Васіль Варонін. Русь, русіны і руская вера ў творах замежных аўтараў 1-й паловы XVI ст.
На пачатку Новага часу ў супольнасцях усходніх славян адбыліся вялікія змены, якія пакінулі глыбокі след у іх далейшай гісторыі. На жаль, русіны Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы не напісалі ў гэты перыяд практычна ніякіх значных твораў, у якіх быў бы іх уласны погляд на сваю гісторыю і тагачасны стан. Але замежнікі пакінулі нам ад 1-й паловы XVI ст. цэлы шэраг тэкстаў, у якіх аддалі Русі, русінам і іх веры даволі вялікую ўвагу. Нягледзячы на сваё замежнае паходжанне, гэтыя аўтары вельмі добра ведалі рускія землі: наведвалі іх асабіста, камунікавалі з нараджэнцамі гэтых рэгіёнаў. А палякаў і літоўцаў можна лічыць замежнікамі толькі ўмоўна, бо рускія землі ўваходзілі ў склад і Каралеўства Польскага, і Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш цікавым, думаецца, будзе погляд гэтых, з аднаго боку, дасведчаных і ў нейкай ступені ангажаваных, але, з другога, усё ж старонніх людзей на ўсходнеславянскіх суайчыннікаў. Для даследавання абраны творы пяці аўтараў, у якіх акрэсленая ў загалоўку праблематыка знайшла максімальна яскравае і максімальна поўнае адлюстраванне. Вядома, гэтая лічба можа быць значна павялічана – напрыклад, за кошт прац Яна Сакрана і Захарыя Ферэры. Але трэба мець на ўвазе, што іх інтарэсы былі вузейшыя і ляжалі ў асноўным у рэлігійнай сферы.
Перш чым перайсці да разбору твораў першых дзесяцігоддзяў Новага часу, варта коратка спыніцца на становішчы, якое панавала ў этнарэлігійнай галіне і геаграфічных уяўленнях у часы Сярэднявечча. Тут мы выразна бачым самую шчыльную, непарыўную сувязь і залежнасць этнічнай самасвядомасці чалавека ад яго прыналежнасці да нейкай канфесіі. Так, напрыклад, храніст Лівонскага ордэна Герман Вартберг (XIV ст.) пісаў, што сын вялікага князя літоўскага Міндоўга (?–1263) быў русінам [1]. На першы погляд, сцверджанне падаецца абсурдным: як сын літоўца мог быць русінам? Нацыянальнасць маці не магла паўплываць на сітуацыю, бо добра вядома, што і першая, і другая жонкі Міндоўга былі літоўкамі. Апрача таго, нацыянальнасць у той час было прынята вызначаць па бацьку. Супярэчнасць лёгка вырашаецца, калі прыняць пад увагу, што ва ўрыўку ідзе гаворка пра Войшалка – сына Міндоўга, які прыняў хрысціянства па ўсходнім абрадзе. Гэта значыць, што пераход у праваслаўную (рускую) веру рабіў чалавека русінам. Праўда, можна было б дапусціць, што ў апісанні гэтай сітуацыі знайшлі адлюстраванне погляды і ўяўленні менавіта замежнага храніста. Аднак іншыя выпадкі паказваюць, што гэта не так, і мы маем справу не з экза-, а з эндаэтнонімам, у якім адбілася менавіта самасвядомасць чалавека. Так, напрыклад, князь Юрый Лынгвеневіч, унук вялікага князя літоўскага Альгерда, сваё пасланне 1440 г. да магістра Нямецкага ордэна ў Прусіі падпісаў: “Рускі князь, спадкаемец Літвы” [2]. Паводле веравызнання Юрый быў праваслаўным, што, відавочна, і дало яму падставы называць сябе рускім князем. Праўда, ён не забываўся і пра сваю дынастычную прыналежнасць, а таксама пра звязаныя з ёй правы. Нарэшце, вельмі яскрава ілюструе праблему выпадак, які апісваюць польскія аўтары ў сувязі з хрышчэннем Жамойці. Калі высветлілася, што зрынутыя паганскія багі не могуць адпомсціць за сваю ганьбу вінаватым – каталіцкім святарам, адзін з жамойтаў сказаў ім, што іх польскі бог (deus Polonorum) мацнейшы [3]. Гэта значыць, што польскі народ мае свайго ўласнага “нацыянальнага” бога – па аналогіі з тым, як мелі сваіх уласных “нацыянальных” багоў язычнікі-жамойты і літоўцы. Увогуле ў часы позняга Сярэднявечча ва ўсходніх славян непадзельна панаваў этнаканфесіонім русін (русь). Прычым, мяркуючы па сведчаннях як цытаваных, так і іншых замежных крыніц, галоўную ролю адыгрываў у ім менавіта рэлігійны кампанент. Пераход іншаверца ў праваслаўе рабіў яго русінам. Каб высветліць, ці адбыліся нейкія змены ў гэтай галіне на пачатку Новага часу, звернемся да твораў аўтараў той эпохі.
Адным з іх быў Эразм Цёлак (1474–1522). Ён паходзіў з сям’і кракаўскіх мяшчан, атрымаў адукацыю ў Ягелонскім універсітэце, а ў 1494 г., праз тры гады пасля яго заканчэння, прыехаў у Вільню, дзе ў хуткім часе стаў сакратаром і даверанай асобай вялікага князя літоўскага Аляксандра (1492–1506). Калі Аляксандр заняў польскі трон (1501), атрымаў пры яго падтрымцы біскупскую кафедру ў Плоцку. Ён захаваў свае пазіцыі таксама пры браце і пераемніку Аляксандра – Жыгімонце I Старым (1506–1548). Цёлак быў паспяховым і запатрабаваным дыпламатам, ён здзейсніў тры пасольствы да папскага прастола ў Рым і адно ў Аўгсбург, на імперскі сойм. Ён таксама здабыў сабе славу выдатнага прамоўцы [4].
Для нашай тэмы першаступенную цікавасць маюць дзве прамовы, з якімі Эразм Цёлак выступіў на аўдыенцыях у папаў рымскіх: Аляксандра VI (31 сакавіка 1501 г.) і Юлія II (10 сакавіка 1505 г.), а таксама інструкцыя гэтага другога пасольства.
Прамова Эразма Цёлка перад папам Аляксандрам VI і кардыналамі была прысвечана шырокаму колу пытанняў, звязаных з Вялікім Княствам Літоўскім, – ад яго геаграфіі і гісторыі да міжнароднага становішча з асаблівым акцэнтам на турэцкай пагрозе, які быў абумоўлены планамі найсвяцейшага прастола арганізаваць антытурэцкую кааліцыю хрысціянскіх дзяржаў. Велікакняскі сакратар асабліва адзначыў велізарныя памеры сваёй краіны, якая прымыкае да Еўрапейскай Сарматыі. У выступленні перад папам Аляксандрам VI Эразм Цёлак двойчы звяртаўся да рускай тэматыкі. Першы раз – калі казаў пра вядучую ролю рускай мовы [5] ў Вялікім Княстве, другі – калі вёў гаворку пра вялікага князя маскоўскага. Цёлак адзначыў, што русіны насяляюць “амаль што палову” Вялікага Княства Літоўскага і што з гэтай прычыны, а таксама з прычыны сваёй вытанчанасці і нескладанасці руская мова распаўсюджана ў ім больш за літоўскую [6]. Зусім відавочна, што пасол моцна зменшыў лічбу рускага насельніцтва Вялікага Княства і тую тэрыторыю, якую яно займала, бо насамрэч русіны шматразова перасягалі колькасць літоўцаў і плошчу іх этнічных земляў. Аднак яго словы пра папулярнасць рускай мовы ў дзяржаве адпавядалі сапраўднаму стану рэчаў. Таксама звяртае на сябе ўвагу заўвага Цёлка пра тое, што руская мова лёгкая, бо з вуснаў замежніка яна гучыць даволі нечакана. Верагодна, справа была ў тым, што гэтыя словы належалі паляку, для якога, па-першае, блізкая славянская мова ад пачатку не была зусім чужой і які, па-другое, за час доўгага жыцця ў Вялікім Княстве напэўна здолеў добра яе засвоіць. Асобна варта адзначыць, што Цёлак не дазволіў сабе ніякіх выпадаў на адрас праваслаўных – нягледзячы на тое, што быў каталіцкім канонікам і выступаў перад галавой Каталіцкай царквы.
Сваё другое пасольства ў Рым Цёлак здзяйсняў на падставе інструкцыі, якая была складзена ці, прынамсі, зацверджана ў кароннай канцылярыі ў Кракаве 7. У ёй двойчы згадана Белая Русь (Alba Russia), пад якой разумеецца Вялікае Княства Маскоўскае, і аднойчы “белыя русы” (Albi Rutheni) – яго жыхары. Цікава, што тут назвы краіны і яе насельнікаў утвораны ад розных каранёў (Russia і Rutheni). У дачыненні ж да вялікага князя маскоўскага выкарыстана найменне “Маскавіт” (Moscus), і ён названы наймацнейшым сярод схізматыцкіх уладароў. У пасланні да венецыянцаў, якое было складзена адначасова з рымскай інструкцыяй і якое везла тое самае пасольства Цёлка, ёсць яшчэ адна згадка пра “Маскавіта, князя Белай Русі” (Mosco Albae Russiae duce) [8]. Уласна ж Руссю аўтары інструкцыі называлі цяперашнія ўкраінскія землі, што межавалі з уладаннямі татараў – менавіта там стаяць “замкі, у якіх знаходзіліся прастолы каралёў і князёў Русі”. Сярод іх канкрэтна названы Кіеў (“сталіца” – Metropolis), Камянец (“сталіца”), Галіч (“сталіца”), Львоў (“сталіца”), Перамышль, Луцк, Холм. Аднак адначасова адзначана, што ў некаторых з гэтых гарадоў размяшчаюцца рэзідэнцыі каталіцкіх біскупаў. Адсюль вынікае, што на Русі могуць быць і сапраўды ёсць не толькі праваслаўныя, але і каталіцкія епархіі – а значыць, і вернікі не толькі ўсходняга, але і заходняга абраду. З гэтых дыпламатычных дакументаў досыць выразна вынікае, што Русь для іх складальнікаў – гэта, хутчэй, гістарычная вобласць, чым краіна, якая населена нейкім монаканфесійным этнасам. У пасланні таксама дакладна сцверджаны той “факт”, што гэтыя разрабаваныя і малалюдныя землі былі адваяваныя ў татараў польскімі каралямі, чаму яны і належаць цяпер Польскай Кароне. Тут, дарэчы, нельга не заўважыць аналогій з ідэямі другога зводу беларуска-літоўскага летапісання, дзе прычыны панавання літоўцаў над Руссю выкладзены такім самым чынам.
Прамова Эразма Цёлка, якую ён сказаў на аўдыенцыі ў папы Юлія II [9], даволі моцна адрознівалася ад інструкцыі. Яна карацейшая і прысвечана галоўным чынам турэцкай пагрозе хрысціянскай Еўропе. Сярод шасці галоўных ворагаў Польшчы чацвёртым названы “князь масагетаў, які пануе над Вялікай Руссю” – вялікі князь маскоўскі. Іншых звестак пра Русь там няма.
Яшчэ адным польскім аўтарам, што аддаў адмысловую ўвагу рускай тэматыцы, быў Ян Ласкі (1456–1531). Ён быў адной з ключавых постацяў у царкоўным і дзяржаўна-палітычным жыцці Польшчы 1-й трэці XVI ст. Прадстаўнік вядомай шляхецкай сям’і, Ласкі вылучыўся ў часы Аляксандра, калі стаў найвышэйшым каралеўскім сакратаром. У 1503 г. ён быў ужо каронным канцлерам, а з 1510 г. і да самай смерці – гнезненскім арцыбіскупам і прымасам Польшчы. Ён праявіў сябе таксама як дыпламат, кадыфікатар права і рэфарматар сойма [10].
Пяру Яна Ласкага належыць невялікі твор, які мае назву “Пра рускія народы і іх памылкі” (De Ruthenorum nationibus earumque erroribus). Упершыню ён быў зачытаны перад удзельнікамі Пятага Латэранскага сабору Каталіцкай царквы 5 красавіка 1514 г., а пазней надрукаваны асобнай кніжкай у нямецкім Нюрнбергу. Паводле ўяўленняў Ласкага, існуюць тры рускія народы: русіны белыя (ці маскавіты), русіны малдаўскія і русіны чырвоныя [11]. Ласкі асабліва адзначыў, што белыя русіны маюць уласнага ўладара, які носіць велікакняскі тытул. Ён валодае вялізнымі багаццямі і вельмі магутны – можа выставіць войска колькасцю больш за дзвесце тысяч вершнікаў. Малдаўскія русіны таксама маюць уласнага манарха – ваяводу. Ваенныя сілы малдаван меншыя, яны налічваюць усяго блізу сарака тысяч чалавек, але ўсе яны – адважныя ваяры. Мова гэтага народа падобная да рускай і простанароднай італьянскай, але большасць жыхароў краіны ўсё ж карыстаецца іншай. Апрача таго, яны вераць, што з’яўляюцца нашчадкамі рымскіх ваяроў, выпраўленых на абарону Паноніі ад скіфаў. Чырвоныя русіны жывуць на тэрыторыі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, калісьці мелі ўласных каралёў і вялікіх князёў, але цяпер яны – верныя падданыя мясцовых гаспадароў. Каралі польскія заснавалі на падуладных тэрыторыях Русі адну каталіцкую мітраполію, сем біскупстваў і мноства парафій, але рускіх прыходаў тут усё роўна нашмат болей. Ласкі прама называе землі чырвоных русінаў Сарматыяй і акрэслівае іх межы: на захадзе яны дасягаюць Малой Польшчы, а на ўсходзе даходзяць да Волгі. Праўда, Еўрапейская Сарматыя займае землі толькі да Крыма і Дона.
Такім чынам, у якасці галоўнай агульнай рысы трох рускіх народаў Ласкі разглядае праваслаўную (рускую) веру ці, дакладней, абрад, а ў якасці галоўнага адрознення – прыналежнасць да розных дзяржаў. Відавочна, што на фармаванне такога бачання моцна паўплывала асоба аўтара, а канкрэтна – дзве асноўныя сферы яго дзейнасці: царкоўная і дзяржаўна-палітычная. Праўда, Ласкі адзначыў і выключэнне з прапанаванага ім агульнага правіла: у землях чырвоных русінаў ёсць каталікі. Апрача таго, культурны ландшафт Русі таксама не аднастайны, што добра відаць на прыкладзе мовы: гэта неабавязкова руская. Напрыклад, малдаўскія русіны размаўляюць у асноўным на нейкім дыялекце італьянскай мовы, які яны перанялі ад продкаў.
У бачанні Ласкага адзначым яшчэ наяўнасць двух “каляровых” рускіх народаў: белага і чырвонага. Бясспрэчна, што гэта антытэза, якая ўзнікла ў выніку супрацьпастаўлення аднаго народа другому. Цікава, што ў якасці супрацьлеглага беламу колеру выступае не чорны, як гэта прынята ў нас цяпер, а чырвоны [12]. І такое колеравае супрацьпастаўленне прасочваецца не толькі ў гэтым канкрэтным выпадку і не толькі ў галіне этнанімікі, але і ў іншых сферах. Так, напрыклад, яго можна ўбачыць у колеравых вырашэннях еўрапейскіх сцягоў і гербаў, дзе часта – і таксама, відавочна, на кантрасце – спалучаюцца белы і чырвоны колеры. Але супрацьпастаўленне Белай і Чырвонай Русі не было адзіным. У некаторых аўтараў можна сустрэць і больш звыклую для нас антытэзу Русь Белая – Русь Чорная. Вынікам гэтага інтэлектуальнага канструявання стала сітуацыя, якую можна назіраць ужо ў XVII–XVIII ст., калі на ментальнай карце Усходняй Еўропы суіснавалі і суседнічалі тры “каляровыя” Русі: Белая, Чорная і Чырвоная [13].
Звесткі, выкладзеныя ў інструкцыі да другога пасольства Эразма Цёлка і ў прамове Яна Ласкага на Латэранскім саборы, вельмі падобныя. З той прычыны, што інструкцыя была складзена ў кароннай канцылярыі акурат у той час, калі ёю кіраваў будучы прымас, можна з дастатковай упэўненасцю казаць пра тое, што ў абодвух творах знайшлі адлюстраванне менавіта яго погляды.
Буйной постаццю інтэлектуальнага жыцця Польшчы сваёй эпохі быў Мацей Мяхоўскі (1457–1523). Ён паходзіў з мяшчанскай сям’і невялікага гарадка Мехава, які размешчаны за 45 км на поўнач ад Кракава. Мяхоўскі быў шчыльна звязаны з Кракаўскім універсітэтам, выпускніком якога ён быў і рэктарам якога станавіўся восем разоў. Кола яго інтарэсаў было надзвычай шырокае – медык, астролаг, алхімік, географ, гісторык. Некаторыя погляды Мяхоўскага сфармаваліся пад уздзеяннем яшчэ сярэднявечнай традыцыі, але ў цэлым ён быў ужо, хутчэй, рэнесансавым аўтарам. Такі светапогляд знайшоў вельмі яскравае адлюстраванне ў двух яго галоўных творах: “Хроніцы палякаў”, якая стала першай друкаванай гісторыяй Польшчы (першае выданне – 1519 г., другое, адрэдагаванае Я. Ласкім, – 1521 г.), і асабліва моцна – у гістарычна-этнаграфічна-геаграфічным “Трактаце пра дзве Сарматыі” (1517).
Мяхоўскі быў сапраўдным апявальнікам славянства, да якога меў шчырую зацікаўленасць і сімпатыю. Ва ўводнай частцы да “Хронікі палякаў” ён вельмі пахвальна адгукаўся пра славян. Акрамя таго сцвярджаў, што яны заўсёды жылі на тых тэрыторыях, якія займаюць і сёння: “Славяне, вечны народ (Slaui, gens perpetua) у Македоніі, Далмацыі, Албаніі, Істрыі, Харватыі і іншых славянскіх землях” [14]. У той жа “Хроніцы”, а таксама ў “Трактаце” Мяхоўскі акуратна пералічыў усе тыя народы, якія адносіў да славянскіх, і ў агульных словах выклаў іх гісторыю [15]. У гэтым пераліку ён асобна назваў русінаў (раксаланаў) і маскавітаў, а таксама наўгародцаў і пскавічоў. І ў далейшым ён выразна і паслядоўна праводзіў падзел паміж русінамі і маскавітамі, паміж Руссю і Масковіяй, хоць і прызнаваў, што “ў Масковіі – адна гаворка і адна мова, менавіта руская ці славянская, ва ўсіх сатрапіях і княствах” [16]. Падзел славян на асобныя народы Мяхоўскі абумовіў тымі мясцовасцямі, у якіх яны некалі аселі (і сёння жывуць). Тыя самыя ідэі аўтахтоннага паходжання славян, спалучаючы біблейскія матывы і рэнесансавыя ідэі, доктар мастацтваў і медыцыны яшчэ раз выказаў у сваім “Трактаце”: “Усе славянскія плямёны ад патопу да нашага часу застаюцца на сваіх месцах, у сваіх карэнных уладаннях, а не прыбылі адкуль-небудзь з іншых месцаў, як паведамляе польская хроніка і хроніка багемская” [17]. І далей, палемізуючы з іншымі аўтарамі: “Насамрэч славы – у сваіх абласцях, а князі Лех і Чэх – у Польшчы і Багеміі, засталіся ад патопу да нашага часу, застаюцца цяпер і, дасць бог, застануцца і надалей” [18]. Мяхоўскі ў хроніцы згадаў і легендарнага Руса, прабацьку русінаў. Згодна з яго звесткамі, той быў пляменнікам “ці, як некаторыя кажуць”, братам Леха [19]. Наўпрост Мяхоўскі пра гэта не піша, але па ўскосных указаннях у яго “Трактаце” можна зразумець, што ён, падобна, быў перакананы ў тым, што паходжанне Руса і яго супляменнікаў было такім самым, як і яго заходнеславянскіх братоў, – гэта значыць аўтахтонным [20].
Русь (Russia – Русія), якая некалі мела назву Раксаланія, Мяхоўскі размяшчаў у Еўрапейскай Сарматыі. На ўсходзе яна абмежавана ракой Танаісам (Донам) і Меатыдскім балотам (Азоўскім морам), а на захадзе – Сармацкімі (Карпацкімі) гарамі. Гэта значыць, што Русь ахоплівала галоўным чынам тэрыторыю сучаснай Украіны. У заходняй частцы Русі (раён Каламыі, Жыдачава, Сняціна, Галіча, Львова) на чале русінаў стаяць знатныя людзі з палякаў. У цэнтры Русі ляжыць Львоўская зямля, а сам Львоў – яе сталіца [21]. Львоў таксама – сталіца каталіцкай мітраполіі, дзе жыве рускі і літоўскі мітрапаліт [22]. Такім чынам, паводле версіі аўтара, сталіца Русі знаходзіцца на тэрыторыі Польскага каралеўства, і яна прывязана да адміністрацыйных адзінак: свецкай (Львоўскае, або Рускае ваяводства) і царкоўнай (каталіцкая мітраполія). На поўначы Русь абмежавана “Літвой”. Мяхоўскі не апісаў гэту яе мяжу, і з кантэксту таксама нельга зразумець, дзе менавіта яна праходзіла, але дзесьці на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэты вялікі пропуск у геаграфічных звестках вучонага быў абумоўлены, напэўна, тым, што Мяхоўскі ніколі не бываў у Вялікім Княстве, пра што ён прама і напісаў у сваёй хроніцы [23]. Тым не менш, ён аднёс да Русі таксама гарады далёка на поўначы: Ноўгарад, Пскоў, Полацк, Смаленск і землі “далей на поўдзень за Кіеў”. У іх “жывуць усе русіны” [24]. Таксама ён асабліва акцэнтаваў значэнне Кіева, які некалі быў сталіцай Русі і дзе яшчэ і цяпер мае сваю рэзідэнцыю мітрапаліт русінаў. Як бачым, і тут гістарычны статус горада – гэтым разам Кіева – Мяхоўскі ўвязаў з тым фактам, што ён і да гэтага часу з’яўляецца галоўным адміністрацыйным цэнтрам царкоўнай мітраполіі. Прычым аўтар “Трактата” яўна перабольшыў яе памеры, сцвярджаючы, што духоўнай уладзе кіеўскага мітрапаліта падпарадкоўваюцца праваслаўныя епіскапы не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы, але і ў Малдавіі і Валахіі, ажно да Дуная, а таксама ў Масковіі [25].
Такім чынам, Русь для Мяхоўскага – гэта гістарычная вобласць, адзінства якой трымаецца на трох кітах: гістарычным мінулым, паўсюдным рассяленні русінаў і такім жа шырокім распаўсюджанні іх рускай веры. І тут ён вельмі блізкі да Цёлка. Але ў тыя часы адзінства Русі было ўжо адносным, бо яна страціла сваю этнічную і канфесійную гамагеннасць. Мяхоўскі прама пісаў пра гэта: “на Русі шмат веравызнанняў”, і паставіў сярод іх на першае месца, зразумела, каталіцтва. “Другая вера, руская, якая прытрымліваецца грэцкага абраду, больш распаўсюджана і ахоплівае ўсю Русь”, трэцяя вера – іўдзейская і, нарэшце, чацвёртая – армянская [26]. Адначасова аўтар надаваў вялікае значэнне мове. Так, ён адзначаў, што ў рускіх цэрквах служба адбываецца “на сербскай, гэта значыць на славянскай мове”, у армянскіх храмах – на армянскай, у іўдзейскіх сінагогах служаць па-яўрэйску, а “хрысціяне… рымскага абраду спяваюць, моляцца і чытаюць на лацінскай мове” [27]. Зразумела, што Мяхоўскі пералічыў тут не гутарковыя народныя мовы, а мовы царкоўнай службы. У гэтым сэнсе вельмі паказальнае яшчэ адно яго выказванне: “У вопратцы і царкоўнай службе русіны бяруць прыклад з грэкаў” [28]. З гэтых слоў выразна вынікае, што пад русінамі – прынамсі, у гэтым і падобных выпадках – пісьменнік разумеў праваслаўных святароў. У кожным разе, яго заўвагі пра вопратку немагчыма растлумачыць па-іншаму. Тым не менш, у некаторых выпадках Мяхоўскі ўкладваў у слова русін іншы, этнакультурны сэнс. Але і тады ён рабіў асаблівы акцэнт на мове. “Русіны размаўляюць па-руску, або па-славянску, прытрымліваюцца грэцкага абраду і падпарадкоўваюцца патрыярху канстанцінопальскаму” [29]. І яшчэ: М. Мяхоўскі быў, бадай, першым, хто абвясціў адукаванай Еўропе, што па ўсёй Масковіі выкарыстоўваюць адну мову, якую ён таксама называў рускай ці славянскай [30]. У якасці важнай рысы ўнутранай тэрытарыяльнай структуры Маскоўскай Русі ён адзначыў наяўнасць у ёй многіх княстваў, якія ён называе таксама землямі: “княства ці зямля” Маскоўская, Цвярская і інш. [31]. Як і Ласкі, ён лічыў, што Белая Русь знаходзіцца ў Масковіі або ўвогуле тоесная ёй. У любым выпадку, яна ахоплівае паўночныя і ўсходнія землі гэтай краіны – дзесьці паміж Югрой і Меатыдскімі балотамі [32].
Цікавыя таксама паведамленні Мяхоўскага пра літоўскі народ – напрыклад, пра яго пераход на славянскую мову: “і літоўцы ўжо славянізуюцца” (et Lithuani jam slavonisant) [33]. Далей ён удакладняе, што ў Літве і Жамойці толькі на вёсцы размаўляюць па-літоўску, але ў большым ужытку польская мова, бо ў тутэйшых храмах святары прамаўляюць казанні па-польску [34]. Апошняя заўвага мае асаблівую каштоўнасць з той прычыны, што канкрэтна ўказвае адзін з галоўных каналаў пранікнення польскай мовы ў Літву. Але, думаецца, тут варта адзначыць, што славянізацыя літоўцаў не зводзілася да адной толькі паланізацыі. Цалкам упэўнена можна казаць і пра іх рутэнізацыю. Праўда, яна была звязана не з рэлігійным фактарам, а з тым, што “руская мова” ў Вялікім Княстве Літоўскім мела статус афіцыйнай пісьмовай мовы і шырока выкарыстоўвалася ў галіне адміністрацыйнага і судовага справаводства. Але не толькі. У хроніцы бернардынскага манаха Яна з Камарова, якая таксама адносіцца да 1-й паловы XVI ст., апісаны такі выпадак. У 1513 г. удава вялікага князя літоўскага Аляксандра Алена, сястра маскоўскага гаспадара Васілія III, вырашыла вярнуцца на радзіму. Аднак яна намервалася не толькі выехаць за мяжу, але і вывезці свае немалыя багацці, якія захоўвала ў Вільні, у сутарэннях бернардынскага кляштара. Калі пра гэта даведаўся Ян з Камарова, аўтар хронікі, на якога была ўскладзена адказнасць за захаванасць гэтых каштоўнасцяў, ён накіраваўся да віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Мікалая Радзівіла і распавёў яму гэтую гісторыю. Камароўскі паведамляе, што Радзівіл спачатку не паверыў у існаванне скарбаў і сказаў яму па-руску: “Яна з вас смяецца” [35]. Хоць скрыні з вялізнымі скарбамі Алены сапраўды стаялі ў бернардынскім кляштары і яе намер забраць іх і выехаць за мяжу не быў жартам, нас у гэтай гісторыі цікавіць зусім іншы аспект – моўны. Той факт, што літоўскі каталіцкі вяльможа вёў размову з манахам-бернардынам, палякам па нацыянальнасці, на рускай мове, выглядае вельмі красамоўна. Зыходзячы з гэтага выпадку, а таксама з іншых дадзеных, мы можам канстатаваць дастаткова шырокае распаўсюджанне рускай мовы сярод літоўцаў – прынамсі, сярод адукаванай іх часткі. Яе актыўна выкарыстоўвалі прадстаўнікі адміністрацыі розных узроўняў, у тым ліку самага высокага. Веданне імі рускай мовы было неабходнае як для працы з пісьмовай дакументацыяй, так і для вуснай камунікацыі. Сістэма кіравання і суда з яе немалым штатам службовых пасад і інфармацыйным забеспячэннем у выглядзе дакументаў, якія ў 1-й палове XVI ст. ужо не былі рэдкасцю, была, зразумела, адным з галоўных каналаў пранікнення рускай мовы ў літоўскае грамадства.
Не аддзяляючы ў русінаў natio ад confessio, Мяхоўскі, тым не менш, звярнуў увагу на важнасць такога фактару этнічнасці, як паходжанне. Напрыклад, Івана Чартарыйскага, аднаго з забойцаў вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, ён ахарактарызаваў так: “з паходжання і веры русін” (genere et secta Rutenus) [36]. У гэтым канкрэтным выпадку рускае паходжанне і вера супалі, але так было далёка не заўсёды. Крыніцы XVI–XVIII ст., створаныя на ўсходнеславянскіх землях Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, даюць нам нямала аднатыпных прыкладаў. У іх часта выкарыстоўваюцца практычна тыя самыя моўныя формулы, але паходжанне чалавека і яго нацыянальная прыналежнасць ужо могуць адрознівацца: “з паходжання русін, з нацыянальнасці паляк” (gente Ruthenus, natione Polonus), “з паходжання ліцвін, з нацыянальнасці паляк” (gente Lithuanus, natione Polonus) і інш. Gens літаральна азначае “род”. Gente, genere – тое, што набыта паводле нараджэння. Дарэчы, практычна такая самая сітуацыя назіраецца і ў рускай мове. Вельмі падобныя выпадкі зафіксаваны ў летапісах Паўночна-Усходняй Русі яшчэ сярэднявечнай эпохі. Напрыклад, адзін запіс, датаваны 1-й паловай XIV ст., гучыць наступным чынам: “бе бо сей Андрей родомъ литвинъ, сынъ Герденевъ, литовского князя” [37]. Гэта значыць, што род чалавека (gens) залежыць ад продкаў, тады як сваю нацыянальную прыналежнасць ён можа выбраць свядома. І не толькі выбраць, але і змяніць на працягу жыцця – прычым, магчыма, не адзін раз. Але пры гэтым пра сваё паходжанне ўсё ж не забываліся – яно было зафіксавана ў памяці самога чалавека, яго сям’і і грамадства.
Дзяржаўны дзяяч, дыпламат, пісьменнік Жыгімонт Герберштэйн (1486–1566) быў постаццю агульнаеўрапейскага маштабу і значэння. Ён паходзіў са знатнага нямецкага роду і доўгі час служыў імператарам Святой Рымскай імперыі з дынастыі Габсбургаў. У 1517 і 1526 гадах ездзіў з пасольствамі ў Маскву. Літаратурным вынікам гэтых паездак сталі знакамітыя “Запіскі пра маскоўскія справы”. Кніга ўпершыню выйшла ў 1549 г. у Вене на лацінскай мове, а потым шмат разоў перавыдавалася на лацінскай і нямецкай, а таксама ў перакладах на іншыя еўрапейскія мовы. Нягледзячы на тое, што фокус увагі Герберштэйна быў накіраваны на Маскоўскую дзяржаву, ён праяўляў самую шчырую зацікаўленасць і да суседніх краін, звесткі пра якія займаюць нямала месца ў “Запісках”.
Погляд Ж. Герберштэйна на Русь, русінаў і іх веру ў многім супадае з бачаннем М. Мяхоўскага. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо аўстрыйскі дыпламат быў знаёмы з яго творамі. Праўда, аўтар “Запісак пра Масковію” прама не ўказваў іх у якасці крыніцы сваёй інфармацыі, аднак, без сумнення, выкарыстоўваў іх і нават дазволіў сабе крытычныя заўвагі на адрас кракаўскага вучонага – не ўказваючы, праўда, яго імя [38]. Тым не менш, Герберштэйн паўтарыў цэлы шэраг яго паведамленняў у нязменным выглядзе. Пачаць з таго, што, як і Мяхоўскі, ён называў краіну па-лацінску Русіяй (Russia) і ўказваў, што гэта змененае імя старажытнай Раксаланіі [39]. Ёсць і іншыя запазычанні. Да іх ліку адносяцца, напрыклад, сцверджанні пра тое, што на захадзе Русь мяжуе з Сармацкімі гарамі, што ў старажытнасці яе сталіцай быў Кіеў [40], што гаспадар (sic!) русінаў Рус быў ці братам, ці пляменнікам польскага гаспадара (sic!) Леха [41], што славянская мова супадае з рускай і маскавіцкай [42] і інш. Тут не будзе лішнім адзначыць, што Герберштэйн, які нарадзіўся і вырас у вобласці Крайна (у сучаснай Славеніі), спецыяльна вывучаў мову мясцовага славянскага насельніцтва і ведаў яе. Магчыма, менавіта гэта дало падставы польскаму храністу Марціну Кромеру (1512–1589) сцвярджаць, што Герберштэйн быў “з паходжання славянін” [43].
Разам з тым, аўтар “Запісак” дадаў нямала новага ў карціну ўсходнеславянскага свету. Перш за ўсё, ён выразна падзяліў Русь на тры часткі, паклаўшы ў аснову свайго падзелу дзяржаўна-палітычную прыналежнасць: адна частка знаходзіцца пад уладай вялікага князя маскоўскага, другая падпарадкоўваецца вялікаму князю літоўскаму, трэцяя – польскаму каралю [44]. Адначасова ён асабліва вылучыў Масковію, “якая цяпер з’яўляецца яе [Русі] галавой і сталіцай” [45]. Апісваючы Вялікае Княства Літоўскае, Герберштэйн адзначыў, што называе Літвой не толькі аднайменную правінцыю гэтай дзяржавы, але і прылеглыя да яе вобласці [46]. Відавочна, што гэта не было яго асабістым вынаходствам, а ўжо складзенай традыцыяй – прычым не толькі ў самім Вялікім Княстве, але і ва ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Мы не знаходзім у “Запісках” спецыяльнага пераліку рускіх абласцей Вялікага Княства Літоўскага, але аднойчы іх аўтар назваў такой Валынь [47]. Праўда, указаннем на месца знаходжання гэтых абласцей можа служыць спіс “рускіх епіскапстваў”, які прывёў аўстрыйскі дыпламат: Полацкае, Уладзімірскае, Луцкае, Пінскае, Холмскае і Пярэмышльскае [48]. Трэба сказаць, што гэты спіс дастаткова дакладны.
Герберштэйн назваў тры адметныя рысы рускага народа: увесь ён гаворыць на славянскай мове, увесь прытрымліваецца хрысціянскай веры згодна з грэцкім абрадам і называе сябе на роднай мове Russi [49]. На думку Герберштэйна, русіны складаюць большасць таксама ў Літве і Жамойці, а літоўцы – славянскі народ [50]. Праўда, апошняе магло быць вынікам непаразумення і блытаніны. Па- першае, літаральна ў тым самым урыўку твора ён адзначаў, што літоўцы і жамойты “размаўляюць на сваёй мове”. А па-другое, у пераліку народаў ён паставіў “літоўцаў” (Lithvuani, Littn) у адзін шэраг з заходнімі і паморскімі славянамі – мазаўшанамі і памаранамі. Як вядома, Герберштэйн ведаў старажытнарускія летапісы і пераказваў некаторыя іх звесткі і сюжэты ў сваім творы. У “Аповесці мінулых гадоў” у спісе плямёнаў, вядомых летапісцу, разам з мазаўшанамі і памаранамі згадваюцца люцічы: “друзии лутичи, ини мазовшане, ини поморяне” [51]. Відавочна, што аўтар “Запісак” прыняў люцічаў за літоўцаў.
У сваім апавяданні Герберштэйн заўважыў, што “некаторыя” называюць цяперашняга маскоўскага ўладара Белым царом. Але ніхто не здолеў растлумачыць яму сэнс і паходжанне гэтага тытула, хоць ён быў дастаткова шырока распаўсюджаны ў маскоўскім грамадстве, яго выкарыстоўвала як мясцовая знаць, так і просты люд. Гэтаксама тыя пісьменнікі, якіх аўстрыйскі пасол у Маскву не згадвае па імёнах, або яго суразмоўцы называлі падданых вялікага князя маскоўскага белымі русінамі, а значыць, бачылі “адрозненне паміж (рознымі) русінамі” [52].
Дапытлівы дыпламат звярнуў самую пільную ўвагу на экзатычную для яго веру маскоўскіх русінаў. Гэты яго погляд збоку аказаўся вельмі праніклівым, хоць і даволі крытычным у адносінах да жыхароў Маскоўскай Русі [53]. Так, напрыклад, Герберштэйн прыгадаў факты, калі іншаземцы, вывучыўшы іх веру, заяўлялі, што маскоўскі ўладар – яўны схізматык, “бо не прытрымліваецца ні рымскага, ні грэцкага абраду” [54]. Асабліва варта адзначыць, што гэтыя замежнікі былі грэкамі, праваслаўнымі паводле веравызнання, а некаторыя з іх – і духоўнымі асобамі. Акрамя таго, імператарскі пасол пісаў: “Маскавіты хваляцца, што яны [адны толькі] сапраўдныя хрысціяне” [55]. Гэтая рыса (фактычна – ідэя богаабранасці) павінна была адрозніваць маскоўскіх русінаў ад іншых народаў і тым самым адыгрываць для іх ролю аб’яднаўчага фактару. Адзначым, што перакананне ў сваёй выключнасці зусім не было ўласцівае іншым русінам – тым, якія жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Кароне Польскай.
І, нарэшце, самы загадкавы сярод абраных аўтараў – Міхалон Літвін. Сёння большасць даследчыкаў услед за Е. Ахманьскім лічыць, што пад гэтым псеўданімам схаваў сваё сапраўднае імя майшагальскі баярын Венцлаў Мікалаевіч (блізу 1490–1560). Гэты чалавек на працягу сарака гадоў нёс самую розную грамадскую і дзяржаўную службу – быў грамадскім і земскім пісарам, суддзёй, велікакняскім лацінскім сакратаром, рэвізорам дзяржаўных маёмасцяў, пісарам у складзе пасольстваў за мяжу і інш. Трактат “Пра норавы татараў, літоўцаў і маскавітаў” быў напісаны прыблізна ў 1550 г., а апублікаваны, прычым у скарочаным выглядзе, нашмат пазней – у 1615 г. у швейцарскім Базэлі [56].
Аўтар трактата быў этнічным літоўцам і, больш за тое, вялікім патрыётам Літвы. Нягледзячы на сваё каталіцкае веравызнанне, Міхалон Літвін, тым не менш, сімпатызаваў пратэстантызму. Трактат пабудаваны на параўнанні нораваў і звычаяў тых трох народаў, якія ўказаны ў яго загалоўку. Пры ўсім патрыятызме аўтар твора вельмі крытычна ацэньваў тагачасны стан свайго – літоўскага – народа. А самымі лепшымі водгукамі ён узнагародзіў, як гэта ні дзіўна, татараў. Што ж да яго стаўлення да ўсходніх славян, дык яно выглядае супярэчліва.
Перадусім адзначым, што Міхалон падзяляў іх на маскавітаў і русінаў і выразна адрозніваў адных ад другіх [57]. Русіны, якіх ён называў таксама раксаланамі [58], жывуць у Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім каралеўстве. Нягледзячы на тое, што паводле сваёй дзяржаўнай прыналежнасці русіны былі для яго як быццам суайчыннікамі, ён не вельмі прыязна да іх ставіўся і ў сваёй працы называе ўсяго толькі суседзямі [59]. Такая пазіцыя была абумоўлена, перш за ўсё, яго перакананасцю ў тым, што літоўцы, у параўнанні з русінамі, маюць больш слаўнае, больш прэстыжнае і больш старажытнае паходжанне, бо іх продкамі былі “ваяры і грамадзяне рымскія”. Акрамя таго, гэтыя знакамітыя і адважныя продкі літоўцаў скарылі русінаў – і не проста скарылі, але адначасова вызвалілі іх ад улады татараў, прагнаўшы іх з рускіх гарадоў і земляў [60]. Як і іншыя тагачасныя аўтары, Літвін нідзе не ўказаў межаў Русі і не пералічыў яе абласцей. Аднак у адным выпадку, распавядаючы пра рэкі, ён усё ж напісаў, што яны цякуць з земляў Літвы, Русі, Валыні і Масковіі [61]. Як відаць, тут ён асабліва вылучыў Валынь, якую, у дадатак, назваў асобна ад Русі. Цяжка сказаць, чаму ён так зрабіў: ці не лічыў Валынь Руссю, ці хацеў такім чынам падкрэсліць асаблівае значэнне і асаблівы статус гэтага рэгіёна ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Міхалон Літвін адрозніваў маскавітаў ад русінаў, але ў адным месцы ўсё ж крыху нечакана заўважыў: “мы вывучаем маскоўскія пісьмёны” [62]. Праўда, з далейшага тэксту высвятляецца, што існаванне гэтых маскоўскіх пісьмёнаў не азначае наяўнасці ў маскавітаў нейкай сваёй асаблівай мовы – іх мову аўтар трактата называе рускай. Зноў жа, не зусім зразумела, навошта Міхалону Літвіну спатрэбілася казаць у сувязі з рускай мовай менавіта пра маскоўскія пісьмёны, бо ў яго родным Вялікім Княстве Літоўскім рускае пісьмо было таксама выдатна вядомае і мела вельмі шырокае распаўсюджанне. Аднак падобна на тое, што такім чынам ён хацеў яшчэ раз укалоць мясцовых русінаў, звязаўшы іх з зацятым ворагам Літвы – Масквой.
Літвін у сваім творы не стаў спецыяльна разбіраць канфесію русінаў і маскавітаў, а абмежаваўся толькі асобнымі заўвагамі на гэты конт. Так, жорстка крытыкуючы лад жыцця каталіцкіх святароў, ён станоўча адгукнуўся пра некаторыя звычаі і правілы, якія былі прыняты ў праваслаўнай царкве [63]. Тым не менш, ён і тут выказаў сваю няпрыязь да маскавітаў, якія, паводле яго слоў, проста ненавідзяць “рымскую або польскую веру” [64]. Адметна, што пра гэтую нянавісць пісаў і Ж. Герберштэйн [65]. Што ж да “сваіх” русінаў, дык для Міхалона, падобна, было само сабой зразумелай рэччу, што ўсе яны належаць да аднаго веравызнання – праваслаўнага. Прынамсі, ён называе русінамі людзей, якія пакланяюцца праваслаўным святыням [66]. Іншых русінаў ён не ведае. Калі Літвін вызначаў прыналежнасць чалавека да той ці іншай этнаканфесійнай супольнасці, ён таксама, як і яго папярэднікі, прызнаваў важнасць яго паходжання і ставіў гэтую характарыстыку ў адзін шэраг з рэлігіяй: “нашага роду і веры” [67].
У сваіх апавяданнях пра Русь і яе жыхароў Міхалон Літвін выкарыстоўваў выраз “рускія народы” [68]. Такім чынам, згодна з яго меркаваннем, рускі народ быў не адзін, рускіх народаў было прынамсі некалькі. Як было паказана вышэй, такую самую думку выказвалі і іншыя аўтары. На жаль, з тэксту Літвіна нельга зразумець, што гэта былі за народы, колькі іх было і на падставе якога крытэрыю яны вылучаны. Аднак, зыходзячы з таго, што Літвін называў русінамі толькі жыхароў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства, яго рускія народы не адпавядалі тым рускім народам, пра якіх пісаў Ян Ласкі. Цалкам магчыма, што падзел русінаў на нейкія аднайменныя супольнасці, пра які казаў Літвін, меў палітыка-геаграфічны (Вялікае Княства Літоўскае і Польшча) ці рэгіянальны грунт. Тут варта згадаць, што яшчэ з XIV ст. у Вялікім Княстве і Кароне ў палітычнай і адміністрацыйнай галінах шырока выкарыстоўвалася паняцце “землі Русі”, або “рускія землі”. Яно мела хаджэнне і ў далейшым, у XV– XVI ст. і нават пазней. Ці не з гэтымі тэрытарыяльна- адміністрацыйнымі адзінкамі, якія называліся землямі, звязваў свае “рускія народы” Міхалон Літвін? Тут дарэчы будзе дадаць, што сучасныя даследчыкі асабліва падкрэсліваюць той факт, што ў так званай Літоўскай Русі мясцовыя і рэгіянальныя ідэнтычнасці мелі моцнае развіццё [69].
У некаторых пісьменнікаў XVI ст. можна знайсці вельмі падобныя думкі. Так, напрыклад, поўная назва славутай гісторыі Мацея Стрыйкоўскага (1582) гучыць наступным чынам: “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі: Кіеўскай, Маскоўскай, Северскай, Валынскай, Падольскай, Падгорскай, Падляшскай і г. д.”. Вельмі яскрава і ўжо зусім бясспрэчна ідэя многіх рускіх народаў адлюстравана ў неапублікаванай хроніцы ўкраінскага іераманаха Лявонція Бабалінскага (апошняя чвэрць XVII ст.). Яна мае загаловак: “Кроиныка о Белои и Чорнои Руси, всходнеи, полночнои, полуденои и о всехъ народехъ ихъ старожитныхъ и ихъ княжатахъ великоновгородскихъ, зборскихъ, псковскихъ, белоозерскихъ, киевских, луцкихъ, володимерских, волинскихъ, галицкихъ, подгорскихъ, подолских и иныхъ славных народах рускихъ” [70]. Гэта значыць, што канцэпцыя многіх (або некалькіх) рускіх народаў, якія былі звязаны з пэўнымі гістарычнымі рэгіёнамі, яшчэ на працягу даволі доўгага часу мела сваіх прыхільнікаў. Але ўрэшце яна была адкінута. Прычынай стала, відаць, тое, што яна ўжо не адпавядала рэальнаму стану рэчаў, які склаўся на землях усходніх славян у XVII–XVIII ст. Складаныя працэсы, што адбываліся там у акрэслены перыяд, вялі да заняпаду рэгіяналізму і ўзнікнення новых усходнеславянскіх супольнасцяў.
Ацэньваючы творы пяці згаданых аўтараў, можна зрабіць шэраг назіранняў і высноў, якія датычаць Русі, русінаў, іх веры і культуры. Перш за ўсё, на прыкладзе гэтых прац добра відаць, як хутка, нават на працягу такога невялікага перыяду, як 1-я палова XVI ст., расла цікавасць да Русі. Але адначасова пашыраўся і спектр трактовак таго, што яна сабой уяўляе. Тым не менш, некаторыя погляды і ўяўленні былі агульнапрынятымі і ўстойлівымі. Так, напрыклад, ніхто з пералічаных аўтараў не ўказаў, што існуюць нейкія адрозненні ў абшары рускай мовы. Больш за тое, некаторыя з іх поўнасцю атаясамлівалі рускую мову са славянскай. Тут варта заўважыць, што ў гэты перыяд такія самыя ўяўленні панавалі не толькі сярод замежнікаў, але і ў самой краіне. Падобная сітуацыя ўласціва і для царкоўна-рэлігійнай сферы. Кожны з разгледжаных аўтараў прама або ўскосна адзначае, што ўсе русіны належаць да праваслаўнай веры, якую, адпаведна, таксама называюць рускай. А, напрыклад, Ян Ласкі аднёс жыхароў Малдавіі да русінаў практычна на той падставе, што яны былі праваслаўнымі. Увогуле ж, на пачатку Новага часу ў многім захоўвалася сітуацыя этнаканфесійнай еднасці Русі, якая была характэрна яшчэ для часоў Сярэднявечча. Але менавіта ў гэты перыяд яна пачала паступова ўскладняцца і набываць новыя рысы. Сярод русінаў пачалі трапляцца каталікі – такія, як Францыск Скарына ці Станіслаў Арахоўскі. Адзін з іх быў нараджэнцам Беларусі, а другі паходзіў з украінска-польскага памежжа (паводле сённяшняга дзяржаўна-тэрытарыяльнага падзелу). На прыкладзе гэтых асоб можна зрабіць выснову, што іх пераход у іншую канфесію не прывёў да адмовы ад ранейшай, рускай самасвядомасці. І адзін, і другі падкрэслівалі сваё рускае паходжанне і сувязь з “руссю”. На жаль, цяжка меркаваць, ці шмат было такіх людзей. Але тыя з іх, пра якіх ідзе размова, былі прадстаўнікамі інтэлектуальнай і грамадскай эліты. Што ж да асноўнай масы насельніцтва, дык яна, хутчэй за ўсё, цалкам адпавядала тым назіранням, якія мы можам прачытаць у замежных пісьменнікаў.
Разгледжаныя крыніцы паказваюць, што роля рэлігійнага фактару ў зараджэнні ідэй новых буйных супольнасцяў ва ўсходніх славян у розных частках Русі была рознай. Мяркуючы па нататках Ж. Герберштэйна, рэлігія моцна паўплывала на этнічную кансалідацыю насельніцтва Маскоўскай Русі, дзе ў гэты працэс была ўключана таксама дзяржава, якая традыцыйна падтрымлівала Праваслаўную царкву. Зразумела, існавала і падтрымка ў адказ. Тут варта адзначыць важнасць яшчэ аднаго фактару – моўнага. Той самы Герберштэйн звяртаў асаблівую ўвагу на факт, што службы ў храмах Масковіі ідуць на народнай мове, і прывёў прыклады таго, як неславянскія народы, якія ўвайшлі ў склад гэтай дзяржавы, паступова пераходзяць на рускую мову. Адначасова ён моцна падкрэсліваў, што язычнікаў на поўначы і ўсходзе краіны навучала веры Хрыстовай праваслаўнае духавенства [71]. Тэрыторыю сучаснай Украіны замежныя аўтары звычайна адносілі да Русі. Але, напрыклад, М. Мяхоўскі адзначаў наяўнасць там прадстаўнікоў розных канфесій – праўда, пры колькаснай перавазе рускага насельніцтва, праваслаўнага паводле веравызнання. Наадварот, рускі характар сённяшніх беларускіх земляў фіксуецца даволі слаба, нярэдка іх увогуле адносілі да Літвы, пад якой, праўда, часта разумелі ўсё Вялікае Княства Літоўскае. Выключэннямі былі толькі Полацкая і Віцебская землі, а таксама Падняпроўе – менавіта іх некаторыя пісьменнікі называлі рускімі. У адрозненне ад Маскоўска-Рускай дзяржавы, Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства не былі монаканфесійнымі краінамі. Тут мелася значна больш магчымасцяў для пазнання іншых вер, а межы паміж рэлігійнымі супольнасцямі не былі непранікальнымі. Пры пераходзе той ці іншай асобы ў іншую канфесію яе сувязь з былымі адзінаверцамі і супляменнікамі не перарывалася. А звязвала іх памяць пра паходжанне, прычым не толькі самога чалавека, але і яго продкаў. У гэтай сітуацыі роля веры ў этнічнай ідэнтыфікацыі рабілася прыкметна слабейшай.
У тэкстах твораў неаднаразова сустракаюцца згадкі не пра адзін “рускі народ”, а пра “рускія народы”, якіх, такім чынам, было прынамсі некалькі. Праўда, розныя аўтары прапаноўвалі розныя крытэрыі іх вылучэння. Калі адны праводзілі падзел па дзяржаўных межах, дык іншыя звязвалі яго з гістарычнымі рэгіёнамі. Надрэгіянальны ўзровень, які не быў бы абумоўлены дзяржаўна-палітычнай прыналежнасцю тэрыторый, прасочваецца вельмі слаба. Замежныя аўтары з большай ці меншай пэўнасцю вылучаюць у русінаў, бадай, толькі два цэнтры кансалідацыі: паўночна-ўсходні (Масковія) і паўднёвы (сучасная Украіна). Што ж да цяперашняй Беларусі, дык руская этнічная супольнасць набыла тут своеасаблівасць у крыху пазнейшы гістарычны перыяд. На заканчэнне адзначым, што такія творы, як “Трактат пра дзве Сарматыі” М. Мяхоўскага і “Запіскі пра маскоўскія справы” Ж. Герберштэйна сталі надзвычай папулярнымі ў Еўропе і доўгі час моцна ўплывалі на ўяўленні, якія існавалі там пра краіны і народы ўсходняй часткі кантынента, у тым ліку пра Русь, русінаў і іх веру.
[1] Hermannus de Vartberge. Chronicon Livoniae // Scriptores Rerum Prussicarum. Bd. 2. Leipzig, 1863. P. 45. .
[2] Liv-, Esth- und Curländisches Urkundenbuch nebst Regesten. Bd. 9. Riga – Moskau, 1889. Nr 558. P. 410.
[3] Матвей Меховский. Трактат о двух Сарматиях. Москва – Ленинград, 1936. С. 103, 180.
[4] Жыццю і дзейнасці Э. Цёлка прысвечана даволі вялікая літаратура, у тым ліку манаграфічная: Lukas St. Erazm Ciołek biskup płocki (1503–1522), dyplomata polski XVI-go wieku. Warszawa, 1878; Hartleb K. Działalność kulturalna biskupa-dyplomaty Erazma Ciołka. Lwów, 1929; Folwarski H. Erazm Ciołek, biskup i dyplomata. Warszawa, 1935; Brzozowska A. Biskup płocki Erazm Ciołek (1474–1522). Kraków, 2017.
[5] Рускай мовай тут і далей я буду называць мову ўсходніх славян.
[6] Vetera Monumenta Poloniae et Lithuaniae. T. 2. Romae, 1861. Nr 299. P. 277–280.
[7] Akta Aleksandra króla polskiego, wielkiego księcia litewskiego i t. d. (1501–1506). Kraków, 1927. Nr 270. S. 442–448. Дакумент датаваны 6 снежня 1504 г.
[8] Ibid. Nr 271. P. 448.
[9] Vetera Monumenta Poloniae et Lithuaniae. T. 2. Nr 324. P. 300–302.
[10] Гл.: Tafiłowski P. Jan Łaski (1456–1531), kanclerz koronny i prymas Polski. Warszawa, 2007.
[11] Historica Russiae Monimenta. T. 1. Petropoli, 1841. № 123. P. 123–124.
[12] Ильинский Г. А. К вопросу о происхождении названия “Белая Русь” // Імя тваё Белая Русь. Мінск, 1991. С. 40.
[13] Гл., напр.: Мыльников А. С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы: Представления об этнической номинации и этничности XVI – начала XVIII века. С.-Петербург, 1999. С. 65; Белы А. Хроніка “Белай Русі”. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000. С. 169–175.
[14] Mathias de Mechow. Chronica Polonorum. 2-da editio. Craccoviae, 1521. Mathiae de Mechow… ad Andream Cricium epistola.
[15] Ibid.; Матвей Меховский. Трактат о двух Сарматиях. С. 77– 79, 157–158.
[16] Матвей Меховский. Трактат о двух Сарматиях. С. 116, 192.
[17] Тамсама. С. 77–78, 157.
[18] Тамсама. С. 78, 157.
[19] Mathias de Mechow. Chronica Polonorum. P. 2.
[20] Матвей Меховский. Трактат о двух Сарматиях. С. 78, 157.
[21] Тамсама. С. 95, 173.
[22] Тамсама. С. 97, 175.
[23] Mathias de Mechow. Chronica Polonorum. 2-da editio. Craccoviae, 1521. P. 4.
[24] Матвей Меховский. Трактат о двух Сарматиях. С. 109, 185– 186.
[25] Тамсама. С. 97, 175.
[26] Тамсама. С. 96, 174.
[27] Тамсама. С. 98, 175.
[28] Тамсама. С. 96–97, 174.
[29] Тамсама. С. 109, 186.
[30] Тамсама. С. 112, 116, 189, 192.
[31] Тамсама. С. 112–113, 189.
[32] Тамсама. С. 120, 196.
[33] Тамсама. С. 78–79, 158.
[34] Тамсама. С. 109, 185.
[35] Ioannes de Komorowo. Breve memoriale ordinis fratrum Minorum // Monumenta Poloniae Historica. T. 5. Lwów, 1888. P. 306–307. Ян з Камарова працытаваў рэпліку Мікалая Радзівіла ў перакладзе на польскую мову: “Szydzy vamy”. Перадаваць словы і цэлыя фразы з народных моў у перакладзе на польскую было ў той час звычайнай практыкай у польскіх аўтараў, якія пісалі на лаціне. Гэты прыём шырока выкарыстоўваў, напрыклад, той жа М. Мяхоўскі.
[36] Матвей Меховский. Трактат о двух Сарматиях. С. 104, 181.
[37] Типографская летопись // ПСРЛ. Т. 24. Петроград, 1921. С. 105.
[38] Герберштейн С. Записки о Московии: в 2 т. Т. 1. Москва, 2008. С. 575.
[39] Тамсама. С. 35.
[40] Тамсама. С. 39.
[41] Тамсама. С. 35.
[42] Тамсама. С. 31, 35.
[43] Cromerus M. De origine et rebus gestis Polonorum libri XXX. Basileae, 1568. P. 438. Цікава, што аўтар выкарыстаў для абазначэння паходжання Ж. Герберштэйна той самы выраз, пра які было сказана крыху вышэй: “Slavus genere”.
[44] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. С. 41, 123.
[45] Тамсама. С. 21, 31, 287.
[46] Тамсама. С. 455.
[47] Тамсама. С. 687.
[48] Тамсама. С. 463.
[49] Тамсама. С. 35–37.
[50] Тамсама. С. 39–41.
[51] Повесть временных лет: в 2 ч. Ч. 1. Москва – Ленинград, 1950. С. 11.
[52] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. С. 97.
[53] Праўда, Герберштэйн крытычна ацэньваў і іншыя краіны. Параўноўваючы многія дзяржавы Еўропы, па якіх яму давялося падарожнічаць, ён, напрыклад, адзначаў: “У Польшчы, Літве і Маскве – беднасць і цяжкое рабства” (тамсама, с. 657). Цікава і паказальна, што Герберштэйн згрупаваў па ўказаных прыкметах менавіта (і толькі) гэтыя тры краіны.
[54] Тамсама. С. 212, 213–215.
[55] Тамсама. С. 216, 217.
[56] З даследаванняў, прысвечаных Міхалону Літвіну і яго трактату, звернем увагу на два: Охманьский Е. Михалон Литвин и его трактат о нравах татар, литовцев и москвитян середины XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV–XVIII вв. Москва, 1979. С. 97–117; Ročka M. Mykolas Lietuvis. Vilnius, 1988.
[57] Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян. Москва, 1994. С. 62, 96.
[58] Тамсама. С. 86, 96.
[59] Тамсама. С. 105.
[60] Тамсама. С. 86–87.
[61] Тамсама. С. 97.
[62] Тамсама. С. 85–86.
[63] Тамсама. С. 105.
[64] Тамсама. С. 85.
[65] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. С. 161.
[66] Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян. С. 102.
[67] Тамсама. С. 89.
[68] Тамсама. С. 87. Перакладчык расійскага выдання 1994 г. па нейкай прычыне множны лік арыгінальнага лацінскага тэксту (populis Ruthenicis) пераклаў на рускую мову адзіночным лікам: рутенский народ.
[69] Плахій С. Рускі Вавілон. Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі. Беласток – Вільня, 2012. С. 99–100, 104–106.
[70] Расійская нацыянальная бібліятэка. Аддзел рукапісаў. Адз. зах. F.IV.727/2. Арк. 16.
[71] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. С. 215, 229, 353, 361, 381–383.