Яўген Анішчанка. Атлас Мінскай губерні 1800 г.: стварэнне і аўтары
Цэнтральна-беларускія землі, далучаныя да Расійскай імперыі па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай, паводле ўказа ад 3 траўня 1795 г. склалі Мінскае намесніцтва, а з 9 кастрычніка 1796 г. апошняе было арганізавана ў губерню. Намесніцтва спачатку складалася з 13 паветаў: Мінскага, Вілейскага, Пастаўскага, Докшыцкага, Дзісенскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага, Мазырскага, Давыд-Гарадоцкага, Пінскага, Нясвіжскага, Слуцкага. Такі падзел праіснаваў да 9 кастрычніка 1796 г., калі Давыд-Гарадоцкі, Нясвіжскі, Докшыцкі і Пастаўскі паветы былі выведзены па-за штат, а губерню склалі 10 паветаў: Мінскі, Ігуменскі, Пінскі, Рэчыцкі, Мазырскі, Вілейскі, Слуцкі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ашмянскі [1]. Нованабыты абшар адразу стаў аб’ектам пільнай увагі царскіх улад, што рэалізоўвалася праз географа-статыстычнае апісанне тэрыторыі і яе картаграфаванне.
У мэтах падрыхтоўкі ўвядзення новай тэрытарыяльнай будовы царскім загадам ад 8 снежня 1792 г. галоўнакамандуючаму акупацыйнымі войскамі і былому пскоўска-полацкаму губернатару Міхаілу Крачэтнікаву даручалася з дапамогай афіцэраў Генштаба скласці “верную карту с камеральным описанием” далучаных земляў [2]. Адпаведныя працы курыраваў генерал-маёр, камандзір рэзервовай брыгады Кіеўскага конеегерскага палка і першы мінскі губернатар Іван Мікалаевіч Няплюеў. Апошні ўсклаў выкананне праекта на былога чарнігаўскага губернскага землямера (потым мінскага, звольненага з пасады 11 траўня 1797 г.), тытулярнага саветніка Сямёна Цімафеевіча Прарокава [3]. Пад яго камандай першымі сталі працаваць чыны з Падольскай і Валынскай губерняў Кажэўнікаў, Мядзведзеў і Елісееў.
Аснову апісання тэрыторыі склалі інструментальныя здымкі, якія выконваліся ўздоўж вялікіх дарог паводле настаўлення барона, камандуючага інжынерамі Украінскай арміі, інжынер-генерал-маёра Густафа Фёдаравіча фон Кнорынга [4] (1743–?). Мясцовасць разбілі на 7 дыстанцый, унутры якіх здымкі праводзілі гарадніцкі землямер прапаршчык Дзьяканаў, берцынскі землямер Мікалай Троіцкі, чарнігаўскі землямер Міхаіл Сцепановіч, старадубаўскі землямер Мікалай Сакалоў, лахвіцкі землямер прапаршчык Якаў Хамянкоў, нежынскі землямер паручнік Іван Лявіцкі-Рогаль, копыскі землямер Сямён Грачыха. Кожны землямер складаў на свой участак прыватны план у маштабе 5 вёрстаў у англійскім дзюйме (1 : 210 000), якія потым зводзілі ў генеральную або агульную губернскую карту 10-верставога маштабу (1 : 420 000) [5]. У якасці даведачнага суправаджэння да карт далучалася тэкставае або камеральнае апісанне тэрыторыі ў выглядзе каталога населеных пунктаў, іх уладальнікаў, з шырокім наборам сацыяльна-эканамічных звестак – млыноў, корчмаў, вясковых двароў, кірмашоў і г. д.
У справаздачах выканаўцаў фігуруе 8743 тыс. паселішчаў, або 89% ад пазнейшага ўліку. Запланаваны маштаб з-за нераўнамернасці запаўнення і гушчыні аб’ектаў картаграфавання не задаволі . найперш саміх стваральнікаў. З 22 ліпеня 1793 г. участковыя планы сталі рабіць у 2,5 вярсты (1 : 105 000), а генеральную карту – у 5 вёрстаў [6]. Да таго ж заказчыкі не раз прыспешвалі выканаўцаў. Сцепановіч скардзіўся 16 кастрычніка 1793 г., што “ни одного дня не имеет роздуху” і працуе цэлымі начамі. Дзьяканаў карыстаўся вымяральным інструментам без магнітнага дзеяння і таму назначаў мерыдыян “по вешкам”, умоўна арыентуючы выявы. Прарокаў наносіў нагрузку карт (т. зв. сітуацыю) “по разпросам” жыхароў [7]. Таму часта адно і тое ж паселішча атрымлівала рознае найменне. Здымшчыкі рэгулярна спасылаліся на мноства цяжкапраходных месцаў, што прыводзіла да недаўліку, прымушала праводзіць здымкі пераважна ўздоўж сухадольных дарог проста з фурманак. Бескантрольнасць палявых дзеянняў адпавядала ваенна-аператыўным мэтам здымак. Інструментальныя здымкі цягнуліся да лістапада – снежня 1793 г. [8]. Населеныя пункты занатоўваліся ў асноўным па вусных дэкларацыях землеўладальнікаў або іх аканомаў пад прысягай. Адзін з узораў 5-верставой карты 1793 г. на Мінскі павет захоўваецца сёння ў Нацыянальным гістарычным архіве разам з чарнавікамі камеральнага апісання [9].
Там жа ёсць і планы бакоў або межаў з суседнімі губернямі. Прынамсі, у маштабе 5 вёрстаў С. Прарокавым складзена “Часть границы между Минской и Могилевской губерниями противу четвертой части”, на якой нанесена р. Друць ад Рагачова да Талачына з пазначэннем навакольных сёл, вёсак, корчмаў, фарпостаў, мытняў [10]. Гэты ж кавалак названы яшчэ “Уменьшительной бок границы между Минскою и Могилевскою губерниями и Могилевским и Игуменским уездами” ў маштабе 4 вярсты, без пазначэння аўтара [11]. План размежавання “Минской и Белорусской губерниев Бобруйского уезда” падпісаны рагачоўскім землямерам Валерыем Гіжыцкім [12]. Чарнавы план у маштабе 2 вярсты граніцы паміж Мінскай губерняй і Рэчыцкім паветам Беларускай губерні падпісаны мінскім землямерам Аўрамам Дзівавым, а белавік – слуцкім землямерам П. Маркевічам [13].
Выніковыя матэрыялы гэтай здымкі пазней выкарыстоўваліся Генштабам пры арганізацыі губерні і стварэнні на яе Атласа, паводле царскага ўказа ад 29 сакавіка 1797 г. Так з’яўляецца новы комплекс крыніц. З часу стварэння мінскай губернскай чарцёжнай яе штат запоўнілі мінскі павятовы землямер Аўрам Дзіваў, пінскі Васіль Матчын, барысаўскі Пракоп Худышаў, бабруйскі Кірыл Карнавухаў, слуцкі Сяргей Кобелеў, мазырскі Аляксей Кучаргін, дзісенскі Сямён Бяспалаў, ігуменскі Якаў Васільеў, вілейскі Пётр Кулакоў, рэчыцкі Іван Кісялёў.
З 9 кастрычніка 1796 і да 9 студзеня 1797 г. імі праводзілася вымяжоўванне гарадскіх выганаў і іх картаграфаванне [14]. Па справаздачы 10 студзеня 1797 г. у Мінскай губернскай чарцёжнай было 13 гарадавых планаў у маштабе 50 сажняў (1 : 4200), а ў сакавіку 1798 г. – дадаткова на гарады Пінск, Мазыр, Рэчыцу, Бабруйск, Ігумен, Барысаў [15]. 8 жніўня 1797 г. у Экспедыцыю дамаводства быў адасланы план канала Агінскага (аўтар Худышаў) разам з выявамі сплаўных рэк для адміралцейства [16]. Практычна ўвесь 1797 год вяліся здымкі паштовых дарог 10-сажнёвымі вяроўкамі, але без паказу сітуацыі [17]. Плёнам згаданай працы стала стварэнне спецыяльных генеральных карт Мінскай губерні. У пачатку студзеня 1797 г. у чарцёжнай знаходзілася тры губернскія карты (5, 10 і 20 вёрстаў) [18]. Да 20 ліпеня Кісялёў, Бяспалаў і Матчын склалі 4 новыя генеральныя карты [19], а да 19 кастрычніка дадалі да іх яшчэ 2 паштовыя і 3 генеральныя. Усе названыя картаграфічныя выявы былі арыгінальнымі творамі. Перапіска землямераў не мае ніякіх указанняў на выкарыстанне імі папярэдніх графічных помнікаў польскіх каморнікаў.
Мноства спецыяльных карт і планаў, створаных па патрабаваннях розных спажыўцоў, спрабавала ўніфікаваць адміністрацыя Паўла І, які захапляўся прускім парадкам. Новы імператар стварыў асабістае Дэпо карт, куды ў мэтах цэнзуры і цэнтралізаванага кантролю за ўсімі картаграфічнымі праектамі ў хуткім часе запатрабавалі адпаведныя матэрыялы з месцаў.
23 студзеня 1797 г. імянным указам усім губернатарам даручалася скласці атласы губерняў паводле новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ў згаданае Дэпо [20]. 21 лютага кіраўнік Мінскай, Валынскай і Падольскай губерняў, генерал ад інфантэрыі Аляксандр Бекляшоў спецыяльным ордэрам акрэсліў царскі загад. Ён патрабаваў, па-першае, “Губернскую карту с разделением по номерам селений каждого владения” з павятовымі алфавітнымі каталогамі двароў, паселішчаў, уладальнікаў “господской чиншевой шляхты, священнических, татарских, еврейских и обывателей порознь всякого состояния мужеского и женского пола”, па-другое, паштовую карту губерні, па-трэцяе, гідраграфічную карту з апісаннем рэк і азёр (апошнюю для сапраўднага стацкага саветніка, дырэктара водных камунікацый Якава Яфімавіча Сіверса) [21].
У такім складзе апрацоўку атласа пачалі з 13 лістапада 1797 г. пад кіраўніцтвам ужо новага губернскага землямера, надворнага саветніка Льва Рыгоравіча Соіна [22]. Курыраваў праект сам губернатар Захар Рыгоравіч Карнееў. Пасля 16 жніўня 1797 г. з дапамогай павятовых маршалкаў па праграме з 16 пунктаў вялося складанне Тапаграфічнага апісання губерні, якое было завершана да канца 1797 г. [23]. Хутка працэс картаскладання перапынілі чарговай карэктывай.
Указам ад 28 студзеня 1798 г. цар запатрабаваў атлас у 2 экзэмплярах з адлюстраваннем межаў зямельных уладанняў з поўным і падрабязным апісаннем апошніх. Падрабязнасці праграмы выкладаліся ў спецыяльным “Начертании” з 9 пунктаў чарговага канцлера імперыі Аляксея Барысавіча Куракіна. Дасюль даследчыкі карысталіся няпоўным тэкстам прадмовы дадзенага плана [24]. Таму прывяду яе цалкам, у адпаведнасці з ордэрам З. Карнеева ад 15 красавіка 1798 г. Тлумачэнне мела тры ўмовы: першае, “чтоб описания были отделены от карт и переплетены в особых книгах в мере малого александрийского листа, другое, чтоб в самых картах больше было частных дач от общих уездных планов отвязанных и на поле или на другом месте изображенных, дабы тем они яснее и подробнее раскрывались, и третье, желательно бы было, чтоб к планам уездных городов приложены были планы знаменитых в них строений” [25]. Л. Соін рапартамі ад 20 лютага і 16 траўня 1798 г. указаў на адсутнасць у чарцёжнай планаў зямельных уладанняў з-за агульнай неразмежаванасці губерні, што вымушала пракладваць межы дач “антрельные” ці ўмоўныя, на вока [26]. У якасці адзінай спадручнай суцэльнай крыніцы ён называў губернскую карту здымак 1793 г. [27].
Адпаведны парадак апрацоўкі зыходных матэрыялаў вытрымліваўся паводле наказу З. Карнеева ад 18 траўня 1798 г. Пры гэтым усе працы пачыналі са складання планаў паветаў у 5-верставым маштабе, да якіх адначасова прыкладалі рэестр або алфавіты маёнткаў на падставе дадзеных казённай палаты. Пры мностве населеных пунктаў губернатар патрабаваў планы ў 2,5 вярсты. На алфавітах і павятовых планах паказвалі аднолькавыя нумары – для хуткасці і зручнасці карыстання. На падставе алфавітаў паводле спецыяльнай формы № 2 на кожнае зямельнае ўладанне складалі эканамічнае апісанне павета ў выглядзе статыстычнай табліцы, або т. зв. рэмарак. Апошнія рассылалі ў ніжнія земскія суды і да гараднічых з патрабаваннем, “чтобы они в тех же описаниях в назначенных графах проставили число домов, монастырей, церквей и других строений, фабрик, заводов, мельниц и описали б все то, что требуется по оглавлению последней графы”. На назве апошняй дасланыя павятовыя апісанні і атрымалі надалей назву камеральных эканамічных заўваг.
Пасля адсылкі рэмарак землямеры рабілі белавыя варыянты генеральнай карты губерні, планаў паветаў і гарадоў з дэманстрацыяй сапраўднай і запраектаванай забудовы. Недастаўленыя звесткі запаўнялі з Тапаграфічнага апісання губерні. Дадзены парадак парушыўся тым, што земскія суды і павятовыя выпраўнікі да чэрвеня 1798 г. падалі ў чарцёжную супярэчлівыя звесткі, якія разыходзіліся з рэвізскімі звесткамі 1795 г. Землямеры ж не мелі часу на іх выпраўленне, бо ўсё лета займаліся тэрміновым межаваннем выганаў гарадоў, разбіўкай іх на кварталы [28]. Вядома, што ў чэрвені – ліпені 1798 г. К. Карнавухаў склаў план Нясвіжа і карту Дзісенскага павета ў 2,5 вярсты, С. Кобелеў – план Давыд-Гарадка і паштовую карту губерні ў 20 вёрст, С. Бяспалаў – планы заштатных гарадоў Давыд-Гарадка, Нясвіжа, Докшыц, Паставаў, Я. Васільеў – план Докшыц і Вілейскага павета, П. Кулакоў – план Рэчыцы і Бабруйска, А. Кучаргін – план Мазыра [29].
У канцы верасня 1798 г. землямеры раз’ехаліся па паветах для асабістага ўдакладнення алфавітаў з рэмаркамі з дапамогай земскіх судоў. П. Матчын паведамляў з Пінскага павета, што з-за адсутнасці членаў судоў ён складаў камеральнае апісанне па даведках аканомаў і з падатковых квітанцый аб выплаце падушнага падатку (апісанне ён здаў 18.11.1798 г.). С. Кобелеў з-за адсутнасці членаў суда сам аб’язджаў памешчыкаў і рассылаў салдат у Слуцкім павеце. П. Кулакоў складаў апісанне Вілейскага павета з дапамогай ключвойтаў [30]. У такім жа становішчы апынуліся А. Дзіваў у Ігуменскім павеце і К. Карнавухаў у Дзісенскім. У цэлым землямеры завяршылі палявую рэвізію зыходных матэрыялаў да канца лістапада 1798 г. Далейшая апрацоўка іх была перапынена люстрацыяй дзяржаўнай вёскі паводле ўказа ад 10 красавіка, і, як сцвярджаюць справаздачы, праца над атласам цягнулася да 20 красавіка 1800 г. [31]. Магчыма, хутка пасля апошняй даты і быў адасланы разгляданы Атлас, паколькі экзэмпляр, які існуе ў зборы Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, датаваны 1800 г. (гл. табл. 1). Яго 99 аркушаў пераплецены ў адзін том зялёнага колеру з цісненнем назвы і штампам Ваенна-Тапаграфічнага Дэпо. Усе 77 частак генеральных планаў паветаў разам займаюць плошчу 300 м2.
Маруднасць заключнай працы можна растлумачыць шэрагам наступных абставін. 4 сакавіка 1799 г. генералпракурор Сената, князь Павел Лапухін папрасіў Л. Соіна падаць “точно такой же” Атлас Мінскай губерні разам з генеральнай картай і Тапаграфічным апісаннем “для выправок о местоположении городов и селений, количества и качества земли, лесов и угодий” [32]. 30 жніўня 1800 г. Л. Соін атрымаў указ кіраўніка Заходніх губерняў А. Г. Розенберга “переписать” яму атлас з тапаграфічным апісаннем для асабістага службовага карыстання. 3 верасня 1800 г. губернскае праўленне распарадзілася, каб Л. Соін пасля завяршэння Атласа ў Дэпо карт склаў яго другі варыянт шляхам “переписки со сведений предыдущего, вместе с топографическим описанием губернии” [33]. Яшчэ адну копію згаданага Атласа ў мінскай чарцёжнай пачалі рабіць для генерал-пракурора Сената Пятра Абальянінава паводле ўказа ад 5 сакавіка 1801 г. [34]. Відаць, таму Соін не спяшаўся адсылаць першы варыянт Атласа.
У фондзе РДВГА захавалася адна з копій гэтага Атласа пад назвай “Атлас 10-ти уездам Минской губернии” [35] ў выкананні зусім новага штата землямераў мінскай чарцёжнай (табл. 2). Кіраваў імі мінскі губернскі землямер Пётр Рыгоравіч Несцяроўскі (1768–?). Пра яго вядома, што ён паходзіў з маларасійскіх дваран, у 1780 г. паступіў у Кіеўскую акадэмію, у 1787 г. у Пецярбургскую настаўніцкую гімназію, у 1791 г. стаў сяржантам пры Межавым дэпартаменце Сената, у 1797 г. – прапаршчыкам і землямерам Гжацкага павета Смаленскай губерні. Мінскім губернскім землямерам стаў 3 сакавіка 1802 г. і быў ім да 1829 г. У 1805 г. яму прысвоілі званне тытулярнага саветніка. Верагодна, гэты атлас трэба датаваць 1805 годам. Тое, што ён капійны, сведчаць запісы. Да прыкладу, капіяваны карты Мінскага, Вілейскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага, Пінскага паветаў. Усе карты арыентаваны ружай вятроў і маюць статыстычныя ўстаўкі адносна паштовых станцый, колькасці культавых устаноў па веравызнаннях, школ, млыноў, двароў (казённых, абывацельскіх, яўрэйскіх), жыхароў (купцоў, мяшчан, шляхты, татар, сялян па тыпах уладанняў), паселішчаў (сёлаў, мястэчак, фальваркаў, вёсак, аколіц).
У Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага захоўваецца рукапісная “Карта Минской губернии, разделенной на 10-ть уездов” [36]. Яна падпісана згаданым П. Несцяроўскім і лічыцца выкананай у 10-верставым маштабе павятовым землямерам Антонам Глінскім.
Такім чынам, з 1797 г. да пачатку 1801 г. выконвалася 6 варыянтаў Атласа Мінскай губерні разам са статыстычнымі і географа-эканамічнымі дапаможнікамі – Тапаграфічным апісаннем губерні ў цэлым і павятовымі апісаннямі ў прыватнасці. Як відаць, розныя спажыўцы праяўлялі вострую патрэбу ў такога роду інфармацыі. Прыведзеныя звесткі дазваляюць сцвярджаць, што ў аснове ўсяго тыражу картаграфічнай прадукцыі ляжалі адны і тыя ж звесткі 1798 г., якія практычна нязменна вандравалі з копіі да копіі. Апошняя акалічнасць спрыяла пэўнаму розначытанню зыходных крыніц, рабіла першапачатковыя звесткі супярэчлівымі і несупастаўнымі ў поўным аб’ёме. Таму неабходна асцярожна і крытычна падыходзіць да карыстання наяўнымі экзэмплярамі Атласа Мінскай губерні.
1 НГАБ, ф. 333, воп. 1, спр. 778, арк. 156 (указ ад 29 сакавіка 1797 г.).
2 Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792–1796). Вильно. 1903. С. 5; АРДБЛ, ф. 218, к. 751, арк. 5.
3 НГАБ, ф. 299, воп. 1, спр. 6, арк. 237.
4 НГАБ, ф. 120, воп. 1, спр. 1, арк. 133.
5 НГАБ, ф. 120, воп. 1, спр. 1, арк. 110.
6 Тамсама, арк. 231.
7 Тамсама, арк. 108.
8 Тамсама, арк. 234.
9 Тамсама, ф. 1477, воп. 1, спр. 1187.
10 Тамсама, ф. 1477, воп. 1, спр. 1155.
11 Тамсама, спр. 1252.
12 Тамсама, спр. 1243.
13 Тамсама, спр. 1238 і 1239.
14 Тамсама, ф. 299, воп. 6, спр. 9, арк. 14. Паўторна рабіліся з 18.08.1797 г. (тамсама, спр. 2, арк. 181адв.).
15 Тамсама, ф. 120, воп. 1, спр. 2, арк. 11, 70.
16 Тамсама, ф. 299, воп. 6, спр. 3, арк. 21, 613. План у маштабе 5 вёрстаў цяпер знаходзіцца ў складзе “Гидрографической карты части Российской империи между водами Белаго, Балтийскаго, Чернаго и Каспийскаго морей. Составлена при департаменте водяных комуникаций 1801 года”. РДГА, ф. 1399, воп. 1, спр. 4, арк. 1.
17 Тамсама, ф. 120, воп. 1, спр. 2858, арк. 1–23, ф. 299, воп. 6, спр. 3, арк. 7, 11, 30.
18 Тамсама, ф. 299, воп. 6, спр. 3, арк. 1адв.
19 Тамсама, ф. 120, воп. 1, спр. 2858, арк. 24–26 адв.
20 Милов Л. В. Исследование об “экономических примечаниях» к генеральному межеванию. Москва, 1965. С. 98.
21 НГАБ, ф. 120, воп. 1, спр. 2858, арк. 46, ф. 299, воп. 1, спр. 1, арк. 456.
22 Тамсама, ф. 299, воп. 6, спр. 3, арк. 33.
23 Тамсама, ф. 295, воп. 1, спр. 3, арк. 2.
24 Милов Л. В. К истории создания Экономических примечаний конца XVIII – начала XIX в. // Проблемы источниковедения. Москва, 1962. Т. 10. С. 132–133; Ён жа. Исследование… С. 113.
25 НГАБ, ф. 299, воп. 6, спр. 4, арк. 44, 51.
26 Тамсама, арк. 55, ф. 120, воп. 1, спр. 2, арк. 418–419.
27 Тамсама, ф. 120, воп. 1, спр. 2, арк. 52адв.
28 Тамсама, ф. 120, воп. 1, спр. 2, арк. 69–70, 90, 96.
29 Тамсама, арк. 122адв., 199.
30 Тамсама, арк. 208, 218, 226, 308.
31 Тамсама, ф. 299, воп. 6, спр. 9, арк. 18–20.
32 Тамсама, ф. 120, воп. 1, спр. 2, арк. 404, ф. 295, воп. 1, спр. 6, арк. 67.
33 Тамсама, ф. 299, воп. 1, спр. 128, арк. 28адв.–29.
34 Тамсама, спр. 12, арк. 19.
35 РДВГА, ф. ВПА, спр. 18838.
36 ІРНБУ, ф. 1, спр. 1667.