Даследчыкі археалагічных старажытнасцей Беларусі: біябібліяграфічны даведнік / С. П. ВІЦЯЗЬ, В. У. МЯДЗВЕДЗЕВА, Л. У. ДУЧЫЦ. Мінск: Беларуская навука, 2020. 504 с., [8] л. іл.
Сярод шэрагу даведачных выданняў гістарыяграфічнага і бібліяграфічнага характару гэтая кніга, безумоўна, з’яўляецца падзеяй, таму што прысвечана вузка спецыялізаванай тэматыцы – археалагічнай навуцы і фармаванню археалагічных ведаў на працягу даволі вялікага прамежку часу. З уводзінамі яе змест складаюць сем раздзелаў, заключэнне, схема персанальнага апісання, імянны паказальнік (920 асоб), літаратура (161 пазіцыя) і спіс скарачэнняў.
Ва ўводзінах аўтары кажуць пра зварот да археалагічнай навукі з навуказнаўчых пазіцый і прыводзяць вельмі агульнае вызначэнне навуказнаўства. Яны неаднаразова падкрэсліваюць назапашанасць вялікай колькасці звестак пра археалагічныя помнікі і матэрыялаў, значнасць біяграфічна-бібліяграфічнай праблематыкі і для беларускай археалогіі. На думку аўтараў даведніка, “фармалізацыя, сістэматызацыя і статыстычная апрацоўка навуковазнаўчых ведаў стварае аснову для работ у кірунку навукаметрыі”. Праўда, з фармулёвак, прыведзеных у тэксце, цяжка зразумець, што дакладна яны разумеюць пад навукаметрыяй. Не зусім ясна гучыць пасыл пра вывучэнне “даследчыкамі археалагічных помнікаў і іншых старажытнасцяў”. У назве даведніка заяўлена спалучэнне “археалагічныя старажытнасці”.
Коратка характарызуюцца колькасныя паказчыкі больш як 900 персаналій, вызначаюцца катэгорыі даследчыкаў (аматары даўніны, даследчыкі старажытнасцей, прафесійныя археолагі, навукоўцы сумежных дысцыплін, краязнаўцы, лабаранты, мастакі, фатографы). Асобна вылучана катэгорыя даследчыкаў – выхадцаў з Беларусі, якія займаліся археалагічным вывучэннем на тэрыторыях іншых краін.
Раздзел 1 называецца “Развіццё беларускай археалогіі ў XVI–XXI ст.”. Але казаць пра развіццё беларускай археалогіі ў XVI–XVIІІ ст. не выпадае, ды і ў дачыненні да XIX ст. наўрад ці варта выкарыстоўваць словазлучэнне “беларуская археалогія”. Для гэтага перыяду больш карэктна гаварыць пра “развіццё археалагічных даследаванняў на беларускіх землях у складзе Расійскай імперыі”. Змест раздзела выкладзены ў храналагічнай паслядоўнасці, – падыход, які замацаваны яшчэ ў гістарыяграфічных аглядах і працах папярэднікаў: Л. Аляксеева, Г. Каханоўскага. Па форме тэкст нагадвае нататкі-нарысы пра развіццё археалагічных даследаванняў. Напэўна, тут варта было б вылучыць больш акцэнтавана этапы развіцця беларускай археалогіі, вызначыцца з іх асаблівасцямі і характэрнымі рысамі (калекцыянаванне артэфактаў, стварэнне першых музейных экспазіцый, навуковы або аматарскі ўзровень даследчыцкіх намаганняў, арганізацыйны і навуковы ўдзел у археалагічных з’ездах і г. д.). Раздзел дапаўняюць фотаздымкі, якія адлюстроўваюць працэс даследаванняў і прадстаўляюць археолагаў Інстытута гісторыі ў 1960-я – 2020-я г.
У частцы пра развіццё археалагічнай навукі на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. асноўная ўвага аддаецца даследаванням курганоў у розных кутках сучаснай тэрыторыі Беларусі (згадваецца 31 выпадак, звязаны з рознымі прозвішчамі і сацыяльным статусам даследчыкаў). Пра даследаванні гарадзішчаў паведамляецца толькі двойчы – у сувязі з імёнамі З. Даленгі-Хадакоўскага і братоў Тышкевічаў. Пра вывучэнне помнікаў каменнага веку прыведзены адзіны эпізод: даследаванні Б. Рыхтхофена ў басейне Бярэзіны Нёманскай у гады Першай сусветнай вайны.
Час ад часу аўтары выкарыстоўваюць тапонімы Лагойшчына, Бабруйшчына, Гомельшчына, Барысаўшчына, Ушаччына, Лепельшчына, Ашмяншчына, Піншчына і г. д. Але ці варта ўжываць тэрмін Бабруйшчына ў выпадку з раскопкамі курганоў М. Мышанковым, які даследаваў іх у 1888 г. у Бабруйскім павеце, значная частка тэрыторыі якога не супадае з сучаснымі межамі Бабруйскага раёна; гэтая тэрыторыя ўключала Бацэвіцкі павет (сучасны Клічаўскі раён), Любоніцкі павет (Кіраўскі раён), Глускі павет і інш.
Адзначым некаторыя канкрэтныя недахопы гэтай часткі. На с. 13 распавядаецца, што “ў сакавіку 1919 г. пры Народным камісарыяце асветы ўтворана Археалагічная камісія, якая стала першай дзяржаўнай навуковай установай…”. Якой дзяржавы? Дробязь, але калі выданне адносіцца да рангу даведачнай літаратуры, інфармацыя павінна быць выверана. На той момант існавала ЛітоўскаБеларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі (скарочана ЛітБел). Дарэчы, у 1921 г. ужо дзейнічаў Народны камісарыят асветы БССР.
На с. 14 яшчэ адна недакладнасць: у 1927 г. раскопкамі на палеалітычнай стаянцы Бердыж Чачэрскага раёна кіраваў С. Замятнін, а не Г. Мірчынк [1].
На той жа старонцы даведнік паведамляе, што “ў 1930‐я гады аб’ём археалагічных даследаванняў адчувальна зменшыўся”. Але як быць з дадзенымі А. Ляўданскага з абагульняльнага артыкула “Археалагічная праца ў БССР у 1930–1931 гг.”, дзе аўтар пералічвае “1 даследаваную і 1 абследаваную палеалітычныя стаянкі, 2 абследаваныя мезалітычныя стаянкі, 250 абследаваных стаянак эпох неаліту і бронзы, 55 ранніх і пазнейшых селішч, 74 абследаваных і часткова раскапаных ранніх і пазнейшых гарадзішч, да 10 абследаваных так званых палёў пахавальных урнаў і іншых могільнікаў, і 95 даследаваных (шляхам раскопак) курганоў і магіл без насыпаў, як ранейшых, так і пазнейшых часоў” [2].
На с. 18 можна было б удакладніць, што І. Арцёменка пачаў даследаваць помнікі неаліту і эпохі бронзы ў Па дняпроўі не ў 1960-я, а ў другой палове 1950-х г., прычым першым пачаў раскопваць унікальныя курганныя пахаванні (5 курганных груп) і грунтовыя могільнікі бронзавага веку (2).
На с. 23 аўтары пішуць, што “пераважная большасць кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па спецыяльнасці «археалогія» была абаронена ў 1980–1990-х” (20 кандыдацкіх было абаронена ў 1980-я, 18 – у 1990-я. – Падлікі І. Я.). Далей прыведзены толькі агульныя колькасныя паказчыкі: “на аснове археалагічных матэрыялаў у Беларусі на 2020 г. было абаронена 18 доктарскіх (па нашых падліках, калі па беларускіх матэрыялах і прадстаўнікамі Беларусі, то не менш за 20. – І. Я.) і 97 кандыдацкіх” (без удакладнення па перыядах і праблематыцы).
Наступны раздзел (“Аматары даўніны XVI–XVIII стст.”) – самы кароткі (26–29). Тут прадстаўлены восем персаналій: Мацей Стрыйкоўскі – XVI ст., Крыштаф Радзівіл і Крыштаф Ян Хартнюх – XVIІ ст., Роберт Бжастоўскі, Ігнат Кульчынскі, Іван Ляпёхін, Караль Хадзіеўскі, Іаіль Шулакевіч – XVIІІ ст. У трох асоб біяграфічныя звесткі пададзены вельмі фрагментарна.
Раздзел 3 прысвечаны дапрафесійнай археалогіі (“Даследчыкі старажытнасцей ХІХ – першай паловы ХХ ст.”, с. 30–143). Тут прадстаўлены 254 асобы. У больш як 60 даследчыкаў вельмі скупыя біяграфічныя дадзеныя: адсутнічаюць звесткі пра даты нараджэння, імя, імя па бацьку, вельмі агульныя кірункі цікавасці да археалогіі, як прыклад: вывучаў старажытнасці ў Беларусі (с. 44, персаналія Вайцяшук Е. – год ці дата нараджэння ХІХ ст. і адна бібліяграфічная спасылка).
Раздзел 4 (“Прафесійныя археолагі ХХ–ХХІ ст.”, с. 144– 337) уключае біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі пра 275 асоб. Не зусім зразумелыя крытэрыі вылучэння даследчыкаў з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, якія мелі дачыненне да археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. Істотная розніца ў тым, што адны навукоўцы вывучалі матэрыялы з тэрыторыі Беларусі (А. Абломскі, А. Брусаў, К. Гадлоўскі, І. Гаўрытухін, У. Енукоў, І. Ерамееў, М. Лапацін, А. Мікляеў, А. Моця, Э. Мугурэвіч, Р. Рыманцене, З. Сулгастоўска, Д. Цялегін, П. Талочка, А. Таўтавічус, Р. Цярпілоўскі, Ю. Шчапава), а іншыя непасрэдна даследавалі археалагічныя помнікі ў розных рэгіёнах Беларусі ў часы СССР (І. Арцёменка, М. Варонін, Н. Гурына, Ф. Гурэвіч, С. Замятнін, М. Каргер, К. Каспарава, Л. Клейн, Ю. Кухарэнка, М. Малеўская, М. Палубаярынава, К. Паўлава, В. Перхаўка, П. Рапапорт, Т. Раў дзіна, І. Русанава, Б. Рыбакоў, Г. Салаўёва, Э. Сымановіч, В. Сядоў, З. Сяргеева, П. Траццякоў, І. Цюрына, С. Шырынскі).
Па такім крытэрыі, як вывучэнне матэрыялаў розных эпох з тэрыторыі Беларусі і публікацыя іх у археалагічнай літаратуры, да раздзела аб прафесійных археолагах, апрача беларускіх даследчыкаў, можна было б дадаць яшчэ не менш як паўтара дзясятка прозвішчаў: Э. Кемпісты, А. Коська, М. Шмыт, Я. Чэбрэшук, Б. Юзвяк, С. Кукаўка (Польшча), Л. Залізняк, С. Лысенка, Р. Охрыменка (Украіна), Т. Астраўскас (Літва), А. Крыйска (Эстонія), А. Сарокін, А. Смірноў, М. Жылін, А. Выбарнаў, Г. Хлопачаў, А. Мазуркевіч (Расія). І гэта толькі імёны даследчыкаў, якія закранаюць праблематыку старажытных эпох (ад палеаліту да эпохі бронзы).
У раздзеле 5 (“Спецыялісты розных галін навукі ў ХХ– ХХІ ст.”) акрамя прыведзеных дадзеных пра 188 асоб не хапае звестак пра цэлы кірунак (паліналогію) і яго прадстаўнікоў, якія актыўна публікаваліся разам з археолагамі (Я. Яловічава, В. Зярніцкая, Г. Сімакова і інш.), пра палеагеографа П. Далуханава, пра даследчыкаў, якія распрацоўвалі радыевугляродную храналогію для археалагічных помнікаў Беларусі – Г. Зайцава, М. Кулькова, М. Кавалюх, М. Міхайлаў.
Перадапошні, 6-ы, раздзел прысвечаны краязнаўцам (“Краязнаўцы і дапаможны персанал ХХ–ХХІ ст.”). Імпануе імкненне аўтараў даведніка аддаць даніну павагі краязнаўцам – людзям, якія, асабліва ў 1920-я гады, надалі вельмі моцны імпульс археалагічным росшукам. І сёння яны выступаюць першапраходцамі ў археалагічнай галіне на мясцовым рэгіянальным узроўні, добра ведаюць археалагічныя помнікі і гісторыю іх даследаванняў на сваёй малой радзіме, з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі археолагаў не толькі ў працэсе археалагічных раскопак, але і пад час арганізацыі навукова-практычных канферэнцый. І гэты спіс можна дапаўняць прадстаўнікамі краязнаўчай грамадскасці многіх раённых цэнтраў Беларусі.
Добра, што тут знайшлося месца і лабарантам, мастакам і фатографам, сярод якіх такія легендарныя асобы, як М. Федасееў, Я. Каробушкін; натхнёныя, як А. Котава; таленавітыя і добразычлівыя, як З. Краўчанка, Г. Малаткова, А. Марковіч, Т. Зінчанка. Без карпатлівай працы лабарантаў і мастакоў не было б ілюстрацыйнай часткі шматлікіх манаграфій і артыкулаў. Ды і многія археолагі 1960–1980-х пачыналі з лабаранцкай пасады.
Урэшце, апошні 7-ы раздзел прысвечаны нараджэнцам Беларусі, якія вывучалі іншыя тэрыторыі – амаль паўсотні даследчыкаў. І гэты спіс таксама можна папоўніць. У Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры РАН працуюць Г. Паплеўка, В. Алёкшын – археолагі паходжаннем з Беларусі.
Выданню не хапае геаграфічнага паказальніка; у любой абагульняльнай працы навукова-даведачнага характару гэты складнік дазволіць пашырыць даведачны апарат, ды і археалагічны помнік без геаграфічнай прывязкі не можа існаваць. У літаратуры пра даследчыкаў сустракаюцца агульныя спасылкі без указання старонак у выданнях, якія прыводзяцца.
Безумоўна, аўтарамі даведніка зроблена патрэбная і аб’ёмная праца на карысць гісторыі археалагічнай навукі Беларусі. Іх даведнік адлюстроўвае самыя яскравыя старонкі ў развіцці археалагічных даследаванняў, хоць з розных прычын, у тым ліку аб’ектыўных абставінаў, многія істотныя моманты засталіся па-за ўвагай. Пералічаныя заўвагі не змяншаюць каштоўнасці выдання, якое дазваляе ўявіць палітру памкненняў не аднаго пакалення даследчыкаў археалагічнай спадчыны, адкрыць новыя імёны, розны ўзровень унёску ў развіццё археалагічнай навукі Беларусі. І калі аўтары ўлічаць хоць некаторыя з выказаных тут заўваг, наступнае выданне даведніка будзе намнога лепшае.
[1] Калечыц А. Г. Палеалітычныя помнікі Беларусі: (культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя крыніц) / А. Г. Калечыц, А. У. Коласаў, В. С. Абухоўскі. Мінск, 2010. С. 28.
[2] Ляўданскі А. М. Археалагічная праца ў БССР у 1930–1931 гг. // Працы сэкцыі археолёгіі. Т. ІІІ. Менск, 1932. С. 226.