Юры Гардзееў. Некалькі заўваг да праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі
У 2017 г. у Ольштыне выйшла з друку манаграфія Анны Пыташ-Каладзейчык, у якой разгледжана праблема прававых, адміністрацыйных, маёмасных і тэхнічных умоў выкарыстання водных рэсурсаў у велікакняскіх маёнтках заходняй часткі Гарадзенскага павета ў XVI ст. [1] (8). Азнаямленне са зместам кнігі, зрэшты, як і з іншымі працамі аўтаркі, стала не толькі добрай нагодай для разважанняў пра дасягненні гістарычнай геаграфіі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны, але чарговым прыкладам, які наводзіць на роздум аб патрэбе паглыблення гісторыка-геаграфічных даследаванняў у Беларусі.
Зазначым, што распрацоўка названай праблемы можа выклікаць пэўныя сумненні з прычыны сваёй “вузкасці” і дробнатэмнасці. Разам з тым аналіз зместу працы расстаўляе ўсе кропкі над “і”.
Рэцэнзаваная праца складаецца з чатырох раздзелаў, заканчэння, бібліяграфіі і паказальнікаў. Яе тэкст узбагачаюць табліцы, фотаздымкі і карты. У першым раздзеле аўтарка засяроджвае ўвагу на двух аспектах. Спачатку накрэслівае гісторыка-палітычную панараму, аналізуючы працэс фармавання межаў і тэрытарыяльна-адміністрацыйных падзелаў Гарадзенскага павета ў XV–XVI ст. (27–31). За храналагічны пункт адліку цалкам лагічна выбраны 20-я гады XV ст. як час палітычнай стабілізацыі ў рэгіёне (27). Заканчэнне канфлікту з крыжаносцамі, як вядома, стварыла больш спрыяльныя ўмовы для гаспадарчага развіцця Гарадзенскага павета.
У гэтым жа раздзеле даследчыца праводзіць рэканструкцыю тагачаснага геаграфічнага асяроддзя (ландшафту, гідраграфічнай сеткі, карысных выкапняў, клімату і фаўны). Трэба пагадзіцца з тым, што недахоп ці нават адсутнасць пісьмовых крыніц не маглі не паўплываць на абмежаваныя магчымасці аналізу гэтага пытання. Таму ў метадалагічным плане варта звярнуць увагу на спробы вывучэння кліматычных умоў позняга Сярэднявечча і пачатку Новага часу (напрыклад, перыядаў пахаладанняў ці марозных зім XIII і XVI ст.), якія абапіраюцца на гісторыка-параўнальны метад і аналіз археалагічных і палеабатанічных матэрыялаў (38–41).
На падставе друкаваных крыніц складзены спіс 54 рэк з абшараў даўніх пушчаў (Малавіцкай, Адэльскай і Крынскай; с. 42–48) і 53 азёр (53–56). Выкарыстоўваючы астэалагічныя матэрыялы, А. Пыташ-Каладзейчык закранула пытанне стану тагачаснай фаўны, пералічваючы шматлікія віды рыб XIII–XIV ст. (57), згадваючы пра расамах ці тарпанаў, якія зніклі на пачатку XIX ст. (69). Ступень залесенасці земляў Вялікага Княства Літоўскага аўтар манаграфіі ацаніла як 50–60% тэрыторыі краіны (67).
Другі раздзел прысвечаны фармаванню структуры ўласнасці водных рэсурсаў і прававым аспектам іх функцыянавання. Не менш цікавы змест трэцяй часткі кнігі, дзе асвятляецца сістэма кіравання гаспадарскімі маёнткамі, у тым ліку дзейнасць рэвізора, ляснічага і неваднічага. На думку даследчыцы, спецыфіка Гарадзенскага павета заключалася яшчэ і ў тым, што пасля выкупу ў Юрыя Радзівіла Гарадзенскага стараства ім кіравалі спраўцы (144). У апошнім раздзеле закранаецца працэс выкарыстання водных рэсурсаў, прыводзяцца прыклады розных відаў рыбалавецкіх прыладаў.
Падсумоўваючы, можна сцвярджаць, што, па сутнасці, мы маем справу з комплексным даследаваннем аднаго з аспектаў гаспадарчай дзейнасці і яго ўмоў на выбранай тэрыторыі на храналагічным адрэзку XV–XVI ст.
Калі канцэпцыя працы не выклікае асаблівых пярэчанняў, то куды больш прынцыповае значэнне мае пытанне выбару абшару. Імкнучыся на яго адказаць, аўтарка выказвае меркаванне, што прыродныя ўмовы заходняй часткі Гарадзенскага павета, які межаваў з Польшчай і Прусіяй, адрозніваліся ад ўмоў іншых частак ВКЛ. Працягваючы спробу абгрунтавання, падкрэслівае, што выбраная частка павета вылучалася густой сеткай рэк ды азёр і значнай залесенасцю (9, 225). На жаль, з гэтым апрыёрным выказваннем нельга пагадзіцца. Хіба іншыя рэгіёны краіны не мелі значнага ляснога покрыва ці густой сеткі паверхневых водаў? Усё ж такі з усходняга боку Нёмана, у тым жа Гарадзенскім павеце, знаходзіліся Азёрская і Берштаўская пушчы, на тэрыторыі якіх рэкі і азёры не рэдкасць.
Зрэшты, на с. 34 распавядаецца пра фізіка-геаграфічны рэгіён Усходнебалтыйскага Паазер’я. Згаданая азёрна-ледніковая правінцыя цягнулася праз Мазуры, Сувалкаўскае і Сейненскае Паазер’е, тэрыторыю Трокскага, Віленскага і Полацкага ваяводстваў (Літоўскае і Браслаўскае Паазер’і). Адсюль не зусім зразумелыя крытэрыі, паводле якіх геаграфічныя ўласцівасці даследаванага рэгіёну названы спецыфічнымі.
Пэўныя пытанні выклікае тэрмін “Заходняя Гарадзеншчына” (“Zachodnia Grodzieńzczyzna”). Здаецца, што куды правільней было б карыстацца назвай “заходняя частка Гарадзенскага павета”.
Аналізуючы змест манаграфіі, нельга абысці ўвагай яе крыніцазнаўчую базу. Гэта шматлікія інвентары і ардынацыі, якія захоўваюцца ў Архіве старажытных актаў у Варшаве, друкаваныя крыніцы (Метрыка і Статуты ВКЛ) і матэрыялы, апублікаваныя Віленскай археаграфічнай камісіяй.
Нягледзячы на тое, што А. Пыташ-Каладзейчык выявіла добрае веданне крыніц, хацелася б коратка затрымацца на метадах архіўных пошукаў, якія прымяняюцца ў працы. Агаворваючы працэс збору крыніц, яна заўважае, што азнаямленне з архіўнымі фондамі Кракава, Вроцлава і Беластока чаканых вынікаў не дало (19). Нельга адназначна сцвярджаць непрадуктыўнасць такога метаду. Хоць, што падаецца цалкам лагічным, больш комплексныя матэрыялы аднаго з паветаў ВКЛ трэба было б шукаць у актавых кнігах судовых устаноў, папярэдне высвятляючы месца іх актуальнага захоўвання.
Неабходна адзначыць, што ў працы сустракаюцца сур’ёзныя хібы. Дзеля прыкладу працытуем сцверджанне: “У беларускіх архівах сабрана поўная дакументацыя адносна Гарадзеншчыны толькі з XVII ст. (sic?!) Гэта тычыцца як Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску, так і Дзяржаўнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне, а таксама Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва. Аднак яна не ўнесла ў праблематыку, прадстаўленую ў працы, істотных дапаўненняў” (19 – 20). Паспрабуем высветліць некалькі нюансаў.
Афіцыйныя назвы згаданых архіваў: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (Мінск) і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Крыніцы, якія знаходзяцца ў архіве ў Мінску, не маглі не ўнесці новых звестак хоць бы таму, што ў яго зборах захоўваецца ажно 16 кніг земскага суда Гарадзенскага павета за 1556–1599 г. (фонд 1755), доступ да якіх для даследчыкаў не абмежаваны. Каб пазбегнуць галаслоўнасці, прывядзем прыклад з актавай кнігі за 1594–1595 г. (справа 13), дзе змешчаны звесткі пра азёры Сомава, Дзмітрава, Арэхава, Лапухова, якія аўтарка згадвае, распавядаючы пра арганізацыю невадніцтва ў другой палове XVI ст. (226).
Апрача таго ўважлівае азнаямленне з матэрыяламі Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва – гаворка ідзе пра земскія і гродскія кнігі Троцкага павета XVII ст., які межаваў з Гарадзенскім (фонды 344, 345), – ды іх аналіз у сукупнасці з рэтрагрэсіўным метадам дазволіў бы паглыбіць даследаваную тэму.
У бібліяграфіі і тэксце працы шэраг фондаў беларускіх і літоўскіх архіваў мае неадпаведную сігнатуру. Напрыклад, фонд 10 са збораў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва называецца не “Кіраванне каралеўскімі маёнткамі ВКЛ”, а “Скарбовы трыбунал ВКЛ”. Фонд “Кіраванне каралеўскімі маёнткамі ВКЛ” мае нумар 110.
Памылкі падобнага кшталту зафіксаваны ў спасылцы 50 на с. 20, дзе згадваецца, што ў гарадзенскім архіве захоўваюцца: “фонд 1882 (гарадскія інвентары 1651 г.), фонд 1143 (ардынацыя пушчаў 1631 г.) і фонд 1643 (рэвізія Гарадзенскай эканоміі 1651 г.)” (?!). На самай справе нумарам 1882 пазначаны фонд Шарашоўскага праваслаўнага дэканата Пружанскага павета XIX–XX ст., фонд 1143 – гэта калекцыя інвентароў, а фонд 1643 – Шчучынскі валасны суд Лідскага павета 1914–1915 г. Узнікае небеспадстаўнае пытанне, адкуль гэтыя звесткі? За зместу спасылкі можна зрабіць выснову, што яны з працы Уладзіслава Пацехі і Міхала Кулецкага [2].
Адсюль трэба прызнаць, што сур’ёзны недахоп працы – фактычнае ігнараванне архіўных крыніц беларускіх і літоўскіх збораў, у тым ліку рукапісных матэрыялаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта і Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх.
Зробім яшчэ адну эпістэмалагічную заўвагу. Як вядома, навука абапіраецца на акрэсленыя прынцыпы спазнання. Услед за Янам Якубоўскім аўтарка падкрэслівае, што для ніводнага з абшараў ВКЛ не захавалася столькі гісторыка-геаграфічных крыніц, як для Гарадзенскага павета (9) [3]. Спасылаючыся на аднаго з найлепшых знаўцаў праблематыкі, аўтарка трапляе ў пастку апрыёрнасці. Вядома, што працэс спазнання прадугледжвае крытыцызм, мае ўзбуджаць сумненні і эмпірычнае пацвярджэнне тых ці іншых выказванняў.
У працы сустракаюцца дробныя хібы. Каралеўскі двор Гарадніца (36) нельга атаясамліваць з сучаснай Горніцай. Гарадніца – адзін з гістарычных раёнаў Горадні, а Горніца – адна з прыгарадных вёсак [4]. Бібліяграфію можна было б узбагаціць артыкуламі Генадзя Цыхуна і Алега Ліцкевіча [5]. На с. 164–166, 172, 176 кнігі неабходна паправіць прозвішча Mosalski на Massalski. Да пераліку ляснічых (154) варта было б дадаць яшчэ некалькі прозвішчаў. У рахунках двара Жыгімонта Аўгуста, апублікаваных ў 1915 г., згадваецца гарадзенскі ляснічы Францішак Чэхалеўскі (Franciszek Czecholewski) і пераломскі ляснічы Альберт Радземскі (Albert Radzemskiego) [6].
Падсумоўваючы, хацелася б адзначыць іншыя працы ольштынскага гістарычнага асяродка [7]. Як можна меркаваць, маштабныя рэгіянальныя даследаванні – у значнай ступені эфект шырокіх магчымасцяў развіцця польскай гістарычнай навукі, якія тая мела яшчэ ў часы Польскай Народнай Рэспублікі, і, як вынік, пераемнасці традыцыі гісторыка-геаграфічных даследаванняў ды паглыбленай ступені распрацоўкі праблематыкі [8].
Сказанае пацвярджае гістарыяграфічная праца Гжэгажа Блашчыка, прысвечаная гісторыка-геаграфічнаму вывучэнню Вялікага Княства Літоўскага, якая ўбачыла свет у 2007 г. і была перавыдадзена ў 2012 г. [9]. Заўважаючы пэўныя складанасці акрэслення прадмета даследавання гістарычнай геаграфіі, якая развіваецца на стыку розных навук, аўтар падзяляе змест кнігі на пяць тэматычных раздзелаў.
У першай частцы засяроджваецца ўвага на аналізе літаратуры (9–15), дзе разглядаюцца пытанні геаграфічнага ландшафту (“krajobraz naturalny”), “які не зазнаў зменаў пад уплывам дзейнасці чалавека” (9) [10]. Па ўсёй верагоднасці, невялікі аб’ём прац па пытаннях даўняга стану рэльефу, кліматычных ваганняў, расліннага покрыва і глебы – вынік абмежаванай крыніцазнаўчай базы. Нягледзячы на сказанае, аўтар сцвярджае, што аналізаваная праблематыка прыцягвала ўвагу даследчыкаў на працягу XIX–XX ст. (працы па гісторыі гідраграфічнай сеткі, складзеныя Аляксеем Сапуновым, Канстанцінам Тышкевічам, Уладзіславам Сыракомлем, гісторыі ляснога покрыва Отта Гедэмана і Белавежскай пушчы Георгія Карцава).
Трэба адзначыць, што сумежнасць гістарычнай геаграфіі з іншымі навукамі дазваляе паглядзець на розныя працэсы і з’явы з перспектывы прасторавай лакалі зацыігістарычных працэсаў. Да такіх тэм можна аднесці разнастайныя стыхійныя бедствы і катаклізмы (“klęski elementarne i żywiołowe”): засухі, маразы, паводкі, эпідэміі, урэшце пажары ды войны, выкліканыя антрапагенным уплывам. Г. Блашчык выказвае шкадаванне з прычыны таго, што “гэтая даследчыцкая сфера гістарычнай геаграфіі найбольш слаба развіта” (15).
Праблему ўзаемадзеяння прыроды і чалавека, асаблівасцяў тэрытарыяльнай арганізацыі грамадства і гаспадаркі можна лічыць стрыжнем наступнай часткі гістарыяграфічнага агляду. Назву другога, бадай, найбольшага па аб’ёме раздзела (16–84, другое выданне с. 17–87) даслоўна можна перакласці як “антрапагенны ландшафт” (“krajobraz kulturalny”). У згаданым фрагменце Г. Блашчык аналізуе гістарыяграфічныя напрацоўкі, у якіх закранаюцца пытанні засялення асобных абшараў (“рэгіёнаў, земляў, шляхецкіх маёнткаў”), іх этнічнага складу, фармавання сеткі паселішчаў і іх тыпаў, развіцця шляхоў зносін. У дадзеным выпадку нельга абмінуць увагай тэрміналагічны апарат, якім аперыруе польская гістарычная навука. Польскі тэрмін “osadnictwo”, які ахоплівае згаданую вышэй праблематыку, адпавядае паняццю гістарычнай геаграфіі насельніцтва і гістарычнай эканамічнай геаграфіі, якое выкарыстоўваецца ў беларускай навуцы.
Прыступаючы да аналізу зместу раздзела, Г. Блашчык падкрэслівае “вялікія заслугі даследаванняў па гістарычнай геаграфіі Беларусі” Міхаіла Спірыдонава (16), у якіх былі змешчаны спісы мясцовасцяў і карта, складзеныя на падставе попісаў войска і матэрыялаў Метрыкі ВКЛ XVI ст. Шмат месца ў працы займае разгляд пытання межаў даўняй Літвы, сярэднявечнай Жамойці, жамойцкапрускай, усходняй балцкай мяжы і балцка-крывіцкай мяжы (працы Ежы Ахманьскага).
Аўтар агляду не забываецца пра аналіз даследчай метадалогіі, высока ацэньваючы наватарскія падыход Ежы Ахманьскага, які спалучаў метады топаанамастыкі, археалогіі і картаграфіі, і Генрыка Лаўмяньскага, даследчыка “палітычнай геаграфіі балтаў”, які зыходзіў з параўнальнага і рэтрагрэсіўнага метадаў, што, абапіраючыся на крыніцы XVIII ст., дазволіла правесці рэканструкцыю працэсаў, якія адбываліся ў Сярэднявеччы.
На фоне дасягненняў літоўскіх і польскіх даследчыкаў беларускія напрацоўкі ў аналізаванай галіне выглядаюць куды больш сціпла. Акрамя згаданых прац М. Спірыдонава да іх ліку трэба аднесці артыкулы, у якіх распавядаецца пра стан землеўладання ў Ашмянскім, Брэсцкім, Камянецкім і Кобрынскім паветах аўтарства Валерыя Мянжынскага і Алега Дзярновіча і працы, прысвечаныя асобным населеным пунктам заходняй часткі Гарадзенскага павета. Асобную ўвагу аўтар звяртае на змест 6-тамовай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (1993–2003) і яе дадатак “Атлас гісторыі Беларусі” (2004), а таксама на кнігі “Памяць”.
Вывучэнне структуры насельніцтва належыць да аднаго з асноўных аспектаў гістарычнай геаграфіі, таму каля 12 старонак займае расповед пра этнічную супольнасць ВКЛ.
Згадваючы кнігу Станіслава Думіна і Ібрагіма Канапацкага, аўтар са здзіўленнем зазначае, што яна прысвечана “беларускім” татарам, беручы прыметнік у двукоссе, падкрэсліваючы, што “такіх не было” (с. 45 першага выдання). У дадзеным выпадку выклікае пярэчанні канструкцыя логікі выказвання. Аўтар, натуральна, не адмаўляе факт пасялення татараў на землях ВКЛ, маючы на ўвазе тое, што ў перыяд Новага часу такі тэрмін не ўжываўся, з чым нельга не пагадзіцца [11]. Вядома, у замкавых кнігах Гарадзенскага павета XVI ст. згадваецца пра “татар господарьских лососенских” [12]. У тагачасных крыніцах сустракаем: “татарове тамошние новгородские” (1572) [13] і “татарын… повету Меньского” (1582) [14]. Што ж тычыцца тэрміна, які ўжываецца беларускімі гісторыкамі, то гаворка, зразумела, ідзе пра татараў, які жылі на этнічных беларускіх землях, карысталіся беларускай мовай, што пацвярджае мова кітабаў. Прынамсі, такі сэнс укладаецца ў тэрмін “беларускія татары”.
Фармаванне сеткі населеных пунктаў – гэта вынік засялення і асваення геаграфічнай прасторы. Неабходна адзначыць вялікую колькасць прац, у якіх з гістарычнай, археалагічнай і мастацтвазнаўчай перспектывы асвятляюцца пытанні гісторыі гарадоў і вёсак. У кнізе закранаюцца пытанні шляхоў зносін (рэк і дарог), асобна вылучаецца падраздзел “Мастацкая і літаратурная геаграфія” (“Geografia sztuki i literacka (geografia kultury)”), дзе паміж іншым увага засяроджваецца на геаграфіі гісторыі архітэктуры. У дадзеным выпадку каштоўнымі падаюцца працы Аляксандра Кушнярэвіча і Альгімантаса Мішкініса, у якіх аналізуюцца ўсходняя мяжа готыкі і межы распаўсюджання барока (83).
Трэці раздзел апавядае пра гісторыка-палітычны ландшафт (“Krajobraz historyczno-polityczny”), тэрытарыяльнаадміністрацыйныя падзелы, дзяржаўныя межы і адміністрацыйныя падзелы той ці іншай хрысціянскай канфесіі (парафія / прыход ці дэканат). У наступным раздзеле разглядаюцца працы па гісторыі геаграфічных даляглядаў падарожнікаў (“Horyzonty geograficzny”), што наведвалі землі Рэчы Паспалітай. Апошняя, пятая, частка кнігі прысвечана дасягненням гістарычнай картаграфіі. Да іх ліку належаць карты, складзеныя гісторыкамі ў XIX – XX ст. Акрамя карт, падрыхтаваных польскімі гісторыкамі, Г. Блашчык адзначае 18 карт розных паветаў ВКЛ аўтарства М. Спірыдонава (115). Асобнае месца ў аглядзе займае расповед пра гісторыю картаграфіі.
На заканчэнне хацелася б зрабіць адну тэхнічную заўвагу. У спасылках першага і другога выдання кнігі (2007 і 2012) бібліяграфічныя апісанні прац маюць скарочаную форму. Аўтар падае толькі прозвішча і першыя словы назвы той ці іншай працы, без пазначэння месца, даты выдання, што выразна ўскладняе азнаямленне са зместам кнігі.
Каб лепш зразумець далейшыя разважанні, трэба звярнуцца да прадмета гістарычнай геаграфіі, якая вывучае сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы ў часапрасторы. Не выклікае сумнення, што за гэтай спробай ёмістага акрэслення даследчай формулы хаваюцца рознабаковыя аспекты, распрацоўка якіх дазваляе высветліць асаблівасці геаграфічнага развіцця таго ці іншага рэгіёну. Геаграфічнаму асяроддзю і ландшафту заўсёды былі ўласцівыя змены, якія ў значнай ступені абумоўлены антрапагенным фактарам [15]. Адсюль гістарычная геаграфія не столькі засяроджвае ўвагу на гісторыі гаспадаркі, колькі разглядае яе як прадукт уплыву чалавечага фактара на змены ландшафту. Менавіта каланізацыя, засяленне той ці іншай тэрыторыі спрычынялася да фармавання новай якасці этнічнага аблічча і прасторава-дэмаграфічных асаблівасцяў, развіцця рамяства і гандлю, сеткі шляхоў зносін, урэшце яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і палітычнага ландшафту ў гістарычным зрэзе.
Заўважым, што гістарыяграфічны аспект азначэння прадмета і зместу гістарычнай геаграфіі не з’яўляецца мэтай дадзеных разважанняў [16]. Куды больш істотным застаецца пытанне аб перспектывах развіцця гэтай галіны гістарычных ведаў у Беларусі.
Патрэба дыскусіі пра стан гістарычнай геаграфіі наспела даўно. Мяркую, што не памылюся, сцвярджаючы, што гэтае пытанне ўздымалася шмат разоў, хоць на практыцы не атрымала належнага развіцця. Праблемы беларускай гістарычнай навукі нарасталі на працягу ўсяго XX ст. Шматлікія “неактуальныя” і непажаданыя тэмы маргіналізаваліся, не адпавядаючы ідэалагічным канонам і метадалагічнай зашоранасці. Можна сцвярджаць, што беларуская гістарычная навука працяглы час была пазбаўлена спрыяльнага “рэчышча”, у якім, напрыклад, развівалася польская гістарычная навука. Таму, відаць, не павінна выклікаць здзіўлення хранічнае адставанне беларускай гістарычнай навукі ў параўнанні з дасягненнямі гісторыкаў іншых еўрапейскіх краін, якія характарызуюцца глыбокай распрацоўкай рознабаковых гісторыка-геаграфічных праблем [17]. Таму і цяжка казаць пра традыцыю комплексных гісторыка-геаграфічных даследаванняў [18].
У адной з прац Ян Тышкевіч трапна заўважыў, што гістарычная геаграфія найбольш грунтоўна супрацоўнічае з такімі дысцыплінамі, як гістарычная картаграфія і гістарычная анамастыка, а таксама з “тэорыяй рэгіёнаў і гістарычнай прасторы” [19]. Парадаксальна, але згаданая канструкцыя як калька накладаецца на беларускі грунт.
Гістарыяграфічны аналіз беларускіх напрацовак – яскравае сведчанне таго, што развіццё гістарычнай геаграфіі, у першую чаргу дзякуючы працам Міхаіла Спірыдонава, Віктара Цемушава і іншых даследчыкаў, атрымала менавіта картаграфічнае вымярэнне [20].
Без сумнення, варта было б закрануць грунтоўную працу М. Спірыдонава, прысвечаную запрыгоньванню сялянства на Беларусі [21], у якой ёсць звесткі пра шматлікія населеныя пункты магнацкіх латыфундый Радзівілаў, Альбрэхта Гаштольда, Тышкевічаў. Асобнай увагі заслугоўвае табліца “Структура катэгорый сялянства па характары асабістай залежнасці (дадзеныя інвентароў, другая палова XVI ст.)” (198–205) і карта “Беларусь у канцы XVI ст.”.
Разгляданая манаграфія наводзіць на думку пра тое, што скрупулёзнае ўзнаўленне гісторыка-палітычнага ландшафту азначае не толькі высвятленне межаў і адміністрацыйна-тэрытарыяльных падзелаў як “формы”, але і збор звестак пра сетку населеных пунктаў канкрэтнага рэгіёну і іх шматбаковае развіццё як пэўнага “касцяка”. Падобная логіка гісторыка-геаграфічнай працы абумоўлівае неабходнасць анамастычных пошукаў [22].
Урэшце спробы ацэнкі развіцця гісторыка-геаграфічных даследаванняў наводзяць на думку, з якой, натуральна, можна не пагадзіцца. У пэўнай ступені некаторыя праблемныя палі гістарычнай геаграфіі супадаюць з інтарэсамі рэгіянальнага краязнаўства. Як вядома, мэта краязнаўства – вывучэнне асобнага рэгіёну шляхам збору матэрыялаў па гісторыі, біяграфістыцы, геаграфіі, лінгвакраязнаўстве і анамастыцы, помніках даўніны [23], якое спалучае метады архіўных пошукаў і палявых даследаванняў.
Нягледзячы на тое, што краязнаўства не абмяжоўваецца чыста пазнавальнымі задачамі, а зыходзіць з адукацыйна-папулярызатарскай накіраванасці і падкрэслівае ролю гісторыка-культурнай спадчыны як турыстычнага прадукту [24], яно ў пэўнай ступені займае нішу, уласцівую гістарычнай геаграфіі. Добрая ілюстрацыя сказанага – шматлікія тапанімічныя і гідранімічныя працы, якія праводзяцца ў розных рэгіёнах краіны [25].
Пра тое, што краязнаўства здольнае сур’ёзна дапоўніць гістарычную геаграфію, сведчыць адкрыццё ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна абраду “Варваркі”. Калі этнографаў цікавіць факт яго захаванасці і практыкавання, то з пункту гледжання гістарычнай геаграфіі істотная яго сутнасная накіраванасць. Абрад выконваўся ў мэтах прадухілення стыхійных бедстваў [26], якія вывучаюцца гістарычнай геаграфіяй, як правіла, на падставе пісьмовых крыніц. Менавіта таму можна зрабіць асцярожную выснову наконт таго, што краязнаўства ў пэўнай ступені выступае дапаможнай дысцыплінай гістарычнай геаграфіі.
[1] Pytasz-Kołodziejczyk A. Zasoby wodne w dobrach wielkoksiążęcych zachodniej Grodzieńszczyzny w XVI w. Administracja i eksploatacja. Olsztyn, 2017. 292 s.
[2] Pociecha W. Królowa Bona. T. 3. S. 220 i наст.; Kulecki M. Kronika. Pobyt służbowy w Mińsku // Archeion. T. 43. 1994. S. 371–374.
[3] Jakubowski J. Powiat Grodzieński w XVI wieku // Prace Komisji Atlasu historycznego Polski. Z. III. Kraków, 1935. S. 99.
[4] Рапановіч Я. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Мінск, 1982. С. 72.
[5] Цыхун Г. Назіранні над гідраніміяй беластоцка-гродзенскага пагранічча // Nazewnictwo na pograniczach etniczno-językowych: materiały z Międzynarodowej Konferencji Onomastycznej, Białystok – Supraśl, 26–27.X.1999. S. 81–87; Ліцкевіч А. Гародня і Гарадзенскі рэгіён у другой палове XIII – XIV ст.: назва і межы // Гарадзенскі палімпсест. Людзі даўняй Гародні XV–XX ст. 2012. С. 10–59.
[6] Materyały do historii stosunków kulturalnych w XVI wieku: materyały z aktów skarbowych Archiwum głównego warszawskiego. Kraków, 1915. S. 85.
[7] Kołodziejczyk A. Eksploatacja wód na Podlasiu i Grodzieńszczyźnie w XVI w. // Szkice z dziejów społeczno-gospodarczych Podlasia i Grodzieńszczyzny od XV do XVI w. / red. J. Śliwińskiego. Olsztyn, 2005. S. 33–60; Łożyński K. Charakterystyka gleb w powiecie grodzieńskim. // Ibidem. S. 61–69; Śliwiński J. Pożary i pogorzelcy w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI wieku ze szczególnym uwzględnieniem Podlasia i Grodzieńszczyźny w świetle Metryki Litewskiej // Ibidem. S. 95–132; Puszcze wielkoksiążęce na północnym Podlasiu i zachodniej Grodzieńszczyźnie w XV–XVI wieku (podziały, administracja, służby leśne i wodne) / red. J. Śliwiński. Olsztyn, 2007, 427 s.; яго ж. Grodzieńszczyzna i Podlasie w XV–XVI wieku w Wielkim Księstwie Litewskim (wielkoksiążęce puszcze i włości, eksploatacja, pożary). Olsztyn, 2010. 269 s.
[8] Tyszkiewicz J. Geografia historyczna. Zarys problematyki. Warszawa, 2014. S. 21–23.
[9] Błaszczyk G. Geografia historyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego. Stan i perspektywy badań. Wyd. 2, poprawione i uzupełnione. Poznań, 2007; яго ж. Geografia historyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego. Stan i perspektywy badań. Wyd. 2, poprawione i uzupełnione. Poznań, 2012.
[10] У беларускіх працах часта акрэсліваецца геаграфічным тэрмінам “гістарычная фізічная геаграфія” (Семянчук Г. Гістарычная геаграфія і гістарычная анамастыка Беларусі: праграма курса. Гродна, 2007. [С. 3]; Дубінін Д. Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне “Гістарычная геаграфія Беларусі”. 2014. [С. 6]).
[11] Sobczak J. Położenie prawne ludności tatarskiej w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa – Poznań, 1984. S. 3–4.
[12] Акты Виленской Археографической Комиссии. Т. XVII. Вильно, 1890. С. 27–28.
[13] Lietuvos metrika. Kniga Nr. 51 (1566–1574). Vilnius, 2000. S. 312.
[14] Акты Виленской Археографической Комиссии. Т. XXXI. Вильно, 1906. С. 48.
[15] Tyszkiewicz J. Geografia historyczna. Zarys problematyki. Warszawa, 2014. S. 8, 10.
[16] Tyszkiewicz J. Geografia historyczna Polski w średniowieczu: zbiór studiów. Warszawa, 2003. S. 10–19.
[17] Казлоў Л. Гістарычная геаграфія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мінск, 1997. С. 8.
[18] Błaszczyk G. Geografia historyczna Wielkiego księstwa Litewskiego. Poznań, 2007.
[19] Tyszkiewicz J. Geografia historyczna Polski w średniowieczu. S. 12, 16.
[20] Спірыдонаў М. Гістарычныя карты Беларусі ў айчынных энцыклапедыях // БГА. Т. 9. Сш. 1–2 (16–17). 2002. С. 169–188; яго ж. Беларусь у другой палове XVI ст. 1:1 500 000 // Нацыянальны атлас Беларусі. Мiнск, 2002; яго ж. Развитие исторической географии // Ин-т истории НАН Беларуси (1929–2009). Минск, 2009. С. 557–561 [Электронны рэсурс] http://www.hist-geo.net/ index.php?p=27&more=1&c=1&tb=1&pb=1; http://www.hist-geo.net/index.php?p=27&more=1&c=1&tb=1&pb=1&page=2; Гістарычны атлас Беларусі / гал. рэд. М. Спірыдонаў. Т. 1: Беларусь са старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава – Мінск, 2008. 164 с.; Темушев В. Формирование московской литовской границы в XV – начале XVI в. // Studia Historica Europae Orientalis. Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 1. Минск, 2008. С. 56–76; яго ж. Пограничные города Великого княжества Литовского: Дмитровец в XV в. // Studia Historica Europae Orientalis. Исследования по истории Восточной Европы. Вып 2. Минск, 2009. С. 44–122; яго ж. Кричевский участок литовско-московской границы в XVI в. // Studia Historica Europae Orientalis. Исследования по истории Восточной Европы. Вып 3. Минск, 2010. С. 135–165; Цемушаў В. Гістарычныя атласы і стан развіцця сучаснай гістарычнай геаграфіі ў Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып. 25. Мінск, 2010. С. 200–203; яго ж. Праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі Беларусі // БГА. Т. 10. Сш. 1–2 (18–19), 2003. С. 228–254; Вялікі гістарычны атлас Беларусі [карты]: у 3 т. Рэдкалегія: В. Насевіч (гал. рэд.) і інш. Т. 1. Мінск, 2009; яго ж. Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў крывым люстэрку рэцэнзіі // ARCHE-Пачатак. № 6. 2010. С. 330–343; Латышонак А., Семянчук Г. Марныя высілкі акадэмічных гісторыкаў // ARCHE-Пачатак. № 6. 2010. С. 298–322; Alexandrowicz S. Studia z dziejów miasteczek Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 2011. 442 s.
[21] Спиридонов М. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV – XVI вв.) / ред. А. Хорошкевич. Минск, 1993. 223 с.
[22] Жучкевич В. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974; Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: Нарматыўны даведнік / І. Гапоненка, І. Капылоў, В. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. Мінск. Тэхналогія, 2003; Усціновіч А. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны XVI–XVIII стст. Мінск, 1975.
[23] Трэпет Л. Краязнаўства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск, 1997. С. 257–260; Півавар М. Гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 1961–1991 гг. Віцебск, 2016; Чыгрын С. Стан краязнаўства засмучае [Электронны рэсурс] https://novychas.by/asoba/ aljaksandr-hrudzina-mjane-mocna-zasmuczae-suczas; Шаскольский Н. Историческая география // Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1. Ленинград, 1968. С. 97.
[24] Шорац Л. Школьнае гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 20 – 30-я гг. XX ст. // Веснік Віцебскага дзярж. ун-та. 2005. № 4 (38). C. 36–39; Лозка А. Краязнаўства: ад нефармальнай адукацыі да сучаснай школы // Адукатар. № 2 (8). 2006. С. 46–47; Краязнаўчая работа ў Круглянскай сярэдняй школе № 1 [Электронны рэсурс] http://catalog.library.mogilev.by/kray/Econom/ R13P1l.html; Краязнаўства [Электронны рэсурс] http://www.nastaunik.info/national-edu/local-history?page=2.
[25] Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух: матэр. Рэсп. навукова-практычнай канф. 16 крас. 2012 г.
[26] Філіпчык Д. Абрад “Варваркі” // Беларускі гістарычны часопіс. 2016. № 4. С.19–24; Нікалаева Н. Нематэрыяльныя каштоўнасці Глыбоччыны [Электронны рэсурс] http:// zviazda.by/be/news/20160201/1454355709-nemateryyalnyyakashtounasci-glybochchyny; https://www.bsu.by/be/main.aspx?guid=235071&detail=711993.