БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Зачараваны Вялікім Княствам. Размова з прафэсарам Ю. Бардахам

У лістападзе 1994 г. споўнілася 80 гадоў вядомаму польскаму гісторыку Юліюшу Бардаху, прафэсару Варшаўскага ўнівэрсытэту, доктару габілітаванаму, сапраўднаму члену Польскай Акадэміі Навук, італьянскай Accademia Nationale dei Lincei, Камісіі Славістычных Студыяў пры Сусьветным Камітэце Гісторыкаў i многіх міжнародных навуковых таварыстваў. Сёлета адзначаецца 60 гадоў яго навуковай дзейнасьці.

Можна безь перабольшаньня сказаць, што прафэсара Ю.Бардаха ведаюць у навуковым сьвеце цэлай Эўропы. Гэта сапраўды выдатны вучоны, цікавы сваёй шматграннасьцю, унівэрсальнасьцю. Найперш ён мэдыевіст i гісторык права. Але пры гэтым у дыяпазоне дасьледчыцкіх інтарэсаў прафэсара i новачасная праблематыка, i нават XX ст. Ю.Бардах належыць да кола.тых, хто ўнікліва дасьледуе крыніцы, i ў той жа час гэта аўтар шматлікіх падручнікаў, шырокіх сынтэзаў па гісторыі дзяржавы й права. Вучоны аднолькава сур’ёзна займаецца i мэтадалёгіяй дысцыпліны, i гісторыяй гістарыяграфіі. Ён — патрабавальны крытык i сьмелы палеміст, актыўны папулярызатар гісторыі й выдатны дыдактык, арганізатар унівэрсытэцкай навукі.

Апрача польскай i агульнай гісторыі, Ю. Бардах стала распрацоўвае праблемы літуаністыкі. Сярод тэмаў, дасьледаваных ім, — адопцыя ў літоўскім праве XV-XVI ст., Крэўская й Люблінская уніі, для разуменьня якіх вучоны прапанаваў новыя трактоўкі, статуты ВКЛ, магдэбургія ВКЛ, ворганы шляхецкай дэмакратыі, дзейнасьць канцылярыі ВКЛ часоў Жыгімонта Старога, характар сьвецкіх шлюбаў беларусаў у ВКЛ, канстытуцыя 1791 г., таксама інтэрпрэтаваная па-новаму, i шмат чаго іншага[1].

Адметнай асаблівасьцю Ю.Бардаха як вучонага ёсьць імкненьне да праўдзівасьці, дакладнасьці, — каб усё адпавядала гістарычнай праўдзе. Нездарма ў Беларусі ён займеў папулярнасьць аднаго з самых аб’ектыўных польскіх гісторыкаў. Прапануем інтэрвію, узятае ў Ю.Бардаха 10 сьнежня 1994 г. з нагоды васьмідзесяцігодзьдзя прафэсара рэдактарам БГА.

БГА: Шаноўны прафэсар, у Беларусі Вас ведаюць па шматлікіх працах з розных аспэктаў гісторыі ад Сярэднявечча да нашых дзён. Ведаем, што Вы да таго ж i гісторык гістарыяграфіі, i мэтадоляг. Вучоныя такога шырокага дасьледчыцкага дыяпазону — рэдкасьць. Ёсьць гісторыкі, якія ўсё жыцьцё займаюцца адной вузкай тэмай. Як Вы прыйшлі да ўнівэрсалізму? У чым яго плюсы (i мінусы)?

Ю.Б.: Шырокі дыяпазон зацікаўленьняў, а затым i дасьледаваньняў, мае, як спадар слушна заўважыў, свае плюсы й мінусы. Плюс тое, што ўвесь час пазнаюцца новыя галіны, пашыраюцца межы ўласных ведаў, што змушаны да няспынных інтэлектуальных высілкаў, калі хочаш нават не разьвязаць, але прынамсі сфармуляваць пытаньні, якія ставяцца дасьледаванай праблематыкай.

Узбуджэньне інтэлектуальнай зацікаўленасьці i яе задавальненьне — крыніца асабістай сатысфакцыі дасьледчыка. Выяўляецца, што ён ня homo faber (чалавек працы), a homo ludens (чалавек гульні), паколькі займаецца рэчамі, якія яго самога найжывей цікавяць, захапляюць, можна сказаць, бавяць. Апрача таго зьмена тэматыкі, своеасаблівая вандроўка па гісторыі — гэта элемэнт псыхічнай гігіены, а таксама спрыяе навуковай самарэалізацыі. Калі падарожжа, турыстыка ў цяперашнім сьвеце грае вялікую ролю, задавальняючы патрэбы ў новых пазнаньнях, уражаньнях, знаёмстве зь яшчэ непазнанымі рэчамі, дык для працаўніка навукі такую ролю выконвае перамена зацікаўленьняў, пераход на яшчэ не дасьледаваную тэрыторыю.

Гэта таксама, гледзячы аб’ектыўна, карысна для навукі. Вядома, якім вялікім поступам у сельскай гаспадарцы быў севазварот. Лічу, што падобна i ў навуцы. Спэцыяліст аднаго году ці пары гадоў можа знаходзіць i публікаваць новыя прыватнасьці, адчуваючы ад гэтага задавальненьне адкрывальніка, але гэта ў мізэрнай ступені рухае наперад навуку ў шырэйшым вымярэньні. Да таго ж вузкая спэцыялізацыя, магчымая для супрацоўніка інстытуту, лічу, супрацьпаказаная для выкладчыка ўнівэрсытэту ці іншай вышэйшай школы. Яго лекцыі й сэмінары павінны ахапляць шырэйшыя дыяпазоны i розныя матэрыі, што вымагае адпаведнай кампэтэнцыі, шырэйшай эрудыцыі, а гэта дасягаецца дзякуючы асабістым, хай сабе частковым, дасьледаваньням у розных сфэрах.

Найбольшы мінус для самога зацікаўленага — зьменшаная прадукцыйнасьць i непамерна павялічаныя высілкі, якія прыкладаюцца пры заглыбленьні ў шторазу новыя комплексы крыніц i літаратуры. Пагражае таксама павярхоўнасьць, дылетантызм. Забясьпечыць ад гэтага можа толькі сталая аўтакрытычная пастава. Калі яе бракуе, дасьледчык апынаецца пад вострай крытыкай звонку.

БГА: Гісторыя сьцісла навуковая i гісторыя для люду паспалітага — дзьве розныя рэчы. У гэтым сэнсе ў дачыненьнях паміж гісторыкам i публікай існуе пэўны антаганізм. Ёсьць гісторыкі, якія прынцыпова ня пішуць папулярных артыкулаў. Вам жа ўдаецца, пры Вашай аб’ектыўнасьці й патрабавальнасьці, актыўна выступаць i з папулярнымі публікацыямі («Kultura», «Polityka»). Ці не перашкаджае адно другому ў Вашай практыцы?

Ю.Б.: Натуральна ж існуе розьніца паміж спэцыяльнай манаграфіяй або навуковым трактатам з цэлым апаратам спасылак, які часам зацікавіць вузкае кола дасьледчыкаў, i публікацыямі навукова-папулярнымі. Адсюль вядомы падзел на гэтак званых вучоных кабінэтных, якія пішуць для «абраных», i аўтараў кніжак ці артыкулаў, якія папулярызуюць веды пра мінулае, пішуць даступна, займальна, не абцяжарваючы тэксту дэталямі, выстаўляюць наперад найважнейшых людзей ці справы. Гэта яны фармуюць гістарычную сьведамасьць грамадзтва. Адсюль значэньне навукова-папулярнай літаратуры. Трэба адрозьніваць яе ад літаратуры ня столькі папулярнай, колькі папулістычнай, у якой гістарычная рэчаіснасьць, што выяўляецца ў выніку дасьледаваньняў, бывае дэфармаванай дзеля пэўных палітычных ці нацыянальных мэтаў, спрошчанай такім чынам, які зьмяняе яе сутнасьць. Неаднойчы браўся за пяро (літаральна, бо пішу асадкай), каб спрабаваць спалучыць даступнасьць з прадстаўленьнем вынікаў, дасягнутых сучаснай гістарычнай навукай. Калі мне гэта ў нейкай ступені ўдавалася, дык меў тую сатысфакцыю, што прамаўляў (у друку) да шырэйшай аўдыторыі i карыстаўся шанцам выказаць тое, што лічыў істотным i адпаведным вынікам актуальнага стану гістарычных ведаў па дадзенай праблеме.

БГА: У коле Вашых навуковых інтарэсаў заўсёды знаходзіцца мінуўшчына Літвы ў шырокім, гістарычным сэнсе гэтага слова (як ВКЛ). Чым тлумачыцца такая цікаўнасьць польскага гісторыка да літуаністыкі i калі яна зьявілася?

Ю.Б.: Мая цікавасьць да ладу й права Вялікага Княства Літоўскага датуецца студэнцкімі часамі, калі як слухач Аддзяленьня Права й Грамадзкіх Навук Унівэрсытэту Стэфана Батуры я пачаў у 1934 г. наведваць сэмінар літоўскага права, які вёў прафэсар Стэфан Эрэнкройц. Літоўскае права прыцягнула мяне тады й прыцягвае надалей сваёй складанасьцю й арыгінальнасьцю адначасова. Як само Вялікае Княства Літоўскае было палітычным арганізмам, што злучаў каталікоў літоўцаў i праваслаўных русінаў — продкаў пазьнейшых беларусаў i ўкраінцаў, а пасьля апынулася ў вуніі з Польскім Каралеўствам, так i яго права было сынтэзам арыгінальных літоўскіх i рускіх пачаткаў з уплывамі польскімі i шырэй — заходнеэўрапейскімі. Апошнія ўзьдзейнічалі рознымі шляхамі. Гэта найлягчэй вызначыць празь пералікі студэнтаў унівэрсытэтаў Кракава, Прагі, Вены, затым Караляўца, іншых унівэрсытэтаў Нямеччыны, Францыі, Італіі, куды па навуку падавалася шмат моладзі з гістарычнай Літвы, асабліва ў эпоху Адраджэньня. Гэта можна вызначыць таксама па кнігах, якія захаваліся, — спачатку прывезеных, а потым i друкаваных у Вялікім Княстве. Твор найбольш вядомага польскага палітычнага пісьменьніка XVI ст. Анджэя Фрыча Маджэўскага De Republica emendanda, выдадзены спачатку па-лацінску, на польскай мове быў надрукаваны ў Лоску, у друкарні, якая належала Яну Кішку, коштам віцебскага ваяводы Мікалая Манівіда Дарагастайскага. Кніга мела тры прадмовы: каноніка жамойцкай капітулы Мацея Стрыйкоўскага, змагара за кальвінізм, блізкага Радзівілам публіцыста Андрэя Волана i нарэшце антытрынітарыя Сымона Буднага. Гэты факт стаў для мяне ключом самабытнага, непаўторнага цэнтральна-усходнеэўрапейскага сымбіёзу, які ўзбагачаў усіх, хто браў у ім удзел.

Сьведчаньне палітычнай i прававой культуры Вялікага Княства — Статуты — вялікі твор эпохі Адраджэньня. Напісаныя, a апошні й надрукаваны на мове заходне-рускай (старабеларускай), Статуты затым перакладаліся на мовы лацінскую, польскую, але таксама й на расейскую (маскоўскую), паколькі руская мова была для маскоўскіх дзякоў мала зразумелая, нарэшце на нямецкую — для патрэбаў Інфлянтаў. Яны зьяўляюцца красамоўным сьведчаньнем таго, якія магчымасьці тояцца ў дасьледаваньні сутыку сфэры культуры лацінскай i сфэры культуры руска-візантыйскай, узбагачаных элемэнтамі літоўскімі, якія багацьці могуць яны выявіць для сьвету. Цяжка было не захапіцца прывабнасьцю гэтай зьявы, якая найпаўней выявілася ў месцы, дзе ўласна я й распачаў студыі. I надалей застаюся пад яе чарамі.

БГА: Вашая навуковая дзейнасьць пачыналася ў 1930-х гадах у Вільні, якая тады была цэнтрам i беларускага грамадзка-культурнага жыцьця. Ці былі ў Вас якія кантакты зь беларускімі гісторыкамі, культурнымі дзеячамі або палітыкамі?

Ю.Б.: Мае першыя кантакты як студэнта датычылі перад усім калегаў беларусаў. Сярод ix найлепей запомніў Ганну Карпенку зь Беластоку. Яна належала да Саюзу Студэнтаў Беларусаў Унівэрсытэту Стэфана Батуры. У 30-я гады гэта быў жывы асяродак грамадзка-палітычнай i нацыянальнай думкі. Ён варты дэталёвага вывучэньня (калі гэта яшчэ ня зроблена). Ганна была радыкальная, як большасьць студэнтаў беларусаў, але абапіралася галоўным чынам на ўласныя развагі й аналіз навакольнай рэчаіснасьці. Ня ведаю, як склаўся ейны далейшы лёс.

На VI Усеагульным Зьезьдзе Польскіх Гісторыкаў у Вільні ў верасьні 1935 г., дзе я быў адным з наймалодшых удзельнікаў (малодшы за мяне быў, як мы нядаўна высьветлілі, студэнт Варшаўскага Ўнівэрсытэту 19-гадовы Аляксандар Гейштар), я пазнаёміўся з двума рэфэрэнтамі беларусамі. Адным зь ix быў Вінцэнт Грышкевіч, які на Сэкцыі Гісторыі Права, дзе я пільна вёў пратакол паседжаньняў, выступіў з рэфэратам: Роля беларускіх земляў у польска-літоўскіх вуніях. На Сэкцыі Палітычнай Гісторыі Антон Луцкевіч чытаў рэфэрат на тэму: Нарадавольцы-беларусы ды ix ворган «Гоман». Гісторыкі беларусы працавалі ў Вільні ў цяжкіх умовах. Нягледзячы на тое, што статут Унівэрсытэту Стэфана Батуры ад 1921 г. прадугледжваў катэдры беларускай мовы й літаратуры, i гэтаксама — літоўскай мовы й літаратуры, яны ніколі не былi занятыя, фармальна «з-за недахопу адпаведных кандыдатаў», а фактычна — у выніку супраціву, галоўным чынам Міністэрства Рэлігійных Вызнаньняў i Публічнай Асьветы. У віленскім унівэрсытэце шэраг асобаў дарэмна стараўся перамагчы нагрувашчаныя перашкоды.

У найбліжэйшым мне навуковым асяродку — Студыях Гісторыі Літоўскага Права, створаных пасьля шматгадовых намаганьняў у 1934 г. пад кіраўніцтвам прафэсара Стэфана Эрэнкройца, ад’юнктам быў дацэнт Севярын Віславух, жыва й эмацыйна зацікаўлены беларускай праблематыкай. Ён зьяўляўся аўтарам разьдзелу «Беларусы на Віленшчыне» ў калектыўнай працы «Wilno i Ziemia Wileńska» (T.l, 1930), i другога — у манаграфіі пра Ашмянскі павет «Ашмянская зямля на рубяжы дзьвюх культур». Пстарычныя дасьледаваньні С.Віславуха датычылі, між іншым, фармаваньня Кобрыньскага павету, шляхоў Палесься ў XV-XVII ст., разьвіцьця Магілёва ў XVI-XVII ст. (як дапаўненьне дасьледаваньняў Генрыха Лаўмянскага на тую ж тэму), камунікацыйных паслугаў у магдэбурскіх гарадох Вялікага Княства Літоўскага. Пераходзячы да сучаснасьці, ён апублікаваў працу «Роля Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі ў нацыянальным руху беларусаў у Польшчы» (1933), у якой сфармуляваў погляд, што КПЗБ была найперш правадніком імпэрскіх ідэй у палітычным жыцьці Заходняй Беларусь У паўсталым у 1931 г. Навукова-Дасьледчым Інстытуце Ўсходняй Эўропы ён меў аддзел нацыянальных спраў. Мяркую, што калі захаваўся архіў гэтага Інстытуту, то яго матэрыялы для беларускіх гісторыкаў маглі б мець немалую каштоўнасьць.

БГА: Вялікае Княства Літоўскае — чыя дзяржава? Спрэчкі паміж літоўскімі й беларускімі гісторыкамі ў апошнія гады абвастрыліся. Яны ўсё менш навуковыя, ўсё больш палітычныя. Які Вам бачыцца аптымальны выхад з гэтай сытуацыі?

Ю.Б.: Вялікае Княства Літоўскае было дзяржавай літоўска-рускай, а пасьля Люблінскай вуніі 1569 г., калі Валынь, Кіеўшчына i ўсходняе Падольле (Брацлаўскае) былі інкарпараваныя ў склад Польскага Каралеўства, — дзяржавай літоўска-беларускай. Літоўскія князі на чале ўзброеных дружын здолелі згуртаваць у XIII-XIV ст.,пад сваёй уладай вялізныя тэрыторыі ў басэйне Дняпра ад яго вытокаў аж да парогаў, a намінальна — да паўночных берагоў Чорнага мора. Значную большасьць насельніцтва Вялікага Княства — як ацэньваецца, звыш 80% — складала жыхарства рускае, якое з канца X ст. вызнавала хрысьціянства ўсходняга грэка-візантыйскага абраду. Рускія землі захоўвалі самакіраваньне, уласныя правы й традыцыі. Застаючыся доўгі час паганскай, этнічная Літва ў канцы XIV ст. прыняла хрост паводле заходняга, лацінскага абраду. Этнічная літоўская эліта прыняла каталіцызм, між іншым, з той мэтай, каб запыніць працэсы рутэнізацыі й забясьпечыць утрыманьне ў сваіх руках палітычнай улады ў Вялікім Княстве. Князі й баяры рускія былі аднак той сілай, якая змусіла літоўцаў падзяліцца ўладай зь імі. Працэс, які адбываўся ўсё XV ст., прывёў да таго, што ў пачатку наступнага стагодзьдзя ў палітычных колах Вялікага Княства праваслаўныя русіны складалі больш за 40%. Уладальнікі найвышэйшых пасадаў — Хадкевічы, Сапегі й шмат іншых магнацкіх родаў, мелі беларускае паходжаньне.

Культурная й колькасная перавага русінаў прывяла да таго, што ix мова, якая мела сваю пісьмовасьць, стала мовай канцылярыі й судоў Вялікага Княства, мовай урадавай. Гэтую мову, адрозную ад мовы Маскоўскай Русі, у XVI-XVII ст. вызначалі як «літоўскую», відавочна ў дзяржаўным сэнсе. Побач зь ёй існавала мова літоўская ў вузкім значэньні гэтага слова (аўкштоцкія й жамойцкія дыялекты), якая ў XVI ст. займела ўласную пісьмовасьць, але яна не перакрочыла межаў этнічнай Літвы й не здабыла пазыцый урадавае мовы. Такой мовай старабеларуская заставалася да XVII ст., калі ў 1696 г., у выніку наступу моўна-культурнай палянізацыі эліты ў некалькіх пакаленьнях — як літоўскай, так i беларускай, — саступіла сваё месца польскай мове як урадавай.

У гарадох Вялікага Княства зь Вільняю на чале гарадзкія ўлады складаліся напалову з каталікоў i праваслаўных. Падобны склад мела кадыфікацыйная камісія, створаная Жыгімонтам Аўгустам для рэдагаваньня II Літоўскага Статуту 1566 г.

Можна сьмела сказаць, што Вялікае Княства Літоўскае было дзяржавай літоўска-рускай, а пасьля Люблінскай вуніі літоўска-беларускай. Я ня бачу перашкодаў, каб у беларускіх школах казаць пра Вялікае Княства як дзяржаву беларуска-літоўскую, бо гэтак прынята ў міждзяржаўных адносінах, калі ў білятэральных арганізацыях на першае месца ставіцца назва ўласнай дзяржавы. Важны сам зьмест выкладу, які ўзгадняе абодва складовыя элемэнты дзяржавы.

Назва «літовец» у XV-XVIII i яшчэ ў XIX ст. мела найперш тэрытарыяльна-палітычны характар. Ёй акрэсьлівалася супольнасьць жыхароў Вялікага Княства, незалежна ад ix этнічнай прыналежнасьці й веравызнаньня. Яго мінулае, традыцыі складаюць спадчыну ў роўнай меры i беларусаў, i літоўцаў. Гэта супольная спадчына абодвух народаў i — дадамо — таксама палякаў (уроджаных i паводле выбару) з гэтых земляў. Адсюль спрэчкі пра прыярытэт або поўнае адмаўленьне ролі другой этнічнай супольнасьці беспадстаўныя й супярэчныя з гістарычнай рэальнасьцю. Таму трэба было б жадаць як найхутчэйшага ўзгадненьня пазыцый — што асабліва істотна для гістарычнай адукацыі моладзі — суседніх, «асуджаных» на супрацоўніцтва народаў.

БГА: Гістарычная навука Беларусі: як Вы ацэньваеце яе цяперашні стан i што б пажадалі беларускім гісторыкам?

Ю.Б.: З сапраўднай прыемнасьцю бяру ў рукі й чытаю (часам толькі праглядаю) кожную новую гістарычную публікацыю пра мінулае Беларусі. Цешуся, што ўсё больш гістарычных кніжак выходзіць на беларускай мове. Цяпер яны складаюць большасьць, i такі кірунак асабліва пажаданы для народа, мова якога, выбіваючыся з шматгадовага заняпаду, толькі пачынае ўбірацца ў свае правы. У гэтым навука айчыннай гісторыі йдзе наперадзе, i гэта добрае сьведчаньне аб ёй. Узрастае навуковая актыўнасьць i колькасьць публікацый гісторыкаў. Многія зь ix маюць характар навукова-папулярны. Гэта трэба прызнаць за зьяву станоўчую, бо апрача поступу навукі гісторыі важнае — a ў цяперашнім часе можа найважнейшае — укшталтаваньне гістарычнай сьвядомасьці, інтэгральнай часткі нацыянальнай тоеснасьці беларусаў. Я з прызнаньнем павітаў зьяўленьне першага сшытку часопіса беларускіх гісторыкаў «Беларускі Гістарычны Агляд». Гэта азначае пераадоленьне пэўнага парогу ў разьвіцьці нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі. Прыемна было, што сярод перакладаў зьмешчаны ў ім i мой тэкст. Ад сэрца жадаю посьпехаў у далейшай працы для дабра навукі й народу незалежнай Рэспублікі Беларусі.


[1] Сьпіс навуковых публікацый Ю.Бардаха гл. у: Czasopismo Prawno-Historyczne. T.27 (1975), Z.2. S.1-23 (да 1974 г.) i T.37 (1985), Z.2. S.4356 (з 1975 па 1985 г.).

Наверх

Тэгі: ,