Алесь Cмалянчук. Палякі Беларусі і Літвы ХIХ — пачатку ХХ ст. як этнакультурны і сацыяльны феномен
(Гістарыяграфічны агляд)
Для разумення феномена польскай грамадскасці беларускіх і літоўскіх земляў у ХIХ — пачатку ХХ ст. уяўляецца вельмі важным асвятленне праблемы радаводу мясцовых палякаў. Цэнтральнымі тут з’яўляюцца пытанні пра памеры міграцыі насельніцтва з этнічных польскіх земляў у Беларусь і Літву і пра сутнасць працэсаў паланізацыі. Якія ж асноўныя падыходы навукоўцаў Беларусі, Літвы і Польшчы да азначаных праблем?
Вызначыць дакладна храналогію першых міграцыйных плыняў насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы на ўсход вельмі цяжка. Суседства польскіх і беларуска-літоўскіх земляў спрыяла таму, што працэсы ўзаемапранікнення распачаліся здаўна. Беларускія даследчыкі Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч зафіксавалі перасяленні мазураў на землі сучаснай Беларусі ўжо ў ХII—ХIII ст. На іх думку, пасля Люблінскай уніі (1569) польская міграцыя ўзмацнілася. Аднак масавага характару перасяленні не набылі, бо Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. істотна абмежаваў магчымасці набыць зямлю і заняць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ для шляхты з Каралеўства Польскага[1]. Этнолаг і гісторык Міхаіл Піліпенка лічыць, што актыўная міграцыя польскага насельніцтва (пераважна дробнай шляхты) распачалася толькі ў XV—XVI ст. Прычым асноўнымі кірункамі гэтай міграцыі былі Прыпяцкі, Цэнтральны і Дзвінска-Дняпроўскі рэгіёны[2].
Уласную класіфікацыю асноўных катэгорый польскіх перасялен цаў на беларускія землі з ліку вясковага насельніцтва этнічнай Польшчы распрацаваў Вячаслаў Вярэніч. Сацыялагічнае і этнаграфічнае даследаванне, якое праводзілася ў 60—80-я г. ХХ ст., спалучанае з аналізам гістарычнай літаратуры, дазволіла яму вылучыць чатыры асноўных тыпы польскіх вёсак усходняй і цэнтральнай Беларусі. Да першага з іх даследчык аднёс былыя шляхецкія вёскі, жыхары якіх былі нашчадкамі паланізаванай беларускай шляхты або (радзей) нашчадкамі этнічнай польскай шляхты. Да другога — былыя паселішчы мазавецкіх буднікаў, занятых некалі ў лясной прамысловасці. Да трэцяга — былыя паселішчы сялян і беднай шляхты з этнічна польскіх земляў, якія існавалі каля вялізных маёнткаў і павінны былі забяспечыць іх рамеснымі вырабамі. Чацвёрты тып В.Вярэніч характарызаваў як вёскі польскіх сялян-перасяленцаў, якіх прыцягнулі ў Беларусь неабжытыя і незасвоеныя землі[3].
Даследаванне В.Вярэніча таксама пацвярджае, што значных памераў міграцыя палякаў у Беларусь не набыла. Польскіх сялян перасялялася няшмат, і амаль усе яны даволі хутка праходзілі стадыю культурнай беларусізацыі і асіміляцыі. Прадстаўнікі польскага каталіцкага духавенства, якія займалі высокія пасады ў касцельнай ерархіі ВКЛ, і шляхты, што наймалася на ваенную або цывільную службу ў княстве, пазбеглі асіміляцыі. Але перасяленні прадстаўнікоў вышэйшых сацыяльных колаў мелі эпізадычны характар.
Падобна ацэньваюць міграцыю палякаў на тэрыторыю як „гістарычнай», так і „этнаграфічнай» Літвы літоўскія даследчыкі[4]. Фактычна, у беларускай і літоўскай гістарыяграфіі пануе тэзіс, што „ў сваёй абсалютнай большасці мясцовыя палякі з’яўляюцца нашчадкамі паланізаваных у мінулым аўтахтонаў Беларусі і Літвы і латгальскай часткі Латвіі»[5].
Цікава, што пры гэтым беларускімі і літоўскімі даследчыкамі на працягу амаль усяго ХХ ст. палякі звычайна трактаваліся як чужародная і варожая беларусам і літоўцам сіла. Напрыклад, прадстаўнікамі беларускай савецкай гістарыяграфіі прысутнасць польскай грамадскасці ў беларускай гісторыі XIХ — пачатку ХХ ст. або ігнаравалася, або характарызавалася ў рэчышчы выключна канфрантацыйнага разумення мінулага: „паланізатары», „прыгнятальнікі беларускага народа» і г.д. Беларускія савецкія даследчыкі ўслед за расійскай прапагандай часоў Імперыі сцвярджалі, што палякамі з’яўляюцца толькі прадстаўнікі вышэйшых сацыяльных колаў грамадства. Пэўныя ідэалагічныя ўстаноўкі перашкаджалі аб’ектыўнаму асвятленню месца і ролі палякаў у гісторыі.
На пачатку 90-х г. ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі пазначыла ся іншая тэндэнцыя. Упершыню яна выявілася на старонках папулярнага гістарычнага выдання „Сто пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі». Ганна Сурмач, адказваючы на пытанне „Як на Беларусі з’явіліся палякі?», падкрэсліла розніцу паміж этнічнымі палякамі і абсалютнай большасцю прадстаўнікоў мясцовай (беларускай) польскай грамадскасці. Апошнія, на яе думку, з’яўляюцца „беларусамі з паходжання» або „апалячанымі беларусамі»[6]. У беларускай гістарыяграфіі пачала распаўсюджвацца ідэя, што мясцовыя палякі — гэта ні што іншае, як польскамоўныя этнічныя беларусы. З’явілася адпаведная тэрміналогія: „беларускія памешчыкі-католікі»[7] і „польска-беларускія памешчыкі»[8] (Міхась Біч), „польска-беларускія пісьменнікі»[9] (Соф’я Кузняева). Некаторыя даследчыкі (Анатоль Жытко) пачалі ўжываць тэрміны „палякі» і „польскія дваране» толькі ў двукоссі, падкрэсліваючы тым самым іх адноснасць у дачыненні да мясцовых палякаў[10]. Леанід Лыч характарызаваў Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Людвіка Кандратовіча (У.Сыракомлю) як „беларусаў па нацыянальнасці, што служылі на карысць польскай літаратуры»[11]. Гэты падыход фактычна ператвараў беларускіх палякаў у нейкіх сапсаваных беларусаў. Ён перакрэсліваў іх гістарычную адметнасць, іх права на ўласнае месца ў беларускай гісторыі.
Значна больш увагі пытанню міграцыі палякаў на беларускія і літоўскія землі аддалі прадстаўнікі т.зв. „ліцвінскай» (на пачатку ХХ ст. — „краёвай») гістарыяграфіі і польскія навукоўцы.
Падмуркам фармавання „ліцвінскай» („краёвай») гістарычнай памяці сталі працы прафесараў гісторыі і славістыкі Віленскага універсітэта першай трэці XIХ ст. Такія даследчыкі, як Ігнат Даніловіч, Іван Лабойка, Юзаф Ярашэвіч, Міхаіл Баброўскі, Іван Анацэвіч, а пазней Тэадор Нарбут і Адам Кіркор фактычна ўпершыню зрабілі гісторыю беларуска-літоў скага краю самастойным аб’ектам даследаванняў. Яны адмовіліся глядзець на гісторыю Беларусі і Літвы „вачыма» Пецярбурга або Варшавы. Іх погляд — гэта погляд людзей, для якіх зыходным і канчатковым пунктам разважанняў былі інтарэсы беларуска-літоўскага краю. Характэрнай рысай даследаванняў віленскіх гісторыкаў быў краёвы, беларуска-літоўскі патрыятызм. А.Кіркор у адным з лістоў 1861 г. пісаў: „Ніколі не знікне ўва мне гэтае пачуццё. Я люблю маю Радзіму з натхненнем юнака і самаахвярнасцю мужчыны. Я маю сэрца і адчуваю сімпатыю да Польшчы настолькі, наколькі яе лёс звязаны з нашым»[12].
Навуковыя працы віленскіх гісторыкаў спрыялі ўсведамленню шляхтай краю сваіх мясцовых каранёў. Напрыклад, Т.Нарбут у беларускай і літоўскай шляхце ХIV ст. бачыў продкаў шляхты XIХ ст. Ён жа падкрэсліваў самастойнасць дзяржаўнага развіцця ВКЛ і пасля Крэўскай (1385), і пасля Гарадзельскай (1413) уній[13].
Ідэі віленскай гістарычнай школы жылі, нягледзячы на тое, што пасля разгрому паўстання 1863 г. сфера іх распаўсюджання была моцна абмежавана. З афіцыйных навучальных установаў яе выцесніў „заходнерусізм» у яго найбольш кансерватыўных і антыбеларускіх формах, а ў розных нелегальных асветніцкіх гуртках усё часцей выкарыстоўва ліся працы тых гісторыкаў, якія ўспрымалі беларуска-літоўскі край як польскую правінцыю. На фоне гэтых ідэалагічных пастулатаў сапраўдным бастыёнам ліцвінскай гістарычнай свядомасці выглядаў трэці том „Живописной России» (1882), які быў прысвечаны Беларусі і Літве і напісаны амаль адным Адамам Кіркорам. Палякі на старонках працы А.Кіркора трактаваліся як адзін з карэнных народаў краю.
На пачатку ХХ ст. традыцыі віленскай гістарычнай школы працягвалі публіцысты т.зв. „краёвага» лагеру. Краёўцы падкрэслівалі мясцовае паходжанне вышэйшых колаў польскай грамадскасці: „Значную частку польскіх землеўласнікаў у Беларусі […] складала шляхта мясцовага паходжання, якая некалі спавядала ўсходні абрад, але ўжо ў ХVII ст. была паланізаваная і акаталічаная. Яна адчувала адзінства крыві з мясцовым народам»[14].
Краёўцы актыўна выкарыстоўвалі галоўны прынцып віленскай гістарычнай школы — разгляд гісторыі Беларусі і Літвы як гісторыі самастойнай і самабытнай. Асэнсоўваючы мінулае, яны зрабілі спробу далейшага развіцця гістарыяграфіі. На іх гістарыяграфічны ўклад моцна паўплывала развіццё літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў. Ідэолагі літоўскага руху трактавалі мясцовую польскую шляхту як ахвяру гвалтоўнай і прымусовай палітыкі паланізацыі і заклікалі яе вярнуцца да сваіх літоўскіх каранёў. Польска-літоўскі канфлікт прымусіў звярнуцца да новага асэнсавання месца і ролі палякаў у гісторыі Беларусі і Літвы.
Паступова канкурэнцыю ідэі беларуска-літоўскага паходжання шляхты склаў тэзіс агульных польска-літоўска-беларускіх каранёў. Вядомы публіцыст Баляслаў Ялавецкі сцвярджаў, што яшчэ да ўзнікнення ВКЛ шматлікія набегі літоўцаў на польскія землі ў ХII ст. прывялі да з’яўлення на абшарах „этнаграфічнай» Літвы польскіх асаднікаў-катал ікоў. Выкарыстоўваючы аслабленне Польшчы пасля смерці Баляслава III (1138), літоўскія князі перасялілі на свае землі дзесяткі тысяч жыхароў этнічных польскіх земляў, так што ў Літве не засталося ніводнага кута, дзе б ні было палякаў[15]. А пасля далучэння беларускіх земляў да дзяржавы Міндоўга польская і літоўская кроў змяшалася з беларускай. На думку публіцыста-краёўца, ужо ў часы Ягайлы ў Літве не засталося чалавека, які б не меў у сабе крыві ўсіх трох народаў — палякаў, беларусаў і літоўцаў[16]. Распаўсюджваўся тэзіс пра культурнае адзінства гэтых народаў. Па сутнасці, сцвярджалася існаванне на тэрыторыі ВКЛ у часы Сярэднявечча агульнага польска-беларуска-літоўскага этнасу. Аднак гэты тэзіс не атрымаў распаўсюджання.
Найбольш грунтоўныя навуковыя працы, прысвечаныя радаводу польскай грамадскасці Беларусі і Літвы, належаць вядомаму навукоўцу і палітыку Міхалу Ромэру. У пэўным сэнсе ён працягваў традыцыі Тэадора Нарбута. Даследчык быў упэўнены, што палякі Літвы і Беларусі не павінны ўспрымацца як прышлы і чужы элемент тыпу нямецкіх баронаў у Латвіі і Эстоніі. На яго думку, характэрныя для мясцовых палякаў рысы польскай культуры з’яўляюцца вынікам працэсу паланізацыі[17]. На пачатку ХХ ст. М.Ромэр увёў у навуковы зварот паняцце „літоўскія палякі».
Трэба адзначыць, што гэты тэрмін быў досыць распаўсюджаны ў грамадстве. Вячаслаў Вярэніч сцвярджаў, што ён шырока ўжываўся на беларуска-літоўскіх землях на пачатку ХХ ст. як назва-этнонім[18]. Вядомы эпізод дыскусіі вакол пытання аб уласнай ідэнтыфікацыі, якая разгарнулася на адным са сходаў тайнага гуртка віленскіх гімназістаў „Spójnia» („Саюз»). Гурток быў заснаваны братамі Браніславам і Юзафам Пілсудскімі ў 1882 г. Удзельнікі дыскусіі адмовіліся лічыць сябе палякамі або літоўцамі і абвясцілі, што з’яўляюцца літоўскімі палякамі. („Мы літоўскія палякі і наша задача — захаванне польскай культуры на гэтай зямлі. Мы павінны быць не прыгнятальнікамі іншых слабейшых нацый, а іх апекунамі»[19].)
У далейшай навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці М.Ромэра ідэя мясцовага паходжання польскай шляхты атрымала сваё развіццё. Навуковец катэгарычна абвяргаў сцвярджэнне, што палякі Беларусі і Літвы з’яўляюцца часткай польскай нацыі, якая пасялілася на т.зв. „крэсах усходніх». Ён даказваў, што мясцовыя палякі — гэта прадукт культурнай паланізацыі вышэйшых колаў грамадства „гістарычнай Літвы», а таксама гарадскога насельніцтва і сялянскіх рэгіёнаў усходняй часткі этнічнай Літвы[20]. Маючы на ўвазе літоўскіх і беларускіх палякаў, даследчык катэгарычна сцвярджаў: „Мы не імпартаваны экзатычны тавар, а прадукт непасрэднай гістарычнай эвалюцыі, якая адбывалася ў нашым краі па прычыне ўздзеяння пэўных падзей палітычнай гісторыі»[21]. Даследчык характарызаваў палякаў Літвы як адметны этнакультурны феномен, не падобны ні на палякаў, ні на літоўцаў, ні на беларусаў.
Трэба адзначыць, што гэтая канцэпцыя паступова знайшла водгук у польскай гістарыяграфіі. Але пры канцы XIХ і на пачатку ХХ ст. сярод польскіх даследчыкаў распаўсюдзілася сцвярджэнне пра велізарную колькасць палонных палякаў, якія былі выведзены літоўскімі князямі з тэрыторыі этнічнай Польшчы пад час войнаў ХII—ХIII ст.[22] Апроч палонных згадваліся сяляне-асаднікі з Мазоўша і з польскай часткі Падлясся, дробная шляхта[23], рамеснікі і купцы[24]. „Польская экспансія» (выраз належыць вядомаму палітыку і навукоўцу Леону Васілеўскаму) часта параўноўвалася з крыжацкім рухам на Ўсход („Drang nach Osten»)[25]. Пры гэтым меліся на ўвазе не ваенныя, а цывілізацыйныя (культурныя) наступствы гэтых працэсаў. Л.Васілеўскі таксама сцвярджаў факт масавага наплыву палякаў на тэрыторыю „гістарычнай Літвы» пасля Люблінскай уніі[26]. Відавочна, што тэзіс пра масавую міграцыю выконваў пэўную ідэалагічную ролю. Ён сцвярджаў легітымнасць польскіх эканамічных, культурных і палітычных пазіцый на Ўсходзе.
Ідэалагічныя ўплывы ў польскай гістарыяграфіі пачатку ХХ ст. адзначыў таксама даследчык з Познані Ян Юркевіч, які зрабіў грунтоўны аналіз прац, прысвечаных праблеме асадніцтва ў ВКЛ. На яго думку, адказам на літоўскі тэзіс прымусовай паланізацыі шляхты Вялікага Княства было распаўсюджанне трох канцэпцый паходжання палякаў Літвы і Беларусі. Адна з іх сцвярджала факт масавага наплыву палякаў на тэрыторыю ВКЛ. Прычым, калі ў ХIII—XIV ст. гэтае перасяленне мела пераважна прымусовы характар (ваеннапалонныя), то пасля Люблінскай уніі распачалася актыўная добраахвотная міграцыя з Польшчы на неасвоеныя землі княства. Менавіта гэтыя працэсы, на думку шэрагу польскіх даследчыкаў пачатку ХХ ст., змянілі этнічна-культурную сітуацыю ў ВКЛ[27]. Гісторык Якубоўскі ў працы, прысвечанай этнічным адносінам у ВКЛ да Люблінскай уніі („Studia nad stosunkami narodowościowymi na Litwie przed Unią Lubielską». Warszawa, 1912), даказваў, што масавай міграцыі насельніцтва з Польшчы ў ВКЛ да уніі не было. Галоўную ролю ва ўмацаванні польскіх пазіцый, на яго погляд, адыграў фактар паланізацыі. Леон Васілеўскі бачыў у паляках гістарычнай Літвы нашчадкаў польскіх асаднікаў часоў Сярэднявечча і наступствы працэсаў паланізацыі. Ён быццам спрабаваў прымірыць абедзве згаданыя канцэпцыі[28].
Тэзіс пра вялікую колькасць польскіх палонных, выгнаных у Літву, адным з першых паставіў пад сумненне Генрык Лаўмяньскі, які з недаверам паставіўся да адпаведных запісаў у хроніках. Ён жа сцвярджаў, што палонныя вельмі хутка асіміляваліся ў этнічна чужым асяроддзі. Уладыслаў Вяльгорскі ў сваіх пасляваенных працах таксама адзначаў факт прымусовага перасялення польскіх палонных і міграцыі гарадскога насельніцтва з этнічнай Польшчы і сцвярджаў, што да Люблінскай уніі агульная колькасць палякаў-мігрантаў у гістарычнай Літве была нязначнай. Унія, на яго думку, стварыла дадатковыя магчымасці для пранікнення палякаў, але ўсё роўна масавага прытоку іх не назіралася[29]. Аналіз тапанамікі на тэрыторыі Беларусі і Літвы дазволіў іншаму вядомаму польскаму даследчыку Ежы Ахманьскаму адзначыць невыразнасць і слабасць слядоў польскага асадніцтва. Што датычыць сялянства этнічнай Польшчы, то вывучэнне польскай гістарыяграфіі дазволіла Яну Юркевічу сцвердзіць, што да XVIII ст. „асадніцтва польскіх сялян у ВКЛ не мела істотнага ўплыву на перамены этнічных адносінаў у мясцовай вёсцы»[30].
Аднак польскія імігранты з ліку каталіцкага і пратэстанцкага духавенства, дзеячы культуры Польшчы прыкметна паўплывалі на развіццё культуры Вялікага Княства. Праўда, гэты ўплыў не трэба перабольшваць. Марыя Тапольска паспрабавала вызначыць колькасць палякаў-перасяленцаў з дапамогай аналізу прозвішчаў. Яна звяртала ўвагу на прозвішчы з польскімі каранямі. Гэты метад дазволіў сцвярджаць, што, напрыклад, у Кейданах, Біржах і Нясвіжы ў ХVII ст. палякі-пера сяленцы складалі 25-30% насельніцтва, а сярод выкладчыкаў Віленскай Акадэміі — каля 60%[31]. З тэзісам М.Тапольскай пра тое, што працэсы Рэфармацыі і Контррэфармацыі спрыялі наплыву ў ВКЛ прадстаўнікоў польскай культурнай і палітычнай эліты, можна пагадзіцца. Але прыведзеныя падлікі выклікаюць сумненне. Польскія карані ў прозвішчах могуць сведчыць не столькі пра перасяленні, колькі пра асіміляцыйныя працэсы і пашырэнне ўплываў польскасці. На гэты недахоп выкарыстанай методыкі звярнуў увагу таксама Ян Юркевіч[32]. Гэты ж даследчык заўважыў, што нельга казаць пра моцны ўплыў польскіх перасяленцаў на палітычную эліту ВКЛ. Нават пры хуткай паланізацыі гэтай эліты яна ўяўляла сабой досыць замкнутае для выхадцаў з Каралеўства Польскага кола[33].
На думку Яна Юркевіча, пасляваенныя працы польскіх даследчыкаў сведчаць пра тое, што гістарычная навука Польшчы не дазволіла ўцягнуць сябе ў ідэалагічную спрэчку і адмовілася ад высноваў пачатку ХХ ст., заснаваных не столькі на крыніцах, колькі на пэўных ідэалагемах[34].
У гэты ж перыяд ў польскай гістарыяграфіі пачаў пашырацца погляд краёўцаў. Уладыслаў Вяльгорскі выказаў думку пра фармаванне на тэрыторыі гістарычнай Літвы у выніку працэсу паланізацыі асобнага тыпу палякаў („odmiany polskości»)[35]. Падыходы М. Ромэра і Ў. Вяльгорскага ў пэўнай ступені падзяляе вядомы даследчык Юліуш Бардах. Характарызуючы міграцыю палякаў у Беларусь і Літву, ён адзначыў толькі перасяленні польскіх мяшчан пры канцы XIV ст. у Вільню і Берасце, а таксама мазураў-асаднікаў на Падляссе. Ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы» значна большую ролю, на яго думку, адыграла пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў» з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. На яго думку, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных характарыстыках бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[36].
Адметнасць палякаў Беларусі і Літвы адзначыў таксама польскі гісторык Пётр Вандыч[37]. Ён карыстаўся паняццем „Poіono-Litwin». У польскай гістарыяграфіі для пазначэння палякаў „гістарычнай» Літвы ўжывалася таксама паняцце „ліцвіны, якія размаўляюць па-польску»[38]. Вядомы палітык і гісторык Вацлаў Гізберт-Студніцкі ў свой час прапанаваў увесці тэрмін „ліцвін-паляк»[39].
З тым, што палякі-мігранты не выканалі прыкметнай ролі ў працэсе фармавання польскай грамадскасці Літвы і Беларусі, пагадзіўся вядомы польскі дэмограф і гісторык Пётр Эберхардт: „Паланізацыя беларускай шляхты мела характар эндагенічны, больш культурны, чым дэмаграфічны. Шляхта беларускага паходжання паланізавалася і там, дзе наогул не было польскіх асаднікаў»[40]. Паводле П.Эберхардта радавод большасці палякаў Віленшчыны і Гарадзеншчыны выглядае наступным чынам: насельніцтва літоўскага паходжання прыняло каталіцкую веру, потым славянізавалася і перайшло на беларускую мову, а ў канцы XIХ — на пачатку ХХ ст. эвалюцыянавала да польскасці[41].
У літоўскай гістарыяграфіі паняцце „літоўскія палякі» выкарыстоўвае Рымантас Мікніс, галоўным аб’ектам навуковай зацікаўленасці якога з’яўляюцца погляды і палітычная дзейнасць Міхала Ромэра[42]. Іншы віленскі даследчык Ян Савіцкі ў характарыстыцы свядомасці Міхала Ромэра ўжыў паняцце „Litwino-Polak»[43].
Такім чынам, на сённяшні дзень прынцыповых разыходжан няў у характарыстыцы радаводу палякаў Беларусі і Літвы паміж трыма нацыянальнымі гістарыяграфіямі няма. Галоўным фактарам фармавання польскай грамадскасці беларуска-літоўскага краю лічыцца паланізацыя.
Феномен паланізацыі патрабуе спецыяльнай увагі. Ужо ў перыяд станаўлення беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі фактар польскіх уплываў ацэньваўся вельмі негатыўна і параўноўваўся з палітыкай русіфікацыі. Мітрафан Доўнар-Запольскі, напрыклад, лічыў, што ў XVI—XVII ст. і Польшча, і Расія, узаемадапаўняючы свае намаганні, знішчалі палітычную самастойнасць беларускай нацыі і перашкаджалі яе нацыянальна-культурнаму развіццю. „Польска-каталіцкае іга» часоў Рэчы Паспалітай, па меркаванні даследчыка, пазбавіла беларускі этнас вышэйшых сацыяльных колаў[44]. У кнізе «Гісторыя Беларусі» (1926), што ўбачыла свет толькі ў 1994 г., гісторык адзначыў ужо працэс паланізацыі ў дачыненні да „нізоў» насельніцтва беларускай зямлі ў першай трэці XIХ ст. Ён звязваў гэты працэс з адукацыйнай дзейнасцю кіраўнікоў Віленскай навучальнай акругі на пачатку XIХ ст. На думку М.Доўнара-Запольскага, „гэтая эпоха (першая трэць XIХ ст. — А.С.) вырвала з Беларусі шмат яе найлепшых сыноў, якія забыліся пра сваю нацыяналь насць пад уплывам агульнага ўздыму паланізацыі і аддалі свой розум і здольнасці польскай культуры і нацыянальнасці»[45].
Вацлаў Ластоўскі на старонках „Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) пачаў выкарыстоўваць тэрмін „апалячванне»[46], пад якім разумеў працэс паланізацыі вышэйшых колаў беларускага этнасу ў ХVII-XVIII ст. У гэтым працэсе даследчык бачыў хутчэй самаапалячванне, чым наступствы палітыкі нацыянальнага ціску: „Людзі вышэйшых станоў, прыймаючы польскую культуру, зусім адрываліся ад свайго народу […]. У другім-трэйцім пакаленьні апалячэные князі і баяры беларускіе забываліся зусім аб сваім беларускім народзе і павелічылі сілу і значэньне палякоў у сваім краю, шырылі самі польскасць. […] Па дварох князёў-рэнэгатоў польшчына выцесьняла ўсё беларускае і ўзгадовывала грамадзян-рэнэгатоў»[47]. В.Ластоўскі таксама шырока цытаваў „Прамову Івана Мялешкі» (XVII ст.). Гэты ананімны твор рэзка асуджаў і высмейваў беларускую шляхту за яе імкненне пераймаць польскасць і служыць не Радзіме („Літве і Русі»), а польскаму каралю.
Шмат увагі польскім палітычным, рэлігійным і культурна-нацыя нальным уплывам, якія разумеліся як перайманне польскага ладу жыцця, польскіх звычаяў і мовы, аддаў Усевалад Ігнатоўскі. Прычым, паводле яго думкі, пашырэнне польскіх уплываў было абумоўлена шэрагам мерапрыемстваў польскіх уладаў у Беларусі[48]. Фактычна, пачынаючы з У.Ігнатоўскага ў савецкай беларускай гістарыяграфіі паланізацыя стала трактавацца толькі як вынік палітычных намаганняў польскіх уладаў. У гістарыяграфіі 30-80-х г. ХХ ст. праблемам гісторыі беларускай культуры, фармавання беларускай нацыі, пытанням гісторыі беларускай дзяржаўнасці вялікай увагі не аддавалася. Паняцце „паланізацыя» часцей выкарыстоўвалася толькі для разумення гістарычнага лёсу беларускай літаратуры[49].
Аўтарам адзінай спецыяльнай працы, прысвечанай праблеме паланізацыі, стаў рэлігійны дзеяч і прадстаўнік эмігранцкага кірунку беларускай пасляваеннай гістарыяграфіі Леў Гарошка. Ён сцвярджаў, што паланізацыя была дзяржаўнай палітыкай Рэчы Паспалітай у XVII—XVIII ст.[50] Пры гэтым даследчык катэгарычна абвяргаў тэзіс, народжаны яшчэ расійскай прапагандай часоў віленскага генерал-губерна тара графа М.Мураўёва, што каталіцызм у Беларусі — выключна сродак паланізацыі мясцовага насельніцтва. Леў Гарошка, наадварот, сцвярджаў беларускі характар каталіцызму ў XV—XVI ст. Ён адным з першых звярнуў увагу на прыкметную ролю Рэфармацыі і Контррэфарма цыі ў працэсе паланізацыі. Хоць і тут гісторык падкрэсліў, што паланізацыя не была мэтаю рэлігійных рухаў. Галоўны стрыжань паланізацыі, на думку беларускага даследчыка, — перанос цэнтра дзяржавы з Вільні ў Кракаў, які ўжо на пачатку XVI ст. стаў галоўнай рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага і караля польскага[51]. Мелася на ўвазе значнае абмежаванне дзяржаўнага суверэнітэту.
Цалкам інакш Леў Гарошка ацэньваў ролю каталіцкага касцёла ў Беларусі ў перыяд расійскага панавання. Узмацненне працэсу паланізацыі ён звязваў непасрэдна з дзейнасцю каталіцкага касцёла. Даследчык пагадзіўся з заўвагай польскага гісторыка Здзіслава Дэмбіцкага (1944): „Ня Польшча стала каталіцкаю, а каталіцызм стаў польскім»[52]. Менавіта ў гэты час, на думку Льва Гарошкі, распаўсюджваецца паняцце „польская вера». За ім стаяла ўсведамленне, што кожны паляк — гэта каталік, а кожны каталік — паляк. У змаганні з уладамі Расіі за незалежнасць Польшчы прадстаўнікі каталіцкага духавенства „стараліся задушыць усе праявы беларускага вызвольнага руху»[53]. І тым не менш насуперак некаторым уласным тэзісам аўтар адзначыў факты пэўнай „беларусізацыі» каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. (1911 г. — з’яўленне беларускага гуртка і беларускай бібліятэкі ў Віленскай духоўнай семінарыі; 1912 г. — тое самае адбылося ў Санкт-Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі і інш.).
У 90-я г. ХХ ст. беларускія даследчыкі зноў звярнулі ўвагу на характар працэсу і сутнасць паланізацыі. Зноў некаторыя з іх (Соф’я Кузняева, Міхась Біч) пачалі праводзіць аналогію паміж русіфікацыяй і паланізацыяй (па меншай меры для канца XVIII — пачатку XIX ст.)[54]. Галоўным наступствам паланізацыі вярхоў грамадства ў XVI—XVIII ст. М.Біч лічыў страту беларускім этнасам уласнай нацыянальнай інтэлігенцыі. А гэта, на яго думку, прывяло да фалькларызацыі беларускай культуры[55].
Сярод прац апошняга часу звяртаюць на сябе ўвагу тэксты Леаніда Лыча. Паланізацыя трактуецца гэтым гісторыкам амаль выключна як прымусовае апалячванне. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што „ідэолагі каралеўскай улады і каталіцкай царквы (у Рэчы Паспалітай. — А.С.) імкнуліся ўсімі сродкамі хутчэй апалячыць беларускі народ, падарваць яго веру ў самабытнасць»[56]. Прычым адным з галоўных сродкаў апалячвання быў „каталіцызм»[57]. Падобную пазіцыю займаюць таксама Ігар Карашчанка і Анатоль Валахановіч: „Частка беларускага насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, меняла сваю нацыянальную прыналежнасць на польскую»[58]. Яны ж сцвярджаюць, што „за перыяд існавання Рэчы Паспалітай на беларускіх этнічных землях і на беларуска-літоўскім этнічным памежжы ўтварыліся пэўныя тэрыторыі, на якіх сяляне, што былі католікамі па веравызнанні, вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую…»[59]
На старонках «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» Л.Лыч вызначыў паланізацыю як „сістэму мерапрыемстваў дзяржаўных органаў, культурных устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыі беларуска га народа»[60]. Першыя „сімптомы» паланізацыі ён заўважыў ужо пасля Крэўскай уніі (1385). Галоўная прычына страты часткай беларусаў сваёй культурна-моўнай адметнасці ў перыяд Рэчы Паспалітай, паводле Л.Лыча, заключалася ў свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай уладаў гэтай дзяржавы. Ён катэгарычна адвергнуў шлях самаапалячвання або добраахвотнага пераймання ўзораў польскай культуры і польскай мовы беларусамі. Л.Лыч лічыў, што паланізацыя працягвалася і пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі. Па меркаванні даследчыка, яна аслабела толькі пасля разгрому паўстання 1863—1864 г.
Варта заўважыць, што Леанід Лыч, як і некаторыя іншыя беларускія гісторыкі, для разумення гістарычных працэсаў часоў Сярэднявечча карыстаецца тэрміналогіяй, якая з’яўляецца толькі ў перыяд новай і найноўшай гісторыі, калі, зрэшты, і адбываецца працэс фармавання нацый. Але вядома, што Рэч Паспалітая была феадальна-сас лоўнай шляхецкай дзяржавай і не з’яўлялася механізмам для рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Трэба адзначыць і тое, што палітычныя прывілеі для каталікоў нельга лічыць прыкметай палітыкі нацыяналь най асіміляцыі, таму што і канфесія не роўная этнічнасці або нацыянальнасці. Тэрмін „паляк» у часы існавання Рэчы Паспалітай быў тэрмінам не нацыянальным, а саслоўным. І толькі ў такім сэнсе гэтую краіну можна лічыць „польскай дзяржавай». Спроба ахарактарызаваць працэсы паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай у катэгорыях палітыкі нацыянальнай асіміляцыі ўладаў II Рэчы Паспалітай (1918—1939) толькі заблытвае сітуацыю. Характэрнае для Л.Лыча атаясамліванне каталіцыз му і польскасці не дазваляе растлумачыць факта прыналежнасці да каталіцкага касцёла шматлікіх дзеячаў беларускага нацыянальна-культур нага Адраджэння пачатку ХХ ст. Што датычыць факталагічнага абгрунтавання тэзіса пра асіміляцыйны курс уладаў Рэчы Паспалітай, то Леанід Лыч, фактычна, усе свае разважанні будуе толькі на адным эпізодзе — замена старабеларускай мовы на старапольскую ў дзяржаўным справаводстве ВКЛ (1696). Здаецца, што ў гэтым выпадку мы сустракаемся з пэўнай ідэалагічнай зададзенасцю, якая перашкаджае навуковаму вырашэнню праблемы.
Вячаслаў Вярэніч і Міхаіл Піліпенка звярнулі ўвагу на ўзаемнасць культурных уплываў. В.Вярэніч лічыць, што паланізацыя „рускага і літоўскага баярства» ў XVI — XVIII ст. была амаль роўнай па этнічных маштабах працэсу асіміляцыі польскіх каланістаў з ніжэйшых колаў грамадства. На яго думку, уплыў беларускай мовы вызначыў фармаванне адметнай т.зв. „літоўскай пальшчызны»[61]. М.Піліпенка звязаў з „польскас цю» з’яўленне новых формаў адміністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму і пэўныя ўплывы на беларускую мову (напрыклад, узбагачэнне слоўнікавага складу і інш.)[62].
В.Вярэніч (услед за польскай даследчыцай Галінай Турскай) адзначыў спантанную самапаланізацыю вясковага насельніцтва Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў другой палове ХIХ ст.[63] Ён жа сцвярджаў, што атаясамліванне каталіцызму і польскасці прыйшло ў Беларусь ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і было звязана з палітыкай царскіх уладаў. Менавіта апошнія навязвалі грамадству тэрміны „руская вера» і „польская вера», што спрыяла русіфікацыі праваслаўных і паланізацыі каталікоў[64].
Можна зрабіць выснову, што ў сучаснай беларускай гістарыяг рафіі спробы навуковага падыходу да праблемы польска-беларускіх культурных уплываў суседнічаюць са спрошчаным ідэалагізаваным разуменнем феномена паланізацыі. Адлюстраваннем гэтага з’яўляецца і пэўная неакрэсленасць паняційнага апарату. Тэрмінам „паланізацыя» адначасова характарызуюць працэс прымусовай асіміляцыі і працэс самаапалячвання або спантаннай (стыхійнай) асіміляцыі. Часта ставіцца знак роўнасці паміж паланізацыяй і русіфікацыяй, як пры ацэнцы гэтых з’яваў на працягу ўсёй гісторыі Беларусі, так і для перыяду XIХ — пачатку ХХ ст. За невялікім выключэннем большасць беларускіх даследчыкаў разумее феномен паланізацыі толькі як з’яву палітыкі нацыянальнай асіміляцыі.
У літоўскай гістарыяграфіі працяглы час беспадзельна дамінавала пазіцыя, сфармуляваная яшчэ Сімонам Даўконтасам, які лічыў палякаў і Польшчу галоўнай крыніцай усіх бедаў літоўскай гісторыі. Звычайна ўжываўся тэрмін „паланізацыя» як сінонім прымусовай асіміляцыі. Апошнім часам гэтая пазіцыя падверглася выразнаму перагляду. У працах Эдвардаса Гудавічуса і Альфрэдаса Бумблаўскаса сцвярджаец ца, што паняцце „паланізацыі» (прымусовай асіміляцыі) не з’яўляецца адэкватным для разумення культурных працэсаў перыяду ВКЛ. Даследчыкі выказваюць меркаванне пра дамінаванне працэсу самапаланізацыі, які быў вызначаны параўнальна больш высокім узроўнем польскай культуры. (Рымантас Мікныс: Магнатэрыя і шляхта паланізаваліся „натуральна, без гвалту»[65].) Менавіта паланізацыя паспрыяла далучэнню Літвы дa дасягненняў еўрапейскай культуры. Яна ж выступіла ў ролі пэўнага каталізатара фармавання еўрапейскай мадэлі культуры літоўцаў[66]. У якасці этапу, які папярэднічаў самапаланізацыі і паланізацыі, А.Бумблаўскас вылучыў таксама перыяд „прыняцця элементаў польскай культуры»[67].
Вядомы дзеяч літоўскай культуры Томас Венцлава заявіў пра неабходнасць цалкам адмовіцца ад традыцый С.Даўконтаса: „Унія (з Польшчай. — А.С.) увяла Літву ў сферу цывілізаванага Захаду. <…> Без уніі не было б ні архітэктуры Вільні, <…> ні Віленскага універсітэта, ні нават той каталіцка-вясковай цывілізацыі, якую мы схільныя атаясамліваць з літоўскасцю. Нарэшце толькі пасля уніі ў Літве пачало пашырацца заходняе разуменне палітычных правоў, нягледзячы на абмежаванні і эксцэсы, вядомыя кожнаму, хто хоць нешта чуў пра Рэч Паспалітую абодвух народаў»[68].
Літоўскія даследчыкі звяртаюць увагу і на працэс літуанізацыі палякаў. Яны ўслед за польскім гісторыкам Генрыкам Віснэрам спрабуюць растлумачыць такую з’яву гісторыі ВКЛ, як свядомасць тыпу gente Polonus natione Lithuanus. Можна сцвярджаць, што сучасная літоўская гістарыяграфія выходзіць на ўзровень усебаковага аналізу феномена паланізацыі.
Шмат увагі польскім уплывам у гісторыі Літвы аддалі прадстаўнікі „ліцвінскай» („краёвай») гістарыяграфіі. Звычайна адзначалася вялікая пазітыўная роля польскай культуры і каталіцкага касцёла. Затое ўплывы польскіх палітыкаў рэзка крытыкаваліся. Т.Нарбут менавіта на польскіх магнатаў усклаў галоўную адказнасць за тое безуладдзе апошніх дзесяцігоддзяў Рэчы Паспалітай, якое палегчыла Расіі, Прусіі і Аўстрыі знішчэнне дзяржавы[69].
А.Кіркор успрымаў паланізацыю як заканамерны і прагрэсіўны працэс: „Нельга не пагадзіцца, што, як у адукацыі, так і ў грамадзянскіх правах і ўстановах, нарэшце, у глыбока ўкаранёным пачуцці патрыятызму, палякі мелі значную перавагу над літоўцамі і беларусамі. Менавіта гэтым тлумачыцца, што паводле натуральнага закона прыроды вышэйшая і мацнейшая цывілізацыя праглынула слабейшую і малодшую»[70]. Пры гэтым А.Кіркор падкрэсліваў, што народы, якія зліліся з Польшчай, ад гэтага зусім не пацярпелі. Наадварот, па разумовых здольнасцях, мужнасці, моцы характару і вытрымцы яны нават пераўзыходзілі палякаў.
Міхал Ромэр трактаваў паланізацыю як добраахвотны працэс пераймання ўзораў польскай культуры. Менавіта Польшча, на яго думку, была галоўным правадніком дасягненняў еўрапейскай культуры ў „гістарычнай Літве»[71]. Працэс паланізацыі М.Ромэр разумеў як працяглы перыяд змяшання элементаў польскай культуры з элементамі культуры мясцовай. Ён падкрэсліваў розніцу паміж паланізацыяй як з’явай палітычнай і паланізацыяй як з’явай культурнага жыцця. Першая, на яго думку, адбылася досыць хутка, а вось другая — зацягнулася. Яшчэ ў XVII ст., сцвярджаў М.Ромэр, шляхта ВКЛ карысталася літоўскай і беларускай мовамі[72].
На пачатку XIX ст., па ацэнцы М.Ромэра, буйная шляхта (землеўласнікі) канчаткова паланізавалася. А вось дробная і сярэдняя — заставалася „літоўскай» (у сэнсе палітычным, а не этнічным), хоць і была ўжо досыць моцна прасякнута польскімі ўплывамі. Яе імкненне да польскасці М.Ромэр тлумачыў не нацыянальна-культурнымі, а саслоўнымі („каставымі») інтарэсамі[73]. Даследчык адзначыў таксама працяг працэсу паланізацыі насельніцтва Беларусі і Літвы ў другой палове XIX ст. Ён звязваў гэты працэс з сітуацыяй выбару паміж Польшчай і Расіяй, які павінна была зрабіць грамадскасць беларуска-літоўскага краю ва ўмовах рэзкага абвастрэння польска-расійскага супрацьстаяння. Менавіта яно вызначала жыццё Беларусі і Літвы пасля разгрома паўстання 1863—1864 г.
М.Ромэр надаваў паланізацыі выключна важную ролю. Менавіта з ёй навуковец і палітык звязваў нараджэнне адметнага этнакультур нага тыпу („псіхічна-культурнай індывідуальнасці»[74]) — „літоўскіх палякаў». Да гэтага тыпу ён адносіў і сябе. У сваіх працах М.Ромэр неаднаразова падкрэсліваў мясцовае паходжанне літоўскіх палякаў, іх непарыўную сувязь з гісторыяй, традыцыямі і культурнай спадчынай ВКЛ. Ён звяртаў увагу і на асаблівасці мясцовай польскай мовы („літоўскай пальшчызны»), якая, на яго думку, па сваіх граматычных канструкцыях моцна нагадвала беларускую і літоўскую мовы[75].
Публіцысты-краёўцы пачатку ХХ ст. былі досыць катэгарычнымі ў сцвярджэнні, што дасягненні еўрапейскай культуры прыйшлі на беларускія і літоўскія землі з Польшчы. На іх погляд, у гістарычнай Літве фармавалася адзіная польска-беларуска-літоўская культура: „На ўсёй тэрыторыі Літвы панавалі тыя самыя звычаі, тая самая нацыянальная этыка […]»[76].
У польскай гістарыяграфіі ўжываюцца паняцці „паланізацыя» („polonizacja») і „самапаланізацыя» („polszczenie sie»). Аднак прынцыповай розніцы паміж імі для бальшыні даследчыкаў няма. Паланізацыя звычайна трактуецца як самапаланізацыя[*]. Менавіта так тлумачыў працэс паланізацыі адзін з першых яго аналітыкаў Леон Васілеўскі. Паланізацыю ён разглядаў як наступствы таго, што „ўсходняя цывілізацыя» не вытрымала канкурэнцыі з „заходняй (польскай)». Імкненне далучыцца да культуры больш высокага ўзроўню, характэрнае спачатку толькі для вышэйшых колаў грамадства ВКЛ, пазней для мяшчанства і духавенства, яшчэ пазней для тых прадстаўнікоў народа, што ўздымаліся ўверх па службовай лесвіцы, і было, на думку даследчыка, галоўнай прычынай паланізацыі[77].
Л.Васілеўскі адзначыў, што паланізацыя працягвалася і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Ён зафіксаваў парадаксальную, на першы погляд, сітуацыю: „Найбольшыя поспехі ў паланізацыі няпольскіх земляў былой Рэчы Паспалітай адбыліся ўжо пасля падзелаў Польшчы, у перыяд пераследаў польскасці. Больш за тое. Значнае перамяшчэнне польскай этнічнай тэрыторыі на Ўсход, а таксама пашырэнне этнічных польскіх рэгіёнаў адбываецца ў перыяд самага жахлівага наступу Расіі на ўсё польскае ў Літве і Беларусі, у перыяд Мураўёва-вешальніка…»[78]. Прычыны гэтай пазнейшай самапаланізацыі даследчык бачыў у дзейнасці каталіцкага касцёла і ў культурных уплывах найбуйнейшых гарадоў Літвы (у прыватнасці, Вільні і Коўна)[79].
Польскія публіцысты і даследчыкі пачатку ХХ ст. прызнавалі факт паланізацыі „вярхоў» літоўскага і беларускага этнасаў. Аднак бачылі ў гэтым пазітыўны і заканамерны працэс, які, на іх погляд, ніколі не адбываўся шляхам гвалту. „У культурнай перамозе нашай мовы над літоўскай, — сцвярджалі яны, — ёсць толькі перавага ведаў, працы і гуманізму ў звычаях»[80]. „Польская культура ў Літве не насаджалася полымем і мячом, а распаўсюджвалася праз сяброўства народаў»[81] і г.д. Дарэчы, гэтая ідэя адлюстравалася і ў мастацкай літаратуры. Дастаткова згадаць легенду пра Яна і Цыцылію з вельмі папулярнага ў свой час рамана Элізы Ажэшкі „Над Нёманам» (1887).
Як цывілізацыйную місію Польшчы на Усходзе Еўропы разумеў паланізацыю вядомы польскі дэмограф пачатку ХХ ст. Влодзімеж Вакар. Палякаў у Літве ён параўноўваў з нямецкімі каланістамі ў Польшчы, польскую мову з лацінскай мовай у сярэднявечнай Еўропе або з французскай мовай XVIII ст. у эпоху Асветніцтва[82].
Галіна Турска, якая ў 30-я г. ХХ ст. праводзіла этналагічнае і лінгвістычнае даследаванне польскамоўных рэгіёнаў Віленшчыны, прыйшла да вельмі цікавых высноваў наконт паланізацыі насельніцт ва беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Паланізацыю яна трактавала як пашырэнне арэалу выкарыстоўвання польскай мовы. Даследчыца даказала, што фармаванне польскамоўных рэгіёнаў на беларуска-літоўскім этнічным памежжы (Вільня — Коўна — Дынабург) адбывалася ў трэцяй чвэрці XIХ ст.[83] Сутнасцю гэтага працэсу было добраахвотнае імкненне сялянства далучыцца да польскай мовы і польскай культуры, якая па-ранейшаму ўспрымалася як прыкмета прыналежнасці да вышэйшага кола грамадства. Нават антыпольская палітыка расійскага ўрада не была ў стане стрымаць гэтае імкненне. Сяляне, вызваленыя ад прыгоннага ладу, дзякуючы выгаднай эканамічнай сітуацыі трэцяй чвэрці XIХ ст. паляпшалі сваё матэрыяльнае становішча і імкнуліся да паляпшэння становішча сацыяльнага. Ролю сапраўднага каталізатара працэсу паланізацыі сялянства Віленшчыны адыграў, на яе думку, каталіцкі касцёл. Набажэнствы ў касцёле яна параўноўвала з урокамі польскай мовы[84].
А вось Ю.Бардах не лічыў пашырэнне польскай мовы крытэрыем паланізацыі. Гісторык упэўнены, што для поўнай ідэнтыфікацыі сябе з палякамі менталітэту польскамоўнага насельніцтва не хапала яшчэ адпаведных палітычных і рэлігійных элементаў[85]. Напрыклад, у свядомасці шляхты яны з’явіліся пасля Люблінскай і Берасцейскай уній. Пашырэнне польскай мовы Ю.Бардах тлумачыў не „асіміляцыйнай» палітыкай кіраўнікоў Рэчы Паспалітай, а імкненнем шляхты далучыцца да вышэйшых сацыяльных і культурных колаў грамадства. Акту ўвядзення ў службовае справаводства ВКЛ польскай мовы (1696) даследчык не надаваў вялікага значэння. На яго меркаванне, гэты досыць фармальны акт толькі зафіксаваў тыя перамены, якія ўжо адбыліся. Гісторык звярнуў увагу на тое, што трэці Статут ВКЛ (1588) у 1614 г. быў надрукаваны ў польскім перакладзе, і з таго часу толькі так і перавыдаваўся[86]. На думку даследчыка, распаўсюджванню польскай мовы і культуры спрыялі імігранты з Польшчы. Але толькі гэтым і абмяжоўваецца іх дачыненне да паланізацыі.
Cучасная польская гістарыяграфія наогул не звязвае працэс паланізацыі з міграцыяй насельніцтва з тэрыторыі этнічнай Польшчы ў ВКЛ. „Трэба прызнаць, — заўважыў Ян Юркевіч, — што <…> колькасць імігрантаў з Кароны прынцыпова не паўплывала на працэс самапаланізацыі літоўскай шляхты. Тое самае можна сцвярджаць адносна ролі польскіх асаднікаў у гарадах Літвы ў працэсе самапаланізацыі мяшчанства»[87]. Генрык Лаўмяньскі лічыў паланізацыю прыкладам эфектыўнасці ідэалагічных уплываў[88].
Ю.Бардах грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuani, natione Poloni. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры, з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына», а Польшча — як „вялікая»[89]. Як „караняжы», так і ліцвіны ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі дзяржаўны характар, а не этнічна-культурны.
На думку Уладыслава Вяльгорскага, усведамленню гістарычнай значнасці польска-літоўскай дзяржаўнай уніі моцна спрыялі падзелы Рэчы Паспалітай. Даследчык прааналізаваў шэраг дакументаў, звязаных з антырасійскімі паўстаннямі. Сярод іх быў і фрагмент Маніфеста Літоўскага Выканаўчага камітэта ад 19 сакавіка 1863 г.: „Суайчыннікі! Палякі паўсталі, каб скінуць ганебнае ярмо […] Літоўскі Выканаўчы камітэт […] заклікае нашых братоў ліцвінаў і беларусаў, чый лёс непадзельна звязаны з Польшчай, да паяднання ўсіх сіл вакол сцяга незалежнасці. Адна мэта аб’ядноўвае ўсіх нас — вызваленне Айчыны. […] Заклікаем усіх, у чыіх грудзях б’ецца польскае сэрца — наперад, пад сцяг Белага Арла і Пагоні!»[90].
Гэты дакумент належаў т.зв. „белым». Але і „чырвоныя», якіх Варшава рэзка крытыкавала за „сепаратызм», не менш востра адчувалі непадзельнасць лёсу „гістарычнай Літвы» і Польшчы. Нават Кастусь Каліноўскі, адзін з „піянераў» беларускага нацыянальнага руху, сумяшчаў у сваёй свядомасці беларускі (дакладней, ліцвінскі) і польскі патрыятызм. Калі нават пагадзіцца з сумненнямі шэрагу беларускіх даследчыкаў (напрыклад, Міхась Біч) у тым, што менавіта К.Каліноўскі — аўтар вядомага „Pisma Jaski hospodara spad Wilni do muzykou ziemli polskaj», то можна прыгадаць заклік да сумеснага змагання з „братамі з-пад Варшавы», які ўтрымліваецца ў „Лістах з-пад шыбеніцы». Можна пагадзіцца з думкай Станіслава Касцялкоўскага, што „ў барацьбе за перамогу паўстання ліцвіны ў той час яшчэ не бачылі ніякай розніцы паміж сабой і палякамі ні ў Літве, ні ў Беларусі»[91].
Пэўная раздвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці пісьменнікаў-ліцвінаў, пачынаючы ад Адама Міцкевіча. Славуты паэт-ліцвін стаў гонарам і славай польскай паэзіі. Ю.Бардах звярнуў увагу на характэрны фрагмент з ХII раздзела „Кнігі пілігрымства»: „Ліцвін і мазур — браты. Ці сварацца браты ад таго, што аднаго назвалі Ўладыславам, другога — Вітаўтам? Прозвішча ў іх адно, прозвішча Палякаў»[92].
Варта прывесці таксама ацэнку асобы А.Міцкевіча, якая належыць У.Вяльгорскаму. „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не аддзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай»[93]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.
У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для XIХ ст., перыяду нараджэння этнічных нацыяналізмаў, феномен. „Ліцвінства» ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка-палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народнасці, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[94].
Гэты даследчык таксама заўважыў пранікненне польскасці ў беларускую і літоўскую вёску ў перыяд самых моцных антыпольскіх рэпрэсій. На яго думку, гэтаму працэсу моцна спрыяў пачатак літоўскага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Нежаданне часткі сялянства прымаць патрабаванні ідэолагаў і кіраўнікоў літоўскага руху падштурхоўвала яе ў бок польскасці[95].
Праблеме паланізацыі шмат увагі аддаў П.Эберхардт. І ён лічыў галоўным фактарам паланізацыі (=самапаланізацыі) прывабнасць польскай культуры[96]. На яго думку, паланізацыя ў I Рэчы Паспалітай ахапіла ўсю шляхту ВКЛ, а аналагічныя працэсы сярод сялянства беларуска-літоўскага краю на мяжы XIХ—ХХ ст. распаўсюдзіліся толькі ў каталіцкіх рэгіёнах заходняй Беларусі побач з польскай і літоўскай этнічнымі тэрыторыямі[97].
Адзначыўшы „прывабнасць» польскай культуры, П.Эберхардт адмовіўся ад адназначнай ацэнкі тэзіса пра цывілізацыйную місію Польшчы на Ўсходзе. Ён звярнуў увагу на працэс „рутэнізацыі» польскіх сялян-перасяленцаў („мазураў-буднікаў»), адзначыў захаванне палітычна-прававой адметнасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, ахарактары заваў т.зв. „ліцвінскі сепаратызм» і падкрэсліў фактар культурных узаемаўплываў, які і вызначыў культурнае развіццё беларуска-літоўскага краю[98]. Аднак той ступені этнакультурнай адметнасці і таго ўзроўню сваеасаблівасці менталітэту літоўскіх палякаў, які дазволіў М.Ромэру, У.Вяльгорскаму і Ю.Бардаху прызнаваць факт існавання асобнага тыпу палякаў („odmiana polskoœci»), П.Эберхардт не заўважыў. Ён ужывае традыцыйнае паняцце „палякі ў Беларусі і Літве».
Не надае вялікага значэння адметнасці палякаў Беларусі і Літвы i іншы вядомы польскі гісторык Роман Вапіньскі. Ён не лічыць, што гэтая адметнасць дазваляе карыстацца сучасным навукоўцам паняццем „літоўскія палякі». На яго думку, гэты тэрмін можна ўжыць толькі ў дачыненні да асобных прадстаўнікоў польскай грамадскасці Беларусі і Літвы. Р.Вапіньскі ўвёў у гістарыяграфію паняцце „малая Айчына»[99]. Адной з такіх „малых Айчын» палякаў былі т.зв „Паўночна-ўсходнія крэсы». Права лічыць іх сваёй Радзімай палякам даводзілася дзяліць з беларусамі і літоўцамі.
Дарэчы, як паказалі даследаванні Лешка Заштаўта, паняцце „крэсы» пашырылася на тэрыторыю „гістарычнай Літвы» якраз у другой палове XIХ ст., г.зн. у час спантаннай паланізацыі вясковага насельніцтва беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Польскі даследчык звязаў замену раней ужыванага тэрміна „землі забраныя» на паняцце „крэсы» з актывізацыяй палітыкі русіфікацыі, з узмацненнем намаганняў расійскіх уладаў даказаць, што „Паўночна-Заходні край» з’яўляецца спрадвечна рускай зямлёй[100]. Польскасць быццам спрабавала ўзяць пэўны ідэалагічны рэванш.
Такім чынам, у сучаснай польскай гістарыяграфіі беларускія і літоўскія палякі часцей трактуюцца як вынік працэсаў паланізацыі карэннага насельніцтва Беларусі і Літвы. Пры гэтым частка навукоўцаў (напрыклад, У.Вяльгорскі і Ю.Бардах) падкрэслівалі пэўную адрознасць гэтых палякаў ад палякаў з этнічнай Польшчы. Яны досыць шырока ўжывалі паняцце „літоўскія палякі». Іншыя даследчыкі (напрыклад, П.Эберхардт і Р.Вапіньскі) лічаць беларускіх і літоўскіх палякаў часткай польскай нацыі, якая апынулася ў больш цяжкіх гістарычных абставінах і не здолела захаваць усе польскія этнакультурныя рысы. Яны карыстаюцца традыцыйным паняццем „палякі ў Беларусі і Літве».
Само паняцце „паланізацыі» звычайна трактуецца як „самапала нізацыя», як добраахвотны выбар. Гэты тэзіс мае пэўнае абгрунтаван не. Як ужо адзначалася, Рэч Паспалітая не была нацыянальнай дзяржавай у сучасным разуменні гэтага слова. А ў перыяд фармавання нацый Польшча як дзяржава проста не існавала, і дзяржаўных механізмаў для правядзення палітыкі асіміляцыі, напрыклад, беларусаў і літоўцаў, палякі не мелі. Аднак пры гэтым нельга забываць пра існаванне пэўных рэлігійных, культурных і сацыяльных інстытутаў (каталіцкі касцёл, афіцыйная школа ў першай трэці XIХ ст., мясцовая адміністрацыя да паўстання 1863—1864 г., тайная школа ў другой палове XIХ — пачатку ХХ ст., маёнтак), якія адыгрывалі значную ролю ў пашырэнні польскасці нават пры адсутнасці польскай дзяржавы.
Праблема паланізацыі непасрэдна звязана з аналізам польскай грамадскасці як сацыяльнага феномена. У сувязі з гэтым трэба разгледзець пытанне пра колькасць польскага насельніцтва беларуска-літоўскага краю[**]. Тэрыторыя сучасных Беларусі і Літвы ў канцы XIХ — пачатку XX ст. амаль цалкам уваходзіла ў межы шасці губерняў: Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Магілёўскай і Менскай. Па дадзеных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. тут жылі каля 10 100 тыс. чал.[101] Цывільнае насельніцтва паводле падлікаў польскага даследчыка Влодзімежа Вакара складала 9 917 тыс. чал.[102]
Гістарыяграфія пытання пра колькасць палякаў Беларусі і Літвы на мяжы XIХ—ХХ ст. даволі багатая. Але практычна для ўсіх даследчыкаў адной з галоўных крыніц з’яўляюцца звесткі Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. Дзеля вызначэння нацыянальнай структуры насельніцтва гісторыкі звычайна карыстаюцца звесткамі па роднай мове і канфесійнай прыналежнасці. Прычым, пры пэўным спрошчаным поглядзе на гістарыяграфічную сітуацыю, можна сцвярджаць што беларускія, літоўскія, расійскія і нямецкія даследчыкі галоўную ўвагу аддаюць дадзеным па роднай мове, а польскія навукоўцы — паказчыкам канфесійнай прыналежнасці.
Прадстаўнікі беларускай навукі (як і расійскай) пры вызначэнні нацыянальнасці часта абсалютызуюць крытэрый роднай мовы. У адпаведнасці з такім падыходам колькасць палякаў Беларусі і Літвы ў канцы XIХ — на пачатку ХХ ст. не перавышае 5,6% (563,8 тыс. чал.)[103]. Але трэба прызнаць, што грунтоўны гістарычны, статыстычны і дэмаграфічны аналіз матэрыялаў перапісу 1897 г., асабліва ў дачыненні да этнакультурных паказчыкаў у беларускай і расійскай навуцы, адсутнічае.
Падобны аналіз паспрабавалі зрабіць польскія навукоўцы. Практычна ўсе яны прыйшлі да высновы, што колькасць польскамоўнага і каталіцкага насельніцтва шасці „паўночна-заходніх » губерняў была свядома заніжана ў палітычных мэтах. Уласныя падлікі польскіх даследчыкаў далі вынікі, якія значна перавышалі колькасць палякаў, якую зафіксавала афіцыйная расійская статыстыка.
Леон Васілеўскі сцвярджаў, што ў Беларусі і Літве пры канцы XIХ ст. жылі да 1 млн. палякаў (10% ад усяго насельніцтва)[104]. Ян Чэканоўскі налічыў у Беларусі і Літве нават 6,5 млн. палякаў (65%)[105]. Еўгеніуш Ромэр — 3 242 тыс. (32%)[106]. Аднак методыка гэтых падлікаў не раскрывалася.
Эдвард Малішэўскі прыйшоў да высновы, што ў Беларусі і Літве ў 1914 г. жылі 1,5 млн. палякаў[107]. Гэтая лічба атрымалася ў выніку залічэння да палякаў усіх каталікоў Вільні, паловы дробнай шляхты Віленскай губерні, паловы сялян каталіцкага веравызнання Гарадзенс кай губерні, амаль усіх сялян-каталікоў Віцебскай губерні і г.д.
Не прыняў дадзеных расійскіх перапісаў і вядомы польскі навуковец пачатку XX ст. Влодзімеж Вакар. Ён таксама лічыў, што „незаўважаных» расійскай статыстыкай палякаў трэба шукаць сярод катэгорыi «беларусы каталіцкага веравызнання «. У выніку ўласных разлікаў Влодзімеж Вакар сцвярджаў, што ў 1897 г. у Беларусі і Літве жылі больш за 1 612 тыс. палякаў (16,3% ад усяго насельніцтва), а ў 1909 г. — больш за 1 846 тыс. (16,1%)[108].
Метадалагічныя падыходы В.Вакара ў значнай ступені падзяляе сучасны польскі даследчык Пётр Эберхардт[109]. Ён таксама ўпэўнены, што толькі веравызнанне можа быць надзейнай падставай вызначэння нацыянальнасці насельніцтва, якое жыло на беларуска-польскім памежжы пры канцы XIХ ст.[110] Тым не менш Пётр Эберхардт прызнаў, што беларусы сустракаліся і сярод каталікоў. Але ён лічыць, што гэта мела месца толькі ў цэнтральнай і ўсходняй частках Беларусі, дзе беларускія каталіцкія вёскі былі адарваныя ад згуртаванага каталіцкага рэгіёна[111].
У выніку падлікаў П.Эберхардта атрымалася, што на мяжы стагоддзяў агульная колькасць цывільнага насельніцтва Беларусі (у сучасных дзяржаўных межах) складала 6424,2 тыс. чал. Беларусаў было каля 4356,2 тыс., або 67,8%, габрэяў — 910,9 тыс., або 14,2%, палякаў — 838,9 тыс., або 13,0%, рускіх — 224,5 тыс., або 3,5%[112].
У працы, прысвечанай нацыянальным змяненням у Літве, Пётр Эберхардт для мяжы XIХ—ХХ ст. прыняў разлікі Влодзімежа Вакара. У адпаведнасці з імі ў 1897 г. у Літве (у сучасных дзяржаўных межах) літоўцы складалі 56,8% (1271,1 тыс.), палякі — 20,6% (461,6 тыс.), габрэі — 14,3% (320,8 тыс.), рускія — 4,1% (92,4 тыс.), беларусы — 1,2% (26,0 тыс.). (Усяго — 2238,5 тыс.)[113] Літоўскі дэмограф П.Гаўчас не пагадзіўся з імі. Паводле ягоных даследаванняў усё насельніцтва Літвы (у сучасных межах) пры канцы XIХ ст. складала 2673,3 тыс. чал. Сярод іх літоўцаў было 1645,8 тыс. (61,6%), габрэяў — 350,5 тыс. (13,1%), палякаў — 258,9 тыс. (9,7%), беларусаў — 126,0 тыс. (4,7%), рускіх — 128,1 тыс. (4,8%)[114]. Як відаць, найбольшыя разбежнасці датычаць колькасці палякаў і беларусаў. У цэнтры спрэчкі па-ранейшаму застаецца праблема нацыянальна га самавызначэння славянскага насельніцтва каталіцкага веравызнання.
Падыход бальшыні польскіх навукоўцаў да праблемы нацыяналь най прыналежнасці насельніцтва Беларусі і Літвы на мяжы стагоддзяў выклікае пэўныя пярэчанні. Нельга цалкам ігнараваць (як і абсалютызаваць) такую прыкмету нацыянальнасці, як родная мова, нават, калі яе лічаць „простай», а не беларускай. Мова заўсёды была істотнай адзнакай этнасу. Безумоўна, і веравызнанне было (і застаецца!) важным фактарам нацыянальнай свядомасці, менталітэту і нават прыналежнасці да пэўнага культурнага тыпу. Праваслаўны беларускі селянін з-пад Віцебска сваім светапоглядам і культурнымі звычкамі моцна адрозніваўся ад беларуса-каталіка з-пад Гародні. Але атаясамліванне каталіцызму з польскасцю не дазваляе зразумець многія працэсы беларускай гісторыі, у т.л. беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне пачатку ХХ ст., палітычную пазіцыю многіх дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі (1918) і інш.
Трэба прызнаць, што дакладную колькасць палякаў Беларусі і Літвы на мяжы стагоддзяў вызначыць немагчыма. І галоўная прычына хаваецца ў стане нацыянальнай ідэнтыфікацыі славянскага сялянскага насельніцтва Беларусі і Літвы, а гэта значыць, галоўным чынам, палякаў і беларусаў. Значная частка гэтага насельніцтва не вызначала ўласную нацыянальнасць у адпаведнасці з сучасным разуменнем „нацыянальнага». Нават саманазвы „беларусы» і „ліцвіны» звычайна ўжываліся як тапонімы. Сяляне паўночна-заходняй і цэнтральнай часткі Беларусі нярэдка называлі сябе „тутэйшымі»[115]. Тэрміны „палякі» і „рускія» выкарыстоўваліся як канфесіонімы. Дзяленне гэтых людзей па нацыянальнай прыкмеце выглядае як пэўная мадэрнізацыя гісторыі. Аднак такія падлікі трэба рабіць, бо цалкам свабоднымі ад нацыяналь най самасвядомасці гэтыя групы насельніцтва на мяжы стагоддзяў ужо не былі. А як падставу для далейшых разважанняў можна прыняць тэзіс, што колькасць палякаў не была меншай за 563,8 тыс. (5,6%) і не перавышала 1 612,3 тыс. (16,3%).
Дадзеныя перапісу 1897 г. дазваляюць таксама ўявіць у агульных рысах саслоўную структуру польскага насельніцтва. Адразу кідаецца ў вочы даволі вялікая колькасць патомнай шляхты сярод палякаў. Па падліках Міхася Біча, сярод палякаў Віленскай, Віцебскай і Ковенскай губерняў удзельная вага гэтай шляхты складала 24%, а сярод палякаў Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў — 29%[116]. (Для параўнання рускае патомнае дваранства — 5,3% ад усіх рускіх, а беларускае — 1,6% ад усіх беларусаў.) Колькасна пераважалі сяляне — 40,2%[***]. А вось па падліках польскіх даследчыкаў сяляне складалі да 80% усяго польскага насельніцтва Беларусі і Літвы. Але не сяляне, а буйныя землеўласнікі (ziemiaсœtwo) і інтэлігенцыя былі галоўнай сілай польскага руху ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Выявіць іх дакладную колькасць даволі цяжка. Перапісы такіх дадзеных не прыводзяць. Ёсць, праўда, падлікі Міністэрства ўнутраных справаў за 1905 г., дзе пазначана колькасць польскіх землеўласнікаў. Аднак параўнанне іх з дадзенымі перапісу 1897 г. паказала, што Міністэрства аднесла да палякаў усіх землеўласнікаў каталіцкага веравызнання. Усяго выходзіла, што ў шасці беларуска -літоўскіх губернях налічвалася 15 752 землеўласнікі каталіцкага веравызнання (75,0% ад агульнай колькасці землеўласнікаў) і валодалі яны 5 460 933 дзесяцінамі зямлі (61,6% ад усіх прыватнаўласніцкіх земляў)[117].
Праблемай памераў польскага землеўладання ў Беларусі і Літве найбольш грунтоўна займаліся польскія гісторыкі. Эдвард Чыньскі сцвярджаў, што ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. у Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губернях палякі валодалі 25,0% агульнай зямельнай плошчы[118]. Влодзімеж Вакар лічыў, што ў гэтых губернях палякам належала 38,3% усіх земляў. Прычым памеры прыватнаўласніцкага польскага землеўладання ва ўсіх шасці беларуска-літоўскіх губернях складалі, на яго погляд, крыху больш за 6 млн. дзесяцін (53,0%)[119]. Леон Васілеўскі называў лічбу 50,6% прыватнаўласніцкіх земляў[120], а Эдвард Малішэўскі — 48,6%[121].
Можна сцвярджаць, што прыблізна палова (50,0%—55,0%) усіх земляў, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, належала беларускім і літоўскім землеўласнікам-палякам.
Варта падкрэсліць і тое, што колькасць польскага насельніцтва сярод інтэлігенцыі і прадстаўнікоў улады і права ў Беларусі і Літве значна перавышала працэнтную вагу палякаў сярод усіх жыхароў краю.
Відавочна, што па сваім сацыяльным, культурным і гаспадарчым становішчы вярхі польскай грамадскасці былі прыкметнай грамадскай сілай. Прыведзеныя лічбы дазваляюць зрабіць выснову пра значны палітычны патэнцыял польскага насельніцтва. Царская адміністрацыя, прымаючы тое ці іншае рашэнне, якое датычыла Беларусі і Літвы, павінна была лічыцца з адносінамі да яго польскага насельніцтва і асабліва землеўласнікаў і інтэлігенцыі. Менавіта яны вызначалі характар польскага нацыянальнага руху ў краі. Важную ролю ў польскім руху адыгрывала таксама каталіцкае духавенства. Атаясамліванне польскасці і каталіцызму славянскай часткай вернікаў-каталікоў стварала магчымасці для актывізацыі не толькі рэлігійнай, але і грамадскай дзейнасці касцёла.
Кароткі агляд беларускай, літоўскай і польскай гістарыяграфіі дазваляе паставіць цэлы шэраг пытанняў, на якія яшчэ не дала адказу гістарычная навука. Па-першае, застаецца праблема тэрміналогіі. Усе разважанні пра мэтазгоднасць выкарыстоўвання паняцця „літоўскія палякі» (і блізкіх да яго) звычайна грунтуюцца на аналізе ментальнасці палякаў Беларусі і Літвы. Прычым на першы план выходзяць тыя асаблівасці ментальнасці, якія адрозніваюць мясцовых палякаў ад палякаў з тэрыторыі этнічнай Польшчы. Выкарыстанне паняцця „палякі ў Беларусі і Літве» (і блізкіх да яго) праблему свядомасці палякаў беларуска -літоўскага краю ігнаруе. Пры гэтым польская грамадскасць Беларусі і Літвы разглядаецца як неад’емная частка польскай нацыі. Вырашэнню гэтай праблемы можа спрыяць аналіз грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці палякаў Беларусі і Літвы ў другой палове XIХ (пасля разгрому паўстання 1863-1864 г.) і да 1918 г., калі нарадзілася польская нацыянальная дзяржава. Гэты аналіз дазволіць ацаніць значнасць тых асаблівасцяў ментальнасці мясцовай польскай грамадскасці, якія ігнаруюцца аднымі даследчыкамі і ацэньваюцца як вызначальны фактар іншымі.
Патрабуе спецыяльнай увагі рэлігійная, культурная і грамадска -палітычная дзейнасць каталіцкага духавенства, асабліва з ліку мясцовых нараджэнцаў, якія добра разумелі і адчувалі настроі значнай часткі палітычна і грамадска актыўнага насельніцтва Беларусі і Літвы.
Важнай уяўляецца праблема адносін мясцовай польскай грамадскасці як да агульнапольскага нацыянальнага руху, так і да беларускага і літоўскага культурнага Адраджэння. Як актывізацыя нацыянальных працэсаў паўплывала на эвалюцыю свядомасці мясцовай польскай грамадскасці? Ці магчымае выкарыстанне паняцця „літоўскія і беларускія палякі» ў сэнсе этнакультурным, г.зн. так, як усё часцей на пачатку ХХ ст. разумеюць „Літву» літоўцы, а „Беларусь» беларусы? Вядома, што асобныя прадстаўнікі мясцовай польскай грамадскасці сталі вядомымі дзеячамі беларускага руху (Раман Скірмунт), прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве літоўскай дзяржавы (Міхал Ромэр). Ці існуе сувязь паміж гэтымі працэсамі і феноменам паланізацыі для другой паловы XIХ — пачатку ХХ ст.? Важна таксама зразумець прычыны гэтай спантаннай паланізацыі і рэальныя механізмы пашырэння польскіх уплываў у атмасферы расійска-польскага супрацьстаяння. На многія з гэтых пытанняў дасць адказ аналіз феномена краёвасці і ролі краёўцаў у польскім нацыянальным руху ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. Краёвая ідэя ў гэты час складала годную канкурэнцыю польскай нацыянальнай ідэі.
* Выключэннем з’яўляецца толькі ацэнка палітыкі ўладаў II Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 20—30–я г. ХХ ст., якую ўсё часцей характарызуюць як палітыку нацыянальнага ціску і гвалту.
** Больш падрабязна гэтае пытанне разглядалася аўтарам ў рукапісе падрыхтаванай да друку манаграфіі «Палякі Літвы і Беларусі ў рэвалюцыі 1905—1907 гг.».
*** Гэтыя разлікі былі зроблены ў межах падыходу, характэрнага для беларускай і расійскай гістарыяграфій.
[1] Карашчанка І., Валахановіч А. Палякі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 393; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989. С. 381—382.
[2] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск, 1991. С. 98.
[3] Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Walewandra. Lublin, 1991. S. 207.
[4] Гл., напр.: Klimas P. Litwa — jej mieszkańcy i granice. Wilno, 1919. S. 19.
[5] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 200.
[6] Народная газета. 1993, 27 мая.
[7] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Пад рэд. М.Касцюка і інш. Ч 1. Мінск, 1994. С. 381.
[8] Тамсама. С. 399.
[9] Тамсама. С. 299–300.
[10] Житко А. Национальный состав дворянства Белоруссии по данным первой всеобщей переписи населения Российской империи 1897 г. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Ч. 1. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1993. С.129.
[11] Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 158.
[12] Цыт. па: Карев Д.В. Белорусская историография конца ХVII — нач. ХХ в. (Политика царизма и формирование исторической мыслі Белоруссии) // Наш радавод. Кн. 5, ч. 2. Гродна, 1993. С. 308.
[13] Narbutt T. Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane. Wilno, 1847. S. 213.
[14] Цыт. па: Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 214.
[15] J…i B. [B.Jałowiecki]. Litwa i jej potrzeby. Narodowy katechizm Litwy. Wilno, 1905. S. 4—5.
[16] Ibidem. S. 5.
[17] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908. S. 27.
[18] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 200–201.
[19] Budny M. Bronisław Piłsudski. Życie i twórczość // Niepodległość. T.XXI. 1988. S. 184.
[20] Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryї, 1993. S.132; Rцmer M. Odpowiedź Juzefowi Piłsudskiemu // Znak. 1989. Nr 6. S. 72—75. („Odpowiedź” была напісана ў 1922 г.).
[21] Römer M. Dwie teorie… S. 134.
[22] Głoger Z. Polska i Litwa // Kwestija litewska w prasie polskiej. Warszawa, 1905; Wasilewski L. Kresy wschodnie. Warszawa, 1917. S. 35; Wielhorski W. Polska a Litwa. Stosunki wzajemne w biegu dziejów. Londyn, 1947. S.25.
[23] Wasilewski L. Kresy… S. 35.
[24] Wielhorski W. Polska a Litwa… S.27.
[25] Wasilewski L. Kresy… S. V; Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Kielce, 1917. S. 2.
[26] Wasilewski L. Kresy… S. 35.
[27] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. T. 22. 1994. S. 239.
[28] Ibidem. S. 240.
[29] Wielhorski W. Polska a Litwa… S. 219.
[30] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 250.
[31] Topolska M. Polacy w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI—XVIII w. (Przyczynek do dziejów polskiej emigracji na Wschód w okresie Staropolskim) // Lituano–Slavica Poznaniensia. Studia Historica. T. II. 1987. S. 150–158.
[32] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 247.
[33] Ibidem. S. 244.
[34] Ibidem. S. 254.
[35] Wielhorski W. Polska a Litwa… S. 219.
[36] Bardach J. O Litwie dawniej i niedawniej… S. 197–198.
[37] Wandycz P. Pod zaborami. Ziemie Rzeczypospolitej w latach 1795–1918. Warszawa, 1994. S. 483.
[38] Karp M. „Nawet nie mieliśmy dla nich nazwy“ // Znak. 1989. Nr 6.
[39] Gizbert–Studnicki W. Mickiewicz i jego kraj. Chicago, 1955. S.7.
[40] Eberhardt P. Polska ludność kresowa. Rodowód, liczebność, rozmieszczenie. Warszawa, 1998. S. 47.
[41] Ibidem. S. 58.
[42] Miknys R. O „Dzienniku“ Michała Römera // Lithuania. 1998. Nr 4(29) і іn.
[43] Sawicki J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiańh byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 1998.
[44] Довнор–Запольский М. Исследования и статьи. Т.1. Киев, 1909. С. 330–335.
[45] Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С. 263. (У цытаваных беларускамоўных тэкстах захоўваюцца ўсе асаблівасці арыгіналу).
[46] Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 47.
[47] Тамсама.
[48] Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мінск, 1991. С. 140.
[49] Гл., напр.: Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С. 268, 519 і інш.
[50] Гарошка Л. Прычыны палянізацыі на Беларусі. Найбольш распаўсюджаны пагляд // Свіцязь. 1994. №1. С. 99 (перадрук з выд. Божым шляхам. 1955. № 68–69).
[51] Тамсама. С. 104.
[52] Цыт. па: Гарошка Л. Пад знакам „рускае” і „польскае” веры // Спадчына. 2000. №1. С. 142.
[53] Тамсама. С. 143.
[54] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч 1. Мінск, 1994. С.296, 342, 416, 426–427 і інш.
[55] Біч М. Беларускае Адраджэнне ў XIХ — пачатку ХХ ст. Мінск, 1993. С. 4.
[56] Лыч.Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996. С. 53.
[57] Тамсама. С. 55.
[58] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 393–394.
[59] Тамсама. С. 393–394.
[60] Тамсама. С. 380.
[61] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 201, 211.
[62] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. С. 99.
[63] Werenicz W. Historyczne i kulturalne… S. 201—202.
[64] Ibidem. S. 203—204.
[65] Miknys R. Wilno — miasto wielonarodowe i punkt zapalny w stosunkach polsko–litewskich // Tematy polsko–litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S. 86.
[66] Gudavičius E. Jak pojawił się model europejskiej kultury Litwinów // Lithuania. 1999. №1/2 (30/31). S. 50.
[67] Bumblauskas A. Polonizacja Litwy jako problem w historiografii // Lithuania. 1999. №1/2 (30/31). S. 45.
[68] Venclova T. Litwo, Ojczyzna nasza // Tematy polsko–litewskie. Historia. Literatura. Edukacja. Olsztyn, 1999. S. 151.
[69] Narbutt T. Dzieje narodu litewskiego… S. 235.
[70] Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под ред. П.Семёнова. Т. 3. С.–Петербург—Москва. 1882. С. 135–136.
[71] Römer M. Stosunki etnograficzno–kulturalne na Litwie. Kraków, 1906. S. 18.
[72] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia… S. 18.
[73] Ibidem. S. 24.
[74] Römer M. Dwie teorie o polakach… S. 136.
[75] Ibidem. S. 133.
[76] Ibidem. S. 6.
[77] Wasilewski L. Kresy wschodnie… S. VI.
[78] Ibidem. S. VII.
[79] Ibidem. S. 42.
[80] Kurier litewski. 1905. № 10.
[81] Kurier litewski. 1906. № 38.
[82] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Część III. Statystyka narodowościowa kresów wschodnich. Kielce, 1917. S. 10.
[83] Turska H. O powstaniu polskich obszarów językowych na Wileńszyźnie // Studia nad polszczyzną kresоwą. T. 1. Wrocław, 1982. S. 57.
[84] Ibidem. S. 59.
[85] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie… S. 199.
[86] Ibidem. S. 202.
[87] Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie… S. 246.
[88] Ibidem. S. 254.
[89] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie… S. 201–202.
[90] Цыт. па:Wielhorski W. Stosunki narodowościowe, wyznaniowe i językowe w Wielkim Księstwie Litewskim//Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III. Londyn, 1953. S. 145.
[91] Kościałkowski S. Rzeczpospolita obojga narodów. B.Wiek XIX i początek wieku XX (do 1915 r.) // Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III, Londyn. 1953. S. 92.
[92] Цыт. па: J.Bardach. O dawnej i niedawnej Litwie… S.207.
[93] Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane. Londyn, 1958. S.112.
[94] Ibidem. S. 112.
[95] Idem. Polska a Litwa… S. 255.
[96] Eberhardt P. Polska ludność kresowa… S. 45.
[97] Ibidem. S. 49.
[98] Ibidem. S. 26—29.
[99] Wapiński R. Polska i małe ojczyzny Polaków. Wrocław, 1994. S.10.
[100] Zasztowt L. Kresy 1832—1864. Szkolnictwo na ziemiach litewskich i ruskich dawnej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1997. S. 24.
[101] Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. Т. II, IV, XI, XVII, XXII, XXIV. С.–Петербург, 1904–1905.
[102] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Cz. III. Kielce, 1917. S. 20.
[103] Смалянчук A. Колькасць і сацыяльная структура польскага насельніцтва ў Беларусі і Літве ў канцы XIХ — пачатку ХХ ст. // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Ч. 1. С. 129.
[104] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 13.
[105] Czekanowski J. Stosunki narodowościowo–wyznaniowe na Litwie i Rusi w światle żródeł oficyjnych. Lwów, 1918. S. 12.
[106] Цыт. па: Czekanowski J. Stosunki narodowościowo–wyznaniowe… S. 14.
[107] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi. Warszawa, 1914. S. 26.
[108] Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej. Struktura narodowościowa kresów wschodnich. Cz. III. Kielce, 1917. S. 19–20.
[109] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. Warszawa, 1994; Яго ж. Przemiany narodowościowe na Litwie; Яго ж. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989.
[110] Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя… C. 31.
[111] Тамсама. С. 38.
[112] Тамсама. С. 45.
[113] Eberhardt P. Przemiаny narodowościowe na Litwie. S. 52.
[114] Цыт. па: Eberhardt P. Przemiаny narodowościowe na Litwie. S. 59.
[115] Чаквін I., Юхо I. Беларусы // Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 68.
[116] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. С. 333.
[117] РДГА. Ф. 1276, Воп. 1. Спр. 106. А. 62 адв.— 67 адв.
[118] Цыт. па: Wakar W. Rozwój terytoryalny narodowości polskiej… S. 60.
[119] Ibidem. S. 60.
[120] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. S.15.
[121] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi. S.14–26.