Юры Гардзееў. Юрый Бохан як даследчык гістарычнай геаграфіі Беларусі
Можна палічыць труізмам сцверджанне, што беларуская гістарыяграфія апошніх дзесяцігоддзяў займаецца навёрстваннем страчанага. Пра запаўненне белых плям сведчыць зборнік “Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVIII стст.” [1], які ўбачыў свет у 2018 г. Аўтарам апублікаваных тэкстаў быў археолаг і гісторык Юрый Бохан [2]. Ва ўступнай частцы тома яго ўкладальнік Мікола Волкаў дэкларуе засяроджанне ўвагі на “ўрбаністычнай праблематыцы” (5), хоць аўтар – Ю. Бохан – у сваю чаргу піша пра “ўрбанізацыйныя працэсы” (11). Нягледзячы на тое, што ў першым і другім выпадку гаворка ідзе пра галоўны аб’ект даследавання – гарады, трэба адзначыць нятоеснасць тэрмінаў.
Урбанізацыя – працэс фармавання сеткі гарадскіх паселішчаў, канцэнтрацыі насельніцтва ў акрэсленых геаграфічных пунктах, яго міграцыі з вёскі ў горад, прасторавай экспансіі т. зв. гарадскога стылю жыцця, ці ўрбанізму. Урбанізацыю таксама можна разглядаць не толькі ў дынаміцы, але і як вынік працэсаў на акрэсленым храналагічным адрэзку [3].
У сваю чаргу ўрбаністыка акцэнтуе ўвагу на ўнутраных праблемах асяродка: асваенні і добраўпарадкаванні яго прасторы, развіцці інфрастуктуры і рашэнні сацыяльных праблем. Аднак няцяжка аспрэчыць той факт, што ўласнікі мястэчак зыходзілі з утылітарна-практычных меркаванняў выкарыстання прасторы ў мэтах атрымання даходу, а не з патрэб лакальнага соцыуму.
Апублікаваны том паводле зместу ўпісваецца ў гістарычна-геаграфічны міждысцыплінарны кірунак. І хоць за апошні час згаданыя даследаванні значна пашырыліся, стан распрацаванасці гэтай дапаможнай дысцыпліны, якая вывучае ўзаемадзеянне геаграфічнага фактару з сацыяльным асяроддзем і гаспадарчай дзейнасцю, паказвае адкрытыя і актуальныя праблемныя палі. Сказанае тычыцца комплекснага даследавання рэгіёнаў.
Не выклікае сумнення, што зацікаўленасць Юрыя Бохана дадзенай тэмай вынікала не толькі з яе нявывучанасці. Актыўны ўдзел у шматлікіх археалагічных экспедыцыях у студэнцкія часы ў другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя быў адным з найважнейшых штуршкоў, які схіляў маладога даследчыка да роздуму (5–6).
Зборнік, што складаецца з пяці тэматычна аб’яднаных частак, можна падзяліць па тыпалагічным і метадалагічным прынцыпе. Стрыжнем тома выступае тэкст кандыдацкай дысертацыі, абароненай у 1994 г. Акрамя яго ў кнігу ўвайшлі раней апублікаваныя тэксты Ю. Бохана, у якіх закраналіся розныя аспекты эвалюцыі гарадоў і мястэчак у ВКЛ. Як можна дапусціць, мэтай перадруку энцыклапедычных артыкулаў ці фрагментаў абагульняльных прац быў збор пад адной вокладкай і папулярызацыя сінтэтычных тэкстаў аўтара, якія падсумоўваюць дасягненні даследчыка ў гэтай галіне.
У другім раздзеле “Мястэчкі” аўтар раскрывае тыпалагічную характарыстыку мястэчак, эвалюцыю іх планіровачных сістэм і матэрыяльнай культуры [4], таму расповед пра местачковую забудову ў пэўнай ступені прасякнуты этнаграфізмам. Змест трэцяй і пятай частак тэматычна перагукаецца: яны прысвечаны пытанням ўрбанізацыі ў ВКЛ у XV–XVI ст., фармаванню гарадской супольнасці, яе сацыяльнай і прафесійнай стратыграфіі. Яшчэ ў адным з фрагментаў кнігі аўтар засяроджвае ўвагу на развіцці гарадоў у другой палове XVIII ст., раскрываючы палітыку цэнтральных уладаў адносна гарадоў на фоне шляхецкамяшчанскіх адносін.
Жанравая неаднастайнасць тома крыху ўскладняе крытычны агляд яго зместу. Адсюль галоўная ўвага ў аглядзе будзе засяроджана на аналізе кандыдацкай дысертацыі Юрыя Бохана “Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны ў XV–XVIII стст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах)” [5], якая раней цалкам не публікавалася.
Ва ўступе аўтар адзначае, што мястэчкі, якія будуць даследаваны, размяшчаліся ў басейне верхняй Віліі і нёманскай Бярэзіны, г. зн. у “адным з арэалаў найбольшай канцэнтрацыі дробных гарадскіх пасяленняў” (12). У плане адміністрацыйнага падзелу гаворка ідзе пра мястэчкі рэгіёна Мінскага павета і Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. Акрамя таго выбар тэмы вынікаў з неблагой распрацаванасці гісторыі іншых рэгіёнаў і басейнаў вялікіх рэк, таму фактычна аўтар закрываў чарговы тэрытарыяльны прабел.
Ва ўводзінах Ю. Бохан абгрунтоўвае выбар тэмы лепшай вывучанасцю вялікіх гарадскіх асяродкаў і адсутнасцю сінтэтычных прац па тэматыцы мястэчак XV–XVIII ст.
Вядома, нельга не пагадзіцца з тым фактам, што тэма мястэчак у савецкі час абміналася і не адносілася да ліку прыярытэтных. З іншага боку, было б памылкай лічыць, што праблема мястэчак увогуле ігнаравалася. Не прэтэндуючы на вычарпальны гістарыяграфічны агляд, варта было б згадаць працы Паўла Казлоўскага ці Станіслава Александровіча.
Аўтар заўважае, што мэтай працы з’яўляецца высвятленне месца мястэчак у структуры гарадскіх паселішчаў, вывучэнне іх прасторавых формаў, тапаграфічных уласцівасцяў, сеткі шляхоў зносін, сацыяльнага развіцця, гаспадаркі і маёмасных адносінаў, у тым ліку матэрыяльнай культуры. Гэтае заданне можна было б перафарматаваць, зыходзячы з даследчай парадыгмы гістарычнай геаграфіі. Увага ў працы мела засяроджвацца на антрапагенным уплыве на геаграфічнае асяроддзе і фармаванні культурнага ландшафту. Зразумела, хацелася б звярнуць увагу на карэляцыю: не апошнюю ролю ва ўрбанізацыйных працэсах адыграў геаграфічны фактар, аддаленасць рэгіёна ад усходняй і паўднёвай мяжы, што спрыяла развіццю збольшага неўмацаваных населеных пунктаў.
Неад’емным элементам кожнага даследавання лічыцца навізна праблемы. Разам з тым савецкае табуяванне гістарычнай навукі і яе вызваленне з гістарыяграфічнага “палону” на пачатку 90-х гадоў XX ст. не было адзінай перашкодай [6]. Згаданая спадчына надалей праяўлялася ў выкарыстанні па інерцыі марксісцкай метадалагічнай мадэлі, ад якой, па ўсёй відавочнасці, гістарычная супольнасць не адышла. Метадалагічная дыскусія ў тыя часы так і не завязалася, не стаўшы прадметам рэфлексіі гісторыкаў.
Па гэтай прычыне праца Юрыя Бохана дазваляе паглядзець на метадалагічныя падмуркі беларускай навукі мяжы 80–90-х гадоў XX ст., у якой прасочваліся адгалоскі фармацыйнага падыходу ці выкарыстанне такіх тэрмінаў, як “эпоха феадалізму”, “феадальны горад” ці “феадальны спосаб вытворчасці”.
У тэксце дысертацыі сустракаюцца марксісцкія канструкцыі тыпу “феадальныя формы эксплуатацыі” (31), а таксама згадваецца пра тое, што гарады неслі натуральныя павіннасці, што куды больш адпавядае рэчаіснасці. Зрэшты, як аўтар адзначае, пры заснаванні мястэчак, з’яўленне якіх было вынікам развіцця фальварка ў XV–XVI ст., землеўладальнік зыходзіў з эканамічных, а не з ідэалагічных меркаванняў (33, 175–176). Пра ўплыў фармацыйнага падыходу сведчыць таксама суаднясенне тэрміна “сярэднявечны горад” ці “позняе Cярэднявечча і ранні Новы час” з XV–XVIII стагоддзямі (7).
З сённяшняга пункту гледжання патрэба метадалагічнай дыскусіі ў гістарычнай навуцы не выклікае сумнення. Яна наспела даўно. Напрыклад, у чым праяўлялася “феадальнасць” горада [7]? Чым увогуле з’яўляўся феадалізм? Сацыяльна-прававым і эканамічным ладам? Дамінаваннем аграрнага грамадства над урбанізаваным? Сістэмай асабістых узаемасувязяў і сацыяльных залежнасцяў, васальна-ленных адносін? Ці нейкай эканамічнай катэгорыяй [8]? Прынамсі, да такіх думак падштурхоўвае праца.
Бохан сцвярджае факт “празмернай «індуктызацыі» вывучэння гарадской праблемы” (11), што сведчыць на карысць крытычнага стаўлення да пазітывісцкага падыходу з яго педантычным крытыцызмам, канструяваннем расповеду, які абапіраўся на грунтоўны збор шматлікіх фактаў ды абагульненняў. Хоць трэба падкрэсліць, што тэкст дысертацыі месцамі прасякнуты пазітывісцкім фактаграфізмам з неад’емным індуктыўным падыходам, уласцівым падобным працам. Таму трэба аддаць даніну павагі працавітасці і скрупулёзнасці Юрыя Бохана. Толькі гістарыяграфічны аналіз у яго дысертацыі заняў дзесяць старонак.
Крыніцазнаўчая база, якую выкарыстоўваюць беларускія гісторыкі, мае сваю спецыфіку. Сярэднявечча не пакінула даследчыкам вялікай колькасці крыніц. І нават адшуканы аўтарам зрэз дакументаў XVI–XVIII ст. падаецца недастатковым, каб адказаць на ўсе магчымыя пытанні.
Таму на дапамогу прыходзіць археалогія, даследчыя метады якой у некаторых частках працы пераважаюць (13, 23). Натуральна, аналіз археалагічнага матэрыялу спалучаецца з архіўнымі здабыткамі і картаграфічнымі крыніцамі, што ўзбагачае расповед.
Прывядзем прыклад інвентароў, якія лічацца адной з найбольш каштоўных крыніц рэканструкцыі гістарычнай рэчаіснасці. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на статычны характар, інвентарныя апісанні дазваляюць узнавіць шырокі вобраз жыцця гарадской супольнасці: высветліць працэс асваення прасторы населенага пункта, формы яго планіроўкі і забудовы, даведацца пра анамастычную панараму (назвы вуліц, імёны і прозвішчы), сацыяльную і прафесійную структуру.
Разам з тым трэба памятаць, што погляд на інвентар як аб’ектыўную гістарычную крыніцу можа прывесці да спрашчэння гістарычнай рэчаіснасці. Гісторык не можа абмінуць мысленне чалавека даўніх часоў. Задачай урадніка, які складаў інвентар, быў збор як мага больш дакладнай інфармацыі не пра эстэтыку гарадскога асяроддзя ці артэфакты матэрыяльнай культуры. Пісар, для якога была характэрна “сухая мова”, зыходзіў з абсалютна іншых, практычных меркаванняў, да якіх належала высвятленне падставаў падаткаабкладання сельскагаспадарчых заняткаў насельніцтва. Таму вымярэнне аднастайных пляцаў як адзінак абкладання тлумачыцца імкненнем землеўладальнікаў атрымаць зямельную рэнту.
Адсюль напрошваецца пытанне, ці перапісчыка цікавілі рамесна-гандлёвыя заняткі местачкоўцаў і ці падчас перапісу ўладальнік сядзіб мог “прыхаваць” нейкія звесткі? На гэтае пытанне можна адказаць метадам уважлівага супа стаўлення даных інвентара з іншымі крыніцамі.
Юрый Бохан даволі старанна аналізуе гістарыяграфію пытання, крытычна ставіцца да ранейшых напрацовак. Разам з тым аўтар не прымае безапеляцыйна сцверджанні папярэднікаў, дыскутуе з высновамі, беручы іх пад сумненне. Менавіта метадалагічны скептыцызм як элемент сістэмы мыслення гісторыка выступае адной з асноўных вартасцяў працы.
Чым па сваёй сутнасці былі мястэчкі? Пасля грунтоўнага гістарыяграфічнага аналізу аўтар робіць выснову, што найбольш поўным падаецца акрэсленне Ежы Ахманьскага. У адрозненне ад гарадоў мястэчкі характарызаваліся невялікім дэмаграфічным патэнцыялам, адсутнасцю сацыяльнай дыферэнцыяцыі, значнай роляй сельскагаспадарчых заняткаў, збольшага лакальным характарам гандлёвай дзейнасці, абслугай шляхоў зносін, выкананнем рамеснай працы на дварах шляхты (27–28, 193).
Працягваючы думку, падкрэслівае, што ў якасці галоўных крытэрыяў, якія вылучалі мястэчкі, нельга лічыць удзельную вагу сельскагаспадарчых заняткаў ці колькасць дымоў (32, 177), пра што будзе гаворка ніжэй. З гэтым сцверджаннем нельга не пагадзіцца, улічваючы хоць бы працэс аграрызацыі гарадоў у другой палове XVII– XVIII ст.
Адзін з крытэрыяў, які дазваляе адрозніць мястэчка ад горада, – колькасць дымоў. Лічыцца, што такая найвышэйшая планка складае 300 сядзіб. На падставе аналізу крыніц аўтар робіць выснову, што ў рэгіёне, на якім факусуецца ўвага, гэтая лічба вагалася ў межах 124– 167 дымоў у Маладзечне, Радашковічах, Мядзеле ці Лебедзеве (45).
Высвятляючы крытэрыі класіфікацыі населеных пунктаў у перыяд Новага часу, аўтар падкрэслівае, што тагачасныя заканатворцы не кіраваліся сацыяльна-дэмаграфічнымі ці эканамічнымі характарыстыкамі. Па прычыне дынамікі ўрбанізацыйных працэсаў і тэмпаў развіцця таго ці іншага паселішча не заўсёды існавала магчымасць адрознення мястэчка ад горада (28). Адсюль, відаць, шматлікія прыклады паралельнага існавання тэрмінаў горад і мястэчка адносна таго самага пункта. Аўтар акрэслівае апісаную з’яву “тэрміналагічнай недакладнасцю”. Хоць з абсалютнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што ўраднікі былі далёкія ад тэарэтычных рознагалоссяў навуковага характару. Таму зусім лагічна, што адзіным крытэрыем падзелу ў той час заставаўся прававы статус населенага пункта. У выніку атрымання самакіравання мястэчка адносіліся да катэгорыі “civitas”. Таму да ліку фактараў, якія вызначалі характар мястэчка, належаць адміністрацыйныя функцыі мястэчка як цэнтраў валасцей ці старастваў і маштаб гаспадарчых уплываў, што абмяжоўваліся адносна невялікім навакольным абшарам (33, 202).
Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што дысертацыя Юрыя Бохана абапіраецца на перапляценні розных метадалагічных практык, спалучэнні элементаў пазітывісцкага бачання з формулай аналізу эканамічнага жыцця ў яго прасторавым вымярэнні.
У працы канстатуецца, што новыя паселішчы з’яўляліся побач з замкамі і дварамі шляхты, развіваліся з вёсак (41, 120). Застаецца высветліць, якія прычыны падштурхоўвалі працэс заснавання мястэчак. На думку аўтара, мястэчкі вырасталі з абслугоўвання стомленых за дарогу гасцей, будовы корчмаў і другіх аб’ектаў, а таксама таргоў і кірмашоў. Таму не павінны здзіўляць факты таго, што найдаўнейшыя згадкі пра корчмы ў Маладзечне, Маркаве і Лоску паходзяць з 80-х гадоў XV ст. (101, 203), а да старэйшых вядомых з крыніц прафесій належаць млынары, рэзнікі, вытворцы алкагольных напояў і кавалі.
Гістарычная геаграфія разглядае працэс з’яўлення новых паселішчаў як эфект асваення чалавекам прыроднай прасторы. Гэтым пытанням аўтар прысвяціў адзін з раздзелаў сваёй працы, імкнучыся высветліць агульныя заканамернасці, кірункі і тэндэнцыі планіровачнага развіцця. Такім чынам праблему, на якой аўтар акцэнтуе ўвагу, можна сфармуляваць наступным чынам: якія фактары і ў якой ступені прадвызначылі эвалюцыю прасторавых формаў мястэчак?
Аўтар заўважае, што ў большай частцы мястэчак “элементам свядомага распланавання з’яўляецца сфарміраваны і дакладна лакалізаваны рынак” (51). Хоць і ў гэтым выпадку, калі ўважліва прыгледзецца да формаў рынкаў (квадратных, прастакутных, трохкутных ці т. зв. доўгіх), узнікаюць пэўныя сумненні. Са значнай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што планіровачная сетка мястэчак рэгіёна не была эфектам ажыццяўлення тэарэтычных распрацовак ці ўзорнага ўрбаністычнага праекта (183), што, зрэшты, даводзіць адсутнасць сімет рычнай прасторавай схемы ці рэгулярнай квартальнай планіроўкі.
Узнікае пытанне: разбіўка рынка вынікала з рэалізацыі нейкага падрыхтаванага праекта ці ўсё ж такі ён сфармаваўся стыхійна, у месцы перакрыжавання дарог або ўздоўж нейкай камунікацыйнай артэрыі? Можна дапускаць, што, засноўваючы мястэчка, яго ўладальнікі зыходзілі з рацыянальнай гаспадарчай мэтазгоднасці, г. зн. эксплуатацыі шляхоў зносін ці водных рэсурсаў. Зрэшты, аўтар даводзіць, што прастора мястэчак развівалася пад уплывам прыроднага ландшафту і гідраграфічнай сеткі, ілюструючы свае высновы тыпалагічным аналізам планіровачных структур (ад паселішча з адной вуліцай да планіровачнай структуры з разгалінаванай вулічнай сеткай з замкам і прадмесцямі) (49–51).
Згодна з думкай аўтара, на перанос рынкаў, якія раней размяшчаліся побач з замкамі, і ператварэнне іх у новы цэнтр паселішча ўплывалі “горадабудаўнічыя традыцыі заходніх краін” (53). Аднак у дачыненні да распланавання прасторы мястэчак гэтае сцверджанне трэба прызнаць дыскусійным. Хутчэй за ўсе шляхта зыходзіла з больш выгаднай лакалізацыі, а не кіравалася гатовымі ўрбаністычнымі ўзорамі. У сваю чаргу нельга адкідваць факты ўплываў традыцый еўрапейскай урбаністычнай думкі, якія прасочваюцца ў будове бастыённых умацаванняў у Маладзечне (56).
Другая частка гэтага раздзела працы складаецца з рэканструкцыі эвалюцыі планіровачнай сеткі, у якой аўтар стварае цэласны вобраз асваення прасторы шэрагу населеных пунктаў на працягу некалькіх стагоддзяў. Дзякуючы выкарыстанню розных архіўных матэрыялаў, а таксама вынікаў прац папярэднікаў аўтару ўдалося не толькі стварыць статычны вобраз асвоенай прасторы мястэчак, але і падкрэсліць яго дынаміку.
Даволі паказальнай ілюстрацыяй можа паслужыць прыклад Маладзечна, бадай аднаго з найбольшых населеных пунктаў рэгіёна. Зыходзячы з пастаўленых мэтаў, аўтар засяроджвае ўвагу на падрабязным апісанні тапаграфічных умоў, фармаванні планіроўкі і яе забудовы.
Азнаямленне з расповедам пра Маладзечна падводзіць да важнай высновы. Першая згадка пра мястэчка, што датуецца канцом XV ст., з’яўляецца сведчаннем тагачасных сацыяльна-маёмасных і эканамічных перамен. Менавіта ў гэтым стагоддзі інтэнсіўна фармаваўся фонд зямельнай уласнасці шляхты, якая імкнулася да павелічэння даходнасці шляхам закладання гаспадарчых комплексаў. Фальваркі ва ўмовах развіцця ўнутранага рынку, спрыяльнай кан’юнктуры попыту і цэн на еўрапейскіх рынках на прадукцыю сельскай і лясной гаспадаркі арыентаваліся на экспарт прадукцыі. Таму панскі двор трансфармаваўся ў фальварак, побач з якім узнікала мястэчка.
Апісаную вышэй схему можна прасачыць на прыкладзе Маладзечна. У XV ст. тут існаваў панскі двор з гаспадарчым комплексам, які задавольваў патрэбы землеўладальніка. Між тым у сувязі з развіццём рынку, таварна-грашовых адносін і кан’юнктуры на еўрапейскіх рынках у XV ст. гаспадарка выйшла за рамкі натуральнага цыкла, а эканамічная актыўнасць гаспадара і шляхты значна пашырылася.
Такім чынам, урбаністычны малюнак трэба ўспрымаць у якасці люстранога адбітку сацыяльна-эканамічных працэсаў. Хоць, як падаецца, трэба ўлічыць і іншыя фактары, напрыклад ваенныя падзеі ці дэмаграфічны крызіс. Гаворка ідзе пра “спрашчэнне” планіровачнай сістэмы Маладзечна, якое фіксуецца ў крыніцах 1724 г. Напэўна, больш грунтоўныя архіўныя пошукі дазволяць знайсці адказ на пытанне пра тое, штó замарудзіла развіццё горада. Хоць можна зрабіць і такое дапушчэнне: частка пляцаў прыйшла ў заняпад у выніку ваенных дзеянняў Паўночнай вайны ды іх наступстваў.
Згодна з аналізам Юрыя Бохана, сітуацыя ў мястэчку радыкальна змянілася ў сярэдзіне XVIII ст.: колькасць пляцаў павялічылася, на рынку была пастаўлена ратуша, узведзены культавыя пабудовы і новая сядзіба Агінскіх. Урэшце побач з мястэчкам выраслі прадмесці. Апошнія звесткі могуць пацвердзіць эканамічны ўздым Маладзечна, які праявіўся ў прасторавым развіцці і ўзвядзенні новых аб’ектаў.
Прыведзеныя матэрыялы сведчаць пра дынаміку планіровачнай структуры. Тым часам калі прастору паселішча ўспрымаць у якасці выражэння эканамічных патрэб супольнасці, то высвятленне магчымых фактараў, якія абумовілі знікненне са старонак інвентароў той ці іншай артэрыі, выпала з-пад увагі аўтара.
Акрамя таго згадкі пра аўстэрыю, бровар, млын і тартак могуць не толькі цікавіць даследчыкаў з мэтай высвятлення іх лакалізацыі, але і падказваць магчымасць вывучэння іх функцыянавання ў больш шырокім кантэксце: у сувязі з панскім дваром, пазнейшым фальваркам ці мясцовым рынкам. Інакш кажучы, цікава даведацца, у якой ступені тое ці іншае прадпрыемства было элементам натуральна-гаспадарчага цыкла і ў якой ступені яны былі ўключаны ў вір таварна-грашовых адносін.
Зыходзячы з разважанняў, якія тычацца эвалюцыі местачковай прасторы, лагічным падаецца агляд гаспадарчай дзейнасці і прафесійнай структуры жыхароў мястэчак. Гэтай праблеме аўтар прысвяціў наступны раздзел дысертацыі, у якім канстатуецца трывала замацаваная аксіёма пра сельскагаспадарчы характар як нейкі ўніверсальны маркер мястэчак. Як вядома, Ежы Ахманьскі лічыў, што пра аграрнасць мястэчка гаварыў факт валодання ворнай зямлёй больш чым паловай яго жыхароў. На думку ж Зіновія Капыскага, пра аграрны характар населеннага пункту сведчыў факт валодання яго жыхарамі паловай валокі. Названыя высновы выклікалі пярэчанні аўтара і спробу верыфікацыі тэзіса.
На падставе шматлікіх крыніц ён даводзіць, што нават валоданне адносна вялікім па плошчы зямельным надзелам не забяспечвала сям’і дастатку, што вымушала местачкоўцаў ці агароднікаў да пошуку дадатковай працы (рамесных заняткаў, гандлю, фурманачнай павіннасці) (77, 82–83). Істотна і тое, што продаж рамесных вырабаў местачкоўцаў можна разглядаць у якасці дадатковага сродку ўтрымання сям’і, што азначала выхад асобнай гаспадаркі за рамкі натуральнай гаспадаркі і ўключэнне яе ў таварны абмен. З іншага боку, на падставе гістарыяграфічных напрацовак аўтар заключае, што ўдзельная вага рамеснікаў у некаторых мястэчках рэгіёна (33–34% у Маладзечне ў 1750, 1784 г. ці ажно 57,7% у Радашковічах у 1549 г.) не саступалі падобным паказчыкам у гарадах.
Трэба заўважыць, што грунтоўны разгляд рамесна-гандлёвай дзейнасці ў мястэчках сутыкаецца з праблемай. Вядома, што зямля была галоўным багаццем, таму звесткі пра зямельныя надзелы па зразумелых прычынах скрупулёзна фіксаваліся ў інвентарах, чаго нельга сказаць пра рамесныя ці гандлёвыя заняткі, якія не так часта траплялі на старонкі дакументаў.
Аналіз захаваных крыніц дазволіў высветліць факт функцыянавання 70 рамесных прафесій у мястэчках рэгіёна (95). Аўтар канстатуе невысокі ўзровень рамеснай спецыялізацыі мястэчак, рынак якіх характарызаваўся стандартным наборам рамесных заняткаў (харчовых, адзежна-скураных, будаўнічых і дрэваапрацоўчых, металаапрацоўчых), якія забяспечвалі штодзённыя патрэбы невялікага сельскагаспадарчага раёна. Варта адзначыць, што папярэдняе параўнанне структуры рамесных прафесій мястэчак і гарадоў, напрыклад Гродна, дазваляе зрабіць выснову аб іх падабенстве, што магло б даводзіць факт абслугоўвання імі пераважна лакальных рынкаў (97–99).
Гарадское рамяство, як вядома, характарызавалася больш складанай структурай, значна большай канцэнтрацыяй і прафесійнай разнастайнасцю, большай удзельнай вагой замежных рамеснікаў. Таму, нават нягледзячы на цэхавую структуру гарадскога рамяства, якая не спрыяла вытворчасці канчатковага якаснага прадукту, вырабы гарадскіх вытворцаў усё ж такі былі ці маглі быць куды больш канкурэнтаздольнымі ў параўнанні з местачковымі.
У апошнім раздзеле працы аўтар асвятляе пытанне матэрыяльнай культуры замка і мястэчка. Такая “звязка” даводзіць неабходнасць аналізу эвалюцыі гэтых населеных пунктаў у непарыўнай сувязі з сядзібай землеўладальніка. Трэба памятаць, што калі ў XV–XVI ст. у агульнай прасторавай панараме дамінавалі замкі, да якіх шчыльна прылягала густая забудова з рамесным насельніцтвам, то ў наступных стагоддзях мястэчкі пачалі інтэнсіўна развівацца, а сядзіба землеўладальніка занепадала, перабудоўвалася ці засялялася местачкоўцамі, губляючы тым самым свае ранейшыя функцыі (120–121).
Без сумнення, з прычыны недахопу ці ўвогуле адсутнасці пісьмовых крыніц выратавальным кругам у высвятленні генезісу і развіцця мястэчак, працэсу іх прасторавага і эканамічнага адасаблення становіцца археалогія. У поле зроку археолага трапляюць матэрыялы, недаступныя для гісторыка, праца якога абапіраецца на архіўныя крыніцы. Таму вынікі раскопак дазваляюць раскрыць калі не час заснавання, то ранейшыя старонкі гісторыі мястэчак ці дапоўніць тыя прагалы, якія застаюцца пасля вывучння пісьмовых крыніц.
Гэты фрагмент дысертацыі грунтуецца на фармальна-тыпалагічным метадзе, уласцівы археалагічным даследаванням, а таксама на супастаўленні археалагічнага матэрыялу з пісьмовымі звесткамі. Хоць, магчыма, “жывое” дакрананне да даўняй штодзённасці мае не толькі матэрыяльнае вымярэнне, пра што будзе гаворка ніжэй.
Традыцыйна археалагічныя раскопкі сведчаць аб найбольш пашыраных вырабах, якія карысталіся попытам у мястэчках і навакольных вёсках. Да іх ліку належалі металічныя прылады працы ці прадметы керамічнай вытворчасці, тыпалогію і тэхналогію вырабу якіх аўтар старанна аналізуе. Станоўчы бок расповеду – акрэсленне кола вытворцаў (ганчарныя асяродкі ў Ракаве ды Івянцы, маладзечанскія кафляры, гарадскія і вясковыя майстры). Гандлёвы абмен з больш аддаленымі рэгіёнамі ілюструюць знаходкі прывазнога шклянога посуду і аконнага шкла, маёлікавага посуду, сілезская і рэйнская кераміка [9], якія часцей набываліся местачкоўцамі, чым жыхарамі вёсак.
Азнаямленне з выяўленымі артэфактамі (напрыклад, металічнымі вырабамі ў пластах XIV–XV ст., аконнымі шыбамі, драўлянай падлогай, шырокім асартыментам керамічнага посуду) дало аўтару падставы сцвярджаць аб набліжэнні матэрыяльнай культуры мястэчак да гарадской (175, 195–196).
Магчыма, што недахоп крыніц і адсутнасць грунтоўных прац па гісторыі паасобных мястэчак спрычыніліся да абмежаванай магчымасці грунтоўнага аналізу і сцверджання таго, што “ўзбуйненню” мястэчак перашкаджала суседства з буйнымі гарадамі, “гаспадарчае ўздзеянне” апошніх, а таксама што прырост гарадоў адбываўся “менавіта за кошт мястэчак” (12, 45, 176). Што цікава, аўтар паказвае і другі бок медаля, падкрэсліваючы занепакоенасць вялікага князя (караля) як уладальніка гарадоў канкурэнцыяй з боку прыватнаўласніцкіх гарадскіх асяродкаў (200–201).
На разглядзе апазіцыі “горад – мястэчка” і супярэчных высновах варта было б затрымацца. Узнікае пытанне, ці сапраўды і ў якой ступені гаспадарчая палітыка гарадоў уплывала на звужэнне сферы гаспадарчай актыўнасці мястэчак? І ці гарады праводзілі свядомую палітыку, накіраваную на “задушэнне” местачковай канкурэнцыі? У такім выпадку як можна патлумачыць факт таго, што ў 1755 г. Радзвіл выдаў універсал, згодна з якім купцы ў Нясвіжы, Карэлічах і Свержані мелі купляць і пра даваць толькі вырабы нясвіжскай суконнай мануфактуры? У Міры, Нясвіжы і Карэлічах былі збудаваны крамы для продажу вырабаў свержанскай фарфурні, у тым ліку кафлі [10].
Такім чынам, хто быў канкурэнтам для кафляра, які ўпамінаецца ў крыніцах 1750 г. у інвентары Маладзечна, ці мясцовых муляраў і ганчароў, якія выраблялі высакаякасную кафлю ў тым жа мястэчку (139)? У такой сітуацыі, натуральна, рыначныя механізмы не спрацоўвалі.
Нарэшце напрошваецца яшчэ адна заўвага. Вырабы не ўсіх местачковых рамеснікаў па прычыне сваёй якасці мелі шансы рэалізацыі за межамі свайго рэгіёна. Аднак, як здаецца, гэта не адзіны фактар. Да іх ліку трэба аднесці пакупніцкія здольнасці нешматлікіх заможных местачковых спажыўцоў, а таксама фактар моды і спажывецкіх густаў землеўладальнікаў, г. зн. попыт на якасныя імпартныя тавары ці вырабы ўласных мануфактур.
У працы аўтар закранае пытанне прамысловай дзейнасці, пералічваючы млыны, тартакі, цагельні, васкабойні, буды, у якіх вырабляліся паташ ці смала, урэшце металургічныя прадпрыемствы, што працавалі на мясцовай рудзе ды з’яўляліся тыповымі элементамі гаспадарчага пейзажу рэгіёна. Іх узвядзенне вынікала з магчымасці эксплуатацыі лясных рэсурсаў, водных шляхоў ці радовішчаў карысных выкапняў, г. зн. карэляцыі паміж прыродным асяроддзем і сацыяльнай структурай. Гэта падказвае магчымасць міждысцыплінарнага падыходу да вывучэння працэсаў праз прызму сацыяльнай і эканамічнай гісторыі ды гістарычнай геаграфіі.
Аўтар зыходзіць з таго, што прадпрыемствы можа лічыць местачковымі ўмоўна. Вядома, было б непаразуменнем разглядаць прамысловыя аб’екты ў адарванасці ад структуры маёмасных адносін. Як правіла, тагачасныя “фабрыкі” былі элементам гаспадарчага комплексу фальварка, а таму сродкі ў іх развіццё ўкладвалі землеўладальнікі, пераважна магнаты. Местачкоўцы, зрэшты, як і бальшыня жыхароў гарадоў ці незаможнай шляхты, не валодалі адпаведнымі сродкамі, неабходнымі для заснавання падобных прадпрыемстваў.
Гэтыя разважанні вылучаюць праблемныя палі, якія патрабуюць большага заглыблення ў крыніцы. Напрыклад, якімі капіталамі аперавалі землеўладальнікі? Ці куплялі магнаты абсталяванне за мяжой і ці імкнуліся ўвесці тэхнічныя навінкі на прадпрыемствах [11]? Вядома, напрыклад, што ў канцы XVIII ст. Храптовічы ў Вішневе збудавалі доменную печ [12]. Ці пралічваліся рынкі збыту? Ці прыцягвалі да працы на прадпрыемствах замежных майстроў?
Адказ на гэтыя, зрэшты, як і на іншыя пытанні дазволіў бы даведацца, наколькі гаспадарчая дзейнасць уладальнікаў была сугучная з тагачаснымі эканамічнымі тэорыямі, напрыклад, меркантылістычнай думкай, і наколькі важнай лічылася сфера гандлёвага абароту, перавага экспарту над імпартам, развіццё мануфактур і павелічэнне фінансавых запасаў.
Нягледзячы на тое, што аўтар змяшчае эпізадычныя звесткі пра прадпрыемствы, яго разважанні маюць прынцыповае значэнне для асэнсавання галіновай структуры тагачаснай гаспадаркі, яе арганізацыі і гандлёвага абмену. На тагачасных “фабрыках” выраблялася прадукцыя на ўласныя патрэбы ўладальніка ці для продажу на месцы, на лакальным рынку. Хоць рынак збыту, як вынікае з расповеду, быў куды больш шырокі. Напрыклад, прадукцыяй рудні былі зацікаўлены купцы з Мінска і Вільні.
Зыходзячы з галоўнага аб’екта даследавання, нельга не задацца пытаннем, якое месца ў гандлёвым цыкле магнацкай гаспадаркі адыгрывае гаспадарчая дзейнасць местачкоўцаў? Напэўна, разглядаць дзейнасць такіх “фабрык” трэба праз прызму ўцягвання жыхароў мястэчка ў вытворчы цыкл, што было абумоўлена іх прафесійнымі ўменнямі і навыкамі, а таксама прававым становішчам і дыяпазонам павіннасных абавязкаў местачковых рамеснікаў. Не выклікае сумнення, што землеўладальніку аплачвалася выкарыстанне дармавой рабочай сілы некваліфікаваных прыгонных сялян [13], як, зрэшты, і местачкоўцаў, да павіннасці якіх належалі перавозкі прамысловых вырабаў на значныя адлегласці.
Гандлёвы абмен быў той характэрнай рысай гаспадарчай штодзённасці, якая абумовіла спецыфіку мястэчак. Аўтар малюе складаны вобраз гандлёвых адносін, аналізуючы ўдзел у таргах жыхароў мястэчак, рамеснікаў, чыншавых сялян і шляхты. Местачковыя таргі наведвалі гарадскія купцы, набываючы тут збожжа, прывозячы тытунь, селядцы, віно, каву, “люнскае” сукно ці рамесныя выбары добрай якасці.
У сваю чаргу купцы з Мядзела, Багданава ці Даўгінава набывалі ў Прусіі сукно, галантарэю, металічныя вырабы, харчовыя прадукты (цукар ці разынкі). Зрэшты, пра кантакты з Еўропай сведчыць рэйнская кераміка, знойдзеная ў час раскопак (16). Гэтая згадка схіляе да думкі аб валоданні фінансавымі сродкамі больш заможных местачкоўцаў. Да таго ж нельга не згадаць пытанне водных рэсурсаў у гандлёвым абароце, г. зн. ролю, якую адыгрывала прыстань у Вілейцы. Адсюль вымалёўваецца цікавая панарама абмену, які выходзіў за рамкі лакальнага рынку.
Зыходзячы з такіх разважанняў, хацелася б зрабіць яшчэ адно падсумаванне. Наўрад ці развіццё местачковай гаспадаркі трэба разглядаць выключна праз прызму дыхатаміі “горад – мястэчка”, не ўлічваючы ролю і функцыі мястэчак у гаспадарчым комплексе землеўладальнікаў, якія каланізавалі абшар нёманскіх вярхоўяў, выкарыстоўваючы выгадныя камунікацыйныя шляхі.
Такім чынам, аналіз аўтара прыводзіць да высновы, што мястэчкам была адведзена роля асяродкаў, якія павінны былі абслугоўваць лакальны рынак (фальварак, навакольную вёску, мясцовыя шляхі зносін).
Некалькі дробных заўваг. У тэксце дысертацыі сустракаюцца абдрукі. Напрыклад, на с. 35 у 5-й спасылцы ў прыметніку “Oszmiański” не хапае літары ń, а на с. 139 у 3-й спасылцы в слове “polskiego” прапушчана літара e. На састарэлую літаратуру абапіраецца згадка пра наданне Горадні магдэбургскага права ў 1391 г. (208, 215).
Падсумоўваючы, зазначым. Юрый Бохан належаў да найбольш вядомых даследчыкаў гарадской праблематыкі Беларусі. Дысертацыя, якая на пачатку 90-х мінулага стагоддзя выйшла з-пад яго пяра, з’яўляецца важным гістарыяграфічным фактам. Азнаямленне з яе зместам выявіла як веданне аўтарам напрацовак папярэднікаў і ўвядзенне ва ўжытак новых крыніц, так і яго крытычны стыль мыслення. Цалкам натуральна, што падчас падрыхтоўкі працы аўтар чэрпаў натхненне з архітэктурнамастацтвазнаўчых і геаграфічных прац.
Праца Юрыя Бохана – добрая нагода ацаніць стан тагачаснай метадалагічнай парадыгмы, якая заслугоўвае асобнага разгляду. У тэксце дысертацыі сустракаюцца адгалоскі марксісцкай тэрміналогіі. Разам з тым адыход ад палітычнай гісторыі на карысць даследавання сацыяльных структур і эканамічных працэсаў, спалучэнне гістарычна-крыніцазнаўчага аналізу з дасягненнямі археалагічнай і геаграфічнай навукі (гаворка ідзе пра працы Ванды Рэвеньскай), якая зыходзіць з геаграфічнага раянавання і сінтэзу прыроднага фактару з сацыяльнымі інстытутамі, усё гэта сведчыць аб міждысцыплінарным характары яго прац.
Мікола Волкаў называе дысертацыю Юрыя Бохана мікрагістарычным даследаваннем (7). З думкай нельга да канца пагадзіцца: справа выглядае куды больш складана. Мікрагісторыя збольшага засяроджана на лакальным соцыуме, але з адной агаворкай. Мікрагісторыкі не выкарыстоўваць увесь магчымы зрэз крыніц па гісторыі выбранага імі рэгіёна ў мэтах стварэння сінтэтычнага вобраза яго гісторыі. Згаданы напрамак уяўляе сабой разнавіднасць антрапалагічнай гісторыі, якая вывучае светапогляд ці паводзіны асобы, што не займалі месца на вышэйшых прыступках сацыяльнай піраміды. Часта гэта забытыя ананімныя людзі з іх ментальным светам, звычаямі ці сеткай сацыяльных адносінаў.
Трэба падкрэсліць, што аўтар, магчыма інтуіцыйна, закранае метады мікрагістарычнага аналізу праз аналіз артэфактаў матэрыяльнай культуры, якія даюць магчымасць уявіць шэрую штодзённасць рамеснікаў ці гандляроў, імёны якіх зрэдку сустракаюцца на старонках працы.
Як вядома, гарадское асяроддзе акумулявала эканамічныя ці культурныя дасягненні. Матэрыяльныя здабыткі, адкрытыя ў час раскопак, з’яўляюцца не толькі яскравым сведчаннем эканамічнага развіцця мястэчка, але і, калі паглядзець на аздабленне кафлі, праявай мастацкай культуры рэгіёна і ментальнага свету местачкоўцаў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра кафлю з міфалагічнымі, геральдычнымі, геаметрычнымі, расліннымі сюжэтамі, урэшце з выявай жанчыны ў рэнесансным адзенні (144–145). Такім чынам, за ананімнага рамесніка гавораць яго творы-вырабы. Таму, нягледзячы на адсутнасць канкрэтных прозвішчаў, чытаючы працу, можна прасачыць антрапалагізм гісторыі. І менавіта ў такіх фактах можна ўбачыць мікрагістарычнасць даследавання.
Натуральна, што аўтар не планаваў усёабдымнага асвятлення гісторыі мястэчак вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны, што вынікала з тэмы працы ды абмежаванай колькасці крыніцазнаўчай базы. Таму некаторыя пытанні, закранутыя мімаходзь, патрабуюць спецыяльнага вывучэння. Сказанае тычыцца ўрбананімічнай спадчыны (54, 55, 188, 190–192), самакіравання мястэчак (44, 208– 209), маёмасных адносін ці сацыяльнай тапаграфіі. Гэтыя ды іншыя пытанні чакаюць свайго даследчыка.
Рэканструкцыя гістарычнай рэчаіснасці не прадугледжвае вычарпальных адказаў на кожнае пытанне. Задачай гісторыка выступае не толькі рэканструкцыя даўняй рэчаіснасці, але і задаванне складаных пытанняў. Працы Юрыя Бохана схіляюць да такога роздуму, стымулюючы тым самым даследчы працэс. Таму тэкст дысертацыі, як зрэшты, і іншыя яго працы, па зразумелых прычынах не расстаўляе ўсе кропкі над і. Да іх можна аднесціся як да пастаноўкі пытанняў.
[1] Бохан Ю. Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVIII стст. / уклад. М. Волкаў. Мінск, 2018. 292 c.
[2] КВ. Памёр гісторык Юры Бохан [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://www.svaboda.org/a/pamior-historyk-jurybochan/28428066.html; Волкаў М., Скеп’ян Н. Памяці Юрыя Мікалаевіча Бохана (21.02.1966–13.04.2017) // Архіварыус. 2017. Вып. 15. С. 322–325; Волков Н. Скепьян Н. Юрий Николаевич Бохан (21.02.1966–13.04.2017) // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. 2017. No 1 (21). С. 183–186.
[3] Szymańska D., Biegańska J. Fenomen urbanizacji i procesy z nim związane // Studia miejskie. 2001. T. 4. S. 14.
[4] Бохан Ю. Мястэчка // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 2. С. 334–335. Бохан Ю., Шаблюк В. Агульная характарыстыка мястэчак. Тыпы планіроўкі // Археалогія Беларусі. Мінск, 2001. Т. 4: Помнiкi XIV–XVIII стст. С. 54–62; Бохан Ю., Заяц Ю. Асаблівасці матэрыяльнай культуры мястэчак // Археалогія Бела русі. Мінск. 2001. Т. 4: Помнiкi XIV–XVIII стст. С. 62–65 (сумесна з Ю. А. Зайцам).
[5] Бохан Ю. М. Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны ў XV–XVIII стст.: (па археалагічных і пісьмовых крыніцах): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.06. Археалогія. Мінск, 1994. 26 с.
[6] Sahanowicz H. Białoruska historiografia wczoraj i dziś // Przegląd Wschodni. 2002. T. 8. Z. 3. S. 759–760.
[7] Гуревич А. История – нескончаемый спор. Москва, 2005. С. 17– 18.
[8] Dygo M. Czy istniał feudalizm w Europie Środkowo-Wschodniej w średniowieczu? // Kwartalnik Historyczny. 2013. R. 120. Nr 4. S. 667–717.
[9] Бохан Ю., Заяц Ю. Асаблівасці матэрыяльнай культуры мястэчак // Археалогія Беларусі. Мінск, 2001. Т. 4: Помнiкi XIV–XVIII стст. С. 64.
[10] Kula W. Początku układu kapitalistycznego w Polsce XVIII wieku // Przegląd Historyczny. 1951. No 42. S. 61–62.
[11] Козловский П. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. Минск, 1974. С. 81–82.
[12] Тамсaма. С. 78.
[13] Тамсама. С. 82.