БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Па старонках адной «гісторыі» (Віктар Цітоў)


* Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. Аўтар В.К.Бандарчык. Мінск: Беларуская навука, 1999.

Не станем акцэнтаваць увагу на назве кнігі, якая, на наш погляд, недакладна адлюстроўвае яе сутнасны змест, тым больш, што ў змесце мы паўсюдна сустракаем этнаграфічнае (а не этналагічнае) вывучэнне. Структура працы падпарадкавана савецкай марксісцка-ленінскай перыядызацыі гісторыі. Першы раздзел прысвечаны этнаграфічнаму вывучэнню Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХIХ ст. (феадальны перыяд); этнаграфія капіталізму асвятляецца ў трох раздзелах, дзе паслядоўна разглядаецца стан этнаграфіі ў 60—70-х, 80—90-х г. і ў эпоху імперыялізму (да 1917 г.); пяты раздзел асвятляе развіццё этнаграфіч ных ведаў пасля 1917 г. (паслярэвалюцыйны перыяд). Апошні перыяд аўтар, у сваю чаргу, дзеліць на эпохі: 20—30-я і 40—90-я г. (гл. с. 18), аднак структурны змест гэтага раздзела кампануецца хутчэй паводле тэматычнага прынцыпу. Праца мае апрача таго ўводзіны, прамежкавы артыкул з залішне доўгай назвай («Сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, культурнае і навуковае асяроддзе развіцця этналогіі ў Беларусі ў ХIХ — пачатку ХХ ст.»), заключэнне і 97 ілюстрацый (больш за палову іх складаюць фотаздымкі вокладак розных выданняў).

У аснову выдадзенай кнігі пакладзены тры працы аўтара, выдадзеныя ў 60-я — пачатку 70-х г.[1]. Іх змест паслядоўна, без істотных зменаў, паўтараецца ў новым выданні. Пэўныя карэктывы, параўнальна з першым выданнем, унесены ў змест уводзінаў. Аўтар зняў згадку пра марксізм-ленінізм («Марксізм-ленінізм вучыць…»), затое даў кароткі агляд прац Аляксандра Пыпіна і Яўхіма Карскага, які ён механічна перанёс з асноўнай часткі першага выдання 1964 г. Аднак зроблена гэта спешна і няўклюдна, бо разгляд працы Пыпіна «Гісторыя рускай этнаграфіі» амаль дакладна паўтараецца ў новым выданні двойчы — ва ўводзінах і ў асноўнай частцы (гл. с. 7—11 і 168—171).

Гістарыяграфія ўсялякай навукі разглядае яе станаўленне, стан вывучэння праблемных пытанняў ці цэлых кірункаў і базуецца на параўнальным аналізе прац папярэднікаў (і сучаснікаў), якія даследавалі тую самую тэматыку, у прыватнасці, творчую спадчыну вядомых беларусістаў, этнографаў і фалькларыстаў, прычым атрыманыя вынікі і ацэнкі іх творчасці могуць прыкметна адрознівацца паміж сабой. Якраз такога параўнальнага аналізу мы не знаходзім у кнізе Васіля Бандарчыка. Апошні вядзе сваё даследаванне ва ўласнай інфармацыйнай прасторы, не зважаючы на шматлікія працы па гісторыі беларусістыкі (этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі культуры і інш.), што выйшлі з друку за апошнія 30 гадоў. Згадаем, у прыватнасці, працы Уладзіміра Васілевіча, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Касько, Аляксея Каўкі, Генадзя Кісялёва, Валянціна Грыцкевіча, Адама Мальдзіса, Арсеня Ліса, Янкі Саламевіча, Кастуся Цвіркі, Івана Цішчанкі, Язэпа Янушкевіча і іншых навукоўцаў. Гэтыя даследаванні нібы не існуюць для Бандарчыка. Адзінкавыя спасылкі на Каханоўскага ці Саламевіча не вырашаюць сутнасці пытання. Мы не гаворым ужо пра гістарыяграфію прац польскіх даследчыкаў. Для прыкладу нагадаем, што толькі ў выданні «Tygodnik ilustrowany» ў ХIХ ст. мы знаходзім грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці вядомых этнографаў — Яна Баршчэўскага, Лукаша Галамбёўскага, Зыгмунта Глогера, Оскара Кольберга, Юзафа Крашэўскага, Уладыслава Сыракомлі, Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Міхала Федароўскага і іншых, унёсак якіх у беларускую этнаграфію цяжка пераацаніць.

Па-за ўвагай аўтара засталіся цэлыя пласты беларускай культуры, без якіх апошняя ўяўляецца няпоўнай, занядбанай, толькі сялянскай, без глыбокіх каранёў і творчых узаемадачыненняў з культурай іншых народаў; губляецца яе нацыянальнае аблічча, старажытнаславянскі і еўрапейскі кантэкст. Аўтар не разглядае праблем нацыянальнай самасвядомасці, узаемадзеяння народнай і прафесійнай культур, праблемных пытанняў беларускага адраджэння, як і творчай спадчыны Мікалая Гусоўскага, Францішка Скарыны, Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Сіроткі, братоў Луцкевічаў, Казіміра Машыньскага, Чэслава Пяткевіча, Юзафа Абрэмбскага, Язэпа Драздовіча, Мікалая Ўлашчыка, Янкі Запрудніка… Мы не гаворым ужо пра творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча і шмат каго іншага з тых, хто займае сваё годнае месца ў этнакультурным працэсе. Зусім невыпадкова ім прысвечаны грунтоўныя артыкулы не толькі ў біябібліяграфічным даведніку «Беларускія пісьменнікі», але і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6 т.).

Паводле этнічнай ідэнтыфікацыі Бандарчыка, нашы слынныя землякі, выхадцы з мясцовага шляхецкага саслоўя, адназначна фігуруюць як «польскія даследчыкі». У іх ліку — Ян Чачот, Уладыслаў Сыракомля, Ян Баршчэўскі, Рамуальд Зянкевіч, браты Тышкевічы, Аляксандр Рыпінскі. У кнізе, па сутнасці, няма гістарыяграфічнага аналізу, а ёсць фрагменты бібліяграфіі, спрошчаныя да наіўнасці, вульгарызаваныя ідэалагічныя ацэнкі гэтых апантаных збіральнікаў і рупліўцаў беларускай этнаграфічнай спадчыны. Аўтар зусім не цікавіцца, што думаюць і пішуць, напрыклад, пра Рыпінскага даследчыкі яго творчасці Генадзь Каханоўскі, Ніна Тарэлкіна і інш. Ён з той самай упартасцю, як і сорак гадоў таму (калі рыхтаваў кнігу), паўтарае: «быў польскім шавіністам… з павярхоўна-дылетанцкімі разважаннямі адносна беларусаў і іх культуры», не прымаў «справядлівы гістарычны акт уз’яднання братніх беларускага і рускага народаў» (48—49).

У асобны параграф вылучаецца «Вывучэнне Беларусі мясцовымі сіламі». Да «мясцовых сіл» аўтар адносіць Пятра Бяссонава, Аляксандра Семянтоўскага, Пятра Гільтэбранта, якія да Беларусі мелі ўскоснае дачыненне і былі пасланыя сюды з мэтай русіфікацыі «Западнорусско го Края». Пры разглядзе дзейнасці асобных этнографаў аўтар строга прытрымліваецца класавага падыходу і ідэйна-палітычнай ацэнкі, падзяляючы даследчыкаў на кансерватараў, буржуазных лібералаў, рэвалюцыйных дэмакратаў, шавіністаў і нацыяналістаў. Такія ацэнкі пакідаюць у ценю навуковы плён іх працы, сапраўдны ўнёсак у развіццё беларускай этнаграфіі. Разгляд этнаграфічных прац, асабліва перыёдыкі, зводзіцца да фрагментарнага пераказу іх зместу і цытавання выпадковых урыўкаў, прычым такія цытаты часам займаюць, бадай, палову тэксту. Вось узор такіх цытат: «Старая сялянка з Магілёўскага павета, якая вяжа панчоху. Адзенне яе складаюць наступныя часткі: намётка (белая палатняная хустка, якая з’яўляецца яе галаўным уборам), світа (верхняе адзенне), сарочка палатняная, спадніца палатняная, анучы палатняныя, лапці з аборамі пяньковымі…»; «Селянін-рыбак з Чэрыкаўскага павета рыхтуе душагубкі (чаўны) для рыбнай лоўлі…» (69), і г.д., і г.д. Тут, як і далей, пры разглядзе публікацый у перыядычным друку, на цэлыя старонкі падаецца (цытуецца) сыры, апісальны матэрыял, які захоўвае характар і стыль выпадковых канспектыўных выпісак і мае даволі ўскоснае дачыненне да гістарыяграфіі навукі (гл. с. 73—80 і інш.).

Трэці і чацвёрты раздзелы («Беларуская этнаграфія ў 80—90-х г. ХIХ ст.» і «Этнаграфічная навука ў пачатку ХХ ст.») фармальна адлюстроўваюць храналагічны падыход у асвятленні адпаведнага матэрыялу, аднак на самай справе амаль цалкам прысвечаны дзейнасці вядомых этнографаў і фалькларыстаў Мікалая Нікіфароўскага (1845—1910), Еўдакіма Раманава (1855—1922), Уладзіміра Дабравольскага (1856—1920), Мікалая Янчука (1859—1921), Мітрафана Доўнара-Запольскага (1867—1934), Аляксандра Пыпіна (1833-1904), Яўхіма Карскага (1861—1931) і інш. Тут узнікае шмат пытанняў. Перш за ўсё, да якога перыяду аднесці творчасць бальшыні гэтых даследчыкаў, калі яны жылі і плённа працавалі як у эпоху капіталізму (90-я г. ХIХ ст.), так і ў эпоху імперыялізму (пачатак ХХ ст.)? У дадзеным выпадку выяўляюцца ўсе хібы марксісцка-ленінскай перыядызацыі, якой прытрымліваецца аўтар. Дзейнасць бальшыні этнографаў ён умоўна адносіць да 80—90-х г. і характарызуе іх у адпаведным раздзеле. Да некаторых вяртаецца ў іншых раздзелах ці ўводзінах (Раманаў, Пыпін, Карскі). Аднак такі падзел творчай біяграфіі даследчыкаў парушае яе цэласнасць, арганічнасць, у выніку чаго мы зноў і зноў вяртаемся «на кругі свае» — да дзейнасці, творчай спадчыны і ідэйных поглядаў тых самых аўтараў, нібы сутнасць іх мянялася ў залежнасці ад сацыяльна-эканамічных фармацый. Пры такіх падыходах (а яны ў значнай ступені былі абумоўлены механічным капіяваннем тэкстаў некалькіх выдадзеных раней кніг) непазбежныя аморфнасць, рыхласць унутранага зместу, структурная разбалансаванасць, незакончанасць думак, недаравальныя паўторы.

Часта тое, што выкладаецца ў адным раздзеле, не знаходзіць свайго лагічнага працягу ў другім. Так, Бандарчык крытыкуе аўтараў краязнаўчага выдання «Расія» (т. 9. СПб., 1905) Доўнара-Запольскага і Шэндрыка, якія нібыта перанеслі на сваю этнаграфічную карту памылкі раней складзеных картаў Рыціха і Карскага і, цытуем, «выключылі са складу Беларусі ўсю Гродзенскую губерню, а на ўсходзе і поўначы межы Беларусі адсунулі на тэрыторыю рускага насельніцтва» (246). Аднак ён, па-першае, зусім не згадвае этнаграфічнай карты Доўнара-Запольскага, складзенай у 1918 г., якая лягла ў аснову тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і першапачатковага варыянту карты БССР. Па-другое, ні Рыціх, ні Карскі, як сведчаць адпаведныя карты (1875 і 1903 г.), не выключалі Гродзенскую губерню са складу этнічнай Беларусі; больш за тое, уключалі ў яе і Віленскі край, — таму аўтар кнігі, у лепшым выпадку, мае слабое ўяўленне пра гэтыя карты. Па-трэцяе, бедаваць ад таго, што складальнікі этнаграфічных картаў межы Беларусі «адсунулі на тэрыторыю рускага насельніцтва», няма ніякіх падставаў. У ХIХ — пачатку ХХ ст. бадай што ніхто з адукаваных людзей Расіі не аспрэчваў прыналежнасць большай часткі Смаленшчыны і Браншчыны да этнічнай тэрыторыі рассялення беларусаў, пра што сведчаць шматлікія расійскія краязнаўчыя выданні — «Живописная Россия» (Т. 3. 1882), «Народы России» (Вып. 1. 1878), «Русские народы» (1894) і інш.

Ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць, якая не можа не звярнуць на сябе ўвагу. Аўтар кнігі папракае вядомых навукоўцаў, што тыя «адсунулі беларускую мяжу» на ўсход, на тэрыторыю Смаленскай губерні, якая, паводле слоў Бандарчыка, ніколі не належала этнічнай Беларусі. Тут ён фарысейнічае і супярэчыць самому сабе, бо ў трэцім раздзеле кнігі прысвячае цэлы параграф вядомаму даследчыку этнаграфіі Смаленшчыны Дабравольскаму, аўтару шматтомавага «Смаленскага этнаграфічнага зборніка». Такога самага кшталту «крытычныя» заўвагі аўтар робіць у адрас Яўхіма Карскага і Уладзіміра Пічэты, якія разглядалі старажытнаславянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў як зыходную аснову этнагенезу беларусаў. «Ён (Карскі. — В.Ц.), — павучальна заўважае аўтар, — амаль не звяртае ўвагі на тую важную акалічнасць, што фарміраванню беларускай народнасці папярэднічала агульнарус кае адзінства ўсходнеславянскіх плямёнаў, племянная замкнёнасць якіх была размыта ўжо ў перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве» (239). Як і ў іншых выпадках, ніякіх новых аргументаў на карысць адзінай старажытнарускай народнасці аўтар не падае, а проста паўтарае версію савецкіх гісторыкаў (Б.Рыбакоў, С.Токараў і інш.). Паводле гэтай версіі, у Х—ХII ст. ва ўмовах слабых (вельмі слабых!) эканамічных сувязяў на вялізных прасторах Кіеўскай Русі пераважалі інтэграцыйныя працэсы, якія і прывялі да ўтварэння адзінай старажытнарускай, ці ўсходнеславянскай, народнасці, а пазней ва ўмовах Вялікага Княства Літоўскага (яго славянскі характар Бандарчык ігнаруе) нібыта пайшоў нечаканы адваротны працэс распаду адзінай народнасці, у выніку чаго ў XIV—XVI ст. у адной дзяржаве ўтварыліся два этнасы — беларусы і ўкраінцы.

Сітуацыя парадаксальная, лагічнае і гістарычнае тут не сумяшчаюцца, супярэчаць адно аднаму. Такая версія (ці канцэпцыя?) пакідае шмат пытанняў і супярэчыць агульнаеўрапейскаму этнагенетычнаму працэсу. Дастаткова сказаць, што ў нашых суседзяў існуюць больш зразумелыя, навукова апрабаваныя і агульнапрынятыя этнагенетычныя канцэпцыі, паводле якіх, у прыватнасці, немцы як этнас сфармаваліся да Х ст. на аснове кансалідацыі германскіх плямёнаў франкаў, саксаў, бавараў, швабаў, алеманаў; палякі — прыкладна ў той самы час на аснове палян, віслян, слезян, памаран, мазаўшан, якія, дарэчы, стаялі на той самай ступені развіцця, што і нашы крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Тая самая канцэпцыя этнагенезу на базе племянных аб’яднанняў (аўкштайтаў, жамойтаў, судовы) існуе і ў сучасных літоўцаў. Нельга не заўважыць, што якіх-небудзь звестак пра старажытнарускую народнасць мы не знаходзім ні ў пісьмовых крыніцах, ні ў гістарычных міфах (без уліку савецкіх міфаў). Іншая справа — плямёны крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, літвы, яцвягаў, якія існавалі рэальна, пра што сведчаць шматлікія летапісныя і археалагічныя крыніцы.

Нарэшце, у гэтым кантэксце ўзнікае яшчэ адно прынцыповае пытанне: наколькі лагічна і правамерна сумяшчаць па часе і атаясамлі ваць па сутнасці этнагенез беларусаў з этнакультурным працэсам беларускага сярэднявечнага Адраджэння (XV—XVI ст.)? На гэтыя ды іншыя пытанні аўтары згаданай канцэпцыі (а тым болей аўтар кнігі) адказаў не даюць.

Бандарчык спасылаецца на Пыпіна, які нібыта лічыў старажытнарускую народнасць асноватворнай у этнагенезе рускага, беларуска га і ўкраінскага народаў. «Ён (Пыпін — В.Ц.), — піша аўтар, — правільна тлумачыць працэс складвання рускай, украінскай, беларускай народнасцей, падкрэсліваючы, што адзіным коранем іх з’яўляецца старажытнаруская народнасць» (гл. с. 8 і 168, паўтараецца двойчы). Наколькі ўважліва Бандарчык чытае вядомага даследчыка, можна пераканацца, звярнуўшыся да першакрыніцы. «Многим у нас, — піша Пыпін, — как будто кажется, например, что белоруссы (как и малоруссы) составляют просто отрасль вполне сформированного уже в древности цельного русского народа, отрасль впоследствии более или менее подпорченную… Но простые показания новых исторических и филологичес ких исследований представляют дело совсем иначе: этого единого „чисто русского» народа не было»[2]. Каментар не патрэбны.

Васіль Бандарчык ва ўласцівай яму манеры крытыкуе аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (Мінск, 1994), папракаючы, што тыя «слепа пайшлі за «тэорыяй» балцкага субстрату В.Сядова». Заўважым, што са шматлікіх манаграфічных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі апошняга, плённага на выданні, дзесяцігоддзя апынулася вартай увагі аўтара, бадай, адзіная гэтая кніга. «Няўжо гісторыкі не ведаюць, — з абурэннем усклікае ён, — што ў Кіеўскай Русі насельніцтва карысталася старажытнарускай мовай, на якой напісана многа дакументаў і твораў… Весці размову аб фарміраванні беларускай мовы і этнасу з ХII па ХIII ст. неправамерна» (311).

Паважаны член-карэспандэнт НАН Беларусі блытае старажытную літаратурную мову (блізкую да царкоўнаславянскай) з гутарковай, дыялектнай, якая мела свае адрозненні на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Несумненна, што гэтая дыялектная мова як этналінгвістычная сістэма мала мянялася на працягу шматлікіх стагоддзяў, складаючы асноўную прыкмету этнічнай ідэнтыфікацыі. Таму пытанне пра адзіную старажытнарускую мову на вялізных прасторах Кіеўскай Русі вельмі спрэчнае, і схаластычныя тэзы Бандарчыка наконт правамернасці ці неправамернасці падобнай размовы не вырашаюць праблемы. Той самы Пыпін у свой час лічыў, што беларуская мова зусім «не паходзіць ад вялікарускай, а развіваецца адначасова з ёю з блізка роднасных, аднак асобных племянных элементаў і ў даволі розным палітычным і побытавым асяроддзі»[3]. Вядомы лінгвіст Віктар Мартынаў, у сваю чаргу, лічыць дыялект, на якім заснавана сучасная беларуская мова, адным з самых старажытных сярод славянскіх моў, які існуе, выконваючы свае кансалідуючыя функцыі, каля двух тысяч гадоў[4]. Для канчатковага вырашэння гэтых пытанняў неабходны грунтоўныя даследаванні ў розных сферах гуманітарных ведаў, параўнальны аналіз шырокага кола крыніц. Ідэалагізаваныя катэгарычныя ацэнкі, зробленыя на аматарскім узроўні, не маюць тут ніякага навуковага значэння.

Бандарчык недаацэньвае і прыніжае вынікі этнаграфічных даследаванняў да 1917 г., у той перыяд, які даў цэлую галерэю выдатных постацяў збіральнікаў і даследчыкаў беларускай народнай творчасці. Толькі за працамі Мітрафана Доўнара-Запольскага аўтар часткова прызнае навуковую вартасць (148). Калі прытрымлівацца такой думкі, навукова-даследчымі нельга лічыць працы Яўхіма Карскага, братоў Тышкевічаў, Мікалая Янчука, Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, Паўла Баброўскага, Івана Зяленскага і многіх іншых (дарэчы, грунтоўнаму двухтомніку Зяленскага «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі… Мінская губерня» аўтар прысвячае некалькі дзяжурных радкоў).

Для аўтара «Беларусаў» (т. 3) больш істотная не навуковая, а ідэалагічная ацэнка прац, класавыя падыходы, з улікам якіх ён расстаўляе адпаведныя акцэнты, разглядаючы дзейнасць тых ці іншых этнографаў. Доўнар-Запольскі «заплюшчваў вочы на цяжкае эканамічнае становішча асноўнай масы беларускага сялянства, ігнараваў класавы антаганізм і класавую барацьбу», не стаяў на баку народа (151). Зінаіда Радчанка — «польская памешчыца», «выяўляе сваё неразуменне класавых супярэчнасцей у вёсцы», «прапаведуе класавы мір» (163)… «Класавая абмежаванасць Раманава, неразуменне законаў гістарычнага развіцця чалавечага грамадства прывялі яго да глыбока памылковых поглядаў на новы перадавы клас грамадства — пралетарыят. Адсюль вынікаюць яго рэзка адмоўныя адносіны да творчасці фабрыкі, казармы, горада, адыходных промыслаў, якую ён называе пошлай, разбэшчваючай народ» (215)… «Карскі не ўзняўся да разумення сацыяльна -палітычнай функцыі вусна-паэтычнай творчасці народа», не гаворачы пра згаданыя «сур’ёзныя памылкі» ў асвятленні праблем этнагенэзу і тэрыторыі рассялення беларусаў (239, 243) і г.д.

Уся гэтая крытыка вядомых дарэвалюцыйных этнографаў, якія нібыта ігнаравалі класавую барацьбу і сацыяльна-палітычныя фактары, не мае сур’ёзных падставаў і носіць дэструкцыйны характар; гэта — свайго роду фарс, патрэбны ў першую чаргу самому аўтару, каб на хвалі палітычнай кан’юнктуры знайсці для сябе нішу, сцвердзіць і больш кантрастна паказаць сваю ролю як аднаго з вядучых гістарыёграфаў савецкай генерацыі.

Пры падвядзенні вынікаў гістарыяграфічных даследаванняў дарэвалюцыйнага перыяду Бандарчык піша: «Гістарыёграфаў гэтага перыяду цікавіў галоўным чынам фактычны бок пытання, нават не тое, наколькі праўдзівым было апісанне культуры і быту народа, а хутчэй спосабы збірання і фіксацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. Зусім зразумела, што такі падыход да вывучэння гісторыі беларускай этнаграфіі не мог прывесці да стварэння ў дарэвалюцыйны час сапраўды навуковай гістарыяграфіі гэтай галіны ведаў» (16). Спробы стварэння такой гістарыяграфіі, піша далей аўтар, былі ў савецкі час, пра што сведчаць шматлікія публікацыі і юбілейныя артыкулы 20—50-х г. Аднак сапраўдная навуковая сістэматызаваная гістарыяграфія была створана толькі ў 60-я — пачатку 70-х г. і звязана (у гэтым аўтар не сумняваецца) з імем В.К.Бандарчыка (18). Тут ён змяшчае і свой фотапартрэт (услед за партрэтамі Пыпіна і Карскага). Фотаздымкі яго асобы шматразова, у розных ракурсах (тут ён — на трыбуне ў час юбілейнай сесіі ў Львове, там — сярод удзельнікаў Міжнароднага круглага стала, і да т.п.) паўтараюцца на старонках, чаргуюцца з фотакопіямі вокладак яго ўласных і выдадзеных пад яго рэдакцыяй кніг. Такая павышаная ўвага да сваёй асобы не можа не ўплываць на стыль і «ідэйны змест» кнігі, і ў значнае ступені надае ёй мемуарны характар, што выяўляецца найбольш відавочна ва ўводзінах і апошнім раздзеле, прысвечаным разгляду гістарыяграфіі другой паловы ХХ ст.

На першых этапах савецкай гісторыі (20—30-я г.) аўтар разглядае не столькі гістарыяграфію навукі (апублікаваных навуковых прац было, па сутнасці, мала), колькі арганізацыйныя пытанні «перабудо вы» этнаграфічнай і краязнаўчай работы, наладжванне збіральніцкай і культурна-асветнай працы, а гэта вызначае і спосаб абагульнення і падачы адпаведных матэрыялаў, якія мала чым адрозніваюцца ад каляндарна-статыстычных справаздач. Гэты манатонны стыль у значнай ступені захоўваецца і пры характарыстыцы дасягненняў савецкай этнаграфіі ў пасляваенны перыяд.

Аўтар слушна канстатуе згортванне этнаграфічнай працы ў 30-я г., раз’юшанае «развянчанне» т.зв. нацдэмаўшчыны, непрыстойную ролю ў гэтай «кампаніі» Нікольскага, Грынблата, Жылуновіча, Супінскага і іншых, менш вядомых, савецкіх навукоўцаў, што спрычыніліся да ваяўнічага нігілізму, шальмавання свядомых нацыянальных кадраў беларускага Адраджэння. Разам з тым аўтар выяўляе непаслядоўнасць, імкнецца ўсяляк зменшыць маштабы інтэлектуальнай катастрофы ў 30-я г., генацыду нацыянальнай інтэлігенцыі, знішчэння традыцыйнай народнай культуры і яе носьбіта — сялянства. «Пачаліся рэпрэсіі, — будзённа канстатуе аўтар, — у выніку якіх былі расстраляны М.Каспяровіч, М.Мялешка і іншыя этнографы Беларусі. А.Шлюбскі захварэў на лесараспрацоўках і памёр у 1941 г., заўчасна памёр у лагеры М.Гарэцкі ў 1939 г.» (247). Вось, уласна, і ўсё пра рэпрэсіі і рэпрэсаваных. Чытаючы такое, можна падумаць, што Аляксандр Шлюбскі на лясной дзялянцы, а Максім Гарэцкі ў працоўным камуністычным лагеры, куды яны былі пасланыя для перавыхавання, незнарок прастудзіліся і памерлі ад рэспіраторнага захворвання. У аўтара за апошнія 10—20 гадоў, на працягу якіх пераглядаліся справы незаконна рэпрэсаваных, не знайшлося часу, каб зазірнуць хоць бы ў энцыклапедычныя даведнікі, пацікавіцца, калі і як «памёр» Максім Гарэцкі, каб быць больш дакладным і не ўводзіць у зман чытача.

«Вышэйсказанае, — піша далей аўтар, — зусім не азначае, што ўвесь перыяд 30-х г. характарызуецца як час поўнага заняпаду ў развіцці этнаграфіі Беларусі» (276). Аднак гэтая тэза гучыць непераканальна, калі ён спрабуе пацвердзіць яе канкрэтнымі прыкладамі — арганізацыяй этнаграфічных экспедыцый, перад удзельнікамі якіх ставіліся задачы вывучаць матэрыяльную культуру калгасаў, «даследаваць масавы рэпертуар Беларускага Палесся ў яго класавай дыферэнцыяцыі» і да т.п. (277). У выніку т.зв. «перабудовы» і масавых рэпрэсій беларуская гуманітарная навука панесла вялікія страты. Сабраныя ў экспедыцыях этнаграфічныя рэчы і фотаздымкі не маглі кампенсаваць найкаштоўней шых калекцый, якія былі «нацыяналізаваны», разрабаваны і вывезены з Беларусі, прычым рабаваліся не толькі музейныя фонды, але і храмы, манастыры, грамадскія ўстановы, прыватныя калекцыі.

Бандарчык абыходзіць маўчаннем шэраг прац, што закладвалі ідэйны падмурак рэпрэсіям, у прывaтнасці, акадэмічнае выданне «Навука на службе нацдэмаўскай контрpэвалюцыі» (пад рэд. С.Я. Вальфсона. Т. 1. Мінск, 1931). У прынцыпе аўтар пагаджаецца з асноўным зместам кнігі, які ён выкарыстоўвае і паўтарае, крытыкуючы беларускіх «нацдэмаў».

«Беларускі народ, — піша Бандарчык, — пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўпершыню ў сваёй гісторыі атрымаў дзяржаўнасць. Аб тым, па якому шляху павінна пайсці развіццё маладой рэспублікі, і разгарнуліся вострыя палітычныя, ідэалагічныя і навуковыя спрэчкі» (293). Вось тут і дастаецца «бацьку беларускіх нацыяналістаў» Вацлаву Ластоўска му, а таксама Аляксандру Цвікевічу, Язэпу Лёсіку, Мікалаю Каспяровічу, Янку Станкевічу, Аляксандру Шлюбскаму. Што звяртае на сябе асаблівую ўвагу ў сентэнцыях Бандарчыка, дык гэта адсутнасць усялякіх аргументаў і элементарнай этыкі, неабходных атрыбутаў даследчыка. З нястрыманым буйствам фантазіі ён ганьбуе ўсіх, хто не згодны з савецкім міфам аб адсутнасці ў нашых продкаў сярэднявечнай дзяржавы. Паводле Бандарчыка, Полацкае, Турава-Пінскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, як і Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588), не мелі ніякага дачынення да беларускай дзяржаўнасці; апошнюю беларусам даравалі ў 1919 г. бальшавікі. Замест сур’ёзнага аналізу крsніц і спецыяльных даследаванняў аўтар звычайна спасылаецца на «сучасную навуку», якая нібыта абвяргае «домыслы» яго апанентаў. Невядома толькі, якую «сучасную» навуку мае на ўвазе аўтар… Ці не савецкую міфалогію 60-х г., калі Бандарчык рыхтаваў свае выданні, якія, на жаль, аказаліся запатрабаванымі ў канцы ХХ ст.? Такая іронія лёсу!

Гісторыю этналагічнага вывучэння Беларусі ў другой палове ХХ ст. Васіль Бандарчык абмяжоўвае фактычна толькі працай сектара (аддзела) этнаграфіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (НАНБ). Па-за ўвагай застаюцца навуковыя дасягненні іншых установаў — Інстытута гісторыі НАНБ, Нацыянальнага навукова-ас ветнага цэнтра імя Францішка Скарыны, спецыяльных кафедраў БДУ, БДПУ імя МаксімаТанка, Беларускага універсітэта культуры, Беларускага інстытута праблем культуры, нарэшце, адпаведных устаноў беларускага замежжа. Нават працы суседніх аддзелаў ІМЭФ па народным мастацтве і этнамузыказнаўстве (Я.Сахута, Я.Кацар, З.Мажэйка, А.Лявонава, І.Назіна, Ю.Якімовіч, М.Яніцкая) згадваюцца ў форме бібліяграфічнай даведкі (іх гістарычны аналіз патрабуе кампетэнтнасці і адпаведных ведаў).

У аснову гістарыяграфічных «эцюдаў» па этнаграфіі другой паловы ХХ ст. аўтар паклаў каляндарныя (юбілейныя) справаздачныя матэрыялы з кароткімі анатацыямі апублікаваных і неапублікаваных прац. У ліку «Новых аспектаў этнаграфіі» (аднайменная назва параграфа) у тэматыцы навуковых даследаванняў сектара этнаграфіі ў 60-х г. вызначаліся асобныя праблемныя кірункі: рэлігія і атэізм, побыт сялян у партызанскім краі, сямейны і грамадскі побыт рабочага класа, матэрыяльная культура, гісторыка-этнаграфічны атлас і інш. Не ўсім апублікаваным па гэтых аспектах працам дадзена адэкватная ацэнка. У гэтыя гады выйшла нямала прац па антырэлігійнай тэматыцы і новай савецкай абраднасці — «Пытанні рэлігіі і атэізму» (1960), «Новыя звычкі і абрады ў наш быт» (1960), «Жыццё нараджае новыя абрады» (1964), «Аб шкоднасці рэлігійных свят» (1960) і інш. Не станем даваць ім сваю ацэнку, дазволім сабе толькі працытаваць пачатак апошняй згаданай публікацыі.

«Ноч пасля другога дня вялікадня. Моцна спіць вёска Самалі Маладзечанскага раёна. Раптам будынкі азарыліся полымем. Яно вырвалася з кароўніка і пачало хутка распаўсюджвацца па даху…

— Што здарылася? Чаму ўзнік пажар?.. А здарылася вось што. З выпадку рэлігійнага свята вартаўнік М.Раманоўскі п’янстваваў. Позна вечарам у нецвярозым стане ён зайшоў у кароўнік і кінуў пад ногі непатушаны акурак. Затым паплёўся дадому…»

Гэта паслужыла аўтару брашуры (а ім з’яўляецца В.К.Бандарчык) падставай для абгрунтавання шкоднасці рэлігійных святаў; ён ганьбіць рэлігію і падводзіць «навуковыя асновы» неабходнай рашучай барацьбы з праваслаўнымі традыцыямі. «Царкоўныя святы, — піша далей аўтар, — прычынялі вялікую шкоду распаўсюджванню сярод працоўных перадавой марксісцка-ленінскай тэорыі, перашкаджалі рэвалюцый наму руху. Праваслаўны епіскап Нікан у сваёй брашуры «У абарону рэлігійных святаў» у 1909 г. з цынічнай праматой (выдзелена намі. — В.Ц.) пісаў: „Рэлігійныя святы маюць высокае выхаваўчае значэнне для народных мас, для служылага люду, для рабочых, дапамагаючы ў барацьбе з ілжэвыдумкамі сацыялістаў»»[5].

З тых часоў мінула амаль 100 гадоў. Хто апынуўся бліжэй да ісціны — епіскап Нікан ці навуковец Бандарчык — паказвае сучасная сітуацыя.

Асаблівую ўвагу аўтар аддае тым навуковым працам, якія былі выкананы ім у суаўтарстве ці пад яго кіраўніцтвам (і сапраўды, працы яго ў суаўтарстве вызначаюцца крыху лепшымі якасцямі). У іх ліку калектыўныя манаграфіі «Беларускае народнае жыллё» (1973) і «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974). Аднак аўтар замоўчвае крытычныя ацэнкі, якія былі выказаныя на адрас гэтых прац і «Гісторыка-этнаграфічнага атласа» ў «Савецкай этнаграфіі» і ў манаграфічным даследаванні «Народная спадчына»[6]. Намі ўжо адзначалася, што Бандарчык праводзіць свае гістарыяграфічныя пошукі ва ўласнай інфармацыйнай прасторы, і гэты чарговы эпізод тут не выключэнне. Са свайго боку заўважым, што многія падрыхтаваныя пад кіраўніцтвам Бандарчыка карты «Рэгіянальнага гісторыка-этнаграфічнага атласа» не вытрымліваюць крытыкі і не адпавядаюць элементарным патрабаванням этнічнай картаграфіі, шэраг — складзены па фармальных адзнаках, як падказвала фантазія іх складальнікаў. Таму шкадаваць, што такія карты застаюцца неапублікава нымі, няма ніякіх падставаў.

Аб’ём гэтага артыкула не дазваляе разгледзець усе аспекты, якія знайшлі адлюстраванне (ці не знайшлі яго) у кнізе Васіля Бандарчыка. Адно несумненна — трэці том «Беларусаў» не адпавядае сучасным патрабаванням і еўрапейскаму ўзроўню беларусазнаўчых ведаў. Куды больш поўную, грунтоўную і навукова апрабаваную інфармацыю, адпаведным чынам сістэматызаваную і абагульненую, можна знайсці ў розных даведачных (энцыклапедычных) выданнях, што выйшлі за апошнія 10—15 гадоў.

Кніга «Беларусы» (т. 3) антыбеларуская па сутнасці, яна прыніжае нацыянальную годнасць беларускай нацыі, дыскрэдытуе яе гуманітарную думку, сведчыць пра тупіковыя шляхі былой савецкай этнаграфіі, яе абмежаваныя інтэлектуальныя рэсурсы.

Віктаp Цітоў

Менск


[1] Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХIХ ст. Мінск, 1964; Яго ж: Гісторыя беларускай этнаграфіі: пачатак ХХ ст. Мінск, 1970; Яго ж: Развіццё беларускай савецкай этнаграфіі. Мінск, 1973.
[2] Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 4. С.–Петербург, 1892. С. 5.
[3] Тамсама. С. 6.
[4] Мартынаў В.У. Канцэпцыя трохмоўнай калыскі не вытрымлівае крытыкі // Наша слова. 1994. № 9.
[5] Бандарчык В.К. Аб шкоднасці рэлігійных свят. Мінск, 1960. С. 5.
[6] Цітоў В.С. Народная спадчына. Матэрыяльная культура ў лакальна–тыпалагічнай разнастайнасці. Мінск, 1994. С. 28—29.

Наверх

Тэгі: , , ,