Дыяна Зіберт. Установа аддзелаў ЗАГС у ССРБ: грамадзянізацыя і індывідуалізацыя праз устанаўленне парадку
Сёння па-ранейшаму пішуць пра тое, што савецкая дзяржава сталінскіх часоў выжыла ў 30-я гады мінулага стагоддзя дзякуючы паўсюднаму тэрору. Але камуністычная ўлада ўмацавалася не тэрорам, а тагачаснай тэхналогіяй улад, яна штодзённа рабіла са сваіх падданых савецкіх людзей. Якую ролю тут выконвала ўстанова аддзелаў ЗАГС? Ці было ўтварэнне гэтага інстытута адным з мерапрыемстваў, якім на землях былой Расійскай імперыі стварылі масавае грамадства?
Пасля адмены прыгоннага права па законе ніхто не валодаў сялянамі асабіста. Але гэта, як вядома, ні суб’ектыўна, ні аб’ектыўна не азначала, што сяляне хоць бы юрыдычна адразу сталі “сапраўднымі” грамадзянамі.
Саслоўная сістэма з прывілеямі і абмежаваннямі, якія перашкаджалі эканамічнай і грамадзянскай мадэрнізацыі, захавалася да Лютаўскай рэвалюцыі. Часовы 1917 г. урад зрабіў крокі да мадэрнізацыі ў адносінах паміж грамадзянамі і дзяржавай. Напрыклад, “Палажэнне аб выбарах ва Устаноўчы сход” прадугледжвала, што “Права ўдзелу ў выбарах [маюць] расійскія грамадзяне абодвух палоў, якім да дня выбараў споўніцца 20 гадоў” [1]. Раўнапраўнымі грамадзянамі сталі не толькі мужчыны ўсіх былых саслоўяў, але і жанчыны (у той час калі жанчыны іншых краін, якія мадэрнізаваліся, гэтым правам яшчэ не валодалі).
Афіцыйна адмяніў саслоўны лад толькі адпаведны дэкрэт ЦВК Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які быў прыняты на паседжанні 10 лістапада 1917 г. [2] – менавіта тая ўлада, якая прынцыпова адрознівала адны пласты насельніцтва (рабочыя, беднякі) ад іншых і ў імя якіх РКП(б) паспела ўсталяваць сапраўдную дыктатуру.
З’явай саслоўнай сістэмы Расійскай імперыі – у тым ліку на беларускіх землях – была і рыса яўрэйскай аселасці. Пад час Першай сусветнай вайны царская ўлада сама, часцей за ўсё гвалтоўна, выселіла нямала яўрэйскіх сем’яў за рысу аселасці на ўсход і поўдзень. Гэтым яна хацела прадухіліць кантакт яўрэйскіх сем’яў з германскімі і аўстра-венгерскімі войскамі, якія з 1915 г. займалі даволі вялікую частку Беларусі. Пазней, у 1917 г., Часовы ўрад ужо афіцыйна адмяніў рысу аселасці.
Акрамя саслоўнай, палавой і нацыянальна-этнічнай грамадзянізацыі пад час дзвюх рэвалюцый 1917 г. маладая Савецкая ўлада выканала і грамадзянізацыю веравызнання ў выглядзе не толькі настойлівай секулярызацыі, але і ідэалагічна абгрунтаванага жорсткага атэізму. Не забываючыся пра звязаны з гэтым брутальна-“сярэднявечны” тэрор з боку ўлады, варта адзначыць, што “Дэкрэт аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы” 2 лютага 1918 г. таксама быў знакам мадэрнізацыі: напрыклад, у арт. 3 гаворыцца, што “з усіх афіцыйных актаў усялякае ўказанне на рэлігійную прыналежнасць і непрыналежнасць грамадзян ліквідуецца” [3].
ЗАГС
Рэгістрацыю нараджэння, шлюбу, смерці і іншых паказчыкаў да рэвалюцый “выконвалі праваслаўная царква, каталіцкі касцёл і яўрэйская сінагога” [4]. Перайсці з адной рэлігіі ў іншую можна было з дазволу свецкіх царскіх ведамстваў [5]. Кожны індывід і кожная сям’я належалі да пэўных калектываў па саслоўі і рэлігіі, і, больш за тое, само кіраванне асабістымі дадзенымі было зроблена праз рэлігійныя (г. зн. калектыўныя, недзяржаўныя) установы.
Стварэнне аддзела ЗАГС, на ўкараненне якога ў асобных рэгіёнах былой імперыі спатрэбілася некалькі гадоў, было прадугледжана ўжо Дэкрэтам СНК РСФСР ад 18 снежня 1917 г. “О гражданскомъ браке, о детяхъ и о веденiи книгъ актовъ состоянiя”. Гэта значыць, такое наватарства было для савецкай улады важнай і прыярытэтнай справай.
Які гэта быў зрух, паказвае міжнароднае параўнанне. У Францыі грамадзянскі шлюб быў узаконены ўжо ў напалеонаўскім кодэксе [6].
Пасля таго як адбылося аб’яднанне ў адзіную кайзераўскую Германскую імперыю, у 1875 г. быў уведзены інстытут абавязковага грамадзянскага шлюбу насуперак жаданню самога кайзера, які быў і кіраўніком пратэстанцкай царквы [7]. Па сутнасці гэты закон – яскравы прыклад барацьбы супраць Ватыкана і каталіцкай царквы ў перыяд Культуркампфа [8]. З іншага боку, да гэтага часу існуюць нават дэмакратычныя краіны, якія не ўвялі інстытуцыі грамадзянскага шлюбу, дзе дзяржавы атрымліваюць звесткі пра сямейнае становішча толькі рэлігійных інстытутаў.
У Польскай Рэспубліцы з 1920-х г. існавалі законапраекты па грамадзянскім шлюбе. Пры гэтым розная прававая спадчына ў гэтым раздзеле юрысдыкцыі на польскіх тэрыторыях былых Германскай, Аўстра-Венгерскай і Расійскай імперый павінна была ўніфікавацца [9]. Але да 1939 г. Польская Рэспубліка не ведала ні грамадзянскага шлюбу, ні аддзелаў ЗАГС. Некаторыя функцыі аддзелаў ЗАГС выконвалі пэўныя ўпраўленні ваяводстваў [10]. Рэлігійныя інстытуты, якія прызнавала дзяржава (на Крэсах Усходніх, г. зн. у тым ліку і ў Заходняй Беларусі, гэта былі перш за ўсё праваслаўная царква, сінагога і каталіцкая царква), павінны былі не радзей чым кожныя тры месяцы перадаваць звесткі ў дзяржаўныя ўстановы ваяводстваў [11]. Пры станаўленні польскай дзяржаўнасці ў Заходнім Палессі ствараліся кур’ёзныя сітуацыі. Так, нейкая “Яўрэйская абшчына горада Брэста” (“Gmina Izraelicka m. Brześcia”) старанна і спакойна засведчвала нараджэнні, шлюбы і смерці без магчымасці праверкі яе кампетэнтнасці яшчэ маладой дзяржавай [12]. Апрача таго, існаваў дзяржаўны аддзел для прызнання міжканфесійных шлюбаў.
Уніяцкая царква, якая ў Расійскай імперыі была забаронена і зазнавала пераслед, адраджалася тут марудна; спроба заснавання ў 1925 г. “Царквы візантыйска-славянскага абраду” (або “неаунія”), якую падтрымліваў Ватыкан, адмаўлялі беларускія каталікі і аспрэчвалі польскія ўладныя структуры [13], амаль правалілася [14]. У выніку сялянскія сем’і ў пераважнай большасці заставаліся ў праваслаўнай царкве, аўтакефальнасць якой прызнаў у 1924 г. канстанцінопальскі патрыярх [15]. У 1930-я г. польская ўлада настойвала на тым, каб метрычныя кнігі праваслаўнай царквы вяліся на польскай мове [16]. Гэта палегчыла б чытанне дакументаў чыноўнікамі менавіта з цэнтральных і заходніх земляў Польшчы. Прыхільнікі Юзафа Пілсудскага, палітыкі польскай “санацыі” ў прынцыпе не спрабавалі знішчыць праваслаўную царкву, а хацелі яе паланізаваць.
ЗАГСы ў ССРБ
Упраўленне аддзеламі ЗАГС у Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы Беларусь (ССРБ) [17] стварылі ў верасні 1920 г., г. зн. яшчэ да перамір’я РСФСР і УССР з Польскай Рэспублікай у кастрычніку таго ж года. Сам факт, што тады такія ніжэйшыя ўстановы, як “Аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану”, выконвалі пісьмовыя прадпісанні з Расіі (нaпрыклад, ад Народнага камісара юстыцыі РСФСР Д. Курскага [18]), яшчэ раз сведчыць пра тое, што ССРБ не была незалежнай ад РСФСР; тады яшчэ законы і дэкрэты РСФСР у ССРБ прымаліся да выканання аўтаматычна.
Пасля шасці гадоў розных войнаў і звязаных з гэтым рээвакуацыямі ўстаноў [19] не было магчымасці для хуткага стварэння ведамстваў, не хапала паперы [20] і дасведчаных супрацоўнікаў. Так, у снежні 1920 г. дробныя службоўцы скардзіліся на тое, што “ў Ігуменскім [павеце] з 23 мясцовых загсаў функцыянуе толькі 1 – гарадскі” [21]. А яшчэ ў 1924 г. у Мазырскім павятова-гарадскім выканаўчым камітэце выявілася адсутнасць “Кодэкса законаў аб актах грамадзянскага стану” [22].
Узнікла неабходнасць, каб сетка аддзелаў ЗАГС даволі хутка распаўсюдзілася і ў паветах, і ў валасцях тагачаснай “карлікавай” ССРБ. Але пасля таго, як высветлілася, “што некаторыя Сельсаветы праводзілі рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану без ведама цэнтральнага п/аддзела”, 7 кастрычніка 1921 г. Цэнтральнаму аддзяленню ў Мінску давялося распарадзіцца, каб “загадчыкіпавятовых п/аддзелаў” “неадкладна спынілі рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану пры тых сельскіх саветах, на якіх не было асобага дазволу” з цэнтра [23]. Яшчэ ў кастрычніку 1922 г. Мінск вызначыў, якія дакументы, даведкі і пасведчанні дазволена выдаваць валасным пададдзелам ЗАГСа [24]. Якраз у маланаселеных рэгіёнах тады было нялёгка прызначыць адміністрацыю, якая прафесійна замяніла б дзеянні царквы. Нарэшце Мінск дазволіў, каб грамадзяне змаглі паехаць у сваю сталіцу для атрымання пасведчання аб хрышчэнні [25]. Але не трэба забывацца, што ў час вайны і пасля ваенных дзеянняў нямногія паехалі б далёка ад дому, каб атрымаць, напрыклад, пасведчанне аб смерці кагосьці са сваякоў.
Аддзелы ЗАГС, як новыя ўстановы, і ў Беларусі вырашалі многія пытанні, з якімі дзяржаўныя ўстановы раней рэдка сутыкаліся, напрыклад, як быць з разводамі [26], ці трэба рабіць пазнаку пра шлюб і развод у працоўных кніжках і пашпартах, як пасля смерці пагашаць гэтыя дакументы [27], што рабіць пры “рэгістрацыі шлюбу глуханямых”, як быць з “душэўнахворымі” [28], ці маюць “пасынкі (!) <…> права ўступаць у шлюб з мачахамі” [29], “калі адзін (адна) з тых, што ўступаюць у шлюб, удавец (удава)”, то ці абавязкова “патрабаваць метрычны выпіс аб смерці першага сужэнца” [30] і г. д.
Змена прозвішча
Дэкрэт аб праве грамадзян змяняць сваё прозвішча [31] таксама належаў да кампетэнцыі аддзелаў ЗАГС. Тут, напэўна, можна не здзіўляцца, чаму падобны дэкрэт быў такі важны для маладых савецкіх рэспублік (Ленін, Троцкі і Сталін памянялі прозвішчы раней). Аддзелы ЗАГС у ССРБ павінны былі растлумачваць многія пытанні, напрыклад, чаму муж і жонка могуць памяняць прозвішча толькі разам [32], чаму для юнакоў да 14 гадоў існавалі іншыя правілы пры змене прозвішча, чым для старэйшых маладых людзей (да 18 гадоў) [33]. Цыркулярам ад 27.06.1921 г. (ужо з новай пячаткай на рускай, беларускай, польскай мовах і ідыш) [34] яшчэ раз растлумачылі, што такое змяненне павінна быць апублікавана [35] ў СМІ. Сапраўды, у газеце “Известия” ССРБ знайшліся такія публікацыі [36]. Аддзел ЗАГС у Мінску, напрыклад, дазволіў мяняць прозвішчы Таракан, Заянчкоўскі, Музыкантаў [37].
Смерць
Для супрацоўнікаў аддзелаў ЗАГС важна было на месцы тлумачыць, што пры выдачы дазволаў на пахаванне неабходна патрабаваць даведку ад доктара [38] па дзвюх прычынах: “з аднаго боку, для папярэджання небяспекі пахаваць нібы-памерлага, з другога – для ліквідацыі магчымасці схаваць злачынства” [39].
Нараджэнне
Для рэгістрацыі нараджэння намеснік Народнага камісара ўнутраных спраў ССРБ вызначыў “3-дзённы ад дня падзеі тэрмін”, але камісарыят у тым самым цыркуляры сам дазволіў падаўжаць гэты тэрмін, “не больш, аднак, як на адзін месяц”, менавіта там, дзе “раскіданасць сельскіх мясцовасцяў Беларусі, аддаленасць некаторых з іх ад цэнтра, г. зн. месца, дзе адбываецца запіс актаў грамадзянскага стану”, стварала “нязручнасці”, там, дзе “бездарожжа, адсутнасць перавозачных сродкаў у большасці насельніцтва” і “недахоп свабоднага часу, калі каштоўная кожная хвіліна” [40].
Шлюбы
Шлюбы часам рэгістраваліся без выканання неабходных фармальнасцяў. Цыркулярам ад 27 чэрвеня 1921 г. Цэнтральны пададдзел запісаў актаў грамадзянскага стану загадаў сваім ніжэйшым упраўленням рэгістраваць толькі такія шлюбы, якія былі зацверджаны якой-небудзь “установай, а не прыватнай асобай, што факт акта сапраўды адбыўся” [41].
З іншага боку, узніклі праблемы з рэгістрацыяй пазашлюбных дзяцей. Гэта было звязана не толькі з тым, што савецкая дзяржава не прызнавала шлюбы, якія правялі рэлігійныя арганізацыі, але і з тым, што ўлада напачатку не вітала саму працэдуру заключэння шлюбу. У выніку павятовыя пададдзелы ЗАГС павінны былі весці “таксама запіс аб зачацці пазашлюбных дзяцей”; яны павінны былі абавязваць цяжарных жанчын, якія не былі ў шлюбе, “не пазней, як за тры месяцы… падаць заяву ў Павятовы пададдзел ЗАГС, указваючы час зачацця, імя, прозвішча і месца жыхарства бацькі” [42]. Тут мы выразна бачым спалучэнне клопату савецкай дзяржавы пра людзей і кантролю за імі.
Вызначэнне ўзросту
Задачай мясцовых ЗАГСаў было і вызначэнне ўзросту. Выканаць гэта было не так і лёгка, бо пасля шасці гадоў войнаў многія дакументы наогул адсутнічалі, а дакументы тых людзей, што нарадзіліся “на тэрыторыі, якая адышла цяпер да Польшчы і Украіны” (!) [43] або да Літвы і Латвіі, былі цяжкадаступныя. У ССРБ да 1924 г. уваходзіла толькі невялікая тэрыторыя шасці паветаў былой Мінскай губерні, таму атрымлівалася, што сапраўды многія падданыя ССРБ нарадзіліся па-за рэспублікай.
Але паколькі дзяржава лічыла неабходным грунтоўна падлічваць сваіх падданых, то “Завед. Центрозагсом Белоруссии” паведаміў, што “неабходна выпатрабаваць ад Цэнтразагса пасведчанні аб іх нараджэнні і толькі пасля атрымання такіх пасведчанняў… кіравацца апошнімі пры вызначэнні ўзросту па знешнім выглядзе” [44]. Напрыклад, у склад “Камісіі па вызначэнні ўзросту” Мазырскага выканкама ў 1921 г. увайшлі загадчык аддзела ЗАГС, прадстаўнік ад аддзела Упраўлення і доктар [45]. “Маласвядомае сялянства” [46] мела тут свой інтарэс. Маладым людзям ды іх бацькам, вядома ж, было неабыякава, які ўзрост будзе ў іх зарэгістраваны – ад гэтага залежалі тэрміны абавязковага школьнага навучання і выканання вайсковага абавязку.
Пры гэтым узнікалі міжведамасныя праблемы з-за таго, што “павятовыя ваенкаматы без даведак ЗАГС аб неадшуканні метрык вызначаюць узрост па знешнім выглядзе” [47]. Але ваенкаматы сталі на абарону сваіх дзеянняў, спасылаючыся на тое, што адказ з “Цэнтральных губерняў [РСФСР] і галоднага (!) Паволжа <…> прыйдзе, вядома ж, не раней як праз месяц” [48].
Не абыходзілася і без службовых злоўжыванняў, а менавіта хабару. Бралі ад праваслаўнага сялянства, якое здаўна прывыкла афіцыйна плаціць за вяселлі і пахаванні, цяпер, па паведамленні сакратара ваеннага пракурора Заходняга фронту ў мясцовы аддзел ЗАГС, “за рэгістрацыю нованароджанага… 5 пуд. хлеба, за запіс шлюбу 18 пуд., не ўлічваючы матэрыяльнае становішча” чалавека. Толькі “за засведчанне розных даведак бярэцца 1 руб. 20 кап.”. У выніку “ўсе гэтыя з’явы выклікаюць нараканні з боку сялянства” [49].
А царква?
Епархіяльныя саветы царквы часткова працягвалі рэгістраваць нараджэнне, шлюб і смерць. НКВД РСФСР (!) тлумачыў у 1920 г., што адміністрацыі рэлігійных аб’яднанняў сапраўды пазбаўлены права рэгістрацыі сямейных падзей [50]. Напэўна, не без падстаў Цэнтральны аддзел ЗАГС у Мінску ў наступным годзе зноў паведаміў, што праваслаўная царква “незаконна” па-ранейшаму ўпэўнена, што рэгістрацыя шлюбаў уваходзіць у яе кампетэнцыю і працягвае карыстацца адпаведнымі пячаткамі. Тлумачылася, што спачатку трэба зарэгістраваць шлюб у аддзеле ЗАГС, і толькі потым муж і жонка могуць прайсці вянчанне ў адпаведнасці з рэлігійным абрадам [51]. Цэнтральнаму аддзелу ЗАГС было важным наступае тлумачэнне: калі «запісы актаў грамадзянскага стану вядуцца, акрамя адпаведных п/аддз. З.А.Г.С. <…> духоўнымі асобамі праваслаўнага веравызнання <…> кнігамі старых узораў… то духоўныя асобы праваслаўнага веравызнання прысвойваюць сабе незаконныя функцыі. Такім чынам канстатуецца факт існавання “дзяржавы ў дзяржаве”», што “падрывае аўтарытэт адзінай установы, якая загадвае запісамі актаў грамадзянскага стану” [52].
Метрычныя кнігі
Але і Савецкай уладзе, безумоўна, былі неабходныя звесткі з метрычных кніг. Аддзел ЗАГС Камісарыятa ўнутраных спраў ССРБ 25 верасня 1920 г. паведаміў, што захоўваюць законную сілу “ўсе метрычныя дакументы аб рэлігійных шлюбах, здзейсненых не пазней за 20 снежня 1917 г.” [53]; наконт дакументаў аб нараджэнні, смерці і разводзе вызначаўся тэрмін да 31 снежня 1917 г.
Спачатку прадстаўнікі рэлігійных суполак у пэўных выпадках зацвярджалі выпіскі з метрычных кніг круглай пячаткай [54], але дзяржаўныя органы паклапаціліся, каб самі метрычныя кнігі трапілі ў архівы аддзелаў ЗАГС. Але сусветная, грамадзянская і польска-савецкая войны прывялі да таго, што да 1922 г. “не паступілі ў ЦентраЗАГС першыя экзэмпляры кніг за 1919–1921 гг.” [55]. Дзяржаўныя структуры хацелі сабраць метрычныя кнігі ў сябе, і ў 1922 г. “давялося пачаць выняцце метрычных кніг з рук служак розных культаў, дастаўляць <…> у архіў ЦэнтраЗАГСа” [56]. У 1923 г. у архіве горада Мазыра было толькі некалькі гадавых камплектаў метрычных кніг, здадзеных “Мазырскім грамадскім рабінам па прадпісанні пададдзела Запісаў актаў грамадзянскага стану пры мазырскім павятовым выканкаме” [57], а таксама “забраных ад мясцовага духавенства” [58].
Урачыстасць
У 1922 г. Народны камісар унутраных спраў ССРБ Язэп Адамовіч выказаў заклапочанасць недастатковай урачыстасцю пад час узяцця шлюбаў: “Надаючы ўрачыстае і сур’ёзнае значэнне выкананню названых актаў і прымаючы да ўвагі асаблівыя адносіны службовых асоб да гэтай справы <…> прапануецца аддзелам упраўлення Павятовых выканкамаў Беларусі неадкладна, пасля атрымання гэтага, прыняць адпаведныя меры да выдзялення ва ўсіх падведамасных ім валасных п/аддзелах актаў грамадзянскага стану асобных пакояў, надаўшы ім дастаткова строгі і ўрачысты выгляд, упрыгожыўшы сцены партрэтамі правадыроў Рабоча-Сялянскай Савецкай улады, стол чырвонай тканінай і абставіўшы патрэбнай колькасцю мэблі” [59]. Ужо тады савецкія ўлады адышлі ад “тэорыі шклянкі вады”, калі ўвогуле чулі пра яе. Палічылі за лепшае прывязаць мужа і жонку да маладой дзяржавы. Таму было пажадана, каб заключэнне шлюбу адбывалася “пры наяўнасці вопытных, сур’ёзных і ўсебакова знаёмых з гэтай работай супрацоўнікаў” [60].
Ва ўрачыстасці правядзення свецкіх (савецкіх) вяселляў можна лёгка ўбачыць запазычанне з рэлігійных абрадаў і традыцый: так, праваслаўныя абразы замяняліся партрэтамі правадыроў партыі і ўрада, замест фрэсак – упрыгожаныя сцены, а функцыі святара цяпер выконваў па магчымасці “вопытны і сур’ёзны супрацоўнік”. Такім чынам, храм быў заменены аддзелам ЗАГС, дзе заключэнне шлюбу павінна адбывацца ва ўрачыстай атмасферы, а не праводзіцца як бюракратычны акт.
* * *
Гэты семіятычны аналіз можа адвесці ўвагу ад таго факта, што адбылася глыбокая змена: калі раней сям’я стваралася на рэлігійнай аснове, то цяпер шлюб (г. зн. стварэнне сям’і) стаў уваходзіць непасрэдна ў задачы дзяржавы, і індывід (не толькі галава сям’і) меў прамое дачыненне да савецкай дзяржавы, да якой належаў. Праз інстытуцыі ЗАГС людзі рабіліся грамадзянскімі сужэнцамі, яны нараджаліся як грамадзяне, паміралі як грамадзяне, і ўсë гэта зацвярджалася ведамаснай пячаткай.
Камуністычная ідэя наконт таго, што чалавек атрымлівае годнасць праз рабочую брыгаду, праз камсамол, праз разнастайныя калектывы, вядома ж, зрабіла вялікае ўздзеянне на грамадскую свядомасць. Але, нягледзячы на гэта, савецкі чалавек атрымліваў маленькае шчасце шляхам рэгістрацыі ў аддзеле ЗАГС. Многія пакаленні савецкіх грамадзян фатаграфаваліся на прыступках перад будынкамі аддзелаў ЗАГС. І звонку, і ўсярэдзіне гэтыя будынкі павінны былі выглядаць велічна і годна. У многіх гарадах (напрыклад, у Пінску) аддзелы ЗАГС размясцілі ў шляхецкіх сядзібах, якія перажылі рэвалюцыю. Афіцыйная, дзяржаўная працэдура рэгістрацыі шлюбу займала цэнтральнае месца ў шматдзённым (па магчымасці) святкаванні вяселля.
Такім чынам, стварыўшы аддзелы ЗАГС, савецкая ўлада мадэрнізавала парадак рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і наладзіла непасрэдны кантроль над грамадзянамі, што раней уваходзіла ў сферу ўплываў царквы, касцёла і сінагогі. Так адбылося адзяржаўленне дачыненняў паміж сям’ёй і ўладай, а адначасова індывідуалізацыя падданых. Чым менш савецкай уладзе ўдавалася рэгістраваць сваіх індывідуалізаваных падданых у час грамадзянскай вайны, антыкамуністычных інтэрвенцый і пазней, тым больш людзі мелі магчымасць хаваць пэўныя паказчыкі сваёй ідэнтычнасці.
Намнога больш вядомай (і ў гістарыяграфіі апісанай) была мадэрнізацыя дачыненняў паміж дзяржавай і падданым праз пашпартызацыю і перапіс насельніцтва.
Пашпартызацыя
З сумнай пашпартызацыяй [61] заходнія беларусы маглі “пазнаёміцца” пад нямецкай ваеннай уладай у часы Першай сусветнай вайны, а менавіта ў “Обер Ост”, куды ўвайшла частка тэрыторыі Беларусі.
Кантроль над грамадзянінам, яго фізічнымі і сацыяльнымі якасцямі, яго перамяшчэннямі савецкая ўлада замацавала ўвядзеннем у 1932 г. унутраных пашпартоў [62]. Вось як абгрунтавалі ЦВК і СНК СССР “увядзенне адзінай пашпартнай сістэмы”: “у мэтах <…> разгрузкі гэтых населеных месцаў ад асобаў, не звязаных з вытворчасцю і працай ва ўстановах або школах і не занятых грамадскакарыснай працай (за выключэннем інвалідаў і пенсіянераў), а таксама ў мэтах ачысткі гэтых населеных месцаў ад… кулацкіх, крымінальных і іншых антыграмадскіх элементаў…” [63].
Улада дзейнічала прамым і ўскосным шляхам: той, хто меў пашпарт, мог перамяшчацца, але яго фізічныя і сацыяльныя прыкметы былі пад кантролем дзяржавы. Tой, хто жыў у горадзе і не меў пашпарта, рабіўся аўтсайдэрам (калі гэта было дзіця, то яно станавілася беспрытульным) [64]; у вёсках грамадзяне пазбавіліся магчымасці свабодна перамяшчацца, ім давалі пашпарт тэрмінам толькі на год [65].
Побач з той дыскрымінацыяй, калі адны атрымлівалі пашпарты, а другія – не, антымадэрнісцкай з’явай было таксама знакамітае ўвядзенне ў савецкіх пашпартах трэцяга [66], пазней пятага [67], пункта (так званай “пятай графы”).
Ліквідаваўшы саслоўі, не лічачы патрэбнай у пашпарце адзнакі прыналежнасці да інстытутаў веравызнання і нават забараняючы яе, савецкая дзяржава праз маркіраванне нацыянальнасці вярнула актуальнасць пазафізічным прыкметам, якія не толькі супярэчылі “пралетарскаму інтэрнацыяналізму”, але і дапускалі – менавіта ў Беларусі! – магчымасці для вызначэння (былой?) рэлігіі і былога саслоўя. Больш за тое: унясенне “нацыянальнасці” і “сацыяльнага становішча” [68] (або “сацыяльнага паходжання” [69]) стала своеасаблівай меркай “новага саслоўя”.
Перапісы насельніцтва – “ад падданых да даных”
Грамадзянская рэгістрацыя і пашпартызацыя маюць дачыненне да індывідаў (або сем’яў). Перапіс жа насельніцтва мае на мэце здабыць статыстычныя звесткі. Сёння мы схільныя бачыць у перапісе больш за ўсё рэдукцыю “ўсебаковага індывіда” для атрымання некаторых простых дадзеных. Але трэба, на мой погляд, дапусціць, што шляхам “усеагульнага” (!) перапісу падданы – з пункту погляду дзяржавы – адначасова рабіўся і індывідам з пэўнымі якасцямі, насуперак таму, што раней ён быў толькі “душой”. Гэта, вядома ж, увогуле не цікавіла тых, каго пыталіся. З часоў Ірада I людзі баяліся перапісу, і не без падстаў. Як вядома, рэспандэнты (і не толькі на беларускіх землях), адказваючы на пытанні, гаварылі тое, што лічылі патрэбным [70].
* * *
Часта можна сустрэць меркаванне, што савецкі мадэрнізм даволі хутка (па меншай меры з 30-х гадоў) ператварыўся ў антымадэрнізм: кароткі шлях ад тэорыі “шклянківады” да ўвядзення льгот шматдзетным сем’ям (1936) і ордэна “Мацігераіня” (1944) можна лічыць праявай гэтай тэндэнцыі, як і ўвядзенне прапускной сістэмы, якой абмежавалася свабода перамяшчэння “ў адной краіне”. Калгасная сістэма сапраўды нагадвала некаторымі рысамі памешчыцкую. Але нельга забывацца, што – хоць бы на паперы – раўнапраўе жанчын і неадзначэнне прыналежнасці да веравызнаўчых інстытутаў у ЗАГСе адпавядала сучаснаму погляду на сучасных грамадзян – гэта былі дасягненні, якіх грамадзянам іншых сучасных дзяржаў давялося чакаць яшчэ доўга.
Савецкая ўлада хацела ахапіць класавы строй усяго насельніцтва, а пазней усесаюзны калектыў, але гэтае ўсебаковае апісанне насельніцтва запатрабавала спачатку паставіць на ўлік кожнага асобнага чалавека, цяпер ужо як юрыдычнай асобы, як грамадзяніна, г. зн. адбывалася грамадзянізацыя і індывідуалізацыя.
Такім чынам, можна пацвердзіць, што кантроль над падданымі ў Савецкім Саюзе стаў больш прамым. Гэта магло пракласці шлях да выразных праяў рэпрэсіўнай савецкай улады, пра якія шмат пісалі: да прымусовых высяленняў, расстрэлаў. Але былі і менш заўважныя праявы ў галіне кантролю. Заснаванне аддзелаў ЗАГС воляй-няволяй прыводзіла да грамадзянізацыі і індывідуалізацыі падданых.
Нягледзячы на слабасць мясцовых савецкіх упраўленняў БССР у першым дзесяцігоддзі [71] і на жорсткасць гвалтоўных метадаў у 30-я гады, дзяржава панавала над сваімі грамадзянамі і сучаснымі спосабамі, у тым ліку ўлікам праз ЗАГС, пашпарт і перапіс насельніцтва: улада праз кіраванне, праз парадак.
[1] Законодательство эпохи буржуазно-демократических революций / отв. ред. О. И. Чистяков. Москва, 1994. С. 137 (глава 11, статья 3). (= Российское законодательство X–XX веков; 9)
[2] Декреты Советской власти. Т. 1. Москва: Гос. изд-во полит. лит-ры, 1957. С. 72 // http://www.hist.msu.ru/ER/Etext/DEKRET/ soslov.htm
[3] Газета Временного Рабочего и Крестьянского Правительства. 5.02 (28.01) 1918 г. = СУ РСФСР, 1918, М 18, ст. 269 // http://constitution.garant.ru/history/act1600-1918/5325/
[4] http://kraism.by/info-region/4380-k-95-letiyu-so-dnya-obrazovaniyaorganov-zagsa.html (у мястэчку Смалявічы).
[5] Напрыклад, заява пра пераход у каталіцтва ў 1914 г. // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 295. Воп. 1. Спр. 8942. Арк. 11.
[6] https://www.legifrance.gouv.fr/affichCode.do?cidTexte=LEGI TEXT000006070721, арт. 21; руская версія: http://dlib.rsl.ru/ viewer/01002907921#?page=1
[7] https://de.wikisource.org/wiki/Gesetz_%C3%BCber_die_Beurkundung_des_Personenstandes_und_die_Eheschlie%C3%9Fung
[8] http://abtei-kornelimuenster.de/spirituelles/weitere-impulse/1002-pflichtzivilehe.html#3
[9] Kraft C. Europa im Blick der polnischen Juristen: Rechtsordnung und juristische Profession in Polen im Spannungsfeld zwischen Nation und Europa 1918–1939. Frankfurt/Main, 2002. S. 216–241.
[10] Dziennik Ustaw RP 1928, nr 32, poz. 309, гл.: http://isap.sejm.gov.pl/DetailsServlet?id=WDU19280320309
[11] Тамсама, арт. 3.
[12] “Gmina Izraelicka m. Brześcia”; Archiwum Akt Nowych (AAN). Ф. 9. Спр. 1314. Арк. 17.
[13] Оbrządek wschodnio-słowiański (bizantyjski), гл.: AAN. Ф. 14/0. Спр. 416. Арк. 314–318.
[14] Stegner T. Wyznania // Metamorfozy 10. Warszawa, 2015. S. 189 – 223, тут s. 193.
[15] Разуванава К. С. Беларускi iнстытут гаспадаркi i культуры ў Заходняй Беларусi (1926–1936). Мінск, 2013. С. 52.
[16] Cichoracki P. Polonisation projects for Polesia and their delivery in 1921–1939 // Acta Poloniae Historica 109, 2014. S. 69; Śleszyński W. Województwo Poleskie. Kraków, 2014. S. 110.
[17] https://be.wikipedia.org/wiki/Дэкларацыя_аб_абвяшчэнні_незалежнасці_Савецкай_Сацыялістычнай_Рэспублікі_Беларусь.
[18] https://ru.wikipedia.org/wiki/Курский,_Дмитрий_Иванович. НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 2.
[19] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 4, ад 20.12.1920 г.
[20] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 3, ад 17.12.1920 г.
[21] Тамсама. Горад Ігумен у 1923 г. перайменавалі ў Чэрвень.
[22] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 77. Арк. 21, напэўна – ад 4.11.1924 г.
[23] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 1, 25.
[24] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91.
[25] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 81, ад 6.10.1922 г.
[26] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 5, 98.
[27] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 22, ад 14.09.1921 г.
[28] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 57.
[29] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 78, ад 6.09.1922 г.
[30] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 98.
[31] Собрание узаконений и распоряжений правительства за 1917 – 1918 гг., 1918 г., № 37, ст. 488: “О праве граждан изменять свои фамилии и прозвища” от 4 марта 1918 г. // http://istmat.info/node/29991.
[32] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 1, 4.
[33] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 4адв.
[34] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 18.
[35] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 4адв.
[36] Известия центрального исполнительного комитета Советов Рабочих, Крестьянских и Красноармейских Депутатов ССРБ от 2.11.1921 г. (гл.: НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 33. Арк. 8адв.).
[37] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 33. Арк. 15, 23, 44.
[38] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 17.
[39] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 9.
[40] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 10.
[41] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 17.
[42] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 20, ад 29.081921 г.
[43] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 39.
[44] Тамсама.
[45] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 27. Арк. 1 (у Мазыры), 5.06.1921 г.
[46] Так у: НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 73адв. (у Мазыры).
[47] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 41, ад 13.03.1922 г.
[48] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 42, ад 11.04.1922 г.
[49] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 77. Арк. 29.
[50] Без даты, наступны архіўны дакумент ад 25.09.1920 // НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 2.
[51] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 16.
[52] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 13, прыблізна снежань 1920 г.
[53] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 3.
[54] Як, напрыклад, мінскі равін, гл.: НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 34. Арк. 93, ад 26.10.1920 г.
[55] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 45.
[56] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 128.
[57] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 95. Арк. 4.
[58] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 95. Арк. 5; пра касцёлы гл. арк. 38–42.
[59] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 32.
[60] НАРБ. Ф. 41. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 32, ад 19.01.1922 г.
[61] Strazhas A. Deutsche Ostpolitik im Ersten Weltkrieg: Der Fall Ober Ost, 1915–1917. Wiesbaden, 1993. S. 27.
[62] Гл.: СУ РСФСР. 1917. № 11. С. 160 // https://ru.wikipedia.org/wiki/ЗАГС#история; першая старонка: https://i1.wp.com/ittlehistoriesdotorg.files.wordpress.com/2016/06/wrgpezarh9s.jpg; Эканамiчная гiсторыя Беларусі. 1993. С. 168.
[63] Гл.: СЗ СССР 1932. Нр. 81. Арт. 516 ад 27.12.1932; гл. https://ru.wikisource.org/wiki/Постановление_ЦИК_и_СНК_СССР_от_27.12.1932 “Об установлении единой паспортной системы по Союзу ССР и обязательной прописки паспортов”.
[64] Siebert D. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR. Die Zerstörung patriarchalischer Familienwirtschaft. Stuttgart, 1998. S. 158.
[65] https://ru.wikisource.org/wiki/Постановление_СНК_СССР_от_28.04.1933_№_861 С. 3. Пашпарт, выдадзены на 5 гадоў “да 1957 г.” http://img11.nnm.me/6/b/7/9/d/3a30aeb08e4db6919611b31037.jpg
[66] Узор “3-га” пункта: http://valaamov-osel.livejournal.com/203901.html?thread=909693 https://ru.wikipedia.org/wiki/Паспорт_гражданина_СССР#/media/File:Brezhnev_LI_Pasport_1947.jpg (Л. Брэжнеў).
[67] https://ru.wikipedia.org/wiki/Паспорт_гражданина_СССР#/ media/File:Паспорт_СССР.jpg
[68] https://ru.wikipedia.org/wiki/Паспорт_гражданина_СССР#/media/File:Brezhnev_LI_Pasport_1947.jpg (Л. Брэжнеў).
[69] fax.by/http://www.interarticle/100500 (Іван Грыгор’еў).
[70] Паводле карэспандэнцыі, якую атрымліваў беларускі дзеяч Тамаш Грыб (былы лідар БПС-Р) у Празе, беларусы ў Латвіі пад час перапісу насельніцтва ў 1930-я г. сцвярджалі, што яны латышы, бо ўлады абяцалі перадачу зямлі нібыта толькі латышам. НАРБ. Ф. 567. Воп. 1. Спр. 26. Арк. 15.
[71] Нарысы гiсторыi Беларусi. Ч. 2. Мiнск, 1995. С. 111.