Аляксандр Пагарэлы. Дакладны час на “зламаным гадзінніку”
*Lewis, Simon. Belarus – Alternative Visions: Nation, Memory and Cosmopolitanism. New York and London, 2019.
Ці бывае так, што пазітыўная матывацыя, добразычлівасць і спагадлівасць аўтара прыносяць сумнеўныя вынікі, заснаваныя на хібнай метадалогіі? Так, бывае.
У мінулым годзе ўбачыла свет манаграфія Саймана Льюіса “Беларусь – альтэрнатыўныя бачанні. Нацыя, памяць і касмапалітызм”, выпушчаная даволі вядомым выдавецтвам і ў цікавай кніжнай серыі, прысвечанай расійскім і ўсходне-цэнтральнаеўрапейскім даследаванням. Кніга стала вынікам шматгадовых штудый навукоўца, які цяпер працуе ў Інстытуце славяназнаўчых даследаванняў Патсдамскага ўніверсітэта.
Манаграфія складаецца з трох частак, у кожнай з якіх па два раздзелы. Кніга пры ўсіх пытаннях, якія ставіць гэты агляд, не пазбаўлена станоўчых бакоў. Яна напісана вельмі добрай мовай, чытаецца даволі лёгка, нягледзячы на складанасць тэматыкі і разбудаваны тэарэтыка-метадалагічны апарат. Даследчык вельмі карэктна падышоў да пытання транслітарацыі беларускіх імёнаў, геаграфічных назваў, паняццяў і асобных слоў (X–XI), што не заўсёды сустракаецца ў заходніх працах.
Аўтар прапануе на першы погляд дастаткова свежы, цікавы і патэнцыйна плённы падыход да даследавання беларускай ідэнтычнасці. Ён слушна заклікае адмовіцца ад дыхатамічнага погляду на беларускую нацыю і ідэнтычнасць, які замацаваўся ў працах апошніх дзесяцігоддзяў. Паводле такога падыходу Беларусь і беларусы ў памкненнях нацыянальнага будавання падзелены на тых, што арыентуюцца на Расію ці на Захад, на еўразійскі ці на еўрапейскі дыскурсы. Пры тым, што названы падыход небеспадстаўны, ён не дае заўважыць падабенства, на погляд Льюіса, абодвух дыскурсаў у іх таталізацыі і эсэнцыялізацыі папярэднікаў сённяшняй Беларусі і беларускай ідэнтычнасці, рэдукцыі іх поліфанічнасці і разнастайнасці (7).
Замест гэтага Льюіс прапануе транснацыянальны падыход, які асаблівую ўвагу аддае літаратурным рэпрэзентацыям, хоць аналізуюцца ў працы мемарыялы ахвяраў вайны (Хатынь), кінастужкі савецкага і постсавецкага перыяду, культурныя канцэпцыі і рок-музыка. Даследаванне ставіць праблему памяці ў цэнтр манаграфіі. У кнізе абмяркоўваецца, як “акт аднаўлення мінулага служыў мэтам перадачы значэння асоб і месцаў” (2). Паводле аўтара, манаграфія накрэслівае складанае паходжанне беларускай памяці ад ХІХ ст. і да постсавецкай сучаснасці. Яна дэманструе, што ўзаемаадносіны паміж беларускай ідэнтычнасцю і памяццю змяняліся на працягу часу, і гэта было абумоўлена рознымі гістарычнымі падзеямі і паваротамі (7–9). Льюіс далучаецца да меркавання, што для разумення падыходаў да рэпрэзентацый мінулага ва Усходняй Еўропе цэнтральным з’яўляецца агульнае стаўленне да памяці як неабмежаванай, заснаванай на дыялогу, якая знаходзіцца ў стане пастаяннага абнаўлення.
Гэта спалучана ў аўтара з канцэпцыяй “асвоенага касмапалітызму” (rooted cosmopolitanism) ці “касмапалітычнага патрыятызму” Квамэ Энтані Апіа. Для апошняга “карэнны касмапаліт” прывязаны да ўласнага дому з уласнымі культурнымі асаблівасцямі, але атрымлівае задавальненне ад прысутнасці іншага, іншых месцаў, якія выступаюць домам для іншых адрозных ад яго людзей. Гэта вынікае са свабоднага выбару індывідаў і груп. Калі працягнуць гэтае разважанне адносна памяці, то “карэнная касмапалітычная памяць” уяўляе мінулае, што адначасна выпраменьвае нацыянальны гонар і праслаўляе гістарычны ўплыў іншых груп у мінулым (9, 16). Пры гэтым, паводле Льюіса, у Беларусі стала прасочваецца “напружанне” паміж “наратывам калектыўнай ідэнтычнасці” і ўласцівай тэрыторыі Беларусі “транснацыянальнасцю” (9).
У кнізе выкарыстана значная колькасць польскай і польскамоўнай літаратуры (7, 22), што сапраўды трэба адзначыць як адзін з яе плюсоў, бо манаграфія ўводзіць тыя тэмы і кантэксты, якія больш поўна раскрываюць праблематыку, узнятую аўтарам, але парадаксальна служыць таму, што выкрывае яго метадалогію, паказвае яе слабасць і неадэкватнасць (пра гэта крыху ніжэй).
Значная перавага манаграфіі Льюіса, на думку аўтара гэтага агляду, – тое, як ён намагаецца раскрываць тонкія дэталі значэнняў у аналізаваных тэкстах. Яго ўважлівасць да такіх дэталяў вартая павагі, бо яна дазваляе яму ўбачыць схаваныя кантэксты і пазнаёміць з імі англамоўных чытачоў. Ён робіць гэта і ў выпадку назваў мясцін ў “Фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага, персанажаў Купалавых “Тутэйшых”, твораў Быкава, месцаў, звязаных з Уладзімірам Караткевічам (38, 40, 44, 64, 87, 89, 130).
Трэба пагадзіцца з аўтарам, калі ён кажа пра дзве ўзаемазвязаныя, але адрозныя стратэгіі маніпуляцыі памяці пра Другую сусветную вайну ў Беларусі. Першая – крэатыўная, яна прадстаўлена міфатворчасцю. Другая ж азначаецца Льюісам як рэдукцыйна “дыскурсіўная чыстка”. Апошняя ўключае не толькі эпістэмалагічны, але і фізічны гвалт, прычым як рэтраспектыўны, так і скіраваны на перспектыву (57).
Аўтар правільна адзначае, што даследаванні, аўтары якіх маюць расійскае паходжанне, але працуюць у заходніх універсітэтах, або ўласна расіяне, могуць ігнараваць імкненне Васіля Быкава апавядаць спецыфічна беларускую гісторыю ў сваіх творах (84). Таксама слушным можна назваць супастаўленне постаці Быкава-празаіка з яго своеасаблівым адпаведнікам у асобе паэта Чэслава Мілаша (85).
Льюіс указвае на тое, што кантэкст высілкаў памяці ў Беларусі не толькі у выпадку Другой сусветнай вайны – гэта аплакванне, памяць пра ахвяр, але таксама метапамяць і постпамяць пра знішчаную памяць і памяць пра памяць (14, 15, 38, 71, 97–98, 103, 120, 190, 197). Ключавую, паводле аўтара, ролю ў канструяванні савецкай беларускай ідэнтычнасці, якая магла ўключаць таксама чужых, небеларускіх паводле паходжання, партызанаў, адыгрывала метанімія (61–62, 64, 106, 146).
Цікавае разважанне аўтара пра інавацыі, якія ўнесла творчасць Уладзіміра Караткевіча ў працэс стварэння і захавання памяці і ідэнтычнасці. Льюіс лічыць, што Караткевіч адмовіўся ад “вузкай” нацыяналізацыі ў змаганні з савецкім наратывам. Наватарствам было і тое, што Караткевіч адкінуў дасавецкую памяць “інтэрналізаванага каланіялізму” (113).
Саму ж савецкую ідэнтычнасць і ўласцівую ёй памяць даследчык характарызуе як такую, што сцвярджае беларускую рэгіянальную спецыфіку, але адначасова спецыфіку адмаўляе (64). Аўтар ацэньвае вяртанне Чырвонай Арміі ў Беларусь у 1944 г., узяўшы слова “вызваленне” ў двукоссе (55). Савецкая памяць пра вайну была інструментам імперыялізму, яна была каланіяльнай паводле характару, таксама як і дасавецкая расійская (54, 72–74, 103, 35–36). Прапагандысцкія высілкі часоў “халоднай вайны” Льюіс апісвае як “прыкрыццё атакі на беларускую ідэнтычнасць” (58). У постсавецкіх умовах, як ён лічыць, троп “партызанскай рэспублікі” з каланізатарскага дыскурсу з функцыямі абмежавання магчымых формаў інтэрпрэтацыі перайшоў у посткаланіяльны з рэканструктыўнымі функцыямі (141).
Аўтар уздымае цікавую тэму паралеляў паміж сталінізмам і нацызмам у творчасці Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Пісьменнікі здолелі абысці цэнзуру там, дзе гэта было магчыма, і пачаць ламаць партыйна-дзяржаўную манаполію на памяць і фактычны абавязак “памятаць” толькі ў акрэсленых рамках (92–93, 97, 103, 125). Гэта набывала яшчэ большае значэнне ў сувязі з татальным замоўчваннем ў савецкі перыяд праблемы Халакосту ў Беларусі як унікальнай з’явы (102, 111).
На прыкладзе творчасці суполкі “Партызанфільм” Льюіс паказвае, што і ў постсавецкай Беларусі ва ўмовах аўтарытарызму савецкія практыкі і аднясенні працягваюць існаваць, бо спроба пабудаваць міф антысавецкага партызанскага супраціву канца 1940 – пачатку 1950-х гадоў адлюстроўвае савецкую героіку. Тут аўтар прыгадвае Франца Фанона і яго заўвагу пра залежнасць каланізаваных ад каланізатараў (149).
Кніга мае хоць і не артыкуляваны яўна, але прысутны пры абмеркаванні тэарэтычных праблем нарматыўны тон, што крыху выбіваецца са, здавалася б, выключна даследчага і аналітычнага кантэксту. Напрыклад, аўтар мякка, але папракае Артура Клінава ў тым, што ён дыскурс постмадэрнізму выкарыстаў на патрэбы “ўтапічнай барацьбы за нацыянальнае адраджэнне”. Таксама на пачатку кнігі аўтар са спасылкай на Томаша Зарыцкага адзначае, што “правыя і кансерватыўныя рэвізіяністы” прысвоілі дыскурс посткаланіяльнасці, які першапачаткова нарадзіўся з марксісцкага, фемінісцкага і постструктуралісцкага тэарэтызавання. Гэта дадае кнізе непатрэбную для такой працы палітызаванасць (147, 11). Таксама і памяць павінна быць дыялагічнай без прысваення мінулага для такой “пазітыўнай ідэалогіі, як нацыяналізм” (189).
Гэта кантрастуе з тым, як аўтар аналізуе і дэканструюе савецкі дыскурс і міфалогію пра Другую сусветную вайну ў Беларусі, паказвае ўнутраныя супярэчнасці і неадпаведнасць рэчаіснасці ўсёй будовы міфа Беларусі як “партызанскай рэспублікі”. Урэшце “партызанскі міф” ва ўмовах пасля 1991 г. вызваліўся з-пад жорсткага партыйна-дзяржаўнага ідэалагічнага нагляду і стаў свабодна інтэрпрэтавацца (139–166). Акадэмічны дыялог і запазычанне тэорый і канцэпцый можа адбывацца свабодна, як і абмен думкамі паміж даследчыкамі. Якраз палітызаваны тон толькі замінае такому працэсу.
Кніга дэманструе сапраўдную пазітыўную матывацыю, што адлюстравана ў падзяках (VIII), але таксама відавочна з тэксту асобных падраздзелаў (36–40). Праўда, гэта сведчыць пра пэўную эмацыйнасць падыходу аўтара. Ён фактычна імкнецца ўпісаць “перыферыйны” беларускі кантэкст у самы “цэнтр” тэарэтыка-метадалагічных дэбатаў у заходняй акадэміі. Аднак ёсць вялікая праблема з паняццямі і канцэпцыямі, якія выкарыстоўвае Льюіс. Апрача хібных канцэпцый яшчэ і недастатковасць інфармацыі і кантэксту выступае як адзін з галоўных недахопаў манаграфіі.
Пачаць трэба з каланіяльнасці і посткаланіялізму, як яны выступаюць у аўтара. Працы, на якія абапіраецца Льюіс, збольшага пабудаваны на тым, што французскі мысляр і пісьменнік, прадстаўнік т. зв. “новых філосафаў” Паскаль Брукнер (1948 г. н.) называе “тыраніяй віны” Захаду [1]. Гэта дастаткова аднабаковы падыход, які зводзіць адносіны заходніх грамадстваў з незаходнімі, а асабліва тымі, якія сталі аб’ектам каланізацыі, выключна да кантэксту ўчыненага зла, прапануецца чорна-белая карціна такога ўзаемадзеяння. Пры гэтым заходнія грамадствы павінны паддавацца абрадам самабічавання і прызнання віны. Складаны характар узаемадзеяння каланізаваных і каланізатараў апускаецца, дыскурс віны набывае рысы эскалацыі. Да таго ж, гэты дыскурс гамагенізуе і спрашчае адносіны ўнутры незаходніх грамадстваў, пазбаўляючы іх адказнасці, індывідуальнасці, суб’ектнасці і культурнай спецыфікі. Гэта якраз тое, што тыя ж дыскурсы посткаланіялізму і арыенталізму прыпісваюць каланіялізму. Эскалацыя такога дыскурсу можа дасягаць нават шчырай нянавісці да еўрапейцаў і паўночных амерыканцаў агулам, і гэта праяўляецца ў тым, што гісторык і пісьменнік, спецыяліст па гісторыі і культуры такіх розных краін, як Кітай, Японія, Нідэрланды і Германія, Іэн Бурума ў суаўтарстве з Авішаі Маргалітам апісалі як “акцыдэнталізм”. Антызаходнія дыскурсы пры гэтым могуць мець свой пачатак у краінах Еўраамерыкі і іх універсітэтах [2].
Не адмаўляючы рэлевантнасць посткаланіяльнасці як тэорыі да беларускага кантэксту, трэба ўсё ж указаць на пэўныя нестыкоўкі ў кнізе Саймана Льюіса. Па-першае, ён пачынае свой аналіз з ХІХ ст. і сцвярджае, што прадстаўнікі “польскіх” вышэйшых саслоўяў былі ў адносінах да сялян фактычна каланізатарамі, і гэта адбівалася ў дыскурсе. Гэта як мінімум перабольшанне, якое мае карані ў савецкіх падыходах. Польскія наратывы пра беларускае мінулае аўтар назваў “самакрыткай” (36), з чым можна пагадзіцца. Але назваўшы аўтараў не столькі польскімі, колькі польскамоўнымі.
Льюіс, канстатуючы сацыяльную і культурную розніцу паміж сялянамі і шляхтай, нічога не піша наконт розніцы ў механізмах і характары памяці гэтых розных груп, нічога не згадвае пра культурны абмен, які, тым не менш, існаваў паміж умоўна “польскімі панамі” і “беларускімі сялянамі”. Гэты кантэкст яму дазволіла б лепей спасцігнуць кніга антраполага Анны Энгелькінг “Калгаснікі” [3], якую ён зусім не выкарыстаў у манаграфіі. А што датычыць розніцы ў механізмах і асаблівасцях памяці розных саслоўных груп, то аўтар можа паглядзець класічную пазіцыю Марыса Хальбвакса [4], а таксама некаторыя антрапалагічныя даследаванні, які могуць прыдацца сёння [5]. Пры гэтым аўтар знаёмы з манаграфіяй і артыкуламі таго ж Рышарда Радзіка, які гэтую праблематыку падымаў. Тым не менш даследчык, магчыма, праігнараваў тыя месцы ў гэтых працах, дзе абмяркоўваецца названая праблема.
Аўтар настолькі пагружаны ў сваю метадалогію, што зрабіў памылку, якая вельмі красамоўна характарызуе яе аднабаковасць і павярхоўнае знаёмства з гістарычнай і этналагічнай літаратурай, а таксама самім кантэкстам развіцця еўрапейскай навукі ў 2-й палове ХVІІІ – ХІХ ст. Захапленне Яна Чачота падабенствам санскрыту і славянскіх гаворак ён расцаніў як праяву… арыенталізацыі (32). Трэба адзначыць, што падобны погляд памылковы, бо як у адзначаны перыяд, так і раней як мінімум з часоў Готфрыда Вільгельма Ляйбніца (1646–1716) параўнанне з санскрытам ніяк не “арыенталізавала” тую ці іншую мову, а наадварот, надавала ёй вышэйшы статус. Параўнанне і сувязі літоўскай мовы з санскрытам адносяцца якраз да ХІХ ст. Нямецкі лінгвіст Франц Боп (1791–1867) выдаў параўнальную граматыку санскрыту і іншых моў уключна са стараславянскай. Агулам жа атрымліваецца, што першы раздзел кнігі ў сваёй “польскай” частцы фактычна выбіваецца са схемы, прапанаванай аўтарам.
Аўтар манаграфіі ўпусціў яшчэ адзін момант. У даследаванні ён звяртаецца да праблемы “генеалогіі” памяці ў кантэксце расійскіх, польскіх і беларускіх наратываў (8). Але ён ніяк не праблематызуе пытання “генеалогіі” каланіяльнасці, калі не часоў Расійскай імперыі, то прынамсі савецкага перыяду. Ён цалкам праігнараваў кнігу Франсін Хёрш “Імперыя нацый”, дзе пытанне каланіяльнасці паднята непасрэдна [6]. Сапраўды, ён прыводзіць манаграфію Алены Маркавай, але гэтага зусім недастаткова менавіта для яго праблематыкі. Ён таксама відавочна праігнараваў тое, як на пытанне каланіялізму ў сувязі з уласным палітычным, эканамічным і сацыяльным становішчам глядзелі беларусы міжваеннай Польшчы [7]. Таксама ў сувязі з праблемай Заходняй Беларусі артыкуляваўся і яшчэ адзін савецкі падыход да каланіялізму і посткаланіялізму [8]. Зноў жа гэта паказвае няўважлівае стаўленне аўтара да кантэксту праблемы, якую ён вывучае.
Калі вяртацца да праблематыкі памяці пра вайну, савецкай міфалогіі і альтэрнатыўных наратываў, то трэба сказаць, што аўтар зноў жа праігнараваў некаторыя важныя публікацыі па гэтай тэме. Робячы так, ён фактычна па змоўчванні пагадзіўся, што жыхары Беларусі былі гэткай tabula rasa, якой быў Мінск пасля 1944 г. для савецкіх архітэктараў і партыйных кіраўнікоў (56). Гэта датычыць перш за ўсё вуснай гісторыі, якая дае хоць бы прыблізную карціну таго, як на самай справе беларускія сяляне ставіліся да вайны і партызанаў. Яны імкнуліся дыстанцыявацца ад іх тады, калі гэта было магчыма [9]. Так што забарона на альтэрнатыўныя сведчанні і перспектывы не азначала, што “непажаданая памяць” жыла толькі ў кнігах беларускіх пісьменнікаў (54, 72).
Пра дыстанцыяванасць сялян да вайны сведчаць таксама некаторыя помнікі, усталяваныя самімі жыхарамі беларускіх вёсак у памяць пра загінулых ад рук гітлераўцаў. Напрыклад, у вёсцы Зінякі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе ў час нямецкай карнай акцыі 22 студзеня 1944 г. загінула 419 чалавек [10], пасля вайны ацалелыя жыхары паставілі помнік з імёнамі забітых. На помніку таксама зазначана, што адбылося гэта не пад час “Вялікай Айчыннай вайны” ці нават Другой сусветнай, а менавіта “немецко-русской” (тэкст на помніку – па-руску) [11].
Адсутнасць гістарычнага кантэксту ў працы Льюіса за выключэннем толькі некаторых праблем, якія сапраўды неяк каментуюцца, парадаксальным чынам звужае аўдыторыю працы брытанскага даследчыка да беларускіх навукоўцаў, якія зацікавяцца ёю, і кола тых, хто займаецца посткаланіяльнымі штудыямі, праблематыкай памяці, ідэнтычнасці. Гэтую групу можна назваць свайго роду акадэмічнымі “архісвятарамі” тэарэтыка-метадалагічнай веды. Гэта, безумоўна, добра для веды пра Беларусь, але такое пашырэнне веды будзе досыць невялікім.
Пры тым, што сама канцэпцыя “асвоенага касмапалітызму” ці “касмапалітычнага патрыятызму” аўтару гэтага агляду падаецца досыць цікавай і патэнцыяльна плённай, усё ж прыняць тэарэтыка-метадалагічны падыход аўтара нельга. Ён практычна пазбягае глядзець на той матэрыял, які прадстаўлены ў яго манаграфіі, праз прызму парадыгмы памежжа [12]. Аднак памежжа з’яўляецца ў яго, калі ён аналізуе “Рыбін горад” Наталкі Бабінай (176–181). Праблема ў тым, што памежжа можа прымірыцца з каланіяльнай спадчынай нармалізаваць яе, змірыцца з ёю. Але якраз у літаратурных рэпрэзентацыях дэманструецца, наколькі неспакойна “каланізаваныя” элементы і элементы-“каланізатары” памежжа суіснуюць адно з адным.
Льюіс піша пра “касмапалітычную тэндэнцыю” ў творчасці сучасных беларускіх інтэлектуалаў (2), але гэтыя тэндэнцыі можна абмяжоўваць толькі да пэўнай групы аўтараў, у творчасці якіх даследчык добра арыентуецца і якая добра паддаецца яго метадалагічнаму інструментарыю (168–193). Можна сказаць, што аўтар знаходзіцца ў своеасаблівай “зоне камфорту” і сам досыць па-свойску праводзіць аналіз знаёмых яму тэм.
Недахопы кантэксту абцяжарваюцца некаторымі памылкамі, што падаюцца проста недарэчнымі для даследавання і кнігі, якая мае амбітныя мэты і напісана з эмпатыяй. Напэўна, тут праяўляецца негатыўны бок эмацыйнасці даследчыка да разгляданага матэрыялу. Напрыклад, в’етнамскі лідэр Хо Шы Мін ніколі не быў зрынуты (158). Тут аўтар хіба што паддаўся настрою паэзіі Андрэя Хадановіча, а даследчык павінен захоўваць пэўную дыстанцыю і стрыманасць да даследаванай праблематыкі. У іншым выпадку аўтар памыляецца, што адзінай матывацыяй для Быкава друкаваць свае творы ў маскоўскіх часопісах было простае жаданне мець доступ да максімальна шырокай аўдыторыі (86). Безумоўна, гэта мела месца, але нельга выключаць, што для Быкава ў тых варунках 1960–70-х гадоў было проста лягчэй надрукавацца ў маскоўскім выданні, чым у мінскім. Публікацыя ў Маскве давала магчымасць патрапіць і ў Беларусь, заявіць пра сябе, атрымаць прызнанне на “перыферыі” праз “цэнтр”. Праблема, якая дагэтуль існуе ў Беларусі.
Таксама аўтар ці то сам, ці то цытуючы пераклад твора Быкава на англійскую мову, прыводзіць значэнне слова “особист” (супрацоўнік “особого отдела” ў Чырвонай Арміі) як “індывідуаліст” (110). Тут зноў адсутнасць кантэксту дрэнна ўплывае на аўтара і, як вынік, на яго чытачоў. Можна было паказаць хоць бы варыянт такога перакладу, што аўтар рабіў у іншых месцах.
Таксама адсутнічае кантэкст і ў выпадку праблемы калектывізацыі, якую аўтар толькі згадвае (103–104), пры тым, што існуюць працы, якія паказваюць значэнне гэтай трагедыі для асобных вясковых супольнасцяў БССР [13]. Вядома, трэба прызнаць, што калі б аўтар, які дастаткова добра піша, мае патрэбныя моўныя кампетэнцыі і знаёмы з матэрыяламі па праблеме, якую даследуе, узяўся асвятляць гістарычны кантэкст, то яго кніга вырасла б, напэўна, у 1,5–2 разы. Лаканічнасць і вытрыманасць былі для яго больш прыярытэтнымі разам з адпаведнымі метадамі.
Кніга Саймана Льюіса выйшла год таму, калі палітычныя і культурныя тэндэнцыі ў Беларусі развіваліся зусім інакш, чым пасля падзей жніўня 2020 г. [14], калі пішацца гэты агляд. Істотна тое, што беларускае грамадства вяртае і спрабуе знайсці спосаб усведамлення катастрафічнай памяці пра 1930–50-я гады. Але адначасова адбываецца беспрэцэдэнтная мабілізацыя і пераасэнсаванне пытанняў не толькі палітычнай свабоды, але і вымярэння культурнага, а значыць і пытання памяці.
І тут зноў паўстае пытанне метадалогіі кнігі Льюіса, яе нарматыўных нотак, палітычнага і культурнага кантэксту таго, што прапануецца ў ёй. Аўтар гэтага агляду перакананы, што кніга брытанскага даследчыка напісана не толькі з эмпатыяй, але і з сімпатыяй да Беларусі. Але яе пэўная эмацыйнасць – гэта тое, што прымушае задумацца. Аўтар хоць яўна і не асуджае, але сігналізуе, што пэўныя палітычныя ідэалогіі з’яўляюцца нелегітымнымі ў полі навукі, на яго думку. Гэта прыводзіць да тэмы “палітычнай карэктнасці”, якая аднолькава згубная як для акадэмічнага жыцця, так і для публічных дэбатаў. Яна прыводзіць да спынення дыскусій, ператварае цэлыя праблемы ў табуяваныя, пэўныя групы і пытанні становяцца недатыкальнымі, іх забараняецца крытыкаваць [15]. Гэта можа прыводзіць да эскалацыі таго, што антраполаг Мэры Дуглас называла “чысціня і табу”, а гэта можа пагражаць ужо самазахаванню грамадства. Каб пазбегнуць небяспекі, даводзіцца ісці на парушэнне табу [16].
Праблема з метадалогіяй Льюіса ў тым, што яна якраз дамінуе. Сёння яна ўжо не глыбока наватарская. Так, вядома, яна зможа дапамагчы ў беларускім кантэксце прааналізаваць некаторыя даволі вострыя пытанні. Праблема ў тым, што гэтая метадалогія сама пабудавана на эмоцыях. Калі абмяркоўваць выпадак цытаванага Льюісам Фанона, то ён у значнай ступені пабудаваў свае кнігі на рэсантыменце адносна каланіялізму і каланізатараў. Сама ж яго творчасць магла быць натхнёная вядучым інтэлектуалам камуністычнай партыі Італіі Антоніа Грамшы (1891–1937) і яго “Турэмнымі сшыткамі” [17]. Гэта не папрок у неарыгінальнасці, а толькі ўказанне на тую самую праблему, якую Фанон ставіў і якую артыкуляваў раней за Фанона ў сувязі з культурай пралетарыяту Грамшы. Рэсантымент – даволі моцны матыватар да дзеянняў і, як указвае Паскаль Брукнер, праз “энтрызм” (паступовае пранікненне ва ўстановы і інстытуты) [18] прыхільнікі ідэалагізаванай посткаланіяльнай метадалогіі арыенталізму і іншых постмадэрнісцкіх плыняў атрымалі доступ у акадэмічныя колы. Але яны таксама пачалі актыўна ўцягвацца ў палітыку і палітызаваць (як правіла, у левым ці леваліберальным кірунку) грамадскае жыццё ўніверсітэтаў і навуковыя падыходы. Таму стварэнне даследчых прац у дадзеным рэчышчы ўжо па факце ёсць захаваннем статусу-кво, а не нечым новым. Гэта не мае нічога супольнага з тым, што называюць thinking outside the box – мысленнем па-за рамкамі.
Таму гэтую метадалогію варта разглядаць не як прыкмету наватарства ці развіцця, а наадварот – як знешні сімптом крызісу заходняй акадэміі сёння. Мэта гэтага агляду – не паказ прычын, сімптомаў і наступстваў гэтага крызісу. Тут аўтар агляду абмяжуецца ўказаннем некаторых тэндэнцый, звязаных перш за ўсё з метадалогіяй разгляданай манаграфіі.
На імкненне інтэлектуалаў да ўлады было ўказана не сёння [19], але яны зусім не выйграюць у барацьбе, якая разглядаецца як змаганне з сучасным злом неталерантнасці, расізму і негатыўнай спадчынай каланіялізму. Наадварот, вынікам перамогі ўмоўнага “дабра”, якое ўцелаўляе ідэалогія посткаланіяльнай расавай ці гендарнай “касмічнай справядлівасці” [20], можа быць залішняя бюракратызацыя (а яе вынік – карупцыя), фактычная сегрэгацыя (стварэнне т. зв. “бяспечных прастор”) і палярызацыя, атмасфера нецярпімасці да іншых меркаванняў. Менавіта на такія праблемы, у тым ліку ў сувязі з посткаланіяльнымі тэорыямі, указваюць некаторыя назіранні крызісу вышэйшай адукацыі ў заходніх краінах. У папярэднія гады ў некаторых некалі прэстыжных універсітэтах можна было назіраць сцэны, падобныя да часоў кітайскай “культурнай рэвалюцыі”, дзе студэнты ні больш ні менш выганялі з кампусаў не толькі “непаліткарэктных” гасцей-выступоўцаў, чые меркаванні не ўкладваліся ў радыкальную леваліберальную (а то і проста крайне левую) артадоксію бягучага моманту, але і досыць паважаных і заслужаных у навуцы выкладчыкаў і адміністратараў [21].
Рост гэтай тэндэнцыі працягваецца [22]. Вынікам яе з’яўляецца тое, што, паводле прагнозу прафесара Школы бізнесу Гарвардскага ўніверсітэта Клейтана Крыстэнсена, на працягу бліжэйшых 10–15 гадоў можа зачыніцца ці зліцца з буйнейшымі па памерах да паловы амерыканскіх каледжаў [23]. Эканамічная мадэль, на падставе якой існуе заходняя акадэмія, таксама імкліва становіцца нерэнтабельнай [24]. Таму такая метадалагічная прапанова з’яўляецца прыкметай сістэмы, што перажывае крызіс, ломіцца. Яе можна параўнаць са зламаным гадзіннікам, які яшчэ два разы на дзень паказвае правільны час.
Вяртаючыся да самой кнігі Льюіса пасля гэтай дыгрэсіі, трэба адзначыць, што аўтар адзначае тэндэнцыі “мяккай беларусізацыі” другой паловы 2010-х гадоў, пры гэтым усё ж правільней было ўказаць на грамадскі запыт на гэта, чым на ролю “дазволу” з боку уладаў (194). Таксама аказваецца запатрабаваным нацыянальны наратыў (194– 195). Праўда, аўтар сам сабе супярэчыць, калі спачатку асуджае тэндэнцыю з’яўлення “неліберальных” рэжымаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе (194), а потым пагаджаецца, што прыпісваць нацыяналізм нейкай асабліва негатыўнай якасці гэтаму рэгіёну нельга (198). Урэшце ён прызнае, што супольнасць і нацыянальная ідэнтычнасць важныя. З гэтым нельга не пагадзіцца. Нацыяналізм і нацыянальная ідэнтычнасць застаецца, прынамсі на дадзены момант, хутчэй рэкурэнтным феноменам, які то затухае, то зноў успыхвае і распаўсюджвае свой уплыў. На гэта ў мінулым дзесяцігоддзі ўказваў Чарльз Кінг [25]. Таксама адзін уплывовы сучасны аўтар сцвердзіў крыху пазней, што фактычна як “моцныя”, так і “слабыя” дзяржавы цяпер хутчэй гуляюць самі за сябе, чым выступаюць нейкімі адзінымі блокамі [26]. Пры тым, што з гэтым можна спрачацца, нельга праігнараваць узмацнення ў цяперашні момант ролі дзяржавы і нацыяналізму. Пры тым, што роля навукоўцаў, якія займаюцца мінулым, часта палягае ў “ратаванні гісторыі ад нацыі” [27], гэтыя два феномены надзвычай цяжка адарваць адзін ад другога.
[1] Bruckner P. The Tyranny of Guilt: an Essay on Western Masochism / transl. from the French by S. Rendall. Princeton and Oxford, 2010. Гл. таксама: Ferguson N. Civilization: the West and the Rest. New York, 2011. P. 141–195.
[2] Buruma І., Margalit А. Occidentalism. The West in the Eyes of its Enemies. New York, 2004.
[3] Engelking А. Kolchoźnicy. Antropologiczne studium tożsamości wsi białoruskiej przełomu XX i XXI wieku. Toruń, 2012.
[4] Хальбвахс М. Социальные рамки памяти. Москва, 2007.
[5] Pina Cabral J. de. Sons of Adam, Daughters of Eve. The Peasant Worldview of Alto Minho. Oxford, 1986.
[6] Hirsch F. Empire of Nations. Ethnographic Knowledge and the Making of the Soviet Union. Ithaca & London, 2005.
[7] Dobry prykład, ale dla kaho? // Biełaruskaja Krynica. 1929. № 17. 28 krasawika. S. 1; -j-. Ci tolki ŭ Azii i Afrycy? // Biełaruskaja Krynica. 1935. № 14. 24 sakawika. S. 3. Пар. таксама: М-н. Аб прычынах паняволяньня нацый // Золак. 1933. № 3. Сьнежань. С. 6–9; Chałasiński J. Młode pokolenie chłopów. Procesy i zagadnienia kształtowania się warstwy chłopskiej w Polsce. T. III. Rola kół młodzieży wiejskiej w społeczno-kulturalnych przeobrażeniach wsi. Warszawa, 1938. S. 44–45.
[8] Кон Ф. Западная Белоруссия – колония панской Польши (К процессу над Белорусской громадой). Москва, 1928; Сталевіч. А (Родзевіч Л. І). Заходняя Беларусь – калонія Польшчы: да 10-годдзя вызвалення БССР ад белапалякаў. Менск, 1930; Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. Москва, 1940. С. 117–126.
[9] Смалянчук А. Вобраз партызана ў памяці жыхароў Слонімшчыны // Гістарычны альманах. 2005. Т. 11. С. 4–16; Шаталава В. Цені вайны: паліцэйскія і партызаны ў памяці насельніцтва беларускай вёскі // Homo Historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. Вільня, 2008. С. 384–389.
[10] http://schuchin.gov.by/by/history-by/ Дата доступу: 18 лістапада 2020 г. Паводле інфармацыі афіцыйнай старонкі Шчучынскага райвыканкама, апрача 419 спаленых жыхароў было яшчэ 65 жыхароў іншых вёсак.
[11] Асабістае паведамленне А. Ф. Вашкевіча аўтару, верасень 2018 г. Фотаздымак помніка ў в. Зінякі – з архіва А. Ф. Вашкевіча.
[12] Woolhiser С. Constructing National Identities in Polish-Belarusian Borderlands // “Ab Imperio”. 2003. Vol. 4. N. 1. P. 293–346.
[13] Носевич В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. Минск, 2004. С. 307–330.
[14] https://www.telegraph.co.uk/news/2020/08/13/thousands-form-human-chains-minsk-against-police-violence/ Дата доступу: 18 лістапада 2020 г.
[15] Эко У. Картонки Минервы. Москва, 2015. С. 52–55.
[16] Douglas М. Purity and Danger. An Analysis of the Concepts of Pollution and Taboo. London and New York, 2001.
[17] Грамши А. Тюремные тетради. Ч. 1. Москва, 1991.
[18] Bruckner Р. The Tyranny of Guilt. P. 25.
[19] Konrád G., Szelenyi I. Intellectuals on the Road to Class Power. A Sociological Study of the Role of the Intelligentsia in Socialism. New York and London, 1979.
[20] Sowell Т. The Quest for Cosmic Justice. New York, 2001.
[21] Цікавая пазіцыя ў гэтай сувязі – кніга Хізар Мак Дональд «Зман “разнастайнасці”» 2019 г.: Mac Donald Н. The Diversity Delusion: How Race and Gender Pandering Corrupt the University and Undermine Our Culture. New York, 2019.
[22] Ілюстрацыяй тут можа паслужыць Мічыганскі ўніверсітэт, дзе некалькі тыдняў таму абвясцілі пра некалькі новых “антырасісцкіх ініцыятыў”, якія на самай справе надалей будуць разбураць навуковае і грамадскае жыццё ўніверсітэта і звязанай з ім супольнасці. Гл.: https://record.umich.edu/articles/u-m-to-launch-several-new-anti-racism-initiatives/ Дата доступу: 18 лістапада 2020 г.
[23] https://www.christenseninstitute.org/blog/will-half-of-all-colleges-really-close-in-the-next-decade/ Дата доступу: 18 лістапада 2020 г.
[24] Kezar А., dePaola Т. and Scott D. T. Gig Academy. Mapping Labor in the Neoliberal University. Baltimore, 2019.
[25] King С. Extreme Politics. Nationalism, Violence, and the end of Eastern Europe. Oxford, 2010. P. 30.
[26] Bremmer І. Every Nation for itself, Winners and Losers in a G Zero World. New York, 2012.
[27] Duara Р. Rescuing history from the nation: Questioning narratives of modern China. Chicago and London, 1995.