Ірына Раманава. “Вынаходжанне” штодзённасці: як і што мы даследуем*
* Kashtalian, Iryna. The Repreccive Factors of the USSR’s Internal Policy and Everyday Life of the Belarussian Society (1944–1953). Wiesbaden, Harrassowitz Verlag, 2016. XIII, 345 p. (Historische Belarus-Studien 5)
Выхад у свет рэцэнзаванай кнігі Ірыны Кашталян – з’ява знакавая па шэрагу прычын: гэта першае манаграфічнае даследаванне па названых тэме і перыядзе; выканана яна ў даволі новым для беларускай гістарыяграфіі кірунку – гісторыя штодзённасці; базу крыніц склалі матэрыялы вуснагістарычных інтэрв’ю; урэшце, кніга выйшла ў Германіі на англійскай мове. Не меншую цікавасць для гістарычнай навукі, чым сама кніга, уяўляе сабой гісторыя яе напісання.
У 2002 г. даследчыца пачала распрацоўваць згаданую тэму, а ў 2006 г. у БДУ абараніла кандыдацкую дысертацыю “Штодзённае жыццё беларускага грамадства (1944–1953 г.)”. Але дысертацыя не была зацверджана Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй. Дыскусія пра навуковыя хібы работы не вялася ўвогуле, уся аргументацыя канцэнтравалася вакол яе “антысавецкасці”. Суд Першамайскага раёна г. Мінска адмовіўся прыняць да разгляду справу па абскарджанні пастановы ВАК, а справу ў Мінскім гарадскім судзе І. Кашталян прайграла [1].
Працу над тэмай яна працягнула ўжо ў Германіі ў якасці стыпендыяткі Нямецкай службы акадэмічных абменаў і аспіранткі Вольнага ўніверсітэта Берліна (2008–2012). У 2012 г. яна паспяхова абараніла шматпакутнае даследаванне ў Вольным універсітэце Берліна. У новым варыянце тэма гучала больш радыкальна: “Рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР і штодзённае жыццё беларускага грамадства 1944–1953 г.” [2]. Менавіта гэтая дысертацыя і была апублікавана ў якасці манаграфіі ў 2016 г.
У прадмове І. Кашталян піша: “…асоба нават у неспрыяльных умовах мае пэўны выбар”. У якасці прыкладу яна прыводзіць уласны досвед: або пайсці супраць сябе, змяніць і адаптаваць свой тэкст і атрымаць навуковае званне тут і цяпер, або застацца пры сваіх навуковых перакананнях. Паняцце стратэгій стала адным з ключавых і для яе даследавання.
Аўтарка паставіла перад сабой даволі амбіцыёзную задачу: не толькі даследаваць саму штодзённасць, але і паказаць месца і ролю рэпрэсіўнага фактара на паўсядзённым узроўні, прычым адной з асноўных груп крыніц для яе паслужылі матэрыялы вуснагістарычных інтэрв’ю [3].
Як вядома, менавіта матэрыялы пра жыццё ў СССР (побытавыя практыкі), атрыманыя шляхам апытання на пачатку 1950-х г. былых савецкіх грамадзян, якія пасля вайны не вярнуліся на радзіму [4], сталі падставай для сур’ёзных сумненняў адносна магутнасці таталітарнага падыходу да вывучэння савецкага грамадства [5]. Спалучэнне вуснай гісторыі і таго, што пазней будзе названа гісторыяй штодзённасці, давала новы матэрыял, які не ўпісваўся ў ранейшыя навуковыя парадыгмы.
Сёння ні гісторыю штодзённасці, ні вусную гісторыю нельга назваць новымі кірункамі [6] і разам з тым нельга сказаць, што спрэчкі наконт іх магчымасцяў у вывучэнні мінулага скончыліся. Тое ж тычыцца іх метадалогіі. Але, як адзначыў класік і фактычна адзін з заснавальнікаў гісторыі штодзённасці (Alltagsgeschichte) Альф Людтке, “не існуе адзінага метаду, ёсць метады, што выкарыстоўваюцца ў той меры, якая патрабуецца пастаноўкай пытання” [7]. Адкрыццё і пашырэнне новых даследчыцкіх галін адбылося ў значнай ступені дзякуючы тым пытанням, якія паставіла перад мінулым сучаснасць, ці, лепш сказаць, у выніку пераасэнсавання палёў запыту і пераадолення інтэлектуальных межаў.
Гісторыя штодзённасці выйшла за межы гісторыі матэрыяльнай культуры і нават за межы задачы “аналізу жыццёвага свету простых людзей, вывучэння гісторыі штодзённых паводзін і штодзённых перажыванняў” [8]. Цяпер размова ідзе не столькі пра ўнясенне новага ракурсу ў навуковую карціну мінулага, колькі пра прынцыпова іншы падыход да яго рэканструкцыі: у даследаваннях штодзённасці павінен быць узноўлены індывід, які дзейнічае на жыццёвай сцэне ў зададзеных абставінах, паказаны той асобай, якая вызначае сітуацыю, канструюе – разам з іншымі – сацыяльныя ролі і выконвае іх [9].
На правядзенне даследаванняў па гісторыі савецкай штодзённасці на постсавецкай прасторы найбольш паўплывалі працы лідара т. зв. рэвізіяністаў таталітарнага падыходу [10] амерыканскай даследчыцы Ш. Фіцпатрык [11]. Cацыяльная гісторыя вёскі вывучаецца ёю пры дапамозе “стратэгій падначаленых” [12] (сярод іх: стратэгіі супраціўлення, актыўнага прыстасавання, маніпулявання) [13]. Такі падыход дазваляе звярнуцца да паўсядзённых практык значных груп грамадства і паказаць апошняе ў якасці актыўнага суб’екта гісторыі, які спрабуе змяніць або прыстасаваць да сябе навакольны свет. Але такі падыход выклікаў моцную крытыку: фактычна па-за межамі даследавання застаецца таталітарная дзяржава. Пры вывучэнні горада 1930-х г. Ш. Фіцпатрык вызначыла штодзённасць як “штодзённыя ўзаемадзеянні, якія ў той ці іншай ступні ўключаюць удзел дзяржавы” [14].
Іншы амерыканскі даследчык Стэфан Коткін у вядомай працы пра сталінізм як цывілізацыю шукае адказ на пытанне, якое займае цэнтральнае месца ў дэбатах наконт сталінізму ў цэлым: пра ступень падтрымкі “простымі” рабочымі сталінскага рэжыму ці супраціўлення яму [15]. Даследаванне Коткіна, як і шмат якія іншыя такія ж значныя працы, выклікала палеміку і рэзкую крытыку адразу з двух супрацьлеглых бакоў. З аднаго боку, некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што ён недаацаніў ступень супраціўлення з боку простых грамадзян. А з другога – што ён засяродзіў увагу на фактах маніпуляцый і “манеўравання” з боку “homo sovieticus”, ігнаруючы той факт, што асоба перажывала крызіс і эвалюцыянавала адпаведна патрабаванням эпохі [16].
Зварот да крэатыўнага боку савецкага рэжыму і культываваных ім практык суб’ектывацыі (якім чынам савецкія грамадзяне стваралі сябе як “новых людзей”, уключалі сябе ў праект пабудовы cацыялізму / камунізму) здзяйсняўся ў межах так званага культурнага (ці лінгвістычнага) павароту [17]. Узнік фактычна новы напрамак у вывучэнні савецкай гісторыі – “савецкая суб’ектыўнасць”, тут самасвядомасць савецкага грамадзяніна вывучаецца найперш на падставе эга-дакументаў [18].
Вельмі важныя тэарэтыка-метадалагічныя напрацоўкі былі зроблены нямецкімі даследчыкамі, якія вывучалі нацысцкую дыктатуру ў Германіі. Альф Людтке [19], што даследаваў, у прыватнасці, паводзіны рабочых у часы нацыяналсацыялізму, выступіў супраць спрошчанага разумення тэорыі таталітарызму, згодна з якой таталітарнае панаванне ліквідуе і зводзіць да нуля існаванне сацыяльных адносінаў (“панаванне як сацыяльная практыка” [20]). Зону аўтаноміі суб’екта ён змясціў у такі важны для наступных даследаванняў канцэпт, як “свавольства” (Eigen-Sinn) [21]. Выявілася, што канцэпты Альфа Людтке прыдатныя для вывучэння любых адносінаў панавання [22], і не толькі ва ўмовах таталітарызму.
Істотнай напрацоўкай папярэдніх даследаванняў стала змяшчэнне фокуса з вывучэння гісторыі палітычных інстытутаў, структур, палітычных функцыянераў і іх непасрэдных праціўнікаў на вывучэнне гісторыі дыктатуры з пункту гледжання большасці [23]. У высновах, да якіх прыйшлі прадстаўнікі амерыканскага рэвізіянізму і прадстаўнікі германскай Alltagsgescichte, было шмат агульнага, у прыватнасці: таталітарны рэжым і гітлераўскай Германіі, і сталінскай Расіі абапіраўся не толькі на тэрор і прапаганду, але і ў значнай ступені – на кансэнсус грамадства [24].
Важна адзначыць: у Германіі гісторыя штодзённасці (Alltagsgeschichte) паўставала ў тым ліку і з грамадскіх ініцыятываў. Яе прыхільнікі зыходзілі з таго, што дыктатура існавала не толькі дзякуючы тым, хто зверху, з якімі тыя, што знізу, не мелі нічога агульнага, але ёй спрыялі ўсе слаі і структуры грамадства. Alltagsgeschichte дазваляе паказаць, што ў “падначаленых” заўсёды застаецца крыху аўтаноміі, невялікая магчымасць дзейнічаць самастойна, хоць гэта і не праяўляецца адкрыта. Такім чынам, Alltagsgeschichte закранае злачынны саўдзел так званых “маленькіх людзей” у справах дыктатуры і не дае ім застацца толькі ў ролі ахвяр рэжыму. Для нямецкай гісторыі штодзённасці важна agency, г. зн. дзеянне гістарычных актараў, іх саўдзел [25].
У Расіі цікавасць да гісторыі штодзённасці выйшла якраз з акадэмічных і калянавуковых колаў [26]. На грамадскім узроўні гэтая цікавасць менш за ўсё суадносіцца з тэмай сталінізму і пераасэнсаваннем таго калектыўнага траўматычнага вопыту – да гэтага пытання ў Расіі апелюе хутчэй гісторыя памяці. Гісторыя ж штодзённасці рэдка закранае пытанні адносінаў улады і гістарычных актараў [27].
Відавочна, асноўныя тэарэтычныя дыскусіі аб вывучэнні штодзённасці ва ўмовах таталітарызму разгортваліся на падставе аналізу грамадства 1930-х г. Толькі на пачатку 2000-х узрасла цікавасць да пасляваеннага перыяду і постсталінізму. Даследчыкі ў значнай ступені працягваюць традыцыю, што склалася ў даследаваннях па згаданым перыядзе, але манаполія апошняга падарвана.
1944–1953 гады – гэта перыяд канца вайны і пасляваеннага наладжвання жыцця. Ці, як адзначае Ірына Кашталян, час, калі старая палітычная сістэма спалучылася са зменамі, якія ўзніклі ў час вайны, уключаючы доўгатэрміновае існаванне больш жорсткага заканадаўства. Яна піша, што чаканні пэўнай часткі грамадства ў сувязі з перамогай не спраўдзіліся – лібералізацыі не адбылося, хутчэй наадварот. Больш за тое, з’явіліся новыя катэгорыі нядобранадзейных і варожых элементаў: тыя, хто супрацоўнічаў з немцамі (у самым шырокім сэнсе; або падазраваўся ў гэтым), жыў на акупаванай тэрыторыі, знаходзіўся ў палоне або на прымусовых работах у Германіі, або ў арміі саюзнікаў, або проста выжыў у гета, ці нават калі ўсё пералічанае тычылася не асабіста іх, а іх сваякоў. Рэпрэсіўная палітыка прадугледжвала розныя меры адказнасці як адміністрацыйнага (звальненне з працы, выключэнне з партыі і г. д.), так і крымінальнага пакарання.
Але, як адзначае аўтарка, асноўны фокус вывучэння пасляваеннага дзесяцігоддзя ў беларускай гістарыяграфіі ўсё яшчэ канцэнтруецца вакол гераічнага аднаўлення. Выклікі сацыяльнага развіцця вельмі рэдка вывучаюцца праз псіхалогію мас, свядомасць людзей, праз іх патрэбы – усё гэта зводзіцца да нейкага прыдатка эканамічных механізмаў. З іншага боку, выкарыстанне такога падыходу, як гісторыя штодзённасці, дазваляе зазірнуць за паверхню гістарычнага працэсу. Гэты падыход унікальны тым, што вывучаюцца стратэгіі насельніцтва (ordinary people) у іх паўсядзённай руціне ў сістэме сацыяльна-палітычных і эканамічных узаемаадносінаў. Значная ўвага ў рабоце таксама аддадзена канструяванню новых пасляваенных катэгорый насельніцтва, працэсу іх адаптацыі ў сацыяльна-палітычных і эканамічных адносінах.
Мэта дадзенага даследавання – вызначыць асаблівасці штодзённага жыцця беларускага грамадства 1944–1953 г. пад уплывам рэпрэсіўнага фактару ўнутранай палітыкі ў СССР. Сярод задач: даследаванне штодзённых аспектаў жыцця асноўных груп насельніцтва БССР; выдзяленне жыццёвых стратэгій беларускага насельніцтва ў пасляваенных умовах; вывучэнне асаблівасцяў рэпрэсіўнага фактару, выкарыстанага савецкім рэжымам для адаптацыі Заходняй Беларусі, уключанай у склад БССР. Але тут узнікае пытанне, якім чынам пры даследаванні штодзённых аспектаў і стратэгій будзе вылучацца дзеянне менавіта рэпрэсіўнага фактару? Ці ўвогуле ўсе штодзённыя аспекты і стратэгіі таму і мелі месца менавіта ў такім выглядзе, што на іх уздзейнічаў гэты самы рэпрэсіўны фактар?
Як адзначалася вышэй, асаблівую важнасць для вывучэння розных аспектаў штодзённасці маюць эга-дакументы. Для разгляданага даследавання такую базу склалі найперш вуснагістарычныя крыніцы. Аўтарка адзначае, што менавіта шляхам аналізу аповедаў людзей яна даследуе не толькі і не столькі ўмовы іх штодзённага побыту, але і тыя стратэгіі, якія маглі быць актуалізаваны ў тых ці іншых умовах, а таксама якім чынам на іх выбар ці змену ўздзейнічаў рэпрэсіўны фактар.
У прадмове І. Кашталян дае вызначэнне, што менавіта будзе разумецца пад гісторыяй штодзённасці ў яе працы: найперш размова будзе ісці пра гісторыю жыцця, існавання звычайных людзей і ўспрыманне імі значных гістарычных падзей. Вельмі коратка згадвае дыскусіі, якія адбываліся ў 1990-я г. адносна таго, як трэба пісаць гісторыю штодзённасці. Услед за Ш. Фіцпатрык выбірае канцэпцыю, якая вызначае штодзённую руціну (day-to-day) як штодзённыя інтэракцыі (day-to-day interactions), якія ў той ці іншай ступені ўключаюць удзел дзяржавы” [28].
Ірына Кашталян зазначае, што працэсы, апісаныя ў гэтым даследаванні, больш комплексныя, чым просты падзел насельніцтва на тых, хто адаптаваўся, і тых, хто супраціўляўся. Вельмі важна зразумець, што здарылася, чаму і як гэта ўспрымалася простымі людзьмі. У сувязі з гэтым, падкрэслівае аўтарка, сфакусаванне ўвагі на палітыцы дзяржавы як інтэгральнай частцы практычна ўсіх аспектаў штодзённасці беларускага грамадства выглядае цалкам зразумелым. А аналіз таго, як грамадзяне паводзілі сябе ў канкрэтных тыповых сітуацыях, у тым ліку і як яны выжывалі пад пагрозай рэпрэсій з боку дзяржавы, дапаможа нам вызначыць кірункі ў паўсядзённым жыцці БССР.
Адразу неабходна адзначыць: працу з шэрагу падобных вылучае таксама і тое, што тут закранута надзвычай шырокае кола пытанняў. Адзін пералік тэм, да якіх звярнулася даследчыца, заняў бы не адну старонку. Абазначым толькі асноўныя. Так, першы раздзел “Рэпрэсі .ныя меры іштодзённае жыццё розных сегментаўбеларускага грамадства” (Repressive Measures and Everyday Life of Different Segments of Belarussian Society) мае асобныя падраздзелы: рэструктурызацыя сацыяльных класаў БССР (рабочыя: “дэзерціры прамысловасці”; калгаснікі: голад і пазбаўленне іх правоў; інтэлігенцыя: патэнцыйныя касмапаліты); новыя cацыяльныя групы, створаныя вайной (ваенныя ветэраны: новыя прывілеяваныя; “здраднікі”: вінаватыя, што выжылі ў час вайны; “заходнікі”: новыя савецкія грамадзяне).
У раздзеле 2 асноўная ўвага аддадзена таму, што аўтарка назвала штодзённай руцінай (BSSR Day-to-Day Routine under Government Control), сярод пытанняў – падаткі; уключанасць дзяржавы ў планаванне сям’і; праблемы жылля; крымінал, справакаваны ваеннымі наступствамі (спекуляцыя, самагонаварэнне, крадзяжы).
Трэці раздзел прысвечаны стратэгіям звычайных (ці “маленькіх”) людзей (ordinary people) перад тварам рэпрэсіўнай палітыкі савецкай дзяржавы (Strategies of Ordinary People in the Face of Repressive Policies of the Soviet State in the First Postwar Decade). Сярод вылучаных аўтаркай асноўных стратэгій ordinary people: актыўная адаптацыя (адаптацыя без веры; члены партыі; “замаскіраванае жыццё”; правільныя сувязі); пасіўны рэзістанс (даносы, скаргі, хадатайніцтвы; адыходніцтва, міграцыя); формы актыўнага рэзістансу (чуткі і дэкларацыі; актары на полі бою з дзяржавай) [29]. Дарэчы, тут знайшлося месца і для дзейнасці АК, пасляваеннай партызанкі, ОУН-УПА, моладзевых арганізацый у Заходняй Беларусі. Выражэнне рэлігійнасці ў тых умовах разглядаецца таксама як адна з формаў рэзістансу.
Даследчыца піша, што насельніцтва ў цяжкіх пасляваенных умовах вымушана было выбіраць розныя штодзённыя стратэгіі. Але ці мела яно нейкі выбар? Ці магчыма было ў тых умовах стварэнне больш-менш свабоднай асабістай прасторы? Такі падыход дазваляе паказаць крэатыўнасць, вынаходлівасць абывацеляў: прадметам увагі становіцца тое, як звычайная людзі робяць выбар у межах прапанаванага рэпертуару, ствараюць новыя камбінацыі і г. д., ці як яны, у тэрміналогіі Серто, “вынаходзяць штодзённасць” [30]. Але аўтарка не ставіць такога пытання, хутчэй, яна спрабуе вызначыць тыповыя рысы штодзённасці 1944–1953 г. ва ўмовах пасляваеннага сталінізму, паказаць стратэгіі, даступныя ў тых умовах, і іх верагодныя наступствы.
Акрамя архіўных дакументаў (у тым ліку калекцыі ўспамінаў) даследчыца выкарыстала апублікаваныя крыніцы (успаміны, перыёдыка, зборнікі дакументаў), вуснагістарычныя крыніцы, як з іншых калекцый (Zwangsarbeit 1939–1945; Visual History Archive of the Shoah Foundation Institute for Visual History and Education of the University of Southern California), так і з ініцыяваных (у адпаведнасці з тэмай даследавання) і запісаных самой аўтаркай (46 інтэрв’ю людзей, што нарадзіліся ў 1920 – 1930-я г., занатаваных пераважна ў сакавіку 2009 г.) [31]. У час інтэрв’ю І. Кашталян выкарыстоўвала паўстандартызаваную форму. Яна давала магчымасць атрымаць інфармацыю пра ўспрыманне рэспандэнтамі падзей, якія паўплывалі на іх штодзённае жыццё, а таксама ўбачыць, якія прыярытэтныя сюжэты захавала памяць інфармантаў. Пасля транскрыбавання інтэрв’ю аўтарка вылучала з іх фрагменты, звязаныя з успрыманнем пэўных падзей, і размяркоўвала іх па падтэмах (падаткі, калектывізацыя ў Заходняй Беларусі і г. д.), а пасля аналізавала вылучаныя фрагменты, уключала іх у больш шырокі кантэкст.
У падраздзеле “Траўматычны вопыт” паказана, як рэпрэсіі траўматызавалі асоб, змянялі іх стыль паводзінаў, як яны маглі ўплываць і на самі ўспаміны. Адзначаецца, што лакальная траўма павінна была накладвацца на больш глабальную траўму – вайну (а “вопыт вайны, несумненна быў найгоршым вопытам,” – піша І. Кашталян). Даследчыца адзначае, што вельмі важна прыняць пад увагу стан памяці інфармантаў у час інтэрв’ю, што людзі імкнуцца памятаць добрае і забыцца на дрэннае. Зразумела, што большасць людзей пасля вайны хацелі нармальнага жыцця, а не канфліктаў з уладай. І нават тыя, чые сваякі былі палітычна рэпрэсаваныя, маглі ідэалізаваць рэжым і не хацелі гаварыць пра рэпрэсіі ды канфлікты з дзяржавай. Апавядаецца і пра “падсвядомую боязь” інфармантаў “дэманізаваць” савецкі лад жыцця, прычына гэтага – мінулы вопыт інфармантаў і палітычная сітуацыя ў краіне на пачатку 2000-х, калі запісваліся інтэрв’ю. Адзначаецца праблема мадэрнізацыі памяці (свядома ці падсвядома). На жаль, аўтарка не піша падрабязна, якім чынам яна апраўцоўвала інтэрв’ю, як выяўляла “шэрыя зоны”, не адзначае, пра што інфарманты гаварыць не змаглі / не захацелі, дзе яны свядома “памыліліся”, а дзе проста гаварылі “па-бальшавіцку” [32], бо не мелі іншай мовы.
Разам з тым уключаныя ў тэкст манаграфіі ўрыўкі інтэрв’ю даюць магчымасць пачуць голас “маленькага” чалавека, пачуць гісторыю жыцця, выкладзеную яго ўласнымі словамі і напоўненую яго ўласнымі сэнсамі. Гэтыя фрагменты не толькі інфармацыйныя, яны робяць даволі моцнае эмацыйнае ўздзеянне на чытача. Яны служаць важным доказам таго, што мы не толькі сведкі гісторыі, але і яе непасрэдныя ўдзельнікі, а выкарыстаныя аўтаркай канцэпты “стратэгій” паказваюць “маленькага” чалавека яшчэ і актыўным суб’ектам, які мае выбар, хай сабе і вельмі абмежаваны.
Некаторыя часткі манаграфіі напісаны па інтэрв’ю, некаторыя, як, напрыклад, пра актыўны супраціў і пасляваенную партызанку, – найперш па даследаваннях іншых аўтараў з выкарыстаннем даступных архіўных дакументаў ці без іх. Ёсць у манаграфіі і цалкам новыя для беларускай гістарыяграфіі сюжэты (пасляваенны голад у БССР).
Тыя, хто актыўна супрацоўнічае з рэжымам ці актыўна змагаецца з ім, ніколі не складаюць большасці грамадства. Большасць індывідуумаў ва ўмовах дыктатуры не робяць ні першага, ні другога, іх паводзіны скіраваны перш за ўсё на выжыванне. Натуральна, гэта не выключае неабходнасці даследаваць пытанні актыўнай падтрымкі рэжыму ці супраціўлення яму, калі даследчык хоча дасягнуць нечага большага, чым проста пацвярджэння ці абвяржэння “таталітарнага” характару партыйнай дыктатуры і яе інстытутаў, але не меншай увагі заслугоўвае і “маўклівая большасць”.
У высновах аўтарка піша: аналіз асноўных стратэгій выжывання беларускага насельніцтва ва ўмовах пасляваеннай разрухі паказвае, што звычайнымі людзьмі (ordinary people) выбар рабіўся зыходзячы з матывавання страху перад рэпрэсіямі і пазбягання канфрантацыі з дзяржавай; адзначае, што псіхалагічныя характарыстыкі людзей выконвалі галоўную ролю ў селекцыі патэрнаў паводзінаў: моладзь адчувала большую ўпэўненасць, была больш рызыкоўная і ідэалістычная, у той час як старэйшае пакаленне было больш асцярожным (316).
Неабходна адзначыць, што акцэнт у даследаванні хутчэй зроблены на абставінах і “маленькім” чалавеку ў гэтых абставінах, чым на яго магчымасцях і стратэгіях. Таталітарны падыход да вывучэння савецкага грамадства ў працы ў значнай ступені захоўваецца. Гісторыя “знізу” тут толькі складовая частка больш шырокага поля. У прынцыпе і мэтай кнігі заяўлена вывучэнне не толькі штодзённасці, але і ўздзеяння рэпрэсіўнага фактару на штодзённасць.
Ірына Кашталян прарабіла сапраўды грандыёзную працу, даследаванне ахоплівае неверагодна шырокае кола тэм. Больш за тое, яно ставіць новыя пытанні, фармулюе новыя задачы, а значыць – галоўная мэта дасягнута. Асабіста для мяне яна стала падставай яшчэ раз пагаварыць пра гісторыю штодзённасці, яе задачы і мэты. Многія з узнятых даследчыцай пытанняў заслугоўваюць асобных манаграфій.
Кніга будзе карыснай для даследчыкаў, яна, несумненна, вартая таго, каб быць перакладзенай на беларускую мову – такім чынам яна стане даступнай для ўсіх, хто цікавіцца пасляваенным перыядам, а тэмы, распрацаваныя Ірынай Кашталян, змогуць урэшце быць адаптаваныя беларускімі даследчыкамі, аўтарамі падручнікаў і рознага роду навучальных дапаможнікаў. Пафас гераічнага пасляваеннага аднаўлення не можа засланіць сабой усю складанасць разгледжанага перыяду.
[1] Гісторык Ірына Кашталян працягвае судзіцца за дысертацыю [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://euroradio.fm/ gistoryk-iryna-kashtalyan-pracyagvae-sudzicca-za-dysertacyyu
[2] Ірына Кашталян: Немцы далі мне магчымасьць даказаць, чаго я вартая як навуковец [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://www.svaboda.org/a/27174266.html
[3] Ірына Кашталян – заснавальніца Беларускага архіва вуснай гісторыі (nashapamiac.org), платформы, дзе сабраны шматлікія інтэрв’ю са сведкамі часу. На базе архіва вядзецца адукацыйная дзейнасць па выкарыстанні метадаў вуснай гісторыі, праводзяцца вуснагістарычныя экспедыцыі. Працуе ў гістарычнай майстэрні IBB у Мінску.
[4] Гарвардскі праект па вывучэнні савецкага грамадства. Пад час яго рэалізацыі ў 1950–1951 г. амерыканскія вучоныя апыталі некалькі тысяч чалавек, якія пасля вайны не вярнуліся на радзіму ў СССР, а засталіся жыць у Еўропе.
[5] Таталітарная мадэль прадугледжвала, што савецкая дзяржава імкнулася змяніць грамадства адпаведна марксісцка-ленінскай ідэалогіі, выкарыстоўваючы ў якасці інструмента камуністычную партыю і ўзмацняючы свой дыктат пры дапамозе насілля і тэрору. Грамадства разглядалася як аб’ект інертны і безаблічны, які фармуецца і кіруецца энергічнымі дзеяннямі дзяржавы. Дзеянні грамадства былі рэакцыяй у адказ на дзяржаўны ціск. Такі погляд на адносіны паміж дзяржавай і грамадствам скіроўваў увагу на вывучэнне дзяржаўных механізмаў, а не сацыяльных працэсаў (гл.: Меньковский В. И. Власть и советское общество в 1930-е годы: англо-американская историография проблемы. Минск, 2001. С. 76–77).
[6] Гісторыя штодзённасці як самастойны навуковы напрамак узнікла ў рамках “гісторыка-антрапалагічнага павароту” 1960–70-х г. XX ст. і прадстаўлена двума магістральнымі падыходамі да разумення яе задач і сутнасці: рэканструкцыя ментальнага макракантэксту падзейнай гісторыі (Ф. Брадэль і другое пакаленне школы “Аналаў” і інш.) і рэалізацыя прыёмаў мікрагістарычнага аналізу (нямецкая гісторыя штодзённасці Alltagsgeschichte і італьянская мікрагісторыя).
[7] Людтке А. История повседневности в Германии. Новые подходы к изучению труда, войны и власти. Москва, 2010. С. 60.
[8] Оболенская С. В. Некто Йозеф Шефер, солдат гитлеровского вермахта. Индивидуальная биография как опыт исследования “истории повседневности” [Электронный ресурс] // Одиссей. Москва, 1996. Режим доступа: http://krotov.info/libr_min/15_o/ di/ssey_1996.htm.
[9] Тамсама.
[10] Шэраг вучоных на чале з амерыканскай даследчыцай Ш. Фіцпатрык у 1980-я г. выступілі за перагляд (рэвізіянізм) ранейшых падыходаў. Ш. Фіцпатрык заклікала гісторыкаў да вывучэння сталінізму “знізу” таксама, як і “зверху” (і нават перш за ўсё “знізу”). Былі сфармуляваны наступныя даследчыя задачы: у якой ступені і якім чынам палітыка, абвешчаная на найвышэйшым урадавым узроўні, рэалізоўвалася на месцах, як “маленькі” чалавек засвойваў новыя сацыяльныя і культурныя нормы і г. д.
[11] Fizpatrick S. Everyday Stalinism. Odinary Life in Extraordinary Times: Soviet Russia in the 1930s. New York, Oxford, 1999 (Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. Социальная история Советской Росии в 30-е годы: город. Москва: РОССПЭН, 2001); Fitzpatrick S. Stalin’s Peasants. Resistance and Survival in the Russian Village after Collectivization. New York, Oxford, 1994 (Фицпатрик Ш. Сталинские крестьяне. Социальная история Советской России в 30-е годы: деревня. Москва, 2001).
[12] Дадзены падыход прапанаваны Дж. Скотам (гл.: Scott J. C. Weapons of the Weak. Everyday Forms of Peasant Resistanсе. New Haven, 1985). Таксама гл. працы: Viola L. Bab’i Bunty and Peasant Women’s Protest During Collectivization // Russian Review. 1986. Vol. 45. No. 1. P. 31; Виола Л. Крестьянский бунт в эпоху Сталина: Коллективизация и культура крестьянского сопротивления. Москва, 2010. 367 с.
[13] Фіцпатрык піша, што размова ідзе пра стратэгіі, “узятыя на ўзбраенне расійскімі сялянамі, каб справіцца з наступствамі ўдару, нанесенага ім дзяржавай у ходзе калектывізацыі, і тыя спосабы, пры дапамозе якіх яны спрабавалі паставіць калгасы на службу ўласным інтарэсам, а не толькі інтарэсам дзяржавы” (Фицпатрик Ш. Сталинские крестьяне. С. 11–12).
[14] Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. С. 9.
[15] Kotkin S. Magnetic Mountain: Stalinism as a Civilization. University of California Press, 1995.
[16] Фокс М. Д. Семь подходов к феномену советской системы: Разные взгляды на первую половину “краткого” ХХ века // Американская русистика: Вехи историографии последних лет. Советский период: Антология. Самара, 2011. С. 34–5.
[17] Новы кірунак даследаванняў “савецкай суб’ектыўнасці” абапіраецца на метады культурнай гісторыі і тэкстуальнага аналізу і спрабуе прымяніць у аналізе сталінскага СССР тое разуменне суб’екта, якое склалася ў заходнім акадэмічным асяродку пад уплывам работ Мішэля Фуко. Гэты суб’ект – вынік працы дыскурсіўных практык, тэкстуальная дынамічная канструкцыя.
[18] Хелльбек Й. Повседневная идеология: жизнь при сталинизме [Электронный ресурс] // Неприкосновенный запас. 2010. № 4 (72). Режим доступа: http://magazines.russ.ru/nz/2010/4/he2-pr.html; Hellbeck J. Fashioning the Stalinist soul: the diary of Stepan Podlubnyi (1931–39) // Jahrbűcher fűr Geschichte Osteuropas. 1996. № 44. P. 344–373; Halfin I. Terror in my soul: communist autobiographies on trial. Cambridge: Harvard University Press, 2003. P. 209–273. Hellbeck J. Fashioning the Stalinist soul: the diary of Stepan Podlubnyi (1931–39) // Jahrbűcher fűr Geschichte Osteuropas. 1996. № 44. P. 344–373; Halfin I., Hellbeck J. “Rethinking the Stalinist Subject: Stephen Kotkin’s Magnetic Mountain and the State of Soviet Historical Studies” // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. 1996. № 44. Р. 456–463.
[19] Людтке Ф. История повседневности в Германии. Москва, 2010; Людтке А. Что такое история повседневности? Ее достижения и перспективы в Германии // Социальная история. Ежегодник. 1998/99. Москва, 1999; Людтке А. История повседневности в Германии после 1989 г. // Казус. 1999; Людтке А. История повседневности в Германии: новые подходы к изучению труда, войны и власти. Москва, 2010.
[20] Падыход “панаванне як сацыяльная практыка” накіраваны на вывучэнне схем дзеянняў і мадэляў паводзінаў, абумоўленых пэўнымі сацыяльнымі сувязямі і ўласнай логікай апошніх, якія не маюць самі па сабе нічога агульнага з камуністычным праектам, але ўпісаны ў адносіны панавання.
[21] Сутнасць паняцця “свавольства” (Eigen-Sinn): тым, хто пануе, нягледзячы на ўсе высілкі, накіраваныя на індактрынацыю тых, над кім яны пануюць, на пастаяннае прадпісванне ім правілаў паводзінаў і на прымус іх да праяўлення лаяльнасці паноўнаму рэжыму, ніколі не ўдаецца наўпрост кіраваць мысленнем, адчуваннямі і воляй апошніх, адпаведна ў “падначаленых” заўсёды застаецца крыху аўтаноміі, крыху магчымасцяў дзейнічаць самастойна, хоць гэта і не праяўляецца адкрыта. Тэрмін “Eigen-Sinn” вычарпальна прааналізаваны ў прадмове да кнігі А. Людтке: А. К. Соколов, С. В. Журавлев. Alltagsgeschichte и изучение рабочей истории в России // Людтке А. История повседневности в Германии: новые подходы к изучению труда, войны и власти. Москва, 2010. С. 37 – 38. Гл. таксама Томаса Ліндэнбергера – http://docupedia.de/zg/ Eigensinn_(english_version).
[22] Напрыклад, праект Цэнтра вывучэння найноўшай гісторыі (Патсдам) пад кіраўніцтва Т. Ліндэнбергера па вывучэнні штодзённага жыцця ў ГДР “Праўленне і свавольства пры дыктатуры” (Повседневная жизнь при социализме. Немецкие и российские подходы / под ред. Я. К. Берендса, В. Дубиной, А. Сорокина, с участием Е. Акопян. Москва, 2015. С. 17); Lindenberger Th. Herrschaft und Eigen-Sinn in der Diktatur. Studien zur Gesellschaftsgeschichte der DDR. Köln, 1999; Lindenberger Th. Volkspolizei. Herrschaftspraxis und offentliche Ordnung im SED-Staat. Köln, 2003.
[23] Адразу неабходна адзначыць, што размова не ідзе толькі пра так званую “гісторыю знізу”. Прадмет вывучэння гісторыі штодзённасці – штодзённасць усяго грамадства, як тых, хто зверху, так і тых, хто знізу (Повседневная жизнь при социализме. Немецкие и российские подходы. С. 16).
[24] Сталінскі перыяд цяпер супастаўляецца з перыядам нацызму ў Нямеччыне (гл., напрыклад: Geyer M., Fitzpatrick S. Beyond Totalitarianism: Stalinism and Nazism Compared. New York: Cambridge University Press, 2009).
[25] Повседневная жизнь при социализме. Немецкие и российские подходы. C. 260.
[26] У 1990 – пачатку 2000-х гадоў шэраг наватарскіх прац у галіне гісторыі штодзённасці быў выдадзены і расійскімі гісторыкамі. Гл., напрыклад, артыкулы ў зб.: Советское общество: возникновение, развитие, исторический финал: в 2 т. Т. 1. От вооруженного восстания в Петрограде до второй сверхдержавы мира / под общ. ред. Ю. Н. Афанасьева. Москва, 1995; а таксама зб.: Повседневный мир советского человека. 1920–1940. Ростов-на-Дону, 2009. 384 с.; Советская повседневность и массовое сознание, 1939–45. Москва, 2003; Нормы и ценности повседневной жизни: Становление социалистического образа жизни в России, 1920 – 1930-е годы. С.-Петербург, 2000; манаграфіі: Орлов И. Б. Советская повседневность: исторический и социологический аспекты становления. Москва, 2008; Лебина Н. Б. Повседневная жизнь советского города: Нормы и аномалии. 1920–1930 годы. С.-Петербург, 1999; Лебина Н. Б., Чистиков А. Н. Обыватель и реформы: Картины повседневной жизни горожан в годы нэпа и хрущевского десятилетия. С.-Петербург, 2003. 340 с.; Лебина Н. Б. Энциклопедия банальностей: Советская повседневность: Контуры, символы, знаки. С.-Петербург, 2006. 444 с.; Журавлев С. В. “Маленькие люди” и “Большая история”: иностранцы московского Электрозавода в советском обществе 1920–1930-х г. Москва, 2000; Журавлев С. В., Мухин М. Ю. “Крепость социализм”: Повседневность и мотивация труда на советском предприятии, 1928–1938 г. Москва, 2004. 240 с. Пытанням суадносінаў і размежавання гісторыі прыватнага жыцця і гісторыі штодзённасці, метадалагічным і гістарыяграфічным праблемам гісторыі штодзённасці прысвечаны шосты і сёмы выпускі штогадовіка “Социальная история”, які выдаецца Цэнтрам сацыяльнай гісторыі Інстытута ўсеагульнай гісторыі РАН: Социальная история. Ежегодник, 2004. Москва, 2005. 464 с.; Социальная история. Ежегодник, 2007. Москва, 2008. 367 с. Выдаецца даволі шмат дакументаў, якія характарызуюць штодзённае жыццё савецкіх людей (як правіла, скрозь прызму іх успрымання): Письма во власть. 1917–1927 г. Заявления, жалобы, доносы, письма в государственные структуры и советским вождям / сост. А. Я. Лившиц, И. Б. Орлов. Москва, 1998; Письма во власть. 1928–1939 г.: Заявления, жалобы, доносы, письма в государственные структуры и советским вождям / сост. А. Я. Лившиц, И. Б. Орлов, О. В. Хлевнюк. Москва: РОССПЭН, 2002; Советская повседневность и массовое сознание. 1939–1945 / сост. А. Я. Лившиц, И. Б. Орлов. Москва, 2003. 472 с.; Советская жизнь. 1945–1953. Москва, 2003. Усё большую папулярнасць гісторыя штодзённасці набірае сярод гісторыкаў іншых былых рэспублік СССР. Напрыклад, даследаванні па сацыяльнай гісторыі і гісторыі штодзённасці з’яўляюцца прыярытэтнымі для аддзелаў гісторыі ХХ ст. Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Напрыклад: Повоєнна Україна: нариси соціальної історії (друга половина 1940-х – середина 1950-х рр.): у 3 ч. Київ, 2009; Нариси повсякденного життя радянської Украіни в добу непу (1921–1928 рр.): у 2 ч. Київ, 2010; Мовчан О. М. Повсякденне жіття работників УССР, 1920-ті рр. Київ, 2010. Ва Украіне абаронены шэраг дысертацый па пасляваеннай штодзённасці, напрыклад: Вовк В. Побут та дозвілля міського населення України в 50−80-х роках ХХ ст.: автореф. дис. … к. і. н. Київ, 2007; Герасимова М. Повсякденне життя населення Донбасу в 1945–1953 рр.: автореф. дис. … к. і. н. Донецьк, 2007; Ісайкіна О. Побут і дозвілля міського населення України в повоєнний період (1945–1955 рр.): автореф. дис. … к. і. н. Київ, 2006; Прохоренко О. Повсякденне життя науково-педагогічної інтелігенції України в другій половині 40-х – першій половині 50-х рр. ХХ ст.: автореф. дис. … к. і. н. Київ, 2008; Хоменко Н. Повсякденне життя студентської молоді України (1950−1960‑ті рр.): автореф. дис. … к. і. н. Київ, 2008 і інш.
[27] Повседневная жизнь при социализме. Немецкие и российские подходы. C. 261.
[28] Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. С. 9.
[29] Ірына Кашталян адзначае, што гэтыя стратэгіі яна выкарыстоўвае ўслед за Ш. Фіцпатрык.
[30] Certeau M. de. The Practice of Everyday Life. Translated by Steven Rendall. University of California Press. 1984.
[31] Інтэрв’ю захоўваюцца ў Беларускім архіве вуснай гісторыі (www.nashapamiac.org).
[32] Kotkin S. Magnetic Mountain: Stalinism as a Civilization.