Вяртанне ў «Северо–Западный край»? (Генадзь Сагановіч)*
«За последние годы нами преодолена деидеологизация средней и особенно высшей школы».
З выступлення А.Лукашэнкі ў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (20 лістапада 1998).
«Адмовіўшыся ад празмернай ідэалагізацыі і палітызацыі ў гістарычнай навуцы, аўтары імкнуліся не падфарбоўваць нашу гісторыю…»
З прадмовы Я.Новіка да «Гісторыі Беларусі» (1998).
* Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Частка 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Мінск: Універсітэцкае, 1998. 416.
Першая частка навучальнага дапаможніка, адрасаванага перадусім студэнтам і выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, ахапляе перыяд ад глыбокай старажытнасці да лютага 1917 г. Цягам сямі гадоў яе пісала група з 29 чалавек: 6 прафесарaў, 9 дацэнтаў і 14 гісторыкаў без званняў і ступеняў. Гэта галоўным чынам гісторыкі-выкладчыкі, па навуковых публікацыях невядомыя. Выдадзеная дзесяцітысячным накладам, кніга зусім не залежвалася на паліцах кнігарняў, у чым чарговы раз выявіўся высокі попыт на гістарычную літаратуру. Яе раскупілі і, трэба думаць, чытаюць. Яшчэ на прэзентацыі выдання кіраўнік калектыву праф. Яўген Новік заявіў, што новая кніга «развенчвае міфы» ды выключна эфектна ацаніў шматгадовую працу сваіх суаўтараў: «Мы адверглі пісаніну некаторых гісторыкаў»[1]. Між тым, з боку спецыялістаў сур’ёзных водгукаў на разрэкламаваны дапаможнік дасюль не было. Запоўніць гэты прабел і данесці да чытача думку старонніх гісторыкаў цяпер спрабуе БГА. Пачнем са структуры.
Перыяду ад старажытнасці да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай адведзена каля 60% аб’ёму кнігі (262 старонкі). Праўда, структура працы не зусім прадуманая, як і назвы асобных частак. Напрыклад, у першым раздзеле разам разглядаюцца першабытнаабшчынны лад, фармаванне этнасу і станаўленне феадальных адносін, г.зн. спалучана несумяшчальнае. У раздзеле па ВКЛ спачатку аcвятляецца знешняя палітыка, а потым унутраны лад дзяржавы. Наогул, у змесце фігуруюць у асноўным параграфы па сацыяльна-эканамічным развіцці ды палітыцы, якія ў канцы кожнага раздзела дапаўняюцца культурай (на справе, аднак, амаль усю культуру замяняе апісанне галоўным чынам архітэктурных помнікаў). Ніводнага параграфа ці хоць бы падпараграфа, прысвечанага такому важнаму фактару сярэднявечнага грамадства, як рэлігія, або пытанням дэмаграфіі, феномену талеранцыі на беларускіх землях, парламентарызму ці самакіраванню. Нават на ўзровень назвы параграфа не трапіла Полацкае княства — першая ў беларускай гісторыі дзяржава. Пад тытулам «Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь)» студэнты могуць прачытаць толькі пра «становішча беларускіх земляў» у «агульнай феадальнай дзяржаве ўсходніх славян». Гэта відавочны крок назад, да ідэалагемаў савецкай гістарыяграфіі. Урэшце, думаю, зусім не варта было адводзіць цэлы параграф на аналіз адной кнігі М.Ермаловіча, каб пакрытыкаваць яго канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. У выніку гэта толькі парушыла прыняты маштаб асвятлення праблемаў.
Па перыядызацыі прапанавана тая ж схема, што і ў новых школьных падручніках (гл. Праграму па гісторыі для базавых школ. Мінск, 1995), але з некаторымі новаўвядзеннямі. Так, Сярэднявечча, змешчанае паміж канцом V і ХV ст., падзелена на два этапы: VI — першая палова ХIII ст. лічыцца «пачаткам пераходу да класавага грамадства і ўзнікненнем дзяржаўнасці», а перыяд з сярэдзіны ХIII па ХV ст. названы «развіццём феадальнай сістэмы». Затым сутнасцю першага этапу Новага часу (з ХVI ст.) абвяшчаецца «афармленне (пасля развіцця! — аўт.) феадальнай сістэмы і выспяванне яе крызісу», а другога (з канца ХVIII ст. да 1917 г.) — нараджэнне і пачатак крызісу капіталізму. Новы час пераходзіць у навейшы праз рэвалюцыю 1917 г. Цікава, што апошняму перыяду (з 1918 да нашых дзён) не даецца наогул ніякай характарыстыкі (с.7). Беспадстаўнасць падгону беларускай гісторыі пад заходнееўрапейскія храналагічныя рамкі ўжо неаднакроць крытыкавалася. Застаецца зусім незразуме лым, чаму аўтар уводзінаў В.Цяплова лічыць гэтую перыядыза цыю адной з выйгрышных навацый дапаможніка (16).
Асобна ва ўводзінах разглядаюцца крыніцы па гісторыі Беларусі, праўда, у найгоршых савецкіх традыцыях. Навошта наогул было пісаць гэты агляд, калі аўтары кнігі першымі ж прадэманстравалі нігілістычнае стаўленне да крыніц. Каб не дзесятак пазіцый (у асноўным адаптаваных публікацый дакументаў, часцей падручных выданняў, прызначаных для студэнтаў), то атрымалася б, што яны самі (у гэтым лёгка пераканацца, прачытаўшы тэкст дапаможніка) амаль не карысталіся крыніцамі, якія стараліся падаць у адпаведным параграфе.
Асобна варта сказаць пра спосаб і ўзровень гэтай падачы. Зроблена яно надзвычай сумбурна і павярхоўна. Немагчыма зразумець нават паслядоўнасці: на пачатку чамусьці разглядаюцца помнікі заканадаўства, а да летапісаў даходзіць толькі пасля «ваенна-конскіх перапісаў», потым, пасля разгляду зборнікаў партызанскіх улётак і дакументаў пра злачынствы фашыстаў, аўтар зноў вяртаецца да «Белоруссии в эпоху капитализма» (12). Крыніцы характарызуюцца абстрактна, без ніякай канкрэтыкі. Проста пералічваюцца іх віды: прывілеі, пастановы соймаў, указы, рэскрыпты і г.д. Вось узор: «Даныя па сацыяльна -эканамічнай гісторыі… сабраны ў „Актах Віленскай археаграфі чнай камісіі» (39 тамоў)» (12). Можа, аўтары даследавалі матэрыялы ўсіх 39 тамоў? Ясна, што не. Бо тады прынамсі ведалі б, што далёка не ўсё ў іх па гісторыі Беларусі. Дык навошта адсылаць студэнтаў да таго, чаго самі не раскрывалі і не бачылі?
У характарыстыцы гістарычных крыніц многа «адкрыццяў» і проста кур’ёзаў. Інакш як успрымаць сцвярджэнні пра «асабліва вялікае значэнне» «ваенна-конскіх перапісаў» для даследавання новай і найноўшай гісторыі Беларусі (9), пра тое, што «помнікі заканадаўства» адлюстроўваюць «рэальную палітыку» самадзяржаўя (8), пра друк як «моцны сродак … арганізацыі грамадскага ўсведамлення» і г.д.
І агляд гістарыяграфіі падрыхтаваны не лепшым чынам. Фактычна гэта сухі пералік прозвішчаў і выданняў на 4 старонках (13-16), без іх сутнасных характарыстык. Маю ўвагу прыцягнула адметная дэталь: польскамоўныя працы гісторыкаў Віленскага універсітэта падаюцца ў перакладзе на беларускую, тады як выданні прадстаўнікоў расійскага манархічнага лагеру або «западно-руссизма» — у арыгінале. Зрэшты, гэты агляд стаў адзіным месцам працы, дзе вядзецца пра віленскую прафесуру і нерасійскую навуку наогул. У цэлай кнізе — ні ў спісах, ні ў якой-небудзь згадцы — не знойдзеце ніводнага даследавання, выдадзенага некірылічным алфавітам. Быццам па гісторыі Беларусі выходзіла літаратура толькі на рускай і беларускай мовах! Гэта пры тым, што член аўтарскага калектыву З.Зуева ў сваім раздзеле такі прызнала, што прынамсі па перыяду Рэчы Паспалітай «гісторыкі розных краін напісалі шмат даследаванняў і выказалі процілеглыя думкі» (169). Дык жа, каб быць кампетэнтным у пэўнай праблематы цы, трэба ведаць усю літаратуру прадмету, гэта ж аксіёма. Не сакрэт, што многія праблемы, асабліва па гісторыі згаданай ужо Рэчы Паспалітай, ні ў Беларусі, ні ў Расіі нікім спецыяльна не даследаваліся, і выйсце тут менавіта ў выкарыстанні замежнай літаратуры. Аўтарскі калектыў новага дапаможні ка дружна праігнараваў яе. Але ж, як казалі рымляне, ignoratia non est argumentum. Клопату пазбавіліся, але ці справіліся з задачамі, звязанымі з напісаннем навучальнага дапаможніка?
Складаецца ўражанне, што нават з прыведзеных у канцы кожнага раздзелу сціслых спісаў руска- і беларускамоўнай літаратуры большасць кніг аўтарамі не чыталася, бо ў тэксце сустракаюцца спасылкі на дзве-тры працы (напрыклад, на Э.Загарульскага, М.Ермаловіча, М.Піліпенку ці Я.Юху — у залежнасці ад параграфа). Такую здагадку ўскосна пацвярджаюць дзіўныя (абсалютна неадэкватныя!) характарыстыкі некаторых выданняў. Напрыклад, папулярная сінтэза М.Даўнара-Запольскага «Гісторыя Беларусі» названа яго «самым фундаментальным даследаваннем» (15). Ну прабачце, гэта ж навучальны дапаможнік для тэхнікумаў і вышэйшай школы, пісаны спехам, на патрэбу дня. Хіба ж можна яго раўняць з сапраўды грунтоўнымі даследаваннямі гэтага патрыярха беларускай гістарыяграфіі?
Не магу зразумець, якім прынцыпам адбору кіравалася В.Цяплова, пералічваючы прадстаўнікоў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Бо, напрыклад, згадваюцца многія фалькларысты, этнографы, пісьменнікі, але забыта такая класічная постаць, як А.Сапуноў! Не знайсці тут і В.Стукаліча, А.Турчыновіча, Ф.Пакроўскага. Гаворыцца пра арганізацыю народнікаў, але ні слова пра віцебскія навуковыя ўстановы, якія мелі сапраўды важнае значэнне для развіцця беларускай гістарыяграфіі, — Вучоную архіўную камісію і адкрытую ёю ў Віцебску ў 1911 г. філію Маскоўска га археалагічнага інстытута, якая працавала і на пачатку 1920-х. Зрэшты, аўтарка не палічыла патрэбным згадаць нават пра адкрыццё Інбелкульту (1922) ды Інстытуту гісторыі БАН (1929).
Гэтаксама кепска паказаны тут і постаці беларускай гістарыяграфіі. З міжваеннага часу апрача У.Ігнатоўскага названы толькі Д.Дудкоў і К.Кернажыцкі. Няма вядучых гісторыкаў — В.Дружчыца, Дз.Даўгялы, М.Мялешкі, Ф.Забелы, В.Шчарбакова і іншых. Амаль абмінула аўтарка і фактычны разгром беларускай гістарыяграфіі ў 1930-х. Мякка згадана толькі, што «некаторыя гісторыкі былі рэпрэсіраваны» (15). Але нават па няпоўных дадзеных у Беларусі за тыя гады сталінскія ўлады рэпрэсавалі 32 гісторыкаў, большасць якіх расстраляна. Таму праўдзівей сказаць, што толькі «некаторыя» выжылі. З археолагаў, напрыклад, застаўся адзін К.Палікарповіч. Дарэчы, пра знішчаную бальшавікамі беларускую археалогію, якая была адной з лепшых у міжваенным СССР, наагул не сказана нічога. Затым, адразу пасля 1930-х, даецца пералік гісторыкаў «дэмакратызаванага савецкага грамадства» 1960-80-х г., аднак і тут іх спіс адмысловы. Няма ні М.Улашчыка, ні А.Грыцкевіча, ні М.Ткачова, ні А.Мальдзіса з Г.Кісялёвым, хоць кожны з іх стаў класікам у сваёй праблематыцы. Затое ёсць П.Петрыкаў, працы якога таксама, цытую, «не страцілі навуковай каштоўнасці да сённяшняга дня» (16). Не буду спрачацца наконт вартасці даследаванняў П.Петрыкава, бо ніколі іх не чытаў, але сама тэматыка прац былога дырэктара Інстытута гісторыі сведчыць, што з «навуковай каштоўнасцю» тут нешта не так: гэта «Ревкомы Белоруссии», «Деятельность Советов депутатов трудящихся Белорусской ССР по созданию материально-технической базы коммунизма», «Забота Советской власти о здоровье трудящихся» і г.д.
На завяршэнне агляду за «тэндэнцыйнасць і празмерную палітызацыю» некаторых раздзелаў крытыкуюцца выдадзеныя акадэмічным Інстытутам гісторыі «Нарысы гісторыі Беларусі» (1994). Галоўныя заганы гэтага выдання ў тым, што «некаторыя» аўтары «не знайшлі шляху да сапраўды навуковага адлюстравання праблемы існавання Старажытнарускай дзяржавы (Кіеўскай Русі)», па-першае, і «дасягненняў беларускага народа ў галіне сацыяльна-эканамічнага і культурна га развіцця за гады савецкай улады» (16), па-другое. Ужо ў характары самых папрокаў выяўляецца недвухсэнсоўная ідэалагічная ўстаноўка аўтараў новага дапаможніка. Але не будзем адразу прыдзірлівымі. Бо абяцанае «сапраўды навуковае» асвятленне гісторыі мае быць далёкім ад ідэалогіі і палітыкі. Тым больш, што і рэдактар кнігі праф. Я.Новікаў пераконвае нас менавіта ў бесстароннасці аўтараў.
Пераходзячы да разгляду асноўнага зместу кнігі, мушу зазначыць, што праблема нявыкарыстаных матэрыялаў, некранутых пытанняў і няўведзеных у кнігу сюжэтаў беларускай гісторыі мною свядома апускалася. Разабрацца б з тым, што напісана! Тэкст дапаможніка нялёгкі для ўспрымання, сыры, выкладанне часта блытанае, супярэчлівае, тым не менш — паспрабуйма прайсці ўслед за аўтарамі.
У першым раздзеле пад тытулам «Першабытнаабшчын ны лад на тэрыторыі Беларусі» разглядаецца і праблема этнагенэзу беларусаў, і паходжанне нашага нацыянальнага імя (37-44). Можа, аўтары ўкладалі ў такое спалучэнне нейкі свой сэнс, але лагічным яно не выглядае. Матэрыял першай «главы» (гэты русізм фігуруе паўсюль у дапаможніку, таму давядзецца і мне называць так адпаведныя часткі тэксту) выкладзены дастаткова збалансавана. Балазе, дагістарычная эпоха мала прыдатная для ідэалагічных спекуляцый. Мабыць гэта лепшая частка тэксту з усяго дапаможніка. Аднак і тут у многіх месцах аўтары чамусьці занадта неасцярожныя, недакладныя, катэгарычныя.
Выкладанне сівой даўніны пачынаецца з ліхтарыка «Што такое этнас» і вызначэння яго прыкметаў, а пасля разглядаец ца пачатак засялення тэрыторыі Беларусі першабытнымі людзьмі. Арыгінальна, канешне, але ці правамерна? Этнагенэз не можа папярэднічаць антрапагенэзу. Нікому ж не прыходзіць у галаву займацца этнічнай інтэрпрэтацыяй палеалітычных старажытнасцяў. Аўтары і самі ў азначэнні этнасу пішуць, што гэта «ўстойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарыч на на пэўнай тэрыторыі » і г.д. Як стасаваць згаданыя прыкметы да эпохі асваення абшараў Беларусі старажытнымі людзьмі? Першай этнічнай супольнасцю ў дапаможніку абвешчаны род (17), хоць у этнаграфіі гістарычныя формы этнасу пачынаюць з племя. Калі аўтары пераглядаюць нешта прынятае ў навуцы, гэта трэба тлумачыць. Наогул жа навучальны дапаможнік — не месца для навацый і эксперыментаў.
Лёгка заўважыць, што асноўныя ідэі гэтага параграфа, нават лексіка і фразеалогія, запазычаны з папулярнай кніжачкі Э.М. Загарульскага, выдадзенай таварыствам «Веды»[2]. Бясспрэчна, гэта вядомы вучоны, аднак некаторыя тэзы згаданай публікацыі выглядаюць састарэлымі ці патрабуюць прынамсі карэктавання. Невыпадкова ў спісе рэкамендаванай Э.Загарульскім літаратуры «найноўшыя» публікацыі датуюцца 1960-мі г. Але і з публікацыі Э.Загарульскага аўтары дапаможніка бралі няўважліва. Прыкладам, 50-75 тыс. чалавек як агульную колькасць насельніцтва сучаснай Беларусі ён вызначаў для жалезнага веку, а не для бронзавага, як у Г.Марцуля і Л.Антонавай (27). Без ведання справы нашыя аўтары і гарадзішча, і асобную сям’ю занеслі ў бронзавы век, а жалезнаму веку далі, па сутнасці, новыя храналагічныя рамкі (I тыс. да н.э. — IV-V ст. н.э.). Але ўсё новае патрабуе абгрунтавання, а тут пра яго і не падумалі.
Цалкам у духу цяперашняй дзяржаўнай палітыкі ў дапаможніку вылучаецца асобны «славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі», які датуецца з «IV-V ст. н.э. — да нашага часу» (28). Ці не зарана пачалі? Крыху далей аўтары самі ж адзначаюць, што «да VI-VII ст. на большай частцы тэрыторыі Беларусі пераважала балцкае насельніцтва» (33). У сапраўднасці славяне каланізавалі ўсю Беларусь толькі на VIII-IX ст., а асіміляцыя балтаў доўжылася да XII-XIII ст. і пазней.
Ваенную дэмакратыю ў дапаможніку ўважаюць «класавым грамадствам» (31)! Але назваць грамадства класавым — значыць прызнаць яго палітычным. Уведзенае калісь Люісам Морганам паняцце «ваенная дэмакратыя» стасуецца ж акурат толькі да перадкласавага (патэстарнага) грамадства, якое перажывае этап разлажэння родавага ладу. Праўда, і на класавасць погляды аўтараў паступова мяняюцца, бо яшчэ праз колькі старонак яны пішуць: дрыгавічы, крывічы і радзімічы «ўвайшлі ў пачатковы этап раннекласавага грамадства» (35). А як разабрацца студэнтам?
Пра крывічоў цвердзіцца, што ў іх «этнічным абліччы пераважалі славянскія рысы», і «мова была славянскай» (34). Напэўна, калі ўжо яны былі славянамі, але навошта спекуляваць, дзеля чаго вылучаць і падкрэсліваць тыя дэталі, што як аб’ект даследавання проста недасяжныя?
У параграфе «Узнікненне Беларусі» (дарэчы, трэба яшчэ здагадацца, што тут аўтары назвалі Беларуссю — толькі чытаючы тэкст можна зразумець, што гэта беларускі этнас) характарызу юцца розныя канцэпцыі этнагенэзу беларусаў — ад польскай і вялікарускай да тэорыі старажытнарускай народнасці. Этнагенетычная праблематыка надзвычай складаная і вымагае асцярожнасці, асабліва ад неазнаёмленых з яе спецыфікай. Праф. Г.Марцуль, аднак, і тут не камплексуе, хоць нічога добрага ў яго не атрымліваецца. Рыхтуючы месца для старажытнарускай народнасці, ён піша, што крывіцкая і крывіцка-дрыгавіцка-радзіміц кая канцэпцыі ўжо таму памылковыя, што пералічаныя племянныя саюзы «зніклі да сярэдзіны ХII ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся» (38). Па-першае, каб быць дакладнымі: летапісы згадваюць іх яшчэ ў 1160-х. Па-другое, знікнуць са старонак летапісаў яшчэ не значыць знікнуць рэальна. Па-трэцяе, калі быць паслядоўным, то пры такіх храналагічных разліках не застанецца месца і для старажытнарускай народнасці, існаванне якой звычайна адносяць да ХI-ХII ст. Праблема гэтая вымагае іншых падыходаў. Праўдападобна, карыстаючыся тэрмінамі Г.Марцуля, крывічы, дрыгавічы і радзімічы акурат і стваралі гэты агульнабеларускі этнічны комплекс.
Балцкая канцэпцыя В.Сядова (дарэчы, Сядова завуць Валянцінам, а не Уладзімірам, як напісана ў дапаможніку) засталася фактычна не раскрытай. Зразумела, так прасцей спісаць яе як «памылковую»! Больш за тое, гэтай папулярнай тэорыі адведзены такі ж абзац, як і «фінскай канцэпцыі» І.Ласкова (?!). Сам факт увядзення ў дапаможнік фантастычнай версіі беларускага пісьменніка з Якуціі чарговы раз сведчыць, што аўтар параграфа не толькі не валодае прадметам, за які ўзяўся, але не ўяўляе патрабаванняў да навучальнай літаратуры.
Шаноўны праф. Г.Марцуль цвердзіць, што балты сталі субстратам «не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцяў — крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў». Сэнс мала мяняецца. Але згадайма значэнне тэрміну «субстрат». У навуцы так называюць мову абарыгенаў у адрозненне ад мовы прышэльцаў, калі яны сутыкаюцца і ўзаемадзейнічаюць на адной тэрыторыі. Пра вялізную ўдзельную вагу балтызмаў у беларускай мове спецыяльна пісаў яшчэ паважаны аўтарамі дапаможніка акадэмік Я.Карскі. І адмаўляць гэта не возьмецца, думаю, ніводзін чалавек з гістарычна-філалагічнай адукацыяй. У IХ-ХIII ст. балты надавалі выразную спецыфіку ўсяму насельніцтву рэгіёна, у якім фармаваўся беларускі этнас.
Зразумела, нашаму аўтару найбліжэй канцэпцыя савецкага этнографа С.Токарава пра старажытнарускую народнасць, хоць ён адназначна гэтага і не выказвае. Хіба таму, што народнасць тая, па С.Токараву, сфармавалася ўжо ў IХ-Х ст., а ў дапаможніку вышэй было прызнана, што крывічы, дрыгавічы і радзімічы існавалі да ХII ст.!
Дзіўна, але ўсіх апанентаў тэорыі старажытнарускай народнасці тут персаніфікаваў адзін М.Ермаловіч, да якога дэманструецца асаблівая павага. Марцуль крытыкуе яго, але вердыкт выносіць хутчэй станоўчы: канцэпцыю Ермаловіча «нельга прыняць цалкам, але нельга і адхіліць» (40). І то добра. Апошняй характарызуецца канцэпцыя М.Піліпенкі, які прызнае існаванне агульнаславянскай этнічнай супольнасці. Але што ж тады думае пра народнасць сам аўтар?
Яшчэ больш блытана разглядаецца паходжанне назваў Белая і Чорная Русь, а таксама кранутая тут жа адным абзацам праблема фармавання беларускай мовы (41-44). Аўтары проста не ведаюць літаратуры. Нідзе ні словам не згадана (думаю, не выпадкова, а каб вытрымаць сваю тэорыю «адзінага кораня»), што гістарычнымі імёнамі беларусаў былі і «Літва», і «Русь», што ў крынiцах ХVI-ХVII ст. назва «Літва» пашырана як саманазва жыхароў сучаснай Беларусi.
Параграф «Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) — агульная феадальная дзяржава ўсходніх славян» (45-54), мяркуючы па ўводзінах, мусіў быць больш моцным, стратэгічным. Але ўжо назва правакуе пытанні. Хіба толькі славян? У дзяржаве русаў апынулася мноства этнасаў. Нават класікі савецкай славістыкі прызнавалі, што ў Кіеўскай Русі іх былі дзесяткі. Затое самой Кіеўскай Русі, вынесенай у назву параграфа, не даецца, дарэчы, ніякай сур’ёзнай характарыстыкі, і ўжо праз старонку аўтары пішуць пра Полацкае княства ды іншыя землі Беларусі. Нашто ж было хаваць за ёй Беларусь?
Чытаючы, тут ледзь не ў кожным абзацы можна знайсці «адкрыцці». Напрыклад, з прычын, што прывялі «да ўтварэння вялікай і агульнай дзяржавы» Кіеўскай Русі, на першае месца аўтары ставяць «развіццё земляробства і жывёлагадоўлі» (44), уключэнне племянных саюзаў у Старажытнарускую дзяржаву паказваюць як рэалізацыю іх інтарэсаў (маўляў, перасталі плаціць даніну чужынцам і апынуліся пад абаронай Русі), хоць ясна, што падпарадкаванне Кіеву не абыходзілася без гвалту, пішуць пра «шматлікі кіраўнічы апарат» кіеўскага князя (45) і г.д. А ў характарыстыцы Полацкага княства Г.Марцуль і Л.Антонава паведамляюць пра князя як «родапачынальніка племені» і племянных старшынь, пра «ахову караванаў» як адну з функцый князя (47). Сяляне ўжо ў тыя часы былі «у асноўнай масе залежныя ад феадала» (51) (для чаго ж аўтары далей асобны параграф прысвячаюць «масаваму запрыгонь ванню сялян»?), а Менск «адважыўся ў 1067 г. выступіць … моцнай крэпасцю» супраць паўднёва-рускіх князёў (53).
Цікава, што ў гэтым параграфе пра «адзіную народнасць» аўтары ўжо нічога не пішуць! А ў адным месцы нават цвердзяць, што з канца ХI ст. «на старажытных землях Беларусі адбываліся аб’яднальныя этнічныя працэсы», і насельніцтва характарызавалася «агульнай этнічнай самасвядомасцю » (47). Тое, як жа аўтарам удалося пазнаць самасвядомасць сялян Беларусі ранняга сярэднявечча, для ўсіх застанецца поўнай таямніцай, але тут самы час запытацца: калі балцкі субстрат ігнаруецца, то што ж тады было асновай гэтай кансалідацыі?
Затое ў «Вывадах» да раздзелу (шкада, што яны ананімныя, бо аўдыторыя мусіць ведаць канкрэтных аўтараў) чытач зноў знаходзіць «агульнаўсходнеславянскую этнічную супольнасць» Русь, і тут ужо яна падаецца як квінтэсэнцыя гістарычных ведаў. Тлумачыцца, што паўстала яна ў выніку «змешвання, зрошчвання» крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў ды «іншых славянскіх супольнасцяў» (72). (Тут жа напісана, што на Русі ў межах фактычна сённяшняй Беларусі ўжо тады сфармавалася «новая этнічная тэрыторыя, якая атрымала назву „Белая Русь», але няма ніякай храналагічнай вызначанасці. Як гэта разумець? Хіба ў XI-XII ст. гэтыя землі ўжо называліся Беларуссю?)
Звернемся да таго, як Г.Марцуль і Л.Антонава бароняць ад «некаторых беларускіх гісторыкаў» Старажытнарускую дзяржаву, бо іх логіка і аргументы настолькі дзіўныя, што хочацца ўзнавіць асноўныя тэзы спрэчкі.
Такім чынам, неназваныя беларускія гісторыкі 1) «адмаўляюць існаванне трывалай старажытнарускай дзяржавы», 2) сцвярджаюць, што «у гэтай дзяржаве не было адзінства ўсходніх славян», і што 3) не было «агульнай пісьмовай мовы, культуры, агульных дасягненняў у гаспадарчай дзейнасці, горадабудаўніцтве, духоўным жыцці» (72). Вось тое, што аўтары дапаможніка бяруцца абвергнуць.
Для доказу адваротнага яны прыводзяць наступныя аргументы: 1) усе княствы Русі ўспрымаліся як адзіная Русь, і насельніцтва называлася адным імем — русамі, русінамі; 2) існавала адзіная праваслаўная вера; 3) агульнымі былі тып і планіроўка горада, адна пісьмовая мова, пра адзінства сведчаць і тры Сафіі — у Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе (72-73).
Трэці пункт проста не па тэме. Якую прычынную сувязь з адзінствам (ці нават як у аўтараў, «трываласцю») Кіеўскай Русі могуць мець «агульныя дасягненні» ці «агульная пісьмовая мова»? А што да планіроўкі горада, то аўтары проста недасведчаныя: у Панямонні і на Валыні яна істотна розніцца ад іншых рэгіёнаў Кіеўскай Русі. Зрэшты, ніхто з крытыкаў «адзінай калыскі» не выкарыстоўваў падобных аргументаў, іх чамусці прыдумалі для сябе аўтары дапаможніка. І дарэмна. Узвядзене Сафійскага сабора ў Полацку сведчыла ніяк не пра адзінства, а хутчэй наадварот, пра незалежнасць Полацка ад Кіева і Ноўгарада. Калі б адзінства веры прадвызначала этнічную еднасць, то на свеце было адно некалькі мэта-этнасаў, — адпаведна колькасці вялікіх рэлігіяў.
Што да «адзінай Русі», то яно нават у дзяржаўным аспекце ўяўнае, своеасаблівы гістарыяграфічны фантом. Геаграфічна «Русь», як паказаў у спецыяльнай працы А.Насонаў, лакалізавалася ў Сярэднім Падняпроўі, на тэрыторыі Пераяслаўскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай вобласці. Полацкае княства, якое ахоплівала амаль палову сучаснай Беларусі, было фармальна на якіх два дзесяцігоддзі падпарадкавана Кіеву адно ў канцы Х ст., але потым зноў, як зазначыў А.Праснякоў, жыло «сваім асобным жыццём». У ХII ст. існавала ўжо каля 15 усходнеславянскіх княстваў — суверэнных дзяржаў з рознымі інтарэсамі і палітыкай. Гэта землі (Полацкая, Смаленская, Суздальская і г.д.), якія ўжо процістаўлялі сябе «Русі». Паняцце «зямлі» як суверэннага аб’яднання замацавалася і ў летапісах. Летапісцы зусім не атаясамляюць «Русь» з усімі ўсходнімі славянамі. І ў «Слове пра паход Ігараў» паняцце «Руская зямля» выкарыстана 21 раз, але аўтар ніводнага разу не разумеў пад ёю ўсе ўсходнеславянскія княствы! Наадварот, князі «рускія» адрозніваюцца ад суздальскіх, разанскіх, галіцкіх і інш., гэтаксама розняцца гарады і землі.
Але нават каб было так, як пішуць у дапаможніку, ну і што з таго? Этнічныя ж працэсы не супадаюць і наогул мала звязаныя з сацыяльна-гістарычнымі. У адной дзяржаве можа існаваць некалькі этнічных супольнасцяў. Для вялікіх імперыяў Старажытнасці ці Сярэднявечча (як імперыя Каралінгаў) гэта было заканамернасцю: яны ахаплялі не адзін, а многа этнасаў. Мяркуючы па бясконцых усобіцах, патрэбнага цяперашнім палітыкам адзінства ўсходніх славян тады сапраўды не было. І нават калі б летапісцы называлі «русамі», «русінамі» ўсіх усходніх славян, гэтага яшчэ было б недастаткова для доказу існавання адзінай народнасці. Бо этнонім таксама не ёсць галоўнай распазнавальнай прыкметай этнасу. Слова мяняе сэнс і не адлюстроўвае рэальнага этнічнага стану. Матэрыяльная культура пагатоў не мае непасрэднага дачынення да пытання, тым больш гарадская, ахапляўшая ўсяго некалькі працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва Русі.
Так, пісьмовая мова была супольнай, хоць і з ёй не ўсё так гладка (аналіз берасцяных грамат спецыялістамі паказаў, што мова жыхароў Ноўгарада Вялікага ў ХI ст. істотна адрознівалася ад мовы кіяўлян, існавалі паўднёвы і паўночны дыялекты, асаблівасці якіх сягалі праславянскай эпохі, прычым іх адрозненні зменшыліся пазней, калі Кіеўская Русь ужо распалася). Але ж мова пісьма не можа выкарыстоўвацца ў якасці крытэра выдзялення этнасу. Як трапна заўважыла вядомая ўкраінская даследчыца Н.Якавенка, цвердзіць пра існаванне «адзінай старажытнарускай народнасці» на падставе агульнай пісьмовай культуры — гэта тое самае, што на падставе супольнага лацінамоўнага школьніцтва абвяшчаць існаванне «адзінай лацінскай народнасці».
Так што як дзяржава Русь (шкада, што аўтары не падкрэслілі полісемантычнасці тэрміна «Русь», які ў сярэднявеччы меў прынамсі шэсць розных значэнняў) уключала пэўна шмат хоць роднасных, але відавочна асобных этнамоўных супольнасцяў. У кожным разе, існаванне адзінай гамагеннай супольнасці не даказваецца, што даўно прызнана аўтарытэтнымі спецыялістамі.
У параграфе «Барацьба супраць крыжакоў і татара-манго лаў» прадэманстравана поўнае дылетанцтва. Зусім прымітыза ваная ідэя крыжовых паходаў. З дапаможніка выглядае, што асновай крыжовага руху было імкненне заходнееўрапейскіх дзяржаў «захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора» (58). І ўсё? Ніякага ўяўлення пра сярэднявечны светагляд, палітычную тэалогію! Аўтары блытаюцца як у гісторыі, так і ў геаграфіі. Пішуць, што вынікам далучэння ордэна мечаносцаў да Тэўтонскага стала «стварэнне Прускага (Лівонскага) ордэна». Але ж Прусія і Лівонія — розныя краі! Прускі — гэта гістарычная назва Тэўтонскага ад месца яго знаходжання, таксама як мечаносцаў сталі называць Інфлянцкім ордэнам па найменні зямлі.
Далей адносіны немцаў з Полацкам асветлены проста як у савецкіх газетах часоў II сусветнай вайны: гаворыцца адно пра «ваенную экспансію» немцаў, пра нарастанне небяспекі. Маўляў, толькі перамога на Чудскім возеры (1242) «у далейшым паспрыяла абароне беларускіх зямель ад крыжакоў» (73). Аднак аўтары не даюць ніводнага канкрэтнага факту, не называюць ніводнага паходу немцаў на Полаччыну, бо іх і не было. Тое ж з татара-мангольскім нашэсцем. Зноў ажыў старэнькі лозунг: «цаной велізарных страт» рускі народ выратаваў Заходнюю Еўропу! Але ж добра вядома, што Батыя з Еўропы вярнулі клопаты не падбітай ім Русі.
Беларускай гістарыяграфіяй даўно адкінута меркаванне, быццам забіты ў 1223 г. на Калцы князь Юры Нясвіжскі меў дачыненне да нашага Нясвіжа (60). Згаданы князь паходзіў з маёнтка Нясвіч Луцкага павету. Пра беларускі ж Нясвіж найранейшыя звесткі даходзяць да нас толькі з ХV ст. Няпраўда і тое, быццам «Хроніка Быхаўца» кажа, што Батый у 1240 г. разбурыў Берасце. Няма ў ёй такога! А нават калі б і было, то гісторык мусіць ведаць, што гэта позні гістарыяграфічны твор, і звесткі пра падзеі ХII-ХIII ст. у ёй легендарныя. І ўварванні татараў на Беларусь у другой палове ХIII-ХIV ст. неправамер на называць «нашэсцямі».
Параграф пра культуру IХ-ХIII ст. у цэлым робіць значна лепшае ўражанне, хоць і тут многа хібаў. Аўтары лічаць нармальным спасылацца на паданні, навуковыя факты падаюць уперамежку з легендамі і аўтарскімі фантазіямі. Прыкладам, легенда пра чырвоныя камяні для іх ёсць «бясспрэч ным» сведчаннем пра «крывавае хрышчэнне тураўцаў» (62), а ў Полацку, цвердзяць яны, хрысціянства было ўведзенна адначасова з Ноўгарадам, услед за Кіевам (61). Але сцвярджаць такое няма ніякіх падставаў. Больш аргументаў на карысць прыпозненай хрысціянізацыі Полацка. Прыведзеныя дадзеныя пра помнікі мураванага дойлідства, як правіла, састарэлыя, з апісання ж сабора полацкай Сафіі не вынікае ніякай яго асаблівасці. Полацкі храм паўстае тут адно бледным ценем кіеўскага і ноўгарадскага (64). Толькі не ведаючы эпохі можна напісаць, што грэцкія кнігі ўжо ў тыя часы «на Русі перакладаліся на рускую мову» (67).
Наступны раздзел «Вялікае Княства Літоўскае і роля беларускіх зямель у яго палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці» храналагічна даведзены толькі да 1569 г. (на думку аўтараў, ВКЛ далей быццам і не існавала). Пачынаецца ён цэлай «главой» пра розныя падыходы і канцэпцыі ўтварэння ВКЛ. З багатай літаратуры і разнастайнасці поглядаў В.Загарульская вылучае тры канцэпцыі: традыцыйную (літоўскую), новую (беларускую) і цэнтрысцкую («памяркоўную»). «Беларускай» названа тэорыя М.Ермаловіча. Не без падстаў пакрытыкаваўшы яе відавочныя скрайнасці, аўтарка прапануе сваю версію, якая па сутнасці зводзіцца да вядомай формулы: аслабленая Заходняя Русь перад пагрозай з Захаду («крыжакі») і Усходу (татара-манголы) аб’ядноўваецца з Літвою, і гэтае аб’яднанне ў той сітуацыі адпавядае палітычным інтарэсам абодвух бакоў. Але «уключэнне заходнерускіх зямель у палітычнае жыццё Літоўскай дзяржавы» вялося рознымі шляхамі — заваёвай, праз шлюбы і дамовы (78-84). Сачыць за сэнсам напісанага цяжка з-за паўтораў і лагічнай незвязанасці тэксту, тым не менш лёгка заўважаюцца супярэчлівасці тлумачэння, эклектычна ўвабралага многія падыходы. Аўтарцы тут, думаю, дапамагла б кніга В.Насевіча «Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: падзеі і асобы» (1993), але В.Загарульская, мабыць, не ведае яе, бо нідзе не згадвае.
Літаральна на кожнай старонцы на дзіва многа прыкрых памылак: мечаносцы і Тэўтонскі ордэн «аб’ядналіся пад назвай Лівонскага» (79), латгалы — «літоўскае княства» (81), ужо ў першай палове ХIII ст. Літоўская дзяржава «цэнтралізаваная» (82), Літва ў 1219 г. заключыла «ваенны саюз з Новагародчы най» (85) (а не з Галіцка-Валынскім княствам), Густынскі летапіс — твор ХIII (а не ХVII) ст. (86), замест Ноўгарада Вялікага фігуруе «Новагародак» (88), г.зн. наш Наваградак, і інш. Трапляюцца ў тэксце В.Загарульскай і проста фантастычныя рэчы! Чытаю, напрыклад, пра «класавую барацьбу» у ХIII ст. як «фактар аб’яднальных працэсаў» (81), або што пры Гедыміне пад «рускім уплывам» «неўпарадкаваныя літоўскія апалчэнні змяняліся стройнымі шматлікімі палкамі» (90) (цікава, каго? — аўт.). Ну, нават у папулярных выданнях да такога яшчэ, здаецца, не дапісваліся! Не менш ашаламляе паведамленне, што Віцень выкупіў Полацкае княства ў Ордэна па дакументу, падпісана му ў Авіньёне ў 1310 г. (88). Гістарыяграфічны міф, запушчаны яшчэ М.Карамзіным. Бачна, што крыніцы — бадай самае слабое месца ў аўтаркі, адсюль ейны давер да ўсякай публікацыі.
На наступным параграфе, які прысвечаны канцэпцыі М.Ермаловіча і з’яўляецца разгорнутым пераказам асноўнага зместу кнігі «Па слядах аднаго міфа», няма сэнсу спыняцца. Напісаны Я.Новікам, ён часта паўтарае тое, што ўжо выклала В.Загаруль ская, або пярэчыць ёй. Адкажу толькі на адно пытанне, пастаўленае аўтарам: чаму ў разгледжаных канцэпцыях утварэння ВКЛ «не хапіла месца ўкраінцам і рускім?» (101). Калі разглядаць праблему гістарычна, то браць у разлік вялікарускія землі наогул няма падстаў, бо яны ніколі не інтэграваліся ў ВКЛ, а наконт Украіны выразна выказаўся яшчэ славуты ўкраінскі гісторык Міхайла Грушэўскі: у адрозненне ад беларускіх, украінскія землі былі звязаныя з ВКЛ механічна і нядоўга, яны заўсёды заставаліся адасобленымі ад яго, жывучы сваім мясцовым жыццём, тады як Беларусь стала ядром гэтай дзяржавы.
Параграф «Палітычнае развіццё беларускіх зямель у ХIV-ХVI ст.» (102-122) напісаны адной В.Загарульскай. Тэкст пачынаецца канстатацыяй частых палітычных крызісаў у ВКЛ, пасля чаго аўтарка бярэцца тлумачыць іх прычыны. Два першыя звязаныя са смерцю манархаў, таму ў пэўным сэнсе яны натуральныя. Трэці (1381) у многім абумоўлены цяжкай вайной з Ордэнам, пра якую тут чамусьці не пішацца. Шкада, бо Ордэн тады найбольш уплываў на лёс ВКЛ. Пра недастатковы ўзровень ведаў аўтаркі сведчыць неадпаведная фразеалогія: «поўнае палітычае зліццё» княстваў у ВКЛ (105), «шырокі грамадска-палітычны рух», узначалены Андрэем Полацкім (106), «буйны грамадска-палітычны рух» супраць Ягайлы і уніі (108) і г.д. Надта ўжо вольна трактуецца шэраг ключавых падзей палітычнай гісторыі, такіх, у прыватнасці, як пошукі саюзнікаў Ягайлам у 1380-х, Крэўская і Гарадзельская уніі, Востраўскае пагадненне. «Прыхільнасць да Масквы», якая быццам бы «ўзмацняецца ў заходнерускіх княствах» пасля Кулікоўскай бітвы, на справе — не больш, чым гістарыяграфічны міф. Між тым Загарульская тлумачыць ёю матывы дзеянняў Ягайлы, надаючы канфліктам у ВКЛ нацыянальную афарбоўку. Сцвярджаць пра агрэсію Тэўтонскага ордэна як адну з прычынаў збліжэння Польшчы і ВКЛ перад Крэўскай уніяй (107) таксама памылкова, бо Польшчу тады звязваў з Ордэнам Калішскі мір. У навуковай гістарыяграфіі Крэўская унія даўно не трактуецца як «інкарпарацыя», «зліццё» ВКЛ з Польшчай (108). Калі б Вялікае Княства ператварылася тады ў правінцыю Кароны і страціла сваю міжнародна-прававую суб’ектнасць, то Ордэн спыніў бы вайну, аднак гэтага не здарылася. Ордэн надалей ваяваў з Княствам як з асобнай дзяржавай. І прысягалі польскаму каралю, як сведчаць гамагіяльныя акты, толькі некаторыя з удзельных князёў.
Вайну супраць Ягайлы ў 1389-92 г., названую барацьбой за дзяржаўны суверэнітэт ВКЛ, Вітаўт вёў быццам бы з «беларуска-літоўскім баярствам» і «шырокімі коламі насельніцт ва» (109). Ды не выйшла б нічога ў Вітаўта, каб не сілы незгаданага тут яго галоўнага саюзніка Нямецкага ордэна! Неадпаведна тлумачыцца сутнасць Гарадзельскай уніі 1413 г. Паводле Загарульскай гэта прывілей, які «юрыдычна аформіў палітычую самастойнасць» ВКЛ (110) (цікава, што далей у падручніку напісана адваротнае, быццам гэтым дакументам «абвяшчаецца інкарпарацыя» ВКЛ, гл. с. 479 гэтага артыкулу). На справе ў Гародлі прынятыя тры акты, адзін з якіх прызнаваў, што ВКЛ захавае сваю асобнасць і пасля смерці Вітаўта, але выбар новага манарха звязваўся са згодай Ягайлы і кароннай рады. А Ягайла і надалей фармальна захоўваў правы суверэна на ВКЛ. Далей вялікаму князю Жыгімонту Кейстутавічу прыпісваецца план «увядзення каталіцтва ва ўсёй дзяржаве», за што яго быццам і забілі змоўшчыкі (112). Пры гэтым аўтарку не засмучае той факт, што замах на вялікага князя арганізоўвалі менавіта каталікі.
Істотная дэталь: В.Загарульская і надалей выкарыстоўвае не толькі тэрмін «заходнерускі», але і азначэнні «Русь», «рускі», «рускія» у дачыненні да Беларусі, хоць між імі трапляюцца і «беларускія феадалы». Мала таго, што гэта недакладна. Такая непаслядоўнасць у многіх месцах проста не дазваляе зразумець, пра каго ж (які народ?) гаворыцца. Мабыць, аўтарка і на гэта не звяртала належнай увагі, бо ў яе і Горадня фігуруе як «літоўская зямля» (111).
Падобным чынам асвятляецца і знешняя палітыка ВКЛ (115-122). У тлумачэнні прычынаў абвастрэння адносін і пачатку вайны паміж ВКЛ і Масквой Загарульская некрытычна паўтарае расійскіх гісторыкаў: маўляў, праваслаўнае насельніцтва ВКЛ «не аддзяляла сябе» ад жыхароў Маскоўскай Русі, а ў Вялікім Княстве «праваслаўная вера прыціскалася», і маскоўскі манарх «працягваў руку дапамогі» праваслаўным феадалам (118). Зноў жа, гэта нічым не падмацавана, не пададзена ніводнага пераканальнага прыкладу з дакументаў. Дастаткова было пачытаць М.Крома (я ўжо не кажу пра замежных даследчыкаў ці самастойны аналіз актаў і летапісаў), каб пераканацца, што падобныя схемкі вельмі далёкія ад гістарычных фактаў, якія проста не даюць падстаў гаварыць пра гравітацыю насельніцтва Беларусі да Масквы ці пра рэлігійны прыгнёт на той час.
Заходнім суседзям Беларусі ў дапаможніку наогул непашчасціла. Нямецкі ордэн названы галоўным ворагам ВКЛ і на першую палову ХV ст., але пасля Торуньскага і Мельнскага дагавораў беларуска-літоўская дзяржава стала саюзнікам Ордэна і заходняя мяжа ВКЛ зрабілася адной з самых стабільных у Еўропе. Пра Грунвальдскую бітву студэнт знойдзе літаральна 5 сказаў (115), бітва пад Клецкам наогул забытая (як і Ворскла), а славутай бітве пад Оршай адведзены адзін радок! Затое пераказваецца — як гістарычны факт! — легендарнае паведамленне летапісу пра 100-тысячны палон, выведзены з Беларусі татарамі ў 1505 г. Бітва на Вядрошы (1500) датаваная 14-м жніўнем, хоць у сапраўднасці яна адбылася 14 ліпеня. Загарульская паведамляе, што паўстанцы князя Глінскага «занялі Клецк» (121), але і гэта няпраўда! Яны не здабылі ніводнага горада, калі не лічыць Мазыра, перададзенага Глінскаму ягоным сваяком.
Не лепшы ўзровень і ў наступным параграфе, прысвечаным «Асаблівасцям дзяржаўнага і саслоўнага ладу Вялікага Княства Літоўскага» (122-128). З радай, соймамі і соймікамі ўсё безнадзейна заблытана. У раду, зусім не разабраўшыся з яе паходжаннем, аўтарка ўводзіць маршалка і старастаў (?!), прычым старасты — «галоўныя асобы» павета (!), соймікі — гэта сходы «ўсіх мясцовых феадалаў», на якіх «выбіраліся дэпутаты ў вальны сойм» (127) (і ўсё!). Пра кепскае разуменне матэрыялу сведчыць і шэраг выказванняў тыпу «на павятовых сойміках у асноўным засядала шляхта», або «прывілеі 1413, 1432, 1434 і 1447 г. ураўноўвалі ў правах руска-літоўскую шляхту з адпаведным саслоўем у Польшчы» (125). Што да прывілеяў, то першы з названых зусім не тычыўся русінаў, а прывілей Казіміра Ягайлавіча быў далёка не апошнім у згаданым працэсе. Мякка кажучы, наіўна тлумачыць Загарульская, чаму ў ВКЛ не было такіх органаў цэнтральнай улады, як у Маскоўскай дзяржаве: пры далучэнні новых земляў, піша яна, функцыі кіравання імі не пераносіліся ў цэнтр, таму «ў руках вялікага князя не канцэнтравалася шмат штодзённай працы, як у маскоўскага гасудара» (126). Ненавуковыя і развагі пра перавагу расійскай мадэлі развіцця: маўляў, феадалы ВКЛ, у адрозненне ад маскоўскіх, не мелі агульнадзяржаўнага патрыятызму і «ў складаны час ахвяравалі не сваімі асабістымі і маёмаснымі правамі, а дзяржаўнай незалежнасцю» (128). Не ведаю, ці разважалі пра дзяржаўную незалежнасць, скажам, беларускія мяшчане ХVI-ХVII ст., але ад маскоўскіх ваяводаў яны адбіваліся рашуча.
Пры адсутнасці агульнаеўрапейскага кантэксту даволі навязліва праводзіцца ідэя даўняй роднасці і нават залежнасці ад Расіі. Цвердзіцца, прыкладам, што дарадчы орган вялікага князя — «дума па аналогіі з маскоўскай» (126) (?), што гандлявалі гарады Беларусі найперш з «рускімі» (137) і г.д. Спецыялісты, аднак, пішуць, што гаспадарка сярэднявечнай Беларусі была зарыентаваная хутчэй на Захад, на рэгіён Балтыкі. Лепей бы аўтарка сачыла за дакладнасцю эмпірычнага матэрыялу, чым займацца калянавуковымі спекуляцыямі. А то кашталяны ў дапаможніку сталі «камандзірамі мясцовых палкоў» (126) (тады б ім не месца было ў радзе), а феадалы-ўладальнікі былі быццам «невялікім колькасна» класам і складалі «каля 10% насельніцтва» (122). Ну, калі і гэта «невялікая» колькасць, то дзе ж тады іх было болей? У мілым сэрцу аўтараў Маскоўскім царстве адпаведная сацыяльная група добра калі складала 1%. Да буйных феадалаў аўтарка залічвае і князёў (123), але князь вызначаўся не памерамі ўладанняў, а нараджэннем.
Далей эканамічнае развіццё Беларусі асветлена таксама без прыкметнага ведання справы. І ці не першы недахоп тут — адсутнасць храналагічнай вызначанасці кожнага сцвярджэння. Гаворыцца пра перыяд працягласцю ў тры стагоддзі — ХIV-ХVI ст., у якім усё перамешваецца. Так, гаворачы пра валочную памеру, аўтарка рэзюмуе, што «к канцу ХVI ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней — ва ўсходніх і паўднёвых» (134). Далей, што «у выніку рэформы» быццам «звыш 40% усяго зямельнага фонду… аказалася ў руках феадалаў (135). Трэба думаць, што ўжо з ХIV ст. «каля 40% усіх гарадоў …былі прыватнаўласнымі» (135), хоць падлікі А.Грыцкевіча зроблены на зусім іншы час. Прапануецца тут і аўтарскае азначэнне сацыяльнай катэгорыі: «рамеснікі і гандляры… называліся мяшчанамі» (136)! А як быць з вясковым рамеснікам, ці яўрэем, ці наадварот, калі нехта з гараджан не займаўся рамяством і гандлем? З не меншым здзіўленнем чытаю, што рамесныя цэхі ствараліся «з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў горада» (136), а іх статуты, аказваецца, адразу ж «утрымлівалі тэндэнцыі да застою» (137).
У параграфе «Фарміраванне беларускай народнасці» Я.Новік і Н.Новік зыходзяць з таго, што беларуская народнасць «утваралася паступова на аснове старажытнарускай народнасці» (138). Да гэтага прывёў, цвердзяць яны, шэраг фактараў: палітычных — гэта «неабходнасць барацьбы з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і татара-манголаў»; эканамічных — «далейшае развіццё сельскай гаспадаркі», «удасканаленне рамяства», «пашырэнне гандлю»; сацыяльных — «далейшае развіццё феадальных адносін, усталяванне прыгоннага права», і, урэшце, фактар рэлігійны — «канфесійны антаганізм» (139). У абазнанага чытача сам пералік павінен выклікаць усмешку, але для недасведчаных студэнтаў гэта будзе вялікай лапшой…
Далей большую частку параграфа аўтары аддалі «матэрыяльнай і духоўнай культуры новага, усходнеславянскага этнасу», — рэчам, якія, строга кажучы, не тычацца этнатворчай праблематыкі (гэта пры тым, што наступны параграф спецыяльна прысвечаны культуры). Але ці не самае цікавае у выснове: тут гаворыцца, што ў названы перыяд «працягваўся працэс фарміравання» беларускай народнасці (142). Дык калі ж ён пачаўся і калі завяршыўся?
Няпраўда, што этнічная мяжа паміж балтамі і славянамі ў ХIII — ХVI ст. не мянялася (140). Хваля русінскай каланізацыі за гэты час сягала раёнаў Вільні і Трокаў. Няпраўду напісалі аўтары і пра самасвядомасць, паставіўшы гэты галоўны (першасны) фактар этнавызначэння на апошняе месца. У дапаможніку сцвярджаецца, што ў ВКЛ «жыхар беларускіх зямель (якіх і якой веры? — аўт.) адрозніваў сябе ад іншых народаў (немцаў, палякаў, літоўцаў)», але ад рускіх пачаў адрозніваць сябе «значна пазней» (142). Ну няпраўда ж. Дакументальна ж добра фiксуецца адрозненне нават праваслаў ных Русi Лiтоўскай (Беларусі) ад Русi Маскоўскай. За перасялянцамi з Масквы (перабежчыкамi або палоннымi) у нас на пакаленнi замацоўвалася мянушка «маскаль» цi «масквiцiн», а ў Маскве жыхароў Беларусi таксама ўспрымалi як чужых. Напрыклад, праваслаўных прадстаўнiкоў пасольства катэгарычна не прапускалi ў царкву, а палонных хрысцiян усходняга абраду заўсёды прымушалi хрысцiцца па-новаму. Нягледзячы на этнамоўную блiзкасць, і паміж праваслаўнымі (не гаворачы пра беларусаў каталікоў, уніятаў ці пратэстан таў) Беларусі і Расіі існавала дыстанцыя.
Раздзел па ВКЛ завяршаецца вялікім параграфам пра культуру Беларусі. Быццам і шмат напісана, але саму культуру, яе спецыфіку тут знайсці няпроста. Цікава, які сэнс закладзены ў выказванне «беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар» (143)? Хіба аўтарам хацелася падкрэсліць, што не першабытны. Па цэлай старонцы яны аддалі апісанню Крэўскага, Мірскага і іншых замкаў! Паўтарылі штамп папулярнай літаратуры, што «сярэдневяковую Беларусь называлі краінай замкаў», але што за гэтым выказваннем, дзе хоць адно параўнанне? Пра летапісы напісалі, адчуваецца, па В.Чамярыцкаму, але кніга яго (не кажучы ўжо пра М.Улашчыка) у спіс не ўключана.
У разгорнутых «Вывадах» уражвае канцэнтрацыя ідэалогіі. Усё тут падагнана пад цяперашнюю палітычную кан’юнктуру. Нават Масква абвяшчаецца другім цэнтрам аб’яднання ўсходніх славян з ХIII ст. (161), хоць яна была тады яшчэ нязнанай нікому глухой правінцыяй. Акцэнтуючы ўвагу на назвах ВКЛ, аўтары адкрыта прызнаюцца, якім гістарыяграфіч ным традыцыям наследуюць: дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай, якія называлі ВКЛ літоўска-рускай або руска-літоў скай дзяржавай (163). Справа, як выглядае, не ў аргументах, а ў традыцыі, у асабістай прыхільнасці аўтараў.
Увесь наступны раздзел «Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай» напісаны адным аўтарам — З.Зуевай. Як і належыць, пачынаецца ён з Люблінскай уніі. Вось толькі адзначаную ўжо на пачатку раздзела «цікавасць і складанасць» паслялюблінс кай эпохі беларускай гісторыі З.Зуева тлумачыць дзіўна: тым, што «ў савецкай гістарычнай літаратуры адсутнічае такі перыяд у гісторыі Беларусі, як Рэч Паспалітая» (169) (?!), а таксама, што гісторыя Рэчы Паспалітай «нагадвае сённяшні дзень, калі гісторыяй пастаўлена перад беларускім народам пытанне: адраджэнне ці згуба?» (?!). Аўтарка прызнаецца, што да мінулага яна тут ставіцца цалкам прагматычна, беручы з гісторыі Рэчы Паспалітай тое, што мае «не толькі навуковае, але практычнае, выхаваўчае значэнне» (170).
Што ж, гэтая частка дапаможніка сапраўды вызначаецца найменшай увагай да гістарычнага факту і найбольшым разлікам на эфект. Для З.Зуевай у 1569 г. пачалася «трагічная старонка» гісторыі Беларусі, бо Люблінскі акт «абвясціў аб інкарпарацыі Княства ў Польшчу», у выніку «на палітычнай карце Еўропы знікла» ВКЛ (170). Як здарылася, што «без адзінага стрэлу, без барацьбы знікла раптам цэлая дзяржава?» — рытарычна пытаецца аўтарка, і для тлумачэння прапануе экскурс у перадгісторыю гэтай трагедыі. Але наколькі надуманае пытанне, настолькі ж фіктыўнаю ёсць прапанаваная тут версія мінулага, зведзеная да «двух стагоддзяў барацьбы» паміж … Польшчай і ВКЛ (насамрэч тады вялася зацятая барацьба паміж згаданымі дзяржавамі, з аднаго боку, і Маскоўскай, з другога). Нават фразеалогія выкарыстана публіцыстычна-газетная (нешта кшталту «Славянскага набату»): Крэўская унія — «здрада гаспадара дзяржаве», супраць яе — «адпор народа», узначаленага «патрыётамі-князямі», «ганебная Люблінская унія», «генацыд уласнай шляхты» супраць «бяспраўных і амаль пагалоўна непісьменных» беларусаў (198) і г.д. Трызненне, проста чытаць немагчыма. А наконт «пагалоўнай непісьменнасьці» пагатоў. Падлічана, што ў ХII-ХIII ст. пісьмом у нас валодала блізу 10% гараджанаў. І нават у ХIХ ст., пад царом, як сведчыць перапіс 1897, колькасць пісьменных сягала за чвэрць насельніцт ва Беларусі. Ну і ў Вялікім Княстве, як вядома, кніга ў горадзе была нармальным прадметам куплі-продажу.
Але вернемся да галоўнага. Люблінская унія зусім не касавала дзяржаўнай асобнасці Вялікага Княства Літоўскага. Паняцце «Рэч Паспалітая» ахапляла адзін шляхецкі народ, але дзве дзяржавы. Лучылі іх адзін манарх і «спольны» сойм, які аднак прымаў для ВКЛ асобныя «канстытуцыі». Супольнай мела быць яшчэ знешняя палітыка, хоць, як вядома, і ў ёй паны-рада шмат чаго рабілі самастойна. Істотна, што нават прыняты ў Любліне акт (а ён быў кампрамісны) пакідаў для ВКЛ асобную назву дзяржавы, тытул манарха, сістэму дзяржаўных пасадаў, войска, скарб, манету. ВКЛ і надалей мела свой сенат (раду), а функцыі былога вальнага сойму стала выконваць канвакацыя. Менавіта віленская канвакацыя, а не генеральны соймік па Зуевай (181), займалася тымі ж справамі, якія належалі да кампетэнцыі ранейшага вальнага сойму.
З.Зуева неаднаразова старанна падкрэслівае, што вальным соймам Рэчы Паспалітай стаў каронны. Піша: «заканадаўчым органам Рэчы Паспалітай быў „каронны», г.зн. польскі сойм» (177). Потым дадае: «на чале абароны дзяржавы стаяў каронны гетман». Значыць, яна і блізка не ведае палітычнага ладу Рэчы Паспалітай. Бо падобнае магло быць толькі пры ўвасабленні таго драматычнага сцэнару інкарпарацыі, які аўтарка намалявала ў папярэднім раздзеле. На справе пасля Любліна заіснаваў «спольны» вальны сойм аб’яднанай Рэчы Паспалітай, г.зн. Рэчы Паспалітай Кароны і Княства (ці, як часта дадавалі, Абодвух Народаў). У яго ўвайшлі прадстаўнікі ВКЛ і Прусіі. І гетманы, і войска былі ў кожнага свае.
Дык што ж утварылася пасля Любліна? Ніякай яснасці ад азначэнняў тыпу «Рэч Паспалітая — феадальна-прыгонная дзяржава» (180). Баюся, што з такога апісання Рэчы Паспалітай студэнты проста нічога не ўцямяць. Усё тут звалена ў кучу — Трыбуналы, апеляцыйныя суды, Адукацыйная камісія! Бясконцыя пералёты з аднаго стагоддзя ў другое, вяртанні да ўжо сказанага, суцэльныя алагізмы дадаткова замінаюць успрыманню тэкста, а некаторыя пасажы проста не паддаюцца разуменню!
Падобна, З.Зуева і сама добра не разабралася ў тым, што хоча давесці чытачам. Бо спачатку цвердзіць пра «трагічную старонку» — інкарпарацыю ВКЛ і страту дзяржаўнасці, на с.182 піша, што ў Рэчы Паспалітай не было ні агульных міністраў, ні адзіных органаў кіравання, і ВКЛ цалкам захавала свой адміністрацыйны апарат, а на с.184 абвяшчае, што «большасць тэрыторыі Княства» была анексавана Польшчай і толькі дзякуючы ўпартай барацьбе магнатаў ВКЛ удалося зберагчы «рэшткі дзяржаўнасці і аўтаномію ў межах Рэчы Паспалітай»! «Рэшткамі» ВКЛ яна назыве ўсю Беларусь і Літву, усе дзевяць ваяводстваў тэрыторыі ВКЛ пасля 1569 г.!
Пра што гаварыць, калі шаноўная аўтарка не ведае значэння слоў і выразаў, якія бярэцца з такой катэгарычнасцю інтэрпрэтаваць. Ухапіўшыся за цытату з Люблінскага акту пра «адзіны народ» (так перакрыўленую!), яна супрацьпастаўляе яе факту шматнацыянальнага складу насельніцтва ВКЛ, гаворачы, маўляў, палякі ўжо ў сам акт уніі закладалі праграму асіміляцыі (184). Аднак у цытаваным дакуменце вялося пра народ палітычны, а не этнічны! Гаварылася пра тое, што ліцвіны і караняжы маюць злучыцца ў адзін «народ» — грамадзян адной, супольнай дзяржавы, адзін шляхецкі стан. Але адзінства палітычнага народу не замінала патрыятызму лакальнаму, свядомасці этнічнай. Урэшце, вяртаючыся да самой Люблінскай уніі, трэба не забываць, што яна несла з сабой не толькі мінусы, але і плюсы (інакш чаго б яе так дамагалася шляхта Беларусі і Літвы). Згадаю хоць бы пераможнае завяршэнне вайны і ажыўленне гаспадаркі, гандлю, ну і хуткую вестэрнізацыю краіны.
І ў дэталях сваёй версіі гісторыі Зуева робіць памылку на памылцы. То напісана, што дзяржаўнай рэлігіяй у ВКЛ да Любліна заставалася праваслаўе (170) (хоць у гэтым жа дапаможніку на с.101 сказана, што дзяржаўнай рэлігіяй тады быў каталіцызм), то што персанальная унія перарывалася ў 1434-1447 і 1492-1501 (171) (а як жа Вітаўт, а Свідрыгайла, а аднаўленне уніі Жыгімонтам Кейстутавічам?), што Гарадзельскі акт «абвяшчаў інкарпарацыю» ВКЛ у Польшчу (174) (гл. с. 472 гэтага артыкулу). Вялікае Княства быццам бы «бесперапынна вяло войны» на поўдні, з крымскім ханам (172), але насамрэч і перапынкаў хапала (замірэнні, «упамінкі»), і колькасць татарскіх уварванняў моцна мянялася. У гэтым плане, напрыклад, першую трэць ХVI ст. немагчыма параўноўваць з яго сярэдзінай. Расія ў 1558 г. пачала вайну супраць Інфлянтаў усяго толькі «за выхад да Балтыйскага мора» (171), паўтарае аўтарка старэнькую тэзу савецкіх падручнікаў, якая ў сучаснай літаратуры даўно адхілена.
Хапае ў параграфе і кур’ёзаў: для ажыццяўлення падступных планаў па інкарпарацыі ВКЛ «магнаты Польшчы» пачалі дзейнасць па «ўраўнанню ў правах праваслаўных з каталіцкай шляхтай літоўскага паходжання» (172)! А паны-рада, аказваецца, імкнуліся падпісаць замірэнне з Іванам Жахлівым не дзеля перадышкі, а … «каб абараніць свае межы з захаду» ад Польшчы (?!). Ну, гэта сапраўдны novum у гістарычнай навуцы. «Каронны сойм», заяўляе Зуева, «не спраўляўся са сваімі задачамі»! Калі і з якімі? Ці адкрывала аўтарка хоць адно даследаванне дзейнасці соймаў, каб рабіць такія заявы? Не дзіўна, што і на liberum veto, і на рокаш знайшлася толькі чорная фарба (178). Бо ўсё ў раздзеле мераецца па расійскай абсалютысцкай мадэлі.
Адчуваецца, што «кароннай» тэмай для Зуевай стала «Барацьба беларускага народа супраць польска-каталіцкай экспансіі», якой адведзена 16 старонак дапаможніка (184-199) — больш, чым кожнаму з папярэдніх параграфаў! Напісанае тут можна рэзюмаваць наступным чынам: царкоўная унія, гвалтам праведзеная зверху, польскай уладай і езуітамі, пасеяла грамадзянскую вайну, і тады за праваслаўе ўступаецца Севярын Налівайка, а потым Запарожскія казакі. Што да Налівайкі, то калі б аўтарка зазірнула ў Баркулабаўскі летапіс ці іншую аўтэнтычную крыніцу, яна б пераканалася, што Налівайка не быў абаронцам праваслаўных: граміў дамы праваслаўнага духавенства, рабаваў цэрквы і г.д.
Чырвонаю ніткай праз увесь свой раздзел Зуева праводзіць думку: ва ўсім вінаватыя палякі на пару з Ватыканам — галоўным падрыўніком шчаслівага жыцця «шчырых праваслаўных». Ватыкан то раздае заданні па акаталічванню беларусаў, то фінансуе паходы Стэфана Баторыя (202-203). Затое Масква, Расія — ніколі ні ў чым не адыходзяць ад правільнай, самай прагрэсіўнай палітыкі! Нават у старых савецкіх падручніках гэта выглядала, здаецца, не так прымітыўна.
Як і ў папярэдніх параграфах, аўтарка так захапляецца, што часта выдае фантазіі за гісторыю. Асабліва дастаецца езуітам і царкоўнай уніі, якія, вобразна кажучы, — ад д’ябла. Уніяцтва, піша яна, «стваралася шляхам гвалту і падману народа», а «шчырыя праваслаўныя цярпелі ўціск ва ўсіх правах» (197). Царкоўная унія названа «сродкам акаталічвання насельніцтва» (258). Гісторыкі яшчэ думаюць, спрачаюцца наконт уніі, прычым у спецыяльных даследаваннях даказваецца нават адваротнае: што да канца Рэчы Паспалітай унія была бар’ерам, які стрымліваў масавую лацінізацыю беларусаў3, а тут — прысуд катэгарычны.
Паколькі спецыяльных прац па канфесійных праблемах у спісе літаратуры не прыводзіцца, я зацікавіўся, адкуль жа Зуева брала факты для падобных заключэнняў, і зноў быў расчарава ны. Аўтарка далёка не хадзіла: спасылаецца яна, у прыватнасці, на папулярную эміграцыйную публікацыю А.Мартаса, перавыдадзеную Экзархатам Рускай Праваслаўнай Царквы ў Менску[4], ды на вядомы стары твор М.Каяловіча[5]. Прабачце! Выданне А.Мартаса настолькі не адпавядае патрабаванням нават да навукова-папулярнай літаратуры, што яго ніхто не рэкамендаваў бы чытаць студэнтам. А Зуева жыўцом (цытаты без каментароў) бярэ з яго і ўстаўляе ў дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь! Але А.Мартас ды М.Каяловіч хоць «западно-руссы», а ў раздзеле З.Зуевай найвыразней адчуваецца дух сумна вядомага расійскага гісторыка П.Бранцава. І працяглыя цытаты сведчаць, што яго творы сапраўды былі для нашай аўтаркі падставовымі. У небагаты спіс літаратуры ўключаны ажно дзве кнігі П.Бранцава: «История Литовского государства с древнейших времен» (Вильна, 1889) і «Очерк древней Литвы и Западной России» (Вильна, 1891). Чаму столькі ўвагі працам менавіта гэтага аўтара?
Нагадаю чытачу, што П.Бранцаў — махровы манархіст, які не меў нічога супольнага з Беларуссю і не разумеў яе. Аддана служыў Расійскай імперыі і цвердзіў, што расійскія цары ўратавалі беларусаў ад асіміляцыі. Услаўляў генерала, які задушыў паўстанне Каліноўскага. Для П.Бранцава граф М.Мураўёў — «великий деятель в Северо-Западном крае в пользу России», які «менее чем в два года весь Северо-Запад ный край из польско-латинского сделал православно-русским, за что и заслужил глубокую признательность руского народа…»[6]. Што да ўпадабаных З.Зуевай кніг, то П.Бранцаў сам прызнаваўся ў іх практычным прызначэнні. Пісаў, што вопыт яго выкладання гісторыі ў адной з сярэдніх навучальных устаноў «Северо-Западного края» выявіў патрэбу напісаць для гэтых мэтаў «просто популярную книгу для всех интересую щихся историей бывшего Литовского государства», у якой ён паказвае «преследования православных и казацкие восстания в защиту православия и русской народности»[7]. А «Очерк…» — яшчэ больш папулярны і скарочаны варыянт першай працы, прызначаны для настаўнікаў «народных училищ Северо-Западного края, … живущих среди польского населения ». Менавіта П.Бранцаў абвясціў Севярына Налівайку першым абаронцам праваслаўных ад уніі. Ды нават Л.Абэцэдарскі ў свой час раскрытыкаваў гэтую версію, паказаўшы поўную адсутнасць рэлігійных матываў у дзейнасці казакоў, а Зуева сходу пераносіць яе ў дапаможнік! Але пракол з Налівайкам у яе не адзіны. Пытанне стаіць шырэй: дзеля чаго ў канцы ХХ ст. так безаглядна давярацца Бранцаву? Гісторыкі ведаюць, што, служачы не навуцы і не Беларусі, а імперыі, ён панапісваў усялякіх глупстваў кшталту таго, быццам на Вядрошы ў 1500 забіта 8000 ліцвіноў (калі там іх усіх было блізу 4500), быццам пасля забойства Кунцэвіча «всей Белоруссии запрещена была православная вера,… всем приказано было принять унию», або што ў час паўстання 1831 г. народ Беларусі «остался верен русскому правительству, под властью которого ему жилось гораздо лучше, чем прежде». Заўважце, наколькі сугучна гэта з тым, што піша Зуева, і наадварот. Мне, прызнаюся, здавалася, што перад рэцэнзаванай «Гісторыяй Беларусі» ставіліся зусім іншыя мэты. А праз Зуеву ў дапаможніку для беларускіх студэнтаў уваскрэсла «русское дело» расійскіх манархістаў, і Беларусь стала ператварацца ў «Северо-Западный край», а яе мінулае — падавацца праз акуляры Бранцава.
Вось напісана, што пасля 1623 г. «нацыянальна-рэлігій ны прыгнёт» яшчэ больш узмацніўся, і «нацыянальна-вызва ленчы рух» пачаўся ўжо ў 1637-1647 г. (194). А ў навуковай гістарыяграфіі згаданае дзесяцігоддзе ўважаецца «залатым спакоем» Рэчы Паспалітай. Сапраўды, часы Уладыслава IV з яго «Артыкуламі заспакаення грэцкай царквы» радыкальна адрозніваліся ад эпохі Яна Казіміра менавіта грамадзянскім спакоем. Падзеі 1648-49 г. апісаны без ведання элементарнай фактуры**, затое ў агістарычных дэталях, разлічаных на эфект: маўляў, найміты і шляхта бязлітасна забівалі жанчын і дзяцей, Радзівіл загадаў знішчыць усё насельніцтва Турава… Але супакойцеся, Тураў быў пакінуты да падыходу дывізіі Радзівіла! А «працяглы бой» Крычэўскага з Радзівілам быў славутай бітвай пад Лоевам, і адбылася яна не ў чэрвені (Зуева блытае Крычэўскага з Галотам), а ў канцы ліпеня 1649 г.
Не выкарыстала Зуева такой выйгрышнай тэмы, як казацка-сялянская вайна 1648-49 г. (бо гэта быў сапраўды масавы рух народных нізоў), і пасля Збораўскага міру стала апісваць манаскія ордэны, якія «па заданню Ватыкана… праводзілі гвалтоўнае акаталічванне беларускага народа» (195), а затым перайшла да параграфа «Знешняя палітыка. Войны другой паловы ХVI-ХVIII ст.».
На нейкіх 2-х старонках даволі скажона асвятляецца адна з самых цяжкіх у беларускай гісторыі Інфлянцкая (Лівонская) вайна, пасля чаго ажно 5 старонак аддаецца пад Смуту, фактычна чыста расійскую гісторыю! Падзеі вайны паказаны выключна тэндэнцыйна, што ўжо не дзівіць. Не кранаючы масы драбнейшых памылак, зазначу, што выразы кшталту «вайна не карысталася папулярнасцю сярод працоўных», «Расія цікавілася тэрыторыяй не ВКЛ, а Лівоніі» (201) выдаюць у ёй ці поўнага дылетанта, ці зацятага фальсіфікатара. Яшчэ выразней гэта відаць па апісанні вайны 1654-1667 г. (дзве няпоўныя староначкі! Нават у Бранцава больш і праўдзівей, чым у Зуевай). Пасля публікацый апошніх гадоў проста грэх пісаць, быццам нічога не ведаючы: «Вайна 1654-1667 г. у гісторыі Беларусі расцэньваецца як нацыянальна-вызваленчая барацьба беларускага народа супраць польскіх паноў за ўз’яднанне з Расіяй» (208). Зноў уводзіцца састарэлая прымітыўная формула: цар ішоў вызваляць прыгнечаных праваслаўных беларусаў, народ чакаў яго армію «як сваю вызваліцельніцу», дапамагаў чым мог, а гарады «амаль што без абароны здаваліся рускім войскам» (210). І ніводнага факта, які б пярэчыў гэтаму! Не веру, што Зуева не ведае пра масавы рух народнага супраціву (які, дарэчы, на праваслаўным усходзе Беларусі быў мацнейшы, чым на захадзе), пра шматмесячныя аблогі гарадоў, пра сотні тысяч гвалтоўна выведзеных з Беларусі. Так не апускаўся нават Л.Абэцэдарскі, які, хоць і паўтараў пра імкненне беларусаў «уз’яднацца з Расіяй», паказваў і Паклонскага, і Мурашку, і беларускіх партызанаў («шышоў»).
Ненамнога лепей раскрыта Паўночная вайна. Калі ў Інфлянцкай вайне былі вінаватыя сам Ордэн і ВКЛ з Польшчай (257), дык гэтую, аказваецца, выклікала «шматгадовая агрэсіўная палітыка Швецыі» (212). Саюзнікі па антышведскай кааліцыі вырашылі «вярнуць некалі страчаныя тэрыторыі», толькі што вяртала Расія? Зноў пяецца старая песня, што «большасць беларусаў, у асноўным праваслаўных, прыхільна сустрэлі рускую армію» і зноў дапамагалі ёй чым маглі (213). Але ж праваслаўных ужо была меншасць!
Парадаксальная выснова робіцца пасля разгляду войнаў: усе згаданыя войны, аказваецца, «не прынеслі і не маглі прынесці якіх-небудзь здабыткаў» Беларусі (215). Чаму ж? Вяла іх Расія, якая, калі паверыць шматкроць сказанаму Зуевай, «вызваляла» праваслаўны беларускі народ ад прыгнёту, а ён са свайго боку дапамагаў ёй у гэтых войнах! Але і гэта яшчэ не ўсё. «Войны Рэчы Паспалітай вялі да эканамічнага заняпаду Беларусі, разбурэння гарадоў і вёсак, фізічнага знішчэння насельніцтва», — чытаю далей (259). Вось і знішчэнні ўжо на рахунку Рэчы Паспалітай!
Сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі (215-224) разгледжана ў вышэйшай ступені павярхоўна і эклектычна, з той жа непрыкрытай тэндэнцыяй абельваць адных і чарніць другіх. Прызнана, што колькасць насельніцтва краю зменшылася ўдвая, але з якой прычыны? Так, паветы «былі разбураны, спалены, зруйнаваны» (219), але кім? Ні Польшча, ні Нямеччына не ваявалі тады беларускіх гарадоў! У кнізе ўсё лёгка спісваецца на ананімныя «войны, засухі, эпідэміі, голад». З іншага боку, «нястомная праца народа», нягледзячы на ўсё, да сярэдзіны ХVIII ст. аднавіла гаспадарку Беларусі, але «палітычны лад Рэчы Паспалітай, самавольства шляхты» тармазілі гэты працэс (224). Зноў ва ўсім вінаватая Польшча.
У заключнай частцы свайго раздзелу З.Зуева даводзіць, што падзелы Рэчы Паспалітай сталі натуральным вынікам яе даўняга палітычнага крызісу, які «быў закладзены ў час падпісання ганебнай для ВКЛ Люблінскай уніі» (224), і тут жа падлічвае «вытокі» гэтага крызісу. Першым яна лічыць тую самую унію, другім — «палітычны лад» Рэчы Паспалітай, трэцім — «бязглуздую (так і напісана — аўт.) рэлігійную палітыку», чацвёртым — «спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным», пятым — «барацьбу паміж магнатамі за ўладу». Каб ацэньваць слушнасць нейкіх трактовак ці тым больш дыскутаваць з іх аўтарам, трэба прынамсі сур’ёзна ўспрымаць яго аргументы. А я не магу сур’ёзна ўспрымаць падобную пісаніну, бо наогул не бачу аргументаў. Як можна ўспрымаць заявы тыпу «дастаткова было адной шляхецкай вольнасці — выбрання караля, каб прывесці дзяржаву да згубы»? Выбарных манархаў ведаем не толькі ў Рэчы Паспалітай. Або што бяда палякаў — у «запрашэнні манарха на польскі трон з суседніх краін»? Феадальны прыгнёт і барацьба палітычных груповак за ўладу былі звычайнай з’явай у кожнай тагачаснай дзяржаве. А прыведзенае ў прыклад Крычаўскае паўстанне блякне перад сялянскімі войнамі, якія скаланалі Расію, але што з іх? Гэтаксама з запрашэннем на пасад іншаземца. І зварот апазіцыі па дапамогу да суседніх краін быў таксама звычайнай еўрапейскай практыкай, прычым даўняй, а не «новай», як піша аўтарка (229).
Нагаварыўшы многа таго, што не мае непасрэднага дачынення да тэмы, Зуева забыла, аднак, сказаць пра гнюсную ролю Расіі ў гісторыі заняпаду Рэчы Паспалітай. Затое, драматызуючы сітуацыю Вялікага Княства, паспяшалася пахаваць яго пад Канстытуцыяй 1791 г., сцвердзіўшы, што тая «у чарговы раз абвясціла поўнае зліццё Польшчы з ВКЛ у адзіны і непадзельны арганізм» (231). Але ці адкрывала яна згаданую канстытуцыю? Каб адкрыла, то пераканалася б, што нічога падобнага тая не абвяшчала. Зуевай проста трэба падагнаць усё пад сваю формулу: адраджэнне Рэчы Паспалітай «азначала канчатковае акаталічванне і паланізацыю Беларускага краю» (232). Паўтараючы як рытуальны заклён сцвярджэнне пра імкненне беларусаў да ўз’яднання з Расіяй, яна ўрэшце раскрыла сваё разуменне прычыны гэтай невытлумачальнай цягі — «прыналежнасць беларускага этнасу да рускага народу» (227).
Вось яшчэ адзін прыклад падыходаў і метадаў, практыкаваных у дапаможніку. Французскі генерал Дзюмур’е, які крытыкуе барскіх канфедэратаў, разгорнута цытуецца Зуевай, — балазе гэта пра маральную дэградацыю шляхты, і князь Кароль Радзівіл паўстае ў дапаможніку «сапраўднай жывёлай» (229). Чытаю і бачу, што тут зноў нічога новага: і погляды, і цытаты — з Бранцава. Быццам і не мінула стагоддзе… Так, у запісах згаданага француза хапае пагардлівай крытыкі шляхецкіх нораваў, і «Пане Каханку» названы быдлам, аднак існавалі і іншыя ацэнкі гэтага князя. Ёсць жа цэлая гістарыяг рафічная традыцыя (Генрых Жэвускі, Ігнаці Ходзька, Юзаф Ігнаці Крашэўскі, Юльян Нямцэвіч), якая малюе яго сапраўдным героем, «праўдзівым сарматам», чалавекам «цвярозага розуму і грамадзянскага сэрца». І такія ацэнкі знаходзяць пацвярджэнне ў дакументах. Прыкладам, Францішак Карпінскі, які асабіста ведаў князя Радзівіла, пісаў, што гэта быў «сапраўдны прыяцель народу і шляхты, а не магнатаў, пра якіх ведаў, што купленыя расійскімі грашыма, гатовыя ўсё зрабіць супраць айчыны». Як успамінаў Ян Ахоцкі, патрыятычна настроены Радзівіл быў гатовы ўсім ахвяраваць дзеля свайго краю, «што пацвердзіў у барскай канфедэрацыі», пад час якой «для дабра грамадскага працаваў, і асобу сваю ставіў, і некалькі дзесяткаў мільёнаў на гэтым згубіў». Але, ведаем, Зуевай трэба даказаць адваротнае.
З Бранцава ж перацытоўваецца і паведамленне саксонска га рэзідэнта (не пасла!) Эсэна пра амаральнасць польскай шляхты. Гэтую рэляцыю Эсэна нават Бранцаў змясціў дробным кеглем у спасылцы, а Зуева ўключае яе ў асноўны тэкст — без каментароў! Зусім не зважаючы, што як у першам выпадку вольналюбівую шляхту крытыкуе француз-абсалютыст, так у другім пра амаральнасць палякаў піша немец (сэнс: нават найгоршы немец быў бы сумленным у параўнанні з палякамі!). Фактычна, гэта не што іншае, як гістарычны стэрэатып негатыўнага ўспрымання, прасякнуты ўзаемнай непрыяззю з Длугашавых часоў.
І ў маральных настаўленнях Зуевай зноў пазнаецца Бранцаў: «Польша погибла от анархии, т.е. от страшных внутренних беспорядков и от своеволия и буйства шляхты и панов», чытаем у кнізе стогадовай даўнасці[8], і «неабмежаваныя шляхецкія вольнасці, рэлігійны фанатызм, неверагоднае падзенне нораваў шляхецкага саслоўя» як прычыны гібелі Рэчы Паспалітай знаходзім у З.Зуевай (232).
Завяршаецца гісторыя старой Беларусі, як і кожны раздзел, параграфам пра культуру, напісаным той жа аўтаркай, але ў суаўтарстве з Я.Новікам, што пазбавіла тэкст ранейшага антыбеларускага духу. Тым не менш, і тут не абышлося без лыжак дзёгцю. Апанас Філіповіч падаецца гэтакім прагрэсіў ным «абаронцам інтарэсаў сацыяльных нізоў», бо ён быў «прапаведнікам саюзу з рускім народам» (238), між тым ад Язафата Кунцэвіча ён розніўся толькі верай. «Ліст да Абуховіча» пракаментаваны так, як быццам ягоны аўтар падзяляў усе выказаныя Зуевай думкі пра Рэч Паспалітую (239). Яму прыпісана тое, чаго няма ў помніку (быццам жаўнеры больш цікавіліся гандлем, чым вайсковым абавязкам і інш.). Або Зуева з Новікам не зразумелі ліста, або наўмысна прыпісалі помніку свае думкі. У аглядзе выяўленчага мастацтва не названа ніводнага імя! Няма нават славутых А. і Л.Тарасевічаў, В. Вашчанкі! Знакамітая мануфактура паясоў у Слуцку паўстала, канешне ж, не ў ХVI ст. (256), а на два стагоддзі пазней. Але найбольш уражвае, што сапраўдны гонар беларускай культуры Статут 1588 г. згадваецца ў кнізе толькі ў сувязі з Люблінскай уніяй або запрыгоньваннем сялян, і нават у адмоўным кантэксце — «хвалёны Літоўскі Статут 1588 г.» (226). Дажыліся.
Не магу не працытаваць апошняга «вываду» па нашай гісторыі ХVI-ХVIII ст., бо ён пададзены як «павучальны ўрок» і адрасаваны нашчадкам: «неабмежаваная дэмакратыя побач з выбарнай манархіяй — найгоршыя формы кіравання дзяржавай» (261). Абсалютна актуальна. Словам, няхай жыве спадчынная манархія Раманавых…
Трэба было б сказаць пра стыль кнігі, але яго проста няма. Страшэннае коснамоўе, якому не далі рады нават рэдактары. Чытач проста спатыкаецца на перлінах тыпу: аб’яднанне беларускіх зямель з летапіснай Літвой было «знаходжаннем страчанага палітычнага засяроджання » (91), стварэнню ВКЛ спрыяў «фактар узаемнага імкнення » (82), Люблінская унія ставіла на мэце «фарміраванне аднаго збірання » (184) і г.д.
Вяртаючыся да пачатку, можна пагадзіцца прынамсі з адным рэдактарскім сцвярджэннем: гэты дапаможнік сапраўды «істотна адрозніваецца ад папярэдніх выданняў» (16). Такіх яшчэ не было! Упершыню ў Рэспубліцы Беларусь пад вокладкай гісторыі Беларусі з’явілася блытаная і блага напісаная версія гісторыі «Северо-Западного края».
Нядаўна ў газеце «Веды» галоўны ідэалагічны рэцэнзент дапаможніка П.Петрыкаў зноў пахваліў гэтае выданне і назваў яго першай працай апошняга дзесяцігоддзя па айчыннай гісторыі, «якая прытрымліваецца навуковых пазіцый» (!?). Такое ўжо ў нашага прафесара і члена-карэспандэнта ўласнае разуменне навуковасці. Выходзіць, чым больш падтасовак, самапрыніжэння, антыбеларускасці і лёкайскіх рэверансаў у бок Расіі — тым больш навуковасці… Нічога сабе навука. Як у таго цара Івана Жахлівага справядлівасць: «Судите праведно: наши виноватыми не были бы!».
Генадзь Сагановіч
** Падобна, аўтарка і раней проста не рупілася аб дакладнасці падаваных фактаў, так што многія месцы трэба правіць і правіць: пры Ягайлу ў Беларусі з’явілася не тры каталіцкія парафіі (184), а болей, бо трэба ўлічваць і Ашмяны, ды і Меднікі з Быстрыцай аддзяліла ад Беларусі толькі савецка-літоўская мяжа. Літоўскія паны папракалі Жыгімонта Старога не за гетманства Астрожскага, а толькі за наданне яму Троцкага ваяводства, і інш.
[1]Скурко А. Паклёп як метад гістарычнай навукі // Навіны. 21 кастр. 1998.
[2]Загорульский Э.М. Начало формирования населения Белоруссии (дославянский период). Минск, 1996.
[3]Гл.: Туронак Ю. Фармаванне сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў у Беларусі (1387-1781) // БГА. Т.2. Сш.2.
[4]Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990.
[5]Коялович М. Литовская церковная уния. Т.1-2. С-Петербург, 1859-1861.
[6]Брянцев П. История Литовского государства с древнейших времен. Вильна, 1889. С.658.
[7]Брянцев П. Очерк древней Литвы и Западной России. Вильна, 1891. С. ІІІ, VІ.
[8]Брянцев П. Цыт. праца. С.136.