Марэк Фігура, Лукаш Стаськевіч. Помнік князю Альгерду ў Віцебску як элемент гістарычнай палітыкі Беларусі.
На працягу апошніх гадоў у гістарычнай палітыцы Беларусі можна заўважыць паступовыя змены. Усё часцей у ёй з’яўляюцца элементы, якія маюць дачыненне да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку да найбуйнейшых дзеячоў той эпохі. Вельмі важны кампанент такой палітыкі – стварэнне помнікаў у гонар нацыянальных герояў. І калі гаварыць пра будаўніцтва на Беларусі новых помнікаў, дык можна заўважыць пэўныя змены ў стаўленні да гэтага пытання з боку органаў улады. Яшчэ да нядаўняга часу ўшанаванне колішніх уладароў Вялікага Княства Літоўскага выглядала немагчымым ці малаімаверным. Ды нават і цяпер, нягледзячы на пэўныя змены ў гэтай сферы, такія спробы выклікаюць эмоцыі і дыскусіі. Адным з прадметаў такіх спрэчак стала асоба князя Альгерда.
Ідэя паставіць у цэнтры Віцебска помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду ўзнікла ў прадстаўнікоў гарадской адміністрацыі ў 2010 г. Помнік павінен быў стаць другім у свеце скульптурным увасабленнем гэтага манарха [1], а таксама адным з першых конных манументаў на Беларусі [2]. Ужо з самага пачатку гэтая ідэя выклікала шмат эмоцый і дыяметральна процілеглых меркаванняў. У стане праціўнікаў апынулася перш за ўсё частка рускай дыяспары, а ядром прыхільнікаў стала беларуская моладзь і некаторыя прадстаўнікі навукі. Згодна з сацыялагічным апытаннем, праведзеным сярод жыхароў Віцебска, амаль палова з іх, а менавіта 49%, падтрымлівалі ідэю ўсталявання помніка і толькі 12% былі супраць [3].
Каб паспрабаваць зразумець аргументы абодвух бакоў, варта спачатку бліжэй пазнаёміцца з постаццю князя Альгерда Гедымінавіча. Ён нарадзіўся каля 1303–1305 г. [4]. Быў сынам вялікага князя літоўскага Гедыміна і полацкай князёўны Еўны, а таксама братам Нарымонта (каля 1300–1348), Вітаўта (каля 1303–1336), Карыята-Міхаіла (каля 1306 – каля 1365) і Яўнута (каля 1306 – каля 1366).
У 1318 г. Альгерд ажаніўся з князёўнай Марыяй [5] – дачкой віцебскага князя Яраслава Васілевіча. Пасля яго смерці ў 1320 г., калі мужчынская лінія князёў згасла, Віцебскае княства адышло ў спадчыну дачцэ і сам Альгерд зрабіўся князем віцебскім. Так дзякуючы Альгердаваму шлюбу гэтая зямля стала пазней часткай Вялікага Княства Літоўскага, што асобна падкрэсліваецца ў беларускіх падручніках [6]. Пытанне наконт першай жонкі князя Альгерда было ўзнята Янам Тэнгоўскім у працы “Першае пакаленне Гедымінавічаў”. Ён паказаў, што ў “Радаводзе князёў віцебскіх” (які, на яго думку, не зусім дакладны) фігуруе Альгердава жонка пад імем Марыя. Але ў “Хроніцы Быхаўца” яна носіць імя Ганна – гэтак жа, як і ў Яўрэінаўскім летапісе [7]. Аўтар схільны лічыць, што ў апошнім выпадку гаворка ідзе пра другую жонку Альгерда –Юліянію Цвярскую [8]. На думку Яна Тэнгоўскага, з факта ўжывання двух імёнаў зусім не вынікае, што гэта былі дзве розныя асобы, – адно з гэтых імёнаў магло быць манаскім [9]. Ён таксама робіць выснову, што першая жонка Альгерда, з улікам яе хрысціянскага імя, павінна была паходзіць з праваслаўнага роду. Аднак, як ён сцвярджае, няма ўпэўненасці, што Марыя-Ганна была дачкой віцебскага князя Яраслава Васілевіча [10]. Тым не менш, большасць польскіх гісторыкаў, у тым ліку даўнейшых, накшталт Юзафа Вольфа, не падзяляюць сумненняў наконт першай Альгердавай жонкі. На думку таго ж Вольфа, ёю была акурат віцебская князёўна Марыя [11. Таго самага меркавання прытрымліваўся і Генрык Віснер, які адназначна сцвярджаў, што менавіта Марыя была першай жонкай князя [12].
Князь Альгерд пакінуў след у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага як неардынарны ўладар і палітык, здольны рэалістычна глядзець у будучыню і прадбачыць вынікі сваіх дзеянняў. Якраз дзякуючы ўменню дасягнуць паразумення з братам Кейстутам Альгерду ўдалося адхіліць ад улады князя-няўдачніка Яўнута і пазбегнуць феадальнай раздробленасці. Вялікім князем літоўскім Альгерд стаў у 1345 г. У першыя гады яго кіравання краіна заставалася пад вялікай пагрозай. У 1345–1348 г. ішлі баі з Тэўтонскім ордэнам, у 1349 г. палякі занялі Галіцкую Русь разам з Брэстам і Падляшшам, Залатая Арда ўхілялася ад уступлення ў кааліцыю з Альгердам супраць Масквы, а Пскоў і Вялікі Ноўгарад пачалі выходзіць з-пад уплыву ВКЛ [13]. Вялікім дасягненнем новага манарха было атрыманне згоды на ўтварэнне ў 1354 г. у Вялікім Княстве Літоўскім праваслаўнай мітраполіі. Дзякуючы гэтаму князь мог ажыццяўляць далейшую экспансію рускіх земляў і іх кансалідацыю, а таксама зменшыць уплыў Масквы. У час яго панавання да ВКЛ далучыліся многія з такіх земляў.
Дзяржава ў дзесяць разоў павялічыла тэрыторыю, уключыўшы ў свой склад частку абшараў, якія сёння належаць Беларусі і Украіне. Апрача таго, князь у перыяд свайго панавання арганізаваў тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372) [14]. Праўда, ніводзін з іх не стаў паспяховым. Тым не менш, гісторыкі лічаць князя Альгерда моцным уладаром, рукі якога не былі звязаны інтарэсамі іншых членаў дынастыі [15]. Ён памёр у 1377 г., пакінуўшы пасля сябе досыць магутную і тэрытарыяльна развітую дзяржаву.
Ідэя паставіць помнік князю знайшла станоўчы водгук шмат у каго з беларускай грамадскасці. Задума была падтрымана вялікай групай прыхільнікаў. Пры дапамозе інтэрнэт-СМІ яны спрабавалі прыцягнуць увагу тых, хто мог пазітыўна паўплываць на дзеянні гарадскіх уладаў, арганізаваўшы збор подпісаў пад петыцыяй на адрас віцебскіх уладаў, у якой выкладалася гэтая ідэя. У ёй сцвярджалася: “Князь Альгерд зрабіў вялікі ўнёсак у абарону Віцебска і Віцебскай зямлі, іх гістарычнае і культурнае развіццё, а таксама адыграў значную ролю ў гісторыі Беларусі. У сувязі з гэтым хацелася б выказаць упэўненасць, што помнік гэтаму гістарычнаму дзеячу толькі ўпрыгожыць наш Віцебск, паспрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзі, стане нагодай для гонару за горад з боку мясцовых жыхароў і ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь” [16].
Як можна бачыць, увага акцэнтавалася галоўным чынам на гістарычным значэнні князя Альгерда для Віцебшчыны, а таксама на сучасных аспектах патрыятычнага выхавання беларускай моладзі. Падтрымалі ідэю ўзвядзення помніка і некаторыя навукоўцы. Яны таксама падкрэслівалі ўнёсак князя ў развіццё беларускіх земляў. Паводле слоў Анатоля Дулава, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, якраз дзякуючы тэрытарыяльнай разбудове Вялікага Княства Літоўскага ў час панавання князя Альгерда беларускія землі занялі цэнтральнае становішча ў складзе гэтай дзяржавы, што, у сваю чаргу, паспрыяла развіццю іх эканомікі і культуры, умацавала афіцыйны статус старабеларускай мовы, а таксама дапамагло пашырыць у ВКЛ уплыў праваслаўнай царквы. Апроч таго, даследчык звяртае ўвагу на тое, што дзякуючы князю Альгерду ў ВКЛ была адноўлена асобная праваслаўная мітраполія [17], і гэта паспрыяла дасягненню большай аўтаноміі ад замежных уплываў. Важным аргументам для Анатоля Дулава выступае і тое, што князь Альгерд быў непасрэдна звязаны з самім Віцебскам праз шлюб з князёўнай Марыяй, а таксама праз яго ўклад у развіццё абарончых умацаванняў горада ў выглядзе цытадэльных сцен і мураванага замка – аднаго з першых на тэрыторыі ВКЛ. Да таго ж ён паспрыяў заснаванню Свята-Духавага манастыра і рамонту Дабравешчанскага храма.
Нягледзячы на гэтыя аргументы, ідэя будаўніцтва помніка выклікала рашучы пратэст у колах, звязаных з рускай меншасцю. Найбольш актыўнай групай, якая паспрабавала перашкодзіць ушанаванню памяці князя Альгерда, была віцебская грамадская арганізацыя “Рускі дом”. Як вынікае з яе статута, яна заклікана спрыяць развіццю рускай культуры і мовы, а таксама ўмацаванню дружбы паміж рускім і беларускім народамі [18]. У перыяд, калі разглядалася пытанне ўстаноўкі помніка, старшынёй арганізацыі быў Андрэй Герашчанка – дзеяч, вядомы сваімі антыбеларускімі выказваннямі, у якіх нярэдка ставілася пад сумненне існаванне самастойнага беларускага народа і беларускай мовы. Члены згаданай арганізацыі выказвалі меркаванне, што помнік князю Альгерду мог бы з’явіцца выключна ў комплексе з ушанаваннем Аляксандра Неўскага, а таксама легендарнай заснавальніцы Віцебска княгіні Вольгі. На такі варыянт, аднак, не давалі згоды гарадскія ўлады. Праціўнікі помніка звярталі ўвагу на тое, што ён можа спрычыніцца да значнага пагаршэння беларуска-расійскіх узаемаадносінаў, бо князь Альгерд –гэта дзеяч, не вельмі шанаваны ў Расіі з-за яго неаднаразовых ваенных паходаў на Маскву, а таксама з-за негатыўнага, на думку многіх, стаўлення да праваслаўных.
У якасці аргумента праціўнікі прыводзілі гісторыю смерці літоўскіх хрысціян, пазней абвешчаных святымі мучанікамі. Як сцвярджалася, яны былі закатаваны па загадзе самога князя Альгерда [19]. З гэтай прычыны помнік князю, паводле слоў праціўнікаў, непазбежна нанёс бы ўдар па праваслаўі і паставіў бы пад пагрозу агульную культурна- гістарычную прастору Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама спрычыніўся б да пагаршэння вобраза Беларусі.
Сам выбар месца для помніка побач са Свята-Уваскрэсенскай царквой, у разуменні яго праціўнікаў, быў правакацыйным і блюзнерскім.
Бачачы адсутнасць належнай рэакцыі на свае пратэсты з боку гарадскога выканаўчага камітэта Віцебска, праціўнікі ідэі ўстаноўкі помніка Альгерду двойчы звярнуліся з лістамі непасрэдна да прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі. У першых з гэтых лістоў, апублікаваным у траўні 2013 г., яны пісалі, што князь Альгерд быў “агрэсар івераадступнік, а таксама захопнік, які безупынна ваяваў з усімі суседзямі, разбураў гарады і забіваў мірных жыхароў. Як жорсткі ліхадзей Расіі запомніўся ён у рускай гісторыі. Нядобры страшны след пакінуў Альгерд і ў гісторыі хрысціянства. Праваслаўная царква ўшаноўвае памяць (27 красавіка) святых мучанікаў літоўскіх, якія зведалі пакутлівую смерць паводле яго загаду” [20]. Ліст быў падпісаны прадстаўнікамі навуковых колаў, а таксама шэрагам ветэранаў Другой сусветнай вайны. Наступны ліст з’явіўся ў чэрвені 2013 г., тады да прэзідэнта Беларусі звярнуліся прадстаўнікі беларускага казацтва, рэканструктарскіх груп, а таксама камуністы. Яны гэтак жа катэгарычна пярэчылі ўстаноўцы помніка князю Альгерду, называючы яго “літоўцам-язычнікам”, які не меў дачынення да беларускага народа. Апрача таго, яны сцвярджалі: «У нашага беларускага народа дастаткова сваіх герояў і выдатных асоб, міралюбівых творцаў-працаўнікоў і вядома, герояў-воінаў, але воінаў – абаронцаў роднай зямлі. Альгерд жа – агрэсар, а не абаронца. Ён не быў стваральнікам. Сэнсам і галоўнай справай яго жыцця была вайна. Ён ваяваў практычна безупынна з усімі суседзямі, не грэбуючы вераломствам, здраджваў саюзнікам.
Альгерд забіваў мірных жыхароў, паліў гарады і вёскі, катаваў палонных, рабаваў цэрквы. Мы глыбока перакананы, што такія “подзвігі” і такая “слава” не адпавядаюць духу і менталітэту нашага народа» [21]. Адной з рысаў, якая аб’ядноўвала гэтыя два лісты, была чарговая апеляцыя да беларуска-расійскіх адносінаў. Будаўніцтва помніка князю Альгерду, на думку аўтараў, прадвяшчала значнае пагаршэнне двухбаковых стасункаў, а таксама, у пэўнай ступені, сімвалізавала змены ў гістарычнай палітыцы Беларусі. Расійскія СМІ ў той перыяд часта звярталі ўвагу на тое, што беларускія ўлады мяняюць стаўленне да сваёй гісторыі і пачынаюць больш прыхільна ставіцца да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. На вуліцах гарадоў пачалі з’яўляцца плакаты з выявамі дзеячоў эпохі ВКЛ, а ў Мінску ў 2015 г. адбылася першая ў гісторыі міжнародная навуковая канферэнцыя, арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, якая была цалкам прысвечана Вялікаму Княству Літоўскаму. Апрача таго, беларусы пачалі абмяркоўваць неабходнасць будаўніцтва іншых помнікаў у гонар вялікіх літоўскіх князёў, у прыватнасці князя Міндоўга ў Навагрудку.
Спрэчкі вакол віцебскага помніка князю Альгерду не прайшлі незаўважанымі і ў іншых краінах. З асаблівай цікавасцю абмяркоўвалі гэтае пытанне ў Літве і Польшчы. Літоўскія СМІ, апісваючы сітуацыю, крытыкавалі саму форму помніка, спасылаючыся пры гэтым на словы віцебскага гісторыка Макара Бабенкі. Яго заўвагі датычыліся найперш даспехаў манарха – напрыклад, адсутнасці ахоўных элементаў на галаве, сумяшчэння пласцін панцыра і кальчугі ці перайманняў з візантыйскіх крыніц, недарэчных у дадзеным выпадку [22]. Апрача таго, нечаканым для іх быў ужо той факт, што Беларусь называе сябе спадкаемцай Вялікага Княства Літоўскага [23]. У публікацыях СМІ можна было ў той час заўважыць агульную крытыку такіх прэтэнзій, якія, на думку літоўцаў, былі інспіраваны пагаршэннем расійска-беларускіх узаемаадносінаў і сітуацыяй ва Украіне [24].
У Польшчы таксама пісалі пра спрэчкі, якія разгарнуліся вакол помніка Альгерду. Галоўны лейтматыў гэтых публікацый заключаўся ў акцэнтаванні ўвагі на патрэбе ўмацавання беларускай незалежнасці і прычынах рашэння ўшанавання памяці князя, якія, на думку аўтараў, былі звязаны ў першую чаргу з палітыкай. Польскія СМІ падкрэслівалі, што сама ідэя будаўніцтва помніка нарадзілася ў той момант, калі ў Расіі востра крытыкаваўся прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка [25]. Пратэсты праціўнікаў устаноўкі помніка не знайшлі разумення з боку вярхоўных органаў улады Беларусі.
На пастаменце, пастаўленым у адпаведным месцы яшчэ ў 2011 г., з’явіўся конны манумент, які ўвасабляе вялікага князя літоўскага Альгерда. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў дзень святкавання 1040-гадовага юбілею Віцебска – 24 чэрвеня 2014 г. Аўтарам помніка стаў вядомы беларускі скульптар Сяргей Бандарэнка [26]. Скульптура вышынёй 3 м 60 см, выкананая з бронзы, паказвае князя, які сядзіць на кані з выцягнутай наперад рукой, а на ёй трымае сокала, што сімвалізуе ўладу. Сярод віцяблян ходзіць пагалоска, нібыта Альгердава далонь скіравана ў бок Масквы, паказваючы напрамак паходаў на яе.
Тым не менш, гарадскія ўлады не змаглі праігнараваць меркаванні той часткі грамадскасці, якая крытыкавала ідэю будаўніцтва помніка князю Альгерду і заклікала замест гэтага ўшанаваць памяць князя Аляксандра Неўскага. У выніку прынялі рашэнне паставіць помнік і гэтаму манарху. У ліпені 2016 г. на плошчы Тысячагоддзя была адкрыта скульптурная кампазіцыя, дзе выяўлены князь разам з жонкай – віцебскай князёўнай Аляксандрай і іх сынам – наўгародскім князем Васілём.
Хутчэй за ўсё, яе адкрыццё было абумоўлена спробай захаваць раўнавагу паміж прыхільнікамі стварэння ідэнтычнасці і нацыянальнага этасу на аснове спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і сімпатыкамі прарасійскай канцэпцыі, якая грунтуецца на ідэі так званага “рускага свету”. На думку беларускага гісторыка і археолага Аляксандра Краўцэвіча, прыклад спрэчкі наконт помнікаў у Віцебску сведчыць пра тое, што ў Беларусі ідзе барацьба двух кірункаў – з аднаго боку, патрыятычнага і нацыянальнага, а з другога – прарасійскага [27]. Гэтая навіна была заўважана і ў Польшчы, дзе прыводзіліся аргументы як праціўнікаў, так і прыхільнікаў устаноўкі новага помніка. Сярод іх пераважалі меркаванні, што Аляксандр Неўскі не мае нічога агульнага з Віцебскам, а апісаныя падзеі можна ахарактарызаваць як “вайну помнікаў” [28]. Сам выгляд новага помніка быў раскрытыкаваны на сайце расійскай інфармацыйнай кампаніі.
Так, на думку старшыні віцебскай грамадскай арганізацыі «Рускі культурны цэнтр “Русь”» Ігара Патапава, гарадскія чыноўнікі, якія вызначалі форму помніка, кіраваліся сваімі спецыфічнымі ўпадабаннямі і не перадалі ў ім ідэі еднасці, магутнасці і абароны “рускай зямлі”, а таксама пазбавілі яго “рускага духу”. Апрача таго, ён раскрытыкаваў і ўжыванне беларускай мовы ў надпісе на пастаменце. На думку Патапава, больш дарэчна было б ужыць у гэтым выпадку рускую мову [29].
Будаўніцтва помніка князю Альгерду ў Віцебску, а таксама іншыя падзеі, звязаныя з ушанаваннем асоб і сімвалаў з эпохі Вялікага Княства Літоўскага, паказваюць паступовыя змены ва ўспрыманні і фармаванні гістарычнай палітыкі беларускімі ўладамі. Усё часцей яны апелююць да тых падзей і гістарычных эпізодаў, якія раней прынята было абмінаць або замоўчваць. Магчыма, гэта звязана са спробамі Беларусі павярнуцца на Захад. Як паказалі дыскусіі вакол помніка князю Альгерду ў Віцебску, беларуская гістарычная палітыка па-ранейшаму выклікае палярныя меркаванні сярод грамадскасці. Наўрад ці памянёныя падзеі прадказваюць карэнны пералом у стылі і метадах рэалізацыі гістарычнай палітыкі. Не варта чакаць поўнай адмовы ад ранейшай рыторыкі, аднак кожны такі чарговы сімвал пацвярджае наяўнасць у беларускім грамадстве жадання наблізіцца да заходнееўрапейскай культуры, а таксама сведчыць пра тое, што ў Беларусі ідуць працэсы фармавання ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці і самаўспрымання.
[1] Упершыню ў свеце князь Альгерд быў скульптурна ўвасоблены на помніку “Тысячагоддзе Расіі” ў Вялікім Ноўгарадзе ў 1862 г. (разам з Гедымінам і Вітаўтам).
[2] Як піша беларуская прэса, гэта чацвёрты па ліку конны помнік на Беларусі. Два такія помнікі, прысвечаныя памяці загінулых чырвонаармейцаў, знаходзяцца на Магілёўшчыне.Найстарэйшы, датаваны 1981 г., пастаўлены на брацкай магіле каля вёскі Горня ў Хоцімскім раёне на мяжы з Расіяй і мае выгляд кавалерыста на кані (у гонар салдат 112-га кавалерыйскага палка 13-й арміі, якія загінулі ў жніўні 1941 г.). Другі, узведзены ў 1999 г., прысвечаны салдатам Чырвонай арміі, якія загінулі пры вызваленні Бабруйска ў 1944 г., і ўвасабляе святога Георгія ў савецкай форме, які пранізвае змея-аспіда ў выглядзе фашысцкай свастыкі. Трэці помнік быў адкрыты ў 2007 г. у Полацку і ўвасабляе полацкага князя Усяслава Чарадзея. Гл.: Матвеева Т. Князь Ольгерд вернулся в Витебск под ливень с градом. Как устанавливали монумент в честь исторического деятеля // http://news.tut.by/society/404420.html 11.06.2016); http://belchas.by/news/khotimskii-raion-dalniivostokbelarusi.html (12.06.2016).
[3] Какие памятники нужны Беларуси? Лекция-опрос прошла в Минске // http://ont.by/news/our_news/00120874?page=6559 (10.06.2016).
[4] Tęgowski J. Pierwsze pokolenie Giedyminowiczów. Poznań –Wrocław: Wydawnictwo Historyczne, 1999. S. 47.
[5] Kiaupa Z., Kiaupiene J., Kuncevicius A. Historia Litwy – Od czasów najdawniejszych do 1795 roku. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 2007. S. 118.
[6] Сташкевич Н. С., Голенченко Г. Я., Богданович И. И. История Беларуси: пособие для подготовки к централизованному тестированию. Минск: Аверсэв, 2011. С. 46.
[7] Tęgowski J. Pierwsze pokolenie Giedyminowiczów. S. 48.
[8] Тамсама.
[9] Тамсама. С. 49.
[10] Тамсама. Гл. таксама: Tęgowski J. Kilka słów o małżeństwach wielkiego księcia litewskiego Olgierda Giedyminowica // http:// www.nbuv.gov.ua/old_jrn/Soc_Gum/Uks/2011_20/43_Tgowski.pdf (12.06.2016).
[11] Wolff J. Ród Giedimina. Kraków: Drukarnia Wł. L. Anczyca i Spółki, 1886. S. 26.
[12] Wisner H. Litwa – dzieje państwa i narodu. Warszawa: Mada, 1999. S. 15.
[13] Ochmański J. Historia Litwy. Wrocław: Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, 1990. S. 54.
[14] Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. S. 398.
[15] Kiaupa Z., Kiaupiene J., Kuncevicius A. Historia Litwy… S. 117.
[16] Ліст на адрас старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта // https://vk.com/doc-53090511_179844575 (03.06.2016).
[17] Упершыню асобная праваслаўная мітраполія была заснавана князем Віценем у 1299 г.
[18] Статут грамадскай арганізацыі “Рускі дом” // http://vitrusdom.narod.ru/ustav.rar (07.06.2016).
[19] Гэтае пытанне было таксама закранута ў часопісе “Przegląd Prawosławny”, які выходзіць у Польшчы. Гл.: Radziukiewicz A. Wojny polsko-ruskie // http://www.przegladprawoslawny.pl/ articles.php?id_n=3210&id=2 (12.06.2016). У гэтым артыкуле, у прыватнасці, прыводзіцца крытычная ацэнка Альгерда з боку віцебскага гісторыка Віктара Атапіна.
[20] “Памятник мучителю христиан оскорбляет весь белорусский народ”: открытое письмо Александру Лукашенко, травень 2013 г. // https://regnum.ru/news/polit/1657935.html (07.06.2016).
[21] “Витебские власти хотят вбить клин между Белоруссией, Россией и Украиной”, чэрвень 2013 г. // http://regnum.ru/news/ polit/1668604.html (07.06.2016).
[22] Augulyte M. P. LDK kunigaikščio Algirdo paminklas suerzino Vitebsko rusus // http://kultura.lrytas.lt/istorija/ldk-kunigaikscioalgirdopaminklas-suerzino-vitebsko-rusus.htm (10.06.2016).
[23] Noreikiene J. P. Baltarusijoje dygsta Lietuvos kunigaikščių paminklai // http://kultura.lrytas.lt/istorija/baltarusijoje-dygstalietuvoskunigaiksciu-paminklai.htm (10.06.2016).
[24] Iskauskas C. Kodėl kaimynai savinasi mūsų istoriją ir kunigaikščius? // http://www.delfi.lt/news/ringas/abroad/ c-iskauskas-kodel-kaimynai-savinasi-musu-istorija-irkunigaikscius.d?id=65209057 (10.06.2016).
[25] Poczobut A. Białorusko-rosyjska wojna na pomniki // http:// wyborcza.pl/1,76842,16253143,Bialorusko_rosyjska_wojna_na_pomniki.html?disableRedirects=true (10.06.2016).
[26] Першым пераможцам у конкурсе на найлепшы праект помніка стаў віцебскі скульптар Валерый Магучы, але пазней працу даручылі іншаму выканаўцу.
[27] Гл: https://charter97.org/ru/news/2016/6/20/209853/ (16.07.2016).
[28] Poczobut A. Białoruska wojna na pomniki // http://wyborcza.pl/1,75399,20287359,bialoruska-wojna-na-pomniki.html?disableRedirects=true (16.07.2016).
[29] “На памятнике Александру Невскому в Витебске нет русского духа” // https://regnum.ru/news/society/2149470.html (16.07.2016).