БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Сагановіч. Чаму ў БССР не было гістарычнага часопіса

Гэтае пытанне зацікавіла мяне яшчэ ў аспірантуры, у другой палове 80-х гадоў. Помніцца, калі дзякуючы перабудове ў СССР з яе дэмакратызацыяй і галоснасцю стала магчымым і ў Мінску глядзець на гістарычную навуку з нацыянальнай перспектывы, у нашым акадэмічным асяроддзі натхнёна абмяркоўваліся свежыя публікацыі з новымі поглядамі на блізкае і далёкае мінулае. Вось тады калегі не раз з вялікім шкадаваннем гаварылі пра адсутнасць гістарычнага часопіса ў Беларусі і з зайздрасцю згадвалі, што брацкая Украіна даўным-даўно мела такое выданне. Прычынай гэтага недахопу ў Беларусі як “роўнай сярод роўных” звычайна называўся нейкі асабліва жорсткі ідэалагічны кантроль над гуманітарнай навукай і культурай, што быццам панаваў у Мінску.

Падобныя меркаванні не раз выказваліся знаёмымі гісторыкамі і пасля распаду СССР, у першыя гады існавання суверэннай Беларусі. І калі ў 1993 г. нарэшце быў заснаваны “Беларускі гістарычны часопіс” (далей БГЧ), то, вітаючы з’яўленне першага профільнага агульнадзяржаўнага перыёдыка для гісторыкаў, яго галоўны рэдактар Васіль Кушнер таксама сказаў пра “доўгі і няпросты” шлях такога выдання да грамадства краіны і, між іншага, адзначыў: “Ідэя стварэння менавіта такога часопіса, які адлюстроўваў бы здабыткі беларускай гістарычнай навукі, узнікла яшчэ 15 – 20 гадоў назад. Пісаліся пісьмы, уносіліся прапановы. Але перашкоды былі не столькі эканамічныя, колькі палітычныя”[1]. Далей гаварылася пра манаполію цэнтра і кантроль з Масквы, прыярытэт гісторыі КПСС і факультатыўнасць гісторыі Беларусі і да т. п.

Ажыццяўленнем даўняй мары гісторыкаў называлі выхад першага нумара БГЧ і кіраўнікі арганізацый-заснавальнікаў гэтага выдання. Напрыклад, тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Касцюк у сваім слове падкрэсліў: “Стварэння часопіса гісторыкі дабіваліся не адзін дзесятак гадоў. У прыватнасці, з Акадэміі навук Беларусі перыядычна ішлі абгрунтаванні і прапановы ў самыя высокія саюзныя і рэспубліканскія партыйна-дзяржаўныя інстанцыі” [2], але тыя, маўляў, не давалі ім ходу.

Праблема адсутнасці спецыялізаванага перыёдыка гісторыкаў Беларусі закраналася М. Касцюком і пазней, у прадмове да “Штогодніка” Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Адзначыўшы важнасць перыядычнага выдання вядучай навуковай установы для пашырэння і паглыблення гістарычных ведаў, ён падкрэсліў, што Інстытут гісторыі свайго перыёдыка “ніколі не меў, хаця творчы патэнцыял калектыву дазваляў выдаваць яго на добрым навуковым узроўні. На працягу дзесяцігоддзяў галоўнай прычынай вышэйназванага становішча былі грамадска-палітычныя варункі, якія не дазвалялі нават уздымаць гэтае пытанне, нягледзячы на тое, што некаторыя вядучыя навуковыя ўстановы гістарычнага профілю ў краіне такія выданні мелі” [3], – развіў аўтар сваю думку.

Даўно хацелася паспрабаваць разабрацца, што ж перашкодзіла беларускім гісторыкам займець сваё прафесійнае перыядычнае выданне яшчэ ў эпоху БССР, і наколькі вызначальнай перашкодай былі фактары ідэалагічнапалітычнага характару кшталту “не дазвалялася зверху”. Рытуальныя спасылкі на складаныя абставіны і нейкі асаблівы кантроль зверху ад пачатку не выклікалі даверу, бо не перашкодзіў жа той партыйны кантроль стварыць свой часопіс украінскім гісторыкам, а ўвага да Кіева пэўна ж была намнога больш пільная, чым да Мінска.

Зразумела, у сталінскія часы пра заснаванне такіх перыёдыкаў не магло быць і размовы. Рэальная магчымасць стварыць свае гістарычныя часопісы ў саюзных рэспубліках з’явілася пасля ХХ з’езда КПСС і была звязана з важнымі пераўтварэннямі ў гістарычнай навуцы, выкліканымі абвешчаным партыяй курсам на пераадольванне культу асобы ды яго наступстваў [4]. У 1957 г., на этапе яшчэ не ўзятай пад поўны кантроль адлігі [5], у Маскве быў заснаваны шэраг такіх новых цэнтральных часопісаў, як “История СССР”, “Вопросы истории КПСС”, “Новая и новейшая история” і г. д. А ў Кіеве з другой паловы 1957 г. пачаў выходзіць “Український історичний журнал”.

Трэба прызнаць, што на пачатку і ў Мінску ўсё ішло да стварэння свайго гістарычнага часопіса. Гістарычныя рашэнні ХХ з’езда адгукнуліся пэўнай лібералізацыяй і ў гуманітарных навуках Беларусі [6]. Наколькі можна меркаваць па архіўных дакументах Акадэміі навук БССР, упершыню пытанне аб заснаванні ўласнага перыёдыка беларускімі гісторыкамі было пастаўлена ўжо 18 красавіка 1956 г. Гэта адбылося на партыйным сходзе акадэмічнага Інстытута гісторыі АН БССР, на якім гісторыкі-камуністы абмяркоўвалі задачы сваёй партарганізацыі ў святле рашэнняў ХХ з’езда КПСС. Пад час абмеркавання даклада Емяльяна Лук’янава, тагачаснага загадчыка сектара гісторыі Беларусі дарэвалюцыйнага перыяду, старшы навуковы супрацоўнік сектара гісторыі Беларусі савецкага перыяду Васіль Мілаванаў адзначыў, што «ў гісторыкаў Беларусі вельмі мала магчымасцяў, каб выступаць перад насельніцтвам у друку са сваімі працамі. “Весці АН БССР” [7] – чыста акадэмічны друкаваны орган і не даходзіць да шырокіх слаёў насельніцтва. Наспела неабходнасць пачаць выданне грамадска-палітычнага часопіса для шырокага кола насельніцтва» [8]. Думку В. Мілаванава падтрымалі тады яго калегі Мікалай Завалееў ды Іосіф Залескі, у выніку ў прынятую сходам пастанову асобным пунктам было ўключана наступнае рашэнне: “В целях обеспечения более широких возможностей сдачи в печать научной продукции, парторганизация Института считает необходимым поставить вопрос перед Президиумом АН БССР и ЦК КПБ о возможности издания при Отделении общественных наук АН БСС печатного периодического органа (журнала) по вопросам общественных наук в БССР” [9]. Як бачым, пытанне тады ставілася пра заснаванне не ўласна гістарычнага выдання, а часопіса агульнага грамадска-навуковага профілю, арыентаванага на масавага чытача, тым не менш ён разглядаўся як асобная трыбуна перадусім для гісторыкаў, якія і выступалі з ініцыятывай яго заснавання.

Аднак зварот партарганізацыі Інстытута гісторыі, мяркуючы па ўсім, не атрымаў ніякага далейшага ходу, таму на пачатку наступнага года той жа ініцыятар паўторна актуалізаваў пытанне пра часопіс. На закрытым партыйным сходзе Інстытута гісторыі той жа Васіль Мілаванаў зноў выступіў і заявіў: “Я ўжо прапаноўваў нашай партыйнай арганізацыі звярнуцца да ЦК КПБ з хадайніцтвам аб выданні ў Беларусі краязнаўчага часопіса. Мая прапанова была сустрэта з энтузіязмам, але справа засталася на месцы. Я яшчэ раз прапаную запісаць гэта ў рашэнні партыйнага сходу” [10]. Ініцыятыву зноў падтрымалі іншыя ўдзельнікі сходу і ў новай пастанове камуністычнай арганізацыі гісторыкаў гаварылася: “…яшчэ раз паставіць пытанне перад вышэйстаячымі органамі аб неабходнасці арганізаваць выданне краязнаўчага часопіса ў Беларусі, што пашырыла б магчымасці друку навуковых прац” [11]. Цяпер, як бачым, замест прапанаванага раней перыёдыка грамадска-навуковага профілю гісторыкі схіляліся да ідэі краязнаўчага выдання.

Праз месяц справа свайго перыёдыка зноў усплыла на адкрытым партыйным сходзе Інстытута гісторыі, на якім абмяркоўваліся вынікі навукова-даследчай працы калектыву ў 1956 г. і яго задач на 1957 г. Выступаючы ў абмеркаванні планаў, старшы навуковы супрацоўнік сектара гісторыі Беларусі савецкага перыяду Мікалай Завалееў звярнуўся да кіраўніцтва: “Дырэкцыі неабходна хадайнічаць перад Гаркамам партыі аб выданні часопісаў” [12]. Напэўна, гэтым разам ідэя не знайшла дастатковай падтрымкі, бо ў прынятую рэзалюцыю сходу пытанне пра часопіс не ўвайшло.

Далей справу заснавання гістарычнага часопіса парадаксальным чынам актуалізавала крытыка працы Інстытута гісторыі з боку ЦК КПБ. Маецца на ўвазе артыкул пра недахопы гістарычнай навукі ў БССР, апублікаваны на пачатку 1957 г. часопісам “Коммунист Белоруссии” [13]. Як пісалі аўтары гэтай публікацыі, культ асобы і звязаныя з ім дагматызм і “начётничество” нанеслі гістарычнай навуцы вялікую шкоду, а рашэнні ХХ з’езда і пастанова ЦК “Аб пераадольванні культу асобы і яго наступстваў” паставілі перад гісторыкамі актуальныя і важныя задачы. У іх святле “ясна бачацца сур’ёзныя недахопы ў развіцці гістарычнай навукі” ў Беларусі, сцвярджалі яны. У якасці аднаго з галоўных паказнікаў нездавальняльнай працы гісторыкаў называлася недастатковая колькасць публікацый і іх невысокі навуковы ўзровень. Адзначалася, напрыклад, што за апошнія пяць гадоў у друку выйшла не больш за дзясятак кніг па гісторыі, але гэта былі ўсяго толькі “кароткія папулярныя нарысы”. Нават па тэме Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі не з’явілася фундаментальных прац. Кніга Ніны Каменскай, прысвечаная падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі і ўтварэнню БССР [14], “магла б стаць значным укладам у гістарычную навуку… Але ўжо ў першым выданні гэтай працы навуковая грамадскасць, друк адзначалі сур’ёзныя недахопы”, якія засталіся і ў наступных выданнях кнігі [15]. Зацягнута падрыхтоўка 2-га тома “Гісторыі БССР”, а ў 1-м томе нямала праблем асветлена схематычна або наогул незакранута, няма сур’ёзных прац ні па ўз’яднанні беларускага народа ў 1939 г., ні па гісторыі Савецкай Беларусі, а пра мінулае краіны дакапіталістычнай эпохі за пасляваенны перыяд не апублікавана ніводнай манаграфіі, у выніку чаго многім “даводзіцца звяртацца да прац дарэвалюцыйных буржуазных гісторыкаў” [16], – сцвярджалі аўтары з партыйнымі пасадамі, і ў завяршэнне публікацыі заклікалі цэх гістарычнай навукі актывізаваць дзейнасць і павысіць ідэйна-тэарэтычны ўзровень сваіх прац.

Крытыка акадэмічных гісторыкаў на старонках органа КПБ стала тэмай сур’ёзнага абмеркавання на адкрытым партыйным сходзе Інстытута гісторыі, што адбыўся 13 траўня 1957 г. Прызнаўшы справядлівымі многія з указаных недахопаў, супрацоўнікі ўстановы вызначылі шэраг захадаў па іх выпраўленні. Цікава, што сярод крокаў да паляпшэння працы акадэмічнага інстытута значыліся не толькі патрэба большай увагі да абмеркаванняў і творчых дыскусій па праблемах, якія даследуюцца супрацоўнікамі, у тым ліку абмеркавання падрыхтоўкі да друку 2-га тома “Гісторыі БССР”, але і патрэба стварэння свайго гістарычнага перыёдыка. У пастанове сходу зноў запісалі: “Паставіць пытанне перад вышэйстаячымі партыйнымі органамі ў Прэзідыуме АН БССР аб арганізацыі гістарычнага часопіса ў рэспубліцы” [17].

Пасля гэтага на партыйных сходах Інстытута гісторыі АН БССР да канца 1957 г. справа часопіса больш не разглядалася, затое ідэю стварыць асобны гістарычны перыёдык пачалі абмяркоўваць на вучонай радзе названага інстытута, прычым ужо ў практычным ключы.

Прынцыпова важным у чарадзе прыманых захадаў па стварэнні свайго гістарычнага перыёдыка можна лічыць пасяджэнне вучонай рады Інстытута гісторыі ў пачатку чэрвеня 1957 г. Упершыню ў парадак дня быў уключаны адмысловы пункт – “Аб стварэннігістарычнага часопіса ў Беларусі”, даклад па якім зрабіў Іван Сяргеевіч Краўчанка. Дырэктар інстытута ў сваім выступленні адзначыў, што “пытанне стварэння гістарычнага часопіса ў Беларусі даўно наспела. Яно неаднаразова ўздымалася на партыйных сходах Інстытута і вучоных радах. Цяпер трэба канкрэтна абмеркаваць гэтае пытанне і ўвайсці з адпаведным хадайніцтвам у Прэзідыум АН БССР” [18].

У падтрымку гэтай прапановы з прысутных выказаліся член вучонай рады Інстытута загадчык кафедры гісторыі СССР БДУ Лаўрэнцій Абэцэдарскі, акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Уладзімір Перцаў, загадчык сектара публікацый дакументаў Канстанцін Шабуня, а таксама старэйшыя члены вучонай рады Яфрэм Карпачоў і Емяльян Лук’янаў. Паказальна, што першыя тры асобы, якія выступалі за стварэнне часопіса, былі важнымі на той час, калі не найважнейшымі фігурамі гістарычнага істэблішменту рэспублікі. Як засведчыў пратакол пасяджэння, Л. Абэцэдарскі падтрымаў ініцыятыву інстытута і сказаў, што “часопіс лепш за ўсё выдаваць у выглядзе квартальніка. Штомесячны часопіс мы не зможам выдаваць”. Пасля гэтага ён гаварыў пра такія чыста тэхнічныя аспекты, як аб’ём планавага выдання, яго магчымы кошт і да т. п., а ў канцы вярнуўся да магчымага зместу будучага перыёдыка, адзначыўшы, што “акрамя гістарычных матэрыялаў у часопісе павінны змяшчацца і краязнаўчыя” [19]. Услед за ім выступіў У. Перцаў, які сказаў толькі пра тое, што “часопіс пажадана мець рэспубліканскі”, і што яго аб’ём можа складаць 15–20 друкаваных аркушаў. Такім жа кароткім было выступленне К. Шабуні, які выказаўся за тое, што часопіс найбольш мэтазгодна выдаваць як орган Інстытута гісторыі. А даследчык даўніх гарадоў Беларусі Я. Карпачоў закрануў канцэптуальны характар выдання і сказаў, што гэта павінен быць часопіс “самага шырокага профілю”, з розным гістарычна-краязнаўчым матэрыялам, які можа паступаць ад інстытутаў, школ і музеяў. Гісторык Е. Лук’янаў, які спецыялізаваўся на тэме ўдзелу сялян у рэвалюцыйным руху, прапанаваў назву будучаму перыёдыку – “Вопросы истории БССР”. У завяршэнні абмеркавання дырэктар І Краўчанка падсумаваў выказаныя меркаванні і пагадзіўся з тым, што часопіс павінен быць гістарычна-краязнаўчы, а выдавацца – пры Інстытуце гісторыі АН БССР.

Прынятая вучонай радай пастанова па пытанні часопіса ўключала тры пункты:

«1. Улічваючы, што ў Беларусі да гэтага часу няма друкаванага органа, які б сістэматычна займаўся асвятленнем пытанняў гісторыі беларускага народа, лічыць неабходным стварэнне пры Інстытуце гісторыі АН БССР гістарычнага часопіса аб’ёмам 15 друкаваных аркушаў. Назва часопіса – “Вопросы истории БССР”, выходзіць 1 раз на квартал. Часопіс павінен мець шырокі профіль. У ім змяшчаюцца гістарычна-краязнаўчыя матэрыялы.

2. Даручыць тав. Краўчанку І. С. напісаць ад Інстытута на імя сакратара ЦК КПБ тав. Гарбунова Ц. С. дакладную запіску з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння гістарычнага часопіса.

3. Дырэкцыі Інстытута гісторыі паставіць пытанне аб стварэнні часопіса на Аддзяленні грамадскіх навук у Прэзідыуме АН БССР» [20].

Здавалася б, справа вырашана. Аднак ажыццяўленне цытаванай пастановы адразу ж наткнулася на непераадольныя перашкоды. Асобна Бюро Аддзялення грамадскіх навук гэтага пытання не разглядала. І таму менш чым праз год акадэмічным гісторыкам давялося зноў гаварыць пра сваю патрэбу ў часопісе. У сакавіку 1958 г., калі партарганізацыя Інстытута гісторыі абмяркоўвала задачы сваёй установы ў святле рашэнняў лютаўскага пленума ЦК КПСС, Яфрэм Карпачоў нагадваў: «Мы раней хацелі выдаваць гістарычна-краязнаўчы часопіс. Цяпер у сувязі з новым палажэннем аб выданні “Трудов” універсітэтам трэба зноў узняць гэтае пытанне. Неабходна пашыраць магчымасці выдання прац інстытута» [21]. Аднак на гэты раз прапанова не трапіла ў пастанову сходу інстытуцкай партарганізацыі.

У той жа час справа гістарычнага часопіса выйшла на значна вышэйшы ўзровень – у сакавіку 1958 г. да яе звярнуліся на агульным сходзе Аддзялення грамадскіх навук АН БССР, дзе разглядалася праца інстытутаў Аддзялення за 1957 г. і іх планы на 1958–1965 г. Выступаючы ў абмеркаванні даклада акадэміка-сакратара У. Перцава, галоўны вучоны сакратар Прэзідыума АН БССР член-карэспандэнт Сцяпан Маргунскі паскардзіўся на абмежаваныя магчымасці аператыўнай публікацыі вынікаў даследчыцкай працы супрацоўнікаў. Калі ў іншых аддзяленнях (тэхнічных і біялагічных навук) акрамя “Весцяў” выходзяць часопісы і даклады АН БССР, – гаварыў ён, “то на ўсе шэсць інстытутаў Аддзялення грамадскіх навук выдаецца чатыры нумары “Весцяў” [на] 40 друкаваных аркушоў. Гэтага зусім недастаткова для публікацыі навуковай прадукцыі, якая маецца ў інстытутах” [22]. Праўда, выступоўца не выходзіў на тэму стварэння асобнага часопіса, а толькі заклікаў паставіць пытанне перад Прэзідыумам, каб той павялічыў перыядычнасць “Весцяў” і іх аб’ём – да 80 аркушаў! Нават дырэктар Інстытута гісторыі І. С. Краўчанка, які, спасылаючыся ў выступленні на прыклад Украіны як братняй рэспублікі са сваім Інстытутам археалогіі, настойваў на тым, што “Беларусь павінна мець свой Інстытут археалогіі” (маўляў, хоць яго заснаванне не запланавана на бліжэйшыя гады, на канец пяцігодкі такое пытанне абавязкова паўстане) [23], але зусім не закранаў справы часопіса.

Выступаючы наступным, Васіль Горцаў прызнаў, што пры абмежаваных выдавецкіх магчымасцях АН БССР у найгоршым становішчы знаходзяцца інстытуты Аддзялення грамадскіх навук, супрацоўнікі якіх не могуць публікавацца ў “Дакладах АН БССР”, што пачалівыходзіць з 1957 г., а толькі ў “Весцях”. Падтрымаўшы прапанову С. Маргунскага аб тым, каб для Аддзялення пашырыць магчымасці “Весцяў” (маўляў, сам прэзідэнт В. Купрэвіч прапануе выдаваць не 4, як ёсць, а 6 ці нават 12 разоў на год і больш чым удвая павялічыць аб’ём), ён выйшаў і на ідэю асобнага часопіса: «Вядома таксама, што да вайны ў рэспубліцы выдаваўся грамадскі часопіс “Савецкае будаўніцтва” [24]. Было б някепска падрыхтаваць таксама пытанне аб выданні самастойнага часопіса для Аддзялення грамадскіх навук, падумаўшы пра яго назву. Калі гэтае пытанне добра падрыхтаваць, я думаю, што нам пойдуць насустрач – у сэнсе адкрыцця новага часопіса» [25]. Сказанае В. Горцавым неяк не звязвалася з ранейшымі клопатамі Інстытута гісторыі пра свой часопіс: выглядала, быццам ідэя асобнага гістарычнага перыёдыка была пахавана або пра яе не было вядома, і цяпер быццам нанова высоўвалася ідэя часопіса для ўсіх інстытутаў Аддзялення.

Затое гісторык У. Перцаў нагадаў пра яшчэ нядаўнюю просьбу калег па інстытуту. У заключным слове ён спачатку пахвальна адгукнуўся наконт абнадзейвальнага абяцання В. Горцава павялічыць перыядычнасць і аб’ём “Весцяў”, што, аднак, залежала не толькі ад Прэзідыума АН БССР, але і ад ЦК КПБ, а далей падтрымаў даўнюю ідэю свайго часопіса: “Трэба паклапаціцца, каб у нас быў хоць нейкі часопіс па грамадскіх навуках. Без гэтага часопіса мы задыхаемся”, – гаварыў ён, бо “Весці” не могуць задаволіць усе патрэбы. “У нас нядаўна падымалася пытанне аб выданні гістарычнага часопіса, але ў выніку вялікіх цяжкасцяў [26] пытанне павісла ў паветры. Трэба яго ўзняць у бягучым годзе і паспрыяць таму, каб не толькі Інстытут гісторыі атрымаў сваё выданне, але і іншыя інстытуты. Магчыма, мы задаволіліся б адным агульным часопісам для ўсіх грамадскіх навук” [27].

Як бачым, акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук яшчэ не хаваў магчымасці стварэння гістарычнага часопіса. Аднак у пастанову агульнага сходу Аддзялення грамадскіх навук, прынятую 20 сакавіка 1958 г., было ўключана толькі рашэнне аб тым, каб хадайнічаць перад Прэзідыумам АН БССР наконт павелічэння аб’ёму і перыядычнасці “Весцяў АН БССР” [28]. Ніякага новага часопіса – ні асобнага для Інстытута гісторыі, ні агульнага для ўсяго Аддзялення – сход не прасіў.

Такім чынам, вясной 1958 г. на Аддзяленні грамадскіх навук было вырашана не ствараць асобны гістарычны часопіс, а задаволіцца павелічэннем аб’ёму ўжо выдаванага перыёдыка, агульнага для інстытутаў грамадскіх навук. І калі рашэнне аб неабходнасці стварэння свайго інстытута археалогіі трапіла ў пастанову сходу [29] і пра яго неаднаразова згадвалася пазней, то пра ідэю асобнага часопіса для гісторыкаў зусім перасталі ўспамінаць. Аднак яна не памерла канчаткова і неўзабаве зноў усплыла.

Ужо наступнай вясной, калі партыйная арганізацыя Інстытута гісторыі АН БССР абмяркоўвала на сходзе свае задачы ў сувязі з рашэннямі ХХІ з’езда КПСС, да справы прафесійнага перыёдыка гісторыкаў звярнуўся Васіль Мялешка – даследчык гарадской і сельскай гаспадаркі даўняй Беларусі. Варта адзначыць, што ён таксама ўздымаў пытанне быццам нанова, не згадваючы ранейшыя прапановы і рашэнні на гэты конт. Выступіўшы ў абмеркаванні асноўнага даклада І. С. Краўчанкі, сярод іншага, ён сказаў: “Наспеў момант пастаноўкі пытання стварыць у Беларусі гістарычны часопіс. Такі часопіс ёсць на Украіне. Нават у Львове выдаецца такі часопіс. Пара ўжо і нам мець свой гістарычны часопіс” [30]. Праўда, на гэты раз прапанова павісла ў паветры, больш ніхто не падтрымаў В. Мялешку. Яго заклік стварыць сваё перыядычнае выданне не ўспамінаўся ні ў заключным слове дырэктара, ні ў рэзалюцыі сходу.

Як вынікае з праведзеных намі пошукаў, апошні раз у БССР пра патрэбу гістарычнага часопіса гаварылася ў кантэксце абвостранага супрацьстаяння сацыялістычнага блока з Захадам, звязанага з увядзеннем савецкіх войскаў у Чэхаславакію. У 1968 г. камуністы Інстытута гісторыі на сваіх сходах абмяркоўвалі пастановы красавіцкага, чэрвеньскага і ліпеньскага пленумаў ЦК КПСС, аднадушна ўхваляючы іх рашэнні. Абгаворвалася і справа заснавання ў інстытуце новага падраздзялення – асобнага сектара для “барацьбы з фальсіфікатарамі гісторыі Беларусі” [31]. Рашэнне аб арганізацыі такой структурнай адзінкі прымалася ў ЦК КПБ, і яна з’явілася ў тым жа годзе як сектар замежнай гісторыі [32]. Праца інстытута разглядалася тады ў шырокім грамадска-палітычным кантэксце. Увосень 1968 г. партыйны сход прыняў пастанову з шэрагу пунктаў, якія былі прапанаваны з мэтай “павышэння эфектыўнасці навуковых даследаванняў і ўкаранення іх вынікаў у практыку”. Вось жа сярод новых арганізацыйных крокаў значылася не толькі стварэнне асобнага Інстытута археалогіі, сектара дапаможных дысцыплін і археалагічнага музея, але таксама і “выданне гістарычнага часопіса, які б выходзіў адзін раз у квартал” [33].

Наколькі цяпер вядома, і з гэтай пастановы нічога не атрымалася. Праўда, для 1968 г. такі вынік быў ужо хутчэй заканамерны, чым нечаканы. Тады, у атмасферы абвостранага ідэалагічнага супрацьстаяння, вышэйшыя партыйныя ўлады рэспублікі ці СССР маглі не падтрымаць прапанову стварыць беларускі часопіс ужо сапраўды з меркаванняў асцярожнасці. Бо пара заснавання такіх выданняў мінула разам з кароткай эпохай адлігі. У новых умовах такая прапанова ў вачах дзяржаўна-партыйных функцыянераў магла выглядаць не толькі сумнеўнай, але і неактуальнай, і нават небяспечнай.

Дык што ж перашкаджала ажыццявіць прапанову раней, калі на гэта была спрыяльная пара? Вядома, не партыйны кантроль ці забароны з Масквы. Адразу пасля ХХ з’езда Масква, здаецца, магла даваць толькі зялёнае святло, бо ўсе гістарычныя часопісы ствараліся тады пад лозунгам вяртання да сапраўднага марксізму-ленінізму, пераадольвання культу асобы, а таксама для патрэбаў барацьбы з ідэалогіяй Захаду – “империалистической реакцией”. У тым кантэксце новыя спецыяльныя перыёдыкі гістарычнага профілю разглядаліся як “оружие воинствующей большевистской партийности”, якое павінна служыць выкрыванню фальсіфікацый ідэалагічнага ворага [34]. Зразумела, у адпаведнасці з такой устаноўкай і стваральнікі часопіса ўкраінскіх гісторыкаў сцвярджалі, што іх выданне “ставіць перад сабой мэту глыбока асвятляць вядучую ролю Камуністычнай партыі, пашырэння і перамогі марксісцка-ленінскай тэорыі на Украіне…” [35], асвятляць ролю Леніна і рабочага класа, умацаванне дружбы народаў сацыялістычнага лагера і да т. п. Аднак пры гэтым у Кіеве было ясна сказана і іншае, а менавіта, што “асноўнай задачай часопіса ёсць асвятленне гісторыі ўкраінскага народа з даўніх часоў да нашых дзён, яго гераічнай барацьбы за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне” [36]. У Мінску пасля рытуальнай крытыкі гісторыкаў у канцы 1940-х г. за нацыянальны ўхіл [37] такіх смелых задач больш не ставілі, пазбягаючы нават блізкіх фармулёвак. Таму няўдача спробаў беларускіх гісторыкаў стварыць свой часопіс наўрад ці магла быць звязаная з перашкодамі ідэалагічна-палітычнага характару.

Больш праўдападобна, што з’яўленню гістарычнага часопіса ў БССР перашкодзіў банальны недахоп фінансавання і адсутнасць асобы, якая б рашуча яго дамагалася. Акурат у 1957 і 1958 г. на сходах часта гаварылася, што з-за адсутнасці патрэбных сродкаў супрацоўнікі не могуць выехаць у навуковыя камандзіроўкі і тармозіцца выданне падрыхтаваных прац [38]. Дырэктар Інстытута гісторыі неаднаразова наракаў, што яго ўстанове не хапае фінансавання для выканання тых тэм, якімі неабходна займацца паводле прынятага плана. У прыватнасці, на агульным сходзе Аддзялення грамадскіх навук Іван Краўчанка гаварыў пра недахоп грошай на правядзенне археалагічных раскопак, а таксама скардзіўся на тое, што на падрыхтоўку некалькіх тамоў дакументаў па паўстанні 1863–1864 г., прадугледжаных дагаворам паміж Польскай Акадэміяй Навук і АН СССР, інстытуту не далі “ніводнай капейкі”: “Мы не маем магчымасці нешта зрабіць па гэтай праблеме з-за адсутнасці грошай” [39].

Хранічны недахоп фінансавых сродкаў асабліва адчуваўся ў часы, калі прэзідэнтам АН БССР быў Васіль Купрэвіч, пры якім пачалі хутка расці штаты навуковых кадраў [40]. Напрыклад, у 1950-я г. у бюджэце Акадэміі навук узрасталі выдаткі галоўным чынам на капітальнае будаўніцтва, тады як на навукова-даследчыцкую працу грошай не хапала [41]. Сітуацыя змянілася ў 1969 г. з абраннем на пасаду прэзідэнта АН БССР вядомага беларускага фізіка Мікалая Барысевіча. Новае кіраўніцтва здолела пераканаць першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава і старшыню Савета Міністраў БССР Ціхана Кісялёва ў тым, што ў сферы навукі і вышэйшай адукацыі Беларусь выразна адстала ад іншых савецкіх рэспублік і што неабходна радыкальна павысіць выдаткі на акадэмічную навуку. Толькі пасля гэтага фінансаванне АН БССР значна палепшылася. У прыватнасці, за 1970-я г. выдаткі на яе ўзрасталі прыкладна на 60% [42]. Аднак на той час пытанне заснавання часопіса ўжо нікім не ставілася.

А калі б ідэю гістарычнага часопіса ў Мінску ўсё ж удалося рэалізаваць, то якім ён мог бы быць? Згадаем, што ў 1957 г. пасля спецыяльнага абмеркавання ўзнятага пытання на вучонай радзе ў Інстытуце гісторыі было вырашана выдаваць гістарычна-краязнаўчы часопіс пад назвай “Вопросы истории БССР”, і ён разглядаўся як перыёдык “шырокага профілю”. Характэрная ўжо сама назва, прапанаваная для задуманага часопіса: у ёй выкарыстоўвалася савецкая абрэвіятура “БССР”, не было поўнай назвы краіны ці вытворнай формы. У Мінску ў тыя гады ў дачыненні да гісторыі і гістарычнай навукі ўжо (і яшчэ) рэдка адважваліся выкарыстоўваць азначэнне “беларуская” – мабыць, каб не выклікаць падазрэнняў у схільнасці да беларускага нацыяналізму. Добрай ілюстрацыяй гэтага могуць паслужыць тытулы тагачасных навуковых выданняў па гісторыі Беларусі: нават выданні перыяду адлігі, ад школьнага падручніка да хрэстаматый і абагульняльных акадэмічных прац – практычна ўсе яны ўтрымлівалі ў назве бязлікае “БССР” [43], хоць прысвячаліся мінуламу далёка не толькі савецкай эпохі. Супраць такой практыкі публічна выступаў, наколькі ведаю, толькі Мікалай Улашчык, які, напрыклад, у 1966 г. называў недапушчальным выкарыстанне “БССР” у назве школьнага падручніка пад рэдакцыяй Л. Абэцэдарскага, справядліва напамінаючы, што “сваю краіну варта б называць не абрэвіятурай” [44].

Калі ў Кіеве менавіта ў гады адлігі гісторыкам удалося рэабілітаваць тэрмін “украінская гістарыяграфія” [45], і назва “Український історичний журнал” там нікога не пужала, як і ўкраінская мова выдання, то ў Мінску планаваны часопіс збіраліся выдаваць на рускай мове (пра гэта сведчыць і прапанаваная назва, і моўны рэжым Інстытута гісторыі, у якім уся дакументацыя і сходы ўжо вяліся па-руску), а пытанне беларускай мовы пры гэтым нават не паўставала.

Мяркуючы пра магчымы змест праектаванага часопіса, варта адзначыць, што хоць на агляд і крытыку прац заходняй гістарыяграфіі або рэцэнзіі на кнігі гісторыкаў сацыялістычнага блока наўрад ці можна было б спадзявацца (у савецкія часы гэта заставалася прэрагатывай Масквы), пэўная ўвага да тэарэтычных пытанняў, устаноўка на дыскусійнасць і навуковую крытыку хоць бы айчынных публікацый па гісторыі ў такім перыёдыку была б не толькі мэтазгоднай, але і рэальна магчымай – яна цалкам адпавядала б дырэктыўнай лініі вышэйшага кіраўніцтва на “пераадольванне дагматызму і начотніцтва” як наступстваў культу асобы. Аднак у пратаколах тых пасяджэнняў, на якіх уздымалася пытанне гістарычнага часопіса, не знаходзім ні згадкі пра неабходнасць пастаноўкі падобных задач перад будучым перыёдыкам. Гэта зноў моцна кантрастуе з тым, як канцэптуалізаваўся свой гістарычны часопіс у Кіеве, дзе “распрацоўку тэарэтычных пытанняў гістарычнай думкі”, крытыку і разгортванне творчых дыскусій вызначылі як яго “адно з найважнейшых заданняў” [46].

З аналізу выяўленых дакументаў ствараецца агульнае ўражанне, што ў Мінску канца 1950-х г. праектаваны гістарычны часопіс задумваўся галоўным чынам як сродак трансляцыі гісторыкамі пэўных вынікаў іх працы да шырокай грамадскасці. Для гістарычнай асветы насельніцтва такое выданне, вядома ж, магло выканаць важную ролю, але нельга не здзіўляцца, што навукоўцамі зусім не праглядалася магчымая роля перыёдыка для развіцця сваёй дысцыпліны. Яго наогул не канцэптуалізавалі выданнем навуковым, патрэбным для развіцця беларускай гістарыяграфіі. Здаецца, у асяроддзі гісторыкаў, што мелі дачыненне да спробаў стварыць часопіс, тады яшчэ не было разумення акадэмічнага перыёдыка як найважнейшага канала навуковай камунікацыі і форуму навуковай крытыкі, так патрэбнай для паляпшэння навуковай практыкі.

Пасля нескарыстаных магчымасцяў, дадзеных перыядам хрушчоўскай палітычнай адлігі, Мінск заставаўся без гістарычнага часопіса да канца савецкай эпохі. Праўда, у 1970 г. пачалі выходзіць “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” – інфармацыйны навукова-метадычны бюлетэнь Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у якім часта публікаваліся і гісторыкі, але, зразумела, бюлетэнь не мог выконваць функцый гістарычнага часопіса. Перад ім ставілася мэта інфармаваць пра дзейнасць пярвічных арганізацый таварыства, расказваць пра ахову помнікаў, пра новыя пошукі і знаходкі, таму, хоць выданне і бралася “асвятляць гістарычны шлях беларускага народа” [47], рабілася гэта скрозь прызму стварэння помнікаў культуры, і гістарычным публікацыям у ім належала досыць абмежаванае месца. У 1989 г., дзякуючы дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця за гады перабудовы, “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” ўдалося ператварыць у “Спадчыну” –часопіс Беларускага фонду культуры і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, які браўся за пякельна актуальную задачу адраджаць памяць – “весці шырокую прапаганду гісторыі і культуры беларускага народа” [48], папулярызаваць беларускае мінулае ў масавай аўдыторыі. Пасля “Спадчыны” за падобную справу ўзялася і “Беларуская мінуўшчына”, якая пачала выходзіць у 1993 г. і прэзентавалася як “гістарычна-публіцыстычны ілюстраваны часопіс”, мэтай якога заснавальнікі і рэдакцыя вызначылі “адраджэнне гістарычнай памяці народа” ў суверэннай Беларусі [49]. Належыць прызнаць, што як папулярызатарскае выданне “Беларуская мінуўшчына” была адметнай і досыць паспяховай, але праіснавала толькі шэсць гадоў і ў 1999 г. была ператворана ў вузка спецыялізаваны часопіс “Архівы і справаводства”.

Нішу навуковага гістарычнага перыёдыка, што заставалася вакантнай з 1950-х г., быццам заняў “Беларускі гістарычны часопіс”, у ліку заснавальнікаў якога выступілі Інстытут гісторыі і БДУ. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ Пётр Шупляк лічыў, напрыклад, што БГЧ “будзе працаваць на станаўленне новай гістарычнай парадыгмы”, публікуючы і працы па метадалогіі, што новы часопіс “павінен стаць цэнтрам кансалідацыі беларускіх гісторыкаў, сапраўдным люстэркам беларускай гістарычнай думкі” [50]. Ці стаў ён такім? Здаецца, пытанне рытарычнае. Не сакрэт, што, камбінуючы навуку і дыдактыку, БГЧ ад самага пачатку больш увагі аддаваў гістарычнай адукацыі, арыентуючыся нават на школьную аўдыторыю. Для сапраўды навуковых публікацый у ім рэдка знаходзілася месца, а ў артыкулах тэарэтычнага характару, гістарыяграфічных аглядах, сталым рэцэнзаванні і крытыцы найноўшых выданняў рэдакцыя, здаецца, наогул не бачыць патрэбы.

У канцы 1990-х г. адбылася яшчэ адна спроба стварыць афіцыйны акадэмічны перыёдык па гісторыі. Канстатуючы нездавальняльны стан з навуковымі часопісамі гістарычнага профілю ў Беларусі, тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі акадэмік М. Касцюк пісаў: “У гэтых умовах гісторыкі Беларусі ўжо даўно адчуваюць патрэбу ў перыядычным выданні, якое ў адрозненне ад вышэй згаданых часопісаў [51] публікавала б найперш матэрыялы па найбольш значных праблемах айчыннай гісторыі з ухілам на іх глыбокае тэарэтычнае асэнсаванне” [52]. Гэта быў прыклад выразнага прызнання патрэбаў звароту да тэарэтычных пытанняў гістарычнай навукі ў афіцыйным друкаваным органе суверэннай Беларусі. Для задавальнення такіх патрэбаў і прызначаўся заснаваны штогоднік Інстытута гісторыі, – сцвярджалася ў рэдактарскім уступным слове. Аднак сталася так, што пасля выхаду першага нумара выданне, пазіцыянаванае як інстытуцкі перыёдык, у выніку змены кіраўніцтва названага інстытута наогул спыніла існаванне.

Перакананы, што калі б цяперашнія кіраўнікі галоўных інстытутаў беларускай гістарычнай навукі адэкватна разумелі патрэбы гістарыяграфічнага працэсу, то краіна даўно мела б добры дзяржаўны часопіс для гісторыкаў. Але такога выдання ўсё яшчэ няма, і гэты факт набывае сімвалічнае значэнне, звязваючы беларускую гістарыяграфію з яе савецкай спадчынай, з сітуацыяй тых нерэалізаваных магчымасцяў, пра якія гаварылася вышэй.


[1] Кушнер В. Слова ад рэдакцыі // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 1. С. 4.
[2] Гл.: Слова заснавальнікам // БГЧ. 1993. № 1. С. 9.
[3] Касцюк М. Да чытача // Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. 1999. Мінск: Інстытут гісторыі, 1999. С. 4–5.
[4] Гл.: Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. 9-е изд. Т. 9 (1956 – 1960). Москва, 1986. С. 90, 111; Доклад Н. С. Хрущева о культе личности Сталина на ХХ съезде КПСС. Москва, 2002. С. 51 – 119.
[5] Слова ўжываецца ў артыкуле як тэрмін, а не як эпітэт, таму выкарыстоўваецца без двукосся.
[6] Падр. гл.: Сагановіч Г. Хрушчоўская адліга ў беларускай гістарыяграфіі // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich / Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Т. 2. Варшава, 2016. C. 248 – 267.
[7] Навуковы перыёдык “Весці Акадэміі навук БССР”, што выдаваўся з 1947 г., меў асобную серыю для Аддзялення грамадскіх навук, якая спачатку называлася гістарычнай, а з 1956 да 1992 г. выходзіла як “Серыя грамадскіх навук”.
[8] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ). Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 260. Пратаколы партыйных сходаў партарганізацыі Інстытута гісторыі АН БССР за 1956 г. С. 10.
[9] Тамсама. С. 12.
[10] Пратаколы партыйных сходаў партарганізацыі Інстытута гісторыі АН БССР. Пратакол № 10 (11.01.1957). НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 289. С. 9.
[11] Тамсама. С. 15.
[12] Тамсама. Пратакол № 11 (6.02.1957). С. 17.
[13] Короткевич А., Савочкин П., Шабуня К. О некоторых вопросах развития исторической науки в республике // Коммунист Белоруссии. 1957. № 2. С. 14–19.
[14] Мелася на ўвазе выданне: Каменская Н. В. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі / пад рэд. А. М. Панкратавай. Мінск, 1946; яна ж. Утварэнне Беларускай Совецкай соцыялістычнай дзяржавы. Мінск, 1948.
[15] Короткевич А., Савочкин П., Шабуня К. О некоторых вопросах развития исторической науки в республике. С. 15.
[16] Тамсама. С. 17.
[17] НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 289. Пратакол № 13 (13.05.1957). С. 34–36.
[18] Цэнтральны навуковы архіў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (далей ЦНА НАН Беларусі). Ф. 3. Спр. 286. Пратакол паседжання Вучонага савета Інстытута гісторыі за 3.06.1957. С. 43–44.
[19] Тамсама. С. 45.
[20] Тамсама. С. 45–46.
[21] НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 322. С. 32.
[22] ЦНА НАН Беларусі. Ф. 150. Аддзяленне грамадскіх навук. Спр. 3. Пратаколы паседжанняў Бюро аддзялення (2.01.1958 – 30.12.1958). С. 74.
[23] Тамсама. С. 76–77.
[24] Перыёдык “Савецкае будаўніцтва” пад нязначна змененымі назвамі выходзіў у Мінску з 1924 па 1937 г., аднак ён не з’яўляўся грамадскім і не меў дачынення да гісторыі: гэта быў палітычна-эканамічны часопіс Дзяржплана БССР. Магчыма, аўтар зблытаў яго з “Савецкай краінай”, што змяніла “Наш край” і выходзіла як штомесячны орган Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Беларускай Акадэміі Навук з 1930 па 1933 г.
[25] ЦНА НАН Беларусі. Ф. 150. Спр. 3. С. 86–87.
[26] У арыгінале – “затруднений”, пад якімі, па ўсім відаць, разумеліся цяжкасці фінансавага характару.
[27] ЦНА НАН Беларусі. Ф. 150. Спр. 3. С. 94.
[28] Тамсама. С. 99.
[29] У пятым пункце пастановы сцвярджалася: “Лічыць неабходным цягам сямігодкі павялічыць сектар археалогіі Інстытута гісторыі з такім разлікам, каб яго можна было ў далейшым рэарганізаваць у самастойны Інстытут археалогіі…”.
[30] НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 359. Пратакол № 9 (3.03.1959). С. 10.
[31] НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 847. С. 68–70, 73–76.
[32] Гл.: Институт истории Национальной академии наук Беларуси (1929–2009) / Коваленя А. и др. Минск, 2009. С. 61.
[33] НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 847. С. 156, 170.
[34] Гл.: За творческую разработку новой и новейшей истории // Новая и новейшая история. 1957. № 1. С. 3–4.
[35] Від Редакційної колегії // Український історичний журнал. 1957. № 1. С. 6.
[36] Тамсама. С. 5.
[37] Гл.: Іоўчук М. Сучасныя задачы совецкай навукі БССР у справе комуністычнага выхавання народа // Большэвік Беларусі. 1947. № 7. C. 23; ён жа. Узняць работу з інтэлігенцыяй на ўзровень сучасных задач КП(б) Беларусі // Большэвік Беларусі. 1948. № 1. C. 27–29. Пар.: Храпко Л. Стварэнне “Гісторыі БССР” як важнае дасягненне гістарычнай навукі // Весці АН БССР. Серыя грам. навук. 1985. № 4. С. 53–61; Лінднэр P. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ–ХХ ст. / пер з ням. Л. Баршчэўскага. С.-Пецярбург, 2003. С. 327–339; Сагановіч Г. Канструяванне афіцыйнага выкладу гісторыі ў пасляваеннай БССР // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich / Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Т. 1. Варшава, 2015. C. 202–210.
[38] НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 322. С. 42–43.
[39] ЦНА НАН Беларусі. Ф. 150. Аддзяленне грамадскіх навук. Спр. 3. Пратаколы пасяджэнняў Бюро аддзялення (3.01.1958 – 30.12.1958). С. 77–78.
[40] Гл.: Академия наук Белорусской ССР: краткий очерк / под ред. В. П. Платонова. Минск, 1989. С. 47–50. Пар.: Купревич В. Ф. Академия наук Белорусской ССР: исторический очерк. Минск, 1957. С. 20–21, 34.
[41] Токарев Н. В. Академия наук Белорусской ССР: годы восстановления и развития (1945–1991). Минск, 2016. С. 37–39.
[42] Тамсама. С. 39–42.
[43] Прыклады глядзі ў: Гісторыя БССР: тэматычны паказальнік савецкай літаратуры (1945–1958 гг.) / скл. У. Ціток, А. Ігнаценка, Я. Шапчыц. Мінск, 1959. Пар.: История БССР: Учеб. пособие для учащихся средней школы / Л. С. Абецедарский, М. П. Баранова, Н. Г. Павлова. Минск, 1960; Хрестоматия по истории БССР. Ч. 1. Сост. Е. М. Зуев и З. Ю. Копысский. Минск, 1961; Игнатенко А. П. Введение в историю БССР. Минск, 1965; История БССР. Учеб. пособие для вузов / под ред. В. В. Чепко, А. П. Игнатенко. Ч. 1. Минск, 1981. Рэдкім выключэннем стала “Советская историография Белоруссии” (Мінск, 1957), аднак яна выдавалася на правах рукапісу для ўнутранага абмеркавання.
[44] Гл.: Улащик Н. Н. О фактах истории “плохих” и “хороших” // Народная газета. 1996. 23 лют. С. 4.
[45] Марченко М. Украінська історіографія (з давніх часів до середини XIX ст.). Киïв, 1959. Ужо тэксты XVII ст. аўтар смела трактаваў як “украінскія”.
[46] Від Редакційної колегії // Український історичний журнал. 1957. № 1. С. 9.
[47] Слова да чытача // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1970. № 1. С. 4.
[48] Вяртанне памяці // Спадчына. 1989. № 1. С. 2–3.
[49] Беларуская мінуўшчына. 1993. № 1. Гл. слова заснавальнікаў на с. 3–4.
[50] Слова заснавальнікам // БГЧ. 1993. № 1. С. 11–12.
[51] Аўтар меў на ўвазе “Спадчыну”, БГЧ і “Архівы і справаводства”.
[52] Касцюк М. Да чытача // Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. С. 5.

Наверх

Тэгі: