БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Хаўстовіч , Мікола . Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі ХVІІІ–ХІХ стагоддзяў. Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2014. Т. 1. 300 с.; 2016. Т. 2. 300 с.; 2017. Т. 3. 360 с.


Нарэшце мы маем права сцвярджаць, што справа навуковага выдання мастацкіх тэкстаў і разнастайных па змесце гісторыка-літаратурных матэрыялаў, звязаных з прыгожым пісьменствам Беларусі ХVІІІ–ХІХ ст., знайшла годны працяг. У гэтым пераконваюць тры важкія тамы, што ўбачылі свет у Варшаве рупнасцю аднаго даследчыка – Міколы Хаўстовіча – пры фінансавай падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай школы Рэспублікі Польшча ў межах “Нацыянальнай праграмы развіцця гуманістыкі” (2012–2015) і Камітэта навуковых даследаванняў гэтай краіны.

Варта нагадаць пра існаванне некаторых папярэдніх выданняў падобнага кшталту, напрыклад навуковага зборніка “Беларуская літаратура: Даследаванні і публікацыі”, выпускі якога з 1958 г. рыхтаваліся Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы, а з 1973 г. – Гомельскім дзяржаўным універсітэтам, выпускі пачатку 1990-х г. гісторыка-літаратурнага зборніка “Шляхам гадоў” і, зразумела, без перабольшвання этапную ў нашай літаратуразнаўчай навуцы працу “Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст.” (1977, 2-е выд. 2003), укладзеную Генадзем Кісялёвым. Значным вопытам падрыхтоўкі спецыялізаваных профільных навуковых выданняў валодае і сам М. Хаўстовіч, плёнам дзейнасці якога сталі два выпускі навукова-літаратурнага альманаха “ХІХ стагоддзе”, што выйшлі ў 1999 і 2000 г. Таму ў тэксце “Замест прадмовы”, якім пачынаецца першы том варшаўскіх “Даследаванняў і матэрыялаў”, уяўляецца ўсё ж празмерна катэгарычным наступнае выказванне: “Фактычна, навуковым выданнем літаратурных тэкстаў ХVІІІ–ХІХ стст. у нас ніхто не займаўся (як выключэнне – спроба Юрася Пацюпы тэксталагічнага апрацавання Тараса на Парнасе і Двух д’яблаў)”. У падрадковай спасылцы пазначана: Вераніцын К. Тарас на Парнасе: Паэмы. Мінск, 2009. 79 с. Гэтая кніжка, відавочна, прымеркаваная да 120-годдзя з часу першай публікацыі тэксту славутай паэмы, выдавецтвам “Мастацкая літаратура” цалкам правамерна пазначана як “літаратурна-мастацкае выданне”. Нягледзячы на палкую “спробу” Ю. Пацюпы выступіць супраць эдыцыйнай практыкі “саматужных тэкстолагаў” (па яго тэрміналогіі), названае выданне 2009 г. залічыць да катэгорыі “навуковых” не выпадае, бо ў ім чытачам прапануецца не “аўтэнтычны” тэкст вядомага спіса са сшыткаў А. Рыпінскага, а яго рэканструкцыя і найбольш адпаведная, па меркаванні ўкладальніка, адаптацыя да нормаў сучаснага правапісу. Між тым, тэкст паэмы “Тарас на Парнасе” прынамсі двойчы быў надрукаваны на аснове навуковых прынцыпаў пры падрыхтоўцы публікацыі. Да гэтага спрычыніліся ў 1960 г. І. Бас і ў 1990 г. В. Скалабан (Гл.: Бас І. С. Друкаваныя і рукапісныя варыянты паэмы “Тарас на Парнасе” // Беларуская літаратура: даследаванні і публікацыі / АН БССР, Ін-т літ. імя Я. Купалы. Мінск, 1960. [Т.] 3. С. 213–233; Узьлезши на Парнас, што видзиу там Тарас? // Шляхам гадоў: Гісторыкалітаратурны зборнік / уклад. Г. Кісялёў. Мінск: Маст. літ., 1990. С. 236–245). Такім чынам, сцвярджэнне “ўнас ніхто не займаўся” відавочна супярэчыць фактам, але сапраўды займаліся вельмі мала і, безумоўна, недастаткова.

Пішучы “Замест прадмовы”, М. Хаўстовіч не толькі дзеліцца сваімі планамі, але і сцісла характарызуе змест уласнай працы: “Дадзены том нашага выдання (якое плануецца як штогоднік), не прэтэндуючы на вычарпальнасць, знаёміць чытача з пяццю літаратарамі, што стаялі ля вытокаў новай беларускай пісьменнасці. Чацвёра з іх – Францішак Рысінскі, Ян Баршчэўскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Ялегі Пранціш Вуль – нязменна акцэнтавалі сваё беларускае паходжанне (ва ўсякім разе так характарызавалі іх сучаснікі), а Ігнацы Быкоўскі, народжаны на Міншчыне, традыцыйна падкрэсліваў сваю ліцвінскасць”. На маю думку, ужо адно гэта павінна не толькі лашчыць слых, але і прыцягнуць увагу даволі шматлікіх у апошні час палемістаў у сеціве, якія горача канфрантуюць на ўзроўні, як ім здаецца, канцэптуальнай дыферэнцыяцыі беларускасць / ліцвінскасць. Пра кожную асобу з пададзенага ў першым томе квінтэту можна даведацца шмат новага. Перыпетыі жыццяпісаў, літаратурныя творы і рэцэнзіі на іх, мемуары і дзённікі, карэспандэнцыя і архіўныя дакументы па-рознаму, але нязменна дакументальна аргументавана раскрываюць постаці літаратараў на агульным фоне іх эпохі. Ключавы прынцып, абраны М. Хаўстовічам у працы, можна сфармуляваць так: “Хочаш спазнаць эпоху? Чытай не толькі пра яе рэпрэзентантаў, але і самі тэксты, народжаныя ёю!” Першы том “Даследаванняў і матэрыялаў” мае багата ілюстрацый, пераважна фотаздымкаў, забяспечаны ён таксама імянным паказальнікам, так што выхад яго цалкам мог прэтэндаваць на навуковую падзею, а не проста на чарговае дыхтоўнае ўвасабленне ў кнізе заяўленай тэматыкі. Навуковай грамадскасцю як падзея ён і быў ацэнены. М. Хаўстовіч заслужана атрымаў прэмію імя Зоры Кіпель V Кангрэса даследчыкаў Беларусі (Коўна, 2015) за найлепшую манаграфію ў галіне гуманітарных навук.

Выхад другога тома “Даследаванняў і матэрыялаў”, які мае падзагаловак “Творы невядомых аўтараў”, адбыўся ў 2016 г., парушаючы намеры выдаваць штогоднік. Гэтым разам укладальнік цалкам засяродзіўся на публікацыі ананімных беларускамоўных тэкстаў і іх розных спісаў пераважна ХІХ стагоддзя. У кнізе надрукавана 28 твораў, сярод якіх ёсць як хрэстаматыйныя – “О мой Божа, веру табе”, “Казанне (Вот цяпер які люд стаў…)”, “Вясна, голад, перапала”, “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Гутарка старога дзеда”, “Панскае ігрышча” і іншыя, так і малавядомыя або зусім невядомыя нават спецыялістам – “Парай, міласцівы пане…”, “Павіншаванне пана”, “Павіншаванне папа”, “Цуда Божае: Поп і Кірык”, “Жыдоўская вайна”, “Лямант немца” і іншыя, якія складаюць каля паловы рэпертуару ўсіх прапанаваных тэкстаў. У тым, што творы без аўтарства знаходзяцца не на перыферыі, а ў цэнтры даследчых зацікаўленняў М. Хаўстовіча, пераконвае змест “структуралісцкага” артыкула “Беларуская ананімная літаратура ХІХ стагоддзя: праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі”, якім, пасля вядомай па папярэднім томе “Замест прадмовы”, і адкрываецца том другі. Даследчык прапануе ўласную класіфікацыю твораў “праблемнага” аўтарства, падзяляючы іх на тры катэгорыі – “Неатрыбутаваныя творы”, “Творы з нерасшыфраванай атрыбуцыяй” і “Творы з няпэўнай атрыбуцыяй”. Па гэтай схеме скрупулёзна размяжоўваюцца ўсе творы з так званых рукапісаў А. Рыпінскага, рукапіснай хрэстаматыі Б. Эпімах-Шыпілы, вядомых друкаваных хрэстаматый і зборнікаў тэкстаў, што ўбачылі свет на працягу ХХ–ХХІ ст. І гэта добра. Аднак выклікае пытанні стылістыка афармлення некаторых вывадаў, якая міжволі ставіць пад сумненне ступень іх навуковасці. Напрыклад, такое: “Дыскусіі па праблемах атрыбуцыі ў нас фактычна яшчэ не было, хоць былі падставы для дыскусіі. У 1990-я гг. раз-пораз чуліся галасы пачаць такую дыскусію. Але літаратуразнаўцы не прыслухаліся: за лепшае лічылася друкаваць у хрэстаматыях (у тым ліку школьных) і зборніках так, як прыходзіла ў галаву” (21). Такім чынам акрэсленая праблема больш праблематызуецца на ўзроўні не аргументаў, а эмоцый, набывае публіцыстычны модус. Зрэшты, гэта прыватная заўвага ніяк не змяншае значэння вялікай працы ўкладальніка па выяўленні і публікацыі пры высокай тэксталагічнай падрыхтоўцы спісаў 28 ананімных твораў, якія і ўяўляюць галоўную каштоўнасць матэрыялаў тома. А ўвесь корпус тэкстаў невядомага аўтарства, па меркаванні М. Хаўстовіча, павінен складаць больш чым 100 адзінак.

Трэці том “Даследаванняў і матэрыялаў” (2017) мае традыцыйныя ўжо структурныя кампаненты: “Замест прадмовы”, ілюстрацыі, імянны паказальнік. Змест жа яго вызначаецца прозвішчамі і псеўданімам дзеячоў культуры і літаратараў, якім прысвечаны асобныя раздзелы кнігі, – Аляксандр Ельскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Ядвігін Ш. Не магу абмінуць увагай, бадай, звычайную для М. Хаўстовіча (як лектара? як выкладчыка?) не недаацэнку, а нейкую спецыфічную іранічнасць ці нават саркастычнасць у адносінах да вынікаў і плёну працы папярэднікаў. Мяркуйце самі: “Даробак А. Ельскага ўсё яшчэ застаецца па-за межамі беларускага навуковага дыскурсу: у выдадзеным у навукова-папулярным фармаце зборніку Выбранае тэксты не зусім удала адаптаваныя, тут адсутнічае варты гэтых тэкстаў каментар і – самае галоўнае – надрукавана нязначная колькасць з аграмаднай спадчыны таленавітага самавука-навукоўца з фальварка Замосць”. Не буду спрачацца: проста адзначым як факт. Аднак у такой сітуацыі любому рэцэнзенту апрыёры застаецца толькі канстатаваць, што пасля публікацыі ў томе артыкула “Аляксандр Ельскіібеларускае адраджэнне ўдругой палове ХІХ ст.”, 15 твораў у раздзеле “Аляксандр Ельскі: Літаратурныя і публіцыстычныя тэксты” і 14 лістоў розных адрасантаў да пісьменніка, што ў сукупнасці заняло больш за 200 старонак выдання, яго творчая спадчына нарэшце трапіла ў межы таямнічага “беларускага навуковага дыскурсу”. Але ж кожнаму даследчыку хочацца мець альтэрнатыву і апастэрыёры прыходзіць да самастойных высноў. М. Хаўстовіч – аўтар рэцэнзіі на том А. Ельскага “Выбранае” (2004), які выйшаў у “Беларускім кнігазборы” (гл.: http://elib.bsu.by/bitstream/123456789/165007/1/121-122.pdf). З яе можна даведацца, што, па меркаванні рэцэнзента, ёсць канкрэтная асоба, на якую трэба ўскласці адказнасць за незайздросны стан сучаснага “ельсказнаўства”. Ухвальна, калі асабістыя амбіцыі робяцца стымулам для плённай працы, але вельмі шкада, калі яны разам з тым нараджаюць непрыхаваную прадузятасць.

Другі раздзел тома ўключае публікацыю найкаштоўнейшага тэксту рукапіснай “Беларускай хрэстаматыі” Б. Эпімах-Шыпілы і каментарыі да твораў, змешчаных у ёй. Трэці – пераклад на беларускую мову апавядання У. Гаршына “Сігнал” (1891), водгук на выпуск яго асобным выданнем, а таксама цыклы кароткіх навел Ядвігіна Ш. “Успаміны” і “Мінулае”. Несумненна, названыя публікацыі выводзяць маладаступныя раней тэксты з арбіты недасягальнасці для патэнцыйных чытачоў.

З 2010 г. Мікола Хаўстовіч – прафесар кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Пачынаючы з 2001 г. і з улікам рэцэнзаваных тут, ён аўтар 9 манаграфічных навуковых даследаванняў, укладальнік і каментатар 7 кніг, сярод якіх навукова-літаратурны альманах, зборнікі тэкстаў і хрэстаматыі, перакладчык на беларускую мову блізу 10 буйных празаічных польскамоўных твораў, рэдактар многіх рознага кшталту навуковых выданняў. Такой працаздольнасці і прадуктыўнасці хапіла б на цэлую навуковадаследчую структуру. Але асноўны і любімы аб’ект даследавання – гісторыя літаратуры Беларусі ХІХ ст.

На заканчэнне прывядзем думку Уладзіслава Сыракомлі, якую цалкам падзяляем: “Спадзяемся, што гэтыя прыяцельскія заўвагі не саб’юць аўтара з пахвальнай дарогі… бо інакш цяжкі грэх узялі б на сваё сумленне”.

Мінск

Ігар Запрудскі

Наверх

Тэгі: , ,