Наталля Анофранка. Злачынствы непаўналетніх і малалетніх дзяцей у 30–50‐я гады ХІХ ст. на землях Беларусі
У еўрапейскіх краінах у ХІХ ст. рост дзіцячай злачыннасці быў звязаны з прамысловай рэвалюцыяй, дэмаграфічным пераходам і ўрбанізацыяй. У выніку гэтых працэсаў адбывалася трансфармацыя і сямейных адносінаў. Пры занятасці абодвух бацькоў у фабрычна-заводскай вытворчасці або іншай дзейнасці па-за сценамі дома дзеці выпадалі з традыцыйнай сістэмы нагляду [1]. У беларускалітоўскіх губернях, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, з канца XVIII ст. і да пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. пералічаныя глабальныя працэсы развіваліся марудна. Прычынай гэтай запаволенасці было прыгоннае права, адсутнасць значных рэформаў у часы праўлення Аляксандра І і ахоўная палітыка Мікалая І. Такім чынам, на гэтых землях яшчэ не склаліся спрыяльныя ўмовы для росту дзіцячай злачыннасці, у 30‐я – пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. злачыннасць заставалася ў рамках традыцыйнага грамадства і не мела масавага характару. Гэта пацвярджаюць дакументы паліцэйска-судовых устаноў Мінскай і Віцебскай губерняў, на якіх і базуецца дадзенае даследаванне, – ніжніх земскіх судоў (земская паліцыя), павятовых судоў, Віцебскай і Мінскай палат крымінальных судоў, Віцебскага і Мінскага “совестных” (далей – сумленных) судоў, а таксама дакументаў губернскай адміністрацыі. Крыніцы дазваляюць вызначыць віды злачынстваў непаўналетніх і прычыны гэтых дзеянняў. Паліцэйска-судовая дакументацыя дае магчымасць прасачыць, якім чынам законы і ўказы ў дачыненні да непаўналетніх злачынцаў увасабляліся ў рэальных судовых практыках, паказаць механізм узаемадзеяння паліцэйскіх устаноў і судовых інстанцый рознага ўзроўню.
Да падзелаў Рэчы Паспалітай на беларуска-літоўскіх землях дзейнічала крымінальнае заканадаўства, якое ўтрымлівалася ў Статуце ВКЛ 1588 г. Гэты звод законаў у раздзеле аб апякунстве (раздз. VI, арт. 1) дакладна вызначаў паўналетні ўзрост для мужчын – 18 гадоў, а для дзяўчат – 13 гадоў (паводле Статута ВКЛ 1529 г. і 1566 г. дзяўчына лічылася паўналетняй з 15 гадоў) [2]. Узрост крымінальнай адказнасці згадваецца ў раздзеле XIV, арт. 11 “Об обвинении в воровстве несовершеннолетнего шляхтича, так же и простого человека”. Паводле гэтага артыкула, “если случится, что шляхтич шестнадцати лет, а не более, был обвинен в воровстве или приведен был с поличным, тогда таковому по молодости лет не должно это быть посчитано за воровство и он не может быть отдан в руки палача или на пытку…” [3]. У Статуце ВКЛ 1566 г. узрост непадсуднасці за крадзяжы абмяжоўваўся 14 гадамі [4]. У артыкулах, якія датычыліся забойстваў або згвалтаванняў, пра дзяцей-злачынцаў і іх пакаранне нічога прапісана не было. Таму незразумела, распаўсюджваўся шаснаццацігадовы ўзрост непадсуднасці толькі на крадзяжы ці і на іншыя злачынствы таксама. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларуска-літоўскіх земляў да Расійскай імперыі на гэтую тэрыторыю распаўсюдзілася расійскае крымінальнае заканадаўства, у тым ліку тыя нормы, якія ўжо існавалі ў дачыненні да непаўналетніх злачынцаў.
У расійскім заканадаўстве ні ў “Судебниках” (1498 і 1550), ні ў “Соборном уложении” (1649), ні ў пятроўскіх заканадаўчых актах не было правілаў, якія датычыліся б дзяцей-злачынцаў. Першае агульнае заканадаўства аб вызначэнні адказнасці малалетніх злачынцаў з’явілася 23 жніўня 1742 г. у выглядзе сенацкага ўказа. Падставай для гэтага дакумента стала справа аб забойстве 14-гадовай дзяўчынкай Праскоўяй Фёдаравай дваіх сялянскіх дзяцей, якая разглядалася ў Екацярыненбургскай земскіх спраў канторы. Калі паўстала пытанне аб прымяненні ў адносінах да дзяўчынкі смяротнага пакарання, крымінальная справа была накіравана на разгляд у Сенат, які прыняў дзве ключавыя пастановы. Па-першае, перыяд малалецтва ў справах крымінальных працягваўся да 17-гадовага ўзросту. Па-другое, да асоб такога ўзросту не маглі прымяняцца ні катаванні, ні збіццё хлыстом, ні смяротнае пакаранне, яны замяняліся на пакаранне бізунамі і змяшчэнне ў манастыр для выкарыстання на цяжкай працы [5].
Праз 23 гады, 26 ліпеня 1765 г., з’явіўся ўказ Сената, які вызначыў парадак адказнасці малалетніх злачынцаў, усталяваў узроставы бар’ер падсуднасці і непадсуднасці. Так, на дзяцей, якія не дасягнулі 10-гадовага ўзросту, была распаўсюджана поўная непадсуднасць. Калі малалетнія здзяйснялі крымінальнае злачынства, судовыя інстанцыі разглядалі іх справы і перадавалі бацькам або памешчыкам для пакарання. Пры гэтым, паводле ўказа, пра іх злачынствы было загадана ніколі не ўспамінаць. Для дзяцей ва ўзросце ад 10 да 15 і ад 15 да 17 гадоў за цяжкія злачынствы дапускалася толькі некаторае змякчэнне пакарання ў параўнанні з дарослымі злачынцамі [6].
Судовая практыка ў адносінах да непаўналетніх злачынцаў паводле сенацкіх указаў ад 28 лютага і 31 сакавіка 1763 г. выглядала наступным чынам. Суды першай інстанцыі (павятовыя суды і магістраты) вялі першаснае следства і вызначалі ступень вінаватасці, а потым перадавалі справы ў выглядзе кароткага паведамлення (“доношения”) і экстракта (сціслага апісання сутнасці злачынства і ходу следства) на канчатковы разгляд у Сенат (суд апошняй інстанцыі) [7]. У 1775 г. адбыліся істотныя змены ў судаводстве – усе справы непаўналетніх злачынцаў перадаваліся на разгляд у створаныя сумленныя суды. Гэтыя суды, як і іншыя, павінны былі дзейнічаць па законах, але правілы ва ўсіх выпадках павінны быць наступныя: “1) человеколюбие вообще; 2) почтение к особе ближнего, яко человеку; 3) отвращение от угнетения или претеснения человечества; и для чего совестный суд никогда судьбы не отвратит, но вверяет оному совестный разбор и осторожное и милосердное окончание дел ему порученных…” [8]. Іх кампетэнцыя акрэслівалася наступным чынам: “Уголовные дела состоящие ведомства Совестного суда суть: 1) Дела о преступлениях, совершенных безумными, малолетними и несовершеннолетними. 2) Дела о колдовстве, поелику оные заключают в себе глупость, обман и невежество. 3) Дела об оскорблении родителей детьми обоего пола. 4) Вообще дела о преступлениях уголовных учиненных по несчастному какому случаю либо приключению или по стечению особых обстоятельств” [9]. У дачыненні да непаўналетніх злачынцаў сумленныя суды не былі апошняй інстанцыяй, усе крымінальныя справы і прысуды па іх адсылаліся для канчатковай рэзалюцыі ў Сенат. Такі парадак дзейнічаў і ў першай палове ХІХ ст.
У ХІХ ст. палажэнні ўказаў 1742 г. і 1765 г. аб малалетніх злачынцах былі ўключаны ў “Свод законов Российской империи” (1832 і 1842), т. XV у наступнай фармулёўцы: “Вина преступления учиненного в малолетстве уменьшается и наказание ослабляется в следующей постепенности: 1) недостижимо 10 летнего возраста отдаются за учиненное ими уголовное преступление без предания суду и без наказания на исправление родителям, родственникам или опекунам 2) в преступлениях тяжких, подлежащих торговой казни [10] и учиненных несовершеннолетними от 10 до 14 лет совестный суд или место такими делами заведующее, преступая к рассмотрению дела прежде всего решает вопрос с разумением ли учинено подсудимым преступление или без разумения. И основываясь на заключении своем о подсудимом, вносит оное в Правительствующий Сенат, который приступив к разрешению дела, и разрешив прежде всего вопрос с разумением ли учинено преступление. Когда решит, что с разумением, то несмотря на различие лет прилагает сообразно степени вины подсудимого наказания установленные общим законом, кроме ссылки в каторжную работу, наказания кнутом и наказания публично плетьми. По преступлениям сего рода учиненным несовершеннолетними от 14 до 17 лет, когда должно будет, что преступление совершено с разумением, преступники избавляются только от телесного наказания, но не освобождаются от ссылки в каторжную работу, которая по усмотрению совестного суда и Правительствующего Сената, может быть ограничена и срочным числом лет, смотря по степени вины” [11].
“Уложение о наказаниях” (1845) унесла змены ва ўзрост крымінальнага паўналецця. Ён быў павышаны з 17 да 21 года. Такое новаўвядзенне адбілася на дзейнасці судовых інстанцый. Напрыклад, Віцебскі сумленны суд 6 кастрычніка 1847 г. скардзіўся віцебскаму губернатару А. Радзішчаву: “Совестный суд имеет честь представить, что по случаю введения с мая 1846 г. Уложения о наказаниях уголовных и исправительных и прибавлению к ведомству совестного суда возраста подсудных, число дел против прежних лет увеличилось больше, чем на треть” [12]. Паводле статыстычных дадзеных, Мінскі сумленны суд у 1846 г. разглядаў 52 справы, а ў 1847 г. – 114 [13].
Вычарпальная і дакладная статыстыка па злачынствах непаўналетніх у беларуска-літоўскіх губернях канца XVIII ст. – пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. адсутнічае. Напрыклад, для статыстычных звестак за 40‐я – пачатак 60-х гадоў ХІХ ст. па Мінскай губерні [14], на думку ўкладальніка падпалкоўніка І. Зяленскага, характэрна заблытанасць дакументазвароту паміж рознымі судовымі інстанцыямі. Ён пісаў: “Нередко случается, что уголовное дело, поступившее на ревизию в уголовную палату, возвращается, для дополнения в уездный суд, из коего поступило и где оно вторично показывается поступившим, а по дополнении – вторично решенным; значит легко допустить, что одни и те же подсудимые считаются два раза в одной и той же инстанции <…> Одни и те же преступники войдут в исчисление несколько раз” [15].
Тым не менш укладальнік з вайсковай скрупулёзнасцю, на падставе справаздач Міністэрства юстыцыі, справаздач Мінскай крымінальнай палаты і мінскага губернскага пракурора, склаў cтатыстычную ведамасць па судовых справах, якія разглядаліся ўсімі судовымі інстанцыямі Мінскай губерні (крымінальнай палатай, сумленным судом, павятовымі судамі і магістратамі) за 1834–1860 гады [16]. З гэтых дадзеных бачым, што Мінскі сумленны суд у параўнанні з іншымі судовымі інстанцыямі губерні разглядаў спраў на парадак менш, а колькасць прысуджаных да пакарання складала ад некалькіх адзінак да двух дзясяткаў чалавек. Выключэннем быў 1847 год – у выніку павышэння ўзросту поўнай крымінальнай адказнасці колькасць асуджаных узрасла да 55 чалавек.
Таксама падпалкоўнік І. Зяленскі склаў табліцу “О возрасте подсудимых, присужденных к наказаниям по уголовной палате и совестному суду” (1856–1860) [17]. Па гэтых дадзеных непаўналетніх ва ўзросце 10–17 гадоў у 1856–1857 гады ўвогуле не было. У наступныя гады: у 1858 г. асуджаны адзін хлопчык, у 1859 г. – 5 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, а ў 1860 г. – 6 хлопчыкаў. Усяго за пяць гадоў было асуджана 14 (12 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі). Непаўналетніх ва ўзросце 17–21 гадоў было асуджана крыху больш: у 1856 г. – адзін хлопец, у 1857 г. асуджаных не было, у 1858 г. – 2 хлопцы, у 1859 г. – 5 хлопцаў і 3 дзяўчыны, а ў 1860 г. – 7 хлопцаў і 2 дзяўчыны. Усяго за 5 гадоў былі асуджаны 15 хлопцаў і 5 дзяўчат.
Звесткі, сабраныя па дзейнасці Мінскага сумленнага суда, а таксама дадзеныя па колькасці асуджаных непаўналетніх злачынцаў у тым жа судзе сведчаць, што ў Мінскай губерні крымінальныя справы і суды над непаўналетнімі злачынцамі былі нешматлікія, што карэлюецца з колькасцю выяўленых архіўных матэрыялаў.
Крадзяжы. У першай палове ХІХ ст. крадзяжы былі самым распаўсюджаным відам злачынства як сярод дарослага насельніцтва, так і сярод дзяцей. У большасці выпадкаў непаўналетнія здзяйснялі дробныя крадзяжы на невялікія грашовыя сумы. У тых жа выпадках, калі крадзяжы ці махлярства былі менш за 20 рублёў, паліцыя не перадавала справу ў судовыя інстанцыі. На такіх злачынцаў паліцыя накладала спагнанне з працэнтамі, а пры адсутнасці грошай іх адпраўлялі ў працоўныя дамы [18]. Таксама ў выпадках дробных крадзяжоў канфлікт мог вырашацца і без удзелу праваахоўных органаў на ўзроўні памешчыка, абшчыны або гарадской грамады. Такім чынам толькі невялікая частка спраў такога роду трапляла ў сумленныя суды.
Так, Віцебскі сумленны суд 31 студзеня 1844 г. разглядаў справу, прысланую з Віцебскага гарадскога магістрата. Яна датычылася 16-гадовага яўрэйскага хлопца (імя не пазначана. – Н. А.), жыхара мястэчка Якавічы Суражскага павета Віцебскай губерні. Ён абвінавачваўся ў тым, што ў ноч з 26 на 27 лістапада 1843 г. украў у памешчыка Веліжскага павета маёра Аляксандра Алексіяна суконны шынель, які ацэньваўся ў 43 руб. cерабром. Акрамя таго, ён абвінавачваўся ў несправядлівым абгаворы віцебскага мешчаніна яўрэя Гількі Гінельсона. Адметна, што з моманту абвінавачання ў крадзяжы да часу разгляду гэтай справы ў Віцебскім сумленным судзе юнак з іўдзейства перайшоў у праваслаўнае веравызнанне і быў залічаны ў полацкую мяшчанскую грамаду як Іван Іваноў Сладковіч [19]. Верагодна, гэта было зроблена з мэтай змякчыць пакаранне. У выніку сумленны суд на падставе арт. 38 т. XV “Свода законов” пастанавіў: “При витебской городской полиции через нижних служителей наказать плетьми и дать 12 ударов. Возвратить его в полоцкое мещанство в ведомостях которого он приписан” [20].
Віцебскі сумленны суд 9 сакавіка 1844 г. разглядаў справу селяніна памешчыкаў Рамідоўскіх 17-гадовага Дзям’яна Кірылава, аддадзенага пад суд за крадзеж у двараніна Дрысенскага павета Іосіфа Чыжэўскага з куфра 120 рублёў і іншых рэчаў на суму 57 рублёў, а таксама за крадзеж у дваран Нярсковіча і Ярыўскага розных рэчаў і грошай на суму 10 руб. серабром [21]. Акрамя таго, Дзям’ян абвінавачваўся ў несправядлівым абгаворы прыгоннага селяніна памешчыка Гласкі Гаўрылы Осіпава, а таксама пяцісоцкага Себежскага павета Якава Савельева. Фактычна гаворка ішла пра хабар, як было адзначана ў судовай справе: “В даче, якобы, им из числа уворованных вещей и денег дворянина Чижевского, первому 30, а последнему 40 рублей за то единственное, чтобы первый не доставлял его в суд, а последний освободил его из под стражи” [22]. Таксама юнак абвінавачваўся ў неаднаразовых уцёках з месца жыхарства і з-пад арышту. У выніку прысуд Віцебскага сумленнага суда на падставе арт. 138 т. XV “Свода законов Российской империи” Дзям’яну Кірылаву быў такі: 12 удараў бізунамі і адпраўка на месца жыхарства пад строгі нагляд яго гаспадароў, памешчыкаў Рамідоўскіх [23]. Такім чынам, нягледзячы на дастаткова вялікую суму ўкрадзенага, а таксама неаднаразовыя ўцёкі, Дзям’ян Кірылаў атрымаў даволі лёгкае пакаранне. Верагодна, гэта было звязана з тым, што ён належаў памешчыкам Рамідоўскім, а дзяржава не была схільная пазбаўляць прыгоннікаў іх уласнасці без надзвычайнай на тое падставы.
Судовыя інстанцыі не заўсёды выносілі абвінавачвальныя прысуды. Напрыклад, 7 ліпеня 1844 г. у Віцебскім сумленным судзе, калі разглядалася справа 12-гадовага сялянскага хлопчыка казённага маёнтка Язерцы Якава Емяльянава, якая паступіла з Гарадоцкага павета. Ён быў абвінавачаны ў крадзяжы 20 руб. серабром у віцебскага мешчаніна Івана Лёркі. У час суда Якаў Емяльянаў вінаватым сябе не прызнаў, а абставіны справы яго не выкрывалі. Акрамя таго, усе людзі, апытаныя пад прысягай на павальным вобшуку, ухвалілі яго паводзіны. У выніку Віцебскі сумленны суд прызнаў Якава Емяльянава невінаватым. Аднак з-за таго, што хлопчык ад нараджэння і да 12 гадоў ніводнага разу не быў на споведзі, было пастаноўлена перадаць яго ў духоўную кансісторыю для прызначэння пакаяння [24].
Як сведчаць дакументы, крадзяжы здзяйсняліся не толькі прадстаўнікамі падатных саслоўяў, але і дваранамі, і не толькі хлопчыкамі, але і дзяўчынкамі. У 1840‐я гады ў Мінскім сумленным судзе былі разгледжаны дзве такія справы. Так, у сакавіку 1842 г. у Ігуменскім павеце Мінскай губерні ў доме святара Шпілеўскага адбыўся крадзеж. У ім абвінавацілі 14-гадовую дваранку Мінскага павета Габрыэлу Сухецкую (каталіцкага веравызнання, не пісьменную). Спачатку яе справа 21 сакавіка 1842 г. была прынята да разгляду Ігуменскім павятовым судом [25]. На допыце дзяўчынка патлумачыла прычыну свайго учынку. Год і тры тыдні яна была служанкай у святара Шпілеўскага. Аднак апошнім часам часта чула і ад сямейства святара, і ад іншых людзей, што Шпілеўскі не збіраецца ёй заплаціць за службу. Габрыэла спужалася, што не атрымае належных грошай, і цішком узяла невялікую колькасць бялізны, каб “в случае неуплаты продать, а если заплатят жалование вернуть”. Гэтыя рэчы яна аднесла ў дом да сваёй маці, дзе яны і былі знойдзены пры вобшуку. У павятовым судзе Габрыэла Сухецкая адмовілася прызнаваць свой учынак крадзяжом і не лічыла сябе вінаватай [26].
Маці Габрыэлы дваранка Мінскага павета Бенядыкта Сухецкая пацвердзіла, што дачка служыла ў святара Шпілеўскага. Калі ён яе звольніў, дзяўчына прынесла рэчы і сказала, што ўзяла іх у святара цішком. Па словах жанчыны, яна загадала дачцэ рэчы тэрмінова вярнуць.Аднак у гэты час у дом прыйшлі ратман паліцыі з дзясяцкім і святаром, правялі вобшук, забралі рэчы, а дзяўчыну даставілі ў паліцыю [27].
Ігуменскі павятовы суд запатрабаваў у Сухецкай дакументы на пацвярджэнне дваранства, аднак яны, па словах Бенядыкты, знаходзіліся ў мужа, які ўтрымліваўся за крадзеж у Мінскім гарадскім астрозе. У выніку павятовы суд звярнуўся з запытам у Мінскі дваранскі дэпутацкі сход, які даслаў копію прызнання ў дваранстве Сухецкіх ад 24 снежня 1802 г. Таксама дваранскі сход паведаміў, што сам Васіль Сухецкі за крадзеж ужо быў пазбаўлены дваранскай годнасці і высланы ў Сібір на пасяленне [28]. Такім чынам прыналежнасць Габрыэлы Сухецкай да дваранскага саслоўя пацвердзілася. Аднак для далейшага судовага працэсу неабходна было вызначыць дакладны ўзрост дзяўчынкі, бо метрыку аб яе нараджэнні знайсці не ўдалося. У выніку 29 траўня 1842 г. у памяшканні Ігуменскага павятовага суда ў прысутнасці чыноўнікаў гэтага суда і ігуменскага гараднічага быў праведзены медыцынскі агляд Габрыэлы Сухецкай. У медыцынскім заключэнні запісалі: “Как по телосложению и возрасту полагать можно ныне от рода имеет от 15 до 17 лет” [29].
Пасля таго як афіцыйна было вызначана, што дваранка Габрыэла Сухецкая непаўналетняя, яе справа 9 жніўня 1842 г. была перададзена ў Мінскі сумленны суд, які, у сваю чаргу, адправіў яе на разгляд у Сенат [30]. 16 красавіка 1843 г. Мінская палата крымінальнага суда і Мінскі сумленны суд атрымалі сенацкую пастанову за подпісам старшыні Дзяржаўнага савета князя І. Васільчыкава. У ёй гаварылася: “Государственный совет в Департаменте гражданских и духовных дел, рассмотрев всеподданейший доклад Правительствующего Сената об именующейся дворянкой Габриели Сухецкой, сужденной за кражу <…> находит, что Сухецкая покусилась на воровство в таких несовершенных летах, в которых не могла постигнуть важности преступления и строгости определенного в законах наказаниях. А потому имея в виду многие примеры монаршего благоснисхождения к подобным подсудимым, Государственный совет мнением положил: участь подсудимой повергнуть монаршему милосердию, с представлением, не благоугодно ли будет его императорскому величеству повелеть Сухецкую не подвергая лишению прав состояния и ссылке на поселение, выдержать в тюрьме 6 месяцев, а потом возвратить в семейство под особенный надзор матери за ее поведением” [31].
У 1845 г. Мінскі сумленны суд зноў разглядаў справу аб непаўналетняй дзяўчыне Настассі Булгакавай 20 гадоў, “именующейся дворянкой”. Яна абвінавачвалася ў крадзяжы ў розных асоб грошай і рэчаў. Паводле паказанняў Булгакавай, яна служыла ў дваранкі Шульц, якая адмовілася ад яе паслуг у чэрвені 1845 г. і не заплаціла жалаванне [32]. У выніку Настасся ноччу праз выбітае ў акне шкло ўлезла ў пакой былой гаспадыні, забрала адзенне і іншыя рэчы на суму 6 руб. 92 кап. У сваё апраўданне Булгакава тлумачыла, што адважылася на гэты ўчынак для “вознаграждения себя” за нявыплачаны ёй заробак. Аднак аргументы дзяўчыны і яе ўяўленне аб справядлівасці Мінскі сумленны суд прызнаў памылковымі і спаслаўся на артыкул 2146 “Уложения о наказаниях” (1845), у якім гаварылася: “Всякое, каким бы образом не было учинено в тайне похищение признается воровством” [33]. На праведзеным павальным вобшуку паводзіны Настассі Булгакавай ухвалілі пяць чалавек, яны заявілі, што “до настоящего дела поведения была хорошего и ни в чем худом не замечена”. Акрамя дваранкі Шульц, Настассю Булгакаву ў крадзяжы рэчаў і грошай абвінавачвалі калежскі рэгістратар Рачкевіч, дваранка Левандоўская і салдатка Карповіч. Але сама Булгакава ў гэтых учынках не прызналася і следствам у гэтых крадзяжах не была выкрыта, таму Мінскі сумленны суд гэтыя эпізоды не разглядаў [34].
У 1846 г. Мінскі сумленны суд адаслаў справу Настассі Булгакавай на разгляд у Сенат. На працягу 1846–1847 гадоў Сенат вёў перапіску з рознымі губернскімі інстанцыямі для вызначэння дакладнага ўзросту падсуднай на момант злачынства, а таксама пацверджання яе дваранскага паходжання. Урэшце ўсе неабходныя звесткі былі сабраныя і Сенат прыйшоў да канчатковага рашэння. Так, за крадзеж у начны час не менш як 30 руб. серабром злодзей пазбаўляўся ўсіх правоў стану, падлягаў высылцы на жыхарства ў адлеглую губерню і арышту ад 6 месяцаў да аднаго года. Аднак Настасся Булгакава на час злачынства была непаўналетняй, таму строгасць пакарання павінна была быць меншай [35]. У выніку 12 чэрвеня 1848 г. Сенат пастанавіў: “К определению меры наказания подсудимой согласно ст. 1220 т. XV Свода законов Сенат принял в уважение независимо от совершеннолетия и сознания Булгаковой при первом допросе… подсудимую Булгакову без лишения особенных прав сослать на житье в Вологодскую губернию без заключения” [36].
Здараліся выпадкі, калі непаўналетніх абвінавачвалі не проста ў крадзяжы, а ў святатацтве. Яшчэ ў 1808 г. Сінод пастанавіў, што ўсе рэчы, якія знаходзяцца ў царкве і належаць царкве – “суть освященные, и потому кража их должна считаться святотатством” [37]. З 1832 г. гэтае злачынства ў арт. 210 (т. XV) “Свода законов” вызначалася так: “Святотатством почитается похищение церковных вещей и денег как из самих церквей, так и из часовен, ризниц и временных и постоянных церковных хранилищ, хотя бы они вне церкви стояли” [38].
За азначаны перыяд было выяўлена дзве справы непаўналетніх, якія сумленныя суды судзілі за святатацтва. Першы выпадак здарыўся ў Віцебскай губерні ў 1835 г. Веліжскі земскі суд 22 красавіка 1835 г. атрымаў паведамленне ад веліжскага дабрачыннага протаіерэя Аляксандра Чычневіча аб тым, што 16 красавіка адбыўся крадзеж у Сярцейскай царкве. Паводле данясення святара і царкоўнага служкі гэтай царквы, былі пашкоджаны прыбітыя каля ўваходу ў царкву дзве скрынкі для міласціны. Злодзея хутка выявілі, ім аказаўся 15-гадовы сын селяніна Трафіма Якаўлева Фёдар, які жыў у маёнтку памешчыка Мардвінава ў вёсцы Аступ. Пры затрыманні ў хлопца знайшлі “две деньги”, але было невядома, колькі грошай ён насамрэч украў. У паліцэйскіх дакументах адзначалася: “Сколько денег по высыпке из оных ящиков за март месяц находилось в течении сего апреля не известно” [39]. Дабрачынны прасіў земскі суд разам з духоўным дэпутатам тэрмінова правесці расследаванне, вінаватага судзіць і спагнаць з яго “того количества денег, каковое по исследованию окажется похищено” [40].
Аднак веліжскай земскай паліцыі так і не ўдалося вызначыць грашовую суму, якая знаходзілася ў царкоўных скрынках на момант крадзяжу, і летам 1835 г. справа Фёдара Трафімава была перададзена у Віцебскі сумленны суд. Суд разгледзеў справу Фёдара Трафімава і адразу прызначыў яму 10 удараў бізунамі праз службоўцаў земскай паліцыі. Далей сумленны суд 1 жніўня 1835 г. звярнуўся да Полацкай духоўнай кансісторыі і прасіў прызначыць месца і час для “прохождения церковной эпитимии обвиненному в краже церковных денег Велижского уезда из Сертейской церкви 15-летнему крестьянскому мальчику помещика Мордвинова Федору Трофимову” [41]. У адказ Полацкая духоўная кансісторыя вынесла наступную пастанову: “Наложить на него на основании св. Василия Великого правила 61-го церковную эпитимию на 2 года с прохождением таковой через пол года в Велижском монастыре, а остальное время на месте жительства под смотрением духовного отца приходского священника” [42].
Другі выпадак здарыўся ў 1846 г. у Мінску, калі 25 красавіка за крадзеж у касцёле затрымалі 16-гадовага Венядыкта Гамлікевіча. Яго даставілі ў паліцэйскую ўправу першай часці Мінска, дзе юнака дапытаў прыстаў часці ў прысутнасці дэпутата ад духоўнага боку. Адразу вызначылі, што Венядыкт Гамлікевіч каталіцкага веравызання, нежанаты, пісьменны, пад судом і ў штрафах ніколі не быў. Хлопец заявіў, што ён дваранін Мінскага павета і што адпаведныя дакументы знаходзяцца ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. Таксама адразу расказаў пра абставіны, якія вымусілі яго пайсці на злачынства. Паводле Гамлікевіча, пасля адхілення ад службы 1 сакавіка 1846 г. у ветэрынара Лукашэвіча ён да гэтага часу заставаўся без месца службы і “некоторое время пропитывался занимаясь у разных лиц черной работой”. Але ад цяжкай працы зусім знясілеў і “не будучи в состоянии больше уже таковой заниматься, остался без занятия”. У выніку дайшоў да такой галечы, што нават не меў дзённага пражытку, ён прызнаўся: “Несколько дней тому как алчу от голода” [43].
Паводле Венядыкта Гамлікевіча, 25 красавіка 1846 г. у 3 гадзіны дня ён, “преследуемый крайним голодом”, пайшоў на Ніжні рынак, каб там знайсці хоць нейкую чорную працу. Праходзячы каля Бернардзінскага касцёла, ён убачыў, што храм адчынены, і захацеў памаліцца. Калі хлопец зайшоў у касцёл, раптам у яго з’явілася думка ўзяць якую-небудзь рэч, каб прадаць і купіць хлеба. Навокал нікога не было, юнак падышоў да іконы, забраў два падсвечнікі і накіраваўся на рынак. Там пры спробе прадаць падсвечнікі ён быў затрыманы і дастаўлены ў паліцэйскую часць. У час следства Венядыкт Гамлікевіч бажыўся, што злачынства здзейсніў самастойна і ніякіх сувязяў з падазронымі людзьмі не меў і ні ў якую шайку злодзеяў не ўваходзіў [44].
Справа Венядыкта Гамлікевіча не патрабавала дадатковых вышукаў, таму гарадская паліцыя перадала справу ў Мінскі сумленны суд, які, у сваю чаргу, пераслаў яе ў Сенат. Паседжанне Сената адбылося 19 траўня 1847 г., на ім заслухалі меркаванні Дзяржаўнага савета і Дэпартамента грамадскіх і духоўных спраў аб “именующемся дворянином Венедикте Гамликевиче 16 лет”. Гэтыя інстанцыі ўзялі пад увагу непаўналецце абвінавачанага, а таксама яго чыстасардэчнае прызнанне [45]. У сенацкім дакуменце было запісана: “Гамликевич изобличался в кражах из Бернардинского костёла медных подсвечников оцененых в 75 коп. серебром <…> Похищенные подсвечники стояли у иконы и следовательно были освещаны употреблением. Почему он за ту кражу <…> при совершеннолетии подлежал бы на основани ст. 244 Уложения лишению всех прав состояния и ссылке в каторжную работу на заводах на время от 4 до 6 лет. Но как несовершеннолетний, подвергнуть по лишении тех же прав, ссылке в каторгу на заводах на время от 2 лет 8 месяцев до 4 лет. По отсутствии обстоятельств увеличивающих вину подсудимого и по чистосердечному его признанию с первого допроса, Гамликевича подлежит меньшей мере наказания. По чему Правительствующий Сенат определяет: именующегося дворянином Венедикта Гамликевича сослать в работы на завод на 2 года 8 месяцев. О чем на основании ст. 1294 т. 15 поднести его императорскому величеству всеподданейший доклад” [46].
Агульнае паміж двума выпадкамі крадзяжоў з рэлігійных устаноў тое, што ў судах яны былі прызнаныя за святатацтва, таксама практычна супадаў узрост злодзеяў і яны траплялі ў адну падсудную катэгорыю. Аднак, у адрозненне ад прыгоннага селяніна Фёдара Трафімава, які, верагодна, прычыніў большую матэрыяльную страту царкве, дваранін Венядыкт Гамлікевіч за свой учынак атрымаў непараўнальна больш суровае пакаранне.
Падпалы. Пажары ў ХІХ ст. былі вельмі небяспечнай з’явай, а падпалы кваліфікаваліся як цяжкія злачынствы, якія часам перадаваліся ў кампетэнцыю ваенных судоў. У адрозненне ад крадзяжоў, што былі асэнсаванымі ўчынкамі, падпалы маглі быць ненаўмыснымі, па неасцярожнасці. Падобнае здарэнне адбылося ў 1839 г. у Суражскім павеце Віцебскай губерні, дзе згарэў фальварак, які належаў Тадулінскаму базыльянскаму манастыру. Вінаватай у пажары аказалася сялянская 12-гадовая дзяўчынка Матрона Грыгор’ева, і яе справа 27 лютага 1839 г. разглядалася ў Суражскім павятовым судзе. Дзяўчынка прызналася, што ненаўмысна падпаліла двор Яшкавічы. Суражскі павятовы суд пры разглядзе гэтай справы апеляваў да арт. 126 т. XV “Свода законов”. У ім гаварылася, што пры здзяйсненні такіх злачынстваў справы непаўналетніх, якія “торговой казни не подлежат” (вызваляюцца ад пакарання хлыстом, але злачынцы ад 10 да 15 гадоў атрымліваюць пакаранне розгамі, а ад 15 да 17 гадоў – бізунамі), разглядаюцца ў сумленных судах, а калі іх няма, то ў крымінальных палатах. У выніку Суражскі павятовы суд 6 сакавіка 1839 г. перадаў справу Матроны Грыгор’евай у Віцебскі сумленны суд [47] (на жаль, канчатковага прысуду выявіць не ўдалося).
У тых выпадках, калі падпалы непаўналетнімі былі наўмыснымі, яны былі выкліканы помстай або карыслівымі матывамі. Так, у азначаны перыяд сумленныя суды разгледзелі два выпадкі падпалаў з-за помсты. У 1842–1843 г. у Мінскім сумленным судзе разглядалася справа 13-гадовага селяніна Пятра Язэпчыка. Падсудны прызнаўся, што 2 верасня 1842 г. падпаліў двор селяніна Сенькі, у выніку чаго згарэла 3 двары і загінула малая дзяўчынка. Пётр Язэпчык расказаў, што быў адпраўлены гаспадаром з поля па хамут, а на адваротным шляху якраз і ўчыніў злачынства. Па словах падсуднага, “на половине дороги, по приключившейся ему какой-то дурной мысли, воротился назад и, зажегши тряпку, бросил оную на соломенную крышу крестьянина Сеньки, не имея к нему никакого неудовольствия” [48].
Быў праведзены павальны вобшук, і апытаныя аднавяскоўцы далі наступную характарыстыку Язэпчыку: “Поджог учинил по шалости и был замечен только в маловажных воровствах” [49]. Але ў ходзе следства адкрылася, што селянін Сенька незадоўга да здарэння злавіў і пакараў Пятра Язэпчыка за крадзеж ножыка і вяроўкі. Сыходзячы з гэтага, суд вырашыў, што падпал не вынік дзіцячага балаўства, а помста. На падставе арт. 138, 367, 799 т. XV “Свода законов” (1842) Мінскі сумленны суд вызначыў: “Подсудимого Езепчика, наказав 15 ударами розгами, сослать в Сибирь на поселение, где как виновного в смерти девочки, предать церковному покаянию по назначении духовной власти” [50]. Рашэнне было ўхвалена мінскім губернатарам Дамелмеерам і пададзена ў Сенат для канчатковага зацвярджэння. У выніку 28 чэрвеня 1843 г. Сенат даслаў сваё рашэнне ў Мінскі сумленны суд: “С разумением ли подсудимый учинил поджог, Сенат находит, что судя по летам его нельзя предполагать, чтобы он не имел понятия о гибельных последствиях своего поступка. Которое и случились с лишением малолетней девочки жизни. И при том поджог учинен вскоре после наказания, которое могло возбудить мщение. Следовательно вопрос разрешается, что поджог сделан с разумением” [51]. Такім чынам, Сенат цалкам пагадзіўся з прысудам, які вынес Мінскі сумленны суд.
Яшчэ адна справа пра падпал з-за помсты разглядалася ў Віцебскім сумленным судзе. Так, 18 лістапада 1846 г. памешчыца Гарадоцкага павета Комава звярнулася ў земскі суд з заявай, што 8 лістапада ў яе фальварку згарэў “стог с реями”. У падпале яна падазравала сваю 15-гадовую сялянку Аўдоццю Яфімаву. Па гэтай заяве часовае аддзяленне Гарадоцкага земскага суда правяло следства, вынікам якога стала прызнанне Аўдоцці Яфімавай у падпале.
Дзяўчына заявіла, што стог падпаліла з-за помсты гаспадыні, якая прымусіла яе ў дзень св. Міхаіла знаходзіцца на паншчыне, а не святкаваць [52]. У выніку справа была адаслана ў Віцебскі сумленны суд, які пастанавіў: “На основании 140, 145 і 2109 ст. Уложения о наказаниях. Ефимову наказать через полицейских служителей розгами 30 ударами, лишить всех прав состояния и сослать в каторжную работу на заводах на 3 года. А по истечении сего времени оставить ее в Сибири на поселение” [53]. Рашэнне сумленнага суда 8 сакавіка 1848 г. было пацверджана Сенатам [54].
Справы аб падпалах, звязаных з карыслівымі мэтамі, былі больш складанымі для паліцыі і судовых устаноў. Так, у ліпені 1842 г. Рэжыцкі земскі суд перадаў у Віцебскі сумленны суд справу Сцяпана Сямёнава 16 гадоў і Сафрона Фадзеева 13 гадоў, якія абвінавачваліся ў падпале дома памешчыка Рэжыцкага павета Паўла Буйніцкага 2 ліпеня 1842 г. [55]. Сцяпан Сямёнаў, які належаў памешчыку Буйніцкаму, расказаў суду, што за некалькі дзён да 2 ліпеня (28 чэрвеня) падгаварыў свайго таварыша Сафрона Фадзеева “взяться во двор для услужения в господских комнатах” і падабраць ключ да камоды, у якой ляжалі грошы. Раніцай, пакуль гаспадары спалі, Сафрон прынёс ключ, яны адчынілі камоду і ўбачылі 4 мяхі з серабром, а “поверху лежало около 10 штук мелкой монетой, и на двух листах были насыпаны серебряные и медные монеты”. Хлопцы, нічога не ўзяўшы, замкнулі камоду [56].
У ноч з 2 на 3 ліпеня Сямёнаў і Фадзееў зноў пракраліся ў дом, адчынілі камоду, усе грошы скінулі ў адзін мех і паклалі яго ў прынесены куфэрак. Куфэрак аднеслі ў хлеў, дзе схавалі ў загадзя выкапаную яму. Потым вярнуліся ў пакой, сярэбраную цукарніцу, якая стаяла на стале, паклалі ў камоду, каб яна расплавілася ў час пажару. Потым хлопцы падняліся на гарышча, дзе было “немало от столярской работы щепок”. Гэтыя шчэпкі расклалі ў чатыры куты і ва ўсіх чатырох месцах падпалілі дах панскага дома. Пасля гэтага падпальшчыкі спусціліся ўніз і ляглі спаць у спадзяванні, што начныя каравульныя ўбачаць агонь і ўсіх пабудзяць. Сафрон Фадзееў пацвердзіў словы таварыша, “во всём показал сходно” [57].
Толькі Віцебскі сумленны суд пачаў разгляд учынкаў Фадзеева і Сямёнава, як у судовым працэсе адбыўся нечаканы перапынак. Раптоўна справа падпальшчыкаў была адпраўлена ў Дынабургскі арданансгаўз “для предания их военному суду согласно высочайшему повелению от 28 октября 1842 г.”. Але вельмі хутка губернскае начальства вырашыла, што гэтая крымінальная справа была распачата раней за “Высочайшее повеления о суждении виновных в поджогах военным судом”, і загадала перадаць яе Рэжыцкаму павятоваму суду “для постановления решения по общим правилам закона” [58]. У сваю чаргу павятовы суд не стаў разглядаць справу непаўналетніх злачынцаў і яна зноў вярнулася ў Віцебскі сумленны суд. Увесь гэты час (больш за год) падсудныя Сямёнаў і Фадзееў знаходзіліся ў Віцебскім турэмным замку [59].
Нарэшце 10 ліпеня 1844 г. Віцебскі сумленны суд вынес прысуд Сямёнаву, у ім гаварылася: “Подсудимго крестьянского мальчика помещика Павла Буйницкого Степана Семёнова добровольно повинившегося, и по предыдущим розысканиям оказался виновным в похищении 563 рублей 6 коп. серебром, которые после поджога за отысканием возвращены. Учинили с приятелем Сафронам [Фадеевым] злоумышленного поджога жилого господского дома <…> сгорела первоначально окрашенная масляной краскою крыша, потом полы, потолки, окошки, двери и прочее. Преступление совершено с умыслом. На основании ст. 3, 123, 138 и 799 XV тома (1842 г.) лишить его всех прав состояния без телесных наказаний, сослать в каторжную работу сроком на 4 года, а потом в Сибирь на поселение” [60].
Другі падсудны Сафрон Фадзееў, акрамя падпальвання дома і крадзяжу грошаў, абвінавачваўся ў “ложном наименовании себя крестьянином помещика Ивана Буйницкого и вообще в бродяжничестве по разным местам без письменного вида”. Аднак з улікам яго 13-гадовага ўзросту на момант злачынства Віцебскі сумленны суд пастанавіў: “Лишить его всех прав состояния, наказать через помещицких служителей розгами, и, дав ему 30 ударов, сослать в Сибирь на поселение” [61].
Віцебскі сумленны суд перадаў справу Сямёнава і Фадзеева на рэвізію ў Сенат, які 7 жніўня 1844 г. яе разгледзеў і выявіў працэдурныя парушэнні. У выніку завяршэнне справы непаўналетніх падпальшчыкаў зацягнулася. 10 студзеня 1845 г. віцебскі губернатар Н. Кляменцьеў атрымаў імператарскі загад, каб справа Сямёнава і Фадзеева, якія знаходзіліся пад вартай у турэмным замку з 31 ліпеня 1842 г., была завершана “немедленно” [62].
У чэрвені 1843 г. вялікі пажар здарыўся ў Полацку. Ваенна-павятовы начальнік другой акругі Віцебскай губерні падпалкоўнік А. Агатонаў у рапарце віцебскаму губернатару Н. Кляменцьеву паведамляў, што 22 чэрвеня а першай гадзіне ночы ў Дамініканскім кляштары здарыўся пажар, які пачаўся на канюшні. Акрамя канюшні згарэлі сумежныя з ёю драўляныя пабудовы, а ў двухпавярховым каменным доме кляштара асабліва пацярпелі другі паверх, столь і дах, таксама згарэлі пакоі манахаў. Акрамя гэтага месцамі гарэў дах касцёла, а ўнутры касцёла – арган. Таксама агонь перакінуўся на блізкія дамы гараджан, што пагражала небяспекай усяму гораду. Толькі дзякуючы стараннасці гарадской паліцыі, выхаванцам Полацкага кадэцкага корпуса, а таксама жыхароў горада “пожар был прекращен не имея дальнейшего гибельного действия” [63].
Падпалкоўнік Агатонаў загадаў полацкаму паліц майстр у разам з дэпутатам з боку рымска-каталіцкага духавенства і павятовым страпчым стварыць камісію і правесці расследаванне. Даволі хутка былі знойдзены падазраваныя – дваранін Лявон Плавінскі (18 гадоў) і непаўналетні дваранін Ігнацій Скіндэр (15 гадоў), якія жылі і прыслужвалі ў манастыры. На допытах у Полацкім павятовым судзе яны прызналіся, што ўдзельнічалі ў падпале, але Плавінскі гаварыў, што браў удзел па запрашэнні Скіндэра, а Скіндэр заявіў, што “действовал по научению Плавинского”. Аднак на вочнай стаўцы Лявон Плавінскі заявіў, што кляштара разам з непаўналетнім Ігнаціем Скіндэрам не падпальваў, бо ў тую ноч быў у сваёй цёткі Марцаліны ў багадзельні, дзе яго бачылі і іншыя жанчыны. Пасля таго як гэта інфармацыя не пацвердзілася, ён заявіў, што начаваў у Марціна Арлова. Гэтыя словы ні Арлоў, ні яго жонка не пацвердзілі [64].
Аднак з-за таго, што пажар адбыўся пасля “Высочайшего повеления о суждении виновных в поджогах военным судом” ад 28 кастрычніка 1842 г., справа непаўналетняга Ігнація Скіндэра не была перададзена ў Віцебскі сумленны суд. А 31 ліпеня 1843 г. А. Агатонаў загадаў Полацкаму павятоваму суду стварыць ваенна-судовую камісію з афіцэраў унутранага віцебскага гарнізоннага батальёна для суда над гэтымі падпальшчыкамі. Падчас дзейнасці гэтай камісіі Лявон Плавінскі пацвердзіў “свое запирательство”. Непаўналетні Ігнацій Скіндэр адмовіўся ад сваіх ранейшых паказанняў, заявіў, што зрабіў іх з перапуду [65].
Камісія ваеннага суда працавала да студзеня 1844 г., у дакументах за 18.01 адзначалася: “Хотя Леон Плавинский и несовершеннолетний Игнатий Скиндер на передопросе отрекаются, что поджог в доминиканском монастыре не делали <…> в первоначальных показаниях следственной комисии учиненных сами добровольно сознались, что они подожгли монастырь в намерении воспользоваться имуществом в нём находящемся” [66]. Далей адзначалася, што паказанні пра іх месца знаходжання ў тую ноч у розных людзей па-за сценамі манастыра не пацвердзіліся. Таму камісія пастанавіла прызнаць Лявона Плавінскага і Ігнація Скіндэра вінаватымі. Гэтае злачынства яны здзейснілі “с разумением и по обоюдному умыслу”, таму пасля пазбаўлення усіх правоў стану іх належала выслаць на катаржную працу. Адносна Ігнація Скіндэра было ўдакладненне. Яго 15-гадовы ўзрост пацвердзіў Віленскі дваранскі дэпутацкі сход, у выніку ваенна-судовая камісія прысудзіла яму пяцігадовы тэрмін катаргі [67]. Прысуд быў адасланы на зацвярджэнне імператару, які змяніў від пакарання. У дакуменце, які Н. Кляменцьеў атрымаў ад Мікалая І 13 траўня 1844 г., гаварылася: “Находившихся в услужении при Полотском Доминиканском монастыре дворян: Леона Плавинского и Игнатия Скиндера, сужденных военным судом за поджег, отдать в военную службу, куда окажутся годными” [68].
Нягледзячы на ўжо вынесены прысуд, на пачатку чэрвеня 1844 г. да віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара П. Дзьякава звярнулася з прашэннем маці Ігнація Скіндэра дваранка Полацкага павета Тэрэзія Скіндэр. Яна скардзілася на засядацеля Полацкага земскага суда Лянкевіча, які “пристрастно допрашивал малолетнего сына ее”. Таксама Тэрэза Скіндэр заяўляла, што справу яе сына павінен быў разглядаць сумленны, а не павятовы суд. У сувязі з гэтым жанчына прасіла генерал-губернатара вызваліць сына з-пад варты [69]. На што 23 чэрвеня 1844 г. П. Дзьякаў адказаў: “Усматривая, что поджигатели Леон Плавинский и Игнатий Скиндер были суждены военным судом <…> и за поджог повелено отдать их в военную службу куда окажутся годными <…> объявить жительствующей Полоцкого уезда в местечке Волынцах дворянке, матери Игнатия Скиндера, Терезии Скиндер, что за сим поданной ею ко мне по настоящему делу просьбе никакого распоряжния сделать не могу” [70].
Сексуальныя злачынствы. Крымінальныя справы аб сексуальным гвалце з боку непаўналетніх у судовыя інстанцыі Мінскай і Віцебскай губерняў траплялі не часта. За азначаны перыяд выяўлена тры такія справы, і ўсе яны насілі гетэрасексуальны характар. Верагодна, згвалтаванняў сярод непаўналетніх было больш, але з-за іх цяжкадаказальнасці судовыя інстанцыі разглядалі толькі самыя відавочныя выпадкі.
Напрыклад, у траўні 1842 г. Полацкі земскі суд разглядаў скаргу, пададзеную полацкім мешчанінам Дзмітрыем Празоравым. У ёй гаварылася, што 10 траўня 1842 г. 16-гадовы селянін Ціхан Раскалод (належаў памешчыку Гарадоцкага павета Азанчэўскаму, але працаваў у мешчаніна Пятра Грыгор’ева ў Полацкім павеце), згвалціў яго 3-гадовую дачку Куліну. Таксама Празораў прасіў зрабіць медыцынскі агляд дзяўчынкі [71]. Запрошаны павятовы штаб-лекар Кучынскі правёў агляд і зрабіў наступнае заключэнне: “Хотя со стороны насиловщика было усилие к совершенному изнасилованию над трёхлетним ребенком, у которого детородные части в сравнении с его слишком малы, то и не совершил. А только как нарушены детородные части…” [72]. У выніку гвалтаўнік Ціхан Раскалод быў змешчаны ў турэмны замак да “востребования” суда [73]. Досыць хутка справа трапіла ў Віцебскую палату крымінальнага суда, адкуль была перададзена ў Віцебскі сумленны суд. У дакументах суда было запісана: “Хотя подсудимый Тихон Расколод на первоначальном допросе в присутствии Полоцкого земского суда 15 мая 1842 г. изъясняется тем, что якобы допустился к совершению такового преступления в пьяном виде. Но как преступление учинено по пьянству, с доказанным намерением произвести оное <…> увеличивает степень наказания” [74]. У выніку сумленны суд прапанаваў падсуднага Ціхана Раскалода, які здзейсніў злачынства “с умыслом и с разумением”, на падставе арт. 3, 7, 8, 9, 10, 138, 787 і 789 т. XV (1842) пазбавіць усіх правоў стану і без цялеснага пакарання выслаць на катаржную працу на адзін год, а пасля заканчэння тэрміну пакінуць у Сібіры на пасяленне [75].
Справа 16-гадовага злачынцы Раскалода была адпраўлена на рэзалюцыю ў Сенат, які 5 снежня 1843 г. паведаміў віцебскаму губернатару Н. Кляменцьеву, што Віцебская крымінальная палата ад самага пачатку няправільна прызнала Раскалода непаўналетнім і перадала справу ў Віцебскі сумленны суд. Памылка здарылася ў час вызначэння разумовых здольнасцяў злачынцы ў губернскім праўленні, калі па знешнім выглядзе яго ўзрост быў вызначаны як 16 гадоў. Гарадоцкае павятовае казначэйства на запыт Сената паведаміла, што падсудны Ціхан Раскалод “в достаточных летах” і на момант злачынства яму было не 16, а 22 гады. У сувязі з гэтай памылкай Сенат нагадваў: “Определение по наружному виду допускается только в случае невозможности почерпнуть сведения о летах подсудимого из источников более верных, как ревизские сказки или метрические книги”. У выніку на падставе арт. 895, 1291, 1303 т. XV “Свода законов” Сенат загадаў: “Признав крестьянина Расколода совершившим преступление в совершеннолетии [считать] приговор совестного суда недействительным. Обратить в Витебскую уголовную палату для рассмотрения, решения и поступления по закону” [76].
Злачынствы сексуальнага характару з боку дзяцей часам здзяйсняліся з-за цікаўнасці, без разумення і асэнсавання і самога ўчынку, і яго наступстваў. Напрыклад, 29 чэрвеня 1847 г. да прыстава 3-га стану Ігуменскага павета звярнулася мяшчанка ўдава Анэля Хмілеўская, якая жыла ў засценку Малахаўшчызна. Жанчына заявіла, што 26 чэрвеня ў 4 гадзіны дня ў яе двары гулялі дзеці суседа яўрэя Міхеля – хлопчыкі Копель і Сроль, а таксама дзяўчынка Ітуся. Анэля пакінула з імі сваю паўтарагадовую дачку Юлію, а сама пайшла па ваду. Калі жанчына вярнулася, то пачула плач дачкі, зайшла ў хату і ўбачыла Юлію на руках у старэйшага хлопчыка Копеля. Яна забрала дзяўчынку, а яўрэйскія дзеці пайшлі дадому. З-за таго, што дачка ніяк не супакойвалася, маці пачала яе аглядаць і ўбачыла, што дзяўчынка падверглася гвалту і атрымала траўмы “детородных частей” [77].
У злачынстве Анэля Хмілеўская западозрыла суседскіх яўрэйскіх хлопчыкаў, пайшла да іх у дом і распытвала дзяцей. Старэйшы Копель спачатку сказаў, што занёс дзяўчынку ў хату, бо тая пачала плакаць. А калі хацеў паставіць яе на лаву, то выпадкова выпусціў на падлогу. Потым ён сказаў, што гэта ягоная сястра Ітуся згвалціла Юлію. Анэля Хмілеўская ўмацавалася ў падазрэнні і выправілася па дапамогу да памешчыка Лукашэвіча. У выніку Копель пад вартай быў дастаўлены да прыстава трэцяга стану [78].
Прыстаў выклікаў у станавую канцылярыю штатнага лекара Жахоўскага для медыцынскага агляду Юліі Хмілеўскай. У медыцынскім заключэнні за 29 чэрвеня 1847 г. было запісана: “Грудное дитя было растлено тупым, но не острым орудием” [79]. Таксама Жахоўскі правёў агляд яўрэйскага хлопчыка Пагосцкай грамады Копеля Міхелева 12 гадоў і знайшоў плямы крыві на лапсердаку [80].
У той жа дзень 29 чэрвеня паміж Анэляй Хмілеўскай і хлопчыкам Копелем была праведзена вочная стаўка. Урэшце хлопчык прызнаўся ў сексуальных дзеяннях у адносінах да Юліі Хмілеўскай. Свой учынак ён патлумачыў тым, што аднойчы “случилось мимоходом видеть через окно какого-то мужика прелюбодействовавшего с незнакомой ему девкою в пустой бане”. Пасля гэтага ў хлопчыка з’явілася цікаўнасць і жаданне паспрабаваць, што гэта такое. Калі ягоны малодшы брат выйшаў з хаты, ён “взял девочку Юлию на колени и <…> растлил” [81].
Справа Копеля ў жніўні 1847 г. разглядалася ў Мінскім сумленным судзе, а потым была перададзена ў Сенат. Канчатковае рашэнне было прынята 15 снежня 1847 г. і даслана ў Мінскае губернскае праўленне [82]. У сенацкім дакуменце гаварылася: “Правительствующий Сенат соображая вышеизложенные обстоятельства находит, что еврей Копель Михель 12 лет собственным сознанием изобличался в растлении малолетней Юлии Хмилевской, имевшей тогда 1 год и 4 месяца. За это Михелев в случае совершеннолетия подлежал бы на основании ст. 1998 Уложения о наказаниях лишению всех прав состояния, ссылке в каторжные работы в крепостях на время от 10 до 12 лет и наказанию плетьми через палача от 60 до 70 ударов с наложением клейма. По несовершеннолетию же подсудимого, так как преступление совершено им с разумением, должно быть заменено по силе ст. 144 Уложения о наказаниях ссылкою в Сибирь на поселение без телесных наказаний” [83].
Справа, якая разглядалася судовымі інстанцыямі Мінскай губерні ў 1834 г. аб згвалтаванні непаўналетнімі хлопчыкамі 10-гадовай дзяўчынкі, з’яўляецца прыкладам цяжкадаказальнасці сексуальнага гвалту, а таксама адлюстроўвае неадназначнае стаўленне з боку афіцыйных інстанцый да такога кшталту злачынстваў. У ліпені 1834 г. дваранін Мінскага павета засценка Падсасонне Ігнацій Паланевіч на гербавай паперы за 50 кап. напісаў прашэнне наступнага зместу: “Всепресветлейший Державнейший Великий Государь Император Николай Павлович Самодержец Всероссийский Государь Всемилостивейший <…> 18 июля сего года дочь моя Валерия выгнала скот на пастбище, где находились сыновья дворян Василий Петров Баровский и Адольф Иванов Павлович. Которые напав на мою дочь снасильничали оную. Для того всеподданейше прошу дабы высочайшей властью императорской указом поверено было сие мое прошение в Минском земском суде принять. Откомандировать в Минскую врачебную управу, которая в лице чиновника освидетельствовала причиненное моей дочери насилие. Сделать законное распоряжение к выкрыванию истиных виновных по законам наказать” [84].
Медыцынскі агляд дзяўчынкі, які быў праведзены 18 жніўня 1834 г., пацвердзіў, што “дочь Полоневича растлена [85] и лишена целомудрия” [86]. Аднак толькі 5 снежня 1834 г. засядацель Мінскага земскага суда, які праводзіў следства па гэтай справе, падаў рапарт у Мінскі павятовы суд. У дакуменце гаварылася, што жыхарка засценка Падсасонне дачка Ігната Паланевіча 10-гадовая Валерыя 18 ліпеня пагнала жывёлу ў поле. У гэты час там былі хлопчыкі Іпаліт Паланевіч, Адольф Паўловіч і Васіль Бароўскі, якія пачалі даганяць і лавіць дзяўчынку, а злавіўшы, “завернули рубашку на голову, водили нагой по полю”. Калі хлопчыкі адпусцілі Валерыю, яна сказала, што “о таких шалостях” раскажа бацькам, і накіравалася дадому. Тады Васіль Бароўскі і Адольф Паўловіч яе спынілі і павалілі на зямлю, адзін хлопчык трымаў яе рукі, а другі “снасильничал” [87].
Са свайго боку Мінскі павятовы суд запрасіў і атрымаў з кансісторыі дакладныя звесткі пра ўзрост падсудных. Так, “недоросль из дворян” Адольф Паўловіч меў 13 гадоў, а Васіль Бароўскі “из однодворского звания” меў 12 гадоў. На вочнай стаўцы хлопчыкі прызналіся, што здзейснілі гвалт над Валерыяй Паланевіч. Суд адзначыў, што гэтыя дзеянні адпавядаюць арт. 675 [88] і арт. 676 [89] (XV т. “Свода законов”), аднак палічыў неабходным узяць пад увагу “молодость лет растлившего Полоневич Павловича и способствовавшего ему в том Боровского” і высветліць, ці з разуменнем зроблена гэтае злачынства [90]. Па меркаванні Мінскага павятовага суда Бароўскі і Паўловіч учынілі гвалт “единственно по шалости”, іх учынак быў здзейснены без разумення і “по незнанию о последствиях от того возникнуть могущих”. Як сведчаць дакументы, увогуле быў выказаны сумнеў, што падсудныя згвалцілі Валерыю Паланевіч, бо сведка Іпаліт Паланевіч бачыў, як хлопчыкі качалі дзяўчынку па зямлі, “но чтобы они были намерены оную изнасиловать, того производством не обнаружено”. У выніку суд пастанавіў: “Предоставить их родительскому наказанию и исправлению”. Пасля гэтага справа аб згвалтаванні Валерыі Паланевіч была адаслана на рэвізію ў Мінскую палату крымінальнага суда [91].
Са свайго боку Мінская палата крымінальнага суда прызнала: не падлягае сумневу, што малалетняя Валерыя Паланевіч была “лишена девства” [92]. Аднак факт злачынства паставілі пад сумнеў, і аргументы былі наступныя. Па-першае, у той дзень, калі быццам бы адбыўся гвалт, дзяўчынка не паскардзілася ў паліцыю. Таму можа быць верагодным, што замест Паўловіча хто-небудзь іншы “с согласия самой Полоневич растлил ее”, а яна, каб пазбегнуць бацькоўскага пакарання, абвінаваціла Паўловіча ў згвалтаванні, “потому только, что он производил с нею похожие на то шалости”. Па-другое, скарга двараніна Паланевіча і акт медыцынскага агляду дзяўчынкі пададзены праз месяц пасля здарэння. Па-трэцяе, ад прызнання ў згвалтаванні Валерыі Паланевіч, якое было зроблена не на першым допыце, а на вочнай стаўцы [93], Адольф Паўловіч адмовіўся на перадопыце ў крымінальнай палаце. У выніку Мінская палата крымінальнага суда прыйшла да высновы, што паводле арт. 1029 т. XV “Свода законов” нельга прызнаць Адольфа Паўловіча “совершенно изобличенным в возведении на него преступления”. У пастанове гаварылася: “Подсудимого Павловича оставить в сильном подозрении. И за то, что он покушался на оное выдержать в остроге 2 недели. А однодворца Боровского за соучастие в действиях Павловича, наказать 15 ударами розг. Обоих отдать на церковное покаяние по исповедуемой религии” [94].
З рашэннем Мінскай крымінальнай палаты пагадзіўся мінскі губернатар А. фон Дрэбуш, аднак катэгарычна быў супраць губернскі пракурор. У сваім пратэсце ён тлумачыў: “Изнасилование Павловичем Полоневич доказывается собственным его признанием. И лекарь свидетельствовал. В действии Павловича представляется не одна шалость, а преступление с разумением при пособии Боровского учиненное. Что по силе Свода законов уголовных т. 15 ст. 13, 675, 676, 1029, 1030, 1035 и в продолжении 126 оба они подлежат обвинению. Посему и следует Павловича лишив дворянства отдать в военные кантонисты. А по наступлению совершеннолетия предать церковному покаянию. Соучастника его Боровского отдать в военную службу в какую годным окажется” [95]. Таксама пракурор патрабаваў, каб з маёмасці злачынцаў для “обесчещенной Полоневич” была выплачана кампенсацыя.
Сенат падтрымаў пазіцыю губернскага пракурора і зрабіў па справе ўдакладненні: “Хоть на передопросе в уездном суде Павлович отрекся от своего признания, объявил, что учинил оное от испуга. Но сие отрицание не заслуживает уважение, потому что не согласно с происшествием. И при том товарищ его Боровский не изменил своего сознания в соучастии в преступлении” [96]. Заяўляючы, што Валерыю Паланевіч згвалціў нехта іншы, ні бацька Адольфа Паўловіча, ні сам падсудны “не объясняют никого другого виноватого в изнасиловании Полоневич”. Хоць бацька дзяўчынкі прынёс скаргу ў паліцыю не адразу пасля здарэння, аднак на месцы жыхарства “оное было немедленно оглашено”. Такім чынам, не застаецца сумневаў, што Паўловіч вінаваты ў згвалтаванні Паланевіч, а Бароўскі ў саўдзеле [97]. Падсудныя, улічваючы іх узрост, зрабілі злачынства з разуменнем, аднак “по несовершеннолетию своему не могли иметь полного понятия о важности сего преступления, и знать о строгости наказания”. У выніку Сенат загадаў Адольфа Паўловіча пазбавіць “шляхецкого именования и право доказывать дворянство” [98], аддаць яго і аднадворца Бароўскага без цялесных пакаранняў у вайсковую службу, да якой будуць прыдатныя. У выпадку няздольнасці да вайсковай службы – выслаць на пасяленне ў Сібір. На карысць Валерыі Паланевіч спагнаць грашовы штраф, вызначаны Літоўскім статутам, з маёмасці, якая ім павінна адысці ў спадчыну [99].
Забойствы. Значная частка крымінальных спраў з удзелам непаўналетніх, якія разглядаліся ў судовых інстанцыях Віцебскай і Мінскай губерняў, датычыліся забойстваў. Гэтыя справы можна падзяліць на некалькі груп. У першую чаргу гэта ненаўмысныя забойствы па неасцярожнасці або няшчасныя выпадкі.
Напрыклад, 29 сакавіка 1835 г. Гарадоцкі павятовы суд разглядаў справу, якая паступіла ад Гарадоцкага земскага суда, аб застрэленай з ружжа 12-гадовай дзяўчынцы памешчыка Мікалая Бесарабскага Агаф’і Клімавай і датычнага да гэтага дваровага хлопчыка таго жа памешчыка 8-гадовага Кузьмы Фядотава. Пра смерць дзяўчынкі ў Гарадоцкі земскі суд 31 снежня паведаміў сам памешчык Мікалай Бесарабскі. На месца здарэння накіраваўся земскі спраўнік Яхшановіч, дзе ў прысутнасці павятовага страпчага правёў апытанне сведкаў. Хлопчык Кузьма Фядотаў расказаў, што “в декабре месяце, не помнит какого числа, среди дня находился с девочкой Агафьей в гостинной комнате дома барина своего, бывшего в то время на дворянских выборах в Витебске. И шаля с нею, Климовою, зацепились каким то нечаянным образом за находившееся возле кровати ружьё так, что оно выстрелив попало в Агафью” [100]. Кузьма Фядотаў спужаўся і выбег з пакоя. Таксама пад прысягай былі ўзяты паказанні ў дваровай дзеўкі Ульяны Данілавай. Яна заявіла, што першая пачула ружэйны стрэл і прыбегла ў пакой, дзе знайшла толькі Агаф’ю, якая ляжала на ложку. Ульяна пачала дапытвацца, што з ёю здарылася. Агаф’я, перад тым як страціць прытомнасць, сказала, што “шалили с Кузьмою, не знает каким образом дотронулась до ружья и от того произошел выстрел и попал в неё”. Таксама прыходскі святар Мацей Яновіч пацвердзіў, што ў смерці дзяўчынкі “никакой умышленности не было”. Яна яму на споведзі перад смерцю сказала, што стрэл “последовал от совместной шалости с Федотовым” [101].
У выніку Гарадоцкі павятовы суд, абапіраючыся на шэраг артыкулаў [102] XV т. “Свода законов”, прыйшоў да высновы, што ў смерці Агаф’і Клімавай ніякай наўмыснасці не было [103]. У судовай пастанове было запісана: “Предать суду и воле Божьей восьмилетнего мальчика Кузьму Федотова для очищения совести за неосторожную шалость на основании 336 и 340 статей отдать на церковное покаяние по назначении на то места и времени в Полоцкую духовную консисторию. Дело отправить <…> в Витебский совестный суд” [104].
Падобны выпадак здарыўся ў 1840 г. у Мінскай губерні (дакладны населены пункт у дакументах не называецца). Сутнасць справы заключалася ў тым, што 16-гадовы сялянскі хлопец Георгій Яцына разам са сваім сябрам сялянскім хлопцам Іванам Мяшковым пайшоў па нейкай патрэбе ў хату да каваля [105]. Калі ўжо збіраліся выходзіць, Георгій Яцына ўбачыў каля сцяны ў сенцах паляўнічую стрэльбу і “стал пробывать исправность замка”. Раптам ружжо стрэліла і зарад шроту трапіў у плечы Івана Мяшкова, які стаяў за дзвярыма. Ад раненняў Мяшкоў памёр у той жа дзень, але перад смерцю сказаў, што сябра застрэліў яго выпадкова, і прасіў не абвінавачваць [106]. Са свайго боку бацькі Мяшкова, як і іншыя людзі, станоўча ахарактарызавалі Георгія: “не имея на Яцыну никаких подозрений, отозвались, что он ни в каких других поступках не был замечен. И всегда был поведения кроткого, смирного и покорного” [107]. У выніку справа дайшла да вышэйшай інстанцыі і 24 студзеня 1840 г. у Мінскае губернскае праўленне прыйшло канчатковае рашэнне. У ім гаварылася: “Признавая, что выстрел, причинивший смерть Мешкову, был нечаянным. Постановил подсудимого Яцыну не подвергать никакому наказанию <…> с подтверждением, чтобы в обращении с огнестрельным оружием был осмотрителен” [108].
У Віцебскім сумленным судзе 11 жніўня 1843 г. разглядалася справа 12-гадовага сялянскага хлопчыка князя Вітгенштэйна Пахома Міхайлава, які падазраваўся ў датычнасці да ўтаплення ў рацэ Еменцы сялянскага хлопчыка Сцяпана Юдзіна. У ходзе следства было ўстаноўлена, што малалетнія сяляне вёскі Вавуліна Пахом Міхайлаў, Сцяпан Юдзін і Аляксандр Антонаў пасвілі скаціну каля рэчкі. Хлопчыкі спачатку гулялі, а потым Юдзін з Міхайлавым пачалі валтузіцца на беразе ракі і абодва ўпалі ў ваду. Трэці хлопчык Аляксандр Антонаў, убачыўшы, што Міхайлаў недалёка ад берага, падаў яму палку і выцягнуў з вады. Антонаў спрабаваў выратаваць жыццё і другога свайго сябра, але па малалецтве “довершить сего не успел”. Сцяпана Юдзіна цячэннем аднесла ад берага, і ён патануў. У выніку Віцебскі сумленны суд прыйшоў да высновы, што падсудны Пахом Міхайлаў без “умысла и намерения”, а толькі па неасцярожнасці паспрыяў трагічнаму здарэнню. У пастанове суда гаварылася: “Оставить Пахома Михайлова свободным, а для очищения совести отдать на церковное покаяние” [109].
Другая група – гэта забойствы, здзейсненыя малалетнімі і непаўналетнімі па неразуменні або мэтанакіравана. Напрыклад, у Віцебскай губерні ў Дынабургскім павеце ў вёсцы Маслава 24 жніўня 1831 г. здарылася забойства. Аглонскі ключвойт данёс Дынабургскаму земскаму суду, што двухгадовы хлопчык Ігнацій, сын екабштацкай мяшчанкі Ульяны Кірылавай, быў забіты пяцігадовым хлопчыкам Пятром, сынам друйскага мешчаніна Лукі Осіпава. У рапарце гаварылася, што Ігнацій атрымаў ззаду ўдар у патыліцу, а на правай шчацэ былі колатыя раны. У ходзе следства засядацель Дынабургскага земскага суда Акаловіч правёў допыт малалетняга забойцы. Пётр Осіпаў расказаў, што гуляў з Ігнаціем, а потым знайшоў палку “кривую на подобие молотка” і ўдарыў ёй па галаве двухгадовага хлопчыка. Ігнацій пабег з крыкамі да дзвярэй, але Пётр яго дагнаў, біў па галаве, а потым пачаў калоць [110].
Пасля заканчэння следства Дынабургскі земскі суд перадаў справу ў Дынабургскі магістрат, які 24 траўня 1832 г. пачаў яе разгляд. Па ўдакладненых звестках стала вядома, што трагедыя адбылася не 24, а 23 жніўня 1831 г. у вёсцы Маслава Дынабургскага павета ў доме ўдавы дынабургскага мешчаніна Фёдара. Аднак сведкаў гэтага здарэння няма, бо ў доме нікога, акрамя дзяцей, не было. Першай на месцы трагедыі аказалася маці 5-гадовага Пятра Праскоўя Сцяпанава. На судзе паказала, што шукала на вуліцы свайго сына, які кудысьці знік, і пачула ў суседнім доме “крик ребячий”. Зайшоўшы ў дом удавы, убачыла свайго сына, які стаяў над збітым Ігнаціем, аднак “будучи в метре не заметила, было ли что-то в руках сына” [111]. У судовых дакументах адзначалася: “Если верить показаниям взятым заседателем Околовичем от пятилетнего мальчика Петра, то должно видеть в нём виновника смертоубийства. Других же обстоятельств к какому либо подозрению не открылось” [112]. З-за таго, што 5-гадовы хлопчык Пётр учыніў забойства па неразуменні і па законе не мог адказваць за свае ўчынкі, магістрат для фармальнага закрыцця гэтай справы перадаў яе ў Віцебскі сумленны суд [113].
Яшчэ адно забойства па неўсведамленні здарылася ў красавіку 1833 г. у маёнтку памешчыцы Багамольцавай у Віцебскай губерні. Для вядзення следства 25 красавіка ў маёнтак прыбыў засядацель Віцебскага земскага суда Станкевіч. Ён разам з павятовым штаб-лекарам і павятовым страпчым правялі агляд цела 11-гадовага сялянскага хлопчыка з вёскі Фалкавічы. Знешні агляд не паказаў ніякіх сур’ёзных пашкоджанняў, акрамя сукравіцы ў носе і роце. Анатамаванне ж выявіла ўнутраныя пашкоджанні і крывацёк [114].
У збіванні і смерці Івана Яцкава быў абвінавачаны малалетні хлопчык Марцін, сын дзяка Фалкавіцкай царквы Фёдара Шостака. Спачатку хлопчыка судзіў Віцебскі павятовы суд, а потым справа была перададзена ў Віцебскую палату крымінальнага суда. У рашэнні гэтай судовай інстанцыі ад 27 ліпеня 1833 г. гаварылася: “Мнение по прописанному делу Витебского уездного суда <…> находя правильным и с законами согласным утвердить, с тем дабы над малолетним мальчиком Мартином Шостаком по содержанию указа 2 мая 1765 г. дабы было произведено наказание розгами не отцом его, а при земской полиции через ее служителя дать ему 15 ударов. Чтобы учиненное им Шостаком преступление не было ему впредь поставлено ни в какое подозрение” [115]. У дакументах гэтай справы не пазначаны ўзрост малалетняга Марціна Шостака, аднак рашэнне крымінальнай палаты сведчыць, што хлопчык яшчэ не дасягнуў узросту судовай адказнасці.
Судовыя інстанцыі ў дачыненні да дзяцей-забойцаў дакладна прытрымліваліся ўзроставай мяжы судовай адказнасці. У гэтай сувязі паказальная справа разглядалася Віцебскім сумленным судом у студзені 1848 г. Сялянскія хлопчыкі памешчыка Дрысенскага павета фон Вейдліга браты 12-гадовы Людвіг Шарын і 10-гадовы Тамаш Шарын былі абвінавачаны ва ўтапленні 8-гадовага хлопчыка Восіпа Паўлюкевіча. Суд прыйшоў да заключэння, што гэта не быў няшчасны выпадак, і Людвіг з Тамашом сапраўды вінаваты ў смерці Восіпа Паўлюкевіча. У выніку 12-гадовы Людвіг Шарын быў пакараны пазбаўленнем усіх правоў стану і без цялеснага пакарання высланы на пасяленне ў Сібір. А ягоны брат 10-гадовы Тамаш Шарын за тое ж самае злачынства быў аддадзены для “исправления и наставления его родителям”. Такое рашэнне Віцебскага сумленнага суда было ўхвалена Сенатам [116].
Дакладныя матывы дзяцей пры здзяйсненні забойства ў судовых дакументах не зафіксаваны. Аднак, улічваючы ўзрост забойцаў, можна меркаваць, што такія выпадкі здараліся спантанна ў час сваркі або з-за крыўды. Выяўлена толькі адна крымінальная справа, дзе непаўналетні забойца не толькі меў матыў, але і планаваў забойства. Так, 25 красавіка 1845 г. у маёнтку памешчыка штаб-ротмістра Івана Зарэмбы Азупіна ў хаце каля карчмы Трыднёўка (Трыдні) сяляне знайшлі цела дзяўчыны. Пра здарэнне паведамілі ў Люцынскі земскі суд, і 30 красавіка 1845 г. прыстаў першага стану прыбыў на месца. Ён высветліў, што забітай дзяўчыне было 15 гадоў, яе звалі Аўгуста Альбіна Вільгельміна Якубава і што яна была дачкой кавальскіх спраў майстра мешчаніна горада Вендэна Ліфляндскай губерні Якуба Рэйнгальда Крэйцэра. Цела ж было знойдзена ў хаце, якую каваль Крэйцэр выкарыстоўваў для працы [117].
Прыстаў 4 траўня 1845 г. апытаў 60-гадовага бацьку забітай дзяўчыны Якуба Крэйцэра. Мужчына расказаў, што ў лютым 1845 г. быў па справах у горадзе Апочцы Пскоўскай губерні і з-за хваробы затрымаўся на 7 тыдняў. У яго адсутнасць старэйшы сын, 17-гадовы Карл, вырашыў прадаць ягоныя “инструменты кузнечных дел мастерства”. Супраць гэтага выступала 15-гадовая дачка Альбіна, аднак Карл яе не слухаў і “всё более вовлекал себя в развратную жизнь”. Дзяўчына паабяцала ўсё расказаць бацьку і таксама выправілася ў Апочку. Калі Якуб Крэйцэр з дачкой вярнуўся дамоў, ён не знайшоў ні сваіх кавальскіх інструментаў, ні харчовых запасаў. Бацька спрабаваў даведацца ад сына, куды і каму ён усё прадаў. Сын заявіў, што “продавал многие вещи проезжавшим неизвестным лицам, а другие в Люцине евреям”. У выніку каваль быў вымушаны пакінуць дом і выправіўся ў Люцын, каб набыць хоць якія інструменты ды харчы [118].
Калі Якуб Крэйцэр праз некалькі дзён вярнуўся з Люцына, Альбіны дома не было. Спачатку Карл сказаў, што яна выправілася ў Апочку да старэйшай сястры. Праз чатыры тыдні пасля таго, як знікла дачка, Якуб вярнуўся дадому і знайшоў, што дзверы былі падпёрты звонку, а ў хаце сядзеў толькі малодшы сын, дзесяцігадовы Леанард. Хлопчык сказаў, што Карл забраў дакументы, пасцельную бялізну, замкнуў яго ў хаце і пайшоў. У гэты час у дом зайшлі сяляне памешчыка Зарэмбы і сказалі, што недалёка ад карчмы ў хаце ў падпечку знайшлі цела яго дачкі [119].
Прыстаў першага стану дапытаў Леанарда Крэйцэра, які заявіў, што Карл хацеў адпомсціць Альбіне за “объявление отцу о растрате вещей”. Ён сказаў малодшаму брату, што збіраецца купіць некалькі калачоў, паспрабаваць імі прывабіць сястру і забіць, каб спыніць яе пастаянныя даносы бацьку. План Карла Крэйцэра ўдаўся. Альбіна з малодшым братам Леанардам былі ў хаце недалёка ад карчмы, калі прыйшоў Карл з “тремя десятикопеечными калачами”. Старэйшы брат спачатку частаваў сястру, а потым паваліў дзяўчыну на падлогу і “ударил несколько раз обухом в затылок”, а потым біў па галаве малатком. Калі пераканаўся, што сястра нежывая, падцягнуў яе да печкі, ля якой была яма для захоўвання зімой гародніны. У яму зацягнуў цела сястры і прысыпаў зямлёй. Потым пачысціў падлогу і сцены ад крыві, а малодшаму брату загадаў пад пагрозай смерці маўчаць пра тое, што бачыў [120].
Забойца Крэйцэр быў затрыманы ў Апочцы і 16 траўня пад вартай адпраўлены ў Люцын [121]. На допыце 18 траўня 1845 г. у Люцынскім земскім судзе Карл Крэйцэр прызнаўся, што забіў сваю сястру Альбіну, аднак заявіў, што ў час забойства ён трымаў сястру і заціскаў ёй рот, а малодшы брат Леанард па ягоным загадзе біў яе тапаром і малатком па галаве [122]. Земскі суд 31 траўня 1845 г. перадаў справу аб забойстве Альбіны Крэйцэр у Люцынскі гарадавы магістрат, які ў сваю чаргу 7 чэрвеня 1845 г. перадаў яе ў Віцебскі сумленны суд. Тым часам 17-гадовы Карл і 10-гадовы Леанард былі змешчаны ў турэмны замак [123].
14 жніўня 1845 г. Віцебскі сумленны суд разглядаў справу непаўналетніх вендэнскіх мяшчан Крэйцэраў – Карла 16 гадоў (верагодна, суд спраўдзіў узрост злачынцы) і Леанарда 10 гадоў. Першага судзілі за забойства роднай сястры Альбіны Крэйцэр, а другога – за “знание о злоумышленном замысле его [Карла] на убийство сказанной сестры их и необъявления о том в свое время никому” [124]. У выніку Карл на падставе арт. 137, 138, 360, 372, 373, 1186, 1181 т. XV “Свода законов” (1842) быў прызнаны вінаватым у забойстве Альбіны [125]. У прысудзе было запісана: “Как имевшего во время совершения преступления 16 лет и учиненное в разумении, лишить всех прав состояния, бес телесного наказания сослать в каторжную работу на 8 лет, а потом оставить в Сибири на поселение. Предоставить тамошнему лютеранскому духовенству назначения места по времени церковного покаяния за небытие им от времени рождения своего никогда в исповеди” [126]. У дачыненні да малодшага брата суд прыйшоў да наступнай высновы: “Подсудимый Леонард Крейцер умалчивал о преступлении своего брата без ра зумения. По силе ст. 138 и 366 т. XV наказать его при Люцинском городском правлении розгами и, дав ему 10 ударов, потом, как на повальном обыске в поведении одобрен, возвратить на прежнее жилище, с подтверждением, чтобы на дальнейшее время в подобных случаях был осмотрителен и о злоумышленных поступках сопряженных с опасностью жизни доносил по порядку” [127].
У трэцюю групу вылучаюцца справы, дзе непаўналетнія здзейснілі забойства пад прымусам бацькоў або саўдзельнічалі ў ім. Напрыклад, 14 студзеня 1834 г. Віцебскі сумленны суд разглядаў справу пра забойства селянінам памешчыцы Шадурскай Фёдарам Івановым валацугі Міхайлы Ларыёнава. У гэтую судовую інстанцыю справа трапіла таму, што да гэтага забойства меў дачыненне сын Фёдара Шадурскага Якаў. На допыце хлопчык расказаў, што па загадзе бацькі знаходзіўся “на карауле при дверях той избы, где совершал отец его убийство над Михайлою”. Перад судом паўстала пытанне – прызнаваць ці не прызнаваць Якава саўдзельнікам забойства. А для гэтага неабходна было вырашыць пытанне – “с разумением ли учинено подсудным преступление или без разумения” [128]. У выніку Віцебскі сумленны суд заключыў, што Якаў “признав во всё вышепрописанном виновным и учинившим такое преступление с разумением” [129]. Такім чынам непаўналетні Якаў Шадурскі быў прызнаны саўдзельнікам злачынства.
Справа аб прымусе да забойства паступіла на разгляд 28 сакавіка 1835 г. у Суражскі павятовы суд. Сялянка маёнтка Азёрцы памешчыкаў Бруевічаў вёскі Шабры 13-гадовая Аўдоцця Кандрацьева абвінавачвалася ў тым, што задушыла малалетнюю дзяўчынку Хіму Нікіціну.
У час следства дзяўчынка зрабіла добраахвотнае прызнанне [130]. Яна расказала, што ў мінулым 1834 г. “по наступлению зимнего времени” яе бацька, 50-гадовы Кандрацій Іваноў, пачаў падбухторваць яе задушыць падчарыцу 9-гадовую Хіму (дачку ягонай другой жонкі Агаф’і). Аўдоцця павінна была зрабіць гэта, калі разам з Хімай хадзіла ў вёску Зімнікі, але не адважылася. Праз некаторы час, 8 лютага 1835 г., Кандрацій паклікаў дачку, даў ёй 20 капеек і загадаў, каб яна пайшла ў фальварак Прудзіна купіць бульбы, узяла з сабой Хіму і “исполнила прежний его приказ”. Ён прыгразіў Адоцці, што “если не исполнит, то он ее саму убьет” [131]. Па словах дзяўчынкі, менавіта бацька сказаў, што зручней задушыць падчарыцу пяньковым паяском. Раніцай дзяўчаты пайшлі купляць бульбу. Трагедыя адбылася недалёка ад Прудзіна, калі яны ішлі паўз лес. Хіма ішла наперадзе, і ў нейкім момант Аўдоцця накінула ёй на шыю пяньковы паясок, двойчы абматала і задушыла. Потым схавала Хіму пад елку [132].
Кандрацій у час следства быў узяты пад варту. Аднак, нягледзячы ні на вочныя стаўкі, дзе Аўдоцця яго выкрывала, ні на паказанні аднавотчынных сялян, якім ён, будучы пад вартай, гаварыў, што “подговаривал свою дочь, чтобы она не показывала, что он ее научил”, Кандрацій прызнання не зрабіў [133]. У выніку Суражскі павятовы суд на падставе арт. 1027 т. XV (“Несколько доказательств совокупно взятых составляют совершенное доказательство”) прызнаў Кандрація вінаватым у прымусе сваёй дачкі Аўдоцці да забойства падчаркі Хімы. За гэтае злачынства было загадана ў вёсцы Шабры публічна пакараць яго дваццаццю ўдарамі пугі праз ката, на твары паставіць кляймо “ВОР” і выслаць на катаржную працу ў Сібір. Віцебская крымінальная палата пацвердзіла гэты прысуд [134].
Справа непаўналетняй Аўдоцці была перададзена ў Віцебскі сумленны суд, які 5 ліпеня 1835 г. і прыняў наступнае рашэнне: “Авдотью, повинившуюся в умерщвлении хотя бы следовало по ст. 332 т. 15 за умышленное смертоубийство наказать, но поскольку оказывается, что она совершила его в малолетстве по приказанию отца. Отец уже привлечен к наказанию. В отношении несовершеннолетней преступницы по ст. 126 считается тяжким и подлежит рассмотрению Правительствующим Сенатом” [135].
Такім чынам, на падставе дакументаў паліцэйска-судовых інстанцый вылучаецца ўсяго 4 віды крымінальных злачынстваў, у якіх удзельнічалі дзеці – крадзяжы, падпалы, злачынствы на сексуальнай глебе і забойствы. Крымінальныя справы аб крадзяжах былі нешматлікія. У першую чаргу гэта абумоўлена тым, што паліцыі (гарадская і земская) справы аб крадзяжах да 20 рублёў разбіралі на месцах і не перадавалі ў судовыя інстанцыі, а крадзяжы на большыя сумы непаўналетнія рабілі рэдка. Калі ж кошт украдзенага быў нязначны (менш як 20 рублёў), а справа трапляла ў судовыя інстанцыі – значыць, гаворка ішла не толькі (а можа і не столькі) пра крадзеж, колькі пра абцяжарвальныя абставіны або больш сур’ёзныя, у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам, злачынствы. Гэта маглі быць неаднаразовыя крадзяжы (рэцыдывы) на вялікія грашовыя сумы, крадзяжы разам з уцёкамі ад гаспадароў ці з-пад арышту, крадзяжы з рэлігійных устаноў (святатацтва). У параўнанні з іншымі відамі злачынстваў істотная частка спраў датычылася непаўналетніх з дваранскага саслоўя абодвух палоў. Пры гэтым усе справы аб крадзяжах, якія датычыліся дваранскіх дзяцей, нягледзячы на памер украдзенага, перадаваліся на канчатковы разгляд у Сенат і зацвярджаліся імператарам.
Падпалы не былі распаўсюджанымі злачынствамі сярод непаўналетніх. З крымінальных спраў відаць, што калі падпал не быў выпадковы, то ён выкарыстоўваўся як сродак помсты або як прыкрыццё для крадзяжу. Падпалы лічыліся да такой ступені сур’ёзнай небяспекай, што ў 40‐я гады ХІХ ст. былі спробы вывесці непаўналетніх падпальшчыкаў з-пад кампетэнцыі сумленных судоў і разглядаць у ваеннасудовых камісіях на падставе “ваенных статутаў”.
Што да сексуальных злачынстваў, то можна адзначыць: для іх характэрна спантаннасць. Таксама з дакументаў відаць, што хлопчыкі, якія здзейснілі згвалтаванне, не толькі не ўяўлялі суровасці пакарання за гэты від злачынства, але нават не разумелі, што здзяйсняюць цяжкае злачынства. Асаблівасцю злачынстваў сексуальнага характару ў першай палове ХІХ ст. была іх цяжкая доказнасць. Калі гвалтаўнік не рабіў прызнання, а непасрэдных сведак сексуальнага гвалту не было, злачынца мог застацца беспакараны. Да таго ж стаўленне судовых інстанцый, якія па сваім складзе былі цалкам мужчынскія, да злачынстваў на сексуальнай глебе было неадназначным. Часам у судзе імкнуліся не толькі апраўдаць паводзіны непаўналетніх гвалтаўнікоў, але і абвінаваціць ахвяру ў хлусні і абгаворы. Таму ёсць верагоднасць, што сексуальных злачынстваў было нашмат больш, але калі не было нанесена цяжкіх траўмаў і пашкоджанняў, не было яўных сведкаў гвалтоўных дзеянняў, то бацькі дзяўчынак не разлічвалі на справядлівы прысуд і не звярталіся ў паліцэйска-судовыя інстанцыі.
Справы аб забойствах, якія разглядаліся паліцэйскасудовымі інстанцыямі, – самыя шматлікія ў параўнанні з іншымі відамі злачынстваў, і канчатковы прысуд па іх выносіўся Сенатам і імператарам. Толькі для гэтай катэгорыі злачынстваў мела значэнне паняцце “безумоўнай непадсуднасці”, бо забойцамі рабіліся і малалетнія дзеці 5–10 гадоў.
У большасці выпадкаў судовыя інстанцыі забойствы, здзейсненыя непаўналетнімі, прызнавалі няшчаснымі выпадкамі або кваліфікавалі як зробленыя неўсвядомлена. Такія забойцы ці не атрымлівалі пакарання, ці атрымлівалі мінімальнае. Толькі ў двух выяўленых выпадках у судовых інстанцыях было даказана, што забойствы былі ўчынены мэтанакіравана, і толькі адно з іх яшчэ і загадзя спланавана. Матывамі гэтых злачынстваў выступалі непрыязнасць і помста. Таксама вылучаюцца выпадкі, калі непаўналетнія дзеці рабіліся ўдзельнікамі забойства ці забойцамі пад прымусам і пагрозамі з боку бацькі (прымус з боку маці не быў выяўлены). У такіх выпадках прысуд за забойствы выносіўся і бацькам, і дзецям.
[1] Szumiło-Kulczycka D. Udział czynnika społecznego w postępowaniu w sprawach nieletnich – założenia teoretyczne i praktyka // Białostockie Studia Prawnicze. 2016. Z. 21. S. 112–113.
[2] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. С. 407.
[3] Тамсама. С. 451.
[4] Тамсама. С. 560.
[5] Геркет М. Дети – преступники. Москва, 1912. С. 8–10.
[6] Тамсама. С. 11–12.
[7] Бабкова Г. О.“Безгласые граждане”: малолетние преступники в судебной системе России 1750–1760-х годов // Малолетние подданные Большой империи. Филипп Арьес и история детства в России (XVIII – начало ХХ в.) / сост.: В. Г. Безрогов, О. Е. Кошелева, М. В. Тендрякова. Москва, 2012. С. 61.
[8] Полное собрание законов Российской империи (далей ПСЗРИ). Собр. 1. Т. 20. С. 278. No 14392.
[9] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ) Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 275. Арк. 17.
[10] Публічнае цялеснае пакаранне, якое прымянялася ў Расіі з 1497 да 1845 г.
[11] НГАБ. Ф. 145. Воп. 2. Спр. 84. Арк. 60адв.–61.
[12] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 14259. Арк. 4.
[13] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Минская губерния. Ч. 2. СПб.: Военная типография, 1864. Літ. А да с. 471.
[14] Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Минская губерния. Ч. 2. СПб.: Военная типография, 1864.
[15] Тамсама. С. 459.
[16] Тамсама. Літ. А да с. 471.
[17] Тамсама. С. 478.
[18] ПСЗРИ. Собр. 1. Т. 21. С. 485. Арт. 269. No 15379.
[19] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 105. Арк. 12.
[20] Тамсама. Арк. 15–15адв.
[21] Тамсама. Арк. 25.
[22] Тамсама. Арк. 35.
[23] Тамсама. Арк. 35–35адв.
[24] Тамсама. Арк. 127, 129адв.
[25] НГАБ. Ф. 177. Воп. 1. Спр. 17. Арк. 8–9адв.
[26] Тамсама. Арк. 8адв.–9.
[27] Тамсама. Арк. 10–10адв.
[28] Тамсама. Арк. 10, 38.
[29] Тамсама. Арк. 51.
[30] Тамсама. Арк. 67.
[31] Тамсама. Арк. 73–74.
[32] НГАБ. Ф. 177. Воп. 1. Спр. 36. Арк. 120.
[33] Тамсама. Арк. 120адв.
[34] Тамсама. Арк. 121.
[35] Тамсама. Арк. 121–121адв.
[36] Тамсама. Арк. 122.
[37] ПСЗРИ. Собр. 1. Т. 30. С. 53–54. No 22802.
[38] ПСЗРИ. Собр. 2. Т. 11. С. 700. No 9304.
[39] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 277. Арк. 4.
[40] Тамсама. Арк. 4адв.
[41] Тамсама. Арк. 25.
[42] Тамсама. Арк. 25адв.
[43] НГАБ. Ф. 177. Воп. 1. Спр. 29. Арк. 4–4адв.
[44] Тамсама. Арк. 4адв.
[45] Тамсама. Арк. 47.
[46] Тамсама. Арк. 48–48адв.
[47] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 55. Арк. 22–22адв.
[48] НГАБ. Ф. 177. Воп. 1. Спр. 30. Арк. 55–55адв.
[49] Тамсама. Арк. 55адв.
[50] Тамсама. Арк. 56.
[51] Тамсама. Арк. 55адв.–56.
[52] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 132. Арк. 9–10.
[53] Тамсама. Арк. 11–11адв.
[54] Тамсама. Арк. 9адв.–10.
[55] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 10492. Арк. 15.
[56] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 97. Арк. 1.
[57] Тамсама. Арк. 1адв.–2.
[58] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 10492. Арк. 1–1адв.
[59] Тамсама. Арк. 4.
[60] Тамсама. Арк. 4.
[61] Тамсама. Арк. 4.
[62] Тамсама. Арк. 13, 27.
[63] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 10472. Арк. 1–1адв.
[64] Тамсама. Арк. 1адв., 10а, 11адв.–12.
[65] Тамсама. Арк. 1, 12адв.
[66] Тамсама. Арк. 13.
[67] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 10472. Арк. 13адв.–14.
[68] Тамсама. Арк. 16–16адв.
[69] Тамсама. Арк. 19–19адв.
[70] Тамсама. Арк. 24–24адв.
[71] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 9804. Арк. 1.
[72] Тамсама. Арк. 1адв.
[73] Тамсама. Арк. 1адв.
[74] Тамсама. Арк. 27.
[75] Тамсама. Арк. 27адв.
[76] Тамсама. Арк. 31–32.
[77] НГАБ. Ф. 177. Воп. 1. Спр. 43. Арк. 3.
[78] Тамсама. Арк. 3адв.
[79] Тамсама. Арк. 4–5.
[80] Тамсама. Арк. 10.
[81] Тамсама. Арк. 8–8адв.
[82] Тамсама. Арк. 27, 28, 46.
[83] Тамсама. Арк. 47адв–48адв.
[84] НГАБ. Ф. 145. Воп. 2. Спр. 84. Арк. 10.
[85] Ва ўсіх судова-паліцэйскіх дакументах першай паловы ХІХ ст. “растление” – гэта пазбаўленне цнатлівасці шляхам гвалту.
[86] НГАБ. Ф. 145. Воп. 2. Спр. 84. Арк. 12.
[87] Тамсама. Арк. 60.
[88] “За изнасилование замужней женщины, вдовы и насильственное растление девицы совершеннолетней или малолетней, виновные подлежат лишению всех прав состояния, на казанию кнутом и ссылке в каторжную работу”.
[89] “Сему же наказанию подлежат крепостные и дворовые люди, которые в насилии чинили вспоможение”.
[90] НГАБ. Ф. 145. Воп. 2. Спр. 84. Арк. 6–61.
[91] Тамсама. Арк. 61адв.
[92] Тамсама. Арк. 102.
[93] Тамсама. Арк. 102адв.
[94] Тамсама. Арк. 103.
[95] Тамсама. Арк. 103адв.
[96] Тамсама. Арк. 104адв.
[97] Тамсама.
[98] Тамсама. Арк. 105.
[99] Тамсама. Арк. 105адв.
[100] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 275. Арк. 16.
[101] Тамсама. Арк. 16адв.
[102] Арт. 336 “Неосторожное смертоубийство, судя по степени неосторожности, подвергает виновных или тюремному заключению, или денежному штрафу, или телесному наказанию”, арт. 340 “Смертоубийство произведенное кем либо, не только без намерения, но и непридвидимо, случайно и без малейшего с его стороны неосторожности, почитается совершением нечаянным и не подлежит никакому наказанию. Для очищения совести передается подсудимый церковному покаянию”, арт. 1061 “Но если суд усмотрит, что подсудимый преступление клятвы учинить намерян, дабы его в том обличить, тогда дело передать воле Божией, пока само собой не объясниться”.
[103] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 275. Арк. 17.
[104] Тамсама. Арк. 17адв.
[105] НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. Спр. 1547. Арк. 1.
[106] Тамсама. Арк. 1адв.
[107] Тамсама. Арк. 2.
[108] Тамсама. Арк. 2–2адв.
[109] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 93. Арк. 155–155адв.
[110] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 2–2адв., 7–7адв.
[111] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 34–34адв.
[112] Тамсама. Арк. 34 адв.
[113] Тамсама. Арк. 34 адв.–35.
[114] НГАБ. Ф. 2636. Воп. 1. Спр. 402. Арк. 2–2адв.
[115] Тамсама. Арк. 26–26адв.
[116] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 163. Арк. 114–115адв.
[117] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 117. Арк. 1 адв.–2адв., 4.
[118] Тамсама. Арк. 13–14.
[119] Тамсама. Арк. 15–15адв.
[120] Тамсама. Арк. 14–15, 17–17адв.
[121] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 11672. Арк. 1–3.
[122] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 117. Арк. 49–50.
[123] Тамсама. Арк. 67–67 адв., 96, 101.
[124] Тамсама. Арк. 102.
[125] Тамсама.
[126] Тамсама. Арк. 102адв.
[127] Тамсама. Арк. 103.
[128] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 100.
[129] Тамсама. Арк. 13.
[130] НГАБ. Ф. 2647. Воп. 1. Спр. 289. Арк. 32адв.
[131] Тамсама. Арк. 32.
[132] Тамсама. Арк. 32–32адв.
[133] Тамсама. Арк. 32адв.
[134] Тамсама. Арк. 33–33адв.
[135] Тамсама. Арк. 40–41.