Альбіна Семянчук. Новае слова ў вывучэнні летапісання ВКЛ
* ЛИЦКЕВИЧ, ОЛЕГ В. “Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора. С.-Петербург: Дмитрий Буланин, 2019. 928 с., 16 с. [цв. вкл.]
У 2019 г. у санкт-пецярбургскім выдавецтве Дзмітрыя Буланіна выйшла кніга беларускага даследчыка Алега Ліцкевіча «“Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора». У ёй аўтар упершыню за 35 гадоў [1] звярнуўся да комплекснага вывучэння айчыннага летапісання, а менавіта да вывучэння двух самых старажытных помнікаў гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага – “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і “Аповесці пра Падолле”. Аўтар манаграфіі даказвае, што сёння існуе пяць рэдакцый “Летапісца” і тры рэдакцыі “Аповесці пра Падолле”. “Летапісец” выразна падзяляецца на дзве часткі: 1) ад пераліку сыноў Гедыміна да ўцёкаў Вітаўта з Крэўскага замка; 2) ад уцёкаў Вітаўта ў Прусію да сустрэчы з зяцем, вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам, у Смаленску.
Кніга складаецца з уводзінаў, дзвюх частак, разбітых на 7 раздзелаў, трох дадаткаў, заключэння, бібліяграфіі. Ёсць імянны і геаграфічны паказальнікі. Агульны аб’ём кнігі – амаль тысяча старонак. Уводзіны пачынаюцца з грунтоўнага гістарыяграфічнага экскурсу, характарыстыкі аб’екта, прадмета, структуры і метадаў даследавання. Самастойную каштоўнасць уяўляе гістарыяграфічны аналіз, паколькі ў ім разглядаюцца амаль усе найважнейшыя працы па тэме, пачынаючы з першых публікацый Ігната Даніловіча, Станіслава Смолькі, Ісідара Шараневіча, Антонія Прахаскі, Феакціста Сушыцкага, Івана Ціхамірава, Аляксея Шахматава, Вячаслава Чамярыцкага, Мікалая Улашчыка, Мечыславаса Ючаса ды іншых, заканчваючы найноўшымі працамі Юрыя Мікульскага, Сяргея Палехава, Кястуціса Гудмантаса ды інш.
У аснову крыніцазнаўчага аналізу Ліцкевіч паклаў прынцыпы, выкладзеныя ў класічнай працы Ш.-В. Ланглуа і Ш. Сеньабоса “Уводзіны ў вывучэнне гісторыі” (рускае выданне: Масква, 2004) [2]. Трэба адзначыць, што выбар менавіта гэтай працы ў якасці метадалагічнай асновы сведчыць – даследчык свядома выкарыстоўвае навуковы інструментар, даўно прыняты і апрабаваны ў Еўропе. Папулярная калісьці ў Савецкім Саюзе “Тэксталогія” Д. Ліхачова [3], больш прыдатная для рускай літаратуры Х–ХVII ст., фактычна не згадваецца ў манаграфіі Ліцкевіча. У адпаведнасці з метадалогіяй Ланглуа і Сеньабоса Ліцкевіч пачынае з пошуку дакументаў (эўрыстыка), а потым праводзіць іх знешнюю і ўнутраную крытыку. Сінтэтычныя працэсы, у выніку якіх адбываецца групоўка фактаў, стварэнне агульных формул, дазваляюць гаварыць пра верагоднасць крыніц і прыдатнасць іх для гістарычных рэканструкцый.
Аўтар падрабязна апісвае прыёмы сваёй даследчай працы. Спачатку ён знаходзіць найбольш блізкі да пратографа тэкст, а потым займаецца крытыкай паходжання крыніцы і тлумачэннем яе сэнсу, высвятляе верагоднасць і дакладнасць яе звестак. Адпаведна Ліцкевіч падзяліў сваё даследаванне на тры этапы: 1) тэксталагічнае даследаванне (узаемаадносіны паміж спісамі і рэдакцыямі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” (далей ЛВКЛ) і рэканструкцыя зместу архетыпа [4]); 2) вызначэнне крыніц, прыблізны час стварэння і магчымае аўтарства; 3) падрыхтоўка каментара і ацэнка верагоднасці хронік. Дзеля колькаснай ацэнкі верагоднасці наратыўнай крыніцы аўтарам распрацаваны спецыяльны структурна-аналітычны падыход, у аснове якога ляжыць раздзяленне рэканструяваных архетыпаў хронік на асобныя сэнсавыя элементы і падэлементы. Сэнсавы элемент, паводле даследчыка, – гэта паняцце, якое абазначае не сам па сабе фрагмент крыніцы, а аналітычны канструкт, створаны па правілах логікі зыходзячы з разумення сэнсу гэтага фрагмента. Ліцкевіч прызнае, што “слабым, хоць і непазбежным бокам такой методыкі з’яўляецца некаторы суб’ектывізм пры вызначэнні сэнсавых элементаў і падэлементаў”. Але, на наш погляд, такі падыход аказаўся вельмі прадуктыўным і эфектным.
Важная заслуга Алега Ліцкевіча – публікацыя (з перакладам на рускую мову) і аналіз адной з найстарэйшых наратыўных крыніц па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – “Dis ist Witoldes sache wedir Jagaln vnd Skirgaln” (далей “Witoldes sache” або WS) [5]. Тэкст яе захаваўся толькі ў адным спісе на сярэдневерхненямецкай мове. Мы не знойдзем гэтай крыніцы ні ў 17-м, ні ў 32-м ці 35-м тамах “Полного собрания русских летописей”. Упершыню тэкст “Witoldes sache” быў поўнасцю апублікаваны ў 1863 г. нямецкім вучоным Т. Гіршам, а ў 1939 г. перавыдадзены літоўскім філолагам К. Альмінаўскісам. Арыгінальны тэкст наноў падрыхтаваны да друку аўтарам манаграфіі па фотаздымках рукапісу з “Тайнага дзяржаўнага архіва Прускай культурнай спадчыны ў Берліне”.
Ліцкевіч далучаецца да меркавання тых вучоных, пачынаючы з Ф. Сушыцкага, якія лічылі, што WS – гэта запіс выступу Вітаўта перад найвышэйшымі дыгнітарамі Тэўтонскага ордэна пасля другіх уцёкаў у Ордэн на пачатку 1390 г. Ён мусіў растлумачыць прычыны здрады ў 1384 г. Ліцкевіч мяркуе, што нямецкі пісар запісваў пераклад на слых і потым не рэдагаваў тэкст, таму, напрыклад, Віцебск там фігуруе ў трох варыянтах – Witawis, Witebiske, Witebis. У крыніцы прысутнічаюць некаторыя асаблівасці вуснай мовы. Невядома, на якой мове выступаў сам Вітаўт. Сушыцкі, не прыводзячы аргументаў, меркаваў, што па-літоўску. Але ў тэксце заўважаны славянізмы, і гэта дало некаторым даследчыкам права меркаваць, што Вітаўт прамаўляў на заходнярускай мове або што ў аснове WS ляжаў архетып на заходнярускай мове. Пры параўнанні WS з першай часткай “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” відаць, што «калі з першай часткі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і першай часткі WS прыбраць унікальныя элементы і нешматлікія элементы з поўнай сэнсавай неадпаведнасцю, то мы атрымаем практычна ідэнтычныя па структуры тэксты» (113).
Пры нявысветленых абставінах тэкст першай часткі “Летапісца” быў перакладзены на лаціну з заходнярускай мовы. Так узнік лацінамоўны спіс “Origo regis Jagyelo et Witholdi ducum Lithuanie” – пераклад першай часткі ВЛКЛ, выкарыстаны Янам Длугашам для стварэння фрагмента 10-й кнігі “Гісторыі Польшчы” за 1382 г. У той жа час Ліцкевіч прыходзіць да высновы, што слядоў выкарыстання другой часткі “Летапісца” за 1383–1396 г. у Длугаша няма. Ён мяркуе, што лацінскі пераклад быў зроблены прыблізна ў 1466–1470 г. і да гэтага часу пратограф тэксту, якім карыстаўся Длугаш, быў вядомы сярод чытачоў або знаходзіўся ў дзяржаўным архіве асобна ад другой часткі ЛВКЛ і першага зводу. У любым выпадку шырокага распаўсюджання ў Вялікім Княстве Літоўскім у гэты час ён яшчэ не меў.
У другім раздзеле даследуюцца дакументальныя, эпісталярныя і наратыўныя крыніцы “Witoldes sache”, “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” і “Аповесці пра Падолле”. Сярод іх аўтар вылучае пагадненне пра падзел улады і тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага паміж Альгердам і Кейстутам, заключанае прыблізна ў 1345 г., пасля звяржэння вялікага князя Яўнута; мірную дамову паміж ВКЛ і Смаленскім княствам, заключаную прыблізна паміж 1377 і 1386 г.; дамовы паміж Ягайлам і Тэўтонскім ордэнам супраць Кейстута ў 1380 г. і інш. Паводле “Witoldes sache”, пасля таго як Кейстут у 1381 г. захапіў Вільню, ён прымусіў Ягайлу выдаць адну ці некалькі грамат аб тым, што ён адмаўляецца ад прэтэнзій на Вільню (трымаючы Віцебскі ўдзел) і будзе падпарадкоўвацца Кейстуту. У “Летапісцы” таксама былі выкарыстаны лісты, што рассылаў Скіргайла ў канцы 1385 – пачатку 1386 г. супраць Вітаўта, і шмат іншых наратыўных крыніц, якія А. Ліцкевічу ўдалася вылучыць з агульнага кантэксту. У цэлым, як адзначае даследчык, першая частка “Летапісца” з пункту гледжання стылістыкі і мовы выглядае аднастайна.
Іншая справа – другая частка, складзеная з розных фрагментаў, многія з якіх напісаны на царкоўнаславянскай мове, г. зн. паходзяць з іншых летапісаў. Разабрацца з летапіснымі крыніцамі ЛВКЛ – складаная задача, якую бліскуча вырашыў А. Ліцкевіч. Часам ён папраўляе сам сябе: «Раней я знаходзіўся пад уплывам ідэі, што асноўная частка першага летапіснага зводу ВКЛ, уключаючы другую частку “Летапісца”, узнікла ў 30-я гг. ХV ст. Але цяпер справа не падаецца мне настолькі відавочнай. Не выключана, што другая частка “Летапісца” – гэта адзін з найбольш позніх па часе стварэння фрагментаў першага летапіснага зводу ВКЛ, які ўзнік ужо пасля 1446 г., г. зн. пасля “Аповесці пра Падолле”» (194).
Важнай даследчай праблемай для Алега Ліцкевіча была праблема аўтарства другой часткі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх”. Ён прапанаваў гіпотэзу, што ў фрагменце ЛВКЛ пра падзеі 1392–1396 г. выкарыстаны матэрыялы канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, а найбольш верагодным кандыдатам у аўтары ЛВКЛ Ліцкевіч лічыць пісара Якуба (пісар з канца 40 да 70-х гадоў ХV ст.). Пры гэтым ён быў, на думку Ліцкевіча, аўтарам або апошнім рэдактарам “Аповесці пра Падолле”. На жаль, у разважаннях аб аўтарстве А. Ліцкевіч не выкарыстаў такога важнага артыкула, як “Праблема ідэнтыфікацыі постацяў на Русі Літоўскай у другой палове ХV ст.” Генрыка Люлевіча [6]. Аднак з высновамі аўтара манаграфіі адносна аўтарства пісара Якуба ў цэлым можна пагадзіцца.
Разглядаючы асобныя летапісныя сюжэты (напрыклад, пра хрышчэнне Літвы), А. Ліцкевіч прыходзіць да высновы, што «аўтар другой часткі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” або выкарыстоўваў у якасці крыніцы выбарку агульнарускіх летапісных паведамленняў з першага летапіснага зводу ВКЛ, або сам і з’яўляўся рэдактарам-складальнікам гэтай выбаркі» (195). Аналагічным чынам даследчык разглядае летапісную “Аповесць пра аблогу Мсціслава” канца ХІV – пачатку ХV ст. і прыходзіць да высновы, што ў распараджэнні летапісца была пашыраная рэдакцыя аповесці (201).
Падрабязным чынам разглядаюцца вайна 1386 г., шлюб Соф’і Вітаўтаўны з маскоўскім вялікім князем Васілём Дзмітрыевічам, падзеі 1392–1396 г. Пры гэтым выпраўляюцца памылкі іншых даследчыкаў, удакладняюцца крыніцы і храналогія. З дапамогай структурнага аналізу Ліцкевіч паказвае, што фрагмент ЛВКЛ за перыяд 1392 да 1396 г. мог быць напісаны з выкарыстаннем афіцыйнай крыніцы, створанай у канцылярыі ВКЛ. Ліцкевіч дэманструе, як паведамленні за гэты перыяд (35 адзінак) разбіваюцца на 4 блокі, якія ідуць адзін за адным у храналагічнай паслядоўнасці так, што ўзнікае думка: быў нейкі рэестр, які вёўся ў канцылярыі ВКЛ і ў які ўносіліся звесткі пра велікакняскія наданні, прызначэнні, пасольствы, вайсковыя паходы, паездкі і г. д. «Узяўшы львіную долю сухіх фактаў з гэтай крыніцы, аўтар другой часткі “Летапісца” ўключыў у тканіну апавядання таксама дадзеныя, запазычаныя з афіцыйных дакументаў, а таксама з рускіх летапісаў і вуснай традыцыі (напрыклад, у эпізодзе пра атручэнне Скіргайлы)» (218–219). У такім самым ключы разглядаюцца паведамленні “Аповесці пра Падолле” за 1394–1430 г. Не пакідае па-за ўвагай даследчык вусную традыцыю і ўласныя сведчанні аўтараў ці інфарматараў.
Даследаванне суадносінаў паміж “Witoldes sache” і “Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх” дазваляе паказаць навуковы варштат Алега Ліцкевіча. Для гэтага Ліцкевіч вылучае ўмоўна пяць блокаў, якія складаюцца з 78 асобных сэнсавых элементаў. 1-ы блок – падзел земляў і ўлады паміж сынамі Гедыміна. 2-і – змова князёў Альгерда і Кейстута супраць вялікага князя Яўнута. 3-і – пасля смерці вялікага князя Альгерда Кейстут пасадзіў вялікім князем у Вільні зусім яшчэ маладога Ягайлу. 4-ы – князь Кейстут, даведаўшыся, што Ягайла патаемна заключыў перамір’е з Тэўтонскім ордэнам, захапіў Вільню і выслаў Ягайлу ў Віцебскі ўдзел. 5-ы – Ягайла заняў Вільню і, падмануўшы Кейстута і Вітаўта, завабіў і арыштаваў іх у час ваеннага супрацьстаяння. Кейстута забілі ў Крэўскім замку, а Вітаўт вымушаны быў уцякаць у Прусію.
У першай частцы ЛВКЛ ёсць 39 унікальных элементаў (50% агульнай колькасці), якіх няма ў першай частцы “Witoldes sache”. А ў першай частцы “Witoldes sache” ёсць шэсць унікальных сэнсавых элементаў (7,69%), якіх няма ў 1-й частцы ЛВКЛ, і яны істотна дапаўняюць нашы веды пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім другой паловы ХІV ст.: падтрымка Кейстута ўсім народам пасля звяржэння Яўнута, практычнае выкананне пагаднення аб падзеле валасцей на Русі, намер Ягайлы схапіць і забіць Кейстута і Вітаўта, а потым забраць іх землі, забойства маці Вітаўта людзьмі Ягайлы і Скіргайлы ў 1382 г. Так што змест “Witoldes sache” не цалкам адпавядае “Летапісцу”. Калі ж з першай часткі “Witoldes sache” і ЛВКЛ прыбраць унікальныя элементы, то атрымаем амаль ідэнтычныя па структуры тэксты. Але які з іх узнік раней, а які пазней? Ліцкевіч прыходзіць да высновы, што ў іх быў агульны архетып на заходнярускай мове, у якім апісваліся падзеі да 1382 г. уключна. Мэта яго – абгрунтаванне правоў Кейстута і Вітаўта на вялікае княжанне ў Вільні.
Другая рэдакцыя “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” знаходзіцца ў складзе другога летапіснага зводу, які ўзнік у 20-я гады ХVІ ст. (спісы Красінскага, Рачынскага, Археалагічнага таварыства, Патрыяршы А, Румянцаўскі, Альшэўскі, Яўрэінаўскі). Найбольш ранні – Красінскага – паслужыў пратографам для ўсіх. Для стварэння яго быў выкарыстаны тэкст, блізкі да Слуцкага спіса. Агульная рыса для ўсіх спісаў другой рэдакцыі ЛВКЛ, заўважае А. Ліцкевіч, у тым, што замест мястэчка Вейшышкі, дзе адбылася бітва паміж войскамі Вітаўта, Тэўтонскім ордэнам і Скіргайлам у 1390 г., проста сказана, што бітва адбылася “на реце на Вели у городка”.
Трэцяя рэдакцыя ЛВКЛ знаходзіцца ў “Хроніцы Быхаўца”. Упершыню яе поўнасцю апублікаваў Тэадор Нарбут, якога Ліцкевіч чамусьці называе польскім гісторыкам літоўскага паходжання. Як вядома, Тэадор Нарбут нарадзіўся ў маёнтку Шаўры (сёння Гродзенская вобл.) і пахаваны каля касцёла вёскі Нача Воранаўскага раёна. Як і ўсе гісторыкі таго часу, пісаў па-польску або па-руску. Літоўскай мовы не ведаў, а старую беларускую ведаў цудоўна, што дазваляла яму свабодна карыстацца дакументамі часоў Вялікага Княства Літоўскага і нават некаторыя падрабляць. Можна з задавальненнем адзначыць, што нядаўна ў Нацыянальным Архіве на Вавелі ў Кракаве быў знойдзены новы спіс трэцяга летапіснага зводу [7], які раней быў прадстаўлены адзінай “Хронікай Быхаўца”, апублікаванай Т. Нарбутам. Такім чынам, вырашаецца праблема верагоднасці апошняй і дадаецца яшчэ адна крыніца вывучэння гісторыі ВКЛ.
Каласальная праца, зробленая Алегам Ліцкевічам па ўпарадкаванні спісаў і рэдакцый, а таксама вызначэнні іх архетыпаў, можа падацца занадта спецыфічнай нават для гісторыка. Аўтар не спыняецца на высвятленні крыніц “Witoldes sache”, ЛВКЛ і “Аповесці пра Падолле”. Яго даследаванне мае комплексны характар і па сутнасці ўяўляе сабой некалькі самастойных даследаванняў, аб’яднаных адной тэмай, ці, лепей сказаць, адной шыльдай – “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” і “Аповесць пра Падолле”. Пад адной вокладкай ён змясціў усё, што сёння вядома пра гэтыя два помнікі гістарыяграфіі ХV ст., узняў шмат сумежных тэм і праблем.
Для гісторыка-медыявіста найбольшую цікавасць уяўляюць нават не крыніцазнаўчыя штудыі даследчыка, а высновы, да якіх ён прыходзіць, або канструкцыі, якія ён прапануе сваім калегам. Я маю на ўвазе дадатак 1 “Тэксты”, дзе змешчаны: A) “Dis ist Witoldes sache wedir Jagaln vnd Skirgaln”; B) “Origo regis Jagyelo et Witholdi ducum Lithuanie”; C) спісы першай рэдакцыі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх”; D) рэканструкцыя зместу архетыпу першай часткі “Летапісца”; E) рэканструкцыя зместу архетыпу другой часткі “Летапісца”; F) тэксты і рэканструкцыя архетыпу “Аповесці пра Падолле”.
У другой частцы манаграфіі, у адпаведнасці з аўтарскай методыкай вызначэння верагоднасці крыніцы, разглядаюцца 179 сэнсавых элементаў. На прыкладзе першага сэнсавага элемента – смерць Гедыміна і пералічэнне яго сыноў – добра відаць метадалогія і метады аўтара. А. Ліцкевіч разглядае максімальную колькасць версій смерці вялікага князя літоўскага, а таксама колькасць і паслядоўнасць народзінаў яго сыноў. Трэба зазначыць, што каласальная эрудыцыя аўтара манаграфіі дазваляе яму разгледзець фактычна ўсе наяўныя сёння падыходы да вывучэння той ці іншай праблемы. Таму гісторыкі-медыявісты ў другой частцы манаграфіі А. Ліцкевіча знойдуць разгорнутыя адказы на многія цьмяныя пытанні, слаба разгледжаныя ў крыніцах і гістарычных даследаваннях. Напрыклад, падобны грунтоўны аналіз наступных сэнсавых элементаў (№ 2–8), якія адносяцца да сыноў Гедыміна, іх месцаў княжання дазволіў аўтару рэцэнзаванай кнігі прыйсці да высновы, што так званага “завяшчання Гедыміна ў форме пісьмовага дакумента ніколі не існавала” (376).
Алег Ліцкевіч правёў верыфікацыю ўсіх сэнсавых элементаў і падэлементаў і выявіў іх верагоднасць. Яго методыка структурнага аналізу зместу хронік дазволіла вызначыць у працэнтных суадносінах долю арыгінальнасці і верагоднасці паведамленняў. У выніку ён прыходзіць да высновы: “Witoldes sache” і першая частка “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” вельмі блізкія паміж сабой па ўсіх паказчыках, і гэта сведчыць пра тое, што стварэнне абодвух твораў звязана з асобай князя Вітаўта (720). Другая частка “Летапісца” і “Аповесць пра Падолле” ствараліся праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля падзей, і аўтары не прымалі ў іх удзелу.
Заканчваецца манаграфія А. Ліцкевіча дадаткам № 2 “Дамовы з Ордэнам”, якія згадваюцца ў “Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх” і “Witoldes sache” ў арыгінале і ў перакладзе на сучасную рускую мову, а таксама дадаткам № 3 “Некаторыя дакументальныя матэрыялы па гісторыі Падолля з 1351 да 1394 г.”. У “Заключэнні” аўтар манаграфіі падсумоўвае вынікі сваіх даследаванняў і прыходзіць да наступных высноў. Самы стары тэкст – “Witoldes sache” (за перыяд да 1382 г.) – паслужыў пратографам першай часткі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” ад смерці Гедыміна (1341) да першага ад’езда Вітаўта ў Прусію (1382). Апошняя рэдакцыя гэтага тэксту адбылася не раней за студзень 1407 г. У 40-я гады ХV ст. да пратографа першай часткі быў дададзены новы матэрыял за перыяд з 1383 да 1396 г. Новы тэкст з дзвюх частак атрымаў назву “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, які, на думку А. Ліцкевіча, існуе ў 5 рэдакцыях. Пратограф “Аповесці пра Падолле”, якая ўваходзіць у склад першага летапіснага зводу ВКЛ, узнік не раней за 1446 г. як дадатковы матэрыял для перамоваў дэлегацыі ВКЛ з прадстаўнікамі Польскага каралеўства з прычыны вяртання захопленай палякамі Падольскай зямлі.
У цэлым генезіс першага летапіснага зводу ВКЛ, на думку А. Ліцкевіча, выглядае наступным чынам. Спачатку ў Смаленску ўзнікла тая частка зводу, якая ўтрымлівае падборку агульнарускіх летапісных звестак, даведзеных да 1427/1428 г.: “Избрание летописания изложено въкратце”, артыкул пра луцкі з’езд 6939 г., хроніку вайны 30-х гадоў ХV ст., “Пахвалу Вітаўта” і смаленскія летапісныя звесткі з 6940 да 6954 г. Калі вышэй згаданы пісар Якуб атрымаў доступ да архіва ВКЛ, ён падрыхтаваў заключную частку зводу, якую назваў “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, куды змясціў і “Аповесць пра Падолле”.
Аўтар манаграфіі падкрэслівае, што другая частка “Летапісца” і “Аповесць пра Падолле” ствараліся праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля апісаных у іх падзей, аўтары не прымалі ўдзелу ў іх, а карысталіся пісьмовымі і вуснымі крыніцамі, якія ўжо былі тэндэнцыйна апрацаваныя.
Напрыканцы рэцэнзіі хацелася б адзначыць эмацыйную характарыстыку, якую дае сам даследчык разгледжаным помнікам: «“Witoldes sache” и первая часть “Летописца великих князей литовских» выгодно отличаются… живостью, эмоциональностью и откровенностью изложения. Еще более оригинально выглядит первая часть “Летописца” на фоне русских летописей с их короткими и разрозненными погодными записями» (233), «…первая часть “Летописца” отличается сжатостью, стремительностью и деловитостью повествования, светской лексикой и, если так можно выразиться, стилем мышления, абсолютно свободным от влияния церковнославянской книжности» (233).
Спіс крыніц і літаратуры налічвае сотні пазіцый, і ўсё ж некаторыя заўвагі хацелася б зрабіць менавіта па падыходах да падбору літаратуры даследавання. А. Ліцкевіч адзначае, што ў яго кнізе зроблена спроба вызначыць кола дакументальных крыніц, выкарыстаных для стварэння WS, ЛВКЛ і “Аповесці пра Падолле” на падставе метадалагічных напрацовак Б. А. Рыбакова, В. Т. Пашуты, В. Ю. Франчук, А. В. Юрасоўскага, А. А. Купчынскага, Я. Р. Дашкевіча (143). Аднак у гэтым спісе савецкіх і ўкраінскіх гісторыкаў не хапае прозвішчаў сучасных даследчыкаў летапісання, узброеных новымі метадамі даследавання, у тым ліку Ігара Данілеўскага [8], Тацяны Вілкул [9], Аляксея Гіпіуса [10] ды інш.
У цэлым, на нашу думку, усходнееўрапейская гістарыяграфія не ведае прыкладаў настолькі глыбокага комплекснага даследавання гістарычных крыніц ХІV–ХV ст., праведзенага адным даследчыкам, як рэцэнзаваная манаграфія Алега Ліцкевіча. У польскай гістарыяграфіі пачынаючы з ХІХ ст. існуе традыцыя “rozbiorów krytycznych” гістарычных твораў Я. Длугаша, М. Мяхоўскага, М. Кромера, Б. Вапоўскага і інш. Па сутнасці – гэта шырокія навуковыя каментары да ўказаных твораў. Над перакладам і каментарамі “Аналаў” Яна Длугаша працавалі і працягваюць працаваць дзясяткі выдатных польскіх гісторыкаў. Аднак Алег Ліцкевіч самастойна выканаў грандыёзную персанальную (!) працу па зборы ўсіх вядомых крыніц, якія маюць хоць бы аддаленае дачыненне да найстаражытнейшых помнікаў гістарыяграфіі ВКЛ – “Witoldes sache”, “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх”, “Аповесці пра Падолле” – правёў іх дэталёвую верыфікацыю, у выніку якой цяпер кожны гісторык можа карыстацца названымі помнікамі як гістарычнымі крыніцамі.
Уражвае неверагодная эрудыцыя і працаздольнасць аўтара. У яго даследаванні праверана літаральна кожнае слова крыніцы і даецца каментар да кожнага факта, які стаіць за ім. Нічога падобнага немагчыма знайсці не толькі ў беларускай гістарыяграфіі, але ў суседніх украінскай і расійскай. Адным даследчыкам зроблены неверагодны прарыў у беларускай медыявістыцы. Калі можна так сказаць, праца Алега Ліцкевіча «“Летописец великих князей литовских” и “Повесть о Подолье”: опыт комплексного критического разбора» – гэта беларускі гістарыяграфічны “Уліс”.
[1] Калі не лічыць маёй кнігі “Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі” (Гродна, 2000) ды асобных артыкулаў самога аўтара і некаторых іншых даследчыкаў, апошнім грунтоўным комплексным даследаваннем летапісання ВКЛ можна назваць манаграфію М. Улашчыка “Введение в изучение белорусско-литовского летописания” (Масква, 1985).
[2] Ланглуа Ш.-В., Сеньобос Ш. Введение в изучение истории / пер. с франц. А. Серебряковой. 2-е изд.; под ред. и со вступ. статьей Ю. И. Семенова. Москва, 2004.
[3] Лихачев Д. С. Текстология: На материале русской литературы Х–ХVII веков. Москва, 1962. 2-е выд. – 1983 г., 3-е: Лихачев Д. С., Алексеев Л. Л., Бобров А. Г. Текстология. На материале русской литературы Х–ХVII веков. С.-Петербург, 2001.
[4] Архетып – меркаваны тэкст, ад якога пайшлі ўсе астатнія тэксты спісаў дадзенай рэдакцыі (Лихачев Д. С., Алексеев Л. Л., Бобров А. Г. Текстология. На материале русской литературы Х–ХVII веков. С.-Петербург, 2001. С. 143).
[5] Аўтар публікаваў гэты дакумент раней: Ліцкевіч А. У. “Мемарыял Вітаўта” – першая хроніка Вялікага княства Літоўскага // Беларуская думка. 2009. № 2. С. 92–96.
[6] Lulewicz H. Problem identyfikacji postaci na Rusi Litewskiej w drugiej połowie XV wieku // Świat pogranicza. Warszawa, 2003. S. 97–115.
[7] Gudmantas K. Lietuvos metraščio Vavelio nuorašas (fragmentas) // Senoji Lietuvos literatūra. Vilnius, 2012. Kn. 34. P. 121–151; Міхальчук Г. М. Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з “Хронікай Быхаўца” // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Białystok, 2016. Z. 45. S. 190–225.
[8] У 2004 г. І. Данілеўскі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Герменевтические основы изучения летописных текстов”. У тым самым годзе выйшла яго кніга “Повесть временных лет: герменевтические основы изучения летописных текстов”. Москва, 2004.
[9] Вилкул Т. Л. О происхождении общего текста Ипатьевской и Лаврентьевской летописи за ХІІ в. (предварительные заметки) // Palaeoslavica. Vol. 13 (Cambridge, Massachusetts, 2005), no. 1. Яе ж: Новгородская первая летопись и Начальный свод // Palaeoslavica. Vol. 11 (Cambridge, Massachusetts, 2003). Яе ж: Новгородцы и русские князья в летописании ХII века // Russia Mediaevalis. T. X. 1 (Munchen, 2001). Апошняя книга Вилкул Т. Л. Летопись и хронограф: Текстология домонгольского киевского летописания. Москва, 2019.
[10] У 2006 г. А. Гіпіус абараніў доктарскую дысертацыю “История и структура древнерусского текста (XI–XIV вв.): Комплексный анализ и реконструкция”.