмбскі, а паспяхова працягваў справу праф. Чэслаў Кудзіноўскі. Менавіта з гэтай нагоды кафедра літоўскай філалогіі (кіраўнік праф. Міхал Гасюк) і аддзел гісторыі Усходняй Еўропы Інстытута Гісторыі (кіраўнік праф. Гжэгаж Блашчык) універсітэта імя Адама Міцкевіча арганізавалі ў Познані юбілейную навуковую сесію. Канферэнцыя мела міжнародны і інтэрдысцыплінарны характар. Удзел у ёй узялі гісторыкі, мовазнаўцы, літаратуразнаўцы і культуролагі з Польшчы, Літвы і Беларусі. Па–за пленарнымі пасяджэннямі праца праходзіла ў дзвюх секцыях — філалагічнай і гістарычнай. Першымі выступілі прафесары М.Гасюк і Г.Блашчык, якія паказалі гісторыю станаўлення, развіццё і сучасны стан вывучэння балцкай філалогіі, гісторыі і культуры народаў Літвы, Беларусі і Украіны (нашчадкаў ВКЛ) у Познані, адным з асноўных навуковых цэнтраў сучаснай Польшчы.

Тэматыка выступленняў на гістарычнай секцыі мела шырокі храналагічны дыяпазон ад ранняга Сярэднявечча да сучаснасці. Праблеме генезіса Вялікага Княства Літоўскага быў прысвечаны даклад Алеся Краўцэвіча (Горадня), балта–усходнеславянскім кантактам у Сярэднявеччы — Генадзя Семенчука (Горадня), генезіс гарадоў Літвы і іх роля ў грамадска–палітычным жыцці ВКЛ у перыяд позняга Сярэднявечча былі тэмай выступлення Зыгмантаса Кяўпы (Вільня). Ян Тэнгоўскі (Торунь), вядомы сваімі даследаваннямі па генеалогіі Гедымінавічаў, пераканальна даказаў, што Кейстут быў жанаты толькі адзін раз (на Біруце), а не двойчы, як часам падавалася ў літаратуры. Праф. Ежы Выразумскі (Кракаў) даў аналіз звестак пра ВКЛ у „Хроніцы“ Янка з Чарнкова, напісанай на пачатку 80–х г. XIV ст. Значэнню і месцу ў грамадска–палітычным жыцці ВКЛ у XIV–XVI ст. прадстаўнікоў дынастыі Гедымінавічаў, якія прынялі хрысціянства па праваслаўным абрадзе, прысвяціла сваё выступленне Мажэна Лідке (Беласток). На думку рэферэнта, хрысціянізацыя па праваслаўным абрадзе прадстаўнікоў кіраўнічай дынастыі не паўплывала моцна на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў ВКЛ, аднак гэта стрымала раннюю і хуткую паланізацыю шляхты ВКЛ. Лідзія Корчак (Кракаў) спынілася на праблеме адаптацыі польскіх дзяржаўных інстытутаў у палітычным жыціі ВКЛ на працягу XV ст., прыйшоўшы да высновы, што першапачаткова польскія ўзоры не прыжываліся ў чыстым выглядзе, а трансфармаваліся і дапаўняліся мясцовай спецыфікай. Пра фармаванне ўласнай інстытуцыі кліентэлы і яе ролі ў культурным і палітычным жыцці ВКЛ у XVI ст. гаварыла Юрата Кяўпене (Вільня). Цэнтральнае месца ва ўнутраным палітычным жыцці ВКЛ у другой палове XVI ст. займала барацьба паміж Радзівіламі і Хадкевічамі за дамінаванне ў дзяржаве. Грунтоўнае паведамленне на гэтую тэму зрабіў Томаш Кэмпа (Торунь). Стаўленню да ВКЛ у канцы XVIII ст. з боку паліцэйскіх уладаў Рэчы Паспалітай быў прысвечаны даклад Тадэвуша Срогаша (Чэнстахова). Яцэк Собчак (Познань) ахарактарызаваў палітычную сістэму сучаснай Літвы на агульнаеўрапейскім фоне.

Шэраг дакладаў быў прысвечаны сацыякультурным праблемам гісторыі ВКЛ. Дэманалогіі літоўцаў з іншымі балцкімі народамі ў кампаратыўным кантэксце было прысвечана выступленне Ігнацыя Рышарда Данка (Лодзь). На сімвалічнае значэнне дрэва ў літоўскіх казках звярнула ўвагу Эва Стрычыньска (Познань). Марыя Барбара Тапольска (Познань) закранула ў сваім дакладзе даволі складаную, але вельмі важную для гісторыі беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў праблему нацыянальнай свядомасці грамадзянаў ВКЛ у XVI–XVII ст., адзначыўшы інтэграцыйныя і дэзінтэграцыйныя фактары гэтага працэсу. Георгі Галенчанка (Менск) звярнуўся да перыяду гарачых палемік канца XVI — пачатку XVII ст. паміж праваслаўнымі, уніятамі і каталікамі на тэрыторыі ВКЛ, а менавіта да іхнай ацэнкі дзяржаўнага ладу гэтай дзяржавы. Пра культурны феномен Абрахама Кульвеця, літоўскага арганізатара школ у 30–40–х г. XVI ст., гаварыў Юозас Тумяліс (Вільня). Значэнню рэлігіі ў жыцці Януша Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага і ваяводы віленскага (1612–1655), прысвяціў сваё выступленне Генрых Візнер (Варшава). Геральдычна–генеалагічная творчасць Войцэха Віюка Каяловіча і яе рэцэпцыя ў гістарычнай навуцы XVII–XIX ст. былі тэмай даклада Марцэлія Антаневіча (Чэнстахова). Мецэнацкай дзейнасці Антонія Тызенгаўза прысвяціў свой даклад Артур Кіяс (Познань). Магілёў як цэнтр культуры ў XVII–XVIII ст. на тэрыторыі ВКЛ — тэма выступлення Станіслава Александровіча (Торунь). Параўнанню Вільні і Кракава, іх функцый як сталіц прысвяціў сваё выступленне Марцэлі Косман (Познань). Праблема літоўскай літаратуры ў ХIХ — пачатку ХХ ст. была паказана ў дакладах Мечыслава Яцкевіча (Ольштын) і Юзаса Гірдзяўскуса (Вільня).

Канферэнцыя прайшла на даволі высокім інтэлектуальным узроўні. Яна чарговы раз паказала, што Вялікае Княства Літоўскае займае цэнтральнае месца ў гісторыі беларускага, літоўскага, украінскага і нават польскага народаў. А актуальнасць вывучэння яго бясспрэчная. У той жа час пацвердзілася, што паміж літоўскай і беларускай гістарычнымі школамі існуюць яшчэ шматлікія дыскусійныя пытанні, а для польскіх калегаў характэрнае літуанафільства.

Генадзь Семянчук

Тэгі: